№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Мілчак

Вераснёвае сонца

Пераклад са славацкай Святлана Богуш


Перад домам раслі дзве яблыні. На адной даспявалі васкова-жоўтыя яблыкі, на другой — ружова-чырвоныя. У промнях восеньскага сонца яны выглядалі найпрыгажэй. Восеньскае сонца не такое, як летняе. Мала хто можа гэта заўважыць.


Прыляцела галка. Дзюбнула яблык — салодкі. Галка ўзнялася над яблыняй.


— Кеў, кеў, яны ўжо саспелі! — крычала яна на ўсю вуліцу.


У доме жыла Катарынка, вучаніца другога “А”. Яна выйшла на двор. Галка кружыла над домам. Вакацыі і навучальны год пачынаюцца аднолькава — звініць школьны званок. Але ў пачатку навучальнага году школьны вартаўнік расчыняе школьную браму насцеж.


Катарынка спынілася перад школьнай брамай. На спіне яна несла школьны заплечнік.


— Чаго не хапае ў тваім заплечніку? — спыталася галка.


Катарынка падумала, што ў яе ёсць усё, што патрэбна другакласніцы для навучання.


— А ты пакаштавала яблык? — спыталася галка.


Катарынка пахітала галавой і засмуцілася. Ёй не хацелася быць забыўлівай дзяўчынкай.


— Я мусіла яго пакаштаваць? — спыталася Катарынка.


Акно ў класе было адчыненае. Праз яго і заляцела ў клас галка. Яна паўтарыла гэта дваццаць два разы. У дзюбцы яна прынесла адзінаццаць васкова-жоўтых і адзінаццаць ружова-чырвоных яблыкаў. За партамі сядзела дваццаць вучняў.


Катарынка дала дзесяць васкова-жоўтых яблыкаў дзяўчаткам, а дзесяць ружова-чырвоных — хлопчыкам.


Калі ў кожнага вучня на далоні ляжала па яблыку, у клас зайшла настаўніца. На стале яна знайшла ружова-чырвоны і васкова-жоўты яблыкі.


— Казачны пачатак навучальнага году, — сказала настаўніца.


Галка села на школьную дошку, і навучанне пачалося.

 

 

Двое парасятак

Сіманідэс і Сулпіцыюс вярталіся з конкурсу парасят. Яны былі ў гуморы. А на шыях у іх віселі залатыя медалі на чырвоных стужках.


— Зойдзем у буфет? — спытаўся Сулпіцыюс.


— Хочаш адсвяткаваць перамогу? — усміхнуўся Сіманідэс.


Катарынка вярталася са школы. Яна купіла часопіс для дзяўчатак. На першай старонцы быў вялікі фотаздымак з двума ружовымі парасяткамі. Пад малюнкам было напісана:


“Абсалютныя пераможцы ў чараванні парасячымі хвосцікамі”.


— Што будзеш? — спытаўся Сіманідэс.


— Як заўсёды, — адказаў Сулпіцыюс. — Вараную кукурузу.


Двое парасятак заўважылі дзяўчынку з косамі, пабеглі за Катарынкай. І забыліся пра буфет.


— Я хацеў бы мець такую дзяўчынку, — сказаў Сіманідэс.


— Я хацеў бы мець такую дзяўчынку, — сказаў Сулпіцыюс.


Катарынка ўсё пачула. Яна гучна рассмяялася. А парасяткі спужаліся.


— Я не магу быць вашай, — азвалася Катарынка. — Будзьма сябрамі.


Парасяткі ўзрадаваліся. Яны пачалі чараваць хвосцікамі. У іх гэта атрымлівалася проста неверагодна.


Катарынка пляскала ў ладкі. Парасяткі ўсё зачароўвалі.


На страху ўзлезла рыжая котка Фрэдэрыка. Яна аблізвала вусы.


— Столькі малака! Столькі малака! — мяўкала яна. — Яно выцекла з малакавозу?


