№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Міхал Вівэг

Кароткія казкі для стомленых бацькоў (Krátké pohádky pro unavené rodiče)

Пераклад з чэшскай Святлана Рогач

 

Дарагія бацькі!


На свеце не злічыць кніг для дзяцей, але я насмелюся сцвярджаць, што гэтую кнігу напісаў чалавек, які думаў перадусім пра вас.


Многія аўтары казак самазакахана мяркуюць, што стомленыя бацькі, прыцягнуўшыся ўвечары з працы, ахвотна прачытаюць дзецям тэкст на шаснаццаць старонак. Ды гэта проста брак эмпатыі, калі не чыстая нетактоўнасць.


У мяне трое дзяцей. Паверце, я вас разумею.


Мне добра знаёмая бездапаможнасць бацькі, дзіця якога за дзесяць хвілін да пачатку фіналу Лігі чэмпіёнаў выбірае “Снежную каралеву” Андэрсэна. Я выдатна разумею пачуцці маці, якая ўвечары сонна прадзіраецца праз бясконцыя сказы “Золатавалосай прынцэсы”, у той час як яе надзіва жвавае дзіця строга сочыць, ці не прапускае мама чаго (чаму нашыя крывіначкі так хочуць, каб мы ім гэта чыталі, калі і так ведаюць усё на памяць?!). Я таксама шмат разоў перажыў бацькоўскую роспач і нават злосць на казкі, у якіх дзіця не разумее ні каліва, і чытанне, і без таго зацягнутае, без канца перапыняецца няўцямнымі пытаннямі. Апошнім часам я калі-нікалі сумняюся, ці разумеў тэкст сам аўтар… Як растлумачыць чатырохгадоваму дзіцяці, што казачны герой зарэзаў уласнага каня, каб накарміць пару груганоў? (Як на мяне, Эрбен альбо быў садыстам, альбо, пакуль ён пісаў, з ім здараліся хвіліны слабасці). А вы насамрэч хочаце, каб вашыя дачушкі з дзяцінства вынеслі перакананне, што жыццё дзяўчыны — гэта чаканне прынца? Працягваць няма сэнсу.


Такога я спрабаваў пазбегнуць.


Усе гісторыі з гэтай кнігі можна прачытаць не больш чым за дзесяць хвілін (я правяраў). Але галоўнае, што я спрабаваў напісаць іх так, каб вы не нудзіліся. Усе тэксты, напісаныя курсівам (так, як гэтая прадмова) прызначаюцца выключна вам: калі будзеце чытаць дзецям, проста іх прапускайце.

 

Ваш Міхал Вівэг

 

 

1. Пра каго гэтая кніжка

Гэтая кніжка пра чатырохгадовую дзяўчынку Сару і двухгадовую Бару, а больш за ўсё пра іх маму і тату.


Маму клічуць Гэлена і яна аптэкарка — гэта значыць, яна прадае лекі ў аптэцы. Сама мама амаль ніякіх лекаў не есць, толькі лекавыя зёлкі, такія, напрыклад, як рамонак ці меліса. Мама вельмі любіць прыроду, а таксама некаторыя замежныя краіны, больш за ўсё — Італію. У Італіі мама калісьці глядзела дзяцей адной італьянскай мамы, у якой было вельмі многа працы і мала часу. Але мама любіць таксама Бразілію, Кітай, Нарвегію, Новую Зеландыю і яшчэ, можа, трыццаць краінаў, у якіх ніколі не была, але, безумоўна, хацела б туды паехаць.


Калі мама аднойчы крыху перабрала, то сказала тату, што падарожжы, магчыма, лепшыя за сэкс. І хоць пазней яна сцвярджала, што гэта быў жарт, тату ўсё адно было непрыемна, і ён часам згадваў тое неабдуманае выказванне з сарказмам.


— Ну, — казаў ён калі-нікалі ў ложку. — Трансатлантычны пералёт не атрымаўся — хутчэй такі караценькі чартар, праўда?


Мама таксама любіць лётаць на самалёце, ездзіць на машыне ці на цягніку. Калісьці даўно, калі яна яшчэ не ведала таты, дык ездзіла нават на слане! Мама паказвала гэта Сары і Бары на фотках.


— Ну і казёл, — каментаваў экзатычныя здымкі тата. — Ці прынамсі так выглядае.


— Гэта слон, — смяялася Сара, але тата сказаў, што меў на ўвазе спадара, які сядзеў на слане за мамінай спінай.


Тата Сары і Бары — даволі знакаміты актор. Ён грае ў тэатры. Татава фатаграфія часта бывае ў газетах, бо акрамя тэатра ён грае яшчэ і ў двух тэлевізійных серыялах.


— Глянь, татка! Наш! — крычыць Бара кожны раз, калі ў газеце ці часопісе знойдзе татаў здымак.


Калі Бара, Сара, мама і тата ідуць гуляць, некаторыя, перадусім маладыя дзяўчаткі, часам тату спыняюць і хочуць зрабіць з ім фотку. Мама іх кожны раз з усмешкай фоткае, але потым звычайна штосьці мармыча і не хоча казаць Сары, што. (“Здохні, лярва!”)


Сара, Бара, мама і тата жывуць у краіне Чэхіі, у старым, вялікім і прыгожым горадзе Празе, у той яго частцы, якая завецца Сміхаў, у новай мансардавай кватэры. (Мансардавая кватэра — гэта такая кватэра, якая месціцца на гарышчы, пад самым дахам). Мансардавую кватэру мама і тата здабылі т.зв. “канвертным метадам” — калі тата пра гэта камусьці расказвае, то кожны раз шматзначна ўсміхаецца. Мама, вядома, кажа, што кватэру яны атрымалі яшчэ і таму, што адпаведная чыноўніца ў мэрыі глядзіць абодва тэлевізійныя серыялы, у якіх грае тата. Мама новую кватэру адразу ж моцна палюбіла: больш за ўсё яна любіць дахавыя вокны, праз якія можна ўбачыць самалёты, неба, аблокі, месяц, сонца і зоркі. Такіх вокнаў ажно пяць, але маме ўвесь час здаецца, што гэтага замала. Яна кажа, што калі б толькі можна было, яна б зусім прыбрала дах і зрабіла б замест яго адно вялікае дахавае акно.


Гэтая кніжка таксама пра бабулю, але толькі крышачку. Бабуля ў Сары і Бары засталася толькі адна, таму яны яе — як кажа мама — павінныя страшэнна паважаць. Бабуля — гэта татава мама. Летам яна жыве на лецішчы каля рэчкі Бероўнкі, дзе ўвесь час робіць грыль з мяса ад мясніка Шымэка. Але ў верасні яна заўсёды пераязджае назад у Прагу, бо ў верасні пачынаюць працаваць усе тэатры, а найперш той, у якім грае тата, а таму на лецішчы няма каму паліць печ. Бабуля вельмі любіць Сару і Бару, але яна ўжо крышачку няпамятлівая і часам забываецца забраць Сару з дзіцячага садка, таму настаўніцы даводзіцца самой прыводзіць яе да мамы. Настаўніца — маміна сяброўка, і мама здабывае для яе лекі, таму яна ніколі не злуецца. Мама ёй заўсёды налівае віна, якое называецца “Палава”.


Другая бабуля і дзядуля Эміль загінулі ў аўтамабільнай аварыі. Маме тады ішоў толькі дваццаты год, і яна тады амаль увесь час плакала. Татаў тата, дзядуля Пэтр, памёр у мінулым годзе, таму што ў жываце ў яго была пухліна, як у таго тыгра з пражскага заапарка, пра якога Сары чытала мама. Тата тады плакаў, але мама растлумачыла, што і мужчыны могуць плакаць, калі кагосьці вельмі моцна любяць, і што гэта зусім не сорамна. Але пра другую бабулю і пра двух дзядуляў у гэтай кніжцы не будзе, бо тады яна была б сумная, а сумных кніжак і так шмат.

 

2. Як мама і тата пазнаёміліся

        

Мама з татам пазнаёміліся сем гадоў таму, і было гэта так.


         Маму яе найлепшая сяброўка запрасіла ў тэатр на спектакль, дзе тата граў рыцара, які называецца мушкецёр. На галаве ён насіў вялікі капялюш, а яшчэ ў яго быў незвычайны меч і белая кашуля з адарванымі гузікамі, так што яе нельга было зашпіліць, і якраз гэта спадабалася мамінай сяброўцы. Яна сказала маме, што тата салодкі, пад чым мела на ўвазе, што ён прыгожы і вельмі мілы. Мамінай найлепшай сяброўцы таксама падабалася, як тата хутка бегае, як фехтуе, як хмурыцца і як усміхаецца. Але маме тата спачатку вельмі не спадабаўся, і яна нават сказала сваёй найлепшай сяброўцы, што ён здаецца ёй слізкім, пад чым мела на ўвазе, што хоць ён і прыгожы, але ў той жа час непрыемны.


         Калі спектакль скончыўся, большасць гледачоў пайшла дадому, але маміна найлепшая сяброўка і мама засталіся сядзець у тэатральнай кавярні, бо мамінай найлепшай сяброўцы страшна захацелася піць, і ёй трэба было выпіць вады і віна. Праз нейкі час побач праходзіў тата, ужо пераапрануты ў звычайнае адзенне. Маміна найлепшая сяброўка яму ўсміхнулася і спытала, ці не хочацца яму выпадкова пасля фехтавання і бегу піць. Тата таксама ўсміхнуўся і сказаў, што яму выпадкова хочацца піць, і прытым страшэнна. Таму ён падсеў проста да мамы і яе найлепшай сяброўкі, выпіў адным махам цэлы збанок віна і адразу ж замовіў наступны.


         Тату мама спадабалася з самага пачатку. Яму падабаліся яе вочы, яе валасы, яе смех і наогул усё. Ён гаварыў з ёй пра розныя рэчы, напрыклад, пра фільмы, і пра кнігі, і пра сабакаў, і пра лекі ад галаўнога болю, бо тата ўжо даведаўся ад мамы, што яна аптэкарка. Таксама расказваў ёй пра тое, як купіў сабе чароўны махровы ручнік: заўсёды, калі ён пасля душа ім выціраецца, гэты ручнік застаецца цалкам сухі, а ён, тата, — цалкам мокры. Мама смяялася і ўжо не думала, што тата слізкі, а зразумела, што ён, якраз наадварот, салодкі, — але калі сказала пра гэта сваёй найлепшай сяброўцы, тая раззлавалася, бо яна заўважыла тату першая.


         Потым мама пайшла ў тэатр яшчэ раз, але ўжо без найлепшай сяброўкі, бо ўсе квіткі на спектакль былі прададзеныя, і ў таты не атрымалася дастаць яшчэ адзін. Мама сядзела ў першым шэрагу, і тата падчас спектаклю часта на яе глядзеў, а аднойчы нават падміргнуў ёй, і мама расчырванелася, але гэтага, на шчасце, не было відаць, бо ў зале была амаль суцэльная цемра. Пасля спектаклю мама з татам зноў доўга размаўлялі ў кавярні, а потым тата пайшоў праводзіць маму на начны трамвай, а калі трамвай прыехаў, тата сказаў маме, што ў яе закахаўся. Ён хацеў яе пацалаваць, але мама адсунулася, бо якраз у тым тэатральным спектаклі тата некалькі разоў абдымаўся з нейкай акторкай. І хоць мама ведала, што гэта было не папраўдзе, ёй усё адно крыху не падабалася, і яна таксама сказала пра гэта тату. Тата расстроіўся, што мама не хоча яго пацалаваць, і на наступны дзень прыйшоў да яе ў аптэку з сапраўдным рэцэптам на лекі, які яму напісаў адзін знаёмы доктар (Спн. Доўшава пераральна 3 р. на дзень, паказанне: сардэчная слабасць), а мама расчырванелася і засмяялася, але буські яму ўсё адно не дала, бо была на працы.


         У наступныя дні тата быў чым далей, тым больш сумны, але мама яму не верыла, бо думала, што тата толькі грае каханне, каб яна дазволіла яму з ёй абдымацца і лашчыцца. Тата быў праз гэта напраўду няшчасны і пытаўся ва ўсіх актораў у тэатры, чаму мама не хоча з ім быць, але акторы гэтага не ведалі. І вось аднойчы пасля прэм’еры іншай тэатральнай п’есы (прэм’ера значыць, што гэтая тэатральная п’еса ідзе ў тэатры гэтым вечарам самы першы раз) тата пазбіраў усе букеты і букецікі, якія акторы і акторкі атрымалі ад гледачоў, і выправіўся да мамы ў аптэку, дзе ў яе было начное дзяжурства. Некаторым акторам і акторкам было ўжо тату крыху шкада, і яны пайшлі разам з ім, каб пераканаць маму, што тата яе насамрэч кахае. Але мама зачыніла перад імі тое маленькае акенца, праз якое ноччу прадаюць лекі, і схавалася ўнутры аптэкі, бо думала, што яны толькі забаўляюцца.


         Але потым у акенца пагрукаў самы стары і знакаміты актор, які быў у тэатры і якога мама добра ведала з тэатра і тэлебачання, і калі яна адчыніла акенца, ён паказаў на тату, які згінаўся пад велізарным букетам, і прамовіў нізкім голасам:


         — Мілая паненка, я магу, вядома, памыляцца, але я ўжо нейкі час назіраю за гэтым вашым залётнікам і, як на мяне, ён не грае. Не настолькі ён добры актор. Я думаю, што гэта каханне і што быў бы грэх не даць яму шанцу.


