№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джэк Керуак

На дарозе (On the Road)

Пераклад з ангельскай Марыя Лапо


1

Упершыню я сустрэў Дзіна неўзабаве пасля таго, як мы з жонкай разышліся. Тады я толькі ачуняў пасля сур’ёзнай хваробы, але не буду назаляць падрабязнасцямі, скажу толькі, што яна была звязаная з прыкрым і ўтомным разрывам і адчуваннем мёртвасці ўсяго навакольнага. Са з’яўленнем Дзіна Марыярці пачалася тая частка майго жыцця, якую можна назваць жыццём у дарозе. Дагэтуль я нярэдка марыў пабадзяцца па Захадзе і паглядзець краіну, але толькі будаваў цьмяныя планы і не кранаўся з месца. Дзін — найлепшы спадарожнік, ён фактычна нарадзіўся ў дарозе, калі ў 1926 ягоныя бацькі праязджалі Солт-Лэйк-Сіці на сваёй калымазе, кіруючыся ў Лос-Анджэлес. Першыя звесткі пра Дзіна дайшлі да мяне ад Чэда Кінга, які паказаў мне некалькі лістоў ад яго, напісаных у выхаваўчай калоніі Нью-Мехіка. Лісты надзвычай мяне зацікавілі, бо іх аўтар вельмі міла і наіўна прасіў Чэда навучыць яго ўсялякім разумнасцям кшталту Ніцшэ і іншым вартым увагі інтэлектуальным штукам, вядомым Чэду. Тады яшчэ мы з Карла абмяркоўвалі гэтыя лісты і думалі, ці сустрэнем калі-небудзь дзіўнага Дзіна Марыярці. Усё гэта было вельмі даўно — калі Дзін яшчэ не стаў такім, як цяпер, калі ён быў толькі маладым парушальнікам правапарадку, ахутаным таямніцай. Потым стала вядома, што Дзін выйшаў з калоніі і ўпершыню паехаў у Нью-Ёрк; яшчэ гаварылі, што ён паспеў ажаніцца з нейкай Мэрылу.

Аднойчы, калі я бадзяўся ля ўніверсітэцкага гарадка, Чэд і Цім Грэй сказалі мне, што Дзін Марыярці спыніўся ў таннай хаціне ва Усходнім Гарлеме, Іспанскім Квартале. Дзін прыехаў напярэдадні са сваёй краляй Мэрылу, абое першы раз былі ў Нью-Ёрку. Яны вылезлі з аўтобуса “Грэйхаўнд” на 50-й вуліцы, павярнулі за рог, шукаючы, дзе можна паесці, і адразу трапілі ў кавярню Гектара. З таго часу кавярня Гектара назаўсёды засталася для Дзіна галоўным сімвалам Нью-Ёрка. Яны накуплялі вялікіх прыгожых глазураваных пірожных і эклераў.

Увесь гэты час Дзін даводзіў Мэрылу нешта накшталт: “Цяпер, дарагая, мы ў Нью-Ёрку, і хоць я не магу пераказаць табе ўсяго, пра што думаў, калі мы ехалі праз Місуры, асабліва калі праязджалі Бунвільскую выхаваўчую калонію, якая нагадала мне пра праблемы з законам, зараз нам трэба адкінуць усё, што датычыць нашых мілошчаў ды любошчаў, і адразу пачаць дбаць аб працы і аб тым, як уладкаваць жыццё…” — і ўсё ў такім духу, як ён гэта рабіў тады.

Я прыйшоў на тую танную кватэрку разам з хлопцамі, і Дзін адчыніў дзверы ў адных майтках. Мэрылу саскочыла з канапы. Дзін адправіў гаспадара кватэры на кухню, напэўна, зрабіць кавы, а сам вярнуўся да вырашэння сваіх любоўных справаў, бо для яго сэкс быў адзіным сапраўды істотным і святым у жыцці, хаця акрамя гэтага Дзін быў змушаны гнуць карак і мучыцца, каб зарабляць на жыццё і ўсё такое. Ён матляў галавой, увесь час глядзеў долу, няспынна ківаў, як малады баксёр на ўказанні трэнера, нібы імкнуўся запэўніць, што чуе кожнае слова, і кідаў тысячы “так” і “менавіта”. Тады, у першую сустрэчу, Дзін нагадаў мне маладога Джына Атры — зграбны, з вузкімі сцёгнамі, блакітнавокі, з рэальным аклахомскім акцэнтам — такі герой снежнага Захаду з бакенбардамі. І насамрэч, перад тым як ажаніцца з Мэрылу і паехаць на Усход, ён працаваў на ранча Эда Ўолза ў Каларада. Мэрылу была прывабнай бландынкай, яе валасы, рассыпаныя буйнымі завіткамі, нагадвалі залатыя хвалі. Яна сядзела на канапе, трымаючы рукі на каленях і пільна аглядаючы ўсё навокал неспакойнымі блакітнымі, шырока расплюшчанымі вачыма правінцыйнай дзяўчыны, што апынулася ў змрочнай нью-ёркскай хаце. Пра гэты прытон яна чула яшчэ на Захадзе, і цяпер чагосьці чакала, нагадваючы даўгацелую знясіленую сюррэалісцкую жанчыну Мадыльяні ў важным кабінеце. Мэрылу выглядала пекнай салодкай дзяўчынкай, але была поўнай дурніцай, здольнай на розныя паскудствы.

Той ноччу мы пілі піва, бораліся на руках і размаўлялі да самага світання, а потым, калі ўсе сядзелі і тупа курылі недапалкі з попельніц у шэрым святле змрочнай раніцы, Дзін нервова ўскочыў, пахадзіў туды-сюды, падумаў і вырашыў, што галоўнае цяпер — каб Мэрылу згатавала сняданак і падмяла падлогу. “Карацей, нам трэба варушыцца, дарагая, вось што, іначай усё так і застанецца няпэўным, нам бракуе сапраўднай веды і крышталізацыі нашых планаў”. Пасля я пайшоў.

Увесь наступны тыдзень Дзін насіўся з думкай, каб Чэд Кінг навучыў яго пісаць. Чэд сказаў, што пісьменнік тут я, і таму парадаў трэба прасіць у мяне. Тым часам Дзін паспеў знайсці працу на стаянцы, пабіўся з Мэрылу ў іхнай кватэры ў Хабокене — Бог ведае, чаго іх туды панесла, — Мэрылу зусім ашалела і, каб адпомсціць, пайшла ў паліцыю і ў істэрыцы напісала нейкую дэбільную сфабрыкаваную заяву. Дзіну давялося валіць з Хабокена. Жыць яму не было дзе. Ён адразу ж падаўся ў Патэрсан, Нью-Джэрсі, дзе ў сваёй цёткі жыў я. І вось аднойчы ўвечары, пакуль я вучыўся, хтосьці пагрукаў у дзверы. Гэта быў Дзін. Адвесіўшы ліслівыя паклоны ў цемры пярэдняга пакоя, ён сказаў:

— Здароў, памятаеш мяне? Дзін Марыярці. Я прыйшоў, каб ты паказаў мне, як трэба пісаць.

— А дзе Мэрылу? — запытаў я, і Дзін адказаў, што яна хутчэй за ўсё зарабіла на панэлі пару баксаў і вярнулася ў Дэнвер, лярва. Мы пайшлі выпіць піва, бо не маглі спакойна паразмаўляць пры маёй цётцы, якая сядзела ў гасцёўні і чытала газету. Яна кінула на Дзіна адзін позірк і адразу вырашыла, што ён поўны вар’ят.

