№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Фрэнк Баўм

Чараўнік Краіны Оз (The Wonderful Wizard of Oz)

Пераклад з ангельскай Сяржук Мядзведзеў


Ад аўтара

Легенды і паданні, міфы і казкі — з даўніх часоў вялікая ўцеха для ўсіх дзяцей, і я не бачыў такіх дзяўчынак і хлопчыкаў, якія не любілі б чароўных, фантастычных і магічных гісторый. Хіба ж знойдзецца ў свеце яшчэ нешта, створанае чалавекам, што прынесла дзецям больш радасці й дабра, чым чароўныя казкі братоў Грымаў ды Ханса Крысціяна Андэрсэна!

Знакамітыя казкі, на якіх узгадавалася не адно пакаленне, сталіся сапраўднай класікай дзіцячай літаратуры. Але час не стаіць на месцы — і ім на замену прыходзяць новыя чароўныя казкі, у якіх больш няма добра знаёмых нам джынаў, гномаў і феяў, як няма і тых жахлівых страхоццяў, прыдуманых аўтарамі, каб падкрэсліць у казцы мараль. Сёння на прынцыпах маральнасці грунтуецца ўся адукацыя, таму ад казак дзеці цяпер чакаюць найперш забаваў і весялосці, а ва ўсіх тых жахах болей няма патрэбы.

Маючы ўсё гэта на ўвазе, я і пісаў “Чараўніка Краіны Оз”. Арыентуючыся менавіта на сённяшніх дзяцей, я паспрабаваў стварыць сучасную казку, пры гэтым пазбягаючы ўсякіх кашмараў і жахаў і напаўняючы яе радасцю і дзівосамі.

Фрэнк Баўм

Чыкага, красавік 1900

Частка 1. Ураган

У самым сэрцы Канзаса пасярод бяскрайніх стэпаў жыла-была маленькая дзяўчынка Дораці. Жыла яна разам з дзядзькам Генры, працавітым фермерам, і цёткай Эмай, ягонай жонкай. Жылі яны ў маленькім дамку, бо для вялікага трэба было шмат драўніны, а везці яе даводзілася здалёк. Дамок меў чатыры сцяны, падлогу, столь ды адзіны пакой усярэдзіне. Унутры стаяла паржавелая газавая пліта, буфет, стол, тры-чатыры зэдлікі і два ложкі ў розных кутах: вялікі для дзядзькі Генры й цёткі Эмы і маленькі для Дораці. Ні гарышча, ні склепа ў доме не было, толькі невялікая яміна ў зямлі, куды ўся сям’я хавалася падчас моцных ураганаў — такіх моцных, што яны лёгка маглі адарваць ад зямлі і знесці прэч іхны маленькі дом. На падлозе ў цэнтры пакоя быў таемны люк, з якога ў цемру падполу вялі драбіны.

Дораці часта стаяла на ганку, углядаючыся ў шэры краявід. Хоць бы будыніна, хоць бы дрэўца якое — нічога. Ва ўсе бакі да самага небасхілу бесклапотна разлёгся голы бясконцы стэп. Узараная зямля, высушаная сонцам, паблякла і растрэскалася. Нават трава страціла свой сапраўдны зялёны колер — пад бязлітасным сонечным скварам былінкі зрабіліся такімі ж шэрымі, як і ўсё навокал. Неяк дзядзька Генры пафарбаваў дом, але ад сонца фарба палопалася, і дажджы яе хутка змылі. Цяпер дом стаяў самотны і зліваўся з краявідам — такім жа шэрым і нудным.

Калі цётка Эма перабралася сюды жыць, яна была маладой і прыгожай. Але сонца і вецер сцерлі чырвань са шчок і вуснаў, згасілі агеньчык у яе вачах, пакінуўшы па сабе толькі абыякавую шэрасць. Цётка Эма схуднела і цяпер заўжды хадзіла панурая і ніколі не ўсміхалася. Першы час, як яны ўзялі сіротку Дораці да сябе, цётку Эму так палохаў дзіцячы смех, што яна войкала й хапалася за сэрца, пачуўшы вясёлы голас Дораці. Яна і цяпер глядзела на малую, не разумеючы, чаго тая смяецца.

Дзядзька Генры таксама ніколі не смяяўся. Кожны дзень ён працаваў ад відна да відна, не ведаючы, што такое радасць. Ён таксама быў увесь шэры — ад даўгой барады да запыленых ботаў. Хадзіў ён заўсёды хмурны і сур’ёзны ды амаль увесь час маўчаў.

