Я — Эдып, што разгадаў загадку Грукатаўна. Зараз я растлумачу вам — бо толькі я магу гэта зрабіць — таямніцу машынерыі, што спарадзіла грукатаўнскі цуд, унікальны, сапраўдны, няўхільны і няўмольны цуд, які паклаў пераможны канец нявер’ю грукатаўнцаў і навярнуў у старэчую праведнасць нават тых, хто раней думаў толькі пра плоць і выхваляўся сваім скептыцызмам.
Гэта здарылася (і мне варта выбачыцца за магчымую легкаважнасць тону) летам 18** году. Містэр Барнабас Таўкачыні, адзін з самых багатых і паважаных гараджанаў, некалькі дзён як знік, і абставіны знікнення прымушалі запасочыць злачынства. Містэр Таўкачыні конна выехаў з Грукатаўна ранняй суботняй раніцай, і гэта дазваляла меркаваць, што кіруецца ён у горад *** за пятнаццаць міляў адсюль і вернецца тым жа вечарам. Але праз дзве гадзіны пасля ягонага ад’езду конь вярнуўся без гаспадара і без седлавых сумак, прытарочаных на спіну ўранку. Конь быў увесь у брудзе, а на баку ў яго зеўрала рана. Усё гэта, натуральна, выклікала вялікую трывогу ў сяброў зніклага, і калі ў нядзелю раніцай той так і не з’явіўся, усе гуртам падняліся і выправіліся на пошукі цела.
Рэй у пошуках вёў неразлучны сябар містэра Таўкачыні — містэр Чарлз О’Міл, альбо, як яго называлі ўсе без выключэння, “Чарлі О’Міл” альбо “мілы Чарлі О’Міл”. Было гэта дзіўнае супадзенне альбо менавіта імя незаўважна паўплывала на характар уладальніка, я так і не зразумеў. Але бясспрэчна тое, што няма чалавека на імя Чарлз, які не быў бы чулым, смелым, праўдзівым, добрым і таварыскім хлопцам, чый звонкі крыштальны голас заўсёды прыемна слухаць і які ніколі не адвядзе вачэй, нібыта гаворачы: “У мяне чыстае сумленне, я не баюся нікога і абсалютна не здольны на подласць”. Карацей, усіх гэтых прыязных і бесклапотных статыстаў жыццёвае сцэны заўсёды завуць Чарлзамі.
Дык вось, “мілы Чарлі О’Міл”, хаця і прыехаў у Грукатаўн не больш як шэсць месяцаў таму ці штосьці каля гэтага, хаця ніхто нічога пра яго не ведаў да таго, як ён пасяліўся побач, — гэты самы Чарлі без цяжкасці перазнаёміўся з усімі паважанымі жыхарамі гарадка. Кожны з іх пазычыў бы яму ў любы момант хоць тысячу без усялякіх распісак. Што да жанчын, то не было нічога, што яны не зрабілі б, каб яму дагадзіць. А ўсё таму, што пры хрышчэнні ён атрымаў імя Чарлз і, адпаведна, адкрыты твар, які служыць, як той казаў, найлепшай рэкамендацыяй.
Як я ўжо згадваў, містэр Таўкачыні быў адным з самых паважаных і, бясспрэчна, самым багатым жыхаром Грукатаўна, а “мілы Чарлі О’Міл” сышоўся з ім так блізка, нібыта быў яго родным братам. Двое старых джэнтльменаў жылі ў суседніх дамах, і хаця містэр Таўкачыні рэдка бываў у доме “мілага Чарлі” (калі ўвогуле бываў) і ўжо тым больш і падумаць не мог, каб застацца там на абед, гэта зусім не перашкодзіла названым джэнтльменам вельмі цесна пасябраваць — зрэшты, пра гэта я ўжо гаварыў. А вось “мілы Чарлі” і дня не прапускаў, каб разы тры-чатыры не зазірнуць да суседа — спытаць, як той маецца. Ён вельмі часта заставаўся на сняданне альбо гарбату і амаль заўсёды — на абед, а колькасць віна, угаворанага прыяцелямі на іх пасядзелках, вылічэнню наўрад ці паддаецца. “Мілы Чарлі” асабліва паважаў шато-марго, і містэр Таўкачыні проста расцвітаў, назіраючы, як сябрук высмоктвае далікатны напой кварту за квартай. І вось аднойчы, калі віно ўжо крыху пацясніла ў галаве здаровы сэнс, ён звярнуўся да прыяцеля, пляснуўшы яго па спіне:
— Вось што я табе скажу, мілы Чарлі: ты, далібог, наймілейшы хлопец, якога я толькі ведаў у жыцці. І калі табе ўжо так падабаецца заліваць глотку менавіта гэтым віном, то каб мяне чэрці парвалі, калі я табе не прывалаку вялізную скрыню шато-марго. Каб мяне трасца трэсла, — у містэра Таўкачыні была заганная схільнасць да моцнага слоўца, хаця ён рэдка заходзіў далей за “каб мне тры пагібелі і адна трасца” альбо “каб мне зарвала ды залажыла”, — каб мяне трасца трэсла, — сказаў ён, — калі я сёння ж не пашлю ў горад па двайную скрыню найлепшага віна, што ў іх ёсць, і не ўвапру табе, далібог! І каб ні слова мне тут — я сказаў і дуды ў мех! Так што сачы — прыедзе ў адзін з гэтых пагодных дзянёчкаў, акурат тады, калі найменш чакаць будзеш.
