№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ханс Крысціян Андэрсэн

Русалачка (Den lille Havfrue)

Казка

Пераклад з дацкай Алеся Башарымава

Далёка-далёка ў моры вада сіняя, быццам пялёсткі найпрыгажэйшых васількоў, і чыстая, як найяснейшае шкло. Але глыбіня там такая, што якар не сягне дна, і толькі калі паставіць адна на адну некалькі званіцаў, вяршыня апошняй паказалася б над вадой. Там, у гэтых нетрах, жыве марскі народ.

Не думайце, што там, на дне марскім — адзін толькі голы пясок, зусім не: там растуць дзівосныя дрэвы і расліны з такімі пяшчотнымі лісточкамі і гнуткімі сцяблінамі, што ад кожнай хвалькі яны варушацца, быццам жывыя. Усе рыбы, якія толькі ёсць — маленькія ды вялікія, — слізгаюць між галінаў, не раўнуючы птушкі ў небе. На самым глыбокім дне стаіць палац марскога караля. Муры палаца каралавыя, спічастыя вокны — з найяснейшага бурштыну, а дах пакрыты ракавінкамі мідый, якія адчыняюцца і зноў зачыняюцца ў час адліву. Відовішча гэтае зачароўвае, бо ўсярэдзіне ракавінак ляжаць зіхоткія перліны, кожная з якіх вартая аздобіць карону любой каралевы.

Марскі кароль шмат гадоў быў удаўцом, і яго старая маці дапамагала яму весці дом. Яна была разумнай жанчынай, але ганарылася сваім высакародным паходжаннем і таму насіла дванаццаць вустрыц на хвасце; іншыя прыдворныя дамы маглі насіць толькі шэсць. У любым разе, яна заслугоўвала ўсялякай пашаны, бо як ніхто клапацілася пра маленькіх марскіх прынцэс, сваіх унучак. Іх было шасцёра, і ўсе — чароўныя дзеткі, але з малодшай зраўнацца не магла ніводная з сясцёр. Скура яе была гладкая і ружовая, быццам пялёстак ружы, а вочы сінія, як бяздоннае возера! Але, як і астатнія сёстры, яна не мела ні ног, ні тулава — адно толькі рыбін хвост.

Дзень навылёт сёстры бавілі за гульнямі ў палацы. Сцены ў вялікіх залах прарасталі жывымі кветкамі, у адчыненыя янтарныя вокны заплывалі рыбіны, як у нас маглі б заляцець у пакой ластаўкі. Рыбіны смела падплывалі да маленькіх прынцэс, елі з іх рук і давалі сябе пагладзіць.

Знадворку, за сценамі палаца, было вялікае мора з пунсовымі і цёмна-сінімі дрэвамі. Плады ззялі, як золата, квецень гарэла, нібы палымяны агонь, а лісточкі і галіны няспынна калыхаліся. Дол жа засцілаў драбнюткі пясочак, блакітны, як сернае полымя: усё патанала там у нейкім дзіўным блакітным святле. Можна было падумаць, што ты высока ў нябёсах, якім не відаць канца, а зусім не на дне марскім. Калі мора было спакойным, скрозь ваду праглядалася сонца, падобнае да ліловай кветкі: здавалася, што з яе чашачкі і ліецца ўсё гэтае святло.

Кожная з юных прынцэс мела ў садзе свой куточак, дзе яна магла садзіць што захоча. Адна прынцэса разбіла кветнік у форме кіта, другая ўпадабала форму маленькай русалачкі, а самая малодшая зрабіла зусім круглы, як сонца, кветнік — і ззяў ён такімі ж, як яно, чырвонымі кветкамі. Яна была чароўным дзіцем, спакойным і разважлівым. Сёстры яе насілі найдзівоснейшыя аздобы, знойдзеныя на затанулых караблях, ёй жа хапала ружовых, як сонейка, кветак. Адзіным, што яе гэтак жа зачароўвала, была прыгожая мармуровая статуя хлопчыка, выразаная з чыстага белага каменю, што апынулася на дне пасля караблекрушэння. Прынцэса пасадзіла каля яе ружовую вярбу, якая вырасла вельмі зграбнай. Яна захінала статую гнуткімі галінамі, спускаючы іх да самага блакітнага пяску; цень у засені быў ліловы і нібыта калыхаўся разам з галінамі — здавалася, вершаліны песцяць і цалуюць свае карані.

Нішто так не любіла маленькая прынцэса, як слухаць гісторыі пра свет людзей, што жывуць над морам. Старой бабулі давялося расказаць усё, што яна ведала пра караблі і гарады, пра людзей і звяроў. Самым дзівосным прынцэсе здавалася тое, што там, на высокай зямлі, у кветак быў водар — бо на марскім дне кветкі зусім не пахлі — і што лясы наверсе былі зялёныя, а рыбы, якія плавалі там між галінаў, маглі спяваць так звонка і прыгожа, што слухаць іх было сапраўднай асалодай. Рыбамі бабуля называла птушак, бо іначай прынцэсы не зразумелі б яе: яны ж ніколі не бачылі птушак.

— Калі вам споўніцца па пятнаццаць гадоў, — казала бабуля, — вам дазволяць выйсці з мора. Вы зможаце сядзець на скалах у святле месяца і глядзець, як вялікія караблі плывуць па вадзе; вы ўбачыце лясы і гарады!

На наступны год самай старэйшай з сясцёр спаўнялася пятнаццаць. Астатнія былі маладзейшыя адна за адну на год, і самая малодшая яшчэ цэлых пяць гадоў мусіла чакаць сваёй чаргі, каб пакінуць марское дно і паглядзець, як выглядае наш свет. Але прынцэсы дамовіліся, што кожная будзе расказваць астатнім пра ўсё, што пабачыла і што ўразіла яе найбольш, таму што бабуліных гісторыяў ім не хапала і яшчэ столькі ўсяго хацелася ведаць!

Ніхто так не сумаваў па тым незнаёмым свеце, як самая малодшая з прынцэс — тая, што мусіла чакаць болей за ўсіх, тая, што была такая ціхая і задуменная. Шмат начэй стаяла яна ля адчыненага акна і глядзела ўгору скрозь цёмна-сінюю ваду, дзе рыбы пагойдвалі плаўнікамі ды ўзмахвалі хвастамі. Ёй былі бачныя месяц і зоркі; канечне, яны свяцілі даволі блякла, але пад вадой усё здаецца нашмат большым, чым мы прывыклі бачыць. Калі ўверсе праплывала нешта падобнае да агромністай чорнай хмары, прынцэса ведала, што гэта або кіт, або карабель, поўны людзей, якія нават не здагадваліся, што дзесьці на дне чароўная русалачка цягне да іх рукі.

І вось настаў дзень пятнаццацігоддзя самай старэйшай прынцэсы — прыйшоў яе час падняцца з мора.

Калі яна вярнулася, уражанням яе, здавалася, не было канца. Яна расказала, што самым чароўным было ляжаць на пясчаным беразе спакойнага возера пад промнямі месяца і глядзець, як зіхціць агнямі, нібы мноствам зорак, вялікі горад з высокімі званіцамі і спічакамі, што раскінуўся на ўзбярэжжы. Як прыемна было слухаць музыку, бой званоў, грукат і шум павозак і людзей! І ад таго, што яна не магла туды трапіць, гэта вабіла яе яшчэ больш.

