№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джэймс Джойс

Прыкрае здарэнне (A Painful Case)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Ігар Бабкоў


М-р Джэймс Дафі жыў у Чэпелізодзе, бо хацеў жыць як мага далей ад горада, у якім нарадзіўся, і таму што ўсе іншыя прадмесці Дубліна падаліся яму несамавітымі, сучаснымі і прэтэнцыёзнымі. Ён жыў у старым змрочным доме, з ягоных вокнаў можна было глядзець на занядбаны бровар ці ўверх, уздоўж плыткай рэчкі, на берагах якой стаяў Дублін. У яго пакойчыку не было дываноў і карцін, адно сцены ды высокая столь. Ён сам набыў кожную рэч з абсталявання: чарнёны жалезны ложак, жалезны рукамыйнік, чатыры плеценыя крэслы, почапку для адзежы, скрыню на вугаль, камінныя абцугі з рашоткай і квадратны стол з двайным пюпітрам. Замест кніжнай шафы была ніша з паліцамі з светлага дрэва. Ложак быў засланы белай посцілкай, чырвоны з чорным плед ляжаў у нагах. Невялічкае ручное люстэрка вісела над рукамыйнікам, а ўдзень лямпа з белым абажурам была адзіным аздабленнем каміннай паліцы. Кнігі ў нішы былі пастаўлены па вышыні. Поўны збор Ўодсварта стаяў з аднаго боку ніжэйшай паліцы, а “Мэйнуцкі Катэхізіс” у паркалёвай вокладцы нататніка – з другога боку вышэйшай. На стале заўсёды ляжалі пісьмовыя прылады. У стале быў рукапіс перакладу Гаўптманавай п'есы “Мікаэл Крамер”, рэмаркі да якой былі напісаны чырвоным чарнілам, і невялікі стос аркушаў, змацаваных бронзавай сашчэпкай. Час ад часу на гэтых аркушах пісаліся фразы, а аднойчы, у іранічным гуморы, на першы была наклеена рэклама вантробных пілюляў. З пад века пюпітра, калі яго прыўзняць, нечым лёгка, ледзь чутна пахла: ці то новымі кедравымі алоўкамі, ці то клеем, ці то пераспелым яблыкам, што нібы кінулі там ды забыліся.

М-р Дафі гідзіўся ўсяго, што было адзначана фізічным ці духоўным бязладдзем. Сярэдневяковы доктар назваў бы яго народжаным пад зоркай Сатурна. Ягоны твар, на якім адбіліся ўсе пражытыя гады, нагадваў колерам рудыя фарбы дублінскіх вулак. Крыху выцягнутая і даволі вялікая галава парасла сухімі чорнымі валасамі, рудыя вусы ледзь хавалі непрыязна стуленыя губы. Жорсткасць і няпрыязнасць падкрэслівалі і сківіцы, але ў вачах, якія глядзелі на свет з-пад рудых броваў, гэтага не было, яны сведчылі пра чалавека, які рады прабачыць іншым, але ў большасці расчароўваецца. Ён жыў крыху адчужана і ўсведамляў свае ўчынкі нібыта збоку, з недаверлівасцю і здзіўленнем. У яго была дзіўная схільнасць складаць свой жыццяпіс, і час ад часу ён прыдумваў кароткія сказы з дзейнікам у трэцяй асобе і выказнікам прошлага часу. Ён ніколі не падаваў жабракам і хадзіў цвёрда, абапіраючыся на арэхавы кій.

Ужо шмат гадоў ён служыў касірам у прыватным банку на Бэгот-стрыт. Штораніцы ён прыязджаў з Чэпелізода трамваем, апоўдні йшоў да Дэна Бэрка на лэнч – бутэльку піва і талерачку арарутавага пячэння. А чацвёртай гадзіне ён быў вольны. Абедаў у шынку на Джорж-стрыт, дзе адчуваў сябе ў бяспецы ад залатой моладзі Дубліна і дзе была простая, але прыстойная ежа. Вечары бавіў ці за клавірам кватэрнай гаспадыні, ці вандруючы па гарадскіх прадмесцях. Любоў да Моцартавай музыкі прыводзіла яго часам у канцэрт ці оперу: гэта былі адзіныя прыемнасці яго жыцця.