Я адзначаю такі прыступ шчодрасці ў містэра Таўкачыні адзіна каб паказаць вам, якія блізкасць і згода панавалі ў сяброўскіх стасунках гэтых джэнтльменаў.
Таму, калі нядзельнай раніцай ні ў кога не засталося сумневаў, што містэр Таўкачыні стаў ахвяраю злачынства, не было чалавека больш занепакоенага, чым “мілы Чарлі О’Міл”. Калі ён даведаўся, што конь вярнуўся без гаспадара (і без седлавых сумак гаспадара таксама), у крыві ад пісталетнай кулі, што наскрозь прабіла грудзі беднай жывёліне, ледзь яе не забіўшы, — ён пабялеў так, нібыта толькі што страціў бацьку альбо любімага брата, і затрымцеў, і задрыжаў усім целам, як у ліхаманцы.
Спачатку трывожная вестка так ашаламіла яго, што ён не мог нават зварухнуцца, не кажучы ўжо пра тое, каб прапанаваць план дзеянняў, і таму доўга спрабаваў угаварыць астатніх сяброў містэра Таўкачыні не падымаць шуму, кажучы, што лепей крыху счакаць — хаця б тыдзень-другі, ну ці месяц-другі, пакуль усё само не высветліцца або пакуль містэр Таўкачыні сам не вернецца і не растлумачыць, чаго гэта ён адпусціў каня паперадзе сябе. Вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што такое жаданне памарудзіць і пацягнуць час можна вельмі часта назіраць у людзей, прыгнечаных вялікай бядой. Іхны розум нібы дранцвее, і яны жахаюцца нават думкі пра дзеянне і ні пра што не мараць так, як пра тое, каб ціхамірна ляжаць у ложку і, як сказалі б дамы паважанага веку, “бяду-гора песціць” — гэта значыць абдумваць свае непрыемнасці.
Грукатаўнцы ж, усе да адзінага, былі такой высокай думкі пра мудрасць ды праніклівасць “мілага Чарлі”, што большасць схілялася да таго, каб з ім згадзіцца і не падымаць шуму, пакуль “штосьці само не высветліцца”, як выказаўся паважаны стары джэнтльмен. І я думаю, што так бы ўсе і зрабілі, калі б не вельмі падазронае ўмяшанне пляменніка містэра Таўкачыні, юнака вельмі несамавітых звычак і даволі сапсаванага нораву. Гэты самы пляменнік, прозвішча якога было Мак-Вісус, не захацеў слухаць ніякіх довадаў пра “ціхае ляжанне”, а настойваў на тым, каб неадкладна распачаць пошукі “цела забітага”. Так-так, менавіта гэта ён і сказаў, і містэр О’Міл не прамінуў заўважыць, што “словы гэтыя як найменш дзіўныя”. Назіранне “мілага Чарлі” ашаламіла ўсіх, і нават чулі, як адзін з гараджанаў не пасаромеўся спытаць, “як гэта малады містэр Мак-Вісус настолькі падрабязна знаёмы з абставінамі, звязанымі са знікненнем яго заможнага дзядзечкі, што насмельваецца сцвярджаць, выразна і недвухсэнсоўна, што сваяк яго забіты?” Зараз жа пасля гэтага ў кампаніі ўспыхнула сварка папалам з лаянкай, у якой асабліва выдзяляліся “мілы Чарлі” з містэрам Мак-Вісусам. Апошняе, зрэшты, нікога не здзівіла, бо паміж гэтымі двума вось ужо тры ці чатыры месяцы не было і намёку на прыязнасць, а аднойчы дайшло аж да таго, што містэр Мак-Вісус збіў з ног дзядзькавага сябрука — нібыта за празмерную вольнасць, якую той дазволіў сабе ў доме містэра Таўкачыні, дзе жыў і ягоны пляменнік. У адказ на гэта “мілы Чарлі”, сцвярджалі грукатаўнцы, прадэманстраваў узорную цярплівасць і міласэрнасць сапраўднага хрысціяніна. Ён падняўся, прывёў у парадак адзенне і не выказаў нават памкнення адпомсціць, адно прамармытаў нешта наконт “хуткай адплаты пры першай зручнай магчымасці” — натуральная і цалкам даравальная ўспышка гневу, якая нічога не значыць і, несумненна, тут жа забываецца, даўшы выхад эмоцыям.
