№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ёзэф Чапэк

Пра сабачку і котачку (Povídání o pejskovi a kočičce)

Урыўкі

Пераклад з чэшскай Марыя Пушкіна


Як сабачка і котачка падлогу мылі

Гэта было тады, калі сабачка і котачка яшчэ разам вялі гаспадарку. Яны мелі на ўзлеску маленькі дамок, жылі там разам і хацелі ўсё рабіць так, як робяць вялікія людзі. Але ў іх гэта ніколі не атрымлівалася, таму што лапкі яны мелі маленькія і няўмелыя і на гэтых лапках не было пальцаў, як у чалавека, толькі такія маленькія падушачкі, а на іх кіпцюры. І таму яны не маглі рабіць усё як людзі, а ў школу яны не хадзілі, бо школа не для звяроў, а як не, то не! А што вы пра гэта думаеце? Школа ж толькі для дзетак!


І ўсё ў гэтым іхным доме выглядала па-рознаму. Нешта яны зрабілі добра, а нешта — кепска, і таму часам там бываў невялікі непарадак. І аднойчы яны заўважылі, што падлога ў іхным дамку брудная.


— Слухай, сабачка, — сказала котачка, — нешта ў нас тут падлога брудная.


— Мне таксама здаецца, што яна нейкая ну вельмі ўжо брудная, — сказаў сабачка. — Ты толькі зірні, як я аб гэтую брудную падлогу лапкі выпацкаў.


— Ага, — казала котачка. — Фу, ну і ганьба! Мы мусім падлогу памыць. У людзей жа не бывае такой бруднай падлогі. Яны ж яе мыюць час ад часу.


— Добра, — сказаў сабачка. — Але як гэта зрабіць?


— Лёгка, — сказала котачка. — Ты ідзі па ваду, а я займуся астатнім.


Сабачка з цэбрыкам пайшоў па ваду, а котачка выцягнула з куфрыка кавалак мыла і паклала яго на стол. Пасля яна пайшла па нешта ў камору, у яе там быў, напэўна ж, прыхаваны кавалак вэнджанай мышкі. Прыйшоў сабачка з вадою і бачыць: на стале ляжыць нешта. Ён зняў абгортку, а гэтае нешта нейкае ружовае. “Ага, будзе някепска”, — сказаў сабе сабачка і, таму як захацеў гэтага нечага пакаштаваць, засунуў у рот цэлы кавалак і пачаў грызці.


Але на смак гэтае нешта было нейкім нядобрым. Прыйшла котачка і ўчула, што сабачка неяк дзіўна чмыхае. Яна зірнула на яго і ўбачыла, што ў сабачкі поўны рот пены, а з вачэй цякуць слёзы.


— Божачка! — крычала котачка. — Што з табою, сабачка, робіцца? Няўжо ты захварэў?! У цябе ж з пашчы пена капае! Што з табою?


 — Ну, — кажа сабачка, — я знайшоў тут нештачка на стале і думаў, што гэта нейкі сыр ці печыва, дык я і з’еў. Але яно страшна шчыпле, і ў мяне ад гэтага ў роце пена робіцца.


— Ну ты і дурны, — раззлавалася котачка. — Гэта ж было мыла! А мыла створанае каб мыцца, а не каб есці.


— Ага, — сказаў сабачка, — і таму яно так шчыпала. Аў, аў, шчыпле, шчыпле!


— Выпі пабольш вады, — параіла яму котачка, — і шчыпаць перастане.


Сабачка выпіў, ажно дапіў з цэбрыка ўсю ваду. Шчыпаць перастала, але пены было шмат. Таму ён пабег выцерці пыску аб траву і пасля мусіў зноў пайсці па ваду, таму што ўсё выпіў, і ў іх нічога не засталося. Котачка мела адну крону і пайшла купіць новага мыла.


— Гэтае я ўжо не з’ем, — сказаў сабачка, калі котачка прынесла мыла. — Але як мы ўсё зробім, калі ў нас няма аніякай шчоткі?!


— Я пра гэта ўжо думала, — сказала котачка. — У цябе ж усё адно такая грубая і шчаціністая поўсць, як на шчотцы, дык мы можам вымыць гэтую падлогу табою.


http://www.capek.narod.ru/1glava.jpg— Добра, — сказаў сабачка, а котачка прыцягнула мыла і цэбрык з вадою, прысела, узяла сабачку як шчотку і вымыла ім падлогу. Падлога была ўся мокрая, а надта чыстая не была.


— Трэба было б яе яшчэ нечым сухім працерці, — сказала котачка.


