№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Жанна-Мары Лепрэнс дэ Бамон

Прыгажуня і Пачвара (La Belle et la Bête)

Казка

Пераклад з французскай Кацярына Маціеўская


Жыў калісьці гандляр, які меў незлічоныя багацці, і было ў яго шасцёра дзяцей — трое сыноў і трое дачок. Быў гандляр чалавекам асвечаным, а таму на адукацыю сваіх дзяцей не шкадаваў нічога, наняўшы ім настаўнікаў, што выкладалі самыя розныя навукі. Усе ягоныя дочкі былі вабныя, але найбольш захапляла краса наймалодшай. Калі тая была дзяўчынкаю, усе называлі яе не інакш як Прыгажуняй, і гэтае імя так ёй і засталося, выклікаючы пякучую зайздрасць сясцёр.

Прыгажэйшая за сваіх сясцёр, гэтая дзяўчына, была і спагаднейшая за іх. Дзве старэйшыя нораў мелі напышлівы, бо ганарыліся сваім багаццем. Яны ўдавалі важных дамаў і не жадалі знацца з іншымі гандлярскімі дочкамі — толькі людзей шляхетных яны лічылі роўнымі сабе. Што ні дзень — у іх то баль, то шпацыр, то тэатр, а з малодшай, што амаль увесь час бавіла за добрай кнігаю, яны нязменна смяяліся.

Таму як пра багацце дзяўчат усім было вядома, многія заможныя гандляры прапаноўвалі ім шлюб. Але старэйшыя адказвалі, што не выйдуць замуж ніколі, калі толькі не сустрэнуць герцага ці — ад бяды — якога графа. Прыгажуня ж (бо я ўжо казала, што так называлі наймалодшую з сясцёр) вельмі пачціва дзякавала ўсім, хто жадаў бачыць яе сваёй жонкаю, і казала, што яна не настолькі дарослая і хоча яшчэ некалькі гадоў пажыць побач з бацькам.

Неяк гандляр у адначас страціў усё сваё багацце, і ў яго застаўся адно маленькі вясковы дамок, вельмі далёка ад горада. Са слязьмі ён паведаміў дзецям, што ім давядзецца перасяліцца туды і працаваць, як сялянам, каб зарабіць на жыццё. Дзве старэйшыя дочкі заявілі, што не жадаюць пакідаць горад і што ў іх дастаткова кавалераў, якія будуць проста шчаслівыя ўзяць іх замуж, не зважаючы на тое, што яны больш не маюць грошай.

Чароўныя панны памыляліся: іхныя кавалеры цяпер і глядзець на іх не жадалі. За фанабэрыстасць сясцёр не любіў ніхто, таму ўсе казалі: не заслужылі яны шкадавання, і нам у радасць бачыць іх пасаромлены гонар; паглядзім, якімі дамамі яны будуць, калі авечак папасвяць.

У той жа час усе як адзін шкадавалі Прыгажуню. “Яна заслугоўвае спачування ў няшчасці, — казалі пра яе. — Яна ж такая добрая! Як спагадна яна заўсёды размаўляла з беднымі! Якая яна мілая, якая ветлівая!” І знайшлося нямала шляхетных кавалераў, якія жадалі з ёю ажаніцца, нягледзячы на тое, што цяпер яна не мела ніводнага су. Але яна адказала, што не наважыцца кінуць свайго беднага бацьку і паедзе з ім, каб суцяшаць і дапамагаць у працы.

Няшчасную Прыгажуню вельмі засмуціла страта маёмасці, але яна казала сабе: “Калі шмат плакаць, слёзы багацця не вернуць, таму варта спрабаваць быць шчасліваю, нічога не маючы”.

Перасяліўшыся ў вясковы дамок, гандляр з сынамі заняліся апрацоўкай зямлі. Прыгажуня падымалася а чацвертай раніцы, спяшаючыся прыбраць у хаце і прыгатаваць ежу на ўсю сям’ю. Спачатку ёй, не звыклай працаваць як служанка, давялося зазнаць пакутаў, але праз два месяцы сілы ў яе паболела, а праца да стомы надзяліла яе моцным здароўем. Скончыўшы працаваць, Прыгажуня чытала, грала на клавесіне альбо спявала, сядаючы прасці.

Сёстры ж яе паміралі з нуды. Яны падымаліся каля дзясятай, увесь дзень бадзяліся па ваколіцы і бавіліся тым, што аплаквалі свае цудоўныя сукенкі і сваіх прыяцеляў. “Зірні толькі на нашую малодшую, — гаварылі яны паміж сабой, — яна такая недалёкая і такая абмежаваная, што знаходзіць уцеху ў сваім няшчасці”.

