№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Януш Корчак

Кайтусь-чарадзей (Kajtuś czarodziej)

Пераклад з польскай Марына Шода

2012 год абвешчаны ў Польшчы годам педагога і пісьменніка Януша Корчака. З гэтай нагоды ў Беларусі выдадуць шэраг яго казак, у тым ліку казку “Кайтусь-чарадзей”, урывак з якой прапануецца чытачу. Прачытаць тэкст цалкам можна будзе неўзабаве ў кніжным выданні.

Частка шостая

Без чарадзейства прыемней. — Прайшоў месяц. — У лес. — Заблукаў. — Гарачка і трызненне. — У шпіталі.

Ідзе Кайтусь. Насвіствае весела.

Так яму лёгка, як даўно не было.

— На месяц я клопатаў пазбыўся, а тым часам падумаю і складу праграму, каб больш глупстваў не рабіць.

Бо неяк іначай чараваць трэба.

Забег ён у кватэру і маму цалуе. І не адзін раз, а бясконца.

— Досыць, Антосю. Што за пяшчоты?

Ён да бабулі пераскочыў.

— Патанчыце са мной, бабуля?

— Што табе яшчэ ў галаву стрэліла?

— Нічога. Есці мне хочацца.

— Хочаш есці, дык не танчы, а так і скажы. Трымай, еш на здароўе. А выпіў лекі, што доктар прапісаў?

— Не хачу. Навошта? Дурасць нейкая.

— Не капрызь, Антосю. Ты ж бачыш: і павесялеў, і апетыт вярнуўся.

Кайтусь паеў.

Урокаў было мала, таму ён пабег на двор.

— А мы думалі, — кажуць яму хлопцы, — што ты заганарыўся.

— Зусім не.

— А чаму не прыходзіў?

— Боты парваліся.

І Кайтусь адразу падумаў:

“Цяпер мне трэба казаць больш праўды”.

Гульня ўдалася цудоўна. Ніхто ні разу не перашкодзіў.

А вечарам была размова за гарбатай. Потым ён гуляў з бацькам у шашкі. І позна вечарам леглі спаць.

Па звычцы ён палез рукой пад падушку. Але торбачкі не было, толькі штосьці ўкалола ў палец.

“Можа, верацяно?” — падумаў ён, высмоктваючы кроў з пальца, бо згадаў казку пра прыгажуню ў сонным лесе.

Але ён заснуў не на сто гадоў, а як звычайна. Прачнуўся бадзёры і не знайшоў ані следу на пальцы.

Дарогаю да школы Кайтусь вырашыў высветліць, ці мае ён хоць кропельку магічнай сілы.

“Хай у таго франта адарвуцца гузікі і спадуць штаны”.

Адразу адзін гузік адарваўся і пакаціўся па брукаванцы.

“Хай у паліцэйскага шапка зляціць”.

І шапка падскочыла ў таго на галаве, але не ўпала.

“Улада ў мяне ёсць, і праз месяц яна вернецца”.

Вечарам ён палічыў на аркушы, колькі ў яго чараў атрымалася — дома, у школе, на вуліцы. Асобна запісаў важнае і менш важнае. Адкінуў чары сумнеўныя.

— Іх не варта нават лічыць. Можа, мне толькі здавалася?

Ён забыў, што было раней, што пазней, і не помніў дакладна, як усё было.

— А можа, чарадзей мае права выканаць толькі дзевяць чараў, альбо сем, альбо трынаццаць на месяц?

— А можа, чары атрымліваюцца толькі ў панядзелак ці ў пятніцу?

Шкада, што ён не запісваў таемнымі знакамі, каб ніхто не зразумеў, нават калі знойдзе гэтыя запісы.

У казках гаворыцца, што ў чарадзеяў ёсць вучні. Безумоўна, так вучыцца лягчэй. Але Кайтусь сам даў сабе рады.

Толькі дурань хоча, каб усё лёгка атрымлівалася.

Менавіта тое цікава, што цяжэйшае!

Як кажа прымаўка, не адразу Кракаў збудавалі.

Нават на сталяра і інжынера трэба доўга вучыцца, а чарадзейскае мастацтва найцяжэйшае за ўсё астатняе.

Вунь як шмат у яго атрымалася, хоць ён быў малады і недасведчаны, хоць сам, без кіраўніка.

Так. Сам!

Бо з кім можна параіцца?

Па сакрэце сказаць аднакласніку?

Дык аднакласнік канечне прагаворыцца. Прымусіць зрабіць што-небудзь, а калі не атрымаецца — высмее і скажа, што падманваеш. Альбо пачне канькаць:

— Пакажы… Навучы…

Можа, настаўніцы сказаць? Але настаўніца не верыць, яна кажа, што чарадзейства няма. Яна не ведала, што нюхала чарадзейную ружу.

Дома сказаць?

Таксама не. Альбо не павераць, альбо забароняць, альбо пачнуць дыктаваць, што можна, а што не. Зрэшты, што яны могуць параіць, калі самі нічога не ведаюць?

Не.

Нельга раскрываць таямніцу.

У яго ёсць час. Цэлы месяц. Усе чары ён спраўдзіць асобна і здабудзе з іх навуку на будучыню.

Спаў Кайтусь.

