Калі я праглядаю свае нататкі пра расследаванні Шэрлака Холмса паміж 1882 і 1890 гадамі, то знаходжу столькі ўсяго дзіўнага і цікавага, што пачынаю вагацца, якія з іх выбраць, на якіх спыніцца. Некаторыя справы ўжо вядомыя шырокай публіцы з газетаў, іншыя ж не выяўляюць належным чынам тых адмысловых здольнасцяў, якімі ў найвышэйшай ступені валодае мой сябар і якія акурат і робяцца добрым матэрыялам для прэсы. Некаторыя справы завялі ў тупік нават яго аналітычны розум — яны маглі б зрабіцца апавяданнямі з пачаткам, але без канца, іншыя былі расследаваныя толькі часткова, і іх разгадкі грунтуюцца хутчэй на гіпотэзах і падазрэннях, чым на такіх дарагіх яго сэрцу лагічных доказах. Гэтая справа адносіцца акурат да апошніх, аднак падрабязнасці яе такія дзівосныя, а вынікі такія неверагодныя, што я насмеліўся апісаць яе нягледзячы на тое, што ў сувязі з ёй засталося некалькі пытанняў, у якіх ніколі нельга было — а верагодна, і нельга будзе ў далейшым — разабрацца да канца.
1887 год забяспечыў нас доўгім шэрагам больш ці менш цікавых справаў, апісаных у маіх нататках. Пераглядаючы запісы гэтага перыяду, я знайшоў апавяданне пра “Парадол-Чэмбер”, пра Суполку жабракоў-аматараў, якая мела шыкоўны клуб у сутарэннях мэблевай крамы, знайшоў і занатаваныя факты, звязаныя з крушэннем карабля “Сафі Андэрсан”, і апісанне выбітных прыгодаў Грайса Патэрсана на востраве Юфа [1], а таксама гісторыю пра атручэнне ў Кембервэле [2]. Варта згадаць, што ў апошняй Шэрлак Холмс, агледзеўшы гадзіннік памерлага, здолеў давесці, што яго заводзілі дзве гадзіны таму, — адпаведна, памерлы пайшоў у ложак не раней за гэты час. Такая выснова мела вырашальнае значэнне для расследавання. Пра ўсё гэта я, можа, і раскажу калі-небудзь пазней — але ніводная з гэтых гісторыяў не ўражвала сваёй незвычайнасцю так, як тыя дзіўныя падзеі, якія я збіраюся апісаць.
Быў канец верасня, і буры раўнадзення [3] лютавалі з нечуваным шаленствам. Кожны дзень скуголілі вятры, у вокны барабаніў дождж, і нават тут, у самым сэрцы вялікага, створанага чалавечымі рукамі Лондана надвор’е на імгненне адрывала нас ад паўсядзённых справаў, прымушаючы згадаць пра існаванне магутных прыродных стыхіяў, што, нібы дзікія звяры ў клетцы, рвуцца да чалавека праз усе перашкоды, пастаўленыя для іх цывілізацыяй. З надыходам вечара бура зрабілася яшчэ мацнейшай і дзічэйшай, а вецер у коміне выў і па-дзіцячаму румзаў. Шэрлак Холмс змрочна сядзеў з аднаго боку каміна, складаючы картатэку сваіх запісаў пра злачынствы, я ж, уладкаваўшыся з другога боку, з галавой занурыўся ў адно з цудоўных марскіх апавяданняў Кларка Расэла [4], так што скавытанне навальніцы за акном у маім уяўленні спляталася з чытаным творам, а шум дажджу ператвараўся ў працяглы рокат марскіх хваляў. Мая жонка гасцявала ў сваякоў, і я на некалькі дзён зноў перабраўся ў сваё старое жытло на Бэйкер-стрыт.
— Паслухайце, — сказаў я, падымаючы вочы ад кнігі, — там хтосьці звоніць. Хто б гэта мог быць? Можа, нехта з вашых сяброў?
— У мяне няма сяброў, апроч вас, — адказаў Холмс. — Дый гаспадар я не надта гасцінны.
— Тады, можа, кліент?
— Калі так, то справа сур’ёзная. Ніякая іншая не прымусіла б чалавека выйсці з дому ў такі дзень і ў такую гадзіну. Але хутчэй за ўсё гэта проста нейкая прыяцелька нашае гаспадыні.
Аднак Шэрлак Холмс памыліўся, бо ў вітальні пачуліся крокі, і ў нашыя дзверы пагрукалі. Доўгай рукой ён пасунуў лямпу далей ад сябе і бліжэй да вольнага крэсла, на якое мусіў сесці новапрыбылы.
— Заходзьце! — сказаў ён.
Увайшоў элегантны малады чалавек гадоў дваццаці двух, не больш, добра апрануты, з нейкай вытанчанасцю і далікатнасцю ў манерах. Парасон, з якога сцякала вада, а таксама доўгі плашч, што блішчэў ад дажджу, сведчылі пра жахлівае надвор’е на дварэ. Госць трывожна азіраўся ў асляпляльным бляску лямпы, і я заўважыў, што твар яго бледны, а позірк змрочны, як у чалавека, прыгнечанага вялікімі турботамі.
— Я шчыра выбачаюся... — пачаў ён, падносячы да твару залатое пенснэ. — Спадзяюся, я не вельмі вас патурбаваў... Баюся, я прынёс у ваш утульны пакой некаторыя сляды буры...
— Давайце ваш плашч і парасон, — сказаў Холмс. — Хай павісяць тут, на круку, і хутка высахнуць. Вы, значыць, прыбылі з паўднёвага захаду.
— Так, з Хоршэма.
— Сумесь гліны і крэйды на вашых мысках вельмі характэрная.
— Я прыйшоў прасіць парады.
— Ну, даць яе нескладана.
— І дапамогі.
— А з гэтым можа быць не так проста.
— Я чуў пра вас, містэр Холмс. Ад маёра Прэндэргаста, якога вы ўратавалі падчас скандалу ў клубе “Тэнкервіл”.
— Так-так, яго памылкова абвінавацілі ў картачным махлярстве.
— Ён сказаў, што вы можаце развязаць любую праблему.
— Ён перабольшыў.
— Што вы ніколі не ведалі паразы.
— Я цярпеў паразу чатыры разы — тры разы ад мужчынаў і адзін ад жанчыны.
— Але ці можна гэта параўнаць з колькасцю вашых перамогаў?
— Так, звычайна я дасягаю поспеху.
— Значыць, вы можаце дасягнуць поспеху і ў маёй справе.
