№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Мадэмуазэль дэ Скюдэры (Das Fräulein von Scuderi)

Апавяданне

Пераклад з нямецкай Аляксей Жбанаў


На вуліцы Сэн-Анарэ месціўся невялікі дамок, у якім з ласкі Людовіка XIV і маркізы дэ Мэнтэнон жыла Мадлен дэ Скюдэры, вядомая сваімі выкшталцонымі вершамі.

Аднае позняе ночы — была восень 1680 году — нехта рэзка і моцна пагрукаў у дзверы гэтага дома, так што гучнае рэха прайшло па калідоры. Батыст, які быў у маленькай гаспадарцы кухарам, лёкаем і швейцарам у адной асобе, паехаў з дазволу гаспадыні за горад, на вяселле сваёй сястры, таму сталася так, што ў цэлым доме яшчэ не спала толькі пакаёўка Марціньер. Яна пачула паўторныя ўдары, ёй прыйшло на памяць, што Батыст з’ехаў і яны з мадэмуазэль засталіся ў доме адны без якой-кольвечы аховы, прыгадаліся ўсе злачынствы кшталту рабаўніцтва, крадзяжу і забойства, якія толькі калі-небудзь здзяйснялі ў Парыжы. Яна яскрава ўявіла, што цэлы натоўп латрыгаў, ведаючы пра самотнасць гэтага дома, шалее там звонку і прагне трапіць усярэдзіну, каб учыніць нешта благое супраць яе гаспадыні. Таму Марціньер засталася ў сваім пакоі, дрыжучы, вагаючыся і праклінаючы Батыста разам з вяселлем ягонай сястры. Тым часам грукат не сціхаў, і ёй здалося, што паміж ударамі нейкі голас гукае: “Ну адчыніце ж нарэшце дзеля Хрыста, толькі адчыніце!” Урэшце Марціньер, адчуваючы ўсё большы страх, схапіла падсвечнік і выскачыла ў калідор; там яна зусім выразна пачула голас начнога госця: “Дзеля Хрыста, адчыніце ж!”

“Сапраўды, — падумала Марціньер, — рабаўнік, мусіць, не стаў бы так казаць. Хто ведае, ці не шукае тут нехта ратунку ад небяспекі ў маёй гаспадыні, якая схільная да добрых учынкаў. Але ж трэба быць асцярожнай!”

Яна адчыніла акно і, гучна спытаўшыся, хто ж гэта там унізе позна ўночы шалее ля дзвярэй і будзіць усіх вакол, пастаралася наблізіць гучанне свайго нізкага голасу да мужчынскага. У мігценні месячных промняў, якія акурат прарваліся праз змрочныя аблокі, яна разгледзела высокую захінутую ў светла-шэры плашч постаць у шырокім капелюшы, насунутым на самыя вочы. Яна закрычала голасна, каб было чуваць там, унізе:

— Батыст, Клод, П’ер, падымайцеся ды зірніце, што за гіцаль хоча выламаць дзверы!

Але чалавек унізе прамовіў мякка, амаль жаласна:

— Ах, Марціньер, я ж ведаю, што гэта вы, мілая пані, як бы вы ні намагаліся змяніць свой голас. Ведаю я і тое, што Батыст паехаў за горад, і вы з гаспадыняй цяпер адны ў доме. Але ж адчыніце мне дзверы, нічога не бойцеся. Мне неабходна пагаварыць з Вашай гаспадыняй, вось у гэтую самую хвіліну.

— Вы напраўду думаеце, — адказала Марціньер, — што мадэмуазэль захоча гаварыць з вамі пасярод ночы? Ці ж вы не ведаеце, што яна ўжо даўно спіць, а я нізавошта не стану перарываць першы найсаладзейшы сон, які так патрэбны ёй у яе веку?

— Я ведаю, — сказаў чалавек унізе, — ведаю, што вашая гаспадыня якраз адклала рукапіс свайго рамана, які завецца “Клелія” і над якім яна нястомна працуе, і цяпер яшчэ запісвае некаторыя вершы, мяркуючы заўтра прачытаць іх у маркізы дэ Мэнтэнон. Я заклінаю вас, шаноўная Марціньер, майце літасць і адчыніце мне дзверы. Ведайце, што тут вядзецца пра ўратаванне няшчаснага ад магілы, ведайце, што гонар, воля, дый нават само жыццё чалавека залежаць ад гэтага моманту, таму я мушу гаварыць з вашай гаспадыняй. Падумайце аб тым, што гнеў вашай уладаркі вечна будзе на вас, калі яна даведаецца, што гэта вы бессардэчна прагналі нешчасліўца, які прыйшоў маліць аб дапамозе.

— Але чаму вы благаеце спачування маёй гаспадыні ў такі незвычайны час? Лепей прыходзьце заўтра раніцай, — адказала Марціньер, а чалавек унізе запярэчыў:

— Ці зважае на час і гадзіну лёс, што б’е знішчальна, бы пошуг маланкі? Ці можна адкласці дапамогу, калі для магчымага ратунку застаецца апошняе імгненне? Адчыніце мне дзверы, не чакайце нічога страшнага ад гаротніка, які, безабаронны, гнаны, пакінуты ўсім светам, прыгнечаны жахлівым лёсам, хацеў бы маліць вашую гаспадыню аб паратунку ад блізкай небяспекі!

Марціньер пачула, як пры гэтых словах чалавек унізе застагнаў і ўсхліпнуў ад прыхаванага болю. Прытым голас гэты належаў юнаку, і быў пяшчотны, і пранікаў глыбока ў сэрца. Яна ўсхвалявалася да глыбіні душы і, доўга не разважаючы, прынесла ключы.

Ледзь толькі дзверы адчыніліся, захутаная ў плашч фігура ўварвалася ў дом і, праляцеўшы міма Марціньер углыб калідора, закрычала дзікім голасам:

— Вядзіце мяне да сваёй гаспадыні!

Марціньер спалохана ўзняла вышэй падсвечнік і водсвет упаў на смяротна-бледны, жахліва скажоны юнацкі твар. А калі чалавек расхінуў плашч і на грудзях яго бліснула дзяржальна стылета, Марціньер мала што не села на падлогу ад страху. Чалавек зіркнуў на яе бліскучымі вачыма і зароў яшчэ больш шалёна:

— Вядзіце мяне да гаспадыні, кажу я вам!

І тут Марціньер сцяміла, у якой сур’ёзнай небяспецы апынулася яе гаспадыня; уся любоў да мілай пані, шанаванай як дарагая, пабожная матухна, мацней разгарэлася ў яе грудзях, спарадзіўшы мужнасць, на якую яна яшчэ нядаўна не палічыла б сябе здольнай. Яна спрытна зачыніла разнасцежаныя дзверы ў свой пакой, стала перад імі і прамовіла цвёрда і ўпэўнена:

— Папраўдзе, вашыя вар’яцкія паводзіны тут, у доме, не надта адпавядаюць вашым жаласным словам, сказаным там, звонку. Як я цяпер добра разумею, яны не ў час абудзілі маё спачуванне. Мая гаспадыня не мусіць і не будзе зараз з вамі гаварыць. Калі ў вас няма злых намераў, вам не трэба баяцца дня, таму прыходзьце па сваёй справе заўтра! А цяпер вымятайцеся з дому!

Незнаёмец глуха ўздыхнуў, жудасным позіркам утаропіўся ў Марціньер і сціснуў стылет.

У думках Марціньер даверыла сваю душу Госпаду, але засталася на месцы і дзёрзка глядзела ў вочы начному госцю, пакрысе ўсё мацней прыціскаючыся да дзвярэй пакоя, праз які той мусіў прайсці, каб трапіць да мадэмуазэль Скюдэры.

— Пусціце мяне да сваёй гаспадыні, каму кажу! — яшчэ раз крыкнуў незнаёмец.

— Рабіце што заўгодна, — адказала Марціньер, — але я не скрануся з гэтага месца. Завяршайце ж пачатае злачынства, і вас таксама, як і вашых праклятых хаўруснікаў, чакае ганебны канец на Грэўскай плошчы.

— Уга! — выгукнуў незнаёмец. — Вы маеце рацыю, Марціньер! Я выглядаю і ўзброены як апошні злодзей і забойца, але мае хаўруснікі яшчэ не пакараныя… так, яшчэ не пакараныя.

І кінуўшы знішчальны позірк на спалоханую да смерці жанчыну, ён выцягнуў стылет.

— Божа мой! — усклікнула тая, чакаючы смяротнага ўдару, але тут з вуліцы данесліся бразгат зброі і цокат капытоў. — Варта! Варта! Памажыце! — закрычала Марціньер.

— Жахлівая кабета, ты хочаш маёй пагібелі! Ну вось і ўсё, вось і ўсё!.. Вазьмі, вазьмі, аддай гэта гаспадыні яшчэ сёння — ці заўтра, калі хочаш, — ціха мармычучы так, незнаёмец вырваў у Марціньер падсвечнік, патушыў свечкі і сунуў ёй у рукі нейкую скрыначку. — Дзеля ўратавання сваёй душы аддай гэта гаспадыні, — крыкнуў ён і выскачыў за парог.

Марціньер з цяжкасцю ўзнялася з падлогі і ў цемры пасунулася назад у свой пакой, дзе, цалкам знясіленая, не ў стане вымавіць ані слова, апусцілася на крэсла. І тут яна пачула бразгат ключоў, пакінутых у замку ўваходных дзвярэй. Нехта замкнуў дом і ціхімі няпэўнымі крокамі набліжаўся да пакоя. Скамянелая, не маючы сілы паварушыцца, яна чакала чагосьці страшнага. Якое ж было яе здзіўленне, калі дзверы адчыніліся, і ў святле начной лямпы яна з першага ж погляду пазнала добрага Батыста; ён быў збялелы, бы мярцвяк, і выглядаў зусім разгубленым.

— Дзеля ўсіх святых, — пачаў ён, — дзеля ўсіх святых, скажыце мне, пані Марціньер, што здарылася? Ах, які жах, які жах! Не ведаю, што гэта было, але нейкая сіла літаральна прагнала мяне прэч з вяселля ўчора ўвечары! І вось я ўваходжу на нашую вуліцу… У пані Марціньер, думаю я, чуйны сон, яна, пэўна, пачуе, калі я ціхенька і асцярожна пастукаю ў дзверы, і пусціць мяне ў дом. І тут перада мной з’яўляецца патруль, вершнікі і пешыя, узброеныя да зубоў, яны спыняюць мяне і не хочуць адпускаць. Але на шчасце, сярод іх апынуўся Дэгрэ, лейтэнант гвардыі, які мяне добра ведае. Ён і кажа, пакуль іншыя трымаюць мне пад носам ліхтар: “Гэй, Батыст, адкуль ідзеш сярод ночы? Ты ж мусіш заставацца ў доме і ахоўваць яго. Тут быць непамысна, мы разлічваем на добрую здабычу ў гэтую ноч”. Вы не паверыце, пані Марціньер, як цяжка мне стала на сэрцы ад гэтых словаў. І вось я пераступаю наш парог, ажно нейкі захутаны чалавек вылятае з дома, голы стылет у руцэ, і аббягае вакол мяне — дом адчынены, ключы тырчаць у замку… скажыце ж, што гэта ўсё мае значыць?

Марціньер, пазбыўшыся смяротнага страху, пра ўсё расказала. Абодва, яна і Батыст, выйшлі ў калідор і знайшлі на падлозе падсвечнік, які кінуў, збягаючы, чужынец.

— Відавочна, — прамовіў Батыст, — што нашую гаспадыню хацелі абрабаваць, а можа, нават і забіць. Той чалавек ведаў, як вы кажаце, што вы засталіся ўдзвюх з пані, і нават пра тое, што яна яшчэ сядзела над сваімі рукапісамі; напэўна ж гэта быў адзін з тых клятых прайдзісветаў і махляроў, якія пранікаюць у дом і хітра выведваюць усё, што можа паслужыць іхным д’ябальскім планам. А гэтую скрыначку, пані Марціньер, мне думаецца, лепей кінуць у Сену, туды, дзе найглыбей. Хто можа паручыцца, што нейкі гнюсны ліхадзей не імкнецца адабраць жыццё ў нашай добрай гаспадыні, што яна, адчыняючы скрыначку, не ўпадзе мёртвай, як стары маркіз дэ Турнэй, які ўскрыў ліст, атрыманы з рук невядомага!

Пасля доўгай нарады верныя слугі ўрэшце вырашылі нараніцу расказаць усё гаспадыні і перадаць ёй загадкавую скрыначку, якую, канечне ж, трэба адчыняць з належнай асцярожнасцю. Яны дэталёва абмеркавалі ўсе абставіны з’яўлення падазронага незнаёмца і прыйшлі да высновы, што тут напэўна не абышлося без нейкай таямніцы, якую яны не рызыкавалі раскрыць самавольна, а мусілі пакінуць гэта сваёй гаспадыні.

Для непакою Батыста былі ўсе падставы. Якраз у той час Парыж стаў месцам дзеяння найстрашнейшых злачынстваў, якраз тады пякельнае, д’ябальскае вынаходніцтва адкрывала самыя лёгкія шляхі для гэтага.

Глазер, аптэкар-немец, найлепшы хімік свайго часу, займаўся, як гэта нярэдка бывае з людзьмі яго роду дзейнасці, алхімічнымі доследамі. Ён мерыўся знайсці філасофскі камень. Да яго далучыўся адзін італьянец на імя Экзілі. Але апошняму алхімія служыла адно для адводу вачэй. Толькі змешванню, гатаванню, сублімаванню атрутных рэчываў, у якіх Глазер спадзяваўся знайсці свае шчасце, хацеў ён навучыцца, і ўрэшце ў яго атрымалася вынайсці такую тонкую атруту, якая, не маючы ані паху, ані смаку, забівала альбо на месцы, альбо павольна, не пакідала якіх-кольвечы слядоў у чалавечым целе і ашуквала лекараў з усім іхным майстэрствам і вучонасцю, якія, не падазраючы смерці ад атруты, былі вымушаныя тлумачыць яе нейкай натуральнай прычынай. Як ні сцярогся Экзілі падчас сваіх заняткаў, яго ўсё адно запасочылі ў продажы атруты і кінулі ў Бастылію. У тую ж камеру неўзабаве пасадзілі і капітана Гадэна дэ Сэнт-Круа. Ён доўгі час жыў у пазашлюбнай сувязі з маркізай дэ Брэнвілье, ганьбячы тым гонар усёй сям’і, і нарэшце, паколькі маркіз не зважаў на бздуры сваёй жонкі, гэта прымусіла яе бацьку, Дрэ д’Абрэя, важнага чыноўніка Парыжскага суду, разлучыць злачынную парачку з дапамогаю ордэра на арышт, які быў здзейснены насуперак волі капітана. Для жарснага, бесхарактарнага, па-ханжаску пабожнага, але схільнага з юнацтва да ўсіх магчымых заганаў, раўнівага, помслівага да шаленства капітана нішто не магло быць больш дарэчы, чым д’ябальская таямніца Экзілі, што давала яму моц знішчыць усіх сваіх ворагаў. Ён стаў старанным вучнем Экзілі і ў хуткім часе ні ў чым не саступаў свайму настаўніку, так што пасля вызвалення з Бастыліі мог працягваць працу самастойна.

Дэ Брэнвілье і так была распусніцай, а праз сувязь з дэ Сэнт-Круа ўвогуле ператварылася ў пачвару. Той прымусіў яе атруціць спачатку ўласнага састарэлага бацьку, пры якім яна жыла, даглядаючы яго з рэдкай крывадушнасцю, пасля абодвух братоў і нарэшце сястру; бацьку — з помсты, астатніх — дзеля вялікай спадчыны. Гісторыі многіх атручальнікаў ёсць жудаснымі сведчаннямі таго, як гэтае злачынства робіцца непераадольнай жарсцю. Без ніякае мэты, толькі каб задаволіць сваю прагу, накшталт хіміка, што эксперыментуе дзеля забавы, атручальнікі часта забівалі людзей, жыццё і смерць якіх маглі быць ім цалкам абыякавыя. Раптоўны скон некалькіх беднякоў у шпіталі “Атэль-Д’ё”пазней абудзіў падазрэнні, што хлеб, які штотыдзень раздавала там дэ Брэнвілье, выстаўляючы сябе ўзорам пабожнасці і дабрачыннасці, быў атручаны. Але дакладна вядома, што яна труціла галубіныя пірагі і частавала імі запрошаных гасцей. Шэвалье дзю Ге і шэраг іншых асобаў сталі ахвярамі гэтых д’ябальскіх абедаў. Сэнт-Круа, яго памочнік ля Шасэ і сама Брэнвілье доўгі час паспяхова хавалі свае жахлівыя ўчынкі пад шчыльнай завесай таямнічасці, але як бы ні хітравалі гэтыя ліхадзеі, адвечная нябесная сіла вырашыла пакараць грэшнікаў ужо тут, на зямлі! Атрута, якую гатаваў Сэнт-Круа (парыжане называлі яе “спадчынным парашком”), была настолькі моцнай, што калі яна ляжала адкрытая, досыць было адзінага ўдыху, каб сканаць у той жа момант. Таму Сэнт-Круа праводзіў свае маніпуляцыі ў масцы з тонкага шкла. І вось аднойчы, калі ён якраз збіраўся засыпаць гатовы парашок у колбу, маска ўпала, і Сэнт-Круа, удыхнуўшы тонкі пылок атруты, імгненна аддаў Богу душу. Паколькі ён не пакінуў нашчадкаў, судовыя ўлады паспяшаліся ў ягоны дом, каб апячатаць спадчыну, і там натрапілі на замкнёную скрыню, дзе змяшчаўся ўвесь д’ябальскі атрутны арсенал, якім карыстаўся гнюсны Сэнт-Круа, а таксама знайшлі лісты дэ Брэнвілье, якія не пакідалі сумневу ў яе злачынствах. Яна збегла ў кляштар у Льежы. Наўздагон быў пасланы Дэгрэ, афіцэр жандармерыі. Пераапрануты святаром, ён з’явіўся ў кляштары, дзе хавалася жанчына. Дэгрэ здолеў завязаць з жахлівай кабетай любоўную інтрыжку і завабіць яе на таемную сустрэчу ў закінутым садзе за горадам. Ледзь толькі яна ўвайшла ў сад, яе ўмомант абкружылі шпегі Дэгрэ, святар-каханак раптам ператварыўся ў афіцэра жандармерыі і прымусіў жанчыну сесці ў вазок, які ўжо стаяў напагатове і адразу ж накіраваўся ў Парыж. Ля Шасэ адсеклі галаву яшчэ раней, дэ Брэнвілье пакаралі гэтак жа, пасля чаго яе цела спалілі і развеялі попел у паветры.

Парыжане ўздыхнулі з палёгкай, калі монстр, здольны беспакарана выкарыстоўваць таемную знішчальную зброю супраць сваіх і чужых, знік са свету. Але неўзабаве высветлілася, што страшнае майстэрства праклятага Сэнт-Круа знайшло пераемнікаў. Як нябачная падступная здань, смерць праточвалася ў найцяснейшыя колы, якія толькі могуць утварыць сваяцтва, каханне і сяброўства, і ўпэўнена й хутка выхоплівала адтуль няшчасных ахвяраў. Той, каго сёння бачылі ў цудоўным здароўі, заўтра хістаўся ад хваробы і чэзнуў, і ніякае ўмельства лекараў не магло ўратаваць яго ад смерці. Багацце, прыбытковая пасада, прыгожая і, магчыма, занадта маладая жонка — гэтага было дастаткова, каб стаць мэтай смяротнага пераследу. Самы страшны недавер ірваў найсвяцейшыя повязі. Муж дрыжэў ад страху перад жонкай, бацька — перад сынам, сястра — перад братам. Некранутымі заставаліся стравы і віно на бяседных сталах, накрытых сябрамі для сяброў, і там, дзе звычайна панавалі жарты і весялосць, здзічэлыя позіркі высочвалі патаемных забойцаў. Можна было ўбачыць таго ці іншага бацьку сямейства, які спалохана набываў у аддаленых раёнах прадукты і сваімі рукамі гатаваў іх у якім-небудзь брудным шынку, баючыся д’ябальскай здрады ва ўласным доме. І ўсё-такі час ад часу нават найбольшая перасцярога аказвалася дарэмнай.

Каб даць рады бязладдзю, што ўсё больш ахоплівала горад, кароль прызначыў асобны трыбунал, які надзяліў выключнымі паўнамоцтвамі па расследаванні і пакаранні таямнічых злачынстваў. Гэта была так званая Вогненная палата, якая засядала непадалёк ад Бастыліі пад старшынствам ля Рэньі. Доўгі час намаганні апошняга, як бы ён ні высільваўся, не давалі плёну, але хітраму Дэгрэ было наканавана накрыць самае кубло злачынцаў. — У прадмесці Сэн-Жэрмэн жыла старая жанчына на імя ля Вуазэн, што займалася прадказаннямі і заклінаннем духаў і з дапамогаю сваіх чаляднікаў ле Сажа і ле Вігаро ўмела выклікаць страх і подзіў нават у тых, каго нельга было назваць слабым ці легкаверным. Але яна рабіла далёка не толькі гэта. Як і Сэнт-Круа, вучаніца Экзілі, яна гатавала паводле яго рэцэпту тонкую атруту, што не пакідала слядоў, і так дапамагала нягодным сынам хутчэй атрымаць спадчыну, а распусніцам — прыдбаць іншага, маладзейшага мужа. Дэгрэ раскрыў яе таямніцу, яна ва ўсім прызналася, была прысуджаная Вогненнай палатай да спалення і скончыла жыццё на Грэўскай плошчы. Пры ёй знайшлі спіс усіх, хто карыстаўся яе паслугамі, і гэта не толькі пацягнула шэраг смяротных пакаранняў, але і выклікала цяжкія падазрэнні нават у адрас высокапаважаных людзей. Так, казалі, што кардынал Банзі узяў у ля Вуазэн сродак, з дапамогай якога ўсе, каму ён мусіў плаціць пенсіі ў якасці арцыбіскупа Нарбоны, у хуткім часе пайшлі з жыцця. Так былі абвінавачаныя ў сувязі з клятай кабетай герцагіня Бульёнская і графіня Суасон, імёны якіх значыліся ў спісе, не пашкадавалі нават Франсуа Анры дэ Манмарансі-Будэбеля, герцага Люксембургскага, пэра і маршала Францыі. І на яго накінулася жудасная Вогненная палата. Ён сам з’явіўся ў турму Бастыліі, дзе праз нянавісць з боку дэ Лувуа і ля Рэньі яго пасадзілі ў каморку даўжынёй шэсць футаў. Прайшлі месяцы, перш чым канчаткова высветлілася, што злачынства герцага ўвогуле не заслугоўвала кары: ён толькі аднойчы замовіў у ле Сажа гараскоп.