І снілася яму, што сядзіць ён у глыбокім фатэлі, пакрытым цыратай. Снілася, што на галаве ў яго высокі востры каўпак алхіміка, а на шыі — чырвоны ў зялёныя гарохі гальштук. Што сядзіць ён каля стала. На стале — чорны кот. Сава, чэрап і нешта такое, што трымае на помніку Капернік.

І кнігі. Тоўстыя, цяжкія кнігі.

Бо бачыў Кайтусь на вітрыне старую кнігу ў жоўтай скураной вокладцы, замыканай на клямку.

Зайшоў ён у краму, каб разгледзець і пра кошт спытацца. Але прадавец не пажадаў дастаць тую кнігу з вітрыны і паказаць.

— Гэта дорага. Не для цябе.

(Напэўна, у дзеда і прадзеда былі такія кнігі).

 Бачыў Кайтусь у кнігарні розныя таямнічыя кнігі:

“Егіпецкі соннік”. “Кабала”. “Сіла волі”. “Боска-чарнакніжнік”.

Нецікавыя яны. Каб толькі грошы выцягнуць. Каб людзей замарочыць.

Што было б, каб кожны мог купіць, прачытаць і ўсё даведацца?

Трэба навучыцца рабіць мудрыя чары. Разумныя і карысныя — мэтанакіравана.

Бо што атрымліваецца?

Клопатаў шмат, а карысці мала.

Сцізорык у яго забралі. Гадзіннік знік і больш не паказаўся.

Тыя два злотыя ледзьве не зрабілі яго злодзеем: так непрыемна настаўніца на яго паглядзела, так недаверліва, так падазрона.

За начараваныя грошы ён адзін раз схадзіў у кіно, але фільм акурат быў нудны. Сысці, пакуль не скончыўся, шкада, таму сядзі як дурны ў цёмнай і смярдзючай зале.

Усяго пажытку толькі і засталося, што алоўкі.

Але цяпер будзе іначай.

Кайтусь можа не толькі месяц, а нават цэлы год пачакаць. Можа, ён занадта малады, таму не ведае, якія ў яго правы, не ведае, што адбудзецца і што атрымаецца.

У мінулым годзе настаўнік загадаў пасадзіць гарох і фасолю і занатоўваць, якія змены адбываюцца ў раслінах. Кайтусь моцна нецярплівіў, бо кожнай змены трэба было доўга чакаць. Ён хацеў, каб адразу: расток, пупышка, лісцік, карэньчык, сцябліна.

А потым было іначай: ён пасадзіў ужо сам для сябе. І прыемна было прыблізна ведаць, што адбудзецца заўтра.

Таксама і чары трэба вывучаць і запісваць. І не толькі чары.

Ён купіў дзённічак.

Падпісаў.

Занатоўкі

Аўторак. Была кантрольная па арыфметыцы. Атрымалася добра. Зрабіў.

Ён адзін з першых справіўся з заданнем. І без аніякіх чараў.

Так нават прыемней.

Субота. Зарабіў сорак грошай.

А было гэта так.

Ідзе Кайтусь праз рынак, а настаўніца ідзе з кашом.

Яна просіць:

— Дапамажы. Занясі да мяне дадому, калі здолееш.

— Ха, я і не такія кашы насіў, — хваліцца Кайтусь.

А кош цяжкі.

Ён бярэ, нясе. Рукі нямеюць.

— Яшчэ далёка?

— Не. Ужо амаль.

Амаль, ды не тут. Без каша было б блізка, а з ношай — далёка.

Ён прыпыняецца, перакладае з рукі ў руку.

— Дай дапамагу, — кажа настаўніца.

— Не трэба, — неахвотна бурчыць ён.

За бабуляй неаднаразова насіў, справіцца і цяпер.

Нарэшце. Ён ужо хоча сысці, думае, што проста дапамог. А яна:

— Вазьмі за клопаты сабе на цукеркі.

— Не трэба.

— Вазьмі, бо мяне абразіш. Гэта тваё. Дзякуй за дапамогу.

— Ха! — ён бярэ сорак грошай.

“Я іх не прамантачу. Яны заробленыя. Схаваю на памяць”.

І вельмі задаволены, бо ведае, за што атрымаў, і ведае, ад каго.

Занатаваў:

Р. у маю сх. — косць. Т.с-і д.б.

Ніхто не зразумее, нават калі прачытае. Толькі ён сам ведае.

Бо Кайтусь хоча мець схованку. Ён павінен знайсці закінутае месца, дзе можна чараваць далёка ад людзей.

У яго там будуць слоікі з гаючымі бальзамамі і бутэлькі з эліксірамі жыцця.

А замест чэрапа ён пакуль пакладзе костку — конскую сківіцу з белымі зубамі.

Ён знайшоў гэтую костку каля Віслы і прынёс дадому.

— Навошта табе гэтыя бутэлькі і костка? — кажа бабуля. — І так у цябе смецця шмат.

— Прыдасца, — неахвотна кажа Кайтусь.

Дарослыя ўпэўненыя, нібы ўсё, што іх не абыходзіць, — глупства, а ўсё, чаго нельга купіць і прадаць, — смецце.

Прайшло два тыдні, і Кайтусь пачаў нецярплівіць. Калі звычайны чалавек прагна чакае святаў ці імянінаў, то як жа чакае чарадзей у адпачынку?