— Тады прашу вас падсунуць крэсла бліжэй да агню і ласкава паведаміць мне падрабязнасці вашай справы.
— Яна не зусім звычайная.
— Звычайныя да мяне не трапляюць. Я — найвышэйшы апеляцыйны суд.
— І тым не менш, сэр, сумняюся, што пры ўсім вашым багатым досведзе вам хоць раз даводзілася чуць пра больш загадкавыя і невытлумачальныя падзеі, чым тыя, што адбыліся з маёй сям’ёй.
— Вы мяне зацікавілі, — сказаў Холмс. — Прашу вас для пачатку паведаміць самыя асноўныя факты, а потым я распытаю вас пра дэталі, якія пададуцца мне важнымі.
Малады чалавек падсунуў крэсла і выцягнуў мокрыя ногі да каміна.
— Мяне завуць Джон Апэншоў, — пачаў ён, — але, як я разумею, мае ўласныя справы маюць мала дачынення да гэтых пачварных падзеяў. Гэта пытанне спадчыны, але каб даць вам агульнае ўяўленне пра справу, я мушу вярнуцца да самага яе пачатку.
Трэба згадаць, што ў майго дзеда было два сыны — мой дзядзька Элаяс і мой бацька Джозэф. Бацьку належала маленькая фабрыка ў Ковентры, і калі вынайшлі ровар, ён яе пашырыў. Ён валодаў патэнтам на вельмі трывалыя шыны “Апэншоў”, а таму фабрыка яго квітнела, і, прадаўшы яе, ён змог з салідным дастаткам пайсці на спачынак.
Дзядзька Элаяс яшчэ ў маладосці эміграваў у Амерыку і зрабіўся плантатарам у Фларыдзе — казалі, яго справы ідуць проста цудоўна. Падчас вайны [5]ён змагаўся ў войсках Джэксана, а пазней — пад кіраўніцтвам Худа і даслужыўся да палкоўніка. Калі генерал Лі склаў зброю, дзядзька вярнуўся на сваю плантацыю, дзе пражыў яшчэ тры ці чатыры гады. У 1869 ці 1870 ён вярнуўся ў Еўропу і набыў невялікі маёнтак пад Хоршэмам у Сасэксе. У Штатах ён валодаў значнай маёмасцю і пакінуў яе з прычыны свае агіды да неграў і няўхвальнага стаўлення да рэспубліканскай палітыкі, якая перадугледжвала наданне ім права голасу. Ён быў дзіўным чалавекам, жорсткім і запальчывым, у гневе брыдка лаяўся — і ўвогуле цураўся людзей. Сумняюся, што цягам пражытых пад Хоршэмам гадоў ён хоць раз выбраўся ў горад. Вакол яго дома ляжаў сад і два ці тры лугі, дзе ён мог шпацыраваць — хаця часта цэлымі тыднямі і носа з дому не паказваў. Ён піў шмат брэндзі і бесперастанку курыў, але пазбягаў людзей, нават уласнага брата, і не збіраўся заводзіць сяброў.
Але супраць мяне ён нічога не меў і нават адчуваў нейкую прыхільнасць, бо калі першы раз мяне ўбачыў, мне было ўсяго дванаццаць ці каля таго. Гэта здарылася ў 1878 годзе, калі ён пражыў у Англіі восем ці дзевяць гадоў. Ён угаварыў майго бацьку дазволіць мне пасяліцца з ім і ставіўся да мяне па-свойму добра. Калі ён быў цвярозы, то любіў гуляць у нарды і шашкі, апроч гэтага даверыў мне весці ўсе справы са слугамі і гандлярамі, і таму калі мне споўнілася шаснаццаць, я зрабіўся поўным гаспадаром у яго доме. Я захоўваў усе ключы, мог пайсці куды захачу і рабіць усё што захачу, калі гэта не парушала яго самоты. Было толькі адно дзіўнае выключэнне: маленькі нязменна замкнуты пакойчык, нават камора, і нікому — ні мне, ні камусьці іншаму — не дазвалялася ў яго заходзіць. З хлапечае цікаўнасці я зазіраў туды праз замочную шчылінку, аднак ніколі не мог разгледзець нічога, апроч некалькіх старых куфраў і пакункаў, у такім памяшканні цалкам звыклых.
Аднойчы ў сакавіку 1883 году на стале перад сняданкам палкоўніка апынуўся ліст з замежнай маркай. Лісты ў дзядзькавым доме былі рэдкасцю, бо рахункі ён заўсёды аплачваў гатоўкай і не меў ніякіх сяброў ці прыяцеляў. “Гэта з Індыі! — сказаў ён, беручы ліст. — Марка горада Пандычэры! Што б гэта магло быць?” Ён паспешліва ўскрыў канверт, і адтуль вываліліся пяць маленькіх высахлых апельсінавых зярнятак, якія рассыпаліся па талерцы. Я засмяяўся, але смех застыў на маіх вуснах, калі я ўбачыў выраз яго твару. Губа яго адвісла, вочы вырачыліся, скура набыла жаўтавата-шэрае адценне, а сам ён пільна ўзіраўся ў канверт, які ўсё яшчэ трымаў у дрыготкай руцэ.
— ККК! — усклікнуў ён. — Божа мой! Божа мой! Прыйшла адплата за мае грахі!
— Дзядзька, што гэта? — спытаў я.
— Смерць, — адказаў ён, падняўся з-за стала і пайшоў у свой пакой, пакінуўшы мяне ў трымценні і жаху. Я падняў канверт і ўбачыў з адваротнага боку, проста над клеем, накрэмзаныя чырвоным атрамантам тры літары К. І больш нічога — апроч пяці высахлых зярнятак. У чым жа тады прычына яго ўсёпаглынальнага жаху? Я выйшаў з-за стала і, падымаючыся па лесвіцы, сустрэў яго са старым іржавым ключом, хутчэй за ўсё ад замка той каморы, у адной руцэ і маленькім масянжовым куфэркам — у такіх часта захоўваюць грошы — у другой.
— Хай сабе яны робяць што ім хочацца, а я ўсё ж парушу іх планы, — сказаў ён і вылаяўся. — Скажы Мэры, каб затапіла ў мяне камін і адпраў па Фордхэма, хоршэмскага юрыста.
Я зрабіў усё як ён сказаў, і калі прыехаў юрыст, мяне запрасілі падняцца ў дзядзькаў пакой. У каміне ярка палаў агонь, на рашотцы ляжаў тоўсты слой чорнага і дробнага, нібы ад спаленай паперы, попелу, а побач стаяў пусты адчынены масянжовы куфэрак. Зірнуўшы на яго, я скалануўся, бо заўважыў на вечку такія самыя тры літары К, як і на ранішнім канверце.