Толькі Татосік мог рассмяшыць Дораці, не даючы ёй зрабіцца такой жа шэрай, як усё астатняе. Татосік адзіны быў не шэрым, а чорным, маленькім чорным сабачкам з доўгай шаўкавістай поўсцю і маленькімі чорнымі вочкамі, што радасна блішчэлі над смешным носікам. Татосік ніколі не знаў стомы, і Дораці цэлымі днямі гулялася са сваім улюбёнцам.

Але сёння было не да гуляў. Дзядзька Генры сядзеў на ганку й трывожна пазіраў на неба, якое было больш шэрым, чым звычайна. Дораці стаяла побач з Татосікам на руках і таксама глядзела на неба. Цётка Эма мыла посуд.

Далёка на поўначы пачулася пагрозлівае скавытанне ветру, і трава ў полі захадзіла хвалямі. Насоўвалася бура. З поўдня таксама далятаў пранізлівы свіст — было відаць, як і там дрыжыць трава.

Дзядзька Генры рэзка падняўся.

— Эма, бура йдзе, — гукнуў ён жонку. — Пайду скаціну пагляджу, — і пабег да хлявоў глядзець кароў і коней.

Цётка Эма кінула мыць посуд і пайшла да дзвярэй. Вызірнуўшы на двор, яна зразумела, што небяспека ўжо блізка.

— Дораці! — крыкнула яна. — Хутчэй у хованку!

Але тут Татосік выскачыў у Дораці з рук і знік пад ложкам. Дзяўчынка кінулася яго даставаць. Спалоханая да смерці цётка Эма адчыніла люк у падлозе і драбінамі спусцілася на дно цёмнай яміны. Нарэшце Дораці выцягнула Татосіка і ўжо бегла хавацца, як раптам звонку пачуўся аглушальны шум, і дом страсянуўся так моцна, што дзяўчо не ўтрымалася на нагах і ўпала.

А потым здарылася дзіўнае.

Дамок двойчы ці тройчы крутануўся і паволі падняўся над зямлёй — быццам паветраны шар, падумала Дораці.

Паўночны й паўднёвы вятры сышліся якраз у тым месцы, дзе стаяў дом, таму ён апынуўся ў самым цэнтры ўрагану. У сярэдзіне стыхіі паветра звычайна застаецца спакойным, але моцны вецер падымаў дом усё вышэй і вышэй, пакуль той не павіс на самым версе ўрагану. Лёгка, нібы пёрка, вецер нёс яго далёка-далёка прэч.

У пакоі зрабілася вельмі цёмна, звонку страшэнна гуў вецер, але Дораці палёт не палохаў. Ну толькі крышку ў самым пачатку, калі дом пару разоў крутануўся, і яшчэ калі моцна нахіліўся на бок, а так ёй здавалася, што нехта пяшчотна яе люляе, нібы немаўля ў калысцы.

Татосіка ўсё гэта весяліла нашмат меней. Ён бегаў туды-сюды па пакоі і гучна гаўкаў, а Дораці сядзела ціхенька на падлозе й чакала, што ж будзе далей.

Раптам Татосік занадта блізка падбег да расчыненага люка і ўваліўся ў яго. Дзяўчынка падумала была, што ніколі больш не ўбачыць сабачку, але ў гэты момант з-пад падлогі высунулася ягонае вуха — паветраны ціск быў такі вялікі, што трымаў Татосіка і не даваў яму ўпасці. Дораці падпаўзла да люка, схапіла малога за вуха і зацягнула назад у пакой, а потым далей ад граху зачыніла падпол.

Гадзіна, дзве, тры — Дораці не ведала, колькі часу прайшло, але страх паціху яе адпусціў, і яна адчула сябе вельмі адзінокай, а за вокнамі ўсё выў і выў вецер, ды так гучна, што ледзь яе не аглушыў. Спачатку яна разважала, ці разаб’ецца, калі дом упадзе, але час мінаў, нічога жахлівага не здаралася, і яна перастала хвалявацца й вырашыла спакойна чакаць, што будзе. Урэшце яна залезла на ложак і прылегла. Татосік скочыў за ёй следам і ўладкаваўся побач.

