№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марк Твэн

Прыгоды Тома Соера (The Adventures of Tom Sawyer)

Пераклад з ангельскай Анка Упала

Раздзел І

 

— Том!

 

Няма адказу.

 

— Том!

 

Няма адказу.

 

— І дзе гэты хлопец, скажыце, калі ласка. Том, чуеш ты ці не?

 

Няма адказу.

 

Пажылая спадарыня ссунула акуляры на нос і агледзела пакой паўзверх іх. Потым прыўзняла акуляры і паглядзела з-пад іх. Амаль ніколі яна не глядзела праз іх, шукаючы такую дробязь, як хлопчык: гэта былі парадныя акуляры, гонар яе сэрца, і прызначэнне іх было не ў тым, каб паляпшаць зрок, а ў тым, каб дадаваць шыку — з гэткім жа поспехам яна магла глядзець праз пару пячных заслонак. Усяго на імгненне спадарыня падалася збянтэжанай. Не злосна, але дастаткова гучна, каб пачула мэбля, яна сказала:

 

— Папярэджваю, калі я да цябе дабяруся…

 

Фразу яна не скончыла, бо акурат у гэты момант, нахіліўшыся, шнарыла венікам пад ложкам, і ёй не хапала паветра. Вынікам яе высілкаў стаў толькі патурбаваны кот, які порскнуў з-пад ложка.

 

— Прапаў са скуркай гэты хлопец!

 

Яна падышла да адчыненых дзвярэй і адтуль агледзела гарод — зарасці раскідзістых памідораў і дурнап’яну. Няма Тома. Таму яна падвысіла гучнасць да ўзроўню, разлічанага на доўгія адлегласці, і крыкнула:

 

— Том, дадо-о-ому!

 

Ледзь чутны шоргат за спінай прымусіў яе азірнуцца акурат у час, каб схапіць за куртку хлопчыка і перадухіліць яго ўцёкі.

 

— Ага! Як я магла забыцца на камору! Ты што там рабіў?

 

— Нічога.

 

— Нічога! Паглядзі на свае рукі. І на рот паглядзі. Чым ты так умурзаўся?

 

— Не знаю, цётачка.

 

— А я знаю! Варэнне гэта — вось што. Сто разоў табе казала: будзеш лазіць у варэнне — злуплю скуру. Ану падай мне таго дубца.

 

Рука з дубцом узнеслася ўгару — ратавання чакаць не даводзілася.

 

— Оёй! Цётачка, што гэта за вамі?!

 

Пажылая спадарыня абярнулася, перапужана падхапіўшы свае спадніцы. Тым часам хлапчук вокамгненна ўскараскаўся на драўляны плот і знік за ім.

 

Ягоная цётка Полі трохі пастаяла ў разгубленасці, а потым пасміхнулася.

 

— Ну і хлапчына, але ж і я харошая. Хіба ён раней мяне не дурыў, каб я і гэтым разам трапілася? Праўду кажуць: стары, а дурны. Старога сабаку новым штукам не навучыш. Але божачкі, ён жа ніколі не паўтараецца. Кожны дзень новыя прыдумкі, і хто скажа, што яшчэ надумае? Цудоўна ж ведае, колькі можа мяне даймаць, перш чым я папраўдзе раззлуюся, і ведае, як мне зубы загаварыць ці рассмяшыць, вось і цяпер усё яму так мінецца. Бог сведка, сваіх абавязкаў я не выконваю. Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына[1], кажа Кніга кніг. Ведаю я, што пешчу грэх і пакутую за нас абодвух. Вораг чалавечы апантаў яго, уратуй мяне Госпад! Гаротнае дзіцятка — сынок маёй сястры-нябожчыцы, не магу біць яго. Як адпушчу без пакарання, сумленне мяне так і пячэ, а калі вазьмуся лупцаваць, дык ірвецца маё старое сэрца. Што тут парабіць, чалавек, народжаны жанчынай, недаўгавечны і перапоўнены журботамі [2], сказана ў Святым Пісьме, і я сведчу, што так яно і ёсць. Няхай сёння лынды б’е, але заўтра ўсё ж прымушу яго працаваць у пакаранне. Будзе вельмі цяжка дамагчыся гэтага ў суботу, калі ва ўсіх дзяцей выходны, але ж працаваць ён не любіць больш, чым што-небудзь іншае, і мой святы абавязак зрабіць для хлопчыка хоць штосьці з таго, што я мушу, а інакш загублю дзіцёнка…

 

 

Раздзел ІІ

 

Летнім суботнім ранкам увесь свет быў яркім, свежым і набрынялым жыццём. У душы кожнага гучала музыка, а ў маладых душою песня лілася з вуснаў. Кожны твар свяціўся радасцю, кожны крок спружыніў. Цвілі белыя акацыі, і паветра поўнілася іх водарам. Кардыфскі пагорак, што ўзвышаўся над мястэчкам, увесь зазелянеў. Здалёк ён падаваўся зямным раем, казачным, ціхамірным і вабным.