— Я хацеў бы, Джон, — сказаў дзядзька, — каб ты засведчыў мой тэстамент. Сваю маёмасць з усімі яе выгодамі і нязручнасцямі я пакідаю брату, твайму бацьку, ад якога яна, без сумневу, пяройдзе да цябе. Калі ты зможаш мірна карыстацца ёй, тым лепей. Калі ж не атрымаецца, мой хлопчык, прымі маю параду і пакінь яе свайму смяротнаму ворагу. Шкада, што даводзіцца перадаваць табе палку з двума канцамі, але хто ведае, які з іх воляю лёсу табе трапіцца. Будзь так ласкавы, падпішы паперу там, дзе пакажа містэр Фордхэм.
Я падпісаў паперу згодна з указаннем юрыста, і той забраў яе з сабой. Як вы можаце здагадацца, гэты незвычайны выпадак моцна мяне ўразіў, я доўга над ім думаў, спрабуючы разгледзець сітуацыю з розных бакоў, але так і не здолеў нічога патлумачыць. Тым не менш, я не мог пазбавіцца няўлоўнага адчування, што адбылося нешта вусцішнае, хаця адчуванне гэтае цягам наступных тыдняў, калі нічога не трывожыла звычайны ход нашага жыцця, рабілася ўсё слабейшым. Праўда, я заўважыў, што дзядзька змяніўся. Ён запіў яшчэ мацней, чым у ранейшыя часы, і яшчэ менш хацеў бачыць кагосьці побач. Ён замыкаўся ў сваім пакоі і амаль не выходзіў, але часам у нейкім п’яным шаленстве выскокваў з дому, насіўся па садзе з рэвальверам і крычаў, што нікога не баіцца і што ні чалавеку, ні чорту не дазволіць замкнуць сябе ў доме, як авечку ў загарадзі. Аднак калі гэтыя прыпадкі праходзілі, ён з трывогай імчаў дадому і зачыняўся на замок, а потым яшчэ і на засаўку, як чалавек, што больш не можа змагацца з жахам у глыбіні душы. У такія хвіліны я нават у халодны дзень заўважаў, што твар яго мокры, нібыта дзядзька толькі што вылез з вады.
Каб скончыць урэшце гэтую гісторыю і больш не злоўжываць вашым цярпеннем, містэр Холмс, скажу толькі, што аднаго вечара ў яго зноў пачаўся п’яны прыпадак, аднак дадому ён ужо не вярнуўся. Мы выправіліся на пошукі — і знайшлі: ён ляжаў галавой у зарослым цінай стаўку на ўскрайку саду. На яго целе не было слядоў гвалту, глыбіня стаўка не перавышала двух футаў, а таму прысяжныя, памятаючы пра яго добра вядомую эксцэнтрычнасць, прызналі яго самазабойцам. Але я ведаў, як скаланаўся ён ад самой думкі пра смерць, і ніяк не мог упэўніць сябе, што ён расстаўся з жыццём такім вось спосабам. Аднак справа была закрытая, і мой бацька атрымаў ва ўладанне маёмасць дзядзькі, штосьці каля чатырнаццаці тысячаў фунтаў, якія ляжалі на яго банкаўскім рахунку.
— Хвіліначку, — перапыніў яго Холмс, — я бачу, што вашая гісторыя і праўда адна з самых незвычайных з усяго, што я чуў. Паведаміце мне, калі ласка, дату, калі ваш дзядзька атрымаў ліст, а таксама дату яго меркаванага самагубства.
— Ліст прыйшоў 10 сакавіка 1883 году, а памёр дзядзька праз сем тыдняў, у ноч на 2 траўня.
— Дзякую. Прашу вас, працягвайце.
— Калі мой бацька ўступіў ва ўладанне хоршэмскім маёнткам, ён на маю просьбу старанна агледзеў камору, якая заўсёды была зачыненая. Там мы знайшлі масянжовы куфэрак, аднак усё яго змесціва дзядзька знішчыў. На ўнутраным баку вечка мацаваўся папяровы цэтлік з трыма літарамі ККК і надпісам “Лісты, нататкі, распіскі і рэестр”. Мы палічылі, што палкоўнік Апэншоў знішчыў менавіта такія паперы. Што да астатняга, то мы не знайшлі ў каморы больш нічога важнага, апроч мноства раскіданых аркушаў і нататнікаў, прывезеных дзядзькам з Амерыкі. Многія з іх былі з ваенных часоў, і запісы ў іх сведчылі, што ён годна выконваў свой абавязак і заслужыў рэпутацыю мужнага салдата. Іншыя датычылі часоў аднаўлення паўднёвых штатаў і мелі ў асноўным палітычны характар — дзядзька відавочна актыўна змагаўся супраць палітычных авантурыстаў, прысланых з Поўначы.
У пачатку 1884 году мой бацька пераехаў у Хоршэм, і ўсё ішло як найлепш да студзеня 1885-га. Калі на чацверты дзень пасля Новага году мы разам з бацькам сабраліся снедаць, я раптам пачуў яго здзіўлены ўскрык. У адной руцэ ён трымаў толькі што распячатаны канверт, а на выцягнутай далоні другой — пяць высахлых апельсінавых зярнятак. Ён заўсёды смяяўся з мае бязглуздае, як ён казаў, гісторыі пра палкоўніка, але калі гэта здарылася з ім, ён вельмі разгубіўся і спалохаўся.
— Што гэта, чорт дзяры, значыць, Джон? — дрыготкім голасам спытаў ён.
Маё сэрца ўпала.
— Гэта ККК, — адказаў я.
Бацька павярнуў канверт.
— Так і ёсць! — ускрыкнуў ён. — Тут напісаныя тыя самыя літары. Але што там над імі?
— Пакладзіце паперы на сонечны гадзіннік, — прачытаў я праз яго плячо.
— Якія паперы? Які сонечны гадзіннік? — перапытаў ён.
— Сонечны гадзіннік у садзе. Іншых тут няма, — адказаў я. — А наконт папераў... Мабыць, гэта тыя, якія дзядзька знішчыў.
— Цьху ты! — усклікнуў ён, узяўшы сябе ў рукі. — Мы жывем у цывілізаванай краіне, і няма чаго звяртаць увагу на такую дурасць. Адкуль прыйшоў ліст?
— З Дандзі, — сказаў я, паглядзеўшы на марку.
— Гэта проста нейкі бязглузды жарт, — сказаў бацька. — І што мне рабіць з гэтымі паперамі і сонечным гадзіннікам? Не варта і думаць пра такую лухту.
