№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Роберт ван Гулік

Ён прыходзіў з дажджом (He Came with the Rain)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Дзеянне трэцяй гісторыі зборніка “Суддзя Дзі ў працы” адбываецца ў Пэнлаі праз паўгоду пасля расследавання справы пра чырвоную стужку. За гэты час у Пэнлай прыехалі дзве жонкі суддзі Дзі з дзецьмі і ўладкаваліся ў прыватных пакоях за будынкам суду. Хутка пасля гэтага да сям’і далучылася паненка Цао. У пятнаццатай частцы рамана “Золата Буды” падрабязна апісваецца жахлівая гісторыя, з якой суддзя Дзі выцягнуў паненку Цао. Калі яе сустрэла Першая пані суддзі Дзі, то адразу яе ўпадабала і запрасіла да сябе кампаньёнкай. А ў адзін з самых гарачых і дажджлівых дзён сярэдзіны лета адбылася дзіўная гісторыя, апісаная ў наступным апавяданні.

— Няўжо і ў гэтай скрыні тое самае? — гідліва ўсклікнула Першая пані суддзі Дзі. — Зірніце на шэрую плесню па ўсім шве блакітнай сукенкі!

Яна ляснула вечкам адзежнай скрыні з чырвонай скуры і павярнулася да Другой пані:

— Не помню іншага такога ж гарачага і вільготнага лета. А якая залева была ўчора! Мне здавалася, дождж ніколі не скончыцца. Дапаможаш?

Суддзя сядзеў за чайным столікам ля адчыненага акна вялікай спальні, назіраючы за жонкамі, якія паставілі скрыню на падлогу і перайшлі да трэцяй. Паненка Цао, сяброўка і кампаньёнка яго першай жонкі, сушыла сукенкі над бронзавай жароўняй у куце, развешваючы іх на медным дроце над прыскам. Праз жар ад жароўні, а таксама пару, што курылася над вільготным адзеннем, дыхаць у пакоі было амаль немагчыма, але тры жанчыны, здавалася, гэтага нават не заўважалі.

Суддзя з уздыхам павярнуўся і зірнуў вонкі. Звычайна са спальні, што месцілася на другім паверсе яго рэзідэнцыі, адкрываўся цудоўны від на выгнутыя дахі горада, але цяпер яны хавалася ў густым свінцовым тумане, што сцёр усе абрысы. Суддзю здавалася, што туман пранік нават у яго кроў і млява пульсаваў у жылах. Чыноўнік моцна шкадаваў, што нейкі неабдуманы парыў прымусіў яго пасля абуджэння запатрабаваць шэрае летняе ўбранне. Праз гэтую просьбу Першая пані ўзялася перагледзець чатыры адзежныя скрыні, а ўбачыўшы на рэчах шэрую плесню, тут жа паклікала на дапамогу Другую пані і паненку Цао. Цяпер тры жанчыны так заглыбіліся ў працу, што забылі, відаць, пра ранішнюю гарбату і тым больш пра сняданак. Яны першы раз праводзілі ў Пэнлаі гарачую пару, бо прайшло ўсяго сем месяцаў, як суддзя Дзі атрымаў прызначэнне ў гэтыя мясціны.

Суддзя выпрастаў ногі: яго калені і ступакі апухлі і ацяжэлі. Паненка Цао нахілілася і зняла з дроту белую сукенку.

— Яна ўжо зусім сухая, — паведаміла яна.

Калі паненка пацягнулася да вешалкі, каб пачапіць туды сукенку, суддзя адзначыў яе стройнае, прыгожае цела і раптам рэзка спытаў у Першай пані:

— Вы не можаце даручыць гэта служанкам?

— Канечне, — праз плячо адказала Першая пані. — Але найперш я хачу сама ацаніць рэальную шкоду. Дзеля ўсяго святога, зірні на гэты чырвоны строй, дарагая, — звярнулася яна да паненкі Цао. — Плесня безнадзейна ўелася ў тканіну! А ты заўсёды казала, што гэтая сукенка так мне пасуе!

Суддзя Дзі рэзка падняўся. Праз водар парфумы і затхлай касметыкі, змяшаны з лёгкім пахам вільготнага адзення, у гарачым пакоі запанавала такая невыносна-жаночая атмасфера, што яго нацягнутыя нервы не вытрымалі.

— Я трохі прагуляюся, — сказаў ён.

— Пан жа яшчэ не піў сваю ранішнюю гарбату! — усклікнула Першая пані. Але нічога не магло адцягнуць яе ўвагу ад выцвілых плямак на чырвонай сукенцы.

— Я вярнуся да сняданку, — прамармытаў суддзя. — Падайце мне тое сіняе ўбранне!

Паненка Цао дапамагла Другой пані нацягнуць адзежу на яго плечы і клапатліва спытала:

— Яно не занадта цяжкое для такой спёкі?

— Яно прынамсі сухое, — абарваў суддзя і тут жа зразумеў, што паненка Цао мае рацыю: шчыльная тканіна легла на яго спацелую спіну, як кальчуга. Але ён развітаўся і спусціўся ўніз.

Паўцёмным калідорам суддзя хутка прайшоў да маленькага чорнага выхаду з судовага будынку і ўзрадаваўся, калі ўбачыў, што яго старога сябра і радцы Хуна яшчэ няма. Радца добра ведаў суддзю — ён адразу адчуў бы, што той у кепскім настроі, і задаўся б пытаннем, што здарылася.

Суддзя адчыніў дзверы ўласным ключом і выслізнуў на вільготную пустынную вуліцу. І праўда, што здарылася, пытаўся ён у сябе, блукаючы ў вогкай імгле. Гэтыя сем месяцаў на яго першай незалежнай дзяржаўнай пасадзе былі, безумоўна, досыць сумныя. У першыя дні ён быў захоплены сваімі абавязкамі, потым адбылося забойства пані Хо і трагедыя ў крэпасці, але з таго часу ён займаўся выключна панылай руціннай працай: запаўняў фармуляры, падшываў паперы, выдаваў дазволы... У сталіцы папяровай працы таксама было шмат, але там гэта былі значныя дакументы. Больш за тое, яго цяперашняя акруга падпарадкоўвалася яму не цалкам. Увесь раён на поўнач ад ракі быў стратэгічна важны і знаходзіўся пад юрысдыкцыяй войска. А карэйскі квартал за Заходняй брамай меў уласную адміністрацыю. Суддзя злосна пнуў камень і вылаяўся. Тое, што падалося яму звычайнай галькай, выявілася верхавінай валуна, і чыноўнік моцна выцяў палец. Трэба штосьці вырашаць з паненкай Цао. Мінулай ноччу ён дзяліў з Першай пані ложак кахання, і яна зноў угаворвала яго ўзяць паненку Цао трэцяй жонкай. Абодвум пані яна падабаецца, казала Першая, дый сама паненка Цао марыць пра гэта больш за ўсё на свеце. “Дарэчы, — са сваёй звычайнай шчырасцю дадала Першая пані, — вашая другая жонка — цудоўная жанчына, але ў яе няма добрай адукацыі, а таму калі вы возьмеце разумную і начытаную дзяўчыну накшталт паненкі Цао, нашае жыццё зробіцца нашмат цікавейшым”. Але ці не была згода паненкі Цао ўсяго толькі ўдзячнасцю за тое, што суддзя ўратаваў яе ад вялікай бяды? У пэўным сэнсе ўсё было б прасцей, калі б яна так яму не падабалася. З іншага боку, хіба гэта правільна — жаніцца з жанчынай, якой не кахаеш? Як суддзя ён меў права на чатырох жонак, але трымаўся меркавання, што дзвюх больш чым дастаткова — хіба што абедзве выявяцца бясплоднымі. Усё гэта надта заблытана і складана. Пачаўся дождж, і суддзя яшчэ шчыльней захутаўся ў адзежы.

Убачыўшы шырокія прыступкі, што падымаліся да храма Канфуцыя, суддзя з палёгкай уздыхнуў. Трэці паверх яго заходняй вежы ператварылі ў маленькую гарбатню — там ён і вып’е ранішнюю гарбату, а пасля вернецца ў суд.

У нізкім васьмікутным пакоі неахайна апрануты служка нахіліўся над прылаўкам і жалезнымі шчыпцамі памешваў агонь у маленькай чайнай пліце. Суддзя Дзі задаволена адзначыў, што юнак яго не пазнаў, — настрою прымаць паклоны і ўшанаванні зусім не было. Ён замовіў чайнік і сухі ручнік і прысеў за бамбукавы столік перад прылаўкам.

Служка прынёс яму ў бамбукавым кошыку не надта чысты ручнік і сказаў:

— Хай пан хвілінку пачакае. Вада вось-вось закіпіць.

Пакуль суддзя насуха выціраў ручніком бараду, служка вярнуўся.

— Калі пан так рана падняўся, то, відаць, ужо чуў пра нядаўняе няшчасце, — тут служка паказаў пальцам на адчыненае акно, і калі суддзя адмоўна пахітаў галавой, ахвотна прадоўжыў. — Мінулай ноччу ў старой вартавой вежы, там, на балоце, аднаго пана рассеклі на кавалкі.

Суддзя Дзі тут жа кінуў ручнік.

— Забойства? Адкуль ты ведаеш?

— Мне расказаў хлопчык з бакалейнай лаўкі, пане. Ён падымаўся сюды з таварам, пакуль я выскрабаў падлогу. На світанні ён хадзіў у вартавую вежу, каб забраць у той вар’яткі качыныя яйкі, і сам усё бачыў. Дзяўчына плакала ў куце. Ён прымчаў у горад, папярэдзіў вартаўнікоў у блакгаўзе, і іх камандзір выправіўся да старой вежы са сваімі людзьмі. Зірніце, вунь і яны!