Ён пазбягаў кампаній і не меў сяброў, быў абыякавы да царквы і веры. Жыў унутраным жыццём, самотна і маўкліва, згадваючы пра сваякоў толькі на Каляды ды праводзячы іх на могілкі, калі тыя паміралі. Ён выконваў гэтыя два абавязкі дзеля старасвецкіх звычаяў, але ні на шэлег не саступаў умоўнасцям, што рэгулююць грамадскае жыццё. Ён дазваляў сабе думаць, што пры пэўных варунках змог бы абрабаваць свой банк, але паколькі гэтыя варункі не ўзнікалі, ягонае жыццё кацілася наперад павольна – аповесць без падзеяў і прыгод.

Аднаго вечара ён сядзеў у Ратондзе, побач з дзвюма паннамі. Заля, напаўпустая і маўклівая, загадзя прадвяшчала правал. Пані, што сядзела каля яго, азірнулася раз ці два на бязлюдную залю і сказала:

– Як шкада, што сёння няшмат публікі! Так непрыемна – спяваць перад пустымі радамі.

Ён палічыў гэтую заўвагу запрашэннем да размовы. Яго здзівіла, што яна трымаецца так выхавана. Размаўляючы, ён спрабаваў запомніць яе твар. Калі ён даведаўся, што маладая панна, якая сядзіць побач з ёй,– яе дачка, ён вырашыў, што яна маладзейшая за яго на год ці два. У яе былі тонкія рысы, калісьці яны былі нават прыгожыя. Яны толькі былі крыху выцягнутыя і моцна пазначаныя. Цёмна-сінія вочы глядзелі ўважліва і пільна. Гэты позірк пачынаўся дзёрзкім выклікам, зрэнкі быццам пашыраліся, выяўляючы чулую і страсную душу. Але потым яны звужаліся, душа, якая з'явілася на момант, адразу хавалася ў шалупіну абачлівасці; смушкавая камізэлька шчыльна аблягала даволі поўныя грудзі, падкрэсліваючы кантраст.

Праз некалькі тыдняў ён сустрэў яе зноў у канцэрце на Эрлсфарт-тэрас і выбраў момант, калі дачка была загледзелася на кагосьці, каб пазнаёміцца бліжэй. Яна назвала раз ці два імя свайго мужа, але па тоне адчувалася, што не дзеля перасцярогі. Яе звалі м-с Сініко. Прапрадзед яе мужа калісьці прыехаў сюды з Ліворна. Яе муж быў капітанам гандлёвага карабля, што плаваў паміж Дублінам і Галандыяй, яны мелі дзіця.

Выпадкова сустрэўшы яе трэцім разам, ён асмеліўся прызначыць ёй сустрэчу. Яна прыйшла. Яны сустрэліся яшчэ і яшчэ, заўсёды ўвечары, выбіраючы для шпацыру самыя ціхія кварталы. Але м-р Дафі нудзіўся гэтымі хованкамі і, убачыўшы, што яны вымушаны сустракацца ўпотай, настояў, каб яна запрасіла яго да сябе. Капітан Сініко нават заахвочваў яго прыходы, бо меркаваў, што ён заляцаецца да дачкі. Ён так шчыра выключыў сваю жонку з разраду цікавых кабет, што лічыў немагчымым, каб хто-небудзь спадабаў яе. I паколькі мужа часцяком не было дома, а дачка была занятая музычнымі ўрокамі, м-р Дафі меў шмат магчымасцяў пабыць з ёй удвох. Ні ён, ні яна дагэтуль не мелі такіх прыгодаў і не адчувалі сябе няёмка. Паступова ён даверыўся ёй ва ўсім. Ён прыносіў ёй кнігі, апавядаў пра свае ідэі – падзяліў з ёю духоўнае жыццё. Яна слухала ўсё.

