№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мілаш Мацоўрак

Мах і Шэбестава ў школе (Mach a Šebestová ve škole)

Пераклад з чэшскай Сяргей Сматрычэнка


Пра тое, як у Маха і Шэбеставай з’явілася чарадзейная слухаўка

Мах і Шэбестава былі вучнямі 3 “Б” класа; яны жылі ў адным доме, і ў школу хадзілі разам. Яшчэ ў доме жылі спадарыня Кадрножкава з сабакам Джанатанам і спадарыня Цыбулькава з коткай Міцкай, і калі яны ўсе чацвёра сустракаліся на лесвіцы, выходзіла як у балагане: Міцка чмыхала як хамяк, Джанатан бушаваў як тыгр, спадарыня Цыбулькава пішчала ад страху, спадарыня Кадрножкава крычала: “Джанатан, ціха!”, а іншыя суседзі выбягалі з кватэр і занепакоена пыталіся: “Дзеля Бога, што тут такое робіцца?” Таму не здзіўляйцеся, што калі-нікалі Шэбестава з Джанатана пацвельвала:

Скажыце, калі ласка,
чаму жыццё не казка?
Катоў вакол так мала!
Хачу я, каб іх стала
мільён, а мо і больш!

Джанатана гэтыя словы трохі злавалі, але з Махам і Шэбеставай ён усё адно сябраваў і часам уранні ўцякаў ад спадарыні Кадрножкавай, каб праводзіць іх у школу. Гаспадыні гэтыя ягоныя прагулкі не падабаліся, яна штораз бегла за ім і крычала: “Джанатан, дамоў! Джанатан, дамоў!” — але ж злавіць Джанатана не так проста, Джанатан сабака, а сабака бегае хутчэй за нейкую там спадарыню Кадрножкаву. Тым не менш, зусім марнай гэтая беганіна не была, Мах і Шэбестава, прынамсі, своечасова прыходзілі ў школу, а спадарыня Кадрножкава рабіла прабежку на свежым паветры — гэта вельмі карысна для здароўя.


Аднойчы, калі Мах і Шэбестава развіталіся перад школай з Джанатанам і селі за сваю парту, у клас увайшла настаўніца і сказала: “Дарагія вучні, сёння я праверу, як вы засвоілі прыродазнаўства”, — і выклікала Маха расказаць, што ён ведае пра зайцоў. Аднак Мах пра зайцоў ведаў надзвычай мала, хіба што мама пару разоў гатавала зайца, запечанага ў смятане, а таму ён стаяў і толькі ўвесь час паўтараў: “Заяц звычайны жыве ў лесе… жыве ў лесе… жыве ў лесе…” — ажно пакуль настаўніца не сказала: “Паслухай, Мах, тое, што заяц звычайны жыве не на пошце і не ў кулінарыі, ведае нават малое дзіця, лепш нам скажы, чым ён харчуецца, колькі ў яго зубоў і гэтак далей!”


Але Мах пра заечыя зубы не меў аніякага ўяўлення, і настаўніца сказала: “Так, досыць, сядай, заўтра я выклічу цябе яшчэ раз, і паспрабуй толькі зноў нічога не ведаць!”


А калі апоўдні заняткі скончыліся і ўсе пайшлі дадому, Мах сказаў Шэбеставай:


— Добра табе, Шэбестава, пасля абеду ты можаш гуляць з Джанатанам, а я павінен сядзець дома і вучыць параграф пра зайцоў, ну скажы, хіба гэта справядліва?


Толькі ён гэта прамовіў, як яны ўбачылі дзіўнага старога, які поўзаў па траве на карачках, і ўражаная Шэбестава ўскрыкнула:


— Глядзі, Мах, гэты спадар прыкідваецца сабакам, толькі зірні, што ён вырабляе!


Але Мах пакруціў галавой:


— Шэбестава, ну ты і лапаць, навошта яму прыкідвацца сабакам, такі стары чалавек не будзе гуляць у дзіцячыя гульні, іду ў заклад, што ён згубіў акуляры!


І гэта была праўда: стары спадар згубіў акуляры і не мог іх знайсці, бо акуляры без акуляраў адшукаць няпроста, затое ў Маха, на шчасце, акуляры былі, і ён страту без цяжкасцяў знайшоў, а стары мужчына ўзрадаваўся і сказаў:


— Ведаеце што, за тое, што вы так ласкава дапамагаеце старым людзям, я вам нешта падару.


Ён прыязна ўсміхнуўся, выцягнуў з кішэні тэлефонную слухаўку з абарваным шнуром і падаў яе Шэбеставай.


А тая трохі збянтэжылася і сказала:


— Ну так, вельмі міла з вашага боку, але навошта нам гэтая штука? З абарванай слухаўкай мы ўсё адно нікуды не зможам дазваніцца.


І яна ўжо хацела тую слухаўку вярнуць, але не было каму — стары спадар раптам некуды знік.


— Я, мабыць, з глузду з’ехаў, — аслупянеў Мах, — куды падзеўся гэты чалавек?


Але Шэбестава сказала:


— Якая ўжо розніца, ты мне лепш скажы, што мы будзем рабіць з гэтай слухаўкай.


— Можаш у яе званіць і пытацца: скажыце, калі ласка, чаму жыццё не казка, — засмяяўся Мах, а Шэбестава таксама засмяялася і дзеля пацехі працягнула:


— Катоў вакол так мала! Хачу я, каб іх стала мільён, а мо і больш!


Толькі яна гэта прамовіла, як са слухаўкі азваліся:


— Мільён катоў, кажаце? Калі ласка, як вам будзе заўгодна!


І тады ў Маха з Шэбеставай ад здзіўлення павылазілі вочы з арбіт: паўсюль навокал была незлічоная процьма катоў, котак і кацянятаў — белых, чорных, рыжых; каты сядзелі на дарозе, коткі на дрэвах, кацяняты на стрэхах, і ўсе яны мяўкалі так, што ажно вушы закладвала.


Першай апамяталася Шэбестава і сказала:


— Паслухай, Мах, гэта ж немагчыма, столькі катоў! Няўжо гэта ўсё зрабіла слухаўка?


А Мах адказаў:


— Падобна, што так, але што цяпер рабіць з гэтымі катамі? Калі я прывяду іх усіх дадому, мае мяне выганяць. Ты ўяўляеш, што такое мільён катоў?!


Тут Шэбестава стукнула сябе ў лоб і прамовіла ў слухаўку:


— Алё, мы не ведаем, што з гэтымі катамі рабіць. Калі ласка, ці не маглі б вы іх зноў прыбраць?


А слухаўка азвалася: “Добра, як пажадаеце”, — і ў тое ж імгненне паўсюль навокал не стала ніводнага ката, ніводнай коткі і ніводнага кацяняці.


Мах сказаў:


— Слухай, Шэбестава, гэта сапраўды дзейнічае, ты разумееш, гэта ж фантастыка!


— Не разумею, — адказала Шэбестава, — але гэта сапраўды фантастыка.


І яны абое ўжо не маглі думаць ні пра што іншае да самага дому.


Джанатан, седзячы ў акне другога паверха, ужо здалёк вітаў іх гучным брэхам, і Шэбестава, пабачыўшы яго, ускрыкнула:


— Вось небарака, гэтая Кадрножкава зноў яго зачыніла!


Але Мах толькі засмяяўся, пачуўшы яе словы:


— Ха-ха, калі хочаш, ён уміг будзе ўнізе.


Ён узяў слухаўку і папрасіў:


— Калі ласка, ці можна Джанатана зрабіць на хвілінку птушкай?


Са слухаўкі ў адказ пачулася:


— Чаму ж не? Птушкай — дык птушкай!


У тое ж імгненне ў Джанатана выраслі крылы, і Мах знізу закрычаў яму: “Ну, ляці, чаго чакаеш!” Джанатан узмахнуў крыламі і пачаў спускацца — ніжэй і ніжэй, пакуль не прызямліўся проста перад Шэбеставай; трэба сказаць, выглядаў ён несамавіта — надта ж яму тыя крылы не пасавалі, і Мах міжволі зморшчыў нос:


— Паслухай, Шэбестава, не будзем жа мы гуляць з такім брыдкім страшыдлам!


Аднак Шэбестава запярэчыла:


— Думаю, ты дарма турбуешся, усё адно ты гуляць не можаш, бо мусіш вучыцца — ці не табе заўтра расказваць пра зайцоў?


А Мах раптам зноў як зарагоча:


— Ха-ха-ха! У мяне ідэя! Чаму б нам не пагуляць з сапраўднымі зайцамі? — і тут жа сказаў у слухаўку:


— Калі ласка, нам вельмі-вельмі трэба ператварыцца ў трох зайцоў! — а са слухаўкі пачулася: “Якія праблемы, хочаце быць зайцамі, дык будзеце зайцамі”.


І не паспелі Мах з Шэбеставай вокам міргнуць, як яны разам з Джанатанам ператварыліся ў зайцоў і паскакалі ў бок лесу.