І хаця дом увесь час гайдаўся з боку ў бок, а за акном чуліся лютыя стогны ветру, Дораці неўзабаве заплюшчыла вочы і заснула.

Частка 2. Размова з карапузлікамі

Прачнулася Дораці ад удару, такога рэзкага й моцнага, што калі б не мяккі ложак, яна магла б балюча пабіцца. Ад нечаканасці ёй перахапіла дыханне. Дораці не разумела, што робіцца, а Татосік з перапуду наогул торкнуўся халодным носам ёй у шчаку і гаротна заскуголіў. Дзяўчынка села, агледзелася і зразумела, што дом стаіць на зямлі. У пакоі было светла — яркія сонечныя промні весела зазіралі ў акно. Яна саскочыла з ложка і разам з Татосікам, які ўжо круціўся ў яе пад нагамі, падбегла да выхаду і адчыніла дзверы.

Перад ёй раскінуўся такі цудоўны краявід, што ад захаплення ў дзяўчынкі сам сабой разявіўся рот і шырока раскрыліся вочы.

Ураган надзіва акуратна апусціў дамок пасярод чароўнай краіны незвычайнай прыгажосці. Наўкол раскінуліся зялёныя лугі з яркімі кветкамі і пышнымі дрэвамі, якія хіліліся долу пад цяжарам салодкіх пладоў. Адусюль было чуваць шчабятанне птушак, што пераляталі з галіны на галіну, захапляючы красою свайго пер’я. Крыху далей, між зялёных берагоў, радасна пабліскваў і мілагучна цурчэў ручай. Дораці так доўга жыла сярод шэрых сухіх стэпаў, што яе проста замілавалі спевы вады.

Аглядаючы ўсю гэтую незвычайную мясцовасць, яна й не прыкмеціла, як да яе падышла купка людзей. Такіх дзівакоў Дораці таксама ніколі яшчэ не сустракала. Не зразумець было, ці то гэта дарослыя, ці то дзеці. Ростам — трохі вышэйшыя за яе саму (на свой век дзяўчынка была даволі высокай), але з твару — нашмат старэйшыя.

Іх было чацвёра: тры мужычкі і адна жанчынка. Апранутыя ўсе былі незвычайна. На галовах — спічастыя капелюшы, на якіх боўталіся і дзынкалі з кожным рухам званочкі. Жанчынка — у белым капелюшы і ў даўгой белай сукенцы, аздобленай зорачкамі, якія ззялі ў сонечных промнях, нібы дыяменты. Мужычкі ж былі ўбраныя ва ўсё сіняе і абутыя ў наваксаваныя да бляску боты з высокімі загнутымі халявамі. Гадоў ім было як дзядзьку Генры, двое нават з бародамі. Кабета ж была відавочна старэйшая. Яе твар густа пакрылі зморшчыны, валасы амаль усе пасівелі, дый хадзіла яна неяк цяжкавата.

Яны спыніліся каля дамка й пачалі перашэптвацца, быццам баяліся падысці бліжэй. Дораці стаяла на ганку і назірала за імі. Нарэшце старая на нешта наважылася, пасунулася наперад і, пакланіўшыся да зямлі, спеўным голасам прамовіла:

— Вітаем цябе ў Краіне карапузлікаў, найяснейшая чараўніца! Дзякуй табе вялікі, што забіла вядзьмарку Лахудру, уладарку Краіны ўсходу, і вызваліла наш народ ад яе прыгнёту!

Дораці з подзівам слухала яе. Чаму гэтая маленькая кабета назвала яе чараўніцай і як магла яна, бяскрыўдная дзяўчынка, забіць магутную вядзьмарку? Яе проста занесла сюды бурай, і яна, безумоўна, ніколі нікога не забівала.

Дораці бачыла, што жанчынка чакае адказу, і, вагаючыся, урэшце сказала:

— Мне і праўда вельмі прыемна, але тут, відаць, нейкая памылка. Я нікога не забівала.

— Затое забіў твой дом, — адказала старая. — Але гэта няважна. Галоўнае, што вядзьмарка загінула. Глядзі, — паказала яна на рог дому, — вунь тырчаць яе ногі.

Дораці зірнула туды, куды ёй паказала старая, і ўскрыкнула ад страху. Сапраўды, з-пад бервяна вытыркаліся дзве нагі ў бліскучых срэбных чаравічках з вострымі насамі.