Рыжая котка не ведала, што Сіманідэс і Сулпіцыюс здолелі хвосцікамі начараваць надзвычай густы туман.


Катарынка згубілася ў тумане. Яна хацела паклікаць парасятак, але не ведала іхных імёнаў.


— Нічога! — уздыхнула Катарынка. — Калі туман рассеецца, я лёгка іх знайду.

 

 

Хто мяце дукаты

Ёсць такая завядзёнка: у лістападзе дрэвы ў гарадскім парку старанна пераапранаюцца. Спярша яны мяняюць зялёныя ўборы на чырвоныя. Потым — чырвоныя на жоўтыя. Хутка іх гэта перастае забаўляць і, раззлаваўшыся, яны скідваюць жоўтыя строі на траву.


У Шымана і Барталамея працы зранку было непачаты край, увесь дзень мётлаў з рук не выпускалі. Сталі яны ў буфеце, купілі сабе ліпавай гарбаты, падсалоджанай акацыевым мёдам. Ля буфета іх чакаў сабака Дунай.


Падмятальшчыкі, папіваючы цёплую гарбату, вялі такую гаворку:


— Трэба паспяшацца, — сказаў Барталамей.


— Думаеш, уздымецца вецер? — спытаўся Шыман.


— Я глядзеў у каляндар, цяпер лістапад, — сказаў Барталамей.


— Уночы мне сніцца, што мы мяцем дукаты, — сказаў Шыман.


У буфет зайшла дзяўчынка Катарынка. Па шчоках у яе каціліся слёзы.


— Чаму яна плача? — спытаўся Барталамей.


— Дзяўчаткі прывыклі плакаць, — сказаў Шыман.


— Зноў ты ўсё выдумляеш! — засмяяўся Барталамей.


Потым засмяяліся абодва. Дзяўчынка Катарынка не ведала, што яна сустрэла двух шалапутных падмятальшчыкаў. Яна нічога сабе не купіла. Выйшла з буфета, ні на імгненне не перастаючы плакаць. Сабака Дунай паматляў хвастом. Потым пачаў гучна гаўкаць.


— Што яму не падабаецца? — спытаўся Шыман.


— Заплаканая дзяўчынка, — сказаў Барталамей.


Падмятальшчыкі выйшлі з буфета. Паднялі мётлы.


— Чаму ты плачаш? — спытаўся Шыман.


— Я згубіла плюшавага мішку, — сказала Катарынка.


Сабака Дунай пабег у парк. Абнюхаў жоўтае лісце і ўрэшце прынёс у зубах карычневага плюшавага мядзведзіка. Сеў на заднія лапы. Шыман выцер дзяўчынцы Катарынцы слёзы. З-за дрэваў выглянула сонца. Пазалаціла Катарынцы валасы.

 

 

Белыя дні

Дзьмуў вецер. Катарынка, дзяўчынка з косамі, выйшла з дому. Яна хацела сустрэць снежную каралеву. Вуліцай хутка крочыла белая растрапаная бабулька. Здавалася, яна нават не дакраналася да зямлі.


— Добры дзень, — сказала Катарынка. — Вы сустракалі снежную каралеву?


— Не, дзяўчынка, не, — адказала Віхура. — Ад такіх, як я, кожны ўцякае.


— Я ўзрадавалася, калі вас сустрэла, — сказала Катарынка.


— Калі ёй штосьці спатрэбіцца ў нашым горадзе, яна прыедзе на цягніку, — сказала Віхура.


Узняліся россыпы снегу, і бабулька знікла. Катарынка заспяшалася на чыгуначны вакзал.


На вакзале было цёпла, даносіліся калядныя мелодыі, жанчына ў касе ўсміхалася. Ёй не трэба было хукаць на далоні.


— Ты куды? — спытала яна. — Сёння ты першая пасажырка, можаш ехаць задарма.