Там ім сустрэўся стары заяц з сівымі вусамі, і калі ён даведаўся, хто яны такія, то напрыводзіў ім процьму сваіх сяброў, з якімі Мах і Шэбестава цэлы вечар гулялі ў даганялкі, гаманілі пра заечае жыццё ды лічылі адно аднаму зубкі і паўсцінкі. Калі ж на наступны дзень настаўніца выклікала Маха, ён ледзь не гадзіну гаварыў пра тое, колькі ў зайцоў зубоў зверху, а колькі знізу, колькі паўсцінак у іх на жываце, а колькі на спіне, колькі ў іх бывае дзяцей і як тыя дзеці гуляюць, што зайцы ядуць на абед, а што на вячэру, а якой гадзіне кладуцца спаць і а якой зноў устаюць. Настаўніца не хацела верыць сваім вушам і ўсё паўтарала: “Хіба магчыма, каб вучань 3 “Б” ведаў пра зайцоў больш за мяне?” Урэшце яна паставіла Маху велізарную дзясятку, і ён, шчаслівы, сеў на месца, а Шэбестава яму прашаптала:


— Мах, слухай, гэтая слухаўка — сапраўдная сенсацыя!


У адказ Мах кіўнуў галавой:


— Згодны, гэта самая ашаламляльная штука, пра якую я калі чуў, а ўяві сабе, колькі ўсяго дзякуючы ёй мы яшчэ зможам пабачыць і перажыць!

Пра тое, як Мах і Шэбестава паехалі з Джанатанам на школьную экскурсію

Аднойчы Мах з Шэбеставай ішлі ў школу, а Джанатан іх пабачыў і адразу ж ад спадарыні Кадрножкавай уцёк, каб іх правесці. Ён радасна бег побач і раптам заўважыў, што замест партфеляў у Маха і Шэбеставай турыстычныя заплечнікі. “Што за бязглуздзіца, навошта ім у школе турыстычныя заплечнікі?” — збянтэжана закруціў галавой сабака, не цямячы, але Шэбестава яму тут жа ўсё патлумачыла:


— Ведаеш, Джанатан, сёння замест заняткаў мы з настаўніцай едзем на экскурсію на вадасховішча Краяч, і ў нас з сабой няма ніякіх падручнікаў, а замест школьных партфеляў — турыстычныя заплечнікі, разумееш?


Пачуўшы гэта, Джанатан жаласліва заскавытаў, прыкладна вось так: “Хню-хню-хню”, — а Мах сказаў:


— Чуеш, Шэбестава, як гэты сабака скавыча? У мяне такое ўражанне, што яму страшэнна карціць паехаць з намі, не думаеш?


Але Шэбестава была настроеная скептычна:


— Усё адно сабаку настаўніца ўзяць з сабой не дазволіць, ды і спадарыня Кадрножкава яго з намі не пусціць, зірні, вунь яна ўжо бяжыць.


І сапраўды, спадарыня Кадрножкава бегла так хутка, як толькі магла, і крычала: “Джанатан, дамоў, зараз жа вярніся!”


Аднак у гэтае імгненне Маху да галавы прыйшла бліскучая ідэя, і ён сказаў:


— Слухай, Шэбестава, а нашто мы, уласна кажучы, маем чарадзейную слухаўку? Давай проста ператворым Джанатана ў хлопчыка!


Ён тут жа выцягнуў слухаўку і папрасіў:


— Калі ласка, зрабіце, каб Джанатан выглядаў як хлопчык з турыстычным заплечнікам.


І калі спадарыня Кадрножкава падбегла бліжэй і ўбачыла Маха, Шэбеставу і нейкага вушастага хлопчыка, яна страшэнна здзівілася:


— А дзе ж Джанатан? Я думала, што ён з вамі!


Але Шэбестава ў адказ толькі паціснула плячыма:


— Некуды знік! Ведаеце, спадарыня Кадрножкава, яшчэ хвіліну таму ён тут быў.


І гэта было чыстай-чысцюткай праўдай, так што Шэбестава, уласна кажучы, зусім не маніла.


А спадарыня Кадрножкава пайшла дадому і ўсё мармытала сабе пад нос: “Ну, пачакай, Джанатан, заробіш ты ў мяне на абаранкі, толькі вярніся дамоў”, — а Джанатан ледзь не звар’яцеў ад шчасця, што ён ад сваёй гаспадыні можа крыху адпачыць. Ён бегаў і скакаў вакол Маха і Шэбеставай і ад неапісальнай радасці нават абсікаў два ліхтары.


Пабачыўшы гэта, Шэбестава пакачала галавой:


— Ну, не ведаю, не ведаю, Мах, мне гэта неяк не падабаецца; Джанатан выглядае як хлопчык з турыстычным заплечнікам — гэта праўда, але паводзіць ён сябе як звычайны сабака.


Мах пачухаў за вухам і ўздыхнуў:


— Ведаеш, Шэбестава, я з табой згодны, мне таксама здаецца, што дабром гэта не скончыцца.


І ён меў рацыю, бо калі яны падышлі да аўтобуса і Шэбестава спытала ў настаўніцы, ці можа з імі паехаць іхны сябра Джанатан, той усё сапсаваў. Ён паводзіў сябе проста немагчыма: скавытаў і скакаў, аблізваў настаўніцы вусны і нос, а потым нават пачаў брахаць, і настаўніца падумала: “У гэтага хлопчыка нейкія надта дзіўныя манеры, ён, відаць, добры прайдзісвет; я вазьму яго на экскурсію, а ён мне там будзе конікаў выкідаць, вось яшчэ, досыць, што едзе Горачак, гэты нягоднік”, — і яна сказала:


— Мне шкада, але ў нас няма лішніх месцаў, заходзьце, дзеці, заходзьце, — і аўтобус паехаў.


Але ж Джанатан быў Маху і Шэбеставай сябра, а быць некаму сябрам — гэта не жарт, сябра сяброў проста так не пакіне, і таму Джанатан імчаў за аўтобусам, ажно пыл за ім курэў, бег праз усе прыдарожныя вёскі, браў павароты як прафесійны гоншчык, а дзеці ў аўтобусе яму з задняга акна махалі і ўсяляк стараліся падбадзёрыць.


Калі ж аўтобус нарэшце спыніўся ля вадасховішча Краяч, не толькі Мах і Шэбестава, але ўвесь 3 “Б” радаваўся, што Джанатан справіўся, што дабег у такую далячынь, каб цэлы дзень быць разам са сваімі сябрамі, а настаўніца падумала: “Ён сапраўды незвычайны хлопчык, гэты Джанатан, паводзіны ў яго не найлепшыя, але ўсё ж у ім ёсць нешта добрае, у кожным ёсць нешта добрае”, — і тут ёй прыйшло да галавы, што нешта добрае бывае і ў турыстычным заплечніку, а таму яна пляснула ў далоні і сказала:


— Так, дзеці, а цяпер з’ешце што вам з сабой далі вашыя мамы.


І дзеці пачалі ласавацца ўсялякімі булачкамі і рулетамі, толькі Шэбестава, небарака, не знайшла ў сваім заплечніку анічога, нягледзячы на тое, што мама спякла ёй на экскурсію сунічны пірог, такую смакату. Шэбестава вельмі засмуцілася і сказала:


— Спадарыня настаўніца, нехта забраў мой сунічны пірог і не пакінуў нават пакаштаваць ніводнага кавалачка, ні драбочка! Хіба ж так можна рабіць?!


А настаўніца сказала:


— Вядома ж, так рабіць нельга! Дзеці, падыміце руку, хто ў Шэбеставай узяў пірог.


Але рукі ніхто не падняў, і ўсе падумалі: “Ну вось, дажыліся, сярод нас злодзей, а мы нават не ведаем, хто”.


І толькі Джанатан так не думаў, для яго гэта была абсалютная дробязь, у гэтым Джанатан быў сапраўдны адмысловец, вы ж ведаеце: сабака ёсць сабака; ён наставіў нос, панюхаў тут, панюхаў там і праз імгненне ўжо нёс настаўніцы адзін з заплечнікаў.


Настаўніца заплечнік адкрыла, знайшла ў ім сунічны пірог і сказала:


— Ну вядома ж, заплечнік Горачка! Я магла здагадацца, што гэта ты, хай табе будзе сорамна, не з’яўляйся мне больш на вочы!


І яна перад усімі дзецьмі хацела падзякаваць Джанатану, але Джанатану было не да таго: ён убачыў на дрэве котку і гайда за ёй, вы ж разумееце: сабака ёсць сабака, як убачыць котку, то гамон — і настаўніца падумала: “Не паспяваю дзівіцца: такі разумны хлопчык, злодзея раскрые як раз плюнуць, а пры гэтым паводзіць сябе як шаленец”, — і яна ў роспачы пакачала галавой.


Затое Горачак у роспачы зусім не быў: замест таго каб саромецца за сваю выхадку, ён строіў з сябе чэмпіёна свету па скачках у ваду — стаяў на беразе вадасховішча і казаў:


— Ну, глядзіце, як я скачу, ніхто больш так не ўмее, раз, два, тры, — ён скочыў і тут жа пачаў тануць.