У дадатак, дрэнна пайшлі справы ў школе і дома.

Аж раззлаваўся Кайтусь: на сябе і свой дурны жарт з трамваем. А найбольш — на школу. Бо здарылася так.

Ён быў дзяжурным і не хацеў пускаць хлопцаў у клас. Яны клямку ўніз цягнуць, а ён уверх пхае.

За дзвярыма сабраўся цэлы натоўп.

А клямка жалезная. Хто ж мог падумаць? А яна трррах — і зламалася.

І настаўнік адразу на яго:

— Зноў твае штукі? Псуеш, нішчыш. Глядзі: сцены заляпаныя, парты падрапаныя. У хляве хочаш вучыцца?

Так бывае — гарэза супакойваецца, а потым, як што-небудзь здарыцца, тут жа ўсё на яго валіцца.

І за клямку бацька заплаціць павінен, і на трэцім перапынку ён з хлопцам пабіўся, і на ўроку несправядлівую адзнаку атрымаў.

 Усё гэта яго жахліва раз’юшыла. Хіба паводзіны маюць штосьці агульнае з навукай? Калі ён ведае ўрок, то павінен атрымаць добрую адзнаку, а спакойны вучань можа быць ляніўцам альбо няздольным. Навошта вучыцца, калі цябе не паважаюць?

Настаўніца акурат захварэла, а настаўнік паслаў па бацьку.

У бацькі тады былі свае клопаты, бо бабуля хварэла, і бацька працаваў толькі тры дні на тыдзень, заробак быў малы і з выплатай марудзілі.

“Пачакайце, — пагражаў Кайтусь. — Хутка скончыцца месяц. Вось толькі я дарвуся да чараў, і школа адразу паляціць да людажэраў, а настаўніка я ператвару ў пацука і буду карміць двойкамі. Насыплю яму місачку двоек — і смачна есці, пане настаўнік!”

Ён думаў, што бацька моцна раззлуецца, але не: той прытуліў Кайтуся, пацалаваў у галаву і толькі сумна сказаў:

— Ты старайся, Антось. Я ведаю, што табе складана.

Кайтусь адразу запісаў у нататнічку:

Мае рашэнні:

1. Не жартаваць. Не гарэзіць.

2. Не біцца.

3. Не насіцца з хлопцамі.

4. Вучыць урокі.

5. Шмат чытаць.

Кайтусь чытае. А ў доме бяда. То бабуля, то мама па чарзе хварэюць.

Але надышоў апошні дзень месяца.

Вось так, нечакана.

Заўтра да яго вернецца сіла. З чаго ён пачне? Акрамя бутэлек і слоікаў, нічога не падрыхтаваў.

Пасля пяці урокаў Кайтусь вярнуўся дадому. Абеду не еў: хай бацьку больш застанецца.

Пайшоў да Віслы. Перайшоў мост.

Дзень быў душны.

Ён пойдзе за горад.

Прычапіўся да трамвая. Праехаў пяць прыпынкаў. Але яго сагнаў кандуктар.

Пайшоў далей. Потым таксама пад’ехаў — толькі іншым трамваем. Потым пешкі па шашы, пасля палявой дарогай і ў бярозавы гай.

Бярозы, бярозы — потым дубы, сосны і дубы.

Ані думкі, што трэба дадому. Ён ідзе ўсё глыбей ў лес. Быццам цягне нешта.

Аж стаміўся. Галодны. Сеў. Лёг на траву. Глядзіць у неба праз галіны. Пінжак расшпіліў.

Цішыня.

Кайтусь заснуў.

І прысніўся яму кепскі сон: за ім гоняцца — ён уцякае, а яму наўздагон атрутны газ пусцілі. Горла сціскае. Галава баліць.

Халодна!

Кайтусь расплюшчыў вочы.

Аглядаецца здзіўлена. Ага — ён у лесе. Глядзіць угору. Верхавіны дрэваў моцна калышуцца. Злавесны шум. Вецер.

Цёмна.

Стрэл. Не стрэл, а пярун. І адразу дождж. Дужыя цяжкія кроплі.

Зноў: маланка і пярун.

Навальніца. Навальніца ў лесе.

Ён апрытомнеў.

Ускочыў і пабег.

Да шашы. Да трамвая.

Але ў які бок?

Ён не ведае.

Заблукаў.

Гэта дрэнна.

Ён бяжыць. Але куды? Усё адно. Зноў пярун.

Шапка прамокла, з брылька струменьчык ліецца. Вопратка пацяжэла. У ботах хлюпае вада.

А можа, гэта пастка? Менавіта так заблукалы Мадэй падпісаў дамову і прадаў чорту душу.

Кайтусю здаецца, што хтосьці стаіць пад дрэвам.

Прыпыніўся. Не, гэта куст. Шыбуе далей.

Лес нібыта скончыўся, але ні шашы, ні канавы каля шашы. Толькі панурыя пні спілаваных дрэваў.

Ён паслізнуўся і ўпаў. З цяжкасцю ўстае. Павярнуў улева.

У далечыні замаячыў агеньчык.

Можа, хата, можа, воўчыя зрэнкі, можа, сховішча чарадзея, які яго ў лес зацягнуў, усыпіў, навальніцу прыгнаў, а цяпер тым святлом спакушае?