Часам, слухаючы ягоныя разважанні, яна апавядала пра некаторыя падзеі свайго жыцця. З амаль мацярынскай настойлівасцю яна пабуджала яго раскрыцца: яна стала яго спаведніцай. Ён расказаў, як некаторы час удзельнічаў у сходах Ірландскай сацыялістычнай партыі, дзе адчуваў сябе унікальнай фігурай сярод сціжмы разважных рабочых, у пакойчыку, асветленым цьмяным святлом газавай лямпы. Калі партыя падзялілася на тры секцыі, кожная са сваім лідэрам і сваім пакойчыкам, ён спыніў наведванні. Іхнія спрэчкі, ён сказаў, былі такія баязлівыя, а цікавасць да заработку пераходзіла ўсякую мяжу. Ён адчуў, што яны грубыя матэрыялісты і варожа ставяцца да пэўнага і дакладнага мыслення; яно было вынікам вольнага часу, якога ў іх не было. У бліжэйшыя стагоддзі Дубліну не пагражаюць ніякія сацыяльныя рэвалюцыі, сказаў ён.

Яна спытала, чаму ён не занатоўвае сваіх думак. Дзеля чаго? – адказаў ён з прыхаванай пагардай. Ставіць сябе побач з балбатунамі, не здольнымі думаць паслядоўна на працягу шасцідзесяці секундаў? Выбраць у суддзі гэтых тупых бюргераў, якія даручаюць сваю мараль палісмэну, а мастацтва імпрэсарыё?

Ён шмат разоў бываў на яе маленькім летніку за Дублінам, часцяком яны праводзілі там вечары ўдвох. Паступова, па меры таго, як яны збліжаліся, іхнія размовы станавіліся ўсё больш інтымнымі. Яе прысутнасць была для яго як цёплая глеба для парніковай расліны. Шмат разоў яны сядзелі побач, не запальваючы лямпы, дазваляючы цемры ахутваць іхнія галовы. Цёмны пакой, самота, музыка, што яшчэ гучала ў іх вушах, – яднала іх. Гэтае яднанне ўзбуджала яго, рабіла болей лагодным і памяркоўным, давала яму пачуцці, якіх так не хапала ягонай душы. Часам ён лавіў сябе на тым, што слухае гукі свайго голасу. Ён меркаваў, што ў яе вачах узняўся да анёльскай паставы, і, тым часам як палкая па натуры сяброўка ўсё болей і болей прывязвалася да яго, ён чуў дзіўны голас з глыбіняў сваёй істоты, што настойваў на незагойнай адзіноце душы. Мы не можам аддаваць сябе, – казаў голас, – мы ёсць мы самі. Гэтыя размовы скончыліся аднае ночы, калі м-с Сініко была відавочна ўзбуджана, – яна чула схапіла ягоную руку і прыціснула да сваёй шчакі.

Такое вытлумачэнне яго слоў працверазіла яго. Ён не наведваў яе з тыдзень, потым напісаў, запрашаючы сустрэцца. Ён не хацеў, каб іх турбавалі згадкі аб зруйнаванай блізкасці, і яны сустрэліся ў маленькай кандытэрыі каля Паркавай Брамы. Было халоднае восеньскае надвор'е, але, нягледзячы на гэта, яны шпацыравалі па сцежках у парку каля трох гадзін. Яны змовіліся болей не сустракацца: усялякая ўзаемнасць, сказаў ён, прынясе толькі пакуты. Яны выйшлі з парку і пайшлі моўчкі да трамвая, але тут яе пачало трэсці так моцна, што ён, баючыся якой-небудзь нечаканасці, хутка развітаўся і пайшоў. Праз некалькі дзён ён атрымаў бандэроль са сваімі кнігамі і пласцінкамі.

Прайшло чатыры гады. У жыцці м-ра Дафі нічога не змянілася. Яго пакой быў такі ж пусты і халодны, як і раней. Некалькі новых сшыткаў стаялі цяпер на нотнай паліцы ў ніжэйшым пакоі, у яго з'явіліся два томікі Ніцшэ: “Так казаў Заратустра” і “Вясёлая навука”. Ён зрэдку натаваў думкі на аркушах, што ляжалі ў пісьмовым стале. Адзін з яго запісаў з'явіўся праз два месяцы пасля апошняй сустрэчы з м-с Сініко: “Каханне паміж мужчынам і мужчынам немагчыма, бо прыцягненне полаў недапушчальна; сяброўства паміж мужчынам і жанчынай немагчыма, бо прыцягненне полаў непазбежна”. Ён перастаў хадзіць у канцэрты, каб не сустрэць яе там. Памёр яго бацька, малодшы кампаньён банка выйшаў са справы. Ён жа штораніцы ехаў у горад на трамваі і штовечара вяртаўся пешкі пасля абеду на Джорж-стрыт і вячэрняй газеты на дэсерт.