У бары я сказаў Дзіну:

— Слухай, мужык, я добра ўсведамляю, ты прыйшоў да мяне не толькі каб стаць пісьменнікам. Ды, зрэшты, я ведаю пра пісанне толькі тое, што трэба проста падсесці на яго, як на амфетамін.

І ён адказаў:

— Вядома, я разумею, што ты маеш на ўвазе, я сутыкаўся з усімі гэтымі праблемамі, але ўсё, чаго я хачу, — гэта рэалізаваць фактары, якія залежаць ад дыхатаміі Шапэнгаўэра, бо кожны ўнутрана рэалізаваны… — і гэтак далей, у такім духу, пра штукі, у якіх я ні халеры не цяміў, дый сам Дзін таксама. У тыя дні ён насамрэч не разумеў, пра што гаворыць. Карацей, ён быў маладым хлопцам пасля адседкі, апантаным дзівоснымі перспектывамі стаць сапраўдным інтэлектуалам. Яму падабалася размаўляць адпаведным тонам і ўжываць пачутыя ад “сапраўдных інтэлектуалаў” словы, праўда, ён часта блытаўся ў іх, — аднак, будзьце пэўныя, у астатнім Дзін не быў такім простым, і ўсяго за некалькі месяцаў узаемінаў з Карла Марксам ён поўнасцю авалодаў адпаведнай тэрміналогіяй і жаргонам. Тым не менш мы паразумеліся на іншых узроўнях вар’яцтва, і я дазволіў яму пажыць у мяне, пакуль ён не знойдзе працу. Акрамя гэтага мы дамовіліся як-небудзь паехаць на Захад. Гэта была зіма 1947 году.

Аднаго вечара, калі Дзін вячэраў у мяне — тады ён ужо ўладкаваўся працаваць на стаянцы ў Нью-Ёрку, — я спешна стукаў на друкавальнай машынцы, а ён паклаў руку мне на плячо і сказаў:

— Слухай, мужык, дзяўчаты не будуць чакаць, давай хутчэй!

Я адказаў: “Хвілінку, я зараз, толькі закончу гэту частку”, — і гэта была адна з найлепшых частак кнігі. Пасля я апрануўся, і мы паляцелі ў Нью-Ёрк на сустрэчу з нейкімі дзеўкамі. Едучы ў аўтобусе скрозь незвычайную фасфарычную пустэчу тунэля Лінкальна, мы віслі адзін на адным, махалі рукамі, крычалі, і Дзінава шыза пачала перадавацца мне. Гэта быў звычайны юнак, якога займала жыццё, і, хаця ён быў прайдзісветам, але махлярыў толькі таму, што прагнуў жыць і быць з людзьмі, якія інакш не звярнулі б на яго аніякай увагі. Ён дурыў мяне, і я ведаў гэта (наконт жылля, ежы і “як-трэба-пісаць”), і ён ведаў, што я гэта ведаю (гэта было асновай нашых стасункаў), але я на гэтым не замарочваўся, і мы цудоўна ладзілі — не навязваліся і не дагаджалі. Як новаспечаныя сябры мы дужа далікатнічалі адзін з адным. Я пачаў вучыцца ў яго гэтаксама, як і ён, напэўна, вучыўся ў мяне. Пра маю працу ён казаў:

— Давай далей, усё, што ты робіш, проста класна!

Ён глядзеў мне праз плячо, калі я пісаў гісторыі, і вішчаў:

— Так! Крута! Ваў! Мужык! — і яшчэ: — Фух! — і выціраў твар насоўкай.

— Давай, мужык, яшчэ столькі трэба зрабіць, столькі напісаць! Як жа пачаць усё гэта занатоўваць, без усялякіх рамак і замарочак тыпу забароненых тэм і корпання ў граматыцы…

— Правільна, мужык, цяпер ты робіш як мае быць! — і я бачыў, усё адно што маланка біла ад ягонай апантанасці і мрояў, якія ён апісваў так заўзята, што людзі ў аўтобусах паварочваліся, каб падзівіцца на “буйнага псіха”. На Захадзе ён правёў траціну жыцця ў більярднай, траціну ў турме і траціну ў публічнай бібліятэцы. Бывала, бачылі, як ён утрапёна носіцца па зімовых вуліцах без шапкі, цягне кнігі ў більярдную або караскаецца па дрэвах, каб забрацца на гарышча да сяброў, дзе ён бавіў дні чытаючы ці хаваючыся ад закону.

Мы прыехалі ў Нью-Ёрк — я ўжо і забыўся навошта, нейкія дзве каляровыя дзяўчыны, — але там не аказалася ніякіх дзяўчат. Яны паабяцалі спатканку ў невялікай кавярні, ды так і не з’явіліся. Мы пайшлі на стаянку, дзе працаваў Дзін — ён хацеў тое-сёе зрабіць: пераапрануцца ў будцы, крыху прывесці сябе ў парадак перад трэснутым люстэркам і ўсё такое, — і ўжо потым мы выправіліся далей. Стаяла ноч, калі Дзін сустрэў Карла Маркса. Адбылося нешта звыш, калі Дзін сустрэў Карла Маркса. Два вострыя розумы, яны прынялі адзін аднаго без ваганняў. Пара пранізлівых вачэй сустрэла пару пранізлівых вачэй, прасветлены прайдзісвет са светлым розумам спаткаў маркотнага ўзвышанага прайдзісвета з цёмным розумам — такім быў Карла Маркс. З таго моманту я рэдка бачыў Дзіна, і гэта мне не падабалася. Іхныя энергіі сутыкнуліся лоб у лоб, а я глядзеўся надта недарэчна, каб быць з імі на адным узроўні.

Тады і паднялася тая шалёная віхура будучых падзеяў. Яна закруціць усіх маіх сяброў і тое, што засталося ад маёй сям'і, у вялікае воблака пылу над Амерыканскай Ноччу. Карла расказваў Дзіну пра старога Буйвала Лі, Элмера Хасэла, Джэйн: Лі вырошчвае траўку ў Тэхасе, Хасэл асеў на востраве Рыкерс [1], Джэйн з маленькай дзяўчынкай на руках блукае па Таймс-сквер у амфетамінавых галюцынацыях і сканчае ў лякарні Бельв’ю. А Дзін расказваў Карла пра невядомых людзей з Захаду, такіх як Томі Снарк — крывалапы геній більярднага стала, зацяты картыжнік і блажэнны гамасек. Ён апавёў яму пра Роя Джонсана, Вялікага Эда Данкеля, прыяцеляў дзяцінства, вулічных прыяцеляў, пра безліч дзевак, сэкс-вечарыны і парнушныя фоткі, пра ягоных герояў, гераінь, пра ўсе свае прыгоды. Тады яны насіліся разам па вуліцы, дурэючы абсалютна ад усяго, як яны ўмелі ў самым пачатку, пазней гэта зрабілася больш нудным, узважаным і пазбаўленым сэнсу. Але тады яны танчылі на вуліцы як прыдуркі, а я цягнуўся за імі следам, як усё жыццё цягнуся за тымі, хто мне цікавы, бо, як на мяне, адзіныя сапраўдныя людзі — гэта вар’яты, тыя, што шалёна прагнуць жыцця, шалёна прагнуць размоваў, шалёна прагнуць быць выратаванымі, жадаюць усяго менавіта ў гэтую хвілю, тыя, што ніколі не пазяхаюць з нудоты і не кажуць банальнасцяў, але гараць, гараць, гараць, як чароўныя жоўтыя рымскія свечкі, што разрываюцца ў небе, распаўзаючыся павукамі між зорак, і ўсярэдзіне вы бачыце блакітную ўспышку, і ўсе крычаць: “Вааааў!” Як называлі такіх маладых людзей у Германіі часоў Гётэ? Як мы ўжо ведаем, Дзін вельмі хацеў навучыцца пісаць як Карла і таму вываліў перад ім сваю шырокую, поўную любові душу, якая бывае толькі ў прайдзісветаў.

