№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Гілберт Кіт Чэстэртан

Лятучыя зоркі (The Flying Stars)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Антон Францішак Брыль


“Найпрыгажэйшае з усіх маіх злачынстваў, — згадваў Фламбо ў сваёй дабрадзейнай старасці, — было, па дзівосным супадзенні, з іх таксама і апошнім. Я ўчыніў яго на Каляды. Як належыць мастаку, я заўжды стараўся пераступаць закон у суладдзі з парою году ці з вакольным краявідам і абіраў для кожнага ліхадзейства прыдатны сад альбо тэраску, акурат як для скульптурнай групы. Сквайраў, напрыклад, належыць абчмураць у даўгіх пакоях з абшытымі дубам сценамі, а габрэя, з іншага боку, дарэчней пакінуць без грошыка сярод агнёў ды перагародак Кафэ Рыш. Так, у Англіі, надумаўшыся збавіць якогась дэкана ад цяжару маёмасці (а гэта не так проста, як можа здацца), я імкнуўся — як бы гэта выказаць — аблямаваць яго зялёнымі лужкамі й шэрымі вежамі кафедральнага горада. Падобным чынам у Францыі, аббіраючы багатага зласлівага селяніна (а гэта амаль немагчыма), я прагнуў адцяніць ягоную раз'юшаную фізіяномію шэраю чарадою падрэзаных таполяў і тымі велічнымі гальскімі раўнінамі, з якіх чэрпаў натхненне магутны дух Міле.

То вось, маё апошняе злачынства было каляднае — радаснае, утульнае ангельскае злачынства сярэдняга дастатку; злачынства ў духу Чарлза Дыкенса. Я ўчыніў усё ў добрым нябедным старадаўнім доме ля Путні, у доме з выгнутаю дарожкаю для экіпажаў, у доме са стайняю пры ім, у доме з назваю, пазначанаю на адных і на другіх варотах, у доме з араўкарыяй у садзе. Ну досыць, вы ўжо ўявілі яго да дробязі. Што ні кажы, а Дыкенса я ў той раз пераймаў і ўмела, і па-мастацку. Амаль шкада, што я зрокся ліхога жыцця ў той жа вечар”.

І Фламбо пачынаў расказваць гэтую гісторыю знутры, і нават знутры яна аказвалася дзіўнаю. Калі ж на яе паглядзець звонку, то будзе і наогул нічога не зразумела. Вось менавіта звонку з гэтай гісторыяй і належыць знаёміцца ўпершыню. З такога гледзішча можна сказаць, што ўсё пачалося надвячоркам у другі дзень Раства, калі дзверы дома са стайняю расчыніліся ў сад з араўкарыяй, і маладая дзяўчына выйшла з хлебам у руках карміць птушак. У яе быў мілы тварык і задзірлівыя карыя вочы, а постаць — неадгадальная, бо яна так захуталася ў бурае футра, што нават не разрозніць было, дзе каўнер таго футра, а дзе — яе ўласныя валасы. Калі б не слаўны твар, то выглядала б яна нязграбным мядзведзікам.

Зімовы надвячорак учырвоньваўся ў вечар, і рубінавае святло ўпала ўжо на бяскветныя клумбы, запоўніўшы іх нібыта прывідамі мёртвых ружаў. Стайня была па адзін бок ад дома, а па другі пачыналася алея — ці нават галерэя — з лаўраў, якая вяла ў большы сад за домам. Юная лэдзі накрышыла на зямлю хлеба (у чацверты ці пяты раз за дзень, бо яго пад'ядаў сабака) і, не навязваючы птушкам свайго таварыства, рушыла па дарожцы між лаўрамі ў вечназялёнае мігценне саду. Там яна падняла вочы на высокую агароджу і ўскрыкнула ў здзіўленні — ці то шчыра, ці то проста для парадку; бо агароджу дзівачна асядлала дзівачная постаць.

— Вы толькі не скачыце адтуль, містэр Крук, — занепакоена ўсклікнула дзяўчына, — тут завысока!

Чалавек, які сядзеў на сцяне бы на лятучым кані, быў цыбаты вуглаваты хлопец з натапыранаю шчоткаю цёмных валасоў і з тварам разумным, нават вытанчаным, але хваравіта-бледым і амаль нетутэйшым. Яшчэ заўважнейшаю рабіў гэтую бледасць напорыста-чырвоны гальштук — здаецца, адзіная хоць неяк прадуманая дэталь у адзенні юнака. Магчыма, гэта быў сімвал. Не зважаючы на ўстрывожаную мальбу дзяўчыны і на рызыку пераламаць ногі, хлопец конікам скочыў на зямлю.

— Я з'явіўся на свет, мяркую, каб стаць рабаўніком, — ціхамірна заўважыў ён, — і стаў бы, канечне, калі б не нарадзіўся выпадкам у тым слаўным суседнім доме. Ды і якая тут бяда, у кожным разе?

— Як можна такое казаць? — запярэчыла дзяўчына.

— Разумееце, — адказаў хлопец, — калі хтосьці нарадзіўся не па той бок ад агароджы, то я зусім не бачу, чаму б яму яе не пералезці.