Як бы там ні было (бо гэтыя абставіны ўсё адно ніяк не датычаць нашага здарэння), вядома, што грукатаўнцы, збольшага ўпэўненыя містэрам Мак-Вісусам, вырашылі ўрэшце разысціся па ваколіцы, каб адшукаць зніклага містэра Таўкачыні. Дакладней, гэта яны спачатку хацелі так зрабіць. Калі ж канчаткова пастанавілі, што пошукам быць, усе, натуральна, хацелі разысціся ў розныя бакі, разбіўшыся на групы дзеля як мага больш грунтоўнага агляду мясцовасці. І я, шчыра кажучы, забыў, якімі такімі майстэрскімі развагамі “мілы Чарлі” ў выніку ўпэўніў зборню, што такі план дзеянняў — самы неразважлівы. Карацей, упэўніў ён усіх, апроч містэра Мак-Вісуса, і шукаць усё ж вырашылі разам — з “мілым Чарлі” на чале.
Што да апошняй дэталі, то лепшага правадыра, чым “мілы Чарлі”, знайсці было немагчыма: усе ведалі, што ў яго вочы рысі. І хаця ён завёў грукатаўнцаў ва ўсе магчымыя глухія дзіры і куты, хаця ішоў сцежкамі, пра існаванне якіх зусім побач ніхто ніколі не падазраваў, хаця пошукі цягнуліся амаль тыдзень, не спыняючыся ні ўдзень, ні ўначы, ніякіх слядоў містэра Таўкачыні гараджане знайсці не змаглі. Гм, хаця я сказаў “ніякіх слядоў”, гэта не варта разумець літаральна, таму што сляды — у пэўным сэнсе — былі. Дарогу няшчаснага джэнтльмена грукатаўнцы прасачылі па слядах ад падковаў ягонага каня (з асаблівым кляймом) і прайшлі ад гарадка мілі тры на ўсход, апынуўшыся на дарозе, што вяла ў ***. Тут след паварочваў на бакавую сцежку, што бегла праз лес і зноў выводзіла на дарогу, скарачаючы маршрут на паўмілі. Ідучы па адбітках падковаў, гараджане набрылі на сажалку, напалову схаваную зарасцямі ажыны справа ад сцежкі, а на беразе сажалкі і так амаль нябачны след згубіўся зусім. Па мясцовасці было бачна, што тут адбывалася нейкая барацьба і хтосьці нібыта цягнуў сцежкаю нешта вялікае і цяжкое, нашмат большае і цяжэйшае за чалавечае цела, а затым утапіў гэта ў затоцы. Дно старанна прамацалі, але нічога не знайшлі. Засмучаныя няўдачай гараджане ўжо сабраліся былі сыходзіць, калі нейкая вышэйшая сіла падказала містэру О’Мілу ідэю адвесці з сажалкі ўсю ваду. Прапанову прынялі з ухвальнымі воклічамі, і не адзін адвесіў мноства кампліментаў кемнасці і праніклівасці “мілага Чарлі”. Многія гараджане выправіліся на пошукі з рыдлёўкамі, думаючы, што давядзецца, магчыма, выкопваць труп, таму ваду адвялі лёгка і хутка. І як толькі пачало віднецца дно, роўненька пасярод глею ўсе заўважылі камізэльку з чорнага аксаміту, у якой ледзь не кожны вокамгненна пазнаў уласнасць містэра Мак-Вісуса. Камізэлька была ўся падраная і запэцканая крывёй, і сярод шаноўнага таварыства знайшлося некалькі чалавек, якія ясна прыгадалі, што яна была на гаспадару акурат той раніцай, калі містэр Таўкачыні ад’язджаў у ***. А потым знайшліся іншыя, гатовыя, калі спатрэбіцца, пад прысягай пацвердзіць, што рэшту ўсяго таго векапомнага дня названага прадмету адзення на містэру Мак-Вісусу не было. І не знайшлося нікога, хто засведчыў бы, што містэр М. насіў гэтую камізэльку пасля знікнення містэра Таўкачыні.
Падзеі набылі вельмі непрыемны кірунак для містэра Мак-Вісуса, і падазрэнні ў дачыненні да яго перараслі ў непахісную ўпэўненасць, калі ён збялеў як палатно, а на пытанне, што ён можа сказаць у сваю абарону, так і не здолеў вымавіць ані слова. Адразу ж пасля гэтага тыя нешматлікія сябры, якіх не адштурхоўваў ягоны разгульны лад жыцця, умомант пакінулі яго ўсе да адзінага, а ў крыках з патрабаваннямі неадкладнага арышту містэра Мак-Вісуса пераўзышлі нават ягоных даўніх і зацятых ворагаў. А вось велікадушнасць містэра О’Міла заблішчала яшчэ ярчэй, і заіскрылася, і заззяла на гэтым фоне. Ён з выключным красамоўствам і палкасцю абараняў містэра Мак-Вісуса, не раз нагадаўшы, што сам ён шчыра дараваў шалёнаму маладому джэнтльмену — “спадкаемцу шаноўнага містэра Таўкачыні” — тое, што ён (малады джэнтльмен), безумоўна, у гнеўным запале, палічыў магчымым абразіць яго (містэра О’Міла). “Ён дараваў яму гэта, — казаў “мілы Чарлі”, — ад усяго свайго сэрца, і ён (містэр О’Міл), не схільны даводзіць да скрайнасці падазрэнні супраць містэра Мак-Вісуса, якія, на жаль, сапраўды вельмі сур’ёзныя, — са свайго боку прыкладзе любыя намаганні, выкарыстае ўвесь свой сціплы запас красамоўства, каб… каб… каб… улагодзіць (наколькі яму дазволіць сумленне) гэтую сапраўды цяжкую і неймаверна заблытаную справу.