О, чаго толькі не пачула маленькая Русалачка! Пазней, калі яна, як звычайна, стаяла ўвечары каля адчыненага акна і глядзела ўгору праз цёмна-сінюю ваду, яна думала пра вялікі горад з яго грукатам і шумам і, здавалася, нават чула царкоўныя званы.

На наступны год прыйшла чарга другой сястры падняцца наверх і паглядзець на наш свет. Яна вынырнула якраз калі заходзіла сонца, і гэта было сапраўды чароўнае відовішча. Усё неба ззяла, нібы золата, расказвала яна потым, а аблокі — о, іх хараство яна нават не магла апісаць! Чырвоныя, ліловыя, яны праплывалі над ёй, і іх абганяла чарада дзікіх лебедзяў, што ляцела насустрач сонцу, — здавалася, нібы доўгі белы вэлюм віўся над вадою; прынцэса таксама паплыла да сонца, але яно закацілася, і ружовае ззянне на моры і ў небе адразу згасла.

Мінуў яшчэ год, і цяпер ужо трэцяя сястра паднялася наверх. Яна была з усіх самай адважнай і таму паплыла адразу ў шырокую раку, што ўлівалася ў мора. Прынцэса бачыла пагоркі ў вінаградніках, бачыла палацы і падворкі між густых лясоў, чула дзівосныя спевы птушак. Яркае сонца так пякло, што ёй даводзілася ўвесь час ныраць пад ваду, каб астудзіць распалены твар. У адным заліўчыку яна сустрэла вясёлы гурт чалавечых дзяцей: яны былі зусім голыя і з разгону скакалі ў ваду. Яна захацела пагуляць з імі, але дзеці спалохаліся і паразбягаліся, і тады аднекуль выскачыў нейкі маленькі звер і так страшна забрахаў, што яна, спалохаўшыся, вярнулася ў адкрытае мора. Гэта быў звычайны сабака, але ж яна ніколі раней не бачыла сабак. Назаўсёды засталіся ў яе памяці густыя лясы, зялёныя пагоркі і мілыя дзеткі, якія ўмеюць плаваць, хоць у іх няма рыбіных хвастоў.

Чацвертая сястра была не такая смелая і не пакінула адкрытага мора, якое ляжала вакол куды ні глянь. Гэта здалося ёй самым чароўным, што яна бачыла ў сваім жыцці! Неба над бурным морам нагадвала вялізны шкляны купал, у далечы плылі караблі, падобныя да чаек, у хвалях гарэзілі вясёлыя дэльфіны, а вялізныя кіты пускалі з ноздраў цэлыя фантаны вады.

Потым настала чарга пятай сястры. Яе дзень нараджэння прыпадаў на самую зіму, і таму яна пабачыла тое, чаго астатнім не давялося. Мора было зусім зялёнае, і вакол плавалі айсбергі, падобныя да перлінаў, расказвала яна, але былі яны нашмат большымі, чым званіцы, пабудаваныя людзьмі. Яны мелі дзівосныя формы і блішчалі, як дыяменты. Яна села на адзін з самых вялікіх, і ўсе маракі баязліва абміналі яго, пакуль яна сядзела там і вольны вецер гуляў з яе доўгімі валасамі. Але пад вечар усё неба завалаклі хмары, пачало бліскаць і грукатаць, і чорнае мора ўздымала на хвалях вялізныя крыгі, што ззялі ў святле чырвоных маланак. На караблях спускалі ветразі, усіх апанавалі жах і адчай, але прынцэса спакойна сядзела на сваім плывучым айсбергу і глядзела, як сінія зігзагі маланак б’юць у зіхоткае мора.

Кожны раз, калі адна з сясцёр упершыню выходзіла з вады, яе ўражвала тое новае і прыгожае, што яна бачыла там. Але цяпер, калі прынцэсы сталі дарослымі і ім было дазволена падымацца наверх калі заўгодна, гэта зрабілася не так цікава, і ўсё больш ім падабалася дома; калі ж мінуў месяц, яны сказалі, што няма прыгажэйшага і прыемнейшага за іх падводны свет.

Вечарамі пяцёра сясцёр, узяўшыся за рукі, падымаліся з вады. Галасы ў іх былі прыгажэйшыя, чым у любога чалавека; у шторм, убачыўшы карабель, які вось-вось, здавалася, патоне, яны плылі наперадзе, і спявалі чароўныя песні пра тое, як прыгожа ў іх на марскім дне, і ўгаворвалі маракоў, каб тыя не баяліся там апынуцца; але маракі не разумелі іх словаў — ім здавалася, што гэта шуміць шторм, і падзівіцца на хараство марскога дна яны не маглі, бо калі карабель патанаў, яны захлыналіся і толькі мёртвымі траплялі ў замак марскога караля.

Кожны раз, калі сёстры вось так, рука ў руцэ, падымаліся з марской вады, малодшая, што заставалася адна, глядзела ім услед з такім смуткам, што здавалася, зараз слёзы паліюцца з яе вачэй. Але русалкі не могуць плакаць, і ад таго яе пакуты былі яшчэ большымі.

— Ах, калі б мне было пятнаццаць! — уздыхала яна. — Я ведаю, што палюблю дзіўны свет, які раскінуўся наверсе, і яго людзей, што будуюць там свае дамы і палацы!

І вось нарэшце Русалачцы споўнілася пятнаццаць.

— Вось і ты сплываеш ад нас, — сказала ёй бабуля, каралева-ўдава. — Давай я прыбяру цябе, як тваіх сясцёр!

Валасы Русалачкі яна ўпрыгожыла вянком з белых лілеяў, кожны пялёстак і кожны лісточак якіх быў палавінкай жамчужыны, а да хваста прынцэсы моцна прычапіліся восем вустрыц, якія абазначылі яе высокі сан.

— Як балюча! — усклікнула Русалачка.

— Што ж, дзеля прыгажосці можна і памучыцца, — сказала старая.

О! Як хацела Русалачка стрэсці з сябе ўсе гэтыя аздобы і зняць з галавы цяжкі вянок! Чырвоныя кветкі з яе саду пасавалі б ёй значна больш, але яна не магла нічога зрабіць.

— Бывайце! — сказала яна і лёгка, быццам бурбалка, узнялася на паверхню вады.