— Я не еду, я чакаю снежную каралеву, — адказала Катарынка.


— Цягнікі спазняюцца, на шляхах снежныя заносы, — сказала касірка.


Перад будынкам вакзала гулялі ў снежкі двое вясёлых калядных гномаў.


— Дай нам пагайдацца на тваіх косах! — сказалі святочныя гномы.


Яны не чакалі адказу. Узлезлі па Катарынчынай спіне і ўжо гайдаліся.


— Вы не можаце не хадзіць на галаве? — спыталася прыўкрасная пані.


— Не карай нас, каралева! — гайдаліся калядныя гномы.


— Каралева? — спыталася Катарынка.


— Так, снежная каралева, — гайдаліся калядныя гномы.


—Я не бачу яе, але чую яе звонкі голас, — сказала Катарынка.


— Хай табе будзе гэтага дастаткова, Катарынка, — сказала прыўкрасная пані.

 

 

Снегавікі

У садзе пад яблыняй стаялі пан снегавік і пані снегавічыха. Былі яны хораша прыбраныя. На галовы іх былі надзетыя чорныя рондлі. Снегавікам было неймаверна сумна.


— Такі чорны капялюш мне даспадобы, — сказала Катарынка.


— Акурррат такі? — спыталася варона.


— Можна, каб ён быў крыху меншы, — адказала Катарынка.


— Яны размаўляюць пра нас, — пазяхнуў пан снегавік.


— Не пра нас, — пазяхнула пані снегавічыха, — толькі пра мяне. Яны сказалі “капялюш”!


Снегавікі былі пульхныя і мелі доўгія чырвоныя насы. Пані снегавічыха часта сердавала.


— Чаму снегавікі не носяць футраў? — спыталася Катарынка.


— Футррраў? Футррраў? — крычала варона. — Пррроста!


— У іх чырвоныя насы, ім халодна, — сказала Катарынка.


Варона засмяялася і абляцела вакол Катарынкі. Яна была попельна-шэрая, але дзюбу і ногі мела чорныя, як капелюшы снегавікоў.


— Дурррненькая! — сказала варона. — Насы ў іх морррквавыя, а морррква заўсёды чырррвоная.


У сад прыбег заяц Нюфачык. Ён пачаў скакаць вакол снегавікоў.


— Бачыш яго? — спытала пані снегавічыха.


— Яму падабаецца твой нос, — сказаў пан снегавік.


— Твой даўжэйшы! — засердавала пані снегавічыха.


— Абодва прррыгожыя, — крычала варона.


Заяц Нюфачык згодна кіўнуў.


Катарынка зайшла ў дом. Адтуль у пруцяным кошыку яна прынесла духмяныя чырвоныя яблыкі.


Заяц Нюфачык пагладзіў лапкай брушка.

 

 

Сініцы

Дом надзеў белы капялюш, на шкле маленькага акенца квітнелі ледзяныя кветкі, а дым з коміна правяраў, як высока сягае неба. Катарынка была захутаная ў кажушок. Яна кіўнула снегавікам у садзе і заспяшалася ў школу.


Дрэвы ў садзе стаялі самотныя, на іх не сядзела ніводнай птушкі.


У доме жыў мастак, у яго была доўгая рыжая барада, а плашч ягоны быў размаляваны вясёлкавымі фарбамі.


Ён паклаў на мальберт белае палатно. Прайшоўся па ім далонню, быццам хочучы пагладзіць. Пачасаў сваю рыжую бараду і пачаў змешваць фарбы: жоўтую, зялёную, блакітную, цёмна-карычневую, шэра-сінюю, чорную і белую. Намаляваў птушачку.


— Сёння ў мяне праца ладзіцца! — пацешыўся мастак.


У птушачкі крылы і хвост былі блакітныя, спінка — зялёная, грудка — жоўтая, вочкі — цёмна-карычневыя, лапкі — шэра-сінія, а дзюбка — чорная. На крыльцах яна мела белую палоску.


