№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Душан Тарагел

Казкі для непаслухмяных дзяцей і іх клапатлівых бацькоў (Rozprávky pre neposlušné deti a ich starostlivých rodičov)

Пераклад са славацкай Марына Кажарновіч

Гэтая кніга змяшчае мноства практычных парадаў, якія дапамогуць даць рады непаслухмяным дзецям або ўратавацца ад іх свавольстваў. Але аўтар і выдавец не нясуць адказнасці за наступствы выкарыстання прапанаваных метадаў у дачыненні да канкрэтных дзяцей. Калі вы ўсё роўна хочаце паспрабаваць, то трымайцеся наступных правілаў:

1. Чытайце гэтую кнігу дзецям перад сном.

2. Чытайце гэтую кнігу дзецям перад школьнымі экскурсіямі, наведваннем сваякоў або сямейнымі святамі.

3. Тыя моманты ў кнізе, якія, на вашую думку, асабліва істотныя і павучальныя, прачытайце дзецям тройчы.

4. Але найлепшы варыянт — прапанаваць дзецям самастойна прачытаць гэтую кнігу.

Казка пра гультая Антося

 

Пакуль Антось быў малым хлопчыкам, ягонае гультайства нікому не замінала. Клапатлівыя бацькі Антося апраналі, прычэсвалі, чысцілі яму зубы і кармілі. Антось толькі разяваў рот ды перажоўваў, але рабіў гэта так павольна і неахвотна, што бацькі часам нават засыналі, стомленыя працай і лётаннем па крамах. Часам яны засыналі так моцна, што звальваліся з крэсла. Ад грукату Антось уздрыгваў і пачынаў плакаць. Клапатлівыя бацькі імгненна падхопліваліся і давай вакол яго завіхацца. Сунулі Антосю розныя цацкі, спявалі песні, а потым садзілі яго на плечы і насілі па кватэры. Антосю гэта падабалася. Ён смяяўся і крычаў: “Но, но, но!” Іншых словаў ён не ведаў, бо праз сваё гультайства нават не навучыўся нармальна размаўляць.

І так цягнулася доўга. З кожным днём Антось гультаяваў усё больш, а клапатлівыя бацькі ўсё больш пра яго клапаціліся. Яны ўжо даўно заўважылі, што іншыя дзеці дапамагаюць сваім бацькам: выносяць смецце, мыюць посуд, гуляюць з сабакам ці хоць прыбіраюцца ў сваім пакоі. Антось больш за ўсё любіў ляжаць у ложку. Клапатлівыя бацькі прыносілі яму сняданак, кармілі яго, прычэсвалі, а потым Антось зноў хаваўся пад коўдру і спаў да абеду. Потым зноў чакаў, пакуль яму прынясуць у ложак паесці, расчэшуць і забавяць. Калі бацькі не маглі прыдумаць новай забавы, Антось кідаўся на падлогу і злосна крычаў, пакуль клапатлівыя бацькі не садзілі яго на плечы і не пачыналі бегаць па кватэры. А Антось, як і заўсёды, крычаў: “Но, но, но!”

Набліжаўся час ісці ў школу. Клапатлівыя бацькі вельмі хваляваліся. Сядзелі на кухні і разважалі, што ж рабіць. Баяліся сказаць Антосю, што з верасня ён будзе вымушаны насіць заплечнік, вучыцца чытаць і лічыць, а што яшчэ горш — хадзіць на фізкультуру і трэніраваць сваё гультайскае цела. Баяліся, што калі Антось пра гэта даведаецца, то пачне румзаць, а яны ад гэтага румзання звар’яцеюць. Нарэшце вырашылі, што трэба паклікаць на дапамогу дасведчанага спецыяліста. Хуценька разгарнулі даведнік і знайшлі тэлефон вядомага лекара — палкоўніка Штайншніцаля. Гэта быў самы вядомы спецыяліст у галіне дзіцячага гультайства. Бацькі ўзрадаваліся, адразу ж яму патэлефанавалі і дамовіліся, што заўтра ён прыйдзе лячыць Антося ад гультайства.

Палкоўнік Штайншніцаль прыйшоў вельмі рана. Спачатку нецярпліва званіў у дзверы, а потым пачаў лупіць кулаком. Клапатлівыя бацькі хуценька адчынілі. У дзвярах стаяў магутны мужык з вылупленымі вачыма, а валасы ў яго злосна тырчалі, нібы ў вожыка. Ён быў ва ўніформе і ў вайсковых ботах з высокімі халявамі.

— Палкоўнік Штайншніцаль у запасе! — зароў мужчына і з грукатам зайшоў у кватэру.

Клапатлівыя бацькі затрэсліся ад страху.

— Наш Антосік, — сказалі яны разгублена, — яшчэ спіць. Можа, вы б крыху пачакалі, каб не напужаць яго?

— Я не магу чакаць! — строга адказаў палкоўнік. — Мяне чакаюць іншыя пацыенты! На суседняй вуліцы жыве гультайка Катка, якая не хоча складваць цацкі, а на другім канцы горада — браты Дурэйкі, якія праз гультайства сёлета яшчэ ні разу не ўсталі з ложка!

 Клапатлівыя бацькі смутна апусцілі галовы і моўчкі паказалі дзверы ў пакой Антося. Яны ведалі, што ўжо нічога не змогуць зрабіць. Палкоўнік Штайншніцаль нагой адчыніў дзверы, уварваўся ў пакой і зароў:

— Пад’ём!

Клапатлівыя бацькі, спалоханыя, сядзелі на кухні і напружана чакалі, што будзе. З пакоя былі чутныя крык палкоўніка Штайншніцаля і здзіўленае румзанне Антося. Хлопчык румзаў усё гучней, а палкоўнік крычаў:

— Здымай піжаму! Надзявай нагавіцы! Што?! Ты не ўмееш надзяваць нагавіцы?! І кашулю?!! А дзе майткі?! Зараз жа шукай абутак! Не стаяць, не глядзець, бягом!

Грукнулі дзверы, і Антось з плачам выбег з пакоя. У калідоры схапіў боты і хутка пачаў нацягваць іх на ногі. Палкоўнік Штайншніцаль стаяў над ім і крычаў:

— Як ты абуваешся?! Левы на правую нагу, а правы на левую?! Завязаць шнуркі! Не ўмееш завязваць шнуркі?! Табе паказаць? Што-о-о?!!

Клапатлівыя бацькі зачыніліся на кухні і расплакаліся. Ім было шкада гультая Антося, яны хваляваліся, што ад перажытага жаху ён перастане расці або нажыве касавокасць.

Праз гадзіну лячэнне Антося скончылася. Дзверы ў кухню адчыніліся, увайшоў Антось, а за ім палкоўнік Штайншніцаль.

— Спыніцца і стаяць! — зароў палкоўнік, і хлопчык спыніўся. Ён быў адзеты, абуты і прычасаны. — Лячэнне вашага сына было складаным, — сказаў палкоўнік, — але пэўных вынікаў мы дасягнулі.

Клапатлівыя бацькі з палёгкай уздыхнулі і ўзрадаваліся.

— Вынесці смецце! — з нічога ніякага зароў палкоўнік.

Клапатлівыя бацькі спалохана здрыгануліся, але Антось імгненна схапіў сметніцу, вынес, высыпаў і тут жа вярнуўся.

— Прыбраць у пакоі! — зноў зароў палкоўнік, і Антось пабег прыбірацца.

Палкоўнік паважна сеў за стол і пачаў пісаць рэцэпт.

— Тры разы на дзень выносіць смецце, сем разоў на дзень прыбірацца ў пакоі, два разы на дзень мыць посуд, пяць разоў на тыдзень чысціць увесь абутак. Раніцай — халодны душ, перад сном — кантроль за чысцінёй вушэй, — бурчэў сам сабе палкоўнік. Потым распісаўся і аддаў рэцэпт клапатлівым бацькам.

Клапатлівыя бацькі, кранутыя, расплакаліся.

— ДЫСЦЫПЛІНА, ПАРАДАК І СТРОГІ РЭЖЫМ! Вось аснова барацьбы з дзіцячым гультайствам! — яшчэ раз прагарлаў палкоўнік, ударыў пяткай аб пятку і пайшоў лячыць наступнага пацыента.

Але клапатлівыя бацькі дарэмна радаваліся. Яшчэ не сціх грукат ботаў палкоўніка, як Антось паваліўся на падлогу і пачаў раз’юшана раўці. Марна клапатлівыя бацькі суцяшалі яго і супакойвалі, Антось роў, роў і роў. Яны вымушаныя былі пакласці яго ў ложак, накарміць, прычасаць, а потым да самага вечара насіць на плячах. А Антось між румзаннем крычаў: “Но, но, но!”

Вечарам, калі Антось нарэшце заснуў, клапатлівыя бацькі селі на кухні і задумаліся, што рабіць далей. Лячэнне палкоўніка Штайншніцаля аказалася неэфектыўным. Навучальны год пачынаўся праз тыдзень, і трэба было штосьці прыдумаць. Ажно да поўначы ламалі бацькі галаву, і нарэшце вырашылі, што запросяць да сябе ўсіх спецыялістаў у галіне дзіцячага гультайства. Чым больш іх будзе, тым лепш. Яны паспрабуюць усё, і, магчыма, хоць адзін з іх вылечыць Антося. Так і зрабілі: усю ноч тэлефанавалі і адсылалі тэлеграмы спецыялістам у галіне гультайства. Апісвалі ім сынаву хваробу і прасілі прыехаць як мага хутчэй.

Наступнае раніцы прыйшло з пятнаццаць спецыялістаў. Яны нецярпліва тоўпіліся ў калідоры і чакалі магчымасці прадэманстраваць свой лекарскі талент. У кожнага быў уласны метад. Адзін сцвярджаў, што супраць гультайства добра дапамагае абкручванне мокрай прасціной: дзіця ў ёй трасецца ад холаду, пакуль не пазбавіцца гультайства. Іншы паказваў свае рукі, страшэнна скручаныя, нібы старыя сукі.

— Гэта ад гультайства, — казаў ён. — Калі я паказваю іх нейкаму дзіцяці, яно пужаецца і перастае гультаяваць.

Наступны прапаноўваў метад гімнастаў.

— Я ўмею рабіць самыя вясёлыя на свеце гімнастычныя практыкаванні, — сцвярджаў спецыяліст. — Звычайна я паказваю гультаяватаму дзіцяці некалькі вясёлых практыкаванняў, яно радуецца і хоча іх паўтарыць. І такім чынам забываецца на гультайства і вылечваецца.

Клапатлівыя бацькі ўсіх папярэдзілі, што лячэнне можна будзе пачаць толькі пасля таго, як Антось прачнецца. Ужо прыходзіў да іх адзін, што нагой адчыняў дзверы і крычаў, — такога лячэння яны больш не хочуць. Трэба пачакаць, пакуль Антосік прачнецца, яго накормяць, прычэшуць, а ўжо потым можна пачынаць лячыць. Адзін дзядуля з баянам прапанаваў разбудзіць Антося прыемнай песняй. Ён гэта добра ўмее: маўляў, дзіця пачынае задаволена ўсміхацца, калі чуе, як дзядуля грае яму на баяне ціхую мелодыю; яно прачнецца і тут жа забудзецца на гультайства. Пачалася сварка: кожны ведаў шмат спосабаў пабудзіць Антося. Вясёлыя гімнастычныя практыкаванні ўвогуле можна рабіць у цішыні, і паказваць сукаватыя рукі таксама. Адна жанчына паведаміла, што магла б спяваць калыханкі, каб Антось салодка спаў, а астатнія тым часам вырашылі б, хто першы пойдзе лячыць Антося. Нарэшце першае месца атрымаў дзядуля з баянам. Ён сказаў, што яму яшчэ трэба ісці граць на суседнюю вуліцу, каб разбудзіць гультая Мішу, свайго сталага кліента. Таму ён мае права пайсці да Антося першым, тым больш што чакае ад пятай раніцы.

Клапатлівыя бацькі ціхенька адчынілі дзверы ў пакой Антося, туды зайшоў дзядуля з баянам, дзверы зачыніліся, і ўсе пачалі напружана чакаць, што будзе далей. Спачатку была цішыня. Потым нясмела загучаў баян. Пачуўся спеў. З-за дзвярэй пакоя ляцела вясёлая песня, і ўсе з палёгкай уздыхнулі: на хвілю падалося, што ўсё спакойна. Але толькі на хвілю. З нічога ніякага Антось пачаў плакаць. Клапатлівыя бацькі спалохана схапіліся за галовы. Ягоны плач гучаў, нібы ўключаны пыласос, з усё большай гучнасцю і раз’юшанасцю. Дарэмна дзядуля з усіх сіл намагаўся граць і спяваць. Нарэшце ягоны голас сарваўся, перайшоў у цяжкі кашаль, баян пачаў жаласліва завываць, потым дзверы адчыніліся, і дзядуля выбег, задыхаючыся, з фіялетавым тварам і вылупленымі вачыма. Усе замітусіліся. Хтосьці прынёс крэсла, хтосьці вады. Дзядуля махаў рукамі, патрабуючы сваю куртку. Скарыстаўшыся агульнай мітуснёй, у Антосеў пакой юркнуў гімнаст. Пачаў там рабіць вясёлыя практыкаванні, але праз імгненне разбіў сабе галаву аб шафу і ўвесь у крыві збег прэч.

Клапатлівыя бацькі тут жа спынілі лячэнне. Кінуліся да Антося ў пакой, пачалі яго суцяшаць. Потым Антося накармілі, пачысцілі яму зубы, прычасалі і зноў паклалі ў ложак. Хлопчык яшчэ колькі хвілінаў злосна румзаў і нарэшце заснуў. Клапатлівыя бацькі загадалі ўсім маўчаць. Нікому нельга чапаць іх Антосіка, пакуль ён сам не прачнецца! Што гэта за лячэнне такое, калі дзіця раве як бык? Усе спецыялісты збянтэжана заківалі галовамі і працягвалі цярпліва чакаць у калідоры.

Антось прачнуўся пасля абеду. Хвілю злосна румзаў, нібы даючы сігнал клапатлівым бацькам. Тады зноў дазволіў сябе накарміць, прычасаць і адзець. А потым першы спецыяліст змог нарэшце пачаць лячэнне. Толькі ўсё было марна. Дарэмна стараліся спецыялісты, дарэмна адно за адным уваходзілі да Антося ў пакой. У адказ яны чулі толькі раз’юшаны крык. Нічога не дапамагло: ані мокрыя прасціны, ані сукаватыя рукі, ані калыханкі. Спецыялісты заходзілі ў пакой і праз хвіліну спалохана выбягалі, крычалі, што з такім яны яшчэ не сутыкаліся — невылечны выпадак гультайства! Калідор паступова пусцеў. Пасля таго як уцёк апошні спецыяліст, клапатлівыя бацькі селі на кухні і зноў пачалі ламаць галаву над адзіным пытаннем: што цяпер рабіць?

 Адказам ім было Антосева румзанне. Ужо надышоў вечар, і галодны Антось патрабаваў есці. Клапатлівыя бацькі кінуліся да яго ў пакой, накармілі, прычасалі і пераадзелі ў піжаму. Яны ўжо хацелі былі пасадзіць яго на плечы і пакатаць, як у дзверы хтосьці зазваніў: дзынь-дзынь! Клапатлівыя бацькі здранцвелі ад нечаканасці:

— Хто б гэта мог быць? Можа, які раззлаваны сусед, якому перашкаджае Антосева румзанне?

Адчынілі. У дзвярах стаяў маленькі старэнькі дзядуля. Усміхаючыся, ён пачціва ўсіх прывітаў і прадставіўся: ён таксама быў спецыялістам у галіне дзіцячага гультайства. Прыехаў здалёк, таму не паспеў прыйсці ў час, але спадзяецца, што зможа сустрэцца з хворым. Клапатлівыя бацькі штосьці хацелі сказаць, але дзядуля хуценька праціснуўся ў кватэру і пацікавіўся, дзе Антось.

— Наш Антосік якраз збіраецца спаць, — сказалі клапатлівыя бацькі.

— Нічога страшнага, — адказаў дзядуля.

— Але ў нашага Антосіка быў складаны дзень, — запярэчылі клапатлівыя бацькі.

Дзядуля, усміхаючыся, сказаў, што ягонае лячэнне будзе нядоўгім, няцяжкім і дзейсным. Бацькі задумаліся.

— А на чым палягае ваш метад? — пацікавіліся яны з недаверам.

Дзядуля радасна паведаміў:

— Я гуляю з дзецьмі ў коніка.

— У коніка? — здзівіліся клапатлівыя бацькі. — Мы гэта робім штовечар, але безвынікова.

— Аднак у мяне свой метад! — сказаў дзядуля, і бацькі саступілі. Яны адчынілі дзверы пакоя і ўсе разам зайшлі да Антося.

Антось, незадаволены, валяўся ў ложку. Клапатлівыя бацькі хвіліну нерашуча пастаялі ў дзвярах, а потым сказалі, паказваючы на маленькага дзядулю:

— Гэты дзядуля хоча з табой пагуляць у коніка.

Антось агледзеў дзядулю.

— Хочаш пагуляць у коніка? — пацікавіўся дзядуля.

Хлопчык нейкі час незадаволена думаў, а тады пагадзіўся.

— Трэба толькі табе падняцца з ложка і стаць каля мяне, — сказаў дзядуля.

Антосю гэта не спадабалася. З чаго гэта ён павінен уставаць з ложка? Ягоны твар набыў незадаволены выраз, і падалося, што ён вось-вось пачне румзаць. Але не, перадумаў. З уздыхамі, з дапамогай клапатлівых бацькоў, ён вылез з ложка і стаў побач з дзядулем. Дзядуля задаволена пацёр рукі, засмяяўся, імгненна скочыў Антосю на плечы і закрычаў: “Но! Но! Но!”

Антось ад здзіўлення здранцвеў, але толькі на хвілю. Потым пачаў раз’юшана раўці і спрабаваць скінуць дзядулю з плячэй, але марна. Дзядуля трымаўся як клешч. Дарэмна Антось бегаў па кватэры, качаўся па зямлі і роў так, што дрыжала мэбля. Клапатлівыя бацькі бедавалі і ламалі рукі. Хацелі Антосю дапамагчы, але не ведалі як. Антось з дзядулем на плячах выбег у калідор, адтуль па прыступках на вуліцу. Там на момант спыніўся, нібы разважаючы, у які бок падацца, а потым з выццём знік разам з дзядулем у начной цемры. Нейкі час клапатлівым бацькам здавалася, што яны яшчэ чуюць яго раз’юшанае румзанне і тоненькі галасок дзядулі, які ўсё крычыць: “Но! Но! Но!” Але хутка ўжо чулася толькі шапаценне лістоты.

Клапатлівыя бацькі яшчэ доўга чакалі Антося на прыступках. Потым ім стала халодна, і яны вярнуліся ў кватэру, селі на кухні і сядзяць там дагэтуль. А гультай Антось больш ніколі не вярнуўся, ніхто яго не бачыў і не чуў. Так яму і трэба, гультаю!

Казка пра Верцю, якая калупалася ў носе

 

 Верця пачала калупацца ў носе раней чым навучылася хадзіць. Яе ўказальны палец выпадкова намацаў дзве невялікія дзірачкі якраз над вуснамі, трапіў у адну з іх, і яму там вельмі спадабалася. З таго часу рэдка калі ў Верціным носе не было аднаго, двух або нават трох пальцаў. Седзячы ў вазку, яна ўсміхалася, глядзела на птушачак, зялёнае лісце і чула, як побач з ёй хтосьці казаў:

— Якая прыгожанькая дзяўчынка і як прыгожанька калупаецца ў носе!