— Ніколі не ведаю, што вы праз імгненне скажаце ці ўчыніце, — сказала яна.

— Я і сам часта не ведаю, — адказаў містэр Крук, — але прынамсі цяпер я з патрэбнага боку агароджы.

— А які бок агароджы вам патрэбны? — спытала дзяўчына з усмешкаю.

— Той, з якога вы, — адказаў малады Крук.

Яны рушылі разам дарожкаю паміж лаўрамі, і тут трыкроць прагучаў аўтамабільны гудок, з кожным разам бліжэй, і машына — дзівосная хуткасцю, надзвычайная элегантнасцю ды бледна-зялёная колерам — птушкаю падляцела да дома і стала, дрыжучы, ля ўваходу.

— Ого-го! — сказаў юнак у чырвоным гальштуку. — Вось ужо хто з пэўнасцю нарадзіўся з патрэбнага боку агароджы. Я і не ведаў, міс Адамс, што ў вас такі найсучаснейшы Санта-Клаўс.

— А, гэта мой хросны, сэр Леапольд Фішэр. Ён заўсёды прыязджае адразу пасля Раства.

Рубі Адамс на імгненне прымоўкла, міжволі выдаўшы тым не дужа вялікае захапленне, і дадала:

— Ён вельмі добры.

Джон Крук, журналіст, чуў пра гэтага важнага магната з Сіці; а ў тым, што магнат з Сіці пра журналіста не чуў, той быў зусім не вінаваты, бо ў пэўных артыкулах “Трубнага голасу” ці “Новага веку” для сэра Леапольда не знайшлося ніякай літасці. Але цяпер Крук нічога не сказаў і толькі змрочна назіраў, як разгружаюць машыну — а гэта была няхуткая справа. Рослы ахайны шафёр у зялёным выбраўся з пярэдняй дзверкі, дробны ахайны слуга ў шэрым выбраўся з задняй, і разам яны перамясцілі сэра Леапольда на ганак і пачалі распакоўваць, быццам вельмі рупліва загорнутую пасылку. Яны размотвалі пледы, якіх стала б на цэлую краму, футры ўсіх лясных звяроў ды шалікі ўсіх колераў вясёлкі, пакуль нарэшце не паказалася нешта кшталту чалавечай постаці — постаці прыязнага, але чужаземнага з выгляду старога джэнтльмена з сівою казлінаю бародкаю і ззяючаю ўсмешкаю, які паціраў адна аб адну вялікія футраныя рукавіцы.

Задоўга да таго як сэр Леапольд канчаткова аб'явіўся з-пад пледаў і шалікаў, вялікія дзверы перад ім расчыніліся, і палкоўнік Адамс (бацька зафутранай дзяўчыны) выйшаў асабіста запрасіць вялебнага госця ў дом. Ён быў высокі, асмуглы й вельмі маўклівы, а на галаве меў чырвоную шапку накшталт фескі, праз якую рабіўся падобны да ангельскага сірдара ці пашы ў Егіпце. З ім выйшаў яго швагер, які нядаўна прыехаў з Канады, — светлабароды, рослы й досыць шумны малады аматар фермерскага жыцця на ймя Джэймс Блаўнт. З імі была і яшчэ адна асоба, не настолькі заўважная, — святар з найбліжэйшага каталіцкага касцёла. Палкоўнікава нябожчыца-жонка была каталічкаю, і дзеці, як часта бывае ў такіх выпадках, выхоўваліся ў матчынай веры. Усё ў гэтым ксяндзы было непрыкметным, і нават прозвішча яго было проста Браўн. Але палкоўнік знаходзіў у яго таварыстве нейкую прыемнасць і часта запрашаў яго на такія сямейныя сустрэчы.

У вялізным холе было досыць месца нават для сэра Леапольда і ягоных бясконцых покрываў. Гэты хол быў, праўду кажучы, недарэчна вялікі ў параўнанні з рэштаю дома: даўжэзны пакой з уваходнымі дзвярыма ў адным канцы і падножжам лесвіцы ў другім. Перад вялікім камінам, над якім вісела палкоўнікава шпага, цырымонія распранання госця нарэшце завершылася, і ўсіх прысутных, не выключаючы хмурнага Крука, прадставілі сэру Леапольду Фішэру. Але вялебны фінансіст нібыта працягваў змагацца з часткамі свайго бездакорнага касцюма і нарэшце здабыў з якоесь найунутранейшай кішэні фрака чорную авальную скрыначку, якую, ззяючы, абвесціў калядным падарункам для хросніцы. З нязмушанай самазадаволенасцю, якая нечым абяззбройвала гледачоў, Фішэр падняў скрыначку перад сабою, штосьці націснуў, вечка адкінулася, і ўсе ледзь не саслеплі. Быццам чысцюткі фантан ударыў ім проста ў вочы. На аранжавым аксаміце донца, нібы тры яечкі ў гняздзе, ляжалі тры ясныя зіхоткія дыяменты, вакол якіх, здавалася, само паветра загаралася агнём. Фішэр добразычліва прамянеў, упіваючыся ўражанасцю й зачараванасцю дзяўчыны, змрочным захапленнем і няўклюднымі падзякамі палкоўніка ды агульным здзіўленнем усіх прысутных.

