№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мікалай Гогаль

Рэвізор (Ревизор)

П'еса

Пераклад з рускай Антон Адамовіч

Пераклад Антона Адамовіча друкуецца паводле рукапісу, які захоўваецца ў архіве БІНіМа. У аўтографе ёсць дата заканчэння працы над перакладам — 1 ліпеня 1943 г.

 

 

Дарма на люстэрак крывіцца, калі сам крывы.

Народная прыказка

 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

 

Антон Антонавіч Сквозьнік-Дмуханоўскі, гараднічы

Ганна Андрэеўна, ягоная жонка

Мар’я Антонаўна, ягоная дачка

Лукаш Лукашовіч Хлопаў, інспэктар школаў

Жонка ягоная

Амос Хведаравіч Ляпкін-Цяпкін, судзьдзя

Арцём Піліпавіч Земляніка, апякун богугодных установаў

Іван Кузьмовіч Шпёкін, паштмайстар

Пётра Іванавіч Добчынскі     гарадзкія дамаўласьнікі

Пётра Іванавіч Бобчынскі

Іван Аляксандравіч Хлестакоў, чыноўнік ізь Пецярбургу

Восіп, ягоны служка

Хрысьціян Іванавіч Гібнэр, паветавы лекар

Хведар Андрэевіч Люлюкоў     

Іван Лазаравіч Растакоўскі       адстаўныя чыноўнікі, паважаныя асобы ў горадзе

Сьцяпан Іванавіч Каробкін 

Сьцяпан Ільлёвіч Ухавёртаў, паліцыйны прыстаў

Сьвістуноў

Пугаўкін

Дзяржыморда    паліцыянты

Абдулін, купец

Хаўроньня Пётраўна Паплешына, сьлесарыха[1]

Жонка унтэр-афіцэра

Міхалка, служка гараднічага

Служка Заезду

Госьці, купцы, мяшчане, просьбіты

 

 

 

ХАРАКТАРЫ І КАСЬЦЮМЫ

Зацемкі спадаром акторам

 

Гараднічы, ужо пастарэлы на службе й дужа ня дурны, як па-свойму, чалавек. Хоць і хабарнік, аднак захоўваецца дужа салідна, даволі паважны, крыху нават рэзанэр; гаворыць ні заголасна, ні заціха, ні зашмат, ні замала. Ягонае кажнае слова важкае. Рысы твару ў яго грубыя й жорсткія, як у кажнага, хто пачаў цяжкую службу ад ніжэйшых чыноў. Пераход ад страху да радасьці, ад нізоты да хванабэрыі, даволі шпаркі, як у чалавека з груба-разьвітымі нахіламі душы. Ён апранены звычайна ў сваім мундзеры з зашплікамі і ў батфортах із шпорамі. Валасы ў яго стрыжаныя, зь сівізною.

Ганна Андрэеўна, ягоная жонка, правінцыяльная какетка, яшчэ не зусім паджылых год, узгадаваная напалавіну на раманах, альбомах, напалавіну на клопатах у сваёй каморы і дзявічнай. Дужа цікаўная й пры нагодзе выказвае пустахвальства. Бярэ часам уладу над мужам таму толькі, што той не знаходзіцца, што адказваць ёй; але ўлада гэтая пашыраецца толькі на драбніцы й палягае на вымовах і насьмешках. Яна чатыры разы пераапранаецца ў розныя сукні на працягу п’есы.

Хлестакоў, малады чалавек год дваццацёх трох, тоненькі, худзенькі, крыху прыдуркаваты і, як кажуць, без цара ў галаве, — адзін із тых людзей, якіх у канцылярыях называюць пусьцейшымі. Гаворыць і дзеіць без усялякага меркаваньня. Ён ня ў стане спыніць сталае ўвагі над якой-небудзь думкаю. Гаворка ягоная адрывістая, і словы вылётаюць із вуснаў ягоных зусім неспадзявана. Чым больш выканавец гэтае ролі пакажа чыстасэрдзя й прасьціні, тым больш ён выйграе. Апранаецца паводле моды.

Восіп, служка, такі, якімі зазвычай бываюць служкі крыху паджылых год. Гаворыць паважна, пазірае крыху ўніз, рэзанэр і любіць самому сабе чытаць маралы для свайго пана. Голас ягоны блізу заўсёды роўны, у гаворцы з панам набывае суворы, адрывісты й крыху навет грубы выраз. Ён разумнейшы за свайго пана і таму хутчэй здагадваецца, але ня любіць зашмат гаварыць, і таму моўчкі круцель. Касьцюм ягоны — шэры ці сіні падношаны сурдут.

Бобчынскі й Добчынскі, абодвы нізенькія, кароценькія, дужа цікаўныя; надзвычай падобныя адзін да аднаго: абодва зь невялічкімі пузікамі, абодва гавораць хуценька й надзвычай шмат памагаюць гэстамі й рукамі. Добчынскі крыху вышэйшы, паважнейшы за Бобчынскага, але Бобчынскі разьвязьнейшы й жвавейшы за Добчынскага.

Ляпкін-Цяпкін, судзьдзя, чалавек, які прачытаў пяць ці шэсьць кніжок і таму крыху вальнадумны. Вялікі ахвотнік да здагадкаў, таму кожнаму свайму слову надае вагу. Выканавец гэтай ролі павінен заўсёды захоўваць на сваім твары мнагазначную міну. Гаворыць басам із даўгаватым расьцягам, хрыпам і сапам, як старэтны гадзіньнік, які перш сіпіць, а тады ўжо б'е.

Земляніка, апякун богугодных установаў, дужа таўсты, непавароткі, нязграбны чалавек; але пры ўсім тым пройда й круцель. Дужа прыслужлівы й мітусьлівы.

Паштмайстар, прастадушны да наіўнасьці чалавек.

Рэшта роляў не патрабуець асаблівых тлумачэньняў; арыгіналы іхныя заўсёды бадай знаходзяцца перад вачыма.

Спадары акторы асабліва павінны ўзяць увагу на апошнюю сцэну. Апошняе праказанае слова павінна зрабіць электрычны ўскалот на ўсіх — адразу, раптам. Уся група павінна зьмяніць палажэньне за адно вокамгненьне. Гук зьдзіўленьня павінен вырвацца ўва ўсіх жанок разам, як быццам із адных грудзей. Ад незахаваньня гэтых заўвагаў можа зьнікнуць увесь эфэкт.

 

 

Дзея першая

Пакой у доме гараднічага.

 

Зьява І

Гараднічы, апякун богугодных установаў, інспэктар школаў, судзьдзя, паліцыйны прыстаў, лекар, два квартальныя.

 

Гараднічы. Я запрасіў вас, спадары, каб паведаміць вам вельмі паганую навіну: да нас едзе рэвізор.

Амос Хведаравіч. Як, рэвізор?

Арцём Піліпавіч. Як, рэвізор?

Гараднічы. Рэвізор ізь Пецярбургу, інкогніта. І яшчэ з сакрэтнай інструкцыяй.

Амос Хведаравіч. Вось табе маеш!

Арцём Піліпавіч. Вось ня мелі клопату, дык давай!

Лукаш Лукашовіч. Божухна-Бацюхна! Яшчэ й з сакрэтнай інструкцыяй.

Гараднічы. Я быццам прачуваў: сяньня мне цалюткую ноч сьніліся нейкія два нязвычайныя пацукі. Праўда-ж, гэткіх я ніколі ня бачыў: чорныя, нясусьветнае велічыні! Прыйшлі, панюхалі — і пайшлі прэч. Вось я вам прачытаю ліст, што меў я ад Андрэя Іванавіча Чмыхава, якога самі, Арцёме Піліпавічу, знаеце. Вось што ён піша: “Даражэнькі сябру, куме й дабрадзею (мармыча напаўголасу, прачытваючы хутка вачыма) — і паведаміць цябе…” Ага, вось: “Сьпяшаюся, між іншага, паведаміць цябе, што прыехаў чыноўнік з інструкцыяй агледзець усю губэрню й асабліва наш павет (мнагазначна ўздымае палец угару). Я даведаўся гэта ад самаверыгодных людзей, хоць ён удае зь сябе прыватную асобу. Ведаючы, што за табою, як за кажным, вядуцца грашкі, бо чалавек ты разумны й ня любіш цадзіць праз пальцы, што плыве само ў рукі...” (спыніўшыся). Ну, тутака свае. — “…дык раю табе ўзяць перасьцярогу, бо ён можа наехаць кажнае гадзіны, калі толькі ўжо ня прыехаў і ня жыве дзе інкогніта... Учарайшага дня...” Ну, гэттака ўжо пайшлі справы сямейныя: “Сястра Ганна Кірылаўна прыехаўшы да нас із сваім мужам; Іван Кірылавіч вельмі рассыцеў і ўсё грае на скрыпцы” і іншае, і іншае. Дык вось якая акалічнасьць.

Амос Хведаравіч. Але-ж, акалічнасьць такая нязвычайная, проста нязвычайная. Нештачка нездарма.

Лукаш Лукашовіч. Навошта-ж, Антоне Антонавічу, із чаго гэта? Навошта да нас рэвізор?

Гараднічы. Навошта! Гэтак ужо, мабыць, доля. (Уздыхнуўшы). Дасюль, дзякаваць Богу, падкочваліся да іншых гарадоў, цяпер падыйшоў чарод да нашага.

Амос Хведаравіч. Я думаю, Антоне Антонавічу, што тутака тонкая й больш палітычная прычына. Гэта значыць вось што: Расея... але-ж... хоча ваяваць, дык-жа міністэрыя, во бачыце, і падаслала чыноўніка, каб даведацца, ці няма дзе здрады.

Гараднічы. Гэнь, куды маханулі! Яшчэ разумны чалавек! У паветавым горадзе здрада! Што ён, на ўзьмежку, ці што? Ды адсюль, хоць тры гады гані, да ніякае дзяржавы не даедзеш.

Амос Хведаравіч. Не, я самім скажу... самі ня гэта... самі ня... Начальства мае тонкія мэты: дарма, што далёка, а яно накручвае на вус.

Гараднічы. Накручвае ці не накручвае, а я вас, спадары, перасьцярог. Глядзеце! У сваёй галіне я сякія-такія распараджэньні зрабіў, раю й вам. Асабліва самім, Арцёме Піліпавічу! І ня думаць, праежджы чыноўнік захоча насамперш агледзець падначаленыя самім богугодныя ўстановы — і таму зрабеце так, каб усё было гожа: каптуры каб былі чыстыя, і хворыя не выглядалі-б на кавалёў, як зазвычай яны ходзяць па-свойску.

Арцём Піліпавіч. Ну, гэта йшчэ дарма. Каптуры, бадай, можна надзець і чыстыя.

Гараднічы. Але. І таксама над кажным ложкам надпісаць палаціне ці іншай якой моваю... гэта ўжо саміх частка, Хрысьціяне Іванавічу, — кажную хваробу, калі хто захварэўшы, каторага дня й даты... Нядобра, што ў вас хворыя такі сіберны тытун кураць, што заўсёды разачхаешся чалавек, увайшоўшы. Дый лепш, каб іх было меней: адразу запішуць на благі догляд ці на лекарава няўмельства.

Арцём Піліпавіч. О! Што да лекарства, мы з Хрысьціянам Іванавічам ужылі свае захады: чым бліжэй да натуры, тым лепш, — лекаў дарагіх мы ня ўжываем. Чалавек просты: калі памрэ, дык і так памрэ; калі ачуняе, дык і так ачуняе. Дый Хрысьціяну Іванавічу цяжкавата было-б зь імі паразумецца — ён па-нашаму ані слоўца ня ўмее.

 

Хрысьціян Іванавіч выдае гук, часткаю падобны да літары і, а крыху да е.

 

Гараднічы. Самім гэтак-жа раіў-бы, Амосе Хведаравічу, узяць увагу на прысудзкія ўстановы. У саміх тамака ў сходні, куды зазвычай прыходзяць із просьбамі, старажы загадавалі свойскіх гусей з маленькімі гусянятамі, што так і шныпараць пад нагамі. Яно пэўна-ж, сваёй гаспадаркай абжывацца кажнаму ўхвальна, дык чаму-ж і сторажу не абжыцца, толькі, ведаеце, у такім месцы нягожа... Я й перш хацеў самім гэта зазначыць, ды ўсё нек забываўся...

Амос Хведаравіч. А вось я іх сяньня-ж загадаю ўсіх забраць да кухні. Хочаце, прыходзьце на абед.

Гараднічы. Апрача таго, блага, што ў саміх высушваецца ў саменькім прысудзтве ўсялякая дрэнь, і над самюсенькай шафай з паперамі — паляўнічы гарапнік. Я ведаю, самі любіце паляваньне, але ўсё-ж на час лепш прыхаваць яго, а там, як праедзе рэвізор, бадай, ізноў можаце сабе павесіць. Таксама і лаўнік у саміх... ён, пэўна-ж, чалавек дазнаны, але ад яго такі пах, быццам-бы ён кагадзе выйшаўшы з бровару, — гэта таксама нядобра. Я хацеў даўно пра гэта сказаць самім, ды быў, ня памятаю чым, забаўлены. Ёсьць проці гэтага спосабы, калі ўжо гэта, запраўды, як ён кажа, у яго прыродны пах: можна параіць яму есьці цыбулю, ці часнык, ці што іншае. У гэтым разе можа дапамагчы рознымі мэдыкамэнтамі Хрысьціян Іванавіч.

 

Хрысьціян Іванавіч выдае той самы гук.

 

Амос Хведаравіч. Не, гэтага ўжо немагчыма выжыць: ён кажа, што яго маленькім мамка адбіла, і згэнуль ад яго тхне крыху гарэлкаю.

Гараднічы. Ды я так толькі зазначыў самім... Што-ж да нутранога распараджэньня й таго, што называе ў лісьце Андрэй Іванавіч грашкамі, я нічога не магу сказаць. Ды й дзіва казаць: няма чалавека, які ня меў бы за сабою якіх грахоў. Гэта ўжо так самым Богам уладжана, і валтар’янцы дарэмна супраць гэтага кажуць.

Амос Хведаравіч. Што-ж самі маеце, Антоне Антонавічу, грашкамі? Грашкі на грашкі ня выходзяць. Я кажу ўсім прылюдна, што бяру хабары, але чым хабары? Хартовымі шчанюкамі. Гэта зусім што іншае.

Гараднічы. Ну, шчанюкамі ці чым іншым, усёдна хабары.

Амос Хведаравіч. Ну не, Антоне Антонавічу. А вось, прыкладам, калі ў каго хутра каштуе пяцьсот рублёў, ды жонцы шаль...

Гараднічы. Ну, а што з таго, што самі берацё хабары хартовымі шчанюкамі? Затое самі ў Бога не ўвяраеце, самі ў царкву аніколі ня ходзіце; а я, прынамсі, у веры цьвярды й што нядзелькі бываю ў царкве. О, я знаю саміх, самі калі пачняцё распраўляць пра стварэньне сьвету, дык проста валасы дуба даюць.

Амос Хведаравіч. Дык-жа сам сабою дайшоў, собскім розумам.

Гараднічы. Ну, іншым разам зашмат розуму горш, чымся-б яго ані ня было. Зрэшты, я так толькі ўспамянуў пра паветавы суд; а праўду кажучы, бадай ці хто калі-небудзь зазірне туды: гэта ўжо такая зайздросная мясьціна, сам Бог над ёй апякуецца. А вось самім, Лукашу Лукашовічу, як інспэктару навучальных установаў, трэба парупіцца, асабліва што да настаўнікаў. Яны людзі, пэўна-ж, вучоныя й гадаваліся па розных калегіях, але маюць вельмі дзіўныя абыходкі, натуральна, неразлучныя з вучонай годнасьцяй. Адзін зь іх, прыкладам, вунь гэты, што ў яго таўшчэнны твар... ня прыпамятаю ягонага прозьвішча, аніяк ня можа абыцца без таго, каб, узышоўшы на катэдру, ня скрывеліцца во гэтак (паказвае), і пасьля пачне рукою з-пад гальштуку прасаваць сваю бараду. Ведама, калі ён вучню зробіць такую крывелю, дык яно йшчэ дарма, можа, яно там і трэба гэтак, аб гэтым я не магу меркаваць; але памяркуйце самі, калі ён зробіць гэта гасьцю — гэта можа быць вельмі пагана: спадар рэвізор ці іншы хто можа ўзяць гэта на сябе. З гэтага ліха ведае што можа выкрывіцца.