         І мама адчыніла дзверы ў аптэку, агледзелася і кіўнула тату, што ён можа зайсці, і тата з велізарным букетам забег усярэдзіну, а ўсе акторы крычалі: “Ура, яна кахае яго!” — і заспявалі тату і маме вядомую песню пра каханне: “Ці вам да сэрца, ці не вельмі, яна кахала, ён кахаў”. Потым адчынілася акно над аптэкай, і нейкая спадарыня крычала, што тут людзі спяць — але той знакаміты стары актор крыкнуў нізкім голасам:


         — Адчапіся, агідная баба, тут два чалавекі кахаюць адно аднаго!

 

 

3. Як у таты і мамы нарадзіліся Сара і Бара

        

І той знакаміты стары актор меў рацыю: тата і мама сапраўды кахалі — гэта значыць, што яны вельмі моцна любілі адно аднаго. Хадзілі разам у кіно, на выставы карцін, на піцу, на доўгія прагулкі, а таксама ездзілі па рацэ Влтаве на лодачках, і тэлефанавалі адно аднаму, і шапталіся, і крыху сварыліся, і мірыліся, і наогул рабілі ўсё, што робяць закаханыя людзі. А галоўнае, увесь час адно аднаго цалавалі, гладзілі, абдымаліся і лашчыліся.


         А потым у мамы пачаў расці жывоцік, і кожную раніцу яе ванітавала, а таму яна адпрасілася з працы і пайшла да доктара на агляд. Доктар ёй паглядзеў пісю (у нас дома мы называем гэта так, але вы можаце, натуральна, карыстацца сваёй тэрміналогіяй), усміхнуўся і сказаў урачыстым голасам:


         — Віншую вас, мамуля, у вас будзе дзіцятка!


         І мама страшэнна ўзрадавалася і, вядома ж, хацела падзяліцца сваёй радасцю з татам, таму адразу ж села на трамвай, паехала да яго ў тэатр і сказала, што ў іх будзе дзіцятка…


         (Яшчэ перад гэтым ёй, вядома, давялося папрасіць вахцёра, каб той паклікаў тату да яе, і вахцёр кудысьці патэлефанаваў, і мама чула, як ён кажа:


         — Тут да цябе нейкая бландзіністая чыкуля, свінтус!


         А праз хвілінку прыбег тата са шчаслівай усмешкай на твары, бо ўжо прадчуваў, што мама яму скажа, але мама зусім без усмешкі прамовіла:


         — Ну так, тут адна бландзіністая чыкуля заляцела ад цябе, свінтус!


         І тата з дакорам паглядзеў на вахцёра, які залез у самую глыбіню сваёй будкі).


         …і тата абняў маму, пацалаваў яе і сказаў, што гэта самыя прыўкрасныя словы, якія ён чуў у сваім жыцці.


         Мамін жывоцік кожны дзень пакрысе рос, і праз некалькі месяцаў выглядаў як вялікі шар. Тату здавалася, што мама пачне раджаць з хвіліны на хвіліну, але мама смяялася і нагадвала тату, што гэта будзе ажно праз тры тыдні.


         Толькі Сары ў маміным жывоціку не хацелася чакаць так доўга, і яна вырашыла, што народзіцца ў мамы і таты на тыдзень раней. Тата ў той вечар якраз граў вадзяніка ў п’есе, якая называецца “Ліхтар”, і калі ён прыйшоў пасля спектаклю ў грымёрку, то пералякаўся, бо на тэлефоне была маміна смска, што мама ўжо ў радзільні.


         — Божа! — выкрыкнуў тата.


         Ён не стаў марнаваць часу на пераапрананне, а ў строі вадзяніка выбег з тэатра і спрабаваў спыніць таксоўку, якая давезла б яго да радзільні, да мамы. Перад тэатрам была, натуральна, процьма людзей і турыстаў, і ўсе смяяліся і фатаграфавалі тату, бо ім здавалася страшэнна забаўным, што таксоўку ловіць вадзянік.


         Смяяўся і кіроўца жоўтай таксоўкі, якую тата ўрэшце затармазіў.


         — На Падолле ў радзільню! — папрасіў кіроўцу тата, але таксіст не ехаў, а толькі ўсміхаўся і азіраўся навокал, бо думаў, што тата ў касцюме вадзяніка з яго жартуе.


         — Гэта што, схаваная камера?


         — Ды едзьце ўжо нарэшце! — крычаў на яго тата, але таксіст са смехам заглушыў матор.


         — Ну вы малайцом! Камера ў вас у дзірцы ад гузіка, так?


         Урэшце тата здолеў пераканаць таксіста, што гэта не жарт і што мама насамрэч нараджае. Але калі ён, увесь запыханы, прыбег да мамы ў бальнічную палату, то ўбачыў, што нараджаць яна яшчэ нават не пачала.


         — Я бачу, ваш муж падрыхтаваўся да родаў у вадзе, — сказаў маме галоўны доктар, які якраз маму аглядаў.


         Мама так смяялася, што ледзь сапраўды не пачала раджаць.


         — Ён не мой муж, — паведаміла мама галоўнаму доктару, калі нарэшце скончыла смяяцца. — Мы не жанатыя. Бо тата — ён не трывае вяселляў. Не трывае шлейфаў, дружкаў, натоўпу гасцей, сігналаў машын, абсыпання жытам і гэтак далей.


         — Ах, вось яно што, — сказаў галоўны доктар.


         — Я гэта ненавіджу. Калі два чалавекі кахаюць адно аднаго, навошта рабіць вакол гэтага столькі цырымоніяў? — абвясціў тата, пераапрануты ў вадзяніка, і распісаўся дзвюм маладым сястрычкам на чэпчыках.


         — Ну, я думаю, што і без вяселля вас з татам чакае цудоўнае і незвычайнае жыццё, — запэўніў маму галоўны доктар і загадаў сястрычкам, каб перасталі хіхікаць і выцерлі пасля таты ваду, якая ўсё яшчэ капала з яго зялёнага фрака.


         А калі Сары быў годзік з хвосцікам, мама сказала тату, што хацела б мець дваіх дзяцей — але другі раз хацела б нараджаць толькі падчас тэатральных канікулаў.


         — Чаму гэта? — спытаў тата.


         Мама красамоўна маўчала.


         — Добра, — сказаў тата, — чаму б і не.


         Мама ўсміхнулася тату і прашаптала яму, што, калі ён не ведае, наступныя тэатральныя канікулы абсалютна выпадкова пачынаюцца роўна праз дзевяць месяцаў. Тады тата абняў маму, і яны пачалі лашчыцца — і роўна праз дзевяць месяцаў у іх на Падоллі нарадзілася другая дзяўчынка па імені Бара.

4. Як тата звар’яцеў

        

У таты і мамы пачаліся клопаты.


         Абедзве дзяўчынкі раслі як на дражджах: з дня на дзень рабіліся большыя, разумнейшыя і ўсё больш галасістыя.


         Хутка яны таксама навучыліся хадзіць, і бегаць, і скакаць — і раптам іх у мансардавай кватэры стала так шмат, што гэтая вялікая кватэра тату і маме пачала здавацца маленькай.


         І ўсё ж найгоршым для таты было тое, што чым менш часу абедзве дзяўчынкі ўночы спалі, тым больш удзень размаўлялі.


         — Ды закрыйце вы нарэшце свае роцікі, бо я з вамі звар’яцею! — часта ўскрыкваў тата, але мама тлумачыла Сары і Бары, што тата толькі так жартуе.


         Аднойчы ў нядзелю Сара і Бара прачнуліся нават раней, чым звычайна. На вуліцы толькі світала, і тата з мамай, само сабой, яшчэ спалі. Абедзве дзяўчынкі залезлі да іх у ложак, пабудзілі іх і пачалі ім задаваць усе цікавыя пытанні, якія з’явіліся ў іх гэтай раніцай, — напрыклад, колькі важыць самалёт, што распыляе парашок без парашку, як какае карп альбо што такое підэ.


         — Бідэ, — сонна паправіла Сару мама. — Гэта такая белая міса, якая нават выглядае як унітаз. На бідэ людзі садзяцца пасля таго як пакакаюць і падмываюць дупку.


         — І пісю таксама? — цікавілася Бара.


         — Пісю таксама.


         — Ціха! — закрычаў тата. — Тут людзі спяць!


         Ён паглядзеў на гадзіннік, застагнаў, папоркаўся ў шуфлядцы начнога століка і ўставіў сабе ў вушы спецыяльныя ватныя затычкі, якія мама прынесла яму з аптэкі: адну ярка-зялёную, а другую ярка-аранжавую (тату раздражняла, што затычкі рознага колеру, але мама запэўніла яго, што гэтага практычна не відаць). Калі Сара ўбачыла, што ў таты з вушэй тырчаць рознакаляровыя затычкі, то рассмяялася, і з яе носа вылезла вялікая бурбалка.


         — Фу! — насупілася мама. — Высмаркайся!


         Яна кінула Сары пакунак папяровых насовак, і Сара некалькі разоў гучна высмаркалася.


         — А насоўка не крыўдзіцца, што я ў яе смаркаюся? — пацікавілася Сара.


         — Не крыўдзіцца, — сказала мама. — Насоўка радая, што можа быць карыснай. Насоўка, у якую ніхто ніколі не смаркаўся, наадварот, была б сумная.


         — А ў ліфта ёсць зубы? — спытала праз хвілінку Сара.


         — Ці ёсць у ліфта зубы? — недаверліва паўтарыла мама і пацягнулася. — Мой Божа, адкуль ты гэта ўзяла?


         — Што?


         — Гэтае пытанне, — пазяхнула мама.


         — Дык яно ж было ў мяне ў галаве, — адказала Сара. — Яно зрабілася там ноччу, ясна?


         — Не, — сказала мама.


         — Госпадзе! — заенчыў тата з заплюшчанымі вачыма.


         Мама выцягнула ў яго з левага вуха аранжавую затычку. Тата з цяжкасцю расплюшчыў вочы.


         — Недахопам сну ізраільская выведка Масад катавала палестынскіх вязняў, — сказаў ён. — Я вам што, бляха, які-небудзь палонны палестынец?


         — Ці ёсць у ліфта зубы? — спакойна спытала мама.


         Тата зноў застагнаў. Мама засмяялася.


         — Сару цікавіць, ці ёсць у ліфта зубы. Гэтае пытанне ноччу зрабілася ў яе галаве, ясна?


         Тата паглядзеў на Сару, на Бару і потым на маму.


         — Памерай ёй тэмпературу, — сказаў ён, — Гэтае дзіця трызніць. І сабе таксама памерай. Цяпер палова шостай раніцы і сёння нядзеля, ясна? Ясна вам? Усім зараз жа мераць тэмпературу! Я з вамі звар’яцею!


         Тата раззлавана вылез з ложка. На ім была паласатая піжама, а з правага вуха ўсё яшчэ тырчала зялёная затычка.


         — Не, далібог, я звар’яцею! Я хранічна не высыпаюся! Я ў тэатры засынаю на ўласных рэпліках! — крычаў ён (калі хочаце растлумачыць ім, што значыць “хранічна” і “рэпліка”, можаце гэта зрабіць). — Усё, смешачкі скончыліся!


         Ён схапіў падушку, выйшаў на балкон — і, да мамінага жаху, пералез праз парэнчы і на карачках узлез на дах.


         — Божа літасцівы! — ускрыкнула мама. — Што ты робіш?


         Тата выпрастаўся, захістаўся, ухапіўся вольнай рукой за комін і лёг на лаўку ля яго (гэта, мілыя дзеці, такая вузкая дошка, на якой стаяць камінары, калі чысцяць комін). Сара і Бара, перапалоханыя, сачылі за татам. Тата падсунуў пад галаву падушку, прыкрыўся коўдрай і заплюшчыў вочы. Мама выбегла на балкон.


         — Ты і праўда звар’яцеў! — залямантавала яна. — Хочаш зваліцца?! Зараз жа злазь!


         Але тата нават не варухнуўся.


         — Ты, халера, хоць прывяжыся! — прасіла яго мама.


         Яна вярнулася ў пакой, выцягнула пояс з татавага махровага халата і кінула яго яму. Тата злавіў пояс і прывязаўся ім да дошкі. Потым зноў заплюшчыў вочы. Сара і Бара прыклыпалі на балкон за мамай і ўзялі яе за руку, як звычайна, калі чагосьці баяліся.


         — Чаму ты на даху, тата? — крыкнула праз хвілінку Сара.


         — Таму што я голуб, — мармытаў тата.


         — Не голуб ты! — крычала няшчасная Бара. — Ты тата!


         — Я не тата, я голуб. Буррр, буррр.


         Сара паглядзела на маму.


         — Тата звар’яцеў? — спытала яна.


         — Так, — сказала мама. — Ён звар’яцеў, бо вы нам ніколі не даяце выспацца.


         Сара, Бара і мама не спускалі з таты вачэй. Тата заснуў. Мама, Сара і Бара ціха сядзелі на балконе і вельмі баяліся, што тата зваліцца.


         — Мы яго больш ніколі не будзем рана будзіць, — прашаптала маме Сара.


         — Не будзем! — абяцала Бара. Мама пагладзіла абедзвюх па галовах.


         Праз паўгадзіны прыйшла бабуля. Яна адчыніла дзверы на балкон, убачыла маму, Сару і Бару — а потым нарэшце заўважыла і тату, які спаў за комінам.


         — Мой Божа, што гэта ў вас такое адбываецца? — зацікавілася бабуля.


         — Тссс, тата звар’яцеў, — растлумачыла ёй Сара.


         — Ён голуб, — ціхенька дапоўніла сястрычку Бара.