— І ўсё ж я б звярнуўся ў паліцыю, — прамовіў я.
— Каб яны з нас пасмяяліся? Ну не, дзякуй!
— Дык давайце я сам гэта зраблю!
— Не, я забараняю! Навошта падымаць шум праз нейкую дурасць?
Ён быў вельмі ўпарты, а таму спрачацца не мела сэнсу. Аднак мяне не пакідалі кепскія прадчуванні.
Праз тры дні бацька паехаў наведаць свайго старога сябра, маёра Фрыбадзі, які камандаваў адным з фартоў Портсдаўн-Хіла. Я быў гэтаму рады, бо думаў: чым далей ён ад дому, тым далей ад небяспекі. Аднак я памыліўся. На другі дзень пасля яго ад’езду я атрымаў тэлеграму ад маёра, які прасіў мяне не марудзячы прыбыць да яго. Бацька зваліўся ў адзін з глыбокіх крэйдавых кар’ераў, якіх па суседстве была вялікая колькасць, і цяпер з праломленым чэрапам ляжаў без прытомнасці. Я паспяшаў да яго, але ён памёр, так і не ачуняўшы. Як выявілася, ён у прыцемках вяртаўся з Фарэхема, а з прычыны таго, што мясцовасці ён не ведаў, а шахта не была абнесеная агароджай, прысяжныя не вагаючыся вынеслі вердыкт: смерць ад няшчаснага выпадку. Нягледзячы на тое, што я ўважліва вывучыў усе звязаныя з яго смерцю абставіны, я так і не знайшоў аніводнага доказу, які пацвярджаў бы забойства. Не засталося ні прыкметаў гвалту, ні слядоў на зямлі, нічога не скралі, ніхто не заўважыў на дарогах нікога падазронага. І тым не менш, не варта і казаць, што я страціў спакой і быў амаль упэўнены, што ён трапіў у пастаўленую кімсьці пастку.
Вось у такіх злавесных абставінах я і атрымаў сваю спадчыну. Вы можаце спытаць мяне, чаму я ад яе не пазбавіўся. І я адкажу, што гэта не мае сэнсу. Я ўпэўнены, што беды нашае сям’і нейкім чынам звязаныя з якімсьці выпадкам у жыцці дзядзькі і што небяспека будзе ісці за мною з дому ў дом.
Мой бедны бацька памёр у студзені 1885 году, і з таго часу мінула два гады і восем месяцаў. Увесь гэты час я спакойна пражыў у Хоршэме і пачаў ужо спадзявацца, што пракляцце пераследавала толькі старэйшае пакаленне і больш не будзе турбаваць нашую сям’ю. Але я зарана расслабіўся і пачаў радавацца жыццю: учора ранкам на мяне абрынуўся той самы ўдар, што і на майго бацьку.
Тут малады чалавек дастаў з кішэні свайго плашча скамечаны канверт і, вярнуўшыся да стала, вытрас з яго пяць высахлых апельсінавых зярнятак.
— Вось і канверт, — сказаў ён. — Паштовая марка лонданская — усходні раён. А ўсярэдзіне — такое самае пасланне, якое атрымаў мой бацька перад смерцю: тры літары К і далей — “Пакладзіце паперы на сонечны гадзіннік”.
— І што вы зрабілі? — спытаў Холмс.
— Нічога.
— Нічога?
— Я, шчыра кажучы, адчуваю сябе зусім бездапаможным, — сказаў ён, закрыўшы твар тонкімі бледнымі рукамі, — я быццам той трусік, якога ўсё мацней сціскае ў сваіх абдоймах змяя. Мне здаецца, што я трапіў у палон да непераадольнага і няўмольнага зла, якое нельга прадбачыць і ад якога нельга абараніцца.
— Ну, ну! — усклікнуў Шэрлак Холмс. — Вам трэба дзейнічаць, дружа, іначай вы прапалі. Вас могуць уратаваць толькі рашучыя дзеянні. Няма часу адчайвацца.
— Я звяртаўся ў паліцыю.
— І што?
— Яны выслухалі маю гісторыю з усмешкай. Інспектар, я ўпэўнены, вырашыў, нібыта ўсе гэтыя лісты — не больш чым жарт, а смерці маіх блізкіх і праўда былі няшчаснымі выпадкамі, зусім не звязанымі з пагрозлівымі лістамі, — як і пастанавілі прысяжныя.
Холмс патрос у паветры сціснутымі кулакамі і ўскрыкнуў:
— Неверагодная абмежаванасць!
— Аднак яны камандзіравалі да мяне аднаго паліцэйскага, які будзе дзяжурыць у маім доме.
— Ён прыехаў з вамі ў Лондан?
— Не. Яму загадалі заставацца ў маёнтку.
Холмс зноў замахаў кулакамі:
— І навошта вы сюды прыйшлі? — крычаў ён. — І самае галоўнае — чаму вы адразу да мяне не звярнуліся?
— Але я не ведаў... Я толькі сёння расказваў пра свае праблемы маёру Прэндэргасту, і ён параіў звярнуцца да вас.
— Прайшло ўжо два дні, як вы атрымалі ліст. Брацца за справу трэба было раней. Мяркую, што іншых фактаў, апроч толькі што прыведзеных, у вас няма? Можа, якія падрабязнасці, што маглі б нам дапамагчы?..
— Ёсць яшчэ адно, — сказаў Джон Апэншоў. Ён пашнарыў па кішэнях, выцягнуў адтуль кавалак выцвілай сіняй паперы і паклаў яго на стол. — Мне прыгадваецца, што ў дзень, калі дзядзька паліў паперы, маленькія абрыўкі, якія засталіся ў попеле, былі менавіта такога колеру. Гэты аркуш ляжаў на падлозе ў дзядзькавым пакоі, і я схільны лічыць, што ён вываліўся з агульнага стосу і такім чынам пазбегнуў агню. Але апроч таго, што ў ім згаданыя зярняткі, я не бачу ад яго вялікае карысці. Думаю, гэта проста старонка з чыйгосьці дзённіка. Почырк, несумненна, дзядзькаў.
Холмс падсунуў лямпу, і мы разам схіліліся над аркушам, які, мяркуючы па няроўным краі, быў вырваны з кнігі. Зверху быў надпіс: “Сакавік 1869”, а пад ім — наступныя загадкавыя нататкі:
4-га. З’явіўся Гудзон. Платформа ранейшая.
7-га. Зярняткі дасланыя Мак-Коўлі, Парамору і Джону Свэйну з Сэнт-Аўгусціна.
9-га. Мак-Коўлі прыбраўся.