Лукаш Лукашовіч. Што-ж мне, праўдачка, зь ім рабіць? Я ўжо колькі разоў яму казаў. Вось яшчэ надовечы, як зайшоўся быў у клясу наш маршалак, ён скроіў такую крывеліну, што я ніколі йшчэ не аглядаў. Дык-жа ён зрабіў ад добрага сэрца, а мне нагонка: навошта вальнадумныя ідэі натхняюцца моладзі.

Гараднічы. Тое-ж мушу зазначыць самім і пра настаўніка гістарычнай часткі. Ён вучоная галава — гэта знаць, і ведаў нахапаўся процьму, але толькі выкладае з гэткім запалам, што сябе ня памятае. Я аднойчы слухаў яго: ну, пакулечы распраўляў пра асырыйцаў і бабілёнцаў — яшчэ дарма, а як дабраўся да Аляксандры Македонскага, дык я не магу вам сказаць, што зь ім зрабілася. Я думаў, што пажар, далібог! Зьбег із катэдры, і, як дужы, трэсь крэслам аб памост! Яно, пэўна-ж, Аляксандра Македонскі гэрой, ды навошта-ж крэслы крышыць! Ад гэтага дзяржаве страта.

Лукаш Лукашовіч. Але-ж, ён гарачы! Я гэта яму ўжо колькі разоў зазначаў... Кажа: “Як хочаце, дзеля навукі я жыцьця не пашкадую”.

Гараднічы. Але-ж, такі ўжо незьясьнёны закон лёсу: разумны чалавек — або п’яніца, альбо крывелю такую строіць, што хоць абразы вынось.

Лукаш Лукашовіч. Ня дай Божачка служыць у вучонай галіне, усяго-ўсенькага чалавека баішся! Кажны мяшаецца, кажнаму хочацца паказаць, што ён таксама разумны чалавек.

Гараднічы. Гэта-б яшчэ дарма — інконгіта проклятае! Раптам зазірне: “Га, вы тутака, галубочкі! А хто, — скажа, — тут за судзьдзю?” — “Ляпкін-Цяпкін!” — “А давайце сюды Ляпкіна-Цяпкіна! А хто за апякуна богугодных установаў?” — “Земляніка”. — “А давайце сюды Земляніку!” — Вось што пагана.

 

Зьява ІІ

Тыя самыя й паштмайстар.

 

Паштмайстар. Растлумачце, спадары, што, які чыноўнік едзе?

Гараднічы. А самі хіба ня чулі?

Паштмайстар. Чуў ад Пётры Іванавіча Бобчынскага. Ён кагадзе быў у мяне ў паштовай канторы.

Гараднічы. Ну, што? Як самі думаеце на гэта?

Паштмайстар. А што думаю? Вайна з туркамі будзе.

Амос Хведаравіч. У вадно слоўца! Я сам тое самае думаў.

Гараднічы. Але-ж, абодва пальцам у неба поркнулі.

Паштмайстар. Праўда-ж, із туркамі. Гэта ўсё француз паскудзіць.

Гараднічы. Якая вайна з туркамі! Проста нам блага будзе, а ня туркам. Гэта ўжо ведама: у мяне ліст.

Паштмайстар. А, калі гэтак, дык ня будзе вайны з туркамі.

Гараднічы. Ну, што-ж, як самі, Іване Кузьмовічу?

Паштмайстар. Ды што я? Як самі, Антоне Антонавічу?

Гараднічы. Ды што я! Дык-жа страху няма, а так, крышачку. Купецтва ды грамадзянства мяне сумяціць. Кажуць, што я ім салона даўся; а я, вось далібог, калі і ўзяў з каго, дык, праўда-ж, без усялякае нянавісьці. Я навет думаю (бярэць яго пад руку і адводзіць набок). Я навет думаю, ці ня было на мяне якога даносу. Навошта-ж, запраўды, да нас рэвізор? Слухайце адно, Іване Кузьмовічу, ці нельга самім, дзеля агульнае нашае карысьці, кажны ліст, што прыбывае да саміх у паштовую кантору, уваходны ці выходны, ведаеце, гэтак крышку расьпячатваць і прачытаць, ці нямашака ў ім якога данашэньня ці проста ліставаньня? Калі-ж няма, дык можна зноў запячатваць; зрэшты, можна й так аддаць ліст, расьпячатваны.

Паштмайстар. Ведаю, ведаю... Гэтага ня вучэце, гэта я раблю ня тое каб дзеля перасьцярогі, а больш дзеля цікаўнасьці, — да сьмерці люблю даведацца, што ёсьць новага на сьвеце. Я самім скажу, што гэта страх як цікавае чытаньне! Іншы ліст з асалодаю прачытае чалавек, гэтак апісваюцца розныя пасажы... а паўчальнасьць такая... лепш, чымся ў “Маскоўскіх ведамасьцях”!

Гараднічы. Ну, што-ж, скажэце, нічога ня вычытвалі пра якога чыноўніка зь Пецярбургу?

Паштмайстар. Не, пра пецярбурскага нічагуткі няма, а пра кастрамскіх ды саратаўскіх шмат гаворыцца. Шкада, аднак-жа, што самі ня чытаеце лістоў. Ёсьць дасканалыя мясьціны. Вось нядаўна адзін паручнік піша да прыяцеля й апісаў баляваньне ў самагульлівым... вельмі, вельмі добра. “Жыцьё маё, любы сябру, плыве, — кажа, — у эмпірэях: паненкаў шмат, музыка грае, штандарт скача...” — зь вялікім, зь вялікім пачуцьцём апісаў. Я знарок пакінуў яго ў сябе. Хочаце, прачытаю?

Гараднічы. Не, цяперака не да таго. Дык зрабеце ласку, Іване Кузьмовічу: калі выпадкам трапіцца жальба ці данашэньне, дык бяз усякага разважаньня запыняйце.

Паштмайстар. Ізь вялікай прыемнасьцяй.

Амос Хведаравіч. Глядзеце, будзе вам калі за гэта.

Паштмайстар. Ах, Божухна!

Гараднічы. Дарма, дарма. Што іншае, калі-б самі з гэтага публічнае што зрабілі, але-ж гэта справа сямейная.

Амос Хведаравіч. Але-ж, нядобрая справа заварылася! А я, прызнаюся, ішоў быў да саміх, Антоне Антонавічу, каб пачаставаць саміх сабачанёткам. Родная сястра таго кяжучка, што самі знаеце. Самі-ж чулі, што Чаптовіч із Вархавінскім завяліся судзіцца, і цяперака мне раскоша: ганяю зайцоў на землях і ў гэтага, і ў гэнага.

Гараднічы. Бацюхна, няўлюб мне цяпер саміх зайцы: у мяне інкогніта проклятае сядзіць у галаве! Гэтак і чакаеш чалавек, што вось адчыняцца дзьверы — і шась...

 

Зьява ІІІ

Тыя самыя, Бобчынскі й Добчынскі, абодва ўваходзяць засопшыся.

 

Бобчынскі. Надзвычайная праява!

Добчынскі. Неспадзяваная справа!

Усе. Што, што такое?

Добчынскі. Непрадбачаная рэч: прыходзіма ў гасьціньніцу...

Бобчынскі(перапыняючы). Прыходзіма зь Пётрам Іванавічам у гасьціньніцу...

Добчынскі(перапыняючы). Гэ, дазвольце, Пётра Іванавічу, я раскажу.

Бобчынскі. Гэ, не, дазвольце, ужо я... дазвольце, дазвольце... самі ўжо й стылю такога ня маеце.

Добчынскі. А самі зьбянтэжыцеся й ня прыпамятаеце ўсяго.

Бобчынскі. Прыпамятаю, далібог, прыпамятаю. Ужо-ткі не замінайце, хай я раскажу, не замінайце! Скажэце, спадары, зрабеце ласку, каб Пётра Іванавіч не замінаў.

Гараднічы. Ды кажэце, дзеля Бога, што такое? У мяне сэрца не ўтаймуецца. Сядайце, спадары! Вазьмеце крэслы! Пётра Іванавічу, вось самім крэсла.

 

Усе расьсядаюцца вакол абодвух Пётраў Іванавічаў.

 

Ну, што, што такое?

Бобчынскі. Дазвольце, дазвольце: я ўсё парадкам. Як толькі меў я прыемнасьць выйсьці ад саміх пасьля таго, як самі мелі ласку сумецца атрыманым лістом, але-ж, дык я тады сама забегся... ужо калі ласка, не перапыняйце, Пётра Іванавічу! Я-ж ужо ўсё, усё, усё ведаю-ж. Дык я, вось будзьце ласкавы бачыць, забегся да Каробкіна. Дык-жа не засьпеўшы Каробкіна ўдома, закруціўся да Растакоўскага, а не засьпеўшы Растакоўскага, зайшоўся вось да Івана Кузьмовіча, каб паведаміць яму атрыманую самімі навіну, ды, ідучы адтуль, сустрэўся зь Пётрам Іванавічам...

Добчынскі(перапыняючы). Каля будкі, дзе прадаюцца булкі.

Бобчынскі. Каля будкі, дзе прадаюцца булкі. Але, сустрэўшыся зь Пётрам Іванавічам і кажу яму: “Ці чулі самі пра навіну, што меў Антон Антонавіч ізь верыгоднага ліста?” А Пётра Іванавіч ужо чулі пра гэта ад саміх ахмістрыні, ад Аўдоцьці, якая, ня ведаю, па штосьці была пасланая да Піліпа Антонавіча Пачачуева.

Добчынскі(перапыняючы). Па бочачку на францускую гарэлку.

Бобчынскі(адводзячы ягоныя рукі). Па бочачку на францускую гарэлку. Вось мы прыйшлі зь Пётрам Іванавічам да Пачачуева... Ужо самі, Пётра Іванавічу, гэнага... не перапыняйце, калі ласка, не перапыняйце!.. Пайшлі да Пачачуева, ды па дарозе Пётра Іванавіч кажуць: “Зойдземся, — кажуць, — у заезд, бо-ж у жываце ў мяне... зраньня я нічога ня еўшы, дык жывотная трасяніна”. Але-ж, гэта ў жываце ў Пётры Іванавіча... “А ў заезд, — кажа, — прывезьлі цяперака сьвежае сёмгі, дык мы закусім”. Толькі гэта мы ў гасьціньніцу, як раптам малады чалавек...

Добчынскі(перапыняючы). Нішто сабе з выгляду, у партыкулярнай адзежы...

Бобчынскі. Нішто сабе з выгляду, у партыкулярнай адзежы, пахаджае гэттака па пакоі, і на твары гэнкае разважаньне... фізыяномія... абыходкі, і тутака (круціць рукою каля лобу) багата, багата ўсяго. Я быццам прачуваў і кажу Пётру Іванавічу: “Тут нештачка нездарма-ткі”. Але. Дык-жа Пётра Іванавіч ужо міргнулі пальцам і падклікалі гаспадара, дык-жа гаспадара заезду Аўласа — у яго жонка тры тыдні таму радзіўшы, і такі баявецкі хлопчык, будзе таксама, як і бацька, заезд трымаць. Падклікаўшы Аўласа, Пётра Іванавіч узялі й спыталіся ў яго ціхенька: “Хто, — кажа, — гэты маладзён?” — а Аўлас адказвае на гэта: “Гэта”, — кажа... Гэ, не перапыняйце, Пётра Іванавічу, калі ласка, не перапыняйце, самі не раскажаце, дальбог, не раскажаце: самі прышаптоўваеце, у саміх, я ведаю, адзін зуб у роце ізь сьвістам... “Гэта, — кажа, — малады чалавек, чыноўнік, — але-ж, — едзе зь Пецярбургу, а на прозьвішча, — кажа, — Іван Аляксандравіч, дык-жа, Хлестакоў, а едзе, — кажа, — у Саратаўскую губэрню і, — кажа, — дзівосна сябе атэстуе: другі ўжо тыдзень жыве, з заезду ня едзе, набірае ўсё напавер і ні капейчыны ня хоча плаціць”. Як сказаў ён мне гэта, а мяне гэтак во звыш і трокнула: “Гэ!” — кажу я Пётру Іванавічу...

Добчынскі. Не, Пётра Іванавічу, гэта я сказаў “Гэ!”

Бобчынскі. Спачатку самі сказалі, а пасьля й я сказаў. “Гэ!” — сказалі мы зь Пётрам Іванавічам. “А зь якое рацыі сядзець яму гэттака, калі дарога яму пралягае ў Саратаўскую губэрню?” Але-ж. Дык-жа вось ён і ёсьць гэты чыноўнік.

Гараднічы. Хто, які чыноўнік?

Бобчынскі. Дык-жа чыноўнік, пра якога мелі ласку атрымаць натацыю, — рэвізор.

Гараднічы(у страху). Што вы, Госпад Бог із вамі! Гэта ня ён.

Добчынскі. Ён! І грошай ня плаціць, і ня едзе. Хто-ж будзе, як ня ён? І падарожная прапісаная ў Саратаў.

Бобчынскі. Ён, ён, дальбожачка, ён... Такі прыгледлівы: усё агледзеў. Згледзеў, што мы зь Пётрам Іванавічам вось елі сёмгу, — больш таму, што Пётра Іванавіч збоку свайго жывата... але-ж, дык ён і ў талеркі да нас зазірнуў. Мяне гэтак і працяло жахам.

Гараднічы. Божухна, зьлітуйся над намі грэшнымі! Дзе-ж ён тамака жыве?

Добчынскі. У пятым нумары, пад сходамі.

Бобчынскі. У тым саменькім нумары, дзе летась пабіліся праезжыя афіцэры.

Гараднічы. І даўно ён тутака?

Добчынскі. А ўжо тыдні два. Прыехаў на Васільле Эгіпскае.

Гараднічы. Два тыдні! (Набок). Бацюхны, сватухны, выносьце, сьвятыя ўгоднікі! За гэтыя два тыдні адлупцаваная унтэр-афіцэрская жонка! Арыштантам не выдавалі харчоў! На вуліцах карчма, бруд! Ганьба! Сарамоцьце! (Хапаецца за голаў).

Арцём Піліпавіч. Што-ж, Антоне Антонавічу, ехаць парадам у гасьціньніцу!

Амос Хведаравіч. Не, не! Наперад пусьціць галаву, духавенства, купецтва; вунь і ў кнізе “Дзеі Іоана Масона”...

Гараднічы. Не, не, дазвольце ўжо мне самому! Бывалі цяжкія выпадкі ў жыцьці, сплывалі, яшчэ навет і дзякуй зарабляў. Ану-ж, Бог вынясе й цяперака. (Да Бобчынскага). Самі кажаце, ён малады чалавек?

Бобчынскі. Малады, год дваццаць тры ці чатыры з хвосьцікам.

Гараднічы. Тым балазей, маладога хутчэй пранюхаеш. Бяда, калі стары чарцюга, а малады — увесь наверсе. Вы, спадары, рухтуйцеся ў сваёй галіне, а я падамся адзін, ці вось хоць ізь Пётрам Іванавічам, прыватна, дзеля праходкі, даведацца, ці ня церпяць праежджыя прыкрасьцяў. Гэй, Сьвістуноў!

Сьвістуноў. Чаго ласка?

Гараднічы. Пайшоў зараз па прыстава; ці-ткі не, ты мне патрэбен. Скажы там каму, каб як мага хутчэй да мяне прыстава, і прыходзь сюды.

 

Квартальны бяжыць кумільгам.

 

Арцём Піліпавіч. Хадзем, хадзем, Амосе Хведаравічу. Запраўды, можа здарыцца бяда.

Амос Хведаравіч. Ды самім чаго баяцца? Каптуры насунуў на хворых — дый канцы ў капцы.

Арцём Піліпавіч. Якое каптуры! Хворым загадана габэр-зуп даваць, а ў мяне на ўсе калідоры пахціць такая капуста, што шануй толькі нос, чалавеча.

Амос Хведаравіч. А я на гэты конт супакойны. Запраўды, хто зойдзецца ў паветавы суд? А калі й зірне ў якую паперыну, дык жыцьця ня ўзрадуецца. Я вось ужо пятнаццаць год сяджу на судзьдзёвым крэсьле, а як зазірну ў дакладную запіску — га! адно рукою махну! Сам Салімон не разьвядзе, што ў ёй праўда й што няпраўда.

 

Судзьдзя, апякун богугодных установаў, інспэктар школаў і паштмайстар выходзяць і ў дзьверах стыкаюцца з квартальным, які вяртаецца.