         — Калі тата голуб, то яму не пашчасціла, — сказала бабуля вельмі гучна. — Зерня ў мяне няма.


         Тата сонна сеў.


         — Ааа, салют, ма, — павітаўся ён з бабуляй.


         — Ану злазь, — загадала бабуля і дастала з торбы марынаванае мяса ад мясніка Шымэка, з якога збіралася на балконе рабіць грыль.


         — Выглядае няблага. Ням-ням! Ну дык тады я ўжо не голуб. Тады я зноў тата, — абвясціў тата і злез нарэшце з даху.

 

5. Як трэба сустракаць маму

 

         Вясной у Празе шмат людзей хварэла на грып, пачалася эпідэмія (і гэтае слова вы, несумненна, здолееце растлумачыць самі), і мама вярталася з працы замучаная як кацяня, як яна звычайна казала, бо аптэка з раніцы да вечара была поўная людзей. Усе яны куплялі лекі ад грыпу, якія бачылі ў тэлевізійнай рэкламе.


         Заўсёды, калі Сара і Бара чулі, як мама адмыкае дзверы, то беглі ў вітальню — і на маміным стомленым твары адразу ж з’яўлялася ўсмешка. І сёння мама хутка паклала торбы з пакупкамі на абутковую шафку і раскінула рукі для абдымкаў.


         — Прывітанне, мае дзяўчынкі!


         — Мама, — захныкала замест прывітання Сара, — Бара мяне ўшчыкнула!


         Мама не магла не заўважыць, што ў Сары не стае тапкаў і шкарпэтак.


         — Яна мяне стукнула! — закрычала плаксіва Бара. — Сала стукнула!


         І хоць у Бары тапкі і шкарпэткі былі на месцы, затое яе твар быў цалкам брудны. Гэта ж, мусіць, зямля, здзіўлена падумала мама.


         — Не стукнула!


         — Так-так!


         — Не-не!


         Прыйшоў тата.


         — І так цэлы дзень, — скардзіўся ён маме. — Крык, плач, сваркі, скаргі…


         — Прывітанне, любы, — сказала мама з дакорам, бо тата праз свае нараканні дагэтуль з ёй не павітаўся.


         “Быццам мне гэтага ў тэатры мала”, — злосна бурчаў тата.


         Мама ўздыхнула, абула хатнія пантофлі і пайшла на кухню. У дзвярах яна спынілася ад нечаканасці: на стале стаялі брудныя кубкі і талеркі, ракавіна, пліта і столік былі залітыя чарнічным ягуртам, падлога пад сталом пасыпаная кукурузнымі шматкамі, а пад дахавым акном нехта высыпаў зямлю з вазона. Мама моўчкі паківала галавой, прайшла да лядоўні, адляпіла ад яе дзвярэй кавалак сыра-камамбэра і зрабіла глыбокі ўдых.


         — Даражэнькія, — сказала яна і строга паглядзела на Бару, на Сару і на тату, — я прыходжу з працы замучаная як кацяня, ніхто са мной не вітаецца, паўсюль непарадак, і з усіх бакоў я чую толькі скаргі… Так трэба сустракаць маму?!


         — Не, — мусіла прызнаць Сара.


         — Не, — сказала Бара і паматляла галавой.


         — Не, — прызнаў тата.


         Мама села за стол. Кукурузныя шматкі трэскаліся ў яе пад нагамі.


         — Ну дык, — пыталася яна, — як трэба сустракаць маму?


         — Спярша з мамай трэба павітацца, — сказала Сара. — Потым трэба даць ёй буську.


         — Добра. А далей?


         Сара і Бара не ведалі.


         — Потым трэба запытацца ў мамы, як у яе прайшоў дзень, што адбывалася на працы і гэтак далей, — дадаў тата.


         — Правільна, — сказала мама. — Вось так трэба сустракаць маму. Але галоўнае: нельга маме адразу ж скардзіцца. І наракаць. Як сёння.


         Сара думала.


         — Мы зрабілі памылку, так? — спытала яна ў мамы.


         — Так, — сказала мама, — зрабілі. Усе трое!


         Яна паглядзела на тату.


         — І павінна быць хаця б крыху прыбрана! А ў ідэальным выпадку хто-небудзь мог бы мне сказаць, напрыклад: “Любая, ты, мабыць, зусім замучаная — хочаш, я падрыхтую табе ванну?”


         Тата, Сара і Бара з мамінага голасу пазналі, што мама ўсё яшчэ злуецца.


— Дык вось, цяпер вы ўсе ўжо ведаеце, як трэба сустракаць маму, — сказала яна нарэшце. — І мне вельмі цікава, як вы мяне сустрэнеце заўтра!


         І на наступны дзень маміна аптэка была поўная людзей, якія смаркаліся і кашлялі і якія хацелі пазбавіцца ад сваіх насмаркаў і кашляў гэтак жа хутка, як той чалавек у тэлевізійнай рэкламе. Мама была такая запрацаваная, што нават не паспела запарыць сабе гарбаты і дадому прыйшла яшчэ больш стомленая, чым учора.


         Калі яна адамкнула дзверы і зайшла ў вітальню, то не паверыла сваім вачам: Сара і Бара былі апранутыя ў святочнае адзенне, а ў валасах у іх былі банты.


         — Прывітанне, мама, — сказала Сара і адразу ж пацалавала маму. — Што было на працы?


         Мама засмяялася і таксама пацалавала Бару.


         Прыйшоў тата, апрануты ў чыстую кашулю і зусім новы пінжак. Ён узяў у мамы торбы з закупамі, дапамог ёй зняць плашч, а потым абняў яе.


         — Прывітанне, любая, — сказаў ён. — Як у цябе сёння прайшоў дзень?


         Мама зноў рассмяялася.


         Сара паглядзела на тату, і тата кіўнуў.


         — Мама, — сказала Сара, — мы табе будзем расказваць, што мы з татам рабілі ажно да абеду. Мы рабілі шмат-шмат цікавага!


         — Праўда? — усміхалася мама.


         — Малявалі! — пахвалілася Бара.


         — Вы з татам малявалі?


         — Ванну! — ускрыкнула Бара.


         — Вы малявалі ванну?


         — Пачакай, дурыла! — нагадала Бары Сара і зноў паглядзела на тату. Тата ўзяў маму за руку і правёў яе на ўзорна прыбраную кухню. На стале стаяла ваза з пяццю ружамі.


         — Ну нічога сабе, — сказала мама.


         — Сядзь, — ласкава прамовіў тата. — І расказвай! Як сёння прадаваўся нурафен?


         Мама стукнула тату кулаком у жывот, але толькі жартам.


         — Набраць ванну! — ускрыкнула Бара.


         — Ну вось, бачыш — мы ўжо рыхтуем табе ванну, — сказаў тата. — Мы падумалі, што ты, мабыць, будзеш страшэнна стомленая.


         — Ванну? Вось гэта было б цудоўна! — усцешылася мама і адразу ж пачала распранацца. — Мушу вам сказаць, што сёння вы маму сустрэлі напраўду вельмі хораша!


         Тата злёгку пакланіўся.


         — Дзякуй, — сказаў ён. — А пасля ванны мы растлумачым табе, як трэба правільна сустракаць тату.

        

 

6. Тата і лавіна

Павучальная гісторыя пра тое, чаму неабходна час ад часу прыбіраць за сабой (з элементамі эмацыйнага шантажу)

        

Ужо два дні дождж ліў як з рэшата. З жолаба на дварэ безупынку цурчэлі струмені вады. Мама выйшла на балкон, асцярожна абышла некалькі малых лужынаў і выцягнула руку на вуліцу.


         — Брр! — ускрыкнула яна і вярнулася ў пакой.


         Рука ў яе была мокрая і халодная.


         — Брр! — ускрыкнула Сара.


         — Блл! — ускрыкнула Бара.


         Абедзвюм было крыху сумна. Цэлыя два дні яны не маглі хадзіць на вуліцу і мусілі сядзець дома. У першы дзень яны гулялі спярша з канструктарам, з мяккімі цацкамі, з драўлянымі кубікамі, з папяровымі каробкамі, з батлейкай і з машынкамі. На другі дзень яны гулялі ў доктара, у школу і ў краму, а потым напрыносілі з дзіцячага пакоя процьму кніжак з малюнкамі. Нарэшце дзяўчынкі прывезлі абодва дзіцячыя вазкі, некалькі вялікіх лялек, Сарын ровар і Барын матацыкл. Гара цацак у зале расла з гадзіны на гадзіну. Калі вечарам дадому прыйшоў тата, велізарная куча ўжо была нашмат большая за Сару і пачала небяспечна нахіляцца.


         — Я іх папярэджвала, — казала тату мама, — калі дзяўчынкі не прыбяруць цацкі, не будзе ім вечаровай казкі.


         Толькі дзяўчынкі не слухалі маму. Смяяліся, бегалі кругамі вакол кучы цацак, штурхаліся ўсімі магчымымі спосабамі, а калі задыхаліся, выцягнулі з шуфлядкі каляровыя алоўкі і пластылін і пачалі маляваць і ляпіць. Бара намалявала тату і дажджавога чарвяка, а Сара зляпіла сабаку і хлопчыка Шусту з дзіцячага садка. Прыбірацца яны нават не думалі: наадварот, увесь гэты гармідар толькі павялічваўся і павялічваўся. Тата нічога не казаў, але было відаць, што гэта яму зусім не даспадобы. Сара пазнала гэта па татавым твары, але ў той дзень у яе быў непаслухмяны настрой. А Бара? Тая ўсё заўсёды паўтарала за сястрой.


         Тата тым часам пераапрануўся ў хатняе, усеўся на канапе і наліў маме і сабе віна. У тэлевізары якраз пачыналіся навіны, таму ён пабольшыў гук. Спадарыня, якая чытае навіны, казала, што моцны дождж ідзе не толькі ў Чэхіі, але і ў іншых краінах. У адной далёкай краіне дождж нават размачыў цэлы пагорак, які потым абрынуўся на некалькі дамоў.


         — Гэта называецца апоўзень. Да яго крыху падобная лавіна, — навучала мама Сару. — Лавіны і апоўзні страшэнна небяспечныя. Калі чалавека заваліць, ён не зможа дыхаць. Задыхнецца.


         — І памрэ?


         — Так, — сказаў тата, — можа і памерці.


         — Лавіна бывае са снегу, з камення або з гразі, — сказала мама.


         Тата паглядзеў у маміны прыгожыя зялёныя вочы, а потым зірнуў на абедзвюх дзяўчынак.


         — Альбо з цацак — калі вы раптам не ведаеце, — сказаў ён. — Цацачная гара можа заваліць чалавека гэтаксама.


         — Не-не-не! —не верыла яму Сара, — Не можа.


         — Не-не! — крычала Бара.


         — Так-так! —сур’ёзна адказаў тата, — Можа.


         Мама стрымала слова, і вечарам дзяўчынкі засыналі без казкі, бо тую высокую гару цацак у пакоі так і не прыбралі. У шыбы дахавых вокнаў усё яшчэ барабаніў дождж. Бара ўжо спала, але Сара не магла заснуць. Яна думала пра людзей у той далёкай краіне, дамы якіх заліло граззю, і ёй было ад гэтага сумна. Добра, хоць перад іхным домам няма ніякага пагорка! Так падумала Сара — і ў той самы момант з залы данёсся гук страшэннага ўдару і шум.


         — Ратуйце! — пачула Сара крык таты. — Ратуйце! Задыхаюся!


         Сара спалохана выскачыла з ложка — яна ўжо адчувала, што адбылося з татам. Мама таксама выбегла са спальні ў начной кашулі і спяшалася тату на дапамогу.


         — Яго засыпала лавіна цацак! — крычала мама. — Ён не можа дыхаць!


         І сапраўды: таты за цацкамі амаль не было відаць. З-пад гары вытыркаліся толькі татава левая рука, кавалак нагі і вуха, але і яно было часткова закрытае пексесам. Сара, нічога не чакаючы, як умела, пачала адкідваць з таты цацкі. Увесь ягоны жывот быў засыпаны каляровымі драўлянымі кубікамі, на нагах ляжаў ровар, а твар быў прыціснуты да зямлі Барыным вазком, з якім Сары мусіла дапамагчы мама. У роце ў таты была жоўтая дэталька ад канструктара. Як толькі мама яе дастала, тата нарэшце ўздыхнуў. Ён сеў сярод параскіданых цацак, а Сара кінулася да яго на рукі і расплакалася.


         — Асцярожна, — папрасіў тата, — яшчэ крыху балюча. Мне ў спіну ўрэзалася рыбка Нэма.


         — О, гэта, мабыць, было вельмі балюча, — сказала мама, а потым з дакорам паглядзела на Сару.


         — Ну а няўжо ж, — уздыхнуў тата.


         — Я страшэнна баялася за цябе, — сказала мама. — Баялася, што ты задыхнешся пад гэтай лавінай.


         — Я таксама, — усхліпвала Сара. — Даруй, тата! Я абяцаю, што буду прыбірацца!


         — Ну-ну, — сказаў тата і пагладзіў яе валасы, — пабачым.


         (Выхаваўчы эфект гэтай казкі дзейнічае звычайна ад аднаго да трох дзён.)

 

7. Як тата, мама, Сара і Бара ездзілі на экскурсію(каб тата псіхічна адпачыў)

Наздвычай кароткая казка з досыць працяглым дадаткам для бацькоў

Аднойчы ў суботу сонейка пабудзіла маму яшчэ раней, чым Сару з Барай: яно стаяла проста над дахавым акном і свяціла, свяціла... Мама адкінула коўдру, выцягнула нагу і вялікім пальцам адчыніла акно насцеж.