 Усе смяяліся, потым хтосьці нахіляўся над вазком і гулліва ківаў Верці пальцам: ну-ну.

Пазней, калі Верця пасталела, ужо ніхто не смяяўся. За нядзельным абедам усе збянтэжана маўчалі і назіралі, як Верця адной рукой есць, а другой калупаецца ў носе. Толькі старэнькі дзядуля злосна ківаў галавой і казаў:

— Вось вырасцеш — і будзе ў цябе нос, як агурок!

Верця пачынала плакаць — тым і заканчваўся нядзельны абед. Усе, падхапіўшыся, пачыналі яе суцяшаць. Хтосьці сварыўся на старэнькага дзядулю, хтосьці злосна ляпаў дзвярыма і казаў нешта пра старасць і пра тое, што некаторых людзей зямля даўно ўжо мусіла перастаць насіць. А хтосьці, выціраючы Верці слёзы, засоўваў ёй у рот лыжку з ежай. Толькі старэнькі дзядуля пакрыўджана маўчаў і гучна сёрбаў суп.

Пасля смерці старэнькага дзядулі здавалася, што Верця нарэшце займее спакой. За абедам яна весела калупалася ў носе, а гуляючыся з лялькамі і плюшавымі мядзведзікамі, вучыла іх рабіць тое самае. Усе астатнія былі сумныя. Падавалася, што Верцін нос паступова павялічваецца і сапраўды ператвараецца ў агурок. Усе спадзяваліся, што штосьці зменіцца, калі Верця пойдзе ў школу: навучыцца чытаць, пісаць і паступова забудзе калупацца ў носе. Ёй набылі заплечнік, пенал і часта цікавіліся ў Верці, ці хоча яна ўжо ў школу. Верця задумвалася і, пакалупаўшыся ў носе, адказвала, што так.

Першы дзень у школе ёй сапраўды падабалася. Яна сядзела за партай з прыгожым бантам на галаве і ўважліва слухала настаўніцу, якая расказвала пра літары, а некаторыя з іх нават пісала на дошцы. Каб пазнаёміцца, настаўніца прапанавала кожнаму прадставіцца. Вучні паслухмяна падымаліся і называлі сваё імя. І Верця таксама назвалася. Настаўніца пільна на яе паглядзела і пачала расказваць пра розныя дрэнныя звычкі:

— Дрэнная звычка — гэта тое, што мы робім, нягледзячы на забароны. Напрыклад, калупацца ў носе — гэта дрэнная звычка.

Настаўніца прапанавала дзецям назваць вядомыя ім дрэнныя звычкі. Янка сказаў, што ягоны бацька мае такую дрэнную звычку: раззлаваўшыся, ён хапае сякеру і ганяе іх усіх каля дома. Настаўніца, пагаджаючыся, паківала галавой. Потым Катка сказала, што яе матуля таксама мае дрэнную звычку: ніколі пасля сябе не змывае ў прыбіральні. Настаўніца зноў пагадзілася. Ева сказала, што ў іх дзядулі ёсць дрэнная звычка: ён высоўвацца з акна так моцна, што вывальваецца з яго. Але тут зазвінеў званок, і першы ўрок скончыўся.

Дома ўсе цікавіліся, ці спадабалася Верці ў школе. Верця казала, што спадабалася. Усе ўзрадаваліся, уявілі сабе, як іх дзяўчынка будзе добра вучыцца, а потым атрымае працу сцюардэсы.

— А што было на занятках? — цікавіліся далей. Верця толькі паціснула плячыма і засунула палец у нос.

Усе задумаліся, але потым супакоілі сябе тым, што з часам пройдзе.

Пачаліся звычайныя школьныя будні. Дзеці атрымалі кнігі, сшыткі і старанна вучыліся ўсялякаму рознаму. Верця, аднак, не толькі не забылася на калупанне ў носе, але наадварот, калупала ўсё больш і больш. Настаўніца часта пільна на яе пазірала і пры гэтым стукала асадкай па стале. Аднойчы яна не вытрымала, усхапілася і сказала:

— Сярод нас ёсць дзеці, якія маюць вельмі дрэнныя звычкі. Напрыклад, калупанне ў носе.

Увесь клас моўчкі паглядзеў на Верцю.

— Верця, ідзі да дошкі, — сказала настаўніца.

Верця выцягнула палец з носа і падышла да дошкі. Настаўніца, ходзячы па класе, зноў пачала расказваць пра розныя дрэнныя звычкі. Яна, іх настаўніца, вучыла ўжо шмат дзяцей, сярод якіх былі тыя, што мелі самыя розныя дрэнныя звычкі. Але яна іх выправіла. Напрыклад, быў такі Ярык, што гучна смяяўся без прычыны. Яна, настаўніца, яго адвучыла. Ярык цяпер працуе інжынерам і не смяецца. І ў Верці таксама ёсць дрэнная звычка, ад якой настаўніца яе з радасцю адвучыць. Настаўніца змоўкла, а ўсе дзеці зноў паглядзелі на Верцю, якая калупалася ў носе і пазірала ў акно. Настаўніца раззлавалася. У яе быў вялікі досвед, за сваё школьнае жыццё яна пабачыла рознае, але з такім сутыкнулася ўпершыню. Яна пачала крычаць і тупаць нагамі. Яе крык быў такі пранізлівы, што ў куце трэснула рукамыйніца. Усе дзеці са страху расплакаліся і схаваліся пад парты. Толькі Верця спакойна калупалася ў носе і глядзела на настаўніцу, якая грукала лінейкай па стале, выкідвала праз акно кветкі і ўрэшце з разяўленым ротам, вылупленымі вачыма і набрынялымі на шыі жыламі выбегла з класа.

Дома ўсе былі ў жаху. Сядзелі на кухні, узяўшыся за галовы, і разважалі пра свой лёс. Верця калупалася ў носе.

— Што будзем рабіць? — спытаў хтосьці.

На стале ляжаў даўжэзны ліст ад дырэктара школы з пагрозамі і патрабаваннямі. Пакуль Верця не перастане калупацца ў носе, яна не зможа наведваць школу. Настаўніц не так шмат, а таму кожная на вагу золата. Верціна настаўніца звар’яцела, і цяпер няма каму яе замяніць. Астатнія вучні перажылі шок. Бацькі абураныя. У канцы ліста было дзесяць клічнікаў і подпіс дырэктара.

— Трэба зашыць ёй дзіркі ў носе, — прапанаваў хтосьці.

— Ну, яшчэ чаго, — сказалі іншыя. — Хочаш, каб пачала калупацца ў іншым месцы?

Усе задумаліся і прапановы не прынялі. Урэшце вырашылі, што трэба наведаць доктара. Лепш за ўсё спецыяліста, які займаецца праблемай калупання ў носе і ведае ўсе спосабы лячэння гэтай жахлівай хваробы.

На наступны дзень пайшлі да доктара Жахоўскага, самага вядомага спецыяліста ў галіне калупання ў носе. На калідоры ў лякарні былі белыя крэслы, белы столік і белыя сцены. Белыя дзверы кабінета былі абшытыя белай скурай. Усе моўчкі сядзелі і спалохана глядзелі на малюнкі на сценах. На ўсіх былі адлюстраваныя складаныя выпадкі калупання ў носе: мужчына, які засунуў у нос цэлую нагу. Сям’я з насамі, большымі за галаву. Дзядуля, што калупаўся ў носе паленам. Хлопчык, што калупаўся толькі ў адной дзірцы носа, якая ўжо нагадвала разяўлены рот. Дзверы кабінета адчыніліся, і пачуўся строгі вокліч: “Наступны!”

Доктар Жахоўскі быў тоўсты мужчына ў белым халаце і з носам як агурок. Ён доўга аглядаў Верцю, паказваў ёй розныя малюнкі і задаваў дзіўныя пытанні. Потым папрасіў яе пакалупаць у носе: спачатку адной рукой, потым другой, нарэшце дзвюма. Ён свяціў ёй у нос ліхтарыкам, засоўваў розныя бліскучыя прылады і глядзеў праз павелічальнае шкло. Усе маўчалі. У кабінеце гула нейкая машына. Потым доктар адкашляўся і ўзяўся пісаць. Час ад часу ён глядзеў на Верцю, якая калупалася ў носе, потым на астатніх, якія пільна ў яго ўзіраліся і нервова глыталі сліну.

— Ну што, выпадак сур’ёзны, — сказаў нарэшце доктар. Ён пачаў доўгі аповед пра калупанне ў носе. Згадаў некалькі найскладанейшых выпадкаў і расказаў пра спосабы іх лячэння.

— Неабходнае спецыяльнае абсталяванне, — падкрэсліў ён. Потым сказаў яшчэ колькі замежных словаў, што прагучалі як смяротны прысуд. Усе спалохана здрыгануліся:

— Гэта значыць, што яе стан безнадзейны? — пацікавіўся хтосьці. Доктар моўчкі кіўнуў.

— Гэта невылечны выпадак калупання ў носе, — дадаў ён, засунуўшы палец у нос і добра там пакалупаўшыся.

— А што ж нам рабіць? — азваўся нехта.

Доктар разгублена паціснуў плячыма.

— У такіх выпадках, — сказаў ён, — звычайна ўсё заканчваецца тым, што ў хворага пальцы прырастаюць да носа. Аднойчы ён іх ужо не зможа адтуль выцягнуць.

Запанавала цішыня. Усе глядзелі на Верцю і яе пальцы, што старанна калупаліся ў носе.

— А калі яны прырастуць? — пацікавіўся хтосьці скрозь слёзы.

Доктар задумаўся:

— Можа, заўтра, можа, праз два гады, цяжка сказаць дакладна.

Усе падняліся, падзякавалі доктару і, разгубленыя, пайшлі дадому.

Верця ў той вечар легла спаць раней чым звычайна. Яна паглядзела мультфільм, пачысціла зубы. Усе прыйшлі ёй пажадаць добрай ночы: сабраліся ў яе пакоі, паправілі коўдру і падушку, паклалі з ёй побач лялек і плюшавых мядзведзікаў, што калупаліся ў носе, і нарэшце па адным разышліся. Верця засунула ўсе пальцы ў нос і заплюшчыла вочы. З кухні чуліся галасы. Там штосьці ўсхвалявана абмяркоўвалі. Хтосьці плакаў, хтосьці сварыўся. Потым нехта доўга прамаўляў. Хтосьці расплакаўся, астатнія яго суцяшалі. Нарэшце запанавала цішыня, і Верця салодка заснула.

З раніцы ў кватэры не было ніводнага чалавека. Верця паднялася і выйшла з пакоя. Усе ўцяклі. Узялі з сабой рэчы і ціха, адно за адным, сышлі. Хтосьці схаваўся ў лесе, хтосьці пераехаў у суседні горад. Некаторыя збеглі ў іншыя краіны, дзе змянілі прозвішча. Ніхто не хацеў змірыцца з думкай, што Верця ўжо ніколі не кіне калупаць у носе. Баяліся, што аднойчы яе пальцы прырастуць да носа. І калі яны будуць ісці з ёй па вуліцы, усе будуць казаць: “Ага, дык гэта ж тая Верця, што калупалася ў носе, пакуль яе пальцы да яго не прыраслі!”

Так Верця засталася адна. Яна села ў крэсла, засунула пальцы ў нос і пачала разважаць. Хвіліну яна сумавала, але потым павесялела. Цяпер яна можа калупацца ў носе калі захоча! Ніхто ёй не будзе забараняць і прымушаць, каб ела, сядзела або гуляла без пальцаў у носе.

Так і здарылася. Верця была шчаслівая. Яна з радасцю калупалася ў носе з раніцы да вечара, і ёй зусім не перашкаджала тое, што яе нос паступова павялічыўся і пачаў нагадваць агурок. А яшчэ Верця не ведае, што яе чакае, калі пальцы прырастуць да носа, ха-ха-ха!

Казка пра Фердзіка, які ўсё рабіў наадварот

 

 У адной краіне жыў хлопчык на імя Фердзік. Гэты хлопчык быў адметны тым, што ўсё рабіў наадварот. Калі трэба было прачынацца і ісці ў школу, ён ляжаў пад коўдрай і спаў. Калі трэба было класціся спаць, ён скакаў, як малпа. Калі трэба было есці, ён калупаўся ў носе і бегаў па кухні. Калі трэба было высмаркацца, ён прасіў есці. Калі трэба было адказаць на пытанне, упарта маўчаў. Калі трэба было памаўчаць, балбатаў безупынку. Калі трэба было рабіць хатняе заданне, хацеў катацца на ровары. Калі яго адпраўлялі катацца на ровары, хацеў маляваць. Калі матуля давала яму пірог, яму хацелася булкі з макам. Калі была булка з макам, ён плакаў, што хоча пірага.

Матуля з татам часта ўшчувалі Фердзіка і на каленях прасілі, каб ён выправіўся, але марна. Фердзік па-ранейшаму ўсё рабіў наадварот. Часам здавалася, што ён гэта робіць знарок, каб паздзекавацца са сваіх ласкавых і клапатлівых бацькоў.

Аднойчы тата паклікаў Фердзіка на кухню і сказаў:

— Сёння ўвечары па кватэрах будзе хадзіць Бабай. Гэта такі тоўсты чорны дзядзька, які ловіць дзяцей, саджае іх у мех і кудысьці зносіць. Ты павінен сядзець ціха і не падыходзіць да дзвярэй, тым больш не адчыняць іх, бо цябе можа схапіць Бабай і пасадзіць у мех.

Вядома, Фердзік усё зрабіў наадварот. Як толькі сцямнела, ён тут жа падбег да дзвярэй і пачаў крычаць:

— Ужо ідзе! Я ўжо чую Бабаевы крокі!

Час ад часу ён адчыняў дзверы, глядзеў у цёмны калідор і крычаў:

— Ужо прыйшоў! Вось ён тут!

І рабіў так увесь вечар, а яго ласкавыя клапатлівыя бацькі былі вельмі засмучаныя такімі паводзінамі. Яны сядзелі ў кухні і цярпліва чакалі, калі Фердзік перастане крычаць і сядзе вячэраць.

Нарэшце Фердзіку надакучыла. Ён апошні раз выглянуў у цёмны калідор і якраз у момант, калі ўжо хацеў зачыніць дзверы, убачыў побач вялізную цёмную постаць. Фердзік здранцвеў. Ён хацеў закрычаць, што прыйшоў Бабай, але не паспеў. Вялікая валасатая рука схапіла яго за кашулю і выцягнула ў калідор. Адтуль чулася дзіўнае сапенне і буркатанне, хтосьці яго падняў і засунуў у мех. Потым яго хутка панеслі прэч.

Ласкавыя бацькі яшчэ доўга чакалі Фердзіка на вячэру. Але калі ў іх ад голаду пачала круціцца галава, яны вырашылі вячэраць без яго. Фердзік ужо ніколі не вярнуўся, ніхто яго больш не бачыў і не чуў. Вось так, дарагія дзеці: калі хочаце ўсё рабіць наадварот, будзьце ўважлівымі, каб і з вамі не здарылася тое самае, што з Фердзікам.

Казка пра Ганку, якая не мылася і смярдзела

 

Кожны, хто быў знаёмы з Ганкай, казаў:

— Гэта мілая і паслухмяная дзяўчынка. Толькі яна не хоча мыцца, а таму смярдзіць.

Так насамрэч і было: Ганка хадзіла брудная і смярдзючая, бо ніколі не мыла ні твару, ні рук, ні шыі. Нехта мог бы сказаць, што ва ўсім вінаватыя клапатлівыя Ганчыны бацькі, але гэта была няпраўда: яе клапатлівыя бацькі мыліся кожны дзень. Больш за тое, і бабуля з дзядулем мыліся, і котка Баська мылася, толькі Ганка не мылася. Не хацела.

І Ганчыны цацкі таксама былі брудныя: лялькі і плюшавыя мядзведзікі былі пакрытыя слоем ліпучай гразі. А кожны, хто заходзіў да Ганкі ў пакой, адразу ж адтуль збягаў, думаючы, што трапіў у бярлог да злоснага бруднага звера, які чамусьці спіць у ложку і гуляе з лялькамі.

Час ад часу клапатлівыя бацькі мылі ўсіх лялек і мядзведзікаў — але марна. Прыйшоўшы са школы, Ганка зноў усё забруджвала, і бацькі маглі пачынаць усё спачатку.

Кожны, хто быў знаёмы з Ганчынымі бацькамі, казаў:

— Такія прыемныя, прыстойныя людзі, а не могуць управіцца са сваёй неахайнай дачкой.

І гэта была праўда: не маглі. Яны выпрабавалі ўсе магчымыя спосабы, але праз імгненне Ганка зноў рабілася брудная і смярдзела. Уласна, бацькам гэта ўжо і не перашкаджала: да Ганчынага смярдзення яны прызвычаіліся. Але гэта перашкаджала школьным настаўніцам. Кожны, хто быў знаёмы са школьнымі настаўніцамі, казаў:

— Такія ў любы момант могуць прыйсці і пракантраляваць.

І гэта была праўда. Аднойчы настаўніцы пазванілі ў дзверы. Потым яны пільна ўзіраліся праз акуляры, задавалі дзіўныя пытанні і ўсё запісвалі ў тоўстыя настаўніцкія нататнікі.

— Ці ведаюць клапатлівыя бацькі, што іх дачка Ганка не мыецца і смярдзіць? — спытала адна з іх.

Клапатлівыя бацькі разгублена заківалі галовамі. Настаўніцы сцялі вусны.

— А ці ведаюць клапатлівыя бацькі, што смярдзючыя дзеці не могуць хадзіць у школу?

На гэта бацькі толькі апусцілі галовы.

— Мы думалі, што Ганка смярдзіць толькі дома, — нясмела сказаў тата.

Настаўніцы, вылупіўшы вочы, штосьці старанна запісалі ў свае нататнікі. Потым пацікавіліся:

— Ці можам мы паглядзець пакой вашай дачкі?

Матуля схапілася за галаву.

— Ганка гуляла на вуліцы, прыйшла толькі што і яшчэ не паспела памыць рукі, — сказала яна, але настаўніц гэта не спыніла.

Яны ўжо адчынілі дзверы ў Ганчын пакой. Спачатку іх агарнуў страшэнны смурод. І толькі потым у прыцемках яны пазналі Ганку, якая ляжала на ложку і гуляла з лялькай. У Ганкі былі брудныя рукі, твар і шыя. Бруднымі былі лялькі, плюшавыя мядзведзікі і ўсё, да чаго Ганка дакраналася. Настаўніцы не вытрымалі і з крыкам уцяклі, пагубляўшы настаўніцкія нататнікі, торбы і капелюшы.

Кожны, хто быў знаёмы з Ганкай, казаў:

— Яна не памые рук нават пад пагрозай таго, што ад бруду яны адваляцца.

І гэта была праўда. Ганка не хацела мыцца нават пасля выпадку з настаўніцамі. Яна ляжала ў ложку, глядзела на свае брудныя рукі і слухала, як побач у кухні сварацца клапатлівыя бацькі. Тата крычаў:

— Так больш не можа працягвацца! Ты ва ўсім вінаватая!

Матуля плакала:

— Я заўсёды мылася! Усе мы мыліся!

Тата крычаў:

— А як жа дзядзька Піліп? Вы трымалі яго ў хляве, бо ён не хацеў мыцца!

Матуля плакала:

— Але дзядзьку Піліпа забралі прыбіральшчыкі, бо пераблыталі яго са смеццем!

Потым нейкі час было ціха. Ганка напружвала слых і ўрэшце пачула нейкі шэпт. Тата з матуляй пра штосьці дамаўляліся, і Ганка спужалася: “Напэўна, прыдумваюць план, каб прымусіць мяне мыць рукі, твар і шыю!”