— Пакуль што я іх пакладу назад, мая мілая, — сказаў Фішэр, вяртаючы футарал у глыбіні фрака. — Едучы сюды, мне давялося добра пра іх клапаціцца. Гэта тры знакамітыя афрыканскія дыяменты, тыя самыя, што завуцца Лятучымі Зоркамі, бо іх вельмі часта выкрадалі. Усе вялікія злачынцы палююць на іх, але і простыя людзі на вуліцы ці ў гатэлі не адмовіліся б іх прыхапіць. Мяне маглі абкрасці проста па дарозе сюды. Так-так, вельмі магчыма.

— І вельмі натуральна, — прабурчаў хлопец у чырвоным гальштуку. — Калі б і абкралі, я б іх не вінаваціў. Калі людзі просяць хлеба, а вы не даяце ім і камню, то што дрэннага, калі яны возьмуць камень самі?

— Не смейце так казаць, — з дзіўнаю палкасцю ўсклікнула дзяўчына. — Вы ніколі такога не казалі, пакуль не сталі гэтым жахлівым як-жа-гэта-завецца. Ды вы ведаеце, пра што я. Як называюць таго, хто гатовы абдымацца з камінаром?

— Святым, — адказаў айцец Браўн.

— Думаю, — сказаў сэр Леапольд з паблажліваю ўсмешкаю, — што Рубі мела на ўвазе сацыяліста.

— Раяліст не абавязаны граць на раялі, — крыху раздражнёна адазваўся Крук, — а кансерватар не заўсёды гатуе на зіму варэнні. А сацыяліст, завяраю вас, зусім не прагне таварыства ўсякага, каго заве таварышам. Сацыяліст проста хоча, каб усе коміны былі пачышчаныя, а ўсім камінарам за гэта заплацілі.

— Але нікому не дазволіць валодаць уласнаю сажаю, — нягучна дадаў святар.

Крук зірнуў на яго з цікавасцю і нават павагаю.

— А хтосьці хоча валодаць сажаю? — спытаў ён.

— Хтосьці, можа, і хоча, — задумліва адгукнуўся Браўн. — Я чуў, садоўнікам яна прыдаецца. А я аднойчы на Каляды вельмі ўсцешыў шасцярых дзяцей, якія не дачакаліся фокусніка, і мне спатрэбілася для гэтага выключна сажа — ужытая вонкава.

— Як цудоўна! — усклікнула Рубі. — Вось бы і нам на такое паглядзець.

Шумны канадзец, містэр Блаўнт, адразу ж узвысіў свой гучны голас у падтрымку гэтай задумы, а ўражаны фінансіст узвысіў свой, задуму досыць рашуча асуджаючы, і тут у вялікія ўваходныя дзверы нехта пагрукаў. Святар адчыніў, ізноў адкрываючы від на пярэдні сад, дзе вечназялёныя дрэвы — і араўкарыя між імі — цямнелі цяпер на фоне раскошнага фіялетавага заходу. Гэтая карціна ў раме расчыненых дзвярэй была такою яркаю і такою дзіўнаю, нібы тэатральная дэкарацыя, што ў першае імгненне ніхто не звярнуў увагі на непрыкметнага чалавека на ганку. Гэта быў, відавочна, звычайны пасыльны — запылены ды ў паношаным паліто.

— Ці ёсць сярод вас містэр Блаўнт, джэнтльмены? — спытаў ён, няўпэўнена працягваючы ім ліст.

Містэр Блаўнт асекся на паўвоклічы, так і не скончыўшы сваіх ухваленняў. З яўным здзіўленнем ён разадраў канверт і стаў чытаць. Яго твар крыху спахмурнеў, пасля зноў пасвятлеў, і канадзец павярнуўся да свайго швагра й гаспадара:

— Мне прыкра так вам назаляць, палкоўнік, — сказаў ён з бадзёраю каланіяльнаю пачцівасцю, — але ці дужа вас засмуціць, калі сёння ўвечары да мяне зазірне па справе стары прыяцель? Гэта, уласна кажучы, Фларыян, той самы славуты французскі акрабат і комік. Мы пазнаёміліся калісь даўно за акіянам, ён родам з французскай часткі Канады, а цяпер вось у яго да мяне справа — каб я толькі ведаў, якая.

— Канечне-канечне, — не раздумваючы адказаў палкоўнік. — Дарагі мой, вашым сябрам я толькі рады. І ён тут, не сумняюся, будзе дарэчы.

— Ён вычарніць твар сажаю, калі вы пра гэта, — са смехам усклікнуў Блаўнт, — і высініць усіх сінякамі. Мне што, я не дужа выкшталцоны. Старая добрая пантаміма мне акурат да густу, і каб актор яшчэ на цыліндр сеў!

— Толькі, калі ласка, не на мой, — з годнасцю прамовіў сэр Леапольд Фішэр.