10-га. Джон Свэйн прыбраўся.
12-га. Наведалі Парамора. Усё ў парадку.
— Дзякую, — сказаў Холмс, складваючы паперу і вяртаючы яе нашаму госцю. — Цяпер вам нельга губляць ні хвіліны. Мы не можам марнаваць час нават на абмеркаванне таго, што вы мне расказалі. Вы мусіце тут жа ехаць дадому і дзейнічаць.
— Што я павінен рабіць?
— Толькі адну рэч — але неадкладна. Пакладзіце гэты аркуш у згаданы вамі масянжовы куфэрак. Далучыце да яго цыдулку, дзе пазначце, што ваш дзядзька спаліў усе астатнія паперы і што больш нічога не захавалася. Напішыце гэта так, каб яны вам паверылі. Пасля адразу ж нясіце куфэрак да сонечнага гадзінніка, як пазначана ў лісце. Вы зразумелі?
— Усё зразумеў.
— Пакуль што не думайце ні пра якую помсту ці яшчэ штосьці. Мяркую, мы зробім гэта законнымі сродкамі — бо нам трэба яшчэ сплесці нашую сетку, а іх сетка даўно ўжо гатовая. Найперш трэба вызваліць вас з сур’ёзнай небяспекі, якая вам пагражае. Наступная мэта — раскрыць таямніцу і пакараць вінаватых.
— Вялікі вам дзякуй, — сказаў малады чалавек, устаючы і надзяваючы плашч. — Вы вярнулі мне жыццё і надзею. Безумоўна, я зраблю так, як вы сказалі.
— Не губляйце ні хвіліны. І самае галоўнае — беражыце сябе, бо я нават не сумняюся, што вам пагражае сапраўдная небяспека, якая насоўваецца ўсё бліжэй. Як вы паедзеце назад?
— Цягніком з вакзала Ватэрлоо.
— Яшчэ няма дзевяці. На вуліцах будзе тлумна, і вас гэта, спадзяюся, абароніць. Але ў любым выпадку асцярожнасць не будзе лішняй.
— Я ўзброены.
— Гэта добра. Заўтра я вазьмуся за вашую справу.
— Мне чакаць вас у Хоршэме?
— Не, разгадка вашай таямніцы хаваецца ў Лондане. Тут я і буду яе шукаць.
— Тады я зазірну да вас праз дзень ці два, раскажу пра куфэрак і паперы. Я буду дакладна трымацца вашае парады.
Ён паціснуў нам рукі і выйшаў. На вуліцы ўсё гэтак жа скавытаў вецер, а ў вокны барабаніў дождж. Здавалася, што гэтую дзіўную і страшную гісторыю прынеслі нам неўтаймоўныя стыхіі, кінулі яе, як кідае бура абрывак марское водарасці, і цяпер забралі назад.
Некаторы час Шэрлак Холмс сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву і ўтаропіўшыся ў чырвонае полымя каміна. Потым закурыў сваю люльку і, адкінуўшыся на спінку фатэля, пачаў назіраць за сінімі колцамі дыму, якія падымаліся да столі, даганяючы адно адное.
— Думаю, Ўотсан, — урэшце заўважыў ён, — што сярод усіх нашых справаў не было больш фантастычнай, чым гэтая.
— За выняткам гісторыі пра Знак чатырох.
— Ну, хіба што... Так, вы маеце рацыю... І ўсё ж я думаю, што небяспека, якая пагражае Джону Апэншоў, яшчэ большая, чым тая, што вісела над братамі Шолта.
— Але ці маеце вы, — спытаў я, — нейкае ўяўленне пра гэтую небяспеку?
— Сумневаў адносна яе характару і быць не можа, — адказаў Холмс.
— Тады ў чым яна палягае? Хто хаваецца за ініцыяламі ККК і чаму ён пераследуе няшчасную сям’ю?
Шэрлак Холмс заплюшчыў вочы і, абапершыся на падлокніцы, звёў кончыкі пальцаў.
— Калі сапраўдны мысляр, — пачаў ён, — убачыць хаця б адзін факт ва ўсёй яго паўнаце, ён зможа не толькі прасачыць увесь ланцуг падзеяў, якія сталі яго прычынай, але і прадказаць, да якіх вынікаў ён прывядзе. Як Кюўе [6]мог беспамылкова апісаць усю жывёлу, разгледзеўшы адну толькі яе костку, так і назіральнік, які дэталёва вывучыў адно звяно ў ланцугу падзеяў, здольны дакладна ўзнавіць усе астатнія, папярэднія і наступныя. Пакуль мы яшчэ не дайшлі да высноваў, якія можа зрабіць толькі розум. Каб развязаць любую праблему, трэба яе даследаваць, на што не здольныя ўсе тыя, хто шукае рашэнне з дапамогай пачуццяў. Але каб у найвышэйшай ступені авалодаць гэтым майстэрствам, мысляру неабходна ўмець выкарыстоўваць усе вядомыя яму факты, а гэта значыць, як вы лёгка заўважыце, што ён мусіць ведаць усё, — а гэта рэдкая з’ява нават у нашыя дні даступнай адукацыі і энцыклапедыяў. Больш імаверна, аднак, што чалавек авалодае ўсімі ведамі, які могуць прыдацца яму ў працы, што я і паспрабаваў зрабіць. Калі я нічога не блытаю, аднойчы, яшчэ ў пачатку нашага сяброўства, вы дакладна акрэслілі межы маіх ведаў.
— Усё правільна, — адказаў я смеючыся, — гэта быў дзівосны дакумент. Веды па філасофіі, астраноміі і палітыцы былі, помніцца, пазначаныя як нулявыя. Веды па батаніцы — сярэднія, па геалогіі — глыбокія, калі справа датычыць плямаў бруду з любога раёну ў межах пяцідзесяці міляў ад горада, па хіміі — спецыфічныя, па анатоміі — урыўкавыя, веданне крымінальнай літаратуры і ўсяго звязанага з гэтай тэмай — унікальнае, скрыпач, баксёр, валодае рапірай, ведае законы, труціць сябе какаінам і тытунём. Гэта самыя асноўныя пункты майго даследавання.
На апошніх словах Холмс ухмыльнуўся.