— Дапамажыце, дапамажыце! — крычаў ён немым голасам, і дзеці таксама закрычалі: “Горачак тоне, Горачак тоне”, — а настаўніца схапілася за галаву:


— Толькі гэтага мне яшчэ не хапала, зноў гэты Горачак, што ж я скажу ягоным бацькам!


І тут Джанатан гоцнуў за ім у ваду і ў наступны момант выцягнуў Горачка на бераг. У настаўніцы ажно камень з сэрца зваліўся, яна пашыхтавала ўвесь клас, як калі да іх прыязджаў фатограф, папрасіла Джанатана не ўцякаць ад яе куды-небудзь на дрэва і сказала:


— Дарагія вучні, мы павінныя выказаць Джанатану падзяку за ягоны геройскі ўчынак!


Але Джанатан да такой славы быў нязвыклы і не ведаў, што яму рабіць, а таму пачаў чухаць нагой за вухам, нібы ганяючы блох, і чухаў хутчэй і хутчэй. Настаўніца зусім аслупянела і раздражнёна прамовіла: “Ну, гэта ўжо сапраўды пераходзіць усе межы, такі разумны і самаадданы хлопец, а паводзіць сябе абсалютна немагчыма!


На што Мах сказаў:


— Прабачце, калі ласка, рэч у тым, што ён ніякі не хлопец, ён сабака, разумееце?


А Шэбестава дадала:


— Гэта наш сябра сабака Джанатан, мы яго вельмі любім, а таму хацелі яго ўзяць з сабой на экскурсію.


Тады Мах шапнуў нешта ў слухаўку, і Джанатан зноў зрабіўся сабакам.


Усе вакол пазіралі быццам з дуба зваліўшыся, а настаўніца прапанавала Джанатану булачку і вінегрэт, а потым сказала:


— Прабач, Джанатан, што я цябе крыўдзіла.


Назад Джанатан ехаў ва ўтульным аўтобусе, і цэлы клас праводзіў яго дадому, а калі спадарыня Кадрножкава пачала на яго сварыцца, што ён увесь мокры і што выхаваны сабака павінен ляжаць дома на канапе, а не лётаць цэлы дзень немаведама дзе, настаўніца запярэчыла:


— Дарагая спадарыня Кадрножкава, вы, мабыць, блытаеце сабаку з падушкай. Падушка можа ляжаць на канапе хоць два тыдні, і ёй гэта зусім не цяжка, але сабака ёсць сабака, а Джанатан — найлепшы сабака на свеце, наколькі я за гэты кароткі час паспела яго пазнаць!


Спадарыня Кадрножкава крыху засаромелася і адказала:


— Дык ведаеце што, з сённяшняга дня я Джанатана больш замыкаць не буду, і калі яму захочацца пагуляць з Махам і Шэбеставай, то заўсёды яго пушчу.


Ад радасці Джанатан пачаў брахаць: “Гаў-гаў-гаў”, — за ім следам забрахалі Мах з Шэбеставай, а затым і ўвесь 3 “Б” клас, брахалі нават спадарыня Кадрножкава з настаўніцай, і кожны, хто праходзіў міма, думаў: “Вось дык ну, столькі радасці я даўно ўжо не бачыў!”

Пра тое, як Мах і Шэбестава здабылі для школы рэдкі наглядны дапаможнік

Аднойчы настаўніца расказвала дзецям, што некалі даўно быў ледавіковы перыяд, калі на зямлі жылі вялізныя маманты ды неандэртальцы — людзі, якія тых вялізных мамантаў лавілі, быццам нейкіх трусоў, а лавілі вельмі проста: у зямлі рабілі яму, прыкрывалі яе галлём, а калі мамант ішоў, ён на тое галлё наступаў і правальваўся ў пастку. Калі ж неандэртальцам надыходзіў час абедаць або вячэраць, яны паступова адразалі ад маманта па кавалку — і так пакуль усяго не з’ядалі. Шэбеставу гэтая тэма вельмі зацікавіла, а таму яна падняла руку і спытала:


— Скажыце, калі ласка, а як тыя неандэртальцы маманта елі — з брусніцамі, як зайца, ці з салатай аліўе, як адбіўную?


Ад гэтага пытання настаўніца разгубілася: сапраўды, адкуль ёй было ведаць, з чым елі мамантаў у дагістарычныя часы. І яна раздражнёна сказала:


— Шэбестава, што ў цябе за бязглуздыя пытанні! Неандэртальцаў ніхто ніколі не бачыў, а таму і спытаць у іх пра мамантаў ніхто не мог; гэтага не ведае нават спадар дырэктар, дык як пра гэта магу ведаць я? Сядай і пакінь мяне ў спакоі!


Шэбестава села і сядзела ціха, але калі яны з Махам ішлі са школы дадому, яна сказала:


— Слухай, Мах, а чарадзейная слухаўка нам нашто? Мы ж у той ледавіковы перыяд спакойна можам злётаць і паглядзець, як там елі мамантаў, хіба не так?


А Мах спыніўся і адказаў:


— Так, твая праўда, але Джанатана возьмем з сабой.


Тады Шэбестава выцягнула слухаўку і папрасіла:


— Калі ласка, нам бы вельмі хацелася пабываць у ледавіковым перыядзе, але з Джанатанам.


А слухаўка азвалася:


— Добра, як пажадаеце, але раю вам лепш апрануцца, там будзе досыць халодна.


І ў тое імгненне яны разам з Джанатанам апынуліся ў ледавіковым перыядзе. Замест дрэваў там рос велізарны кроп, а холад, скажу я вам, быў сапраўды сабачы, вы ж разумееце, ледавіковы перыяд ёсць ледавіковы перыяд. З усіх бакоў быў непралазны гушчар, цераз які Мах з Шэбеставай і з Джанатанам нетаропка прабіраліся, пакуль не набрылі на нейкую дзіўную гару — перад імі стаяў мамант памерам з чатырохпавярховы дом, ён уздымаў хобат і трубіў як цэлы ансамбль гарністаў. Ад спалоху ўсе трое падмазалі пяты, але, уцякаючы, Мах раптам заўважыў, што Шэбеставай няма. Тады ён спыніўся і закрычаў:


— Шэбестава, ты дзе? — а з нейкай ямы азвалася: “Я тут”, — ну, карацей, Шэбеставай вельмі не пашанцавала: яна ўпала ў пастку для маманта, і гэта быў не жарт.


Мах выгукнуў: “Шэбестава, вылазь”, — а Шэбестава ў адказ закрычала:


— Які ты разумнік, можа, нават ведаеш, як? Каб ты мне кінуў хоць якія драбіны!


Але ж у ледавіковы перыяд ніякіх драбінаў яшчэ не існавала, таму гэта была сур’ёзная праблема, нават Джанатан не ведаў, што рабіць. І ўявіце сабе, як ім пашчасціла: раптам рассунулася лістота, і перад імі з’явіўся неандэрталец. Ён быў увесь махнаты, галава ягоная нагадвала вераб’інае гняздо, а ў руцэ была палка; адзін канец палкі ён падаў Шэбеставай, тая за яго схапілася, мігам ускараскалася наверх і сказала:


— Дзякуй, гэта было вельмі міла з вашага боку, мяне зваць Шэбестава, гэта вось Мах з нашага класа, а гэта сабака Джанатан, наш сябра.


А неандэрталец адказаў:


— Вельмі ўсцешаны, я Францішак Гумл. Апчхі! Даруйце, у мяне страшэнны насмарк, вы ж разумееце: ледавіковы перыяд ёсць ледавіковы перыяд. Каб я мог хоць бы сядзець дома ў пячоры! Але ж не, чалавек увесь час вымушаны бегаць па пушчы і лавіць мамантаў!


У Шэбеставай было залатое сэрца, ёй таго неандэртальца стала шкада, і яна прапанавала:


— Ведаеце, спадар Гумл, за тое, што вы былі такі ласкавы і выцягнулі мяне з гэтай ямы, мы вам якога-небудзь маманта ўпалюем, праўда, Мах? Напрыклад, вунь таго, — яна паказала ўгору, дзе над дрэвамі высіўся велізарны мамант, і сказала сабаку:


— Джанатан, як след яго прыдушы і прынясі, толькі не бойся, у нас жа ёсць слухаўка.


Потым яна ў слухаўку нешта прашаптала, і мамант зрабіўся меншым за труса. Джанатан схапіў яго і нёс да самай пячоры, дзе той мамант быў павялічаны да першапачатковых памераў, а з пячоры павылазілі неандэртальцы, і спадар Гумл ім сказаў:


— Сябры, гэтага надзвычай буйнога маманта ўпаляваў для нас вось гэты сціплы сабачка.


Аднак пасля гэтых словаў неандэртальцаў ахапіла жуда і яны вусцішна закрычалі: “Бяжым адсюль, тут жахлівы звер, які загрыз тысячапудовага маманта!” — а пазабаўлены Мах сказаў Шэбеставай:


— Паслухай, Шэбестава, вось бы ўсё гэта пабачыла спадарыня Кадрножкава, можа, тады б яна да Джанатана ставілася з большай павагай.