Калі Русалачка вынырнула, сонца толькі-толькі закацілася, але аблокі ўсё яшчэ ззялі пунсовым і залатым. У ружовым небе ярка і прывабна зіхцела вечаровая зорка, паветра было мяккім і свежым, а мора — спакойным. Русалачка ўбачыла вялізны карабель з трыма мачтамі, але падняты быў толькі адзін ветразь, бо панаваў поўны штыль. На мачтах сядзелі матросы; грала музыка, гучалі песні, і калі зусім згусціўся вечаровы змрок, на караблі запалілі сотні рознакаляровых ліхтарыкаў — яны зіхцелі так, што здавалася, сцягі ўсіх краінаў лунаюць у паветры. Русалачка падплыла да акна каюты і, гайдаючыся на хвалях, зазірнула туды. За крыштальна чыстым шклом яна ўбачыла мноства людзей у раскошных убраннях, а самым прыгожым між іх быў юны прынц з вялікімі чорнымі вачыма. Яму толькі што споўнілася шаснаццаць, гэта быў яго дзень нараджэння, і ўся ўрачыстасць адбывалася ў яго гонар. Матросы танчылі на палубе, і калі прынц выйшаў да іх, у паветра ўзвіліся сотні ракет і ўспыхнулі ў небе так ярка, нібыта раптам настаў дзень. Русалачка перапалохалася і схавалася пад ваду, але хутка зноў высунула голаў, і зверху нібыта пасыпаліся нябесныя зоры. Ніколі не бачыла яна такога вогненнага чарадзейства! Вялізныя сонцы варочаліся над ёю, дзівосныя вогненныя рыбы гайдаліся ў сінім небе, быццам на хвалях, і ўсё гэта адбівалася ў спакойным і чыстым моры. На караблі было так светла, што кожная вяровачка была бачная, не кажучы пра людзей. Ах, які ж прыгожы быў юны прынц! Ён паціскаў усім рукі і смяяўся ад душы, і музыка разлівалася і звінела ў гэтай чароўнай ночы.

Было ўжо вельмі позна, а Русалачка ніяк не магла адвесці вачэй ні ад карабля, ні ад чароўнага прынца. Каляровыя ліхтарыкі згаслі, ракеты больш не ўзляталі ў паветра і не гучалі ўрачыстыя гарматныя стрэлы, толькі ў глыбіні мора штосьці гуло і буркатала, а Русалачка ўсё гушкалася на хвалях, зазіраючы штораз у каюту. Але тут карабель набраў хуткасць, ветразі яго надзімаліся адзін за адным, хвалі захадзілі ходарам, вялізныя хмары сутыкнуліся ў небе і дзесьці далёка бліснуў пошуг маланкі. Як разлютаваўся, як раз’юшыўся вятрыска! Матросы паспешліва пачалі спускаць ветразі. Вялікі карабель несла па дзікім моры, якое ўздымала высокія, быццам горы, хвалі і абрынала іх на мачты. Карабель паднырваў пад іх, быццам лебедзь, і зноў уздымаўся на іхныя хрыбты. Для Русалачкі гэтая бура была толькі пацешнай забавай, але для матросаў усё выглядала інакш. Карабель рыпеў і трашчаў, тоўстыя дошкі прагіналіся пад моцнымі ўдарамі хваляў, якія хвасталі судна, — і раптам мачта хруснула і пераламалася папалам, як былінка. Карабель кінула на бок, і вада пачала заліваць трум. Тады Русалачка зразумела, якая небяспека пагражае матросам. Ёй і самой даводзілася ўхіляцца ад бэлек і абломкаў карабля, якія несліся па вадзе. На нейкі момант зрабілася цёмна як у магіле, але тут зноў бліснула маланка і асвяціла ўсіх, хто быў на караблі: матросы адчайна спрабавалі ўтрымацца на нагах. Русалачка пашукала вачыма юнага прынца і заўважыла яго акурат тады, калі карабель разваліўся на часткі. Яна ўбачыла, як прынц апускаецца ў марскія глыбіні і спачатку вельмі ўзрадавалася, што цяпер ён трапіць у яе каралеўства, але раптам успомніла, што людзі не могуць жыць у вадзе і што ў замак марскога караля прынц зможа трапіць толькі мёртвым. Не, не, ён не павінен памерці! Яна паплыла між дошак і карабельных абломкаў, гнаных шалёнымі хвалямі, начыста забыўшыся, што яны могуць расціснуць яе; яна нырала глыбока пад ваду, зноў высока ўздымалася на хвалях і ўрэшце апынулася каля юнага прынца, які ўжо амаль не мог плысці ў гэтым раз’юшаным моры: ён знясілена варушыў рукамі і нагамі, прыгожыя вочы яго былі заплюшчаныя — калі б не прыспела Русалачка, пагібель яго была б немінучай. Трымаючы галаву прынца над вадой, яна аддалася на волю хваляў, і яны неслі яе разам з прынцам куды хацелі.

На золку бура сціхла. Ад карабля не засталося і шчэпкі. Над вадой уздымалася яркае, чырвонае сонца — яго промні нібыта вярнулі шчокам прынца былы румянец, але юнак так і не адкрыў вачэй. Русалачка пацалавала яго прыгожы высокі лоб і прыбрала з яго мокрыя валасы. Прынц нагадваў ёй мармуровага хлопчыка з яе саду. Яна зноў пацалавала яго: ёй так хацелася, каб ён ажыў!

Але вось Русалачка ўбачыла перад сабою цвёрдую зямлю і высокія блакітныя горы: здавалася, чарада лебедзяў апусцілася на вяршыні — такі белы снег на іх блішчаў. Да ўзбярэжжа падступаў чароўны зялёны гай, а побач стаяў будынак: ці то царква, ці то кляштар — гэтага Русалачка не ведала. Вакол раслі лімонныя і апельсінавыя дрэвы, а перад брамаю — пальмы. Мора ўтварала тут невялічкую бухту, спакойную, але вельмі глыбокую. Русалачка падплыла проста да скалы, да падножжа якой хвалі нанеслі бялюткі дробны пясочак. Яна паклала прынца так, каб галаву яго сагравалі цёплыя сонечныя промні.

Тут у вялікім белым будынку зазванілі званы, і ў садзе паказаўся гурт маладых дзяўчат. Русалачка адплыла падалей і схавалася за высокімі камянямі, што тырчалі з вады. Пакрыўшы валасы і грудзі марской пенай, каб ніхто яе не заўважыў, яна пачала сачыць, хто падыдзе да няшчаснага прынца.

Неўзабаве адна з дзяўчатаў заўважыла яго і падышла; на момант яна спалохалася, але хутка прывяла яшчэ людзей на дапамогу. Русалачка ўбачыла, як прынц ачуняў і ўсміхнуўся ім усім — але не ёй: ён жа нават не ведаў, што гэта яна выратавала яму жыццё. Яна засмуцілася і, калі прынца павялі ў вялікі будынак, са скрухай у сэрцы нырнула ў ваду і паплыла дадому, у бацькоўскі замак.

Русалачка заўсёды была ціхаю і задуменнай, але такой маўклівай, як цяпер, яе ніколі не бачылі. Сёстры распытвалі Русалачку пра яе першае падарожжа, але яна нічога ім не расказала.

Не раз увечары або ўранку падымалася яна туды, дзе пакінула прынца. Яна бачыла, як саспелі плады ў садзе і як іх сабралі, бачыла, як снег растаў на высокіх гарах, але прынца ёй больш так і не давялося сустрэць, і таму яна кожны раз вярталася дадому ўсё больш засмучанай. Адзіным яе суцяшэннем было сядзець у сваім садзе, абняўшы чароўную мармуровую статую, якая так нагадвала прынца. Свае кветкі Русалачка зусім закінула: занядбаныя, яны раслі, як пустазелле, на сцежках і абвівалі сцяблінамі і лісцем галіны дрэваў, і ад таго ў садзе зрабілася вельмі змрочна.