— Божачкі! Божачкі! — залямантавала Дораці, склаўшы ад хвалявання рукі. — Мой дамок упаў якраз на яе! Што ж цяпер рабіць?!

— Нічога страшнага, — супакоіла яе жанчынка.

— А хто яна такая? — спытала Даротка.

— Я ўжо казала, што яна была злой вядзьмаркай, валадаркай Усходу, — адказала кабета. — Яна шмат гадоў трымала ў прыгоне народ карапузлікаў, прымушаючы іх дзень і ноч працаваць. А цяпер яны дзякуючы табе вольныя.

— А вы таксама карапузлік? — спытала дзяўчынка.

— Не. Я жыву далёка на поўначы. Але яны — мае сябры. Карапузлікі ўбачылі, што вядзьмарка памерла, і адправілі да мяне хуткага пасланца, каб я зараз жа прыбыла сюды. Я — таксама чараўніца. Мае ўладанні на Поўначы. Зваць мяне Дабрафея.

— Божачкі! — выгукнула Дораці. — Вы што, сапраўдная чараўніца?

— Самая сапраўдная, — адказала старая і ўдакладніла: — Я добрая чараўніца. Людзі мяне не баяцца. Праўда, вядзьмарка, што валадарыла гэтымі землямі, была магутнейшая за мяне. Інакш бы я і сама вызваліла карапузлікаў.

— А я заўжды баялася чараўніц, — сказала дзяўчынка, крыху збянтэжаная словамі старой. Не кожны ж дзень размаўляеш з жывой чараўніцай!

— Ды не, баяцца трэба не ўсіх! — працягвала тая. — У Краіне Оз жылі чатыры чараўніцы, і дзве з іх былі добрыя — валадаркі Поўдня і Поўначы. Можаш мне верыць, бо я — адна з іх! А тыя, што валадарылі на Захадзе і на Усходзе, былі злымі. Але цяпер, калі ты адну забіла, у Краіне Оз засталася толькі адна злая вядзьмарка ­­— тая, што жыве на Захадзе.

— А цётка Эма казала, — нясмела прагаварыла Дораці, — што ўсе чараўніцы і вядзьмаркі даўным-даўно памерлі.

— Хто такая цётка Эма? — пацікавілася старая.

— Гэта мая цётка, яна жыве разам са мной у Канзасе.

Дабрафея на хвіліну задумалася і, ківаючы галавой, утаропілася ў зямлю. Потым падняла вочы:

— Ніколі не чула пра такую краіну — Канзас. Скажы, гэта цывілізаваны край?

— Канечне, — адказала Дораці.

— А-а, ну тады ўсё ясна! Думаю, што ў цывілізаваных краінах ужо не засталося ані чараўніц, ані магаў, ані ведзьмакоў. Але, як бачыш, цывілізацыя абмінула Краіну Оз, бо мы жывем, адрэзаныя ад усяго свету. Таму ў нас тут ёсць яшчэ шмат хто, у тым ліку вядзьмаркі і чараўнікі.

— У вас і чараўнікі ёсць? — спытала Дораці.

— Так, і першы з іх — Вялікі Чараўнік Оз, — прашаптала Дабрафея. — Ён магутнейшы за ўсіх нас, разам узятых. І жыве ён у Горадзе Смарагдаў.

Дораці хацела штосьці ўдакладніць, але тут карапузлікі, якія ўвесь гэты час моўчкі стаялі наўзбоч, раптам закрычалі, паказваючы пальцам на рог дому, пад якім ляжала мёртвая вядзьмарка.

— Што такое? — спытала Дабрафея і, павярнуўшыся, гучна рассмяялася. Ногі вядзьмаркі некуды зніклі, а на зямлі засталіся ляжаць толькі срэбныя чаравічкі.

— Проста яна была такая старая, — патлумачыла Дабрафея, — што хутка высахла на сонцы. Вось цяпер яна зусім памерла. А чаравікі можаш забраць сабе. Абуй іх, — яна нахілілася, падняла чаравічкі і, змахнуўшы пыл, падала Дораці.

— Лахудра вельмі імі ганарылася, — сказаў адзін з карапузлікаў. — Яны чарадзейныя, але ў чым іх чараўство, ніхто не ведае.

Дораці аднесла чаравічкі ў дом і паклала на стол. Потым вярнулася да карапузлікаў і сказала:

— Я вельмі хачу назад дадому, цётка Эма з дзядзькам Генры, напэўна, хвалююцца за мяне. Вы мне дапаможаце?