— Ой, там цудоўна! — ускрыкнула мама.


— Ціха! — прамармытаў тата. — Тут людзі спяць!


Бара праз хвілінку таксама прачнулася і пералезла да мамы. Мама вызваліла ёй месца побач з сабой, і яны пачалі лашчыцца, але рабілі гэта крыху зашумна.


— Няўжо нельга лашчыцца цішэй? — скардзіўся тата. — Я яшчэ хачу паспаць!


Тады мама і Бара ўсталі і далі тату паспаць, каб ён раптам зноў не звар’яцеў і не залез на дах. Мама запарыла Бары сунічнай гарбаты, а сабе кавы, і яны, кожная са сваім кубачкам у руцэ, выйшлі на балкон. Яны былі босыя, у адных начных кашульках, кафлі былі яшчэ халодныя, і таму мама з Барай падкурчвалі пальцы на нагах. Але сонейка грэла вельмі добра, і праз хвілінку кафлі былі ўжо цёплыя.


Мама пагладзіла фіялетавы пучок лаванды ў кветкавым гаршчку і панюхала яго. Потым, высунуўшыся праз парэнчы, яна абводзіла позіркам сіняе неба і тынкоўкі дамоў насупраць і ўздыхала. Тата з Сарай тым часам таксама падняліся. Яны сядзелі на ложку і сачылі за мамай і Барай.


— На вуліцы проста шыкоўна! — захоплена сказала мама тату.


— О Госпадзе, — сказаў тата паўшэптам.


— Чаму ты кажаш о госпадзе? — спыталася ў таты Сара.


— Бо мы паедзем на экскурсію, — ціха сказаў тата.


Мама вярнулася ў пакой і ўсміхнулася тату.

— Можа, з’ездзім куды-небудзь на экскурсію? — папрасіла яна.


— Мне трэба вучыць ролю! — запярэчыў тата.


— Табе трэба псіхічна адпачыць.


Тата засмяяўся.


— Ад чаго гэта? Я не Гамлета граю — я граю ў тэлесерыяле.


— Якраз таму.


Тата доўга маўчаў. Потым глыбока ўздыхнуў.


— Ну добра. Паедзем на экскурсію.


— Ура! — закрычала Сара.


— Ула! — закрычала Бара.


— Пабачыш, экскурсія пойдзе табе на карысць, — сказала тату мама.


Яны паехалі на крэпасць, якая называецца Карлштэйн. Дарога была даволі доўгая, і Бара з Сарай у машыне сваволілі: крышылі печыва на падлогу, барабанілі нагамі ў пярэднія сядзенні і абмазвалі бакавыя акенцы аўтамабіля белым шакаладам.


— Я так і адчуваю, як пачынаю псіхічна расслабляцца, — зласліва адзначыў тата, і мама папрасіла яго, каб хаця б ён не быў бякай.


Сама экскурсія па крэпасці маме вельмі падабалася. Калі ўсе нарэшце выйшлі з апошняга пакоя на падворак, мама сказала Сары і Бары, што было вельмі цікава пабачыць, як жылі людзі ў мінулым: як апраналіся, як елі, як спалі і гэтак далей. Сара сказала, што было няблага, бо яна магла коўзацца на паркеце. Бара маўчала, але калі мама спытала яе, ці спадабалася ёй сённяшняя экскурсія, ускрыкнула, што хоча жвачку ці цукерку.


Тата адзначыў, што нецікавым Карлштэйн не назавеш, але, маўляў, ён бы не пакрыўдзіўся, калі б гэтая гадзінная экскурсія была ну хоць крыху карацейшая.


— Скажам, на гадзіну, — удакладніў ён.


Мама жартоўна стукнула яго кулаком у жывот.


— Калі б тым разам Карлштэйн насамрэч атрымалася прадаць, — хрыпеў, нізка схіліўшыся, тата, — і прыватны ўладальнік закрыў бы яго для грамадскасці, я б трываў гэта з узорным разуменнем і мужнасцю.


Пасля экскурсіі па замку ўсе пайшлі на абед у рэстарацыю, што была паблізу. Дзве дзяўчыны за суседнім столікам пазналі тату. Хвілінку яны пра нешта шапталіся і хіхікалі, але потым адна з іх падышла папрасіць у яго аўтограф. Паперы ў яе, натуральна, не было, а таму яна папрасіла тату, ці не мог бы ён распісацца ў яе з сяброўкай на жыватах. Мама закашлялася.


— Здохні, лярва, — прамармытала яна з усмешкай.


— Што? — не зразумела дзяўчына.


— Само сабой, — усміхнуўся тата гэтак жа, як усміхаўся на фотаздымках у газетах або часопісах. — З радасцю.


— Ух ты! — заверашчала дзяўчына. — Сууупер!


І адразу ж пачала закасваць майку. Мама запоркалася ў торбачцы, знайшла свой замежны пашпарт і хацела вырваць з яго дзве чыстыя старонкі, але тату, на шчасце, прыйшло ў галаву, што ён можа распісацца дзяўчатам на адваротным баку падставак пад піва, што ён і зрабіў.


Калі дзяўчаты пайшлі, тата заўважыў, што было вельмі цікава даведацца, як ядуць і апранаюцца сучасныя людзі, і што, магчыма, было б яшчэ цікавей даведацца, як яны спяць — і мама зноў жартоўна стукнула яго кулаком у жывот, а тата смяяўся ажно да слёз.

 

8. Як мама халаднела

Аднойчы зранку тата ўстаў пазней, чым звычайна. Казкі па тэлебачанні ўжо даўно скончыліся.


— Доблай ланіцы! — закрычала тату Бара, якая якраз складала свой улюбёны пазл з кроцікам.


— Добрай раніцы, татка! — павіталася з татам Сара, якая акурат выразала з каляровай паперы караля, каралеву і прынцэсу.


Бара нічога не заўважыла, але Сары здавалася, што сёння з татам штосьці не так, а таму яна агледзела яго з ног да галавы. І сапраўды! Твар у яго быў памяты, вочы чырвоныя і апухлыя, а яшчэ ён увесь час пазяхаў.


— Добрай раніцы, мае дзяўчынкі! — стомлена засмяяўся тата.


Тады Сары здалося яшчэ, што тата размаўляе не такім голасам, як заўсёды.


— Чаму ты размаўляеш сур’ёзным голасам, татка? — спытала яна.


— Правільна казаць не “сур’ёзны голас”, а “нізкі голас”, — адказаў тата гэтым нязвыклым нізкім голасам.


— Чаму ты гаворыш нізкім голасам? Чаму не гаворыш звычайным голасам?


Бара перастала складаць пазл і паглядзела на тату. Было відаць, што і яе зацікавіла таямніца татавага голасу.


— Бо свой звычайны голас тата ўчора забыў у бары, — растлумачыла дзецям мама.


— Не жартуй! — нахмурылася Сара. — Голас нельга забыць. Можна забыць швэдар, ці алоўкі, ці фарбы! Але не голас!


— Гэта праўда, — згадзіўся тата. — Вядома, я свой голас нідзе не забыў. Мама жартуе.


— Я такіх жартаў не люблю, — сказала Сара. — Якія няпраўда. Я люблю толькі тыя жарты, якія праўда.


— Праўда ў тым, — працягваў тата, — што я сёння вырашыў даць свайму звычайнаму голасу адпачыць. Бо ён ужо страшэнна стаміўся.


— Апупець, — сказала Сара, як звычайна, калі не разумела бацькоў.


— Сёння я буду размаўляць іншым, нізкім голасам, а звычайны голас як след адпачне. Разумееш?


Было бачна, што Сара ўсё яшчэ не зусім верыць татавым словам, але ўрэшце і яна паківала галавой. Мама ўздыхнула. Сара не разумела, чаму мама ўздыхае, але ёй было нецікава ўвесь час пра нешта пытацца.


— Добрай раніцы, мама! — прамовіў тата сваім іншым, нізкім, голасам.


— Ты размаўляеш як Луі Армстранг, а выглядаеш як пчолка Мая, — сказала мама, але не засмяялася.


Сары было гэта вельмі дзіўна. Параўнаць тату з пчолкай Маяй — гэта ж пацешна. Дык чаму тады мама не смяецца? Сёння нейкая дзіўная раніца, падумала яна.


— Тата — пчолка Мая! — смяялася Бара.


Тата замахаў рукамі, нібыта гэта былі крылы, і зрабіў выгляд, што ляціць. Спачатку прыляцеў да Бары і даў ёй буську, потым падляцеў да Сары і таксама даў ёй буську. Урэшце ён даляцеў і да мамы і спрабаваў ёй таксама даць буську, але мама ўвесь час адварочвалася.


— Спачатку зубы пачысці, — сказала яна тату.


— Я ўжо чысціў, — пакрыўджана адказаў тата.


— Праўда? — здзівілася мама. — А не хлусіш?


— Мама, — строга перапыніла маму Сара. — Тата ніколі не хлусіць. Ты так не кажы, што ён хлусіць!


Нарэшце мама засмяялася. Сара была радая, але ў той жа час у яе не выходзіла з галавы, чаму мама смяецца з таго, што тата не хлусіць, калі гэта не пацешна. А калі ён грае пчолку, што для іх пацешна, дык яна не смяецца зусім.


Пакуль Сара думала, мама пайшла ў спальню. Некалькі разоў уздыхнула, падняла жалюзі і адчыніла ўсе дахавыя вокны.


— Мама лобіць? — спытала Бара.


— Правільна казаць: што мама робіць, — выправіў Бару тата.


— Халаднее, — растлумачыла сястрычцы Сара.

— Правільна казаць праветрывае, а не халаднее, — растлумачыў Сары і Бары тата. — Мама праветрывае.


— Не. Мама халаднее! — адгукнулася са спальні мама.


— Апупець! — сказала Сара і пайшла дапамагаць Бары складаць пазл — бо скласці нават самы цяжкі пазл бывае часам лягчэй, чым зразумець уласных бацькоў.

 

9. Пра прынцэсу з залатымі валасамі і брыдкага карліка

 

Аднойчы да абеду мама прала бялізну, а Сара і Бара ёй дапамагалі: у адну кучу кідалі каляровае адзенне, а ў другую белае (запомніце: белае і каляровае адзенне нельга кідаць у пральную машыну разам, бо белае можа ад каляровага пафарбавацца). Мама ім у гэты час спявала народныя песенькі, такія як, напрыклад, “Ой, ехаў полем казачэнька” альбо “Купалінка, Купалінка, цёмная ночка”, а дзяўчынкі стараліся ёй падпяваць, толькі ў іх гэта выходзіла не вельмі добра, бо яны не ведалі ўсіх словаў. Потым у кошыку з бруднай бялізнай яны знайшлі татаў чорны швэдар, і мама дзеля смеху адзела яго на дзяўчынак. У адным рукаве была рука Сары, а ў другім — Бары. З выразу выглядалі дзве маленькія галоўкі.


— Дзвюхгаловы карлік, — засмяялася мама.


Раптам яна заўважыла штосьці ўнутры швэдра.


— Ты глядзіш? Што ты глядзіш? — спытала Бара.


Мама не адказала.


— Што ты глядзіш? — паўтарыла сваё пытанне Бара.


— Я гляджу вось на гэты волас.


— Чый гэта волас?


— Не ведаю. Мабыць, нейкай золатавалосай прынцэсы.


— Прынцэсы? — уразілася Сара.


Але мама зноў не адказала. Яна ўзяла татаў швэдар і выцягнула з яго той доўгі волас. Некалькі разоў швэдар панюхала, агледзела яго больш уважліва і праз нейкі час знайшла яшчэ два валасы, таксама светлыя і вельмі доўгія, яшчэ даўжэйшыя, чым той першы. Мама зняла з пальца абодва пярсцёнкі, якія ёй падараваў тата пасля нараджэння Сары і Бары і працягнула праз іх тры залатыя валасы, а на канцы акуратна завязала іх на вузел. Сара і Бара здзіўлена сачылі за ёй.


— Ты лобіш? Што ты лобіш? — спытала Бара.


— Падарунак для таты, — сказала мама і падміргнула, але яе прыгожыя зялёныя вочы былі сумныя. Яна пайшла на кухню і кінула пярсцёнкі з валасамі ў татаву шклянку для чырвонага віна — кінула так рэзка, што шкло ажно зазвінела.


— Валасы — гэта не падарунак! — не пагадзілася Сара.


— Гэта праўда, — мусіла праз хвілінку прызнаць мама.


Яна села на крэсла за кухонным сталом, а Сара і Бара залезлі да яе на калені.


— Не падалунак? — не разумела Бара.


— Не, — уздыхнула мама.


— Што гэта? — паказвала Бара на пярсцёнкі ў кілішку.


— Гэта… Я і сама не ведаю, што гэта, — сказала мама.


Яна ўстала, узяла шклянку, разарвала тыя тры залатыя валасы, а пярсцёнкі зноў надзела на палец. Залатыя валасы яна выкінула ў сметніцу.


— Так, — сказала яна. — Бялізна ўжо, мабыць, чыстая. Дапаможаце мне яе павесіць?


— Але хто туды гэтыя валасы тату паклаў? У швэдар, — не разумела Сара.


— Мабыць, карлік, — сказала мама. — Такі маленькі брыдкі карлік. Але давайце больш не будзем пра гэта гаварыць, добра?


Мама пачакала, пакуль Сара паківае галавой.


— Так.


— І тату нічога казаць не будзем?


Сара маўчала.


— Гэта ясна, Сара?