Неўзабаве адзін мамантавы кумпяк ужо варыўся ў рондлі разам з тым вялізным кропам, якога паўсюль было поўна, і Шэбестава сабе гэты рэцэпт, вядома ж, запісала: мамант з кропавай падліўкай — вось настаўніца будзе дзівіцца. Але тут Маху да галавы прыйшла цудоўная ідэя, і ён сказаў:


— Паслухайце, спадар Гумл, а што, калі б вы зазірнулі да нас у школу, хоць бы і на пару дзён; неандэртальца ў нас яшчэ ніхто не бачыў, нават спадар дырэктар, гэта было б вельмі міла з вашага боку, што скажаце?


Спадар Гумл задумаўся, пачухаў патыліцу і прамовіў:


— А чаму б і не, гэта можна, усё адно я яшчэ не да канца скарыстаў свой адпачынак — надвор’е сёлета было жахлівае, вы ж разумееце: ледавіковы перыяд ёсць ледавіковы перыяд, прынамсі, я б у вас трохі пагрэўся. А калі трэба ехаць?


Шэбестава ўзрадавана сказала: “Цяпер!” — і ўсе яны раптам апынуліся ў кватэры Шэбестаў. Тыя якраз вячэралі, і Шэбестава выгукнула:


— Сюрпрыз, глядзіце, каго мы вам прывялі: гэта дагістарычны чалавек, спадар Гумл, ён застанецца ў нас на ноч, а раніцой мы павядзем яго ў школу.


Спадарыня Шэбестава чамусьці перастала есці і нават дыхаць, але спадар Шэбеста сказаў ёй: “Ну што ты, Бажэнка, супакойся!” — і тады спадарыня Шэбестава супакоілася і прапанавала спадару Гумлу паесці разам з імі — на вячэру быў рысавы пудынг. Спадар Гумл не прымусіў сябе ўпрошваць і, наклаўшы поўную талерку, узяўся за ежу, прычым рыс ён еў рукамі. Пабачыўшы гэта, спадарыня Шэбестава ледзь не самлела, але спадар Шэбеста сказаў:


— Нельга нічому здзіўляцца, ледавіковы перыяд яшчэ не ведаў ні нажоў, ні відэльцаў.


А спадару Гумлу ён патлумачыў, што ані рукамі, ані нагамі ўжо даўно не ядуць, і даў яму відэлец, якім спадар Гумл ледзь не выкалаў сабе вока; на шчасце, ён мусіў на момант перапыніцца, бо чхнуў, затое са стала ў розныя бакі паляцела ўсё — рыс, сурвэткі, газета — і спадар Гумл пачаў перапрашаць: “Вы ж разумееце: ледавіковы перыяд ёсць ледавіковы перыяд”, — на што спадар Шэбеста сказаў: “Нічога страшнага; матуля, дай спадару Гумлу насоўку”, — пасля чаго паказаў госцю, як той насоўкай трэба карыстацца, што прывяло неандэртальца ў дзікае захапленне, і той пачаў бесперастанку смаркацца і выціраць сабе нос, але калі ён гэта рабіў васямнаццаты раз, спадарыня Шэбестава раптам без нічога ніякага сказала: “Ну, дабранач!” — і пайшла спаць да бабулі, так што спадар Шэбеста мусіў пра спадара Гумла паклапаціцца сам. Ён наліў яму ў ванну цёплай вады, патлумачыў, навошта патрэбнае мыла, зубная шчотка і паста з фторам, пагаліў яго, каб той не выглядаў як шымпанзэ, а затым паклаў у ложак побач з сабой, а спадар Гумл быў ад усяго ў неапісальным захапленні і, перш чым заснуць, сказаў:


— Ведаеце, спадар Шэбеста, тое, што я ў вас пабачыў, нельга нават параўнаць з ледавіковым перыядам; калі я вярнуся ў свае дагістарычныя часы, то прыдумаю хоць насоўку, няхай прагрэс пасунецца трошкі наперад.


Але сталася ўсё зусім інакш: раніцой Мах з Шэбеставай завялі спадара Гумла ў школу, дзе быў сапраўдны пярэпалах; настаўніца пабегла да спадара дырэктара, а той прадставіў неандэртальца ўсім вучням і настаўнікам і сказаў:


— Вы толькі ўсвядомце, што мы — адзіная школа ў свеце, якая мае такі рэдкі наглядны дапаможнік; цяпер мы ведаем дагістарычныя часы проста дасканала, мы ведаем нават тое, што мамантаў там елі з кропавай падліўкай, але ж гэта не ўсё: спадар Гумл ласкава пагадзіўся на нашую прапанову і з наступнага месяца зойме пасаду школьнага вахцёра.


Такой навіне ўсе вельмі ўзрадаваліся, а Маху і Шэбеставай спадар дырэктар выказаў асаблівую падзяку, прычым як ад імя школы, так і ад імя спадара Гумла, якому ў школе надта спадабалася. Дарэчы, усяго праз тыдзень ад ягонага насмарку не стала і знаку, так што насоўка яму ўжо была без патрэбы.

Пра тое, як Мах і Шэбестава ўзбагацілі заалагічны гурток

Аднойчы зранку, калі заняткі толькі пачаліся, у клас увайшоў спадар дырэктар і прамовіў:


— Дарагія вучні, я звяртаюся да тых з вас, хто нядаўна далучыўся да нашага заалагічнага гуртка. Мне б хацелася вам сказаць, што вы можаце выбраць нейкага звярка, якога б хацелі гадаваць дзеля навучальных мэтаў, пра грошы вам клапаціцца не трэба, школа гэтага звярка купіць, галоўнае, каб вы між сабой дамовіліся, хто каго будзе даглядаць.


Тады Шэбестава падняла руку і сказала:


— Давайце купім слана — яго змог бы даглядаць нават блізарукі Мах!


Але спадар дырэктар адказаў:


— Ну што ты, Шэбестава, слон — ніякі не звярок, слон каштуе кучу грошай, якіх у школы ніколі не будзе, я меў на ўвазе хамяка або марскую свінку, разумееце? Ну, добра, добра, працягвайце заняткі, — і спадар дырэктар пайшоў далей па сваіх справах.


У той дзень якраз быў урок гісторыі, на якім праходзілі ўсялякія заморскія адкрыцці, і настаўніца расказвала, як у даўнія часы на морах лютавалі піраты, якія на сваіх караблях вывешвалі чорныя сцягі з выявай чэрапа і скрыжаваных касцей, як тыя піраты рабавалі золата, а нарабаваныя скарбы хавалі на розных астравах. Пачуўшы пра такое, уражаная Шэбестава сказала:


— Ведаеш, Мах, вось было б добра дабрацца да такога скарбу, гэта ж грошай было б — як семак!


А Мах адказаў:


— Слухай, Шэбестава, у мяне выдатная ідэя: давай завітаем да тых піратаў, у нас жа ёсць слухаўка!


І ён выцягнуў чарадзейную слухаўку і ціхенька папрасіў:


— Калі ласка, нам бы вельмі хацелася трапіць да піратаў, якія крадуць, быццам сарокі, і якраз вязуць які-небудзь залаты скарб.


А слухаўка азвалася:


— Толькі асцярожна, глядзіце, каб з вамі чаго не здарылася, бо вы апыняцеся сярод банды злачынцаў і мярзотнікаў, — на што Мах, падумаўшы, адказаў:


— Ну добра, хай тады нас суправаджае Джанатан і ўвесь клас з настаўніцай.


Ледзь толькі ён тое прамовіў, увесь клас разам з дошкай апынуўся ў труме нейкага старажытнага карабля, на мачце якога трапятаў чорны сцяг з чэрапам і касцямі, а на палубе стаяла звычайная бочка, на ёй сядзеў мужчына вельмі каларытнага выгляду: у хустцы, са стужкай праз вока, з колцам у вуху і з папугаем на плячы; мужчына пастукваў аб бочку драўлянай нагой і, звяртаючыся да грозных барадачоў насупраць, казаў хрыплым голасам:


— Папярэджваю, спадарства, хто з вас да гэтай бочкі дакранецца, стане сынам смерці; золата, якое ў ёй знаходзіцца, мы падзелім на Канарскіх астравах, вам зразумела?


У адказ піраты буркнулі: “Зразумела”, — а папугай прагергетаў: “Пррравільна!”


У труме тым часам збянтэжаная настаўніца ламала сабе рукі:


— Божа мілы, дзе гэта мы апынуліся? Вакол мора і клас ходзіць ходырам! Ну вось, калі ласка, цяпер у мяне некуды закацілася крэйда! А што тут робіць сабака Джанатан? Мах, растлумач мне, што гэта значыць!


Але перш чым Мах з Шэбеставай змаглі нешта растлумачыць, белы як сцяна Кропачак падняў руку і пралапатаў:


— Спадарыня настаўніца, у мяне страшэнна баліць жывот, я зараз, мабыць, званітую, — а настаўніца паглядзела на яго і сказала:


— Ну вось, бачыце, гэта ўсё хвалі вінаватыя! Калі табе блага, Кропачак, схадзі прагуляцца, Чармакава пойдзе з табой.