Карапузлікі і чараўніца пераглянуліся і, паціснуўшы плячыма, захіталі галовамі.

— На ўсход адсюль, — сказаў адзін з карапузлікаў, — пачынаецца вялікая пустыня, адкуль ніхто яшчэ не вяртаўся жывым.

— Тое ж самае і на поўдні, у Краіне таўстуноў — падхапіў другі, — я там быў і бачыў на ўласныя вочы.

— А я чуў, — працягваў трэці, — што і на захадзе тое самае. Там Краіна міргуноў, якой кіруе вядзьмарка Злюндра. Яна ўсіх бярэ ў палон.

— Я жыву на поўначы, — прамовіла старая, — і за межамі маёй зямлі таксама пачынаецца вялікая пустыня, што атачае Краіну Оз з усіх бакоў. Баюся, даражэнькая, табе давядзецца застацца тут.

Дораці адчула сябе вельмі адзінокай сярод усіх гэтых незнаёмых людзей і заплакала. Відаць, яе слёзы засмуцілі чуллівых карапузлікаў, бо яны тут жа падаставалі насоўкі й таксама пачалі хліпаць. Дабрафея ж зняла капялюш, паставіла яго вострай макаўкай сабе на нос і пачала ўрачыста лічыць: раз, два, тры... І тут капялюш ператварыўся ў грыфельную дошчачку, на якой крэйдай вялікімі літарамі было напісана:

НЯХАЙ ДОРАЦІ ІДЗЕ Ў ГОРАД СМАРАГДАЎ

Старая зняла дошчачку з носа, прачытала надпіс і спытала:

— Цябе ж зваць Дораці, даражэнькая?

— Дораці, — адказала дзяўчынка, выціраючы слёзы.

— Тады табе трэба ў Горад Смарагдаў. Мабыць, табе дапаможа Оз.

— А дзе гэты горад? — спытала Дораці.

— Ён стаіць у самым цэнтры краіны, і кіруе ім Вялікі Чараўнік Оз, пра якога я табе расказвала.

— А ён добры чалавек? — занепакоена пацікавілася дзяўчынка.

— Оз — добры чараўнік. Але я не ведаю, чалавек ён ці не, бо сама яго ніколі не бачыла.

— І як мне туды дабрацца? — спытала Дораці.

— Туды трэба ісці доўга, вельмі доўга. Дарога да горада няблізкая, часам забаўная, а часам — цёмная і жудасная. Але я збяру ўсё сваё чараўство табе на абарону.

— А вы што, не пойдзеце разам са мной? — расчаравана спытала дзяўчынка. Бо чараўніца зрабілася адзіным яе сябрам у гэтай краіне.

— На жаль, не магу, — адказала яна. — Але я надзяляю цябе чарамі майго цудадзейнага пацалунка. Ніхто не можа ўчыніць злога пацалаванаму чараўніцай Дабрафеяй.

Яна падышла да дзяўчынкі і пацалавала яе ў лоб. Ад яе вуснаў на ілбе Дораці засталася маленькая круглая адмеціна, што ззяла мяккім магічным святлом. Праўда, гэта дзяўчынка заўважыла пазней.

— Да Горада Смарагдаў вядзе жоўтая брукаванка, — сказала чараўніца. — Трымайся яе — і не заблукаеш. Калі прыйдзеш да Оза, галоўнае не бойся, раскажы яму ўсё і прасі дапамогі. А цяпер бывай, даражэнькая.

Тры карапузлікі пакланіліся ёй да зямлі і пажадалі добрай дарогі, пасля чаго падаліся прэч і неўзабаве схаваліся за дрэвамі. Дабрафея ўсміхнулася Дораці на развітанне і, тройчы крутануўшыся на абцасе левага чаравіка, умомант знікла. Гэта вельмі здзівіла Татосіка, і цяпер ён зацята гаўкаў, скачучы вакол таго месца, дзе толькі што стаяла чараўніца. У яе прысутнасці ён, дарэчы, баяўся нават пікнуць.

Дораці гэта ані трохі не здзівіла, бо яна чакала ў канцы нечага вось такога, ведаючы, што старая была чараўніцаю.