Відавочна, што сляпы імпэт штурхаў ля Рэньі да гвалту і здзекаў. Трыбунал цалкам ператварыўся ў інквізіцыю: найдрабнейшага падазрэння было дастаткова для суровага ўвязнення, і часта доказ невінаватасці зняволеных аддаваўся на волю выпадку. Пры гэтым Рэньі меў агідны твар і падступную натуру, так што хутка зрабіўся аб’ектам нянавісці тых, дзеля чыёй абароны ці помсты быў пакліканы. Герцагіня Бульёнская, якую ён спытаў падчас допыту, ці бачыла яна д’ябла, адказала: “Мне падаецца, я бачу яго якраз у гэты момант!”

У той час, калі на Грэўскай плошчы ручаямі цякла кроў вінаватых і падазраваных і загадкавыя атручанні здараліся ўсё радзей і радзей, з’явілася іншая бяда, што непакоіла ўсё больш народу. Нейкая банда рабаўнікоў нібыта пастанавіла сабе завалодаць усімі каштоўнасцямі ў Парыжы. Багатыя ўпрыгожанні знікалі незразумелым чынам, нягледзячы на любую ахову, ледзь толькі іх паспявалі набыць. Але яшчэ горшым было тое, што кожнага, хто насмельваўся надзець каштоўнасці, рабавалі пасярод вуліцы альбо ў цёмных дварах і нават забівалі. Ацалелыя ахвяры прыгадвалі, што нехта збіваў іх з ног моцным ударам па галаве, нібы бліскавіцай, а апрытомнеўшы, яны бачылі навокал зусім іншую мясцовасць, чым тая, дзе заспеў іх напад. Забітыя ж, целы якіх знаходзілі на вуліцах ці ў дамах амаль штодня, усе мелі аднолькавыя смяротныя раны. Удар кінжала ў сэрца, па сведчанні лекараў, забіваў так хутка і надзейна, што, атрымаўшы яго, чалавек без гуку валіўся долу. Хто з асобаў, блізкіх да пышнага двара Людовіка XIV, ублытаны ў любоўную інтрыгу, не спяшаўся крадком да каханкі, часам несучы салідны падарунак? Нібыта змовіўшыся з духамі, рабаўнікі дакладна ведалі, калі хтось мусіў мець пры сабе нешта падобнае. Почасту нешчаслівец нават не паспяваў дасягнуць дома, дзе разлічваў на любошчы, нярэдка ён падаў мёртвы на парозе дый нават проста перад дзвярыма ў пакой сваёй каханай, якая ў жаху знаходзіла акрываўленае цела.

Дарэмна начальнік паліцыі Аржансон загадваў хапаць у Парыжы кожнага, хто выклікаў хоць найменшае падазрэнне, дарэмна лютаваў ля Рэньі, выбіваючы прызнанні, дарма ўзмацнялі патрулі і ахову — нішто не дапамагала натрапіць на след злачынцаў. Толькі асаблівыя перасцярогі, калі ўзбройваліся да зубоў і бралі з сабой чалавека з ліхтаром, давалі пэўны плён, але ўсё роўна здаралася, што слугу закідвалі камянямі, каб запалохаць, а гаспадара ў той жа момант забівалі і рабавалі.

Дзіўным было тое, што, нягледзячы на ўсе росшукі паўсюль, дзе толькі быў магчымы гандаль каштоўнасцямі, на вочы шпегам не трапілася нават найдрабнейшая са скрадзеных рэчаў, таму і тут не намацваўся след, якім можна было б рухацца далей.

Дэгрэ пырскаў пенай ад злосці, бо махляры патраплялі абысці нават ягоную хітрасць. Той квартал горада, дзе знаходзіўся ён, ніхто не чапаў, а ў іншым раёне, дзе непрыемнасцяў не чакалі, смерць ад рукі рабаўніка падпільноўвала багатых ахвяраў.

Дэгрэ даўмеўся завесці некалькі двайнікоў, настолькі падобных паміж сабой хадою, паставай, моваю, фігурай і тварам, што нават шпегі не ведалі, хто ж з іх сапраўдны Дэгрэ. Ён жа тым часам, рызыкуючы жыццём, адзін высочваў па самых схаваных кутках і зводдаль суправаджаў таго, хто на яго загад меў пры сабе ўпрыгожанні. Але той заставаўся недасяжны; значыць, зламыснікам была вядомая і гэтая мера. Паліцэйскага ахопліваў адчай.

Аднойчы ранкам Дэгрэ з’явіўся да ля Рэньі, белы, з перакошаным тварам, увесь сам не свой.

— Што ў вас? Якія навіны? Вы натрапілі на след? — выгукнуў ля Рэньі, ідучы яму насустрач.

— Ах, мсье, — пачаў Дэгрэ, заікаючыся ад ярасці, — ах, мсье, учора ўночы пры мне блізу Луўра напалі на маркіза дэ ля Фара.

— Сілы нябесныя! — радасна загаласіў ля Рэньі. — Яны ў нашых руках!

— Ды паслухайце ж вы, — перарваў яго Дэгрэ з горкай усмешкай. — Паслухайце спярша, як усё было. Дык вось, стаю я ля Луўра і падпільноўваю з цяжкім сэрцам гэтых чарцей, што кпяць з мяне. Тут нехта праходзіць няпэўным крокам, усцяж азіраючыся, зусім блізка ля мяне, але мяне не заўважае. У месячным мігценні я пазнаю маркіза дэ ля Фара. Я мог бы чакаць яго там, бо ведаў, куды ён выправіўся. Толькі ён аддаляецца на дзесяць-дванаццаць крокаў, як нібыта з-пад зямлі выскоквае нейкая фігура, цягне яго на зямлю і накідваецца зверху. Агаломшаны тым, што забойца амаль трапіўся мне ў рукі, я гучна крычу і збіраюся адным вялізным скачком дапяць да яго са свайго схову, але заблытваюся ва ўласным плашчы і падаю. Бачу, як гэты чалавек спяшаецца прэч нібы на крылах ветру, выпростваюся, кідаюся наўздагон, на бягу дзьму ў свой ражок — здаля адгукаюцца свісткі шпегаў. Робіцца горача — ляскат зброі, тупат капытоў з усіх бакоў. “Сюды, сюды, Дэгрэ, Дэгрэ!” — крычу я на ўсю вуліцу. Я ўсё яшчэ бачу чалавека перад сабою ў яркім месячным святле. Каб падмануць мяне, ён збочвае; мы трапляем на вуліцу Нікез, і падаецца, што сілы яго на зыходзе. Я ж падвойваю свае намаганні — дыстанцыя скарачаецца, цяпер яна не большая за пятнаццаць крокаў...

— Вы даганяеце яго, скручваеце, і тут падбягаюць шпегі, — закрычаў ля Рэньі, бліскаючы вачыма і хапаючы Дэгрэ за руку, як быццам той і ёсць забойца-ўцякач.

— Пятнаццаць крокаў, — працягнуў Дэгрэ глухім голасам і цяжка дыхаючы. — За пятнаццаць крокаў ад мяне чалавек адскоквае ўбок, у цень, і знікае праз мур.

— Знікае? Праз мур?! Вы што, з глузду з’ехалі? — залямантаваў ля Рэньі, адступаючы на два крокі назад і ўсплёскваючы рукамі.

— Можаце назваць мяне, мсье, — сказаў Дэгрэ, паціраючы лоб, быццам апанаваны благімі думкамі, — хоць бы й вар’ятам і дурным спірытыстам, але ўсё было менавіта так і не інакш, як я вам расказваю. У здранцвенні я стаю перад мурам, да мяне падбягаюць некалькі запыханых шпегаў; разам з імі — маркіз дэ ля Фар, раз’юшаны, з аголенай шпагай у руцэ. Мы запальваем факелы, аглядаем мур уздоўж і ўпоперак: ані следу дзвярэй, акна, наогул якой адтуліны. Гэта магутная каменная дваровая агароджа, што атачае дом, супраць жыхароў якога не можа паўстаць нат найменшага падазрэння. Сёння я яшчэ раз правёў дэталёвы агляд месца. — Мусіць, сам д’ябал цвеліцца з нас.

Гісторыя, што адбылася з Дэгрэ, разышлася па Парыжы. Усе толькі і думалі пра чараўніцтва, выклікі духаў, хаўрусы з чортам, Вуазэн, Вігаро, сумнавядомага пастара ле Сажа… А паколькі схільнасць да звышнатуральнага, дзівоснага ў нашай прыродзе пераважае любы здаровы сэнс, неўзабаве ўсе паверылі — ні больш ні менш — у тое, што, як у запале абмовіўся Дэгрэ, д’ябал напраўду ўласнаручна ахоўвае мярзотнікаў, якія прадалі яму свае душы. Можна ўявіць сабе, якімі дадатковымі маляўнічымі дэталямі была аздобленая гісторыя Дэгрэ. Разам з гравюрай з жахлівай фігуркай чорта, што знікае ў зямлю перад спужаным Дэгрэ, яна была надрукаваная і прадавалася на кожным кроку. І гэтага было досыць, каб запалохаць народ і дарэшты пазбавіць мужнасці нават шпегаў, якія цяпер блындаліся начнымі вуліцамі, дрыжучы ад страху, абвешаныя амулетамі і апырсканыя святой вадой.

Аржансон адчуваў, што ўсе высілкі Вогненнай палаты пагражаюць скончыцца правалам, і звярнуўся да караля з прапановай прызначыць для разбору новых злачынстваў трыбунал, які з яшчэ большымі паўнамоцтвамі высочваў бы злачынцаў і караў іх. Кароль, упэўнены, што і так даў Вогненнай палаце зашмат улады, і ўражаны жахам незлічоных пакаранняў, арганізаваных крыважэрным ля Рэньі, катэгарычна адхіліў ініцыятыву.

Каб абудзіць цікавасць караля да сутнасці пытання, быў абраны іншы сродак.

У пакоях маркізы дэ Мэнтэнон, дзе кароль любіў бавіць час па абедзе і, напэўна, да позняй ночы працаваў са сваімі міністрамі, яму перадалі верш ад імя ўстрывожаных каханкаў, якія скардзіліся, што калі галантнасць патрабавала ад іх прынесці каханай багаты падарунак, ім даводзілася ставіць дзеля гэтага на карту ўласнае жыццё. Натуральна, гаварылася ў вершы, гонар і радасць — праліць кроў дзеля каханай у рыцарскім баі, але зусім іншае — подлы напад забойцы, да якога немагчыма падрыхтавацца. Хай жа Людовік, ясная палярная зорка кахання і выкшталцонасці, разгоніць начны змрок сваім зыркім святлом і раскрые схаваную ў цемры чорную таямніцу. Боскі герой, што зрынуў дашчэнту ўсіх ворагаў, зараз зноўку выхапіць свой бліскучы пераможны меч і, нібы Геракл Лернейскую гідру, нібы Тэзей Мінатаўра, адолее пагрозлівую пачвару, якая нішчыць мілосць і ахінае радасць покрывам глыбокай пакуты і несуцешнага смутку.

Якой бы сур’ёзнай ні была гэтая справа, але ў вершы, асабліва ў апісанні таго, як калоцяцца ад страху каханкі на патаемных сцежках да сваіх палюбоўніц, як страх забівае ў зародку ўсю мілосць, усю пекнасць любоўных прыгодаў, не бракавала й дасціпна-жартаўлівых абаротаў. Да таго ж верш завяршаўся ўзнёслым панегірыкам Людовіку XIV, таму не было і сумневу, што кароль прачытаў яго з прыемнасцю. Скончыўшы чытанне, ён, не адрываючы вачэй ад паперы, імкліва павярнуўся да Мэнтэнон, яшчэ раз гучна прадэкламаваў верш і тады спытаўся з прыязнай усмешкай, што яна думае пра жаданні каханкаў, якім пагражае небяспека. Мэнтэнон, што была заўжды верная свайму сур’ёзнаму розуму і вылучалася пэўнай цнатлівасцю, адказала, што патаемныя сцежкі якраз не варта асабліва абараняць, затое для вынішчэння жудасных злачынцаў было б вельмі дарэчы зрабіць адмысловыя захады. Кароль, незадаволены такім няпэўным адказам, згарнуў аркуш і хацеў быў вярнуцца да дзяржаўнага сакратара, які працаваў у іншым пакоі, але, кінуўшы вокам вакол сябе, заўважыў таксама прысутную тут Скюдэры, якая заняла месца паблізу Мэнтэнон на маленькім крэсле. Да мадэмуазэль Скюдэры ён і падышоў. Чароўная ўсмешка, што нядаўна трапятала на вуснах і шчоках і ўжо быццам бы знікла, вярнулася назад, і вось, стоячы побач з мадэмуазэль і зноў разгортваючы верш, кароль прамовіў:

— Маркіза робіць выгляд, што нічога не ведае пра любоўныя залёты нашых мілых мужчын, і ўхіляецца ад размоваў пра забароненыя сцежкі. А вы, мадэмуазэль… што вы мяркуеце наконт гэтага паэтычнага хадайніцтва?

Скюдэры пачціва прыўзнялася з крэсла, мімалётная чырвань кармазынам вечаровага неба легла на шчокі старой шаноўнай дамы, і яна прамовіла, крыху схіліўшыся і апусціўшы вочы:

Un amant, qui craint les voleurs,

n'est point digne d'amour. [1]

Кароль, надзвычай уражаны рыцарскім духам гэтых словаў, якія зрынулі ў пыл цэлы верш з яго даўжэзнымі тырадамі, усклікнуў з бляскам у вачах:

— Клянуся святым Дыянісіем, вашая рацыя, мадэмуазэль! Далоў сляпыя правілы, што абараняюць баязлівасць, аднолькава губячы вінаватых і бязвінных; а Аржансон і ля Рэньі хай робяць сваю справу!

Усе жахі, што дзеяліся навокал, найярчэйшымі фарбамі апісала Марціньер, калі наступным ранкам расказвала сваёй гаспадыні пра тое, што адбылося ўночы, пасля чаго перадала ёй, дрыжучы ад страху, загадкавую скрыначку. І яна, і Батыст, што, увесь збялелы, стаяў у кутку і мяў у руках начны каўпак, ад боязі й трывогі амаль страціўшы здольнасць гаварыць, надта жаласна малілі гаспадыню дзеля ўсіх святых адчыняць скрыначку з усёй магчымай асцярожнасцю. Мадэмуазэль Скюдэры, узважваючы ў руцэ замкнёную таямніцу, прамовіла смеючыся:

— Вам абодвум мрояцца нейкія здані! Тое, што я не багатая, што ў мяне няма каштоўнасцяў, дзеля якіх варта было б забіваць, не горш, чым вам і мне, вядома ўсім адпетым галаварэзам там, звонку, якія, як вы самі кажаце, выведваюць у дамах усе куточкі. Ці, можа, разлік на тое, каб пазбавіць мяне жыцця? Але каго і чым можа зацікавіць смерць сямідзесяцітрохгадовай жанчыны, якая ніколі не пераследавала нікога, апроч баламутаў і шыбенікаў ва ўласных раманах, якая піша пасрэдныя вершыкі, што не могуць выклікаць нічыёй зайздрасці, якая не пакіне па сабе нічога, акрамя ўрачыстага строю старой дамы, час ад часу кліканай да двара, і пары тузінаў добра пераплеценых кніг з пазалочаным абрэзам! А ты, Марціньер, можаш апісваць з’яўленне незнаёмца так вусцішна, як пажадаеш, але ж я не веру, што ён меў наўме нешта благое. Ну што ж!

Марціньер адскочыла на тры крокі, а Батыст ледзь не ўкленчыў з глухім уздыхам — ах! — калі мадэмуазэль націснула на цудоўную металічную кнопку, і накрыўка скрыначкі адкінулася з лёгкім шоргатам.

Якім жа было здзіўленне мадэмуазэль Скюдэры, калі са скрыначкі бліснула пара залатых, багата аздобленых каштоўнымі камянямі бранзалетаў і такія самыя каралі. Яна дастала каралі, і пакуль з яе вуснаў гучалі кампліменты цудоўнай працы майстра, Марціньер пільна разглядала раскошныя бранзалеты і выгуквала раз-пораз, што такой прыгажосці, напэўна, няма нават у пыхлівай Мантэспан.

— Але што гэта ўсё мае значыць? — прамовіла Скюдэры і ў той жа момант заўважыла на дне скарбонкі маленькі складзены лісток паперы.

Зразумела, яна спадзявалася знайсці ў ім разгадку таямніцы. Аркуш, ледзь толькі яна прачытала напісанае на ім, выпаў з яе дрыготкіх рук. Яна ўмольна ўзняла вочы дагары і, амаль непрытомная, апусцілася на крэсла. Марціньер і Батыст спалохана кінуліся да яе.

— Ах! — усклікнула яна прыглушаным ад слёз голасам. — Ах, якая знявага, якая вялікая ганьба! Ці ж мусіла яшчэ й такое выпасці мне ў мае паважныя гады! Хіба ж я блюзнерыла ў дурной легкадумнасці, як юнае неразумнае стварэнне? Божа мілы, няўжо словы, кінутыя напаўжартам, можна трактаваць так жахліва! Ці ж можна вінаваціць мяне, тую, што, захоўваючы цноту і пабожнасць, з маленства паводзіла сябе бездакорна, як можа злачынец папракаць мяне ўдзелам у д’ябальскім хаўрусе?

Мадэмуазэль трымала насоўку перад вачыма і плакала ды галасіла так, што Марціньер і Батыст, дарэшты збянтэжаныя і ўстрывожаныя, не ведалі, як дапамагчы сваёй добрай гаспадыні суцешыць яе вялікі боль. Марціньер падняла з падлогі злашчасны аркуш. На ім было напісана:

Un amant, qui craint les voleurs,

n'est point digne d'amour.

Ваш дасціпны розум, вельмішаноўная пані, уратаваў ад вялікага пераследу нас, якія ўжываюць у дачыненні да слабых і баязлівых права моцнага і прыўлашчваюць каштоўнасці, што былі б легкадумна прамантачаныя. Як доказ нашай удзячнасці ласкава прыміце гэтыя ўпрыгожанні. Яны — самае каштоўнае, што мы патрапілі прыдбаць за працяглы час, хоць вас, высакародная пані, мусілі б аздабляць нашмат прыгажэйшыя каралі, ніж гэтыя. Просім вас не адмовіць нам у вашым сяброўстве і прыязным успаміне.

Нябачныя

— Ці магчыма, — выгукнула мадэмуазэль Скюдэры, крыху апамятаўшыся, — ці магчыма так далёка зайсці ў бессаромным нахабстве, гнюсным глумленні?

Яркае сонечнае святло хлынула ў пакой праз гардзіны з пунсовага ядвабу, і дыяменты, што ляжалі на стале побач з адчыненай скарбонкай, заззялі чырванаватым водбліскам. Зірнуўшы на іх, Скюдэры абурана закрыла твар і загадала Марціньер зараз жа прыбраць жудасныя каралі, да якіх прыстала кроў забітых. Марціньер, спрытна схаваўшы каралі і бранзалеты ў скрыначку, выказалася ў тым сэнсе, што, мусіць, найбольш слушна было б перадаць каштоўнасці начальніку паліцыі, падрабязна расказаўшы яму пра застрашлівае з’яўленне маладога чалавека і абставіны ўручэння ім свайго падарунку.

Мадэмуазэль Скюдэры паднялася і пачала павольна хадзіць па пакоі, нібыта абдумваючы, што рабіць далей. Потым яна загадала Батысту падрыхтаваць партшэз, а Марціньер — апрануць яе, бо неадкладна захацела наведаць маркізу дэ Мэнтэнон.

Яна прыехала да маркізы якраз у той час, калі тая, як было вядома Скюдэры, была ў сваіх пакоях адна. Скрыначку з каштоўнасцямі мадэмуазэль захапіла з сабой.

Маркіза надзвычай здзівілася, пабачыўшы, што мадэмуазэль Скюдэры, якая заўжды ўвасабляла годнасць і нават, нягледзячы на паважны ўзрост, пекнасць і саму ласкавасць, уваходзіць няпэўнымі крокамі са збялелым, скажоным тварам.

— Што, дзеля ўсіх святых, з вамі здарылася? — усклікнула маркіза, звяртаючыся да беднай спалоханай дамы, якая, нібыта не ў сабе і ледзьве ў стане трымацца роўна, прагнула толькі як найхутчэй апусціцца на крэсла, што пасунула ёй маркіза.