— Дык ведаеш што, — сказаў сабачка. — Я ўжо зусім мокры, але ты сухая і ў цябе такая прыгожая мяккая поўсць, усё адно што найлепшы ручнік! Вось я зараз вазьму цябе і высушу табой падлогу.


Ён узяў котачку і выцер усю падлогу ёй. Падлога цяпер была вымытая і сухая, але затое сабачка і котачка былі мокрыя і страшна брудныя, бо адно адным гэтую падлогу мылі, быццам сабачка быў шчоткай, а котачка — ручніком.


— Ну ў нас і выгляд, — сказалі яны адно аднаму, калі паглядзелі на сябе.


— Падлога ў нас цяпер чыстая, але затое мы брудныя! Мы не можам так хадзіць, усе будуць з нас смяяцца! Нам трэба сябе папраць! Мы папром сябе, як пруць бялізну, — сказаў сабачка. — Ты, котачка, папрэш мяне, а я, калі ўжо буду папраны, папру цябе.


— Добра, — сказала котачка.


Яны нанасілі ў ночвы вады і ўзялі пральную дошку. Сабачка ўлез у пасудзінку, а котачка яго папрала. Яна так моцна цягала яго па пральнай дошцы, што сабачка папрасіў не ціснуць, бо ў яго могуць заблытацца ногі. Калі ж сабачка быў памыты і ў ночвы ўлезла котачка, сабачка папраў яе і ціснуў так моцна, што яна прасіла, каб не драў ёю так па дошцы, бо зробіць ёй у футры дзірку. Пасля яны адно аднаго выціскалі.


— А цяпер мы пасушымся, — сказала котачка.


Яны падрыхтавалі сабе вяроўкі на бялізну.


— Спачатку ты развесіш мяне на вяроўцы, а калі я павішу, то злезу і развешу цябе, — сказала котачка сабачку. Сабачка ўзяў котачку і павесіў яе на вяроўку, як вешаюць бялізну. Для гэтага ім зусім непатрэбныя былі прышчэпкі, бо яны маглі ўтрымацца на вяроўцы кіпцюрамі. Калі котачка павісела, яна злезла з вяроўкі ўніз і развесіла сабачку.


Так яны там абодва і віселі, і сонейка хораша на іх свяціла.


— Сонейка на нас свеціць, — кажа сабачка. — Таму я хутка высахну.


Толькі ён гэта сказаў, як пачаўся дождж.


— Дождж! — закрычалі сабачка і котачка. — У нас намокне пранне! Трэба ўсё зняць!


Абое хутка саскочылі з вяроўкі і пабеглі хавацца пад страху.


— Яшчэ ідзе? — спыталася котачка.


— Ужо не, — сказаў сабачка.


І сапраўды, ужо зноў свяціла сонейка.


— Дык развесім усё зноў, — сказала котачка.


І яны пайшлі і зноў развесіліся на вяроўцы, спачатку развесілася котачка, а калі яна ўжо вісела, то злезла і развесіла сабачку. І так яны ўдвох віселі на гэтай вяроўцы, як бялізна, задаволеныя, што зноў свеціць сонейка і што пранне хораша высахне. І тут зноў пачаўся дождж.


— Дождж, усё намокне! — крычалі сабачка з котачкай і беглі хавацца.


Пасля зноў свяціла сонейка, і яны зноў развешваліся, і так было да самага вечара, пакуль абое канчаткова не высахлі.


— Пранне ў нас высахла, — сказалі яны. — Так што трэба пакласці ўсё ў кош для чыстай бялізны.


І яны ўлезлі ў кош, але паколькі ім ужо хацелася спаць, то абое і паснулі ў гэтым кашы і да раніцы цудоўна выспаліся.

 

 

Як сабачка і котачка рабілі торт

У сабачкі назаўтра мусілі быць імяніны, а ў котачкі — народзіны.


Дзеці пра гэта ведалі і хацелі неяк сабачку і котачку на іхныя святы здзівіць. Думалі яны, думалі, што б падараваць ці зрабіць, а пасля ўспомнілі:


— Ведаеце што? Зробім сабачку і котачцы на святы торт!


Як сказалі, так і зрабілі. Узялі формачку і зляпілі сабачку і котачцы з пяску прыгожы торт, а наверх паклалі пяць белых каменьчыкаў. Яны былі як міндаль, а торт быў як сапраўдны. І занеслі яны торт котачцы і сабачку.


— Вооось, мы прынеслі вам імянінна-народзінавы торт. Вельмі смачны, можаце яго ўвесь з’есці.


Сабачка з котачкай торт узялі, сказалі над ім: “Мняяяяям, які смачны, вельмі вам удаўся”, — і зрабілі выгляд, што ядуць.