У пакоі мастака загучала: “цэррратэтэт”, а потым “ціці, тэтэ, ціці, тррр”.


Мастак пачасаў рыжую бараду.


— Так спявае сінічка-блакітніца, — падумаў мастак.


Ён сцяміў, што намаляваў толькі адну птушачку. На палатне сінелі нябёсы, у іх пырхала сініца.


— Калі нехта застаецца адзін, яму бывае маркотна, — падумаў мастак.


Ён нецярпліва змешваў фарбы, палітра зрабілася пярэстай, як расквітнелы луг. На палатне з’явілася другая птушка. Яна была як дзве кроплі вады падобная да першай.


Мастак адчыніў акно. Сініцы вылецелі. Лопаючы крыльцамі, яны селі на галінку яблыні.


Пад яблыняй рос чартапалох, і на ім засталося шмат зярнятак.


— Перш чым зойдзе сонца, мы насыцімся, — спявалі птушачкі.


Катарынка вярнулася са школы. Яна пацягнула мастака за рыжую бараду.


— Ты заўважыў? На яблыні сядзяць дзве сінічкі, — сказала Катарынка.

 

 

Музей музычных інструментаў

У музеі музычных інструментаў вахцёрам працаваў пан Балтазар. На носе ён насіў акуляры ў тоўстай чорнай аправе. Ён папіваў каву, жаваў сэндвіч і ніяк не мог дачакацца, калі з музея выйдзе апошні наведнік.


На шкляных вітрынах былі выкладзеныя музычныя інструменты. Пан Балтазар называў іх “экспанаты”. Наведнікі аглядалі рэбек, кроту, музычны лук, віёлу і многія іншыя даўнія інструменты. Агляд цягнуўся доўга. У музеі быў другі “А”. Настаўніца тлумачыла вучням, як гучыць кожны інструмент. У Катарынкі заплюшчваліся вочы. Яна села ў мяккі фатэль.


— Нарэшце! — сказаў пан Балтазар.


Другі “А” выйшаў з музея, у вучняў блішчэлі вочкі. Найбольш ім падабаўся музычны інструмент псалтыр, і яны няспынна паўтаралі гэтую назву. Усе забыліся пра Катарынку.


Гадзіннік на ўваходзе прабіў шэсць разоў. У музей зайшоў пан Сільвестр, найлепшы сябар пана Балтазара. Ён скіраваўся наўпрост да памяшкання з музычнымі інструментамі. Пан Балтазар павесіў на дзвярах музея таблічку “ЗАЧЫНЕНА”.


У памяшканні лётала муха і непрыемна гудзела.


— Зноў яна тут, — сказаў пан Балтазар, — у музеі павінная быць цішыня!


Пан Балтазар адчыніў вітрыну. Пан Сільвестр і пан Балтазар селі на крэслы з гнутай драўніны. Залагоджана заплюшчылі вочы.


Па трох струнах рэбека хадзіў смычок. Ніхто не трымаў яго ў руцэ. Лілася незвычайна прыгожая мелодыя.


Катарынка падумала, што ўжо раніца. Яна ўскочыла. Кінулася да дзвярэй. Пан Балтазар забыўся іх замкнуць. Праз адчыненыя дзверы вылецела муха.


— Цудоўны канцэрт, — сказаў пан Сільвестр. — Так можа граць толькі рэбек!

 

 

Кот Кіліманджара і котка Фрэдэрыка

У гарадскім парку раслі высокія дрэвы. Былі яны старэйшыя за найстарэйшых жыхароў горада. Многія мелі дуплы, і толькі ў некаторых з іх ніхто не жыў. Парк быў месцам сустрэч для бабулек і дзядкоў. Яны ведалі ўсіх крылатых насельнікаў парку. У дуплах дрэваў гнездаваліся: сіваграк блакітны, удод звычайны, жаўна зялёная і сініца-блакітніца. Дзяцел белагруды высякаў сабе новае жытло ў камлі ліпы.