Іскарка загараецца і гасне — то адна, то дзве, то набліжаюцца, то аддаляюцца.

Нарэшце знайшоў дарогу. Сляды колаў.

Цяпер ужо бруд да ног лепіцца і ногі гразнуць.

Ён чуе крык. Голас бабулі:

— Антосю, Антосю!

Спыніўся. Прыслухаўся. Не, падалося.

Ідзе па драўляным мастку. А раптам зламаецца? Кайтусь упадзе ў ваду, а вадзяніца пацягне яго на дно.

На неба выплыў месяц — Кайтусь убачыў тапельца. Заплюшчыў вочы і ну ўцякаць.

Але ўжо няма сіл.

Кайтусь абаперся аб слуп. Калені падагнуліся. Ляжыць. Чакае.

Раптам чуе грукат колаў. Сябра ці вораг, дапаможа ці заб’е?

Усё адно. Яму было халодна, цяпер горача. Ён закашляўся — баліць.

— Мама! — плача ён.

— Гэй, хто там? Ты адкуль? Чаму адзін?

— Не забівайце, — просіць Кайтусь. — Я дам вам ягня з залатой воўнай.

Яшчэ нейкае пытанне, але Кайтусь не адказвае. Ён адчувае, што моцныя рукі падымаюць яго. І вось ён ужо ляжыць на чымсьці мяккім. Яго калыша. Вочы не расплюшчваюцца.

— Н-но!

Кайтусь то дрэмле, то абуджаецца.

Раптам падхапіўся і ў крык.

— Не ўставай, бо ўпадзеш з возу.

Прачнуўся ён у чужой хаце. Ляжыць на лаўцы.

— Трымай. Пі.

Ён прагна п’е цёплую смачную вадкасць.

Нехта нешта кажа, пытаецца. Кайтусь чуе, але не адказвае. Занадта стомлены.

Ён чуе голас жанчыны.

— Што нам з ім рабіць, з гэтым хлапчуком?

— Адвязу яго ў шпіталь. Можа, ранкам што-небудзь скажа.

— Каб жа ж ён ноччу не памёр.

— Не балбачы.

— Вось жа клопаты.

— А што, я мусіў яго ў полі пакінуць, ты, дурная баба?

— Я гэтага не казала.

Калі ён зноў прачнуўся, то адчуў, што яго апранаюць. Вопратка непрыемная, грубая. Кайтусь адпіхваецца, абараняецца. Ён хоча ляжаць спакойна.

— Ну давай. Паедзеш да таты.

— Ой, галава. Усё. Хопіць.

Яго вынеслі. Ён зноў едзе.

Нарэшце расплюшчвае вочы. Пазнае высокія дамы. Пазнае паліцэйскага.

Кайтусь хоча пасміхнуцца, але не можа.

Яго зноў вязуць. Здымаюць. Нясуць. Кладуць. Зноў распранаюць і апранаюць. Вось як катуюць яго гэтыя чарадзеі.

Ён зноў расплюшчвае вочы. І бачыць ужо не паліцэйскага і дамы, а белы пакой і жанчыну, апранутую ў белае.

— Вы чараўніца? — пытаецца Кайтусь.

— Так, чараўніца.

— Вы белая, чыстая.

— Так, белая, чыстая. Спі.

— А гномы?

— Таксама тут. Як цябе завуць?

— Не ведаю.

Ніяк не завуць. Яму ўсё адно. Ляжыць у белым ложку. Яму цёпла, горача — добра.

Ён кашляе.

— Баліць!

— Ён ужо прыйшоў у сябе, — кажа шпітальная медсястра.

— Ну, кажы, чаму збег з дому, — гаворыць доктар.

Кайтусь адвярнуўся спінай і накрыў галаву коўдрай. Яму не падабаецца гэты мужчына, што стукае яго і слухае праз трубку.

— Скажы, што ты ноччу ў рове рабіў? Які чарадзей цябе туды занёс?

Доктар сілком усаджвае Кайтуся.

І тут раптам у пакой заходзіць бацька.

— Антось, што з табой здарылася?

Кайтусь не ведае, сапраўды бачыць бацьку ці яму гэта здаецца.

Ён не слухае, пра што яны размаўляюць. Добра, што яго не чапаюць.

— Я хацеў бы яго забраць дадому, — кажа бацька. — У нас ён адзіны. Ці цяжкая хвароба?

Потым зноў:

— Я вазьму таксоўку і павязу яго асцярожна. Вельмі вас прашу.

Доктар кажа:

— Вы за яго хвалюецеся, а ён збег з дому. Напэўна, штосьці нарабіў, і яго чакала порка?

— Не, я сына не б’ю. Хіба яго хлопцы падгаварылі. Ты збягаў, сынок?

Кайтусь дрыготкай рукой гладзіць бацьку па твары.

— Вады!

Напіўся.

— Хочаш застацца?

Ён не ведае, што адказаць. Толькі думае, чаму бацька няголены.

— Тры дні, — дзівіцца Кайтусь і паўтарае шэптам, — тры дні, тры дні.

Што гэта значыць? Каго знайшлі ў рове? Хто знайшоў?

Частка сёмая

Кайтусь здаровы. — Няўдалыя чары. — Цуд. — Вялікія чары. — Авантуры. — Замежныя госці. — Экстранны выпуск.

