Ішла аднойчы лесам старая троліха, несучы на спіне ў берасцяным кашы свайго дзіцёнка. Дзіцёнак быў вялізны і проста пачварны: валасы шчэццю, зубы вострыя, як шылы, на мезенцах кіпцюры — але для троліхі ён, канечне, быў найпрыгажэйшым дзіцем.
Праз нейкі час яна выйшла на такое месца, дзе лес пачынаў радзець. Сюды вяла ўхабістая, пераплеценая слізкімі каранямі лясная дарога, якой цяпер ехалі вершнікі — селянін і яго жонка.
Заўважыўшы іх, троліха памкнулася вярнуцца і схавацца ў лесе, каб людзі яе не ўбачылі. Але тут яна прыкмеціла, што жонка селяніна трымае на руках дзіця, і перадумала. “Цікава, ці гэткае ж прыгожае чалавечае дзіця, як маё”, — падумала яна і запаўзла за вялікі куст ляшчыны, што рос пры дарозе.
Але калі пара ехала міма, яна не стрымалася і высунула з кустоў сваю вялізную чорную галаву. Коні ўздыбіліся ад страху і панеслі. Вершнікаў ледзь не выбіла з сёдлаў. Ускрыкнуўшы з перапуду, яны нахіліліся, каб ухапіцца за лейцы, і ў наступны момант зніклі з вачэй.
Троліха раззлавана ашчэрылася: яна не паспела нават зірнуць на чалавечае дзіця. Але вельмі хутка ад яе злосці не засталося і знаку: дзіця ляжала на зямлі акурат у яе пад нагамі.
Яно выслізнула з матчыных рук, калі коні ўздыбіліся, але, на шчасце, упала ў кучу сухога лісця і зусім не пабілася — толькі спалохалася. Спачатку дзіцёнак закрычаў са страху, але калі троліха схілілася над ім, ад здзіўлення адразу супакоіўся і пацягнуўся ручкамі да яе чорнай барады.
Троліха збянтэжана разглядала дзіцёнка. Яна глядзела на тонкія пальчыкі з ружовымі пазногцямі, ясныя блакітныя вочкі і маленькі чырвоны раток. Яна дакранулася да яго мяккіх валасоў, пагладзіла па шчацэ і здзівілася яшчэ больш. Яна ніяк не магла паверыць, што дзіця можа быць такім ружовенькім, пяшчотным і мілым.
Троліха паспешліва скінула са спіны кош, выцягнула сваё дзіця і пасадзіла побач з чалавечым. Убачыўшы, наколькі яны непадобныя, яна, не стрымаўшыся, дзіка завыла.
Тым часам селянін і яго жонка ўтаймавалі коней і павярнулі назад, каб адшукаць сына. Троліха чула, што яны набліжаюцца, але ўсё ніяк не магла нацешыцца чалавечым дзіцёнкам, таму так і сядзела каля яго. І толькі калі коні мусілі паказацца навідавоку, да яе прыйшла нечаканая думка. Пакінуўшы ўласнае дзіця ляжаць пры дарозе, яна засунула чалавечага дзіцёнка ў берасцяны кош, ускінуўла яго на спіну і знікла ў лесе.
Ледзь паспела яна схавацца з вачэй, як паказаліся вершнікі — селянін з жонкай. Яны былі заможныя, карысталіся ўсялякай пашанай у суседзяў і мелі вялікую гаспадарку ва ўрадлівай даліне пад гарою. Яны ўжо шмат гадоў былі ў шлюбе, але гэтае дзіця было іх адзіным — не дзіва, што яны так хацелі яго вярнуць!
Жонка ехала наперадзе і першая заўважыла дзіцёнка, што ляжаў пры дарозе. Ён крычаў на ўвесь голас, клічучы маці; з аднаго гэтага ляманту сялянка мусіла зразумець, што гэта быў за дзіцёнак, але яна так баялася, што сын мог разбіцца насмерць, што ў галаве яе гучала адна толькі думка: “Дзякуй Богу, жывы!”