— Што ж, — сказаў ён, — скажу цяпер тое самае, што і тады: на сціплым гарышчы свайго мозгу чалавеку варта трымаць толькі тое, чым ён плануе карыстацца, а астатняе хай захоўвае ў бібліятэцы, дзе ў любы момант можна ўсё знайсці. Але каб разабрацца са справай, прапанаванай нам сёння вечарам, мы мусім мабілізаваць усе нашыя рэсурсы. А таму прашу ласкава перадаць мне том на літару “К” з Амерыканскай энцыклапедыі, якая стаіць на паліцы за вашай спінай. Дзякую. Цяпер давайце абмяркуем сітуацыю і паглядзім, якія высновы можна тут зрабіць. Па-першае, пачнем з важнага для нас дапушчэння, што ў палкоўніка Апэншоў былі вельмі сур’ёзныя прычыны пакінуць Амерыку. Людзі ў яго ўзросце не схільныя змяняць свае звычкі і добраахвотна адмаўляцца ад прыемнага фларыдскага клімату дзеля самотнага існавання ў ангельскай правінцыі. Яго надзвычайная цяга да адзіноты ў Англіі падказвае нам, што ён кагосьці ці чагосьці баяўся, а таму ў якасці працоўнай гіпотэзы прымем тое, што менавіта гэты страх прымусіў яго з’ехаць з Амерыкі. Што да прычынаў гэтага страху, то тут мы можам меркаваць, што ён неяк звязаны са злавеснымі літарамі, атрыманымі ім і яго спадкаемцамі ў лістах. Вы заўважылі, якія там былі маркі?
— Першая была з Пандзічэры, другая — з Дандзі, а трэцяя — з Лондану.
— З усходняга Лондану. Якія высновы вы можаце адсюль зрабіць?
— Усё гэта марскія парты. А значыць, лісты пісаліся на караблі.
— Цудоўна. Вось мы і маем адзін ключ. Імаверна, вельмі імаверна, што лісты пісаліся на борце карабля. Цяпер зірнем з іншага боку. Калі ліст прыйшоў з Пандзічэры, паміж пагрозай і яе выкананнем мінула сем тыдняў, у выпадку з Дандзі — усяго тры ці чатыры дні. Пра што гэта сведчыць?
— Пра большую адлегласць, якую трэба было пераадолець.
— Але большую адлегласць мусіў пераадолець і ліст.
— Тады я не ведаю, у чым рэч.
— Ну, як найменш мы можам зрабіць дапушчэнне, што судна, на якім знаходзіцца гэты чалавек, ці гэтыя людзі — паруснае. Усё гаворыць пра тое, што кожны раз яны дасылалі гэтыя дзіўныя папярэджанні ці ўказанні перад тым як адправіцца выконваць свой намер. Вы бачыце, як хутка прыйшла смерць пасля ліста з Дандзі. Калі б яны плылі з Пандзічэры параходам, то прыбылі б у Англію амаль адразу пасля ліста. Але тут прайшло сем тыдняў. І я думаю, што гэтыя сем тыдняў ёсць розніцай паміж хуткасцю паштовага парахода, з якім прыйшоў ліст, і паруснага карабля, на якім прыплыў яго аўтар.
— Цалкам магчыма.
— Гэта больш чым магчыма. Гэта праўдападобна. Цяпер вы бачыце, як неабходна спяшацца ў нашым выпадку; вось чаму я настойваў, каб малады Апэншоў быў асцярожным. Удар заўсёды абрынаўся на адрасата ў канцы тэрміну, патрэбнага аўтару ліста, каб пераадолець адлегласць. Але апошні ліст прыйшоў з Лондану, а таму мы не можам разлічваць на адтэрміноўку.
— Божа мой! — ускрыкнуў я. — Што можа значыць гэты бязлітасны пераслед?
— Відавочна, што паперы, якія захоўваў Апэншоў, жыццёва патрэбныя чалавеку ці людзям з карабля. Я ўпэўнены, што ў справе ўдзельнічае больш чым адзін чалавек. Адзін чалавек не змог бы ўчыніць два забойствы так, каб збіць з панталыку каранёрскі суд. Іх мусіць быць некалькі, вынаходлівых і рашучых. Яны вырашылі здабыць свае паперы, у чыіх бы руках яны ні знаходзіліся. У такім выпадку нельга разглядаць літары ККК як ініцыялы — гэта знак пэўнай суполкі.
— Але якой?
— А вы хіба ніколі, — схіліўшыся ўперад і сцішыўшы голас, спытаў Шэрлак Холмс, — зусім ніколі не чулі пра ку-клукс-клан?
— Ніколі.
Холмс перагарнуў старонкі кнігі, што ляжала ў яго на каленях.
— Вось яно, — сказаў ён праз хвіліну. — “Ку-клукс-клан. Назва паходзіць ад спалучэння гукаў, якія нагадваюць гук узвядзення затвора вінтоўкі. Гэтая жахлівая таемная суполка была арганізаваная ў паўднёвых штатах былымі салдатамі Канфедэрацыі пасля Грамадзянскай вайны і хутка займела мясцовыя аддзяленні ў розных раёнах краіны, найбольш у штатах Тэнэсі, Луізіяна, абодвух Каралінах, Джорджыі і Фларыдзе. Суполка выкарыстоўвала свае сілы для дасягнення палітычных мэтаў, пераважна запалохвання негрыцянскіх выбаршчыкаў, а таксама забойства ці высялення з краіны тых, хто змагаўся супраць поглядаў яе ўдзельнікаў. Іх гвалтоўнаму ўмяшанню зазвычай папярэднічалі пагрозы, якія дасылаліся непажаданай асобе ў вычварнай, але часцей за ўсё пазнавальнай форме — дубовая галінка ў адных мясцовасцях, дынныя семечкі ці зярняткі апельсіна — у іншых. Атрымаўшы такое папярэджанне, ахвяра мусіла альбо адкрыта адхрысціцца ад сваіх ранейшых поглядаў, альбо пакінуць краіну. Калі яна кідала сваім пераследнікам выклік, яе нязменна спасцігала смерць, звычайна вельмі дзіўная і непрадказальная. Арганізацыя суполкі была такой прадуманай, а яе метады — такімі адпрацаванымі, што наўрад ці вядомы хоць адзін выпадак, калі ахвяра змагла беспакарана пагрэбаваць папярэджаннем ці калі выканальнікі злачынства былі знойдзеныя і схопленыя. Нягледзячы на ўсе захады ўраду Злучаных Штатаў і найлепшых прадстаўнікоў Поўдня, некалькі гадоў арганізацыя квітнела. Урэшце ў 1869 годзе рух нечакана спыніў існаванне, хаця адзінкавыя ўспышкі злачынстваў такога кшталту адбываліся і пазней”.