— Апупець, — уздыхнула Сара, як звычайна, калі чагосьці не разумела.


— У цябе ў швэдры былі залатыя валасы! Тры! — паведаміла тату Сара адразу ж, калі ён пад вечар вярнуўся з тэатра дадому. Той яшчэ нават не паспеў разуцца.


— Сур’ёзна? — сказаў тата і паглядзеў на маму. — А адкуль у маім швэдры гэтыя тры залатыя валасы ўзяліся?


— Нас з раніцы гэта таксама вельмі цікавіла, — сказала мама і строга паглядзела на Сару. — Але цяпер, пад вечар, нас гэта ані не цікавіць.


— Табе іх туды паклаў брыдкі карлік! — абвясціла тату Сара. — Зразумела?


— Каллік. Злазумела? — паўтарыла Бара.


Тата пачырванеў.


— Зразумеў. Брыдкі карлік. Проста карлік, — сказаў ён. — А якога ён мог быць росту?


— Можа, такога, — насупілася Сара і шырока раскінула далоні.


— Не, — усміхнулася мама і крыху развяла вялікі і ўказальны пальцы, — нашмат меншы.

 

10. Найлепшы тата на свеце

 

Аднойчы ў суботу ў канцы лета мама прачнулася і цэлую раніцу гаварыла з Сарай, Барай і татам на замежнай мове.


— Buon giorno, — павіталася яна з імі, напрыклад.


А потым растлумачыла ім, што buon giorno па-італьянску значыць добры дзень.


— Чаму ты гаворыш па-італьянску? — не разумела Сара


Сары гэта вельмі не падабалася. Ёй здавалася, што мама ператварылася ў нейкую чужую цётку, якой яна зусім не разумее.


— Таму што я сумую па Італіі, — сказала мама.


Потым мама расказвала Сары, што ў Італіі яна многа гадоў таму, калі яшчэ не ведала таты, працавала цэлы год і што гэта дзівосная краіна. Там, маўляў, прыгожыя гарады, прыгожыя горы і прыгожае мора, там жывуць вельмі мілыя людзі, якія амаль увесь час усміхаюцца. А таксама там выдатныя стравы і напоі. Раптам мама спынілася. Затаіла дыханне і закруціла вачыма, з чаго тата, Сара і ўжо нават Бара зразумелі, што ў мамы з’явілася ідэя.


— О Госпадзе, — прашаптаў тата.


— У мяне ідэя! — усклікнула мама.


— Так, дарагая? — сказаў тата з трывогай у голасе. — Што за ідэя? — дадаў ён без патрэбы, бо ўжо ведаў адказ.


— А што, калі б нам сёння пайсці на абед у італьянскую рэстарацыю?!


— Так! — з захапленнем пагадзілася Сара і паглядзела на малодшую сястрычку.


— Так! — ускрыкнула Бара.


— Мы штосьці святкуем, — пацікавіўся тата, — што збіраемся за адзін абед аддаць дзве тысячы?


— Мы святкуем жыццё! — адказала мама, абняла тату і рукой незаўважна залезла яму ў кішэнь штаноў. — Dolce vita!


— Салодкае, але дарагое, — сказаў тата. — Ну, нічога, я вазьму тую тэлерэкламу пякарскага парашку.


— Добра, — згадзіўся тата і надзеў свае найлепшыя джынсы і сваю найлепшую кашулю. Мама надзела сваю найлепшую летнюю сукенку ў рамонкі, а Сару і Бару апранула ў аднолькавыя джынсавыя спаднічкі і блакітныя майкі. Італьянская рэстарацыя, у якой яны збіраліся абедаць, была ажно на другім беразе ракі Влтавы, у месцы, якое называецца Вінаграды, і мама, пакуль апранала дзяўчынак, разважала, як ім лепш туды дабрацца: паехаць на метро ці на трамваі. У будныя дні, калі людзі ходзяць на працу і на вуліцы шмат машын, яны з татам ездзілі толькі на метро або на трамваі; сёння ж была субота, вуліцы былі амаль пустыя — і тата, на маміна здзіўленне, вырашыў, што яны паедуць на машыне.


— Dolce vita! — усміхнуўся ён маме.


Тата пасадзіў Сару і Бару на дзіцячыя сядзенні, завёў машыну, і мама яго пацалавала. Яны праехалі праз Сміхаў (памятаеце, так называецца тое месца ў Празе, дзе яны жывуць), праехалі праз мост (мама паказала Сары і Бары старажытны чэшскі замак — Пражскі Град, а таксама Нацыянальны тэатр), заехалі на Вінаграды, дзе і была рэстарацыя, і яшчэ перад абедам пайшлі на прагулку. У парку яны знайшлі зусім новую дзіцячую пляцоўку, на якой Сара і Бара яшчэ ніколі не былі!


Яны каталіся на горцы, качаліся на арэлях і лазілі па турніках так доўга, пакуль усім страшэнна не захацелася есці. Італьянская рэстарацыя, на шчасце, была недалёка. Афіцыянт падвёў іх да вялікага стала з белым абрусам, на якім было многа шкляначак і прыбораў; пасярэдзіне стаяла ваза са свежымі ружамі.


— О Госпадзе, — ціха сказаў тата. — Значыць, давядзецца ўзяць яшчэ і тую музычную рэкламу булёну.


Афіцыянт размаўляў з мамай па-італьянску, а з татам, Сарай і Барай — па-чэшску. Ён усміхаўся і ўвесь час гладзіў Сару і Бару па светлых валасах.


— Спадзяюся, што прынамсі светлавалосыя дзеці тут маюць зніжку, — заўважыў тата. Ён хацеў замовіць Сары і Бары адну з дзвюх спецыяльных страваў для дзяцей, але мама прачытала меню (так называецца спіс страваў, які заўсёды бывае ў рэстарацыях) ад самага пачатку да самага канца, а потым прапанавала, каб дзяўчынкі папросту выбралі тое, чаго ім хочацца.


— Брава! — ускрыкнуў афіцыянт.


Тата схапіўся за галаву, а Бара з мамінай дапамогай замовіла сабе клубнічны сок, суп мінестронэ і arrosto misto.


— Arrosto misto?! — ускрыкнуў тата. — Сумесь з печанага мяса? Гэтаму дзіцяці два гады!


— Ну і што? — сказала мама. — Яна любіць мяса.


— Брава! — ускрыкнуў афіцыянт і пагладзіў маму па валасах.


Сара ж захацела грыбны крэм, шакаладнае марозіва і insalata di polpo, салат з васьмінога. Яна яшчэ ніколі васьмінога не ела, і ёй было страшэнна цікава, які ён будзе на смак. Тата запратэставаў, што гэта ж малыя дзеці, яны столькі не з’ядуць, і акрамя таго стравы не пасуюць адна да адной, але афіцыянт цалкам пагадзіўся з мамай і казаў Bellissimo! і Bravo! і гладзіў Сару, Бару і маму па валасах. Мама папрасіла ў афіцыянта zucchine in padella на закуску, а на галоўную страву — рыбу, якая называецца orata, залатая. Тата ўзяў сабе толькі свежую макарону і больш нічога, бо, маўляў, ён і так будзе даядаць пасля дзяцей. Але потым спытаў у мамы, ці магла б яна кіраваць машынай на зваротным шляху, і калі тая кіўнула, замовіў сабе цэлую бутэльку белага віна, якое называлася Pinot Grigio і вельмі яму падабалася. Усе астатнія стравы таксама былі вельмі смачныя.


— Ну як, добрая была ідэя?— спытала мама ў таты пасля абеду.


— Бліскучая! — сказаў тата.


Пад канец мама замовіла сабе яшчэ пірожнае, а тата каньяк. Дапіўшы яго, тата ўстаў і крышачку захістаўся.


— Il conto, per favore! — адважна крыкнуў ён па-італьянску.


Мама растлумачыла Сары і Бары, што гэта значыць “Рахунак, калі ласка!” і што рахунак — гэта такая маленькая паперка, на якой напісана, колькі каштаваў абед. Афіцыянт праз хвілінку рахунак прынёс, тата заплаціў і пайшоў у прыбіральню спаласнуць твар халоднай вадой. А афіцыянт пакланіўся, што страшэнна спадабалася Сары і Бары, таму з гэтага моманту яны ўвесь час кланяліся.


Усю дарогу дадому тата, які сядзеў ззаду паміж дзяўчынкамі, чытаў маме на памяць вершык пра чароўны пякарскі парашок, з якога ўзнікае цудоўнае цеста, але потым Бара захныкала:


— Зівоцік баіць!


— Што яна кажа? — спярша не зразумела мама і заклапочана паглядзела на Бару ў люстэрка задняга віду.


— Грошыкі сплылі!— засмяяўся тата.


Пасярэдзіне моста, які называецца Іраскаў, Бару вырвала проста тату на калені.


— Тваю маць! — завішчэў тата. — Тармазі!


У Сары жывоцік хоць і не балеў, але калі яна ўбачыла, як малодшую сястрычку вырвала, ёй зрабілася блага, і яе званітавала на татаву новую кашулю.


— Стой! — крычаў тата на маму.


— На мосце нельга! — крычала мама, але ўрэшце спынілася.


Тата ў імгненне вока выскачыў з машыны, зняў кашулю, вытрас з яе ўсіх маленькіх смажаных васьміногаў і выкінуў іх у раку Влтаву. Потым зняў забляваныя штаны і паказваў іх мінакам.


— Штаны minestrone! Кашуля di polpo! — крычаў ён.


Мама смяялася і клікала тату назад у машыну.


Адзін спадар, які ведаў тату з тэлебачання, папрасіў яго з ім сфатаграфавацца.


— Без пытанняў, — сказаў тата з ахвотай і зрабіў такі выгляд, які заўсёды рабіў на фотаздымках у газетах і часопісах. — Для “Камсамолкі”?


— Для “Экспрэс-газеты”, — адказаў той спадар, яны з татам засмяяліся, і жонка таго спадара іх сфоткала.


Потым прыехала паліцэйская машына з блакітнай мігалкай і спынілася зусім побач з татавым аўтамабілем. Паліцыянты выйшлі, загадалі тату апрануцца, а маме далі штраф дзве тысячы крон (так называюцца чэшскія грошы), бо на мосце машынам спыняцца нельга. Тата ўлез у забляваныя штаны і забляваную кашулю і пры гэтым спяваў (на мелодыю шлягера Фрэнка Сінатры “Нью-Ёрк, Нью-Ёрк”) такую смешную песеньку пра чароўны кубік, які кідаюць у кіпень, і з яго ўзнікае смачны і духмяны суп з ялавічыны.


— Булён, булёёён! — спяваў тата і па дарозе да машыны зрабіў некалькі танцавальных па, а мама і паліцыянты смяяліся, і потым мама сказала Сары і Бары, што калі яны раптам не ведаюць, то ў іх найлепшы тата на свеце.

 

11. Татаў дзень народзінаў

 

У кастрычніку ў таты быў дзень народзінаў. Бара абсалютна самастойна намалявала яму фіялетавага васьмінога — то бок тата спачатку думаў, што гэта васьміног, але Бара растлумачыла яму, што гэта не васьміног, а тата. Сара выразала для таты з жоўтай паперы вялікага слана на шчасце, на якім было напісана:


СЛОН НА ШЧАСЦЕ АД САРЫ (гэты надпіс Сары дапамагла зрабіць мама).


Тата дзяўчынкам падзякаваў, даў ім буські і сказаў, што менавіта такія падарункі ён больш за ўсё любіць атрымліваць.


— Няважна, колькі грошай каштуе падарунак, — тлумачыў ён ім. — Галоўнае, што вы яго зрабілі з любоўю і што пры гэтым вы думалі пра мяне.


Мама сказала, што ёй прыемна такое чуць, бо, маўляў, яна таксама не купіла тату падарунак, а зрабіла яго сваімі рукамі.


— Праўда? — здзіўлена выгукнуў тата.


— Праўда, — сказала мама і дала тату прыгожа загорнутую маленькую скрыначку, у якой быў сабачка, злеплены з палачак і каштанаў.


— Я рабіла яго з вялікай любоўю, — казала мама. — І ўвесь час думала пра цябе.


Тата асцярожна ўзяў сабачку з каштанаў двума пальцамі і доўга яго разглядаў.


— Менавіта такога сабачку з палачак і каштанаў я ўжо даўно хацеў, — сказаў ён нарэшце.


— Я ведаю, — усміхалася мама.


— Гэта насамрэч выдатны падарунак, — працягваў тата. — Скажу нават, што гэта нашмат лепшы падарунак, чым, напрыклад, лядоўня для віна.


Мама ўсміхалася ўсё больш і больш.


— Несумненна, — згадзілася яна.


Потым устала, падышла да таты і села яму на калені.


— А ў мяне ёсць для цябе яшчэ адзін падарунак, — прашаптала яна, але так, каб Сара і Бара таксама чулі.


— Яшчэ адзін?! — ускрыкнуў тата. — Ну не! Гэта ўжо і так зашмат для мяне аднаго! У мяне ж ужо ёсць тры цудоўныя падарункі!


— Тры! — ускрыкнула Сара. — А будзе чатыры!


Яна паказала маме чатыры пальцы і мама згодна кіўнула. Бара паказала маме два пальцы, і маме давялося адагнуць ёй яшчэ два.


 Чацвертым падарункам была лядоўня для віна. Яна была схаваная ў вялікай белай скрыні, і тата быў ёй страшэнна рады. Ён адразу ж закінуў лядоўню на спіну, зацягнуў яе праз пяць паверхаў на мансарду, прыняў душ, дастаў лядоўню са скрыні і цешыўся як малы хлопчык, як казала мама.