— Годзе, годзе, — бесклапотна ўмяшаўся Крук, — не будзем сварыцца. Бываюць жарты й безгустоўнейшыя за чалавека на цыліндры.

Непрыязнасць да юнака ў чырвоным гальштуку, народжаная драпежніцкімі перакананнямі апошняга ды ягонымі відавочна цёплымі адносінамі з Фішэравай слаўнай хросніцаю, змусіла дзялка прамовіць самым саркастычным і ўладным тонам:

— Вам, не сумняюся, сапраўды вядомыя жарты і безгустоўнейшыя за чалавека на цыліндры. Ці не зробіце ласку прывесці прыклад?

— Ды вось хоць цыліндр на чалавеку, — адказаў сацыяліст.

— Ну, ну, ну! — закрычаў канадзец з заўсёдашняю варварскаю зычлівасцю. — Не будзем псаваць такі слаўны вечар. Я проста кажу, давайце неяк пацешым таварыства! Не будзем чарніць твары і сядаць на капелюшы, калі нехта супраць, але чагосьці такога ўдумаем. Чаму б вось не зладзіць сапраўдную ангельскую пантаміму — каб усё як след, каб з клоўнам, і з Каламбінаю, і што там яшчэ трэба. Калі я з'язджаў з Англіі, у дванаццаць гадоў, я такую бачыў, і яна палае ў маёй памяці, як святочнае вогнішча. А ў мінулым годзе я вярнуўся — і выявілася, што такога ўжо не сустрэнеш. Паўсюль толькі слязлівыя казачкі. Мне б паглядзець, як махаюць гарачаю качаргою ды збіваюць на порхаўку паліцэйскага, а на сцэне толькі прынцэсачкі, што гавораць казані пры месяцовым святле, ды Сінія Птушкі, ды астатняе ў тым жа духу. Калі ўжо нешта сіняе, то хай гэта будзе Сіняя Барада, ды й таму б лепей перавярнуцца ў Панталонэ.

— Збіць паліцэйскага на порхаўку — гэта мне даспадобы, — сказаў Джон Крук. — Гэта лепшае вызначэнне сацыялізму, чым тое, што тут сёння гучала. Але зладзіць гэта ўсё будзе немалою працаю.

— Ды ні каліўца, — крыкнуў Блаўнт, ужо дужа захоплены. — Прасцей за арлекінаду мы нічога і не надумаем, і на тое дзве прычыны! Па-першае, вярзці можна ўсё, што ў галаву прыйдзе, а па-другое, спатрэбіцца толькі тое, што ў любым доме і так ёсць — сталы, вешалы, кашы для бялізны ды іншае падобнае.

— А і праўда, — Крук з захапленнем заківаў і захадзіў па пакоі. — Але дзе ж узяць паліцэйскую форму? Я апошнім часам аніводнага палісмена не забіў.

Блаўнт у задуменні нахмурыўся, але тут жа ляпнуў сябе па сцягне.

— Знойдзецца! — усклікнуў ён. — Фларыянаў тэлефон тут ёсць, а Фларыян у Лондане ўсіх касцюмераў ведае. Зараз пазваню яму ды й папрашу захапіць сюды паліцэйскую форму, — і ён рынуўся да тэлефона.

— Хіба не цудоўна, хросны? — ледзь не скакала ад радасці Рубі. — Я буду Каламбінай, а вы — Панталонэ.

Мільянер ні на хвілю не страціў паганскай велічнай непахіснасці.

— Думаю, мая мілая, — адказаў ён, — што вам трэба знайсці іншага Панталонэ.

— Калі хочаш, я буду Панталонэ, — першы і апошні раз умяшаўся ў размову палкоўнік Адамс, дастаўшы з рота цыгару.

— Вам помнік трэба паставіць! — усклікнуў канадзец, які акурат вярнуўся, ззяючы, ад тэлефона. — Ну вось усіх і знайшлі! Містэр Крук будзе клоўнам — ён журналіст і ведае ўсе найстарэйшыя жарты. Я магу быць Арлекінам, для гэтага толькі і трэба, што мець даўгія ногі ды жвава скакаць. А мой сябар Фларыян кажа, што прыхопіць касцюм палісмена і дарогаю пераапранецца. Зладзім усё ў гэтым самым холе, вунь там на прыступках рассадзім гледачоў у некалькі шэрагаў. А дзверы будуць выдатным заднікам, хоць зачыненыя, хоць расчыненыя. Зачыніш — вось табе ангельскі пакой, расчыніш — вось табе сад у месяцовым святле. Выдатна ўсё атрымліваецца, нібы начараваў хто.

Ён выцягнуў з кішэні кавалак крэйды, што заставаўся там з апошняй гульні ў більярд, і доўгаю рысаю раздзяліў пакой на дзве часткі: адну, з дзвярыма, — для сцэны, а другую, са ступенямі, — для публікі.