Калі мадэмуазэль урэшце змагла загаварыць, то расказала, якую глыбокую, невыносную крыўду прынёс ёй той неабдуманы жарт, што нарадзіўся ў адказ на петыцыю застрашаных каханкаў. Маркіза, выслухаўшы ўсю гісторыю ад пачатку да канца, выказала меркаванне, што мадэмуазэль Скюдэры прымае занадта блізка да сэрца гэтае недарэчнае здарэнне, што глумленне гнюснай набрыдзі ніколі не зможа зачапіць чыстае, высакароднае сэрца, і ўрэшце запатрабавала паказаць ёй каштоўнасці.

Мадэмуазэль Скюдэры падала ёй адчыненую скарбонку, і маркіза, пабачыўшы выкшталцоныя каралі, не змагла стрымаць гучнага воклічу здзіўлення. Яна дастала пацеркі і бранзалеты і падышла з імі да акна, дзе то назірала за пералівамі каменьчыкаў на сонцы, то падносіла вытанчаны залаты выраб зусім блізка да вачэй, каб добра разгледзець, з якім неверагодным майстэрствам быў выштукаваны кожны маленечкі гачак пераплеценых паміж сабою ланцужкоў.

Раптам маркіза рэзка павярнулася да мадэмуазэль і ўсклікнула:

— Вы напэўна ж ведаеце, шаноўная, што гэтыя бранзалеты і гэтыя каралі не мог стварыць ніхто іншы, як Рэнэ Кардыльяк?

Рэнэ Кардыльяк быў тады найлепшым парыжскім ювелірам, адным з самых па-мастацку адораных і пры тым своеасаблівых людзей свайго часу. Хутчэй нізкі, чым высокі, але шыракаплечы і з моцным, мускулістым тулавам, Кардыльяк, які ўжо даўно размяняў шосты дзясятак, яшчэ меў сілу і рухавасць юнака. Пра гэтую сілу, якую можна было назваць незвычайнай, сведчылі таксама густыя і кучаравыя рудаватыя валасы і прысадзістае спрытнае цела. Калі б увесь Парыж не ведаў Кардыльяка як найсумленнейшага чалавека гонару, бескарыслівага, адкрытага, без задняй думкі, заўсёды гатовага дапамагчы, то вельмі своеасаблівы позірк яго маленькіх, глыбока пасаджаных зыркіх зеленаватых вачэй мог бы навесці на думку пра таемную падступнасць і злосць. Як ужо згадвалася, Кардыльяк быў найвялікшым майстрам не толькі ў Парыжы, але, магчыма, у свеце ўвогуле. Глыбока абазнаны ў прыродзе каштоўных камянёў, ён меў здольнасць апрацоўваць і апраўляць іх так, што ўпрыгожанне, якое спачатку здавалася някідкім, выходзіла з майстэрні Кардыльяка ў бляску раскошы. Ён прымаў кожную замову з шалёнай прагнасцю і прызначаў кошт, які, здавалася, быў настолькі нізкі, што аніяк не суадносіўся з будучай працай. І тады новы твор не пакідаў яго ў спакоі, удзень і ўночы з майстэрні чуўся постук, а часта, калі праца была амаль скончаная, яму раптам магла не спадабацца форма, выклікала сумнеў зграбнасць аправы нейкага з камянёў, якога-небудзь маленькага гачка — і гэтага было дастаткова, каб кінуць плён працы ў плавільны тыгель і пачаць нанова. Так кожны выраб станавіўся чыстым, непараўнаным шэдэўрам, які ашаламляў замоўцу. Але ж атрымаць гатовы твор у майстра было амаль немагчыма. Ён знаходзіў тысячу падставаў, каб трымаць кліента ў няведанні тыдні і месяцы. Дарэмна яму прапаноўвалі за працу ўдвая больш — ён не хацеў ніводнага луідора звыш дамоўленага. Калі ж ён урэшце мусіў саступіць націску замоўцы і аддаць упрыгожанне, то не мог схаваць найглыбейшай прыкрасці, нават унутранай лютасці, якая віравала ў ім. Калі яму даводзілася аддаваць значны, асабліва багаты твор, што каштаваў, магчыма, многія тысячы, мяркуючы па дарагіх камянях і звыштонкай апрацоўцы, ён насіўся па пакоі, як вар’ят, праклінаючы сябе, сваю працу, усё навокал. Але як толькі нехта падбягаў да яго ззаду і гучна крычаў: “Рэнэ Кардыльяк, ці не хацелі б вы зрабіць прыгожыя каралі для маёй нявесты, бранзалеты для маёй каханай” і г.д., той раптам сцішваўся, бліскаў сваімі маленькімі вочкамі і пытаўся, паціраючы рукі: “Ну, што ў вас тут?” Тады чарговы замоўца выцягваў скарбонку і казаў: “Тут каменьчыкі, увогуле, нічога асаблівага, звычайная рэч, але ж у вашых руках...”.

Не даючы дагаварыць, Кардыльяк вырываў скрыначку з рук суразмоўцы, выцягваў камяні, і сапраўды не надта вартыя з выгляду, падносіў іх да святла і гукаў у захапленні: “Хо-хо, звычайная рэч? Так, ды не так! Прыгожыя каменьчыкі, цудоўныя каменьчыкі, толькі дайце мне волю! Калі ж вам не так важная жменька луідораў, я дадаў бы яшчэ пару каменьчыкаў, якія будуць іскрыцца ў вашых вачах, як само сонца”. У адказ гучала: “Я ўсё давяраю вам, майстар Рэнэ, і заплачу колькі вам будзе заўгодна!”

Без розніцы, быў перад ім багаты буржуа ці шляхетны прыдворны, Кардыльяк палка кідаўся яму на шыю, ціскаў, і цалаваў, і гаварыў несупынна, што цяпер ён зноўку абсалютна шчаслівы і што аздоба будзе гатовая праз восем дзён. Ён стрымгалоў ляцеў дадому, зашываўся ў майстэрні, стукаў-грукаў, і праз восем дзён паўставаў шэдэўр. Але варта толькі было прыйсці замоўцу, які хацеў на радасцях заплаціць запатрабаваную невялікую суму і забраць гатовае ўпрыгожанне, як Кардыльяк рабіўся змрочным, грубым і наравістым. “Але майстар Кардыльяк, падумайце толькі, на заўтра прызначанае маё вяселле”. — “Якая мне справа да вашага вяселля, падыдзіце праз 14 дзён”. — “Упрыгожанне гатовае, вось грошы, мне трэба яго атрымаць”. — “А я кажу вам, што павінен яшчэ што-нішто памяняць у вырабе і не магу аддаць яго сёння”. — “А я вам кажу, што калі вы па-добраму не аддасце аздобы, за якую я вам, дарэчы, хачу заплаціць удвая больш, то хутка ўбачыце мяне ў суправаджэнні службоўцаў Аржансона”. — “Ну, тады хай шатан катуе вас тысячай распаленых абцугоў і навесіць на каралі гіру ў тры цэнтнеры, каб яны задушылі вашую нявесту!”

З гэтымі словамі Кардыльяк запіхваў упрыгожанне жаніху ў нагрудную кішэнь, хапаў бедака за руку і выштурхваў яго з пакоя так, што той грукатаў па ўсіх прыступках, а пасля з д’ябальскім рогатам глядзеў праз акно, як небарака выходзіць з дому, кульгаючы і заціскаючы хусцінкай акрываўлены нос. Зусім незразумела было і тое, што часта Кардыльяк, з энтузіязмам узяўшыся за справу, раптам з усімі прыкметамі глыбокага душэўнага хвалявання, самымі ўзрушанымі клятвамі, нават са слязьмі і ўсхліпамі, маліў замоўцу дзеля Панны Марыі і ўсіх святых вызваліць яго ад пачатай працы. Некаторыя вельмі шанаваныя каралём і народам асобы дарэмна прапаноўвалі вялікія грошы, каб атрымаць хоць найдрабнейшы выраб з рук Кардыльяка. Ён кідаўся ў ногі каралю і скуголіў акі сабака, просячы дазволу не працаваць для Яго Вялікасці. Гэтак жа ён адмаўляў у любой замове маркізе Мэнтэнон, а аднойчы з агідай і абурэннем адрынуў яе просьбу вырабіць маленькі ўпрыгожаны сімваламі мастацтва пярсцёнак, які мусіў атрымаць з яе рук Расін.

— Магу паспрачацца, — сказала Мэнтэнон, — што Кардыльяк, калі я і пашлю да яго чалавека, каб хаця б даведацца, для каго ён вырабіў гэтае ўпрыгожанне, адмовіцца прыйсці, бо ён напэўна баіцца магчымай замовы і зусім не хоча рабіць для мяне анічога. Хоць, праўду кажучы, апошнім часам здаецца, што яго непахісная ўпартасць крыху аслабела, бо я чула, што ён працуе цяпер больш увішна, чым калі, і аддае свае вырабы адразу ж, адно што ўсё яшчэ з глыбокім засмучэннем і адвярнуўшы твар.

Мадэмуазэль Скюдэры, якой было вельмі важна, каб упрыгожанне, калі гэта магчыма, найхутчэй трапіла ў рукі законнага ўладальніка, сказала, што майстру-дзіваку можна адразу патлумачыць, што ад яго чакаюць не працы, а толькі меркавання пра каштоўнасці. Маркіза ўхваліла такі падыход. Паслалі па Кардыльяка, і той, нібыта ўжо сам быў па дарозе сюды, неўзабаве ўвайшоў у пакой.

Убачыўшы Скюдэры, ён, здаецца, збянтэжыўся і, як бывае з людзьмі, што, заспетыя нейкай неспадзяванкай, забываюцца на правілы прыстойнасці, якіх патрабуе сітуацыя, спярша нізка і з пашанай схіліўся перад гэтай зацнай дамай і толькі пасля павярнуўся да маркізы. Тая паспешліва спыталася, паказваючы на каралі, што зіхацелі на цёмна-зялёнай паверхні стала, ці не ягоных гэта рук справа. Ледзь кінуўшы вокам, Кардыльяк, утаропіўшыся маркізе ў твар, хутка сабраў бранзалеты і каралі ў скарбонку, якая стаяла побач, а потым рэзка адсунуў яе ад сябе. І тады загаварыў, а агідная ўсмешка не сыходзіла з яго чырвонага твару:

— Сапраўды, пані маркіза, трэба кепска ведаць працу Рэнэ Кардыльяка, каб хоць на момант паверыць, што нейкі іншы ювелір на свеце здольны змайстраваць такое ўпрыгожанне. Зразумела ж, гэта мая праца.

— Але скажыце тады, — працягвала маркіза, — для каго вы зрабілі яго?

— Выключна для сябе самога, — адказаў Кардыльяк. — Так, пані маркіза, — працягнуў ён, калі абедзве дамы, Мэнтэнон і Скюдэры, агаломшана зірнулі на яго, адна — з недаверам, другая — з нясмелым чаканнем. — Вам гэта можа падацца дзіўным, але гэта менавіта так. Проста каб вырабіць прыгожую рэч, я выбраў мае найлепшыя каменьчыкі і ад радасці шчыраваў над імі больш дбайна і старанна, ніж зазвычай. Нядаўна ўпрыгожанне незразумела як знікла з маёй майстэрні.

— Хвала небу! — усклікнула Скюдэры, радасна бліскаючы вачыма, і хутка ды спрытна, як дзяўчынка, ускочыла са свайго крэсла, падышла да Кардыльяка і паклала рукі яму на плечы. — Прыміце назад, майстар Рэнэ, вашую ўласнасць, якую скралі ў вас гнюсныя нягоднікі.

І яна падрабязна расказала, як упрыгожанні трапілі ёй у рукі.

Кардыльяк слухаў моўчкі, апусціўшы вочы. Ён толькі раз-пораз кідаў невыразныя “гм”, “так”, “гэй”, “уга” і то закладаў рукі за спіну, то ціха паціраў падбароддзе і шчокі. Калі ж Скюдэры скончыла, стварылася ўражанне, што Кардыльяк змагаецца з нейкімі думкамі, што наведалі яго падчас яе аповеду, і не можа прыняць якоесьці рашэнне. Ён цёр сабе лоб, уздыхаў, праводзіў даланёю па вачах, нібыта каб стрымаць гатовыя пырснуць слёзы. Нарэшце ён схапіў скрыначку з рук мадэмуазэль Скюдэры, павольна апусціўся на калена і прамовіў:

— Вам, высакародная пачцівая пані, гэтыя ўпрыгожанні прызначыў лёс. Так, я толькі цяпер разумею, што падчас працы над імі думаў пра вас, папросту працаваў для вас. Не адмоўцеся, прашу вас, прыняць і насіць гэтыя ўпрыгожанні як найлепшае, што зроблена мною, напэўна, за доўгія гады.

— Ах не, — адказала Скюдэры крыху гулліва, — ці вы мяркуеце, майстар Рэнэ, што мне ў маім веку пасуе так аздабляць сябе бліскучымі каменьчыкамі? І як вам толькі прыйшло да галавы так пышна мяне адорваць? Ідзіце, ідзіце, майстар Рэнэ. Калі б я была прыгожая, як маркіза дэ Фантанж, і такая ж заможная, я б не выпусціла каштоўнасці з рук, але нашто гэтым друзлым запясцям пыхлівая раскоша, навошта бліскучае ўбранне гэтай захутанай шыі?

Кардыльяк тым часам выпрастаўся і загаварыў як не ў сабе, бліскаючы вачыма і ўпарта працягваючы скарбонку Скюдэры:

— Злітуйцеся нада мной, мадэмуазэль, вазьміце ўпрыгожанні. Вы не паверыце, якую глыбокую пашану да вас за вашыя цноты, вашыя вялікія заслугі нашу я ў сваім сэрцы! Зразумейце ж мой сціплы падарунак толькі як імкненне выказаць вам мае самыя шчырыя пачуцці!

Паколькі Скюдэры ўсё яшчэ вагалася, Мэнтэнон узяла скрыначку з рук Кардыльяка, кажучы:

— Клянуся небам, мадэмуазэль, вы заўжды згадваеце свой немалады век, гаворыце, як няпроста нам, вам і мне, агораць свае гады і іх цяжар! Але ці не паводзіце вы сябе якраз цяпер як сарамлівая дзяўчынка, што з радасцю прыняла б прапанаваны салодкі плод, калі б толькі магла гэта зрабіць без дапамогі рукі і пальцаў? Не адмаўляйце ж слаўнаму майстру Рэнэ па сваёй волі прыняць у падарунак тое, што тысячы іншых людзей не могуць атрымаць ні за якае золата, ані за просьбы і маленні.

Мэнтэнон усунула скарбонку ў рукі Скюдэры, і тут Кардыльяк зноўку ўпаў на калена, пацалаваў Скюдэры край спадніцы, потым рукі — застагнаў, уздыхнуў, заплакаў, усхліпнуў, ускочыў і, як звар’яцелы, імкліва пабег прэч, перакульваючы сталы і крэслы, так што зазвінеў парцалянавы і шкляны посуд у шафах.

Скюдэры, зусім спалоханая, закрычала:

— Дзеля ўсіх святых, што гэта робіцца з чалавекам!

Але маркіза, відавочна, у асабліва вясёлым настроі, ажно да гарэзлівасці, звычайна ёй зусім не ўласцівай, ясна ўсміхнулася і сказала:

— Дык вось яно што, мадэмуазэль! Майстар Рэнэ смяротна закаханы ў вас і пачаў, па добрых, правераных часам звычаях сапраўднай галантнасці, атакаваць вашае сэрца дарагімі падарункамі!

Мэнтэнон гарэзіла далей, перасцярогшы Скюдэры ад залішняй жорсткасці да роспачнага каханка, і тая, даючы волю прыроджанай весялосці, рынулася ў бурлівую плынь тысячаў дасціпных прыдумак. Яна выказала меркаванне, што калі ўжо ўсё так паварочваецца, ёй, нарэшце пераможанай, напэўна наканавана стаць нечуваным у свеце прыкладам сямідзесяцітрохгадовай нявесты ювеліра з бездакорна арыстакратычным паходжаннем. Мэнтэнон вызвалася сплесці вясельны вянок для маладой і навучыць яе абавязкам добрай хатняй гаспадыні, пра якія такое малое дзяўчо, зразумела ж, ведае няшмат.

Калі Скюдэры нарэшце паднялася, каб развітацца з маркізай, то, нягледзячы на смех і жарты, зноўку стала вельмі сур’ёзнай, узяўшы ў рукі скарбонку з упрыгожаннямі. Яна сказала:

— І ўсё ж, шаноўная маркіза, я ніколі не змагу скарыстацца гэтымі каштоўнасцямі. Што б там ні казалі, яны аднойчы пабывалі ў руках тых слугаў д’ябла, якія з ягоным нахабствам ды, мусіць, і ў праклятым хаўрусе з ім рабуюць і забіваюць. Мяне страшыць кроў, сляды якой нібы бачныя на бліскучых каралях. Дый паводзіны Кардыльяка, мушу прызнацца, падаліся мне вусцішнымі і злавеснымі. Я ніяк не магу пазбавіцца цьмянага прадчування, што за ўсім гэтым хаваецца нейкая жахлівая, жудасная таямніца, і, прыгадваючы тую гісторыю цалкам, з усімі дэталямі, я, тым не менш, не магу сабе нават уявіць, дзе хаваецца гэтая таямніца і што ўвогуле сумленны, слаўны майстар Рэнэ, узор добрага, прыстойнага грамадзяніна, можа мець агульнага з чымсьці злым і заганным. Але прынамсі адно я ведаю дакладна: я ніколі не дазволю сабе надзець гэтыя ўпрыгожанні.

Маркіза выказалася ў тым духу, што гэта значыла б паддацца згрызотам сумлення, але калі Скюдэры папрасіла яе з усёй шчырасцю адказаць, што б яна рабіла на яе месцы, заявіла сур’ёзна і ўпэўнена: “Хутчэй бы ўжо кінула ўпрыгожанні ў Сену, чым стала б іх калі-небудзь насіць”.

Выпадак з майстрам Рэнэ натхніў Скюдэры на мілыя вершаваныя радкі, якія яна наступным вечарам у пакоях Мэнтэнон прачытала каралю. Цалкам верагодна, што ў яе атрымалася, не надта шкадуючы майстра і здалеўшы страх злавесных прадчуванняў, жывымі колерамі намаляваць забаўны вобраз сямідзесяцітрохгадовай нявесты ювеліра з бездакорна старадаўнім арыстакратычным паходжаннем. Гэтага хапіла, каб кароль пасмяяўся да глыбіні душы, пакляўшыся, што мадэмуазэль пераўзышла самога Нікаля Буало-Дэпрэо. І дзякуючы гэтаму верш Скюдэры пачаў лічыцца самым дасціпным творам з усяго напісанага ўвогуле.

Праз некалькі месяцаў лёсу было заўгодна, каб Скюдэры праехала ў карэце са шкельцамі герцагіні Мантансье па Новым мосце. Выкшталцоныя зашклёныя карэты вынайшлі яшчэ так нядаўна, што з’яўленне на вуліцах транспарту такога кшталту спараджала цісканіну цікаўнага люду. Вось і тым разам здарылася так, што натоўп разявакаў атачыў на Новым мосце карэту Мантансье, амаль што спыняючы рух коней. І тут Скюдэры нечакана пачула лаянку і праклёны і заўважыла нейкага чалавека, які, штурхаючыся і раздаючы кухталі, прабіраўся праз найшчыльнейшую чалавечую масу. Калі ён наблізіўся, Скюдэры працяў ліхаманкавы бляск вачэй на смяротна белым змучаным юнацкім твары. Малады чалавек не адрываў ад яе пагляду, локцямі і кулакамі энергічна вызваляючы сабе дарогу, ажно пакуль не дасягнуў дзверак карэты, якія расчыніў у шалёным парыве, кінуў Скюдэры ў прыпол паперку і, дорачы налева-направа ды прымаючы ў адказ удары, знік там жа, адкуль з’явіўся. Ледзь толькі незнаёмец паўстаў ля дзверак карэты, Марціньер, што сядзела побач са Скюдэры, з крыкам жаху павалілася на падушкі як нежывая. Дарэмна Скюдэры абрывала шнурок званочка і гукала фурмана — той, быццам апанаваны злым духам, насцёбваў коней, што, пырскаючы пенай, кідаліся, ускоквалі на дыбкі і нарэшце жвавай рыссю прагрукаталі па мосце. Скюдэры ліла на непрытомную служанку пахкую вадкасць са сваёй пляшачкі, пакуль Марціньер не расплюшчыла вочы на скажоным жудой белым твары і, дрыжучы і калоцячыся ўсім целам, сутаргава ўчапіўшыся ў гаспадыню, з цяжкасцю не прастагнала:

— Дзеля Найсвяцейшай Багародзіцы! Чаго хацеў гэты жахлівы чалавек? Ах! Гэта ж ён, гэта быў ён, той самы, што прынёс вам скарбонку ў тую страшную ноч!

Скюдэры суцешыла небараку, давёўшы ёй, што насамрэч нічога благога не здарылася і што галоўнае цяпер — даведацца, што ў лісце. Яна разгарнула паперку і ўбачыла такія словы:

“Ліхі лёс, які вы маглі адвярнуць, штурхае мяне ў бездань! Заклінаю вас, як сын сваю маці, якую ён не можа кінуць, ахоплены полымем дзіцячай любові, перадаць каралі і бранзалеты, што вы атрымалі праз мяне (хаця з якой нагоды... напрыклад, каб нешта ў іх паправіць) майстру Рэнэ Кардыльяку. Вашае здароўе, вашае жыццё залежаць ад гэтага. Калі вы не зробіце гэтага да паслязаўтра, я ўварвуся ў ваш дом і заб’ю сябе ў вас на вачах!”