— Як вы можаце заўважыць, — працягнуў Холмс, адкладаючы том, — нечаканае спыненне дзейнасці суполкі супала з ад’ездам палкоўніка Апэншоў з Амерыкі разам з паперамі. Цалкам магчыма, што мы маем і прычыну, і вынік. Няма нічога дзіўнага ў тым, што па слядах палкоўніка і яго сям’і ідуць бязлітасныя пераследнікі. Вы ж разумееце, што ў гэтых дзённіках і рэестрах могуць згадвацца найвядомейшыя асобы Поўдня, і многія з іх не змогуць спакойна спаць, пакуль не вернуць паперы.
— Значыць, старонка, якую мы бачылі...
— Гэта акурат тое, чаго і варта было чакаць. Калі я правільна помню, там было напісана: “Зярняткі дасланыя А, Б і В”, — значыць, суполка даслала ім папярэджанні. Наступныя запісы паведамлялі, што А і Б прыбраліся, то бок пакінулі краіну, а В наведалі, і гэта, баюся, не прынесла В нічога добрага. Што ж, доктар, думаю, мы можам праліць святло на гэтую цёмную справу. А тым часам адзінае ратаванне для маладога Апэншоў — гэта выканаць тое, што я яму сказаў. Сёння мы не можам больш нічога ні сказаць, ні зрабіць, а таму перадайце мне, калі ласка, маю скрыпку і давайце паспрабуем хаця б на паўгадзінкі забыць пра паскуднае надвор’е і пра яшчэ больш паскудныя ўчынкі нашых бліжніх.
Ранкам распагодзілася, і праз цьмяную завесу, якая накрыла наш вялікі горад, няўпэўнена прабіваліся сціплыя помні сонца. Калі я спусціўся, Холмс ужо снедаў.
— Выбачайце, што не пачакаў вас, — сказаў ён, — але я адчуваю, што мяне чакае шмат працы з расследаваннем справы маладога Апэншоў.
— Што вы плануеце рабіць? — спытаў я.
— Усё залежыць ад вынікаў маіх першых росшукаў. Магчыма, мне нават давядзецца ехаць у Хоршэм.
— Вы не збіраецеся з гэтага пачаць?
— Не, пачну я з Сіці. А вы пазваніце, служанка прынясе вам кавы.
Чакаючы сняданку, я ўзяў са стала яшчэ не разгорнутую газету і пачаў яе праглядаць. Вочы выхапілі загаловак, ад якога схаладзела сэрца.
— Холмс, — ускрыкнуў я, — вы спазніліся!
— Ох, — сказаў ён, ставячы кубак, — я баяўся, што так яно і будзе. Як гэта здарылася?
Гаварыў ён спакойна, але адчувалася, што ён моцна ўражаны.
— Мне кінулася ў вочы імя Апэншоў і назва: “Трагедыя ля моста Ватэрлоо”. Вось што тут пішуць:
“Паміж дзевяццю і дзесяццю гадзінамі мінулае ночы канстэбль Кук з акругі Н., які дзяжурыў ля моста Ватэрлоо, пачуў плёскат вады і крыкі аб паратунку. Аднак ноч была вельмі цёмная і непагодная, а таму, нягледзячы на дапамогу некалькіх мінакоў, уратаваць няшчаснага было немагчыма. Трывога, тым не менш, была паднятая, і рачная паліцыя здолела ўрэшце знайсці цела. Гэта быў малады джэнтльмен, імя якога, як сведчыць знойдзены ў яго кішэні канверт, Джон Апэншоў і які жыве пад Хоршэмам. Мяркуецца, што ён хацеў паспець на апошні цягнік з вакзала Ватэрлоо, праз спешку і поўную цемру збіўся з дарогі і пераступіў праз край адной з маленькіх прыстаняў для рачных параходаў. Слядоў гвалту на целе не знойдзена, а таму няма ніякіх сумневаў, што памерлы зрабіўся ахвярай няшчаснага выпадку, і гэта мусіць звярнуць увагу ўраду на стан рачных прыстаняў”.
Некалькі хвілінаў мы праседзелі ў маўчанні. Я ніколі не бачыў Холмса такім прыгнечаным і ўсхваляваным.
— Гэта абражае мой гонар, Ўотсан, — сказаў ён урэшце. — Дробязнае пачуццё, нічога не скажаш, але тым не менш. Цяпер гэта робіцца маёй прыватнай справай, і калі Бог дасць мне здароўя, я накрыю ўсю гэтую хеўру. Ён прыйшоў да мяне прасіць дапамогі, а я адправіў яго на смерць!
Ён ускочыў з крэсла і з непрыхаваным хваляваннем пачаў мераць крокамі пакой, нервова сціскаючы і расціскаючы доўгія пальцы. На яго бледных шчоках гарэў румянец.
— Падступныя д’яблы! — урэшце выгукнуў ён. — Як яны яго туды завабілі? Набярэжная не ляжыць на дарозе да станцыі. А на мосце нават у такі час было, без сумневу, занадта шмат людзей. Што ж, Ўотсан, мы яшчэ паглядзім, хто каго. Ну, я пайшоў!
— У паліцыю?
— Я сам сабе паліцыя. Калі я спляту павуціну, хай тады паліцыя ловіць мух, але не раней.
Цэлы дзень я быў заняты сваёй медыцынскай практыкай, а таму вярнуўся на Бэйкер-стрыт толькі позна вечарам. Шэрлака Холмса яшчэ не было. Ён прыйшоў дзесьці каля дзесяці гадзінаў, бледны і стомлены, адразу ж скіраваўся да буфета, дзе адламаў кавалак хлеба і пачаў прагна яго знішчаць, запіваючы вялікімі глыткамі вады.
— Прагаладаліся? — заўважыў я.
— Паміраю з голаду. Я проста забыў пра абед і апроч сняданку, нічога сёння не еў.
— Зусім нічога?
— Ні крышкі. Не было часу думаць пра ежу.
— І як вашыя поспехі?
— Няблага.
— Вы знайшлі ключ?
— Яны ў маіх руках. Хутка я адпомшчу за беднага Апэншоў. Думаю, Ўотсан, мы паставім на іх іхнае ж д’яблава таўро. Добрая ідэя, праўда?
— Што вы маеце на ўвазе?
Холмс дастаў з буфета апельсін і, парэзаўшы на кавалкі, выціснуў на стол некалькі зярнятак. Потым выбраў пяць штук і паклаў у канверт. На ўнутраным баку напісаў “ШХ за ДА” і адрасаваў яго “капітану Джэймсу Кэлхоўну, карабель “Самотная зорка”, Савана, Джорджыя”.
— А хто гэты капітан Кэлхоўн?
— Кіраўнік гэтае хеўры. Да астатніх я таксама дабяруся, але ён будзе першы.