На наступны дзень прыйшоў дырэктар школы. Кожны, хто быў знаёмы з дырэктарам школы, казаў:

— Такога дырэктара я б не хацеў!

І гэта была праўда. Дырэктар быў жахлівы тыпус са злосна вылупленымі вачыма.

— Ці вядома вам, што вашая дачка Ганка не мыецца і смярдзіць? — зароў ён з парога на тату, які адчыніў дзверы. — І ці ведаеце вы, што ў школе забаронена не мыцца і смярдзець?! — працягваў дырэктар.

— Мы выпрабавалі ўсё, што толькі магчыма, — сказаў тата скрозь слёзы.

Матуля працягвала:

— Нашая Ганка мыецца, але заўсёды пэцкаецца па дарозе ў школу.

— Хочаце сказаць, што вінаватая школа? — абурыўся дырэктар.

Клапатлівыя бацькі спалохана зморшчыліся.

— Я забараняю вашай Ганцы хадзіць у нашую школу! У нас смярдзючым вучням не месца! — крычаў дырэктар так, што шыбы ў вокнах дрыжалі.

Бацькі расплакаліся. Дырэктар развярнуўся і пайшоў прэч, але на дварэ яшчэ доўга чуўся ягоны абураны крык.

Увечары, калі ўсё навокал аціхла, Ганка зноў пачула галасы ў кухні. Тата крычаў:

— А хто цяпер жыве ў хляве на месцы дзядзькі Піліпа?!

Матуля плакала:

— Ніхто! Усе мыюцца, у хлеў ім не хочацца!

Тата крычаў:

— А ты ўпэўненая, што дзядзька Піліп не вернецца?!

Матуля плакала:

— Мы абышлі ўсе сметніцы, але дзядзькі Піліпа нідзе не знайшлі!

 Потым нейкі час было ціха. Ганка, спалоханая, схавалася пад свой смярдзючы ложак. Зноў ёй падалося, што бацькі прыдумваюць нейкі план: напрыклад, што трэба перасяліць Ганку з яе пакоя ў ванную. Зачыніць яе там і выпусціць толькі пасля таго, як памыецца. Спаць яна будзе ў ваннай, а есці — з рукамыйніка. Або што варта было б кожны дзень мыць Ганку ў пральнай машыне.

Але Ганка памылялася. Кожны, хто быў знаёмы з клапатлівымі бацькамі, казаў:

— Яны неяк вырашаць праблему са сваёй смярдзючай Ганкай.

І гэта была праўда. Аднойчы ўначы клапатлівыя бацькі адвезлі Ганку кудысьці за горад. Там знайшлі хлеў, што пуставаў пасля дзядзькі Піліпа, замкнулі ў ім Ганку і з’ехалі. Яны не маглі больш трываць Ганчыны брудныя рукі, твар, шыю, яе брудны і смярдзючы пакой. Яны больш не хацелі, каб іх кантралявалі строгія настаўніцы і злосны дырэктар школы. І таксама ім не хацелася больш прыдумляць новыя спосабы навучыць Ганку мыцца.

Так і засталася Ганка ў хляве. Цяпер ёй не трэба было мыцца: яна магла смярдзець колькі хацела. Клапатлівыя бацькі наведвалі яе кожную нядзелю і расказвалі, што дзе адбываецца. Яны прывозілі ёй печыва, бульбу і катлеты. А потым спакойна назіралі за Ганкай праз агароджу і радаваліся, што ежа ёй смакуе. Час ад часу яны прыносілі шакалад або іншыя ласункі. Аднак на двор Ганку не выпускалі. Кожны, хто быў знаёмы з Ганкай, казаў:

— Гэта мілая і паслухмяная дзяўчынка, толькі не хоча мыцца і смярдзіць, таму вымушаная жыць у хляве.

Вось такі лёс чакае ўсіх нечысцёх, дарагія дзеці.

Казка пра няпамятлівага Марціна

 

 Першым Марцінаву няпамятлівасць заўважыў тата. Марцін вярнуўся з пясочніцы без дзіцячай рыдлёўкі, вядзерца, швэдра і шапачкі. Усё дзесьці забыўся. Тата злосна і бяссільна скрыгатаў зубамі, а потым усе пабеглі шукаць забытае. Знайшлі толькі шапачку, глыбока закапаную ў пясок і пагрызеную нейкім раз’юшаным зверам.

Крыху пазней Марцінаву няпамятлівасць заўважыла матуля. Марцін прыйшоў са школы ў зменным абутку. Высветлілася, што акрамя ботаў ён забыў у школе пенал і ранец з кнігамі. Матуля доўга нервова заломвала рукі, а потым усе пабеглі ў школу шукаць згубленае. Знайшлі толькі адзін бот, зламаную асадку і чыйсьці размаляваны дзённік.

Потым Марцінаву няпамятлівасць заўважыла бабуля. Марцін гуляў на дварэ з дзецьмі, а калі вярнуўся, высветлілася, што ён дзесьці пакінуў мяч і куртку. Бабуля доўга плакала, а потым усе пабеглі шукаць кінутае. Не знайшлі, бо Марцін не памятаў, дзе гуляў.

Неўзабаве Марцінаву няпамятлівасць заўважыў і дзядуля. Аднойчы яны з Марцінам пайшлі ў кіно на вясёлы дзіцячы фільм. А калі вярнуліся, высветлілася, што Марцін забыў у кіно шалік, рукавіцы і ягоны, дзядулеў, капялюш. Дзядуля доўга злосна тупаў нагамі, абурана крычаў, а потым усе пабеглі ў кіно шукаць рэчы. Аднак беглі дарэмна: мала што нічога не знайшлі, дык яшчэ і былі вымушаныя заплаціць штраф за клопат падчас сеансу.

Праз нейкі час Марцінаву няпамятлівасць заўважыў дзядзька Павел. Ён даў Марціну пракаціцца вакол дому на сваім ровары. Марцін ровар згубіў, а дзядзьку Паўла забрала хуткая дапамога, бо, як сказаў тата, ён з’ехаў з глузду.

Час ад часу Марцінаву няпамятлівасць заўважала і цётка Бажэна. Яна звязала Марціну прыгожы швэдар, але ён яго тут жа дзесьці згубіў так, што ўжо ніхто ніколі таго швэдра не знайшоў. Цётка Бажэна так расхвалявалася, што захварэла, паехала лячыцца і там памерла.

Аднойчы Марцінаву няпамятлівасць заўважыў і сусед, спадар Боршані. Марцін забыў выключыць ваду, у выніку суседаву кватэру затапіла. Сусед, раз’юшаны, званіў у дзверы і крычаў, што яму сапсавалі кватэру, што ён гэтага так не пакіне, што яшчэ ўсім пакажа дзе камар козы пасе. Дзверы яму ніхто не адчыніў: усе прыкідваліся, што нікога няма дома.

Аднойчы Марцінаву няпамятлівасць заўважыў дырэктар школы. Марцін забыў з ім павітацца ў калідоры, і дырэктар раззлаваўся. Ён крычаў, што ёсць жа на свеце такія нявыхаваныя, непаслухмяныя хлопчыкі, якія не ўмеюць вітацца са старэйшымі, плююць пад парты і б’юць настаўніц. У школу выклікалі Марцінавых бацькоў. Дырэктар сварыўся, а потым прымусіў іх тысячу разоў напісаць: “Навучым сваё дзіця вітацца”.

Урэшце пра Марцінаву няпамятлівасць даведаліся ўсе. У кухні зладзілі нараду, сядзелі сумныя і думалі, што рабіць. Баяліся, што Марцін штосьці абавязкова забудзе, а ім за гэта давядзецца плаціць і саромецца перад іншымі. Некаторыя баяліся, што Марцінава няпамятлівасць звядзе іх у магілу. Хтосьці падлічваў выдаткі: забытыя курткі, абутак, мячы, рукавіцы, шапкі і незакручаныя краны. Некаторыя згадвалі сорам, які перажылі праз Марцінаву няпамятлівасць. Напрыклад, калі Марцін, гасцюючы ў цёткі, забыўся змыць пасля сябе ў прыбіральні. Або калі забыўся, як завуць дзядзьку Антося. Або калі забыўся, што ў разетку нельга сунуць пальцы. Ён іх туды засунуў і выбіў засцерагальнікі ва ўсім доме. Усе трэсліся са страху ад адной толькі думкі, якая бяда іх яшчэ можа напаткаць, а таму вырашылі вылечыць Марцінаву няпамятлівасць.

Першым гэта паспрабаваў зрабіць тата. На ягоную думку, няпамятлівасць можна было вылечыць, толькі трэніруючы памяць.

— Добрая памяць — гэта адзіны спосаб барацьбы з няпамятлівасцю, — заўсёды казаў тата. І бясконца прымушаў Марціна паўтараць табліцу множання. Час ад часу ён мог нечакана спытаць Марціна, колькі будзе два памножыць на два або пяць памножыць на тры. Урэшце Марцін ведаў табліцу множання на выдатна. Толькі не памятаў ужо ўласнага імені. Тата праз гэта вельмі засмуціўся і з таго часу моўчкі сядзеў у куце, пакуль на яго ўсе не забыліся.

Крыху пазней барацьбу з Марцінавай няпамятлівасцю распачала матуля. Яна вырашыла, што найлепшы лек ад дзіцячай няпамятлівасці — любоў. З таго часу яна штодня пякла Марціну булкі, ласкава з ім размаўляла і заўсёды, калі ён на нешта забываўся, сядала з ім побач, трымала яго за руку і доўга жаласна плакала. Але Марцін ад няпамятлівасці не вылечыўся, нават наадварот: ад празмернага спажывання булак здурнеў яшчэ больш, і ўрэшце высветлілася, што ён забыў нават табліцу множання. Праз гэта Марцінава матуля так засмуцілася, што сама пачала есці булкі, патаўсцела і вымушаная была з’ехаць лячыцца.

Потым змаганне з Марцінавай няпамятлівасцю распачала бабуля. Яна дзесьці пачула, што ў аптэцы прадаецца спецыяльная гарбата супраць няпамятлівасці. Пабегла туды, набыла гэтую гарбату, тройчы на дзень яе заварвала і ўсіх прымушала піць. Праз нейкі час ёй падалося, што гарбата не дзейнічае. Таму яна заварыла ўсю гарбату, якая была, і кожны выпіў тры поўныя кубкі. Пасля гэтага ўсім было блага. Адны ванітавалі ў прыбіральні, іншыя нерухома ляжалі на падлозе. Дзядуля дзіўна смяяўся. Тата сумна на ўсё глядзеў, седзячы на сваім крэсле ў куце. Матуля жаласна плакала. Затое Марцін прыгадаў табліцу множання, але забыў назвы дзён тыдня. Бабуля праз гэта ўсё звар’яцела, схавалася пад ложак і ўжо ніколі адтуль не вылазіла.

Неўзабаве Марцінаву няпамятлівасць паспрабаваў вылечыць дзядуля. Ён купіў у краме сшытак, асадку і абвясціў, што з няпамятлівасцю трэба змагацца праверанымі сродкамі.

— Марцін будзе ўсё запісваць у сшытак, каб не забыцца. Напрыклад, ідучы ў прыбіральню, возьме з сабой сшытак і там прачытае, што пасля сябе трэба змыць. А калі з кімсьці сустрэнецца, прачытае, што трэба павітацца, і тут жа павітаецца.

Усе ўзрадаваліся, але праз нейкі час высветлілася, што Марцін у сшытак нічога не піша, бо заўжды забывае, што ў яго трэба пісаць. Урэшце ён дзесьці забыў і сшытак. Дзядуля праз гэта вельмі засмуціўся, пачаў удаваць, што аглух, і з таго часу ні з кім не размаўляў.

Неўзабаве Марцінаву няпамятлівасць паспрабаваў лячыць і дзядзька Павел. Яму ўсё яшчэ было шкада ровара, які Марцін дзесьці згубіў, а таму ён прапанаваў вельмі строгае лячэнне:

— Заўсёды, як Марцін штосьці забудзе, не даваць яму есці. З голаду ягоная памяць дакладна палепшыцца, і ён прыгадае ўсё. — Лячэнне голадам, — падкрэсліваў дзядзька Павел, — вельмі дзейснае, таннае і хуткае.

Усе ўзрадаваліся. Ужо пасля двух дзён такога лячэння ўсім падалося, што Марцінава памяць насамрэч палепшылася. Ён ужо мог прыгадаць, што перад абедам трэба мыць рукі, а перад сном — чысціць зубы. Ён ужо мог нічога не забывацца ў школе. На дзядзькаў метад усе ўскладалі вялікія надзеі і радаваліся яшчэ больш. Дзядуля забыўся на сваю глухату, сядзеў на крэсле і весела смяяўся. Тата выйшаў з кута і пачаў размаўляць. Нават бабуля час ад часу вылазіла з-пад ложка. Толькі радаваліся яны дарэмна: як толькі Марціну далі паесці, ён зноў на ўсё забыўся. Праз гэта ўсе вельмі засмуціліся. Дзядзька Павел прапанаваў працягваць лячэнне і павялічыць тэрмін галадання з двух дзён да тыдня, бо толькі тады можна будзе казаць пра паспяховасць або непаспяховасць метаду. Аднак яго ніхто не слухаў. Засмучаныя, усе вярнуліся на свае месцы і больш ніколі не запрашалі дзядзьку Паўла ў госці.

Паспрабавала змагацца з Марцінавай няпамятлівасцю і цётка Марта, сястра цёткі Бажэны. Яна была перакананая, што прычына Марцінавай няпамятлівасці — гэта нейкія злыя духі або д’ябал. Яна паўсюль парасстаўляла запаленыя свечкі, хадзіла з пакоя ў пакой і ўголас прамаўляла замовы супраць духаў. Прыйшлі і іншыя цёткі, разам сядзелі ў пакоі і мармыталі пад нос нейкія пацеры. Час ад часу адна з іх падымалася, заломвала рукі і з лямантам валілася на падлогу, а астатнія ёй кланяліся. Потым адна з іх выпусціла з рук свечку, ад якой запалілася фіранка. Усе ў жаху замітусіліся. Тата з дзядулем тушылі пажар, матуля з крыкам выганяла цётак, урэшце выгналі і цётку Марту з яе свечкамі. Тая праз гэта вельмі засмуцілася, захварэла, паехала на лячэнне і там памерла.

Паспрабаваў змагацца з Марцінавай няпамятлівасцю і сусед, спадар Боршані. Ён дачакаўся, пакуль Марцін прыйдзе са школы, і даў яму ў каробцы ад запалак двух вялікіх жукоў.

— Гэта жукі супраць няпамятлівасці, — сказаў спадар Боршані, вельмі дзіўна пры гэтым усміхаючыся.

Марцін яму паверыў і ўзяў каробку. Дома ён пасадзіў жукоў у шклянку. Усе на іх глядзелі і радаваліся, што зноў маюць нейкі лек супраць няпамятлівасці. Толькі Марцін на жукоў забыўся. Тыя ж размножыліся і ўначы апанавалі ўсю кватэру. Прачнуўшыся, усе абуліся і пачалі скакаць па жуках, якія мітусіліся па падлозе. Увесь дом скаланаўся ад тупату і скакання сямейнікаў, а найбольш праз гэта цярпеў сусед, спадар Боршані. Нараніцу ён звар’яцеў, уцёк з дому, і больш яго ніхто не бачыў.

Аднойчы Марцінаву няпамятлівасць паспрабаваў вылечыць дырэктар школы. Ён пакінуў Марціна пасля заняткаў і загадаў яму тысячу разоў напісаць на дошцы: “Больш ніколі ні на што не забудуся”. Толькі няпамятлівы Марцін забыў правапіс, а таму напісаў: “Ужо няколі нячога нісабудуся”. У дырэктара праз гэта здарыўся ўдар, вучань вымушаны быў выклікаць хуткую дапамогу, якая дырэктара і забрала. Замест старога прыйшоў новы дырэктар, які не пераймаўся праз няпамятлівасць вучняў, увесь час хадзіў у спартыўных нагавіцах з футбольным мячом і свістаў у свісток.

Урэшце ўсе зразумелі, што Марцінаву няпамятлівасць ніяк нельга паправіць: ані паменшыць, ані вылечыць. Яны доўга думалі, што ж рабіць. Некаторыя хацелі пераехаць, іншыя, наадварот, запрасіць да сябе сваякоў, каб было больш змагароў з Марцінавай няпамятлівасцю. Але потым матуля прыгадала, што дома скончылася мука на булкі. А калі яна не можа спячы булкі, то і запрашаць нікога нельга. Бо як бы гэта выглядала: да іх прыехалі госці, а яны іх не пачаставалі булкамі? Усе задумаліся і пасля доўгага абмеркавання вырашылі адправіць Марціна ў краму па муку. Яму далі адзін еўра, торбу і паперку, на якой вялікімі літарамі было напісана: 1 КГ МУКІ. Марціну доўга тлумачылі, як дайсці да крамы і з крамы вярнуцца, як выглядае мука і як трэба плаціць. Марцін ківаў галавой на знак таго, што ўсё разумее і ўсё памятае. Потым развітаўся і пабег у краму. Ён купіў муку, заплаціў, але па дарозе назад забыўся, у якім доме жыве. Хадзіў туды-сюды і чакаў, пакуль яго хтосьці заўважыць і адвядзе дадому. Ужо пачало змяркацца, калі з Марцінам загаварыў старэнькі ўсмешлівы дзядуля.

— Забыўся, дзе жывеш? — пацікавіўся ў яго стары і ўсцешана пацёр рукі.

— Так, — сказаў Марцін.

— А ці ведаеш, як цябе завуць? — працягваў дзядуля. Марцін задумаўся і адмоўна пакруціў галавой. Забыўся.

— А як завуць твайго тату? — зноў спытаўся дзядуля. Але і гэтага Марцін не змог прыгадаць. Дзядуля, весела ўсміхаючыся, сказаў:

— Калі не можаш нічога прыгадаць, завяду цябе дадому, хочаш?
 

Марцін узрадавана кіўнуў галавой, і яны разам пайшлі шукаць ягоны дом. Толькі і дзядуля быў няпамятлівы. Ён не толькі не знайшоў Марцінавага дому, але і сам забыўся, дзе жыве. Доўга яны хадзілі паміж дамамі, нарэшце заблукалі, згубіліся, і з таго часу іх ніхто ніколі не бачыў і не чуў. Вось што здараецца з усімі няпамятлівымі людзьмі, дарагія дзеці.

Казка пра Лізу, якой усё было смешна

 

На ўскрайку горада ў вялікім доме з садам жыла дзяўчынка, якую звалі Ліза. Гэтая дзяўчынка мела адну нядобрую звычку: ёй усё было смешна. Спачатку бацькам гэта не перашкаджала, яны нават радаваліся, што Ліза заўсёды ў гуморы. Але з часам гэта пачало іх турбаваць. Ліза смяялася не толькі з вясёлага і смешнага, але і з сур’ёзнага і нават сумнага. Калі памерла цётка Вера, усе сваякі на пахаванні плакалі, толькі Ліза смяялася. Бацькам за яе было сорамна. Тата нават хацеў яе пакараць, але нёс труну і таму мог толькі злосна скрыгатаць зубамі. А неяк Ліза смяялася з чалавека, які паваліўся на ходніку і зламаў нагу. Чалавек крычаў ад болю, некалькі мінакоў спрабавалі яму дапамагчы, але Ліза смяялася так, што людзі, збянтэжыліся і ўцяклі, бо падумалі, што той чалавек п’яны. Ліза смяялася не толькі з людзей, але і з жывёлаў, раслінаў і нават рэчаў. Яе магло насмяшыць дрэва, якое хісталася ад ветру, аблокі на небе, жук, сабака з высалапленым языком, драўлянае крэсла, плот, комін, цягнік, што едзе па мосце, ровар, ходнік, дождж, нават маланка і электрычнасць. Адным словам, Ліза смяялася з усяго.