Кайтусь ужо дома. Ён здаровы. Ужо ходзіць па пакоі. Ужо нават выйшаў на двор.

Бацька працуе, маці займаецца гаспадаркай, а бабуля паехала да дзядзькі.

— Навошта яна паехала? Калі вернецца?

— Яна не вернецца, Антосю, — кажа мама.

Яна не сказала праўды, бо яго не хацелі засмучаць, слабы быў пасля хваробы.

Бабуля памерла.

— Як, чаму памерла? А што будзе цяпер? Чаму доктар дазволіў?!!

Слова за слова, і Кайтусь даўмеўся, што калі яго ўсю ноч шукалі і ліў дождж, бабуля яшчэ больш прастыла.

— Значыцца, праз мяне…

— Не, яна даўно ўжо дрэнна сябе адчувала. Вунь цэлы тыдзень ляжала. Хіба не памятаеш, Антосю?

Мама спрабуе яго суцешыць. Ён памятае, ён ужо ўсё памятае. Ён ведае.

— Гэта праз мяне.

Ён ведае. Нагадаў сабе, што ён чарадзей. Месяц ужо даўно мінуў.

Ён стаў каля акна: навошта маме бачыць яго слёзы?

— Я хачу… Ліліпут… Я хачу ўбачыць бабулю.

І адразу ўбачыў на шыбе бабулін твар.

Яна ўсміхнулася. Яна заўсёды так усміхалася, калі бацька злаваўся на Кайтуся за штосьці. Яна ўсміхнулася на шыбе, паглядзела лагоднымі вачыма і знікла.

— Я вярну бабулі жыццё. Так, гэтыя чары мусяць атрымацца.

Ён пойдзе на могілкі, абудзіць бабулю і вернецца з ёю дадому. А ўсе здзівяцца. Вось нечаканасць.

Бывае ж такое, што хтосьці засынае, а ўсе думаюць, што памёр. Кайтусь толькі забыў, як называецца такі моцны сон.

А бывае, што гарнякі, якіх засыпала ў вуглекапальні, застаюцца жывыя. Ён чытаў пра гэта ў газеце.

— Мамаааа…

— Што?

— Я паеду на могілкі.

— Добра. Не плач, Антосю.

— Але я цяпер, зараз жа пайду.

— Не трэба. Гэта занадта далёка. У мяне няма часу.

— Дык я сам пайду!

— Ты не ведаеш куды. І занадта халодна.

— Я ведаю куды. Цёпла!

— Нельга. Я табе не дазваляю. Заўтра.

— Я пайду без дазволу. Сёння!

І мама пагадзілася. Бо добра ведае Кайтуся. Ён не ўпарты, яго можна пераканаць, папрасіць. Але часам — зрэдку — трэба саступіць. Бо такі ўжо ён: у дзеда пайшоў. Іначай немагчыма.

І вось мама дала яму грошай на два трамваі, шалік на шыю, зашпіліла паліто на ўсе гузікі.

Сказала, дзе бабуліна магіла. І яшчэ раз паспрабавала пераканаць:

— Не знойдзеш. Пачакай да заўтра.

— Ну, я пайшоў.

— Толькі хутка вяртайся.

На могілках — надмагіллі, крыжы.

Кайтусь ідзе ўпэўненым крокам. Дакладна ведае, куды ісці. Прамінуў старыя алеі і адразу спыніўся дзе трэба паміж свежымі пахаваннямі.

Прачытаў надпіс.

Стаіць. Глядзіць доўга, пранікліва, працінае позіркам зямлю да самай труны.

Уздыхнуў глыбока, адчуў боль у грудзях. Другі раз, трэці — зашумела ў галаве.

Чацверты, пяты раз схапіў паветра — боль у сэрцы.

“Хачу і жадаю! Жадаю і загадваю: хай бабуля абудзіцца і выйдзе з магілы”.

Цішыня. Хмара захінула сонца, кінула цень на надмагілле.

Ён крыкнуў у думках упарта:

“Хай бабуля абудзіцца!”

І раптам…

Раптам нябачная рука ўдарыла яго два разы па твары: па правай шчацэ і па левай.

Ён пахіснуся.

Праляцеў матылёк.

Перад вачыма — чырвоныя плямкі і колы.

Яшчэ ніколі ніхто Кайтуся не біў па твары. Гэта першы раз.

Ён стаіць раз’юшаны. Кулакі сціснуў. Менавіта так бывала, калі ён пачынаў біцца з якім-небудзь хлопцам.

“Пачакай, вось я табе задам”.

Падышоў да Кайтуся стары дзед.

— Я бачу, хлопча, што цябе ахапіў смутак… Смутак ахапіў... Трымай, выпі: гэта цябе падмацуе.

Кайтусь выцягнуў руку, узяў пададзены яму срэбны кубак і выпіў.

Прыемны пах. Халодная і салодкая вадкасць.

Дзед наліў зноў.

— Пі яшчэ.

Ён выпіў.

— Дзякую. Трымайце, дзядуля.

Ён даў дзеду залатую манету і нават не здзівіўся, адкуль яна ўзялася ў яго руцэ.

Не паглядзеў нават на твар незнаёмца.