Аднаго вечара, калі ён падносіў да рота кавалак саланіны, яго рука затрымалася. Позірк спыніўся на нататцы ў газеце, якую ён чытаў, прыхіліўшы да графіна з вадой. Ён паклаў ежу на талерку і прачытаў нататку ўважліва. Потым выпіў шклянку вады, адсунуў нататку далей, разгарнуў газету паміж локцямі і прачытаў нататку яшчэ і яшчэ. Капуста на талерцы пакрылася белым тлушчам. Падышла дзяўчына даведацца, ці добра прыгатавана яго ежа. Ён сказаў, што ўсё вельмі добра, і з'еў праз сілу некалькі кавалкаў. Пасля гэтага заплаціў за ўсё і выйшаў.

Ён хутка ішоў праз цьмянае лістападаўскае святло, арэхавы кій стукаў па падлозе мерна і ўпэўнена, жоўты краёк “Мэйла” выглядаў з кішэні яго шчыльна аблеглага паліто. На бязлюднай дарозе, што вяла ад Паркавай Брамы да Чэпелізода, ён запаволіў хаду. Кій стукаў цяпер ледзь чутна, дыханне было няроўнае і хрыплаватае, у марозным паветры ператваралася ў белую пару. Прыйшоўшы дадому, ён адразу прайшоў у спальню, выцягнуў з кішэні газету і, не запальваючы святла, прачытаў нататку яшчэ раз. Ён чытаў не ўголас, але варушыў губамі нібы святар, калі той чытае літанне “Secreto”. Вось гэтая нататка:

СМЕРЦЬ ЖАНЧЫНЫ НА СІДНІ-ПАРЭЙД
Прыкрае здарэнне

Сёння ў Дублінскай гарадской бальніцы намеснік каранера (у адсутнасць м-ра Лэверэта) чыніў следства па справе м-с Эмілі Сініко, сарака трох гадоў, што была забіта на станцыі Сідні-Парэйд учора ўвечары. Сведкі паказалі, што нябожчыца пераходзіла рэйкі, калі яе збіў паравоз дзесяцігадзіннага пасажырскага цягніка, што ішоў з Кінгстаўна; ёй былі ўчыненыя цяжкія цялесныя траўмы, а таксама траўмы галавы, ад якіх яна на месцы сканала.

Джэймс Ленан, машыніст паравоза, паказаў, што ён працуе ў чыгуначнай кампаніі пятнаццаць гадоў. Зважыўшы на свісток кандуктара, ён парушыў цягнік наперад, але секунду ці дзве пасля спыніў яго, пачуўшы крыкі людзей. Цягнік рушыў павольна.

П. Дон, насільшчык, паказаў, што калі цягнік зрушыўся, ён убачыў жанчыну, якая спрабавала перайсці рэйкі. Ён закрычаў і пабег да яе, але не паспеў: яе ўдарыла буферам паравоза, і яна ўпала.

П р ы с я ж н ы: Вы бачылі, як жанчына ўпала?

С в е д к а: Бачыў.

Сяржант Кроўлі пасведчыў, што калі ён прыбыў на месца, то ўбачыў, што жанчына ўжо сканала. Ён загадаў, каб цела да прыходу санітараў перанеслі з платформы ў залу чакання.

Канстэбл 57 далучыўся да сведчанняў сяржанта.

Доктар Холпін, хірург Дублінскай гарадской бальніцы, давёў, што ў нябожчыцы выявілі дзве паламаныя рабрыны і моцныя траўмы правага пляча. Правая палавіна галавы пакалечылася пры падзенні. Але пакалечанні былі не такія цяжкія, каб прывесці яе да скону. Смерць, па яго думцы, прычынілася ад шоку і нечаканага спынення дзейнасці сэрца.