— А як цешыцца малы хлопчык? — пыталася Сара.


— Вось так, — сказала мама і паказала на тату. — Як тата.


Тата ў гэты час бегаў па пакоі з рукамі над галавой.


— Ура! — крычаў ён. — У мяне ёсць лядоўня для віна!


— А як цешацца вялікія хлопцы? — спытала Сара. — Ці дарослыя мужчыны? Па-іншаму?


— Менш, — сказала мама. — Яны так не крычаць, не падскокваюць так высока, як тата, і не ўсміхаюцца ад вуха да вуха.


— А як усміхаюцца?


— Таксама менш. Напрыклад, толькі вачыма, вось так, — сказала мама і паказала Сары і Бары, як: зрабіла строгі выгляд, нават нахмурылася, але яе зялёныя вочы засталіся вясёлымі. Гэта Сары і Бары вельмі спадабалася. Мама перастала хмурыцца і засмяялася ўжо як звычайна, сваімі прыгожымі чырвонымі вуснамі.


— Пакажы яшчэ раз, — прасіла яе Сара.


Мама засмяялася вачыма яшчэ раз, а потым пайшла рэзаць бананавы торт, якога Сара і Бара ўжо даўно нецярпліва чакалі.


Потым мама заўважыла, што робіць тата.


— Усё, хопіць! — сказала мама з нажом у руцэ. — Калі ты гэтую электрапрыладу пацалуеш яшчэ раз, то ніякага святочнага сэксу не будзе. Я ўключу тэлевізар, а ты зможаш цэлы вечар глядзець на лядоўню.


— Будзь талерантная.


— Не буду. Альбо я, альбо яна. Я адмаўляюся быць на другім месцы.


Тата высунуў галаву з лядоўні і пагладзіў яе зашклёныя дзверкі.


— Не раўнуй. Кахаць — не значыць мець у сваёй уласнасці. У чалавечым сэрцы больш адсекаў, чым у бардэлі. Ну і гэтак далей.


— Але не ў тваім сэрцы, — сказала мама з націскам на “тваім” і пагрозліва падняла нож. — Тваё сэрца ўжо на ўсё жыццё застанецца аднапакаёвай кватэрай!

 

12. Зменены тата

 

У лядоўню, якую тата атрымаў ад мамы на дзень народзінаў, тата паскладаў сваю калекцыю вінаў. Іх было, мабыць, каля трыццаці бутэлек, на большасці з якіх былі налепленыя маленькія залатыя, срэбныя або бронзавыя медалі, якія атрымліваюць найлепшыя спартоўцы на чэмпіянатах свету. Як толькі тата адчыняў дзверкі лядоўні, унутры загаралася святло, і ўсе медалі прыгожа ззялі.


— Ммммм, — прыцмокнуў тата, калі адкаркаваў адну з бутэлек (што ён рабіў вельмі рэдка) і выпіў крыху віна. — Чысты аксаміт. Ням-ням.


— Што такое аксаміт? — спыталася Сара.


— Тканіна, — растлумачыла ёй мама. — З аксаміту шыюць святочнае адзенне — напрыклад, у тэатр або на баль.


— Не цмокай, — зрабіла заўвагу тату мама. — Паспрабуй выказвацца больш словамі, чым гукамі.


— Поўны букет. Багаты. На паднябенні прыўкрасна развіваецца. Доўгі паслясмак, — не даў заспець сябе знянацку тата. — Букет лясных ягадаў. З адценнем шакаладу.


— Думаю, ты зразумеў, — сказала мама. — Дакладна тое самае я чытала на этыкетцы.


Тата весела ўсміхнуўся.


— Дарэчы, — працягвала мама, — мне зусім не падабаецца, што кожнае захапленне, якое ты здольны праявіць перад дзецьмі, заўсёды адносіцца да алкаголю… Ці не мог бы ты хоць калі з такім самым запалам і замілаваннем гаварыць, напрыклад, пра прыроду ці карціны?


Сары было дзіўна, што віно можа быць на смак як тканіна для сукенкі.


— Апупець, — сказала яна і высунула язык. На ўсе рэчы, якіх Сара не разумела, яна высоўвала язык: на фільмы для дарослых, на кніжкі без малюнкаў ці на людзей, якія размаўляюць на замежнай мове. Гэта ім усім за тое, што яны такія складаныя! Але толькі яна адкрыла раток, малінавы ягурт выцек ёй на чыстую белую маечку.


— Ну ты і дзюдзя! — вырвалася ў таты.


Мама, якая нядаўна прачытала дапаможнік пра правільнае выхаванне “Шанаваць і быць шанаваным”, кінула на яго поўны дакору позірк.


— Я бачу, Сара, што ты выпацкала зусім чыстую маечку, — сказала мама. — Мне ад гэтага крыху прыкра. Калі ясі, нельга адкрываць рот. Але гэта нічога, пасля вячэры мы гэтую маечку разам памыем.


— Ну і добра, — сказала Сара.


Між тым Бара ўжо -наццаты раз адчыніла татаву лядоўню.


— Не адчыняй яе, Богам прашу! Колькі разоў табе казаць? — злаваўся тата. — Глухая ты ці што? Зараз жа зачыні лядоўню!

Мама нязгодна паматляла галавой.


— Табе гэта нічога не нагадвае? — прашаптала яна тату. — Ты не чуеш адгалоскаў уласнага дзяцінства?


— Не, я чую толькі, як гэтая лядоўня марна спрабуе дасягнуць тэмпературы, меншай за дваццаць градусаў.


— Растлумач гэта свайму дзіцяці. Не завастрай увагу толькі на тым, што яна робіць кепска. Будзь пазітыўны. Не загадвай, — прасіла тату мама. — Змушаная паслухмянасць настолькі ж непажаданая, як і ўпартасць. Сёння яна будзе слухацца цябе, а ў пятнаццаць гадоў — наркадылера.


— Не будзь дэмагогам.


— Будзь не аўтарытэтам, а партнёрам. Не прамаўляй з пазіцыі сілы. Звяртайся да яе па імені. І гэтак далей. Усё гэта мы ўжо праходзілі. Паглядзі, твае дыктатарскія метады ўсё адно не дзейнічаюць…


Бара сапраўды не звяртала ніякай увагі на татавы словы: яна не толькі не зачыніла лядоўню, але яшчэ і паспрабавала дастаць з яе бутэльку.


— Бара, любенькая, — прамовіў тата мядовым голасам. — Гэта насамрэч вельмі дарагая бутэлька. Гэтае віно называецца “Барола”. Тата за яго заплаціў кучу грошай. Сто тысячаў крон! Калі б хтосьці гэтую бутэльку разбіў, тата стаў бы вельмі сумным, разумееш, мілая?


— Сумным? — зірнула на яго Бара.


— Так, вельмі сумным. Плакаў бы, як той зайчык у мульціку пра кроціка, той, якога згубіла мама.


— Эмацыйны шантаж, — прыпячатала мама, і тата працяў яе позіркам.


Бары між тым удалося выцягнуць бутэльку з драўлянай паліцы. Тата збялеў і абедзвюма рукамі моцна ўхапіўся за стол.


— Барачка, мілая, рыбка мая залатая! Ты мая ненаглядная дзяўчынка! Я бачу, што ты змагла дастаць гэтую рэдкую дарагую бутэльку з лядоўні. Ну ты проста малайчынка!


Мама паказала тату падняты вялікі палец.


— Малайчынка! — горда паведаміла Бара маме.


— Вялікая малайчынка! — ускрыкнуў тата. — Але як ты думаеш, ці змагла б ты гэтую дарагую бутэльку вярнуць назад, каб выпадкова яе не разбіць? Не, не так, даражэнькая. Дзвюма рукамі! Не!!!


Бах!


— Уааааа! — заверашчала Бара.


— Халера!!! Я гэта ведаў!!!


Тата падскочыў, хутка выцягнуў Бару з гіганцкай лужыны, поўнай аскепкаў, і пасадзіў яе на калені.


— Я бачу, Бара, ты разбіла татаву бутэльку, — спакойна гаварыла мама. — Не плач, я ведаю, што ты не хацела. Сара, да разбітых бутэлек ніколі нельга набліжацца босай — калі хочаш дапамагчы мне прыбраць, было б добра абуцца.


— Нічога страшнага, гэта ж было толькі віно. Добра яшчэ, што не сталася горшага, — абсалютна спакойна сказаў тата. — Добра яшчэ, што не разбілася, напрыклад, вунь тая дзівосная карціна! — дадаў ён, і мама ўсміхнулася яму прыгожымі зялёнымі вачыма.

 

13. Сара і Бара пішуць Божаму Дзіцятку

 

Набліжаліся Каляды. Раніцай на лужынах ужо бываў лёд, і дні рабіліся карацейшыя.


Аднойчы пасля поўдня мама, Сара і Бара пяклі разам печыва. Ва ўсёй кватэры пахла, і калі мама адчыняла духоўку, яе шчокі прыгожа чырванелі ад гарачыні.


— Так, — сказала ўрэшце мама, — чарговая партыя печыва спяклася. А цяпер мы маглі б напісаць Божаму Дзіцятку. (Чэшскім дзецям падарункі на Каляды прыносіць не Святы Мікалай ці Дзед Мароз, а Божае Дзіцятка).


Сара ад здзіўлення шырока раскрыла раток.


— Ура! — закрычала яна.


— Ула! — паўтарыла за ёй Бара.


— Бяжыце па алоўкі, а я прынясу чыстых аркушыкаў, — сказала мама.


Яны прыбралі ўсё з кухоннага стала, папрасілі тату, каб ён з газетай перасеў на канапу, і пачалі пісаць Божаму Дзіцятку.


— Дык чаго Бара хацела б папрасіць у Божага Дзіцяткі? — спытала мама.


Бара спачатку крышку насупілася, а потым абхапіла ручкамі маміну шыю — так яна рабіла заўсёды, калі не магла справіцца з нейкім заданнем ці пытаннем.


— Бара, — цярпліва сказала мама, — што б ты хацела атрымаць пад ялінку ад Божага Дзіцяткі?


— Не ведаю, — прашаптала Бара і яшчэ мацней прытулілася да мамы.


— А можа, веласіпед? Ты б не хацела ад Божага Дзіцяткі прыгожы веласіпедзік?


— Прыгожы танны веласіпедзік? — прамовіў з-пад газеты тата.


— Так, — сказала Бара маме ў шыю.


Мама напісала на аркушыку пад Барыным імем ВЕЛАСІПЕД і адразу ж пачала яго маляваць: веласіпед быў чырвоны, з блакітным рулём і залатым званочкам.


Бара паказала на літару В.


— В, — сказала яна. — Веласіпед.


— Правільна! — пахваліла яе мама.


— Е — елка, — сказала Бара і паказала на літарку Е.


— Правільна, — сказала мама. — А які падарунак хацела б Сара?


— Каб у вас было вяселле, — адказала Сара. Тата адклаў газету.


Мама зірнула на тату і адначасова падняла абедзве рукі, каб даць зразумець тату, што гэта была не яе ідэя. Яна нават двума пальцамі вокамгненна дакранулася да вуснаў, такім чынам пакляўшыся.


— Гм, — сказаў Сары тата, — з гэтым будзе праблема. Божае Дзіцятка не раздае вяселляў. Яно раздае пераважна лялек, каляскі, футбольныя мячы, машынкі, канструктары і ўсялякае такое.


У Сары быў сумны і расчараваны выгляд.


— А чаму ты хацела папрасіць у Божага Дзіцяткі нашае вяселле? — спытала ў Сары мама.


— Бо ва ўсіхных бацькоў…


— Ва ўсіх бацькоў, — выправіў Сару тата.


— Ва ўсіх бацькоў у садзіку было вяселле, а ў вас — не. Цёця-кухар казала, што тата — нелегальшчык.


Мама засмяялася.


— Ва ўсіхных бацькоў у садзіку аднолькавае прозвішча, бо ў іх было вяселле. Напрыклад, бацькоў Ржыгі завуць Пэтр і Іва Ржыга, ясна? — працягвала Сара.


— Ясна. А табе не падабаецца, што ў нас з татам розныя прозвішчы? — пацікавілася мама.


— Так! — сказала Сара. — А яшчэ мне не падабаецца, што ў вас не было вяселля!


Мама зноў зірнула на тату, а потым паціснула плячыма.


— Ну добра, — сказала яна. — Калі Сара хоча ад Божага Дзіцяткі нашага вяселля, мы яго, вядома ж, напішам у спіс.


         Мама напісала на аркушыку: ВЯСЕЛЛЕ МАМЫ І ТАТЫ.


         — С — Сала, Т — тата, — зараз жа сказала Бара і паказала абедзве літары.


         — Правільна, — сказала мама і пачала маляваць на аркушыку вяселле: нявесту ў вэлюме і з вялікім букетам, жаніха ў цыліндры (гэта, мілыя дзеці, такі святочны капялюш) і яшчэ дзвюх дружак з маленькімі букецікамі.


         — Прыгожа, — сказала Сара. — Вось такое вашае вяселле я хачу.


         — Ну, — асцярожна сказала мама, — гэта залежыць ад Божага Дзіцяткі. Пабачым.


         Тата ўстаў з канапы і зазірнуў праз маміна плячо.


         — Мяне зараз званітуе, — прашаптаў ён. — Не хапае толькі абсыпання жытам і каравая з хлебам-соллю.