Як яны змаглі за тыя кароткія гадзіны падрыхтаваць спектакль, хоць бы і такі ёлупскі, — суцэльная загадка. Але яны ўзяліся за справу з сумессю няўрымслівасці й руплівасці, якая прыходзіць, калі ў доме жыве маладосць. А ў доме ў той вечар жыла маладосць, хоць, можа, і не ўсе адгадалі два твары й два сэрцы, дзе яна гарэла. Як звычайна, задума рабілася ўсё дзічэйшаю й дзічэйшаю праз тыя самыя будзённыя звыкласці, з якіх даводзілася ствараць патрэбнае. Незвычайная спадніца чароўнай Каламбіны дзіўна нагадвала вялікі абажур з гасцінай. Клоўн і Панталонэ выбеліліся мукою, узятаю ў кухара, ды начырвонілі шчокі румянамі, падаўца якіх застаўся (як усе праўдзівыя хрысціянскія дабрадзеі) невядомым. Арлекіна, які апрануўся ўжо ў срэбную паперу з цыгарных скрыняў, ледзьве здолелі утрымаць, калі ён прымерваўся разбіць старую віктарыянскую люстру ды аздобіцца зіхоткімі крышталямі. Ён абавязкова давёў бы справу да канца, калі б толькі Рубі не адкапала дзесьці ўзамен фальшывыя дыяменты ад даўняга маскараднага касцюма Дамы Звонкаў. Увогуле, з яе дзядзькам, Джэймсам Блаўнтам, ніякага зладу не было: у захапленні ён гарэзнічаў, нібы школьнік. Ён знянацку насунуў папяровую асліную галаву на айца Браўна, які цярпліва гэта стрываў і нават вынайшаў нейкі спосаб варушыць яе вушамі. А асліны хвост жартаўнік узнамерыўся прычапіць ажно да фрака сэра Леапольда Фішэра, але пад хмурным позіркам фінансіста гэтая задума згасла.

— Нешта дзядзька ўжо праз меру дурэе, — усклікнула Рубі, з сур'ёзным выглядам чапляючы каралі з сасісак на шыю Круку. — Што гэта з ім?

— Ён Арлекін у пáру вашай Каламбіне, — сказаў Крук. — А я толькі клоўн са старымі жартамі.

        

— Лепей бы вы былі Арлекінам! — адказала дзяўчына, і сасісачныя каралі павіслі ў Крука на плячах.

Айцец Браўн, які ведаў усё да драбнічкі пра гэтую падрыхтоўку і ўжо нават атрымаў сваю долю апладысментаў, ператварыўшы падушку у бутафорскае немаўлятка, сеў, тым не менш, сярод публікі і ўрачыста чакаў пачатку, нібы хлопчык, упершыню прыведзены ў тэатр. Гледачоў было няшмат: сваякі, некалькі добрых суседзяў ды слугі. Сэр Леапольд рассеўся наперадзе, і ягоная грузная фігура, дагэтуль у футраным каўняры, амаль зусім закрыла сцэну ад караценькага святара. Але тэатральным крытыкам так і невядома, ці шмат святар ад гэтага страціў. Пантаміма была суцэльным вэрхалам, але не безнадзейным: яе пранізвала шаленства імправізацыі, якая паходзіла галоўным чынам ад клоўна Крука. Ён быў здольным наогул чалавекам, а ў гэты вечар яго ахінула дзікая ўсёведнасць, бязглуздасць, мудрэйшая за мудрасць свету, што прыходзіць да юнака, які прыкмеціў на імгненне пэўны выраз на пэўным твары. Паводле задумы ён граў клоўна, а на справе быў яшчэ амаль усім астатнім — аўтарам (наколькі там увогуле быў аўтар), суфлёрам, дэкаратарам, работнікам сцэны і, самае галоўнае, аркестрам. Калі ў заліхвацкай весялосці наступаў раптам няўдалы перапынак, клоўн — як ёсць, у ёлупскім строі — кідаўся да фартэпіяна ды вытарабаньваў на ім папулярныя песенькі, адначасова недарэчныя і цалкам прыдатныя да моманту.

І, як кульмінацыя гэтага шаленства, ды і ўсяго наогул, дзверы ў глыбі сцэны раптам шырока расчыніліся, і адкрыўся сад у месяцовым святле, а на фоне саду — іх знакаміты госць, вялікі Фларыян, апрануты палісменам. Клоўн зайграў хор паліцэйскіх з “Піратаў Пензанса”, але музыка патанула ў аглушальным плясканні гледачоў, бо паставу і манеры сапраўдных палісменаў вялікі комік пераймаў хоць і стрымана, але да дробязяў бездакорна. Арлекін падскочыў да яго ды грукнуў па шлеме, піяніст тарабаніў песеньку “Гэта што ў цябе за шапка”, а Фларыян азіраўся па баках у надзвычай пераканаўчым здзіўленні. А тады непаседлівы Арлекін стукнуў яго яшчэ (піяніст найграў кавалачак з прыпеўкі “І пасля яшчэ разочак”). А тады Арлекін кінуўся ў абдымкі да палісмена й паваліў яго на падлогу пад гром апладысментаў. Вось тады заезджы актор і паказаў тую знакамітую клаўнаду з удаваннем мерцвяка, пра якую дагэтуль не сціхла слава ў ваколіцах Путні. Ледзь магчыма было паверыць, што жывы чалавек можа гэтак абмякнуць.