Але ледзь толькі Чармакава з Кропачкам вылезлі на палубу, як галоўны пірат зароў:


— Здрада на караблі! Хто іх сюды пусціў? Браўн, я цябе ўласнаручна застрэлю, гэта ты мусіў стаяць на варце! — і выцягнуў з-за пояса пісталет, а Чармакава прамовіла:


— Калі ласка, супакойцеся на хвілінку, Кропачку жахліва блага, лепш пакажыце яму, дзе ў вас тут прыбіральня.


Але ніхто ўжо не слухаў. На яе накінуліся два піраты, і Чармакава пачала страшэнна вішчаць, а настаўніца ў труме падняла ўгору палец:


— Дзеці, здаецца мне, што гэта вішчыць Чармакава! Відаць, з Кропачкам нешта здарылася, хутчэй да іх!


І калі ўвесь клас з’явіўся на палубе, у піратаў быў выгляд, быццам яны блёкату аб’еліся, а Шэбестава сказала:


— Эй, Мах, бачыш вунь тую бочку, золата, мабыць, у ёй.


Але Мах адказаў з дакорам:


— Паслухай, Шэбестава, ну ты і час знайшла думаць пра гэта, ты ж бачыш, якая тут каша заварваецца.


І сапраўды, сітуацыя была незайздросная; першым апамятаўся галоўны пірат і зароў:


— Браўн, што гэта значыць? У жыцці не бачыў столькі безбілетнікаў! Ды я цябе за такую службу ў кіслы яблык сатру! І гэта ты называеш стаяць на варце?


А Браўн, які збіраўся кінуць за борт Кропачка з Чармакавай, крыкнуў:


— Спакойна, капітан, не хвалюйцеся, праз імгненне ўсе будуць у моры!


Настаўніца зірнула за борт і, убачыўшы, што мора кішыць акуламі, сказала:


— Але дазвольце, я нясу за вучняў адказнасць да канца заняткаў! Уявіце, што пра мяне скажуць бацькі і спадар дырэктар, калі дзеці не вернуцца! У нас урок гісторыі, і я не жадаю, каб мне нехта перашкаджаў! Дарэчы, ці няма ў вас выпадкам крэйды? Бо мая некуды закацілася.


Гэтыя словы ўвагналі галоўнага пірата ў ступар, але ён хутка ачухаўся і зароў страшным голасам:


— Гэй, піраты, калі я далічу да трох і ўсю гэтую кампанію не будуць жэрці акулы, то з нарабаванага золата вы не атрымаеце ані шэлега, майце, калі ласка, гэта на ўвазе!


Піраты як адзін закрычалі:


— Слухаемся, капітан! — і накінуліся на настаўніцу з дзецьмі; пры гэтым ніхто не заўважыў, што Джанатан, які да размоваў быў неахвочы, ціхенька спрабаваў перакусіць асноўны канат, што трымаў ветразі, і ў той момант, калі Браўн схапіў Горачка і хацеў шпурнуць яго акулам, самы вялікі ветразь упаў — і акурат на піратаў, якія пад ім пачалі шалёна брыкацца, ажно ў іх павыпадалі пісталеты, але ўсё было марна, і галоўны пірат закрычаў:


— Дык вось, спадарства, гэта — найвялікшая здрада, якую я калі бачыў! — а радасны Мах сказаў Джанатану:


— Джанатан, ты сапраўды найлепшы сабака на свеце, цяпер мне гэта канчаткова зразумела.


Шэбестава, узброеная двума пісталетамі, сачыла, каб ніводны пірат з-пад таго ветразя не вылез, а хлопцы з класа тым часам узяліся за бочку з золатам, сказалі: “Раз-два, гоп”, — і панеслі яе, толькі Горачак трохі адвільваў і адначасова выхваляўся, што ён да акул мусіў трапіць першым.


А між тым у класе ля дошкі стаяў спадар дырэктар, паглядаў на гадзіннік і качаў галавой:


— Ну і справы! Каб настаўніца пасярод заняткаў прапала разам з усім класам — такога яшчэ не здаралася!


І тут — як толькі такое можа быць? — ён убачыў, што ўсе зноў на месцы, а невядома адкуль узніклая настаўніца яму гаворыць:


— Прабачце, спадар дырэктар, не ведаю, як гэта магло стацца, але мы толькі што былі сярод піратаў недзе паблізу Канарскіх астравоў.


А спадар дырэктар ёй адказвае:


— Якія піраты? Якія Канарскія астравы? Што вы мне тут расказваеце? Вы ведаеце, дзе знаходзяцца Канарскія астравы? Ды туды ляцець самалётам амаль тры гадзіны! Паглядзіце: цяпер усяго без пятнаццаці дзевяць, а ў восем пачаліся заняткі!


А Мах з Шэбеставай адчынілі бочку, поўную золата, і кажуць:


— Гэта праўда, спадар дырэктар, мала што мы былі паблізу Канарскіх астравоў сярод піратаў, мы яшчэ і канфіскавалі ў іх на школьныя мэты нарабаванае золата, толькі паглядзіце, колькі яго.


Спадар дырэктар зірнуў у бочку і ўражана прамовіў:


— Бог мой, ды столькі грошай не мае ніводнае міністэрства!


А Шэбестава радасна закрычала:


— Затое цяпер мы можам купіць для заалагічнага гуртка ўсё, што захочам!


Так дзякуючы пірацкаму золату школа купіла не марскую свінку і не хамяка, а сапраўднага слана. Жыў ён у школьным садзе, вахцёр Гумл карміў яго сенам, а ўсе сябры заалагічнага гуртка слана даглядалі і рабілі навуковыя назіранні.

Пра тое, як Мах і Шэбестава вылечылі Кропачкаву ангіну

Аднойчы ў канцы заняткаў настаўніца абвясціла:


— Дзеці, заўтра ўсе прынясіце па паўтары кроны. Як я і абяцала, мы пойдзем у заапарк.


Дзеці, вядома, вельмі ўзрадаваліся, што неўзабаве пабачаць кенгуру і малпаў, але Шэбестава сказала:


— Ну вось, а як жа Кропачак? У яго ж ангіна, ён што, з намі не пойдзе?


На гэта настаўніца толькі плячыма паціснула:


— Ты ж разумееш, Шэбестава, ангіна — акрутная хвароба, чалавечаму арганізму патрэбны прынамсі тыдзень, каб перамагчы падступных бацылаў. Кропачак мусіць ляжаць, таму нічога не зробіш, трэба ісці без яго.


Але калі Мах і Шэбестава ішлі са школы паўз дом Кропачка і ўбачылі, як той сумна пазірае ў акно, ім яго стала вельмі шкада, і Шэбестава сказала:


— Думаю, звычайна так і бывае, што каб перамагчы падступных бацылаў, чалавечаму арганізму патрэбны прынамсі тыдзень, але ж іду ў заклад, што мы з імі расправімся за пяць хвілінаў.


А Мах выгукнуў:


— Ну вядома, у нас жа ёсць слухаўка!


Адразу па абедзе Мах узяў вяроўку, малаток і вялікі відэлец з двума зубцамі, які ўтыкаюць у качку, а Шэбестава прыхапіла вядро са шчоткай і, вядома ж, Джанатана, пасля чаго, гэтак узброеныя, яны пайшлі да Кропачкаў. іх хворы сябра спаў, таму спадарыня Кропачкава сказала:


— Толькі ціха, дзеці, ціха, я радая, што Ёзаф заснуў; сон, як вядома, дадае сілы, і мне б не хацелася, каб вы яго разбудзілі.


— Навошта нам яго будзіць, мы ціхенька пасядзім і пачакаем, пакуль ён прачнецца сам, можаце не хвалявацца, — супакоіў яе Мах, аднак ледзь толькі спадарыня Кропачкава зачыніла за сабой дзверы, ён прашаптаў у слухаўку:


— Калі ласка, зрабіце нас такімі маленькімі, каб мы змаглі расправіцца з бацыламі нашага аднакласніка Ёзафа Кропачка.


А ў адказ са слухаўкі пачулася:


— Толькі будзьце асцярожныя, бацылы — страшэнна падступныя істоты.


І ў тое ж імгненне Мах, Шэбестава і Джанатан заўважылі, што яны зрабіліся меншымі за зубную шчотку, затым меншымі за гузік, а ўрэшце нават драбочак ад рагаліка падаўся ім большым за чатырохпавярховы дом. Цяпер яны былі настолькі маленькія, што маглі кінуцца ў бой з бацыламі. Яны закрычалі: “Наперад”, — і ўлезлі Кропачку ў рот.


А ўлезшы туды, яны ўбачылі Кропачкаў вялізны язык — не чырвоны і чысты, якімі языкі звычайна бываюць, а ўвесь у нейкіх агідных плямах, і Мах сказаў Шэбеставай:


— Глядзі, як гэтыя нягоднікі тут усё спаганілі!


Шэбестава паспрабавала тыя плямы адчысціць, але тут забрахаў Джанатан, Мах з Шэбеставай агледзеліся і страшэнна спалохаліся, бо ўбачылі над сабой прыкладна шэсцьсот восемдзесят вялікіх бацылаў, якія абкусвалі Кропачкавы міндаліны, упляталі іх і пры гэтым брыдка чвякалі. Гэта была жахлівая карціна, і Шэбестава, не ў стане на гэта глядзець, выкрыкнула:


— Перастаньце!