— Дзякуй вам, — сказалі яны дзеткам. — Такіх тартоў мы ў жыцці не елі.


Дзеці пацешыліся і пайшлі дадому.


— Шкада, што сабачкі і котачкі не ядуць пяску, — сказаў сабачка котачцы, калі дзеці пайшлі. — Такі прыгожы торт, я б яго з асалодай з’еў! Ведаеш, я нешта захацеў сапраўднага торта. Але толькі сапраўднага!


— Я б таксама пакаштавала сапраўднага торта, — сказала котачка. — Ведаеш што, раз ужо ў мяне заўтра народзіны, а ў цябе імяніны, трэба было б нейкі торт зрабіць. Толькі не ведаю, як.


— Ды лёгка, — сказаў сабачка. — Я ведаю, як такі торт рабіць правільна! У яго кладуць усё, што з ежы найсмачнейшае, усё, што з найбольшым апетытам ясі, і будзе найлепшы торт. Калі туды пакласці пяць найлепшых страваў, дык ён будзе ў пяць разоў смачнейшы, а калі пакласці дзесяць, дык у дзесяць. А мы пакладзем туды сто, і ў нас будзе ў сто разоў смачнейшы торт!


— І праўда, — сказала котачка. — Зробім сабе найлепшы торт.


Сабачка і котачка надзелі фартушкі і давай кухарыць.


Яны ўзялі муку, малачко і яечка і змяшалі разам.


— Торт мусіць быць салодкі, — сказала котачка і насыпала туды цукру.


— І трохі салёны таксама, — сказаў сабачка і дадаў солі.


— А цяпер дадамо туды масла і сочыва.


— Сочыва — не, я не люблю, — запярэчыў сабачка. — Дадамо туды замест сочыва сырок, смаката будзе.


І яны дадалі некалькі сыркоў.


— Мне здаецца, ён недастаткова тлусты, — сказала котачка. — Трэба дадаць некалькі свіных скурак.


— І не забыць арэшкі, — сказаў сабачка і ўсыпаў у торт кулёк арэшкаў.


— Арэшкі — гэта добра, — ухваліла котачка, — але гурок там бы таксама добра глядзеўся, — і дадала гурок.


— А костачкі?! — ускрыкнуў сабачка. — Мы ж мусім дадаць нейкіх касцей!


Так яны дадалі туды шмат костачак.


— А яшчэ ж якуюсьці мыш, я ж дужа люблю мышэй! — успомніла котачка і дадала ў торт чатыры мышы.


— Так, а цяпер некалькі вельмі перчаных сардэлек, спецыяльна для мяне, — сказаў сабачка і дадаў некалькі сардэлек.


— І галоўнае! — успомніла котачка. — Трэба ж дадаць туды ўзбітых вяршкоў!


І яны дадалі поўны гаршчэчак вяршкоў.


— І трохі цыбулі, — сказаў сабачка і дадаў цыбулі.


— І шакаладу, — сказала котачка і дадала да ўсяго шакаладу.


— І падлівы! — прыйшло ў галаву сабачку, і яны дадалі падлівы.


І так у сваім торце яны мяшалі ўсё што толькі можна. Яны дадалі туды часнаку і перцу і змяшалі там сала з цукеркамі, скваркі з цынамонам, манную кашу з тварагом, пернік з воцатам, какаву з капустай, гусіную галаву з разынкамі і процьму ўсяго іншага, толькі хлеба не дадалі, бо сабачкі і котачкі не дужа любяць хлеб.


Калі яны ўсё гэта змяшалі і размяшалі, торт атрымаўся вялікі, як кола ў возе.


— А Божачкі, гэта будзе вялікі торт, наямося дык наямося! — хваліліся сабачка і котачка адно перад адным. — А зараз усё ў печ.


Яны паставілі торт у печ і пачалі чакаць, калі ж ён спячэцца. Адтуль валіў дым, булькатала, пырскала і сычэла, скварчэла, сіпела і ішла пара, смажылася і гатавалася, кіпела, выцякала і курэла, быццам паліліся старыя лахманы.


Калі торт падаўся ім дастаткова спечаным, яны паставілі яго на парог перад дзвярыма, каб астыў.


— Ведаеш што, — сказала котачка сабачку, — калі тыя дзеці былі такія добрыя, што прынеслі нам свой торт, дык давай і мы паклічам іх на гэты наш.


— Дык хадзем, — сказаў сабачка котачцы, — хадзем паклічам тых дзяцей.


Яны ўзяліся за лапкі і пайшлі клікаць дзяцей. Дзеці былі ў садку перад домам і гулялі там у шкляныя шарыкі. Сабачка з котачкай паклікалі іх на торт і трошкі пагуляліся з імі ў шарыкі, а пасля яшчэ ў мяч і трохі ў кубікі.


