№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Жан Жыраду

На валаску (D’un cheveu)

Апавяданне

Пераклад з французскай Кацярына Маціеўская

Пакінуўшы абдымкі місіс Шэрлак Холмс, па дарозе дадому я раптам сутыкнуўся (шанцуе ж мне!) з яе мужам.


— Вось дык сустрэча! — прамовіў знакаміты дэтэктыў. — Павячэраем разам? Я ж вас сто гадоў не бачыў!


Відаць, хваляванне ўсё ж мільганула на маім твары, таму што Шэрлак злёгку ўсміхнуўся:


— Бачу я, — сказаў ён, — што містэр ідзе да каханкі.


Скажу “не” — атрымаецца, што нешта хаваю. Скажу “так” — падумае, што пазбягаю яго. Таму я адказаў — мабыць, даволі паспешліва, — што вышэйзгаданая каханка выдатна ўмее чакаць і што я магу завітаць да яе а восьмай, а магу і а дзявятай. Зрэшты, калі ёй гэта не падабаецца, магу і зусім не хадзіць...


Тут Шэрлак абняў мяне за плечы і перабіў:


— Хопіць мармытаць, дружа. Вось вы і трапіліся! Насамрэч вы ідзяце са спаткання!


Дрыжыкі прайшлі па маім целе і дабраліся да валасоў, якія ўсталі дыбарам.


На маё шчасце, ён дадаў:


— Хопіць жартаў, хадзем у рэстаран. На жаль, не магу запрасіць вас да сябе, бо мяне ніхто не чакае: у пакаёўкі выходны.


Здаецца, пранесла. Мой сябра глыбока задумаўся, гледзячы ў сваю талерку, але я вырашыў, што задуменнасць гэтая мае дачыненне да якога кішэннага злодзея альбо сутэнёра... І раптам ён злёгку крануў нагой маю шчыкалатку.


— А вось і доказ, — сказаў ён.


Ягоную задуменнасць як рукой зняло.


— Бясспрэчны і неабвержны доказ таго, — патлумачыў мне Холмс, — што ў вас было спатканне. Вашыя чаравікі зашпіленыя толькі на палову гузікаў, значыць, вас альбо знянацку заспелі на гарачым, што даволі непраўдападобна, бо ваш гальштук няспешна завязаны жаночаю рукой, альбо вы наведвалі дом, дзе не выкарыстоўваюць кручкі для абутку, ангельскі дом, напрыклад [1].


Усмешка ў мяне атрымалася даволі крывая.


— У кожнай жанчыны, — выціснуў я, — ёсць шпількі на валасы, якія выдатна замяняюць кручкі.


— А ў вашае каханкі іх няма, — адмахнуўся Холмс. — Магчыма, вам невядома, што англічанкі даўно заснавалі лігу змагання супраць шпілек. Зрэшты, каб не хадзіць далёка, скажу, што жанчыны, якія носяць парык, шпількамі ўвогуле не карыстаюцца. Каму, як не мне, пра гэта ведаць: мая жонка да іх належыць.


— Хм-м... — мармытнуў я.


Ён відавочна забаўляўся, катуючы мяне. Да таго ж гэты ёлупень пасадзіў мяне спінай да акна, так што скразняк працінаў да касцей. Я чхнуў. Дастаючы насоўку, я выпадкова выпусціў з рук іншую — упрыгожаную карункамі, крышку большую за ліст, крышку меншую за маю далонь. Шэрлак паклаў яе на стол і зноў занурыўся ў сузіранне.


— Гэта жаночая насоўка, — урэшце прамовіў ён.


І ўхмыльнуўся.


— Якое дзяцінства! — сказаў Холмс. — Вы выкрылі сябе насоўкай! З часоў Яга і Атэла насоўкамі не грэбуюць хіба што аперэты. Але не хочацца быць бестактоўным… Можна мне яе агледзець?


— Ды калі ласка, — як дурань, прамармытаў я. — Яна чыстая.


І, каб не страціць твару, пачаў насвістваць нешта ідыёцкае. Праўда, потым, зразумеўшы, што страта аднаўленню не падлягае, змоўк. Зрабілася так ціха, што можна было б пачуць, як пралятае муха. Але гэтая гнюсь, як на злосць, недзе схавалася. Маё сэрца, скачучы на чацвертай хуткасці, гуло ў поўнай цішыні, нібы рухавік. Шэрлак адпіў з бакала бардо на палец, потым яшчэ на палец, а сваім уласным (указальным) тыцнуў у насоўку:


— Магу сказаць, што гэта жонка чалавека падазронага і далёка не дурнога — заявіў ён. — Ініцыялаў няма.


Я з палёгкай кульнуў дзве вялізныя шклянкі вады. Шэрлак панюхаў насоўку, потым падсунуў яе мне пад нос.


— Чым пахне? — спытаў ён.


У нос біла парфумай “Конга”, ды так, што бакаса двухтыднёвай вытрымкі, якім нас частавалі, цалкам можна было прыняць за голуба. Дый сезон палявання ў той дзень толькі адкрываўся.


— Ну і чым пахне? — прамямліў я.


На шчасце, Холмс ніколі не слухаў сваіх суразмоўцаў. Ён сам задаваў пытанне і сам на яго адказваў.


— Мне, — паведаміў ён, — нічым не пахне. Значыць, да гэтай парфумы я прывык. Напрыклад, “Конга”: ёй карыстаецца мая жонка.