На момант чвяканне сапраўды сціхла, але ўжо ў наступную хвіліну бацылы з рыкам кінуліся на Маха і Шэбеставу, і ўсчаўся бой. Мах куды папала малаціў малатком і калоў відэльцам, Шэбестава махала вакол сябе вядром, а Джанатан угрызаўся ў бацылаў зубамі, ажно з іх поўсць ляцела, але не думайце, што даставалася толькі бацылам, яны — надзвычай падступныя істоты, якім невядома, што значыць сумленны бой, а таму адна з іх падабралася да Маха ззаду і цюкнула так, што ў ягоных штанах з’явілася вялізная дзірка, але Шэбестава закрычала: “Нічога страшнага, я потым зашыю, цяпер біся!” — вось яны і біліся: Мах — як леў, Шэбестава — як ільвіца, а Джанатан — як цэлая львіная зграя.


А тым часам Кропачак, адчуўшы скрозь сон, што ў ягоным горле нешта адбываецца, прачнуўся і закрычаў:


— Мама, мама, у мяне ў горле скрабе мацней, чым учора!


А спадарыня Кропачкава пляснула рукамі: “Гэтага нам яшчэ не хапала”, — і пазваніла ў паліклініку доктару Нэсвадбу; доктар выслухаў яе і сказаў:


— Ай-яй-яй, гэта нядобра, вельмі нядобра, зараз жа еду да вас, а пакуль заварыце хлопцу гарбаты з лімонам.


Ох, дарма доктар гэта сказаў, бо калі Кропачак выпіў гарбаты, Мах з Шэбеставай і з Джанатанам зрабіліся мокрыя як цюцькі, добра яшчэ, што іх увогуле не змыла гарбатнаю плынню, і тое толькі таму, што яны трымаліся за Кропачкавы міндаліны, а гэта было зусім не проста, бо на міндалінах няма ніякіх парэнчаў; вось і ўявіце сабе, у якое становішча яны трапілі. І тут спадарыня Кропачкава кажа сыну:


— Ты што, не можаш глынуць як след? Ад гэтага твайго сёрбання няма ніякай карысці!


Кропачак глынуў як след, і гэта быў канец: магутны струмень сарваў Маха, Шэбеставу і Джанатана, і яны памчалі ўніз як на амерыканскіх горках, імчалі доўга, і чым далей, тым хутчэй. Шэбестава пішчала, Джанатан скавытаў, а Мах думаў сабе: “Вось табе і маеш, каб жа Кропачак толькі ведаў, якую ён нам сваёй гарбатай зрабіў мядзведжую паслугу! Калі ж гэты спуск ужо скончыцца?”


І раптам усе трое — плюх! — і апынуліся ў вялізнай пячоры; яны плавалі ў возеры, з якога вытыркалася нешта накшталт айсберга, і Шэбестава, ачухаўшыся, спытала:


— Гэй, Мах, дзе гэта мы і што гэта вунь там за айсберг?


На што Мах адказаў:


— Эх, Шэбестава, сама ты айсберг! Ты што, не бачыш — гэта ж рагалік з маслам, які Кропачак еў на сняданак, трэба на яго залезці!


І яны ўсе залезлі на той кавалак рагаліка, а Мах тады кажа:


— Вялізная пячора, у якой мы апынуліся, — гэта Кропачкаў страўнік, а возера — гэта гарбата з лімонам.


Ён хацеў працягваць, але Шэбестава схапіла яго за руку і закрычала:


— Гэй, Мах, глядзі, што тут плавае!


Мах зірнуў і ўбачыў, што вакол іх плавае поўна бацылаў — прыблізна шэсцьсот восемдзесят — і ўсе нежывыя, што было натуральна, бо калі бахнуць бацылу малатком, то ёй гамон, а калі яе яшчэ і ўтапіць, ёй гамон пагатоў.


Шэбестава тады і кажа:


— Ну так, бацылам гамон, але ж і нам таксама, бо мы адсюль да скону не выберамся.


Але Маха яе словы крыху раззлавалі:


— Шэбестава, што за лухту ты вярзеш, мужчына заўжды знойдзе выйсце, вось глядзі!


Шэбестава пачала глядзець і ўбачыла, што Мах з усяе моцы дзьме на гарачую гарбату, якая разлілася навокал. Дзякуючы гэтаму іхны рагалік падплыў, быццам лодка, да самай сцяны пячоры. Там Мах прывязаў Джанатану на ашыйнік вяроўку, і сабака, угрызаючыся ў сцяну, пачаў падымацца вышэй і вышэй, а Мах з Шэбеставай трымаліся за вяроўку і караскаліся за ім. І калі яны амаль вылезлі, Мах сказаў:


— Слухай, Шэбестава, дзе ў цябе тое вядро са шчоткай, яно нам яшчэ спатрэбіцца.


А Шэбестава адказала:


— Ведаеш што, Мах, жаночыя справы пакінь, калі ласка, мне!


Калі ж неўзабаве да Кропачкаў прыйшоў доктар, і Кропачак высалапіў язык ды сказаў “а-а-а!”, доктар здзівіўся:


— Не можа быць, не магу паверыць, спадарыня Кропачкава, я б не сказаў, што сітуацыя горшая, чым учора, я б сказаў, хутчэй наадварот: яна значна лепшая, чым учора; вы толькі зірніце: бацылаў і духу няма, ды і язык амаль у парадку.


І гэта была праўда, бо Шэбестава якраз заканчвала драіць Кропачкаў язык шчоткай: ён зноў быў чысты і чырвоны. Мах ёй закрычаў: “Ну, годзе ўжо, годзе”, — выцягнуў з кішэні слухаўку, і ў наступнае імгненне агаломшаныя маці з сынам і доктар убачылі, што каля ложка стаяць Шэбестава, сабака Джанатан і Мах з падранымі штанамі, і Шэбестава гаворыць:


— Так, Кропачак, што ты тут разлёгся, быццам Лазар, ангіне канец, вылазь з ложка, жвавенька!


А доктар кіўнуў галавой:


— Так-так, мілая спадарыня, гэтыя дзеці гавораць чыстую праўду, ваш хлопец здаровы як бык.


Пачуўшы гэта, усцешаны Кропачак ускочыў з ложка і закрычаў:


— Дык мне заўтра можна ў заапарк да кенгуру і малпаў, тра-ля-ля, тра-ля-ля! — і пачаў танчыць, быццам вар’ят, а Мах з Шэбеставай і з Джанатанам былі радыя, што ў іх усё атрымалася.

Пра тое, як Мах і Шэбестава з усім класам хадзілі ў заапарк

Аднойчы настаўніца павяла ўвесь клас у заапарк, а таму як яна была ў добрым гуморы, то дазволіла Маху і Шэбеставай узяць з сабой Джанатана.


Спачатку ўсё было цудоўна: дзеці хадзілі па дарожках, разглядалі кенгуру і малпаў, белых мядзведзяў і львоў, смешных пінгвінаў, падобных да піяністаў у фраках, з цікавасцю назіралі за сланамі і бегемотамі, карацей, усе паводзілі сябе прыстойна, можна нават сказаць, узорна, хіба што Горачак з Пажоўтам пракудзілі і, нягледзячы на тое, што паўсюль былі надпісы “Не карміце звяроў!”, кідалі малпам хлеб са шмальцам, крутыя яйкі і блінцы з сочывам, інакш кажучы, усё, што ім далі з сабою матулі.


І тут вакол адной з вальераў усчаўся неймаверны вэрхал. Людзі ў белых халатах лёталі сюды-туды, бо адна малпа, якая мусіла быць белай, зрабілася зялёнай, быццам свежапафарбаваная лаўка, а галоўны ветэрынар крычаў:


— Як жа ёй не быць зялёнай, калі ёй баліць страўнік! Каб хоць яна не памерла, такая рэдкая жывёліна, ва ўсёй Еўропе ўсяго адна! — і ён з калегам адразу ж пачаў прамываць малпе страўнік; было падобна, што небарака ў любы момант можа страціць прытомнасць — так жахліва яна закочвала вочы.


Настаўніца страшэнна раззлавалася і сказала Горачку з Пажоўтам:


— Як вы, хлопцы, можаце быць такімі злымі і мучыць звяроў, яны ж вам нічога не зрабілі! Вам што, ані трошкі іх не шкада? Яны ж нямыя стварэнні, нават бараніцца не могуць! Вось каб гэтыя звяры ўмелі гаварыць, яны б вам сказалі ўсё, што пра вас думаюць!


А Мах падміргнуў Шэбеставай:


— Слухай, а гэта можа быць цікава.


Тады Шэбестава выцягнула слухаўку і ціхенька прамовіла:


— Калі ласка, зрабіце, каб гэтыя звяры загаварылі.


А слухаўка азвалася:


— Што ж, як пажадаеце; калі хочаце, каб звяры размаўлялі, значыць, будуць размаўляць.