         — Ты дурны, як актор,— ціха прамовіла мама. — Гэта ўсё толькі сімвалы. Сімвалы самі па сабе нічога не значаць, яны толькі замяняюць штосьці нашмат больш важнае, ведаеш?


         — А яшчэ бухога аператара і новенькай, толькі з канвеера, “шкоды” для нявесты. З лебедзямі на капоце,— засмяяўся тата, і мама жартам стукнула яго кулаком у жывот.

 

 

14.Шчодры дзень

 

Перад поўднем на Шчодры дзень (гэта значыць у дзень перад Калядамі) мама гатавала бульбяны салат і рыбны суп, а тата тым часам прапыласосіў усю кватэру, выцер пыл, прыбраў ялінку і абваляў у паніроўцы карпаў. Пасля абеду ён узяў мабільны тэлефон і напісаў усім суседзям з дому, каб зайшлі на кілішак. (“Каго задзяўбалі Каляды, прыходзьце — нап’емся!”) Хутка ў кватэры было столькі гасцей, што Сара ледзь змагла іх палічыць: спадар Новатны і спадарыня Новатна, дзядзька Ірка і цёця Вера, спадар Немец, дзядзька Здэнек і спадар Каралэк. Восем! Мама паклала Бару і Сару ў ложачкі, бо ў абедзвюх дзяўчынак быў ужо досыць сонны выгляд — але калі яны праз гадзіну прачнуліся, усе суседзі яшчэ сядзелі з мамай і татам за кухонным сталом, расказвалі розныя гісторыі, якіх Сара не разумела, і пілі чырвонае віно. Потым спадар Новатны з першага паверху выцягнуў з кішэні незвычайную цыгарэту, якую яны з татам, спадарыняй Новатнай і дзядзькам Іркам выкурылі на балконе. Яны ўвесь час з нечага смяяліся, толькі Сара не ведала, з чаго — гэтага не ведала нават мама. Яна пайшла папярэдзіць тату, што хутка прыйдзе бабуля — але не паспела яна дагаварыць, а бабуля ўжо стаяла ў вітальні і трымалася за нос, бо яна не трывае дыму.


         — Вачам не веру! — строга ўскрыкнула бабуля. — Вы на Шчодры дзень у чатыры гадзіны дня ладзіце наркавечарыну?


         — Спакойна, ма, — прагарланіў тата. — Карпы прапыласошаныя, дыван запаніраваны.


         Усе, акрамя бабулі, вельмі з гэтага смяяліся. Сара гэтым разам зразумела, што ўсе смяюцца, бо тата сказаў гэта наадварот — і таксама хацела так навучыцца.


         — Ну дык скажы наадварот: бенгальскія агні вісяць на ялінцы, а бабуля ў вітальні, — параіў ёй тата.


         — Бенгальскія агні ў вітальні, — паспрабавала Сара і спынілася.


         — А бабуля? — дапамог ёй тата.


         — Бабуля вісіць на ялінцы! — выгукнула Сара.


         Усе засмяяліся, а Бара з Сарай дык больш за ўсіх. Сара хацела гаварыць наадварот і іншыя сказы, але мама адчыніла насцеж дахавыя вокны, запляскала ў далоні і гучна крыкнула, што вечарына скончаная, і татавым сябрам час збірацца дадому.


         — Пацалаваць карпа і пасмажыць жонку, — сказаў тата, але мама строга насупілася, і ўсе хутка пачалі абувацца.


         Калі пайшоў апошні госць, бабуля памыла брудныя шклянкі, мама з Сарай і Барай прыгожа накрылі на стол і паклікалі тату, які на балконе выглядаў Божае Дзіцятка.


         — Яшчэ не ляціць, — абвясціў тата і закалаціўся ад холаду. — Але, я думаю, яно павінна быць ужо блізка, можа, дзесьці ў суседнім раёне.


         Сара з Барай з заміраннем глядзелі ў цемру за акном, на чорныя дахі дамоў насупраць.


         — Калі мы з’ямо карпа, Божае Дзіцятка, мабыць, ужо будзе тут, — сказала мама і пачала наліваць рыбны суп.


         — Сур’ёзна? — перапытвала Сара.


         — Сур’ёзна, — паабяцала ёй мама.


         Рыбны суп усім спадабаўся, але больш за ўсё тату.


         — Такога смачнага рыбнага супу я яшчэ ніколі не еў! — паўтараў ён безупынку. — Ніколі ў жыцці! Я кажу абсалютна сур’ёзна!


         — Ты яшчэ ніколі ў Шчодры дзень не быў абкураны, — адказала мама і вінавата ўсміхнулася бабулі.


         Тата тройчы папрасіў дабаўкі: два разы супу і адзін раз карпа. Сара крыху злавалася, бо думала, што тата знарок затрымлівае Божае Дзіцятка, але мама ёй растлумачыла, што тата сёння проста надзвычай галодны. Потым яны разам з мамай прыбралі са стала і пайшлі ў спальню, каб не напалохаць Божае Дзіцятка, пакуль яно будзе класці пад ялінку падарункі.


         Хутка па іх прыйшлі тата і бабуля, у якіх быў урачысты выгляд.


         — Ужо! — сказаў тата. — Хвіліну таму яно тут было! Божае Дзіцятка!


         — Сур’ёзна? — засумнявалася Сара.


         — Сур’ёзна, — сур’ёзна кіўнула бабуля.


         — А падарункі? — спытала Сара.


         — Яны там, — сказаў тата. — Хадземце хутчэй!


         Тата меў рацыю! Божае Дзіцятка запаліла на ялінцы свечкі і бенгальскія аганькі, так што ўся ялінка ярка зіхацела — а пад ніжнімі галінкамі ляжала шмат прыгожа загорнутых падарункаў!


         Сара з Барай пачалі іх раздаваць. Маме не трэба было ім чытаць, для каго гэты падарунак, бо абедзве дзяўчынкі ўжо пазнавалі іх па першай літары.


         — Б — Бала, — радасна выгукнула Бара і пачала адкрываць вялікую скрынку, у якой знайшла новы чырвоны веласіпед!


         Сара схілілася над другой самай вялікай скрыняй.


         — Б — гэта зноў Бара? — здзівілася яна.


         — Б — гэта бабуля, — сказала мама.


         З падарункам для бабулі Сары мусіў дапамагчы тата, бо ўнутры быў цяжкі садовы грыль.


         — Ну, дзякуй Божаму Дзіцятку, — усміхнулася бабуля.


         — С — Сара, — нецярпліва ўскрыкнула Сара і хутка адкрыла маленькую скрыначку.


         Унутры яна знайшла два залатыя пярсцёнкі: адзін вялікі і адзін маленькі.


         Бабуля перастала вывучаць грыль.


         — Што ты такое атрымала? — здзіўлена сказала мама і паглядзела на тату. — Што гэта Божае Дзіцятка прынесла Сары?


         — Мабыць, нашае вяселле, — сказаў тата.


         — Ура! — ускрыкнула Сара. — У вас будзе вяселле!


         Мама доўга маўчала.


         — Але, — сказала яна нарэшце, — ты ж не трываеш пярсцёнкаў…


         — Гэта толькі сімвалы. Сімвалы нічога не значаць самі па сабе. Гэтае банальнае золата насамрэч замяняе сабой штосьці нашмат важнейшае, — абвясціў тата.


         — Апупець! — выгукнула Сара.


         Тата абняў маму і пацалаваў. Бара заўважыла, што ў мамы памакрэлі вочы.


         — А калі ж будзе вяселле? — цікавілася бабуля. — У які дзень і ў якім годзе?


         — У суботу, — паведаміў тата.


         Мама і бабуля змоў замоўклі.


         — Але ж у суботу мы будзем у гарах, — праз хвілінку прамовіла мама.


         — І што? — паціснуў плячыма тата.


         — Апупець! — ускрыкнула мама і расплакалася — і тату давялося тлумачыць Сары і Бары, што такое слёзы шчасця (у вас гэта таксама атрымаецца).

 

15. Як у таты і мамы было вяселле

         Мама ніяк не магла зразумець татавага рашэння.


         — Мы вытрымалі без вяселля пяць гадоў. Усе ўжо даўно змірыліся з тым, што мы не ажэнімся. Дык чаму цяпер?


         — Таму што так хацела Сара, — нагадаў ёй тата. — Жаданні дзіцяці — гэта напраўду найчысцейшы матыў на свеце. У адрозненне ад іншых матываў, — дадаў ён крыху зласліва.


         — Але ж ты не трываеш вяселляў, — зноў запярэчыла мама.


         — Гэта праўда, — пагадзіўся тата. — Таму ў нас будзе зусім іншае вяселле.

        

         Вяселле мамы і таты адбылося ў доміку ў Карканошах — так называюцца горы, куды яны ездзілі на Каляды катацца на лыжах. Тата запрасіў усіх сваіх сяброў з тэатраў, а мама — усіх сваіх сябровак-аптэкарак. Таксама яны, натуральна, запрасілі бабулю, пана Шымэка, дзядзьку Марціна і цётку Веру.


         Маміны сяброўкі-аптэкаркі былі радыя, што сустрэлі столькі знакамітых актораў.


         — Не магу ў гэта паверыць! — казалі акторам аптэкаркі. — Яшчэ ўчора я глядзела на цябе ў тэлевізары — а цяпер мы тут ляжым разам у адным спальніку!


         Акторы таксама былі радыя, што могуць нарэшце паразмаўляць пра лекі з сапраўднымі спецыялістамі.


         — У мяне з гэтым, само сабой, няма праблемаў, — казалі аптэкаркам акторы, — мне б проста хацелася гэтую віягру калі-небудзь паспрабаваць.


         Сара і Бара таксама былі задаволеныя, бо акторы з татавага тэатра сыгралі для іх доўгую казку пра Несцерку, а аптэкар з мамінай аптэкі падараваў ім плюшавага мядзведзіка на імя Медвакс і вялікага тыгра на імя Фармакар.


         Адзіная праблема ўзнікла, калі аптэкаркі хацелі сфоткацца з акторамі, бо тата не трывае здымкаў на вяселлях.


         — На маім вяселлі здымаць забаронена, — паўтараў ён няўмольна. — Неабавязкова заўсёды ўсё фоткаць, пра нешта можна і проста памятаць.


         Акрамя здымкаў тата забараніў вясельнае застолле, але бабулі ён дазволіў разам з панам Шымэкам на новым грылі, які яна атрымала ад Божага Дзіцяткі, пячы белыя каўбаскі. Таксама ён забараніў кіроўцам усіх машынаў сігналіць, а пану старасту, які прыехаў іх жаніць, забараніў надзяваць пінжак і гальштук. Таму пан стараста застаўся ў чырвоным швэдры з надпісам “ГОРНАЯ СЛУЖБА”, і мама растлумачыла Сары і Бары, што сябры Горнай службы дапамагаюць людзям, якія заблукалі ў густой мяцеліцы альбо зламалі на лыжах нагу. Пан стараста потым папрасіў ва ўсіх прысутных хвілінку цішыні і сказаў, што насамрэч добры шлюб, на жаль, здараецца рэдка і патрабуе страшэнна шмат працы, але калі пашанцуе, то можа быць нечакана прыўкрасным, і таму ён жадае маме і тату, каб ім пашанцавала. Пасля ён спытаўся ў мамы, ці сапраўды яна хоча выйсці замуж за тату.


         — Так, з вялікай ахвотай, — адказала мама.


         — А я абвяшчаю, што бяру яе за жонку таксама ахвотна і па ўласнай волі, бо Сарын мірны калядны ціск, я мяркую, не лічыцца, — сказаў тата.


         І пан стараста абвясціў, што шлюб мамы і таты адбыўся, пасля чаго мама і тата распісаліся, і пан стараста паведаміў Сары, што з гэтага моманту ў мамы і таты аднолькавае прозвішча.


         — Ура! Ура! — крычала Сара, і адзін з татавых сяброў адзначыў, што з яе, мабыць, будзе акторка. Усе пляскалі і смяяліся, а пан Шымэк пахваліў пана старасту за тое, што гэта была найлепшая вясельная прамова, якую ён калі-небудзь чуў. Тата і мама ўзяліся за рукі і разам пайшлі за бабуляй да грыля, а аптэкаркі кідалі на іх старыя лекі, якія прывезлі з Прагі ў мяшэчку, бо тата ім забараніў кідаць жыта. Аптэкар з мамінай аптэкі трапіў тату ў вока ібупрафенам, і тата крыху раззлаваўся і сказаў маме, каб тая зараз жа паклала Сару і Бару спаць, пакуль гэтыя дзеці тут не патруціліся лекамі. Мама запярэчыла, што так хутка дзяўчынкі не паснуць, але тата казаў, што на падлозе, напэўна, знойдзецца які-небудзь пратэрмінаваны рагіпнол. Мама апранула Сару і Бару цяплей і пайшла з імі на вуліцу перад хатай ляпіць снегавіка, каб іх прытаміць. Калі снегавік быў дароблены, абедзве дзяўчынкі былі ўжо напраўду стомленыя, і мама паклала іх у ложачкі. Прачытала ім казку, уключыла аўдыёняньку і вярнулася ўніз да вясельных гасцей. Калі тата заўважыў, як мама спускаецца па сходах уніз, ён ускрыкнуў:


         — Зірніце!


         Усе прыціхлі, паглядзелі на маму, і тата сказаў:


— Ідзе мая жонка…


         І мама абняла тату, дала яму вялікую буську і сказала, што вяселле было самым цудоўным падарункам, які яна атрымала ад Божага Дзіцяткі.

