№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Карла Калодзі

Піпі, або Ружовае малпянятка (Pipi, Lo Scimmiottino Color Di Rosa)

Пераклад з італьянскай Аксана Данільчык

1. Чаму Піпі атрымаў мянушку Ружовае малпянятка

У вядомым лесе за вядомай гарой жыла-была некалі маленькая сям'я з сямі малпаў: бацька, маці і пяць малпянят адно пад адным.

 

Гэтая сямейка жыла ў галінах гіганцкага дрэва ў глыбіні лесу і плаціла за жыллё пятнаццаць сліваў штогод старому і магутнаму гарылу, які ўбіў сабе ў галаву, што ён гаспадар дому.

 

У чацвярых зпяці малпянят поўсць была цёмнага, як шакалад, колеру, а ў пятага, самага маленькага, ці праз жарт прыроды, ці з іншай прычыны ўсё, за выняткам носа, было пакрытае тонкім пушком ружова-малінавага колеру, нібы пялёсткі майскай ружы. Менавіта таму ўсе жартам называлі яго Піпí, што на мове малпаў якраз і азначае “ружовы”.

 

Піпі не быў падобны ні да сваіх братоў, ні да іншых малпянят, якія жылі па суседстве.

 

Ён меў жвавую і разумную мыску, пару хітрых вочак, што няспынна рухаліся, рот, што заўжды смяяўся, а таксама худое і гнуткае, як сцябло трыснягу, тулава. Увогуле, гэта было малпянятка, так бы мовіць, як з карцінкі.

 

Убачыўшы такое малпянятка ўпершыню, вы маглі б амаль паблытаць яго з хлопчыкам гадоў васьмі-дзевяці, бо Піпі шмат шумеў і грымеў, нібы хлопчык, бегаў за матылькамі і шукаў гнёзды, як хлопчыкі, быў ласы да няспелых пладоў, як хлопчыкі, еў усё, што трапляла пад руку, і еў бесперапынна, як хлопчыкі, а як след пад’еўшы, выціраў рот рукамі, як робяць хлопчыкі і асабліва хлопчыкі-мурзулі.

 

Але ведаеце, што было самым вялікім захапленнем Піпі?

 

Малпаваць усё, што ён бачыў у людзей.

 

Аднаго звычайнага дня, ідучы праз лес і палюючы на конікаў і цвыркуноў, Піпі ўбачыў юнака, што сядзеў пад дрэвам непадалёк і спакойна курыў люльку.

 

Піпі шырока расплюшчыў вочы і спыніўся быццам зачараваны.

 

“Ах! — сказаў ён сам сабе, — вось бы мне такую люльку! Ах, вось бы і мне выпускаць такія ж цудоўныя клубы дыму з рота! Ах, калі б я мог вярнуцца дадому і выпускаць дым, нібы распалены комін! Хто ведае, якімі зайздрослівымі вачыма глядзелі б на мяне чацвёра маіх братоў і сясцёр!”

 

Пакуль у галаве малпяняці віравалі такія цудоўныя думкі, юнак, крыху праз стому, а крыху праз моцную спёку, два разы салодка пазяхнуў і, паклаўшы люльку на траву, заснуў.

 

І што ж тады зрабіў гэты хітрун Піпі?

 

Ён ціхенька-ціха, на дыбачках, наблізіўся да юнака… ажно стрымліваючы дыханне, памалу-памалу выцягнуў лапу... з неймаверным спрытам схапіў люльку, што ляжала на траве... і пабег з усіх ног, нібы вецер.

 

Вярнуўшысядадому, шчаслівы Піпі адразу ж паклікаў бацьку, маці, братоў і сясцёр і ў іх прысутнасці, уставіўшы трубку ў рот, пачаў пыхкаць з той жа вытанчанасцю і лёгкасцю, як пыхкаў бы стары матрос. Убачыўшы, як з яго рота вылятаюць клубы дыму, маці і браты з сёстрамі засмяяліся што вар'яты, але бацька, які быў малпай разважлівай і дасведчанай, абачліва папярэдзіў яго:

 

— Май на ўвазе, Піпі: ад жадання малпаваць людзей не сёння, дык заўтра ты і сам зробішся чалавекам. І тады... Тады ты горка пра гэта пашкадуеш, але будзе позна!

 

Занепакоены такімі словамі, Піпі дастаў люльку з рота і больш не курыў.

Тым не менш, варта прызнаць, што скрадзеная люлька прынесла яму няшчасце.

 

Праз некалькі дзён з Піпі здарыўся жудасны няшчасны выпадак! Бедалага назаўсёды страціў свой цудоўны хвост, а хвост быў такі прыгожы, што дастаткова было пабачыць яго адзін раз, каб ніколі больш не забываць.