Суддзя Дзі падняўся і падышоў да акна. Адтуль было добра відаць шырокае зялёнае балота, што раскінуліся за зубчастымі гарадскімі мурамі і парасло трыснягом, а далей на поўнач, у туманнай далечы — шэрую ваду ракі. Ад прычала на поўнач ад горада да самотнай вежы ў сэрцы балота, пабудаванай з пашарпанай надвор’ем цэглы, вяла добра пратаптаная сцежка. Напаўдарозе ад вежы да прычала ў бок блакгаўза маршыравалі некалькі салдат у вастраверхіх шаломах.

— Забіты быў салдатам? — хутка спытаў суддзя. Хаця землі на поўнач ад горада знаходзіліся пад юрысдыкцыяй войска, любое злачынства, якое закранала звычайных грамадзянаў, мусіла разглядацца ў яго судзе.

— Магчыма. Звар’яцелая дзяўчына — глуханямая, але зрок у яе добры. Магчыма, дзеля прыватнай размовы ў вежу зазірнуў салдат — пан разумее, пра што я. А вось і вада ўскіпела!

Суддзя Дзі напружыў зрок. Цяпер ад блакгаўза ў горад скакалі двое вайскоўцаў, і іх коні шлёпалі па вадзе, якая дабралася нават да ўзгорыстай часткі дарогі.

— Вось, пане, і гарбата! Асцярожна, кубак вельмі гарачы. Я пастаўлю яго пану на падваконне. Не, я ўспомніў, забіты быў не салдатам. Хлопчык з бакалейнай казаў, што гэта стары гандляр, які жыў ля Паўночнай брамы, — ён ведаў яго ў твар. Ну, вайскоўцы хутка зловяць злачынцу. Яны такія — ого-го! — і ён ад захаплення пхнуў суддзю локцем. — Глядзіце, вунь яны! Хіба я не казаў, што яны — ого-го? Бачыце, яны цягнуць з блакгаўза хлопца ў кайданах? На ім карычневая рыбацкая куртка і нагавіцы. Ага, цяпер яны адвядуць яго ў крэпасць і...

— Нічога такога яны не зробяць! — гнеўна перарваў яго суддзя. Ён зрабіў паспешлівы глыток гарбаты і апёк рот. Потым расплаціўся і кінуўся ўніз па прыступках. Калі цывільны забіты іншым цывільным, справа, без сумневу, мусіць разглядацца ў яго судзе. Што за цудоўная магчымасць раз і назаўсёды паказаць вайскоўцам іх месца!

Яго апатыі быццам і не было. На рагу ён наняў у каваля каня, ускочыў у сядло і паскакаў да Паўночнай брамы. Ахоўнікі здзіўлена глядзелі ўслед расхрыстанаму вершніку, на галаве якога ледзь трымаўся начны каўпак. Але потым яны пазналі суддзю і ўскочылі, каб яго павітаць. Суддзя спешыўся і жэстам загадаў старэйшаму суправаджаць яго ў вартавое памяшканне за брамай.

— Што там на балоце за гармідар? — спытаў суддзя.

— Нехта знайшоў у старой вежы забітага, пане. Але вайскоўцы ўжо арыштавалі злачынцу і дапытваюць яго цяпер у блакгаўзе. Думаю, яны хутка выправяцца на прычал.

Суддзя Дзі сеў на бамбукавую лаву і даў старэйшаму некалькі медзякоў.

— Скажы аднаму са сваіх людзей купіць мне два макухавыя праснакі!

Макухавыя праснакі прыбылі з самай патэльні вулічнага гандляра і апетытна пахлі часнаком і цыбуляй, але суддзя не атрымаў ад ежы ніякай асалоды, хаця і быў галодны. Гарачая гарбата апякла яму язык, а розум быў заняты злоўжываннем вайскоўцамі сваёй уладай. Суддзя паныла думаў пра тое, што ў сталіцы ён ніколі не меў такіх трывог і праблем: там для кожнага чыноўніка, ад найвышэйшага да найніжэйшага, правілы падрабязна акрэслівалі шырыню яго паўнамоцтваў. Калі суддзя даеў макухавыя праснакі, увайшоў старэйшы ахоўнік.

— Вайскоўцы павялі арыштаванага на свой пост ля прычала, пане.

Суддзя Дзі ўскочыў.

— Ідзі за мной з чатырма людзьмі!

На рацэ ля прычала лёгкі брыз рассеяў туман. Вільготная адзежа суддзі прыліпла да плячэй. “Не хапала мне яшчэ прастуды”, — прамармытаў ён. Цяжка ўзброены вартаўнік правёў чыноўніка ў пустую чакальню паста.

Ля задняй сцяны пакоя за грубым драўляным сталом сядзеў высокі вайсковец у кальчузе і востраканечным шаломе. Маруднымі стараннымі рухамі пэндзліка для пісьма ён запаўняў фармуляр.

— Я суддзя Дзі, — пачаў новапрыбылы, — і жадаю ведаць...

Раптам ён замаўчаў [1]. Камандзір падняў вочы. Яго твар перасякаў жахлівы белы шнар, які ішоў праз усю левую шчаку і разразаў рот. Знявечаныя вусны былі напалову схаваныя няроўнымі вусамі. Перш чым суддзя прыйшоў у сябе ад нечаканасці, камандзір падняўся з-за стала, бадзёра адсалютаваў госцю і рэзкім голасам сказаў:

— Рады пана бачыць. Я акурат скончыў для пана справаздачу, — паказаўшы ў кут, дзе на падлозе стаялі пакрытыя прасціной насілкі, ён дадаў. — Мярцвяк тут, а забойца ў заднім пакоі. Мяркую, пан адразу забярэ яго ў турму пры судзе?

— Без-зумоўна, — адказаў суддзя, запінаючыся.

— Выдатна, — камандзір склаў аркуш, на якім пісаў, і працягнуў яго суддзю. — Сядайце, пане. Калі пан мае хвілінку, я хацеў бы сам пра ўсё расказаць.

Суддзя Дзі заняў месца ля стала і жэстам прапанаваў камандзіру таксама сесці. Пагладжваючы доўгую бараду, ён адзначыў пра сябе, што справа павярнулася зусім не так, як ён чакаў.

— Што ж, — пачаў камандзір, — балота я ведаю як свае пяць пальцаў. Тая глуханямая дзяўчына, якая жыве ў вежы, — усяго толькі бяскрыўдная вар’ятка. А таму калі мне далажылі, што ў яе пакоі ляжыць забіты, я адразу падумаў пра ўзброенае рабаўніцтва і паслаў сваіх людзей прачасаць балота ад вежы да берага ракі.

— Чаму менавіта той раён? — перарваў яго суддзя. — Ці не магло гэта здарыцца на дарозе, і забойца потым проста схаваў цела ў вежы?

— Наўрад ці, пане. Наш блакгаўз стаіць на сярэдзіне дарогі ад прычала да старой вежы. Згодна з загадам мае людзі ўвесь дзень за ёй сочаць — як вы разумееце, каб не прапусціць у горад карэйскіх шпіёнаў. А ноччу дарога патрулюецца. Дарэчы, яна — адзіны спосаб перасячы балота. Мясцовасць тут падступная: любы, хто спрабуе прабрацца напрасткі, рызыкуе трапіць у багну ці ў зыбун і патануць. Калі мае людзі знайшлі цела, яно было яшчэ цёплым, а таму мы вырашылі, што няшчасны быў забіты за некалькі гадзінаў да світання. Міма блакгаўза праходзіў толькі хлопчык з бакалейнай, значыць, і забойца, і ахвяра прыбылі з поўначы. Ад вежы да берага праз трыснёг ідзе сцяжынка, і знаёмы з мясцовасцю чалавек мог па ёй праслізнуць незаўважна для вартаўнікоў у блакгаўзе, — камандзір пагладзіў вусы і дадаў. — Калі толькі абміне нашыя рачныя патрулі.

— Вашыя людзі схапілі злачынцу ля вады?

— Так, пане. Яны знайшлі маладога рыбака (яго завуць Ван Санлан), калі той хаваўся ў сваім чоўне сярод трыснягу на поўнач ад вежы. Ён спрабаваў адмыць заплямленыя крывёй нагавіцы. Калі мае людзі яго паклікалі, ён адштурхнуўся ад берага і паспрабаваў выграбці на сярэдзіну ракі. Лучнікі пусцілі ў чаўнок некалькі стрэлаў з вяроўкамі, і ён ачомацца не паспеў, як яго разам з лодкай вярнулі на бераг. Ён адмаўляў, што ведае пра мерцвяка ў вежы, сцвярджаючы, што збіраўся туды, каб аднесці глуханямой дзяўчыне вялікага карпа, а нагавіцы запэцкаў крывёй, калі таго карпа чысціў. Сказаў, што чакае світання, каб ісці да яе. Мы яго абшукалі і вось што знайшлі ў поясе.

Камандзір развярнуў на стале невялікі папяровы пакунак і паказаў суддзю тры бліскучыя срэбныя зліткі.

— Мы апазналі труп дзякуючы знойдзеным пры ім візітоўкам.