Яе бацькі праз тое вельмі журыліся і начамі плакалі, бо не маглі хадзіць з Лізай на пахаванні, у тэатр або на канцэрты. Нарэшце яны вырашылі звернуцца па дапамогу да дактароў. Яны набылі даведнік, у якім былі адрасы самых вядомых дзіцячых дактароў, напісалі ім лісты і чакалі.

Першым прыйшоў доктар Папазол, кандыдат навук. Гэта быў тоўсты дзядуля з кароткімі крывымі нагамі і густымі бровамі.

— Я найлепшы спецыяліст у галіне нястрымнага дзіцячага смеху, — прадставіўся ён. Матуля з татам узрадаваліся. Ён сапраўды выглядаў так, нібы харчаваўся малымі смажанымі дзецьмі. Аднак Ліза, як толькі яго ўбачыла, пачала безупынку смяяцца. Дарэмна доктар Папазол раз’юшана лупіў вочы, дарэмна выцягваў са сваёй торбы розныя жахлівыя інструменты. Ліза толькі смяялася. Урэшце доктар Папазол сышоў раззлаваны, грукнуўшы дзвярыма. А на калідоры яшчэ заехаў нагой у суседскія дзверы.

Потым прыбыў прафесар Тулабей Калдай, кандыдат усеагульных медыцынскіх навук. Ён моўчкі зайшоў у кватэру, старанна вымыў рукі і пачаў агляд. Са сваёй скураной торбы выцягнуў жаласны малюнак сумнага сабачкі. Ліза засмяялася. Прафесар Калдай паківаў галавой, схаваў сумнага сабачку і выцягнуў малюнак драўлянай нагі. Ліза пачала смяяцца так, што аж за жывот трымалася. Прафесар Калдай прамармытаў “гм-гм” і штосьці запісаў у тоўсты нататнік. Потым выцягнуў малюнак сіямскіх блізнятаў, якія зрасліся тварамі. Гэта быў такі жахлівы малюнак, што Лізіна матуля страціла прытомнасць, а тата схаваўся пад стол. Але Ліза смяялася да слёз. Прафесар Калдай схаваў малюнак і, зноў прамармытаўшы “гм-гм”, апрануўся і моўчкі сышоў. Праз нейкі час ён памёр ад стомы і старасці.

Апошнім прыйшоў Самалюб Гусліца, кандыдат мастацтвазнаўства. Гэта быў вядомы чалавекалюб, паэт і віяланчэліст. Людзі любілі выключную прыгажосць ягонага розуму. Ён рэгулярна з’яўляўся ў тэлеперадачах, дзе граў на віяланчэлі і расказваў пра дабрыню і прыстойныя паводзіны. Ён атрымліваў шмат лістоў, на якія абавязкова адказваў, і многім няшчасным людзям дапамог сваімі парадамі або прынамсі граннем на віяланчэлі.

І цяпер, прачытаўшы ліст, ён таксама вырашыў дапамагчы Лізе. Спачатку пагаварыў з бацькамі, а потым зайшоў у пакой да дзяўчынкі, сеў на крэсла і засяродзіў на Лізе позірк сваіх разумных прыгожых вачэй. З іх праменіліся дабрыня і любоў. Ліза ўжо хацела была засмяяцца, але твар паэта быў настолькі асвечаны любоўю, што дзяўчынка засталася сядзець моўчкі. Лізіны бацькі напружана чакалі ў кухні вынікаў лячэння. Тата намагаўся адкаркаваць віно, бо, на ягоную думку, усе паэты любяць выпіць. Матуля сумна ўздыхала: Самалюб Гусліца нагадваў ёй тэлевізійнага чараўніка Каперфілда, якога яна таемна кахала. Цішыня панавала бясконца доўга. Самалюб Гусліца з пачуццём дэкламаваў вершы пра кветкі, матылёў і каханне. Матуля расплакалася, а канарэйка ў клетцы сканала ад замілавання. Ліза маўчала. Потым загучала віяланчэль. Гукі ласкавай меланхалічнай мелодыі ліліся ў Лізіна сэрца, у ім штосьці зварухнулася, і нарэшце Ліза расплакалася. Яна зразумела, што туга нашмат прыгажэйшая, чым бесклапотны смех, і назаўсёды закахалася ў паэта. Самалюб Гусліца, абняўшы Лізу, суцяшаў яе і абяцаў, што аднойчы яшчэ вернецца, каб з ёй ажаніцца.

— Лячэнне было паспяховым, — сказаў Самалюб Гусліца, калі зайшоў у кухню да бацькоў. — Вашая Ліза больш ніколі не будзе смяяцца. Бацькі ўкленчылі і пачалі ўдзячна цалаваць яму рукі. Паэт абурана іх адапхнуў.

— Каханне вечнае, — прамовіў ён, узяў віяланчэль і, адмовіўшыся ад віна і грошай, сышоў.

З таго моманту Ліза змянілася. Яна пачала апранацца ва ўсё чорнае, насіла доўгія распушчаныя валасы і цэлымі днямі гуляла ў пахаванні і паэтычныя вечарыны. Часам яна несуцешна плакала. Уяўляла сабе разумны, прыгожы твар паэта і чакала, калі ён да яе прыйдзе. Але паэт не прыйшоў. Падчас купання ў ваннай ён паслізнуўся, стукнуўся галавой і памёр.

Ліза і сёння чакае яго. Яна ператварылася ў агідную плаксівую дзяўчынку, якая на ўсіх сварыцца, плюе з акна і несуцешна плача, плача і плача.

Казка пра Паўліка і марозіва

 

 Паўлік быў хлопчыкам, які больш за ўсё на свеце любіў марозіва. Бабуля набывала яму яго штодня па дарозе з дзіцячага садка. Паўлік так яго любіў, што часам мог з’есці пяць пачкаў. Бабуля радавалася: калі яна была маленькая, то магла толькі марыць пра марозіва, бо тады людзі жылі вельмі бедна. Яна шмат расказвала Паўліку пра цяжкія часы, пра хлеб з цыбуляй і людзей, што паміралі з голаду. Калі хтосьці хацеў марозіва, дык лізаў ледзяшы або халодныя камяні! Паўлік, аднак, бабулю не слухаў. Ён прагна еў марозіва. Як толькі ён бачыў, што не засталося ніводнага пачка, то пачынаў плакаць. І плач ягоны быў настолькі невыносны і пранізлівы, што спыняліся машыны, а з неба падалі птушкі, здранцвелыя ад страху і здзіўлення. Бабуля з Паўлікам хуценька беглі да найбліжэйшай крамы і набывалі вялізную порцыю марозіва.

І так паўтаралася штодня. Аднойчы ў нядзелю Паўлік адмовіўся ад абеду, замест яго з плачам запатрабаваўшы марозіва. Тата Паўліка раззлавана ўстаў і хацеў малога нягодніка разарваць як жабу, але матуля з бабуляй на каленях прасілі яго злітавацца. Бацька саступіў. Ён сеў на месца і нахмурана сачыў за бабуляй, што выцягнула з лядоўні вялікі пачак марозіва і паклала перад Паўлікам. З таго часу Паўлік еў толькі марозіва: раніцай, у абед і вечарам. Часам нават засынаў з марозівам у руцэ. Ён быў шчаслівы і задаволены: марозіва яму вельмі смакавала. Ён хацеў, каб так было заўжды: каб яму штодня бабуля, матуля і тата куплялі шмат марозіва, якое ён будзе есці і з плачам патрабаваць яшчэ.

Толькі Паўлік памыляўся. Аднойчы падчас нядзельнага абеду ён злопаў два вядра марозіва. Хвілю яму было добра: ягонае пуза было набітае халодным салодкім рэчывам са смакам клубніцаў, шакаладу, ванілі і лімона. Але раптам ён адчуў, што дзесьці ўнутры яго ўтварыўся лядзяш. Ён не змог нават устаць, толькі сядзеў і глядзеў перад сабой. Паспрабаваў плакаць, але чуўся толькі стогн. Бацькі спалохаліся. Матуля з бабуляй мітусіліся і плакалі. Тата стукаў пальцамі па стале і злосна крычаў. Матуля з бабуляй хацелі скочыць з акна. Нарэшце тата супакоіўся, патэлефанаваў у хуткую дапамогу і папрасіў, каб да іх прыслалі найлепшага ў свеце дзіцячага доктара, таму што іх Паўлік аб’еўся марозівам!

Так і адбылося. Не паспелі яны і вокам міргнуць, як у дзверы пазваніў найлепшы дзіцячы доктар Бухенвальд. Ён быў вельмі паважны, у руках трымаў скураны партфель з рознымі медыцынскімі прыладамі. Ён доўга сядзеў каля Паўліка і аглядаў яго. Нарэшце ўстаў, падышоў да бацькоў і сур’ёзным голасам паведаміў:

— У вашага Паўліка ад пастаяннага харчавання выключна марозівам замерз страўнік. Шкада, але зрабіць нічога немагчыма. Цяпер ён да канца жыцця зможа есці толькі марозіва. Раніцай — дзве порцыі, на абед — шэсць, на падвячорак — зноў дзве, а на вячэру — чатыры. Спачуваю, але мне вядомыя і горшыя выпадкі. На суседняй вуліцы ў дзіцяці ад празмернага ўжывання цукерак назаўсёды выпалі ўсе зубы!

Доктар Бухенвальд развітаўся і пайшоў. Усе расплакаліся. Паўлік да канца жыцця будзе спажываць толькі марозіва! Ён больш ніколі не зможа з’есці салату, катлету, курыны булён або плоў! Аднак Паўлік задаволена смяяўся. Марозіва яму падабалася, а змерзлы страўнік не турбаваў. Гэта было лепш, чым застацца без зубоў. Ён радаваўся, што яму будуць зайздросціць дзеці ў садку, калі на абед ён будзе есці марозіва, а яны — бульбу або рыс.

З таго часу Паўлікавы бацькі кожны дзень цягнулі дадому вёдры марозіва. З марозіва яны гатавалі яму сняданак, абед і вячэру. Бабуля гэтага не вытрымала, аднойчы сышла з дому і ўжо не вярнулася. Бацькі сказалі, што яна паслізнулася на марозіве і зламала сабе карак. Паўліку было ўсё роўна. Галоўнае, што было шмат марозіва. Не турбавала яго і тое, што ў бацькоў ад цягання марозіва рукі выцягнуліся ажно да каленяў. Уся невялікая кватэра паступова ператварылася ў лядоўню для захавання марозіва.

Але аднойчы Паўлік заўважыў, што дзеці ў садку яму зусім не зайздросцяць і вельмі нават са смакам ядуць тое, што ім прыгатавалі ў сталоўцы. Напрыклад, суп з памідораў, булкі ці бліны. Паўліка гэта збянтэжыла. Ён ужо даўно забыў смак яблыка, грушы або звычайнага свежага хлеба з маслам. Ён ужо не памятаў смаку печыва з макам або супу з сачавіцы. Прыйшоўшы з садка дадому, ён пачаў плакаць і прасіць звычайнай вячэры. Бацькі яго не зразумелі і паставілі перад ім вядро з марозівам. Паўлік расплакаўся яшчэ больш і папрасіў хлеба з маслам. Бацькі схапіліся за галовы і пачалі яму тлумачыць, што ён можа есці толькі марозіва, бо яго змерзлы страўнік не здольны ператраўляць іншую ежу.

Так і засталося назаўсёды: Паўлік еў толькі марозіва. Калі ж вырас, то зрабіўся галоўнай забавай у цырку. Перад сотнямі гледачоў ён прагна глытаў вёдры марозіва, і гэты нумар карыстаўся нязменным поспехам. Усе з яго дзівіліся, дзеці яму зайздросцілі. Але Паўліку было ўсё роўна. Марозіва ўжо даўно яму не смакавала, і калі б ён мог, то памяняў бы цэлы завод па вытворчасці марозіва на адзін кавалак звычайнага хлеба з цыбуляй. Вось такі лёс чакае ўсіх, хто хоча есці толькі марозіва, дарагія дзеці.

Казка пра сквапную Даротку

 

 Ніхто не ведае, калі Даротка зрабілася сквапнай. Але з самага дзяцінства яна старанна хавала пад ложкам свае цацкі, каб ніхто іншы з імі не гуляў. Падросшы, яна замовіла сваім клапатлівым бацькам вялізную драўляную скрыню, у якой замыкала цацкі. Цяпер яны былі ў бяспецы, і ўжо ні ў кога не ўзнікала думкі папрасіць у яе цацку пагуляць.

Аднак Даротка шкадавала не толькі сваіх цацак. Калі яна гуляла ў пясочніцы, то выганяла астатніх дзяцей з крыкам, што гэта яе пясок і што яна нікому не дазволіць у ім гуляць. На арэлях Даротка магла гойдацца тры гадзіны, толькі каб не пусціць на іх іншых дзяцей. І трэба было бачыць, што пачыналася, калі нехта дакранаўся да яе рэчаў! Аднойчы Даротка выпадкова забыла на лаўцы ў парку свой капялюш. Знайшла яго старэнькая нямоглая бабуля. А таму як да капелюша быў прышыты кавалак тканіны з прозвішчам і адрасам гаспадыні, то бабуля пешкі прайшла праз увесь горад, па лесвіцы паднялася на пяты паверх і нарэшце пазваніла ў кватэру, дзе жыла Даротка разам са сваімі клапатлівымі бацькамі. Дзверы адчыніліся, на парозе стаяла Даротка са слязьмі на вачах. Яна якраз аплаквала свой капялюш, бо думала, што ніколі больш яго не пабачыць. Бабуля з усмешкай аддала ёй згублены капялюш і чакала, што Даротка ёй падзякуе. Але дарэмна. Даротка выхапіла ў яе з рук капялюш і з усёй моцы грымнула дзвярыма. Яна была сквапная: ёй шкада было нават слова падзякі. Акрамя таго, яна баялася, што бабуля захоча ўзнагароды за знаходку.

Клапатлівыя бацькі часта ўшчувалі Даротку, прасілі яе, каб яна не была сквапнай. Але марна. Яе сквапнасць дзень пры дні павялічвалася. Дзеці ўжо не хацелі з ёй гуляць, а дарослыя паказвалі на яе пальцам і казалі:

— Ага, гэта ж тая сквапная Дарота. Яна лепш сабе руку адсячэ, чым нешта камусьці дасць.

Клапатлівыя бацькі турбаваліся, усяляк спрабавалі вылечыць Даротку ад сквапнасці, але нічога не дапамагала: ані вядомыя лекары дзіцячай сквапнасці, ані цудадзейныя лекі. Не дапамагла і спецыяльная мазь супраць сквапнасці, якой Даротку націралі штодня з галавы да ног. Нарэшце клапатлівыя бацькі не вытрымалі бязмежнай Даротчынай сквапнасці. Аднойчы яны ўцяклі з дому і больш не вярнуліся.

Даротка засталася адна. Спачатку яна спужалася, не ведаючы, што будзе рабіць без бацькоў. Аднак потым прызвычаілася, нават узрадавалася: цяпер усё належала толькі ёй, і ніхто яе не прымушаў ні з кім дзяліцца.

Але аднойчы падчас нядзельнага шпацыру незнаёмы старэнькі дзядуля папрасіў у Дароткі насоўку. Даротка ад сквапнасці аж затрэслася, але потым падумала, што дзядуля хутчэй за ўсё чараўнік і верне ёй замест адной насоўкі дзесяць. З цяжкім сэрцам яна выцягнула сваю чысцюткую прыгожанькую насоўку і падала дзядулю. Дзядуля высмаркаўся ў яе і вярнуў Даротцы са словамі:

— Вось пакаранне за тваю сквапнасць. Гэтую насоўку ты ўжо ніколі не адмыеш.

Так і сталася. Вярнуўшыся дадому, Даротка паспрабавала насоўку выпраць, але нічога ў яе не атрымалася. А таму як яна была вельмі сквапная, то чысціць сваю насоўку дагэтуль.

Казка пра Мілана, які ўсё ламаў

 

Мілан быў звычайны хлопчык, жыў у звычайным доме і меў звычайных бацькоў. Але і ў гэтага самага звычайнага хлопчыка была незвычайная рыса. Наш Мілан умеў псаваць: ламаў або псаваў усё, што трапляла яму ў рукі.

 Пакуль Мілан быў маленькі, гэта нікому не перашкаджала. Маленькія дзеці вельмі цікаўныя і яшчэ не маюць досведу, а таму часам могуць зламаць нейкую цацку або штосьці сапсаваць. Пасля, пасталеўшы, яны ўжо не ламаюць, бо знаходзяць сабе разумнейшыя забавы. Толькі Мілан рос і з кожным днём ламаў усё больш рэчаў. Яго клапатлівыя бацькі праз гэта вельмі пакутавалі і ўсе рэчы вымушаныя былі ад яго хаваць або замыкаць, каб ён іх не сапсаваў.

Сапраўдныя праблемы пачаліся, калі Мілан пайшоў у садок. Бацькі на каленях прасілі яго, каб ён там толькі нічога не зламаў і не нарабіў сораму. Мілан ім паабяцаў, але ў першы ж дзень зламаў усе цацкі. На наступны дзень зламаў на вуліцы арэлі, а на трэці сапсаваў усе ўнітазы. Дзецям не толькі не было з чым гуляць — яны нават не маглі схадзіць у прыбіральню, таму што ўнітазы аблівалі іх вадой, а самых маленькіх нават туды змывала.

Мілана пакаралі выключэннем з садка. Пасля гэтага здарэння засмучаныя бацькі сядзелі на кухні з апушчанымі галовамі і разважалі пра свой лёс. Яны ведалі, што нічога добрага іх не чакае, бо пасля летніх вакацый Мілан пойдзе ў школу. Яны ўжо ўяўлялі сабе, колькі ўсяго ён можа ў школе сапсаваць і зламаць. Тата падняўся і сказаў, што калі ён хадзіў у школу, ніхто нічога не мог сапсаваць, бо была дысцыпліна, парадак і абавязковая прысутнасць на ўроках! А сёння?! Потым ён супакоіўся і зноў сеў. “Нешта будзе”, — падумалі сабе бацькі.

Пасля вакацый Мілану купілі заплечнік, пенал, сшыткі, асадкі і завялі на першы ўрок. Так Мілан стаў першакласнікам. З вясёлай усмешкай ён памахаў бацькам рукой і з вялікімі спадзяваннямі ўвайшоў у школу.

Мілану ўсё падабалася. Ён вучыўся чытаць і пісаць, знайшоў шмат новых сяброў, а галоўнае — у яго штодня былі новыя рэчы на псаванне. Спачатку ён зламаў свой новы пенал, які ўжо не закрываўся. Потым зламаў асадку і заплечнік. Бацькі яму купілі ўсё новае, але праз два дні ён зноўку ўсё паламаў. Бацькі раззлаваліся і сказалі, што калі ён яшчэ раз усё зламае, будзе свае рэчы насіць у кішэні або ў бляшаным вядры. Мілан спалохаўся і з таго часу вырашыў псаваць толькі школьную маёмасць.

