№17: Гульня ў гарады

№17: Гульня ў гарады

У новым, сямнаццатым, нумары мы спрабуем паглядзець, якімі бачаць свае гарады нашы сучаснікі і аднадумцы, пісьменнікі і пісьменніцы ХХІ стагоддзя.

Чытаць далей

Аркадзь Аверчанка

Зніклы галёш Добльса (Пропавшая калоша Доббльса)

апавяданне

Пераклад з рускай Яніна Голуб


Пасля “Таймса” мы зайшлі ў рэдакцыю “Дэлі-Нью”,
“Пэл-Мэл” і яшчэ ў некалькі…
Сач. А. К. Дойла


Мы сядзелі ў сваёй утульнай кватэры на Бэйкер-стрыт, а за акном тым часам ішоў дождж і выла навальніца. (Дзіўна: кожнага разу, калі я расказваю што-небудзь пра Холмса, без навальніцы і дажджу ніяк не абысціся…)

Такім чынам, навальніца, як звычайна, выла, Холмс, як звычайна, курыў, а я, як звычайна, чакаў магчымасці нечаму здзівіцца.

— Ўотсан, я бачу, у цябе флюс.

І я здзівіўся.

— Адкуль вы пра гэта дазналіся?

— Трэба быць пошлым дурнем, каб гэтага не заўважыць! Бо твая апухлая шчака падвязаная хусткай.

— Неверагодна! Вось дык назіральнасць!

Холмс узяў качаргу і завязаў яе сваімі жылістымі рукамі на шыі какетлівым бантам. Потым дастаў скрыпку і выканаў вальс Шапэна, накцюрн Настрадамуса і паланэз Васка да Гамы.

Калі ён заканчваў 39-ю сімфонію Юлія Генрыха Цымермана, у пакой з грукатам уваліўся невядомы чалавек у плашчы, запэцканым брудам.

— Спадар Холмс! Я Джон Бенгам… Богам малю, памажыце! У мяне скралі… скралі… Ах! Нават сказаць страшна…

У яго вачах туманіліся слёзы.

— Я ведаю, — стрымана сказаў Холмс, — у вас скралі фамільныя каштоўнасці.

Бенгам выцер рукавом слёзы і з непрыхаваным здзіўленнем зірнуў на Холмса.

— Як вы сказалі? Фамільныя… што? У мяне скралі мае вершы.

— Я так і думаў. Раскажыце пра абставіны справы.

— Якія там абставіны! Проста я ішоў Трафальгар-скверам і нёс іх, значыцца, вершы гэтыя, пад пахай, а ён як выхапіць ды як пабяжыць! Я за ім, а галёш у яго і саскочыў. Злодзей, значыцца, збег, а галёш — вось.

Холмс узяў прапанаваны галёш, агледзеў яго, панюхаў, палізаў языком і ўрэшце, адкусіўшы кавалачак, з цяжкасцю разжаваў і праглынуў.

— Цяпер я разумею! — радасна сказаў ён.

Мы ўтаропіліся ў яго, поўныя чакання.

— Я разумею… Разумею, што галёш гумовы!

Мы ад здзіўлення ўскочылі з крэслаў.

Я ўжо трохі прызвычаіўся да бліскучых высноваў, якім Холмс сціпла не надаваў увагі, але на госця такое пранікненне ў сутнасць рэчаў падзейнічала страшна.

— Божа нас барані! Гэта проста нейкае чарадзейства!

Пасля сыходу Бенгама мы памаўчалі.

— Ведаеш, хто гэта быў? — спытаў Холмс. — Гэта мужчына, ён гаворыць па-ангельску, жыве цяпер у Лондане. Займаецца паэзіяй.

Я пляснуў рукамі.

— Холмс! Стары вы чарцяка! Адкуль вы ўсё гэта ведаеце?

Холмс пагардліва ўсміхнуўся.

— Я ведаю яшчэ больш. Я магу сцвярджаць, што рабаўнік, без сумневу, — мужчына!

— Ды якая сарока прынесла вам гэта на хвасце?

— А ты заўважыў, што галёш мужчынскі? Жанчыны такіх, вядома ж, не носяць!

Я быў прыгнечаны логікай свайго знакамітага сябра і ўвесь дзень хадзіў як дурань.

Двое сутак Холмс сядзеў на канапе, курыў люльку і граў на скрыпцы.

Ён сядзеў у аблоках дыму, нібы бог, і выконваў свае найлепшыя мелодыі.

Скончыўшы элегію Ньютана, ён перайшоў на рапсодыю Мікеланджэла і на сярэдзіне гэтай мілай дрындушкі ангельскага кампазітара звярнуўся да мяне.

— Ну, Ўотсан, збірайся! Я ўсё ж намацаў ніць гэтага загадкавага злачынства.

Мы апрануліся і выйшлі.

Ведаючы, што распытваць Холмса не мае сэнсу, я звярнуў увагу на дом, да якога мы падыходзілі. Гэта была рэдакцыя “Таймса”.

Мы адразу адправіліся да рэдактара.

— Сэр, — сказаў Холмс, упэўнена сціскаючы тонкія вусны. — Калі чалавек, абуты ў адзін галёш, прынясе вам вершы, затрымайце яго і паведамце мне.

Я пляснуў рукамі.

— Божа! Як гэта проста… і геніяльна.

Пасля “Таймса” мы зайшлі ў рэдакцыю “Дэлі-Нью”, “Пэл-Мэл” і яшчэ ў некалькі. І ўсіх папярэдзілі.

Потым пачалі чакаць.

Увесь час надвор’е было добрым, і ніхто да нас не прыйшоў. Але аднойчы, калі выла навальніца і бушаваў дождж, нехта, запэцканы брудам, з грукатам уваліўся ў пакой.

— Холмс, — сказаў невядомы грубым голасам. — Я Добльс. Калі вы знойдзеце мой зніклы на Трафальгар-скверы галёш, я вас азалачу. Дарэчы, знайдзіце таксама гаспадара гэтых паскудных вершыкаў. Пасля чытання такой лухцені я страціў здольнасць піць сваю вечаровую порцыю віскі.

— Ну, шаноўны, гэтыя хітрыкі мы ведаем, — прамармытаў Холмс, спрабуючы заваліць нягодніка на падлогу.

Але Добльс скочыў да дзвярэй і, кінуўшы ў твар Шэрлаку рукапіс, як метэор, скаціўся са сходаў і знік.

Другі галёш мы пасля знайшлі ў вітальні.

…………………………….

Я мог бы расказаць яшчэ пра лёс паэта Бенгама, яго вершаў і пары галёшаў, але з прычыны, што тут замяшаныя каранаваныя асобы, гэта здаецца мне не зусім зручным.

Апроч гэтага злачынства Холмс раскрыў іншыя, можа, нават больш цікавыя, але я расказаў пра зніклы галёш Добльса як пра справу, найбольш тыповую для Шэрлака.

Пераклад з рускай – Яніна Голуб © 2012

Чытайце таксама

Андрыс Герардус Вісэр

Андрыс Герардус Вісэр

Адзін з самых значных паўднёваафрыканскіх паэтаў, што пісалі на афрыкаанс

Пэтра Дваржакава

Пэтра Дваржакава

Чэшская пісьменніца, публіцыст, медык

Фэрнанду Пэсоа

Фэрнанду Пэсоа

Cамы знакаміты партугальскі паэт XX стагоддзя

Януш Корчак

Януш Корчак

Польскі педагог, пісьменнік, доктар і грамадскі дзеяч

110