Ён вытрас на стол змесціва вялікага канверта. Там апроч візітовак былі два ключы, трохі дробязі і закладны квіток. Паказаўшы на квіток, вайсковец сказаў:

— Гэты шматок паперы ляжаў на падлозе ля самага цела. Відаць, вываліўся з курткі. Забіты — ліхвяр Чун, уласнік добра ўсім вядомай вялікай ліхвярскай канторы ля Паўночнай брамы. Багаты чалавек. Любіць рыбалку. Мая версія такая: мінулай ноччу Чун сустрэў Вана дзесьці на прычале, наняў яго разам з чоўнам дзеля начной рыбалкі на рацэ. Потым Ван неяк завабіў старога ў пустыннае месца на поўнач ад вежы і забіў. Ён збіраўся схаваць цела ў вежы — як вы ведаеце, яна напалову разбураная, а дзяўчына карыстаецца толькі другім паверхам, — але вар’ятка абудзілася і ўбачыла нязванага госця. Таму ён проста ўзяў грошы і збег. Але пан жа разумее, гэта толькі версія, бо дзяўчына выступіць сведкай не можа. Мае людзі спрабавалі з яе нешта выцягнуць, але яна толькі нашкрэбла нешта няўцямнае пра духа дажджу і чорных дэманаў. А потым з ёй здарыўся прыпадак, яна пачала смяяцца і плакаць адначасова. Бедная бяскрыўдная вар’ятка, — камандзір устаў, падышоў да насілак і падняў прасціну. — А вось і труп.

Суддзя схіліўся над хударлявым целам у сціплым карычневым убранні. На грудзях мерцвяка цямнелі плямы загусцелай крыві, а рукавы былі пакрытыя высахлым брудам. Твар здаваўся ціхамірным, але надта выродлівым: падобны да ліхтара абрыс, кручкаваты, трохі крывы нос і завялікі рот з тонкімі вуснамі. Галава з доўгімі сівымі пасмамі была непакрытая.

— Не надта прыгожы пан, — зазначыў камандзір. — Хаця хто б гаварыў! — Сутарга сказіла яго знявечаны твар. Вайсковец падняў цела за плечы і паказаў суддзю вялікую чырвоную пляму на спіне: — Забіты ззаду ўдарам нажа, які, мусіць, трапіў проста ў сэрца. Труп ляжаў на спіне ля самага пакоя дзяўчыны, на падлозе, — тут камандзір апусціў цела. — Агідны хлопец гэты рыбак. Забіў Чуна, а пасля спаласаваў яго грудзі і жывот. Я кажу пасля, бо, як пан бачыць, гэтыя раны спераду крывавілі не так, як можна было чакаць. Ага, а вось і мой апошні доказ! Ледзь не забыў! — Ён высунуў шуфляду, разгарнуў скрутак з прамасленай паперы і, перадаўшы суддзю доўгі вузкі нож, сказаў. — Яго, пане, знайшлі ў чоўне Вана. Рыбак сцвярджае, што чысціў ім карпа. Глядзіце, ні кроплі крыві. А з чаго б ёй там быць? Вакол хапае вады, каб, вярнуўшыся да чоўна, памыць нож. Ну вось, пане, і ўсё. Думаю, Ван хутка прызнаецца. Я ведаю гэты тып бандытаў-пачаткоўцаў. Спачатку яны мужна ўсё адмаўляюць, але пасля стараннага допыту прызнаюцца, і потым іх не спыніць. Дык якія будуць загады?

— Спачатку я мушу паведаміць найбліжэйшым сваякам, а потым правесці афіцыйнае апазнанне цела. А таму...

— Я пра гэта ўжо паклапаціўся. Чун быў удаўцом, а два яго сыны жывуць у сталіцы. Цела толькі што афіцыйна апазнаў пан Лінь, кампаньён памерлага, які жыў разам з ім.

— Вы і вашыя людзі цудоўна з усім справіліся, — сказаў суддзя. — Скажыце сваім людзям перадаць арыштаванага і труп ахоўнікам, што прыйшлі са мной. — Падымаючыся, суддзя дадаў: — Я напраўду шчыра ўдзячны вам за хуткія і ўмелыя дзеянні. Гэта справа цывільнага суду, і вайскоўцы маглі проста прывесці забойцу да нас і пра ўсё забыць. Але вы закінулі свае абавязкі, каб дапамагчы мне, і...

Скалечаны твар скрывіўся ў сутарзе, якая мусіла абазначаць усмешку. Суддзя Дзі вярнуўся ў вартавое памяшканне ля Паўночнай брамы. Ён вырашыў тут жа дапытаць арыштаванага, а потым адправіцца на месца злачынства. Калі ён перанясе расследаванне ў суд, сляды могуць страціць свежасць. Справа здавалася зусім простай, але хто ведае. Суддзя сеў на адзінае крэсла ў пустым вартавым памяшканні, каб прачытаць справаздачу камандзіра. Новых звестак там было няшмат. Поўная імя ахвяры — Чун Фан, узрост — пяцьдзясят шэсць гадоў, імя дзяўчыны — Івалга, узрост — дваццаць гадоў, узрост маладога рыбака — дваццаць два гады. Суддзя дастаў з рукава візітоўкі і закладны квіток. Карткі сцвярджалі, што пан Чун нарадзіўся ў правінцыі Шаньсі. Квіток быў з вялікай чырвонай пячаткай, уяўляў сабой копію з ліхвярскай канторы Чуна і датычыў чатырох парчовых убранняў, за якія пані Пэй атрымала ўчора тры срэбныя зліткі і якія абавязаная выкупіць праз тры месяцы пад пяць працэнтаў у месяц.

Увайшоў старшыня, а за ім два ахоўнікі ўнеслі насілкі.

— Пастаўце ў куце, — загадаў суддзя Дзі. — Вы ведаеце пра глуханямую дзяўчыну, што жыве ў вартавой вежы? Вайскоўцы падалі толькі яе імя — Івалга.

— Яе так і клічуць, пане. Яна — дзіця-знайда. Старая перачніца, якая гандлявала ля гэтай брамы садавіной, яе выхавала і навучыла пісаць некалькі іерогліфаў і трошкі тлумачыцца знакамі. Калі два гады таму старая памерла, дзяўчына перабралася ў вежу, бо яе заўсёды дапякалі вулічныя абадранцы. Там яна разводзіць качак і прадае яйкі. Людзі празвалі яе Івалгай у насмешку з яе нематы, і мянушка прыжылася.

— Добра. Вядзіце сюды арыштаванага.

Ахоўнікі пад рукі ўвялі каржакаватага моцнага юнака. Узлахмачаныя валасы падалі яму на наморшчаны лоб. У яго быў хітры смуглявы твар, а карычневая куртка і нагавіцы тут і там былі неахайна залатаныя. Рукі хлопца скавалі за спінай, яшчэ адна пятля тонкага ланцуга абвінала яго аголеную дужую шыю. Ахоўнікі кінулі яго на калені перад суддзём.

Суддзя Дзі некаторы час маўкліва аглядаў юнака, думаючы пра тое, як найлепш пачаць допыт. Звонку даносіўся шум дажджу, а ў пакоі чулася толькі цяжкое дыханне арыштаванага. Суддзя дастаў з рукава тры срэбныя зліткі.

— Дзе ты іх узяў?

Малады рыбак прамармытаў нешта на мясцовым дыялекце, і суддзя не зусім яго зразумеў. Адзін з ахоўнікаў ударыў зняволенага і прарыкаў:

— Гавары гучней!

— Гэта мае зберажэнні. Каб купіць сапраўдны карабель.

— Калі ты ўпершыню сустрэў пана Чуна?

Хлопец выбухнуў цэлым патокам бруднай лаянкі. Ахоўнік, які стаяў справа, спыніў яго, плазам ударыўшы па патыліцы мячом. Ван затрос галавой і змрочна адказаў:

— Я ведаў яго толькі ў твар, бо ён часта бадзяўся ля прычала, — і раптам злосна дадаў: — Калі б сустрэў, то забіў бы гэтую брыдкую свінню, гэтага ашуканца…

— Пан Чун падмануў цябе, калі ты заклаў нешта ў яго канторы? — тут жа спытаў суддзя Дзі.

— Думаеце, у мяне ёсць што закладаць?

— А чаму ты назваў яго ашуканцам?

Ван зірнуў на суддзю, і чыноўніку падалося, што ён злавіў у гэтых маленькіх, налітых крывёй вачах хітраватую іскрынку. Юнак зноў апусціў галаву і панура адказаў:

— Таму што ўсе ліхвяры — ашуканцы.

— Што ты рабіў мінулай ноччу?

— Я ўжо расказаў салдатам. У латку ля прычала з’еў місу локшыны і падняўся па рацэ. Злавіўшы некалькі добрых рыбін, прыстаў да берага на поўнач ад вежы і задрамаў. Я збіраўся на світанні аднесці трохі рыбы ў вежу для Івалгі.

Тое, як хлопец вымавіў імя дзяўчыны, змусіла суддзю задумацца. Ён марудна прамовіў:

— Ты адмаўляеш, што забіў ліхвяра. А калі апроч цябе там знаходзілася толькі гэтая дзяўчына, значыць, забойца — яна.

Нечакана Ван падскочыў і кінуўся да суддзі. Рухаўся ён так хутка, што ахоўнікі схапілі яго ледзь не ў апошні момант. Ван адбіваўся, але атрымаў удар па галаве і адляцеў назад, грукочучы ланцугамі па каменных плітах.

— Вы, судзейскія сабакі, вы… — крычаў юнак, спрабуючы падняцца.

Старэйшы ахоўнік ударыў яго нагой па твары, ад чаго галава хлопца з гучным стукам ударылася аб падлогу. Юнак заціх, з яго рассечанай губы струменіла кроў.

