Казка ў апрацоўцы дзіцячага пісьменніка Кусуяма Масао.
Пераклад прысвячаецца Хе Чжын
1
Даўным-даўно тое было. У адной вёсцы жылі дзед і баба. Штодня дзед выпраўляўся на гару па сухія галінкі, а баба — на рэчку праць бялізну. Так і жылі.
Але аднойчы, калі баба, як звычайна, прала бялізну, аднекуль зверху ракі прыплыў вялізны персік:
— Божачкі, які цудоўны персік! Вазьму яго дахаты і пачастую дзеда!
Кажучы так, яна сагнулася і хацела дастаць яго, але не змагла дацягнуцца. І таму заспявала песню:
Гэта вада — горкая,
А тая — салодкая.
Горкая вада, ідзі ад мяне,
А салодкая — да мяне.
Неўзабаве персік, прыгаворваючы “хлюп-хлюп”, падплыў да бабы. А яна, ўсміхаючыся на ўвесь рот, падумала: “Вось зараз з дзедам удваіх з’ямо”.
Яна злавіла персік, паклала яго ў міску з бялізнай, і, абхапіўшы яе абедзвюма рукамі, панесла дадому.
Хутка надышоў вечар, і дзед з сухім галлём на спіне вярнуўся дахаты.
— Я вярнуўся, бабка.
— Вось і добра. Я цябе чакала. Хадзем хутчэй сюды, што я табе пакажу!
— Што там такое?
Разбуўшыся, дзед зайшоў у хату. А тым часам баба дастала з шафы цяжкі персік:
— Глядзі, дзед, які персік.
— Хо-хо, дзе ж ты набыла такі вялікі персік?
— Я яго не купляла, а ўбачыла ў рацэ.
— Што? У рацэ? Нічога сабе, рэдка такое здараецца, — здзівіўся дзед. І пачаў уважліва аглядаць з усіх бакоў дзіўны плод.
Раптам персік раскалоўся на дзве паловы:
— Агу-агу, — пачуўся гучны дзіцячы крык, і з расколатага персіка вылез прыгожы і здаровы хлопчык.
— А, Божачкі! — здзіўлена ўскрыкнулі разам дзед і баба.
—Усё жыццё мы хацелі, каб у нас было дзіцятка. Пэўна, Божанька даў нам яго, — казалі яны з радасцю.
І тут пачалася мітусня: дзед кінуўся грэць ваду, баба — шукаць адзенне для хлопчыка. Яны паднялі яго на рукі і першы раз абмылі. Раптам хлопчык, адпіхнуўшы рукі, якія яго трымалі, сказаў: “Угу”.
— Ого, відаць, здаровы дзіцёнак!
Кажучы так, дзед і баба пераглядваліся і ўсцешана усміхаліся.
Таму як хлопчык з’явіўся з персіка, ён атрымаў імя Мамотара [1].
2
Дзед і баба старанна выхоўвалі хлопчыка. Сталеючы, Мамотара пачаў вылучацца сярод астатніх дзяцей ростам і сілаю. Ніхто з навакольных не мог перамагчы яго ў сумо. Пры гэтым ён меў надзвычай ласкавы нораў і клапаціўся пра дзеда і бабу.
І вось споўнілася Мамотара 15 гадоў.
У той час ва ўсёй краіне не знайшлося б асілка, мацнейшага за яго. Яму нават карцела паехаць за мяжу, каб выпрабаваць сваю сілу напоўніцу.
Якраз тады былі там людзі, што вярнуліся з падарожжа і шмат цікавага і незвычайнага расказвалі: што калі доўга-доўга плыць на караблі, у далёкім-далёкім моры ёсць Чортаў востраў. Там злыя чэрці ў велічным жалезным замку захоўваюць багацці, скрадзеныя з усяго свету.
Мамотара як пачуў гэтыя словы, дык адразу захацеў пабачыць гэты Чортаў востраў. Не мог ён уседзець на месцы, а калі прыйшоў дадому, то адразу да бацькі:
— Бацька, адпусці мяне на час.
Бацька здзівіўся:
— А куды ты сабраўся?
— Хачу скарыць чарцей на Чортавым востраве, — адказаў Мамотара.
— Ого, гэта адважная справа. Дык рыхтуйся, — сказаў яму бацька.