Але добры гандляр з дочкамі не пагаджаўся. Ён ведаў, што Прыгажуня больш, чым любая з яе сясцёр, вартая таго, каб зачароўваць наведнікаў баляў і раўтаў. Ён захапляўся цнотамі дзяўчыны, а яшчэ больш — яе цярплівасцю, бо старэйшыя дочкі, вельмі незадаволеныя бацькам, увесь час зневажалі яго і ніякай хатняй працы не рабілі.

Праз год з таго часу, як сям’я пасялілася ў глушы, атрымаў гандляр ліст, адкуль даведаўся, што карабель, на якім плылі і яго тавары, шчасліва прыбыў у порт. Пачуўшы навіну, старэйшыя сёстры нібы звар’яцелі ад шчасця і толькі і казалі, што ўрэшце з’едуць з гэтай вёскі, якая ім так абрыдзела. Убачыўшы, што бацька іхны сабраўся ў дарогу, яны пачалі ўпрошваць яго прывезці ім сукняў, паланцінаў ды капялюшыкаў, а таксама ўсіх магчымых аздобаў і дробязяў. Прыгажуня ж не прасіла нічога: ёй здавалася, што ўсіх грошай, выручаных з бацькоўскіх тавараў, і так не хопіць на тое, што пажадалі яе сёстры.

— Чаму ж ты не просіш нічога прывезці табе? — спытаў у яе бацька.

— Калі вы былі такі ласкавы, што падумалі пра мяне, — адказала Прыгажуня, — прашу вас, прывязіце мне адну ружу… іх тут зусім няма.

Не тое што Прыгажуні была надта патрэбная ружа. Проста яна не хацела, каб сёстры, падумаўшы, нібыта яна асуджае іх паводзіны, сказалі, што яна нічога не папрасіла, абы толькі выдзеліцца.

І добры гандляр з’ехаў. Прыбыўшы на месца, ён, аднак, даведаўся, што тавары яму давядзецца здабываць праз суд, а пасля доўгага і цяжкага працэсу вяртаўся такім жа бедным, як быў. Не больш за трыццаць міляў заставалася яму да дому, і ён ехаў, радуючыся, што хутка ўбачыць сваіх дзяцей. Але праязджаючы праз густы лес, што быў па дарозе, гандляр заблукаў. Тут усчаўся жахлівы снегапад і падняўся такі страшны вецер, што падарожнік два разы падаў з каня. Спускалася ноч, і няшчасны падумаў, што калі не памрэ ад голаду ці сцюжы, то будзе з’едзены ваўкамі, якія з выццём ужо атачалі яго.

І раптам у канцы доўгай сцяжыны паміж дрэвамі ён убачыў святло, якое здавалася вельмі далёкім. Пайшоўшы ў той бок, ён неўзабаве натрапіў на замак, што ўвесь зіхцеў незлічонымі агнямі.

http://i649.photobucket.com/albums/uu212/prajdzisvet/bb1.jpg Гандляр узнёс хвалу Богу, які не пакінуў яго, і паспяшаўся да замка. Не знайшоўшы на падворку ні адзінай жывой душы, ён вельмі здзівіўся. Ягоны конь, што ішоў следам, заўважыў вялікую адчыненую стайню і, скіраваўшыся ўсярэдзіну, знайшоў там сена і авёс. Бедная жывёліна, што памірала з голаду, прагна накінулася на пажытак. Гандляр жа, прывязаўшы каня, рушыў да замка, дзе таксама нікога не было. Але зайшоўшы ў вялізную залу, ён убачыў распалены камін і стол са шматлікімі стравамі, на якім стаяў толькі адзін прыбор. Пад дажджом і снегам гандляр прамок да касцей, таму сеў бліжэй да каміна, сказаўшы сабе: “Спадзяюся, гаспадар дому ці яго сямейства даруюць вольнасць, якую я сабе дазволіў… Без сумневу, яны хутка прыйдуць”.

Але прайшло даволі шмат часу, прабіла адзінаццаць, а ніхто так і не з’явіўся. Не ў змозе больш трываць голад, гандляр паклаў сабе мяса, якое прагна з’еў адным захадам, і выпіў некалькі глыткоў віна. Пасля вячэры ён асмялеў і крыху пагуляў па замку, падзівіўшыся мноству пакояў, убраных багата і пышна. Таму як ужо мінула поўнач і гандляр пачуваўся вельмі стомленым, ён знайшоў спачывальню, што прыйшлася яму даспадобы, і, замкнуўшы дзверы, лёг спаць.

Наступнае раніцы гандляр прачнуўся каля дзесяці і вельмі здзівіўся, знайшоўшы на месцы сваёй ушчэнт сапсаванай вопраткі новы і чысты касцюм. “Пэўна, у гэтым замку гаспадарыць добрая чараўніца, якая паспагадала мне”, — вырашыў ён.