 

І як жа здарылася, што Піпі страціў свой прыгожы хвост?

 

Гэта жорсткая і балючая гісторыя, якая выклікае слёзы ад адной толькі думкі пра яе, і я раскажу вам усё ў наступнай частцы.

 

 

2. Як Піпі страціў свой цудоўны хвост
 

Дык вось, вы мусіце ведаць, што на самым ускрайку лесу, дзе знаходзіўся дом Піпі і яго сямейкі, было вялікае возера, у якім жыў стары кракадзіл, што меў ужо дзве тысячы гадоў.

 

Арабá-Бабá (так звалі старога кракадзіла), аслеп з прычыны свайго паважнага ўзросту і ўжо не мог зарабіць сабе на кавалак хлеба ў поце твару свайго. Таму ён вымушаны быў сядзець з раніцы да вечара на беразе возера, высунуўшы з вады галаву і шырока раскрыўшы пашчу ў чаканні, што тыя, хто праходзіць міма, людзі або жывёлы, паспачуваюць яму і кінуць што-небудзь пажаваць, каб ён не памёр з голаду і працягнуў хаця б яшчэ тысячу гадоў.

 

І шчыра вам скажу: усе, хто праходзіў міма, людзі або жывёлы, ніколі не адмаўляліся падаць міласціну беднаму старому.

 

Піпі таксама заўсёды дапамагаў. Але гэты нягоднік, замест таго каб даць дохлую рыбку ці садавіну, часта і ахвотна весяліўся, кладучы кракадзілу ў пашчу то жменьку каменьчыкаў, то бярэмя галля і крапівы, то цвік або іржавы гарпун, выпадкова знойдзены ля дарогі.

 

Стары кракадзіл не злаваўся на гэтыя грубыя жарты. Наадварот.

Ён спакойна выплёўваў каменьчыкі, галлё, крапіву і цвікі і толькі злёгку матляў галавой, нібы кажучы:

 

— Май на ўвазе, хлапчук! Рана ці позна, ты пападзешся!..

 

Аднойчы Піпі, амаль пакрыўджаны тым, што ад яго жартаў кракадзілу ні горача ні халодна, з наіўным выглядам спытаў яго :

 

— Скажыце, Араба, за той час, што вы жывяце на свеце, вам ніколі не трапляліся нахабныя істоты, якія груба жартавалі з вас ці выказвалі непавагу?

 

— Колькі я такіх сустрэў, маё ж ты малпянятка! У свеце, каб ты ведаў, нахабаў больш, чым мух.

 

— Скажыце, Араба, а калі хлопчыкі вас зневажаюць, вы ніколі не абураецеся?

 

— Мілы мой, жывучы на свеце, я даведаўся, што найвялікшая цнота старых — іх здольнасць цярпліва і пакорліва трываць моладзь.

 

— Значыць, за ўсё жыццё вы ніколі-ніколі-ніколі не злаваліся?

 

Перш чым адказаць, кракадзіл крыху падумаў, а потым вымавіў:

 

— Толькі адзін раз. І ведаеш, хто прымусіў мяне так моцна раззлавацца? Малпяня прыкладна твайго ўзросту.

 

— А што вам зрабіла тое малпяня? — спытаў Піпі з жывой цікаўнасцю.

 

— Гэты гарэза, не ведаю як, дазнаўся, што я вельмі баюся, калі мне казычуць кончык носа. І што ён прыдумаў, каб дастаць мяне? Ён залез на адно з дрэваў, што растуць вакол возера, і, пераскокваючы з галінкі на галінку, кончыкам хваста пачаў казытаць мне нос. Можаш уявіць, што са мной адбылося! На мяне напаў такі сутаргавы смех, што я смяяўся і танцаваў у вадзе цэлы тыдзень! Я думаў, што вось-вось памру!

 

— Праўда? Ах, бедны Араба! — сказаў Піпі з ілжывым спачуваннем.

 

А пасля хуценька пайшоў прэч і ўсім малпам і малпяняткам, якіх сустракаў па дарозе, паўтараў, смеючыся, наступныя словы:

 

— Хочаце павесяліцца? Хочаце паглядзець, як танцуе стары Араба? Прыходзьце заўтра раніцай на возера, і я пакажу вам выдатны спектакль.

 

Як вы можаце ўявіць, наступнай раніцай на беразе возера сабраўся вялізны натоўп.

 

Усе чакалі, калі Араба пачне танцы з падскокамі.

 

І вось Піпі, забраўшыся на дрэва, што навісала над вадой, пачаў спускацца з галінкі на галінку. Трымаючыся за дрэва, ён лёг і выцягнуў хвост настолькі, каб яго кончыкам можна было пакратаць кракадзілаў нос.

