№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вацлаў Панкаўчын

Хутчэй мяне пабудзі! (Rýchlo ma zobuď! )

Пераклад са славацкай Святлана Рогач


Яму снілася, што ён не можа прачнуцца.

З усёй сілы ён хоча расплюшчыць вочы, але вочы яго не слухаюцца.

Хоча крычаць, але не можа.

Хоча падняць руку, але рука быццам прывязаная да коўдры.

Хоча варушыць нагамі, але не знаходзіць сілы.

Яму прыходзіць да галавы, што калі ён зараз жа не прачнецца, то памрэ. Але паміраць яму не хочацца!

Ён спіць удзень, а Дада сядзіць за сталом і штосьці піша, і ён марна спрабуе да яе дакрычацца, каб яна яго пабудзіла.

Ягонае цела яго не слухаецца, ён хоча ўстаць з ложка, але ў яго нічога не выходзіць. Напружыўшы ўсе сілы, ён расплюшчвае вочы: Дада сядзіць за сталом і штосьці піша, а ён не можа вымавіць ані слова. Ён спрабуе яшчэ раз, і яму ўдаецца штосьці прамычаць: (“Дада, хутчэй мяне пабудзі!”). Дада не чуе: на стале ціха грае радыё.

Пасля доўгага змагання са сном яму нарэшце ўдаецца падняць руку і ўдарыць ёй па коўдры.

Дада азіраецца на гэты гук і кажа:

— Ну што, баравік, нейкі ты неспакойны.

А ён дарэмна намагаецца прачнуцца і расплюшчыць вочы (якія ў яго, тым часам, зноў міжволі заплюшчыліся) і дарэмна намагаецца сказаць ёй: “Пабудзі мяне, бо я сам не прачнуся!”

Дада зноў адварочваецца і штосьці піша.

Ён хоча паварушыць нагамі, але яны нібыта здзервянелі, хоча падняць рукі, але не можа. Яму сніцца, што ён кудысьці падае. Кожную секунду падае кудысьці, прачынаецца і зноў падае.

Гэта ўжо не так, як калісьці: калі ён падаў з якога-небудзь дрэва ці з першага паверха дома. Цяпер ён падае ў цемру, у бяздонную прорву, адчувае, як ляціць уніз, як лёгкія вылятаюць у яго праз мозг, а мозг кудысьці знікае...

Ён лямантуе (Не, я не хачу, не хачу!), але голасу няма, а таму ён лямантуе зноў і зноў, лямантуе толькі сам сабе, бо ягоныя вусны настолькі сціснутыя, што праз іх не можа выйсці ніякі гук.

Ён напружвае ўсе сілы (Божа, як гэта цяжка!), перамагае сон і рэзка сядае на ложку. Калі б гэта працягвалася яшчэ хвіліну, ён бы задыхнуўся.

Дада азіраецца і кажа:

— Ты падняўся ўжо?

— Я не мог прачнуцца.

— Але ж цяпер ты прачнуўся. Проста табе нешта снілася.

Ён зноў кладзецца, і: зноў падае. У гэты момант яму здаецца, што ён ужо напраўду не прачнецца.

(Ну і пляваць. Я падаю. Падаю ў глыбокую чорную дзірку. У пэўныя моманты гэта нават прыемна.)

Ён падае ў глыбачэзную прорву, задыхаецца і крычыць, і тут яму ў вочы свеціць рэзкае святло.

— Уставай, баравік, сонейка заходзіць, ужо на вечар збіраецца. Ты цэлы дзень хочаш праспаць? — кажа Дада.

Ён расплюшчвае вочы: сонца адбіваецца ў вокнах дома насупраць. Ён намацвае рукамі цыгарэты і адну са смакам закурвае.

— Ведаеш, што мне снілася?

— Што ты не можаш прачнуцца. Ты мне ўжо гаварыў.

— Дык я і праўда не мог, — спалохана кажа ён.

Дада смяецца:

— У цябе дзікая фантазія.

© Вацлаў Панкаўчын

Пераклад са славацкай – Святлана Рогач © 2012

Чытайце таксама

Роберт Саўці

Роберт Саўці

Ангельскі паэт-рамантык, перакладчык, гісторык, прадстаўнік “азёрнае школы” (разам з Колрыджам і Ўордсвартам), паэт-лаўрэат з 1813 па 1843 гады (званне прыдворнага паэта давалася да канца жыцця; паэт-лаўрэат мусіў пісаць вершы з нагоды розных падзей у жыц

Эрнэст Доўсан

Эрнэст Доўсан

Ангельскі паэт.

Януш Корчак

Януш Корчак

Польскі педагог, пісьменнік, доктар і грамадскі дзеяч

Павел Шыдэл

Павел Шыдэл

Польскі паэт, празаік, рэдактар.

303