Суддзя падняўся і нахіліўся над застылым целам. Ван страціў прытомнасць.

— Не смейце збіваць зняволенага, пакуль не атрымаеце такі загад, — строга сказаў суддзя старэйшаму вартаўніку. — Вярніце яго да прытомнасці і адвядзіце ў камеру. Падчас дзённага паседжання я дапытаю яго афіцыйна. Вы, старшыня, дастаўце труп у суд. Дакладзіце пра ўсё радцу Хуну і перадайце яму справаздачу вайсковага камандзіра. Скажыце радцу, што я вярнуся ў суд, як толькі распытаю тут некалькіх сведкаў.

Суддзя зірнуў у акно: на вуліцы ўсё яшчэ дажджыла.

— І прынясіце мне прамасленай тканіны.

Перад тым як выйсці вонкі, суддзя агарнуў тканінай галаву і плечы, а потым скочыў у сядло нанятага каня. Ён праскакаў уздоўж прычала і павярнуў на пратаптаную дарогу, што вяла ў балота.

Туман трохі развеяўся, а таму суддзя з цікавасцю разглядаў зялёны пустынны абшар па абодва бакі сцяжыны. У трыснягу звіваліся вузкія канавы, тут і там разліваючыся вялікімі ставамі, што цьмяна паблісквалі ў шэрым святле. Раптам над вадой паднялася чарада дробных балотных птушак, і іх пранізлівыя крыкі падаліся злавеснымі на бязлюдным прасторы. Суддзя адзначыў, што вада пасля начной залевы ўжо трохі сышла: дарога, заплямленая вялікімі шматкамі раскі, падсохла. Калі чыноўнік мінаў блакгаўз, яго спыніў вартавы, але адразу ж прапусціў, убачыўшы выцягнутае з бота пасведчанне суддзі.

Старая вартавая вежа была няўклюдным квадратным будынкам на пяць паверхаў і стаяла на прыўзнятым фундаменце з груба абчасаных каменных блокаў. Аканіцы аркавых вокнаў былі выбітыя, а дах над верхнім ярусам асеў. На зламанай бэльцы сядзелі дзве вялікія чорныя вароны.

Наблізіўшыся, суддзя пачуў краканне. Ля падножжа вежы некалькі тузінаў качак шчыльна збіліся ў чародку ля бруднага стаўка. Калі суддзя спешыўся і прывязаў каня да пакрытай мохам каменнай калоны, качкі абурана зашумелі і запырскалі вадой.

Ніжні паверх вежы быў проста цёмным і нізкім склепам, дзе захоўваліся толькі рэшткі старой папсаванай мэблі. На другі паверх вяла драўляная лесвіца, вузкая і хісткая. Суддзя падняўся наверх, спрабуючы трымацца левай рукой за сырую заплеснелую сцяну, бо парэнчаў не было.

Калі ён ступіў у напаўцёмны голы пакой, сярод лахманоў, накіданых на груба збітыя нары пад аркавым акном, нешта заварушылася. З-пад бруднай пералатанай коўдры пачуліся нейкія хрыплыя гукі. Хутка агледзеўшы пакой, суддзя ўбачыў, што ў ім няма нічога, апроч простага стала з патрэсканым чайнікам і бамбукавай лавы ля бакавой сцяны. У куце месцілася цагляная печка, на якой стаў вялікі кацёл, а перад ім — плецены кош, да краёў запоўнены драўняным вугалем. У паветры вісеў смурод плесні і поту.

Раптам хтосьці адкінуў коўдру на падлогу. З нараў саскочыла напалову аголеная дзяўчына з доўгімі ўзлахмачанымі валасамі. Кінуўшы погляд на суддзю, яна зноў выдала дзіўны хрыплы гук і збегла ў самы далёкі кут. Там яна, моцна дрыжучы, упала на калені.

Суддзя Дзі зразумеў, што яго выгляд не надта варты даверу. Ён тут жа выцягнуў з бота сваё пасведчанне, развярнуў яго і рушыў да скурчанай дзяўчыны, паказваючы пальцам на вялікую чырвоную пячатку суду. Потым ён паказаў пальцам на сябе.

Дзяўчына, відаць, зразумела, хто ён, бо паднялася і вялікімі вачыма, поўнымі жывёльнага страху, утаропілася ў госця. На ёй не было нічога, апроч падранай спадніцы, завязанай на таліі кавалкам саламянай вяроўкі. Дзяўчына была стройнай і добра складзенай, а яе скура здавалася надзіва белай. Круглы твар быў запэцканы, але не выклікаў агіды. Суддзя Дзі падсунуў да стала лаву і прысеў. Адчуўшы, што трэба падбадзёрыць спалоханую дзяўчыну нейкім звыклым для яе жэстам, ён узяў чайнік і адпіў з носіка, як робяць сяляне.

Дзяўчына падышла да стала, плюнула на брудную стальніцу і ўказальным пальцам вывела ў сліне некалькі крывых іерогліфаў. Суддзя прачытаў: “Ван яго не забіваў”.

Чыноўнік кіўнуў. Ён пырснуў на стальніцу гарбаты і жэстам прапанаваў начыста яе выцерці. Яна паслухмяна пайшла да ложка, узяла анучу і пачала з ліхаманкавай хуткасцю мыць стол. Суддзя Дзі скіраваўся да печкі і выбраў некалькі кавалкаў вугалю. Вярнуўшыся на сваё месца, ён напісаў вугалем на стальніцы: “Хто яго забіў?”

Дзяўчына задрыжала. Яна ўзяла іншы вугольчык і напісала адказ: “Злыя чорныя дэманы”. Потым узбуджана паказала на гэтыя словы і хутка дадала: “Злыя дэманы прыйшлі замест добрага духа дажджу”.

“Ты бачыла чорных дэманаў?” — напісаў суддзя.

Яна рашуча затрэсла зблытанымі валасамі. Потым яшчэ раз тыкнула пальцам у слова “чорныя”, паказала на свае заплюшчаныя вочы і зноў затрэсла галавой. Суддзя ўздыхнуў. Затым напісаў: “Ты ведаеш пана Чуна?”

Яна разгублена глядзела на надпіс, засунуўшы палец у рот. Суддзя зразумеў, што складаны іерогліф, які абазначае прозвішча Чун, ёй невядомы. Ён перакрэсліў іерогліф і напісаў: “Ты ведаеш старога?”

Яна зноў пахітала галавой. З выразам агіды яна абвяла апошняе слова і дапісала: “Вельмі шмат крыві. Добры дух дажджу больш не прыйдзе. Больш не будзе срэбра для лодкі Вана”. Па яе брудных шчоках пабеглі слёзы, і яна дрыготкай рукой вывела: “Добры дух дажджу заўсёды спаў са мной”. Яна паказала на нары.

Суддзя Дзі дапытліва зірнуў на яе. Ён ведаў, што духі дажджу граюць значную ролю ў мясцовым фальклоры, а таму няма нічога дзіўнага, што яны з’яўляюцца ў снах і фантазіях гэтай спелай дзяўчыны. З іншага боку, яна згадала срэбра. Ён напісаў: “Як выглядае дух дажджу?”

Круглы твар дзяўчыны заззяў. Шырока ўсміхаючыся, яна вялікімі няўклюднымі іерогліфамі накрэмзала: “Высокі. Прыгожы. Добры”. Потым абвяла кожнае з трох словаў і, сціснуўшы аголеныя грудзі, у захапленні захіхікала.

Суддзя адвёў позірк. Калі ён зноў зірнуў на яе, яна апусціла рукі і шырокімі вачыма глядзела проста перад сабой. Раптам выраз яе твару зноў змяніўся. Хуткім рухам рукі яна паказала на аркавае акно і выдала некалькі незразумелых гукаў. Суддзя агледзеўся. У свінцовым небе ледзь заўважна выгнулася бляклая вясёлка. Дзяўчына з дзіцячай радасцю ўтаропілася ў яе, прыадкрыўшы рот. Суддзя ўзяў кавалак вугалю і задаў апошняе пытанне: “Калі прыходзіць дух дажджу?”

Дзяўчына доўга ўглядалася ў кожнае слова, безуважна перабіраючы пальцамі свае доўгія засаленыя пасмы. Урэшце яна нахілілася над сталом і напісала: “Чорнай ноччу ў вялікі дождж”. Затым абвяла словы “чорнай” і “дождж” і дадала: “Ён прыходзіў з дажджом”.

Раптам яна закрыла твар рукамі і пачала сутаргава румзаць. Усхліпы патаналі ў гучным краканні качак унізе. Зразумеўшы, што яна не чуе птушак, суддзя падняўся і паклаў руку на яе голае плячо. Калі яна падняла твар, ён быў уражаны дзікім, амаль вар’яцкім бляскам яе вачэй. Ён тут жа намаляваў на стале качку і дадаў слова “галодны”. Яна прыціснула далонь да рота і пабегла да печкі. Суддзя Дзі ўважліва агледзеў каменныя пліты перад уваходам і ўбачыў на бруднай запыленай падлозе чыстую пляму. Відавочна, там ляжаў мярцвяк, і вайскоўцы пачысцілі падлогу. Ён з раскаяннем успомніў, што думаў пра іх кепска. Але тут ён пачуў гукі ўдараў і павярнуўся. Дзяўчына секла засохлыя рысавыя праснакі на прымітыўнай апрацоўчай дошцы. Заклапочана нахмурыўшыся, суддзя сачыў, як умела яна ўпраўляецца з вялікім кухонным нажом. Нечакана яна ўторкнула нож доўгім вострым лязом у дошку і, праз плячо ўсміхнуўшыся суддзі, закінула пасечаныя рысавыя праснакі ў кацёл на печцы. Суддзя кіўнуў і спусціўся рыплівымі прыступкамі ўніз.