 

 

Зьява IV

Гараднічы, Бобчынскі, Добчынскі й квартальны.

 

Гараднічы. Што, брычка гэнам стаіць?

Квартальны. Стаіць.

Гараднічы. Пайшоў на вуліцу... ці-ткі не, чакай! пайшоў прынясі... Ды болей вас дзе? Няўжо ты толькі адзін? Дык-жа я загадваў, каб і Прохараў быў гэттака. Дзе Прохараў?

Квартальны. Прохараў у часьці, ды толькі да справы ня можа быць ужыты.

Гараднічы. Як гэта?

Квартальны. Ды гэтак: прывезьлі яго зараньня, як сноп. Во ўжо два цабэркі вады ўзьлілі, дасюль ня выцьверазіўся.

Гараднічы(хапаючыся за голаў). Ах, Божа мой, Божа мой! Пайшоў хутчэй на вуліцу, ці-ткі не — бягай перш у пакоі, чуў! і прынясі адытуль шпагу й новы капялюш. Ну, Пётра Іванавічу, едзьма.

Бобчынскі. І я, і я... дазвольце й мне, Антоне Антонавічу!

Гараднічы. Не, не, Пётра Іванавічу, нельга! Няёмка, дый у брычцы ня стоўпімся.

Бобчынскі. Дарма, дарма, я так: пеўнічкам, пеўнічкам пабягу за брычкаю. Мне абы толькі праз шчылінку, празь дзьверы гэнака палядзець, як у яго гэныя абыходкі...

Гараднічы(прыймаючы шпагу, да квартальнага). Бягай зараз, вазьмі дзясяцкіх, ды хай кажны зь іх возьме... Гэх, шпага, як абшаркалася! Пракляты купчанюшка Аўдулін — бачыць, што ў гараднічага старая шпага, ня прыслаў новае. О, крывадушны народ! А так, зладзюгі, піць даць, просьбы з-пад хвартуха рыхтуюць. Хай кажны возьме ў рукі па вуліцы... Ліха матары, па вуліцы — па мятле! І вымялі-б цэлую вуліцу, што йдзе да заезду, і вымялі-б чысьцютка... Чуеш! ды шануйся: ты, ты, я знаю цябе: ты там кумуешся ды крадзеш у халявы срэбныя лыжачкі — глядзі, у мяне найстры вуха! Што ты зрабіў з купцом Чарняевым — га? Ён табе на мундзер даў два аршыны сукна, а ты скруціў усю трубку! Глядзі, не да чыну бярэш! Пайшоў!

 

Зьява V

Тыя самыя й прыстаў.

 

Гараднічы. А, Сьцяпане Ільлёвічу, скажэце, дзеля Бога, куды самі запраторыліся? Куды гэта падобна?

Прыстаў. Я быў гэттака зараз-жа за брамаю.

Гараднічы. Ну, слухайце адно, Сьцяпане Ільлёвічу! Дык-жа чыноўнік ізь Пецярбургу прыехаўшы. Як самі там распарадзіліся?

Прыстаў. Ды так, як самі загадвалі. Квартальнага Пугавіцына я паслаў зь дзясяцкімі падчышчаць пратавар.

Гараднічы. А Дзяржыморда дзе?

Прыстаў. Дзяржыморда паехаўшы на пажарнай трубе.

Гараднічы. А Прохараў п’яны?

Прыстаў. П’яны.

Гараднічы. Як-жа самі гэта так дапусьціліся?

Прыстаў. Ды Бог яго ведае. Учарайшага дня здарылася за горадам бойка, — паехаў туды дзеля парадку, а зьвярнуўся п’яны.

Гараднічы. Слухайце-ж адно, самі зробіце вось што: квартальны паручнік... ён высокага росту, дык хай стаіць, дзеля добрага ладу, на мосьце. Ды раскідаць нагвалт стары плот, што каля шаўца, і паставіць саламяную вяху, каб было падобна да плянаваньня. Яно чым болей ламаніны, тым больш азначае дзейнасьці кіраўніка гораду. Ах, Божа мой! Я й забыўся, што каля таго плоту нагруважджана на сорак вазоў усялякага сьмецьця. Што за паганы горад: толькі дзе-небудзь пастаў які-небудзь помнік ці проста плот, ліха іх ведае, адкулечы і пананосяць усялякае дрэні. Ды калі прыежджы чыноўнік будзе пытацца службу, ці здаволеныя — каб адказвалі: “З усяго здаволеныя, ваша чэсьць”, а каторы будзе нездаволены, дык яму пасьля дам такога нездаволу... (Уздыхае). Авохці-ох! Грэшны, багата ў чым грэшны! (Бярэ заміж капялюша футарал). Дай толькі Божачка, каб зыйшло з рук як хутчэй, дык-жа тады я пастаўлю такую сьвеччыну, што йшчэ ніхто ня ставіў: на кажную гадаву пару купца накладу дастачыць па тры пуды воску. О, Божа мой, Божа мой! Едзьма, Пётра Іванавічу! (Заміж капялюша хоча надзець папяровы футарал).

Прыстаў. Антоне Антонавічу, гэта кардонаўка, а не капялюш!

Гараднічы(кідае кардонаўку). Кардонаўка дык кардонаўка! Ліха і зь ёй! Ды калі спытаюцца: чаму ня збудаваўшыся царква пры богугоднай установе, на якую пяць год таму былі асыгнаваныя грошы, дык не забыцца сказаць, што пачала будавацца, ды згарэла. Ато, бадай, хто, забыўшыся, здуру целяпне, што яна й не пачыналася. Ды сказаць Дзяржыморду, каб ня надта даваў волі кулаком сваім: ён, дзеля парадку, усім ставіць ліхтары пад вачыма — і віннаму, і бязьвіннаму. Едзьма, Пётра Іванавічу. (Выходзіць і вяртаецца). Ды ня выпушчаць салдатні на вуліцу без усяго-ўсенькага: гэтая паганая гарніза насуне толькі па кашулі мундзер, а ўнізе нічога нямаш.

 

Усе выходзяць.

 

Зьява VI

Ганна Андрэеўна й Мар’я Антонаўнавыбягаюць на сцэну.

 

Ганна Андрэеўна. Дзе-ж яны, дзе-ж яны? Ах, Божа мой! (Адчыняючы дзьверы). Мужу! Антоська! Антоне! (Гаворыць хуценька). А ўсё сама, а ўсё за самой. І пайшла поркацца: “Я шпілечку, я хусьціначку”. (Падбягае да вакна й крычыць). Антоне, куды, куды? Што, прыехаў? рэвізор? з вусамі? зь якімі вусамі?

Голас гараднічага. Пасьля, пасьля, матухна.

Ганна Андрэеўна. Пасьля? Вось навіна, пасьля! Я ня хочу пасьля... Мне толькі адно слоўца: што ён, палкоўнік? Га? (Грэбліва). Паехаў! Я табе ўспамяну гэта! А ўсё гэтая: “Мамуленька, пачакайце, зашпілю адзаду хусьцінку; я зараз”. Вось табе й зараз! Вось табе й нічога не даведаліся! А ўсё праклятае какятоўства: пачула, што паштмайстар тутака, і давай перад люстрам жамоніцца, і з гэнага боку, і з гэтага боку падыйдзе. Мроіла, што ён за ёй уганяецца, а ён проста самой міну строіць, калі сама адвернешся.

Мар’я Антонаўна. Ды што-ж рабіць, мамуленька? Усё’дна, за дзьве гадзінкі мы ўсё даведаемся.

Ганна Андрэеўна. За дзьве гадзінкі: шчыра дзякую! Вось узычыла адказам! Як ты не здаўмелася сказаць — за месяц яшчэ лепш можна даведацца! (Перавешваецца за вакно). Гэй, Аўдоцьця! Га? Што, Аўдоцьця, чула, тамака прыехаў нехта?.. Ня чула? Дурніла якая! Махае рукамі? Хай махае, а ты-б усё-ткі ў яго распыталася? Не магла гэтага даведацца, у галаве пацяруха, усё кавалеры сядзяць! Га? Хутка паехалі! ды ты-б пабегла за брычкаю! Пайшла, пайшла зараз-жа! Чуеш, бягай, распытайся: куды паехалі, ды распытайся добранька, што за прыежджы, які ён, — чуеш? падцікуй праз шчылінку і даведайся ўсё, і вочы якія: чорныя ці не, і вомірг-жа вяртайся назад, чуеш? Хутчэй, хутчэй, хутчэй, хутчэй! (Крычыць датуль, пакуль ня спушчаецца заслона і не засланяець іх абедзьвюх, стаючы ля вакна).

 

Дзея другая

 

Маленькі пакойчык у гасьціньніцы. Ложак, стол, валіза, пустая пляшка, боты, шчотка ад адзежы й іншае.

 

Зьява І

Восіпляжыць на панавым ложку.

 

Восіп. Ліха матары, есьці гэтак хочацца і ў чэраве трэскат такі, быццам цэлы полк затрубіў у трубы. Вось-жа не даедзем, дый годзе, дадому! І што ты скажаш рабіць? Другі месяц пайшоў, як ужо зь Піцеру! прамантачыў па дарозе грошыкі, галубок, цяперака сядзіць, і хвост пад сябе, і ані кіпіць. А стала-б, і аж надта стала-б на прагоны; дык не, глянь ты, трэба ў кажным горадзе паказаць сябе! (Перадражнявае). “Гэй, Восіп, пайшоў, палядзі пакой, лепшы, ды абед накажы самалепшы: я не магу есьці благога абеду, мне трэба лепшы абед”. Балазе каб было, запраўды, што людзкае, а гэта-ж алістрацюжка звычайнюсенькі! Із праежджым знаёміцца, а тады ў карталюшкі — вось табе й дагуляўся! Гэх, абрыдала такое жыцьцё! Праўда-ж, на сяле лепш: яно хоць няма публічнасьці, дык турботнасьці меней! Возьмеш сабе бабу, дый ляжы цэлы век на печы й паядай перапечы. Ну, хто-ж запярэчыць, ведама, калі пойдзе на праўду, дык жыцьцё ў Піцеры балазей за ўсё. Былі-б адно грошы, а жыцьцё тонкае й палітыцкае: кіятры, сабакі табе танцуюць, і ўсё, што хочаш. Размаўляе ўсё на тонкай далікатнасьці, што хіба толькі дваранству саступіць; пойдзеш на Шчукін — купцы табе крычаць: “Шаноўны!” На перавозе ў човен із чыноўнікам сядзеш; кумпаніі захацеў — пайшоў у крамку: там табе кавалер раскажа пра лягеры й абвесьціць, што кажная зорка значыць на небе, гэтак во, як на далані ўсё бачыш чалавек. Старая афіцэрыха прыблукаецца; пакаёвачка часамі зазірне такая... фу, фу, фу! (Усьміхаецца й трасе галавою). Галянтарэйнае, на яго ліха, абыходжаньне! Недалікатнага слоўца ніколі не пачуеш: кажнюсенькі гаворыць “вы”. Нуда табе йсьці — бярэш чалавек рамізьніка й сядзіш сабе, як пан, а ня хочаш заплаціць яму — калі ласка: у кажным доме вароты навылёт, і ты гэтак сьлізганеш, што цябе аніякі чорт ня знойдзе. Адно дрэнь: часам слаўна наясіся, а іншым разам — адно што ня лусьнеш ад голаду, як цяперака, прыкладам. А ўсё ён вінаваты. Што зь ім рабіць? Татуля прышлюць грошы, што каб іх прытрымаць — і кудэю! Пайшоў баляваць: езьдзіць на рамізьніку, штодня ты даставай у кіятры бялет, а там, за тыдзень, глянь — і пасылае на барахолку прадаць новы храк. Іншым разам усё да апошняе сарочкі спусьціць, так што на ім усяго застанецца сурдуцінка ды шынялінка, дальбог, праўда! І сукно такое важнецкае, англейскае! Рубельчыкаў з паўтараста яму адзін храк стане, а на рынку спусьціць рублёў за дваццатку; а пра порткі й гаворкі няма — ні за сабаку йдуць. А чаму? — таму, што работкі ня пільнуецца. Заміж, каб на службу, а ён ідзе прахаджацца прышпэктам, у карталюшкі рэжа. Гэх, каб даведаўся гэта стары пан! Ён не палядзеў-бы на тое, што ты чыноўнік, а, загаліўшы кашулінку, такіх-бы засыпаў табе, што дні з чытыры-б ты папачухаўся. Якся служыць, дык служы. Во цяперака гаспадар сказаў, што ня дам вам есьці, пакуль не заплаціце за наетае; ну а якся не заплацім? (Уздыхаючы). Ах, Божа ты мой, хоць бы якое капусты! Здэцца, так-бы цяперака цэлы сьвет ізьеў. Стукае, мабыць, гэта ён ідзець. (Хуценька зрываецца з ложка).

 

Зьява ІІ

Восіп і Хлестакоў.

 

Хлестакоў. Маеш, прыймі гэта. (Аддае шапку й кіёк.) А, зноў качаўся на ложку?

Восіп. Ды навошта-ж мне качацца? Ня бачыў я хіба ложка, ці што?

Хлестакоў. Хлусіш, качаўся; бачыш, усё склычана.

Восіп. Ды навошта мне ён? Хіба я ня ведаю, што гэта за ложак? У мяне ногі ёсьцека; я й пастаю. Навошта мне саміх ложак?

Хлестакоў(ходзіць па пакоі). Глянь там, у капшуку, тытуну няма?

Восіп. Ды дзе-ж ён будзе, тытун? Самі папазаўчора апошняе скурылі.

Хлестакоў(ходзіць і па-рознаму сьціскае свае вусны; нарэшце гаворыць голасна й станоўка). Слухай, гэй, Восіп!

Восіп. Чаго ласка?

Хлестакоў(голасна, ды ня так станоўка). Ты пайшоў туды.

Восіп. Куды?

Хлестакоў(зусім нестаноўка й ня голасна, вельмі блізка да просьбы). Наніз у буфэт... Тамака скажы... каб мне далі паабеду.

Восіп. Ды не, я й хадзіць ня хочу.

Хлестакоў. Як ты важышся, дурню?

Восіп. Ды так, усёдна, хоць і пайду, анічога з гэтага ня будзе. Гаспадар сказаў, што больш ня дасьць абеду.

Хлестакоў. Як ён паважыцца ня даць? Во йшчэ дурніна!

Восіп. Яшчэ кажа: і да гараднічага пайду; трэйці тыдзень пан грошай ня плаціць. Вы, пыні, з панам, кажа, зладзюгі, і пан твой — чмут. Мы, пыні, кажа, гэткіх прайдзісьветаў і падлюгаў бачылі.

Хлестакоў. А ты ўжо і рады, скаціна, зараз-жа пераказваць мне ўсё гэта.

Восіп. Кажа: “Гэтак кажны прыедзе, абжывецца, запазычыцца, пасьля й вытурыць нельга”. Я, кажа, “жартаў строіць ня буду, я проста з жальбаю, каб на зьежджую, ды ў турму”.

Хлестакоў. Ну, ну, дурніла, годзе! Пайшоў, пайшоў, скажы яму! Такая грубіянская жывёліна!

Восіп. Ды лепш я самога гаспадара да саміх паклічу.

Хлестакоў. Навошта-ж гаспадара? Ты схадзі сам скажы.

Восіп. Ды праўда-ж, спадару...

Хлестакоў. Ну, пайшоў, ліха з табой! пакліч гаспадара.

 

Восіп выходзіць.

 

Зьява ІІІ

Хлестакоўадзін.

 

Хлестакоў. Страшэнна як хочацца есьці! Гэтак крышку прайшоўся! думаў, ці ня сыйдзець апэтыт — не, на яго ліха, ня сыходзіць! Але-ж, каб у Пензе я не пагуляў, стала-б грошай даехаць дадому. Пяхотны капітан ёмка падчапіў мяне: штосы на дзіва, гадава пара, зразае. Усяго якую з чвэрць гадзінкі пасядзеў — і ўсё аблатошыў. А пры ўсім тым, страх хацелася-б зь ім яшчэ раз зрэзацца. Нагоды толькі не прывядзе. Які паганы гарадзец! У крамах анічога не даюць напавер. Гэта ўжо проста подласьць. (Высьвіствае спачатку з “Рабэрта”, тады: “Ня шый ты мне, матухна”, а нарэшце ні тое, ні сёе.) Ніхто ня хоча йсьці.

 

Зьява IV

Хлестакоў, Восіп і служка заезду.