 

Том выйшаў на ходнік з вядром вапны і доўгім малярным пэндзлем. Ён акінуў вокам плот, і ўся радасць пакінула яго, дух ягоны занурыўся ў глыбокі смутак. Драўляны плот трыццаці ярдаў даўжынёю і дзевяці футаў у вышыню [3]. Жыццё падалося пустым, а існаванне ператварылася ў цяжар. Уздыхнуўшы, ён акунуў пэндзаль у вапну і правёў ім па самай верхняй дошцы. Зрабіў гэта ізноў. Паўтарыў дзеянне. Параўнаў вузенькую пабеленую палоску з неабсяжным кантынентам непабеленага плота, сеў на клумбу пад дрэва і зажурыўся. Напяваючы “Дзяўчатаў з Бафала”, з весніцаў выскачыў Джым з бляшаным вядром у руцэ. Насіць ваду з гарадской помпы заўжды падавалася Тому ненавіснай працай, але толькі не цяпер. Ён ведаў, што ля помпы заўжды збіралася кампанія. Хлопчыкі і дзяўчынкі — белыя, мулаты і негрыцяняты — заўсёды чакалі там сваёй чаргі, адпачывалі, мяняліся цацкамі, сварыліся, біліся, дурэлі. І ён ведаў, што, хоць ад помпы да дому толькі сто пяцьдзясят ярдаў, Джым ніколі не вяртаўся з вадой раней чым праз гадзіну — і звычайна ўсё адно некага па яго пасылалі. Таму Том сказаў:

 

— Слухай, Джым, я магу схадзіць па ваду, калі ты тут трохі пафарбуеш.

 

Джым пакруціў галавой:

 

— Не магу, маса Том. Старая місіс загадала: ідзі прынясі вады і ні з кім языком не мянці. Яна сказала: маса Том напэўна папросіць Джыма пабяліць, але каб Джым ішоў і рабіў што належа, а з плотам яна разбярэцца.

 

— Вой, ды не зважай ты на тое, што яна сказала, Джым. Яна заўжды так кажа. Давай мне вядро, я праз хвіліну буду. Яна нават не даведаецца.

 

— Не-не, маса Том. Старая місіс мне галаву адарве, дальбог адарве.

 

— Ды што ты! Яна ў жыцці нікога не пабіла — ну, можа, напарсткам па галаве стукне, але хто гэтага забаіцца? Казаць яна можа ўсялякае жахлівае, але ж словы — гэта не страшна, калі толькі яна не заплача. Джым, я табе падару шарык. Мармуровы шарык!

 

Джым завагаўся.

 

— Ну што, хочаш шарык, Джым? Выдатная рэч.

 

— Ух, шарык, канечне, здораўскі! Толькі, маса Том, Джым так баіцца старую місіс…

 

— А яшчэ, калі пагодзішся, я табе пакажу больку на назе!

 

О слабая натура чалавечая! Як тут было не спакусіцца? Джым паставіў вядро на зямлю, узяў мармуровы шарык і пачаў зачаравана сачыць за тым, як Том развязвае бінт на пальцы нагі. Але хутка ён ляцеў па вуліцы з вядром, ратуючы азадак, Том з імпэтам пляскаў пэндзлем па плоце, а цётка Полі вярталася дахаты з трыюмфальным бляскам у вачах і пакаральным тапкам у руцэ. Тым не менш, працоўнага запалу Тома хапіла ненадоўга. Ён зноў успомніў пра ўсе забавы, якія планаваў на сёння, і яго сум памножыўся шматкроць. Хутка на дварэ з’явяцца вольныя ад клопатаў хлопчыкі, каб гуляць і весяліцца, вось ўжо хто ўсмак пакпіць з ягонага занятку — ад адной гэтай думкі яму рабілася невыносна прыкра. Ён выцягнуў і агледзеў усе багацці, што былі пры ім: часткі цацак, мармуровыя шарыкі і рознае смецце: можа, і дастаткова, каб угаварыць кагосьці папрацаваць, але гэтага і блізка не хапіла б на аплату нават трыццаці хвілін чыстай свабоды. Таму ён засунуў свае сціплыя сродкі назад у кішэню, развітаўшыся з надзеяй на куплю працоўнай сілы. І акурат тады цемру яго безнадзейнага адчаю раптам асвятліла ідэя! Неверагодная, бліскучая ідэя.