 

Але кракадзіл, як толькі адчуў дотык хваста Піпі, клацнуў зубамі — і хап! —  умомант адкусіў яго да самага канца. Малпяня пранізліва закрычала ад болю і, саскочыўшы з дрэва, кінулася ў лес.

Самі паспрабуйце ўявіць, што адчуў Піпі, калі прыбег пад самы дом і, памацаўшы за спінай, заўважыў, што хвост знік.

 

Ён застаўся ў кракадзіла, які на той час яго ўжо нават ператравіў.

 

Ахопленыадчаем і саромеючыся паказацца на вочы сваім сямейнікам у такім жаласлівым бясхвостым стане, Піпі завярнуў на самотны завулак і проста ішоў, ашалеўшы, аж да позняй ночы, сам не ведаючы куды.

 

Нарэшце ён не вытрымаў стомы і прылёг на кучу сухіх галінак, каб крыху адпачыць.

 

І ў той самы момант, калі Піпі задрамаў, ён пачуў грозны голас, які злосна крычаў яму:

 

— Вярні маю люльку!

 

Малпянятка, прачнуўшыся ад спалоху, хацела ўцячы, але не змагло, бо яго імгненна схапілі, пасадзілі ў мяшок і паклалі на спіну зверу з чатырма нагамі, які хутка-хутка пабег.

 

“Што гэта за жывёліна нясе мяне з такім імпэтам? — думала малпянятка і дрыжала ад страху. — Калі раптам гэта леў, то я прапаў! Калі, на бяду, тыгр, то яшчэ горш! Калі гэта гіена або леапард, няма мне паратунку! Ах, няшчасны я! Што гэта за жывёліна нясе мяне з такім імпэтам?”

 

На шчасце, звер зароў па-аслінаму — і Піпі адчуў, як у яго радасна забілася сэрца.

 

Гэтае рыканне было адзіным суцяшэннем, якое атрымаў запхнуты ў мяшок Піпі падчас свайго таямнічага падарожжа!

 

 

3. Пра тое, як Піпі зваліўся ў вялікую раку, і пра ягонае выратаванне
 

Пасля трох дзён і трох начэй няспыннай хады жывёліна, што несла на спіне мяшок з малпяняткам усярэдзіне, нарэшце спынілася і, узняўшыся на дыбкі, скінула мех сярод самотных палёў.

 

А ўздыбілася яна такраптоўна і так высока, што мяшок, зваліўшыся на зямлю, пракаціўся па траве яшчэ з паўкіламетра. Уявіце сабе, колькі кулькоў зрабіла ў цемры беднае малпянятка.

 

Але яшчэ горш стала, калі Піпі паспрабаваў разарваць мяшок, каб адтуль вылезці.

 

Ён драпаў кіпцікамі — нічога не атрымалася, грыз зубамі — таксама нічога. Дарэшты змучаны стомай і голадам, ён пачаў плакаць як дзіця.

 

— Хто гэта тут плача? — спыталася вялікая мыш, якая выпадкова праходзіла міма.

 

— Гэта я! Беднае малпянятка, якое памірае ад гола...

 

Але ён не змог скончыць слова, бо яно перарвалася на сярэдзіне доўгім і гучным пазяханнем, што вырвалася з рота.

 

— Выходзь хутчэй і паясі.

 

— Лёгка сказаць выходзь! Вы разумееце, што я не магу выйсці?

 

— Чаму?

 

— Таму штоне магу разарваць мяшок.

 

— Пакінь гэта мне: я яго перагрызу.

 

Сказана — зроблена: мыш прылегла на траву і пачала грызці з усяе сілы, на якую толькі былі здатныя яе зубы.

Але мяшок не паддаваўся, таму што быў цвярдзейшы за скуру.

 

— Колькі часу спатрэбіцца, каб зрабіць у ім дзірку? — спыталася малпянятка.

 

— Мяшок моцны, але за чатыры ці пяць месяцаў я, спадзяюся, змагу прагрызці дзірку!

 

— Пяць месяцаў?! — закрычаў з сярэдзіны бедны Піпі. — Ды праз пяць месяцаў вы знойдзеце тут толькі мае косткі і кіпцікі!

 

І заплакаў яшчэ мацней.

 

— Хто гэта тут плача? — спытала цялятка, што пасвілася непадалёк.

 

— Няшчаснае малпяня, якое не можа вылезці з мяшка, — адказала мыш.

 

— Чаму не можа?

 

— Таму што мяшок такі цвёрды, што ніяк не паддаецца.