Урэшце Русалачка не магла больш трываць свайго болю і расказала пра яго адной з сясцёр; хутка пра ўсё даведаліся і астатнія сёстры. Акрамя іх, пра бяду Русалачкі не ведаў ніхто — толькі яшчэ, бадай, пара знаёмых русалак, якія нікому пра гэта не расказвалі —хіба сваім самым блізкім сяброўкам. Адна з іх ведала, хто такі прынц, бо таксама бачыла яго свята на караблі; яна нават ведала, з якога ён каралеўства.

— Паплылі, сястрычка! — сказалі астатнія прынцэсы. Абняўшы адна адну за плечы, яны ўсе разам падняліся з мора ў тым месцы, дзе, як яны ведалі, стаяў палац прынца.

Ён быў збудаваны са светла-жоўтага бліскучага каменю. Шырокія мармуровыя сходы спускаліся проста ў мора. Раскошныя залачоныя купалы ўздымаліся над дахам, а між калонаў, што атачалі ўвесь будынак, стаялі мармуровыя статуі, і здавалася, што яны жывыя. За чыстымі шыбамі высокіх вокнаў былі бачныя шыкоўныя залы з дарагімі дыванамі і ядвабнымі гардзінамі, а ад вялізных карцін на сценах нельга было адвесці вачэй. Пасярод самай вялікай залы біў высокі фантан, струмяні яго сягалі пад самы шкляны купал, праз які сонца свяціла на ваду і на чароўныя расліны ў вялікім басейне.

Цяпер яна ведала, дзе жыў прынц, і часта прыплывала сюды ўвечары ці ўначы; ніхто з яе сясцёр не адважваўся так набліжацца да сушы, як яна. Русалачка праплывала вузкім каналам пад раскошны мармуровы балкон, што кідаў на ваду доўгі цень, і адтуль любавалася юным прынцам, які думаў, што ён зусім адзін пад гэтым ясным месяцовым святлом.

Шмат разоў бачыла яна, як ён плыў на сваёй прыгожай лодцы пад ветразямі; адтуль чулася музыка, а ў вышыні луналі сцягі. Русалачка назірала за лодкай, схаваўшыся ў зялёным трыснягу, і калі раптам вецер падхопліваў і ўзвіваў яе доўгі срэбна-белы вэлюм, людзі думалі, што гэта лебедзь узмахвае крыламі.

Не раз уначы, калі рыбакі раскладалі вогнішча на беразе мора, яна чула, якімі добрымі словамі яны згадваюць прынца, і радавалася, што ўратавала яму жыццё. Яна ўспамінала, як несла ледзь жывога прынца па хвалях, як галава яго ляжала на яе грудзях і як пяшчотна яна тады яго пацалавала. Сам жа ён нічога пра гэта не ведаў і нават здагадвацца не мог пра існаванне Русалачкі.

Усё больш і больш Русалачка захаплялася людзьмі, усё больш і больш хацелася ёй да іх падняцца. Іх свет падаваўся ёй значна большым за ейны: яны маглі плаваць на караблях па моры, падымацца на высокія горы пад самыя аблокі, а землі іх з усімі лясамі і палямі нельга было акінуць вокам. Ёй хацелася столькі даведацца, але сёстры не маглі адказаць на ўсе яе пытанні; тады яна ішла да старой бабулі, якая ведала багата пра вышні свет — так трапна яна называла землі над морам.

— А людзі, калі не патонуць, жывуць вечна? — пыталася Русалачка. — Яны не паміраюць, як мы?

— Не, яны паміраюць таксама, — казала старая, — і адведзены ім век яшчэ карацейшы за наш. Мы можам пражыць трыста гадоў, але калі надыходзіць наш час, мы робімся толькі пенаю на вадзе і не можам нават быць пахаванымі побач з нашымі блізкімі. У нас няма несмяротнай душы, мы ніколі не спазнаем іншага жыцця, мы як зялёны трыснёг, які, аднойчы зрэзаны, ужо больш не зазелянее! У людзей жа ёсць душа, якая ніколі не памірае; яна жыве і пасля таго, як іх цела зробіцца зямлёй; тады яна ўздымаецца ў чыстае неба аж да самых зіхоткіх зорак! Як мы вынырваем з мора і сузіраем землі людзей, так і яны ўздымаюцца ў нязведаныя чароўныя месцы, якіх нам ніколі не ўбачыць.

— Чаму ж у нас няма несмяротнай душы? — засмучана сказала Русалачка. — Я б усе свае трыста гадоў аддала за тое, каб адзін толькі дзянёк пабыць чалавекам і потым трапіць у гэты нябесны свет!

— Нават не думай пра гэта! — сказала старая. — Мы нашмат шчаслівейшыя тут, чым людзі ў сябе наверсе!

— Значыць, я памру, і зраблюся марской пенаю, і ніколі больш не пачую музыкі хваляў, не ўбачу прыгожых кветак і чырвонага сонца? Няўжо і праўда мне ніяк нельга атрымаць несмяротную душу?

— Нельга, — сказала старая. — Толькі калі чалавек закахаецца ў цябе так моцна, што ты станеш яму даражэйшай за бацьку і маці, калі ён усе свае думкі і ўсю сваю любоў аддасць табе адной, калі святар злучыць вашыя рукі і загадае прынесці клятву ў заўсёднай вернасці — толькі тады часцінка душы таго чалавека пяройдзе да цябе і ты зможаш спазнаць чалавечае шчасце. Але яго душа застанецца з ім. Адарыўшы ёю цябе, ён не развітаецца са сваёй. Але як такое можа здарыцца? Тое, што тут, у моры, лічыцца прыгожым — напрыклад, твой рыбін хвост, — на зямлі ўсім будзе здавацца пачварным: яны зусім нічога не разумеюць у прыгажосці. Там, наверсе, каб лічыцца прыгожай, ты мусіш хадзіць на двух нязграбных слупах, якія яны называюць нагамі!

Русалачка ўздыхнула і сумна паглядзела на свой хвост.

— Але давайце весяліцца! — сказала старая. — Будзем гарэзіць і смяяцца ўсе трыста гадоў, што нам адведзеныя, — не так ужо гэта і мала! Тады і ў магіле спачываць будзе весялей! Увечары ў нас будзе прыдворны баль!

Свет ніколі не бачыў такіх пышных святаў! Сцены і столь у вялікай зале для танцаў былі з тоўстага, але празрыстага шкла. Сотні і сотні агромністых ракавін, ружовых і зялёных, быццам трава, стаялі шэрагамі ля сцен, а ўсярэдзіне іх палалі сінія агні, што асвятлялі ўсю залу і ззялі скрозь сцены, так што мора звонку таксама поўнілася святлом. Можна было разгледзець незлічоных вялікіх і маленькіх рыб, што падплывалі да шкляных муроў. Луска іх ззяла — у каго пурпурам, у каго срэбрам і золатам.