 

16. Як яны не паехалі ў вясельнае падарожжа

 

         Можа, праз тыдзень пасля вяселля мама спытала тату, ці паедуць яны яшчэ і ў вясельнае падарожжа. Тата спачатку застыў ад нечаканасці, а потым сказаў, што, вядома ж, паедуць. Сара не ведала, што такое вясельнае падарожжа, і мама растлумачыла ёй, што гэта такі спецыяльны адпачынак, у які пасля вяселля ездзяць жаніх і нявеста, і што часам яго таксама называюць мядовым месяцам.


         — Ура! — крычала Сара. — Мы едзем на мядовы месяц!


         — Ула! — крычала Бара. — Мядовы месяц!


         — Пачакайце, — сцішвала іхны запал мама, — дзеці ў вясельнае падарожжа не ездзяць.


         — Дзяцей глядзіць бабуля, — дапоўніў маму тата.


         Сара апусціла плечы, згорбілася і ўсім выглядам паказвала, што крыўдзіцца.


         — Я вас не люблю! — паўтарала яна.


         Бары гэтага, відаць, падалося мала, таму яна з плачам спаўзла на падлогу і знарок стукнулася галавой аб кафлю, ажно нешта загрымела.


         — Даражэнькія, супакойцеся, — угаворвала іх мама ў перапынках паміж плачам. — Не рабіце мне тут спектакляў. Ніхто пакуль нікуды не едзе. А калі мы наогул з татам кудысьці паедзем, гэта будзе яшчэ вельмі няхутка.


         Потым, перамагаючы супраціў дзяўчынак, яна ўзяла іх за рукі і завяла ў дзіцячы пакой і зачыніла там.


         — Хутка! — абражана сказаў тата.


         — Праўда? — адказала мама, быццам усё яшчэ ў гэта не верыла. — А куды?


         — На Канарскія астравы, — выпаліў тата.


         — На Канары? — ускрыкнула ад захаплення мама. — Сур’ёзна?


         Паездкі на Канарскія астравы, дзе сонейка і цёпла зімой, вельмі дарагія, і для мамы гэта была нечаканасць. Яна думала, што на такую дарагую паездку ў таты няма грошай. Тата з усмешкай кіўнуў, але ён чамусьці таксама выглядаў збянтэжана, нібы даведаўся пра гэтую выдатную навіну толькі цяпер. З дзіцячага пакоя даносіўся шалёны грукат.


         — А дзе мы возьмем грошы? — пацікавілася мама.


         — Я паціху збіраю, — горда сказаў тата.


         Ён адчыніў шафу і пацягнуўся да верхняй паліцы па вялікую ружовую свінку, потым выцягнуў з задняй кішэні штаноў гаманец і засунуў у адтуліну ў спіне свінкі складзеную папалам тысячу кронаў.


         — Thank you, darling! — сказала свінка па-ангельску, што па-наску значыць “Дзякуй табе, даражэнькі!”


         — Wow! — захоплена сказала мама па-ангельску, што па-наску значыць “Ого!”


         Толькі акторы ў чэшскіх тэатрах атрымліваюць мала грошай — а таму свінка заставалася напаўпустой.


         — А глошыкі ё? — пыталася ў таты Бара, калі толькі ён адчыняў шафу. — У свінцы?


         — Няма, — адказваў тата. — Свінка іх схрумстала.


         — А наша свінка глошыкі хлумстае?


         — Так, — сказаў тата. — Наша свінка грошыкі проста жарэ.


         Бара думала.


         — А какае наша свінка чым? — спыталася яна праз хвіліну.


         — Наша свінка какае жыроўкамі, — сказаў тата.


         Ні Бара, ні Сара не ведалі, што такое жыроўкі, і мама ім растлумачыла, што гэта такія паперкі, на якіх напісана, колькі павінныя тата і мама заплаціць за ваду, электрычнасць, тэлефон, а галоўнае — за гэтую прыўкрасную мансардавую кватэру.


         Тата быў сумны, бо на паездку на Канарскія астравы, дзе сонейка і цёпла нават зімой, у яго не хапала грошай. Мама ўвесь час паўтарала, што гэта нічога і што яна з той жа ахвотай, што і на Канарскія астравы, паедзе катацца на лыжах у Карканошы, але тату ўсё адно было прыкра, што ён не змог выканаць абяцанага маме. Ён нават хацеў пагадзіцца на рэкламу расліннага паслабляльнага сродку, ад якой пару дзён таму з абурэннем адмовіўся, але мама яму гэта, на шчасце, забараніла.


         — А ведаеш што? — сказала тату мама, — давай мы вясельнае падарожжа хаця б сыграем! І возьмем з сабой туды Сару і Бару!


         — Ураааа! — закрычала Сара.


         — Улаааа! — закрычала Бара.


         Тата не хацеў, але ўрэшце пагадзіўся. Спачатку ўсе нібыта ляцелі ў самалёце, і тата граў пілота, а мама — сцюардэсу. Потым яны прызямліліся, і тата граў экскурсаводку з турыстычнага агенцтва, а таксама ратаўніка на пляжы і афіцыянта ў рэстарацыі, а мама грала італьянскую турыстку і гаварыла па-італьянску, і яны з татам многа смяяліся — а Сара і Бара былі радыя, што тата ўжо не сумны.


         Толькі вось пасля вячэры тата зноў занурыўся ў меланхолію. Мама выпытвала, што сталася, і тата сказаў, што як ні блазнуй, а ўсё ж нельга схаваць таго факту, што ён не звазіў сваю жонку ў вясельнае падарожжа. Акрамя таго, ён, маўляў, выдатна ўсведамляе, што мама магла б выйсці замуж за каго-небудзь нашмат лепшага, больш паспяховага, а галоўнае — багацейшага, бо яна ж, як-ніяк, разумная бландынка.


         — Можа, і магла, — сказала мама.


         Тата выглядаў расстроеным.


         — Я спадзяваўся, ты скажаш “не магла”, — выціснуў ён.


         — Магла, — сказала мама, — але чамусьці выбрала цябе.


         Яна схілілася да таты і пачала яго цалаваць — соладка-соладка, бо ў іх быў, як-ніяк, мядовы месяц.


        

 

17. Псіхалагічна важная казка выключна для бацькоў

(каб нашыя распешчаныя дзеці бачылі, што не могуць заўсёды атрымліваць усё)

Аднойчы позна ўвечары, калі Сара і Бара нарэшце паснулі, мама ціха сказала:


— І ўсё адно яны золаткі, праўда?


Яна стаяла побач з татам ля дзвярэй дзіцячага пакоя і расчулена глядзела на дзяцей, якія спалі.


Тату яе словы вельмі здзівілі: якраз у той дзень настрой абедзвюх дзяўчынак змяняўся хутчэй, чым апосталы на пражскіх курантах, а тое, як яны штурхаліся, сварыліся і крыўдзілі адна адну, дасягнула па пяцібальнай шкале чацвёркі (пяць — гэта перманентны стан).


— Я мяркую, ты абмовілася, — сказаў тата. — Ты хацела сказаць: нязносныя стварэнні.


Мама нязгодна паматляла светлавалосай галавой.


— Золаткі, — стаяла на сваім яна.


Тата мусіў у душы схіліць перад ёй галаву, таму што з абедзвюма дзяўчынкамі яна сёння правяла самае малое ўдвая больш часу, чым ён. Тата адкаркаваў бутэльку белага віна, разам з мамай яны згрэблі нагамі раскіданыя цацкі ў адну вялікую кучу, селі на канапу і маўчалі. Абое былі такія стомленыя, што нават не ўключылі тэлевізар.


— Я зусім усмятку, — сказаў тата.


Мама без словаў пагладзіла яго па сцягне.


— Гэта, натуральна, перадусім псіхічная стомленасць, — працягваў тата. — Рэч не толькі ў тым, што ім мусіш усё паўтараць па дзесяць разоў, ну і гэтак далей. Рэч яшчэ і ў тым, што мне з імі, шчыра кажучы, часам бывае нудна.


— Што? — недаверліва ўскрыкнула мама і прыбрала руку. — Табе з імі нудна?


— Я сказаў часам, — бараніўся тата.


Усё адно было відаць, што мама абураная.


— А што ў гэтым дзіўнага? Каб напраўду павесяліцца, мне трэба крыху больш, чым дзвесце словаў. Чым гэтая штодзённая basic czech… Я аддаю перавагу больш выкшталцонай забаве, чым “баба сеяла гарох” — вось і ўсё.


Мама засмяялася. Тата вельмі любіў гэты яе гартанны, нечакана глыбокі смех, які нярэдка ўзбуджаў яго і эратычна. Яны выпілі, тата паклаў маме руку на жывот, яна абаперлася галавой аб ягонае плячо, але яе вочы глядзелі скрозь яго.


— Пра што ты думаеш? — спытаўся тата.


— Ай, — сказала мама і незадаволена насупіла бровы.


Яна запытальна паглядзела на тату, з чаго ён зразумеў, што яна на штосьці наважваецца.


— Дык скажы мне.


Мама ўздыхнула.


— Часам мне здаецца, што я кепская маці.


— Ты?! — засмяяўся тата. — Ты, што магла б весці курсы святой цярплівасці?


Мамін твар застаўся сур’ёзным.


— Але ж не, — сказала яна. — Часам дзяўчаты мяне так даводзяць, што я на іх крычу. Потым сама сябе за гэта страшэнна дакараю. Мне трэба табе нешта сказаць… учора я дала Сары аплявуху.


Мама заплюшчыла вочы. Па яе твары сцякала сляза.


— І што далей? — спытаў тата.


— Далей?! — не разумела мама. — Я ўдарыла ўласнае дзіця, няўжо гэтага не дастаткова?


— Госпадзе, і ўсяго толькі! Ды я іх лупцую чатыры разы на месяц…


— А ведаеш, як я ад гэтага заўсёды пакутую?!


— Гэй, наш бацька мяне і брацельнікаў таксама часам лупіў, і магу цябе запэўніць, што на нашыя сатсункі гэта ніяк не паўплывала. Мы яго любілі!


Мама ўпарта маўчала.


— Ёсць горшыя рэчы, — сказаў тата.


— Што можа быць горшым, чым гвалт над дзецьмі?


— Гвалт над дзецьмі, — нязгодна паўтарыў тата, — гэта толькі драматычная падручнікавая тэрміналогія. Праз адзін выхаваўчы пляскач свет ніколі не ляснецца. Ведаеш, што мяне насамрэч турбуе?


— Не.


Мама глядзела на тату з невыказнай трывогай. Тата ж шукаў самых дакладных словаў.


— Што стомленасць і раздражненне так часта не даюць мне ўбачыць самага важнага. Што найлепшыя і найкаштоўнейшыя імгненні іхнага дзяцінства знікаюць пад лавінай…


— Цацак? — млява ўсміхнулася мама.


Наказаў. Загадаў. Забаронаў. Гэтага не рабі, гэтага нельга. За гэта не цягні, яно на цябе зваліцца! Гэтага не чапай — апячэшся! Тата — інструктар па тэхніцы бяспекі. Пажарная варта!


Мама засмяялася сваім гартанным смехам.


— Дык навошта ты ім увесь час нешта забараняеш?


— Бо я за іх страшэнна баюся, няўжо ты не разумееш? — у роспачы ўскрыкнуў тата.


Раптам увесь пакой заліло залатое святло, і праз адчыненае дахавае акно перад мамай і татам спусціўся анёл.


— Гэта нармальна, — сказаў ён ім. — Не турбуйцеся.


Натуральна, прайшоў нейкі час, перш чым мама і тата ачунялі ад першапачатковага спалоху.


— Добры вечар, — нарэшце прашаптаў тата. — Што нармальна?


— Баяцца за іх. Нудзіцца з імі. Крычаць на іх. Здавацца самім сабе кепскімі бацькамі. Увесь час ім нешта забараняць, а часам і даць ім плескача, — усміхнуўся анёл. — Гэта нармальна. У гэтым няма нічога трагічнага.


— Дык значыць, — наважыўся спытаць тата, — яны нам гэта даруюць?


— Нічога падобнага, — анёл шырока заўсміхаўся. — Яны пра гэта пераважна забудуцца.


         — Ну, — сказаў тата і паглядзеў на маму, — гэта, здаецца, добрая навіна.


         — Ага, ну вось. Мне трэба ляцець, — сказаў анёл. — Многа працы. У наш час бацькі занадта ў сабе сумняюцца.


         У гэтых словах адчуваўся лёгкі дакор.


          — Прабачце, — усхапілася мама, — а што тады трагічна?


      — Недахоп любові, — сказаў анёл нечакана сур’ёзна. — Вось дзе сапраўдная трасца.


         Потым ён двойчы ўзмахнуў крыламі і выплыў праз дахавае акно ў ноч.


         — Дык значыць, мы добрыя бацькі? — жаласна закрычала яму ўслед мама.


        І залаты анёл з лёгкай усмешкай паківаў галавой у адказ.

© Michal Viewegh, 2012

Пераклад з чэшскай – Святлана Рогач © 2012

Чытайце таксама

Крысціян Маргенштэрн

Крысціян Маргенштэрн

Нямецкі паэт, празаік і перакладчык, класік нямецкай літаратуры

Алан Аляксандр Мілн

Алан Аляксандр Мілн

Ангельскі пісьменнік, стваральнік Віні-Пуха

Аляксандр Чак

Аляксандр Чак

Аляксандр Чак (сапраўднае імя – Аляксандр Чадарайніс) – латышскі паэт і празаік, якога лічаць пачынальнікам урбаністычнай паэзіі ў Латвіі

Аксана Данільчык

Аксана Данільчык

Паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца італьянскай літаратуры на беларускую мову

3906