Пачаў ён непрыкметна і сціпла: папсаваў у класе ўсе крэслы, парты і школьную дошку. Дзеці вымушаныя былі на занятках стаяць, а настаўнік пісаў крэйдай на сцяне. Калі былі спісаныя ўсе сцены, а дзеці плакалі, што ім баляць ногі, настаўнік паклікаў школьнага цесляра, каб той адрамантаваў мэблю. Цясляр быў злосны мужчына сталага веку з вялізнымі вусамі. З крыкам і пагрозамі ён пачаў рамонт, а дзеці стаялі ў куце і моўчкі за ім назіралі. Рамонт зацягнуўся на цэлы тыдзень, бо Мілан увесь час нешта незаўважна ламаў: то свярдзёлак, то зварачны апарат, то малаток. Настаўнік сядзеў за сваім сталом (які быў адрамантаваны першым), падпершы галаву рукамі, і разважаў пра свой гаротны лёс.

Праз тыдзень усё было адрамантавана. Дзеці радаваліся, што зноўку могуць сесці за парты. Настаўнік таксама быў задаволены. Ён вырашыў пачаць з урока спеваў, таму што песня выяўляе радасць. Настаўнік, як дырыжор, даў знак, і на ўвесь клас загучала песня пра птушачак, кветачкі і вясну ў выкананні звонкіх дзіцячых галасоў. Песня, нібы вясновы ручаёк, лілася па ўсёй школе: з класа на калідор, адтуль у іншыя класы і ў настаўніцкую, у кабінет дырэктара і спартыўную залу. Уся школа чула прыгожую песню. А каля школы нават спыніліся некалькі расчуленых да слёз бабулек.

Але Мілану песня не падабалася. Яму падумалася, што ён ужо даўно нічога не псаваў, а таму вырашыў сапсаваць хоць бы песню пра птушачак. Ён знарок пачаў спяваць фальшыва, грубым бурклівым голасам, каб астатнія дзеці таксама памыляліся. І ў яго атрымалася: спачатку збіўся Штэфан — сусед Мілана па парце, потым дзяўчынка, што стаяла перад ім, і ўрэшце псота распаўсюдзілася на ўвесь хор. Спеў тут жа разладзіўся. Дарэмна настаўнік махаў рукамі і пільна ўзіраўся з надзеяй знайсці таго, хто фальшывіць. З класа ўжо ліўся не звонкі ручаёк, а дзіўны піск, што нагадваў скавытанне нейкай вельмі галоднай раззлаванай жывёліны. Спалоханыя бабулі ўцяклі, у іншых класах заняткі былі спыненыя, а дырэктар са школьным вартаўніком бегалі па школе ў пошуках вінаватага.

Нарэшце знайшлі. Прахвост Мілан стаяў сярод астатніх дзяцей і толькі адкрываў рот, удаючы, што спявае. У дырэктара і школьнага вартаўніка быў добры музычны слых. Мілана выкрылі, схапілі і зачынілі ў школьнай кацельні, каб ён больш нічога не сапсаваў. Дырэктар загадаў вартаўніку ахоўваць кацельню, а сам выклікаў па тэлефоне Міланавых бацькоў, хуткую дапамогу, пажарных і паліцыю.

Пакуль усе ехалі ў школу, Мілан займаўся ў кацельні сваёй улюбёнай справай: спачатку сапсаваў кацёл, трубы з цёплай і халоднай вадой і нарэшце цэнтральны вентыль. Потым яму пад руку трапіліся: электрычная размеркавальная скрынка, засцерагальнік і галоўнае — газавы і водны вентылі. Усё гэта ён паламаў, але на тым не спыніўся: папсаваў яшчэ ўсе сцены, падлогу і гару вугалю. Кацельня была цалкам сапсаваная, а разам з ёй і школа, якая засталася без ацяплення, электрычнасці і вады.

Вучні ўзрадаваліся, павыбягалі з класаў і памчалі дадому з крыкам “Ура!” Дырэктар са школьным вартаўніком стаялі на калідоры і спрабавалі іх спыніць. Прыехалі паліцыя, пажарныя, хуткая дапамога і Міланавы бацькі. Дырэктар схапіўся за галаву, зачыніўся ў сваім кабінеце і нікога не хацеў бачыць. Міланавы бацькі патрабавалі тлумачэнняў.

— Наш сын Мілан — звычайны хлопчык,— крычаў бацька, — які толькі часам можа нешта зламаць!

Але яго ніхто не слухаў: усе спрабавалі выратаваць сапсаваную школу.

Са школы Мілана выключылі. А таму як ва ўсіх іншых школах ведалі, які ён ламака, то не хацелі яго прымаць. Міланавы бацькі вырашылі накіраваць яго ў выпраўленчую ўстанову, але і там не прынялі. Тады не заставалася нічога іншага, як пакінуць яго дома і сачыць, каб ён нічога не ламаў. Мілан не хадзіў у школу, а таму так і не вывучыў табліцу множання, не ўмеў пісаць, а прачытаць мог толькі літары М, А, Е і Ў. Ён жыў, замкнёны ў сваім пакоі, і кожнага разу бурчаў і завываў, пакуль тата ці матуля не давалі яму нешта зламаць. Такі лёс чакае ўсіх ламак, дарагія дзеці.

Казка пра Любку, якая ўвесь час скардзілася

 Ніхто ўжо дакладна не памятае, калі Любка пачала скардзіцца, але ўсе сыходзяцца на тым, што пачалося гэта вельмі рана. Дзядзька Мілан, напрыклад, сцвярджае, што Любка пачала скардзіцца раней, чым навучылася размаўляць. Цётка Марта згадвае, што Любка пачала скардзіцца якраз тады, калі яна лячылася ў Лугачовіцах. Яна лячыла там сэрца, а калі вярнулася, Любка ўжо скардзілася. Тата кажа, што пачалося гэта аднойчы пасля яго вяртання з працы. Любка яму паскардзілася, што суседскі Фердзік на яе пляваўся. Бацька пайшоў да суседа і прыстрашыў яго тым, што калі Фердзік яшчэ раз плюне на Любку, то ён яму пакажа дзе горкі перац расце. І матуля таксама штосьці памятае: было тады якраз вельмі золка, а Любка была апранутая толькі ў швэдрык і спаднічку ў гарох. Адно дзядуля нічога не памятае: старэнькі ўжо, і галава яго не працуе як належыць.

Ніхто ўжо таксама не можа дакладна прыгадаць, ад каго Любка навучылася скардзіцца. Дзядзька Мілан, напрыклад, упэўнены, што ў выпадку Любкі гэта прыроджаная хвароба, таму ёй не трэба было вучыцца. Цётка Марта мае іншае меркаванне: Любку навучылі скардзіцца дзеці ў дзіцячым садку. Вядома, усе дзеці ў садку скардзяцца. Гэтую думку пацвердзілі і лекары, калі цётка Марта лячылася ў Трэнчанскіх Цепліцах. Тата мяркуе інакш: вінаватыя Любчыны стрыечныя браты і сёстры. Прыехаўшы ў госці, яны заўсёды раскідвалі Любчыны цацкі, лялькам адрывалі галовы, а плюшавым мядзведзікам выдзіралі вочы. Потым пачыналі біцца. І той, каму больш за ўсё даставалася, ішоў скардзіцца. Любка гэтаму навучылася ад іх, а ад каго ж яшчэ? Матуля памятае, што ў іх сям’і ніхто ніколі не скардзіўся, а таму ніяк не можа зразумець, дзе Любка магла гэтаму навучыцца. Толькі дзядуля нічога не згадвае: ужо старэнькі, і ў яго галаве ўсё пераблыталася.

Таксама ніхто ўжо не можа прыгадаць, на каго Любка найбольш скардзілася. Дзядзька Мілан, напрыклад, сцвярджае, што Любка скардзілася не толькі на людзей, але і на жывёл, здаралася нават, што яна скардзілася сама на сябе. Цётка Марта мяркуе інакш. Любка скардзілася толькі на нядобрых дзяцей, нядобрых жывёл і на тое, што ў яе не атрымлівалася. Больш ні на кога не скардзілася. Падчас лячэння ў Карлавых Варах гэта ўсё пацвердзіў і доктар Самагрыз, які быў спецыялістам у галіне скаргаў. Тата мае больш канкрэтныя здагадкі. Любка найчасцей скардзілася на стрыечных братоў і сясцёр. Заўсёды, калі яны былі ў гасцях, Любка пачынала на іх скардзіцца і спынялася толькі на трэці дзень пасля іх ад’езду. У астатнія дні ўсё было інакш: Любка скардзілася толькі на суседскага Фердзіка — раніцай, у абед і вечарам. Матуля згадвае, што Любцы ад скаргаў часам балелі вусны, а таму на іх трэба было класці халодны кампрэс. Тады ўжо Любка не скардзілася, гэта могуць пацвердзіць сведкі. Толькі дзядуля нічога не памятае: старэнькі ўжо, і ў яго галаве штосьці звініць.

Сёння ўжо ніхто не можа дакладна сказаць, як, уласна кажучы, Любка скардзілася. Дзядзька Мілан, напрыклад, сцвярджае, што Любка скардзілася так жахліва і невыносна, што яму заўсёды пачынала балець галава, потым зубы, вушы, ногі, рукі, жывот і нарэшце пячонка. На ягоным твары з’яўляліся трэшчынкі, апухаў язык, а ён сам дрыжэў усім целам і заікаўся. Гэты стан працягваўся нядоўга, але ён не пажадаў бы такога нават самаму зацятаму ворагу. Цётка Марта мае іншае меркаванне. Любка, калі скардзілася, качалася па зямлі, раз’юшана раўла, а пад носам у яе вісела доўгая жоўтая сапля. Але на лячэнні ў Пешцянах адзін доктар сказаў, што ў пэўным узросце такі стан нармальны і натуральны. Задумацца варта было б перш за ўсё настаўнікам у школе. На лячэнні ў Пешцянах шмат пацыентаў пацвердзілі цётцы Марце, што сёння ўжо нікога не здзівіш тым, што нейкі настаўнік грымнецца на зямлю і, шалёна кідаючыся ва ўсе бакі, скардзіцца на ўсіх. Тата памятае, што заўсёды, як Любка пачынала скардзіцца, на кухні спыняўся гадзіннік, а стрыечныя браты і сёстры хаваліся пад ложак альбо ў шафу. Матуля згадвае, што Любка была вялікай чысцёхай, а таму ніколі не качалася ў брудзе або лужыне, як гэта рабілі іншыя дзеці, калі скардзіліся. Магчыма, дзядуля таксама штосьці б сказаў, але нічога не можа прыгадаць: старэнькі ўжо, і ў галаве яго ўсё пераблыталася.

Наўрад ці хтосьці сёння можа дакладна сказаць, калі Любка найчасцей скардзілася. Дзядзька Мілан, напрыклад, сцвярджае, што Любка скардзілася ўвесь час, з раніцы да вечара. Ён перакананы, што яна скардзілася нават у сне, толькі пра гэта ніхто не ведае, бо ўсе спалі як забітыя, стомленыя яе скаргамі. Цётка Марта думае інакш: Любка найчасцей скардзілася, калі на яе ніхто не звяртаў увагі. На лячэнні ў Бардзеёве пра такія выпадкі была лекцыя доктара Дыбылова, які сапраўды ў гэтым разбіраўся, бо не раз казаў, што ў любым выпадку на дзяцей трэба звяртаць увагу. Тата згадвае, што Любка найчасцей скардзілася, калі ён вяртаўся з працы. Ну і, вядома, калі ў гасцях былі стрыечныя браты і сёстры. Матуля памятае, што Любка заўсёды скардзілася тады, калі яна пякла булкі. Стрыечныя браты і сёстры накідваліся і з’ядалі іх з такой ненажэрнасцю, што потым ім балелі жываты, і яны вымушаныя былі ванітаваць у прыбіральні. І тады Любка скардзілася, што ёй не дасталася ніводнай булкі. Толькі дзядуля нічога не згадвае: старэнькі ўжо, а таму ў яго галаве на адну гайку менш.

Сёння ўжо наўрад ці хтосьці зможа сказаць, чаму, уласна кажучы, Любка скардзілася. Дзядзька Мілан, напрыклад, сцвярджае, што Любка скардзілася таму, што больш нічога не ўмела рабіць. Цётка Марта думае інакш: усе дзеці скардзяцца таму, што настаўнікі і выхавацелі не звяртаюць на іх належнай увагі. Больш за тое, некаторыя дарослыя паказваюць дрэнны прыклад. Асабліва па тэлевізары часта паказваюць людзей, што скардзяцца. На лячэнні ў Вышных Гагах пра гэта расказвала доктар Прашышвецава, а ўсе пацыенты з ёй пагадзіліся. Тата згадвае, што Любка скардзілася толькі таму, што стрыечныя браты, сёстры і суседскі Фердзік скардзіліся на яе. Хто цяпер у гэтым разбярэцца? Матуля згадвае, што яна ніколі не вучыла Любку скардзіцца, а таму варта спытацца ў кагосьці іншага, чаму тая ўвесь час гэта робіць. Напрыклад, у школьных настаўнікаў або ў суседскага Фердзіка. Пацвердзіць гэта мог бы і дзядуля, але ён ужо старэнькі, і ў яго галаве штосьці ўвесь час пішчыць.

Таксама ніхто не можа сказаць, што прымусіла Любку перастаць скардзіцца. Дзядзька Мілан, напрыклад, сцвярджае, што ў Любкі ад скаргаў здзервянеў язык, таму яна больш і не скардзіцца. Цётка Марта думае інакш: у Любкі язык здзервянеў не ад скаргаў, а ад спалоху. На лячэнні ў Марыянскіх Лазнях пра такія выпадкі расказваў доктар Кабліга. Кшталту, дзіцяці дастаткова паказаць штосьці жахлівае, каб ад страху ў яго імгненна здзервянеў язык. Тата памятае, што гэта было якраз тады, калі дзядзька Мілан павёз стрыечных сясцёр і братоў ва ўстанову для непаслухмяных дзяцей. Ніхто не ведае, што сталася, але ў дзяцей там ад жаху здзервянелі галовы. Матуля згадвае, што з таго часу дзеці ўжо не кідаліся на булкі, а толькі паслухмяна і ціха сядзелі ў куце. У Каткі язык здзервянеў пасля таго, як дзядзька Мілан ёй паказаў фатаграфію дырэктара ўстановы для непаслухмяных дзяцей прафесара Самаеда. Дзядзька Мілан, аднак, сцвярджае, што, калі б Любка не наскардзілася, што дзеці б’юцца сваімі драўлянымі галовамі, ніякі язык у яе не здзервянеў бы. Цётка Марта яшчэ адзначыла, што драўляны язык сёння больш пашыраная з’ява, чым драўляныя галовы. Тата наракае, што ў суседскага Фердзіка здзервянелі толькі вушы, і гэта несправядліва. Матуля кажа, што драўляную галаву і вушы можна залекаваць, але язык — не. І дзядуля хацеў бы штосьці сказаць, але ўжо старэнькі, і ў яго галаве штосьці гудзіць, трашчыць і грыміць.

Казка пра хлопчыка, які чвякаў

 

Жыў адзін хлопчык, які еў і чвякаў так, што чуў увесь шматпавярховы дом. Гэта вельмі турбавала яго клапатлівых бацькоў. Яны звярталіся да розных дактароў, раіліся са спецыялістамі, спрабавалі розныя лекі, але нічога не дапамагала. Хлопчык увесь час чвякаў за сталом, а бацькі пакутавалі яшчэ і праз суседзяў, якія рознымі спосабамі выказвалі сваю незадаволенасць з таго, што вымушаныя трываць гэты шум. Горш за ўсё было ў нядзелю: хлопчык падчас абеду чвякаў утрая гучней, чым у звычайныя дні. Суседзі ж званілі ў дзверы або ў калідоры крычалі розныя абразы. Клапатлівыя бацькі ўвесь час плакалі. З чырвонымі заплаканымі вачыма яны вучылі свайго сына і на каленях прасілі яго, каб перастаў чвякаць. Але ўсё было марна: як пугаю па вадзе. Хлопчык моўчкі ўсё выслухоўваў, але як толькі сядаў есці, адразу пачынаў чвякаць, нібыта ніхто яму нічога не казаў.

Аднойчы бацька не вытрымаў. Сеў і напісаў ліст самаму вядомаму спецыялісту ў галіне чвякання — доктару Касцяжэру — з просьбай вылечыць іх сына. Нарэшце доктар Касцяжэр прыехаў. Гэта быў невысокі сур’ёзны мужчына ў белым халаце. З носа ў яго вытыркаліся доўгія чорныя валасы. Доктар Касцяжэр прынёс з сабой вялізную скураную торбу з невядомымі прыладамі і лекамі. Ён пасадзіў хлопчыка на крэсла і пільна агледзеў. Ліхтарыкам свяціў яму ў рот, вушы і нос. Потым засоўваў туды розныя бліскучыя металічныя прылады і люстэркі, нарэшце засунуў свае кароткія тоўстыя пальцы і пры гэтым штосьці ўвесь час сам сабе мармытаў. Матуля з татам стаялі наводдаль і ўсхвалявана сачылі за ягонымі рухамі. Потым доктар загадаў, каб хлопчыку далі есці. Тата зрабіў бутэрброд з маслам і джэмам, і хлопчык са смакам пачаў есці. Ён весела чвякаў, а доктар за ім пільна сачыў і ківаў галавой. Нарэшце звярнуўся да бацькоў:

— Вымушаны вам сказаць, што з такім сур’ёзным выпадкам я яшчэ не сутыкаўся.

Бацькі перапалохана вылупілі вочы.

— Таму лячэнне будзе складанае, нават, можна сказаць, нетрадыцыйнае, — працягваў доктар.

— Мы зробім усё што спатрэбіцца, — у адзін голас адказалі бацькі, бо ў іх з’явілася надзея, што сын нарэшце перастане чвякаць.

— Адзіны надзейны спосаб — гэта зашыць вашаму дзіцяці рот, — сказаў доктар Касцяжэр вельмі ціха, каб хлопчык не пачуў. Бацькі збялелі, але пагадзіліся. Яны прагнулі, каб суседзі нарэшце супакоіліся, а з іх сына зрабіўся выхаваны чалавек. Што, калі раптам гэтае чвяканне застанецца ў яго на ўсё жыццё? А потым, калі яны пастарэюць, ён будзе дакараць іх тым, што яны ў свой час нічога не зрабілі? Бацькі схапілі хлопчыка, а доктар, узяўшы іголку і нітку, імгненна зашыў яму рот. Пакінуў толькі невялікую дзірку для харчавання праз саломку.

— Чвякання больш не будзе! — пераможна сказаў доктар. Потым назваў кошт лячэння. Бацька знямеў, але заплаціў.

Доктар пайшоў, а бацькі селі ў кухні і глядзелі на свайго сына. Хлопчык вадзіў вачыма і бурчаў. Падчас вячэры было незвычайна ціха. Хлопчык засоўваў саломку ў бульбу і ні разу не чвякнуў. Бацькі былі шчаслівыя. Увесь дом анямеў ад здзіўлення. Некаторыя суседзі па звычцы паляпалі па сцяне, але адказу не дачакаліся. Усе ўздыхнулі з палёгкай і адчувалі сябе так, нібы па радыё абвясцілі пра заканчэнне вайны. Толькі на наступны дзень хлопчык зразумеў, што праз саломку можна гучна сёрбаць так, каб рабіліся бурбалкі. Ён выпрабаваў усе мажлівыя спосабы сёрбання, потым запомніў самы гучны, які і выкарыстоўваў з раніцы да вечара. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, дарагія дзеці.

Казка пра ненажэрнага Петрыка

 

 У адной краіне жыў хлопчык, якога звалі Петрык. Больш за ўсё на свеце ён любіў сядзець на кухні з лыжкай у руках і чакаць, калі яму дадуць паесці. Ягоных бацькоў гэта вельмі турбавала. Даўней, калі Петрык быў яшчэ зусім маленькім хлопчыкам, яго паказвалі суседзям і знаёмым са словамі:

— Паглядзіце, які ў нас калабок! З’есць усё, што яму дасце!