— Ну вось, цяпер відавочна, — прамовіла Скюдэры, прачытаўшы, — што нават калі загадкавы малады чалавек сапраўды належыць да банды нягодных злодзеяў і забойцаў, ён не мае наўме нічога кепскага супраць мяне. Калі б у яго атрымалася пагаварыць са мной у тую ноч, хто ведае, якая таямніца адкрылася б, якая цьмянасць праяснілася б для мяне, што дарэмна шукае цяпер у душы хоць бы слабы намёк на разгадку. Але як бы ні разгортваліся далей падзеі, я зраблю тое, што мне прапанавана ў гэтай цыдулцы, хаця б дзеля таго, каб пазбавіцца злашчасных упрыгожанняў, што здаюцца мне пякельным талісманам самога зла. Напэўна, Кардыльяк па сваёй старой звычцы ўжо так лёгка не выпусціць зноўку гэтыя каштоўнасці з рук.

Скюдэры мелася ўжо на наступны дзень выправіцца з упрыгожаннямі да ювеліра. Але сталася так, што ўсе найлепшыя розумы Парыжу нібы дамовіліся менавіта гэтым ранкам абрынуцца на мадэмуазэль са сваімі вершамі, п’есамі і анекдотамі. Толькі ля Шапэль дачытаў сцэну з новай трагедыі і хітравата запэўніў, што разлічвае атрымаць перамогу над Расінам, як той з’явіўся сам і адолеў суперніка патэтычнай прамовай нейкага караля, а пасля Буало асвятліў чорны трагічны небасхіл феерверкам сваёй дасціпнасці, каб толькі не слухаць вечных развагаў пра каланаду Луўра, архітэктар якой — доктар Перо — давёў яму сваю рацыю.

Было ўжо далёка за поўдзень, Скюдэры мусіла наведаць герцагіню Мантансье, і візіт да майстра Кардыльяка давялося адкласці да наступнай раніцы.

Скюдэры мучыла нейкая незвычайная трывога. Перад яе вачыма нязменна стаяў той юнак, і з самых глыбіняў свядомасці намагаўся прабіцца на паверхню цьмяны ўспамін — быццам яна ўжо дзесьці бачыла гэтае аблічча, гэтыя рысы твару. Лёгкую дрымоту перарывалі неспакойныя мроі, ёй здавалася, што яна неразважна, нават недаравальна ўпусціла шанец прыйсці на дапамогу няшчаснаму, які, падаючы ў бездань, умольна цягнуў да яе рукі, што ў яе сілах было супрацьстаяць нейкай блізкай фатальнай падзеі, гнюснаму злачынству! На самым золку яна загадала апрануць сябе і, захапіўшы скарбонку з упрыгожаннямі, рушыла да ювеліра.

На вуліцу Нікез, дзе жыў Кардыльяк, імкнуўся натоўп, збіраўся перад уваходнымі дзвярыма, гарлаў, віраваў, лютаваў, хацеў прабіцца ўсярэдзіну. Яго з цяжкасцю стрымлівалі гвардзейцы, што атачылі дом. У дзікім няўцямным гомане чуліся раз’юшаныя галасы: “Раздзярыце, раструшчыце праклятага забойцу!” Нарэшце з’явіўся Дэгрэ на чале вялікай каманды, якая ўтварыла ў самай гушчы народу праход. Дзверы расчыніліся, з іх вывелі чалавека, закутага ў ланцугі, і павялі далей пад самыя жудасныя праклёны раз’юшанага натоўпу. У той момант, калі Скюдэры, ледзь жывая ад жаху і страшных прадчуванняў, назірала за тым, што адбываецца, вушы ёй працяў гучны лямант.

— Далей, далей наперад! — адчайна крыкнула яна фурману, які, спрытна зрабіўшы разварот, прабіўся праз людскую гушчу і спыніў карэту ля самых дзвярэй дому Кардыльяка.

Там перад вачыма Скюдэры паўстаў Дэгрэ і ля яго ног — юная дзяўчына, прыгожая, як ясны дзень, з распушчанымі валасамі, напалову раздзетая, на твары — шалёны страх і несуцешная роспач. Яна абхапіла калені рукамі і енчыла як ад найгоршага, нястрымнага, смяротнага болю: “Але ж ён невінаваты, ён невінаваты!” Дарэмна Дэгрэ і яго людзі намагаліся адчапіць яе, адарваць ад зямлі. Урэшце дужы камлюкаваты хлопец грубымі ручышчамі ўзяў яе пад пахі, гвалтам адарваў ад Дэгрэ, але раптам нязграбна спатыкнуўся і выпусціў з яе рук, так што дзяўчына скацілася па каменных прыступках і знерухомела — мёртва засталася ляжаць на вуліцы. Скюдэры не вытрымала:

— У імя Хрыста, што здарылася, што тут адбываецца? — крыкнула яна, рэзка адчыніла дзверку і выйшла.

Народ пачціва адступіў перад шляхетнай дамай, якая, бачачы, як некалькі спагадных кабет паднялі дзяўчыну, пасадзілі яе на прыступку і пачалі расціраць ёй скроні, наблізілася да Дэгрэ і запальчыва паўтарыла сваё пытанне.

— Здарылася страшнае, — адказаў Дэгрэ. — Рэнэ Кардыльяк быў сёння раніцай забіты ўдарам кінжала. Забойца — яго вучань Аліўе Брусон. Яго якраз павялі ў турму.

— А дзяўчына? — усклікнула Скюдэры.

— Дзяўчына, — працягнуў Дэгрэ, — завецца Мадлон, яна дачка Кардыльяка. Той жудасны чалавек быў яе каханкам. І вось яна плача, галосіць і выкрыквае раз ад разу, што Аліўе невінаваты, зусім не вінаваты. Але ў любым выпадку яна нешта ведае пра злачынства, і я мушу яе таксама адправіць ў турму Кансьержэры.

З гэтымі словамі Дэгрэ кінуў на дзяўчыну хітравата-зласлівы позірк, які прымусіў Скюдэры здрыгануцца. Мадлон якраз пачала ціха дыхаць, але, не маючы змогі вымавіць ні гуку альбо паварушыцца, ляжала з заплюшчанымі вачыма, і ніхто не ведаў, што рабіць — аднесці яе ў дом ці яшчэ пастаяць побач, пакуль не апрытомнее. Глыбока ўзрушаная, Скюдэры са слязьмі на вачах глядзела на цнатлівага анёлка. Ёй было вусцішна ад выгляду Дэгрэ і яго памагатых. Тут пачуўся глухі грукат на лесвіцы — выносілі труп Кардыльяка. Імгненна прыняўшы рашэнне, Скюдэры гучна прамовіла:

— Я забіраю дзяўчынку з сабой, паклапаціцеся пра астатняе, Дэгрэ!

Па натоўпе пракаціўся глухі ўхвальны рокат. Жанчыны паднялі Мадлон, усё навокал заварушылася, сотні рук імкнуліся дапамагчы ім, і, быццам праплыўшы ў паветры, дзяўчо апынулася ў карэце, пры гэтым з вуснаў усіх зляталі блаславенні на адрас годнай дамы, якая ўратавала бязвінную ахвяру ад крывавага суда.

Дзякуючы высілкам Серона, самага вядомага лекара ў Парыжы, Мадлон, якая да гэтага некалькі гадзін нерухома праляжала ў бяспамяцтве, нарэшце апрытомнела. Скюдэры скончыла пачатую доктарам справу, цеплячы ў душы дзяўчыны ласкавыя промні надзеі, пакуль слёзы, што магутным патокам лінулі з вачэй, не прынеслі Мадлон палёгку і яна, пераадольваючы пранізлівы боль, ад якога словы раз-пораз патаналі ў горкім усхліпе, расказала, што адбылося ў тую ноч.

Апоўначы Мадлон абудзіў ціхі стук у дзверы пакоя, і яна пачула голас Аліўе, які заклінаў яе зараз жа падняцца, бо бацька яе памірае. У жаху яна ўскочыла з ложка і адчыніла дзверы. Аліўе, белы і страшны з твару, заліты потам, трымаючы ў руцэ ліхтар, няпэўнымі крокамі пайшоў у майстэрню, а яна рушыла следам. Там ляжаў яе бацька з ашклянелымі вачыма і хрыпеў у перадсмяротнай агоніі. Яна загаласіла, кінулася яму на грудзі і толькі тады заўважыла крывавую пляму на кашулі. Аліўе, мякка адцягнуўшы дзяўчыну, пачаў прамываць і перавязваць рану на левым баку Кардыльяка. Тым часам бацька апрытомнеў, перастаў хрыпець, замілавана паглядзеў на дачку, потым на вучня, узяў яе руку, уклаў у руку Аліўе і моцна сціснуў абедзве. Яны разам укленчылі перад ложкам старога, які памкнуўся быў прыўзняцца з апошнім гукам на вуснах, але адразу ж абмяк і глыбока ўздыхнуў апошні раз.

Абое заплакалі ўголас. Аліўе расказаў, як падчас шпацыру, на які яго ўначы паклікаў Кардыльяк, майстар быў забіты ў яго на вачах і як яму давялося з вялізнымі намаганнямі цягнуць дадому цяжкога мужчыну, не цямячы, што той смяротна паранены. На золку гаспадары дому, устрывожаныя начным шумам, гучным плачам і лямантам, падняліся наверх і заспелі няўцешную Мадлон, што кленчыла ля цела бацькі. Тут пачуўся галас, уварваліся жандармы і пацягнулі Аліўе ў турму як забойцу ўласнага настаўніка. Мадлон найкранальна апісала цноты, рахманасць і вернасць каханага Аліўе, які шанаваў майстра як роднага бацьку, а той напоўніцу адказваў на яго любоў, прызнаўшы яго, хоць і беднага, сваім зяцем, бо ўмельства вучня спалучалася з надзейнасцю і чыстым сэрцам. Усё гэта Мадлон сказала цалкам шчыра і запэўніла, што нават калі б каханы пры ёй ударыў яе бацьку кінжалам у грудзі, яна хутчэй палічыла б гэта д’ябальскім насланнём, чым паверыла, што Аліўе здольны на такое жудаснае, вусцішнае злачынства.

Скюдэры, да глыбіні душы кранутая нясцерпнымі пакутамі Мадлон і ўжо схільная прызнаць беднага Аліўе невінаватым, папытала людзей і атрымала пацверджанне словаў Мадлон пра ўзаемаадносіны майстра і вучня. Гаспадары дому і суседзі ў адзін голас хвалілі Аліўе як узор добрапрыстойных, лагодных, адданых, руплівых паводзінаў, ніхто не мог сказаць пра яго нічога благога. І ўсё ж, калі размова заходзіла пра жудасны ўчынак, усе паціскалі плячыма і мармыталі, што тут нешта незразумелае.

Як стала вядома Скюдэры, Аліўе, дапытаны ў Вогненнай палаце, з найвялікшай непахіснасцю, з найчысцейшым сумленнем адмаўляў абвінавачанне і сцвярджаў, што стаў сведкам нападу на свайго майстра з нажом проста на вуліцы, што прыцягнуў яго яшчэ жывога дадому, дзе той вельмі хутка памёр. І гэта таксама супадала з аповедам Мадлон.

Скюдэры зноў і зноў аднаўляла найдрабнейшыя дэталі жахлівага здарэння. Яна дакладна высвятляла, ці мелі калі-небудзь месца спрэчкі паміж майстрам і вучнем, ці быў Аліўе зусім пазбаўлены той запальчывасці, якая часта, як сляпое шаленства, нападае на самага добразычлівага чалавека і вядзе да ўчынкаў, што ўжо нібыта не залежаць ад яго волі. Але чым больш узрушана Мадлон казала пра спакойнае ўтульнае шчасце, у якім тры чалавекі жылі, злучаныя шчырай любоўю, тым хутчэй знікаў нават цень падазронасці да асуджанага на смерць Аліўе. Дакладна правяраючы ўсе абставіны, зыходзячы з дапушчэння, што Аліўе, нягледзячы на ўсё тое, што яўна сведчыла пра яго невінаватасць, усё ж быў забойцам Кардыльяка, Скюдэры не магла знайсці аніводнага прымальнага матыву для жахлівага ўчынку, які ў любым выпадку мусіў разбурыць шчасце Аліўе.

“Ён бедны, але майстравіты. Яму шэнціць заслужыць прыхільнасць знакамітага ювеліра, ён кахае яго дачку, і майстар спрыяе гэтаму каханню, яго дабрабыт мае быць забяспечаны на ўсё далейшае жыццё! Ды нават калі ўявіць сабе, што Аліўе, Бог ведае чаму раздражнёны, ахоплены гневам, здзейсніў замах на свайго дабрадзея, свайго бацьку, якая д’ябальская крывадушнасць дазволіла б яму так трымацца пасля злачынства?” Цвёрда перакананая ў невінаватасці Аліўе, Скюдэры пастанавіла ўратаваць бязвіннага юнака, чаго б гэта ёй ні каштавала.

Ёй здавалася найбольш слушным, перш чым заклікаць да літасці самога караля, звярнуцца да ля Рэньі, выклаўшы ўсе абставіны, што мусілі б сведчыць пра невінаватасць Аліўе, і, быць можа, абудзіць у душы старшыні Вогненнай палаты ўнутранае перакананне, спрыяльнае для падсуднага, якое затым дабратворна перадалося б суддзям.

Ля Рэньі прыняў Скюдэры з глыбокай пашанай, на якую годная дама, якую высока цаніў сам кароль, справядліва магла разлічваць. Ён спакойна выслухаў аповед пра жахлівае здарэнне, пра жыццё Аліўе і яго характар, і тонкая, амаль з’едлівая ўсмешка была адзінай прыкметай таго, што запэўненні і часта перарываныя слязьмі напаміны, што кожны суддзя не вораг падсуднаму, а мусіць браць пад увагу ўсе абставіны, якія сведчаць на яго карысць, увогуле даходзілі да вушэй суразмоўцы. Калі ж нарэшце цалкам знясіленая Скюдэры, выціраючы слёзы, змоўкла, ля Рэньі вырашыў адказаць:

— Гэта ўласціва вашаму высакароднаму сэрцу, шаноўная пані: кранутая слязьмі юнай закаханай дзяўчыны, вы верыце кожнаму яе слову і нават дапусціць не можаце думкі пра жудаснае злачынства. Але зусім іншае — суддзя, які прызвычаіўся выкрываць нахабнае прытворства. Думаю, маёй пасадзе не вельмі пасуе тлумачыць кожнаму, хто пытаецца, сутнасць крымінальнага працэсу. Мадэмуазэль, паверце, я толькі выконваю свой абавязак, мяне мала трывожыць суд гэтага свету. Усе ліхадзеі павінныя дрыжаць ад страху перад Вогненнай палатай, якая не ведае іншых пакаранняў, апрача крыві і агню. Але ў вашых вачах, вялебная пані, я не хачу выглядаць грубай і жахлівай пачварай, таму дазвольце мне ў некалькіх словах ясна сфармуляваць крывавую правіну маладога злачынца, якога, дзякаваць Небу, напаткала помста. Тады ваш востры розум сам адкіне прэч добразычлівасць, якая робіць гонар вам, але мне зусім не да твару. Дык вось. На золку Рэнэ Кардыльяка знаходзяць забітым ударам кінжала. Побач з ім няма нікога, апрача яго вучня Аліўе Брусона і дачкі. У пакоі Аліўе, апроч іншага, натрапляюць на кінжал, афарбаваны свежай крывёю, вастрыё якога дакладна паўтарае форму раны. “Кардыльяка, — кажа Аліўе, — зарэзалі ўначы на маіх вачах”. — “Яго хацелі абрабаваць?” — “Не ведаю”. — “Ты ішоў разам з ім і не здолеў абараніць ад забойцы, затрымаць яго, паклікаць на дапамогу?” — “Майстар ішоў за пятнаццаць ці, можа, дваццаць крокаў ад мяне, я рухаўся за ім”. — “А чаму так далёка?” — “Так захацеў майстар”. — “Што ўвогуле майстар Кардыльяк мог рабіць так позна на вуліцы?” — “Не магу сказаць”. — “Але ж звычайна ён ніколі не выходзіў з дому пасля дзевяці гадзін вечара”. І тут Аліўе бянтэжыцца, пачынае запінацца, цяжка ўздыхае, плача і клянецца ўсімі святымі, што Кардыльяк напраўду выходзіў з дому тае ночы і напаткаў сваю смерць. А цяпер, пані, падумайце вось пра што. Абсалютна дакладна высветлена, што ў тую ноч Кардыльяк не пакідаў дому, таму сцверджанне Аліўе пра тое, што ён выходзіў разам з гаспадаром, — дзёрзкая мана. На дзвярах вісіць цяжкі замок, які падчас адмыкання і замыкання пранізліва скрыгоча, а потым так агідна рыпяць і выюць завесы, што шум (гэта пацверджана неаднаразовымі спробамі) чуваць на апошнім паверсе. Унізе ж, то бок непасрэдна перад уваходнымі дзвярыма, жыве стары мэтр Клод Патру са сваёй пакаёўкай, асобай амаль васьмідзесяці гадоў, але ўсё яшчэ бадзёрай і рухавай. Яны абодва чулі, як у той вечар Кардыльяк, паводле сваёй завядзёнкі, роўна а дзявятай спусціўся па лесвіцы, з вялікім шумам зачыніў і заваліў дзверы, пасля ізноў падняўся, гучна прачытаў вечаровую малітву і, як можна было меркаваць з грукату дзвярэй, пайшоў да сябе ў спальню. Мэтр Клод пакутуе на бяссонніцу, як гэта нярэдка здараецца са старымі, і ў тую ноч ён таксама не мог заплюшчыць вочы. Таму пакаёўка — была, мусіць, палова дзясятай — запаліла святло на кухні, куды яна трапляе праз агульны калідор, і прысела за стол да мэтра Клода са старой хронікай, з якой нешта чытала ўголас, пакуль гаспадар, занураны ў думкі, то сядаў у фатэль, то зноўку падымаўся і, каб нарэшце стаміцца і заснуць, паціху хадзіў па пакоі туды-сюды. Усё было ціха і мірна да паўночы. І тут жанчына пачула наверсе хуткія крокі, потым удар, нібы нешта цяжкае павалілася на падлогу, і адразу за гэтым — глухі стогн. Абодва адчулі дзіўны страх і неспакой, трымценне ад толькі што здзейсненага жудаснага злачынства. З надыходам ранку праяснілася тое, што адбылося ў цемры.

— Але, — прамовіла Скюдэры, — дзеля ўсяго святога, ці можаце вы, з улікам акалічнасцяў, пра якія я вам так падрабязна расказала, прывесці хоць адзін матыў гэтага д’ябальскага ўчынку?

— Гм… — адказаў ля Рэньі. — Кардыльяк быў нябедны чалавек, меў цудоўныя камяні.

— Ці ж не дачка атрымлівала ўсё ў спадчыну? — стаяла на сваім Скюдэры. — Не забывайцеся, што Аліўе мусіў стаць зяцем Кардыльяка.

— Імаверна, ён павінен быў дзяліцца ці ўвогуле забіваць толькі дзеля іншых, — выказаў здагадку ля Рэньі.

— Дзяліцца? Забіваць дзеля іншых? — вельмі здзіўлена перапытала Скюдэры.

— Ведайце ж, — сказаў старшыня палаты, — ведайце, мая пані, што Аліўе ўжо даўно сплыў бы крывёю на Грэўскай плошчы, калі б яго ўчынак не меў сувязі з глыбока схаванай таямніцай, што дагэтуль трымала ў страху Парыж. Аліўе, мяркуючы з усяго, належыць да той сумнавядомай хеўры, якая, нібы цвелячыся з увагі, высілкаў і росшукаў судовых інстанцый, патрапляла чыніць свавольствы нахабна і беспакарана. З яго дапамогай мы высветлім — мусім высветліць — усё дарэшты. Рана Кардыльяка вельмі падобная да тых, што мелі на сабе ўсе забітыя і абрабаваныя на вуліцах і ў сваіх дамах. Але галоўнае ў тым, што з часу зняволення Аліўе Брусона забойствы і рабаванні спыніліся. Цяпер начныя вуліцы такія ж бяспечныя, як і ўдзень. Дастатковы доказ таго, што Аліўе, імаверна, стаяў на чале хеўры. Ён пакуль не хоча прызнавацца, але ёсць сродкі прымусіць яго гаварыць супраць волі.

— А як жа Мадлон? — ускрыкнула Скюдэры, — Мадлон, адданая, бязвінная галубка?

— О, — адказаў ля Рэньі, з’едліва ўсміхаючыся, — ды хто паручыцца, што яна таксама не ўваходзіць у хеўру? Якая ёй справа да ўласнага бацькі, яна пралівае слёзы толькі па ягоным забойцу.

— Што вы такое кажаце! — абурылася Скюдэры. — Гэта проста немагчыма! Уласнага бацьку! Гэтае дзяўчо!

— Эге! — ля Рэньі не збіраўся адступаць. — Прыгадайце Брэнвілье! Папрашу вас дараваць мне, калі ў хуткім часе я буду змушаны забраць ад вас вашую падапечную і кінуць яе ў турму Кансьержэры.