— Зараз, Карла, дай мне сказаць, вось што я скажу… — я не бачыў іх два тыдні, і за гэты час яны замацавалі свае адносіны д’ябальскай і непарыўнай сувяззю штодзённых і штоночных размоваў.

Потым надышла вясна, найлепшы час для падарожжаў, і кожны з раскіданай хеўры рыхтаваўся да той ці іншай паездкі. Я быў заняты працай над сваім раманам. Пасля таго як напісаў палову і мы з цёткай з’ездзілі на Поўдзень да майго брата Рока, я быў гатовы да першай уласнай вандроўкі на Захад.

Дзін ужо з’ехаў. Карла і я праводзілі яго на 34-ю вуліцу да аўтастанцыі Грэйхаўнд. Там на верхнім паверсе было месца, дзе за чвэрць даляра можна было сфоткацца. Карла зняў акуляры і глядзеўся злавесна. Дзін зняўся ў профіль, сарамліва азіраючыся вакол. Я зрабіў звычайны прамы здымак і выглядаў на ім як трыццацігадовы італьянец, які заб’е любога, хто скажа хоць што-небудзь супраць ягонай мамы. Гэты здымак Карла і Дзін акуратна разрэзалі пасярэдзіне брытвай, і кожны схаваў палову сабе ў кашалёк. Дзін надзеў сапраўдны заходні дзелавы гарнітур для значнай падзеі — вяртання ў Дэнвер. Ён скончыў сваю першую пагулянку ў Нью-Ёрку. Я кажу пагулянку, але Дзін толькі і рабіў, што як чорны вол рабіў на стаянках. Самы незвычайны працаўнік стаянак на свеце, ён можа ў цісканіне падаць назад з хуткасцю сорак міль у гадзіну і спыніцца ля самай сцяны, выскачыць, пранесціся ўздоўж аўтамабільных дзвярэй, ускочыць у іншую тачку, пакружыць на мізэрным пляцыку з хуткасцю пяцьдзясят міль, хутка вярнуцца на цесны лапік, скукожыцца і так ляснуць дзвярыма, што можна ўбачыць, як легкавік падскоквае, калі ён з яго вылятае, потым — бегма ў будку, аддаць квіток, ускочыць у новую машыну, што толькі пад’ехала, пакуль кіроўца яшчэ напаўвылез, праскочыць літаральна пад ім, а пакуль той давылазіць, завесці машыну, адначасова ляснуўшы дзвярыма, газануць да найбліжэйшага вольнага месца, развярнуцца, стаць, затармазіць, выскачыць, бегчы. Так ён працаваў без перапынкаў восем гадзін штовечар, вячэрнія гадзіны пік і паслятэатральныя гадзіны пік, у зашмальцаваных, залітых пітвом штанах, зношанай, аблямаванай мехам куртцы і збітых ботах, якія шлёпалі з кожным крокам. І вось ён набыў новы гарнітур для вяртання ў Дэнвер, блакітны ў тонкую палоску, камізэлька і ўсё такое — адзінаццаць даляраў на Трэцяй авеню, ды яшчэ гадзіннік з ланцужком і пераносную друкавальную машынку, на якой ён збіраўся пачаць пісаць у дэнверскім матэлі, як толькі знойдзе там працу. На развітанне мы перакусілі сасіскамі і бабамі ў кавярні Райкера на Сёмай авеню, а пасля Дзін сеў у аўтобус з надпісам “Чыкага” і паляцеў у ноч. Вось і з’ехаў наш каўбой. Я паабяцаў сабе выправіцца той жа дарогай, калі вясна зацвіце і зямля абудзіцца.

Вось з гэтага і пачаўся мой дарожны вопыт, а ўсё, што адбывалася, было настолькі неверагодным, што проста павінна быць расказана.

Я хацеў пазнаёміцца з Дзінам бліжэй не толькі таму, што я пісьменнік і мне патрэбныя новыя ўражанні, і не толькі таму, што маё жыццё, якое круцілася вакол кампуса, дасягнула завяршэння пэўнага цыклу і вытхнулася, але і з тае прычыны, што чымсьці, нягледзячы на рознасць нашых характараў, ён напамінаў мне нейкага даўно страчанага брата. Гледзячы на ягоны пакутлівы скуласты твар з доўгімі бакамі і напружаную мускулістую потную шыю, я згадваў сваё маленства, што правёў на каляровых ад прамысловых сцёкаў каналах і сажалках, на рачных берагах Патэрсана і Пасэіка. Брудная рабочая адзежына сядзела на ім неймаверна элегантна, але гэткую зграбнасць нельга прыдбаць ні ў аднаго краўца, толькі зарабіць у Вялікага краўца прыроды й найвышэйшай радасці, і Дзін зарабіў яе сваімі нягодамі. А ў ягоным апантаным стылі маўлення я чуў галасы старых таварышаў і братаноў пад мостам, сярод матацыклаў, у завешаных бялізнай суседскіх дварах і на сонных ганках папоўдні, дзе хлапцы тромкалі на гітарах, пакуль іхныя старэйшыя браты працавалі на млынах. Усе астатнія мае сябры таго часу былі “інтэлектуаламі”: Чэд — антраполаг-ніцшэанец, Карла Маркс і ягоныя шызоідныя сюррэалісцкія прамовы глыбокім голасам і шырока расплюшчаныя вочы, Стары Буйвал Лі і ягоная марудная манерная крытыка-ўсяго-на-свеце — або прыхаванымі крымінальнікамі, як Элмер Хасэл са сваім здзеклівым сцёбам. Ці яшчэ Джэйн Лі, якая, разваліўшыся на канапе, засланай пакрывалам з усходнімі ўзорамі, зневажальна чмыхала, уткнуўшыся ў “Нью-Ёркер”. Але розум Дзіна быў не менш бліскучы і востры, без стамляльнай інтэлектуальнасці. І ягоная “крымінальшчына” не была ні змрочнай, ні здзеклівай. Гэта быў дзікі выбух амерыканскага шчасця, які ўсім і ўсяму казаў “згода”. Гэта быў жыхар Захаду, заходні вецер, ода з раўнінаў, нешта новае, даўно прадказанае, доўгачаканае (ён краў аўтамабілі толькі таму, што атрымліваў асалоду ад катання). Да таго ж усе мае нью-ёркскія сябры адмоўна ставіліся да грамадства, хаялі яго і абгрунтоўвалі свае пазіцыі нуднымі кніжнымі, палітычнымі і псіхааналітычнымі прычынамі, а Дзін проста ўрываўся ў грамадства, прагнучы хлеба і кахання, — іншае яго не хвалявала. “Покуль я магу ўзяць вунь тую чыксу з лункай паміж ног, пацан” і “Покуль мы можам есці, братан, сячэш? Я галодны, я дохну з голаду, давай пахаваем!” — і мы ляцелі есці, бо, як сказана ў Эклезіяста, “гэта твой лёс пад сонцам”.

Заходні сваяк сонца, Дзін. Хаця цётка мяне папярэджвала, што ён давядзе мяне да бяды, я чуў толькі новы кліч і бачыў новыя гарызонты. Я верыў свайму юнацтву. А дробныя непрыемнасці і нават тое, што Дзін можа здрадзіць, кінуць мяне, калі я апынуся на галодных тратуарах і бальнічных ложках, — якое гэта мела значэнне? Я быў маладым пісьменнікам і хацеў рушыць у дарогу.