І тут усе жахліва спалохаліся, бо жырафа раптам загаварыла:


— Эх, Горачак, Горачак, ну ты і нягоднік! Пра Пажоўта я ўвогуле маўчу! Гэта ж трэба, я ніколі не думала, што вы такія!


А Джанатан на гэта толькі лапай махнуў:


— Дарагая спадарыня жырафа, няма чаго здзіўляцца, гэтага Горачка я ведаю як сабаку аблупленага, на экскурсіі ля вадасховішча Краяч ён скраў у Шэбеставай сунічны пірог, дык чаго яшчэ можна чакаць ад такога разбойніка?


Пачуўшы гэта, слон пляснуў вушамі і нізкім голасам прамовіў, звяртаючыся да Горачка з Пажоўтам:


— Я вам скажу адну рэч, хлопцы: я звычайны слон, у школу ніколі не хадзіў, але знарок псаваць некаму страўнік — такога б я ў жыцці не ўчыніў, а вы ж — інтэлігентныя людзі!


Настаўніца ад здзіўлення застыла як саляны слуп ды так і стаяла, разявіўшы рот, і толькі вачыма лыпала, а вакол яе лыпаў вачыма ўвесь клас і ўсе наведнікі. Затым прыбеглі дырэктар заапарку з намеснікам і таксама лыпалі вачыма ды крычалі:


— Як такое магчыма: гэтыя звяры размаўляюць?! Трэба зараз жа гэта вытлумачыць, прычым навуковымі метадамі!


І намеснік шарыкавай асадкай пачаў занатоўваць, што прамовілі ўсяго тры віды звяроў — жырафа, сабака і слон — то бок адны сысуны. Але калі ён гэта запісваў, чарапаха сказала:


— Спадар намеснік, можаце запісаць і мяне, я таксама размаўляю.


А пінгвін абурыўся:


— Ну вось яшчэ, мы тут усе размаўляем!


У роспачы настаўніца пачала прычытаць:


— На табе, дажыліся! А як жа школьная праграма? Сысуны размаўляюць, птушкі размаўляюць — падручнікі можна на сметнік выкінуць, кантрольныя за паўгоду перапісваць трэба! Жах які, што ж цяпер рабіць?


Тады Мах ціхенька сказаў:


— Слухай, Шэбестава, давай гэта спынім, бо яшчэ невядома, як усё можа скончыцца. Я і так рады, што ў мяне па прыродазнаўстве дзясятка. Што думаеш?


Шэбестава на знак згоды кіўнула і засунула руку ў кішэню, дзе ляжала слухаўка, але, нічога там не намацаўшы, нерашуча застыла. Яна нават не заўважыла, як хвіліну таму жырафа выцягнула слухаўку з яе кішэні і цяпер трымала ў роце. Зразумеўшы, што здарылася, Шэбестава заторгала Маха за рукаў:


— Гэй, Мах, са слухаўкай справа дрэнь! Паглядзі на жырафу.


Але толькі яна гэта прамовіла, усё стала зусім пагана, бо жырафа разявіла рот, слухаўка ўпала і трапіла проста кракадзілу ў пашчу. І перш чым хто паспеў войкнуць, кракадзіл пашчу закрыў, і слухаўцы настаў канец.


— Ну вось, — сказала Шэбестава, — і што нам цяпер рабіць? Не пакідаць жа слухаўку ў кракадзілавым чэраве, гэтага яшчэ не хапала.


Мах жа азваўся:


— Жартам канец, Шэбестава, трэба нешта тэрмінова прыдумаць.


У гэтае імгненне ён убачыў Джанатана, і яму да галавы прыйшла нечаканая ідэя:


— Шэбестава, я ведаю: нам дапаможа Джанатан.


Мах адвёў сабаку ўбок і сказаў:


— Паслухай, Джанатан, цяпер з табой можна гаварыць як з разумнай істотай, дык вось: як наконт таго, каб улезці гэтаму кракадзілу ў чэрава і дастаць нашую слухаўку?


Але Джанатан нават не раздумваў:


— Вось яшчэ, надта трэба; каб мяне ні за што зжэрла такая пачварына? І не разлічвай, дурных няма!


І ён зрабіў выгляд, што некуды спяшаецца, але Мах не збіраўся так проста ад яго адчапіцца:


— Джанатан, ты што, звар’яцеў? Ты ж з гэтым кракадзілам можаш па-людску дамовіцца. Калі ён дасць слова гонару, што цябе не з’есць, то з табой нічога не здарыцца, ты ж мазгамі крыху пакруці, яловая ты галава!


На гэта Джанатан, падумаўшы, адказаў:


— Зрэшты, гэта праўда, — і пайшоў да кракадзіла дамаўляцца.


Кракадзіл быў стары і разумны, ён даў Джанатану слова гонару, што нічога яму не зробіць, і сабака ўлез у яго вялізную пашчу.


Тут здарылася тое, чаго зусім ніхто не чакаў: кракадзіл раптам клацнуў зубамі і праглынуў Джанатана, быццам якую цукерку.


А Шэбестава сказала:


— Ну вось, Мах, дагуляліся! Цяпер у нас ні слухаўкі, ні Джанатана! Ну і ідэі ў цябе! Ты, мусіць, у дзяцінстве з балкона зваліўся! Хіба ж ты не ведаеш, што кракадзіл — падступны і крыважэрны звер?


Аднак кракадзіл пакрыўджана прамовіў:


— Перапрашаю, Шэбестава, але я мушу сказаць, што ты памыляешся: я зусім не падступны і не крыважэрны звер, я толькі не хачу дапусціць далейшых непрыемнасцяў, а таму проста так рота не раскрыю. А вось калі Горачак з Пажоўтам і ўвесь ваш слаўны 3 “Б” клас дадуць слова гонару, што яны ў заапарку больш ніколі не будуць карміць звяроў, я вашага Джанатана адразу ж выпушчу.


— Ну што, дзеці, — сказала тады настаўніца, — вы чулі мудрыя словы спадара кракадзіла. Што вы на іх адкажаце?


А дырэктар заапарку, ягоны намеснік, старэйшы ветэрынар са сваім калегам, чароды наведнікаў, а таксама пінгвіны, кенгуру, белыя мядзведзі, жырафы, малпы, ільвы, чарапахі, сланы і бегемоты — усе як адзін паўтаралі следам за настаўніцай: “Ну што, дзеці, што вы на гэта скажаце?”

Пра тое, як Мах і Шэбестава наведалі планету Цяп-Цяп

Аднойчы настаўніца расказвала дзецям, што чалавек — гаспадар усяго жывога, інакш кажучы, ён гэткі галава сям’і ўсіх істот на нашай планеце, а Пажоўт падняў руку і спытаў:


— Скажыце, калі ласка, як чалавек можа быць гаспадаром усяго жывога, калі ён часцяком баіцца нават мышы? Я думаю, што гаспадар усяго жывога — хутчэй які-небудзь слон, бо той нікога не баіцца.


Але Горачак пачаў рагатаць:


— Ха-ха-ха, ха-ха-ха, ну ты і ёлупень! Дастаткова чалавеку ўзяць стрэльбу, разок пальнуць — і слон мярцвяк


А настаўніца сказала:


— Паслухай, Горачак, па-першае, Пажоўт не ёлупень, а твой аднакласнік, а па-другое, калі хочаш нешта сказаць, трэба падняць руку; мы ў школе, а не на кірмашы, але ў астатнім ты маеш рацыю: чалавек — гаспадар усяго жывога таму, што ён — самая развітая істота, ён можа даць сабе рады ў любой сітуацыі і перамагае найперш розумам.


Маху гэтая дыскусія не давала спакою, і калі яны ішлі дадому, ён сказаў:


— Паслухай, Шэбестава, ці не здаецца табе гэта трохі дзіўным? Наш тата таксама галава сям’і, але не ўяўляю, каб ён узяў стрэльбу і ў кагосьці з нас пальнуў; і яшчэ я сумняюся, што ён заўсёды перамагае розумам. А ты што думаеш?


Шэбестава цяжка ўздыхнула:


— Усё адно свет дзіўна ўладкаваны. Вось скажы, Мах, калі чалавек з усіх жывых істотаў мае найбольш розуму, дык чаму ён тады робіць найбольш глупстваў? Ці ты калі бачыў, каб Джанатан распачаў вайну? І ўвогуле, ведаеш, што мне цікава: ці на іншых планетах таксама ўсё як у нас?


Мах спыніўся і сказаў:


— Слухай, Шэбестава, гэта ж класная ідэя! Давай туды злётаем, мы ж у жыцці не былі на іншай планеце!


Ён тут жа выцягнуў слухаўку, перадаў ёй сваё пажаданне, і яны ўмомант апынуліся недзе на другім канцы сусвету. Неба там было зялёнае, а рака ружовая, каля ракі сядзелі Мах і Шэбестава і здзіўлена пазіралі на незлічоную колькасць малюсенькіх карычневых ды аранжавых звяркоў, якія круціліся на адной ножцы і ціхенька хіхікалі; аранжавымі поўнілася рака, а карычневымі былі аблепленыя дрэвы, але найбольш іх таўклося вакол двухметровага сабакі са спадніцаю ў бобачку, які іх карміў зялёнаю локшынай і пры гэтым увесь час прамаўляў: “Цяп-цяп-гуііі, цяп-цяп-гуііі”.