 

— Дазволь мне! Адным ударам рагоў я праб’ю яго як капусны ліст.

 

І цяля, не кажучы больш нічога, адступіла на некалькі крокаў, разагналася, нізка нахіліўшы галаву, і моцна штурханула рагамі мяшок.

 

— О-ёй! Я памёр! — закрычаў з мяшка бедны Піпі і змоўк.

 

Тым часам мяшок пасля грубага штуршка зноў пакаціўся, як поўны паветра пухір, а мыш з цялём беглі за ім, каб спыніць, а мяшок каціўся прэч... а мыш і цяля беглі следам, падскокваючы і высалапіўшы языкі.

 

Яны беглі так цэлы дзень і вось-вось павінныя былі яго дагнаць, але тут мяшок яшчэ разы са два перакуліўся і... зваліўся ў раку, такую глыбокую і шырокую, што з аднаго берага не было відаць другога.

 

Наступнае раніцы некалькі рыбакоў пастукалі ў дзверы прыгожага палаца і нецярпліва запыталі ў лёкая, які падышоў да дзвярэй:

 

— Ці падняўся ўжо сынок гаспадара Альфрэда?

 

— Малады гаспадар, — адказаў лёкай, — сядзіць у зале на першым паверсе і п’е каву з малаком.

 

— Скажыце яму, што сёння на досвітку мы вылавілі ў рацэ той самы мяшок...

 

— Што за мяшок?

 

— Той, якога сын гаспадара ўжо даўно чакае.

 

Паведаміўшы гаспадару навіну, лёкай адразу вярнуўся да дзвярэй і сказаў рыбакам:

 

— Хутчэй заходзьце.

 

Рыбакі зайшлі з мяшком на плячах і, наблізіўшыся да гаспадара, асцярожна паставілі яго на падлогу.

 

— Адкрывайце! — сказаў малады Альфрэда.

 

— Гэта немагчыма, сіньёр. Мы спрабавалі разбіць яго долатам, сякерай і свярдзёлкамі, але мяшок цвярдзейшы за камень.

 

— Вазьміце гэтую шпільку і прабіце ў ім дзіру.

 

Малады Альфрэда зняў з гальштука залатую шпільку, упрыгожаную вялікай перлінай, на якой (вельмі рэдкая рэч!) была бачная размаляваная галоўка прыгожай дзяўчынкі з блакітнымі валасамі.

 

Рыбакі ўзялі шпільку ў рукі і, здзіўлена пазіраючы адзін на аднаго, здавалася, хацелі запытацца: “Як магчыма, каб залатая шпілька магла прабіць мяшок, што вытрываў свярдзёлкі і долата?”

 

— Хутчэй прабіце мяшок! — уладна паўтарыў Альфрэда.

 

Рыбакі нахіліліся і паспрабавалі праткнуць мяшок кончыкам шпількі. Уявіце сабе іх здзіўленне, калі яны зразумелі, што шпілька ўвайшла ў яго так лёгка, быццам мяшок быў з кукурузнай кашы ці ўзбітых вяршкоў.

 

Ледзь толькі ў ім прарабілі дзірку, мяшок разваліўся на дзве часткі, і ўсе ўбачылі беднае збітае малпянятка, якое амаль не падавала прыкметаў жыцця.

 

Альфрэда ўзяў малпянятка на рукі і змачыў яму вусны цёплым малаком.

Пакрысе Піпі акрыяў і адкрыў рот. Тады Альфрэда даў яму кавалачак цукру і хлябец з маслам.

 

Піпі праглынуў хлябец і цукар, нават не перажоўваючы.

 

Пасля ён адкрыў вочы і паглядзеў на сімпатычнага юнака, які ставіўся да яго так клапатліва і ўважліва. Здавалася, Піпі хоча яму падзякаваць.

 

Пад’еўшы малака, хлябцоў і цукровых шарыкаў, Піпі зусім ажыў. Ён саскочыў на зямлю і, стоячы на задніх лапах, пачаў пакрываць пацалункамі руку свайго маладога дабрадзея.

 

Добрасардэчныя рыбакі, узрушаныя гэтай сцэнай, пусцілі па вялізнай слязіне і выціралі вочы, але Альфрэда сказаў ім:

 

Пераклад з італьянскай – Аксана Данільчык © 2012

Чытайце таксама

Арына Глінская

Арына Глінская

Беларуская паэтка, мастацтвазнаўца

Ганна Марголін

Ганна Марголін

Беларуска-амерыканская ідышамоўная паэтка.

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Міндаўгас Валюкас

Міндаўгас Валюкас

Літоўскі паэт, празаік, драматург, рэжысёр, актор, музыка.

1052