Вызірнуўшы ў акно, ён убачыў, што снегу ўжо няма, а зямлю ўсцілаюць прыўкрасныя кветкі, якім радуецца вока. Ён спусціўся ў вялікую залу, дзе вячэраў напярэдадні, і знайшоў там маленькі столік, а на ім шакалад.

— Дзякую вам, пані чараўніца, — гучна сказаў падарожнік, — за тое, што ласкава паклапаціліся пра мой сняданак.

Выпіўшы шакалад, наш добры гандляр пайшоў шукаць свайго каня. Мінаючы клумбу з ружамі, ён успомніў просьбу Прыгажуні і сарваў галінку, на якой было некалькі бутонаў.

У тую ж хвілю пачуўся страшны шум, і перад вачыма ў гандляра паўстала пачвара, з выгляду настолькі жудасная, што ён ледзь не страціў прытомнасць.

— Якая няўдзячнасць! — страшна прараўла Пачвара. — За тое, што я выратаваў вам жыццё і даў прытулак у сваім замку, вы адплацілі мне, скраўшы ружы, якія я люблю больш за ўсё на свеце! Загладзіць такую правіну можа толькі смерць, і я даю вам чвэрць гадзіны, каб папрасіць літасці ў Бога!

Гандляр упаў на калені і, малітоўна склаўшы рукі, загаварыў да Пачвары:

— Пане, малю вас мне прабачыць! Зрываючы ружу па просьбе аднае з маіх дачок, я зусім не хацеў вас раніць!

— Я вам не “пане”, — адказала страшыдла. — Я Пачвара. Цярпець не магу ліслівасці. Лепш гаварыце што думаеце і не спадзявайцеся залагодзіць мяне кампліментамі. Вы сказалі, у вас дочкі… я дарую вам пры ўмове, што адна з вашых дачок па сваёй волі прыйдзе сюды, каб прыняць смерць замест вас… Не трэба пярэчыць, ідзіце! А калі вашыя дочкі не пагодзяцца за вас памерці, пакляніцеся, што праз тры месяцы вернецеся сюды самі!

Добры стары зусім не збіраўся прыносіць адну з дачок у ахвяру агіднаму страшыдлу, але падумаў, што прынамсі зможа яшчэ раз іх абняць. Таму ён паабяцаў Пачвары вярнуцца і пачуў у адказ, што можа ісці, калі жадае.

— Але, — дадала Пачвара, — нядобра будзе, калі вы сыдзеце ні з чым. Вяртайцеся ў пакой, дзе начавалі — там вы знойдзеце пусты куфар. Можаце класці туды ўсё што спадабаецца, я зраблю так, каб ён апынуўся ў вас дома.

На гэтым Пачвара адвіталася, а стары падумаў: “Раз ужо я мушу памерці, то хаця б пакіну сваім бедным дзецям суцяшэнне ў скрусе па мне”.

Ён вярнуўся ў пакой, дзе начаваў, знайшоў там мноства залатых манет і насыпаў імі агромністы куфар, пра які казала Пачвара. Потым замкнуў яго і, злавіўшы каня, што зноў быў падаўся ў стайню, пакінуў замак са смуткам такім жа вялікім, як радасць, з якою ўвайшоў у яго. Конь ягоны сам выбраў лясную сцяжыну, і праз колькі гадзін шаноўны стары ўжо быў у сваім маленькім дамку.

Дзеці сабраліся вакол яго, але замест таго каб радавацца іхнай ласцы, гандляр горка заплакаў, зірнуўшы на іх. Ён падаў Прыгажуні галінку з ружовымі бутонамі і прамовіў:

— Вазьмі ружы, Прыгажуня. Яны каштавалі вельмі дорага твайму няшчаснаму бацьку.

І ён расказаў дзецям пра гора, што яго напаткала.

Даведаўшыся пра ўсё, старэйшыя дочкі гучна залямантавалі, кленучы Прыгажуню, на вачах якой не з’явілася ні слязінкі.

— Вось да чаго прывяла вашая ганарлівасць, маладая асоба! — галасілі сёстры. — Не каб папрасіць убораў, як мы! Што вы, паненцы проста неабходна выдзеліцца! Яна паслала ўласнага бацьку на смерць, а цяпер нават не плача!

— Гэта не мае сэнсу, — адказала Прыгажуня. — Навошта мне плакаць аб смерці майго бацькі, калі ён не памрэ? Калі страшыдла не супраць прыняць адну з дачок, то няхай на мяне абрынецца ўся яго ярасць, і я памру шчасліваю, ведаючы, што ўратавала бацьку і даказала яму сваю адданасць.