Суседзі ўсміхаліся, частавалі Петрыка цукеркамі і хвалілі:

— Такога асілка мы яшчэ не бачылі!

Толькі Петрык рос, і яму ўжо не ставала той ежы, што была на яго талерцы: ён патрабаваў усё больш і больш. Часам здаралася такое, што не паспявала матуля дапячы булку, як Петрык яе з’ядаў. Потым яшчэ патрабаваў сабе хлеб з цыбуляй, гарбату, сасіскі, скваркі і нарэшце кавалак сала. Горш за ўсё было ў нядзелю: нярэдка матуля вымушаная была тройчы варыць суп, бо Петрык паспяваў з’есці цэлы рондаль яшчэ да таго, як суп даварыцца. Бацькі спадзяваліся, што ўсё зменіцца, калі Петрык пойдзе ў школу. Думалі, што адукацыя і выхаванне зробяць з яго разумнага чалавека. Але сталася наадварот: на занятках Петрык думаў толькі пра ежу. Ён краў у аднакласнікаў іх абеды, еў пад партай і нічога не слухаў. Бацькі часта на каленях і са слязьмі на вачах прасілі Петрыка, каб ён адумаўся і адмовіўся ад сваёй ненажэрнасці. Петрык іх слухаў, ківаў галавой, але ненажэрнасць не знікала.

Аднойчы, вяртаючыся са школы, Петрык сустрэў нямоглую бабулю, якая несла з крамы поўную торбу. Хлопчык прапанаваў ёй сваю дапамогу. З торбы вытыркалася булка, якую ён спадзяваўся атрымаць на знак падзякі. Дарогай бабуля шмат расказвала пра сваё цяжкае жыццё. Тым часам Петрык не вытрымаў і з’еў булку. Аднак голаду ён не наталіў, а таму незаўважна з’еў усё, што было ў торбе. І яшчэ спадзяваўся, што бабуля з удзячнасці запросіць яго дадому і пачастуе пірагом. Нарэшце яны спыніліся ля яе дому. Петрык аддаў бабулі пустую торбу і спакойна чакаў узнагароды. Бабуля са здзіўлення адкрыла рот, а калі зразумела, што адбылося, паслала праклён:

— Твая ненажэрнасць будзе пакараная! Аднойчы па цябе прыйдзе Абжэрця!

Петрык спужаўся, выпусціў з рук торбу і з плачам уцёк. Вярнуўшыся дадому, ён нічога не сказаў бацькам. Наеўся і палез у ложак, бо пад падушкай быў яшчэ прыхаваны хлеб з маслам.

Пра выпадак з бабуляй Петрык неўзабаве забыўся. Толькі часам яму падавалася, што ён бачыць яе, нямоглую, з дакорлівым позіркам, на іншым баку вуліцы. Петрык заўсёды паказваў ёй язык і ўцякаў. Бабуля была старэнькая і дагнаць яго не магла. Акрамя таго, ніякі Абжэрця не існаваў — гэта ведалі ўсе, — а таму не мог па яго прыйсці.

Толькі аднойчы, калі Петрык з бацькамі сядзеў за сталом і прагна паглынаў ежу, хтосьці пазваніў у дзверы. Матуля здзівілася:

— Хто гэта так позна? — і пайшла адчыняць.

Хвілю яна з кімсьці размаўляла. Калі ж вярнулася, тата на яе дапытліва паглядзеў і спытаў:

— Хто гэта?

— Нейкі спадар Абжэрця, — сказала матуля. — Прыйшоў па нашага Петрыка.

— А чаго ён ад яго хоча? — спытаўся тата.

— Гэтага я не ведаю, але сказаў, што ён найлепшы спецыяліст у галіне ненажэрнасці, — сказала матуля.

У Петрыка ад здзіўлення з рук вывалілася лыжка.

— Але я нікуды не хачу ісці! — крычаў Петрык, хаваючыся пад стол.

Матуля з татам яго ўгаворвалі:

— Калі спадар Абжэрця сказаў, што прыйшоў па цябе, значыць, ты мусіш пайсці з ім.

— Але я не хачу! — крычаў Петрык.

— Спадар Абжэрця хоча вылечыць тваю ненажэрнасць, — казалі бацькі.

— Але я ўжо не ненажэрны! — крычаў Петрык з-пад стала.

Толькі гэта яму не дапамагло. Нягледзячы на зацятае супраціўленне, бацькі выцягнулі яго з-пад стала і аддалі спадару Абжэрцю, які нецярпліва чакаў у калідоры. Потым яны зачынілі дзверы, а калі на вуліцы сціх Петрыкаў раз’юшаны лямант, спакойна даелі вячэру. Яны радаваліся, што нарэшце знайшоўся спецыяліст, які здольны вылечыць Петрыкаву ненажэрнасць. Бацькі былі шчаслівыя, што ўжо больш ніхто не з’есць усё з лядоўні і рондля, што ім не будуць тэлефанаваць раззлаваныя бацькі дзяцей, у якіх Петрык у школе скраў і з’еў перакуску.

Клапатлівыя бацькі кожны дзень чакалі, што іх вылечаны ад ненажэрнасці Петрык, вясёлы і спакойны, пазвоніць у дзверы, і яны яго нарэшце абдымуць. Але чаканне было марным. Ненажэрнага Петрыка больш ніхто не бачыў, не чуў, і ўвогуле ніхто не ведае, што з ім здарылася. Магчыма, гэта ведала старэнькая бабуля, але тая неўзабаве памерла і сваю таямніцу забрала з сабой у магілу. Вось такі лёс чакае ўсіх абжораў, дарагія дзеці.

Казка пра Катку, якая ўсюды гублялася

 

 Упершыню Катка згубілася ў свае два гады. І было гэта ў парку на каруселях. Тата, матуля, бабуля і дзядуля гулялі разам з Каткай па парку і выбіралі, які ж атракцыён будзе для яе найлепшым. Спачатку яе хацелі пасадзіць на арэлі, але дзядуля запратэставаў: маўляў, Катка потым званітуе, а ён з брудным дзіцем па парку хадзіць не хоча. Потым хтосьці прапанаваў дзіцячую чыгунку, але тут не пагадзілася бабуля. Ад гэтага цягніка ёй круціцца галава, а акрамя таго, Катка можа з яго вываліцца. Бабуля ж ёй нічым не зможа дапамагчы, бо ёй будзе круціцца галава.

Нарэшце для Каткі выбралі маленькую дзіцячую карусель. Пасадзілі яе ў машынку, а ў руку далі вялікую цукерку. Тата папярэдзіў, каб моцна трымалася і памахала ім, а ён яе сфатаграфуе. Карусель пачала рухацца, а разам з ёй пабеглі тата, матуля, бабуля і дзядуля. Бегалі і крычалі Катцы, што не трэба баяцца, што яны побач, што потым ёй купяць марозіва і што галоўнае, каб яна не плакала і не ванітавала.

Катацца Катцы падабалася. Бацькі, дзядуля і бабуля, задыханыя, спыніліся і задаволена пазіралі, як Катка ўсміхаецца і махае ім цукеркай. Тата спрабаваў яе сфатаграфаваць, а расчуленыя матуля і бабуля выціралі слёзы. Потым яны зноў пачалі сварыцца. Дзядуля сказаў, што атракцыёнаў на сёння ўжо досыць і што трэба ісці недзе паесці. Матуля з бабуляй запярэчылі, што гэта глупства, што ён увогуле не думае пра дзіця і што яны яшчэ хочуць пайсці з Каткай на арэлі і ў пакой жахаў. Тата сказаў, што ў яго сапсаваўся фотаапарат і што ён з радасцю разбіў бы яго аб зямлю. Усе засяродзіліся на фотаапараце і не заўважылі, як каруселі спыніліся. Першай апамяталася бабуля і з крыкам кінулася да каруселі: “Катка! Кацярынка! Ідзі да бабулі!”

Але ніхто не азваўся. У машынку, дзе яшчэ хвілю таму сядзела Катка, іншыя бацькі ўжо садзілі нейкага румзатага хлопчыка, які роў як бык, а з носа ў яго звісала доўгая зялёная сапля. Усюды мітусіліся людзі, цыган-працаўнік лічыў грошы, гучна грала музыка, а Катка нібы скрозь зямлю правалілася. Бабуля роспачна заміргала, і на яе вачах з’явіліся слёзы. Потым схапілася за сэрца і жаласліва закрычала: “Катка! Кацярынка!”

Узняўся страшэнны пярэпалах. Тата з дзядулем намагаліся спыніць каруселі. Матуля страціла прытомнасць. Бабуля таксама самлела і павалілася на матулю. Іншыя бацькі замітусіліся, правяраючы, ці не згубіліся і іхныя дзеці. Тата вісеў на каруселі, якая працягвала круціцца, і крычаў: “Спыніце! Спыніце!” Дзядуля ўсім даводзіў, што ён прадчуваў бяду. Маўляў, заўсёды, калі пойдзеш на каруселі без падрыхтоўкі і трэніроўкі, здарыцца нейкае няшчасце. На матулю з бабуляй хтосьці выліў вядро халоднай вады, і цяпер абедзве стаялі, трасучыся ад холаду, і крычалі, каб ім вярнулі іх дзіця, іх Катку, Кацярынку.

Потым прыйшоў тоўсты паліцэйскі і пачаў следства. Загадаў спыніць усе каруселі, а для надзейнасці затрымаў цыгана-працаўніка. Потым пацікавіўся ў матулі, дзе знаходзіцца цела памерлага дзіцяці. Матуля зноў самлела і з грукатам павалілася на драўляны памост каля каруселі. Тата адвёў паліцэйскага ўбок і пачаў яму тлумачыць, што ў яго зламаўся фотаапарат і што якраз у той момант усё і здарылася.

— А што здарылася? — пацікавіўся паліцэйскі.

— Згубілася нашая дзяўчынка, нашая Кацярынка, — сказаў тата.

— Ага, — прамармытаў паліцэйскі і задумаўся, што б на яго месцы рабіў лейтэнант Каломба. — Трэба ўсё паслядоўна запісаць, — сказаў ён нарэшце і пачаў шукаць у кішэнях паперу і асадку.

— Мы не можам нічога запісваць! — запратэставаў тата і схапіўся за галаву. — Мы павінныя шукаць нашую Катку, нашую дзяўчынку!

— Пацярпела дзяўчынка? — здзівіўся паліцэйскі, але тата ўжо не звяртаў на яго ніякай увагі. Ён мітусіўся між людзей, якія нервова чакалі, калі ж пачнуць працаваць каруселі, і крычаў:

— Катка, золатка нашае, найпрыгажэйшая ў свеце дзяўчынка!

Нарэшце згубленую Катку знайшлі. Яна сядзела на лаўцы каля арэляў і спакойна ўмінала салодкую вату, якую ёй дала прадавачка. Матуля з бабуляй зноўку расплакаліся, цяпер ужо ад шчасця. Тата з дзядулем пачалі спрачацца, хто ж вінаваты. Дзядуля сцвярджаў, што цыган-працаўнік: калі б ён не спяшаўся з катаннем, нічога б не здарылася. Тата даводзіў, што вінаваты сапсаваны фотаапарат. У жанчын была свая тэорыя: ва ўсім вінаватыя тата, дзядуля, цыган і тоўсты паліцэйскі. Яшчэ хвілю ўсе спрачаліся, а потым пайшлі дадому, каб Катка больш не згубілася. Вырашылі, што больш ужо ні на якія каруселі не пойдуць, таму што не хочуць зноў перажыць такі жах і сорам.

Другі раз Катка згубілася, калі ёй было пяць гадоў. Здарылася гэта на пахаванні дзядзькі Францішка. Дзядзька Францішак — гэта дзядулеў брат. Жыў ён недалёка ад горада і памёр нечакана: задушыўся курынай косткай, якая засела яму ў горле падчас сняданку. Было прыгожае пахаванне, прыехалі госці здалёк і зблізку. Бацькі, дзядуля і бабуля апрануліся ў чорнае, Катцы далі вялікі жалобны букет, і ўсе разам рушылі на могілкі. Усю дарогу спрачаліся наконт таго, ці добра яны зрабілі, узяўшы з сабой Катку. Тата пратэставаў:

— Пяцігадовае дзіця можна было б засцерагчы ад такіх смутных падзей, якія для яе пакуль незразумелыя.

Дзядуля быў і за, і супраць: што, калі Катка раптам зваліцца ў выкапаную яму? Але з іншага боку, чым хутчэй дзіця навучыцца належна паводзіць сябе на пахаванні, тым лепш. Калісьці памрэ і ён, дзядуля, і вельмі не хацелася б, каб на яго пахаванні быў хтосьці, хто не ўмее сябе на такіх мерапрыемствах паводзіць. Матуля з бабуляй былі за: яны падрыхтавалі жалобную прамову і хацелі, каб Катка бачыла, як трэба хадзіць на пахаванне, і каб навучылася прыгожа плакаць.

На могілках было шмат людзей. Усе былі ў чорнай вопратцы і час ад часу голасна плакалі. Бацькі, дзядуля і бабуля спачатку зайшлі ў Дом смутку, каб ушанаваць памяць дзядзькі Францішка. Катку ўзялі з сабою. У святочна прыбранай зале гарэлі свечкі, а ў паветры вісеў дзіўны салодкі пах. Дзядзька Францішак паважна ляжаў у труне ў прыгожым гарнітуры. На вачах у яго былі акуляры, і дзядуля сказаў, што ён выглядае нібы жывы. Матуля з бабуляй тут жа пачалі галасіць. Тата з дзядулем паднялі Катку, каб яна магла добра разгледзець дзядзьку Францішка. З розных бакоў падыходзілі сваякі і знаёмыя, падавалі адно аднаму рукі і казалі словы спагады. На вуліцы пачулася жалобная музыка. Катка разгубілася. Ёй падавалася, што дзядзька Францішак вось-вось выскачыць радасны з труны і далучыцца да астатніх — і ўсе разам яны будуць гуляць па могілках, а потым вернуцца дадому.

Аднак нічога такога не адбылося. Усе выйшлі з Дому смутку, потым вынеслі труну, пачулася галашэнне. Бацькі, бабуля і дзядуля зноў пачалі спрачацца, дзе ім трэба стаяць падчас пахавання. Тата прапанаваў стаць на адну з магілаў і адтуль назіраць, хто зваліцца ў яму. Бабуля сказала, што на магіле ёй заўсёды круціцца галава, і тады яна не можа слухаць жалобныя прамовы. Дзядуля таксама быў супраць. Ён як брат памерлага мае права стаяць каля труны сярод найбліжэйшых сваякоў і гэтую магчымасць  скарыстае. Матуля таксама хацела стаяць ля труны. У выніку ўсе яны ўціснуліся ў натоўп сваякоў і сталі каля ямы. Бабуля тлумачыла Катцы, што ёй трэба будзе рабіць з кветкамі: калі труну пачнуць апускаць у яму і ўсе заплачуць, Катка спачатку прыгожа кіне кветкі на труну, а потым расплачацца. І ні ў якім разе нельга парушыць гэтую паслядоўнасць!

Усе ціснуліся да ямы і нецярпліва тапталіся па чужых магілах. Музыка перастала граць, натоўп расступіўся, і шэсць моцных хлопцаў прынеслі труну з дзядзькам Францішкам. Некалькі жанчын заспявалі, а калі скончылі, пачалося развітанне. Спачатку казаў святар. Ён быў апрануты ў доўгую чорную рызу і чытаў розныя малітвы. Потым казалі прысутныя. Адзін пачаў гучным воклічам: “Францішак!” Іншы, у паляўнічай вопратцы, закончыў выкрыкам: “Няхай жыве паляванне!“ Між тым бацькі, бабуля і дзядуля спрачаліся, хто з іх першым кіне на труну жменю зямлі і хто мае права прымаць спачуванні. Потым зноў загучала жалобная музыка, усе апошні раз загаласілі, а чатыры мужчыны пачалі апускаць труну. Бабуля намагалася плакаць як мага гучней, каб потым сваякі і знаёмыя не наракалі, што яна была недастаткова сумнай на пахаванні дзядзькі Францішка. Але сама між тым пільна сачыла за труной, якую апускалі ў яму. Труны ўжо не было відаць, але кветкі, якія мусіла кінуць Катка, яшчэ так і не праляцелі. Бабуля праз насоўку паглядзела каля сябе — і яе сэрца ледзь не спынілася: Катка... Яе Каткі побач не было!

Жахлівы бабулін крык спалохаў усіх. Чатыры мужчыны, спужаныя, выпусцілі з рук вяроўкі, і труна з грукатам звалілася ў яму. Бабуля страціла прытомнасць і звалілася на гару з пяском. Матуля таксама самлела і звалілася на пахавальныя вянкі. Дзядуля з паднятымі рукамі крычаў: “Стоп! Стоп! Спыніце пахаванне!” Музыкі пачалі граць гучней, вырашыўшы, што пахаванне ўжо скончылася. Дзядуля з бацькам бегалі вакол ямы і спрачаліся, што рабіць. Тата крычаў, што перад тым як засыпаць яму трэба праверыць, ці не ляжыць пад труной іх Катка, іх золатка, найпрыгажэйшая ў свеце дзяўчынка! Матуля і бабуля, ачуняўшы, пачалі заломваць рукі і крычаць: “Катка! Кацярынка!” Чатыры моцныя хлопцы, закасаўшы рукавы, пачалі падымаць труну. Запанавала сумятня. Увесь натоўп прысутных ціснуўся да ямы. Некаторыя думалі, што дзядзька Францішак ажыў і хоча вылезці з труны. Іншыя думалі, што ў выкапанай яме знайшлі скарб і цяпер дзеляць яго паміж прысутнымі. Некаторыя меркавалі, што хтосьці нечакана памёр, і хацелі на яго паглядзець.

Пад выцягнутай труной Каткі не было. Матуля і бабуля жаласна расплакаліся.

— Затапталі нашую дзяўчынку, нашую Катку! — крычалі яны і білі торбамі прысутных. Тата з дзядулем гаротна апусцілі галовы. Яны ўжо ўявілі яшчэ адно пахаванне, на якім будуць развітвацца з іх Каткай, але тут хтосьці нечакана закрычаў:

— Тут яна! Знайшлі!

Катка сядзела на лаўцы каля ўваходу на могілкі, матляла нагамі і чакала, калі скончыцца пахаванне.

Было вельмі сорамна. Бацькі, дзядуля і бабуля дарогаю з могілак увесь час спрачаліся, хто вінаваты. Дзядуля сцвярджаў, што дзядзька Францішак:

— Калі б ён не быў такі ненажэрны і не задушыўся курынай косткай, не было б пахавання і сораму.

Тата абвінавачваў дзядулю, бабулю і матулю: калі б яны не пхаліся да ямы, Катка б у натоўпе не згубілася. Матуля з бабуляй меркавалі інакш. Вінаватыя былі дзядзька Францішак і ўсе астатнія: сваякі, знаёмыя, святар, працаўнікі могілак, жалобны аркестр, дзядуля і тата. Нарэшце ўсе прыйшлі да агульнай высновы, што на пахаванне з Каткай больш ніколі не пойдуць, бо яшчэ адной ганьбы не хочуць, а акрамя таго ўсе сваякі будуць іх цяпер абгаворваць і заслужаць сабе тое, што яны — матуля, тата, бабуля і дзядуля: не прыйдуць да іх на пахаванне.