М-р Патэрсан Фінлей ад імя чыгуначнай кампаніі выказаў глыбокае шкадаванне ў сувязі з няшчасным здарэннем. Кампанія заўсёды рабіла захады, каб людзі пераходзілі рэйкі толькі па мосце, дзеля гэтага на станцыях размяшчаліся ўказальнікі, а на пераездах – аўтаматычныя шлагбаўмы. Нябожчыца мела звычку пераходзіць рэйкі позна ўвечары, і, беручы пад увагу некаторыя акалічнасці здарэння, ён палічыў, што на чыгуначных служачых віны няма.

Капітан Сініко, вул. Леанвіль, Сідні-Парэйд, муж нябожчыцы, таксама даў сведчанні. Ён паказаў, што нябожчыца была яго жонка. Падчас здарэння яго не было ў Дубліне, ён прыехаў з Ратэрдама толькі нараніцу. Яны пражылі разам дваццаць два гады і ўвесь час жылі добра, апрача апошніх двух гадоў, калі жонка стала вельмі нястрыманая ў некаторых звычках.

Міс Мэры Сініко апавяла, што апошнім часам маці мела звычку выходзіць увечары па гарэлку. Яна, з яе словаў, спрабавала ўплываць на маці і раіла ўступіць у Лігу. На той час яе не было дома, яна вярнулася праз гадзіну пасля здарэння.

Суд прыняў вырак, згодна з медыцынскім сведчаннем, які вызваляў Ленана ад адказнасці.

Намеснік каранера назваў гэта вельмі прыкрым здарэннем і засведчыў шчырае спачуванне капітану Сініко і яго дачцэ. Ён параіў чыгуначнай кампаніі зрабіць эфектыўныя захады, каб выключыць магчымасць такіх здарэнняў надалей. У гэтым жа выпадку віны не прыпала нікому.

М-р Дафі падняў вочы ад газеты і пільна ўгледзеўся ў панылы вечаровы краявід за шыбамі. За пустэльным броварам ціха бегла рака, і час ад часу ў некаторых хатах на Лусан-роўд запальвалі святло. Што за канец! Апісанне яе смерці гідзіла яму, і ён з прыкрасцю згадваў, як давяраў ёй тое, што было святым для яго. Ад зношаных фраз, пустых спачуванняў, асцярожных слоў рэпарцёра, якога схілілі прыхаваць лішнія падрабязнасці вульгарнай і звычайнай смерці, яму зрабілася моташна. Яна прынізіла не толькі сябе, яна прынізіла і яго! Ён уявіў яе шлях, поўны ганьбы і сораму. I гэта спадарожніца яго душы! Перад вачыма стаялі гаротнікі, што ведалі толькі адну сцежку – у карчму. Але божухна, што за канец. Ды яна проста непрыдатная да жыцця – без пэўнай мэты, лёгка слугуе звычкам – трэска, якіх заўсёды шмат пры будаванні цывілізацыі. Але як яна магла апусціцца так нізка! Як магло здарыцца, што ён памыліўся ў ёй так глыбока? Ён прыгадаў здарэнне апошняй ночы і асудзіў яе нават больш, чым тады. Цяпер ён не сумняваўся ў сваёй праўдзе.

Бралася на змярканне, яго думкі блукалі, і яму здалося, што яна дакранулася рукой. Шок, ад якога спярша было моташна, цяпер прымусіў здрыгануцца. Ён хутка апрануў паліто, напяў капялюш і выйшаў. Сцюдзёны вецер сустрэў яго за дзвярыма, запаўзаў у рукавы паліто. Ён падышоў да карчмы на Чэпелізод-брыдж, увайшоў туды і заказаў гарачага пуншу.

Гаспадар слугаваў яму дагодліва, але гаворку пачаць не асмеліўся. У карчме было яшчэ пяць ці шэсць рабочых, якія абмяркоўвалі кошт нейкага панскага маёнтка ў графстве Кілдар. Яны час ад часу прысёрбвалі з вялікіх конавак і палілі, плюючы на падлогу і затоптваючы пляўкі вялікімі ботамі. М-р Дафі сядзеў у крэсле і глядзеў нібы наскрозь, не бачачы іх і не зважаючы на іх балбатню. Праз колькі часу яны выйшлі, і ён папрасіў яшчэ пуншу. Ён сядзеў доўга, у карчме было ціха і сонна. Гаспадар разлёгся за стойкай, чытаючы “Геральд” і пазяхаючы. Часам чуўся трамвай на пустой вуліцы.