Я ведаў, што недзе наперадзе — дзяўчаты, мроі, усё, што толькі можна ўявіць. Недзе наперадзе сапраўдная перліна трапіць мне ў рукі.

2

У ліпені 1947-га, назбіраўшы каля пяцідзесяці баксаў са старой ветэранскай дапамогі, я быў гатовы ехаць на Заходняе ўзбярэжжа. Мой сябра Рэмі Банкёр даслаў мне ліст з Сан-Францыска, дзе казаў, што я павінен прыехаць і выправіцца з ім у падарожжа на кругасветным лайнеры. Ён бажыўся, што ўладкуе мяне на працу ў машыннае аддзяленне. Я напісаў, што буду рады любому старому судну і магу здзейсніць нават некалькі плаванняў па Ціхім акіяне, галоўнае вярнуцца з грашыма, якіх хопіць, каб пратрымацца ў цётчыным доме да заканчэння маёй кнігі. Ён сказаў, што мае хату ў Міл-Сіці, і я магу колькі заўгодна пісаць там, пакуль не скончыцца ўся гэтая цяганіна з уладкаваннем на карабель. Рэмі жыў з дзяўчынай, якую звалі Лі Эн. Ён пісаў, што яна файна гатуе і ўсё будзе чотка. Рэмі быў маім старым школьным сябрам, французам, выхаваным у Парыжы, і напраўду шалёным хлопцам — у той час я нават не ведаў, наколькі шалёным. Ён спадзяваўся, што я буду дзён праз дзесяць. Мая цётка дала дабро на паездку на Захад. Нават ухваліла і палічыла карысным, бо я бязвылазна працаваў усю зіму і нікуды не выходзіў з дому. Яна нават не галасіла, калі я расказаў, што часам буду дабірацца аўтаспынам. Яна проста хацела, каб я вярнуўся дадому жывы і здаровы. І вось аднойчы раніцай я пакінуў на стале вялікі, напалову напісаны раман, апошні раз заправіў утульную дамашнюю пасцель, паклаў у заплечнік самыя неабходныя рэчы і рушыў да Ціхага акіяна з пяццюдзесяццю далярамі ў кішэні.

У Патэрсане я месяцы навылёт вывучаў карты Злучаных Штатаў, нават чытаў кнігі пра піянераў, смакуючы назвы, тыпу Плат, Сімарон і г.д. Але на дарожнай карце была толькі адна доўгая чырвоная лінія, якая называлася Траса №6 і цягнулася ад дзюбкі мыса Кейп-Код да самага Ілі ў Невадзе, а там апускалася да Лос-Анжэлеса. Трэба проста трымацца Трасы №6 да самага Ілі, сказаў я сабе і, упэўнены, выправіўся ў свой першы трып. Каб дабрацца да трасы, мне трэба было падняцца да Мядзведжай гары. Мроячы пра Чыкага, Дэнвер і нарэшце Сан-Францыска, я спусціўся ў метро на Сёмай авеню, даехаў да канцавой на 242-й вуліцы, там сеў на трамвай да Ёнкерса, а ў цэнтры Ёнкерса зноў заскочыў у трамвай і даехаў да мяжы горада на ўсходнім узбярэжжы Гудзона. Калі вы кінеце ружу ў Гудзон ля ягоных таямнічых вытокаў у гарах Адырондак, падумайце, у якіх месцах яна пабывае перад тым як назаўсёды знікнуць у моры — падумайце пра чароўную даліну Гудзона.

Я пачаў пад’ём аўтаспынам. На пяці машынах я дабраўся да запаветнага моста на Мядзведжай гары, дзе Траса №6 дугой выгіналася з Новай Англіі. Калі мяне там высадзілі, улупіў дождж як з вядра. Вакол толькі горы. Траса №6 выходзіла з-за ракі, мінала транспартную развязку і знікала ў пустыні. Мала таго што тут не было ніякага дарожнага руху, дык яшчэ і дождж ліў з усяе моцы, і не было ніякага прытулку. Шукаючы, дзе б схавацца, я пабег да нейкіх соснаў, але гэта мала дапамагло. Я пачаў крычаць, лаяцца і біць сябе па галаве — як можна было аказацца такім грэбаным ідыётам? Я быў за сорак міляў на поўнач ад Нью-Ёрка, цягам усяго пад’ёму мяне турбавала, што ў гэты знамянальны дзень, замест таго каб рухацца на доўгачаканы Захад, я еду на поўнач. Яшчэ і завіс тут па поўнай. Я прабег чвэрць мілі да закінутай, але ўтульнай запраўкі ў ангельскім стылі, і стаў там пад навісь, з якой кропала вада. Высока над маёй галавой велізарная калматая Мядзведжая гара пасылала долу перуноў і наводзіла на мяне дзікі страх. Навакол толькі дымападобныя дрэвы і прыгнятальнае бязлюддзе, паўсюль, да нябёсаў. “Якой халеры я тут раблю?”

Я кляў сябе і выў, бо хацеў у Чыкага. “Яны там весела бавяцца, а мяне з імі няма, і невядома, калі я там буду!” — і ўсё ў такім ключы. Нарэшце каля пустой запраўкі спынілася машына, мужчына і дзве жанчыны хацелі як след вывучыць карту. Я выйшаў проста пад дождж і пачаў жэстыкуляваць. Яны раіліся міжсобку. Гэта зразумела, бо я выглядаў як маньяк, валасы суцэльна мокрыя, абутак можна было выціскаць. На мне былі мексіканскія гуарачы — ну што за дурань, га? — усё адно што сіта, ніяк не для дажджлівай ночы ў Амерыцы ці сырой начной дарогі. Людзі падабралі мяне і адвезлі яшчэ далей на поўнач — у Ньюберг, аднак я палічыў гэта лепшым варыянтам, чым заставацца ў глухой пастцы Мядзведжай гары на ўсю ноч.

— Да таго ж, — сказаў мужчына, — на шостай руху ніякага. Калі хочаш трапіць у Чыкага, то лепей праехаць тунэль Холанд у Нью-Ёрку і кіравацца да Пітсбурга, — і я ведаў, што ён мае рацыю.

Мая мара была знішчаная. Якая ж бязглуздая і наіўная ідэя, што, маўляў, класна рухацца па адной чырвонай лініі праз усю Амерыку замест таго, каб паспрабаваць розныя дарогі і маршруты.

У Ньюбергу дождж скончыўся. Я спусціўся да ракі і быў вымушаны ехаць назад у Нью-Ёрк на аўтобусе з групай школьных настаўніц, якія вярталіся з выходных у гарах — балбатня, бясконцае бла-бла-бла, я ж нястомна лаяў сябе, у тым ліку за грошы, прамантачаныя дарэмна, я гаварыў сабе: ты хацеў паехаць на захад, але цэлы дзень і паўночы катаўся ўверх-уніз, з поўначы на поўдзень, як цурбэлак, які не можа крануцца з месца. І я даў зарок, што заўтра буду ў Чыкага, і для пэўнасці набыў квіток на аўтобус, патраціўшы большую частку сваіх грошай, але мне было напляваць, таму што ўжо заўтра я буду ў Чыкага.