— Дзіця тут! — крыкнула яна мужу, саскокваючы з сядла, і хутчэй падбегла да дзіцёнка-троля.
Калі падаспеў селянін, яго жонка сядзела на зямлі з такім выглядам, нібыта не магла паверыць сваім вачам.
— У майго дзіцяці былі зубкі як зубкі, а не як гэтыя шылы, — прамовіла яна, варочаючы дзіцёнка ў руках. — У майго дзіцяці на галоўцы былі валасы, а не парсючыная шчэць, — жалілася яна.
Страх нарастаў, і голас яе пачаў зрывацца:
— У майго дзіцяці не было кіпцюроў на мезенцах!
Селянін вырашыў, што жонка яго звар’яцела, і хутка саскочыў з каня.
— Паглядзі на дзіця і скажы, што ты думаеш, — сказала жонка, перадаючы нячысціка мужу. — Чаму яно так дзіўна выглядае?
Ён прыняў дзіцёнка з яе рук, але, ледзьве на яго зірнуўшы, тройчы сплюнуў і адкінуў ад сябе.
— Гэта ж дзіця троляў! — сказаў ён. — Гэта не наш сын.
Але жонка так і сядзела на ўзбочыне. Яна не вылучалася спрытным розумам і не магла адразу ўсвядоміць, што адбылося.
— Што ты робіш з дзіцёнкам? — усклікнула яна.
— Ты што, не бачыш — ён жа чужы! — сказаў муж. — Коні панеслі, а тролі, відаць, варон не лавілі — выкралі нашага сына, а нам аднаго са сваіх падкінулі.
— Але дзе тады мой сын? — спытала жонка.
— У троляў — дзе яму цяпер быць… — сказаў муж.
Толькі тут усвядоміла жонка ўсё сваё гора. Яна збялела як палатно, і мужу нават падалося, што зараз яна пакіне гэты свет.
— Наш сын не можа быць вельмі далёка, — паспрабаваў ён яе супакоіць. — Мы пойдзем у лес і пашукаем.
Ён прывязаў свайго каня да дрэва і падаўся ў гушчар. Жонка паднялася і хацела ўжо ісці следам, але раптам заўважыла, што малы троль ляжыць ледзь не пад капытамі коней, якіх так непакоіла яго суседства, што яны ў любы момант маглі яго ўбрыкнуць. Жанчыну перасмыкнула ад адной думкі, што яна дакранаецца да троля, але яна ўсё адно адсунула яго крыху ўбок, каб коні не маглі дастаць.
— Тут бразготка, якую трымаў наш сын, калі ты выпусціла яго, — гукнуў з лесу селянін. — Значыць, я пакуль на правільнай дарозе!
Жонка паспяшалася да яго, яны заглыбіліся ў лес і доўга блукалі там, аднак не знайшлі ні дзіцёнка, ні троляў. Калі пачало змяркацца, яны мусілі вярнуцца да коней.
Жонка рыдала і заломвала рукі. Муж ішоў сцяўшы зубы і не сказаў ні слова, каб супакоіць яе. Ён быў з паважанага і даўняга роду, які мог скончыцца на ім, калі б у іх не нарадзіўся сын. І цяпер селянін ішоў і злаваўся на жонку, якая не ўтрымала сына, выпусціла з рук. “Трэба было трымаць яго мацней, — думаў ён. — Пра гэта яна мусіла дбаць перадусім”. Але ўбачыўшы, як яна бядуе, ён не мог яе болей папракаць.
Селянін ужо дапамагаў жонцы сесці ў сядло, калі яна раптам успомніла пра нячысціка.
— А як нам быць з малым тролем? — спытала яна.
— Сапраўды, куды гэта ён падзеўся? — здзівіўся муж.
— Вунь ляжыць пад кустом.
— Ну дык яму і там добра ляжыцца, — сказаў селянін і горка засмяяўся.