 

Ён узяў пэндзаль і спакойна вярнуўся да працы. Неўзабаве ў полі зроку паказаўся Бэн Роджэрс, хлопец, чыіх кпінаў Том баяўся найбольш. Па лёгкай хадзе подскакам было відаць, што Бэн у цудоўным настроі і збіраецца выдатна прабавіць дзень. Ён грыз яблык і раз-пораз выдаваў доўгі гудок, за якім ішоў нізкі “дзін-дон-дон, дзін-дон-дон”, бо Бэн гуляў у параход. Наблізіўшыся, ён скінуў хуткасць, узяў сярэдзіну вуліцы, моцна нахіліўся направа і грузна, з урачыстай важнасцю развярнуўся, бо тое была “Вялікая Місуры” заглыбленнем на дзевяць футаў. Бэн быў і параходам, і капітанам, і суднавым звонам, таму яму даводзілася ўяўляць, як ён стаіць на сваёй палубе, аддае загады і тут жа сам іх выконвае.

 

— Стоп, машына! Дзінь-дзілінь-дзілінь!

 

Запаволіўшы рух, Бэн падаўся да ходніка.

 

— Задні ход! Дзінь-дзілінь-дзілінь!

 

Выцягнуў рукі па швах.

 

— Назад, права руля! Дзінь-дзілінь-дзілінь! Чшш! Чшш-чшш-чш! Чшш!

 

Яго правая рука між тым апісвала вялікія кругі, паказваючы саракафутавае [4] кола.

 

— Па левым борце назад вазьмі! Дзінь-дзілінь-дзілінь! Чшш-чш-чшш-чш!

 

Цяпер ён круціў левай рукой.

 

— Правы борт, стоп! Дзінь-дзілінь-дзілінь! Чшш-чшш-чшш! Стоп, левы борт! Наперад, права руля! Стоп! Малы ход! Дзінь-дзілінь-дзілінь! Чшш-чшш-чшш! Рыхтуй швартовы! Шпарчэй давай! Лінь цягні — чаго стаіш?! Пятлёй накідай вунь на тую палю! Ты там, дапамажы — падцягвай! Машына спыненая, капітан! Дзінь-дзілінь-дзілінь! Пф! Пф! Пф! (Выпусціў пару).

 

Том працягваў фарбаваць, ніяк не зважаючы на параход. Бэн крыху пачакаў, а затым ухмыльнуўся.

 

— Здароў! Ну ты і асёл!

 

Адказу не было. Том глядзеў на плот, як мастак сузірае палатно. Ён зрабіў яшчэ некалькі далікатных мазкоў пэндзлем і палюбаваўся на вынік. Бэн падышоў і стаў поруч:

 

— Што, хлопча, да работы прыставілі?

 

Том рэзка абярнуўся і сказаў:

 

— А, гэта ты, Бэн! Я і не заўважыў.

 

— Я дык купацца іду, во як. Ты ж, напэўна, таксама хочаш? Але цябе працаваць запрэглі. І нікуды ты не пойдзеш!

 

Том здзіўлена паглядзеў на хлопчыка:

 

— Што ты называеш працай?

 

— А гэта хіба не праца?

 

— Том зноў пачаў бяліць і адказаў бесклапотна:

 

— Можа, так, а можа, і не. Але я ведаю, што Том Соер зусім не супраць.

 

— Вой, толькі не кажы, што табе падабаецца!

 

Пэндзаль працягваў хадзіць па плоце.

 

— А чаму не? Не разумею, чаму мне мусіць быць непрыемна. Не кожны дзень хлопчыку шанцуе бяліць плот.

 

У такім святле справа выглядала зусім інакш. Бэн перастаў грызці яблык. Том натхнёна вадзіў пэндзлем туды-сюды, рабіў крок назад, каб паглядзець, ці добра атрымалася, крыху дадаваў вапны там і тут — зноў крытычна ацэньваў, як яно выйшла — Бэн, нібы заварожаны, сачыў за кожным яго рухам і рабіўся ўсё больш захопленым. Нарэшце ён сказаў:

 

— Слухай, Том, а дай і мне пабяліць!

 

Том зрабіў выгляд, быццам разважае, і быў амаль гатовы пагадзіцца, але потым перадумаў.

 

— Не-не. Усё ж нельга, Бэн. Знаеш, цёця Полі страшна пераймаецца гэтым плотам, бо ён жа выходзіць на вуліцу. Яшчэ з унутранага боку я б табе дазволіў, і яна таксама. Але тут цёця будзе прыдзірацца, гэты бок трэба пабяліць вельмі добра. З тысячы хлопчыкаў, а можа нават і з дзвюх тысячаў не знойдзецца і аднаго, хто змог бы зрабіць гэта як след.