Дужы Арлекін гайдаў яго туды й сюды, як мех, круціў ды падкідваў, бы жанглёрскі дручок, і ўсё гэта пад зухаватыя бязглуздыя гукі піяніна. Калі Арлекін не без цяжкасці адарваў канстэбля-коміка ад падлогі, клоўн граў “Я ўстаю ад сноў пра мілую”, калі ўзваліў на спіну, загрымела “Рушу з клункам за плячыма”, а калі ўпусціў нарэшце палісмена на дол з вельмі пераканаўчым грукам, шаленец за інструментам затарабаніў звонкую песеньку — тую самую, як дагэтуль лічыцца, песеньку, з якою дзеці ў гульні кідаюць на падлогу насоўку: “Напісаў я мілай ліст, але згубіў на вуліцы”.

І вось недзе падчас гэтага найвышэйшага свавольства айцец Браўн зусім перастаў бачыць, што робіцца на сцэне, бо магнат з Сіці, які сядзеў перад ім, падняўся ў поўны рост і пачаў апантана рыцца ў кішэнях. Тады нервова сеў, не пакідаючы сваіх пошукаў, а тады зноў падскочыў. Спачатку ён нібыта хацеў неадкладна ўварвацца на сцэну, пасля ўтаропіў злы позірк у клоўна, а пасля, нічога не сказаўшы, кінуўся прэч з пакоя.

Айцец Браўн толькі і паспеў некалькі хвілін паназіраць за бязглуздым, але не пазбаўленым зграбнасці танцам Арлекіна-аматара над захапляльна бязрушным супраціўнікам. З праўдзівым, хоць і грубым, мастацтвам Арлекін упрыскок спінаю наперад выбраўся праз дзверы ў сад, поўны месяцовым святлом і цішынёю. Арлекін танцаваў усё далей, і самаробны касцюм з бліскучай паперы й маскарадных аздобаў, задужа зіхоткі ў святле рампы, у ззянні месяца рабіўся ўсё срэбнейшым і ўсё чароўнейшым. Гледачы грымнулі апладысментамі і кінуліся бліжэй да дзвярэй, і тут нехта крануў айца Браўна за рукаў і шэптам папрасіў прайсці ў кабінет палкоўніка.

Святар пайшоў следам за слугою, узмацняючыся ў благіх прадчуваннях, і зусім не супакоіўся ад урачыста-камічнай карціны, што адкрылася яму ў кабінеце. Там сядзеў палкоўнік Адамс, па-ранейшаму ў касцюме Панталонэ, і ківаў рогам з кітовага вуса, але ў яго старых вачах было досыць тугі, каб ацвярозіць любую пагулянку. Сэр Леапольд Фішэр абаперся на камін і цяжка дыхаў у напышлівым перапудзе.

— Здарылася вельмі вялікая непрыемнасць, айцец Браўн, — сказаў Адамс. — Разумееце, выглядае, што тыя дыяменты, якія мы ўсе сёння бачылі, зніклі з кішэні фрака майго сябра. І паколькі вы...

— Паколькі я, — працягнуў айцец Браўн, разусміхаўшыся, — сядзеў акурат за ім...

— Нічога падобнага ніхто і ніколі не скажа, — запярэчыў палкоўнік Адамс і ва ўпор паглядзеў на Фішэра, выдаўшы тым самым, што нешта падобнае ўсё ж было ўжо сказана. — Я толькі прашу вас, як прасіў бы любога джэнтльмена, аказаць мне дапамогу.

— Іншымі словамі, вывернуць кішэні, — адказаў айцец Браўн і не адкладаючы так і зрабіў, паклаўшы перад суразмоўцамі сем шылінгаў, шэсць пенсаў, зваротны білет, маленькае срэбнае ўкрыжаванне, невялікі брэвіярый ды плітку шакаладу.

Палкоўнік доўга глядзеў на святара, а тады сказаў:

— Ведаеце, змесціва вашай галавы мне нашмат цікавейшае за змесціва вашых кішэняў. Мая дачка — з вашых прыхаджанаў, і вось апошнім часам яна... — ён замоўк.

— Апошнім часам, — выкрыкнуў стары Фішэр, — яна адчыніла дзверы бацькоўскага дома галаварэзу-сацыялісту, які адкрыта хваліцца, што ў багацейшага чалавека скраў бы што заўгодна. А вось вам і вынік! Вось вам багацейшы чалавек, які сёння не пабагацеў.

— Змесціва маёй галавы я ад вас таксама не хаваю, — крыху стомлена адказаў айцец Браўн. — А чаго яно вартае, вырашыце самі. Вось першае, што я выцягну з гэтай падзапамятаванай кішэні: хто збіраецца скрасці дыяменты, той не стане ўслых хваліць сацыялізм. Вось асуджаць, — рахмана дадаў ён, — гэта магчыма.

Абодва астатнія тузануліся, а святар працягваў:

— Разумееце, мы ж іх больш-менш ведаем. Гэты сацыяліст не болей здатны скрасці дыяменты, чым егіпецкую піраміду. Нам бы пахутчэй зірнуць на адзінага незнаёмага. На таго, што граў паліцэйскага, на Фларыяна. Ведаць бы, дзе ён цяпер.