Той, хто ніколі не апынаўся ўнутры малатарні альбо пад катком, наўрад ці здолее зразумець, у якіх абцугах сціскалася маё сэрца. Я нахіліўся над талеркай, спрабуючы раздражніць апетыт, і адчуў, як у гэтым маўчанні паветраны слуп, што ціснуў на плечы, зрабіўся ўдвая цяжэйшым. А Шэрлак усё працягваў мяне разглядаць.


— Волас, — сказаў ён.


Я паглядзеў у ягоную талерку.


— Гэта не волас, — сказаў я, — гэта, без сумневу, парэй.


Не адказваючы, ён падняўся і двума пальцамі зняў з майго пляча светлую шаўкавістую нітачку, мяккую і кароткую — карацей, волас, з тых, што так добра выглядаюць на плячы мужчыны, калі на яго кладзецца галава каханай.


— Ну, і што гэта? — пацікавіўся Холмс.


— Гэта, — зацягнуў я голасам, які мне б вельмі хацелася палічыць раўнадушным, але які насуперак маёй волі па-здрадніцку задрыжаў, — гэта, як вы самі заўважылі, волас.


Холмс паклаў волас на белы абрус. Я паспрабаваў скарыстаць магчымасць, дадзеную мне парывам ветру і задуменнасцю майго кáта, і чхнуў у кірунку воласа, які прыпадняўся, калыхнуўся, быццам змяя на хвасце, і тым не менш, гадзюка, са стала не зляцеў.


— Чхніце яшчэ раз, — скамандаваў Шэрлак Холмс, які, несумненна, заўважыў мае выкрунтасы.


Жарт мне ўдалым не падаўся.


— Чхайце самі, — раззлаваўся я, — калі так хочаце.


Ён чхнуў. Волас прыпадняўся, калыхнуўся (і глядзі вышэй).


— Гэта, без сумневу, волас ад парыка, — зрабіў ён выснову. — Аснова клейкая!


Волас зноў апусціўся і застыў паміж намі, нерухомы, як мумія. Мёртвы волас падаўся мне нашмат даўжэйшым, чым жывы.


Шэрлак асушыў свой бакал і паглядзеў скрозь яго, як праз лупу, спыняючы мае спробы падліць яму шаблі — зрэшты, немагчыма агіднага.


— Гэта волас маёй жонкі, — прамовіў ён.


Я паспрабаваў схаваць свой жах за лёгкай гуллівасцю.


— Што вы, што вы, мой дарагі! — заліваўся я салаўём. — Мадам Холмс такая прыгожая, ну куды мне, што вы!..


Ён глядзеў на мяне амаль з жалем.


— Мой бедны сябра, — уздыхнуў ён, — ужо хто-хто, але гэтая ірландка не першай свежасці...


Смерць усё ж лепшая за няпэўнасць. Цярпець не магу, калі мяне падсмажваюць на павольным агні. Тым больш калі вас слухае няздара-афіцыянт, які падае на стол, — яго я адаслаў прэч.


— Ну а цяпер, — пагрозліва сказаў я, падымаючыся і працінаючы Шэрлака позіркам, — давайце, тлумачце!


Я, як кажуць, браў быка за рогі, а можа, і яшчэ горш.


Мой супернік, аднак, не страціў ні кроплі спагадлівай іроніі.


— Калі ў двух словах, — сказаў ён, — то справа такая: вы ідзяце са спаткання і відавочна хвалюецеся, сустрэўшы мяне, — значыць, вы зацікаўлены ў тым, каб я не даведаўся, хто дорыць вам сваю прыхільнасць. Вашыя чаравікі не зашпіленыя, значыць... у вас не было магчымасці гэта зрабіць. Сёння ў маёй пакаёўкі выходны, і мая жонка дома адна. У вас насоўка, якая належыць маёй жонцы. Я знаходжу на вашым плячы волас з яе найлепшага парыка. Значыць...


Мае вочы ўтаропіліся ў адну кропку. Час цягнуўся тым павольней, чым хутчэй білася маё сэрца.


— Значыць, — сказаў Шэрлак, які ўвесь гэты час працінаў мяне позіркам удава, што сабраўся праглынуць трусіка, — значыць... Самі рабіце выснову.


Выснову я зрабіў, таму сядзеў, адкінуўшыся на крэсле і ліхаманкава сціскаючы свой рэвальвер — выдатны дванаццацізарадны браўнінг. Якая дурасць — увесь час цягаць яго незараджаным!


— Значыць, — спакойна вымавіў нарэшце Шэрлак, — і заўважце, сябра, я на вас не злуюся... вы — каханак маёй пакаёўкі!


— Афіцыянт! — загарлаў я. — Дзе вас чэрці носяць? Мне да ночы чакаць?! Цягніце шампанскае!

1908


 

[1] Ангельцы і англічанкі, як вядома, аддаюць перавагу чаравікам на шнурках, што носяць назву “рышэльё” (заўвага аўтара).

Пераклад з французскай – Кацярына Маціеўская © 2012

Чытайце таксама

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Паўднёваафрыканскі пісьменнік, адзін з самых значных творцаў ПАР “Другога руху” — пакалення творцаў, што пісалі на афрыкаанс

Богдан Задура

Богдан Задура

Польскі паэт, празаік, перакладчык з рускай, украінскай, ангельскай і венгерскай моваў

Генрых Гайнэ

Генрых Гайнэ

Нямецкі паэт, публіцыст і крытык. Апошні паэт рамантычнай эпохі і адначасова яе вяршыня

Марыя Французская

Марыя Французская

Марыя Французская – паэтка, якая, як мяркуецца, нарадзілася ў Францыі ў канцы ХІІ ст

1244