Дождж скончыўся, і над балотам збіралася лёгкая імгла. Адвязваючы каня, суддзя сказаў шумным качкам:

— Не хвалюйцеся, сняданак амаль гатовы!

Чыноўнік пусціў каня спакойным крокам. З ракі напаўзаў усё гусцейшы туман. Над высокім трыснягом плылі дзіўнай формы аблокі, выцягваючыся тут і там доўгімі звілістымі пасмамі, што нагадвалі шчупальцы нейкіх пачварных марскіх істотаў. Суддзю захацелася даведацца больш пра старадаўнія, глыбока ўкаранёныя ў мінулае вераванні мясцовых жыхароў. Шмат дзе людзі дагэтуль шануюць рачнога бога ці багіню, а сяляне і рыбакі прыносяць ім на беразе ахвяры. Такія рэчы, відаць, захапілі слабы розум глуханямой дзяўчыны, ператварыўшыся для яе з выдумкі ў рэальнасць, і цяпер яна не здольная ўтаймаваць патрэбы свайго саспелага цела. Суддзя пусціў каня галопам.

Вярнуўшыся да Паўночнай брамы, ён загадаў старэйшаму ахоўніку правесці яго да канторы ліхвяра. Калі яны дабраліся да вялікай, паспяховай з выгляду лаўкі, ахоўнік патлумачыў, што жыллё Чуна знаходзіцца акурат за канторай і выходзіць у вузкую вулку, што вядзе да галоўнага ўваходу лаўкі. Суддзя Дзі сказаў ахоўніку вяртацца, а сам пагрукаў у чорныя лакаваныя дзверы.

Яму адчыніў хударлявы чалавек у ахайным карычневым уборы з чорным пасам і вышыўкай. Здзіўлена зірнуўшы на прамоклага барадатага госця, ён сказаў:

— Вы, мабыць, да ліхвяра. Я акурат іду туды і зараз вас прыму.

— Я суддзя, — нецярпліва перарваў яго чыноўнік. — Я толькі што вярнуўся з балота. Аглядаў месца, дзе быў забіты ваш кампаньён. Давайце зойдзем, я хачу аддаць вам тое, што знайшлі пры целе.

Пан Лінь вельмі нізка пакланіўся і правёў высокапастаўленага наведніка ў маленькую, але вельмі ўтульную бакавую гасцёўню, застаўленую цяжкой мэбляй з чорнага дрэва ў традыцыйным стылі. Ён цырымонна падвёў суддзю да шырокай лавы ў глыбіні пакоя. Пакуль гаспадар даваў старому слугу загад прынесці гарбату і печыва, госць з цікавасцю агледзеў вялікую клетку з меднага дроту, што стаяла на стале ля сцяны. У клетцы пырхаў з тузін рысавак [2].

— Захапленне майго кампаньёна, — з паблажлівай усмешкай сказаў пан Лінь. — Ён вельмі любіць птушак і заўсёды сам іх корміць.

Са сваёй акуратна падстрыжанай бародкай і маленькімі, трохі пасівелымі вусамі Лінь на першы погляд здаваўся звычайным гандляром сярэдняга дастатку. Аднак прыгледзеўшыся, можна было заўважыць глыбокія складкі вакол тонкага рота і вялікія змрочныя вочы, што сведчылі пра яркую натуру. Суддзя паставіў кубак на стол і выказаў афіцыйныя спачуванні ў сувязі са стратай кампаньёна. Затым дастаў з рукава канверт і вытрас адтуль візітоўкі, трохі дробязі, закладны квіток і два ключы.

— Гэта ўсё, пан Лінь. Ваш кампаньён звычайна меў пры сабе вялікія грошы?

— Не, пане. Адышоўшы ад справаў канторы два гады таму, ён не меў патрэбы насіць шмат грошай. Але, безумоўна, калі ён учора выходзіў, то ўзяў з сабой штосьці апроч гэтых некалькіх медзякоў.

— Калі гэта было?

— Каля васьмі, пане. Пасля таго як мы разам павячэралі наверсе. Ён сказаў, што хоча прагуляцца ўздоўж прычала.

— Пан Чун часта так рабіў?

— Канечне, пане! Ён заўсёды быў па натуры самотнікам і пасля смерці жонкі два гады таму пачаў выходзіць на доўгія шпацыры ледзь не праз вечар — і заўсёды адзін. Ежу яму звычайна падавалі ў яго маленькай бібліятэцы наверсе, хаця я жыву ў гэтым жа доме, у левым крыле. Аднак мінулым вечарам нам трэба было абмеркаваць адну справу, а таму ён спусціўся да мяне, каб павячэраць разам.

— У вас няма сям’і, пан Лінь?

— Няма, пане. Ніколі не хапала часу стварыць сямейны ачаг. У майго партнёра быў капітал, але надзённыя праблемы канторы ён збольшага пакінуў на мяне. А калі адышоў ад справаў, увогуле перастаў туды зазіраць.

— Разумею. Але вернемся да мінулага вечара. Пан Чун казаў, калі збіраецца вярнуцца?

— Не казаў, пане. Слуга атрымаў загад не чакаць яго і класціся спаць. Разумееце, мой кампаньён быў заўзятым рыбаком. Калі на прычале яму здавалася, што надвор’е абяцае добры ўлоў, ён наймаў лодку і ўсю ноч праводзіў на рацэ.

Суддзя Дзі марудна кіўнуў.

— Вайскоўцы сказалі вам, што арыштавалі маладога рыбака на імя Ван Санлан. Ваш кампаньён часта наймаў яго лодку?

— Гэтага, пане, сказаць не магу. Пан жа разумее, што на прычале вельмі шмат рыбакоў, і амаль усе яны прагнуць зарабіць некалькі лішніх медзякоў. Але калі мой партнёр наняў лодку Вана, я не дзіўлюся, што ён трапіў у бяду, бо Ван — запальчывы малады нягоднік. Я ведаю пра яго, бо і сам час ад часу рыбачу і часта чую, што пра яго гавораць іншыя. Пануры, замкнёны юнак, — пан Лінь уздыхнуў. — Я хацеў бы хадзіць на рыбалку гэтак жа часта, як мой кампаньён, але ў мяне няма столькі часу… Што ж, пане, шчыра дзякую, што ласкава прынеслі гэтыя ключы. Якое шчасце, што Ван іх не забраў і не выкінуў! Большы ключ — ад бібліятэкі майго былога кампаньёна, меншы — ад куфра, дзе ён захоўваў важныя паперы, — ён пацягнуўся, каб узяць ключы, але суддзя Дзі паклаў на іх руку і вярнуў у рукаў.

— Калі ўжо я тут, пан Лінь, — сказаў ён, — трэба адразу ж зірнуць і на паперы пана Чуна. Пакуль забойства не расследаванае да канца, усе паперы ахвяры часова пераходзяць у рукі ўлады як магчымы ключ да злачынства. Адвядзіце мяне, калі ласка, у бібліятэку.

— Канечне, пане.

Шырокімі сходамі Лінь правёў суддзю наверх і паказаў на дзверы ў канцы калідора. Вялікім ключом суддзя адамкнуў іх.

— Вялікі дзякуй, пан Лінь. Неўзабаве далучуся да вас унізе.

Суддзя ўвайшоў у маленькі пакой, зачыніў дзверы на ключ і разнасцежыў нізкае шырокае акно. У шэрым тумане блішчэлі дахі суседніх дамоў. Суддзя павярнуўся і сеў ў глыбокі фатэль за пісьмовым сталом з ружовага дрэва тварам да акна. Няўважна зірнуўшы на абабіты жалезам куфар, што стаяў ля фатэля, ён адкінуўся на спінку і задуменна агледзеўся. Бездакорна чыстая маленькая бібліятэка была мэбляваная ў простым і старамодным стылі. Два скруткі з добрымі пейзажамі ўпрыгожвалі пафарбаваныя ў белае сцены без адзінай плямы, а на цяжкім століку з эбенавага дрэва ля сцяны стаялі ў вытанчанай вазе з белай парцаляны звялыя ружы. Стосы кніг у парчовых вокладках былі акуратна складзеныя на паліцах невялікай кніжнай шафы з плямістага бамбуку.

Склаўшы рукі, суддзя задумаўся, што можа звязваць гэтую густоўна абсталяваную бібліятэку, якая, здавалася, належыць не ліхвяру, а вытанчанаму навукоўцу, і голым зацемненым пакоем у напалову разбуранай вартавой вежы, што дыхае гніллю, бяздзеяннем і жахлівай галечай. Але хутка ён страсянуў галавой, нахіліўся і адамкнуў куфар. Яго змесціва адпавядала прадуманай акуратнасці пакоя: скруткі дакументаў, кожны з якіх перавязаны зялёнай стужкай і забяспечаны цэтлікам. Суддзя выбраў скруткі, пазначаныя як “прыватнае ліставанне” і “рахункі і квіткі”. Сярод першых апынулася некалькі важных лістоў пра ўкладанні капіталу і пасланні ад сыноў, якія збольшага расказвалі пра свае сямейныя справы і пыталі ў пана Чуна настаўлення і парады. Перагортваючы другі скрутак, суддзя Дзі спрактыкаваным вокам адразу ж убачыў, што забіты вёў сціплы, амаль аскетычны лад жыцця. Раптам суддзя нахмурыўся. Ён заўважыў ружовы квіток, на якім стаяла пячатка дома спатканняў, выпісаны паўтара году таму. Ён хутка прабегся па ўсім скрутку і знайшоў яшчэ з паўтузіна такіх квіткоў, апошні з якіх быў паўгадовай даўніны. Пасля смерці жонкі пан Чун, відаць, спадзяваўся суцешыцца прадажным каханнем, але хутка зразумеў марнасць спробаў. Суддзя з уздыхам адкрыў вялікі канверт, які дастаў з самага дна куфра. На ім было напісана: “Апошняя воля і тэстамент”. Дакумент быў датаваны мінулым годам і сведчыў, што ўся зямельная маёмасць пана Чуна — а яе было шмат — пераходзіць да двух яго сыноў разам з дзвюма трацінамі капіталу. Астатнюю траціну і ліхвярскую кантору атрымлівае пан Лінь “як падзяку за доўгую і верную службу”.