— Як жа вы яго высачылі?
Ён дастаў з кішэні вялікі аркуш, увесь спісаны датамі і імёнамі.
— Увесь дзень я праседзеў над Рэгістрамі Лойда [7] і стосамі старых папераў, — адказаў ён, — прасочваючы далейшую дарогу ўсіх суднаў, якія заходзілі ў Пандзічэры ў студзені і лютым 1883 году. За гэтыя месяцы там пабывала трыццаць шэсць караблёў вялікага танажу, і сярод іх — “Самотная зорка”, якая, нягледзячы на тое, што месцам яе адпраўлення быў пазначаны Лондан, адразу ж забрала маю ўвагу, бо так называюць адзін з амерыканскіх штатаў.
— Тэхас, калі не памыляюся.
— Я не быў у гэтым упэўнены ні тады, ні цяпер, але рэч у тым, што карабель мусіў мець амерыканскае паходжанне.
— І што далей?
— Я прагледзеў запісы, якія датычылі Дандзі, і калі ўбачыў, што судна “Самотная зорка” стаяла там у студзені 1885-га, мае падазрэнні перараслі ва ўпэўненасць. Тады я праверыў, якія караблі знаходзяцца цяпер у лонданскім порце.
— І?..
— І выявілася, што “Самотная зорка” прыбыла сюды на мінулым тыдні. Я скіраваўся ў докі Альберта [8]і там даведаўся, што сёння з ранішнім прылівам яна сышла ўніз па рацэ, кіруючыся ў Савану. Я тэлеграфаваў у Грэйвсэнд і даведаўся, што нядаўна яна прайшла міма яго. Дзьме ўсходні вецер, а таму я ўпэўнены, што яна акурат мінула Гудвінс і знаходзіцца непадалёк ад вострава Ўайт.
— І што вы будзеце рабіць?
— О, цяпер ён у маіх руках. Ён і два яго хаўруснікі, адзіныя, як я высветліў, карэнныя амерыканцы на борце. Усе астатнія — фіны ці немцы. Таксама я даведаўся, што ўсе трое правялі ўчарашнюю ноч не на караблі. Пра гэта мне паведаміў стывідор [9], які займаўся пагрузкай “Самотнай зоркі”. Пакуль яны даплывуць да Саваны, паштовы параход даставіць мой ліст, а тэлеграма папярэдзіць паліцыю Джорджыі, што гэтых трох джэнтльменаў вельмі чакаюць тут у сувязі з забойствамі.
Але нават у найлепшых чалавечых планах заўсёды прысутнічае нейкі пралік, і забойцы Джона Апэншоў так ніколі і не атрымалі апельсінавых зярнятак, якія засведчылі б, што хтосьці, не менш падступны і рашучы, чым яны самі, ідзе іхным следам. У тым годзе буры раўнадзення былі надта доўгія і суворыя. Мы доўга чакалі навінаў з Саваны пра “Самотную зорку”, але так і не дачакаліся. Паводле апошніх атрыманых намі звестак, дзесьці далёка ў Атлантыцы быў заўважаны на хвалях разбіты ахтэрштэвень [10]карабля з выразанымі на ім літарамі “С” і “З”. І гэта адзінае, што мы даведаліся пра лёс “Самотнай зоркі”.
__________________________________________________________________
Каментар
1. Юфа — назва вострава прыдуманая Дойлам.
2. Кембервэл — раён у паўднёвай частцы Лондана. Варта згадаць, што ніводная з названых у гэтым абзацы гісторыяў ніколі, на жаль, доктарам Ўотсанам не была апісаная.
3. Буры раўнадзення — звычайна восеньскія вятры ў дні асенняга раўнадзення лютуюць з найбольшай сілай.
4. Ўільям Кларк Расэл (William Clark Russell, 1844—1911) — папулярны амерыканскі пісьменнік, аўтар марскіх раманаў і апавяданняў жахаў. Восем гадоў служыў на моры. Згадка пра Расэла ў апавяданні “Пяць апельсінавых зярнятак” — адно са сведчанняў надзвычайнай папулярнасці гэтага аўтара ў часы Дойла.
5. “Падчас вайны…” — маецца на ўвазе Грамадзянская вайна паўднёвых і паўночных штатаў ЗША (1861—1865), якая скончылася перамогай Поўначы над рабаўладальніцкім Поўднем. Томас Джонатан Джэксан па мянушцы Каменны Мур (Thomas Jonathan “Stonewall” Jackson, 1824—1863) — генерал канфедэратаў, адзін з самых таленавітых военачальнікаў Поўдня. У бітве пры Чансэларсвілі (2 траўня 1863) быў памылкова паранены дазорам канфедэратаў, страціў руку і праз 8 дзён памёр ад пнеўманіі. Джон Бэл Худ (John Bell Hood, 1831—1879) — генерал арміі канфедэратаў, меў рэпутацыю смелага і надзвычай ваяўнічага чалавека, аднак яго рэпутацыя як военачальніка была папсаваная паразамі пад Атлантай і ў Франклін-Нэшвілскай кампаніі. Роберт Эдвард Лі (Robert Edward Lee, 1807—1870) — генерал арміі канфедэратаў, камандуючы войска Паўночнай Вірджыніі і галоўнакамандуючы войска Канфедэрацыі. Адзін з самых знакамітых амерыканскіх военачальнікаў ХІХ стагоддзя.
6. Жорж Леапольд Кюўе (George-Léopold-Chrétien-Frédéric-Dagobert Cuvier, 1769—1832) — французскі даследчык прыроды. Лічыцца заснавальнікам параўнальнай анатоміі і палеанталогіі. Быў сябрам Французскага геаграфічнага таварыства.
7. Рэгістры Лойда — найвялікшае класіфікацыйнае таварыства, добраахвотная асацыяцыя суднаўладальнікаў, суднабудаўнічых фірмаў і страхавых кампаніяў, заснаванае ў Вялікабрытаніі ў 1760 годзе. Тут: рэгістравыя кнігі гэтага таварыства.
8. Докі Альберта, ці докі Роял-Альберт — докі ў партова-прамысловай зоне Лондана на ўсходзе і паўднёвым усходзе горада (неафіцыйная назва ўсяго раёна — Доклэндс) па абодва берагі Тэмзы. Докі Альберта пабудаваныя ў 1880 годзе.
9. Стывідор — партавы грузчык.
10. Ахтэрштэвень — задні край карабля ў выглядзе жорсткай бэлькі ці рамы, на якой вертыкальна замыкаюцца кіль, борт, абшыўка і набор, а таксама падвешанае стырно судна.