 

Служка. Гаспадар загадалі спытацца, чаго саміх ласка.

Хлестакоў. Здароў, братка! Ну, што, ты здаровы?

Служка. Дзякуй Богу!

Хлестакоў. Ну што, як у вас у гасьціньніцы? ці добра ўсё йдзе?

Служка. Але-ж, дзякуй Богу, усё добра.

Хлестакоў. Шмат праежджых?

Служка. Але-ж, даволі.

Хлестакоў. Слухай адно, даражэнькі, там мне дасюль абеду не нясуць, дык, калі ласка, падгані, каб хутчэй... бачыш, мне зараз па абедзе трэба сім-тым заняцца.

Служка. Ды гаспадар сказаў, што ня будзе больш даваць. Ён, няйначай, хацеў ісьці сяньня-ж жаліцца гараднічаму.

Хлестакоў. Ды што-ж жаліцца? Памяркуй сам, даражэнькі, як жа? Мне ж трэба есьці. Гэтак я магу зусім зьнясілець. Мне вельмі есьці хочацца: я ня жартам гэта кажу.

Служка. Дык-жа так. Ён казаў: “Я яму абеду ня дам, пакулечы ён не заплаціць мне за ранейшае”. Гэткі ўжо адказ ягоны быў.

Хлестакоў. Ды ты пераканай, угавары яго.

Служка. Ды што-ж яму такое гаварыць?

Хлестакоў. Ты растлумач яму паважна, што мне трэба есьці. Грошы самі сабою... Ён думае, што як яму, мужычылу, дарма, калі і не паесьці дзень, дык і іншым тое самае. Во навіна![2]

 

Зьява V

Хлестакоўадзін.

 

Хлестакоў. Гэта пагана, аднак-жа, калі ён зусім нічога ня дасьць есьці. Гэтак хочацца, як ніколі йшчэ не хацелася. Хіба з адзежы што пусьціць у рух? Порткі, ці што, прадаць? Не, ужо лепш пагаладаваць, ды прыехаць дадому ў пецярбурскім касьцюме. Шкада, што Ёхім не пазычыў карэты, а балазе-б, на яго ліха, прыехаць дадому ў карэце, падкаціць гэткім чартом да якога суседа-панка пад ганак, зь ліхтарамі, а Восіпа адзадзя, апрануць у лібрэю. Як-бы, я ўяўляю, усе перапудзіліся: “Хто такі, што такое?” А лёкай уваходзіць (выцягваючыся й паказваючы лёкая): “Іван Аляксандравіч Хлестакоў зь Пецярбургу, загадаеце прыняць?” Яны, капшукі, і ня ведаюць, што гэта значыць: “Загадаеце прыняць”. Да іх калі прыедзець які гусь-панок, дык і прэцца, мядзьведзь, проста ў гасьціны пакой. Да дочачкі якое-небудзь харошанькае падыйдзеш: “Спадарыня, як я...” (Зацірае рукі й падшарквае ножкаю). Цьфу! (плюе), аж нудзіць, гэтак есьці хочацца.

 

Зьява VI

Хлестакоў, Восіп, пасьля служка.

 

Хлестакоў. А што?

Восіп. Нясуць абед.

Хлестакоў(прыпляскваючы ў далоні й зьлёгку падскокваючы на крэсьле). Нясуць! Нясуць! Нясуць!

Служка(з талеркамі й сарвэткамі). Гаспадар апошні раз ужо даець.

Хлестакоў. Ну, гаспадар, гаспадар... Я плюваць на твайго гаспадара! Што там такое?

Служка. Першае й другое.

Хлестакоў. Як, толькі дзьве стравы?

Служка. Толечкі.

Хлестакоў. Во дурніна якая! я гэтага ня прыймаю. Ты скажы яму, што гэта запраўды такое? гэтага мала.

Служка. Не, гаспадар кажа, што йшчэ зашмат.

Хлестакоў. А падліўкі чаму няма?

Служка. Падліўкі няма.

Хлестакоў. Чаму-ж няма? Я сам бачыў, ідучы паўз кухню, там шмат гатавалася. І ў страўні сяньня раніцою два нейкія кароценькія чалавечкі елі сёмгу й яшчэ шмат сяго-таго.

Служка. Дык-жа яно й ёсьць, бадай, ды няма.

Хлестакоў. Як няма?

Служка. Ды ўжо-ж нямашака.

Хлестакоў. А сёмга, а рыба, а катлеты?

Служка. Ды гэта для тых, што мудрэй.

Хлестакоў. Ах ты, дурніла!

Служка. Але-ж.

Хлестакоў. Парасё ты паганае... Як-жа-ж, яны ядуць, а я ня ем? Чаму-ж я, ліха матары, не магу таксама? Хіба яны ня гэткія праежджыя, як і я?

Служка. Ды ўжо-ж, ведама, што ня гэткія.

Хлестакоў. А якія-ж?

Служка. Зазвычна, якія! Яны ўжо, пэўна што: яны грошы плацяць.

Хлестакоў. Я з табою, дурніла, ня хочу распраўляць. (Налівае булён і есьць). Што гэта за булён? Ты проста вады наліў у міску: аніякага смаку няма, толькі сьмярдзіць. Я ня хочу гэткага булёну, дай мне іншага.

Служка. Дык мы прыймем. Гаспадар сказаў: якся ня хочаце, дык і ня трэба.

Хлестакоў(баронячы рукою страву). Ну, ну, ну! Пакінь, дурніла! Ты звык там абыходзіцца каля іншых: я, браце, ня гэткага роду! Каля мяне ня раю... (Есьць). Божа мой, які булён! (Есьць далей). Я думаю, яшчэ аніводзін чалавек на сьвеце ня еў такога булёну: нейкае пер’е плавае заміж скалак! (Кроіць курыцу). Ай, ай, ай, якая курыца! Дай другое! Там булёну крыху засталося, Восіп, вазьмі сабе. (Кроіць другое). Што гэта за другое? Гэта не другое.

Служка. Ды што-ж такое?

Хлестакоў. Ліха яго ведае, што такое, толькі ня другое. Гэта сякера, усмажаная заміж ялавічаў. (Есьць). Зладзюгі, гіцлі, чым яны кормяць? І сківіцы забаляць, калі зьесьці адзін такі кусок. (Калупае пальцам у зубах). Падлюгі! Зусім як кара ад дрэва — анічым выцягці нельга, і зубы ўчарнеюць пасьля гэткіх страваў, рыштанцюжыны! (Выцірае губы сарвэткай). Болей нічога няма?

Служка. Няма.

Хлестакоў. Гіцлі! падлюгі! і навет хоць-бы якая падліўка ці цестачка! Дзяньгубы! Зьдзіраюць толькі з праежджых!

 

Служка прыбірае й выносіць талеркі разам із Восіпам.

 

Зьява VII

Хлестакоў, пасьля Восіп.

 

Хлестакоў. Праўда-ж, як быццам і ня еў; толькі сама разахвоціўся. Каб дробязь, паслаць бы на рынак і купіць хоць кухан.

Восіп(уваходзячы). Там чагосьці гараднічы прыехаўшы, даведваецца й дапытваецца пра саміх.

Хлестакоў(спалохаўшыся). Вось табе маеш! Гэткая гадава пара гаспадар, управіўся ўжо нажаліцца! Што, калі й запраўды ён патурыць мяне ў турму? Што-ж, калі дабрародным парадкам, я, бадай... Не, не, ня хочу! Тамака ў горадзе цягаюцца афіцэры й народ, а я, бы знарок, задаў тону й перамігнуўся з аднэй купецкай дачкою... Не, ня хочу... Ды што ён, як ён важыцца, запраўды? Што я яму, хіба купец ці рамесьнік? (Чапурыцца й выпростваецца). Ды я яму проста скажу: “Як самі...” (У дзьвярах круціцца ручка; Хлестакоў бялее ў твары й стуляецца).

 

Зьява VIII

Хлестакоў, гараднічы й Добчынскі. Гараднічы, увайшоўшы, спыняецца. Абодва ў сполаху пазіраюць колькі часінаў адзін на аднаго, вырачыўшы вочы.

 

Гараднічы(крыху ачуняўшы й працягнуўшы рукі па швох). Зычу здаровейка!

Хлестакоў(кланяецца). Маё шанаваньне!

Гараднічы. Прабачце!

Хлестакоў. Дарма...

Гараднічы. Павіннасьць мая, як гараданачальніка тутэйшага гораду, рупіцца аб тое, каб праежджым і ўсім дабрародным людзям яніякіх уціскаў...

Хлестакоў(спачатку крыху заікліва, але пад канец моцна). Ды што-ж рабіць?.. Я не вінаваты... Я, дапраўды-ж, заплачу... Мне прышлюць із двара.

 

Бобчынскі выглядае з-за дзьвярэй.

 

Ён больш вінаваты: ялавічыну мне падае такую цьвярдую, як бервяно; а булён — ён ліха ведае чаго лінуў туды, я мусіў выкінуць яго за вакно. Ён мяне голадам цэлымі днямі... Гарбата такая дзіўная, сьмярдзіць рыбаю, а не гарбатай. Завошта-ж я... Во навіна!

Гараднічы(таропеючы). Прабачце, я, праўда-ж, не вінаваты. На рынку ў мяне ялавічы заўсёды добрыя. Прывозяць халмагорскія купцы, людзі цьвярозыя й закону добрага. Я ўжо й ня ведаю, адкуль ён бярэ такія. А калі што ня гэтак, дык... Дазвольце мне запрапанаваць самім перабрацца са мною на іншую гасподу.

Хлестакоў. Не, ня хочу! Я ведаю, што значыць на іншую гасподу: гэта значыць — у турму. Ды якое самі маеце права, ды як самі важыцеся!.. Ды вось я... Я служу ў Пецярбургу. (Горда). Я, я, я...

Гараднічы(набок). О, Божухна ды бацюхна, які злосны! Усё даведаўся, усё расказалі праклятыя купцы!

Хлестакоў(харобрачыся). Ды вось вы тут хоць з усёй сваёй камандаю — не пайду! Я проста да міністра! (Стукае кулаком па стале). Што вы? што вы?

Гараднічы(выцягнуўшыся й калоцячыся ўсім целам). Зьлітуйцеся, не загубеце! Жонка, дзеткі дробныя... не зрабеце няшчасным чалавека!

Хлестакоў. Не, я ня хочу! Во йшчэ! мне што да таго? Затое, што ў саміх жонка й дзеці, я мушу йсьці ў турму, во любата!

 

Бобчынскі выглядае празь дзьверы і ў сполаху хаваецца.

 

Не, дзякуй шчыра, ня хочу!

Гараднічы(калоцячыся). Бяз практыкі, дальбог, бяз практыкі. Незаможнасьць стану. Самі майце ласку разважыць, дзяржаўнае пэнсіі не стае навет на хлеб із квасам. Калі-ж і былі якія хабаркі, дык самая драбяза: на стол што-небудзь ды на пару адзежыны. Што-ж да унтэр-афіцэрскае ўдавы, што займаецца купецтвам, якую я быццам-бы адлупцаваў, дык гэта паклёп, дальбог, паклёп. Гэта выдумалі злосьнікі мае; гэта такі народ, што на жыцьцё маё гатовы замахнуцца.

Хлестакоў. Ды што, мне няма анічога да іх... (У развазе). Я ня ведаю, аднак-жа, навошта самі кажаце пра злосьнікаў ці пра нейкую унтэр-афіцэрскую ўдаву... Унтэр-афіцэрская жонка зусім што іншае, а мяне самі ня важцеся лупцаваць, да гэтага самім задалёка. Во йшчэ! глянь ты які! Я заплачу грошы, ды ў мяне цяпер няма. Я таму й сяджу тутака, што ў мяне няма ні капейкі.

Гараднічы(набок). О, тонкая штука! Вунь куды шпургануў! Якога туману напусьціў! разчапі, хто хоча! Ня ведаеш чалавек, зь якога боку і ўзяцца. Ну, ды ўжо-ткі паспрабаваць ні куды йшло! Што будзе, тое будзе, паспрабаваць[3] (Уголас). Калі самі праўда маеце патрэбу на грошы ці на што іншае, дык я гатовы служыць зараз-жа. Мая павіннасьць дапамагаць праежджым.

Хлестакоў. Дайце, пазычце мне! Я зараз расплачуся з гаспадаром. Мне каб толькі рублёў дваста ці хоць навет і менш.

Гараднічы(падносячы папяроўнік). Акурат дваста рублёў, хоць і ня турбуйцеся лічыць.

Хлестакоў(бяручы грошы). Шчыра дзякую! Я самім адразу-ж адашлю іх із двара... у мяне гэта раптам... Я бачу, самі дабрародны чалавек! Цяпер што іншае.

Гараднічы(набок). Ну, дзякуй Богу, грошы ўзяў. Справа, здаецца, пойдзе цяпер на лад. Я-ткі яму заміж двухсот чатырыста ўстрычыў.

Хлестакоў. Гэй, Восіп!

 

Восіп уваходзіць.

 

Пакліч сюды гаспадаровага служку. (Да гараднічага й Добчынскага.) А што-ж самі стаіцё? Зрабеце ласку, сядайце. (Добчынскаму). Сядайце, дужа прашу.

Гараднічы. Дарма, мы й так пастаімо.

Хлестакоў. Зрабеце ласку, сядайце. Я цяпер бачу зусім шчырасьць вашага характару і ветласьць, а то, прызнаюся, я ўжо думаў, што вы прыйшлі, каб мяне.... (Добчынскаму). Сядайце!

 

Гараднічы й Добчынскі сядаюць. Бобчынскі выглядае празь дзьверы й прыслухоўваецца.

 

Гараднічы(набок). Трэ быць сьмялей. Ён хоча, каб мелі яго за інкогніту. Добра, падпусьцім і мы тарэсы: удадзём, як быццам і зусім ня ведаем, што ён за чалавек. (Уголас). Мы, праходжваючыся ў справах службы, вось ізь Пётрам Іванавічам Бобчынскім, тутэйшым дамаўласьнікам, зайшліся ў гасьціньніцу, каб даведацца, ці добра маюцца праежджыя, бо я ня гэтак, як іншы гараднічы, якому ні да чога няма нічога; але я, апрача службы, із хрысьціянскае чалавекалюбасьці, хочу, каб кажнаму сьмяротнаму давалася добрае прыняцьце — і вось, як быццам за нагароду, выпадак падараваў такое прыемнае знаёмства.

Хлестакоў. Я таксама й сам вельмі рады. Без саміх я, прызнаюся, доўга праседзеў-бы тутака: зусім ня ведаў, чым заплаціць.

Гараднічы(набок). Але-ж, распраўляй, ня ведаў, чым заплаціць! (Уголас). А ці паважуся спытацца, куды і ў якія мясьціны самі маеце ласку ехаць?

Хлестакоў. Я еду ў Саратаўскую губэрню, у свой двор.

Гараднічы(набок, з тварам, які прыймае гіранічны выраз). Га?[4] І рака не сьпячэ! О, ды зь ім трэба вуха найстрыўшы. (Уголас). Дабрэчую справу мелі ласку наважыць. Гэта-ж вось што да дарогі: кажуць, з аднаго боку, прыкрасьці наконт затрыманьня коняй, а гэта-ж, із другога боку, забава для розуму. То-ж самі, мабыць, больш дзеля собскае прыемнасьці едзеце?

Хлестакоў. Не, татуля мяне патрабуе. Узлаваўся стары, што дасюль нічога ня выслужыў у Пецярбургу. Ён думае, што так вось прыехаў, ды зараз табе Валадзімера ў зашплік і дадуць. Не, я паслаў-бы яго самога паабівацца ў канцылярыю.

Гараднічы(набок). Прашу паглядзець, якія кулі адлівае! І бацьку старога прыплёў![5] І на даўжэйшы час маеце ласку ехаць?

Хлестакоў. Праўда-ж, ня ведаю. То-ж мой бацька наравісты й дурны, стары хрэн, як бервяно. Я яму проста скажу: як хочаце, я не магу жыць безь Пецярбургу. Завошта, дапраўды-ж, я павінен загубіць жыцьцё з мужыкамі? Цяпер ня тыя патрэбы, душа мая прагне прасьветы.