Суддзя склаў паперы ў куфар, падняўся і пайшоў агледзець кніжную шафу. Усе кнігі, апроч двух зачытаных слоўнікаў, аказаліся паэтычнымі зборнікамі, поўнымі выданнямі самых значных лірычных паэтаў былых часоў. Суддзя прагартаў адзін з тамоў. Кожнае складанае слова было забяспечанае каментаром, прыпісаным чырвоным атрамантам невыразным, нават неахайным почыркам. Задуменна кіўнуўшы, чыноўнік паставіў кнігу на месца. Цяпер ён усё зразумеў. Пан Чун займаўся справай, а менавіта ліхвярствам, якое не дазваляла развіваць чалавечыя пачуцці. Яго надзвычай выродлівы твар не мог выклікаць пяшчотную прыхільнасць. Тым не менш, у глыбіні душы ён быў рамантыкам, што імкнуўся да найвышэйшых сфераў, але хаваў свае мары і вельмі іх саромеўся. Як гандляр ён, безумоўна, атрымаў толькі пачатковую адукацыю, а таму рупліва пашыраў свае веды ў галіне літаратуры, чытаючы са слоўнікам старых паэтаў у гэтай маленькай бібліятэцы, якую так старанна замыкаў.

Суддзя Дзі зноў прысеў і дастаў з рукава складны веер. Абмахваючыся ім, ён засяродзіўся на гэтым незвычайным ліхвяру. Адзіным, што выдавала вонкаваму свету чуллівасць яго натуры, была яго любоў да птушак, пра якую сведчыла клетка з рысаўкамі. Урэшце суддзя падняўся. Раптам, ужо амаль схаваўшы веер назад у рукаў, ён застыў. Хвіліну ён рассеяна глядзеў на веер, потым паклаў яго на стол і, апошні раз агледзеўшы пакой, спусціўся ўніз.

Гаспадар дому прапанаваў яму яшчэ кубак гарбаты, але суддзя Дзі адмоўна пахітаў галавой. Перадаючы Ліню два ключы, ён сказаў:

— Цяпер я мушу вярнуцца ў суд. У паперах я не знайшоў ніякіх звестак пра тое, што ў вашага партнёра былі ворагі. Думаю, справа і праўда была тым, чым здаецца, — забойствам дзеля рабаўніцтва. Для беднага чалавека тры срэбныя зліткі — сапраўднае багацце. Чаго гэтыя птушкі мітусяцца? — суддзя падышоў да клеткі. — Ага, у іх забрудзілася вада. Варта загадаць слугам памяняць яе, пан Лінь, — Лінь нешта прамармытаў і пляснуў у далоні. Суддзя памацаў свой рукаў і ўсклікнуў: — Які ж я няўважлівы! Забыў уверсе на стале свой веер. Не прынесяце яго?

Як толькі Лінь паспяшаўся да сходаў, увайшоў стары слуга. Калі суддзя нагадаў яму, што ваду ў птушынай паілцы трэба кожны дзень мяняць, слуга кіўнуў і прамовіў:

— Як казаў пра гэта пану Ліню, але ён мяне не слухае. Зусім не клапоціцца пра птушак. А вось мой гаспадар — ён іх любіў і…

— Пан Лінь паведаміў мне, што мінулай ноччу ён паспрачаўся наконт гэтых птушак з вашым гаспадаром.

— Ну так, пане, яны абодва трохі ўзбудзіліся. Але з чаго б, пане?.. Калі я прынёс рыс, то пачуў толькі некалькі словаў пра птушак.

— Гэта няважна, — хутка сказаў суддзя, бо пачуў, як Лінь спускаецца. — Ну, пан Лінь, дзякую за гарбату. Заходзьце да нас ва ўправу, скажам, праз гадзіну, і прыносьце самыя важныя дакументы на маёмасць вашага былога кампаньёна. Мой старэйшы службовец дапаможа вам запоўніць фармуляры і зарэгістраваць тэстамент пана Чуна.

Пан Лінь шматслоўна падзякаваў суддзю і з пашанотай праводзіў яго да дзвярэй.

Суддзя Дзі загадаў вартаўнікам ля судовай брамы вярнуць нанятага каня кавалю і падняўся ў свае прыватныя пакоі за будынкам суду. Стары аканом даклаў, што ў кабінеце яго чакае радца Хун. Суддзя кіўнуў.

— Скажы лазневаму служку, што я хачу прыняць ванну.

У суседнім з ванным пакоем гардэробе, выкладзеным чорнай кафляй, суддзя хутка скінуў убранне, прамоклае ад поту і дажджу. Ён адчуваў сябе брудным і целам, і душой. Служка абліў яго халоднай вадой і энергічна расцёр спіну. Але толькі паляжаўшы некаторы час у басейне з гарачай вадой, суддзя адчуў сябе лепей. Пасля служка размяў яму плечы і насуха выцер, а суддзя ўбраўся ў свежую кашулю з сіняй бавоўны і надзеў на галаву тонкую газавую шапачку. У гэтай адзежы ён скіраваўся на жаночую палову.

Перад тым як увайсці на веранду, дзе яго жанчыны звычайна бавілі раніцы, ён на імгненне затрымаўся, крануты ціхамірным відовішчам. Абедзве яго жонкі ва ўпрыгожаных кветкамі сукенках з тонкага ядвабу разам з паненкай Цао сядзелі за чырвоным лакаваным столікам перад рассунутымі дзвярыма і сузіралі сад камянёў, засаджаны папараццю і высокім шумлівым бамбукам, што абяцаў асвяжальную прахалоду. Гэта быў яго ўласны свет, месца, дзе ён мог схавацца ад жорсткасці, гвалту і агідных заганаў, з якімі яму як суддзю даводзілася мець дачыненні. Ён адразу ж вырашыў, што заўсёды будзе абараняць сваё мірнае сямейнае жыццё.

Яго Першая пані адклала пяльцы і хутка пайшла насустрач.

— Мы амаль гадзіну чакалі пана на сняданак! — сказала яна з дакорам.

— Прашу прабачыць. Рэч у тым, што ля Паўночнай брамы пачаліся непрыемнасці, і я быў вымушаны адразу адправіцца туды. Цяпер мне трэба ісці ў суд, але я далучуся да вас за міскай паўдзённага рысу.

Жонка правяла яго да дзвярэй. Калі яна пакланілася, ён сказаў:

— Дарэчы, я вырашыў прыняць тваю параду ў тым пытанні, якое мы ўчора ноччу абмяркоўвалі. Падрыхтуй, калі ласка, усё неабходнае.

Задаволена ўсміхнуўшыся, яна яшчэ раз пакланілася, а суддзя выйшаў у калідор, што вёў у суд.

У сваім кабінеце ён знайшоў радцу Хуна, які сядзеў на крэсле ў куце. Стары памочнік суддзі падняўся і пажадаў яму добрай раніцы. Пастукваючы па дакуменце, які ён трымаў у руцэ, радца сказаў:

— Атрымаўшы гэтую справаздачу, я супакоіўся, пане суддзя, бо праз вашую доўгую адсутнасць мы пачалі ўжо хвалявацца. Арыштаванага я адправіў у камеру, а мёртвае цела — у трупярню. Калі я разам са следчым яго агледзеў, абодва вашыя памочнікі, Ма Чжун і Цяо Тай, паскакалі да Паўночнай брамы, каб даведацца, ці не патрэбная пану дапамога.

Суддзя Дзі сеў за свой стол і коса зірнуў на стос справаў.

— Тут ёсць што-небудзь тэрміновае, Хун?

— Не, пане. Усе паперы датычаць штодзённых адміністрацыйных пытанняў.

— Цудоўна. Тады дзённае паседжанне мы прысвецім забойству ліхвяра Чуна.

Радца задаволена кіўнуў.

— Як я зразумеў са справаздачы вайсковага камандзіра, пане суддзя, справа гэтая вельмі простая. А калі ўжо падазраваны ў забойстве надзейна замкнёны ў турме…

Суддзя пахітаў галавой.

— Не, Хун, я б справу лёгкай дакладна не назваў. Але дзякуючы хуткай рэакцыі вайскоўцаў і шчасліваму выпадку, які кінуў мяне ў самы цэнтр падзеяў, нешта ў мяне ў галаве ўжо вымалёўваецца.

Суддзя пляснуў у далоні. Калі начальнік варты ўвайшоў ў пакой і пакланіўся, суддзя загадаў яму прывесці вязня Вана і зноў звярнуўся да радцы:

— Я цудоўна разумею, Хун, што суддзя мусіць дапытваць абвінавачванага толькі ў публічным судзе. Але гэта будзе неафіцыйнае слуханне. Ці, дакладней, звычайная размова, каб лепш разабрацца.