 

— Во як? Ну дай хоць паспрабаваць. Толькі трошачкі. Я б цябе пусціў, калі б ты быў на маім месцы, Том.

 

— Бэн, я б хацеў, слова індзейца, але цёця Полі… Вось і Джым прасіўся, а яна не дазволіла, і Сід хацеў, але і Сіда не пусціла. Разумееш, ніяк не магу. Раптам ты сапсуеш плот…

 

— Лухта! Я змагу не горш за цябе. Дай паспрабую. Хочаш, пакіну табе сярэдзінку яблыка?

 

— Не, Бэн, нічога не выйдзе. Баюся, што…

 

— Ну добра, бяры ўсё, што засталося!

 

 

Быццам бы нехаця Том працягнуў яму пэндзаль, але ў душы ён святкаваў перамогу. І пакуль былы параход “Вялікая Місуры” працаваў, пацеючы на сонцы, адстаўны мастак адпачываў у цяньку непадалёк, матляў нагамі, седзячы на бочцы, упісваў яблык і завабліваў у сваё сіло іншыя нявінныя душы. А нястачы ў іх не было: усё новыя хлопчыкі падыходзілі, каб пакпіць, і заставаліся бяліць. Да таго часу як выбіўся з духу Бэн, чароўную магчымасць змяніць яго Том прадаў Білі Фішэру за паветранага змея ў добрым стане, а калі знямог і Білі, Джон Мілер выкупіў ягонае месца за дохлага пацука на вяровачцы, каб круціць, і гэтак далей, і гэтак далей — так прамінулі гадзіны. Апоўдні з беднага хлапчука на мяжы жабрацтва, якім ён быў уранку, Том ператварыўся ў казачна багатага заможніка. Апроч ужо згаданых рэчаў ён займеў дванаццаць мармуровых шарыкаў, зламаны варган [5], кавалак блакітнага бутэлечнага шкла, праз які можна глядзець, самаробную гармату са шпулькі, ключ, які нічога не адмыкаў, кавалак крэйды, шкляны корак ад графіна, цацачнага салдата, пару апалонікаў, шэсць хлапушак, аднавокае кацяня, латунную дзвярную ручку, сабачы ашыйнік без сабакі, чатыры апельсінавыя шалупіны і старую нягодную аконную раму.

 

Ён цудоўна, прыемна і бесклапотна прабавіў час у неблагой кампаніі, а плот тым часам пакрыўся трыма слаямі вапны! І калі б яна не скончылася, Том давёў бы да торбы ўсіх мясцовых хлопчыкаў.

 

Урэшце Том падумаў, што жыццё — не такая ўжо і кепская штука. Несвядома ён адкрыў вялікі закон, які кіруе чалавечымі ўчынкамі: каб дарослы чалавек ці хлопчык захацеў чагосьці, трэба зрабіць так, каб гэта давалася яму няпроста. Калі б Том быў гэткім жа вялікім і мудрым філосафам, як аўтар гэтай кнігі, то прыйшоў бы да высновы, што Праца — гэта тое, што ты абавязаны рабіць, а Гульня — тое, што ты рабіць не абавязаны. Гэта дапамагло б яму зразумець, чаму клеіць кветкі з паперы альбо круціць млынавае кола — праца, а збіваць кеглі ці ўзыходзіць на Манблан — забава. У Англіі ёсць багатыя джэнтльмены, якія ўлетку працуюць фурманамі на пасажырскіх перавозках, кіруючы чацверыком коней дваццаць-трыццаць міляў, бо такі прывілей каштуе ім вялікіх грошай, а калі б ім паклалі за гэта заробак, гульня сапсавалася б, і іхны імпэт сышоў бы на нішто.

 

Хлопчык яшчэ трохі пасядзеў, раздумваючы пра тое, якія істотныя змены зведалі сёння яго жыццёвыя абставіны, а потым накіраваўся ў штаб здаваць рапарт.

__________________________________________________________________

 

[1] Выслоўі 13:24, пераклад В. Сёмухі.

 

[2] Ёў 14:1, пераклад В. Сёмухі.

 

[3] Прыкладна 27,5 на 2,7 метра.

 

[4] 40 футаў — каля 12 метраў.

 

[5] Варган — язычковы музычны інструмент, распаўсюджаны ў многіх народаў свету. У Заходняй Беларусі называўся “друмла”, на Палессі — “дрымба”, на ўсходзе — “варган”, у цэнтральных і паўночных абласцях — “вурган”, “варганізма”.

Пераклад з ангельскай – Анка Упала © 2012

Чытайце таксама

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

2729