Ад такога вусцішнага падазрэння Скюдэры ахапіў жах. Ёй падалося, што для гэтага жудаснага чалавека не існуе вернасць ці цнота, што ён быццам высочвае ў самых інтымных, самых патаемных думках прагу забойства і крыві. Яна ўстала.

— Будзьце чалавечным, — гэта было ўсё, што яна здолела пакутліва, цяжка дыхаючы, выціснуць у адказ.

Ужо пачаўшы спускацца лесвіцай, да якой старшыня палаты праводзіў яе з цырымоннай ветлівасцю, яна злавіла сябе на дзіўнаватай думцы, што невядома як прыйшла ёй у галаву.

— Ці не будзе мне ласкава дазволена пабачыць няшчаснага Аліўе Брусона? — спытала яна ў ля Рэньі, рэзка павярнуўшыся да яго.

Той скептычна паглядзеў на жанчыну, і на яго твары з’явілася характэрная непрыемная ўсмешка.

— Зразумела, — сказаў ён, — што вы, шаноўная пані, больш давяраючы свайму пачуццю, свайму ўнутранаму голасу, чым таму, што дзеецца ў вас на вачах, хочаце асабіста вызначыць вінаватасць ці бязвіннасць Аліўе. Калі вас не палохае думка ўбачыць змрочны прыстанак злачынства, малюнкі маральнага заняпаду на ўсіх яго прыступках, для вас на дзве гадзіны адчыніцца брама Кансьержэры, і вас адвядуць да гэтага Аліўе, чый лёс выклікае ў вас такую спагаду.

Мадэмуазэль Скюдэры сапраўды не паверыла ў вінаватасць юнака. Так, усё сведчыла супраць яго, і ніводзін суддзя, маючы такія пераканаўчыя доказы, не змог бы дзейнічаць іначай, чым ля Рэньі,. Але карціна сямейнага шчасця, у самых жывых фарбах намаляваная Мадлон, пераўзыходзіла нядобрыя падазрэнні, таму Скюдэры хутчэй была гатовая пагадзіцца з нераскрытай таямніцай, чым паверыць у тое, супраць чаго пратэставалі ўсе яе пачуцці.

Яна разлічвала пачуць ад Аліўе аповед пра ўсё, што адбылося ў тую фатальную ноч, і, наколькі гэта будзе магчыма, заглыбіцца ў таямніцу, якая, імаверна, засталася схаванай ад суддзяў, бо справа здавалася ім не вартай далейшых высілкаў.

Па прыездзе ў турму Кансьержэры мадэмуазэль Скюдэры суправадзілі ў вялікае светлае памяшканне. Неўзабаве да яе вушэй данёсся бразгат ланцугоў. Гэта вялі Аліўе Брусона. Як толькі ён з’явіўся ў праёме, Скюдэры самлела. Трошкі ачомаўшыся, яна ўбачыла, што Аліўе знік. Яна нецярпліва загадала адвесці сябе да карэты. Прэч, зараз жа прэч адтуль, дзе пануе злачынная подласць! Ах! Яна з першага погляду пазнала ў Аліўе юнака, які на Новым мосце шпурнуў ёй у карэту цыдулку і які прынёс скарбонку з упрыгожаннямі. Цяпер усе сумневы рассеяліся, а страшная здагадка ля Рэньі цалкам пацвердзілася. Аліўе Брусон належыць да жудаснай хеўры забойцаў. Бясспрэчна, гэта ён пазбавіў жыцця майстра. А як жа Мадлон? Так горка, як ніколі раней, падманутая ўнутраным чуццём, ахопленая смяротным жахам перад сіламі пекла на зямлі, існаванню якіх яна не давала веры, Скюдэры адчула глыбокае расчараванне ў магчымасці праўды ў гэтым свеце. Яна дазволіла пратачыцца ў сваю свядомасць вусцішнаму падазрэнню, што Мадлон замяшаная ў змову і магла мець дачыненне да страшнага забойства. Як чалавечаму розуму ўласціва рупліва шукаць і знаходзіць новыя фарбы, каб усё ярчэй расквечваць аднойчы паўсталы малюнак, так і Скюдэры, наноў узважваючы кожную акалічнасць злачынства і найдрабнейшыя дэталі ў паводзінах Мадлон, знайшла багата падставаў для падазрэння, і многае з таго, што раней служыла доказам бязвіннасці і чысціні, зрабілася прыкметай злосці пад маскай умелага прытворства. Немыя енкі і крывавыя слёзы маглі, цалкам імаверна, быць спараджэннем смяротнага страху, але не ад таго, што давядзецца пабачыць крывавае пакаранне каханага, о не — ад таго, што ёй самой наканавана загінуць пад рукой ката.

Скюдэры выйшла з карэты з ужо прынятым рашэннем: неадкладна скінуць з шыі змяю, якую прыгрэла на грудзях! Але варта ёй было зайсці ў пакой, як Мадлон кінулася да яе ног. Падняўшы на мадэмуазэль нябесныя вочы, яснейшыя за анёльскія, усхвалявана склаўшы рукі на грудзях, дзяўчына лямантавала і голасна маліла аб дапамозе і спагадзе. З цяжкасцю трымаючы сябе ў руках, Скюдэры загаварыла, намагаючыся надаць голасу як мага больш строгасці і ўпэўненасці:

— Ідзі ўжо, ідзі, хай цябе суцешыць забойца, якога чакае справядлівая кара за ганебныя ўчынкі. І маліся святой Панне Марыі, каб на цябе саму не лёг цяжар віны за крывавае злачынства.

— Ах, гэта канец! — з адчайным воклічам Мадлон упала непрытомная.

Скюдэры загадала Марціньер паклапаціцца пра дзяўчыну і сышла ў іншы пакой.

Цалкам знявераная, у разладзе з усім зямным, Скюдэры не жадала больш жыць у свеце, поўным д’ябальскага ашуканства. Яна папракала свой лёс, які, нібы на горкі здзек, многія гады дазваляў ёй мацаваць веру ў цноты і сумленнасць, каб цяпер, у такім узросце, знішчыць прыўкрасны вобраз, што асвятляў яе жыццё.

Скюдэры пачула голас Мадлон, што ціхенька ўсхліпвала і жалілася, пакуль Марціньер выводзіла яе з пакоя:

— Ах, і яе, яе таксама ашукалі гэтыя жорсткія людзі. Гаротная мая доля, бедны, няшчасны Аліўе!

Гэтыя гукі трапілі Скюдэры ў самае сэрца, і з глыбіняў душы зноў узнялося прадчуванне нераскрытай таямніцы, вера ў невінаватасць Аліўе. Зняможаная пад націскам супярэчлівых пачуццяў, яна адчайна закрычала:

— Якая шатанская сіла ўблытала мяне ў жахлівую гісторыю, што можа каштаваць жыцця?!

У гэты момант увайшоў Батыст, бледны і спалоханы, з паведамленнем, што звонку чакае Дэгрэ. З часу змрочнага працэсу над ля Вуазэн з’яўленне Дэгрэ ў тым ці іншым доме было прадвесцем прыкрага абвінавачання, таму Батыст і злякаўся. Гаспадыня з мяккай усмешкай спытала ў яго:

— Што з табою, Батыст? Хіба імя Скюдэры было ў спісе ля Вуазэн?

— Ах, дзеля Хрыста, — адказаў Батыст, калоцячыся ўсім целам, — як вы можаце казаць такое! Але гэты жудасны Дэгрэ трымаецца так загадкава, так нецярпліва! Здаецца, ён проста не можа дачакацца сустрэчы з вамі!

— Тады, Батыст, — сказала Скюдэры, — праводзьце яго хутчэй сюды. Чалавека, які наводзіць на вас такі жах, у мяне, прынамсі, не можа выклікаць трывогі.

— Ля Рэньі, — пачаў Дэгрэ, зайшоўшы ў пакой, — паслаў мяне да вас, мая пані, з просьбай, на выкананне якой ён зусім не меў бы надзеі, калі б не ведаў вашых цнотаў, вашай мужнасці, калі б апошняя магчымасць раскрыць ліхое забойства не была ў вашых руках, калі б вы самі ўжо не ўзялі ўдзел у працэсе, які трымае ў напружанні Вогненную палату, нас усіх. Аліўе Брусон, пабачыўшы вас, бадай што ашалеў. Наколькі ён ужо быў схільны прызнацца, настолькі цяпер зноў клянецца Хрыстом і ўсімі святымі, што невінаваты ў забойстве Кардыльяка, хоць з радасцю прыме смерць, якую заслужыў. Заўважце, мадэмуазэль, што апошнія словы відавочна намякаюць на іншыя злачынствы, якія абцяжарваюць яго сумленне. Але мы марна спрабуем выцягнуць хаця б слова ў працяг, нават пагроза катаванняў не мела плёну. Ён моліць, ён заклінае нас даць яму магчымасць пагаварыць з вамі. Толькі вам, вам адной хоча ён ва ўсім прызнацца. Зрабіце ласку, вялебная пані, выслухайце прызнанне Брусона.

— Што?! — закрычала Скюдэры са шчырым абурэннем. — Цяпер я мушу паслужыць органам крывавага суду, злоўжыць даверам няшчаснага, каб адправіць яго на эшафот? О не, Дэгрэ! Хай Брусон і напраўду пракляты забойца, але я ніколі не змагла б так па-махлярску ашукаць яго. Я не хачу ведаць ніводнай з яго таямніц, якія, нібы святая споведзь, засталіся б замкнёнымі ў маіх грудзях.

— Магчыма, — адказаў Дэгрэ з тонкай усмешкай, — магчыма, мая пані, вашае стаўленне зменіцца, калі вы выслухаеце Брусона. Ці ж вы самі не прасілі ля Рэньі быць чалавечным? Ён і спрабуе, ідучы насустрач дзівацкім патрабаванням Брусона і выкарыстоўваючы апошні сродак, перш чым загадаць пачаць катаванні, да якіх даўно саспеў.

Скюдэры міжволі скаланулася.

— Разумееце, мілая пані, — працягваў Дэгрэ, — мы ні ў якім разе не прапануем вам яшчэ раз наведаць злавесныя пакоі, што напаўняюць вас жахам і агідай. Пад покрывам ночы Аліўе Брусона без шуму даставяць, нібы вольнага чалавека, у ваш дом. Без лішніх вушэй, але, безумоўна, пад аховай ён зможа нязмушана прызнацца вам ва ўсім. Вам асабіста гэты бядак нічым не пагражае, клянуся сваім жыццём. Ён згадвае вас з глыбокай пашанай і сцвярджае, што толькі змрочны лёс, які не дазволіў яму пабачыць вас раней, штурхае яго ў абдоймы смерці. Ну а потым з таго, што адкрые Брусон, вы зможаце расказаць роўна столькі, колькі палічыце патрэбным. Ці ж можна намовіць вас на большае?

Скюдэры сядзела ў глыбокім роздуме, апусціўшы вочы. Яна адчувала, што павінная падпарадкавацца вышэйшай сіле, якая вымагала ад яе раскрыцця страшнай таямніцы, што яна не можа выблытацца з незвычайнага суплёту, у які мімаволі трапіла. Прыняўшы рашэнне, яна з годнасцю прамовіла:

— Бог дасць мне вытрымкі і трываласці. Прывядзіце сюды Брусона, я пагавару з ім.

Як і тады, калі Брусон прынёс ёй скарбонку, апоўначы ў дзверы дому Скюдэры пастукалі. Батыст, папярэджаны пра начны візіт, адчыніў. Нібыта мароз прайшоў па скуры мадэмуазэль Скюдэры, калі яна па ціхіх кроках і глухім мармытанні зразумела, што ахоўнікі, якія прывялі Брусона, размеркаваліся па калідорах.

Нарэшце дзверы пакоя ціха адчыніліся. Увайшоў Дэгрэ, а за ім Аліўе Брусон, без кайданоў, у прыстойным адзенні.

— Вось, — сказаў Дэгрэ, схіляючыся ў пачцівым паклоне, — гэта Брусон, вялебная пані! — і адразу ж выйшаў.

Брусон укленчыў перад Скюдэры, малітоўна выцягнуў складзеныя рукі, і слёзы цурком пабеглі з яго вачэй.

Збялелая, не ў стане вымавіць ні слова, Скюдэры глядзела на юнака. Нават праз скрыўленыя, скажоныя ад скрухі і невыноснага болю рысы яго аблічча свяцілася знутры праявай чыстай і сумленнай душы. Чым даўжэй Скюдэры ўзіралася ў твар Брусона, тым больш мацнела ў ёй згадка пра кагосьці вельмі любімага, каго, праўда, не атрымлівалася прыпомніць. Урэшце ўнутранае трымценне знікла, яна забылася, што перад ёй кленчыць забойца Кардыльяка, і загаварыла ва ўласцівым ёй тоне спакойнай прыхільнасці:

— Ну, Брусон, што вы маеце мне сказаць?

Апошні, усё яшчэ стоячы на каленях, уздыхнуў ад глыбокага, неспатольнага смутку і прамовіў:

— О высакародная пашанотная пані, няўжо ў вашым сэрцы не засталося і следу ад успаміну пра мяне?

Скюдэры, яшчэ ўважлівей агледзеўшы суразмоўцу, адказала, што сапраўды нібыта знайшла ў ягоных рысах падабенства да адной вельмі любімай ёю асобы і што толькі дзякуючы гэтаму падабенству яна пераадольвае шчырую агіду да забойцы і спакойна слухае яго. Брусон, моцна пакрыўджаны гэтымі словамі, парывіста ўзняўся і, змрочна ўтаропіўшыся ў падлогу, адступіў на крок. А потым глуха прамовіў:

— Хіба вы зусім забылі Анну Гіё? Яе сын Аліўе, хлопчык, якога вы часта гушкалі, стаіць цяпер перад вамі.

— Божа, памажы і ўратуй! — выгукнула Скюдэры і, закрыўшы твар далонямі, апусцілася на падушкі.

Яна мела ўсе падставы так спалохацца. Анна Гіё, дачка збяднелага месціча, з маленства жыла пад апекай мадэмуазэль Скюдэры, якая выхоўвала яе як уласнае дзіця і рупліва клапацілася пра яе, нібы родная маці. Калі дзяўчына падрасла, у яе жыцці з’явіўся прыгожы сціплы юнак Клод Брусон, які папрасіў яе рукі. Ён быў выдатным гадзіннікавым майстрам і мог разлічваць у Парыжы на добрую лусту хлеба, а Анна прасякнулася да яго гарачым каханнем, таму Скюдэры ні хвіліны не вагалася і дала згоду на шлюб прыёмнай дачкі. Маладыя людзі паціху ўладкаваліся, жылі мірна і шчасліва, а яшчэ больш змацавала іх саюз з’яўленне на свет цудоўнага хлопчыка, дакладнай копіі пекнай матулі.

Скюдэры багоміла маленькага Аліўе і на цэлыя дні забірала яго ў маці, каб лашчыць і песціць. Нядзіўна, што малы вельмі прывязаўся да яе і гэтак жа ахвотна бавіў з ёю час, як з роднай маці. Мінула тры гады, і чорная зайздрасць іншых майстроў прывяла да таго, што ў Брусона з кожным днём менела працы, і ўрэшце ён з цяжкасцю мог пракарміць аднаго сябе. Да гэтага далучылася ягоная туга па цудоўнай роднай Жэневе, і склалася так, што сям’я пераехала туды, не зважаючы на супраціў Скюдэры, якая абяцала любую магчымую падтрымку. Анна некалькі разоў напісала сваёй прыёмнай маці, а потым змоўкла, прымусіўшы тую паверыць, што шчаслівае жыццё на радзіме Брусона не пакідае месца ўспамінам аб ужо пражытых днях.

Споўнілася якраз дваццаць тры гады з таго часу, як Брусон разам з жонкай і дзіцем пакінуў Парыж і перасяліўся ў Жэневу.

— Жах! — ускрыкнула Скюдэры, крыху перавёўшы дух. — Які жах! Дык ты Аліўе? Сын маёй Анны? А цяпер…

— Напэўна, добрая пані, — прамовіў Аліўе спакойна і стрымана, — вы ніколі не маглі нават уявіць, што, стаўшы юнаком, хлопчык, якога вы песцілі як найласкавейшая матуля, якому, гушкаючы на каленях, клалі ў роцік ласунак за ласункам, якому давалі самыя ласкавыя імёны, будзе стаяць перад вамі, абвінавачаны ў жудасным забойстве! Так, я небеззаганны, Вогненная палата можа па праве паставіць мне ў віну злачынства, але, спадзеючыся ўратаваць сваю душу пасля смерці, хай нават яна прыйдзе ад рукі ката, клянуся, што на маім сумленні няма крыві, што не праз мяне загінуў бедны Кардыльяк!

З гэтымі словамі Аліўе задрыжэў і захістаўся. Скюдэры моўчкі паказала на маленькае крэсла, што стаяла поруч з ім. Хлопец павольна сеў.

— У мяне было досыць часу, — пачаў ён, — каб падрыхтавацца да размовы з вамі, якая для мяне ёсць апошняй ласкай спагаднага неба, і знайсці ў сабе столькі вытрымкі і спакою, колькі патрэбна, каб расказаць вам гісторыю маіх жахлівых, нечуваных бедаў. Майце літасць выслухаць мяне спакойна, як бы вас ні ўразіла, якой бы вусцішнай ні падалася раскрытая таямніца, сутнасць якой вы нават не можаце ўявіць. Ах, лепей бы мой бедны бацька ніколі не пакідаў Парыжу! Наколькі сягаюць мае ўспаміны пра Жэневу, я ўвесь час згадваю сябе ў слязах ад заўсёднага плачу несуцешных бацькоў, ад іх не зразумелых мне нараканняў. Пазней я ўсвядоміў і ясна адчуў найгнятлівейшую галечу, суцэльную нэндзу, у якой жылі мае бацькі. Мой бацька быў падмануты ва ўсіх сваіх спадзяваннях. Сагнуты, прыгнечаны бязмежнай тугой, ён памёр якраз тады, калі яму пашэнціла ўладкаваць мяне вучнем да ювеліра. Мая маці шмат казала пра вас… яна хацела была пажаліцца вам пра ўсё, але потым яе ахапіла роспач, народжаная нястачай. Відаць, той самы ілжывы сорам, які часта точыць смяротна параненыя сэрцы, перашкодзіў ёй прыняць рашэнне. Праз некалькі месяцаў па смерці майго бацькі маці сышла ўслед за ім у магілу.

— Бедная Анна! Бедная Анна! — закрычала Скюдэры, не ў змозе стрываць унутраны боль.

— Хвала вечнай моцы нябёсаў, што яна ўжо на тым свеце і не ўбачыць, як яе любы сын упадзе зняслаўлены і пакараны рукой ката! — голасна ўскрыкнуў Аліўе, кінуўшы ўгару страшны шалёны позірк.

Звонку занепакоіліся, пачуліся ўстрывожаныя крокі.

— Ха! — горка ўсміхнуўся Аліўе. — Дэгрэ будзіць сваіх памагатых, нібыта я магу збегчы адсюль. Але рушым далей! Майстар трымаў мяне ў чорным целе, хоць я неўзабаве працаваў лепей за ўсіх і ўрэшце нават пераўзышоў яго самога. Сталася так, што аднойчы ў нашую майстэрню завітаў незнаёмец, каб набыць нейкія ўпрыгожанні. Варта было яму пабачыць пекныя пацеркі, зробленыя маімі рукамі, як ён прыязна папляскаў мяне па плячы і, разглядаючы аздобу, сказаў: “Юны мой дружа, гэта проста выдатная праца! Я не ведаю, хто мог бы перасягнуць вас у майстэрстве, апроч Рэнэ Кардыльяка, найлепшага ювеліра на цэлым свеце. Вам добра было б пайсці да яго, ён з радасцю вас возьме, бо толькі вы можаце дапамагчы яму ў яго вытанчаным майстэрстве і толькі ад яго зможаце яшчэ чамусьці навучыцца”.

Словы незнаёмца глыбока запалі мне ў душу. Я больш не меў спакою ў Жэневе, мяне гнала адтуль нязнаная сіла. Нарэшце я здолеў вызваліцца ад свайго майстра і прыехаў у Парыж. Рэнэ Кардыльяк сустрэў мяне халодна і груба. Я не адступаўся, і ён мусіў даць мне самую нязначную працу. Мне было даручана вырабіць маленькі пярсцёнак. Калі я прынёс гатовы выраб, Кардыльяк утаропіўся ў мяне агністымі вачыма, нібы хацеў зазірнуць у самае нутро. А потым прамовіў: “Ты старанны, сумленны хлопец. Можаш пераехаць да мяне і дапамагаць мне ў майстэрні. Я буду добра плаціць, ты застанешся задаволены”.