Радца Хун відавочна сумняваўся, але суддзя не стаў яму тлумачыць далей і пачаў праглядаць верхнія дакументы на стале. Калі начальнік варты ўвёў Вана, суддзя падняў галаву. З вязня знялі ланцугі, але смуглявы твар па-ранейшаму заставаўся панурым. Вартаўнік прымусіў хлопца апусціцца на калені, потым стаў за яго спінай, трымаючы ў руках цяжкі бізун.

— У тваёй прысутнасці няма патрэбы, — рэзка сказаў суддзя.

Начальнік варты заклапочана зірнуў на радцу Хуна:

— Пане суддзя, гэта жорсткі нягоднік… — няўпэўнена пачаў ён. — Ён можа…

— Ты мяне чуў! — адрэзаў суддзя.

Калі збянтэжаны вартаўнік сышоў, суддзя адкінуўся ў фатэлі. Добразычлівым тонам ён спытаў маладога рыбака:

— Ты даўно жывеш ля вады, Ван?

— Колькі сябе помню, — прамармытаў юнак.

— Дзіўнае гэта месца, — задуменна сказаў суддзя радцу Хуну. — Калі я сёння ранкам скакаў праз балота, то бачыў, як вакол клубіліся чароўнага выгляду аблокі, а шматкі туману здаваліся доўгімі рукамі, што высоўваліся з вады і…

Юнак уважліва прыслухоўваўся да яго словаў і раптам імкліва перарваў суддзю:

— Пра такое лепш не гаварыць!

— А ты, Ван, пра гэта ведаеш усё. Мабыць, непагоднымі начамі на балоце здараецца такое, чаго нам, гарадскім жыхарам, не зразумець.

Ван упэўнена кіўнуў.

— Я шмат чаго бачыў на ўласныя вочы, — ціха сказаў ён. — Усе яны прыходзяць з вады. Некаторыя могуць прынесці шкоду, некаторыя часам дапамагаюць тым, хто тоне. Але ў любым выпадку лепей трымацца ад іх далей.

— Менавіта! І тым не менш, ты насмеліўся ўмяшацца ў іх справы. І бачыш, што з табой здарылася? Цябе арыштавалі, штурхалі, білі і цяпер абвінавачваюць у забойстве!

— Я ўжо казаў, што не забіваў яго!

— Не забіваў. Але ты ведаеш, хто ці што яго забіла? Ты ж ударыў нажом, калі ён ляжаў мёртвы. Прычым некалькі разоў.

— Гнеў заслаў мне вочы… — прамармытаў Ван. — Калі б я ведаў раней, то перарэзаў бы яму горла. Я ж ведаў у твар гэтага пацука, гэтага…

— Прытрымай язык! — рэзка перарваў яго суддзя Дзі. — Ты парэзаў мерцвяка, і гэта было нізка і баязліва. — Палагаднеўшы, ён працягнуў: — Аднак калі ты нават у сляпым гневе аберагаў Івалгу, не даючы тлумачэнняў, я жадаю забыць тое, што ты зрабіў. Колькі часу вы ўжо разам?

— Больш за год. Яна мілая, а яшчэ разумная. Не верце, што яна напалову вар’ятка! Яна можа напісаць больш за сто іерогліфаў. А я магу прачытаць усяго тузін ці каля таго.

Суддзя Дзі дастаў з рукава тры срэбныя зліткі і паклаў іх на стол.

— Вазьмі гэтае срэбра, яно па справядлівасці належыць табе і ёй. Купі сабе карабель і ажаніся. Ты патрэбны ёй, Ван.

Юнак схапіў срэбра і схаваў у пас. Суддзя працягваў:

— Табе давядзецца на некалькі гадзінаў вярнуцца ў турму, бо я не магу вызваліць цябе, пакуль абвінавачанне ў злачынстве афіцыйна не знятае. Пасля гэтага ты будзеш свабодны. Навучыся стрымліваць свой нораў, Ван!

Ён пляснуў у далоні. Вартаўнік з’явіўся ў тое ж імгненне. Ён чакаў адразу за дзвярыма, гатовы на першы знак трывогі кінуцца ў пакой.

— Вартаўнік, адвядзі зняволенага ў яго камеру. Потым прывядзі сюды пана Ліня. Ён цяпер у судзе.

Радца Хун слухаў суддзю Дзі з усё большай цікавасцю і ўрэшце збянтэжана спытаў:

— Пра што пан суддзя гаварыў з гэтым хлопцам? Я зусім нічога не зразумеў. Пан і праўда збіраецца адпусціць яго?

Суддзя Дзі падняўся і падышоў да акна. Гледзячы на панылы вільготны двор, ён сказаў:

— Зноў ідзе дождж! Пра што я гаварыў, Хун? Я проста правяраў, ці праўда Ван верыць ва ўсе гэтыя іншасветныя забабоны. Найбліжэйшымі днямі, Хун, паспрабуй знайсці ў судовай бібліятэцы кнігу пра мясцовы фальклор.

— Але ж пан не верыць ва ўсю гэтую бязглуздзіцу!

— Не веру. Прынамсі, не ва ўсё. Але я адчуваю, што павінен пра гэта пачытаць, бо прымхі адыгрываюць істотную ролю ў паўсядзённым жыцці простага люду ў гэтай акрузе. Не нальеш мне кубак гарбаты?

Пакуль радца гатаваў гарбату, суддзя Дзі вярнуўся на сваё месца і заняўся афіцыйнымі паперамі, што ляжалі на стале. Калі ён дапіваў другі кубак, у дзверы пагрукалі. Вартаўнік упусціў пана Ліня і незаўважна знік.

— Сядайце, пан Лінь! — прыязна звярнуўся да госця суддзя. — Спадзяюся, мой старэйшы службовец даў вам неабходныя тлумачэнні адносна запаўнення дакументаў.

— Безумоўна, пане суддзя. Акурат цяпер мы зверылі зямельную маёмасць з рэестрам і…

— У адпаведнасці з тэстаментам, падпісаным год таму, — перарваў яго суддзя, — пан Чун, як вы ведаеце, пакінуў усю сваю зямлю двум сынам разам з дзвюма трацінамі капіталу. Астатнюю траціну і ліхвярскую кантору ён адпісаў вам. Ці плануеце вы працягваць яго справу?

— Не, пане, — з лёгкай усмешкай адказаў Лінь. — Я з ранку да ночы працаваў у гэтай канторы больш за трыццаць гадоў. Я яе прадам і зажыву на даходы з капіталу.

— Вось як… А вы не думаеце, што пан Чун мог пакінуць іншы тэстамент? Паводле якога вы атрымліваеце толькі кантору?

Твар Ліня пабялеў, а суддзя хутка працягнуў:

— Справа квітнее, але спатрэбіцца яшчэ чатыры ці пяць гадоў, каб сабраць дастаткова грошай і сысці на спачынак. А вы старэеце, пан Лінь…

— Гэта немагчыма! Як… як мог ён… — запінаючыся, прамовіў Лінь, а потым выдыхнуў: — Няўжо пан знайшоў у яго куфры новы тэстамент?

Прапусціўшы пытанне міма вушэй, суддзя Дзі халодна сказаў:

— У вашага кампаньёна была каханка, пан Лінь. Яе каханне зрабілася для яго важнейшым за ўсё астатняе.

Лінь ажно падскочыў.

— Пан хоча сказаць, што стары дурань адпісаў свае грошы гэтай глуханямой шлюндры?

— Але, вы ўсё пра гэта ведаеце, пан Лінь. З мінулай ночы, калі ваш партнёр усё вам расказаў. Вы страшна пасварыліся. Не, нават не спрабуйце гэта адмаўляць. Вас выпадкова пачуў слуга, і ён засведчыць гэта на судзе.

Лінь зноў сеў. Працёр спацелы твар. Паспакайнеўшы, прамовіў:

— Канечне, пане, я прызнаю, што сапраўды раз’юшыўся, калі мінулым вечарам мой кампаньён прызнаўся ў каханні да гэтай дзяўчыны. Ён хацеў забраць яе куды-небудзь далей ад гэтага горада і там ажаніцца. Я спрабаваў патлумачыць яму, якая дурная гэтая ідэя, але ён загадаў мне думаць пра сябе і, раззлаваны, выбег з дому. Я і не думаў, што ён пойдзе да вежы. Усе ведаюць, што той малады бандыт Ван сустракаецца з вар’яткай. Ван заспеў іх удваіх і забіў майго кампаньёна. Я выбачаюся, пане, што сёння раніцай не згадаў пра гэта. Не хацелася кампраметаваць былога партнёра… Але калі пан арыштаваў забойцу, усё так ці іначай выявіцца ў судзе, — ён пахітаў галавой. — Я таксама, пане, у чымсьці вінаваты. Варта было той ноччу пайсці за ім, варта было…

— Але вы і так пайшлі за ім, пан Лінь, — рэзка абарваў яго суддзя. — Вы ж таксама рыбак, а таму ведаеце балота не горш за свайго кампаньёна. Звычайна перасячы твань немагчыма, але пасля моцнага дажджу вада разліваецца, і дасведчаны лодачнік можа на пласкадонцы пераправіцца праз балота разбухлымі канавамі і ставамі.

— Гэта немагчыма! Вайскоўцы ўсю ноч патрулююць дарогу!