Панталонэ падхапіўся і вялікімі крокамі выйшаў з пакоя. Пасля была інтэрлюдыя, цягам якой мільянер углядаўся ў святара, а святар — у брэвіярый. Тады Панталонэ вярнуўся й змрочна і адрывіста сказаў:

— Паліцэйскі так і ляжыць на сцэне. Заслону ўжо шэсць разоў паднялі ды апусцілі, а ён усё ляжыць.

Айцец Браўн упусціў з рук кнігу і ўтаропіўся перад сабою раптоўна спусцелым позіркам. Патроху ў ягоных шэрых вачах ізноў зацяплілася святло, і ён вымавіў не дужа чаканае пытанне:

— Даруйце, палкоўнік, але калі памерла вашая жонка?

— Жонка? — здзіўлена адгукнуўся вайсковец. — Два месяцы мінула. Джэймс, яе брат, усяго на тыдзень спазніўся яе пабачыць.

Караценькі святар падскочыў, як падстрэлены трусік.

— Хутчэй! — усклікнуў ён з нечаканым хваляваннем. — Хутчэй! Трэба зірнуць на паліцэйскага.

Яны рынуліся да схаванай заслонаю сцэны, ледзь не наляцеўшы на Каламбіну ды клоўна, якія вельмі ціхамірна пра нешта шапталіся, і айцец Браўн схіліўся над бязрушным комікам-палісменам.

— Хлараформ, — сказаў ён, выпрастаўшыся. — Чаму я раней не здагадаўся!

Была разгубленая цішыня, а тады палкоўнік павольна прагаварыў:

— Калі ласка, растлумачце як ёсць, што ўсё гэта значыць?

Айцец Браўн раптоўна разрагатаўся, пасля спыніўся, але гаварыў не без цяжкасці, змагаючыся з новымі прыпадкамі смеху.

— Джэнтльмены, — выціснуў ён, — часу тлумачыць няма. Мне трэба даганяць злачынцу. Але гэты вялікі французскі актор, які граў палісмена, гэты пераканаўчы мярцвяк, якога Арлекін кружыў, гайдаў ды шпуляў туды й сюды — гэта быў... — тут голас ізноў адмовіўся яму служыць, і ён бегма кінуўся прэч.

— Гэта быў?.. — запытальна гукнуў яму наўздагон Фішэр.

— Сапраўдны палісмен, — адказаў айцец Браўн і знік у цемры.

У дальнім закуце густога саду хаваліся зацішныя альтанкі, а неўміручая зелень лаўраў пад шафіравым небам і срэбным месяцам нават цяпер, пасярод зімы, ззяла цёплымі адценнямі поўдня. Яркія трапяткія лісты, пурпуровая начная сінь і месяц нібы велічэзны крышталь — рамантычная карціна, амаль легкадумная. А між верхніх галінаў дрэваў караскаецца дзіўная фігура — не настолькі рамантычная, наколькі неймаверная. Яна мігаціць з галавы да ног, нібы апранутая ў тысячу месяцаў, а сапраўдны месяц ловіць кожны яе рух і запальвае на ёй новы агеньчык. Вось яна перабіраецца, зіхоткая ды жвавая, з нізкага дрэва ў гэтым садзе на высокае ды разлапістае ў суседнім, і таму толькі спыняецца, што пад меншае дрэва слізгае якісь цень і беспамылкова гукае па імені.

— Што ж, Фламбо, — кажа гэты цень, — вы і сапраўды выглядаеце Лятучай Зоркай. А пра лятучую зорку гавораць яшчэ так: зорка падае.

Срэбная зіхоткая фігура ўверсе, здаецца, нахіляецца з галіны лаўра і, пэўная ў бяспецы ўцёкаў, слухае малую фігурку ўнізе.

— Вы ніколі шчэ не кралі так прыгожа, Фламбо. Што за кемлівая выдумка: прыехаць з Канады (з білетам ад Парыжу, мяркую) усяго праз тыдзень пасля смерці місіс Адамс, калі ўсім не да пытанняў. А хіба мала кемлівасці ў тым, як вы высачылі Лятучыя Зоркі і вызналі дзень прыезду Фішэра? Але тое, што было далей, — гэта ўжо не кемліва, а папросту геніяльна. Скрасці камяні, мяркую, вам было зусім проста. Калі б і не прыдумалі чапляць той асліны хвост да Фішэравага фрака, дык знайшлі б сотню іншых спосабаў. Але ў астатнім вы зацьмілі самога сябе.

Зіхоткі чалавек сярод зялёнага лісця не рухаецца, нібы загіпнатызаваны, хаця ўцёкам нішто не замінае. Ён глядзіць на чалавека ўнізе.