Гараднічы(набок). Слаўна засмаргнуў вузельчык! Хлусіць, хлусіць, — і нідзе не сахлысьнецца! А які-ж нявыглядны, нізенькі, здаецца, кіпцем-ба прыдушыў яго. Ну, ды чакай-жа! Ты ў мяне прагаворышся. Я цябе ўжо-ткі змушу як найбольш расказаць! (Уголас). Справядліва мелі ласку зазначыць! Што можна зрабіць у глушэчы! Гэта-ж вось хоць-бы й тутака: ночы ня сьпіш чалавек, стараешся для Бацькаўшчыны, не шкадуючы нічога, а ўзнагарода няма ведама йшчэ калі будзе. (Азірае пакой). Здаецца, гэты пакой крыху макраваты?

Хлестакоў. Паганы пакой, і клапы такія, якіх я анідзе ня бачыў: як сабакі кусаюцца.

Гараднічы. Скажэце! Такі асьвечаны госьць, і церпіць ад каго-ж! — ад якіх-небудзь нягодных клапоў-блышчыцаў, якім-бы й на сьвет ня трэ было радзіцца! Няйначай, і цёмна ў гэтым пакоі?

Хлестакоў. Але-ж, зусім цямнюсенька. Гаспадар займеў звычай не даваць сьвечак. Часам што-небудзь хочацца зрабіць, пачытаць, ці прыйдзе фантазія апісаць што — не магу: цёмна, цёмна!

Гараднічы. А ці паважуся прасіць саміх... ды не, я ня годны.

Хлестакоў. А што?

Гараднічы. Не, не, ня годны, ня годны!

Хлестакоў. Ды што-ж такога?

Гараднічы. Я-б здабыўся на адвагу... У мяне ў хаце ёсьць харошы для саміх пакойчык, сьветлы, спакойны... ды не, пачуваю сам, што гэта ўжо занадта вялікі гонар... Не загневайцеся, дальбог, ад простае душы прапанаваў.

Хлестакоў. Наадварот, я з ахвотаю. Мне куды прыямней у прыватным доме, чымся ў гэтай карчме.

Гараднічы. А ўжо-ж мне якая будзе радасьць! А ўжо-ж як жонка ўзрадуецца! У мяне ўжо такі характар: гасьціннасьць ад сама адмалку, асабліўна калі госьць асьвечаны чалавек. Ня ўздумайце, каб я казаў гэта зь лісьліўства; не, ня маю гэтае ганьбы, ад паўніні душы выказваюся.

Хлестакоў. Шчыра дзякую! Я сам таксама ня люблю людзей двудушных. Мне вельмі падабаецца ў саміх шчырасьць і зычлівасьць, і я-б, прызнаюся, больш-бы нічога й не патрабаваў, як толькі аддавай мне адданасьць і пашану, пашану й адданасьць.

 

Зьява IX

Тыя самыя й гаспадароў служка, у таварыстве Восіпа. Бобчынскі выглядае празь дзьверы.

 

Служка. Мелі ласку пытацца?

Хлестакоў. Але, падай рахунак.

Служка. Я ўжо надовечы падаваў самім другі рахунак.

Хлестакоў. Я ўжо ня памятаю тваіх дурных рахункаў. Кажы, колькі там?

Служка. Самі мелі ласку першага дня ўзяць абед, а на другі дзень толькі закусілі сёмгі і пасьля пайшлі ўсё напавер браць.

Хлестакоў. Дурніла! Яшчэ пачаў вылічаць. За ўсё колькі трэба?

Гараднічы. Ды самі будзьце ласкавы ня турбавацца: ён пачакае. (Служку). Пайшоў вон, табе прышлецца.

Хлестакоў. Запраўды, і гэта рацыя. (Хавае грошы).

 

Служка выходзіць. Празь дзьверы выглядае Бобчынскі.

 

Зьява X.

Гараднічы, Хлестакоў, Добчынскі.

 

Гараднічы. Ці ня будзе саміх ласка аглядзець цяпер некаторыя ўстановы ў нашым горадзе, як гэта — богугодныя й іншыя?

Хлестакоў. А што там за што?

Гараднічы. А так, палядзіце, якая ў нас плынь справаў.... парадак які...

Хлестакоў. Зь вялікай прыемнасьцяй, я гатовы.

 

Бобчынсківыстаўляе голаў празь дзьверы.

 

Гараднічы. Таксама, калі будзе саміх зычэньне, адтуль у паветавае вучылішча, агледзець парадак, у якім выкладаюцца ў нас навукі.

Хлестакоў. Калі ласка, калі ласка.

Гараднічы. Пасьля, калі зажадаеце наведаць вастрог і гарадзкія турмы — разгледзіце, як у нас маюцца злачынцы.

Хлестакоў. Ды навошта-ж турмы? Ужо лепш агледзьма богугодныя ўстановы.

Гараднічы. Як саміх ласка. Як самі маніцёся, у сваім повазе, ці разам са мною ў брычцы?

Хлестакоў. Але, я лепш із самімі ў брычцы паеду.

Гараднічы(Добчынскаму). Ну, Пётра Іванавічу, самім цяперака няма месца.

Добчынскі. Дарма, я так.

Гараднічы(ціха Добчынскаму). Слухайце: самі бягайце, ды подбегам, на ўсе застаўкі, і аднясіце дзьве пісулькі: адну ў богугодную ўстанову Земляніку, а другую жонцы. (Хлестакову). А ці паважуся я прасіць дазваленьня напісаць у саміх прытымбыцьці адзін радок жонцы, каб яна падрыхтавалася да прыняцьця шаноўнага гасьця?

Хлестакоў. Ды навошта-ж!.. А, зрэшты, вось дзе й чэрня, толькі паперы, ня ведаю... Хіба на гэтым рахунку?

Гараднічы. Я восьдзека напішу. (Піша й тым-жа часам гаворыць сам сабе). А вось палядзімо, як пойдзе справа пасьля фрыштыку ды пляшкі-таўстапузкі! Ды ёсьцека ў нас губэрнская мадэра, непаглядная на вока, а сланя зваліць із капытоў. Адно-б мне даведацца, што ён за што і ў якой меры яго трэба сьцерагчыся. (Напісаўшы, аддае Добчынскаму, які падыходзіць да дзьвярэй, ды ў гэтым часе дзьверы зрываюцца, і Бобчынскі, які падслухоўваў з другога боку, ляціць разам ізь дзьвярыма на сцэну. Усіхныя воклічы. Бобчынскі ўзьнімаецца).

Хлестакоў. Што? Ці не пабіліся самі дзе-небудзь?

Бобчынскі. Нічога, нічагутка, без усякенькага памяшальніцтва, толькі звыш носу невялічкі плескачэц. Я забягуся да Хрысьціяна Іванавіча: у яго-ж ёсьцека пляйстар гэнакі, — яно й загоіцца.

Гараднічы(робячы Бобчынскаму дакорлівы знак, Хлестакову). Гэта-ж дарма. Прашу, калі ласка, будзьце ласкавы! а саміх служку я скажу, каб перанёс рэчы. (Восіпу). Даражэнькі, ты перанясі ўсё да мяне, да гараднічага, табе кожны пакажа. Прашу, калі ласка! (Прапушчае наперад Хлестакова і йдзе за ім, але, абярнуўшыся, гаворыць із дакорам Бобчынскаму). Ужо й самі! не знайшлі іншае мясьціны зваліцца! І расьцёгся, як ліха ведае што якое. (Выходзіць; за ім Бобчынскі).

 

Заслона апушчаецца.

 

Дзея трэйцяя

 

Пакой першае дзеі

 

Зьява І

Ганна Андрэеўна, Мар'я Антонаўнастаяць ля вакна ў тых-жа самых паставах.

 

Ганна Андрэеўна. Ну, вось ужо цэлую гадзіну не дачакаемся, а ўсё ты із сваім дурным жамонствам: зусім надзелася, не! яшчэ трэба поркацца... Ня слухаць-бы яе зусім. Гэткая дакука! Як знарок, ні душы! Як быццам-бы вымерла ўсё.

Мар’я Антонаўна. Ды праўда-ж, мамуленька, часінкі за дзьве ўсё даведаемся. Ужо неўзабаве Аўдоцьця павінна прыйсьці. (Узіраецца ў вакно й скрыквае). Ах, мамуленька, мамуленька! нехта йдзе, вунь, на канцы вуліцы.

Ганна Андрэеўна. Дзе йдзе? У цябе вечна якія-небудзь фантазіі. Ну але, ідзе. Хто-ж ідзе? Невялічкага росту... у фраку... Хто ж гэта? Га? Гэта, аднак-жа, дакука! Хто-ж бы гэта такі быў?

Мар’я Антонаўна. Гэта Добчынскі, мамуленька!

Ганна Андрэеўна. Які Добчынскі! Табе заўсёды раптам уроіцца гэтакае... Зусім ня Добчынскі. (Махае хусткаю). Гэй, самі, хадзеце сюды! хутчэй!

Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, мамуленька, Добчынскі!

Ганна Андрэеўна. Ну, вось знарок, абы толькі папярэчыць. Кажуць табе — ня Добчынскі.

Мар’я Антонаўна. А што? а што, мамуленька? бачыце, што Добчынскі.

Ганна Андрэеўна. Ну але, Добчынскі, цяперака бачу, — чаго-ж ты пярэчыш? (Крычыць праз вакно). Хутчэй, хутчэй! самі заціха йдзяцё! Ну што, дзе яны? Га? Ды кажэце-ж адтуль — усё ‘дна. Што, вельмі строгі? Га? муж, муж? (Крыху адступаючы ад вакна, з дакукаю). Такі дурніла: пакуль ня ўвойдзе ў пакой, нічога не раскажа!

 

Зьява ІІ

Тыя самыя й Добчынскі.

 

Ганна Андрэеўна. Ну, скажэце на ласку: ну, ці-ж ня сорам самім? Я на саміх на адных спадзявалася, як на прыстойнага чалавека: усе раптам выбеглі, і самі туды сама за імі! і я вось, ад нікога дасюль ладу не дайду. Ці-ж ня сорам самім? Я ў саміх хрысьціла вашага Яначку й Лізачку, а самі вось як са мной абыйшліся!

Добчынскі. Дальбог, кумухна, гэтак бег засьветчыць пашану, што не магу адсапнуцца. Маё шанаваньне, Мар’я Антонаўна!

Мар’я Антонаўна. Дабрыдзень, Пётра Іванавічу!

Ганна Андрэеўна. Ну, што? Ну, расказвайце: што й як тамака?

Добчынскі. Антон Антонавіч прыслалі самім пісульку.

Ганна Андрэеўна. Ну, ды ён хто гэткі? гэнэрал?

Добчынскі. Не, не гэнэрал, а не паддасца гэнэралу. Такая адукацыя й важнецкія абыходкі.

Ганна Андрэеўна. Га! дык гэта той самы, пра якога было пісана мужу.

Добчынскі. Запраўдны! Я гэта першы выкрыў разам ізь Пётрам Іванавічам.

Ганна Андрэеўна. Ну, раскажэце, што й як?

Добчынскі. Ды, дзякуй Богу, усё шчасьліва. Спачатку ён прыняў быў Антона Антонавіча крыху засурова; але-ж, злаваў і казаў, што ў гасьціньніцы ўсё нядобра, і да яго не паедзе, і што ён ня хоча сядзець за яго ў турме; ды пасьля, як пазнаў бязьвіннасьць Антона Антонавіча і як бліжэй разгаварыўся зь ім, адразу-ж зьмяніў думкі і, дзякуй Богу, усё пайшло добра. Яны цяперака паехалі аглядаць богугодныя ўстановы... ато, прызнаюся, ужо Антон Антонавіч думалі, ці ня было патаёмнага даносу. Я сам таксама спалохаўся крышку.

Ганна Андрэеўна. Дык-жа самім чаго баяцца? Самі-ж ня служыце.

Добчынскі. Ды так, ведаеце, калі вяльможны гаворыць, пачуваеш чалавек страх.

Ганна Андрэеўна. Ну, што-ж... гэта ўсё, аднак-жа, дурніна; раскажэце, які ён ізь сябе? што, стары ці малады?

Добчынскі. Малады, малады чалавек, год дваццаць тры; а гаворыць зусім як стары. “Калі ласка, — кажа, — я паеду й туды, і гэнтуды...” (вымахвае рукамі) так гэта ўсё слаўна. “Я, — кажа, — і напісаць, і пачытаць люблю; ды шкодзіць, што ў пакоі, — кажа, — крышку зацёмна”.

Ганна Андрэеўна. А зь сябе які ён, брунэт ці блёндын?

Добчынскі. Не, болей шантрэт, і вочы такія шпаркія, як зьвераняты, гэтак да замяшаньня ажно даводзяць.

Ганна Андрэеўна. Што тут ён піша мне ў сваёй пісульцы? (Чытае). “Сьпяшаюся табе паведаміць, сэрцайка, што стан мой быў вельмі жаласны; але, спадзеючыся на міласэрдзе Боскае, за два салоныя гуркі асобна й паўпорцыю ікры рубель дваццаць пяць капейкаў...” (Спыняецца). Я нічога не разумею: да чаго-ж тут салоныя гуркі й ікра?

Добчынскі. А, гэта Антон Антонавіч пісалі на чорнай паперы, з насьпеху: там нейкі рахунак быў напісаны.

Ганна Андрэеўна. А, але, праўда. (Чытае далей). “Але, спадзеючыся на міласэрдзе Боскае, здаецца, усё будзе на добры канец. Падрыхтуй як хутчэй пакой для важнага гасьця, той, што выклеены жоўтымі паперкамі; да абеду дадаваць ня турбуйся, бо закусім у богугоднай установе, у Арцёма Піліпавіча, а віна накажы якболей; скажы купцу Аўдуліну, каб прыслаў самалепшага, а не, дык я перапару ўвесь ягоны склеп. Цалуючы, сэрцайка, тваю ручку, застаюся твой Антон Сквозьнік-Дмуханоўскі...” Ах, Божа мой! гэта, аднак-жа, трэба якхутчэй! Гэй, хто там? Міхалка!

Добчынскі(бяжыць і крычыць празь дзьверы). Міхалка! Міхалка! Міхалка!

 

Міхалка ўваходзіць.

 

Ганна Андрэеўна. Слухай адно: бягай да купца Аўдуліна... чакай, я дам табе пісульку (сядае да стала, піша пісульку і тымжачасам гаворыць): гэтую пісульку ты аддай хурману Сідару, каб ён пабег да купца Аўдуліна і прынёс адтуль віна. А сам пайшоў зараз агледзь добранька гэты пакой для гасьця. Там паставіць ложак, мыцельнік і іншае.

Добчынскі. Ну, Ганна Андрэеўна, я пабягу цяпер якхутчэй зірнуць, як там ён аглядае.

Ганна Андрэеўна. Ідзеце, ідзеце, я ня баўлю саміх.

 

Зьява ІІІ

Ганна Андрэеўна й Мар’я Антонаўна.

 

Ганна Андрэеўна. Ну, Марылька, нам трэба цяпер узяцца за тоалет. Ён сталічная штучка: крый Божа, каб чаго ня высьмяяў. Табе прыстайней за ўсё надзець тваю блакітную сукенку з дробнымі хвальбонкамі.

Мар’я Антонаўна. Фэ, мамуленька, блакітную! Мне зусім не падабаецца: і Ляпкіна-Цяпкіна ходзіць у блакітным, і Землянікава дачка таксама ў блакітным. Не, лепш я надзену каляровую.

Ганна Андрэеўна. Каляровую!... Праўда-ж, гаворыш, абы толькі наўсуперак. Яна табе будзе куды лепш, бо я хачу надзець крэмавую; я вельмі люблю крэмавую.

Мар’я Антонаўна. Ах, мамуленька, самім не да твару крэмавая!

Ганна Андрэеўна. Мне крэмавая не да твару?

Мар’я Антонаўна. Не да твару, я што хаця даю, не да твару; на гэта трэба, каб вочы былі зусім цёмныя.

Ганна Андрэеўна. Во добра! а ў мяне вочы хіба ня цёмныя? самацёмныя! Якую дурніну пляцеш! Як-жа ня цёмныя, калі я варажу на сябе заўсёды на хрысьценную даму?

Мар’я Антонаўна. Ах, мамуленька, самі больш чырвенная дама!

Ганна Андрэеўна. Кепства, зусім кепства! Я ніколі ня была чырвенная дама. (У пасьпеху выходзіць разам із Мар’яй Антонаўнай і гаворыць за сцэнай). Гэтакае раптам уроіцца: чырвенная дама! Бог ведае, што такое!

 

Як яны выйшлі, адчыняюцца дзьверы, і Міхалка выкідае зь іх сьмецьце. З другіх дзьвярэй выходзіць Восіп із куфэркам на галаве.