Схіліў галаву да зямлі, ідзе хутка, быццам трэба моцна спяшацца.

Ідзе хутка, а гнеў і шал сцішваюцца.

Ён адчувае ўнутры вясёлае цяпло і дзіўную лёгкасць.

Быццам у паветра прыўзняўся. А сэрца б’ецца.

Прайшоў могілкавую браму.

Ідзе пешкі, у трамвай не сядае.

Першая, другая, трэцяя вуліца.

Вузкая вуліца.

Ідуць перад ім дзве жанчыны. Адна з партфелем пад пахай, другая пахне парфумай. Зуб у яе баліць ці што? Каля твару насоўку трымае.

Кайтусь хоча іх абысці, але нехта ўсё адштурхоўвае і замінае.

Надакучыла гэта Кайтусю, ён і падумаў:

“Хай яны пойдуць задам”.

І ледзь паспеў пасунуцца, бо яны, замест таго каб ісці наперад, пайшлі назад. Як ракі. Не павярнуліся, а толькі нагамі назад перабіраюць.

Людзі глядзяць здзіўлена. А яны балбочуць сабе як нічога ніякага.

Звар’яцелі бабы ці што?

— Мода цяпер такая. У Парыжы ўсе багатыя дамы так ходзяць, — жартуе матацыкліст.

Але калі яны сутыкнуліся з пекарам, які нёс на галаве паднос з печывам, той давай на іх сварыцца:

— Ах вы, лапезы, ах, няхлюйкі, ах, мармузэлі!

Яны напужаліся і давай задам уцякаць на той бок вуліцы.

А пасярэдзіне вуліцы машына едзе.

Кіроўца хоча затармазіць, але позна.

— Раздушыць!

А Кайтусь спакойна думае:

“Давай як аэраплан…”

Гэта ён машыне сказаў.

І тая адразу ўзнялася ў паветра, бо ў яе крылы выраслі.

Дзве жанчыны — якая з партфелем і якая з хусткай каля твару — стукнуліся аб сцяну і спыніліся. Але на іх ужо ніхто не глядзіць: стаяць сабе і стаяць.

Усе пазадзіралі галовы ўгору. А пасажыры машыны крычаць ад страху як апантаныя.

Лятучае аўто знікла за дахамі дамоў.

І тут жа паліцэйскі. І тут жа рэпарцёр з газеты.

— Што тут здарылася? Хто каго пераехаў?

— Ніхто нікога не пераехаў, гэта нейкі новы амерыканскі фокус.

Кожны апавядае па-рознаму. А газетчык дастаў асадку і запісвае.

— Як усё пачалося?

— А, гэта тыя дзве. Вунь стаяць. Задам ходзяць. Там, пад сцяной.

Усе піхаюць адно аднаго. Зявак усё больш. Паліцэйскі спрабуе іх разагнаць, але не спраўляецца.

“Вось жа дурны народ”, — думае Кайтусь.

І ідзе далей. Спыніўся перад слупам з аб’явамі, хацеў паглядзець, што паказваюць у кіно. А на слупе вісіць вялізная жоўтая афіша: прафесар прачытае публічную лекцыю.

“Публічная палітычна-эканамічная лекцыя”.

— Што гэта такое?

Кайтусь не ведае, што ў Варшаву прыехала замежная дэлегацыя. Прыехалі багацеі, каб заснаваць банк і пазычыць Польшчы грошай.

І менавіта для замежных гасцей прафесар па-французску павінен расказваць, каб не баяліся пазычыць грошай; бо ў свеце крызіс, але Польшча — багатая краіна, усё аддасць, усё заплаціць.

— Лекцыя нейкая незразумелая. Публічна… палітычна… эканамічная…

Часам Кайтусю падабаюцца словы, якіх ён не разумее, а часам яны яго злуюць.

— Лекцыя. Лухта нейкая. Хай будзе напісана так:

ПРАФЕСАР ГВІЗДЗЕЦ

БУДЗЕ СВІСЦЕЦЬ

КУЛЯЦЦА

ГЛЫТАЦЬ АГОНЬ

СПЯВАЦЬ ПЕЎНЕМ

І ТАНЧЫЦЬ

І сталася так, як сказаў Кайтусь — на ўсіх слупах, па ўсім горадзе, ва ўсёй Варшаве.

Кайтусю захацелася есці.

І ён паехаў на таксоўцы на багатую вуліцу. Выйшаў каля рэстарана.

Рэстаран багаты, шыкоўны. Праз вялікія люстраныя шыбы бачныя сталы, накрытыя белымі абрусамі; на сталах кветкі.

— Увайсці ці не? Колькі ж тут абед каштуе?

Кайтусь засунуў руку ў кішэню, а там сто злотых.

Добра. Ён пойдзе.

Каля дзвярэй швейцар у чырвоным паліто з залатымі гузікамі. І не пускае яго ўсярэдзіну.

— Ты чаго? Ты навошта тут?

— Я галодны.

— Тут нельга жабраваць.

— Я заплачу.

— Выходзь, кажу табе.

— Чаму?

— Бо я табе кажу. Вось вазьму за шкірку і выкіну.

— А паспрабуйце.

Швейцар хоча руку падняць — і не можа. Хоча каго-небудзь паклікаць — і не можа. Толькі вачыма варочае, быццам задыхаецца. А Кайтусь па дыване ўваходзіць у залу і сядае за стол.