А баба дадала:
— У такім далёкім падарожжы, пэўна ж, есці захочацца. Так-так, пайду прыгатую о-бэнта [2].
Старыя выцягнулі на сярэдзіну двара вялікую ступку, і, дзед з дапамогай таўкача, а баба перамешваючы, пачалі гатаваць праснакі для бэнта. І як зрабілі смачныя праснакі, Мамотара сабраўся ў дарогу.
Ён апрануўся ў ваеннае адзенне, быццам самурай, прычапіў да пояса меч, торбу з праснакамі перакінуў цераз плячо, а ў руку ўзяў веер з намаляваным на ім персікам і сказаў:
— Бацькі, пайду я ўжо, — і нізка пакланіўся.
— Дай там гэтым чарцям прыкурыць, — сказаў дзед.
— Беражы сябе, — сказала баба.
— Ну, бывайце, — так зухавата развітаўшыся, Мамотара выправіўся ў падарожжа. А дзед і баба, стоячы ля брамы, яшчэ доўга глядзелі яму ўслед.
3
Мамотара крочыў вельмі хутка і прыйшоў на высокую гару. Раптам з-за куста пачулася “гаў-гаў” і выйшаў Сабака. Мамотара азірнуўся, Сабака пакланіўся і запытаў:
— Мамотара-сан, Мамотара-сан, куды ідзяце?
— Іду на Чортаў востраў, каб чарцям гароху насыпаць.
— А што ў вас у торбе?
— Найлепшыя ў Японіі праснакі.
— За адзін праснак пайду з вамі.
— Добра, трымай, хадзем разам.
Сабака ўзяў праснак і пайшоў за Мамотара.
Спусціўшыся з гары, яны неўзабаве зайшлі ў лясны гушчар. І раптам з вяршыні дрэва з крыкам “гы-гы” спусцілася Малпа. Калі Мамотара азірнуўся, Малпа адвесіла паклон.
— Мамотара-сан, Мамотара-сан, куды ідзяце? — запытала яна.
— Іду на Чортаў востраў чарцей ваяваць, — адказаў Мамотара.
— А што ў вас у торбе?
— Найлепшыя ў Японіі праснакі.
— Калі ласка, дайце мне адзін, і я пайду з вамі.
— Добра, вось трымай, хадзем разам.
Малпа, узяўшы праснак, пайшла следам.
Спусціўшыся з гары і прайшоўшы праз лясны гушчар, выйшлі яны на шырокае поле. І тут з неба, выгукнуўшы “торк-торк”, зляцеў Бажан.
Калі Мамотара азірнуўся, Бажан нізка пакланіўся і запытаў:
— Мамотара-сан, Мамотара-сан, куды ідзяце?
— Іду на Чортаў востраў чарцям порткі кроіць.
— А што несяце ў торбе?
— Найлепшыя ў Японіі праснакі.
— Дык за адзін праснак і я з вамі пайду.
— Добра, трымай, хадзем разам.
І Бажан, узяўшы праснак, пайшоў за Мамотара.
Сабака, Малпа і Бажан — добрая кампанія назбіралася. Мамотара яшчэ больш узбадзёрыўся і пайшоў шпарчэй.
І вось прыходзяць яны на бераг мора, а там лодка стаіць. Мамотара і тры яго паплечнікі адразу ў яе селі.
— Я буду грэбці, — сказаў Сабака і ўзяўся за вёслы.
— Я стану ля стырна, — сказала Малпа.
— Я буду глядзець наперад, — сказаў Бажан і ўсеўся на носе.
Было цудоўнае надвор’е: ніводная хваля не ўздымалася над сіняй паверхняй мора. Лодка імчала быццам маланка, быццам страла, так, што вочы за ёй не паспявалі.
Здаецца, прайшла ўсяго гадзіна, як Бажан, які сядзеў на носе судна, закрычаў:
— А вунь-вунь! Зямля!
Ён замахаў крыламі, падняўся ў неба і тут жа памкнуў наперад разам з ветрам.
Мамотара глянуў, куды паказваў Бажан. І сапраўды, на далёкім гарызонце ледзь віднелася нейкае цёмнае воблака. Чым бліжэй лодка падыходзіла да гэтага воблака, тым больш яно нагадвала востраў.
— А, бачу, бачу Чортаў востраў! — закрычаў Мамотара. Сабака і Малпа падхапілі яго вокліч і разам закрычалі:
— Банзай! Ура!