 

Зьява IV

Міхалкай Восіп.

 

Восіп. Куды тут?

Міхалка. Сюды, дзядзечка, сюды!

Восіп. Чакай, перш дай адсапнуцца. Ах ты, гаротнае жыцьцё! на пустое чэрава кажная ношка зацяжкой выдаецца.

Міхалка. Што, дзядзечка, скажэце, хутка будзе ганарал?

Восіп. Які ганарал?

Міхалка. Ды пан саміх.

Восіп. Пан? ды які ён ганарал?

Міхалка. А хіба не ганарал?

Восіп. Ганарал, ды толькі з другога боку.

Міхалка. Што-ж? болей ці меней за праўдзівага ганарала?

Восіп. Болей.

Міхалка. Бач то як! то-ж бо то, у нас замітусіліся.

Восіп. Слухай адно, хлопча: ты, бачу я, пракідкі дзяцюк; ану, наладзь нам чаго ўкусіць.

Міхалка. Ды для саміх, дзядзечка, яшчэ нічога не гатовае. Простае стравы самі ня будзеце есьці, а вось як пан саміх сядзе да стала, дык і самім тае-ж стравы ўзычаць.

Восіп. Ну, а з простае, дык што ў вас ёсьць?

Міхалка. Капуста, каша ды перапечкі.

Восіп. Давай іх, капусту, кашу ды перапечкі! Дарма, усё будзем есьці. Ну, панясем куфэрак! Што, другі выхад ёсьць?

Міхалка. Ёсьць.

 

Абодва нясуць куфэрак у субочны пакой.

 

Зьява V

Квартальныяадчыняюць абедзьве палавіцы дзьвярэй. Уваходзіць Хлестакоў; за ім гараднічы, далей апякун богугодных установаў, інспэктар школаў, Добчынскі й Бобчынскі, з плястырам на носе. Гараднічы паказвае квартальным на падлозе папурку — яны бягуць і падымаюць яе, штурхаючы адзін аднаго ў пасьпеху.

 

Хлестакоў. Добрыя ўстановы! Мне падабаецца, што ў вас паказваюць праежджым усё ў горадзе. У іншых гарадох мне нічога не паказвалі.

Гараднічы. У іншых гарадох, адважуся далажыць самім, кіраўнікі гораду й чыноўнікі больш рупяцца аб сваёй карысьці; а тутака, можна сказаць, няма іншае подумкі, апрача тае, каб дабрачыньнем і пільнасьцяй заслужыцца на ўвагу начальства.

Хлестакоў. Сьнеданьне было вельмі добрае; я зусім аб’еўшыся. Што, у вас штодня бывае гэткае?

Гараднічы. Знарок дзеля такога прыемнага гасьця.

Хлестакоў. Я люблю пад’есьці. Гэта-ж на тое жывеш, каб зрываць краскі прыемнасьці. Як называлася гэная рыба?

Арцём Піліпавіч(падбягаючы). Лабардан.

Хлестакоў. Вельмі смачная! Дзе гэта мы сьнедалі? у больніцы, ці што?

Арцём Піліпавіч. Чыста так, у богугоднай установе.

Хлестакоў. Памятаю, памятаю, там стаялі ложкі. А хворыя ачунялі? там іх, здаецца, няшмат.

Арцём Піліпавіч.Чалавекаў зь дзесяць засталося, ня больш; а рэшта ўсе ачунялі. Гэта ўжо так уладжана, такі парадак. Ад тых дат, як я пераняў начальства, можа, самім здасца навет няверыгодным, усе, як мухі, ачуньваюць. Хворы ня ўправіцца ўвайсьці ў лязарэт, як ужо здаровы; і ня гэтулькі мэдыкамэнтамі, колькі сумленнасьцяй і парадкам.

Гараднічы. Ужо навошта, адважуся самім далажыць, галовістая павіннасьць гараданачальніка! Гэтулькі ляжыць усялякіх справаў што да аднае чысьціні, падладаў, падправаў... словам, найразумнейшы чалавек прыйшоў-бы ў затлумленьне, але, дзякаваць Богу, усё йдзе шчасьліва. Іншы гараднічы, ведама, рупіўся-б аб сваіх выгодах; але ці дасьцё веры, што навет калі кладзешся спаць, усё думаеш: “Божухна-Бацюхна ты мой, як-бы гэтак уладзіць, каб начальства ўгледзела маю шчырасьць і было задаволенае?..” Узнагародзіць яно ці не, ведама, у ягонай волі, прынамся я буду супакойны на сэрцы. Калі ў горадзе ўва ўсім парадак, вуліцы вымеценыя, арыштанты добра маюцца, п’яніцаў мала... дык чаго-ж мне болей? Дальбожачка, і чэсьці ніякае ня хочу. Яно, пэўна-ж, прынадна, але перад дабрачыннасьцяй — усё попел і марнасьць.

Арцём Піліпавіч(набок). Вось дзе дзяньдзівір, як расьпісвае! даў жа Бог гэткі талент!

Хлестакоў. Гэта праўда. Я, прызнаюся, люблю таксама часам загаловіцца: іншым разам прозаю, а іншым і вершык выкінецца.

Бобчынскі(Добчынскаму). Справядліва, усё справядліва, Пётра Іванавічу! Заўвагі такія... відаць, што навукаў вучыўся.

Хлестакоў. Скажэце, на ласку, ці няма ў вас якіх забаваў, таварыстваў, дзе можна было-б, прыкладам, згуляць у карты?

Гараднічы(набок). Эгэ, ведаем, галубочку, у чый гародчык каменьчыкі шпурляюць! (Уголас). Крый Божа! Тутака й чуць не пачуеш пра такія кумпаніі. Я картаў і ў рукі ніколі ня браў; нат ня ведаю, як гуляць у карты. Глядзець на іх не магу спакойна, а калі здарыцца згледзець гэтак якога званковага караля ці што-небудзь іншае, дык гэткая агіда апануе, што, проста, плюнеш чалавек. Аднойчы нек здарылася, забаўляючы дзяцей, злажыў будку з картаў, дык пасьля гэтага цалюткую ноч сьніліся, праклятыя! Бог ізь імі! Як можна, каб такі дарагі час марнаваць на іх.

Лукаш Лукашовіч(набок). А ў мяне, падлюга, выпантаваў учора сто рублёў.

Гараднічы. Балазей-жа я ўжыву гэты час на карысьць дзяржаўную.

Хлестакоў. Ну, не, самі дарэмна, аднак-жа... Усё залежыць ад таго, зь якога боку хто глядзіць на рэч. Калі, прыкладам, забастуеш, тымчасам як трэба гнуць ад трох рагоў... ну тады, ведама!.. Не, не кажэце, часам вельмі прынадна згуляць.

 

Зьява VI

Тыя самыя, Ганна Андрэеўна й Мар’я Антонаўна.

 

Гараднічы. Адважуся пазнаёміць сямейку маю: жонка й дачка.

Хлестакоў(раскланьваючыся). Які я шчасьлівы, спадарыня, што маю ў сваім сэньсе прыемнасьць саміх бачыць.

Ганна Андрэеўна. Нам яшчэ больш прыемна бачыць такую асобу.

Хлестакоў(рысуючыся). Дайце рады, спадарыня, зусім наадварот: мне йшчэ прыямней.

Ганна Андрэеўна. Як-жа можна! Самі гэта так маеце ласку казаць, дзеля камплімэнту. Прашу шчыра, сядайце.

Хлестакоў. Каля саміх стаяць ёсьць ужо шчасьце; зрэшты, калі самі так канечна жадаеце, я сяду. Які я шчасьлівы, што, нарэшце, сяджу каля саміх.

Ганна Андрэеўна. Дайце рады, я ніяк ня важуся прыняць на сябе. Я думаю, самім пасьля сталіцы ваяжаваньне выдалася вельмі прыкрым.

Хлестакоў. Надзвычай прыкрым. Звыкшы жыць, comprenez vous, у сьвеце, і раптам апыніцца ў дарозе — брудныя корчмы, цемра невуцтва... Калі-б, прызнаюся, не такая нагода, якая мяне... (паглядае на Ганну Андрэеўну й рысуецца перад ёй) гэтак узнагародзіла за ўсё...

Ганна Андрэеўна. Запраўды, як самім мусіць быць няпрыемна!

Хлестакоў. Зрэшты, спадарыня, гэтае часіны мне вельмі прыемна.

Ганна Андрэеўна. Як-жа можна! Самі робіце багата гонару. Я на гэта не заслугоўваю.

Хлестакоў. Чаму-ж не заслугоўваеце? Самі, спадарыня, заслугоўваеце.

Ганна Андрэеўна. Я жыву на вёсцы...

Хлестакоў. Але, вёска, зрэшты, таксама мае свае ўзгоркі, ручайкі... Ну, пэўна-ж, хто параўнае да Пецярбургу! Гэх, Пецярбург! Што за жыцьцё, праўда-ж! Вы, можа, думаеце, што я толькі перапісваю; не, начальнік аддзяленьня са мной у сябрах. Гэтак стукне па плячы: “Прыходзь, братка, на абед!” Я толькі на дзьве часінкі заходжуся ў дэпартамэнт, толькі каб сказаць, гэта вось гэтак, гэта вунь гэнак. А там ужо чыноўнік для пісьма, гэнтакі пацучына, пяром толькі — тртр... пайшоў пісаць! Хацелі былі навет мяне на калескага асэсара зрабіць, ды, думаю, навошта. І стораж ляціць яшчэ на сходах за мною із шчоткаю: “Дазвольце, Іване Аляксандравічу, я самім, — кажа, — боты выляксую”. (Да гараднічага). Што вы, спадары, стаіце? Калі ласка, сядайце!

Разам: Гараднічы. Чын такі, што йшчэ можна пастаяць.

Арцём Піліпавіч. Мы пастаімо.

Лукаш Лукашовіч. Будзьце ласкавенькі, ня турбуйцеся!

Хлестакоў. Бяз чыноў, прашу сядаць.

 

Гараднічы і ўсе сядаюць.

 

Наадварот, я навет стараюся заўсёды прасьлізнуць няўзнак[6]. Ды ніяк нельга схавацца, ніяк нельга! Толькі выйду куды, ужо й кажуць: “Вунь, — кажуць, — Іван Аляксандравіч ідзе!” А аднойчы на мяне падумалі, што галоўнакамандуючы, салдаты выскачылі з гаўптвахты й зрабілі стрэльбаю. Пасьля афіцэр, які мне вельмі знаёмы, кажа мне: “Ну, братка, мы цябе зусім узялі за галоўнакамандуючага”.

Ганна Андрэеўна. Скажэце, як!

Хлестакоў. З прыгожанькамі артысткамі знаёмы. Я-ж таксама розныя вадэвільчыкі... літаратараў часта бачу. Із Пушкіным у сябрах. Бывала, часта кажу яму: “Ну, што, браце Пушкін?” — “Ды так, браце, — адказваў бывала, — там неяк усё...” Вялікі арыгінал.

Ганна Андрэеўна.Дык самі й пішаце? Як гэта мусіць быць прыемна пісьменьніку! Самі, пэўна, і ў журналы зьмяшчаеце?

Хлестакоў. Але, і ў журналы зьмяшчаю. Маіх, зрэшты, багата ёсьць твораў: “Вясельле Фігаро”, “Робэрт Д'ябал”, “Норма”. Ужо й назоваў навет не памятаю. І ўсё выпадкам: я не хацеў пісаць, ды тэатральная дырэкцыя кажа: “Калі ласка, братачка, напішы што-колечы”. Думаю сабе: “Бадай, калі ласка, братка!” І тут-жа за адзін вечар, здаецца, усё напісаў[7]. У мяне лёгкасьць нязвычайная ў думках. Усё гэта, што было пад імём барона Брамбэуса, “Фрэгат Надзеі” й “Маскоўскі тэлеграф”... усё гэта я пісаў.

Ганна Андрэеўна. Скажэце, дык гэта самі былі Брамбэус?

Хлестакоў. Як-жа! Я ім усім папраўляю вершы[8]. Мне Сьмірдзін дае за гэта сорак тысячаў.

Ганна Андрэеўна.Дык, пэўна, і “Юры Міласлаўскі” саміх твор?

Хлестакоў. Але, гэта мой твор.

Ганна Андрэеўна. Я адразу здагадалася.

Мар’я Антонаўна. Ах, мамуленька, тамака напісана, што гэта Загоскінаў твор.

Ганна Андрэеўна. Ну, вось я й ведала, што навет і тут будзеш пярэчыць.

Хлестакоў. Ах, але, гэта праўда: гэты, якурат, Загоскінаў, а ёсьць другі “Юры Міласлаўскі”, дык гэны ўжо мой.

Ганна Андрэеўна. Ну гэта, пэўна, я саміх чытала. Як хораша напісана!

Хлестакоў. Я, прызнаюся, літаратурай існую. У мяне дом першы ў Пецярбурзе. Гэтак ужо й знаны: дом Івана Аляксандравіча. (Зварачаючыся да ўсіх). Зрабеце ласку, спадары, калі будзеце ў Пецярбурзе, прашу, прашу да мяне. Я-ж таксама й баляваньні задаю.

Ганна Андрэеўна. Я думаю, зь якім там густам і пышнасьцяй задаюць баляваньні!

Хлестакоў. Проста не кажэце. На стале, прыкладам, кавун — на семсот рублёў кавун. Булён у гаршчэчку проста на параплаве прыплыў з Парыжу; адымуць вечка — пара, падобнае да якой нельга адшукаць у прыродзе. Я штодня на баляваньнях. Там у нас і віст свой злажыўся: міністар замежных справаў, францускі пасланьнік, нямецкі пасланьнік і я. І ўжо гэтак уходаешся, гуляючы, што, проста, нікуды ня варта. Як ускруцішся па сходах да сябе на чацьверты паверх — скажаш адно кухарцы: “Маеш, Маўруся, шынэль...” Што-ж гэта я хлушу — я й забыўся, што жыву ў бэльэтажы. У мяне адны сходы... А цікава зірнуць да мяне ў сходню, калі я йшчэ не прачнуўшыся: графы й князі таўкуцца й гудуць там, як чмялі, толькі й чуваць: ж... ж.... ж.... Іншым разам і міністар...

 

Гараднічы й іншыя палахліва ўстаюць із сваіх крэслаў.

 

Мне навет на пакетах пішуць “ваша дастойнасьць”. Аднойчы я навет кіраваў дэпартамэнт. І дзіва: дырэктар выехаў — куды выехаў, няма ведама. Ну, натуральна, пайшлі расправы: як, што, каму заняць месца? Шмат із гэнэралаў знаходзіліся ахвотнікаў, і браліся, але пойдуць, бывала, — не, мудравата! Здаецца, і лёгка на вока, а разгледзецца — проста ліха што! Бачаць, нічога не парадзіш — да мяне. І тае ж часіны па вуліцах — кур’еры, кур’еры, кур’еры... можаце ўявіць сабе, трыццаць пяць тысячаў адных кур’ераў! Якое палажэньне? — пытаюся. “Іване Аляксандравічу, ідзеце дэпартамэнт кіраваць!” Я, прызнаюся, крыху сумеўся, выйшаў у халаце, хацеў адмовіцца, але думаю: дойдзе да імпэратара, ну, ды й паслужны сьпіс таксама... “Калі ласка, спадары, я прыймаю становішча, я прыймаю, — кажу, — так і будзь, — кажу, — я прыймаю, толечкі ўжо ў мяне: ні, ні, ні! ужо ў мяне вуха найстрыць! ужо я...” І праўда, бывала, праходжу праз дэпартамэнт — проста землятрус, усё дрыжыць, калоціцца, як ліст.

 

Гараднічы й іншыя калоцяцца ад страху. Хлестакоў распаляецца мацней.

 

О, я жарцікаў ня люблю: я ім усім задаў постраху! Мяне сама Дзяржаўная рада баіцца. Ды што запраўды? Я гэткі! я не паляджу на нікога... я кажу ўсім: “Я сам сябе ведаю, сам”. Я ўсюды, усюды. У палацы штодня ежджу. Мяне заўтра-ж зробяць зараз фэльдмарш... (Пасьлізгоўваецца і ледзь-ледзь ня валіцца на падлогу, але з пашанаю падтрымваецца чыноўнікамі).

Гараднічы(падыходзячы й калоцячыся цэлым целам, намагаецца вымавіць). А ва-ва-ва... ва...