— Не, сястрыца, — прамовілі яе браты, — ты не загінеш. Мы знойдзем Пачвару і калі не зможам яе адолець, то самі ўпадзем пад яе ўдарамі!

— Не спадзявайцеся на гэта, дзеці мае, — сказаў ім гандляр. — Сіла гэтага монстра такая вялікая, што ніхто ў свеце не зможа яго забіць. Я расчулены да слёз дабрынёю твайго сэрца, Прыгажуня, але нізашто не адпраўлю цябе паміраць. Я стары, мне не так ужо й шмат засталося, і ўсё, што я страчваю, — гэта некалькі гадоў жыцця, пра якія не шкадую, бо ў мяне былі вы, мае мілыя дзеці.

— Кажу вам з усёю цвёрдасцю, дарагі бацька, — прамовіла Прыгажуня, — што без мяне вы ў той замак не пойдзеце і не зможаце мне перашкодзіць вас уратаваць. Хаця я й маладая, я не надта прывязаная да жыцця, і хай мяне лепей зжарэ Пачвара, чым я згіну ад скрухі, якую прынясе мне вашая смерць.

Як яе ні ўгаворвалі, Прыгажуня цвёрда вырашыла пайсці ў цудоўны замак. Сёстры яе, зрэшты, узрадаваліся, бо цноты малодшае будзілі ў іх душах пякучую зайздрасць.

Гандляра ахапіла такая роспач ад страты дачкі, што ён зусім забыўся на поўны золата куфар і, кладучыся спаць, быў неймаверна здзіўлены, калі ўбачыў яго ў алькове сваёй спачывальні. Ён вырашыў нічога не казаць дзецям: даведаўшыся пра багацце, дочкі яго пажадалі б вярнуцца ў горад, а ён хацеў памерці ў гэтым маленькім вясковым дамку. Ён адкрыў сакрэт толькі Прыгажуні, якая, у сваю чаргу, паведаміла, што падчас яго адсутнасці дом наведалі некалькі высакародных кавалераў, і сярод іх былі двое, закаханыя ў яе сясцёр. Яна прасіла бацьку выдаць іх замуж, бо мела добрае сэрца, вельмі любіла сясцёр і даравала ім усё зло, што яны ёй зрабілі.

Злосныя гэтыя панны, праводзячы бацьку з Прыгажуняй, нацерлі вочы цыбуляю, каб паказаць, што плачуць. Браты ж яе, як і бацька, лілі слёзы шчыра. Не плакала толькі Прыгажуня, бо ёй не хацелася памнажаць іхную скруху.

Конь дамчаў іх да замка, які ўвечары паўстаў перад імі, ззяючы агнямі, як і мінулы раз.

Пакінуўшы каня ў стайні, добры гандляр з дачкою ўвайшлі ў залу, дзе ўбачылі раскошна накрыты стол з двума прыборамі. У гандляра зусім не было апетыту, але Прыгажуня, стараючыся выглядаць спакойнай, села за стол і паклала ежы сабе і бацьку. “Пачвара хоча мяне адкарміць перш чым з’есці, — думала яна. — Вось чаму такі ласкавы прыём”.

Пасля вячэры яны раптам пачулі страшны шум, і гандляр, вырашыўшы, што ідзе Пачвара, у слязах развітаўся са сваёй гаротнай дачкою.

Убачыўшы жудасную істоту, Прыгажуня ўся задрыжала, але пастаралася суняць сябе, і тады страшыдла запыталася, ці па добрай волі дзяўчына прыйшла сюды, на што Прыгажуня, усё яшчэ дрыжучы, адказала “так”.

— У вас добрае сэрца, — сказала Пачвара, — і я вам вельмі ўдзячны. А вы адпраўляйцеся заўтра дадому, добры чалавек, і нават не думайце сюды вяртацца. Добрае ночы, Прыгажуня.

— Добрае ночы, Пачвара, — адказала дзяўчына, і монстр неадкладна адвітаўся.

— Ах, мілая дачка мая! — усклікнуў гандляр, абдымаючы Прыгажуню. — Я ледзь не памёр ад страху. Прашу, паслухайся і пакінь мяне тут!

— Не, бацька мой, — цвёрда сказала Прыгажуня, — вы з’едзеце заўтра раніцай і пакінеце мяне на літасць нябёсаў. Быць можа, яны будуць ласкавыя да мяне.

Яны пайшлі ў спачывальні, думаючы, што не заснуць ні на хвіліну. Але як толькі яны леглі, іх вочы заплюшчыліся самі сабою. І прысніўся Прыгажуні сон, у якім нейкая дама казала ёй: “Я ўсцешаная, што ў цябе такое добрае сэрца, Прыгажуня. Ты не пашкадавала свайго жыцця, каб уратаваць бацьку, і такі велікадушны ўчынак абавязкова будзе ўзнагароджаны”.