У тым жа духу містэр О’Міл працягваў яшчэ з паўгадзіны, дэманструючы ўсю веліч як свайго розуму, так і сэрца. Але вы ж ведаеце гэтых мілых добрых хлопцаў: вельмі рэдка іх дзеянні супадаюць з іх намерамі, і яны заблытваюцца ў павуціне ўсіх магчымых хібаў, недачасоў і недамесцаў, ахопленыя гарачым жаданнем выратаваць сябра, — і таму самыя высакародныя ў свеце парывы зазвычай прыносяць невымерна больш шкоды, чым карысці.
Так было і тут: рытарычнае майстэрства “мілага Чарлі”, які з усяе сілы стараўся абяліць падазраванага, толькі пагоршыла становішча апошняга. Чамусьці так атрымлівалася, што кожнае слова, якое злятала з вуснаў аратара і відавочна, хоць і ненаўмысна, было скіраванае зусім не на тое, каб узвысіць гэтага самага аратара ў вачах слухачоў, — дык вось, кожнае слова толькі паглыбляла падазрэнні ў адрас таго, каго ён абараняў, і распальвала ярасць натоўпу.
Адной з самых невытлумачальных памылак адваката было згадванне падазраванага як “спадкаемцы старога заможнага джэнтльмена містэра Таўкачыні”. Раней гараджане пра гэта нават не задумваліся. Яны памяталі, як год ці два таму дзядзька пагражаў пазбавіць спадчыны пляменніка, апроч якога ў яго не было сваякоў, і, натуральна, лічылі гэтую справу скончанай — такімі вось прастадушнымі стварэннямі былі грукатаўнцы. Але заўвага “мілага Чарлі” змусіла іх раптам задумацца, а потым і прыйсці да высновы, што пагрозы цалкам маглі застацца толькі пагрозамі. І тут паўстала натуральнае пытанне “Cui bono?” — пытанне, якое мацней, чым тая камізэлька, звязвала маладога чалавека з жудасным злачынствам. На гэтым месцы дазвольце мне, каб не ўзнікла непаразуменняў, крыху адхіліцца ад тэмы і заўважыць, што ўжытую мною лацінскую фразу, такую кароткую і простую, нязменна перакладаюць і тлумачаць няправільна. “Cui bono?” — гэтую фразу ва ўсіх выбітных і ўсялякіх іншых раманах (напрыклад, у раманах місіс Гор [1], аўтаркі “Сесіла”, якая прыводзіць цытаты на ўсіх магчымых мовах — ад халдэйскай да гаворкі племені чыкаса — і паслугуецца ў сваіх штудыях, “па меры неабходнасці” і паводле сістэматычнага плану, працамі містэра Бэкфарда) — ва ўсіх гэтых раманах, як я сказаў, ад выбітных Булвер-Літана і Дыкенса да ўсялякіх іншых Булвер-Літана і Дыкенса і аж да розных там эйнсвартаў [2] і ганідаляраў, два кароткія лацінскія словы “cui bono” ператвараюцца ў “з якой мэтай?” альбо, нібыта гэта нейкае “quo bono”, у “дзеля чыйго дабра”. Сапраўднае ж значэнне гэтых словаў — “каму выгадна”. Cui — каму, bono — на карысць. Гэта чыста юрыдычная формула, што ўжываецца акурат у такіх справах, як нашая, калі імаверны суб’ект дзеяння вызначаецца паводле імавернай выгады, якую ён атрымлівае ад імавернага выканання дзеяння. У нашым жа выпадку формула “cui bono?” вельмі недвухсэнсоўна выводзіла на містэра Мак-Вісуса. Ягоны дзядзька, склаўшы тэстамент на яго карысць, потым пагражаў яму пазбаўленнем спадчыны, але, відавочна, пагрозы сваёй не ажыццявіў і тэстамент не перапісаў. Калі б перапісаў, адзінай падставай для забойства магла б стаць звычайная прага адпомсціць, якую, несумненна, пагасіла б надзея на вяртанне дзядзькавай прыхільнасці. Але тэстамент ляжаў неперапісаны, пагрозы пераменаў віселі над пляменнікавай галавой, і тут ужо выплывае на паверхню наймацнейшы стымул учыніць расправу. Такую выснову і зрабілі шаноўныя жыхары Грукатаўна, выявіўшы пры гэтым найглыбейшую праніклівасць.