За адным сталом сядзяць два паны і пані. За другім — афіцэр. За трэцім — пані і хлопчык у матросцы. І нарэшце вясёлая група: акторы і акторкі, што граюць у тэатрах.

Кайтусь сеў за асобны столік і глядзіць на актораў, а тыя на яго.

— Чаго гэты малы абадранец тут хоча?

— Пачакай, зараз пабачым.

— Глядзіце, у яго боты запэцканыя.

— І каўнерык брудны.

— Пазногці неабрэзаныя.

Канечне, Кайтусь апрануты ўбога, як сын сталяра. А боты запэцкаў на могілках. І пазногці абразаць не любіць.

Ногі ён засунуў глыбей пад крэсла, а з рукамі не ведае што рабіць.

— Афіцыянт! — кліча актор. — Новы кліент чакае.

— А гэта хто такі? Хто яго сюды пусціў? Ану вымятайся адсюль.

Усе перасталі есці і глядзяць зацікаўлена.

Убягае швейцар.

— Я яму казаў, што нельга.

— А ён увайшоў. Ты не мог дасць сабе рады з малым, няздара?

Ідзе гаспадар, сам уладальнік рэстарана. Тоўсты як бочка.

Кланяецца афіцэру:

— Прывітанне.

Кланяецца спадарам:

— Мая павага, пане граф.

Раптам грозна — Кайтусю:

— А ты хто?

— Конь у паліто. Дайце, калі ласка, абед. У мяне ёсць сто злотых — я заплачу.

— Брава! Малы зух! У яго сто злотых. Не саступай, — падбухторваюць Кайтуся акторы.

— Ну канечне, не саступлю.

Ой, будзе скандал.

— Мама, хадзем. Я баюся, — пачаў плакаць хлопчык у матросцы.

Кайтусь за сваё:

— Я хачу есці. Я заплачу. Колькі трэба?

— Ты скраў гэтыя грошы. Вымятайся!

— Скраў? Але пачакайце!..

— Паклічце паліцэйскага.

Кайтусь падняўся. Памармытаў. Паглядзеў.

І адразу расчыніліся вокны, а талеркі, нажы, бутэлькі, смажаныя куры, міскі і абрусы — усё паднялося ў паветра.

Афіцыянты цягнуць рукі да Кайтуся.

Алееее…

Яны ўзносяцца ўверх. Прыляпіліся да столі валасамі і боўтаюць нагамі, быццам танчаць. І тоўсты гаспадар таксама.

Акторы пачалі весела пляскаць у далоні.

Кайтусь загадаў:

— Хай усе застаюцца на месцах, пакуль я не выйду.

Думае Кайтусь з горыччу:

“Маніць прымаўка, калі кажа, што не вопратка робіць чалавека”.

Ён дакрануўся пальцам да вопраткі — і ўжо элегантны малады чалавек ідзе вуліцай.

Зайшоў у кавярню. Выпіў філіжанку шакаладу і з’еў чатыры пірожных.

Заплаціў. Даў чаявыя.

Зноў сеў у таксоўку:

— У Лазенкі.

І ў той жа момант — ужо ў Лазенках.

Сеў на лаўцы каля сажалкі.

Людзі прагульваюцца. Дзеці забаўляюцца.

Усё было б добра. Адпачыў бы сабе Кайтусь і пайшоў дадому.

Але замежная дэлегацыя багацеяў якраз наведвала каралеўскі палац у Лазенках.

Банкіры акурат выйшлі з палаца і спыніліся перад статуяй. Статуя выяўляла грэцкую багіню з вянком на галаве і мандалінай у руках.

Нейкі чалавек суправаджае гасцей, кланяецца і фальшыва ўсміхаецца. Зусім як рэстаратар.

Трэба і дзеля яго ўчыніць кавардак.

“Хай ружы ў вянку ператворацца ў сардэлькі, а мандаліна ў кілбасу”.

Так і сталася: стаіць манумент з вянком сардэлек і грае на кілбасе.

Сівы пан, адзін з дэлегацыі, раззлаваўся: нешта голасна кажа і тросткай размахвае. А другі тлумачыць, што не варта злавацца, бо ў кожнай краіне свае звычаі.

А Кайтусь далей:

“Хай пасярэдзіне галоўнай алеі пройдуць сем сланоў, пяць вярблюдаў і тры жырафы”.

Ёсць. Ідуць. Крочаць гарбатыя вярблюды, выгінаюць хобаты важныя сланы, а жырафы кланяюцца маленькімі галовамі на доўгіх шыях.

Адны дзеці радуюцца, іншыя баяцца, а дарослыя думаюць, што гэта ўсё дзеля прыезду іншаземцаў.

Але і гэтага Кайтусю мала.

— Хай усе мужчыны будуць у сукенках, а жанчыны ў штанах.

Тут і пачалася сапраўдная пацеха.

Стаіць, напрыклад, студэнт з дзяўчынай — і раптам:

— Што вы такое зрабілі?

— Я дык нічога, а вы што вырабляеце?

Ён утаропіўся ў яе, а яна ў яго. Ён у сукенцы і жаночай кофтачцы, а яна ў штанах.

— Што гэта?