Седзячы тут і згадваючы іх сустрэчы, абуджаючы ў памяці вобразы яе, такой рознай, ён канчаткова сцвердзіў, што яна памерла, перастала існаваць, стала згадкай. Яму стала ніякавата. Ён спытаў у сябе, што яшчэ мог зрабіць. Ён бы не вытрымаў камедыі ашуканства, не змог бы жыць з ёю адкрыта. Ён зрабіў, як яму бачылася найлепш. У чым жа яго віна? Цяпер, калі яе не было, ён усвядоміў, як самотна ёй было сядзець адной у тым пакоі, вечар у вечар. Ягонае жыццё будзе самотнае таксама, покуль ён таксама не памрэ, не перастане існаваць, не стане згадкай, – калі толькі хто-небудзь згадае яго.

Было ўжо за дзевяць гадзін, калі ён выйшаў з карчмы. Ноч была халодная і цёмная. Ён увайшоў у парк праз бліжэйшую браму і шпацыраваў пад абляцелымі дрэвамі. Ён шпацыраваў па змрочных прысадах, дзе яны хадзілі чатыры гады таму. Здавалася, яна побач з ім, у цемрадзі. На момант яму здалося, што ён чуе яе голас зусім побач, што яе рука дакранулася да яго. Ён спыніўся, прыслухаўся. Чаму ён адмовіў ёй у жыцці? Чаму ён прысудзіў яе да смерці? Ён адчуў, што прынцыпы, па якіх ён жыў столькі гадоў, – мізэрныя і нічога не вартыя.

Дайшоўшы да вяршыні Мэгэзін-хіл, ён спыніўся і пачаў глядзець уздоўж рэчкі, што цякла да Дубліна, агні якога свяціліся цёпла і гасцінна сярод халоднае ночы. Ён паглядзеў уніз ад пагорка і ўбачыў постаці людзей, якія ляжалі ў цені сцяны парку. Ад гэтага заганнага і прыхаванага кахання яго кінула ў адчай. Ён ненавідзеў свае прынцыпы, ён адчуваў сябе адрынутым ад свята жыцця. Мусіць, адна толькі чалавечая істота пакахала яго, а ён адмовіў ёй у жыцці і шчасці, прысудзіў да знявагі і ганебнае смерці. Ён ведаў, што заціхлыя постаці ўнізе ля сцяны чакаюць, каб ён пайшоў. Нікому ён не быў патрэбны, ён быў адпрэчаны ад свята жыцця. Ён перавёў пагляд на шэрую, бліскучую раку, што цякла, выгінаючыся, да Дубліна. За рэчкаю ён убачыў таварны цягнік, які ішоў са станцыі Кінгзбрыдж, нібы чарвяк з вогненнай галавой, цягнучыся праз цемру павольна і ўпарта. Цягнік адыходзіў далей і далей, але яшчэ доўга яму чуліся гукі колаў, што нібыта выстуквалі яе імя.

Ён павярнуў на дарогу, па якой прыйшоў, ды гукі ўсё турбавалі ягоны слых. Ён пачаў сумнявацца ў існаванні таго, пра што казала яму памяць. Спыніўшыся пад дрэвам, ён дазволіў рытму сцішыцца і адысці. Ён ужо не адчуваў, што яна стаіць побач, не чуў гукаў яе голасу. Некалькі хвілін ён чакаў, услухоўваючыся. Нічога не было чуваць: ноч была глухая і маўклівая. Ён услухаўся зноў: глухая і маўклівая. Ён адчуў, што ён зусім адзін.

Упершыню – у часопісе “Далягляды: Замежная літаратура”. – Мн., 1989.

Пераклад з ангельскай – Ігар Бабкоў © 1989

Чытайце таксама

Сапфо

Сапфо

старажытнагрэцкая паэтка, адна з “дзевяці лірыкаў”, вартых крытычнага вывучэння

Грыцько Чубай

Грыцько Чубай

Украінскі паэт і перакладчык, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў львоўскага андэграўнду 1970-х гг

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

Сірошка Пістончык

Сірошка Пістончык

Альтэр-эга берасцейскага паэта Сяргея Прылуцкага

1829