У выніку містэра Мак-Вісуса арыштавалі на месцы, і ўвесь натоўп, яшчэ крыху пакруціўшыся ў пошуках чаго-небудзь, рушыў дадому, ведучы віноўніка пад вартай. А па дарозе здарылася тое, што пацвердзіла ўсеагульныя падазрэнні. Містэр О’Міл, якога імпэт змушаў увесь час трымацца крыху паперадзе астатніх, раптам сарваўся з месца, прабег некалькі крокаў, нахіліўся і, відавочна, падабраў з травы нейкі невялікі прадмет. Ён хутка агледзеў знаходку і зрабіў нешта накшталт слабой спробы схаваць яе ў кішэню паліто, але пацярпеў няўдачу, бо яго заўважылі і, безумоўна, спынілі. Знаходка аказалася гішпанскім нажом, у якім з дзясятак чалавек адразу ж пазналі ўласнасць містэра Мак-Вісуса. А на тронках былі выгравіяваныя ягоныя ініцыялы. Нож быў раскрыты, усё лязо — у крыві.
Цяпер ужо ў віне пляменніка не заставалася ніякіх сумневаў, і па прыбыцці ў Грукатаўн яго неадкладна адвялі на допыт да следчага.
Тут падзеі набылі яшчэ больш непрыемны паварот. Арыштаваны, калі ў яго спыталі, дзе ён быў раніцай, у якую знік містэр Таўкачыні, з неверагодным нахабствам паведаміў, што тае самае раніцы ён паляваў са стрэльбай на аленяў акурат каля сажалкі, дзе ягоную запэцканую крывёй камізэльку адшукалі дзякуючы кемлівасці містэра О’Міла.
Тут апошні выступіў наперад і са слязьмі на вачах папрасіў дазволу сведчыць. Ён паведаміў, што няўмольнае пачуццё абавязку як перад Творцам сваім, так і перад суграмадзянамі больш не дазваляе яму захоўваць маўчанне. Да гэтага моманту шчырая прыхільнасць да маладога чалавека (нягледзячы на кепскае абыходжанне апошняга з ім, містэрам О’Мілам) змушала яго прымаць любыя гіпотэзы, якія толькі магло падказаць уяўленне, у празе хоць неяк растлумачыць тое, што здавалася падазроным у абставінах, калі ўсё гаварыла супраць містэра Мак-Вісуса. Аднак адкрываюцца факты такія пераканаўчыя, такія выкрывальныя, што ён вымушаны адкінуць сумневы і расказаць усё, што ведае, хаця ягонае (містэра О’Міла) сэрца гатовае проста разарвацца на часткі ад скрухі. І містэр О’Міл заявіў, што напярэдадні ад’езду містэра Таўкачыні ў суседні горад шаноўны стары джэнтльмен у размове з пляменнікам, наколькі ён (містэр О’Міл) змог пачуць, спамянуў, што ў горад ён заўтра едзе, каб пакласці на рахунак у “Сельскагаспадарчым і прамысловым банку” вельмі вялікую суму, і што тут жа вышэйпамянёны містэр Таўкачыні адназначна паведаміў вышэйпамянёнаму пляменніку пра сваё канчатковае рашэнне ануляваць напісаны раней тэстамент, не пакінуўшы містэру Мак-Вісусу ні шылінга. І тут ён (у сэнсе сведка) урачыста заклікаў абвінавачванага адказаць, праўдай ці няпраўдай ва ўсіх істотных дэталях ёсць тое, пра што ён (зноў жа сведка) толькі што заявіў. На вялікае здзіўленне ўсіх прысутных, містэр Мак-Вісус шчыра пацвердзіў праўдзівасць сказанага.
Следчы палічыў сваім абавязкам паслаць некалькі паліцэйскіх з тым, каб яны абшукалі пакой абвінавачванага ў доме ягонага дзядзькі. Тыя вярнуліся амаль адразу і прынеслі вядомы кожнаму грукатаўнцу чырвоны скураны партманэт з металічнай акантоўкай, з якім стары джэнтльмен не расставаўся ўжо шмат гадоў. Нічога каштоўнага там, аднак, не было, і следчы беспаспяхова спрабаваў выпытаць у арыштаванага, што сталася са змесцівам альбо дзе яно цяпер. Безумоўна, той упарта адмаўляў, што яму хоць нешта пра гэта вядома. А яшчэ паліцэйскія знайшлі пад матрацам няшчаснага кашулю і шыйную хустку, на абедзвюх — ініцыялы і жудасныя плямы крыві ахвяры.