— Але мы ўсё ж мусім яго забраць. Мы не можам пакінуць яго ляжаць тут у гушчары.
— Трэба змагчы, — сказаў селянін, ставячы нагу ў стрэмя.
Жанчына разважыла, што, насамрэч, муж мае рацыю. Навошта ім гэты троль? Яна дала каню ступіць некалькі крокаў, але раптам адчула, што не можа ехаць далей.
— Гэта ўсё ж такі дзіця, — сказала яна. — Я не магу пакінуць яго на з’ядзенне ваўкам. Дай мне яго!
— І не падумаю, — адказаў муж. — Хай ляжыць дзе ляжыць.
— Калі не дасі мне яго цяпер, я вярнуся сюды ўвечары сама і забяру яго, — сказала жонка.
— Здаецца, тролі не толькі маё дзіця скралі, але і мазгі маёй жонкі, — прамармытаў селянін, але ўсё ж узяў малога троля і аддаў жонцы, бо ён моцна кахаў яе і прывык выконваць усе яе жаданні.
Наступнага дня ўсё мястэчка ведала пра няшчасце, і кожны, хто быў дасведчаны ў жыцці і вылучаўся розумам, паспяшаўся да селяніна з мудрымі парадамі і перасцярогамі.
— Той, каму падкінулі нячысціка, хай ударыць яго вялікай палкай, — сказала адна старая.
— Нашто з ім так жорстка? — спытала жонка селяніна. — Канечне, ён брыдкі з выгляду, але ж нічога кепскага не рабіў.
— От жа, калі біць дзіця троля доўга, каб аж кроў пацякла, дык прыбяжыць троліха, кіне твайго дзіцёнка табе, а свайго забярэ. Я многіх ведаю, якія так вярнулі сабе дзяцей.
— Усё праўда, але нядоўга жылі тыя дзеткі, — заўважыла іншая старая, і жонка селяніна вырашыла, што гэтым сродкам яна карыстацца не будзе.
Надвячоркам, калі жанчына засталася на нейкі час у хаце адна з нячысцікам, яе ахапіла такая адчайная туга па сыне, што яна проста не ведала куды падзецца. “Мабыць, усё ж такі трэба было зрабіць як раілі”, — думала яна, але адважыцца на такое не магла.
У гэты момант у хату зайшоў селянін з палкаю ў руцэ і спытаў, дзе нячысцік. Жонка зразумела, што ён хоча выканаць параду той разумнай жанчыны і адлупцаваць малога троля, каб вярнуць уласнае дзіця. “Як добра, што ён гэта зробіць, — падумала яна. — Якая ж я дурніца! Я б нізашто не змагла ўдарыць нявіннае дзіця”.
Але не паспеў селянін замахнуцца над малым тролем, як яна кінулася да мужа і схапіла яго за рукі.
— Не, не бі, не бі яго! — заблагала яна.
— Ты, відаць, не хочаш вярнуць свайго сына, — сказаў муж і паспрабаваў вырвацца.
— Канечне, хачу, — сказала жонка. — Але не так.
Селянін зноў замахнуўся, але перш чым ён абрынуў палку на троля, жонка закрыла яго сабой і атрымала гэты ўдар сама.
— Святыя нябёсы! — усклікнуў муж. — Цяпер мне ясна: табе хочацца, каб наш сын заставаўся з тролямі ўсё сваё жыццё!
Ён стаяў і чакаў, а яго жонка ўсё гэтак жа ляжала перад ім, засланяючы сабою дзіця. Тады муж адкінуў палку і выйшаў з хаты, абураны і засмучаны. Потым ён пытаў сябе, чаму не зрабіў таго, што хацеў, насуперак жонцы, але было ў ёй штосьці, што стрымлівала яго. Ён не мог ёй пярэчыць.
Мінула яшчэ некалькі горкіх і сумных дзён. Для маці канечне цяжка страціць сваё дзіця, але горш за ўсё атрымаць замест яго нячысціка, які ні на імгненне не дае ёй пазбыцца тугі і знайсці спакой.