— У нас з’явіцца новы жыхар, — сказала бабулька Зузанка.


— Толькі адзін? — спытаўся дзядок Альберт.


— Майстар цясляр рупліва працуе, — сказала бабулька Зузанка.


Зузанка і Альберт селі на драўляную лавачку. Яны любаваліся сінім небам, на якім пасвіліся белыя авечкі.


Удод ганарліва красаваўся сваім двухкаляровым чубком. Ён прыляцеў да старых, сеў на лаўку і пачаў чакаць, пакуль яны пахваляць ягоную прыгажосць.


— Я ніколі не бачыў больш ганарлівай птушкі, — сказаў дзядок Альберт.


Рыжая котка Фрэдэрыка сустрэла чорнага ката Кіліманджара. Яна з самай раніцы перад ім хадзіла.


— Хадзем на шпацыр, — сказала котка Фрэдэрыка.


Фрэдэрыка і Кіліманджара пакрочылі ў парк. А ўдод усё не пераставаў выстаўляцца.


— У яго шыкоўны чубок, — сказала котка Фрэдэрыка.


— Мне таксама падабаецца, — сказаў кот Кіліманджара.


Была нядзеля. Катарынка, дзяўчынка з косамі, выбралася ў парк. Яна ведала, што птушкі і каты не сябруюць. Яна спынілася ля лавачкі, на якой сядзелі дзядок Альберт і бабулька Зузанка. Дзяўчынка сагнала ўдода.


— Ляці, птушачка, ляці! — сказала яна.


Котка Фрэдэрыка перастала аблізваць вусы. Бабулька Зузанка пагладзіла дзяўчынку Катарынку па валасах.

 

 

Вячэрні канцэрт

У гарадской рэчцы жыў вадзянік Вондак. Вечарамі ён сядзеў на вярбе, пакрыкваючы на месяц, каб той не пераставаў свяціць. Калі ён упэўніваўся, што месяц яго зразумеў і пасерабрыў паверхню рэчкі, Вондак выцягваў дырыжорскую палачку.


Над горадам лёталі кажаны і пішчалі:


— Спяшайцеся, прыходзьце на канцэрт!


Вадзянік Вондак стукнуў палачкай па камлі вярбы. З рэчкі павыплывалі слаўныя спевакі. Паселі на лісты лопуху. Жаб спяваў басам, а жабкі — сапрана і альтам. У вячэрняй цішы жабін спеў разносіўся па ўсім наваколлі.


Вадзянік Вондак наведваў дырыжорскую школу. У вярбе ён хаваў дыплом найлепшага выпускніка. Яго дырыжорскай палачцы зайздросцілі многія нядобразычліўцы — маленькія рыбы умбры і сіне-шэрыя ляшчы. Іхная мара спяваць так і не здзейснілася.


У рэчцы плаваў камель вольхі. На ім сядзеў вадзянік Вонка, малодшы брат Вондака.


Вадзянік Вонка выскачыў на бераг рэчкі. Ён прыўзняў капялюш, прывітаў брата Вондака. Жабкі сціхлі.

Над горадам ляцелі кажаны і пішчалі:


— Спяшайцеся, прыходзьце на канцэрт!


Катарынка, вучаніца другога “А”, пабегла да рэчкі. Вондак быў яе сябрам.


— Пазыч мне дырыжорскую палачку, Вондак, — сказаў Вонка.


Вонка ўзяў палачку, а над рэчкай запанавала вечаровая цішыня.


— Ты перанёс час канцэрту? — спыталася Катарынка.


Вадзянік Вонка вярнуў брату палачку. Дырыжор Вондак ударыў ёй па камлі вярбы. Азваўся слаўны хор жабак-спявачак.


Вадзянік Вонка не наведваў школы дырыжораў. Ён сеў на камель вольхі і адплыў. Месяц прыгаршчамі сыпаў срэбра. Жабкі спявалі да самага рання.