У гэты момант прынеслі вестку, што конь забітага толькі што сканаў у стайні ад наступстваў атрыманай раны, і містэр О’Міл прапанаваў неадкладна правесці ўскрыццё жывёліны, каб адшукаць кулю, калі атрымаецца. Так і зрабілі, і вось нібыта для таго, каб зніклі апошнія падазрэнні ў вінаватасці містэра Мак-Вісуса, у грудзіне каня містэр О’Міл пасля старанных пошукаў урэшце адшукаў і выцягнуў кулю вельмі незвычайнага памеру, і яе калібр дакладна супаў з калібрам стрэльбы абвінавачванага, а такой не было больш ні ў кога ў горадзе і ваколіцах. Да ўсяго, на кулі выявілі драпіну ці насечку, што праходзіла пад прамым вуглом да звычайнага шва, а расследаванне паказала, што гэтая насечка ўтвараецца акурат ад выпадковага выступу ці няроўнасці ў ліцейных формах, якія, як прызнаў сам абвінавачваны, належалі менавіта яму. Адразу пасля агляду кулі следчы адмовіўся слухаць далейшыя паказанні і тут жа прызначыў судовае разбіральніцтва. Ён рашуча адмовіўся выпускаць арыштаванага пад заклад, хаця містэр О’Міл вельмі кранальна пратэставаў супраць такой жорсткасці і абяцаў унесці любую суму, якую запатрабуюць. Гэта было так шчодра з боку “мілага Чарлі” і так адпавядала яго заўсёдным прыязным і рыцарскім паводзінам, якіх ён трымаўся ад самага свайго прыезду ў Грукатаўн! Шаноўным джэнтльменам цалкам завалодалі ўсёахопныя сардэчнасць і спагада, і ён, прапануючы заклад за свайго маладога сябра, здавалася, зусім забыўся, што ён (містэр О’Міл) сам не мае за душой ні даляра.
Далейшае развіццё падзеяў прадказаць няцяжка. Містэр Мак-Вісус пад гучныя праклёны ўсяго гарадка паўстаў перад крымінальным судом, і ланцужок ускосных доказаў (разарваць яго стала яшчэ цяжэй дзякуючы некаторым дадатковым выкрывальным фактам, утойваць якія ад суду містэру О’Мілу не дазволіла абвостранае пачуццё справядлівасці) выглядаў так бясспрэчна і абсалютна пераканаўча, што прысяжныя не сыходзячы з месца адразу ж агучылі вердыкт: “вінаваты ў забойстве з абцяжарвальнымі абставінамі”. Неўзабаве няшчаснаму вынеслі смяротны прысуд і змясцілі ў акруговую турму, дзе ён мусіў чакаць няўмольнай кары закона.
А “мілы Чарлі О’Міл” сваімі высакароднымі паводзінамі заслужыў яшчэ большую прыязнасць добрапрыстойных грукатаўнцаў. Яго палюбілі мацней разоў у дзесяць, і натуральным вынікам гасціннасці, з якой яго ўсюль сустракалі, стала тое, што воляй-няволяй ён змушаны быў адступіць ад найстражэйшай эканоміі, якой трымаўся праз сваю беднасць, і пачаў часта збіраць у сябе невялікія кампаніі, дзе панавалі дасціпнасць і весялосць — безумоўна, крыху азмрочаныя выпадковымі згадкамі пра сумны і нешчаслівы лёс, які выпаў пляменніку незабыўнага сябра, якога страціў шчодры гаспадар дому.
Адным пагодным ранкам гэты высакародны стары джэнтльмен быў прыемна здзіўлены, атрымаўшы ліст наступнага зместу:
Грукатаўн, Чарлзу О’Мілу, эсквайру
Шат.-марг. A. №1
6 туз. бут. (1/2 гроса) [3]
ад Р., К., Б. і Ко.
Шаноўны сэр,
у адпаведнасці з даручэннем, дадзеным фірме два месяцы таму нашым паважаным кліентам, містэрам Барнабасам Таўкачыні, мы мелі гонар паслаць вам сёння раніцай двайную скрыню шато-марго маркі “Антылопа” з фіялетавай пячаткай. Нумар і маркіроўка скрыні ўказаныя на палях.
З найлепш. пажад.,
Рохс, Квакс, Булькс і Ко.
горад ***, 21 чэрвеня 18**
P.S. Скрыню даставяць фургонам на наступны дзень пасля атрымання вамі гэтага ліста. Просім засведчыць нашую павагу містэру Таўкачыні.
Р., К., Б. і Ко.
Рэч у тым, што пасля смерці містэра Таўкачыні містэр О’Міл страціў усялякую надзею на абяцанае шато-марго і таму расцаніў яго атрыманне цяпер як боскай воляю спасланы яму своеасаблівы падарунак. Душа ягоная ўзвесялілася неймаверна, і ад радасці, што проста біла цераз край, містэр О’Міл надумаў зладзіць назаўтра petit souper [4] і запрасіў вялікую сябрыну, каб разам адкрыць падарунак “мілага добрага містэра Таўкачыні”. Ну, не тое каб ён спамянуў “мілага добрага містэра Таўкачыні”, калі запрашаў гасцей. Шчыра кажучы, ён шмат думаў і вырашыў увогуле пра яго не згадваць. Калі мне не здраджвае памяць, ён нікому нават не заікнуўся, што атрымаў у падарунак шато-марго. Ён проста папрасіў сяброў прыйсці і дапамагчы яму распіць нешта гэтакае найвышэйшай якасці і з найбагацейшым букетам, якое ён пару месяцаў таму замовіў з горада і якое прыбудзе акурат заўтра. Я часта ламаў галаву, спрабуючы зразумець, чаму “мілы Чарлі” вырашыў нікому не казаць, што атрымаў віно ад свайго старога сябра, але так і не змог дакапацца да прычынаў яго маўчання, хаця не сумняюся, што падставы былі самыя высакародныя і вартыя найглыбейшай павагі.