Хлестакоў(шпаркім адрывістым голасам). Што такое?

Гараднічы. А ва-ва-ва... ва...

Хлестакоў(такім самым голасам). Не рашчую нічога, усё дурное.

Гараднічы. Ва-ва-ва... шасьць, дастойнасьць, ці не загадаеце адпачыць... вось і пакой, і ўсё, што трэба.

Хлестакоў. Дурное — адпачыць! Калі ласка, я гатовы адпачыць. Сьнеданьне ў вас, спадары, добрае... Я здаволены, я здаволены. (З дэклямацыяй). Лабардан! Лабардан! (Уваходзіць у бочны пакой, за ім гараднічы).

 

Зьява VII

Тыя самыя, апрача Хлестакова й гараднічага.

 

Бобчынскі[9].Вось гэта, Пётра Іванавічу, дык чалавек! Вунь яно, што значыць чалавек! Як жывы, ня быў на ваччу такое важнае пэрсоны, ледзь не памёр ад страху. Як самі думаеце, Пётра Іванавічу, хто ён гэткі ў разважаньні да чыну?

Добчынскі. Я думаю, мала не гэнэрал.

Бобчынскі. А я дык думаю, што гэнэрал-жаж яму і ў падноскі ня стане! а калі гэнэрал, дык ужо хіба сам гэнэралісымус. Чулі, дзяржаўную вунь раду як прыціс! Хадзем, раскажам якхутчэй Амосу Хведаравічу й Каробкіну. Бывайце, Ганна Андрэеўна!

Добчынскі. Бывайце, кумачка!

 

Абодва выходзяць.

 

Арцём Піліпавіч(Лукашу Лукашовічу). Страх проста. А чаму, і сам чалавек ня ведаеш. А мы навет і ня ў мундзеры. Ну, што, як прачнецца ды ў Пецярбург махане данашэньне? (Выходзіць у задуме, разам з інспэктарам школаў, праказваючы): Бывайце, спадарыня!

 

Зьява VIII

Ганна Андрэеўна й Мар’я Антонаўна.

 

Ганна Андрэеўна.Ах, які прыемны!

Мар’я Антонаўна. Ах, любчык!

Ганна Андрэеўна. Але толькі якое тонкае абыходжаньне! Адразу можна пазнаць сталічную штучку. Прыхапкі і ўсё гэта такое... Ах, якая дабрыня! я страх люблю гэткіх маладых людзей! Я прост бяз памяці. Я, аднак-жа, яму вельмі спадабалася: я заўважыла — усё на мяне пазіраў.

Мар’я Антонаўна. Ах, мамуленька, ён на мяне глядзеў!

Ганна Андрэеўна. Калі ласка, із сваёй дурніной якдалей! Гэта тут зусім недарэчы.

Мар’я Антонаўна. Не, мамулечка, праўда-ж!

Ганна Андрэеўна. Ну, вось! Крый Божа, каб не папярэчыць! нельга дый годзе! Дзе яму глядзець на цябе? і зь якое рацыі яму глядзець на цябе?

Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, мамуленька, усё глядзеў. І як пачаў казаць пра літаратуру, дык зірнуў на мяне, і пасьля, калі расказваў, як гуляў у віста з пасланьнікамі, і тады паглядзеў на мяне.

Ганна Андрэеўна. Ну, можа, адзін які раз, дый тое так сабе ўжо, абы толькі. “Га, — кажа сабе, — дай ужо-ткі зірну на яе!”

 

Зьява IX

Тыя самыя й гараднічы.

 

Гараднічы(уваходзіць на пальчыках). Чш... ш...

Ганна Андрэеўна. Што?

Гараднічы. І ня рады, што напаіў. Ну, што, калі хоць адна палавіна з таго, што ён казаў, праўда? (Задумваецца). Ды як-жа й ня будзе праўда? Падгуляўшы, чалавек усё прэ наўзьверх: што на сэрцы, тое й на языку. Ведама, прыхлусянуў крышку; але-ж, не прыхлусіўшы, ніякая гаворка не гаворыцца. Зь міністрамі гуляе і ў палацы езьдзіць... Гэтак вось, праўда-ж, чым болей думаеш... ліха яго ведае, ня ведаеш, што й робіцца ў галаве: прост як быццам ці стаіш чалавек на якой званіцы, ці цябе павесіць хочуць.

Ганна Андрэеўна. А я ніякай ані не адчула боязі; я проста бачыла ў ім адукаванага, сьвецкага, вышэйшага тону чалавека, а пра чыны ягоныя мне — ані шум баравы.

Гараднічы. Ну, ужо-ткі вы — жонкі. Усё скончана, аднаго гэтага слова даволі! Вам усё — фіньцірлюшкі! Раптам плюхнуць ні з тога, ні зь сёга слоўца. Вас адсьцёбаюць, дый годзе, а мужа — толькі й бачылі. Ты, сэрца маё, абыходзілася зь ім так вольна, як быццам зь якім Добчынскім.

Ганна Андрэеўна. Пра гэта я ўжо раю самім не турбавацца. Мы сёе-тое ведаем такое... (Паглядае на дачку).

Гараднічы(адзін). Ну, ужо з вамі гаварыць!.. Гэткая, запраўды, прыгода! дасюль не магу ахамянуцца ад страху. (Адчыняе дзьверы і гаворыць туды). Міхалка! пакліч квартальных, Сьвістунова й Дзяржыморду: яны тут недалёчка дзе-небудзь за брамаю. (Пасьля невялікае маўчанкі). Дзівосна ўсё павялося цяперака на сьвеце: хоць-бы народ-жаж ужо быў выглядны, а то хударлявенькі, танклявенькі — як яго пазнаеш чалавек, хто за ён? Яшчэ вайсковы ўсё-ткі выдае зь сябе; а як надзеўшы фрачынку — ну, рыхтык муха з падцятымі крылцамі. А гэта-ж доўга мацаваўся надовечы ў заезьдзе, заломваў такія алегорыі й эківокі, што, здэцца, век-бы не дайшоў чалавек да ладу. А вось, нарэшце, і даўся. Ды йшчэ нагаварыў больш, як трэба. Відаць, што маладзён!

 

Зьява X

Тыя-ж і Восіп. Усе бягуць да яго напярэймы, ківаючы пальцамі.

 

Ганна Андрэеўна. Падыйдзі сюды, даражэнькі!

Гараднічы. Тш!.. што? што? cьпіць?

Восіп. Не, йшчэ крышку пацягаецца.

Ганна Андрэеўна. Слухай, адно, як ты завешся?

Восіп. Восіп, спадарыня.

Гараднічы(жонцы й дачцы). Годзе, годзе вам! (Восіпу). Ну што, браце, цябе накармілі добра?

Восіп. Накармілі, шчыранька дзякую, добра накармілі.

Ганна Андрэеўна. Ну што, скажы: да твайго пана, я думаю, шмат езьдзіць графоў і князёў?

Восіп(набок). А што казаць, якся цяперака накармілі добра, знацца, пасьлей яшчэ лепш накормяць. (Уголас). Але, бываюць і графы.

Мар’я Антонаўна. Сэрцайка Восіпка, які твой пан харошанькі!

Ганна Андрэеўна. А што, скажы, будзь ласкаў, Восіпе, як ён...

Гараднічы. Ды пакіньце, на ласку! Вы гэткімі пустымі гаворкамі толькі мне замінаеце. Ну, што, браце...

Ганна Андрэеўна. А чын які на тваім пану?

Восіп. Чын звычайна які.

Гараднічы. Ах, Божа мой, вы ўсё із сваімі дурнымі пытаньнямі! Не дасьцё ні слова пагутарыць пра справу. Ну што, браце, як твой пан?.. строгі? любіць гэтак расьпякаць ці не?

Восіп. Але, парадак любіць. Ужо яму каб усё было ў спраўнасьці.

Гараднічы. А мне вельмі падабаецца тваё аблічча, браце! Ты мусіш быць добрым чалавекам. Ну, што...

Ганна Андрэеўна. Скажы адно, Восіпе, а як пан твой там, у мундзеры ходзіць ці...

Гараднічы. Годзе вам, праўда-ж, ляшчоткі якія! Тутака патрэбная рэч: ідзець аб жыцьці чалавека... (Да Восіпа). Ну, што, браце, праўда-ж, мне ты вельмі падабаешся, у дарозе ня шкодзіць, ведаеш, перакуліць лішнюю чарачку. Яно цяперака сьцюдзенавата, дык вось табе пара рублёвак на чарку.

Восіп(бяручы грошы). А шчыранька дзякую, спадару! Дай Божа самім усялякага здароўя! Бедны чалавек, памаглі й яму.

Гараднічы. Добра, добра, я й сам рады. А што, браце...

Ганна Андрэеўна. Слухай адно, Восіпе, а якія вочы больш за ўсё падабаюцца твайму пану?..

Мар’я Антонаўна. Восіпка, сэрцайка! які міленькі насочак у твайго пана!

Гараднічы. Ды пачакайце, дайце мне! (Да Восіпа). А што, браце, скажы, будзь ласкаў, на што больш пан твой мае ўвагу, ці бо, што яму ў дарозе больш падабаецца?

Восіп. Любіць ён, на разгледзішча, што як давядзецца. Больш за ўсё любіць, каб яго прыймалі добра, пачастунак каб быў добры.

Гараднічы. Добры?

Восіп. Але, добры. Во ўжо на што я, прыгонны чалавек, ды й тое глядзіць, каб і мне было добра. Дальбог! Бывала, заедземся куды. Што, Восіпе, добра цябе пачаставалі?” — “Блага, ваша высокачэсьць”. — “Гэ, — кажа, — гэта, Восіпе, нядобры гаспадар. Ты, — кажа, — напамяні мне, як прыеду”. — “Га, — думаю сабе (махнуўшы рукою), — Бог і зь ім! Я чалавек просты!”

Гараднічы. Добра, добра, і добра ты кажаш. Там я табе даў на чарку, дык вось яшчэ наверх на тое, на скварку.

Восіп. За што дорыце, ваша высокачэсьць? (Хавае грошы). Хіба ўжо вып’ю за здароўе саміх.

Ганна Андрэеўна. Прыходзь, Восіпе, да мяне, таксама будзеш мець.

Мар’я Антонаўна. Восіпка, сэрцайка, пацалуй твайго пана!

 

З другога пакою чуваць невялікае кашляньне Хлестакова.

 

Гараднічы. Чш! (Усьпінаецца на пальчыкі; уся сцэна напаўголасу). Божа вас крый галадамірыць! Ідзеце сабе! Годзе ўжо вам!

Ганна Андрэеўна. Хадзем, Марылька! Я табе скажу, што згледзела ў гасьця гэткае, што нам удзьвюх толькі можна сказаць.

Гараднічы. О, ужо там так нагавораць! Я думаю, пайдзі адно ды паслухай! і вушы пасьля заткнеш. (Да Восіпа). Ну, браце...

 

Зьява XI

Тыя самыя, Дзяржыморда й Сьвістуноў.

 

Гараднічы. Чш! гэнкія касалапыя медзьвядзі грукацяць ботамі! гэтак і прэцца, як быццам сорак пудоў скідае хто з возу! Дзе вас ліха носіць?

Дзяржыморда. Быў на загаданьне...

Гараднічы. Чш! (Зачыняець яму губу). Гэк, як кэркнула варона! (Дражніць яго). Быў на загаданьне! Як із цэбра, гэтак рыкае! (Да Восіпа). Ну, браце, ты йдзі, рыхтуй там[10], што ні ёсьць у хаце, патрабуй.

 

Восіп выходзіць.

 

А вы — стаяць на ганку й ані зь месца! І нікога ня пушчаць у хату староньняга, асабліва купцоў! Калі хоць аднаго зь іх упусьціце, дык... Толькі згледзіце, што йдзе хто з просьбаю, а хоць і ня з просьбаю, ды падобны да такога чалавека, што хоча падаць на мяне просьбу, укаршэнь так проста яго й піхайце! гэтак яго! добранька! (Паказвае нагою). Чулі? Чш... чш... (Выходзіць на пальчыках сьледам за квартальнымі).

 

Заслона[11].

 

Дзея чацьвертая

 

Той самы пакой у доме гараднічага

 

Зьява І

Выходзяць асьцярожна, мала не на пальчыках: Амос Хведаравіч, Арцём Піліпавіч, паштмайстар, Лукаш Лукашовіч, Добчынскі, Бобчынскі, усе ў поўным парадзе і ў мундзерах. Уся сцэна адбываецца напаўголасу.

 

Амос Хведаравіч(шыхтуе ўсіх паўколам). Дзеля Бога, спадары, хутчэй у гурток, ды як больш парадку. Бог і зь ім: і ў палацы езьдзіць, і дзяржаўную раду расьпякае. Стройцеся на вайсковую нагу, канечна на вайсковую нагу! Самі, Пётра Іванавічу, станьце вось гэттака[12].

 

Абодва Пятры Іванавічы забягаюць на пальчыках.

 

Арцём Піліпавіч. Як сабе хочаце, Амосе Хведаравічу, нам трэ было-б сёе-тое наладзіць.

Амос Хведаравіч. А што-ж-бы гэткае?

Арцём Піліпавіч. Ну, ведама што.

Амос Хведаравіч. Падсунуць?

Арцём Піліпавіч. Ну але, хоць і падсунуць.

Амос Хведаравіч. Небясьпечна, разгамоніцца: дзяржаўны чалавек. Хіба ў выглядзе падношаньня з боку дваранства — якую-небудзь памятку.

Паштмайстар. Або: вось, бач, прыйшлі поштаю грошы, няма ведама чые прыналежнасьці.

Арцём Піліпавіч. Глядзеце, каб ён саміх поштаю не патурыў куды за сьвет. Слухайце, гэтыя рэчы ня так робяцца ў упарадкаванай дзяржаве. Навошта нас гэттака цэлы эскадрон? Рэкамэндавацца трэба па адным ды сам-на-сам і гэнага... як там трэба; дык каб і вушы ня чулі! Вось як у грамадзянстве ўпарадкаваным робіцца. Ну, вось самі, Амосе Хведаравічу, першыя пачнеце.

Амос Хведаравіч. Дык лепш-жа самі: у саміх у ўстанове высокі госьць хлеба ўкаштаваў.

Арцём Піліпавіч. Дык ужо лепш Лукашу Лукашовічу, як прасьветніку моладзі.

Лукаш Лукашовіч. Не магу, не магу, спадары! Я, прызнаюся, гэтак узгадаваны, што, як загаворыць да мяне на адзін чын вышэйшы, у мяне прост і душы нямаш, і язык, як у балота, загруз. Не, спадары, аслабанеце, праўда-ж, аслабанеце!

Арцём Піліпавіч. Але-ж, Амосе Хведаравічу, апрача саміх няма каму. У саміх што ні слоўца, дык Цыцэрон зь языка зьляцеў.

Амос Хведаравіч. Што гэта! Што гэта! Цыцэрон! гляньце, што выдумалі! Што іншым разам захопішся чалавек, калі пра сабачую ганьню ці пра ганчака...

Усе(чапляюцца да яго). Не, самі-ж ня толькі пра сабакаў, самі й пра стаўпатварэньне... Не, Амосе Хведаравічу, не пакідайце нас, будзьце бацькам нашым!.. Не, Амосе Хведаравічу!

Амос Хведаравіч. Адкасьнецеся, спадары!

 

Тымчасам чуваць хада й адкашляваньне ў пакоі Хлестакова. Усе сьпяшаюцца на прамілы Бог да дзьвярэй, ціснуцца й намагаюцца выйсьці, што адбываецца не без таго, каб ня прыціснулі сяго-таго. Чуваць напаўголасу воклічы.

 

Голас Бобчынскага. Вой! Пётра Іванавічу, Пётра Іванавічу, нагу адціснулі!

Голас Землянікі. Пусьцеце, пусьцеце, пусьцеце хоць із душою — зусім прыцісьлі.

 

Вымыкаюцца колькі воклічаў: “ай! вой!” Нарэшце, усе выбіраюцца, й пакой застаецца пусты.

 

Зьява ІІ

Хлестакоўадзін, выходзіць із заспанымі вачамі.