 

 

Белыя поні

— Нарэшце! — сказаў школьны вартаўнік. — Дзесяць месяцаў гэтага чакаю.


Ён скінуў працоўны плашч і застаўся ў святочным строі. У ягоным пінжаку быў чырвоны гваздзік.


Катарынка, дзяўчынка з косамі, апошні раз памыла школьную дошку.


— Я ўжо трэцякласніца? — спыталася Катарынка.


Вучні другога “А” на апошнім уроку малявалі белага поні. Атрымаўся ён толькі ў Катарынкі. У іншых поні ногі былі або доўгімі, як у жырафы, або кароткімі, як у мышкі. Аднаму з намаляваных поні не хапала вушэй.


Настаўніца змясціла ў насценгазеце самы ўдалы малюнак. Па радыё загучаў школьны гімн: гэта была адна з мелодый Людвіга ван Бетховена.


— Чаму тут намаляваныя два поні? — спыталася пані настаўніца.


— У аднаго не было б браціка, — сказала Катарынка.


— Так-так, яму было б сумна! — загаманілі вучні.


— Забяры малюнак сабе, не будзем пакідаць яго ў пустым класе, — сказала настаўніца.


— Дзесяць месяцаў я гэтага чакаю, а цяпер вось слёзы на вочы наварочваюцца, — сказаў школьны вартаўнік.


Катарынка павесіла малюнак з поні ў сябе над ложкам.


Увечары, калі Катарынка легла спаць, падушка пахла ваніллю. У Катарынкі заплюшчваліся вочы. Спачатку ёй здалося, што яна чуе, як грае рэбек. Але поні на малюнку заржаў, пачаў біць капытком і саскочыў з карцінкі.


“Яму не можа быць сумна, іх жа двое”, — падумала Катарынка.


Неўзабаве саскочыў з малюнка і другі поні. Ён паклаў галаву на грыву браціку.


І яны разбегліся, выскачыўшы ў ноч праз адчыненае акно.


Раніцай, калі Катарынка прачнулася, яна паглядзела на малюнак над ложкам. На ім пасвіліся два белыя поні.

 

 

Пра карысць парахода

Ля берага возера стаяў стары параход. Возера было доўгае, шырокае, сіняе. Другога берага нельга было ўгледзець. З коміна парахода дым не ішоў. У параходзе жыў марак з сівой барадой і люлькай у бяззубым роце. Каб не сумаваць, ён трымаў папугая Аляксандра. Да возера вяла палявая дарога. На яе ўскрайку квітнелі жывакост лекавы, дуброўка простая і зусім блізка ад возера — кустоўнік лекавы.


Бабуля Філамэна трымала Катарынку за руку. Яна збірала лекавыя расліны. Падышлі яны да возера. У Катарынкі загарэліся вочкі, калі яна ўбачыла параход, белы, як бабульчыны валасы.


— Табе падабаецца? — спыталася бабуля.


Яна ўклала ў вусны сагнуты ўказальны палец і засвістала. На палубу выйшаў марак.


— Даўно цябе тут не было, Філамэнка, — азваўся марак.


— Даўно цябе тут не было, Філамэнка, — паўтарыў папугай Аляксандр.


— Я даглядаю Катарынку, у школьнікаў цяпер вакацыі, — адказала бабуля.


Марак прынёс шырокую дошку, Катарынка і Філамэна ўзышлі на палубу парахода. Усе вакацыі Катарынка і бабуля былі заўсёды разам.


— Чаму не ідзе дым з коміна? — спыталася Катарынка.


Марак пачасаў бараду. Набіў люльку.


— Карабель ужо стары, ён адпачывае на азёрным беразе, — сказаў марак.


— У яго ёсць комін! — адказала Катарынка, дзяўчынка з косамі.


— Я даўно ўжо не запальваў пад катлом, — сказаў марак.