Нараніцу Прыгажуня расказала пра сон бацьку, і хаця гэта яго крыху суцешыла, ён усё ж не ўтрымаўся ад горкага плачу, калі расставаўся з любімай дачкою.

Па ягоным ад’ездзе Прыгажуня села ў вялікай зале і таксама заплакала. Але яна мела мужнае сэрца, таму неўзабаве вырашыла, што лепш даверыцца Богу і не сумаваць тыя кароткія гадзіны жыцця, якія ёй засталіся: яна была цвёрда ўпэўненая, што Пачвара з’есць яе на вячэру. І Прыгажуня выправілася на шпацыр, падчас якога абышла замак і міжволі захапілася яго пекнатою. Перад аднымі дзвярыма яна спынілася, вельмі здзіўленая — на іх было напісана: “Пакой Прыгажуні”. Паспешліва зайшоўшы, яна была ўражаная раскошаю, што там панавала, але найбольш яе ўзрушыла вялізная бібліятэка і клавесін са шматлікімі нотнымі зборнікамі. “Пачвара не хоча, каб я сумавала, — прашаптала яна і тут жа падумала: — Калі б жыць мне заставалася не больш за дзень, яна б не рыхтавала для мяне пакоя”. Гэтая думка ўзбадзёрыла дзяўчыну. Адчыніўшы бібліятэку, яна знайшла там кнігу, на якой залатымі літарамі было выціснута: “Прасіце, загадвайце: вы тут уладарка і гаспадыня”.

“Ах! — прамовіла ў думках Прыгажуня, уздыхнуўшы. — Нічога я не жадаю так, як убачыць майго няшчаснага бацьку і даведацца, што ён робіць цяпер!”

Як жа яна здзівілася, калі, кінуўшы позірк на вялікае люстэрка, убачыла ў ім свой дом, да якога акурат пад’язджаў яе бацька з выразам несуцешнае скрухі на твары. Дочкі выйшлі яму насустрач, і праз удаваны смутак на іх тварах праступіла злосная радасць ад таго, што малодшае сястры з імі болей няма. Праз імгненне ўсё гэта знікла, і Прыгажуня канчаткова ўпэўнілася, што Пачвара вельмі пачцівая і прыязная, а таму не варта яе баяцца. Апоўдні перад ёю з’явіўся накрыты стол, а падчас абеду грала чароўная музыка, хоць Прыгажуня нікога побач не бачыла.

Увечары, пачуўшы, што набліжаецца Пачвара, яна міжволі затрымцела.

— Прыгажуня, — сказала ёй страшыдла, — ці не дазволіце мне пабыць побач, пакуль вы вячэраеце?

— Вы гаспадар, — дрыжучы, прамовіла Прыгажуня.

— О не, — адказала Пачвара, — загадваць тут можаце толькі вы, і больш ніхто. Вам варта толькі сказаць, што мая прысутнасць дакучае вам, і я знікну ў той жа момант… Скажыце… я падаюся вам надта агідным?

— Я не ўмею маніць, — вымавіла Прыгажуня, — таму адкажу “так”. Але мне здаецца, вы вельмі добры.

— Гэта праўда, — сказаў монстр. — Але апроч таго, што я невыносна агідны, я не маю розуму… я цудоўна ведаю, што я ўсяго толькі Пачвара.

— Той, хто гаворыць, што ў яго няма розуму, не можа быць проста пачвараю, — запярэчыла Прыгажуня. — Дурню такое ніколі не прыйдзе ў галаву.

— Што ж, частуйцеся, Прыгажуня, — прамовіў монстр, — і пастарайцеся не сумаваць ва ўласным доме, бо ўсё, што тут ёсць, — вашае. Я буду ў адчаі, калі не змагу вас пацешыць.

— Гэта вельмі міла з вашага боку, — сказала Прыгажуня. — Мушу прызнацца, што мяне вельмі цешыць вашая дабрыня. Калі я думаю пра яе, вы не здаяцеся мне такім ужо агідным.

http://i649.photobucket.com/albums/uu212/prajdzisvet/bb3.jpg  

— О, гэта так, — уздыхнула Пачвара, — сэрца ў мяне добрае, але ж… я монстр.

— Ёсць мноства монстраў у чалавечым абліччы, страшнейшых за вас, — прамовіла Прыгажуня, — і мне даражэйшая вашая пачварнасць, чым іхная прыгажосць, што хавае ілжывае, разбэшчанае, няўдзячнае сэрца.

— Быў бы ў мяне розум, — сказала Пачвара, — я вярнуў бы вам які-небудзь вытанчаны камплімент. Але розуму я не маю, таму магу адказаць толькі, што нязмерна вам удзячны.