І ён стрымаў слова. Пражыўшы у яго некалькі тыдняў, я яшчэ не бачыў Мадлон, якая ў той час, калі мяне не падводзіць памяць, гасцявала недзе ў вёсцы, у адной з яго цётак. Калі ж яна прыехала… сілы нябесныя! Што здарылася са мною, калі я ўбачыў гэты анёльскі твар! Ці кахаў калісь хоць адзін чалавек так, як я? Мадлон…

Ад засмучэння Аліўе не мог гаварыць далей. Ён закрыў твар далонямі і гучна ўсхліпнуў. Урэшце, перамогшы намаганнем волі нясцерпны боль, юнак працягнуў:

— Мадлон глядзела на мяне прыязна. Яна часцей і часцей прыходзіла ў майстэрню. Я з глыбокім узрушэннем адчуў, што і яна мяне кахае. Пад суворым наглядам бацькі нават таемны поціск рук здаваўся знакам заключанага хаўрусу. Кардыльяк нібыта нічога не заўважаў. Я збіраўся, здабыўшы яго прыхільнасць і атрымаўшы статус майстра, прасіць рукі Мадлон. Аднаго ранку, калі я хацеў прыступіць да працы, Кардыльяк падышоў да мяне. У яго змрочным позірку чыталіся гнеў і пагарда. “Я больш не маю патрэбы ў тваіх паслугах, — сказаў ён. — Зараз жа прэч з майго дому, і каб я цябе больш ніколі не бачыў. Думаю, не варта тлумачыць, чаму я больш не магу трываць цябе тут. Завысока для цябе, недарэкі, вісіць салодкі плод, якога ты прагнеш!” Я хацеў адказаць, але ён схапіў мяне магутнай ручышчай і выкінуў з дзвярэй, так што я паваліўся і моцна выцяўся галавой і рукой. Абураны, катаваны пякучым болем, я пакінуў гэты дом і пайшоў да спагаднага знаёмца, які прытуліў мяне ў сваім пакоі на паддашку, на самай ускраіне прадмесця Святога Марціна. Мне не было ні спакою, ні перадыху. Начамі я кружляў ля дому Кардыльяка, марачы, каб Мадлон пачула мае ўздыхі, мае нараканні і патрапіла непрыкметна перамовіцца са мной праз акно. У маёй галаве нараджаліся самыя розныя адчайныя планы, на здзяйсненне якіх я спадзяваўся яе намовіць. Да дому Кардыльяка на вуліцы Нікез прылягае высокі мур з нішамі і старымі напаўразбуранымі статуямі ў іх. І вось аднае ночы я стаяў блізу такой статуі і глядзеў угару, на вокны, што выходзяць у двор, агароджаны мурам. Раптам у майстэрні Кардыльяка я заўважыў святло. Была поўнач, Кардыльяк у такі час заўсёды спаў — ён меў звычку класціся ў ложак з дзявятым ударам гадзінніка. Сэрца маё затахкала ад цьмянага прадчування, я ўявіў сабе нейкае здарэнне, што, магчыма, дазволіць мне трапіць у дом. Але святло адразу згасла. Я прыхіліўся да статуі, але з жахам адхіснуўся, адчуўшы супрацьдзеянне, нібы камень нечакана ажыў. У прывідным начным паўзмроку я ўбачыў, як камень паволі павярнуўся, і з-за яго выслізнула цёмная постаць, якая бязгучна рушыла вуліцай. Я падскочыў да статуі — яна, як і раней, стаяла ўшчыльную да мура. Міжволі, быццам гнаны нейкай унутранай сілай, я крадком пакрочыў за дзіўнай постаццю. Якраз каля абраза Панны Марыі прывід азірнуўся, і яркае святло лямпы, што гарыць перад абразом, упала на яго твар. Гэта быў Кардыльяк! Незразумелы страх, няўцямная жуда абрынуліся на мяне. Нібы прывязаны да яго нейкім заклёнам, я рухаўся наперад за таямнічым самнамбулам — менавіта так я успрыняў майстра, хоць і не было поўні, у час якой гэтае насланнё находзіць на заснулых. Урэшце Кардыльяк знік у густым цені дзесьці ўбаку. Па ціхім, вельмі знаёмым пакерхванні я вызначыў, што ён зайшоў у браму аднаго з дамоў. “Што гэта значыць? Што ён збіраецца рабіць?” — здзіўлена пытаў я сам сябе, шчыльней прыціскаючыся да сцяны. Неўзабаве на вуліцы з’явіўся, спяваючы, насвістваючы і пазвоньваючы шпорамі, мужчына з яркім плюмажам на капелюшы. Як тыгр на здабычу, кінуўся Кардыльяк са сваёй схованкі на мужчыну, які амаль адразу з хрыпам апусціўся на зямлю. З крыкам жаху я выскачыў да Кардыльяка, які схіліўся над забітым:

— Майстар Кардыльяк, што вы робіце?!

— Пракляцце! — зароў Кардыльяк, вокамгненна праляцеў паўз мяне і знік. Агаломшаны, ледзь перастаўляючы ногі, я наблізіўся да цела, укленчыў перад ім, думаючы, што яго яшчэ можна ўратаваць, але марна. Ахоплены смяротным жахам, я не пачуў, што мяне атачылі жандармы.

— Яшчэ аднаго завалілі, чэрці! Хо-хо, юнача, а ты што тут робіш? Ці ты адзін з гэтай хеўры? Узяць яго! — і яны накінуліся на мяне.

Я ледзь здолеў прамармытаць, што ніяк не мог бы здзейсніць такое жахлівае злачынства, і папрасіў пакінуць мяне ў спакоі. Тады адзін з іх пасвяціў мне ў твар і, смеючыся, закрычаў:

— Дык гэта ж Аліўе Брусон, вучань ювеліра, які робіць у нашага слаўнага майстра Рэнэ Кардыльяка!

— Ага, не падобны ён да таго, хто забівае людзей пасярод вуліцы!

— Так, да таго ж гэтыя забойцы не лямантуюць над трупам, каб лягчэй было арыштаваць.

— Ну давай, расказвай, як гэта адбылося.

— Проста перада мной, — сказаў я, — нейкі чалавек раптоўна кінуўся на гэтага мужчыну, закалоў яго і вокамгненна збег пасля майго воклічу. А я толькі хацеў паглядзець, ці можна яшчэ дапамагчы ахвяры.

— Не, сынок, — гукнуў адзін з тых, што падымалі труп, — яму канец, клінок, як заўжды, прайшоў праз сэрца.

— Д’ябал! — сказаў другі жандарм, — мы ізноў спазніліся, як і заўчора.

З гэтымі словамі яны сышлі, несучы труп.

Я не магу перадаць сваіх адчуванняў… мне здавалася, што я бачу кепскі сон, што зараз я прачнуся і буду дзівіцца, якая лухта мне прымроілася. Кардыльяк — бацька маёй Мадлон — бязлітасны забойца! Я знясілена прысеў на каменныя прыступкі нейкага дому. Паціху віднела, капялюш, багата ўпрыгожаны пер’ямі, ляжаў перада мной на бруку. Раптам перад маім унутраным зрокам яскрава паўстаў крывавы ўчынак Кардыльяка, здзейснены акурат на месцы, дзе я цяпер сядзеў. У жаху я паспяшаўся прэч.

Агаломшаны, амаль непрытомны, сядзеў я ў сваёй каморцы на паддашку, калі адчыніліся дзверы і ў пакой увайшоў Рэнэ Кардыльяк.

— Святая Марыя! Што вам трэба? — спалохана закрычаў я. Ён жа, не зважаючы на гэта, наблізіўся да мяне і ўсміхнуўся спакойна і прыветна, што толькі ўзмацніла маю агіду. Ён пасунуў стары лядашчы зэдлік і сеў побач, а я быў не ў стане адарвацца ад свайго саламянага ложка, на які паваліўся перад тым.

— Ну, Аліўе, як маешся, бедны хлопча? Я страшэнна пагарачыўся, калі прагнаў цябе з дому, мне вельмі цябе не хапае. Якраз цяпер я заняты адной аздобаю, якую ніяк не магу давесці да ладу без тваёй дапамогі. Як бы ты паглядзеў на прапанову ізноў працаваць у маёй майстэрні? Маўчыш? Я ведаю, што пакрыўдзіў цябе. Не буду хаваць, я раззлаваўся праз твае заляцанні да маёй Мадлон, але потым добра разважыў і вырашыў, што пры тваім умельстве, руплівасці і сумленнасці я не мог бы пажадаць сабе лепшага зяця. Карацей, хадзем са мной, паглядзім, як ажаніць цябе з дачкою.

Яго словы распалавінілі мне сэрца. Усё ўва мне віравала ад усведамлення ягонай заганнасці, але я не мог выціснуць ані слова.

— Ты вагаешся? — прамовіў ён ужо больш рэзка, свідруючы мяне бліскучымі вачыма. — Вагаешся? Відаць, ты не можаш сёння пайсці са мной, у цябе іншыя пільныя справы… Ты хацеў бы, мажліва, наведаць Дэгрэ альбо ўвогуле папрасіцца на размову да Аржансона ці ля Рэньі? Але сцеражыся, дружа, каб кіпцюры, якія ты хочаш скіраваць на згубу іншых, не ўхапілі і не разадралі цябе самога.

І тут я даў волю свайму глыбокаму абурэнню.

— Лепей вам самому — крыкнуў я, — вінаватаму ў страшным злачынстве, пайсці да тых, каго вы толькі што згадалі. Мне з імі няма пра што гаварыць.

— Па сутнасці, — казаў далей Кардыльяк, — для цябе будзе лепей зноў пачаць працаваць у мяне — найслыннейшага майстра свайго часу, шанаванага паўсюль за сумленнасць і прыстойнасць, так што кожны злы паклёп цяжка ўдарыць па галаве самога паклёпніка. Што да Мадлон, то мушу табе прызнацца, што за маю спагадлівасць ты мусіш дзякаваць ёй адной. Яна кахае цябе з такой сілаю, якое я зусім не чакаў ад пяшчотнага дзіцяці. Адразу ж па тваім сыходзе яна кінулася да маіх ног, ахапіла мне калені і са слязьмі на вачах прызналася, што не можа без цябе жыць. Я падумаў, што яна проста ўбіла сабе нешта ў галаву, як гэта звычайна здараецца з юнымі закаханымі паненкамі, гатовымі зараз жа памерці, варта ім толькі злавіць прыязны позірк нейкага маладзёна. Але мая Мадлон напраўду захварэла і пачала чэзнуць. А калі я паспрабаваў высветліць прычыну гэтага вар’яцтва, сто разоў паўтарыла тваё імя. Што мне было рабіць? Ці ж мог я пакінуць яе ў роспачы? Учора ўвечары я сказаў ёй, што згодны на ўсё і сёння ж прывяду цябе. За ноч яна расцвіла нібы тая ружа і цяпер не можа дачакацца, сама не свая ад жарсці.

Хай даруюць мне сілы нябесныя, але я сам не ведаю, як апынуўся ў доме Кардыльяка, а Мадлон, усклікнуўшы: “Аліўе! Мой Аліўе! Мой каханы! Мой нарачоны!” — кінулася да мяне, абхапіла абедзвюма рукамі і прыціснула да грудзей. І ў найвышэйшым захапленні я пакляўся Панне Марыі і ўсім святым ніколі, ніколі больш з ёю не разлучацца!

Узрушаны ўспамінам, Аліўе мусіў перапыніць аповед. Скюдэры, поўная жуды ад бясчынстваў чалавека, якога лічыла ўвасабленнем цноты і сумленнасці, усклікнула:

— Які жах! Рэнэ Кардыльяк належаў да хеўры забойцаў, што столькі часу рабілі з нашага добрага горада зладзейскі прытон?

— Што вы, пані, — адказаў Аліўе, — да якой хеўры? Ніякай хеўры ніколі не існавала. Кардыльяк быў адзіным, хто па ўсім горадзе ўтрапёна шукаў сабе ахвяраў. Якраз тое, што ён быў адзін, тлумачыць упэўненасць, з якою ён чыніў свае беззаконні, і непераадольныя цяжкасці ў пошуках следу забойцы. Але дазвольце мне працягнуць, каб раскрыць вам таямніцу найгнюснейшага і адначасова найняшчаснейшага з людзей. Можна лёгка ўявіць сабе становішча, у якім я апынуўся, вярнуўшыся да майстра. Крок быў зроблены, я ўжо не мог павярнуць назад. Часам мне здавалася, што я стаў хаўруснікам Кардыльяка, і толькі ў каханні да Мадлон я забываўся на пакуты, што раздзіралі маю душу, толькі з ёю мог сцерці ўсе вонкавыя праявы невыказнай нуды. Працуючы са старым у майстэрні, я не меў сілы нават зірнуць яму ў твар, не казаў амаль ні слова ад жаху, што працінаў мяне ў прысутнасці гэтага страшнага чалавека, які дэманстраваў усе якасці вернага, пяшчотнага бацькі, добрага грамадзяніна, у той час як ноч хавала ягоныя злачынствы. Мадлон, рахманае, анёльскай чысціні дзіця, хінулася да яго з бязмежнай любоўю. Маё сэрца аблівалася крывёю ад думкі, што калі адплата ўрэшце напаткае ліхадзея, ёй, падманутай пякельнай шатанскай хітрасцю, давядзецца перажыць найглыбейшы адчай. Адно гэта прымушала мяне маўчаць нават пад пагрозай ганебнай смерці. Хоць я дастаткова даведаўся з размовы жандармаў, учынкі Кардыльяка, яго матывы, спосаб дзеянняў заставаліся для мяне загадкай. Але разгадка не змусіла сябе доўга чакаць. Аднаго дня Кардыльяк, які меў звычку працаваць у найлепшым настроі, з жартамі і смехам, абуджаючы тым маю агіду, падаўся мне вельмі сур’ёзным і заглыбленым у сябе. Раптам ён адшпурнуў каралі, над якімі шчыраваў, так што камяні і перлы разляцеліся навокал, рашуча падняўся і сказаў:

— Аліўе! Нашыя стасункі не могуць больш заставацца такімі, як ёсць, гэтае становішча невыноснае. Тое, што не патрапілі раскрыць Дэгрэ і яго памагатыя з іх выкшталцонай хітрасцю, воляю выпадку звалілася табе проста ў рукі. Ты пабачыў мяне за начною справай, да якой мяне прымушае мая злая зорка, і супрацьстаяць гэтаму немагчыма. А твая злая зорка скіравала цябе за мною наўздагон, ахутала цябе шчыльным вэлюмам, надала тваім крокам лёгкасць, дзякуючы якой ты рухаўся нібы найдрабнейшы звярок, і я, той, што бачыць вачыма тыгра ў самую цёмную ноч, што чуе самы нязначны шоргат, нават камарыны піск па ўсёй даўжыні вуліцы, цябе не заўважыў. Гэта твая злая зорка прывяла цябе, майго хаўрусніка, да мяне. Пра здраду, як ты бачыш, няма й гаворкі. Таму ты мусіш ведаць усё.

“Ніколі я не буду тваім хаўруснікам, крывадушны злодзей!” — хацеў быў крыкнуць я, але ўнутраны жах, што ахапіў мяне ад словаў Кардыльяка, замкнуў мне вусны. Заместа словаў я змог выціснуць адно незразумелы гук. Кардыльяк сеў на крэсла і выцер пот з ілба. Здавалася, яму цяжка даліся ўспаміны пра мінулае і цяпер складана было авалодаць сабой. Нарэшце ён пачаў:

— Мудрыя людзі шмат кажуць пра дзіўныя ўражанні, на якія здольныя цяжарныя жанчыны, пра неверагоднае ўздзеянне такіх жывых міжвольных уражанняў на дзіця. Мне расказалі незвычайную гісторыю пра маю ўласную маці. Носячы мяне першы месяц, аднойчы яна разам з іншымі кабетамі была на пышным свяце, што ладзілася ў Трыяноне. І там яе позірк упаў на шэвалье ў гішпанскім строі з бліскучай нізкай каштоўных камянёў на шыі, ад якой яна не магла адвесці вачэй. Усёй сваёй істотай яна прагнула зіхоткіх каменьчыкаў, што здаваліся ёй незямным блаславеннем. Гэты шэвалье за некалькі гадоў да таго, калі мая маці была яшчэ незамужняю, квапіўся на яе цноту, але быў з агідаю адрынуты. Маці пазнала яго, але цяпер ёй мроілася, што ў бляску асляпляльных дыяментаў перад ёю стаіць найвышэйшага істота, само ўвасабленне прыгажосці. Шэвалье заўважыў жарсныя і палкія позіркі маёй маці і вырашыў, што цяпер яму пашэнціць болей, чым мінулым разам. Ён здолеў наблізіцца да яе, больш за тое, завабіць яе далей ад сябровак у зацішнае месца. Там ён горача абняў яе, мая маці ўхапілася за прыгожы ланцужок, але ў той жа момант мужчына асеў і пацягнуў яе з сабой на зямлю. Ці то яго напаткаў удар, ці яшчэ што, але ён памёр. Дарэмна мая маці намагалася вызваліцца з рук мерцвяка, акасцянелых у смяротных сутаргах. Уперыўшыся ў яе пустымі патухлымі вачыма, нябожчык катаўся з ёю па зямлі. Нарэшце яе пранізлівыя крыкі даляцелі да далёкіх мінакоў, якія кінуліся на дапамогу і ўратавалі яе з рук жудаснага каханка. Перажыты страх надоўга прыкуў маці да ложка. Яе, дый мяне таксама, лічы, спісалі з рахунку, але яна акрыяла і нарадзіла лягчэй, чым можна было спадзявацца. Але жах таго вусцішнага моманту паланіў мяне. Мая злая зорка ўзышла і паслала іскрынку, што распаліла ўва мне адну з самых дзіўных і згубных жарсцяў. Ужо ў раннім маленстве бліскучыя дыяменты, залатыя пацеркі былі мне даражэйшыя за ўсё. Спярша гэта лічылі звычайнай дзіцячай схільнасцю, але не: ужо дзіцем я пачаў красці золата і каштоўныя камяні паўсюль дзе магчыма. Нібы самы дасведчаны знаўца, я інстынктыўна адрозніваў сапраўдныя каралі ад падробкі. Толькі першыя вабілі мяне, на фальшывыя ўпрыгожанні і фальшывыя залатыя манеты я не звяртаў увагі. Прыроджаную жарсць не змаглі ўтаймаваць нават жорсткія пакаранні бацькі. Каб мець справу толькі з золатам і каштоўнымі камянямі, я абраў прафесію ювеліра. Я працаваў утрапёна і неўзабаве стаў першым майстрам у гэтай галіне. І вось прыйшоў час, калі прыроджаная схільнасць, якую я так доўга стрымліваў, бурліва вырвалася вонкі і пачала разрастацца, паглынаючы ўсё. Варта мне было вырабіць і прадаць каралі, як мяне апаноўвалі неспакой і маркота, што пазбаўлялі сну, здароўя і жыццёвае моцы. Перад вачыма дзень і ноч, нібы прывід, стаяў той, для каго я працаваў, упрыгожаны маімі каралямі, а нейкі голас няспынна нашэптваў: “Гэта тваё, тваё, дык забяры ж яго, нашто дыяменты мерцвяку!” І я пачаў авалодваць майстэрствам злодзея. Я меў доступ у дамы знатных асобаў і спрытна карыстаўся кожнай магчымасцю: ніводзін замок не мог супрацьстаяць майму ўмельству, і ў хуткім часе ўпрыгожанні, зробленыя маімі рукамі, ізноў апыналіся ў мяне. Але нават гэта не вяртала мне супакою. Той вусцішны голас не змаўкаў, ён кпіў з мяне і крычаў: “Ха-ха, твае каралі носіць мярцвяк!”

Я і сам не ведаю, як здарылася так, што я пачаў адчуваць невымоўную нянавісць да тых, хто заказваў у мяне ўпрыгожанні. Так! З самага нутра ўздымалася прага іхнай крыві, ад якой я скаланаўся. Менавіта ў той час я прыдбаў гэты дом. Мы ўдарылі па руках з уладальнікам… вось тут, у гэтым пакоі, сядзелі мы, усцешаныя ўдалым гешэфтам, і распівалі бутэльку віна. Надышла ноч, я хацеў быў ісці, але гаспадар сказаў: “Майстар Рэнэ, перш чым вы сыдзеце, я мушу адкрыць вам таямніцу гэтага дому”. З гэтымі словамі ён адчыніў шафу ля сцяны, адсунуў заднюю сценку, зайшоў у маленькі пакойчык, нахіліўся, падняў апускныя дзверы. Мы спусціліся вузкай стромай лесвіцай да брамкі, адчыніўшы якую, выйшлі на двор. І тут мой прадавец падышоў да мура, націснуў на ледзь бачную клямку, і кавалак сцяны павярнуўся, так што чалавек мог зручна праслізнуць у адтуліну і апынуцца на вуліцы. Варта як-небудзь паказаць табе гэты фокус, Аліўе. Мабыць, гэта загадалі зрабіць хітрыя манахі кляштара, што раней месціўся тут, каб непрыкметна знікаць і вяртацца. Гэта кавалак дрэва, атынкаваны і пабелены толькі звонку, у якім з таго боку замацаваная статуя, таксама драўляная, але з выгляду нібы каменная. Дрэва паварочваецца разам са статуяй на схаваных завесах. Змрочныя думкі спарадзіў ува мне позірк на тое прыстасаванне: падалося, што яно адмыслова падрыхтаванае для ўчынкаў, якія мне самому пакуль здаваліся таямніцай. Я якраз тады вырабіў і аддаў аднаму прыдворнаму багатыя ўпрыгожанні, што прызначаліся, як мне было вядома, нейкай балерыне. Смяротныя пакуты не прымусілі чакаць — прывід крочыў за мной, шатан нешта нашэптваў мне ў вушы! Я кінуўся ў дом. Мокры ад крывавага поту, у бяссонні круціўся я на ложку і раптам убачыў у думках, што чалавек гэты крадзецца да балерыны з маімі скарбамі. Раз’юшаны, я ўскочыў, накінуў паліто, спусціўся патаемнай лесвіцай і праз мур выбраўся на вуліцу Нікез. Чалавек з’явіўся, я наваліўся на яго, ён закрычаў, але я, моцна трымаючы яго ззаду, усадзіў яму кінжал у сэрца — і вось упрыгожанні ў маіх руках! Здзейсніўшы гэта, я адчуў у душы такі супакой, як ніколі дагэтуль. Прывід знік, д’ябальскі голас змоўк. Цяпер я ведаў, чаго хацела мая злая зорка, і мусіў скарыцца ёй альбо загінуць! Цяпер табе зразумелая сутнасць маіх дзеянняў, Аліўе. Але не думай, што праз тое, што я мушу рабіць і чаго не магу пазбавіцца, я выракся спагады і спачування, уласцівых чалавечай натуры. Ты ж ведаеш, як цяжка мне бывае аддаць замоўцу гатовае ўпрыгожанне. А для некаторых, чыёй смерці я не жадаю, я не працую ўвогуле. Адчуваючы, што назаўтра кроў мае прагнаць маіх зданяў, я ўжо сёння магу здаволіцца добрым ударам кулака, зваліўшы з ног уладальніка маёй каштоўнасці і адабраўшы ў яго свой выраб.