Доўгачаканы наступны дзень прыйшоў у дом містэра О’Міла разам з вялікай і выключна рэспектабельнай кампаніяй. Сабралася як найменш палова гарадка (і я там быў), але, да немалой прыкрасці гаспадара, шато-марго прывезлі позна: да гэтага часу госці паспелі аддаць амаль усё належнае раскошнаму пачастунку “мілага Чарлі”. Урэшце яна прыбыла — жудасна вялікая скрыня, скажу я вам. Кампанія ўжо была ў найлепшым з добрых настрояў, таму ўсцягнуць скрыню на стол і неадкладна яе растрыбушыць пастанавілі nem. con. [5]
Сказана — зроблена. Я таксама прыклаў руку да дзейства, і праз імгненне скрыня ўжо стаяла на стале паміж бутэлькамі і шклянкамі, вельмі нямногія з якіх ацалелі ў няроўнай сутычцы з ёй. “Мілы Чарлі”, які добра-такі наклюкаўся і празмерна расчырванеўся, з пацешнай фанабэрыяй сеў на галоўнае месца і ярасна закалаціў па стале графінам, заклікаючы кампанію да парадку “падчас цырымоніі ўскрыцця цела скарбу”.
Пасля некалькіх гучных заклікаў суняцца госці ўрэшце паслухаліся, і, як часта здараецца ў такіх выпадках, у пакоі запанавала абсалютная і шматзначная цішыня. Просьбе дапамагчы ададраць вечка скрыні я падпарадкаваўся з найвялікшай ахвотай. Я ўставіў у шчыліну долата і некалькі разоў асцярожна стукнуў па ім малатком. Раптам вечка адляцела, і тварам да гаспадара дому, рэзка падскочыўшы, сеў акрываўлены, пакрыты ранамі і ўжо са слядамі гніення труп містэра Таўкачыні. Некалькі імгненняў ён маркотна ўзіраўся згаслымі напаўсатлелымі вачыма ў твар містэра О’Міла, а потым павольна, але выразна і ясна вымавіў: “Ты — той чалавек!”, пасля чаго, нібы цалкам задаволены сказаным, пераваліўся праз край скрыні, раскідаўшы рукі па стале.
Тое, што адбылося потым, немагчыма апісаць. Цісканіна ля дзвярэй і вокнаў усчалася страшная, а многія моцныя хлопцы ад скрайняга жаху самлелі проста ў пакоі. Але пасля першага выбуху шалёнай панікі ўсе позіркі скіраваліся на містэра О’Міла. І хоць бы я пражыў тысячу гадоў, я ніколі не забуду таго выразу смяротнай агоніі на ягоным жахліва бледным твары, яшчэ хвіліну таму румяным ад віна і трыюмфу. Некалькі імгненняў ён сядзеў застылы, як мармуровая статуя, а яго жудасна пусты позірк, скіраваны ўнутр, здавалася, засяроджана сузіраў мізэрную і нікчэмную душу забойцы. Урэшце, нібыта вяртаючыся ў вонкавы свет, злачынца з раптоўным бляскам у вачах рэзка ўскочыў з крэсла і цяжка наваліўся на стол, так, што дакрануўся да трупа, і з ягоных вуснаў палілася блытаная і жарсная споведзь з усімі падрабязнасцямі жахлівага злачынства, за якое містэр Мак-Вісус быў увязнены і асуджаны на смерць.
А расказаў злачынца наступнае. За сваёй ахвярай ён ехаў амаль да самай сажалкі і там стрэліў у каня з рэвальвера, забіў вершніка ударам дзяржальна, забраў ягоны партманэт і, думаючы, што конь мёртвы, з вялікай цяжкасцю адцягнуў яго да зарасцяў ажыны ля сажалкі. Цела містэра Таўкачыні ён звёз на ўласным кані і закапаў яго ў зацішным месцы далёка ў глыбіні лесу.
Камізэльку, нож, партманэт і кулю ён падкінуў, каб адпомсціць містэру Мак-Вісусу, і зрабіў так, каб акрываўленыя кашулю і шыйную хустку містэра Таўкачыні знайшлі ў ягонага пляменніка.
Па меры заканчэння аповеду, ад якога халадзела кроў, забойца гаварыў усё больш перарывіста і глуха. І калі ўсе паказанні былі вычарпаныя, ён падняўся, адхіснуўшыся ад стала, і ўпаў мёртвы.