— Проста не ведаю, чым карміць гэтага троля, — сказала яна мужу аднойчы ўранку. — Ён не хоча есці тое, што я даю.
— Што тут дзіўнага, — сказаў муж. — Ці ты не чула, што тролі не ядуць нічога, апроч жабаў і мышэй?
— Але ж ты не хочаш, каб я шукала яму жабаў па сажалках? — сказала жонка.
— Канечне, не, — сказаў муж. — Як на мяне, дык лепей бы ён падох з голаду.
Цэлы тыдзень мінуў, а сялянка ніяк не магла прымусіць малога троля з’есці хоць нешта. Яна расстаўляла вакол яго ўсе магчымыя прысмакі, а той толькі гырчэў і пляваўся, калі яна хацела прымусіць яго пакаштаваць ласункі.
Аднаго вечара, калі здавалася ўжо, што ён вось-вось памрэ ад голаду, у пакой забег кот з пацуком у зубах. Сялянка вырвала ў яго пацука, шпурнула нячысціку і хутчэй выйшла прэч, каб не бачыць, як троль паядае яго.
Але калі селянін заўважыў, што яго жонка і праўда пачала збіраць для троля жабаў і павукоў, ён адчуў да яе такую агіду, што яе ўжо нельга было хаваць. Ён не мог выціснуць з сябе ніводнага ласкавага слова для жонкі. Аднак яна ўсё яшчэ не страціла сваёй улады над ім, таму ён заставаўся з ёй.
Але гэта было яшчэ не ўсё. Слугі таксама перасталі слухацца гаспадыню і выказваць ёй павагу. Гаспадар жа быццам не заўважаў гэтага, і жонка зразумела, што калі яна і далей будзе няньчыцца з тролем, дык кожны Божы дзень будзе ёй і цяжка, і горка. Але такую яна мела натуру, што калі кагосьці ўсе ненавідзелі, то збірала апошнія сілы, каб дапамагчы небараку. І чым большыя пакуты яна зносіла дзеля нячысціка, тым больш аддана яна бараніла яго ад усялякага зла.
Мінула некалькі гадоў. Неяк уранні яна сядзела адна ў хаце і нашывала латкі на вопратку дзіцяці. “Ах, — думала яна за сваім заняткам, — невясёлыя дні ў тых, каму даводзіцца гадаваць чужога дзіцёнка”.
Яна шыла і шыла, але дзіркі былі такія вялікія і іх было так шмат, што ў яе слёзы выступалі на вачах ад аднаго іх выгляду. “Адно я дакладна ведаю, — думала яна, — калі б я латала куртачку ўласнаму сыну, я б дзірак не лічыла”.
“Як жа складана з гэтым нячысцікам, — падумала сялянка, заўважыўшы новую дзірку. — Лепей бы мне аднесці яго падалей у лес і там пакінуць, каб дому не знайшоў”.
“А пазбавіцца яго насамрэч было б не так і цяжка, — працягвала яна разважаць. — Адвярніся я на секунду, і ён мог бы патануць у ручаі ці згарэць у печы, яго б загрыз сабака ці затапталі коні. Не, пазбавіцца яго няцяжка, калі ён такі злосны і нахабны. Няма нікога ў нашай гасподзе, хто б не глядзеў на яго з нянавісцю. Калі б я не была заўсёды побач, нехта адразу б скарыстаўся гэтым і прыбраў бы яго з дарогі”.
Яна адышла і паглядзела на дзіцёнка, які спаў у закутку. Ён вырас і зрабіўся яшчэ больш брыдкім, чым тады, калі яна ўбачыла яго ўпершыню. Яго рот выцягнуўся ў лыч, бровы ператварыліся ў дзве жорсткія шчоткі, а скура зрабілася зусім бурай.