Частка 3. Як Дораці Страшыдлу ратавала

Застаўшыся адна, Дораці адчула, што хоча есці. Яна пайшла ў дом, адрэзала пару лустаў хлеба і намазала маслам. Крыху пад'еўшы і пачаставаўшы Татосіка, яна ўзяла вядзерца і спусцілася да ручая, каб набраць празрыстай сцюдзёнай вады. А Татосік забег наперад і пачаў цяўкаць на птушак, якія сядзелі на дрэвах. Набраўшы вады, Дораці паклікала Татосіка і ўбачыла, што на дрэвах растуць чароўныя фрукты. Яна пакаштавала некалькі і вырашыла, што імі можна выдатна паснедаць.

Наеўшыся, Дораці вярнулася ў дом, наліла сабе і Татосіку сцюдзёнай вады і, спаталіўшы смагу, пачала збірацца ў Горад Смарагдаў.

У яе была толькі адна зменная сукенка, якая вісела чысцюткая на кручку побач з ложкам. Сукенка была баваўняная, у сінюю і белую кратку, і хаця яе шмат разоў мылі і сіні колер трохі пабляк, сукенка ўсё адно была вельмі сімпатычная. Дораці старанна ўмылася, пераапранулася і павязала на шыю ружовую хустку. Потым узяла маленькі кошык, склала туды рэшткі хлеба, а зверху накрыла белым ручніком. Сабраўшыся, Дораці зірнула на ногі. Яе старыя туфлікі зусім стапталіся.

— Эх, далёка я ў іх не зайду, — сказала яна Татосіку. А Татосік паглядзеў маленькімі чорнымі вочкамі і павіхляў хвастом, паказваючы, што ўсё разумее.

Тут Дораці заўважыла на стале срэбныя чаравікі злой вядзьмаркі Лахудры.

— Цікава, ці налезуць яны мне? — пыталася яна ў Татосіка. — Гэтыя дакладна не разваляцца. Яны ж чароўныя і не могуць так проста стаптацца.

Новыя чаравічкі прыйшліся Дораці якраз па назе.

Задаволеная, яна падхапіла кошык і сказала:

— Хадзем, Татосік, у Горад Смарагдаў. Папросім Вялікага Оза, каб ён дапамог нам з табой вярнуцца ў Канзас.

Дораці замкнула дзверы і паклала ключ у кішэню. І вось яны з Татосікам, які ні на крок ад яе не адставаў, выправіліся ў далёкае падарожжа.

Паблізу праходзіла некалькі дарог, але Дораці хутка знайшла патрэбную — жоўтую брукаванку. І вось яна жвава пакрочыла ў кірунку Горада Смарагдаў, заўзята стукаючы абцасамі срэбных чаравікаў па жоўтых камянях. У небе ярка свяціла сонца, усюды прыемна спявалі птушкі, і, як на маленькую дзяўчынку, якую знянацку занесла ў невядомую краіну далёка ад роднага дому, Дораці пачувалася не такой ужо самотнай.

Ідучы па дарозе, яна дзівілася хараству гэтай краіны. Паабапал стаялі акуратныя платы, пафарбаваныя ў сіні колер, а за імі ­­раскінуліся ўрадлівыя жытнія палеткі, сады і агароды. Карапузлікі, відавочна, былі добрымі гаспадарамі і збіралі багатыя ўраджаі. Час ад часу, калі Дораці праходзіла міма якога-небудзь дому, у яе за плячыма адчыняліся дзверы: людзі высоўваліся, каб паглядзець на яе, і кланяліся ўслед. Гэта ж яна ўратавала іх ад Лахудры і падаравала свабоду! Хаткі карапузлікаў выглядалі надта дзіўна: яны былі круглыя, са стрэхамі-каўпакамі. І ўсе сінія. Не іначай, сіні колер быў у краіне Усходу самым любімым.

Сонца ўжо хілілася долу, Дораці стамілася, а таму пачала шукаць, дзе б пераначаваць. Урэшце яе погляд спыніўся на доме, на парадак большым за ўсе астатнія. На зялёным лужку перад ім ладзіліся танцы. Пяць маленькіх музыкаў шчыравалі што ёсць моцы на скрыпках, пад гукі якіх танцаваў, пяяў і смяяўся шматлікі люд. А сталы, што стаялі ўбаку, згіналіся ад кучы смачных арэхаў, тартоў, пірагоў, садавіны і розных іншых прысмакаў.