Трэці раз Катка згубілася ў свае шэсць гадоў. Было гэта ў краме. Набліжаліся Каляды, а таму бацькі, бабуля і дзядуля вырашылі што-нішто набыць. Усю дарогу спрачаліся, што яны купяць у першую чаргу. Дзядуля казаў, што яму трэба новы капялюш. Без новага капелюша ў яго можа забалець галава, а таму трэба спярша ісці ў аддзел з капелюшамі. Тата быў супраць: яму трэба новыя рукавіцы. Калі ён не набудзе новых рукавіцаў, у яго адмерзнуць рукі, а як ён потым будзе расчэсвацца і галіцца? Матуля з бабуляй хацелі сабе набыць новыя боты, а Катцы — хатнія пантофлікі. Калі яны не набудуць новы абутак, у іх адмерзнуць ногі, і яны не змогуць хадзіць у краму, а ўся сям’я памрэ з голаду. Ці, можа, у краму будуць хадзіць дзядуля з татам? У выніку вырашылі, што спачатку пойдуць у аддзел з абуткам.

Людзі, абвешаныя торбамі, мітусіліся паміж аддзеламі. Абутак знаходзіўся на трэцім паверсе, куды трэба было падымацца на эскалатары. Бацькі, бабуля і дзядуля пачалі спрачацца, ці бяспечна для Каткі падымацца на эскалатары. Дзядуля быў супраць: ён чытаў у газеце, што эскалатар можа засмактаць малых дзяцей. Акрамя таго, па тэлевізары паказвалі, як аднойчы эскалатар раз’ехаўся, некалькі чалавек з жахлівым крыкам зніклі ў чорнай яме, і іх больш ніхто не бачыў. Тата прапанаваў пайсці па прыступках. Гэта якраз побач з аддзелам рукавіцаў. Матуля з бабуляй не пагаджаліся: яны ўжо адчувалі, што ў іх адмярзаюць ногі, таму па прыступках яны не пойдуць. Эскалатар небяспечны для няўважлівых людзей і тых, хто ўсё на свеце ламае. З выхаваным чалавекам нічога дрэннага не здарыцца. Спачатку няхай ідзе дзядуля, потым тата, потым Катка, а за ёй, як ахова, бабуля і матуля. Тата прапанаваў, каб на эскалатары ехалі толькі матуля і бабуля, а ён пойдзе з Каткай пешкі. Бабуля запярэчыла, што ёй на эскалатары круціцца галава, а таму яна можа паваліцца і зламаць нагу. Навошта ёй тады будуць новыя боты? На эскалатары павінныя ехаць усе.

Катка іх спрэчкі не слухала. Вырашыла, што спачатку паназірае за эскалатарам, а потым, калі гэта будзе магчыма, пакатаецца на ім. Яна стала блізка каля яго і нават не заўважыла, як яе падхапіў натоўп людзей і паставіў на рухомыя прыступкі. Эскалатар вёз яе ўсё вышэй і вышэй, і яна магла бачыць мітуслівых людзей, розныя аддзелы, бацькоў, бабулю і дзядулю, якія спрачаліся.

Першай апамяталася бабуля. Яна азірнулася, не ўбачыла Каткі і спалоханым голасам закрычала:

— Катка! Кацярынка, дзе ты?

Бацькі і дзядуля здранцвелі ад жаху. Першай ачуняла матуля:

— Дачушка мая! — закрычала яна на ўсю моц і тут жа страціла прытомнасць.

Дзядуля падбег да людзей, што стаялі каля эскалатара, і закрычаў:

— Спыніце! Стоп!

Людзі разбегліся ва ўсе бакі. Тата падбег да першай прадавачкі, схапіў яе за вопратку і закрычаў:

— Вы павінныя мне дапамагчы! Гаворка пра чалавечае жыццё! Званіце ў паліцыю! Званіце пажарным! Паклічце дырэктара крамы!

Спачатку прыйшоў дырэктар крамы, потым прыехалі пажарныя і паліцыя. Зачынілі ўсю краму і пачалі пошук. Але ніхто нават не ведаў, што шукаць, бо матуля з бабуляй былі без прытомнасці, а тата сядзеў на крэсле, схапіўшыся рукамі за галаву, і ні з кім не размаўляў. Толькі дзядуля быў пры розуме. Дырэктару крамы, пажарным і паліцыі ён тлумачыў, што ён па тэлевізары бачыў, як эскалатар паглынаў малых дзяцей, і што іх Катцы нельга было ехаць на эскалатары без папярэдняй падрыхтоўкі і трэніроўкі.

Нарэшце Катку знайшлі. Яна сядзела ў дзіцячым аддзеле на трэцім паверсе і ўмінала марозіва, якое ёй дала нейкая бабуля. Пажарныя і паліцыя паехалі, крама зноў запрацавала, а дырэктар раззлаваўся. Катку, бацькоў, дзядулю і бабулю ён завёў у свой кабінет, надзейна зачыніў дзверы і пачаў крычаць. Спачатку крычаў пра вялікі сорам, які перажыла іх вядомая крама. Праз бацькоў, бабулю і дзядулю ён страціў шмат кліентаў. І гэта ўсё без дай прычыны. У іх вядомай краме ёсць аддзел для згубленых дзяцей. Некаторыя дзеці там знаходзяцца нават некалькі месяцаў, пакуль іх не знойдуць бацькі. Але яшчэ ні разу ніхто не выклікаў пажарных і паліцыю! Ці ведаюць яны, бацькі, бабуля і дзядуля, колькі каштуе такі выезд пажарных і паліцыі? Мільёны! Мо яны хочуць заплаціць? Матуля з бабуляй расплакаліся, а дырэктар крычаў далей:

— Пакаранне смерцю за кожную фальшывую паніку!

Ён бы ўласнаручна ажыццявіў пакаранне перад крамай! А пажарныя і паліцыя яму б з радасцю дапамаглі. Бацькі, бабуля і дзядуля няхай радуюцца, што іх пакараюць толькі забаронай наведваць гэтую краму. Не кажучы пра тое, што з імі яшчэ хоча сустрэцца дырэктар паліцыі і пажарнай службы!

Дадому ўсе вярталіся сумныя і з апушчанымі галовамі. Яны не толькі не набылі капялюш, рукавіцы, боты і пантофлікі, але вымушаныя былі яшчэ і заплаціць вялікі штраф за фальшывы выклік.

Тата раз’юшана і бяссільна скрыгатаў зубамі, а потым сказаў, што ва ўсім вінаватыя бабуля, матуля і дзядуля. Калі б яны не затрымаліся перад эскалатарам, нічога б не здарылася. Матуля з бабуляй плакалі і наракалі на тату, што ён увогуле не клапоціцца пра Катку і што з радасцю аддаў бы яе на з’ядзенне эскалатару.

Дзядуля сказаў, што ва ўсім вінаваты дырэктар крамы. Калі б ён зрабіў аддзел абутку на першым паверсе, яны б не пайшлі на трэці, і нічога б не здарылася. Бабуля з матуляй сказалі, што ва ўсім вінаватыя тата, дзядуля і дырэктар крамы. Не думаюць ні пра што, акрамя забавы, а потым у крамах губляюцца дзеці. Яшчэ добра, што Катка знайшлася, бо інакш дырэктар крамы заплаціў бы ім штраф. Нарэшце ўсе пагадзіліся, што ў гэтую краму больш не пойдуць, бо ніколі не ведаеш, што цябе там чакае, і можаш страціць усе грошы.

Чацверты раз Катка згубілася ў заапарку. Бацькі, бабуля і дзядуля думалі, што яе скралі малпы. Таму адчынілі ім клеткі. Усе малпы ўцяклі і пры гэтым яшчэ скралі ў дзядулі парасон.

Пяты раз Катка згубілася ў тэатры. Бацькі, бабуля і дзядуля сапсавалі сваім крыкам спектакль. Яны выбеглі на сцэну і прасілі ўсіх гледачоў дапамагчы ім у пошуках згубленай дзяўчынкі Каткі. Наведнікі падумалі, што пачаўся пажар, і ў жаху разбегліся, пры гэтым у матулі з бабуляй хтосьці скраў паліто.

Шосты раз Катка згубілася на вяселлі тоўстай цёткі Мар’яны. Бацькі, бабуля і дзядуля спынілі вяселле якраз у той момант, калі жаніх павінен быў сказаць сваё “так”. Усе пачалі шукаць Катку, а жаніх уцёк разам з вясельнымі падарункамі. Тоўстая цётка Мар’яна качалася па зямлі і крычала, што яна на ўсё жыццё зняважаная і што няхай бацькоў, бабулю і дзядулю заб’е пярун.

Сёмы раз Катка згубілася падчас шпацыру ў парку. Бацькі, бабуля і дзядуля спрачаліся, што будуць рабіць, калі пачнецца дождж. Дзядуля даводзіў, што ён змокне, захварэе і памрэ, таму што парасон у яго скралі малпы. Матуля з бабуляй сказалі, што ў іх малпы не скралі парасоны, а таму яны не змокнуць, але трэба сачыць, каб Катка не звалілася ў лужыну. Тата сказаў, што ў такім парку ў любы момант могуць абакрасці і нават забіць. Нечакана пачалася навальніца. Бацькі, бабуля і дзядуля на хвілю разгубіліся, а потым хуценька пабеглі дадому. Толькі выйшаўшы з парку, яны зразумелі, што згубілі Катку. Вярнуліся ў парк і пяць гадзін шукалі яе пад дажджом. Пры гэтым іх абакралі, забралі парасоны, бабуля з матуляй зваліліся ў лужыну, а дзядуля прастыў і захварэў. Катку знайшлі толькі пасля дажджу. Яна сядзела ў альтанцы каля выхаду з парку і цярпліва іх чакала.

Восьмы раз Катка згубілася на футбольным матчы. Бацькі, бабуля і дзядуля выбеглі на стадыён, спынілі гульню, тлумачылі футбалістам, суддзям і трэнерам, што на стадыёне згубілася Катка і яны дзеля захавання дзіцячага жыцця просяць пачаць пошукі. Футбалісты выгналі іх са стадыёна. Пры гэтым тату парвалі пінжак, матулі насунулі на галаву яе торбу, дзядулю паламалі новы парасон, а ў бабулю кінулі мячом.

Дзявяты раз Катка згубілася ў цягніку. Бацькі, бабуля і дзядуля былі ўпэўненыя, што яна вывалілася на рэйкі ў прыбіральні, а таму сарвалі стоп-кран. Усчалася паніка: хтосьці крыкнуў, што ў цягніку бомба, усе кінуліся наўцёкі. Машыністы адчапілі лакаматыў і таксама зніклі. У выніку цягнік спазніўся на шэсць гадзін, а бацькоў, бабулю, дзядулю і Катку зачынілі ў паштовым вагоне, каб потым перадаць у рукі чыгуначнай паліцыі.

Дзясяты раз Катка згубілася ў гасцях у цёткі Магды. Бацькі, бабуля і дзядуля паставілі з ног на галаву ўсю кватэру цёткі Магды, разабралі лядоўню і пральную машыну, адкруцілі батарэі, паднялі на ногі ўсіх суседзяў і нарэшце знайшлі Катку на лаўцы перад домам.

Так Катка гублялася дзвесце семдзесят адзін раз. Бацькі, бабуля і дзядуля яе заўсёды старанна шукалі, але калі Катка згубілася дзвесце семдзесят другі раз, гэта было ўжо занадта. Дзядуля сказаў, што ён старэнькі і хоча яшчэ крыху пажыць на пенсіі. Нікога шукаць ён больш не будзе, бо гэта дрэнна ўплывае на яго здароўе. Тата абвясціў, што Катка ўжо дарослая і не павінная губляцца. І што ён таксама не хоча нікога шукаць. Кожны, хто згубіцца, няхай знойдзецца сам. Матуля з бабуляй паплакалі, а потым сказалі, што ад гэтага безупыннага шукання згубленай Каткі ім баляць ногі. І калі трэба будзе яшчэ раз кагосьці шукаць, іх ногі апухнуць, счарнеюць і адваляцца. Яны таксама больш не будуць шукаць Катку. Калі згубіцца, няхай вяртаецца дадому сама: ведае, дзе жыве. Такім чынам, бацькі, бабуля і дзядуля вырашылі, што досыць ужо шукаць згубленую Катку.

Дзвесце семдзесят трэці раз Катка згубілася на вакзале. Бацькі, бабуля і дзядуля сустракалі там дзядзьку Ёзэфа, які з падарункамі вяртаўся з далёкага падарожжа. Яны ўвесь час спрачаліся, дзе яго лепей чакаць. Тата даводзіў, што на шостым пероне, каля якога заўсёды спыняюцца міжнародныя цягнікі. А калі яны правільна размяркуюцца, то дзядзьку Ёзэфа не прапусцяць. Дзядуля сказаў, што лепш пачакаць яго ў кавярні. Дзядзька Ёзэф будзе галодны, а яны яго парадуюць сасіскамі з гарчыцай і півам. Матуля з бабуляй не пагаджаліся. Яны сабе ўжо ўявілі сустрэчу ў вакзальнай зале. Дзядзька Ёзэф вынырне з натоўпу, загарэлы і вясёлы, абвешаны торбамі. Яны яго радасна прывітаюць, Катка прачытае верш, а потым дзядзька Ёзэф пачне раздаваць падарункі. Тата сказаў, што ў зале будзе шмат людзей, і дзядзька Ёзэф можа іх не знайсці — застануцца тады ўсе без падарункаў. У выніку вырашылі чакаць на пероне.

Цягнік спазняўся на пяцьдзясят хвілін. Бацькі, бабуля і дзядуля мітусіліся на пероне і спрачаліся, чаму цягнік спазняецца. Дзядуля сцвярджаў, што цягнік сышоў з рэек. Спазняўся, спяшаўся і на павароце сышоў з рэек. Тата пярэчыў, сцвярджаў, што цягнік затрымаўся на мяжы. Мытнікі доўга шукалі і забралі ў дзядзькі Ёзэфа ўсе падарункі. А таму яны марна чакаюць: дзядзька Ёзэф ім нічога не прывязе. Матуля з бабуляй сказалі, што ім чаканне не замінае, бо Катка якраз можа паўтарыць верш. Акрамя таго дзядзьку Ёзэфу будзе вельмі цікава даведацца, што ў Каткі вываліліся два пярэднія малочныя зубы.

Раптам загучала вакзальнае радыё і абвясціла, што на шосты перон прыязджае міжнародны цягнік са спазненнем на пяцьдзясят хвілін. Пачалася мітусня. Бацькі, бабуля і дзядуля спрачаліся, у якім вагоне будзе дзядзька Ёзэф. Дзядуля сказаў, што ў першым, бо добра памятае, што дзядзька Ёзэф заўсёды ездзіць у першым вагоне. Цягнік якраз пад’язджаў, і бацькі разам з дзядулем і бабуляй кінуліся да першага вагона. Яны беглі побач з ім, пакуль цягнік не спыніўся і не пачалі выходзіць людзі. Але дзядзькі Ёзэфа сярод іх не было. Бабуля прапанавала пайсці да апошняга вагона, таму што калі б цягнік сышоў з рэек, то апошні вагон не пацярпеў бы, а дзядзька Ёзэф, імаверна, ехаў у ім. Але і ў апошнім вагоне дзядзькі Ёзэфа не было. Бацькі, дзядуля і бабуля пабеглі ў вакзальную залу. Усюды мітусіліся задаволеныя пасажыры, абвешаныя вялікім торбамі. Але дзядзькі Ёзэфа сярод іх не было. Не было яго ані ў вакзальнай кавярні, ані ў прыбіральні, ані ў пачакальні. Бацькі, дзядуля і бабуля яшчэ гадзіну бегалі па вакзале ў пошуках дзядзькі Ёзэфа. Тата казаў, што ён дзесьці закопвае падарункі, каб ні з кім не дзяліцца. Дзядуля сказаў, што яму ніякіх падарункаў не трэба. Навошта яму падарункі, калі праз гэтае беганне ён і так памрэ? Матуля з бабуляй казалі, што трэба вырашыць, чакаць наступны міжнародны цягнік або пайсці дадому, бо Катцы ўжо баляць ногі. У доказ сваіх словаў яны хацелі паказаць Катку, якой баляць ногі, але не знайшлі яе: тая згубілася. Бацькі, бабуля і дзядуля на хвілю здранцвелі ад жаху, але потым азваўся дзядуля:

— Катка нас, мабыць, ужо чакае дома перад тэлевізарам.

Тата меркаваў інакш:

— Катка чакае нас каля вакзала, каб здзівіць новай цукеркай.

Матуля з бабуляй пярэчылі:

— Катка сядзіць разам з дзядзькам Ёзэфам на лаўцы перад домам і цешыцца з падарункаў, якія атрымала.

Але Каткі не было ні каля вакзала, ні на лаўцы ля дома, ні ў кватэры перад тэлевізарам. Бацькі, дзядуля і бабуля пабеглі назад на вакзал і запатрабавалі спыніць усе цягнікі, бо згубілася іх дзяўчынка, іх Катка. Але крычалі яны дарэмна: цягнікі ніхто не спыніў, яны прыязджалі і ад’язджалі, а Каткі нідзе не было.

І так атрымалася, што бацькі, дзядуля і бабуля Катку ўжо ніколі не знайшлі. Яны дагэтуль сядзяць на кухні і спрачаюцца, дзе б магла быць Катка. Дзядуля сцвярджае, што Катка катаецца на цягніках па ўсім свеце. То ў адным месцы, то ў другім, таму яе ніхто не можа знайсці. Тата даводзіць:

— Катку знеслі гандляры дзецьмі, якія крадуць малых, а потым прадаюць іх за вялікія грошы на медыцынскія эксперыменты.

Матуля з бабуляй наракаюць праз слёзы:

— Катка падчас гэтых эксперыментаў будзе бегаць без шаліка і захварэе. Трэба нам знайсці нейкага гандляра дзецьмі і папрасіць яго, каб ён нашай Катцы перадаў невялікую пасылку, у якой будуць шалік, капялюш і рукавіцы.

А таксама яны б яго папрасілі, каб ён перадаў ёй прывітанне ад бацькоў, бабулі і дзядулі і каб сказаў, што ўзімку трэба абавязкова насіць шалік, і што нельга есці шмат салодкага, і што перад сном трэба заўсёды чысціць зубы. Потым пачынаюць спрачацца, хто вінаваты. Тата сцвярджае...

Казка пра румзалу і грубіяна Душана

 

Душан быў добры хлопчык, але меў адну дрэнную рысу: ён увесь час румзаў. Гэта не было б так невыносна, калі б здаралася толькі раз на тыдзень. Але ён румзаў кожны дзень з раніцы да вечара. Ніхто не мог гэтага вытрымаць, а таму ўсе вар’яцелі.

Першай звар’яцела цётка Марта, стрыечная сястра мамінай бабулі. Аднойчы яна вырашыла забраць Душана з дзіцячага садка і пайсці з ім па марозіва. Яна ўяўляла, што яны сядуць у парку на лаўцы, будуць лізаць марозіва, а яна будзе расказваць пра птушачак, вясёлых зверанятак і кветачкі. Усе цётку Марту адгаворвалі, на каленях прасілі адмовіцца ад гэтага намеру. Але марна. Цётка Марта надзела прыгожы летні капялюш, узяла новы парасон і заспяшалася ў садок па добрага хлопчыка Душана.