Сказаўшы ўсё гэта, Кардыльяк адвёў мяне ў патаемны склеп і дазволіў зірнуць на сваю скарбніцу. Мусіць, сам кароль не мае багацейшай. Да кожнай рэчы быў прымацаваны цэтлік з дакладным пазначэннем, для каго яна была змайстраваная і калі адабраная праз крадзеж, рабунак ці забойства.

— У дзень твайго вяселля, — прамовіў Кардыльяк глуха і ўрачыста, — ты свята паклянешся мне на распяцці адразу ж па маёй смерці ператварыць усе гэтыя багацці ў пыл з дапамогай сродку, які я табе адкрыю. Я не хачу, каб хоць якая чалавечая істота, а тым больш Мадлон і ты, сталі ўладальнікамі скарбу, набытага цаною чалавечай крыві.

Заблукалы ў лабірынце злачынства, раздзіраны каханнем і агідай, асалодай і жудой, я быў падобны да асуджанага на пакуты, якому зверху ласкава ўсміхаецца чароўны анёлак і якога ў той жа час моцна трымае пякучымі кіпцюрамі шатан, і мілосная ўсмешка рахманага анёла, у якой адбіваюцца ўсе дарункі вышняга свету, робіцца яму найгоршым катаваннем. Я думаў пра ўцёкі, нават пра самагубства — але ж Мадлон! Ганьце, ганьце мяне, вялебная пані, за тое, што я быў занадта слабы, каб адолець сваю жарсць, якая прыкула мяне да злачынства. Але ж ці не будзе належнай платай за гэта ганебная смерць, наканаваная мне?

Аднаго дня Кардыльяк прыйшоў дадому ў нязвыкла прыўзнятым настроі. Ён прылашчыў Мадлон, кінуў на мяне колькі найпрыязнейшых позіркаў, выпіў за сталом бутэльку добрага віна, што здаралася з ім толькі ў вялікія святы, потым спяваў і весяліўся. Мадлон сышла, я сабраўся ў майстэрню.

— Сядзі спакойна, хлопец, — крыкнуў Кардыльяк, — сёння больш ніякай працы, давай перакулім яшчэ па адной за здароўе самай высакароднай і прыўкраснай дамы ў Парыжы!

Мы чокнуліся, майстар спаражніў поўную шклянку і спытаў:

— А скажы мне, Аліўе, ці падабаюцца табе гэтыя радкі?

                              Un amant, qui craint les voleurs,

                              n'est point digne d'amour?

І ён расказаў пра гутарку, што адбылася ў пакоях Мэнтэнон паміж вамі і каралём, дадаўшы, што здаўна шануе вас як ніводнае чалавечае стварэнне, і што вы, надзеленая цнотамі, перад якімі бяссільна цьмянее ягоная злая зорка, нават носячы найпрыгажэйшую з ягоных каштоўнасцяў, ніколі не абудзілі б у ім ліхую здань і думкі пра забойства.

— Паслухай, Аліўе, што я вырашыў, — сказаў ён. — Ужо даўнавата я атрымаў замову вырабіць каралі і бранзалеты для Генрыеты Ангельскай з маіх уласных камянёў. Гэтая праца атрымалася ў мяне як ніколі добра, але сэрца маё разрывалася, калі я думаў, што мне давядзецца развітацца з упрыгожаннямі, якія сталі маім найдаражэйшым скарбам. Як ты, пэўна, ведаеш, прынцэса была падступна забітая. Я ж захаваў тыя ўпрыгожанні і цяпер хацеў бы аддаць іх мадэмуазэль дэ Скюдэры ад імені пераследаванай хеўры — на знак маёй глыбокай пашаны і ўдзячнасці. Апроч таго, што Скюдэры атрымае выразнае сведчанне свайго трыюмфу, я змагу пакпіць з Дэгрэ і яго памагатых, як яны й заслугоўваюць. Ты мусіш аднесці ёй упрыгожанні.

Варта было Кардыльяку назваць вашае імя, мадэмуазэль, як чорная завеса зляцела з маіх вачэй, і светлыя прыўкрасныя малюнкі шчаслівага маленства ўваскрэслі ў маім уяўленні ў найярчэйшых зіхоткіх колерах. Душу маю напоўніла цудоўная ўцеха, у ёй заззяў прамень надзеі, які прагнаў змрочныя думкі. Кардыльяк відавочна заўважыў, якое ўздзеянне зрабілі на мяне ягоныя словы, і трактаваў гэта на свой лад.

— Здаецца, — сказаў ён, — мой намер табе даспадобы. Прызнаюся табе, што ўнутраны голас, зусім адрозны ад таго, які патрабуе ад мяне крывавых ахвяраў, нібы ненажэрны драпежнік, загадаў мне гэта зрабіць. Часам у мяне бывае дзіўнае адчуванне… нейкі ўнутраны страх, боязь чагосьці жудаснага, чый подых далятае сюды з далёкага іншасвету, гвалтоўна захоплівае мяне. Тады мне нават падаецца, што справункі, распачатыя праз мяне злою зоркай, могуць пайсці на шкоду маёй несмяротнай душы, якая не мае да іх ніякага дачынення. У такім настроі я вырашыў змайстраваць прыгожы дыяментавы вянец для абраза Панны Марыі ў саборы Святога Яўстаха. Але нейкі няўцямны жах нападаў на мяне, як толькі я прыступаў да працы, таму ўрэшце я адступіўся ад гэтай задумы. І вось цяпер мне здаецца, што, даслаўшы Скюдэры найпякнейшае ўпрыгожанне з усіх калі-небудзь зробленых мною, я пакорліва прынясу ахвяру самой цноце і пабожнасці і вымалю для сябе моцнае заступніцтва.

Кардыльяк, мая пані, да драбніцаў ведаючы ваш лад жыцця, паведаміў мне спосаб і час, у які я мусіў даставіць вам каштоўнасці, замкнутыя ў вытанчанай скарбонцы. Я ўвесь трымцеў ад захаплення, бо само Неба паказала мне праз злачыннага Кардыльяка дарогу да паратунку з пекла, у якім гібеў я, нікчэмны грэшнік. Так я думаў. Насуперак волі Кардыльяка я хацеў паказацца перад вашымі вачыма. Як сын Анны Брусон, як ваш выхаванец я хацеў кінуцца да вашых ног і расказаць пра сябе ўсё. Я верыў, што вы, кранутая невымоўным горам, якое пагражала беднай нявіннай Мадлон у выпадку выкрыцця, захаваеце таямніцу, але ваш востры розум напэўна знойдзе спосаб, не выдаючы сябе, пакласці канец злому праклёну Кардыльяка. Не пытайце мяне, што гэта за спосаб, — я гэтага не ведаю, але ў тым, што вы ўратуеце Мадлон і мяне, я не сумняваўся, я верыў вам так, як веру ў літасцівую дапамогу Панны Марыі. Вы ведаеце, мадэмуазэль, што мой намер у тую ноч праваліўся. Але я не страчваў надзеі, што іншым разам мне пашэнціць больш. І аднойчы Кардыльяк раптам страціў увесь свой імпэт. Ён панура шлындаў паўсюль, невідушча глядзеў перад сабою, мармытаў незразумелыя словы, махаў рукамі, нібы абараняючыся ад чагосьці варожага. Здавалася, ягоны дух мучылі злыя думкі. Так доўжылася цэлы ранак. Урэшце ён сеў за варштат, тут жа нездаволена ўскочыў, зірнуў у акно і прамовіў сур’ёзна і змрочна: “А я ж хацеў, каб Генрыета Ангельская насіла мае ўпрыгожанні!” Гэтыя словы напоўнілі мяне жахам. Цяпер я ведаў, што ягоны хворы розум ізноў апанаваны зданню смерці, што голас шатана зноўку загучаў у яго вушах. Я адчуў небяспеку вашаму жыццю з боку праклятага забойцы. Калі б Кардыльяк атрымаў назад свае ўпрыгожанні, вы былі б уратаваныя. Небяспека расла з кожнай хвілінай.

І тады мне пашчасціла сустрэць вас на Новым мосце, праціснуцца да вашай карэты і кінуць туды цыдулку, у якой я заклінаў вас найхутчэй вярнуць упрыгожанні Кардыльяку. Але вы не прыйшлі. Мой страх перарос у адчай, калі наступнага дня Кардыльяк толькі й казаў пра каштоўнасці, што прымроіліся яму ўначы. Я мог аднесці яго словы адно да вашых упрыгожанняў, і мне стала ясна, што ён думае пра забойства, якое відавочна мерыцца здзейсніць тае ж ночы. Я мусіў уратаваць вас нават цаною жыцця Кардыльяка. Калі пасля вечаровай малітвы Кардыльяк, як звычайна, замкнуўся ў сваім пакоі, я вылез праз акно ў двор, праслізнуў праз адтуліну ў муры і стаіўся непадалёк у глыбокім цені. Прайшло няшмат часу, пакуль Кардыльяк выйшаў і бязгучна рушыў наперад. Я за ім. Ён рухаўся ў бок вуліцы Сэн-Анарэ. Сэрца маё калацілася. На нейкі момант Кардыльяк знік з маіх вачэй. Я вырашыў стаць каля вашых дзвярэй. І тут міма, не прыкмеціўшы мяне, прайшоў, напяваючы і насвістваючы, афіцэр — як тады, калі я воляй выпадку стаўся сведкам крывавага ўчынку Кардыльяка. У той жа момант з цемры выскачыла чорная постаць і кінулася да мінака. Гэта быў Кардыльяк. Прагнучы не дапусціць гэтае смерці, я з гучным крыкам у два-тры крокі дабег да іх, але не афіцэр — Кардыльяк, смяротна паранены, з хрыпам апусціўся на зямлю. Афіцэр выпусціў кінжал, выцягнуў з похваў шпагу і заняў баявую пазіцыю, палічыўшы мяне хаўруснікам забойцы, аднак хутка паспяшаўся прэч, пабачыўшы, што я, не зважаючы на яго, аглядаю цела. Кардыльяк быў яшчэ жывы. Захапіўшы кінжал, кінуты афіцэрам, я ўзваліў цела на плечы і з цяжкасцю пацягнуў яго дадому, дзе праз патаемны ход падняў у майстэрню. Астатняе вам вядома. Як бачыце, шаноўная пані, мая адзіная правіна ў тым, што я не выдаў бацьку Мадлон суду і не паклаў тым самым канец ягоным злачынствам. Крыві на мне няма. Аніякімі катаваннямі не вырваць з мяне таямніцу ўчынкаў Кардыльяка. Я не хачу, каб насуперак вечнай сіле, якая схавала ад дабрадзейнай дачкі жахлівыя справункі бацькі, на яе цяпер абрынулася смяротным цяжарам уся гаркота мінулага, усяго яе быцця, каб помста свету падняла труп з-пад зямлі, што накрыла яго, каб кат зганьбіў косткі, што парахнеюць. Не! Каханая сэрца майго аплача мяне як нявінна загінулага, час загоіць яе рану, але невыноснымі сталі б яе галашэнні праз пякельныя ўчынкі яе дарагога бацькі.

Аліўе змоўк, але раптам з яго вачэй патокам лінулі слёзы, ён кінуўся да ног Скюдэры і ўзмаліўся:

— Вы ж верыце, што на мне няма віны! Злітуйцеся нада мной, скажыце, як там Мадлон!

Скюдэры гукнула Марціньер, і праз колькі імгненняў Мадлон ужо вісела на шыі ў Аліўе.

— Ну вось, усё добра, бо ты цяпер тут — я ведала, што шаноўная пані ўратуе цябе! — няспынна паўтарала Мадлон, і Аліўе забыўся на свой лёс, на ўсё, што яму пагражала — ён быў свабодны і шчаслівы. Абодва надзвычай кранальна дзяліліся перажытымі пакутамі, пасля ізноў абдымаліся і плакалі ад шчасця, што зноўку знайшлі адно аднаго.

Калі б Скюдэры дагэтуль не ўпэўнілася ў невінаватасці Аліўе, яна мусіла б паверыць у яе цяпер, назіраючы за маладымі людзьмі, якія ў асалодзе цеснага мілоснага яднання забыліся на цэлы свет, на свае беды і невымоўныя пакуты.

— Не, — усклікнула яна, — на такое блаславёнае забыццё здатнае толькі чыстае сэрца!

Ясныя промні світанку працялі аконныя шыбы. Дэгрэ ціха пастукаў у дзверы пакоя і нагадаў, што, каб адвезці Аліўе Брусона назад, не прыцягваючы лішняй увагі, трэба ісці цяпер, бо пазней гэта будзе немагчыма. Закаханым давялося разлучыцца.

Цьмяныя прадчуванні, што адольвалі Скюдэры з дня першага з’яўлення Брусона ў яе доме, увасобіліся ў жыццё самым жахлівым чынам. Яна бачыла, што сын яе любімай Анны, не маючы на душы віны, заблытаўся так, што ўратаваць яго ад ганебнай смерці здавалася амаль немагчымым. Яна паважала геройства юнака, які быў гатовы хутчэй памерці пад цяжарам абвінавачанняў, чым выдаць таямніцу, якая загубіла б каханую Мадлон. У сферы магчымага яна не знаходзіла аніводнага сродку вырваць бедака з рук вусцішнага суду. І ўсё ж у душы яе жыло перакананне, што ёй не варта было баяцца любых ахвяр, абы толькі перадухіліць абуральную несправядлівасць, якая была ўжо блізка. Яна мучыла сябе размаітымі накідамі і планамі, па сутнасці, амаль авантурамі, што адкідаліся гэтак жа хутка, як і паўставалі. З кожным разам пробліск надзеі рабіўся ўсё меншы, і гэта прывяло яе на мяжу адчаю. Але безумоўны, цнатлівы дзіцячы давер Мадлон, светлае захапленне, з якім яна казала пра каханага, пра тое, што хутка абдыме яго, апраўданага судом, як свайго мужа, далі Скюдэры новыя сілы і зноў кранулі яе да глыбіні душы.

Каб нарэшце зрабіць хоць штосьці, Скюдэры напісала ля Рэньі доўгі ліст, у якім паведаміла, што Аліўе Брусон давёў ёй сваю поўную невінаватасць у смерці Кардыльяка, што словам яго не паверыць немагчыма і што толькі мужнае рашэнне забраць з сабою ў магілу таямніцу, выкрыццё якой стала б згубным для нявіннасці і цноты, стрымлівае яго ад прызнання перад судом, якое вызваліла б яго ад жахлівага падазрэння не толькі ў забойстве Кардыльяка, але і ў прыналежнасці да хеўры бязлітасных галаварэзаў. Усё, на што здольныя палкі імпэт і разумнае красамоўства, скарыстала Скюдэры, каб змякчыць жорсткае сэрца ля Рэньі. Праз некалькі гадзін той адказаў, што шчыра ўсцешаны поўным самаапраўданнем Аліўе Брусона перад яго высокай і шанаванай заступніцай. Што да гераічнага рашэння Аліўе забраць у магілу таямніцу, то ён просіць прабачыць, але Вогненная палата не можа ўзнагародзіць такі гераізм, а наадварот, пастараецца зламаць яго любымі сродкамі. Праз тры дні ён спадзяецца раскрыць дзіўны сакрэт, які можа праліць святло на ўсе дзівосы справы.

Скюдэры занадта добра ведала, што жахлівы ля Рэньі меў на ўвазе пад сродкамі, якія мусяць зламаць гераізм Брусона. Стала ясна: над няшчасным навісла пагроза катаванняў. Смяротна спалоханая, Скюдэры нарэшце ўцяміла, што хаця б дзеля таго каб пацягнуць час, можа прыдацца парада правазнаўцы. На той час найвядомейшым адвакатам у Парыжы быў П’ер Арно д’Андыі. Яго справядлівасць і сумленнасць не саступалі яго ж глыбокай дасведчанасці і магутнаму розуму. Да яго і прыйшла Скюдэры, расказаўшы яму ўсё, што можна было расказаць, не раскрыўшы таямніцы Брусона. Яна чакала, што д’Андыі неадкладна зоймецца лёсам няшчаснага, але жорстка падманулася ў сваёй надзеі. Д’Андыі спакойна выслухаў усё, а тады з усмешкай адказаў словамі Буало: “Le vrai peut quelquefois n'être pas vraisemblable” [2]. Ён давёў Скюдэры, што супраць Брусона сведчаць найяскравейшыя доказы, што працэс, які вядзе ля Рэньі, было б беспадстаўна называць жорсткім і паспешлівым, бо ён, наадварот, цалкам адпавядае патрабаванням закона, што нельга дзейнічаць іначай, выконваючы абавязкі суддзі. Ён сам, д’Андыі, не бярэцца нават пры самай дасканалай абароне пазбавіць Брусона катаванняў. Толькі сам Брусон здольны гэта зрабіць альбо праз шчырае прызнанне, альбо праз праўдзівы аповед пра абставіны забойства Кардыльяка, які даў бы, магчыма, падставу для новых росшукаў.

— У такім разе я кінуся да ног караля і буду маліць аб літасці, — прамовіла Скюдэры здушаным ад слёз голасам.

— Не рабіце гэтага! — усклікнуў д’Андыі. — Дзеля ўсяго святога, не рабіце гэтага, мая пані! Пакіньце ў запасе гэты апошні сродак, які ў выпадку няўдачы будзе для вас назаўжды страчаны. Кароль ніколі не змілуецца над злачынцамтакога кшталту, бо пачуе самыя горкія папрокі ад незадаволенага народа. Магчыма, Брусон, ці адкрыўшы сваю таямніцу, ці яшчэ неяк сапраўды здолее зняць з сябе падазрэнне. Тады і надыдзе час прасіць літасці ў караля, які не будзе пытацца, што даказана перад судом, а што не, але прыслухаецца да ўнутранага пераканання.

Скюдэры мусіла міжволі згадзіцца са шматвопытным д’Андыі.

Позна ўвечары Скюдэры ў глыбокай маркоце і бясконцых развагах, што, дзеля Панны Марыі і ўсіх святых, яна мусіць зрабіць, каб выратаваць няшчаснага Брусона, сядзела ў сваім пакоі, калі ўвайшла Марціньер і паведаміла, што граф Міясан, палкоўнік каралеўскай гвардыі, жадае неадкладна гаварыць з мадэмуазэль.

— Даруйце, — сказаў Міясан, пакланіўшыся з жаўнерскай гжэчнасцю, — даруйце мне, мая пані, што я ў такі позні, такі нязручны час наважыўся вас патурбаваць. Мы, жаўнеры, да гэтага звыклыя, да таго ж мяне выбачаць перад вамі некалькі словаў: я прыйшоў дзеля Аліўе Брусона.

Скюдэры, напружана чакаючы новых выпрабаванняў, выгукнула:

— Аліўе Брусон? Найняшчаснейшы з людзей? Што маеце вы да яго?

— Я так і падумаў, — з усмешкай сказаў Міясан, — што імені вашага пратэжэ будзе дастаткова, каб забраць вашую ўвагу. Усе перакананыя ў вінаватасці Брусона. Я ведаю, што вы прытрымліваецеся іншай думкі, якая, што праўда, грунтуецца адно на запэўненнях самога падсуднага. Са мной жа іншая гісторыя. Ніхто больш за мяне не можа быць упэўнены ў тым, што Брусон недатычны да забойства Кардыльяка.

— Кажыце ж, ах, кажыце! — усклікнула Скюдэры, і вочы яе заблішчэлі ад радасці.

— Я, — з націскам сказаў Міясан, — быў чалавекам, які закалоў старога ювеліра на вуліцы Сэн-Анарэ, непадалёк ад вашага дому.

— Святыя ўгоднікі! Вы? Вы?! — закрычала Скюдэры.

— І клянуся вам, мая пані, — дадаў Міясан, — я ганаруся сваім учынкам. Ведайце, што Кардыльяк быў самы жахлівы, самы двудушны ліхадзей на свеце. Гэта ён подла забіваў і рабаваў уначы і доўгі час пазбягаў усіх пастак. Я й сам не ведаю, як здарылася, што ўва мне абудзілася ўнутранае падазрэнне да старога злыдня, калі ён, вонкава спакойны, прынёс упрыгожанні, замоўленыя мною, і калі выпытваў, каму яны прызначаныя, і калі хітра выцягнуў у майго камердынера час, у які я звычайна наведваю пэўную даму. Яшчэ задоўга да гэтага мне кінулася ў вочы тое, што няшчасныя ахвяры найгнюснейшай сквапнасці мелі аднолькавыя смяротныя раны. Мне было ясна, што забойца налаўчыўся наносіць удар, які забіваў імгненна, і цалкам разлічваў на яго. Калі б ён аднойчы прамахнуўся, барацьба пайшла б на роўных. Гэтая думка падказала мне меру засцярогі, настолькі простую, што я дзіўлюся, чаму да яе не звярнуліся раней і не ўратаваліся ад небяспечнага стварэння. Пад камізэльку я надзяваў лёгкі сталёвы нагруднік. Кардыльяк накінуўся на мяне ззаду. Ён абхапіў мяне надзвычай моцна, але ўпэўнена скіраваны клінок толькі слізгануў па жалезе. У той жа момант я вырваўся з ягоных рук і ўсадзіў яму пад рэбры кінжал, які трымаў напагатове.