Вясёлы народ радасна прывітаў Дораці. Яе адразу ж запрасілі за стол і прапанавалі начлег. Гэта быў дом аднаго з самых багатых людзей у Краіне карапузлікаў, і тым вечарам ён паклікаў усіх сяброў адзначыць дзень вызвалення іх народа з-пад прыгнёту Лахудры.

Слугаваў ёй сам гаспадар — яго звалі Бок. Дораці ўдосталь наелася, падзякавала за вячэру і, усеўшыся на канапе, назірала за танцамі.

Убачыўшы на яе нагах срэбныя чаравічкі, Бок спытаў:

— Ты, мабыць, вялікая чарадзейка?

— З чаго вы ўзялі? ­— здзівілася дзяўчынка.

— Бо на табе срэбныя чаравікі і ты забіла вядзьмарку Лахудру. І сукенка на табе белая. А ў белым ходзяць толькі чарадзейкі.

— Мая сукенка белая ў сінюю кратку, — сказала Дораці, разгладжваючы складкі.

— Нам вельмі прыемна бачыць цябе менавіта ў гэтай сукенцы, — патлумачыў Бок. — Бо сіні — гэта колер карапузлікаў, а белы — колер чараўніц. Таму ты для нас як свая добрая чараўніца.

Дораці не ведала, што на такія словы адказаць. Выходзіла, усе гэтыя людзі лічаць яе чараўніцай. Але ж ёй было вядома, што яна — самая звычайная маленькая дзяўчынка, воляй лёсу занесеная бурай у нязведаную краіну.

Калі дзяўчынцы надакучыла глядзець на танцы, Бок адвёў яе ў дом, дзе ўжо быў падрыхтаваны асобны пакой з мяккай пасцеллю. Дораці прылегла і адразу ж соладка заснула — і праспала пад сінімі прасцінамі да самага ранку. Татосік спаў пры ложку, скруціўшыся абаранкам на сінім дыванку.

За сняданкам Дораці назірала, як малеча-карапузлік гуляецца з Татосікам, цягае яго за хвост, галёкае і смяецца — забаўная карціна! Усім карапузлікам Татосік здаваўся вельмі дзіўным, бо яны ўпершыню бачылі сабаку.

— Ці далёка адсюль да Горада Смарагдаў? — спытала дзяўчынка.

— Не ведаю, — адказаў Бок. — Я ніколі там не быў. Лепш трымацца падалей ад Оза, калі толькі ў цябе няма да яго пільнай справы. Але наколькі я ведаю, дарога да Горада Смарагдаў няблізкая — некалькі дзён, а можа, і тыдняў. Нашая краіна багатая ды спакойная, але за яе межамі цябе можа чакаць небяспека.

Гэтыя словы трохі занепакоілі Дораці, але яна ведала, што Вялікі Оз — адзіны, хто можа дапамагчы ёй вярнуцца дадому, а таму не збіралася адступаць ні перад якімі цяжкасцямі.

Яна развіталася з новымі сябрамі і зноў рушыла наперад па жоўтым бруку. Прайшоўшы з гадзіну, дзяўчынка сабралася трохі адпачыць, залезла на плот ля краю дарогі і ўселася зверху. За плотам зелянела вялікае кукурузнае поле. Непадалёк на высокай жардзіне вісела пудзіла, каб адганяць птушак ад спелых кіяхоў.

Дораці падперла рукой падбароддзе і задуменна свідравала пудзіла позіркам. Замест галавы яно мела набіты саломай мяшок, на якім фарбай былі намаляваныя нос, вочы і рот. На галаве — стары спічасты сіні капялюш, які раней, відавочна, насіў нейкі карапузлік. Замест цела — сіняя паношаная і аблезлая вопратка, таксама напханая саломай. На нагах у пудзіла красаваліся старыя боты з сінімі халявамі, як ва ўсіх мужчынаў у гэтай краіне. Такое вось падвешанае за шкірку на высокай жэрдцы страшыдла ўзвышалася над кукурузным полем.

Дораці разглядала незвычайнае маляванае аблічча пудзіла — і раптам яно ёй падміргнула! Дзяўчынка падумала, што ёй падалося, бо ў Канзасе ніводнае пудзіла не міргала. Але тут пудзіла па-сяброўску кіўнула галавой. Тады дзяўчынка саскочыла з плота і падышла бліжэй. Татосік насіўся вакол жардзіны і брахаў.