3

Гэта была самая звычайная аўтобусная паездка з няспынным дзіцячым плачам і пякучым сонцам, вяскоўцы сядалі ў аўтобус у кожным пенсільванскім мястэчку, пакуль мы не даехалі да раўніны Агаё і як след не разагналіся, калі ехалі ўверх да Аштабулы і ўжо ўночы — праз Індыяну. Я прыехаў у Чыкага на досвітку, зняў пакой у інтэрнаце і заваліўся спаць, маючы ў кішэні ўсяго пару баксаў. Горадам я пранікнуўся толькі пасля добрага дзённага сну.

Вецер з возера Мічыган, бібоп у Пятлі [2], доўгія шпацыры вакол Паўднёвага Халстэда і Паўночнага Кларка, адзін асабліва доўгі начны — уздоўж прытонаў, дзе мяне цікавала патрульная машына, палічыўшы падазроным тыпам. На той час, 1947, боп быў дзіка папулярны ва ўсёй Амерыцы. Чувакі на Пятлі лабалі нармалёва, але неяк стомлена, бо на той момант перыяд Арніталогіі [3] Чарлі Паркера ўжо скончыўся, а наступны майлзадэвісаўскі, яшчэ не пачаўся. І калі я сядзеў там, слухаючы гэтую мелодыю ночы, якую боп пачаў увасабляць для кожнага з нас, я ўспамінаў сяброў, раскіданых па розных канцах краіны, і думаў, што насамрэч усе яны на агромністым заднім двары ўчыняюць усе свае вар’яцтвы і дурэюць безупынку. І вось упершыню ў маім жыцці, пасля абеду наступнага дня, я апынуўся на Захадзе. Быў цёплы і прыгожы дзень для аўтаспыну. Каб вырвацца з неймаверна заблытанага чыкагскага трафіку, я сеў на аўтобус да Джоліета, штат Ілінойс, прайшоўся побач з джоліецкім ізалятарам, выбраўся з горада па кульгавых зялёных вулачках і стаў на дарозе галасаваць. І так уся дарога з Нью-Ёрка да Джоліета была на аўтобусе, і я ўжо прамантачыў большасць сваіх грошай!

Спярша я ехаў на запоўненым дынамітам грузавіку з чырвоным сцягам, каля трыццаці міляў па зялёным вялікім Ілінойсе. Кіроўца паказаў месца, дзе Траса №6, па якой мы ехалі, перасякае шэсцьдзесят шостую, а потым яны абедзве бягуць на захад на неймаверныя адлегласці. Каля трох гадзін па абедзе, пасля яблычнага пірага і марозіва ў прыдарожным буфеце, спынілася жанчына на маленькай двухдзверцы. Я страшэнна ўзрадаваўся і пабег за ёй. Але жанчына была бальзакаўскага веку, нават мела двух сыноў, прыкладна маіх аднагодкаў, і хацела, каб хто-небудзь дапамог ёй даехаць да Аёвы. Я быў толькі за. Аёва! Не вельмі далёка ад Дэнвера, і я нарэшце дабяруся да яго і змагу адпачыць. Яна вяла першыя некалькі гадзін, настаяла, каб мы наведалі нейкую старую царкву, быццам мы былі не падарожнікі, а турысты. Потым я сеў за руль і, хоць я й не вельмі добры кіроўца, але ехаў бездакорна ўсю частку Ілінойса да Дэвенпорта і Аёвы, праз Рок-Айлэнд. Тут упершыню ў жыцці я ўбачыў маю любімую Місісіпі, сухую ў летняй імгле, малаводную, яна жудасна пахла, як пахне цела самой Амерыкі, бо яна яго абмывала. Рок-Айлэнд — чыгуначныя пуці, хаты, невялічкі цэнтр і праз мост у Дэвенпорт — такі ж самы горад, увесь прапахлы габлюшкай і прагрэты сонцам Сярэдняга Захаду. Тут спадарыня мусіла накіравацца дамоў у Аёву па іншым маршруце, і я выйшаў.

Сонца сядала. Пасля некалькіх куфляў халоднага піва я пайшоў на ўскраіну горада. Гэта была доўгая прагулка. Мясцовыя мужчыны ехалі дадому з працы ў кепках чыгуначнікаў, бейсбольных кепках, ва ўсіх відах кепак — гэтаксама, як у любым горадзе пасля працоўнага дня. Адзін з іх падвёз мяне на верх узгорка і пакінуў каля самотнага раздарожжа на ўскраіне прэрыі.

Там было надзвычай прыгожа. Усе машыны, што праязджалі міма, належалі фермерам; кіроўцы кідалі на мяне падазроныя погляды і з грукатам кацілі далей. Каровы вярталіся дадому. Ніводнага грузавіка. Некалькі аўто маланкай пранесліся побач. Нейкі франт прамчаўся так хутка, што ягоны гальштук ажно развяваўся на ветры. Сонца сядала ўсё ніжэй, цяпер я ўжо стаяў, ахутаны пурпуровай цемрай. Нарэшце мне стала боязна. Навокал у Аёве не было ніводнага агеньчыка. Праз хвіліну ўжо ніхто не змог бы мяне заўважыць. На шчасце, нехта вяртаўся ў Дэвенпорт і падкінуў мяне назад у цэнтр. Але я апынуўся якраз там, адкуль і пачынаў.

Я пайшоў на аўтобусную станцыю, каб пасядзець і ўсё абмазгаваць. З’еў яшчэ яблычнага пірага і марозіва. Фактычна толькі гэта я і еў цягам усяго падарожжа. Гэта было спажыўна ну і, канечне, смачна.

Я вырашыў рызыкнуць. Патраціўшы паўгадзіны на разгляданне афіцыянткі ў кавярні на аўтобуснай станцыі, сеў на аўтобус у цэнтры Дэвенпорта і паехаў да гарадской ускраіны — але гэтым разам туды, дзе побач была запраўка. Тут з рыкам несліся вялікія грузавікі, і літаральна праз дзве хвіліны адзін з іх спыніўся каля мяне. Я пабег да яго, мая душа спявала. І што за кіроўца мне трапіўся — вялікі цягавіты бандзюк з вылупленымі вачыма і хрыплым, рыпучым голасам, ён бразгаў і штурхаў усе без разбору рычагі, гнаў наперад і не звяртаў на мяне ніякай увагі. І я нарэшце змог крыху адпачыць, бо адна з самых вялікіх праблем аўтаспыну — неабходнасць размаўляць з незлічонай колькасцю людзей, як бы пераконваючы, што яны не памыліліся, падабраўшы цябе, ледзь не забаўляць іх, і гэта вельмі напружвае, асабліва калі ты ўвесь час едзеш і не плануеш ночыць у гатэлях. Але гэты хлапец толькі і рабіў, што крычаў на ўсё горла безупынку, усё, што патрабавалася ад мяне — гарлаць яму ў адказ, і ніхто з нас не напружваўся. Так ён і каціў да самай Аёвы — выгукваў мне свае смешныя гісторыі пра тое, як уцякаў ад закону ў кожным горадзе з несправядлівым абмежаваннем хуткасці, і паўтараў зноў і зноў: “Гэтым клятым копам не дастаць сваімі лапамі да маёй сракі!” Калі мы дабраліся да Аёва-Сіці, яму трэба было паварочваць, і ён, убачыўшы іншую фуру за намі, пасігналіў фарамі яе кіроўцу і збавіў ход, каб я мог саскочыць, што я і зрабіў, прыхапіўшы свой заплечнік. Наступная фура, пагадзіўшыся на абмен, спынілася каля мяне, і я зноў сядзеў у прасторнай высокай кабіне, гатовы да начной дарогі на сотні міль. Які ж я быў шчаслівы! Новы кіроўца быў не меншым псіхам, чым папярэдні, і крычаў з яшчэ большым імпэтам, мне заставалася толькі адкінуцца на спінку сядзення і цалкам аддацца дарозе. Я ўжо бачыў цьмяныя абрысы Дэнвера наперадзе, як Зямлю Абяцаную — удалечыні пад зоркамі, скрозь стэпы Аёвы і раўніны Небраскі, а за ім — яшчэ больш велічны прывід Сан-Францыска, агні якога рассыпаюцца ў ночы каштоўнымі камянямі. Кіроўца гнаў наперад і травіў байкі амаль дзве гадзіны, потым, у Аёве (тут праз пару гадоў нас з Дзінам тармазнуць, бо наш “кадылак” быццам выглядае як скрадзены), ён заснуў на некалькі гадзін на сядзенні. Я паспаў таксама, а потым крыху прайшоўся ўздоўж адзінокіх цагляных сцен, асветленых адным ліхтаром, маленькія вулачкі знікалі ў пагрозлівых прэрыях, а пах кукурузы асвяжаў начное паветра.