Мах закруціў галавой:


— Ой, трымайце мяне! Шэбестава, гэта што — грыбы ці звяры? Або яшчэ якая халера?


Шэбестава паціснула плячыма: “Адкуль я магу ведаць!” — пасля чаго ўзяла ў Маха слухаўку і сказала:


— Калі ласка, было б добра, каб мы хоць крышачку разумелі тутэйшую мову, інакш з гэтага падарожжа нам будзе няшмат карысці.


Са слухаўка азвалася:


— Правільна, колькі моваў ведаеш, столькі разоў ты чалавек, так што адгэтуль вы выдатна размаўляеце па-цяпцяпску, бо знаходзіцеся на планеце Цяп-Цяп, за пяць мільярдаў светлавых гадоў ад вашага дому.


Мах ажно прысвіснуў:


— Нічога сабе! А што гэта за дзіўныя грыбкі тут паўсюль скачуць?


У адказ пачулася:


— Гэта круцькі; не крыўдзіце іх, яны вельмі добрыя і не кусачыя.


І тут адна круцька заўважыла Маха з Шэбеставай, і іх прыгоцала да дзяцей цэлая хмара, а той вялізны сабака закрычаў:


— Мама, мама, тут у траве нешта дзіўнае, яно варушыцца!


Невядома адкуль вынырнуў яшчэ большы барбос, ростам мо метры чатыры, Мах такога сабачышчы жахліва спалохаўся і кінуўся ўцякаць, але меншы цюцька — цап! — і схапіў яго ў лапы, затым без цяжкасцяў злавіў Шэбеставу і пасадзіў абаіх у мяшэчак з зялёнаю локшынай, якая дужа прыемна пахла. Седзячы ў духмяным мяшэчку, Мах з Шэбеставай пачулі, як аграмадная сабачая матуля кажа:


— Да чаго ж ты немагчымае дзіця, Бабылька, табе што, абавязкова адразу ўсё браць у рукі? Яшчэ падхопіш якую заразу! Хто ведае, што гэта такое — выглядае досыць гнюсна!


На такія словы Мах, вядома ж, пакрыўдзіўся:


— Слухай, Шэбестава, мы што, дазволім, каб пра нас так гаварылі? Мне ўжо карціць вярнуцца.


Аднак Шэбестава яго асадзіла:


— Не распаляйся! Мы яшчэ нічога не даведаліся, а ты ўжо вяртацца! Нельга адразу крыўдзіцца, навуковы дослед — гэта табе не хухры-мухры! Урэшце, можа, мы яшчэ на каго натрапім, хто да нас будзе ставіцца як належыць.


На наступны дзень Бабылька ўзяла іх з сабой у школу, каб паказаць сабачай настаўніцы, якую тут называлі цяпцюлькай; заняткі адбываліся на дварэ, паўсюль скакалі круцькі, а цяпцюлька доўга разглядала Маха і Шэбеставу праз лупу, сапла на іх і ўрэшце сказала:


— Дзеці, гэта рэдкія экзэмпляры невядомых звяроў, я б сказала, што гаворка ідзе пра асаблівы від мышэй з недаразвітым носам.


Тут ужо Мах не вытрываў і закрычаў:


— Мы не мышы, мы людзі! І не сапіце на нас! Каб вы ведалі, людзі — самыя развітыя істоты, і насы ў нас таксама нармальныя, прынамсі, нюхаем мы не горш за іншых.


Але тая сабачая настаўніца, або цяпцюлька, трохі пакрыўджана прамовіла:


— Праўда? Тады, калі ласка, панюхайце і скажыце нам, што вы чуеце.


Мах з Шэбеставай наставілі насы і заветрылі, але нічога не ўчулі, тады цяпцюлька паказала на першую парту:


— А ты, Чамжа, што чуеш?


— Чую за два кіламетры адсюль Жлабаву, — адказаў вучань Чамжа, — яна накіроўваецца сюды!


Цяпцюлька панюхала, кіўнула галавой і сказала, звяртаючыся да Маха і Шэбеставай:


— Ну што, самі бачыце, што нюх у вас — сабаку пад хвост.


Тут ужо і Шэбестава не стрымалася:


— Ну добра, магчыма, нюх у нас не такі востры, як у вас, затое мы ўмеем выдатна лічыць, бо ў людзей на першым месцы розум, а не нейкі нюх.

А цяпцюлька сказала:


— Што ж, тады я задам вам задачу на разважанне, запісвайце: калі адзін дурань ссячэ дрэва, а два дурні выліюць у раку пяць літраў гразі, які будзе вынік?


Шэбестава неўразумела зірнула на Маха:


— Што за лухта такая, хіба ж гэта задача?


А цяпцюлька праз момант спытала:


— Ну што, яшчэ не падлічылі?


Тады Мах прашаптаў Шэбеставай:


— Чалавек дасць сабе рады ў любой сітуацыі! Давай сюды праз слухаўку выклічам нашую настаўніцу, яна ўжо пэўна гэтую задачу развяжа.


Так яны і зрабілі, і на планеце Цяп-Цяп зямлянаў стала трое. Настаўніца была ўшчэнт шакаваная сабачымі вучнямі ды круцькамі, што лазілі па школьнай дошцы, а выслухаўшы заданне, сказала:


— Прашу прабачэння, але як настаўніца я сцвярджаю, што гэтую задачу развязаць абсалютна немагчыма!


Аднак цяпцюлька паказала на першую парту, вучань Чамжа падняўся і выпаліў:


— Адзін дурань, які ссячэ дрэва, плюс два дурні, якія выліюць у раку вядро гразі, — роўна дзвесце круцек, якія прападуць нізавошта!


Цяпцюлька ўхвальна кіўнула галавой і прамовіла, звяртаючыся да настаўніцы:


— Вось бачыце! Хачу вам сказаць, што па арыфметыцы вы б у мяне мелі гарантаваны кол.


Мах ад злосці ажно падскочыў, як чарцяня:


— Вось напасць, ды што вы заладзілі: круцькі ды круцькі, што вы пра іх так турбуецеся! Іх паўсюль поўна, як толькі па вас не поўзаюць! У нас бы іх даўно панішчылі, ад іх жа няма ніякай карысці: ні мяса, ні малака яны не даюць, песняў не спяваюць, у акварыюм іх не пасадзіш! Дык скажыце, чаго вы пра іх так клапоціцеся?


Цяпцюлька ў адказ усміхнулася:


— Відаць, таму, што мы іх любім.


Тады і Шэбестава ўсміхнулася і зірнула на Маха:


— Добра ж яна цябе ў лапці абула!


У гэты момант пачуўся жудасны грукат. Мах і Шэбестава азірнуліся і ўбачылі, што з лесу да іх набліжаецца махнатае страшыдла з вялізнымі рагамі і кіпцюрамі, галава яго была ўпоравень з вершалінамі дрэваў, а з пашчы выляталі клубы серы. Чамжа выгукнуў:


— Жлабава ўжо тут!


У Шэбеставай падкасіліся ногі, Мах збляднеў, а настаўніца закрычала:


— Божа мілы, шаноўная каляжанка, зрабіце што-небудзь! У нас мы бярэм стрэльбу, разок пальнем — і такая пачвара мярцвяк!


Але цяпцюлька спакойна адказала:


— А мы ў нас так не робім. Мы Жлабаву заўсёды пачціва вітаем.


І ўсе сабачыя вучні Жлабаве замахалі і закрычалі: “Добры дзень, Жлабава!” — а Жлабава на імгненне перастала пускаць серу і глыбокім голасам сказала: “Прывітанне!”


Калі ж нашыя героі вярнуліся з планеты Цяп-Цяп у сваю школу, настаўніца вучням сказала:


— Дапішыце, калі ласка, у сваіх сшытках, што хоць чалавек і гаспадар усяго жывога, але гэта яшчэ не значыць, што ён гаспадар мудры: такім ён зробіцца толькі тады, калі стане абаронцам і найлепшым сябрам усіх звяроў і раслін на Зямлі!


А пасля заняткаў Мах з Шэбеставай ішлі дадому, і насустрач ім выбег Джанатан. Ён радасна брахаў ды скакаў вакол іх, і Мах сказаў:


— Слухай, Шэбестава, мы, мусіць, будзем добрымі гаспадарамі ўсяго жывога, бо Джанатан ужо цяпер наш найлепшы сябра.

Belarusian publisher: Ludmila Karanevich

Licence №02330/0133309, 09.06.2004

Пераклад з чэшскай – Сяргей Сматрычэнка © 2012

Чытайце таксама

Франк Варжак

Франк Варжак

Французскі пісьменнік.

Ўолт Ўітмэн

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст.

Марыя Канапніцкая

Марыя Канапніцкая

Польская паэтка, празаік, літаратурны крытык, публіцыст і перакладчыца

Таццяна Нядбай

Таццяна Нядбай

2005