“Падшываць табе вопратку і глядзець цябе — гэта яшчэ нічога, — думала сялянка. — Гэта найменшае, што мне давялося праз цябе сцярпець. Але мой муж пачаў злаваць на мяне, парабкі мной пагарджаюць, служанкі смяюцца з мяне, кот шыпіць, як толькі мяне ўбачыць, сабака гырчыць і шчэрыцца — і віна за ўсё гэта ляжыць на табе”.
— Але і звярыную, і людскую нянавісць я б яшчэ магла знесці! — усклікнула яна. — Найгоршае тое, што кожны раз, калі я бачу цябе, мне ўсё больш не стае майго роднага дзіцяці. Ах, маё золатка, дзе ж ты? Спіш на моху і голлі недзе там, у старой троліхі?
Дзверы адчыніліся, і яна хутчэй вярнулася да шыцця. Увайшоў муж. Ён быў вясёлы і мовіў да яе так ласкава, як даўно ўжо не рабіў.
— Сёння ў сяле кірмаш, — сказаў ён. — Што думаеш, можа, нам узяць ды схадзіць туды?
Жонка ўзрадавалася такой прапанове і сказала, што з радасцю б схадзіла.
— Тады давай хутчэй апранайся! — сказаў муж. — Давядзецца ісці пешкі: коні ў полі. Але калі мы пойдзем праз гару, то акурат паспеем.
Хутка жанчына ўжо стаяла на парозе, прыбраная, гожая, у найлепшым сваім адзенні. Гэта была самая прыемная падзея ў яе жыцці за шмат гадоў, і яна зусім выкінула з галавы малога троля. “Але ж, — падумала яна раптам, — магчыма, мой муж проста хоча выцягнуць мяне адсюль неўпрыкмет, каб парабкі маглі забіць нячысціка”. Яна паспешліва зайшла ў хату і вярнулася з вялізным дзіцём-тролем на руках.
— Ты не можаш пакінуць яго дома? — спытаў муж, але зусім не раззлавана, а наадварот, мяккім голасам.
— Не, я баюся ад яго адлучацца, — адказала яна.
— Што ж, глядзі сама, — сказаў селянін. — Але табе, пэўна, цяжка будзе цягнуць такую ношу на гару.
Яны выправіліся ў дарогу, якая сапраўды была нялёгкай, бо ісці давялося па крутым схіле. Ім трэба было забрацца на самую вяршыню гары, а там ужо дарога ішла проста да сяла.
Урэшце сялянка так стамілася, што ледзь магла перастаўляць ногі. Яна штораз спрабавала ўгаварыць хлапчыну-троля, каб ішоў сам, але той не хацеў.
Муж жа здаваўся цалкам задаволеным і такім зычлівым, якім не быў ніколі з таго часу, як страціў сваё дзіця.
— Можаш даць нячысціка мне, — сказаў ён, — я паднясу крыху.
— Не, што ты, я спраўлюся, — сказала жонка. — Нашто табе лішні клопат з гэтым тролем.
— Чаму ты адна павінная пакутаваць з ім? — сказаў муж і забраў у яе малога.
Якраз калі селянін узяў дзіцёнка, дарога пайшла вельмі кепская. Слізкая і коўзкая, яна бегла над самым абрывам і была такой вузкай, што месца ледзьве хапала, каб паставіць нагу. Жонка ішла ззаду, і вельмі хутка ёй зрабілася страшна, што з мужам штосьці здарыцца, пакуль ён валачэ на сабе дзіцёнка.
— Ідзі цішэй! — крыкнула яна, бо ёй падалося, што ён ідзе занадта хутка і неасцярожна. Муж тут жа спатыкнуўся і ледзь не ўпусціў дзіця ў прорву.
“Калі б дзіця зараз і праўда ўпала, мы б скончылі з гэтым назаўсёды”, — падумала сялянка. Але ў наступны момант яна зразумела, што муж сам так задумаў — скінуць малога са скалы, а потым прыкінуцца, што гэта быў няшчасны выпадак. “Так-так, — думала яна. — Усё так і ёсць. Ён вырашыў звесці нячысціка са свету так, каб я не заўважыла, што гэта зроблена знарок. І найлепшым было б дазволіць яму зрабіць як ён хоча”.