Пасярод залы бег шырокі струмень, у якім танчылі вадзянікі і русалкі пад сваю ўласную чароўную песню. Такіх дзівосных галасоў няма ў людзей на зямлі! Русалачка спявала прыгажэй за ўсіх, усе пляскалі ёй, і на імгненне яна адчула радасць у сэрцы, бо ведала, што такога мілагучнага голасу, як у яе, няма больш ні ў кога ні на зямлі, ні ў моры! Але хутка яе думкі зноў вярнуліся ў вышні свет; яна не магла забыцца на юнага прынца і на свой смутак ад таго, што не можа мець несмяротную душу, як ён. Цішком выслізнула яна з бацькавага палаца і, пакуль там звінелі песні і смех, яна самотная сядзела ў сваім садочку. Скрозь ваду да яе данесліся гукі валторны, і яна падумала: “Ах, гэта ён плыве ў сваёй лодцы там, высока — той, хто даражэйшы мне за бацьку і маці, той, да каго ляцяць усе мае думкі, той, чыім рукам я даверыла б шчасце ўсяго свайго жыцця! Я на ўсё гатовая, дзеля яго і несмяротнай душы! Няхай мае сёстры танчаць у бацькавым палацы, а я тым часам адпраўлюся да марской ведзьмы: хоць я заўсёды яе баялася, але раптам яна зможа дапамагчы мне?”

Русалачка пакінула свой садочак і паплыла да бурлівых віроў, за якімі жыла ведзьма. Ніколі Русалачка не плавала туды раней. Ні кветкі, ні водарасці там не раслі, вакол быў толькі голы шэры пясок. Віры, нібы колы млыноў, успеньвалі ваду, якая разбурала ўсё на сваім шляху і зацягвала ў свае глыбіні. Толькі праз гэтыя бурлівыя віры можна было трапіць ва ўладанні марской ведзьмы, адсюль вяла туды толькі гэтая дарога — кіпучым, гарачым глеем, які ведзьма называла сваёй дрыгвою. За ёй пасярод злавеснага лесу стаяла ведзьміна хатка; у лесе тым замест дрэваў і кустоў раслі паліпы — напалову жывёлы, напалову расліны; здавалася, стогаловыя змеі прараслі з зямлі. Галіны іх нагадвалі доўгія слізкія рукі, на якіх, быццам чарвякі, варушыліся пальцы; і самі паліпы выгіналіся ўсімі сваімі суглобамі ад каранёў да вяршыняў. Яны моцна абвівалі ўсё, да чаго маглі дацягнуцца, каб болей ніколі не адпусціць. Русалачка спынілася ў жаху, убачыўшы гэта; сэрца яе моцна білася, і яна ўжо гатовая была павярнуць назад, але ўспомніла пра прынца і пра чалавечую душу, і гэтыя думкі надалі ёй адвагі. Яна завязала вузлом свае доўгія валасы, каб паліпы не маглі ўхапіцца за іх, а рукі скрыжавала на грудзях і, быццам рыбіна, што імкліва рассякае водную прастору, рынулася наперад між гідкіх паліпаў, што цягнулі да яе слізкія рукі і пальцы. Сотні гэтых рук жалезнай хваткай трымалі ўсё, што ўдалося схапіць. Белыя шкілеты тапельцаў, што загінулі ў моры і апусціліся ў яго глыбіні, штурвалы караблёў, куфры і косці звяроў назаўжды заставаліся ва ўчэпістых руках паліпаў. А самым жахлівым відовішчам была маленькая русалачка, якую яны таксама злавілі і задушылі сваімі пачварнымі пальцамі.

Але вось Русалачка апынулася пасярод вялікай слізкай паляны, дзе валтузіліся вялізныя, тлустыя вадзяныя змеі, паказваючы пачварнае светла-жоўтае пуза. Пасярод паляны стаяў дом, збудаваны з белых костак тапельцаў. Там сядзела марская ведзьма і карміла рапуху з вуснаў — так, як людзі любяць частаваць кавалачкам цукру сваю канарэйку. Пачварных, тоўстых вадзяных змеяў яна называла цыпачкамі і дазваляла ім спачываць на сваіх шырокіх наздраватых грудзях.

— Ведаю-ведаю, чаго ты прыйшла, — сказала ведзьма. — Сама не знаеш, што робіш… Але я табе ўсё ж дапамагу, раз ты ўжо так хочаш сабе бяды, мілая мая прынцэса. Ты хочаш пазбавіцца рыбінага хваста, каб замест яго ты атрымаць дзве падпоркі і хадзіць на іх, як чалавек. Думаеш, што тады прынц цябе пакахае, і ты завалодаеш ім і несмяротнай душой!

Тут ведзьма зайшлася такім агідным і гучным рогатам, што рапуха і змеі пападалі долу і пачалі курчыцца ля яе ног.

— Ты завітала акурат у час, — сказала ведзьма. — Калі б ты прыцягнулася заўтра на світанні, я б ужо нічым табе не дапамагла, і ты б чакала яшчэ цэлы год. Я звару табе напой. Вазьмі яго і, перш чым падымецца сонца, плыві на бераг і там яго выпі. Тады твой хвост раздвоіцца і ператворыцца ў тое, што людзі называюць прыгожымі нагамі, — але ты адчуеш, быццам цябе працінаюць мячом. Затое кожны, паглядзеўшы на цябе, скажа, што ты наймілейшае дзіця чалавека, якое ён бачыў! Твая хада застанецца такою лёгкай, быццам ты не ідзеш, а плывеш, як раней, і ніводная танцоўшчыца не зраўнаецца з табою! Але кожны крок будзе несці табе такі боль, быццам ступаеш па вострым лязе, і раны твае будуць сплываць крывёй. Калі ты згодная на гэтыя пакуты, я дапамагу табе.

— Я згодная! — дрыготкім голасам сказала Русалачка. Яна была гатовая на што заўгодна дзеля прынца і несмяротнай душы.

— Але запомні, — сказала ведзьма, — калі ты прымеш чалавечае аблічча, то больш ужо ніколі не зможаш зрабіцца русалкай! Ты ніколі не зможаш вярнуцца ў падводнае каралеўства да сваіх сясцёр, у бацькаў замак, і калі прынц не закахаецца ў цябе так, што забудзе родных бацькоў, калі не прысвеціць свае думкі адной табе і калі святар не злучыць вашыя рукі, каб вы зрабіліся мужам і жонкай, то не будзе ў цябе ніякай несмяротнай душы! Тым ранкам, калі ён прачнецца мужам іншай жанчыны, тваё сэрца разаб’ецца, і ты ператворышся ў марскую пену.

— Я гатовая! — сказала Русалачка, збялеўшы як смерць.

— Але за дапамогу ты мне заплаціш, — сказала ведзьма, — і нямала. У цябе самы чароўны голас у падводным каралеўстве. Ведаю, ты думала прывабіць ім прынца, але я забяру яго ў цябе. Для такога каштоўнага напою мне спатрэбіцца найлепшае, што ты маеш! Я дадам у яго сваю кроў, каб ён атрымаўся востры, быццам сталёвы меч!