— Добры дзень, — хрыпліва прамовіла пудзіла. — Мяне завуць Страшыдла.

— Ты ўмееш гаварыць? — здзівілася дзяўчынка.

— А то ж! — адказаў Страшыдла. — Як жывая-здаровая?

— Дзякуй, добра, — ветліва адказала Дораці. — А ты?

— Ну, магло б быць і лепей, — усміхаючыся, адказаў Страшыдла. — Ведаеш, вісець на жардзіне з дня ў дзень і пужаць крумкачоў — такая нуда.

— Дык злазь на зямлю, — сказала Дораці.

— Каб мог, дык даўно б ужо злез. Але гэтая жардзіна... Калі ты здымеш мяне, буду страшна ўдзячны.

Дораці абхапіла пудзіла рукамі і зняла з шаста. Атрымалася ў яе даволі лёгка, бо Страшыдла ўсё ж быў саламяны.

— Нізкі табе паклон, — падзякаваў Страшыдла, калі адчуў пад нагамі зямлю. — Як наноў нарадзіўся.

Спачатку Дораці крыху разгубілася: не кожны ж дзень убачыш пудзіла, якое размаўляе, ходзіць і кланяецца табе.

— А ты хто такая будзеш? — спытаў Страшыдла, пацягваючыся ды пазяхаючы. — І куды ідзеш?

— Мяне зваць Дораці, — адказала дзяўчынка. — А іду я ў Горад Смарагдаў прасіць Вялікага Оза дапамагчы мне вярнуцца ў Канзас.

— А дзе гэты горад? — выдаваў пытанне за пытаннем Страшыдла. — І хто такі Оз?

— Як, няўжо ты не ведаеш? — здзівілася яна.

— Не, не ведаю. Я нічога не ведаю. Разумееш, у мяне няма мазгоў. Я ўсяго толькі бязглуздае напханае саломай пудзіла, — засмучана адказаў ён.

— Ой, прабач, я не хацела, — сказала Дораці.

— Як ты думаеш, — спытаў ён, — калі я пайду з табой, ці дасць мне гэты Оз кропельку мазгоў?

— Не ведаю, — адказала яна. — Але калі хочаш, мы сапраўды можам пайсці разам. Нават калі Оз і не дасць табе мазгоў, гэта ўсё адно лепш, чым сядзець тут аднаму.

— Твая праўда, — сказаў Страшыдла. — Ведаеш, — дадаў ён ужо больш упэўнена, — гэта нават добра, што ў мяне ўсё саламянае: і рукі, і ногі, і тулава. Мне ніколі нічога не баліць. Наступіць хто-небудзь мне на нагу, тыркне палкай ці яшчэ чым — я нічога не адчую. Не хачу толькі, каб мяне лічылі дурнем. А калі мая галава так і застанецца напханай саломаю, а не мазгамі, як твая, дык я тады далібог нічому не навучуся.

— Уяўляю, як табе сумна, — сказала дзяўчынка. Ёй было шкада пудзіла. — Пайшлі разам, і я папрашу Оза, каб ён і табе дапамог.

— Б’ю чалом, — ветліва адказаў ён.

Дораці дапамагла Срашыдлу пералезці цераз плот, і яны разам пашыбавалі жоўтай брукаванкай.

Спачатку Татосік новага спадарожніка не ўпадабаў. Ён падазрона абнюхваў Страшыдлу з усіх бакоў і пагрозліва рыкаў, быццам учуў у саломе пацукоў.

— Не бойся. Гэта Татосік, — супакойвала Дораці новага сябра. — Ён не кусаецца.

— Ды не, мне зусім не страшна, — адказваў Страшыдла. — Я ж саламяны. Давай панясу кошык. Мне няцяжка. Я ж ніколі не стамляюся. У мяне толькі адзін сакрэт ёсць, — гаварыў ён, ідучы поруч. — Я баюся адной-адзінай у свеце штукі.

— Якой? — спытала Дораці. — Фермера, які цябе змайстраваў?

— Не, — адказаў Страшыдла. — Я баюся запалкі.

Пераклад з ангельскай – Сяржук Мядзведзеў © 2012

Чытайце таксама

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст

Готфрыд Бэн

Готфрыд Бэн

Нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва, доктар медыцынскіх навук

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Культавы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай айчыннай вайны

Элізабэт Бішап

Элізабэт Бішап

Амерыканская паэтка.

2084