— Так, так, — кажа чалавек унізе. — Я ўсё ведаю. Ведаю, што вы і падбухторылі ўсіх на пантаміму, і здабылі з яе дзве карысці разам. Вы збіраліся скрасці камяні цішком, але прыйшла навіна ад суўдзельніка: вас ужо падазраюць, і здольны паліцэйскі збіраецца спыніць вас у гэты самы вечар. Звычайны злодзей быў бы ўдзячны за папярэджанне і ўцёк бы. Але вы паэт. Задума схаваць дыяменты сярод бляску маскарадных аздобаў прыйшла першаю. А тады вы ўцямілі, што калі апранецеся Арлекінам, то і з'яўленне палісмена будзе зусім дарэчы. Годны прадстаўнік уладаў выйшаў з паліцэйскага ўчастка ў Путні з намерам вас схапіць і трапіў у найдзівачнейшую пастку ў цэлым свеце. Дзверы адчыніліся — і ён увайшоў проста на сцэну каляднай пантамімы, дзе весялун-Арлекін мог лупцаваць яго, і пхаць, і аглушыць, і ўсыпіць, і ўсё гэта пад грамавы рогат найвялебнейшых людзей у цэлым Путні. Не, лепшага вам і самому не выдумаць. А цяпер, між іншым, можаце і аддаць мне дыяменты.

Зялёная галіна, на якой гайдалася бліскучая фігура, зашалахцела, нібы ў здзіўленні, а голас працягваў:

— Я хачу, каб вы іх вярнулі, Фламбо, і хачу, каб вы кінулі такое жыццё. У вас ёсць яшчэ маладосць, і гонар, і гумар. Не марце, што захаваеце іх пры такім рамястве. Чалавеку па сілах больш-менш трымацца на адным узроўні дабра, але ніхто яшчэ не ўтрымаўся на адным узроўні зла. Гэтая дарога вядзе пад ухіл. Лагодны п'е і робіцца жорсткім. Праўдзівы забівае і адгэтуль змушаны хлусіць. Я ведаў шмат людзей, што пачалі, як вы, разбойнікамі з сумленнем, вясёлымі рабаўнікамі багацеяў, а скончылі па горла ў брудзе. Морыс Блум пачынаў перакананым анархістам, бацькам бедакоў, а скончыў гідкім шпіёнам і выказчыкам, якім абодва бакі карысталіся і грэбавалі. Калі Гары Бёрк заснаваў свой рух за вызваленне багацця, ён быў досыць шчыры, а цяпер бясконца цягне грошы на выпіўку са згалелай галоднай сястры. Лорд Эмбер шукаў таварыства беззаконнікаў з пэўнага рыцарства; а цяпер плаціць і плаціць апошнім вылюдкам сярод лонданскіх шантажыстаў. Капітан Барыён быў калісьці знакаміты джэнтльмен-апаш, вы ўжо не чулі аб ім. Ён памёр у вар'ятні, енчачы ад жаху перад шныпарамі і перакупшчыкамі, якія здрадзілі яму й цкавалі яго. Я ведаю, Фламбо, гушчары за вамі выглядаюць такімі вольнымі. Я ведаю, вы можаце ўраз у іх знікнуць, нібы малпа. Але аднойчы вы будзеце старою, сівою малпаю, Фламбо. І вы будзеце сядзець у сваім вольным гушчары, з холадам у сэрцы, са смерцю за плячыма, і на дрэвах вакол не будзе ні лісточка.

Нічога не зварухнулася. Чалавечак унізе нібыта трымаў таго, у вецці, на доўгім нябачным ланцужку. І ён працягваў:

— Вы ўжо зрабілі крок пад ухіл. Вы заўжды хваліліся, што не робіце нічога нізкага, а сёння ўчынілі нізасць. Вы пакідаеце падазрэнні на сумленным хлопцу, якога і так многія не любяць. Вы разлучаеце яго з дзяўчынаю, якую ён кахае і якая кахае яго. Але вы зробіце шмат і ніжэйшага, перш чым памерці.

Тры зіхоткія дыяменты ўпалі з дрэва на дзірван. Маленькі чалавечак нахіліўся іх падняць, а калі зноў зірнуў уверх, зялёная клетка галля ўжо спусцела, а срэбная птушка знікла.

Пасля вяртання дыяментаў (іх выпадкова знайшоў — хто б мог падумаць! — айцец Браўн) вечар завершыўся ў нямоўчнай радасці. А сэр Леапольд, ззяючы добрым настроем, нават сказаў святару, што хоць сам і трымаецца шырэйшых поглядаў, але здольны паважаць тых, ад каго вера патрабуе жыць замкнёна і зусім нічога не ведаць аб свеце.

Пераклад з ангельскай – Антон Францішак Брыль © 2012

Чытайце таксама

Святлана Макаравіч

Святлана Макаравіч

Адна з найбольш яскравых і спрэчных постацяў у сучаснай славенскай літаратуры

Віялета Пачкоўская

Віялета Пачкоўская

Беларуская паэтка, перакладчыца з польскай

Кацярына Маціеўская

Кацярына Маціеўская

Перакладае з французскай, ангельскай, польскай, нідэрландскай, афрыкаанс

Сяргей Прылуцкі

Сяргей Прылуцкі

Беларускі паэт і перакладчык. Жыве ва Украіне

1448