Душан спачатку быў нібыта вясёлы і задаволены. З радасцю пайшоў у краму па вялікую порцыю марозіва, але як толькі яны з цёткай Мартай уселіся на лаўку, тут жа пачаў румзаць. Спачатку наракаў, што не паспявае лізаць марозіва, якое цячэ ў яго па руках. Потым яму не спадабаліся птушачкі, кветачкі і вясёлыя звераняткі. Цётка Марта ад здзіўлення раскрыла рот, але не паспела яшчэ нічога сказаць, як Душан ужо бурчэў, што яму не падабаецца яе летні капялюш і новы парасон. Потым ён штосьці гыркнуў старэнькай бабулі, якая, праходзячы побач, пацікавілася, як яго завуць і ці падабаецца яму марозіва. Цётка Марта са здзіўленнем і жахам падскочыла і хацела ўжо на Душана насварыцца, але не паспела. Праз Душанава румзанне і грубіянства яна звар’яцела, збегла, і ніхто яе больш не бачыў. Толькі пазней дзесьці знайшлі яе прыгожы летні капялюш.

Потым звар’яцела цётка Паўліна, малодшая сястра бацькавай хроснай. Яна вырашыла схадзіць з Душанам у заапарк, каб паказаць яму тыгра, льва, мядзведзя і нейкім цудадзейным спосабам вылечыць яго ад румзання і грубіянства. Усе цётку Паўліну адгаворвалі, на каленях прасілі адмовіцца ад гэтага намеру. Але марна. Цётка Паўліна надзела вясёлую стракатую спадніцу, узяла вялізную торбу з шакаладкамі ды цукеркамі і разам з Душанам рушыла ў заапарк.

Душан быў спачатку паслухмяны і паводзіў сябе прыстойна. Запіхваючы ў рот цукеркі, ён уважліва слухаў цётку Паўліну, якая ля кожнай жывёліны голасна што-небудзь расказвала і весела размахвала торбай. Але падышоўшы да вальера з ільвамі, Душан пачаў румзаць. Сказаў, што львы смярдзяць, а яго зусім не цікавяць смярдзючыя львы. Не цікавяць яго і мядзведзі, бо і яны смярдзяць. Нават яшчэ больш, чым ільвы. Здзіўленая цётка Паўліна вылупіла вочы і запярэчыла, што мядзведзі дакладна не смярдзяць, бо часта купаюцца, ездзяць на роварах і гуляюць у футбол. Трэба толькі падысці да вальера з мядзведзямі — і ён сам пераканаецца. Душан сказаў, што нікуды ён не пойдзе і што малпы, коні, змеі, папугаі, жырафы і чарапахі таксама смярдзяць. Увесь заапарк смярдзіць, а больш за ўсіх смярдзіць цётка Паўліна. А ён хоча дадому — і кропка. Цётка Паўліна ад здзіўлення самлела, выпусціла з рук торбу і схапілася за сэрца. Хацела яшчэ штосьці сказаць або закрычаць, але не паспела. Праз Душанава румзанне і грубіянства яна звар’яцела і ўцякла з заапарку. Ніхто больш цётку Паўліну не бачыў, толькі пазней дзесьці знайшлі яе вясёлую стракатую спадніцу.

Трэцяй звар’яцела цётка Ружана, а чацвертым — дзядзька Альберт. Абое вырашылі пайсці з Душанам у тэатр на дзіцячы спектакль. Усе іх адгаворвалі, на каленях прасілі адмовіцца ад гэтага намеру. Але марна. Цётка Ружана надзела святочную ружовую сукенку, дзядзька Альберт — чорны гарнітур. Яны ўзялі Душана за руку і пайшлі ў тэатр.

Душан спачатку быў вясёлы і задаволены. Сядзеў разам з цёткай Ружанай і дзядзькам Альбертам у першым шэрагу і сачыў за акторамі, якія смешна тупаталі, крычалі адно на аднаго і качаліся па сцэне. Але потым прыйшоў чорт у паляўнічай форме і пачаў усіх актораў даганяць, каб узняць іх на доўгія вострыя вілы. Душану гэта не спадабалася, і ён пачаў румзаць. Сказаў, што чорт дурны і страшны, што дзядзька Альберт павінен выйсці на сцэну, каб пабіць чорта і прагнаць прэч. Дзядзька Альберт вылупіў вочы і пачаў штосьці сабе пад нос бурчэць. Але Душан яго не слухаў. Ён румзаў і наракаў на тэатр, заслону, люстру, дыван, плюшавыя сядзенні і ўсіх дзяцей, якія разявіўшы раты глядзелі на сцэну, дзе чорт якраз збіраўся забіць прыгожую прынцэсу. Румзанне і нараканне Душана, як загадкавае атрутнае рэчыва, разлівалася па ўсім тэатры і нарэшце дайшло да актораў. Тыя спалохаліся і забылі свае ролі. Чорт, замест таго каб забіць прынцэсу, узняў на вілы мужнага прынца, той паваліўся і перакуліў хатку, у якой жыла Баба Яга. З хаткі выбег актор, замаскіраваны пад воўка, зачапіўся і паваліўся на старога караля. Стары кароль здзіўлена ўскрыкнуў і зваліўся са сцэны на аркестр. На сцэну выбеглі іншыя акторы. Чапляючыся за рэквізіт, яны разгублена дэкламавалі ўсё, што памяталі. Пачалася жахлівая мітусня. Цётка Ружана папярэдзіла Душана, каб ужо скончыў румзаць, але ён тут жа пачаў ганьбіць яе ружовую сукенку і сказаў, што ў дзядзькі Альберта стаптаны абутак. Цётка Ружана тут жа звар’яцела і выбегла на сцэну, дзе далучылася да актораў. Дзядзька Альберт падскочыў, абураны і раззлаваны, хацеў ужо насварыцца на Душана, але звар’яцеў таксама і ўцёк з тэатра. Больш дзядзьку Альберта ніхто не бачыў, толькі потым дзесьці знайшлі ягоны стаптаны абутак.

Пасля гэтага выпадку было ўжо зразумела, што так ці інакш звар’яцее кожны, хто пачуе румзанне і грубіянства Душана. Некаторыя спужаліся і з’ехалі прэч. Іншыя прапаноўвалі аддаць Душана на лячэнне спецыялістам у галіне румзання. Былі і такія, што тэрмінова хацелі адвезці Душана ва ўстанову для непаслухмяных дзяцей, дзе яго неяк вылечыць прафесар Самаед. Але матуля і тата запратэставалі. Яны сказалі, што ў нядзелю цётка Груня будзе адзначаць сваё васьмідзесяцігоддзе, і ўсе запрошаныя да яе на народзіны. Як гэта будзе выглядаць, калі яны прыйдуць без Душана і скажуць, што аддалі яго ў нейкую ўстанову для непаслухмяных дзяцей жахліваму прафесару Самаеду? Пасля гэтых словаў усе засмуціліся, але потым вырашылі, што адвязуць Душана ва ўстанову для непаслухмяных дзяцей пасля народзінаў цёткі Груні.

У нядзелю ўсе, святочна ўбраныя, з падарункамі і кветкамі, паехалі да цёткі Груні. Ужо ў дарозе звар’яцела цётка Анежка, швагерка бацькавага брата. У аўтобусе яна сядзела побач з Душанам і спрабавала забаўляць яго цукеркамі і рознымі цікавымі рэчамі за акном: будынкамі, дрэвамі, машынамі, хмарамі, людзьмі і травой. Спачатку Душану гэта падабалася, але потым ён пачаў румзаць і наракаць, што аўтобус едзе вельмі павольна, а ва ўсіх неяк дзіўна трасуцца галовы, і праз гэтае трасенне ў галаве цёткі Анежкі, відаць, усё перакруцілася. Цётка Анежка пасля гэтых словаў тут жа звар’яцела: яе вымушаныя былі высадзіць з аўтобуса і пакінуць ля дарогі.

Нарэшце аўтобус спыніўся на ўскрайку горада перад старым мураваным домам. Усе выйшлі, з крыкам і тупатам пабеглі на восьмы паверх, дзе жыла цётка Груня. Душан, вядома, пачаў румзаць. Наракаў, што не можа ўжо ісці і лепш паедзе на ліфце. Дзядзька Павел, малодшы брат мамінай стрыечнай сястры, прапанаваў Душану сесці яму на плечы. Усе дзядзьку адгаворвалі, на каленях прасілі адмовіцца ад гэтага намеру. Але марна. Дзядзька Павел пасадзіў Душана на плечы і мужна накіраваўся ўверх па прыступках. Але ўжо на трэцім паверсе праз Душанава румзанне звар’яцеў, апусціў яго на зямлю і з дзіўнымі крыкамі кудысьці знік. Ніхто яго больш не бачыў і не чуў.

Душан быў вымушаны падняцца на восьмы паверх сам, бо ад яго румзання ўсе схаваліся ў цёткі Груні. Цётка Груня была вельмі старэнькая і глухая бабуля, але гэта ёй не перашкаджала радавацца гасцям. Усе яе абдымалі, цалавалі і віншавалі з народзінамі. Потым селі за святочны стол. Пра Душана забыліся і спадзяваліся, што ён недзе заблукаў або яго з’ела нейкая ненажэрная жывёліна. Аднак спадзяваліся дарэмна. Яшчэ нават не паспелі даесці суп, як на калідоры пачуўся крык. Самым мужным выявіўся дзядзька Фелікс, малодшы сын цёткі Груні. Ён асцярожна прачыніў дзверы і ўбачыў на калідоры натоўп суседзяў. Усе злосна крычалі і махалі рукамі. Наперадзе стаяў Душан, які румзаў і наракаў так, што суседзі не вытрымалі і, звар’яцеўшы, разбегліся ва ўсе бакі. Звар’яцеў і дзядзька Фелікс, а за ім і цётка Мар’яна, якая праз цікаўнасць выйшла на калідор паглядзець, што адбываецца.

Цётка Груня ўзрадавалася Душану. Выслухала ягоныя віншаванні і пасадзіла каля сябе за святочным сталом. Усе збянтэжана маўчалі і чакалі, што будзе далей. Але нічога не адбывалася. Душан, пакуль падымаўся на восьмы паверх, згаладаўся і цяпер з задавальненнем еў, ні на кога не зважаючы. Усе з палёгкай уздыхнулі. Паеўшы, госці налілі сабе віна і пачалі абмяркоўваць Душанава румзанне і грубіянства. Некаторыя сцвярджалі, што Душан румзае, бо галодны:

— Трэба яго накарміць, і ўсё будзе ў парадку.

Іншыя меркавалі, што ўся справа ў рэчах, якія выклікаюць румзанне. Як прыклад згадвалі дзядзьку Альберта:

— Калі б ён не хадзіў у стаптаным абутку, Душан не румзаў бы, а дзядзька Альберт не звар’яцеў бы.

Некаторыя казалі, што Душанава ныццё знікне гэтак жа нечакана, як і з’явілася.

— З нічога ніякага румзанне знікне, — казалі яны весела, але ніхто не верыў. Усе глядзелі на Душана, які спакойна ўмінаў яблычны пірог, і чакалі, што ж будзе далей.

Нарэшце дзядзька Антон, муж мамінай старэйшай сястры, вырашыў, што для агульнай весялосці зайграе на баяне. Усе яго адгаворвалі, на каленях прасілі адмовіцца ад гэтага намеру: цётка Груня ўсё роўна нічога не чуе, і ўсім дастаткова толькі разам раскрываць рот. Але марна. Дзядзька Антон выцягнуў баян і пачаў граць. Душан сцішыўся і хуценька даеў пірог. Дзядзька Антон радасна абвясціў, што першая песня прагучыць у гонар імянінніцы цёткі Груні, а потым весела зайграў і заспяваў. Яго моцны голас скалануў пакой, гэты спеў, безумоўна, пачула нават цётка Груня, якая шчасліва ўсміхалася. Душан паводзіў сябе міла і прыстойна. Здавалася, што ён нічога не мае супраць музыкі, а таму і астатнія госці адважыліся далучыцца да спеву. Усе разам заспявалі вясёлую песню.

Усё сапсавала цётка Эма, стрыечная сястра мамінага хроснага. Заўважыўшы, што Душан не спявае, яна вырашыла навучыць яго хоць бы адной песні. Калі б пра гэты намер ведалі астатнія, яны напэўна сталі б перад цёткай Эмай на калені і прасілі яе адмовіцца ад гэтага намеру. Магчыма, нават забаранілі б ёй, а можа, звязалі б яе, заткнулі б ёй рот і зачынілі ў шафе. Але ўсе спявалі і не звярталі на яе ўвагі. Цётка Эма незаўважна села каля Душана і пацікавілася, ці падабаюцца яму песні. Душан сказаў, што так, падабаюцца. Потым яна спыталася, ці не хацеў бы Душан нейкую песню заспяваць. Душан адмоўна пакруціў галавой. Цётка Эма заўважыла, што спяваць нескладана і на гэта здольны кожны. Яна заспявае, а Душан далучыцца і пераканаецца, як гэта лёгка. І тут жа заспявала. З вясёлай усмешкай яна спявала песню, якую граў дзядзька Антон. Душану гэта не падабалася. Ён імгненна пачаў румзаць і наракаць, што цётка Эма не спявае, а крычыць, і што яе голас нагадвае яму кваканне тоўстай жабы. Акрамя таго, яму бачныя ўсе пломбы ў яе зубах, а ў носе — валасы. Цётка Эма ад здзіўлення вылупіла вочы. Замест яе спеву было чуваць ужо толькі нейкае бурчанне. Магчыма, яна хацела яшчэ штосьці сказаць, але не паспела. Звар’яцела, звалілася пад стол, а адтуль плазам папаўзла ў калідор і па прыступках кудысьці прэч.

Усе замітусіліся: кінуліся наўцёкі, імкнучыся ўратавацца ад вар’яцтва. Некаторыя не паспелі і звар’яцелі за сталом. Іншыя звар’яцелі, калі ўставалі, некаторыя — ужо ў калідоры. Больш спрытныя схапілі свае курткі, капелюшы і торбы, выбеглі з кватэры і з крыкам ды тупатаннем беглі па прыступках уніз і разбягаліся ва ўсе бакі. Дзядзька Антон звар’яцеў падчас спеву. З баянам ён выбег на вуліцу, скочыў у трамвай і з таго часу катаецца ў ім, грае вясёлыя песні і адмаўляецца выйсці. Некаторыя сваякі ўцяклі з горада і схаваліся ў лесе. Некаторыя, звар’яцелыя, уцякалі без куртак і капелюшоў у суседні горад, а адтуль яшчэ далей, у іншыя краіны, на іншыя кантыненты. Больш іх ніхто не бачыў і не чуў.

У кватэры засталіся толькі цётка Груня і Душан. Усюды былі паваленыя крэслы і келіхі. У калідоры валялася некалькі куртак і капелюшоў, на стале былі параскіданыя талеркі з недаедзенай ежай. Душан ужо не румзаў, а толькі здзіўлена пазіраў вакол сябе. Цётка Груня ўвесь час махала рукой у такт музыцы і разяўляла рот, нібы спяваючы песню. Яна адзіная не звар’яцела, бо была глухая і не магла пачуць румзанне і нараканне Душана.

Так Душан застаўся жыць у цёткі Груні. Цётка Груня думала, што сваякі пакінулі ёй хлопчыка за памочніка. З таго часу Душан вымушаны быў прыбіраць у кватэры, мыць посуд, падмятаць і хадзіць у краму. Ён мог ныць і наракаць колькі заманецца. Цётка Груня яго не чула. Больш за тое, калі ён хацеў атрымаць абед, то вымушаны быў праспяваць нейкую прыгожую песню. Цётка Груня задаволена ўсміхалася, махала ў такт рукой і пачувалася шчаслівай.

 

Аргументы пераконвання

 

 Каб дзіця назаўсёды запомніла, што перад сном трэба чысціць зубы, яму гэта неабходна паўтарыць 7 897 435 разоў, прыкладна дзвесце разоў кожны дзень! Гэта датычыць таксама вітання і смаркання. Як зменшыць гэтую лічбу? Мяркуем, што калі не браць пад увагу цялесную кару як элемент выхавання, то засяродзіцца трэба на слоўнай аргументацыі. У выхаваўчым працэсе неабходна выкарыстоўваць аргументы, якія дзіця запомніць з першага разу. Такім чынам мы захаваем такую колькасць энергіі, якой хапіла б на тое, каб зрушыць цягнік даўжынёй 163 367 232 654,103 метра. Таму прапануем вам некалькі аргументаў, якія дакладна дапамогуць вам у выхаванні непаслухмянага дзіцяці.

1. Дзіця не хоча нічога есці.

Аргументы:

— калі не будзеш есці, я больш нічога не буду гатаваць;

— калі не будзеш есці, у цябе зрастуцца вусны;

— калі не будзеш есці, дзядуля з бабуляй скокнуць з моста;

— калі не будзеш есці, па цябе прыедзе дзядзька Кандрат на чорнай машыне.

2. Дзіця забываецца пачысціць зубы перад сном.

Аргументы:

— калі не пачысціш зубы, да раніцы яны ўсе вываляцца;

— дзецям, што не чысцяць зубы, іх усе павырывае зубны доктар;

— калі забудзешся пачысціць зубы, мы зварым суп з коткі Басі;

— той, хто не чысціць зубы, вываліцца з акна, як дзядзька Кандрат.

3. Дзіця забываецца павітацца.

Аргументы:

— калі не будзеш вітацца, аддадзім цябе цыганам на мяса;

— калі не будзеш вітацца, прагонім цябе з дому;

— той, хто не ўмее вітацца, стане дурнем, будзе працаваць міністрам, і яго будуць паказваць па тэлевізары;

— калі не будзеш вітацца, дзядзька Кандрат прыйдзе ўначы паглядзець на цябе праз акно.

4. Дзіця не хоча класціся спаць.

Аргументы:

— калі не пойдзеш спаць, у матулі разбаліцца галава, і яна будзе плакаць;

— калі не пойдзеш спаць, засмажым твайго плюшавага мядзведзя;

— калі не пойдзеш спаць, дзядзька Кандрат выйдзе з магілы і забярэ цябе.

5. Дзіця не хоча прачынацца.

Аргументы:

— калі не вылезеш з ложка, застанешся дома адзін;

— калі не вылезеш з ложка, у цябе аднімуцца ногі;

— калі не вылезеш з ложка, у садку атрымаеш на абед чарвяка;

— калі не вылезеш з ложка, пойдзеш на пахаванне дзядзькі Кандрата.

6. Дзіця забываецца падзякаваць

Аргументы:

— калі яшчэ раз не падзякуеш, у цябе адваліцца язык;

— калі яшчэ раз не падзякуеш, здохне сабака Фелікс;

— калі яшчэ раз не падзякуеш, купім табе драўляную нагу;

— калі яшчэ раз не падзякуеш, адкруцім у тваім ровары колы;

— калі яшчэ раз не падзякуеш, зачынім цябе ў труне разам з дзядзькам Кандратам.

7. Дзіця выцірае нос рукавом.

Аргументы:

— калі будзеш выціраць нос рукавом, у цябе зарастуць ноздры;

— калі будзеш выціраць нос рукавом, ніколі не прыйдзе Новы год;

— калі будзеш выціраць нос рукавом, мы зачынім бабулю ў склепе;

— калі будзеш выціраць нос рукавом, дзядзька Кандрат прыйдзе павіншаваць цябе з народзінамі.

 

 

© Dušan Taragel, 2012

Пераклад са славацкай – Марына Кажарновіч © 2012

Чытайце таксама

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

Рэй Бэроа

Рэй Бэроа

Дамінікана-амерыканскі паэт і крытык, лаўрэат прэміі Парыжскай акадэміі мастацтваў і навук

Ёзэф Чапэк

Ёзэф Чапэк

Чэшскі мастак, графік, фатограф, кніжны ілюстратар, эсэіст, брат Карэла Чапэка

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Аўтар адной кнігі — хто гэта? Былі выпадкі, калі пісьменнік напісаў адзін твор і замаўчаў

6596