Зноў спатыкнуўся муж аб камень, і зноў ледзь не выслізнуў у яго з рук нячысцік.
— Дай мне дзіця! Ты з ім упадзеш, — сказала жонка.
— Не, — сказаў муж. — Я буду асцярожны.
І ў той самы момант ён спатыкнуўся трэці раз. Ён выцягнуў рукі, каб ухапіцца за галіну, і дзіця ўпала. Жонка ішла адразу за ім, і хоць яна толькі што казала сабе, як было б добра пазбавіцца нячысціка, яна рынулася наперад, схапіла троля за адзежу і ўсцягнула яго наверх.
Тады муж павярнуўся да яе. Ён быў зусім не падобны да сябе, і твар яго быў страшны.
— Ты не была такой спрытнай, калі выпусціла з рук нашага сына, — прашыпеў ён.
Жонка нічога не адказала. Ёй зрабілася так горка ад таго, што ўся гэтая мужава дабрыня была няшчырай, што яна проста заплакала.
— Што равеш? — сказаў ён жорстка. — Бадай, не такое ўжо вялікае было б няшчасце, калі б гэты нячысцік зваліўся ў прорву. Хадзем, бо спознімся.
— Мне нешта ўжо не хочацца на кірмаш, — сказала яна.
— Што ж, і ў мяне штосьці жаданне знікла, — згадзіўся муж.
Дарогаю дадому ён пытаў сябе, колькі яшчэ змог бы вытрымаць з жонкай. Калі б ён скарыстаўся са сваёй сілы і вырваў у яе нячысціка, між імі ўсё магло б наладзіцца зноў, думаў селянін. І ён ужо быў гатовы накінуцца на жонку і адабраць троля, але сустрэў яе позірк, поўны трывогі і смутку. Ён зноў стрымаў сябе дзеля яе, і цяпер усё зноў было як раней.
Мінула яшчэ колькі гадоў, і вось адной летняй ноччу ў селяніна здарыўся пажар. Люд прачнуўся, калі хату і пакоі ўжо густа запоўніў дым, а на гарышчы бушавала суцэльнае мора агню. Нельга было і думаць, каб патушыць яго ці ўратаваць скарб, заставалася толькі бегчы адсюль, каб не загінуць самому.
Селянін выбег на двор і стаяў там, назіраючы, як гарыць яго дом.
— Адно я хацеў бы ведаць, — сказаў ён. — Хто нарабіў мне такой бяды?
— Ну хто яшчэ гэта можа быць, калі не троль? — сказаў парабак. — Ён жа даўно забаўляецца тым, што збірае розныя палачкі-саломінкі і паліць іх то на дварэ, то ў хаце.
— Учора ён завалок на гарышча цэлую кучу сухога вецця, — сказала служанка, — і якраз збіраўся яе падпаліць, калі я яго заўважыла.
— Відаць, ён падпаліў яе пасля, позна ўвечары, — сказаў парабак. — Можаце не сумнявацца, за гэтае няшчасце дзякаваць трэба яму.
— Калі б ён прынамсі згарэў сам, — сказаў селянін, — я нават не шкадаваў бы сваёй старой хаціны.
Толькі ён вымавіў гэта, як з дому выскачыла яго жонка, цягнучы за сабой малога.
Селянін кінуўся да яе, вырваў нячысціка і, размахнуўшыся, шваргнуў яго назад у хату.
Раптам агонь вырваўся вонкі праз дах і вокны — там было сапраўднае пекла. Нейкае імгненне жонка агаломшана глядзела на мужа, збялелая ад жаху. Потым павярнулася і кінулася ў дом следам за дзіцем.
— Можаш і ты згарэць, калі так хочаш! — крыкнуў муж ёй наўздагон.