— Калі вясляр прыгнецца, то яго не будзе бачна з-за высокага трыснягу, пан Лінь. А таму ваш кампаньён мог наведваць вежу толькі ў ночы пасля дажджу. І таму бедная напаўзвар’яцелая дзяўчына лічыла госця звышнатуральнай істотай, духам дажджу. Бо ён прыходзіў з дажджом, — суддзя ўздыхнуў, але раптам яго пранізлівы погляд спыніўся на Ліню, і ён сувора працягнуў: — Калі мінулым вечарам пан Чун расказаў пра свае планы, вы, пан Лінь, зразумелі, што ўсе вашыя выпеставаныя спадзяванні на лёгкае і багатае жыццё растаюць дымам. Таму вы пайшлі за Чунам і ў вежы яго забілі, усадзіўшы ў спіну нож.

Лінь узняў рукі.

— Што за неверагодная версія, пане суддзя! І як пан збіраецца даказаць свае паклёпніцкія абвінавачанні?

— Апроч усяго іншага з дапамогай закладнога квітка пані Пэй. Вайскоўцы знайшлі яго на месцы злачынства. Але вы самі мне сказалі, што ваш кампаньён амаль зусім адышоў ад справаў. Тады навошта яму насіць пры сабе закладны квіток, выдадзены ў той самы дзень? — Лінь маўчаў, і суддзя Дзі працягваў: — Пад уплывам моманту вы вырашылі забіць Чуна і кінуліся за ім. Ужо мінула гадзіна пасля вечаровага рысу, а таму ўласнікі суседніх лавак былі занятыя штодзённымі справамі і не заўважылі вас. На прычале, з якога вы адплылі на пласкадонцы, таксама было надзіва бязлюдна, бо выглядала на тое, што хутка хлыне залева, — у вачах Ліня раптам прамільгнуў жах, і гэта было апошняе пацверджанне, якога чакаў суддзя. Спакойным голасам ён закончыў: — Калі вы прызнаецеся зараз, пан Лінь, то вызваліце мяне ад неабходнасці распытваць сведкаў, і я буду гатовы дадаць да вашага смяротнага выраку просьбу аб памілаванні на падставе таго, што злачынства было ненаўмысным.

Лінь пустымі вачыма глядзеў перад сабой. Але нечакана яго бледны твар сказіўся лютасцю.

— Нікчэмны стары распуснік! — злосна ўскрыкнуў ён. — Усе гэтыя гады трымаць мяне за батрака, за раба… а потым вырашыць кінуць усе цяжка заробленыя грошы таннай напаўзвар’яцелай шлюндры! Грошы, якія прынёс яму я…

Ён цвёрда зірнуў на суддзю і спакойна дадаў:

— Так, я забіў яго. Ён гэта заслужыў.

Суддзя Дзі падаў знак радцу. Калі Хун скіраваўся да дзвярэй, суддзя сказаў ліхвяру:

— Я выслухаю вашае поўнае прызнанне падчас дзённага паседжання.

У маўчанні яны дачакаліся радцы, які вярнуўся з начальнікам варты і двума яго людзьмі. Яны закавалі Ліня ў кайданы і вывелі з пакоя.

— Брудная справа, пане, — маркотна зазначыў радца Хун.

Суддзя глынуў з кубка гарбаты і адсунуў, даючы знак напоўніць яго зноў.

— Хутчэй жалю вартая. Я б сказаў, што і сам Лінь варты жалю, калі б ён з усёй рашучасцю не паспрабаваў перакінуць віну на Вана.

— Якую ролю ва ўсёй гэтай справе адыграў Ван, пане суддзя? Пан жа нават не распытаў яго, што той сёння ўранку рабіў!

— У гэтым не было патрэбы, усё і так ясна. Івалга дала Вану зразумець, што начамі яе наведвае дух дажджу і часам пакідае грошы. Ван палічыў яе стасункі з духам за вялікі гонар. Успомні, што толькі паўстагоддзя таму ў многіх рачных правінцыях нашай імперыі людзі кожны год прыносілі мясцоваму рачному богу ў ахвяру юнака ці дзяўчыну, пакуль не ўмяшаліся ўлады. Калі сёння раніцай Ван прыйшоў у вежу, каб аддаць Івалзе рыбу, то знайшоў у яе пакоі мерцвяка, што ляжаў тварам уніз. Івалга ў слязах патлумачыла яму, што дэманы забілі духа дажджу і ператварылі яго ў выродлівага чалавека. Калі Ван перавярнуў цела і пазнаў старога, то адразу зразумеў, што іх з Івалгай падманвалі, у сляпой злосці выхапіў нож і спаласаваў труп. Потым да яго дайшло, што гэта забойства, і яго пачнуць падазраваць. А таму ён тут жа збег. Вайскоўцы схапілі яго, калі ён спрабаваў адмыць нагавіцы, запэцканыя крывёй Чуна.

Радца Хун кіўнуў.

— Як пану ўдалося высветліць усё за некалькі гадзінаў?

— Спачатку я падумаў, што версія вайсковага камандзіра трапляе ў самую кропку. Адзінае, што трохі мяне турбавала, — гэта доўгі перапынак паміж самім забойствам і ўдарамі, што раздзерлі грудзі ахвяры. Я не надта хваляваўся наконт закладнога квітка, бо для ліхвяра мець пры сабе выпісаны ў той самы дзень квіток — звычайная рэч. Але калі я дапытваў Вана, мяне зачапіла тое, што ён назваў Чуна ашуканцам. Хлопец сказаў гэта выпадкова, насуперак уласнаму жаданню не ўцягваць у справу ні сябе, ні Івалгу, каб схаваць, як іх дваіх падманулі. Калі я распытваў Івалгу, яна адзначыла, што дамавыя забілі і перамянілі аблічча яе духа дажджу. Я не разумеў, што гэта магло значыць. І толькі падчас візіту да Ліня я ўрэшце напаў на правільны след. Лінь нерваваўся, а таму надта шмат гаварыў і ў адзін момант выдаў мне, што яго кампаньён ужо амаль не ўдзельнічае ў працы канторы. Я ўспомніў квіток, які знайшлі на месцы злачынства, і пачаў падазраваць Ліня. Але толькі агледзеўшы бібліятэку ахвяры і зразумеўшы, што гэта быў за чалавек, я знайшоў адказы на свае пытанні. Я праверыў гэтую версію, выпытаўшы ў слугі, што Лінь і Чун мінулым вечарам пасварыліся наконт Івалгі. Безумоўна, для слугі імя Івалга нічога не значыла, але ён паведаміў мне, што яны горача спрачаліся пра птушак. Усё астатняе вырашылася проста.

Суддзя паставіў кубак.

— Гэтая справа навучыла мяне, Хун, як важна пільна вывучаць нашыя старадаўнія дапаможнікі па расследаваннях. Там зноў і зноў сцвярджаецца, што ў самым пачатку расследавання забойства трэба даведацца пра характар ахвяры, яе штодзённае жыццё і звычкі. А ў гэтым выпадку менавіта асоба забітага падказала мне ключ да разгадкі.

Радца Хун з задаволенай усмешкай падкруціў сівы вус.

— Гэтай маладой пары напраўду пашчасціла, што пан уласнаручна ўзяўся за справу! Бо ўсё сведчыла пра тое, што забойца Ван, яго маглі асудзіць і абезгаловіць. Дзяўчына ж глуханямая, а Ван не надта любіць гаварыць!

Суддзя Дзі кіўнуў. Адкінуўшыся ў фатэлі, ён з лёгкай усмешкай сказаў:

— Гэтая справа прынесла мне вялікую карысць, Хун! Вельмі прыватную і вельмі значную карысць. Мушу прызнацца, што сёння раніцай я быў не ў гуморы і пачаў напраўду сумнявацца, ці падыходзіць мне гэтая пасада. Але я быў дурнем. Гэта цудоўны, прыўкрасны занятак, Хун! Хаця б таму, што дае магчымасць гаварыць за тых, хто сам за сябе гаварыць не можа.

__________________________________________________________________

Каментар

1. “Раптам ён замаўчаў…” — такая рэакцыя суддзі Дзі на сустрэчу з вайсковым камандзірам звязаная з тым, што яны ўжо сустракаліся: паўгоду таму камандзір запрасіў суддзю, каб той дапамог разабрацца з заблытаным забойствам. Менавіта папярэдняе знаёмства з камандзірам дапамагае суддзю зразумець, што вайскоўцы не збіраліся перавышаць свае паўнамоцтвы і жадаюць яму дапамагчы. Гісторыя пра гэтае супрацоўніцтва расказваецца ў папярэднім, другім апавяданні зборніка “Суддзя Дзі ў працы” і называецца “Чырвоная стужка” (менавіта да яго аўтар адсылае чытача ў прадмове да апавядання “Ён прыходзіў з дажджом”).

2. Рысаўка (лац. Padda oryzivora) — птушка атраду вераб’іных, традыцыйная пакаёвая птушка, якую здаўна трымалі ў клетках і вальерах Кітая і Японіі.

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2012

Чытайце таксама

Ціт Макцый Плаўт

Ціт Макцый Плаўт

Значных рымскіх камедыёграфаў, першы рымскі аўтар, ад якога захаваліся цэлыя творы

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Паўднёваафрыканскі пісьменнік, адзін з самых значных творцаў ПАР “Другога руху” — пакалення творцаў, што пісалі на афрыкаанс

Паўль Цэлан

Паўль Цэлан

Нямецкамоўны паэт і перакладчык, адзін з найлепшых еўрапейскіх лірычных паэтаў

Карл Увэ Кнаўсгар

Карл Увэ Кнаўсгар

Нарвежскі пісьменнік.

1145