Спосаб, з дапамогай якога было вырванае гэтае своечасовае прызнанне, быў, нягледзячы на сваю дзейснасць, вельмі просты. Празмерная прыязнасць містэра О’Міла заўсёды выклікала ў мяне агіду, і падазраваць яго я пачаў адразу. Я прысутнічаў пры тым, як містэр Мак-Вісус яго ўдарыў, і выраз д’ябальскай злосці на ягоным твары, хоць і знік амаль адразу, упэўніў мяне, што пры першай жа магчымасці гэты чалавек бязлітасна адпомсціць. Таму я змог паглядзець на хітрыкі “мілага Чарлі” зусім пад іншым вуглом, чым добрыя грукатаўнцы. Я адразу заўважыў, што ўсе знойдзеныя выкрывальныя доказы так ці іначай былі звязаныя з ім. Але канчаткова зразумела мне ўсё стала пасля таго, як містэр О’Міл знайшоў кулю ў целе каня. У адрозненне ад грукатаўнцаў, я не забыў, што на жывёліне былі дзве раны: першая з’явілася, калі куля ўвайшла ў яе цела, другая — калі выйшла. Калі куля, якая прайшла навылёт, апынулася ўнутры трупа, то ясна, што яе падкінуў той, хто яе знайшоў. Акрываўленыя кашуля і шыйная хустка пацвердзілі падазрэнні, выкліканыя куляй (што да крыві, то яна па ўважлівым аглядзе аказалася не чым іншым, як цудоўным кларэтам). Калі я ўсё гэта абдумаў, ды яшчэ і заўважыў потым узрослую шчодрасць і гэтак жа ўзрослыя выдаткі містэра О’Міла, я ўпэўніўся ў сваіх падазрэннях, якія зусім не аслабелі ад таго, што я нікому пра іх не расказваў.
У той жа час я ў адзіночку старанна шукаў цела містэра Таўкачыні — шукаў, са зразумелых прычынаў, у месцах, найбольш аддаленых ад тых, якімі вадзіў сваіх прыхільнікаў містэр О’Міл, і праз некалькі дзён натрапіў на стары высахлы калодзеж, амаль цалкам схаваны ажынавымі кустамі. На яго дне я і знайшоў тое, што шукаў.
А яшчэ выйшла так, што я падслухаў размову двух сябрукоў, у якой містэр О’Міл змудрыўся выдурыць у шчодрага гаспадара абяцанне падараваць яму скрыню шато-марго. Гэтым я і скарыстаўся. Я здабыў тугі кавалак кітовага вуса, запіхаў яго ў глотку трупа, а труп паклаў у старую скрыню з-пад віна, пастараўшыся сагнуць цела так, каб сагнуўся і кітовы вус. Такім чынам, мне давялося моцна націскаць на вечка, прыбіваючы яго цвікамі. Я ведаў, што варта толькі іх выцягнуць — і вечка адляціць, а цела выпрастаецца.
Падрыхтаваўшы скрыню, я яе падпісаў, пранумараваў і паслаў, пра што было расказана вышэй, а потым напісаў ліст ад імя вінагандляроў, чыім кліентам быў містэр Таўкачыні. Таксама я наказаў свайму служку падвезці скрыню да дзвярэй містэра О’Міла толькі пасля таго, як я падам яму знак. Што да словаў, якія мусіў вымавіць труп, то тут я быў упэўнены ў сваім таленце чэрававяшчальніка: з яго дапамогай я і разлічваў вырваць у забойцы прызнанне.
Здаецца, тлумачыць больш няма чаго. Містэр Мак-Вісус быў вызвалены з вязніцы, атрымаў дзядзькаву спадчыну, зрабіў высновы з усяго, што здарылася, пачаў новае жыццё і пражыў яго спакойна й шчасліва.
________________________________________________________________________
Каментар
“Ты — той чалавек!” — з гэтымі словамі звярнуўся да цара Давіда прарок Натан, расказаўшы яму прыпавесць пра багацея, што адабраў у беднага яго адзіную авечку (Давід, упадабаўшы Вірсавію, жонку свайго военачальніка Урыі, паслаў апошняга на смерць; Другая кніга Царстваў, 12:7).
[1] Кэтрын Грэйс Гор (1799—1861) — ангельская пісьменніца, самы вядомы раман якой, “Сесіл, альбо Прыгоды фата”, зрабіўся аб’ектам пародыі Ўільяма Тэкерэя. Звесткамі пра жыццё арыстакратычнага грамадства яна абавязаная пісьменніку Ўільяму Бэкфарду, аўтару аповесці “Ватэк”.
[2] Ўільям Эйнсварт (1805—1882) — ангельскі пісьменнік, на гістарычныя раманы якога “Лонданскі Таўэр” і “Гай Фокс, альбо Парахавая змова” По ў 1841 годзе напісаў рэцэнзіі ў Graham’s Magazine.
[3] Грос — мера лічэння, роўная 144 прадметам.