Нейкая бабулька, калі пабачыла, што яна ў штанах і мужчынскім капелюшы, ускрыкнула і самлела.

А тут яшчэ жаночы пансіянат на прагулянцы. Дваццаць параў вучаніц і выхавацелька. Пільнуе іх, каб быў парадак і добрыя паводзіны. І на табе — як пярун з неба. Што людзі падумаюць, што скажа дырэктарка? У штанах і дзяўчаты, і сама выхавацелька.

— Дамоў. Зараз жа дамоў.

Прыкрыла вочы пальчаткай і яны штосілы пабеглі.

Потым людзі расказвалі, што з Лазенак уцякалі ў шаўковых жаночых сукенках пракурор, віцэ-міністр пошты, сенатар, літаратурны крытык і прафесар гігіены.

Але найбольш Кайтуся пацешыла тое, як, спатыкаючыся, бегалі паліцыянты ў пантофлях на высокіх абцасах, у шаўковых панчошках і карункавых сукенках.

А ім давялося добра пабегаць, каб абараніць мільянераў ад няшчаснага выпадку.

Бо на заканчэнне Кайтусь яшчэ адну штуку начараваў.

“Хай дрэвы стануць уверх нагамі”.

І скалануліся векавечныя дрэвы — краса і гонар парку — падскочылі, зрабілі сальта і сталі, але галінамі ўніз, каранямі ўгару.

Кайтусю захацелася, каб быў ужо абсалютны балаган.

І ён зрабіўся.

Так ужо на свеце бывае.

Дастаткова, каб чарадзей пару разоў што-небудзь загадаў, і людзі ўжо не ведаюць, на якім яны свеце.

Дастаткова, каб чарадзей жартам што-небудзь перакруціў, і людзі адразу перажываюць і не ведаюць, на якім яны свеце.

Вось жа дурны народ.

Кайтусь падняўся з лаўкі. Хопіць ужо з яго.

“Хай будзе парадак”.

А сам пайшоў дадому.

Хопіць з яго гэтай забавы.

Газетчыкі прадаюць экстранныя выпускі газет.

Крычаць як апантаныя.

— Замах на банкіраў! Экстранны выпуск!

— Выпуск экстранны! Бомба ў рэстаране!

— Арыштаваныя банды шпіёнаў! Таямнічае аўто!

А людзі купляюць і збіраюцца ў групы.

Стаяць на вуліцы. Чытаюць.

Усе купляюць, і Кайтусь купіў.

Чытае.

Нібыта і Кайтусёвы чары апісаныя, але так перакручана, што ледзь можна зразумець.

Газета піша:

“Паліцыі ўдалося ліквідаваць банду шпіёнаў, якая планавала замах на нашых гасцей. Варожыя сілы не хочуць, каб Польшча атрымала пазыкі на інвестыцыі”.

Што за ліха: ліквідаваць і інвестыцыі ? Што гэта за госці?

Чытае далей:

“З’явіўся невядомы тып аўтамабіляў. Калі паліцыя вырашыла праверыць дакументы ў падазроных пасажыраў, аўто ўзляцела і накіравалася ў бок заходняй мяжы”.

Далей:

“План выкрадання банкіраў быў сарваны”.

Гэта значыць, не атрымаўся.

“Змоўнікі хацелі падняць у паветра рэстаран, дзе меў адбыцца банкет”.

Гэта, напэўна, абед.

“Пякельная машына выбухнула заўчасна і падкінула ў паветра…”

“Што за машына?” — дзівіцца Кайтусь.

Далей ён даведаўся, што былі выкліканыя пажарныя, якія здымалі са столі “падкінутых сілай выбуху” афіцыянтаў.

Параненых, на шчасце, не было.

“Сарваныя афішы запланаванай лекцыі”.

Ага. Гэта мой прафесар Гвіздзец. Як там было? Эканамічны?

Кайтусь яшчэ не дачытаў да канца, калі газетчыкі зноў пачалі крычаць:

— Другі экстранны выпуск! Другі дадатак!

— Незвычайныя выпадкі ў Лазенках!

— Грэцкая багіня, кілбаса і сардэлькі!

— Львы і тыгры ў каралеўскім парку!

— Ураган вывернуў дрэвы!

— Шматлікія ахвяры!

Кайтусь ведае, што ахвяраў не было. А напісалі так, каб больш газет прадаць.

— Хай пішуць. Мяне ўсё гэта не датычыць.

Перад рэстаранам стаіць натоўп.

Натоўп бяжыць да Лазенак.

Кайтусь праціскаецца, ідзе, змучаны, крок за крокам — дадому.

Дакрануўся да сябе пальцам — і ўжо ў сваім старым паліто, з шалікам на шыі, увайшоў у браму.

Неспакойна яму: што бацькі скажуць? Яго ж так доўга дома не было

 

Пераклад з польскай – Марына Шода © 2012

Чытайце таксама

Анна Валенберг

Анна Валенберг

Пісьменніца, драматург, перакладчыца, прадстаўніца "залатой эры" шведскай дзіцячай літаратуры

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

Сашко Ушкалаў

Сашко Ушкалаў

Паэт, драматург, перакладчык з Харкава

Лінда Клакен

Лінда Клакен

Нарвежская пісьменніца і журналістка.

1606