Ён прачнуўся, калі пачало світаць. Мы пагналі далей, і праз гадзіну наперадзе па-над кукурузнымі палямі з’явіўся дым Дэ-Мойна. Кіроўца хацеў спакойна паснедаць, і я праехаў каля чатырох міль да Дэ-Мойна, застопіўшы двух хлапцоў з Аёўскага ўніверсітэта. Было дужа нязвыкла сядзець у іхным новым камфортным аўто і слухаць размовы пра экзамены, пакуль мы плаўна заязджалі ў горад. Цяпер я быў гатовы праспаць цэлы дзень, таму заруліў у інтэрнат, каб зняць пакой, але вольных не было. Ні пра што не думаючы, я пацягнуўся да чыгуначных пуцей — іх у Дэ-Мойне на Вялікіх Раўнінах хапае — і трапіў у змрочны стары гатэль пры лакаматыўным дэпо, дзе цэлы дзень прадрых на вялікім, чыстым, мулкім ложку з бруднымі надпісамі, выразанымі на сцяне побач з падушкай. Зашмальцаваныя жоўтыя шторы хавалі ад мяне закапцелы чыгуначны двор. Я ўстаў, калі сонца, ужо заходзячы, зачырванелася. І гэта быў асаблівы момант у маім жыцці, нейкае дзіўнае імгненне, калі я не ведаў, хто я такі — я быў далёка ад дому, стомлены і здарожаны, у танным гатэлі, дзе ніколі дагэтуль не быў, слухаў шыпенне вады звонку, рыпенне старога прыгатэльнага дрэва, крокі зверху, усе гэтыя журботныя гукі, я глядзеў на трэснутую столь і сапраўды не ведаў, хто я такі, блізу пятнаццаці дзіўных секунд. Я не баяўся, я проста быў кімсьці іншым, нейкім чужынцам, і ўсё маё ранейшае жыццё зрабілася прывідным, жыццём фантома. Я праехаў паў-Амерыкі і дайшоў да нейкай мяжы, якая раздзяляла Усход майго юнацтва і Захад маёй будучыні. Мажліва, гэты пераход адбыўся менавіта там і тады, у той дзіўны барвовы вечар.

Але трэба было рухацца, а не енчыць, таму я ўзяў заплечнік, развітаўся з гаспадаром гатэля, які сядзеў побач з плявальніцай, і пайшоў есці. Я з’еў яблычны пірог і марозіва — чым далей я паглыбляўся ў Аёву, тым яны ўсё лепшалі: пірог большаў, а марозіва тлусцела. У той дзень у Дэ-Мойне я паўсюдна бачыў, як чародкі надзвычай прыгожых старшакласніц вяртаюцца дахаты са школы, але ў мяне не было часу на такія забавы, і я паабяцаў сабе, што як след пагуляю ў Дэнверы. Карла Маркс ужо прыбыў туды, Дзін быў там, Чэд Кінг і Цім Грэй былі там — гэта быў іхны дом, Мэрылу была там, таксама яны згадвалі здаровую тусу, у якую ўваходзілі Рэй Роўлінз і ягоная прыгожая бялявая сястра Бэбі Роўлінз, дзве афіцыянткі — сёстры Бэтэнкорт (знаёмыя Дзіна), і нават Роланд Мэйджэр, мой стары прыяцель з каледжа, таксама пісьменнік, быў там. Я радасна і нецярпліва чакаў сустрэчы з імі. Таму я прашмыгнуў міма гожых дзяўчат, а найпрыгажэйшыя дзяўчаты на зямлі жывуць у Дэ-Мойне.

Нейкі хлопец у чымсьці кшталту капцёркі на колах — у грузавіку з інструментамі, якім ён кіраваў стоячы, як сучасны малочнік, — падкінуў мяне на вяршыню разложыстага пагорка, дзе я адразу застопіў фермера з сынам, якія кіраваліся ў Адэль, штат Аёва. У гэтым горадзе, пад вялікім вязам побач з запраўкай, я пазнаёміўся з яшчэ адным аўтаспыншчыкам, тыповым нью-ёркцам, ірландцам, які развозіў пошту на грузавіку большую частку працоўнага жыцця, а цяпер во ехаў да сваёй дзеўкі ў Дэнвер, каб пачаць усё наноў. Думаю, ён уцякаў ад чагосьці ў Нью-Ёрку, хутчэй за ўсё ад закону. Ён быў трыццацігадовым рэальным бухаром са спітым тварам і мусіў бы мне хутка надакучыць, калі б не мая вострая цяга да любога кшталту чалавечых стасункаў. На ім быў бітніцкі швэдар і шырокія штаны, а ў заплечніку было пуста — толькі зубная шчотка і насоўкі. Мой новы знаёмы прапанаваў лавіць машыну разам. Канечне, варта было адмовіцца, таму што на дарозе ён выглядаў надта сумнеўна, але мы заселі разам і пакацілі з маўклівым мужчынам у Сцюарт, штат Аёва, дзе проста трапілі ў нерат. Мы стаялі перад чыгуначнымі касамі ў чаканні машын, што ідуць на Захад, добрыя гадзін пяць — пакуль сонца не села. Спачатку мы спрабавалі паскорыць час размовамі пра сябе, потым ён апавядаў усялякія пошлыя гісторыі, і нарэшце мы проста пачалі падфутбольваць гальку і выдаваць розныя бессэнсоўныя гукі. Нам было нудна. Я вырашыў патраціць даляр на піва. Мы заваліліся ў стары бар у Сцюарце і ўзялі некалькі куфляў. Там мой спадарожнік добра налізаўся, як звычайна рабіў на сваёй Дзявятай авеню пасля працы ўвечары, і весела крычаў мне проста ў вуха ўсе свае брыдкія жыццёвыя мары. Але ў нечым ён мне нават падабаўся, не толькі таму, што быў добрым чэлам, гэта ён пазней даказаў, але больш таму, што ўмеў шчыра захапляцца. Мы вярнуліся на дарогу ўжо ў прыцемках, і, натуральна, ніхто не спыняўся і ў прынцыпе мала хто праязджаў. Гэта цягнулася да трох гадзін ночы. Нейкі час мы намагаліся заснуць на лаўцы побач з чыгуначнымі касамі, але тэлеграф трэнькаў усю ноч, і спаць было немажліва, да таго ж пастаянна грукацелі даўжэзныя таварнякі. Мы не ведалі, як заскочыць на таварны вагон, бо ніколі раней гэтага не рабілі, мы нават не ведалі, на захад яны ідуць ці на ўсход і як гэта вызначыць, што з іх проста грузавыя вагоны, што — вагоны-платформы, што — размарожаныя рэфрыжэратары... усяго гэтага мы не ведалі. Калі нарэшце перад самым світанкам міма праехаў аўтобус да Амахі, мы ўскочылі ў яго і далучыліся да сонных пасажыраў — я заплаціў і за сябе, і за спадарожніка. Яго звалі Эдзі. Ён нагадваў мне майго швагра з Бронкса. Таму я і трымаўся яго. Гэта было тое самае, што мець поруч старога сябра, файнага шчырага хлопца, з якім можна паадрывацца.