— І вы маўчалі? — спытала Скюдэры. — Вы не паведамілі суддзям, што здарылася насамрэч?

— Дазвольце заўважыць, мая пані, — адказаў Міясан, — што такая заява калі б і не каштавала мне жыцця, то напэўна ўцягнула б мяне ў найагіднейшы судовы працэс. Ці паверыў бы ля Рэньі, які паўсюль прадчувае злачынства, менавіта мне, калі б я абвінаваціў пачцівага Кардыльяка, узор цноты і рахманасці, у вусцішных забойствах? А што, калі б меч Феміды павярнуўся вастрыём да мяне самога?

— Але гэта немагчыма! — выгукнула Скюдэры. — З вашым паходжаннем! З вашым становішчам!

— Ах, — уздыхнуў Міясан, — вы толькі згадайце маршала Люксембургскага, якога ідэя замовіць сабе гараскоп у ле Сажа давяла да падазрэнняў у атручванні і да Бастыліі. Не, клянуся святым Дыянісіем, ні гадзіны волі, ні свайго мезенца я не аддам шалёнаму ля Рэньі, які нам усім ахвотна прыставіў бы лязо да горла.

— Але тады вы адпраўляеце на эшафот невінаватага Брусона, — перабіла Скюдэры.

— Невінаватага? — запярэчыў Міясан. — Пані мая, вы называеце невінаватым хаўрусніка гэтага жахлівага Кардыльяка? Таго, хто дапамагаў яму ў ягоных ліхадзействах? Хто тысячу разоў заслужыў смяротную кару? О не, ёнсплыве крывёю па праве, а я адкрыў вам, вельмішаноўная пані, праўдзівую хаду падзей, каб вы, не выдаючы мяне Вогненнай палаце, усё ж знайшлі магчымасць павярнуць маю таямніцу на карысць свайму падапечнаму.

Скюдэры, да глыбіні душы ўзрадаваная тым, што яе перакананасць у невінаватасці Брусона знайшла такое сур’ёзнае пацверджанне, не вагаючыся расказала графу, які ведаў пра злачынствы Кардыльяка, усё, што ведала сама, і заклікала яго ісці разам з ёю да д’Андыі. Яму, на ўмовах сакрэтнасці, трэба было апавесці ўсё, каб ён параіў, што рабіць далей.

Д’Андыі, выслухаўшы надзвычай падрабязны аповед Скюдэры, яшчэ раз удакладніў найдрабнейшыя дэталі. Асабліва ўнікліва ён распытваў графа Міясана, ці напраўду той ўпэўнены, што Кардыльяк на яго напаў, і ці пазнаў бы ён Аліўе Брусона як таго, што цягнуў труп прэч.

— Апроч таго, — адказаў Міясан, — што ў святле поўні я дакладна пазнаў ювеліра, у ля Рэньі я бачыў кінжал, якім забілі Кардыльяка. Ён належыць мне і пазнаецца па тонкай апрацоўцы дзяржальна. Стоячы за крок ад хлопца, у якога зваліўся капялюш, я добра разгледзеў яго твар і напэўна пазнаў бы яго.

Некалькі імгненняў д’Андыі моўчкі глядзеў перад сабой, а потым загаварыў:

— Звычайным спосабам Брусона аніяк нельга ўратаваць з рук юстыцыі. Дзеля Мадлон ён не хоча назваць Кардыльяка забойцам. Зрэшты, гэта не так істотна, бо нават калі б ён патрапіў даказаць гэты факт, паказаўшы патаемны выхад і нарабаваныя скарбы, яго ўсё адно напаткала б смерць як хаўрусніка. Нічога не зменіць і аповед графа Міясана аб праўдзівых абставінах здарэння з ювелірам. Адтэрміноўка — вось тое, да чаго насамрэч варта імкнуцца. Дапусцім, граф Міясан ідзе ў турму Кансьержэры, просіць паказаць яму Аліўе Брусона і пазнае ў ім таго, хто знёс з месца забойства труп Кардыльяка. Тады ён спяшаецца да ля Рэньі і кажа: “На вуліцы Сэн-Анарэ я бачыў зарэзанага чалавека. Я стаяў вельмі блізка да цела, калі да яго падскочыў нехта, схіліўся над ім і, убачыўшы прыкметы жыцця, ускінуў яго на плечы і панёс прэч. У Аліўе Брусону я пазнаў таго незнаёмца”. Гэтае сведчанне змушае паўторна дапытаць Брусона і зладзіць яго вочную стаўку з графам Міясанам. Гэтага досыць — катаванні адмяняюцца, і следства працягваецца. І вось тады надыходзіць час звярнуцца да караля. Зрабіць гэта як найтанчэй — справа вашага вострага розуму, пані. На маю думку, добра было б адкрыць каралю ўсю таямніцу. Сведчанні графа Міясана падмацуюць прызнанне Брусона. Той жа вынік, напэўна, дадуць і таемныя росшукі ў доме Кардыльяка. Усё гэта стане падставай не для судовага выраку, а для рашэння караля на аснове ўнутранага пачуцця, якое злітуецца там, дзе суддзя мусіць караць.

Граф Міясан акуратна выканаў парады д’Андыі, і ўсё сапраўды сталася так, як той прадбачыў.

Цяпер прыйшоў час звярнуцца да караля, і гэта быў самы складаны крок, бо той лічыў Брусона жахлівым забойцам, які так доўга сеяў па ўсім Парыжы страх і жуду, і меў да яго такую агіду, што найменшы напамін пра следства выклікаў у яго выбух абурэння. Мэнтэнон, верная свайму правілу ніколі не казаць каралю непрыемнасцяў, адмовіла ў пасярэдніцтве, і лёс Брусона апынуўся цалкам у руках Скюдэры. Пасля доўгіх развагаў апошняя гэтак жа хутка прыняла рашэнне, як затым выканала яго. Яна надзела чорную вечаровую сукню з цяжкога шоўку, упрыгожылася каштоўнымі каралямі Кардыльяка, начапіла доўгі чорны вэлюм і ў такім выглядзе з’явілася ў пакоях Мэнтэнон у час, калі там быў кароль. Шляхетная постаць высакароднай пані ва ўрачыстым уборы выглядала велічна і мусіла выклікаць глыбокую пашану нават у шалапутнага люду, які прызвычаіўся таўчыся ў перадпакоях палаца, легкадумны і да ўсяго абыякавы. Усе пачціва расступіліся, калі яна ўвайшла, і нават сам кароль здзіўлена падняўся і рушыў ёй насустрач. Аслеплены бляскам дарагіх дыяментаў, ён усклікнуў:

— Клянуся небам, гэта каралі Кардыльяка!

І, звяртаючыся да Мэнтэнон, дадаў з прыязнай усмешкай:

— Зірніце толькі, пані маркіза, як нашая чароўная нявеста тужыць па сваім жаніху!

— Ах, сір, — адгукнулася Скюдэры, нібыта падтрымліваючы жарт, — ці пасавалі б прыгнечанай горам нявесце такія пышныя аздобы? Не, я адраклася ад гэнага залатара і ўвогуле б не згадвала пра яго, калі б перад вачыма не ўзнікаў раз-пораз жахлівы малюнак, як яго, забітага, праносяць проста ля мяне.

— Як?! — здзівіўся кароль. — Вы бачылі яго, небараку?

Скюдэры каротка расказала, як выпадак (яна пакуль не згадвала пра ўмяшальніцтва Брусона) прывёў яе да дому Кардыльяка якраз тады, калі было адкрытае здзейсненае ўначы забойства. Яна апісала бязмежны боль Мадлон, глыбокае ўражанне, што зрабіла на яе гэтае анёльскае дзіця, спосаб, якім яна ўратавала няшчасную з рук Дэгрэ пад ухвальны галас натоўпу. Цікавасць караля ўзрасла, калі пайшло апісанне сцэн з удзелам Дэгрэ, ля Рэньі і самога Брусона. Захоплены жывым і яркім аповедам Скюдэры, кароль забыў, што гаворка ідзе пра ненавісны працэс агіднага яму Брусона, і час ад часу выказваў воклічамі свае пачуцці. Не паспеў ён ачомацца, агаломшаны нечуванай гісторыяй, пра якую толькі што даведаўся, як Скюдэры кінулася яму ў ногі і папрасіла літасці да Аліўе Брусона.

— Што вы робіце?! — абурыўся кароль, схапіўшы яе за рукі і змусіўшы сесці ў фатэль. — Што вы робіце, пані?! Вы здзіўляеце мяне бязмежна. Жудасная гісторыя! Хто пацвердзіць, што фантастычны аповед Брусона — праўда?

— Сведчанні Міясана, росшукі ў доме Кардыльяка, унутранае перакананне і — ах! — цнатлівае сэрца Мадлон, што адчула тую ж цноту ў няшчасным Брусону! — адказала Скюдэры.

Кароль, які хацеў быў нешта адказаць, павярнуўся на шум, што даляцеў ад дзвярэй. Лувуа, які працаваў у суседнім пакоі, зазірнуў з заклапочаным выразам твару. Кароль падняўся і выйшаў следам за ім. Скюдэры і Мэнтэнон палічылі гэты перапынак небяспечным, бо, аднойчы заспеты знянацку, кароль мог потым засцерагчыся, каб другі раз не трапіць у пастаўленую пастку. Але праз некалькі хвілін кароль вярнуўся, некалькі разоў прайшоўся туды-сюды, урэшце спыніўся перад Скюдэры, і, склаўшы рукі за спінай і не гледзячы на яе, напаўголаса прамовіў:

— Мне б хацелася зірнуць на вашую Мадлон.

— О, літасцівы пане, якую вялікую ласку зробіце вы беднаму, няшчаснаму дзіцяці! Ах, адзін толькі знак — і вы ўбачыце яе ля сваіх ног!

Сказаўшы гэта, Скюдэры так хутка, як дазваляў ёй цяжкі строй, падбегла да дзвярэй і крыкнула, што кароль жадае бачыць Мадлон Кардыльяк, а потым вярнулася і заплакала ад радасці і ўзрушэння.

Скюдэры прадчувала такую міласць, таму прывяла з сабою Мадлон, якая чакала ў пакаёўкі маркізы з кароткім хадайніцтвам, складзеным для яе д’Андыі. Праз лічаныя імгненні яна ўжо ляжала ля ног караля, не ў стане вымавіць ні слова. Страх, збянтэжанасць, баязлівая пашана, каханне і боль усё хутчэй гналі гарачую кроў па яе жылах. Яе шчокі палалі, вочы блішчэлі празрыстымі перлінамі слёз, якія адна за адной падалі з шаўковых веяў на прыўкрасныя бялюткія грудзі. Кароль, здавалася, быў зачараваны пекнатой анёльскага дзіцяці. Ён мякка падняў дзяўчыну з падлогі і нібы памкнуўся пацалаваць яе руку, якую трымаў у сваёй. Адпусціўшы мілае дзіця, кароль глядзеў на Мадлон вільготнымі ад слёз вачыма, якія сведчылі пра глыбокую ўзрушанасць. Мэнтэнон ціха прашаптала Скюдэры:

— Вы не знаходзіце, што юнае стварэнне надзвычай падобнае да Лавальер, ну проста адзін твар? Кароль аддаўся салодкім успамінам. Вы выйгралі.

Як бы ціха ні казала Мэнтэнон, кароль, відаць, пачуў яе словы. Чырвань разлілася па ягоным твары, а позірк слізгануў міма маркізы. Ён прачытаў хадайніцтва, пададзенае Мадлон, і прамовіў мякка і прыхільна:

— Я ахвотна веру, што ты, мілае дзіця, упэўненая ў невінаватасці твайго каханага, але ж паслухаем, што скажа на гэты конт Вогненная палата!

Лёгкім рухам рукі ён даў зразумець дзяўчыне, гатовай расплакацца, што размова скончаная. Скюдэры з жахам уцяміла, што згадка пра Лавальер, якой бы дарэчнай яна ні здалася спачатку, змяніла настрой караля, калі Мэнтэнон назвала яе імя. Магчыма, на думку караля, яму не вельмі далікатна нагадалі пра тое, што ён схільны ахвяраваць суворым законам дзеля прыгажосці, альбо, быць можа, кароль адчуў сябе летуценнікам, груба вернутым да рэчаіснасці, калі адлятаюць прэч чароўныя малюнкі, якія ён хацеў быў ухапіць. А можа, ён ужо не бачыў перад сабою сваёй каханкі, а думаў пра сястру Луізу Міласэрную (такое імя атрымала Лавальер у кляштары кармелітак), якая назаляла яму сваёй пабожнасцю і цнотай. Цяпер не заставалася нічога іншага, як спакойна дачакацца каралеўскага рашэння.

Тым часам сведчанні графа Міясана перад Вогненнай палатай сталі вядомыя. Як часта бывае, народ змяніў адну скрайнасць на іншую, і той, каго пракліналі як жахлівага забойцу і пагражалі разарваць на часткі яшчэ да таго, як ён падымецца на эшафот, цяпер выклікаў усеагульнае спачуванне як нявінная ахвяра варварскай юстыцыі. Суседзі згадвалі пра яго цнатлівае жыццё, моцнае каханне да Мадлон, яго вернасць і адданасць душою і целам старому майстру. Цэлыя працэсіі часта з’яўляліся перад палацам ля Рэньі, людзі пагрозліва крычалі: “Аддай нам Аліўе Брусона, ён невінаваты!” — і нават шпурлялі камяні ў вокны, так што ля Рэньі быў змушаны прасіць у жандармерыі абараніць яго ад раз’юшанай чэрні.

Прайшло некалькі дзён, цягам якіх да Скюдэры даходзілі толькі нязначныя звесткі аб працэсе Аліўе Брусона. Зусім знявераная, яна скіравалася да Мэнтэнон, якая, аднак, запэўніла, што кароль не згадвае пра гэтую справу, і лепш яму нічога не гаварыць. Калі ж маркіза з дзіўнаватай усмешкай спытала, як маецца маленькая Лавальер, Скюдэры пераканалася, што ў глыбіні душы ганарыстая дама адчувае прыкрасць ад абставінаў, у якіх чуллівы кароль мог паддацца чарам, недаступным яе разуменню. На Мэнтэнон цяпер не было аніякай надзеі.

Урэшце Скюдэры з дапамогай д’Андыі патрапіла дазнацца, што кароль меў доўгую патаемную гутарку з графам Міясанам. Апроч таго, Бантан, камердынер і найбліжэйшая давераная асоба караля, наведаў Кансьержэры і размаўляў з Брусонам. Нарэшце, выявілася, што аднае ночы той жа Бантан разам з нейкімі людзьмі з’явіўся ў доме Кардыльяка і прабыў там досыць доўга. Клод Парту, жыхар з першага паверха, сцвярджаў, што ў тую ноч над яго галавой нешта доўга грукатала і што там напэўна быў Аліўе, бо ён пазнаў ягоны голас. Было відавочна, што кароль вырашыў сам скласці ўражанне пра сапраўдную хаду падзеяў, але такое доўгае маруджанне з рашэннем заставалася незразумелым. Пэўна, ля Рэньі прыкладаў усе намаганні, каб утрымаць ахвяру ў пашчы. Гэта забівала любую надзею.

Мінуў амаль месяц, і аднойчы Мэнтэнон перадала Скюдэры, што кароль жадае бачыць іх увечары ў яе, Мэнтэнон, апартаментах.

Сэрца Скюдэры закалацілася: яна зразумела, што сёння справа Брусона вырашыцца. Яна паведаміла пра ўсё беднай Мадлон, якая апантана малілася да Панны Марыі і ўсіх святых, каб яны абудзілі ў каралю перакананне ў невінаватасці Брусона.

І ўсё ж здавалася, што кароль начыста забыўся на гэтую справу, бо, бавячы, як звычайна, час у прыязных размовах з Мэнтэнон і Скюдэры, ён нават словам не згадаў небараку Брусона. Нарэшце з’явіўся Бантан, наблізіўся да караля і прашаптаў некалькі словаў так ціха, што абедзве дамы не зразумелі анічога. У Скюдэры ўсё ўнутры скаланулася. Тады кароль падняўся, падышоў да яе і сказаў, бліскаючы вачыма:

— Віншую вас, мая пані! Ваш падапечны Аліўе Брусон вольны!

Скюдэры, у якой слёзы пырснулі з вачэй, не ў стане вымавіць ні слова, хацела кінуцца каралю ў ногі. Алеён спыніў яе, прыгаворваючы:

— Ідзіце ўжо, ідзіце! Вам варта было б стаць адвакатам у парламенце, пані, і абараняць мае справы, бо, клянуся святым Дыянісіем, перад вашым красамоўствам не ўстаіць ніхто. Зрэшты, — дадаў ён ужо сур’ёзней, — таму, каго бярэ пад ахову сама цнота, не страшныя ні злыя папрокі, ні Вогненная палата, ні ўсе суды на свеце!

Скюдэры ўрэшце знайшла патрэбныя словы, якія выліліся ў найпалымянейшую падзяку. Але кароль перарваў яе, нагадаўшы, што ва ўласным доме яе чакае падзяка значна больш гарачая, чым мог бы патрабаваць ён, бо, імаверна, якраз у гэты момант шчаслівы Аліўе абдымае сваю Мадлон.

— Бантан, — сказаў кароль на развітанне, — выплаціць вам тысячу луідораў. Перадайце іх ад майго імя дзяўчыне на пасаг. Хай яна пабярэцца са сваім Брусонам, які, зрэшты, зусім не заслужыў такога шчасця. Але затым яны абодва мусяць пакінуць Парыж. Такая мая воля.

Дома насустрач Скюдэры паспяшалася Марціньер, за ёю — Батыст, абодва са зіхоткімі ад радасці тварамі, захоплена гукаючы:

— Ён тут! Ён вольны! О, мілыя маладыя!

Шчаслівая пара кінулася ў ногі Скюдэры.

— Ах, я ведала, што вы, толькі вы, вы адна ўратуеце майго мужа! — усклікала Мадлон.

— Вера ў вас, маю маці, заўжды жыла ў маёй душы, — цвердзіў Аліўе, і абодва цалавалі рукі высакароднай дамы і пралівалі тысячы гарачых слёз. А потым яны зноў абняліся і, запэўніўшы, што незямное хараство гэтых імгненняў пераважае ўсе невымоўныя пакуты мінулых дзён, пакляліся не разлучацца да скону.

Праз колькі дзён яны пабраліся шлюбам і атрымалі блаславенне святара. Нават калі б на тое не было волі караля, Брусон усё адно не змог бы заставацца ў Парыжы, дзе ўсё нагадвала яму пра жудасныя часы, калі тут лютаваў Кардыльяк, дзе выпадкова магла раскрыцца і назаўсёды разбурыць яго мірнае жыццё злавесная таямніца, вядомая пакуль адзінкам. Адразу ж пасля вяселля ён разам з маладой жонкай з блаславення Скюдэры пераехаў у Жэневу. Багата адораны праз пасаг Мадлон, надзіва ўмелы ў сваім рамястве, надзелены ўсімі цнотамі сумленнага грамадзяніна, ён вёў там шчаслівае і бесклапотнае жыццё. Для яго збыліся надзеі, што да самай магілы падманвалі ягонага бацьку.

Праз год пасля ад’езду Брусона выйшла афіцыйнае паведамленне за подпісамі Арлуа дэ Шавалона, арцыбіскупа Парыжу, і П’ера Арно д’Андыі, парламенцкага адваката, пра тое, што нейкі раскаяны грэшнік на ўмовах таямніцы споведзі перадаў у дар царкве нарабаваны скарб з каштоўнасцяў і аздобаў. Кожны, хто да канца 1680 году, пераважна праз узброены напад на вуліцы, пазбавіўся ўпрыгожанняў, мусіў з’явіцца да д’Андыі і атрымаць, пры супадзенні апісання з той ці іншай рэччу са збору і адсутнасці сумневаў у правамоцнасці прэтэнзіі, сваю каштоўнасць назад. Многія ахвяры Кардыльяка, што шчасліва пазбеглі смерці, толькі аглушаныя ўдарам кулака, адно за адным ішлі да парламенцкага адваката і, да немалога свайго здзіўлення, атрымлівалі адабраныя колісь скарбы. Рэшта ж дасталася царкве святога Яўстаха.

_____________________________

Каментар

[1] “Un amant, qui craint les voleurs, // n'est point digne d'amour” — “Каханак, што баіцца злодзеяў, // не варты кахання” (фр.).

 

 

Пераклад з нямецкай – Аляксей Жбанаў © 2012

Чытайце таксама

Кен Кізі

Кен Кізі

Амерыканскі пісьменнік, прадстаўнік Біт-пакалення, паўплываў на фармаванне руху хіпі

Густаў Майрынк

Густаў Майрынк

Аўстрыйскі празаік, драматург перакладчык, прадстаўнік “Пражскай школы”

Габрыэле Д'Анунцыё

Габрыэле Д'Анунцыё

Пералічэнне фактаў з біяграфіі не зможа даць нават аддаленага ўяўлення пра гэту неардынарную асобу

Лідзія Вадкерці-Гаварнікава

Лідзія Вадкерці-Гаварнікава

Славацкая паэтка і перакладчыца, аўтарка васьмі паэтычных зборнікаў

1567