— Але калі ты возьмеш мой голас, — сказала Русалачка, — што застанецца мне?

— Тваё хараство, — сказала ведзьма, — і плаўная хада, і позірк, зразумелы без словаў — гэтага хопіць, каб заваяваць сэрца чалавека. Ну, чаго спужалася? Давай сюды свой язычок, зараз я яго адрэжу і зраблю табе моцны напой!

— Хай будзе так! — сказала Русалачка, і ведзьма паставіла на агонь чыгунок для чарадзейнага напою.

— Чысціня перадусім! — сказала яна і працерла чыгунок жмутом змеяў. Потым раздрапала сабе грудзі, і ў чыгунок закапала чорная кроў. У паветра ўзнялася пара; яна прымала такія дзівосныя абрысы, што рабілася вусцішна. Ведзьма ўвесь час укідвала ў чыгунок нешта новае, і ўрэшце зелле забулькатала, быццам кіпучыя кракадзілавы слёзы. І вось напой гатовы! Ён быў празрысты, як чысцюткая вада.

— Ну вось, трымай, — павярнулася ведзьма да Русалачкі і адрэзала ёй язык. Цяпер Русалачка анямела і не магла больш ні спяваць, ні гаварыць.

— Калі паліпы схопяць цябе, як будзеш вяртацца цераз мой лес, — сказала ведзьма, — пырсні на іх гэтым зеллем, і іх незлічоныя шчупальцы разарвуцца на тысячы кавалкаў!

Але гэта Русалачцы не спатрэбілася: паліпы ў жаху адсоўваліся, калі бачылі ў яе руках крыштальны, зіхоткі, як зорка, напой. Так яна хутка мінула і лес, і дрыгву, і бурлівыя віры.

Вось нарэшце і бацькаў палац перад ёю; агні ў вялікай зале для танцаў згаслі — напэўна, усе ўжо спяць. Але яна не наважвалася ўвайсці: цяпер яна была бясслоўнай і хацела пакінуць свой дом назаўсёды. Яна прабралася ў сад і сарвала па кветцы з кветнікаў сясцёр, а потым, паслаўшы на развітанне тысячы пацалункаў у бок палаца, паплыла наверх скрозь цёмна-сіняе мора.

Сонца яшчэ не ўзышло, калі яна ўбачыла палац прынца і паднялася на раскошны мармуровы ганак. Зыркі месяц свяціў з нябёсаў. Русалачка выпіла пякучы напой, і яе прыгожае цела нібыта працяла двувострым мячом. Яна знепрытомнела і засталася ляжаць як мёртвая. Калі ж над морам заззяла сонца, яна прачнулася і адчула востры боль. Затое перад ёю стаяў прыгожы малады прынц і сузіраў яе вугальна-чорнымі вачыма. Яна апусціла вейкі пад яго позіркам і ўбачыла, што замест рыбінага хваста ў яе мілыя зграбныя ножкі, зусім як у якой-небудзь зямной дзяўчыны. Але Русалачка была зусім без адзення, таму захінулася ў доўгія густыя валасы. Прынц спытаў, хто яна такая і адкуль. Яна толькі пяшчотна, але вельмі сумна паглядзела на яго сінімі вачыма, бо размаўляць не магла. Тады ён узяў Русалачку пад руку і павёў у палац. І кожны крок, як і прадказвала ведзьма, прыносіў ёй пакуты: яна нібыта ішла па калючых іголках і вострых нажах, але пакорліва трывала гэта. Яна паднялася лёгка, як бурбалка, і пайшла поруч з прынцам, і ён і ўсе, хто іх бачыў, дзівіліся яе плаўнай хадзе.

Яе ўбралі ў дарагі строй з ядвабу і мусліну, і цяпер ніводная дзяўчына ў палацы не магла зраўнацца з ёй хараством. Але Русалачка заставалася бясслоўнай і не магла ані спяваць, ані гаварыць. Прыгажуні-рабыні, апранутыя ў золата і ядваб, выйшлі і заспявалі для прынца і яго бацькоў — караля з каралеваю — мілагучныя песні, адна чароўней за іншую, і прынц пляскаў у далоні і ўсміхаўся Русалачцы. Яе агарнуў смутак, бо яна ведала, што спявала нашмат прыгажэй. “О, калі б ён толькі ведаў, — думала яна, — што я, адно каб быць з ім побач, развіталася са сваім голасам назаўсёды!”

Вось рабыні лёгка закружыліся пад дзівосную музыку ў чароўным танцы. Тады Русалачка ўзняла свае прыгожыя белыя рукі і лёгка паплыла на мысочках па падлозе. Ніколі ў гэтай зале не бачылі такога танцу! З кожным рухам яе хараство рабілася ўсё больш прыкметным. Вочы Русалачкі гаварылі сэрцу болей, чым спевы рабыняў.

Усе былі зачараваныя, асабліва прынц. Ён называў яе сваёй мілай знайдай, а яна ўсё кружылася і кружылася ў танцы, хоць кожны раз, як ногі яе краналіся зямлі, яе працінаў такі боль, нібыта яна танчыла на вострых нажах. Прынц дазволіў ёй назаўсёды застацца ў палацы і спаць на аксамітнай падушцы ля яго дзвярэй.

Ён загадаў пашыць для яе мужчынскі касцюм, каб яны маглі разам выязджаць верхам. Яны ехалі праз духмяныя лясы, і зялёныя галіны краналі яе за плечы, а ў маладой лістоце заліваліся птушачкі. Русалачка ўзбіралася з прынцам на высокія горы, і, хоць яе далікатныя ножкі крывавілі так, што гэтага нельга было схаваць, яна з усмешкаю рушыла за ім да самых вяршыняў, і яны разам глядзелі, як унізе праплываюць аблокі, нібыта чарада птушак, што адлятае ў вырай.

Калі ўсе ў палацы засыналі, яна выходзіла на шырокі мармуровы ганак, і марская вада халадзіла яе распаленыя ногі. Русалачка думала пра тых, хто застаўся ў глыбінях мора.

Аднае ночы яна ўбачыла сваіх сясцёр: яны плавалі, трымаючыся за рукі, і журботна спявалі. Русалачка памахала ім рукою, і яны пазналі яе і сказалі, як моцна яна засмуціла іх усіх. Яны пачалі наведваць яе штоночы, і аднойчы Русалачка нават бачыла здалёк сваю старую бабулю, якая ўжо шмат гадоў не пакідала марскіх глыбіняў, і свайго бацьку з каронаю на галаве. Яны цягнулі да яе рукі, але не наважваліся падплываць так блізка да берага, як яе сёстры.

З кожным днём Русалачка рабілася ўсё больш дарагою прынцу, ён палюбіў яе, як любяць мілае, пяшчотнае дзіця, толькі зрабіць яе сваёй каралевай яму нават не прыходзіла ў галаву. Але яна мусіць стаць яго жонкай, бо іначай не атрымаць ёй несмяротнай душы, і на ранак пасля вяселля прынца яна ператворыцца ў марскую пену!

“Хіба ты не любіш мяне больш за ўсіх?” — здавалася, казалі вочы Русалачкі, калі прынц абдымаў яе і цалаваў у прыгожы лоб.