Прыгажуня з апетытам павячэрала. Яна ўжо амаль перастала баяцца Пачвару, але ледзь не памерла ад спалоху, калі пачула:

— Прыгажуня, вы будзеце маёй жонкаю?

Некалькі імгненняў панавала цішыня: Прыгажуня баялася гневу монстра і не змагла адказаць адразу. Нарэшце яна прамовіла дрыжучы:

— Не, Пачвара.

Няшчасная Пачвара хацела ўздыхнуць, але замест гэтага раздаўся жудасны свіст, які запоўніў увесь замак. Але Прыгажуня хутка супакоілася, бо Пачвара сумна сказала ёй:

— Што ж, тады да пабачэння.

І выйшла з пакоя, час ад часу азіраючыся, каб паглядзець на дзяўчыну.

Застаўшыся адна, Прыгажуня перапоўнілася спачуваннем да няшчаснае Пачвары. “Ах, — падумала яна, — як жа шкада, што ён такі агідны… у яго ж незвычайна добрае сэрца”.

Тры месяцы Прыгажуні жылося ў замку мірна і спакойна. Кожны вечар Пачвара наведвала яе і забаўляла размоваю, у якой было дастаткова здаровага сэнсу, але ні знаку таго, што называе розумам свет. І штодня Прыгажуні ўсё больш адкрывалася дабрыня гэтага страшнага монстра. Часта бачачы яго, яна прывыкла да ягонае пачварнасці і, ужо зусім не баючыся, чакала ягонага візіту, паглядаючы на гадзіннік, бо ён заўсёды прыходзіў дакладна а дзявятай.

Толькі адно засмучала Прыгажуню: заўсёды, перад тым як развітацца нанач, монстр пытаўся ў яе, ці пагодзіцца яна стаць ягонай жонкаю, і выглядаў зусім прыгнечаным роспаччу, калі яна адказвала “не”.

— Вы раніце мяне, — сказала аднойчы Прыгажуня. — Можа, я і хацела б адказаць вам згодаю, але не магу крывадушнічаць. Я ніколі не выйду за вас. Я заўсёды буду вашым сябрам, паспрабуйце задаволіцца гэтым.

— Што ж, так і мусіць быць, — адказала Пачвара. — Я добра ўсведамляю, што я занадта агідны, але я так вас кахаю… Тым не менш, я шчаслівы, што вы пажадалі тут застацца. Паабяцайце, што ніколі мяне не пакінеце!

Прыгажуня пачырванела ад гэтых словаў. У сваім люстэрку яна ўбачыла, што бацька яе злёг ад смутку па сваёй страце, і яна вельмі хацела паехаць да яго.

— Я цвёрда магу вам абяцаць, — сказала яна Пачвары, — што ніколі не пакіну вас назаўсёды. Але я так хачу пабачыцца з маім бацькам, што памру са скрухі, калі вы адмовіце мне ў гэтай радасці.

— Я хутчэй памру сам, чым прымушу вас хоць крыху сумаваць, — адказаў ён. — Я адпраўлю вас да вашага бацькі, вы застаняцеся там, а бедная Пачвара загіне ад болю.

— О не! — плачучы, усклікнула Прыгажуня, — я занадта вас люблю, каб захацець зрабіцца прычынаю вашае смерці! Абяцаю вам вярнуцца праз тыдзень! У люстэрку я ўбачыла, што сёстры мае выйшлі замуж, а браты ў войску. Мой бацька застаўся зусім адзін, пацярпіце без мяне адзін тыдзень!

— Вы будзеце дома заўтра раніцай, — сказала Пачвара, — толькі памятайце пра сваё абяцанне. Каб вярнуцца, вам трэба будзе проста пакласці свой пярсцёнак на столік, адыходзячы да сну. Бывайце, Прыгажуня, — і, як заўсёды пры гэтых словах, ён цяжка ўздыхнуў. Прыгажуня клалася спаць вельмі маркотная, успамінаючы ягоную скруху.

Раніцаю яна прачнулася ў доме свайго бацькі і тут жа пазваніла ў званочак, які заўсёды стаяў пры яе ложку. Служанка, што зайшла ў пакой, гучна закрычала, і на крык прыбег шаноўны гандляр, які ледзь не памёр ад радасці, зразумеўшы, што зноў бачыць любімую дачку. Больш за чвэрць гадзіны яны не выпускалі адно аднаго з абдымкаў.