Мы прыехалі ў Консіл-Блафс на золку. Я вызірнуў у акно. Усю зіму я чытаў пра натоўпы людзей на фургонах, якія тут радзілі раду перад тым як выправіцца сцяжынамі Санта-Фэ ці Арэгона. Цяпер, зразумела, тут былі толькі ўтульныя прыгарадныя катэджы размаітых архітэктурных формаў, ахутаныя тужлівым шэрым світаннем. Потым Амаха, і, далібог, першы сустрэты мной каўбой! Ён ішоў уздоўж панурых сцен аптовых мясных складаў у сапраўдным каўбойскім капелюшы і тэхаскіх ботах і, за выключэннем касцюма, выглядаў гэтаксама, як любы тыповы жыхар Усходу на такім жа світанку, на фоне такіх жа самых цагляных сцен. Мы вылезлі з аўтобуса і падняліся на пакаты ўзгорак, што тысячагоддзямі на ўзбярэжжы расціла сваёй магутой Місуры, побач з якой, уласна, і паўстаў Амаха, а потым выйшлі за горад і паднялі пальцы ўгару. Мы нядоўга праехаліся з заможным фермерам у каўбойскім капелюшы, які казаў, што даліна Плат такая ж вялікая як даліна Ніла ў Егіпце. Як толькі ён гэта сказаў, я ўбачыў агромністыя дрэвы, што віліся абапал рэчышча, бязмежныя зялёныя палі па берагах ракі — і амаль пагадзіўся з ім. Потым, калі мы стаялі на іншым скрыжаванні і неба пачало хмарыцца, іншы каўбой, ростам футаў з шэсць, у сціплым паўкаўбойскім капелюшы, паклікаў нас і спытаў, ці можа хто з нас весці машыну. Эдзі мог, і ён, у адрозненне ад мяне, меў пасведчанне. У каўбоя было дзве тачкі, якія ён гнаў назад у Мантану. Ягоная жонка чакала ў Грэнд-Айлэндзе, і ён хацеў, каб мы датуль кіравалі адной з іх, а там ужо яна падсядзе за руль. З Грэнд-Айлэнда каўбой збіраўся ехаць на поўнач, таму там нашая з ім паездка мусіла закончыцца, але гэта і так добрая сотня міль углыб Небраскі, і мы ахвотна пагадзіліся.

Эдзі ехаў адзін наперадзе, мы — за ім, але ўжо на выездзе з горада ён пагнаў тачку з хуткасцю дзевяноста міль, гэта быў яўны перабор. “Што за трасца, што, блін, робіць гэты чувак!” — загарлаў каўбой і кінуўся за ім. Гэта нагадвала рэальныя гонкі. На нейкі момант я падумаў, што Эдзі спрабуе скрасці аўто — і, наколькі мне цяпер вядома, менавіта гэта ён і збіраўся зрабіць. Але каўбой учапіўся за ім, дагнаў і давай сігналіць. Эдзі скінуў хуткасць. Каўбой пасігналіў яшчэ, каб той наогул спыніўся.

— Халера, малец, на такой хуткасці ў цябе лопне нафіг кола! Збаў крыху тэмп!

— Ох, драць мяне, я што праўда выціскаў дзевяноста? — спытаў Эдзі. — Нават не заўважыў на такой роўнай трасе!

— Проста давай спакайней, і мы дапрэмся да Грэнд-Айлэнда жывымі і здаровымі.

— Без праблем.

І мы паехалі далей. Эдзі супакоіўся, магчыма, яго нават пачало хіліць да сну. Так мы праехалі сотню міль па Небрасцы, рухаючыся ўздоўж звілістай Плат з яе зялёнымі палямі.

— Падчас дэпрэсіі, — расказваў каўбой, — я быў заскокваў у таварняк, прынамсі, раз на месяц. У тыя дні можна было ўбачыць сотні людзей, якія ездзілі на платформах ці проста ў таварных вагонах, і сярод іх былі не толькі бадзягі, было шмат беспрацоўных, якія пераязджалі з месца на месца, ну і тыя, хто проста цягаўся па свеце. Так было на ўсім Захадзе. Кантралёры ў тыя дні ніколі не чапалі. Не ведаю, як сёння. У Небрасцы няма чаго рабіць. У сярэдзіне 30-х тут было пуста, толькі суцэльнае воблака пылу куды ні плюнь. Не было чым дыхаць. Зямля чорная. Я тады быў тут. Як на мяне, дык няхай вяртаюць Небраску індзейцам! Я ненавіджу гэтае выклятае месца больш за любое іншае на зямлі. Цяпер мой дом у Мантане — горад Мізула. Заязджай як-небудзь, пабачыш рай зямны.

Апасля, пад вечар, калі ён ужо стаміўся гаварыць, я закемарыў. Наогул ён быў цікавым апавядальнікам.

На сярэдзіне дарогі мы спыніліся, каб трохі пад’есці. Каўбой пайшоў заклеіць запаску, а мы з Эдзі селі ў нейкай тыпу хатняй закусачнай. Я пачуў дзікі рогат, найдзічэйшы рогат на свеце, і тут у кафэшку ўваліўся класічны небраскаўскі дзед, увесь у скуры, а з ім шумная грамада. Ягоны скрыпучы віскат можна было пачуць ва ўсіх канцах Вялікіх Раўнін, ва ўсіх раўнінах гэтага шэрага свету. Усе астатнія смяяліся разам з ім. Яго абсалютна не абыходзіў цэлы свет, але ён з увагай ставіўся да кожнага ў прыватнасці. Я сказаў сабе: паслухай, як гэты мужык смяецца. Гэта Захад, вось я і на Захадзе. Ён з грукатам зайшоў, паклікаў Мо — а яна гатавала найсаладзейшы вішнёвы пірог у Небрасцы, кавалак якога з горкаймарозіва перахапіў і я.

— Мо, накапай мне па-хуткаму чаго пажэрці, покі я сябе жыўцом грызці не пачаў або шчэ на кагось не накінуўся, — і ён пляснуўся на крэсла і давай га-га-га, га-га-га.

— І кідані шчэ пару бабоў туды.

Гэта быў праўдзівы дух Захаду, які сядзеў побач са мной. Я хацеў бы ведаць усё пра яго жыўцом, без абгорткі — чым ён, халера, займаўся гадамі акрамя таго, што вось так рагатаў і вішчэў. “Уууууууф!” — сказаў я сам сабе, і тут вярнуўся каўбой, і мы паехалі далей у Грэнд-Айлэнд.

Мы дабраліся вокамгненна. Каўбой паехаў забіраць жонку, потым выправіўся насустрач лёсу, а мы з Эдзі прадоўжылі свой шлях. Нас падвезлі двое вясковых падлеткаў на драндулеце, які чамусьці не развальваўся на хаду, і высадзілі, калі пачынала імжыць. Затым маўклівы стары — аднаму Богу вядома, навошта ён нас падабраў — давёз да Шэлтана. Тут Эдзі сіратліва стаў на дарозе перад купай індзейцаў амаха, якія сядзелі на кукішках і пільна аглядаліся, не маючы куды ісці і чым заняцца. Праз дарогу была чыгунка і воданапорка з цыстэрны, а на ёй надпіс: “ШЭЛТАН”.