— Канечне, ты мне за ўсіх мілейшая! — адказваў прынц. — Бо ў цябе самае добрае сэрца, ты мне найбольш адданая і да таго ж нагадваеш мне дзяўчыну, якую я бачыў аднойчы, але, відаць, ніколі ўжо больш не ўбачу… Мой карабель тануў, і хвалі вынеслі мяне на бераг ля святога храма, дзе неслі службу маладыя дзяўчаты. Самая малодшая з іх знайшла мяне на беразе і ўратавала мне жыццё. Я бачыў яе толькі двойчы. Яна адзіная на зямлі, каго я мог бы пакахаць, але ты так падобная да яе, ты амаль засланіла яе вобраз у маёй душы! Тая дзяўчына належыць храму, таму шчаслівы лёс паслаў мне цябе, і цяпер мы ніколі не разлучымся!

“Ах, ён нават не ведае, што гэта я ўратавала яму жыццё! — думала Русалачка. — А гэта ж я вынесла яго з мора да таго лесу, дзе стаіць храм, а потым хавалася ў пене і сачыла, ці не падыдуць да яго людзі! Я бачыла прыгажуню, якую ён любіць болей за мяне!” — і Русалачка глыбока ўздыхала, бо плакаць яна не магла.

“Але ён сказаў, што дзяўчына належыць храму і ніколі не пакіне яго сценаў. Яны болей ніколі не сустрэнуцца, а я з ім побач і бачу яго кожны дзень! Я буду клапаціцца пра яго, любіць яго, я аддам яму ўсё сваё жыццё!”

Але вось пайшла пагалоска, што прынц збіраецца ажаніцца з красуняю-прынцэсай з суседняга каралеўства. Маўляў, таму ён і аснашчае так свой цудоўны карабель. Вядома, паўсюль абвясцілі, што прынц едзе паглядзець землі суседскага караля, але ў народзе казалі, што насамрэч ён хоча ўбачыць яго дачку і бярэ з сабою вялікую світу! Русалачка толькі хітала галавой і ўсміхалася: думкі прынца былі ёй вядомыя нашмат лепей, чым іншым.

— Я павінен ехаць, — казаў ёй прынц. — Я павінен паглядзець на красуню-прынцэсу, такая воля маіх бацькоў, але яны не будуць мяне прымушаць узяць яе ў жонкі! Я не змагу пакахаць яе! Яна не падобная да той дзяўчыны з храма так, як ты! Калі б я і выбраў сабе нявесту, дык ёю хутчэй стала б ты, мая бязмоўная знайда з позіркам, які зразумелы без словаў!

Ён пацалаваў яе ў пунсовыя вусны і, гуляючы з яе доўгімі валасамі, прытуліў галаву да яе сэрца, якое марыла пра чалавечае шчасце і несмяротную душу.

— А ты не страшышся мора, маё бясслоўнае дзіця! — сказаў прынц, калі яны стаялі на караблі, які меў перанесці іх у суседняе каралеўства. Малады прынц расказваў Русалачцы пра буру і штыль, пра дзівосных рыб, што жывуць у глыбінях, пра таямніцы марскіх нетраў, і яна ўсміхалася, слухаючы яго аповед: ёй было больш чым каму вядома пра марское дно!

Яснай месяцовай ноччу, калі ўсе, апрача штурмана, спалі, яна, схіліўшыся над бортам, узіралася ў празрыстую ваду. Ёй здавалася, што яна бачыць бацькоўскі палац, і там наверсе стаіць яе старэнькая бабуля са срэбнай каронай на галаве і праводзіць позіркам кіль карабля, які губляецца ў бурлівай плыні. Потым з марскіх глыбіняў выплылі сёстры Русалачкі. Яны журліва глядзелі на яе, заломваючы свае белыя рукі, а яна махала ім і ўсміхалася. Русалачка хацела расказаць сёстрам, што з ёй усё добра, што яна шчаслівая, але да яе падышоў юнга, і сёстры схаваліся пад вадой, а юнга падумаў, што бачыў проста белую пену на хвалях.

Наступнага ранку карабель увайшоў у гавань прыгожага партовага горада ў суседнім каралеўстве. У горадзе забілі ў званы, з высокіх вежаў затрубілі ражкі, а жаўнеры стаялі з трапяткімі сцягамі і зіхоткімі багнетамі. Ні на дзень не спынялася свята. Балі змяняліся званымі вечарамі, але прынцэса ўсё не з’яўлялася. Казалі, што яна выхоўваецца пры святым храме далёка адсюль, дзе вучыцца ўсім каралеўскім цнотам. Але нарэшце яна прыбыла.

Русалачка нецярпліва зірнула на яе, каб убачыць, ці сапраўды яна такая прыгожая, і мусіла пераканацца, што такога хараства не бачыла яшчэ ніколі. Скура прынцэсы была такая пяшчотная і светлая, а з-пад доўгіх цёмных веек усміхаліся сінія лагодныя вочы!

— Гэта ты! — усклікнуў прынц. — Ты, тая, што ўратавала мяне, калі я ляжаў непрытомны на беразе! — і ён схапіў сваю пачырванелую нявесту ў абдымкі.

— О, які ж я шчаслівы! — сказаў ён Русалачцы. — Я атрымаў тое, пра што баяўся нават марыць! І ты зможаш раздзяліць маю радасць, бо любіш мяне болей за ўсіх!

Русалачка пацалавала яму руку, але сэрца яе разрывалася: пасля іх вясельнай ночы яна ператворыцца ў марскую пену.

Паўсюль забілі званы, вестуны аб’язджалі вуліцы горада і абвяшчалі пра заручыны прынца і прынцэсы. У дарагіх срэбных лампадах на алтарах курыўся духмяны алей, а святары гайдалі кадзільніцамі. Жаніх і нявеста злучылі свае рукі і атрымалі блаславенне біскупа. Русалачка, убраная ў ядваб і золата, трымала вэлюм нявесты, але яе вушы не чулі чароўнае музыкі, а вочы не бачылі раскошнае цырымоніі: яна думала пра ноч сваёй смерці і пра ўсё, што яна страціла ў гэтым свеце.

Гэтым жа вечарам жаніх і нявеста падняліся на карабель. У іх гонар грымнулі гарматы і ўзвіліся сцягі. Пасярод карабля іх чакаў раскошны шацёр з золата і пурпуру з мноствам мяккіх падушак — там маладыя будуць спаць гэтай ціхай, свежай ноччу.

Вецер напоўніў ветразі, і карабель імкліва і лёгка паплыў цераз празрыстае мора.