Але яна выйшла назад, і троль быў з ёю. Яе рукі былі чорныя ад апёкаў, а валасы амаль цалкам згарэлі. Ніхто не сказаў ёй ні слова, калі яна выйшла. Яна адышла да студні, загасіла некалькі іскрынак, што палалі на падоле спадніцы, і прыхілілася спінай да сценкі студні. Троль, што ляжаў на яе каленях, хутка заснуў, а яна сядзела ўсё гэтак жа роўна і чуйна, гледзячы перад сабой сумнымі вачыма. Мноства людзей спяшалася міма яе да дому ў агні, але ніхто не загаворваў з ёю. Здавалася, яна для ўсіх была такой жахлівай і брыдкай, што ніхто не наважваўся наблізіцца.
На світанку, калі хата ўжо згарэла дашчэнту, да яе падышоў муж.
— Я больш не вытрываю, — сказаў ён. — Ты добра ведаеш, я пакідаю цябе не па сваёй волі, але я не магу болей жыць побач з тролем. Я пайду сваёй дарогай і ніколі больш не вярнуся.
У яе ўсё разрывалася ўнутры, калі яна пачула гэтыя словы і ўбачыла, як муж павярнуўся і пайшоў прэч. Яна хацела пабегчы следам за ім, але троль ляжаў гнётам на яе каленях. У жанчыны ўжо не было сілы скінуць яго, і яна засталася сядзець.
Селянін падаўся проста да лесу, думаючы, што, напэўна, ідзе гэтай дарогай апошні раз. Але не паспеў ён крыху падняцца па схіле, як насустрач яму выбег маленькі хлопчык, прыгожы і зграбны, як маладое дрэўца. Валасы яго былі мяккія, быццам ядваб, а вочы ззялі, як сталь.
— Ах, вось так выглядаў бы мой сын, калі б я яго не страціў! — сказаў селянін. — Якога нашчадка я б меў! Ужо ж не тую чорную паскуду, якую жонка прыцягнула ў хату.
— Добры дзень табе! — павітаўся селянін. — Ці далёка ідзеш?
— І вам дзень добры! — сказаў хлапчук. — Адгадаеце, хто я — тады і скажу вам, куды іду.
Пачуўшы ягоны голас, селянін проста збялеў.
— Ты гаворыш так, як звычайна гавораць людзі з майго роду, — сказаў ён. — І калі б мой сын не быў у троляў, я б сказаў, што гэта і ёсць ты.
— Што ж, вы адгадалі правільна, тата! — сказаў хлопчык і засмяяўся. — І раз вы адгадалі правільна, дык ведайце, што іду я да маці.
— Не хадзі да яе, — сказаў селянін. — Ёй не патрэбны ні ты, ні я. У яе сэрцы няма месца ні для кога, апрача вялізнага, чорнага дзіцёнка-троля.
— Праўда? — сказаў хлопчык і пільна паглядзеў яму ў вочы. — Тады, напэўна, лепш мне пакуль застацца з вамі, тата.
Селянін так узрадаваўся сыну, што слёзы падступілі да вачэй.
— Так, проста застанься са мной! — сказаў ён, узяў хлопчыка і падняў яго высока ў паветра. Ён так баяўся страціць сына яшчэ раз, што панёс яго далей на руках.
Хутка хлопчык зноў загаварыў з ім.
— Добра, што вы несяце мяне не так груба, як таго троля, — сказаў ён.
— Ты пра што? — спытаў селянін.
— А, проста старая троліха ішла тады па другім баку скалы са мной на руках, і кожны раз, калі вы спатыкаліся і выпускалі мяне з рук, яна таксама падала са мной.
— Што ты кажаш! Дык вы ішлі па іншым баку скалы? — здзівіўся селянін і глыбока задумаўся.
— Мне ніколі так страшна не было, — сказаў хлопчык. — Калі вы скінулі троля са скалы, старая троліха хацела і мяне туды скінуць следам. Калі б маці тады не…
Селянін пайшоў павольней, а між тым пачаў распытваць хлопчыка.