— От халера! — здзіўлена сказаў Эдзі. — Я ўжо быў у гэтым горадзе! Некалькі гадоў таму, падчас вайны, уночы, позна ўночы, калі ўсе спалі, я выйшаў на платформу пакурыць, было такое адчуванне, што мы нідзе, вакол — цемра непраглядная, я падняў вочы і ўбачыў на цыстэрне надпіс “ШЭЛТАН”. Мы ехалі да Ціхага акіяна, усе дрыхлі, усе хрэнавы адсоснікі, і мы спыніліся ўсяго на некалькі хвілін, нешта там з палівам ці што, а потым паехалі далей. Вось блін, гэта Шэлтан! Яшчэ з таго часу я ненавіджу гэтае месца!

І, як на ліха, мы завіслі ў Шэлтане. Як у Дэвенпорце ў Аёве, усе машыны чамусьці былі з фермерамі, зрэдку — з турыстамі, і гэта было яшчэ горай, бо ў апошніх сядзелі старыя мужыкі і іхныя жонкі, якія тыцкалі пальцамі ў розныя славутасці або, адкінуўшыся на сядзенні, вывучалі карту і вызіралі падазрона.

Імжыла штораз мацней, і Эдзі змерз — ён быў апрануты вельмі лёгка. Я выцягнуў яму з заплечніка ваўняную кашулю ў клетку. Эдзі зрабілася значна лепей, а вось я падмерз. У нейкай лядашчай індзейскай крамцы я набыў таблеткі ад кашлю. Потым зайшоў у дробнае паштовае аддзяленне і адправіў цётцы паштоўку за пару цэнтаў. Мы вярнуліся на шэрую дарогу. Вось яно проста перад намі — ШЭЛТАН, надпіс на цыстэрне. Міма прамчаўся “Рок-Айлэнд”. Мы ўбачылі невыразныя абрысы ў вагонах скорага. Цягнік завыў, несучыся па раўнінах у кірунку нашых жаданняў. Дождж лінуў яшчэ мацней.

Доўгі цыбаты чувак у каўбойскім капелюшы спыніў машыну на супрацьлеглым баку дарогі і падышоў да нас. Ён выглядаў як шэрыф. Мы моўчкі пачалі выдумляць сабе гісторыю. Ён няспешна набліжаўся.

— Вы, мальцы, кудысьці едзеце ці проста едзеце?

Мы не зразумелі ягонага пытання, а гэта было капец якое добрае пытанне.

— У сэнсе? — перапыталі мы.

— У мяне тут уласныя атракцыёны за пару міль уніз па дарозе, і я шукаю колькі дарослых хлапцоў, якія хочуць падзарабіць. У мяне дазвол на рулетку і на драўляныя абручы, ведаеце, такія, што кідаеш на цацкі, выпрабоўваеш удачу. Калі вы, хлопцы, захочаце на мяне папрацаваць, атрымаеце трыццаць працэнтаў.

— А што наконт пакоя і харчу?

— Ложак будзе, але ежа — не. Мусіце есці ў горадзе. Мы таксама вандруем.

Мы задумаліся.

— Гэта добрая магчымасць, — сказаў ён і цярпліва чакаў, пакуль мы асэнсуем. Мы пачуваліся недарэчна і не ведалі, што адказаць. Што да мяне, я не вельмі хацеў засесці з гэтымі лахатронамі, бо страшэнна спяшаўся да сваёй хеўры ў Дэнвер. Я сказаў:

— Я не ведаю, мне трэба ехаць як мага хутчэй, думаю, у мяне няма часу.

Эдзі адказаў тое самае, дзед махнуў рукой, пацягнуўся назад у сваю машыну і паехаў. Вось і ўсё. Мы засмяяліся і паспрабавалі прыдумаць, што магло б атрымацца, калі б мы пагадзіліся. Я ўяўляў цёмны і пыльны вечар у Вялікіх Раўнінах, павольна шпацыруюць небраскскія сем’і са сваімі ружовашчокімі дзецьмі, якія глядзяць на ўсё захоплена, ведаю, я б пачуваўся самім чортам, разводзячы іх на грошы гэтымі таннымі фокусамі. Кола агляду круціцца ў цемры сярод раўнін, і — Божа ўсёмагутны! — тужлівая музыка каруселі, мне трэба хутчэй ехаць — а я начую ў якім-небудзь пазалочаным вагоне на брызентавым ложку.

Выявілася, што Эдзі — даволі няўдзячны спадарожнік. Нейкі стары калдыбаў на забаўнай самаробнай бандурыне. Яна была з лістоў алюмінію, квадратная, як скрыня — трэйлер адназначна, але дзіўны, шызоідны небраскскі самапальны трэйлер. Ён цягнуўся вельмі марудна і ўзяў ды спыніўся. Мы падбеглі да яго, стары сказаў, што можа падабраць толькі аднаго. Не сказаўшы ні слова, Эдзі заскочыў усярэдзіну і паволі загрукацеў прэч, у маёй клятчастай кашулі. Ну што ж, бывай, кашуля, бывай. У кожным разе, яна была для мяне толькі меланхалічным успамінам. Я чакаў у нашым паскудным Шэлтане яшчэ доўга, надта доўга — некалькі гадзін, нават падалося, што ўжо ноч надыходзіць, але насамрэч гэта быў толькі надвячорак, проста пахмуры. Дэнвер, Дэнвер, калі я ўрэшце траплю ў Дэнвер? Я ўжо сабраўся быў адмовіцца ад планаў і думаў прысесці выпіць кавы, калі раптам малады хлопец спыніў свой даволі новы легкавік. Я бег як шалёны.

— Куды вы едзеце?

— У Дэнвер.

— Добра, магу падкінуць вас на сто міль па дарозе.

— Супер, вы ўратавалі мне жыццё.

— Я таксама раней ездзіў спынам, таму заўсёды падбіраю.

— Калі б у мяне была машына, я б таксама падбіраў.

І мы размаўлялі, ён апавядаў пра жыццё, якое было, зрэшты, не дужа цікавым. Я пачаў патроху засынаць і прачухаўся, калі мы ўжо праехалі Гётэнбург, дзе хлопец мяне высадзіў.

_____________________________________________________

[1] Востраў Рыкерс (анг. Rikers Island) — востраў-турма ў праліве Іст-Рывер, адносіцца да горада Нью-Ёрк, да раёнаў Куінс і Бронкс.

[2] Пятля (анг. Loop) — адзін з цэнтральных раёнаў Чыкага.

[3] Арніталогія (Ornithology) — джазавы бібоп-стандарт, выпушчаны саксафаністам Чарлі Паркерам і трубачом Бэні Харысам у 1946 годзе.

Пераклад з ангельскай – Марыя Лапо © 2013

Чытайце таксама

Мэры Шэлі

Мэры Шэлі

Ангельская пісьменніца, аўтарка славутага "Франкенштэйна"

Карл Фрудэ Тылер

Карл Фрудэ Тылер

Нарвежскі пісьменнік, гісторык, музыка.

Франсуа Рабле

Франсуа Рабле

Французскі пісьменнік-сатырык, заклаў асновы сучаснай еўрапейскай літаратуры

Рышард Капусціньскі

Рышард Капусціньскі

Польскі рэпарцёр, журналіст, празаік, паэт, фатограф, “імператар рэпартажу”

1856