Чортаў востраў хутка набліжаўся, і ўжо быў бачны замак, які стаяў на непахісных скалах. Перад велічнай жалезнай брамай можна было пабачыць чарцей-вартаўнікоў. Бажан усеўся на самы высокі дах і адтуль цікаваў.
Такім чынам, калі іншым патрэбныя гады, каб дабрацца сюды, дык гэтыя не паспелі і вокам маргнуць, як апынуліся на месцы.
4
Мамотара, а з ім Сабака і Малпа спрытна саскочылі на зямлю. Чэрці-вартаўнікі заўважылі іх і ад нечаканасці пабеглі ды зачыніліся за жалезнай брамай. Сабака, стаўшы ля брамы, гучна закрычаў:
— Гэй, адчыняйце, Мамотара з Японіі прыехаў, каб з вамі біцца! — і ўдарыў у браму.
Вартаўнікі, пачуўшы ягоны голас, задрыжэлі і з усяе моцы налеглі на браму. Раптам з даху зляцеў Бажан і пачаў дзяўбці вочы чарцям. Тыя кінуліся наўцёкі. Тым часам Малпа спакойна перабралася праз каменныя сцены і без перашкод адчыніла браму знутры.
Выгукнуўшы баявы кліч, Мамотара разам з паплечнікамі адважна ўварваўся ў замак. Але галоўны чорт, узяўшы ў памагатыя яшчэ шмат падданых, павёў чортава войска ў атаку, размахваючы ў паветры языком ад вялізнага звона.
Чэрці, хоць і вялікія памерам, баязліўцы былі яшчэ тыя. Калі зверху на іх напаў Бажан, цэлячы ў вочы, Сабака пачаў кусаць за ногі, а Малпа — драпаць морды, яны ізноў кінуліся ўцякаць. Ужо ніхто не трымаў язык ад жалезнага звона. Гэта была поўная параза.
Нарэшце Мамотара паваліў на зямлю і галоўнага чорта, які змагаўся да апошняга. Пераможца ўсеўся яму на спіну і спытаў:
— Ну што, здаешся? — і пры гэтым сціснуў яму шыю.
Чорт не стрываў сілы Мамотара і заенчыў:
— Здаюся, здаюся, толькі не забірай жыццё, а ўзамен бяры ўсе скарбы, — і з яго вачэй пакаціліся буйныя слёзы.
Як і абяцаў, Чорт вынес з замка прыхаваныя скарбы. Чаго тут толькі не было: і цудадзейная палачка, і жазло будыйскага манаха, і чароўны шар, і грошы, і лазурыт! Самыя каштоўныя рэчы сусвету былі складзеныя на адну тачку.
Мамотара з трыма паплечнікамі забралі ўсе каштоўнасці і паселі ў лодку. У зваротны бок іх судна плыло нават шпарчэй, і яны вельмі хутка даплылі да Японіі.
Яны саскочылі з лодкі на бераг разам са сваімі багаццямі. Пры гэтым Сабака цягнуў тачку спераду, Бажан за вяроўку, а Малпа піхала ззаду. Так утраіх і прыгаворвалі: раз, яшчэ раз.
А тым часам дома дзед і баба па чарзе войкалі.
— Мамотара павінен ужо вярнуцца, — выцягвалі яны шыі, чакаючы.
Тут якраз Мамотара з трыма вернымі паплечнікамі і вярнуўся — з гордым выглядам і здабытым скарбам. Дзед і баба ўзрадаваліся ад усёй душы.
— От якія! Наймацнейшыя асілкі ва ўсёй Японіі, — сказаў дзед.
— Не параніліся, і тое добра, — сказала баба.
Тады Мамотара павярнуўся і сказаў Сабаку, Малпе і Бажану:
— Ну як, спадабалася вам з чарцямі ваяваць?
Сабака весела адказаў:
— Гаў-гаў, — і падняў пярэднюю лапу.
Малпа засмяялася:
— Гы-гы, — і паказала белыя зубы.
Бажан пракрычаў:
— Торк-торк, — і зрабіў сальта ў паветры.
Неба пасвятлела і зрабілася ярка-сінім, а ў садзе буйным цветам расквітнела сакура.
____________________________________________________________________
[1] Мамо— “персік”, тара — “першы сын” (японск.).