На змярканні запалілі каляровыя ліхтарыкі, і матросы пачалі на палубе вясёлыя танцы. Русалачка ўспомніла, як упершыню паднялася з мора і ўбачыла такое ж багатае і вясёлае свята. Яна кружылася ў танцы, лунала, нібыта ластаўка, што ўцякае ад пагоні, і ўсе прысутныя віталі яе з захапленнем, бо ніколі раней яна не танцавала так слаўна. Яе пяшчотныя ножкі ступалі быццам па вострых нажах, але яна не адчувала гэтага, бо боль у сэрцы быў яшчэ больш пякучым. Яна ведала, што гэта апошні вечар, калі яна бачыць таго, дзеля каго пакінула сям’ю і родны дом, прынесла ў ахвяру свой прыгожы голас і штодня трывала невымерныя пакуты, пра якія ён нават не здагадваўся. Гэта апошняя ноч, калі яна можа дыхаць адным з ім паветрам, бачыць глыбокае мора і сіняе зорнае неба, а за гэтай ноччу яе чакала ноч вечная, без думак і сноў, бо ў яе не было несмяротнай душы. Яшчэ доўга пасля поўначы на караблі святкавалі і весяліліся, а Русалачка ўсміхалася і ўсё танчыла, хаваючы думку пра смерць у сэрцы. Прынц пацалаваў красуню-нявесту, а яна пяшчотна пагладзіла яго чорныя валасы, і рука ў руку яны пайшлі спачываць у свой прыгожы шацёр.

На караблі зрабілася ціха, толькі штурман застаўся ля стырна. Паклаўшы белыя рукі на парэнчы, Русалачка глядзела на ўсход і чакала, калі разгарыцца світанак. Яна ведала, што першыя ж промні сонца заб’юць яе.

І тут яна ўбачыла, як з вады падымаюцца яе сёстры, такія ж бледныя, як яна. Іх доўгія прыгожыя валасы больш не трапяталі на вятры: яны былі абрэзаныя.

— Мы аддалі іх ведзьме, каб яна дапамагла нам уратаваць цябе ад смерці гэтай ноччу! Ведзьма дала нам нож, паглядзі! Бачыш, які ён востры? Перш чым падымецца сонца, усадзі яго ў самае сэрца маладому прынцу, і калі цёплая кроў пырсне табе на ногі, яны адразу зрастуцца ў рыбін хвост, і ты зноў зробішся русалкай, і зможаш спусціцца з намі на дно, і пражыць свае трыста гадоў, пакуль не ператворышся ў мёртвую, салёную марскую пену. Паспяшайся! — нехта з вас мусіць памерці, перш чым падымецца сонца — або ён, або ты! Нашая старэнькая бабулька так бядуе, што яе сівыя валасы ўсе выпалі і без ведзьміных нажніцаў, толькі ад смутку. Забі прынца і вяртайся да нас! Спяшайся: бачыш, на небе ўжо ззяе чырвоная палоска? Хутка ўзыдзе сонца, і тады ты загінеш!

І з глыбокім, цяжкім уздыхам сёстры схаваліся ў хвалях.

Русалачка прыўзняла пурпуровую завесу шатра і ўбачыла красуню-нявесту, якая спала, паклаўшы голаў прынцу на грудзі. Русалачка нахілілася і пацалавала прынца ў прыгожы лоб, паглядзела на неба, дзе ўсё больш разгараўся світанак, паглядзела на востры нож і зноў перавяла позірк на прынца, які ў сне назваў сваю нявесту па імені, бо толькі яна была ў яго думках, — і нож затрымцеў у руцэ Русалачкі. Тады яна адкінула яго далёка ў хвалі, і ён паляцеў у мора, адбліскваючы пунсовым — здалося, быццам кроплі крыві пырснулі на ваду. Русалачка кінула апошні амаль згаслы позірк на прынца, і скочыла ў мора, і адчула, як цела яе распускаецца ў пене.

Сонца паднялося над морам. Пяшчотныя цёплыя промні ўпалі на ледзяную марскую пену. Русалачка не адчувала смерці, яна бачыла яснае сонца. Над ёй луналі сотні празрыстых істотаў; скрозь іх віднеліся белы ветразь карабля і чырвоныя аблокі ў нябёсах; галасы тых істотаў былі мелодыяй, але такою ўзнёслай, што вуха чалавека не магло б злавіць яе, як ніводнае вока на зямлі не магло ўбачыць саміх істотаў. Яны былі такія лёгкія, што луналі ў паветры без крылаў. Русалачка заўважыла, што яе цела такое ж, як у іх. Яно ўсё больш і больш уздымалася з пены.

— Хто вы? — спытала яна, і голас яе гучаў гэтак жа, як і ў істотаў — так узнёсла, што ніякая зямная музыка не магла б гэтага перадаць.

— Дочкі паветра! — адказалі тыя. — У русалак няма несмяротнай душы, і яны не могуць яе атрымаць, калі толькі чалавек не пакахае іх. Іх вечнае існаванне залежыць ад чужой волі. У нас, дачок паветра, таксама няма несмяротнай душы, але мы можам зарабіць яе добрымі дзеямі. Мы ляцім у цёплыя краіны, дзе людзі паміраюць ад душнага чумнага паветра, і веем там прахалодай. Мы разносім у паветры водар кветак і дорым збавенне ад хваробаў. Трыста гадоў мы рупліва робім дабро, а за гэта нам даруецца несмяротная душа, і мы дзелім з людзьмі іх вечнае шчасце. Бедная Русалачка! Мы ведаем, што ты таксама імкнулася да гэтага ўсім сэрцам і перанесла дзеля гэтага вялікія пакуты. Цяпер жа ты ўзнялася ў свет паветраных духаў і добрымі дзеямі можаш сама здабыць сабе несмяротную душу праз трыста гадоў.

Русалачка ўзняла да Божага сонца чыстыя рукі і ўпершыню адчула на вачах слёзы.

На караблі зноў пачалі шумець і весяліцца. Русалачка ўбачыла, што прынц і яго красуня-нявеста шукаюць яе і сумна ўзіраюцца ў вірлівую пену, быццам ведаюць, што яна кінулася ў мора. Нябачная, яна пацалавала нявесту ў лоб, усміхнулася прынцу і ўзнялася разам з іншымі дочкамі паветра да ружовых аблокаў, што плылі ў небе.

— Праз трыста гадоў мы будзем лунаць ужо ў Божым царстве!

— Мы можам трапіць туды і раней! — прашаптаў адзін з духаў. — Мы незаўважна залятаем у дамы людзей, дзе ёсць дзеці, і калі сустракаем добрае дзіця, што цешыць сваіх бацькоў і тым заслугоўвае іх ласку, Бог скарачае час нашага выпрабавання. Дзіця не ведае, што мы заляцелі ў яго пакой, і калі мы ўсміхаемся яму, цэлы год адымаецца ад нашых трох сотняў. Але калі мы бачым кепскае, непаслухмянае дзіця, мы не можам стрымацца ад горкага плачу, і кожная пралітая сляза дадае дзень да наканаванага нам часу!

Пераклад з дацкай – Алеся Башарымава © 2012

Чытайце таксама

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

Павал Орсаг Гвездаслаў

Павал Орсаг Гвездаслаў

Славацкі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік славацкай літаратуры

Кларк Эштан Сміт

Кларк Эштан Сміт

Амерыканскі паэт і празаік, мастак, скульптар. Пісаў апавяданні ў жанры фантастыкі, фэнтэзі і жахаў.

Ян Мілчак

Ян Мілчак

Славацкі аўтар апавяданняў, радыё і тэатральных п'ес, а таксама казак

2809