— І табе не хочацца суправаджаць чародкі рыб у сінім возеры? — спыталася Катарынка.

— Яны ўжо і забыліся прыплываць да парахода, — сказаў марак.


— Яго пррраўда, яго пррраўда, — азваўся папугай Аляксандр.


Філамэна ўклала ў вусны сагнуты ўказальны палец і засвістала. З люлькі вырваўся струменьчык дыму. Параход крануўся. Пад катлом на вугальках танчылі агеньчыкі. Папугай Аляксандр паварочваў штурвал. Каля парахода плавалі рыбы.


— Усе марацкія люлькі — чароўныя! — усклікнула бабуля Філамэна.


— Усе маррррацкія люлькі — чаррроўныя, — паўтарыў папугай Аляксандр.

 

 

Трынаццаты пакой

Бабуля Філамэна жыла на ўскрайку вёскі. У доме быў ганак, кухня, два пакоі, і асобна месціўся трынаццаты пакой, прасторны, як у палацах. Філамэне дом бачыўся вялікім, а Катарынцы — малым. На вокнах квітнелі мускатныя арэхі, але на акне трынаццатага пакоя спляталіся ніткі павуціння. Шкло было пакрытае пылам, за якім усё здавалася шэрым нават у сонечныя дні. Усе дзверы ў доме былі адчыненыя, апроч дзвярэй у трынаццаты пакой. Ад іх не было ключыка.


— Ты цікаўная? — спыталася бабуля Філамэна.


Катарынка сумна кіўнула. Бабуля заспела яе пры дзвярах, на якіх вісела шыльдачка “ТРЫНАЦЦАТЫ ПАКОЙ”.


Філамэна пагладзіла дзверы, і яны адчыніліся. Катарынка ўздыхнула. У трынаццатым пакоі віселі паліцы, поўныя кніг, у куце стаяў клавесін. На паліцы абапіраліся высокія драбіны. Катарынка зазірнула ў трынаццаты пакой.


— Не спрабуй адчыніць гэтыя дзверы! — сказала бабуля Філамэна.


Увечары, калі бабуля накрылася таўшчэзнай коўдрай і не засталося сумневаў, што яна заснула, Катарынка выслізнула з-пад сваёй коўдры. Свяціў месяц. Яна пагладзіла дзверы ў трынаццаты пакой. Калі дзверы адчыніліся, яна ўзяла першую кнігу з паліцы. Пры месяцовым святле яна гартала кнігу.


— Драбіны, так, драбіны, — паўтарала дзяўчынка.


Усю ноч Катарынка праседзела на ганку. Пачало світаць, дзяўчынка вынесла з трынаццатага пакоя драбіны. Абаперла іх аб страху бабулінага дома.


Катарынка старанна лезла па перакладзінках драбінаў. Пад пахай у яе была кніга.


У кнізе Катарынка прачытала: “Калі хочаш наблізіцца да сонца, дакраніся да неба”.


Пачало світаць. Жнівеньскае сонца стаяла нізка над страхой бабулінага дому. Але сонца ўздымалася па небе хутчэй, чым дзяўчынка па драбінах. Катарынка ўзлезла на апошнюю прыступку драбінаў. Па шчоках у яе каціліся слёзы.


Філамэна адчыніла акно. Яна была растрапаная і заспаная.


— Не смуткуй, ты была блізка да сонца, — сказала бабуля.


У трынаццатым пакоі зайграў клавесін.

 

 

© Ján Milčák, 2012

Пераклад са славацкай – Святлана Богуш © 2012

Чытайце таксама

Міхаіл Валодзін

Міхаіл Валодзін

Артур Конан Дойл

Артур Конан Дойл

Шатландскі фізік і пісьменнік, аўтар дэтэктываў пра Шэрлака Холмса

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Аксана Данільчык

Аксана Данільчык

Паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца італьянскай літаратуры на беларускую мову

964