А тым часам каля торта ішоў нейкі нядобры сабака, і як толькі ён торт вынюхаў, яму ажно ў носе закруціла. “Га-га-гаў, — падумаў той нядобры сабака, — калі і цяпер так пахне, там будзе нешта мне на зуб!”.


Нюхаў ён, нюхаў, нюхаў, пакуль да торта сабачкі і котачкі не данюхаў.


— Ха-ха! — сказаў ён, калі данюхаў да торта. — Вось гэта я і з’ем!


І ўзяўся гэты нядобры сабака за той торт. Ён глытаў і глытаў, ажно ўваччу слёзы сталі, бо торт унутры быў яшчэ гарачы; глытаў, ажно некалькі разоў папярхнуўся; глытаў і глытаў, ажно з’еў увесь торт. Пасля выпіў наверх яшчэ цэлую конаўку вады і паваліўся набок.


Калі сабачка і котачка нагуляліся з дзецьмі, яны ўспомнілі пра свой торт. Усе разам яны ўзяліся за рукі і пайшлі паглядзець, ці астыў ён ужо.


— Божачкі, ну мы, дзеткі, і паямо! — сказалі сабачка з котачкай. — Вы нават не ўяўляеце, колькі ўсяго смачнага мы туды паклалі!


Дайшлі, глядзяць — і што гэта? Няма торта!


— Аёй-аёй! — усхваляваліся сабачка з котачкай. — Торта няма, нехта ў нас яго скраў!


Глядзелі яны, глядзелі і ўгледзелі. Бачаць, пад кустом ляжыць вялікі нядобры сабака і гучна крэкча. Ён моцна пераеў торта, і цяпер яму кепска. Страшна яму страўнік баліць.


— Вось тут баліць, вось тут баліць, — енчыць той нядобры сабака. — Я з’еў усё, што ў тым торце было намяшана, і цяпер мне ўнутры страшна баліць!


— Ага, гэта ў цябе таму, — сказаў сабачка, — што ты мусіў гэтага торта не чапаць, бо ён не твой!


— Ведаеш, сабачка, а я зусім не ў крыўдзе, што гэты нядобры сабака з’еў наш торт, — сказала котачка. — Бо калі б нам, напрыклад, пасля гэтага нашага торта зрабілася так кепска, імяніны і народзіны былі б сапсаваныя.


— Гэта праўда, — сказаў сабачка, — хай нядобры сабака енчыць і крэкча, яму пасуе, але ж я галодны, я б шмат з’еў! А ў нас дома зусім нічога з ежы няма, мы ўсё кінулі ў гэты торт. А я на свае імяніны не хацеў бы застацца галодным.


— Нічога страшнага, сабачка і котачка, — сказалі дзеці, — хадзем да нас, мы падзелімся нашым абедам.


Так сабачка і котачка пайшлі да дзяцей на абед.


— Дзеці, хадзіце есці! — ужо клікала іх матуля, а дзеці адказалі:


— Матулечка, у сабачкі імяніны і ў котачкі народзіны, трэба падзяліцца з імі абедам.


І дзеці падзяліліся з котачкай і сабачкам сваім абедам: яны далі ім супчыку, было таксама масліца і бульбяныя кнэдлікі. І яшчэ матуля расшчодрылася для іх на кавалак учорашняга пірага.


Котачцы і сабачку ўсё прыйшлося даспадобы. Яны падзякавалі дзецям за абед і спакойна пайшлі дадому.


— Вось гэта імяніны і народзіны ў нас атрымаліся! — задаволена сказалі яны. — Такі добры абед! І жывот ані трошкі не баліць!


Яны дайшлі да дому, дзе вялікі нядобры сабака ўсё яшчэ ляжаў у зарасніках, крактаў і енчыў. Сабачка і котачка пасля добрага абеду заваліліся спаць, задаволеныя, што імяніны і народзіны ў іх урэшце атрымаліся.


Пераклад з чэшскай – Марыя Пушкіна © 2012

Чытайце таксама

Інэса Ганкіна

Інэса Ганкіна

Паэтка, публіцыстка, псіхолаг і культуролаг.

Гай Валерый Катул

Гай Валерый Катул

Старажытнарымскі паэт перыяду позняй рэспублікі, найбольш значны з кола неатэрыкаў, “новых паэтаў”

Дар'я Трайдэн

Дар'я Трайдэн

Хрыста Боцеў

Хрыста Боцеў

Балгарскі паэт, рэвалюцыянер і нацыянальны герой змагання супраць турэцкага іга

749