Пасля першых захапленняў Прыгажуня ўспомніла, што ёй зусім няма чаго апрануць, але служанка сказала, што заўважыла ў суседнім пакоі вялізны куфар, поўны сукенак, расшытых золатам і аздобленых дыяментамі, і Прыгажуня падзякавала велікадушнай Пачвары за такую ўважлівасць. Надзеўшы найменш пышны строй, яна загадала служанцы прыбраць астатнія з намерам падараваць іх сёстрам. Але як толькі яна вымавіла гэтыя словы, куфар знік, і гандляр сказаў дачцэ, што, мабыць, Пачвара жадае, каб іх насіла толькі яна, пасля чаго куфар з сукенкамі з’явіўся на тым самым месцы.

Пакуль Прыгажуня апраналася, кімсьці папярэджаныя, прыбеглі яе сёстры разам з мужамі, з якімі абедзве былі вельмі нешчаслівыя. Старэйшая выйшла за двараніна, прыгожага як Амур. Ён быў настолькі закаханы ва ўласны твар, што глядзеўся ў люстэрка з раніцы да вечара, а прыгажосцю свае жонкі пагарджаў. Муж сярэдняй быў вельмі разумным чалавекам, але розум свой выкарыстоўваў выключна на тое, каб злаваць усіх навакольных і жонку — у першую чаргу.

Сёстры Прыгажуні ледзь з гора не памерлі, убачыўшы яе апранутаю нібы прынцэса і яшчэ прыўкраснейшай, чым была. Дарэмна яна выказвала ім сваю любоў — гэта не магло заглушыць іхнае зайздрасці, што нязмерна ўзрасла, калі яны пачулі, якая яна шчаслівая.

Згараючы ад зайздрасці, дзве гэтыя зласліўкі спусціліся ў сад, каб без перашкодаў панаракаць на лёс. “І чаму гэтая малеча шчаслівейшая за нас? — абураліся яны. — Ці ж мы не заслугоўваем большага, чым яна?”

— Сястрыца, — сказала старэйшая, — а давай затрымаем яе тут больш чым на тыдзень. Хто ведае, можа, яе страшыдла раззлуецца, што яна не стрымала слова, ды і зжарэ яе разам з сукенкай.

— Правільна, сястрыца, — адказала сярэдняя. — Толькі нам трэба паводзіцца як мага больш прыязна, каб падмануць яе.

Пастанавіўшы так, яны падняліся ў дом і акружылі Прыгажуню такой пяшчотаю, што тая расплакалася ад радасці. А калі мінуў тыдзень, сёстры пачалі рваць на сабе валасы, удаючы жахлівае гора ад таго, што Прыгажуня іх пакідае, і выцягнулі ў яе абяцанне застацца яшчэ на тыдзень.

А Прыгажуня вельмі вінаваціла сябе ў тым, што так раніць бедную Пачвару, якую любіла ўсёй душою і сумавала без яе. На дзясятую ноч дома Прыгажуня прысніла, быццам стаіць у садзе ля замка і бачыць Пачвару, што памірае на траве ля яе ног, дакараючы за няўдзячнасць. Раптоўна прачнуўшыся, Прыгажуня горка расплакалася. “Ці ж не злая я, — казала яна сабе, — калі прыношу столькі гора маёй беднай Пачвары, такой чулай да мяне? Ці ж гэта ягоная віна, што ён такі агідны і мае так мала розуму? У яго добрае сэрца, гэта значыць больш, чым усё астатняе. Ну чаму я не захацела выйсці за яго? З ім я была б шчаслівейшая, чым мае сёстры са сваімі мужамі. Жанчыну робіць шчасліваю не прыгажосць альбо розум мужа, а ягоныя дабрыня, прыстойнасць і спагада, і Пачвара валодае ўсімі гэтымі якасцямі. Я зусім яго не кахаю, але адчуваю бязмерную павагу, любоў і ўдзячнасць. Я не магу зрабіць яго няшчасным, бо ўсё сваё жыццё буду дакараць сябе за чэрствасць”.

З гэтымі словамі Прыгажуня паднялася, паклала на столік свой пярсцёнак і вярнулася ў ложак.

http://i649.photobucket.com/albums/uu212/prajdzisvet/bb4.jpg Толькі галава яе дакранулася да падушкі, як яна моцна заснула, а калі падхапілася раніцай, то з радасцю пазнала замак Пачвары. Каб пацешыць яго, яна апранулася вельмі пышна і, чакаючы дзевяці вечара, увесь дзень страшна сумавала. Але гадзіннік прабіў дзевяць, а Пачвары не было. У душу Прыгажуні закраўся страх, што Пачвара памерла, і ў гэтым вінаватая яна. Дзяўчына абабегла ўвесь замак, горка і роспачна плачучы.