— Раскажы мне, як ты жыў у тых троляў.
— Часам бывала цяжка, — сказаў малы, — але заўжды, калі маці была ласкавай з сынам троляў, тады і троліха была ласкавай са мной.
— Яна цябе лупцавала? — спытаў селянін.
— Не часцей, чым вы білі яе дзіця.
— Чым цябе кармілі? — распытваў бацька далей.
— Кожны раз, як маці давала тролю жабаў і мышэй, мне давалі масла і хлеб. Але калі перад ім ставілі хлеб і мяса, троліха частавала мяне змеямі і дзядоўнікам. У першы тыдзень я ледзь не памёр з голаду. Калі б маці тады не…
Пачуўшы гэта, селянін рэзка развярнуўся і хутка пашыбаваў у даліну.
— Не ведаю, з чаго гэта, — сказаў ён, — але, па-мойму, ад цябе пахне гарэлым.
— Яно і не дзіўна, — сказаў хлопчык. — Мяне ж гэтай ноччу кінулі ў агонь, калі вы зашваргнулі троля ў ахопленую полымем хату. Калі б маці тады не…
Селянін так заспяшаўся, што амаль перайшоў на бег, але раптам чамусьці спыніўся.
— Скажы мне, як атрымалася, што тролі цябе адпусцілі, — папрасіў ён.
— Калі маці ахвяравала тым, што было ёй даражэйшае за жыццё, тролі страцілі нада мной уладу і адпусцілі мяне, — сказаў хлопчык.
— Ахвяравала тым, што ёй даражэйшае за жыццё? — перапытаў селянін.
— Так, яна зрабіла гэта, калі дзеля троля дазволіла вам сысці, — сказаў малы.
…Жонка селяніна ўсё яшчэ сядзела ля студні. Яна не спала, але нібыта скамянела. Яна не магла паварушыцца, і ўсё, што адбывалася вакол яе, здавалася ёй такім нязначным, быццам яна напраўду памерла. Тады яна пачула голас мужа, які здалёк клікаў яе па імені, і яе сэрца забілася зноў. Жыццё вярталася да яе. Яна расплюшчыла вочы і пачала азірацца вакол, нібы абудзілася ад глыбокага сну. Быў светлы дзень, ззяла сонца, жаўрук разліваўся пошчакам, і здавалася такім немагчымым, што ёй і ў гэты чароўны дзень давядзецца цягнуць сваю нешчаслівую ношу. А потым яна ўбачыла раскіданыя паўсюль абвугленыя бэлькі, людзей з пачарнелымі рукамі і абпаленымі тварамі. Яна зразумела, што прачнулася для яшчэ больш горкага, чым раней, жыцця, але што б там ні было, у яе засталося адчуванне, што пакуты яе нарэшце скончыліся. Яна агледзелася, шукаючы троля. На яе каленях яго не было, як не было і нідзе паблізу. Калі б цяпер усё заставалася як звычайна, яна б ускочыла і кінулася яго шукаць. Але яна чамусьці адчувала, што ў гэтым няма патрэбы.
Яна зноў пачула, як з боку лесу яе кліча муж. Ён спускаўся да падворка вузкай сцяжынай, і ўсе, хто дапамагаў тушыць пажар, пабеглі да яго і так шчыльна абступілі, што зусім схавалі ад яе вачэй. Яна толькі чула, як муж гукае і гукае яе, быццам хоча, каб і яна паспяшалася да яго, як астатнія.
Ягоны голас нёс вестку пра вялікую радасць, але яна ўсё адно заставалася дзе сядзела. Яна не магла паварушыцца. Урэшце людзі атачылі яе, а муж выступіў наперад, наблізіўся і паклаў ёй на рукі цудоўнае дзіця.
— Гэта наш сын. Ён вярнуўся да нас, — сказаў муж, — і гэта ты, і ніхто іншы, вызваліла яго.