Шукаючы паўсюль, Прыгажуня ўспомніла свой сон і пабегла ў сад да ручая, дзе прымроіла сябе мінулай ноччу. Там яна і знайшла няшчасную Пачвару, якая без прытомнасці распасцерлася на траве, і, спалохаўшыся, што тая памерла, кінулася ёй на грудзі, забыўшыся на страх перад яе брыдкасцю. Адчуўшы, што сэрца няшчаснага яшчэ б’ецца, Прыгажуня зачарпнула прыгаршчамі вады з ручая і змачыла яму галаву.

Пачвара расплюшчыла вочы і прамовіла:

— Вы забыліся на сваё абяцанне, і скруха ад вашае страты змусіла мяне паміраць з голаду. Але я паміраю шчаслівым, бо ўзнагароджаны радасцю яшчэ раз на вас зірнуць.

— Не, не, мой дарагі! — усклікнула Прыгажуня. — Вы не можаце памерці, вы будзеце жыць, каб стаць маім мужам! З гэтага моманту я аддаю вам сваю руку і клянуся быць толькі вашаю! На гора, мае пачуцці да вас выключна сяброўскія, але мяне мучыць такі боль, што я разумею: без вас я не змагу жыць!

І як толькі Прыгажуня вымавіла гэтыя словы, яна ўбачыла, што замак зазіхацеў агнямі. Трэск феерверкаў, гукі музыкі — усё абвяшчала пра свята, але дзяўчына не звярнула на гэта ніякае ўвагі, зноў павярнуўшыся да любімай Пачвары, страх за жыццё якое змушаў яе дрыжаць усім целам.

Але што гэта? Пачвара знікла без следу, а на яе месцы стаяў прынц, прыгажэйшы за самога бога кахання, і дзякаваў ёй за вызваленне ад чараў. І хаця прынц гэты забраў усю яе ўвагу, яна не магла не спытаць, дзе Пачвара.

— Пачвара ля вашых ног, — адказаў ёй прынц. — Злая чараўніца наклала на мяне закляцце, і я мусіў насіць гэтае аблічча, пакуль прыўкрасная дзяўчына не пагодзіцца стаць маёй жонкаю, не зважаючы на жудасны выгляд і небагаты розум. Ва ўсім свеце вы адна змаглі разгледзець дабрыню мае натуры, і, прапануючы вам сваю карону, я разумею, што абавязаны вам настолькі многім, што ніколі не змагу аддзячыць.

Прыемна здзіўленая Прыгажуня падала яму руку і ўстала.

Разам яны пайшлі ў палац, і калі Прыгажуня сустрэла ў вялікай зале свайго бацьку з ўсёй сям’ёй, якіх перанесла сюды прыўкрасная дама, бачаная ёю ў сне, то не памятала сябе ад радасці.

— Прыгажуня, — сказала ёй гэтая дама, што аказалася магутнаю чараўніцай, — вось узнагарода за ваш выбар. Вы аддалі цнотам перавагу перад прыгажосцю і розумам і заслугоўваеце таго, каб радавацца ўсім гэтым якасцям у адным чалавеку. Вы станеце магутнаю каралевай, і спадзяюся, што ўлада вас не зменіць. Што ж да вас, пані, — звярнулася чараўніца да сясцёр Прыгажуні, — то я ведаю вашыя душы і бачу ўсю злосць, якую яны тояць. Вы ператворыцеся ў статуі, але захаваеце розум, які будзе жыць пад камнем, што зробіцца вашай вязніцаю. Вы станеце ля дзвярэй палаца, дзе будзе жыць вашая сястра, і я ведаю, што не існуе для вас горшага пакарання, чым сузіраць яе шчасце. Вы зможаце зноў зрабіцца людзьмі, калі ўсвядоміце свае памылкі, але баюся, што вы застаняцеся статуямі назаўжды. Можна вылекаваць ганарлівасць, гнеў, пажадлівасць і гультайства, але калі хочаш пазбавіць сэрца злосці і зайздрасці, можна спадзявацца хіба што на цуд.

Чараўніца ўзмахнула палачкай, і ўсе, хто быў у зале, апынуліся ў каралеўстве прынца, якога з радасцю віталі падданыя. Ён ажаніўся з Прыгажуняю, і паколькі шчасцем яны былі ўзнагароджаныя за свае цноты, яго больш ніколі нішто не азмрочвала.

У якасці ілюстрацыяў да казкі выкарыстаныя кадры з аднайменнага фільма Жана Както (1946).

Пераклад з французскай – Кацярына Маціеўская © 2012

Чытайце таксама

Павел Шыдэл

Павел Шыдэл

Польскі паэт, празаік, рэдактар.

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

Оскар Ўайлд

Оскар Ўайлд

Оскар Фінгал О’Флаэрці Ўілс Ўайлд — брытанска-ірландскі паэт, празаік, драматург, эсэіст, адзін з самых вядомых пісьменнікаў позневіктарыянскага перыяду, яркая знакамітасць свайго часу

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

1835