 

Хлестакоў. Я, здаецца, нішто сабе храпануў. Адкуль яны набралі такіх пехцяроў і пярынаў? аж учаўрэў. Здаецца, яны ўчора мне падсунулі чагосьці на сьнеданьні: у галаве дасюль стукаціць. Тутака, я бачу, можна з прыемнасьцяй праганяць час. Я люблю ветласьць, і мне, прызнаюся, больш падабаецца, калі мне дагаджаюць ад шчырага сэрца, а ня тое, каб дзеля інтарэсу... А дачка гараднічага вельмі нішто сабе, дый матуля такая, што йшчэ можна-б... Не, я ня ведаю, а мне, праўда-ж, падабаецца такое жыцьцё.

 

Зьява ІІІ

Хлестакоў і судзьдзя[13].

 

Судзьдзя(уваходзячы й спыняючыся, сам сабе). Божа, Божа! вынясі шчасьліва; гэтак во каленцы й ломіць. (Уголас, выцягнуўшыся й прытрымваючы рукою шпагу). Маю гонар рэкамэндавацца: судзьдзя тутэйшага акруговага суда, калескі асэсар Ляпкін-Цяпкін.

Хлестакоў. Прашу сядаць. Дык самі тутака за судзьдзю?

Судзьдзя. Ад 816-га быў абраны на трохгодьдзе з волі дваранства й спраўляю службу да сяе пары.

Хлестакоў. А выгода, аднак-жа, быць за судзьдзю?

Судзьдзя. За тры трохгодзьдзі прадстаўлены да Валадзімера 4-е ступені з ухваленьня з боку начальства. (Набок). А грошы ў кулаку, а кулак-жаж увесь у вагні.

Хлестакоў. А мне падабаецца Валадзімер. Вось Ганна 3-е ступені ўжо ня гэтак.

Судзьдзя(высоўваючы пакрысе наперад сьціснуты кулак. Набок). Божухна-Бацюхна, ня ведаю, дзе сяджу. Быццам гарачае вугальле пад табою.

Хлестакоў. Што гэта ў саміх у руцэ?

Судзьдзя(зьбянтэжыўшыся й губляючы на падлогу асыгнацыі). Нічагуткі.

Хлестакоў. Як нічога? Я бачу, грошы выпалі.

Судзьдзя(калоцячыся ўсім целам). Аніяк не-а! (Набок). О, Божа! вось ужо я й пад судом! і карэта пад’ехала хапіць мяне!

Хлестакоў(падымаючы). Але-ж, гэта грошы.

Судзьдзя(набок). Ну, пэўнюсенька загінуў! Загінуў!

Хлестакоў. А ведаеце, пазычце іх мне!

Судзьдзя(пасьпешна). Як-жаж, як-жаж... зь вялікай прыемнасьцяй! (Набок). Ну, сьмялей, сьмялей! вывозь, Прачыстая Маці!

Хлестакоў. Я, ведаеце, у дарозе пратраціўся: тое ды сёе... Зрэшты, я самім із двара зараз-жа іх адашлю.

Судзьдзя. Дайце сьвет, як можна! і без таго гэта такі гонар... Пэўна-ж, слабымі маймі сіламі, шчырасьцяй і стараннасьцяй да начальства... пастараюся заслужыцца... (прыўздымаецца з крэсла, выцягнуўшыся й рукі па швох). Ня важуся больш турбаваць сваім тут быцьцём. Ці ня будзе ніякага загаду?

Хлестакоў. Якога загаду?

Судзьдзя. Я разумею, ці не дасьцё якога загаду тутэйшаму паветаваму суду?

Хлестакоў. Навошта-ж? Мне-ж няма цяпер да яго ніякае патрэбы. Не, нічога, шчыра дзякую[14].

Судзьдзя(раскланьваючыся й выходзячы, набок). Ну, горад наш!

Хлестакоў(па ягоным выхадзе). Судзьдзя — слаўны чалавек!

 

Зьява IV

Хлестакоў і паштмайстар(уваходзіць выцягнуўшыся, у мундзеры, прытрымліваючы шпагу).

 

Паштмайстар. Маю гонар рэкамэндавацца: паштмайстар, надворны раднік Шпёкін!

Хлестакоў. А, прашу ласкі. Я вельмі люблю прыемнае таварыства. Сядайце. Гэта-ж самі тутака заўсёды жывяцё?

Паштмайстар. Чыста так.

Хлестакоў. А мне падабаецца тутэйшы гарадок. Пэўна-ж, ня так модна — ну, што-ж? Гэта-ж не сталіца. Ці-ж ня праўда, гэта-ж не сталіца?

Паштмайстар. Чыстая праўда.

Хлестакоў. Гэта-ж толькі ў сталіцы бон-тон, і няма правінцыяльных гусей. Як саміх погляд, ці-ж ня так?

Паштмайстар. Так чыста! (Набок). А ён, аднак-жа, ані не ганарысты: пра ўсё распытваецца.

Хлестакоў. А гэта-ж, аднак, прызнайцеся, гэта-ж і ў маленькім гарадку можна пражыць шчасьліва?

Паштмайстар. Чыста так.

Хлестакоў. На мой погляд, чаго трэба? Трэба толькі, каб цябе паважалі, любілі шчыра, — ці-ж ня праўда?

Паштмайстар. Чыста справядліва.

Хлестакоў. Я, прызнаюся, рады, што самі аднаго погляду са мною. Мяне, пэўна-ж, назавуць дзіўным, ды ўжо ў мяне гэткі характар. (Пазіраючы ў вочы яму, кажа сам сабе). А ну, папрашу-ткі я ў гэтага паштмайстра пазычыць. (Уголас). Які дзіўны са мною выпадак: у дарозе чыста пратраціўся. Ці ня можаце самі пазычыць мне трыста рублёў?

Паштмайстар. Чаму-ж, чаму? За найвялікшае шчасьце. Восьдзе, будзьце ласкавы. Ад сэрца гатовы служыць.

Хлестакоў. Вельмі ўдзячны! А я, прызнаюся, сьмерць як ня люблю адмаўляць сабе ў дарозе, дый навошта? Ці-ж ня так?

Паштмайстар. Так чыста. (Устае, выцягваецца й прытрымлівае шпагу). Ня важуся больш турбаваць сваім тут быцьцём... Ці ня будзець якое заўвагі ў галіне паштовага кіраўніцтва?

Хлестакоў. Не, нічога!

 

Паштмайстар раскланьваецца й выходзіць.

 

Хлестакоў(адзін, раскурваючы цыгару). Паштмайстар, мне здаецца, таксама вельмі слаўны чалавек. Прынамся, прыслужлівы; люблю гэткіх людзей.

 

Зьява V

Хлестакоў і Лукаш Лукашовіч, які мала не выпіхаецца зь дзьвярэй. Адзаду ў яго чуваць мала ня ўголас: “Чаго баішся?”

 

Лукаш Лукашовіч(выцягваючыся не бяз дрыготкі й прытрымваючы шпагу). Маю гонар рэкамэндавацца: інспэктар школаў, тытулярны раднік Хлопаў!

Хлестакоў. А, прашу ласкі! Сядайце, сядайце! Ці ня хочаце цыгарачку? (Падаець яму цыгару).

Лукаш Лукашовіч(сам сабе, у ненаважнасьці). Вось табе штука! Ужо на гэта ніяк не падумаў. Браць ці ня браць?

Хлестакоў. Вазьмеце, вазьмеце; гэта людзкая цыгарка! Пэўна-ж, ня тое, што ў Пецярбургу. Там, бацюхна, я папакурваў цыгаркі па дваццаць пяць рублёў сотачка, прост ручкі сабе пасьля пацалуеш, як выкурыш. Вось агонь, закурэце. (Падаець яму сьвечку).

 

Лукаш Лукашовіч спрабуе закурыць і ўвесь калоціцца.

 

Хлестакоў. Ды не з таго канца!

Лукаш Лукашовіч(ад сполаху ўпусьціў цыгару, плюнуў і махнуў рукою, сам сабе). Ліхенька з усім! загубіла праклятая боязь!

Хлестакоў. Самі, як бачу, не ахвотнік да цыгаркаў. А я прызнаюся, гэта мая слабасьць. Вось яшчэ наконт жаноцкае палавіны, дык не магу быць бязуважным. Як самі? Якія самім больш падабаюцца, брунэткі ці блёндынкі?

 

Лукаш Лукашовіч знаходзіцца ў поўным нездаўменьні, што сказаць.

 

Хлестакоў. Не, скажэце шчыра, брунэткі ці блёндынкі?

Лукаш Лукашовіч. Ня важуся ведаць.

Хлестакоў. Не, не, ня выкручвайцеся! Мне хочацца ведаць канечна саміх густ.

Лукаш Лукашовіч. Адважуся далажыць... (Набок). І сам ня ведаю, што кажу; у галаве ўсё пайшло карагодам.

Хлестакоў. А! А! ня хочаце сказаць. Пэўна, ужо якая брунэтка зрабіла самім маленькую загваздачку! Прызнайцеся, зрабіла?

 

Лукаш Лукашовіч маўчыць.

 

Хлестакоў. А! А! пачырванелі, бачыце, бачыце! Чаму-ж самі ня кажаце?

Лукаш Лукашовіч. Забаяўся, ваша чэ.... дастой... яск... (Набок). Прадаў, прокляты язычына, прадаў!

Хлестакоў. Забаяліся? А ў мяне ўваччу, праўда, ёсьць штосьці гэткае, што наганяе боязі. Прынамся я ведаю, што ніводная жанчына ня можа іх вытрымаць, ці ж ня так?

Лукаш Лукашовіч. Так чыста.

Хлестакоў. Вось са мною дзівосьнейшы выпадак — у дарозе зусім пратраціўся. Ці ня можаце самі пазычыць трыста рублёў?

Лукаш Лукашовіч(хапаючыся за кішаню. Сам сабе). Вось-жа штука, калі няма! Ёсьць, ёсьць! (Выймае й падае, калоцячыся, асыгнацыі).

Хлестакоў. Шчыра дзякую.

Лукаш Лукашовіч. Ня важуся больш турбаваць быцьцём.

Хлестакоў. Бывайце.

Лукаш Лукашовіч(ляціць вон блізу бегма й гаворыць набок). Ну, дзякуй Богу! ану-ж не зазірне ў клясы.

 

Зьява VI

Хлестакоў і Арцём Піліпавіч, выцягнуўшыся й прытрымваючы шпагу.

 

Арцём Піліпавіч. Маю гонар рэкамэндавацца: апякун богугодных установаў, надворны раднік Земляніка.

Хлестакоў. Дабрыдзень, шчыра прашу сесьці.

Арцём Піліпавіч. Меў гонар таварышаваць самім і прыймаць асабіста ў давераных майму дагляданьню богугодных установах.

Хлестакоў. А, але, памятаю. Самі вельмі добра пачаставалі сьнеданьнем.

Арцём Піліпавіч. Рады старацца на службу бацькаўшчыне.

Хлестакоў. Я прызнаюся, гэта мая слабасьць — люблю добрую кухню. Скажэце, калі ласка, мне здаецца, як быццам-бы ўчора самі былі крышку ніжэйшага росту, ці-ж ня праўда?

Арцём Піліпавіч. Вельмі магчыма. (Памаўчаўшы). Магу сказаць, што не шкадую нічога й шчыра спраўляю службу. (Прысоўваецца бліжэй із сваім крэслам і гаворыць напаўголасу). Вось тутэйшы паштмайстар ані нічога ня робіць: усе справы ў вялікім запушчэньні, пасылкі затрымваюцца... на ласку, знарок дасьледуйце самі. Судзьдзя таксама, які кагадзе быў перад маім прыходам, езьдзіць толькі на зайцоў, у прысудзкіх установах трымае сабакаў, і захоўваньня, калі прызнацца перад самімі, — ведама, дзеля карысьці бацькаўшчыны, я мушу гэта зрабіць, хоць ён мне сваяк і прыяцель, — захоўваньня самазаганнага. Тутака ёсьць адзін дамаўласьнік Добчынскі, якога самі мелі ласку бачыць, і толькі як гэны Добчынскі выйдзе куды здому, дык ён тамака ўжо й сядзіць у жонкі ў ягонае, я прысягнуцца гатовы... І знарок прыгледзьцеся да дзяцей: ніводнае зь іх не падобнае да Добчынскага, а ўсе, навет дзяўчынка маленькая, як уліты судзьдзя.

Хлестакоў. Скажэце, на ласку! А я ані гэтага ня думаў.

Арцём Піліпавіч. Вось і інспэктар тутэйшае школы. Я ня ведаю, як магло начальства даверыць яму гэткую пасаду. Ён горшы за якабінца, і такія натхняе нядобрамысныя правілы, што нат выказаць цяжка. Ці не загадаеце, я ўсё гэта вылажу лепш на паперы?

Хлестакоў. Добра, хоць на паперы. Мне вельмі будзе прыемна. Я, ведаеце, гэтак люблю нудным часам прачытаць што-небудзь пацешнае... Як саміх прозьвішча? Усё я забываюся.

Арцём Піліпавіч. Земляніка.

Хлестакоў. А, так! Земляніка. І што-ж, скажэце на ласку, ёсьць у саміх дзеткі?

Арцём Піліпавіч. А як-жа-ж! пяцёра; двое ўжо вырослыя.

Хлестакоў. Скажэце, вырослыя! а як іхны.. як яны гэтага?..

Арцём Піліпавіч. Гэта значыць, ці ня маеце ласкі пытацца, як яны завуцца?

Хлестакоў. Але, як яны завуцца?

Арцём Піліпавіч. Мікалай, Іван, Альжбэта, Мар’я й Перапятуя.

Хлестакоў. Гэта добра.

Арцём Піліпавіч. Ня важачыся турбаваць сваім быцьцём, адбіраць часу, вызначанага на сьвяцейшыя абавязкі... (Раскланьваецца, каб адыйсьці).

Хлестакоў(прапускаючы). Не, дарма. Гэта ўсё вельмі сьмяхотна, што самі казалі. Калі ласка, і іншым таксама часам... Я гэта вельмі люблю. (Вяртаецца і, адчыніўшы дзьверы, крычыць наўздагон яму). Гэй, самі! Як саміх? Я ўсё забываюся, як саміх імя й па бацьку.

Арцём Піліпавіч. Арцём Піліпавіч.

Хлестакоў. Зрабеце ласку, Арцёме Піліпавічу, са мною дзіўное здарэньне: у дарозе чыста пратраціўся. Ці няма ў саміх грошай пазычыць рублёў чатырыста?

Арцём Піліпавіч. Ёсьць.

Хлестакоў. Скажэце, як дарэчы! Шчыра самім удзячны.

 

Зьява VII

Хлестакоў, Бобчынскі й Добчынскі.

 

Бобчынскі. Маю гонар рэкамэндавацца: жыхар тутэйшага гораду, Пётра, Іванаў сын, Бобчынскі.

Добчынскі. Абываталь Пётра, Іванаў сын, Добчынскі.

Хлестакоў. Я, ды я ўжо саміх бачыў. Самі, здаецца, тады зваліліся? Што, як у саміх нос?

Бобчынскі. Дзякуй Богу! Будзьце ласкавы не турбавацца: прысох цяперака, зусім прысох.

Хлестакоў. Добра, што прысох. Я рады... (Раптам і адрывіста). Грошай няма ў саміх?

Бобчынскі. Грошай? як грошай?

Хлестакоў. Пазычыць рублёў тысячу.

Бобчынскі. Такіх грошай, дальбог, няма. А ці няма ў саміх, Пётра Іванавічу?

Добчынскі. Пры сабе дык-жа нямашака, бо грошы мае, калі маеце ласку ведаць, пакладзеныя ў урад грамадзкага дагляду.

Хлестакоў. Але, ну калі тысячы няма, дык рублёў сто.

Бобчынскі(мацаючы па кішэнях). У саміх, Пётра Іванавічу, няма сту рублёў? У мяне ўсяго сорак асыгнацыямі.

Добчынскі. Дваццаць пяць рублёў усяго.

Бобчынскі. Ды самі пашукайце адно лепш, Пётра Іванавічу! У саміх тамака, я ведаю, у кішані вунь із правага боку распорак, дык-жа ў распорак, пэўне, як-колечы закінуліся.

Добчынскі. Не, праўда-ж, і ў распорку няма.

Хлестакоў. Ну, усёдна. Я-ж толькі так. Добра, хай будзе і шэсьцьдзесят пяць рублёў... гэта ўсёдна. (Бярэ грошы).

Добчынскі. Я адважваюся папрасіць саміх датычна аднае вельмі тонкай акалічнасьці.

Хлестакоў. А што гэта?

Добчынскі. Справа вельмі-ж тонкага характару: дык-жа старэйшы сын мой, маеце ласку бачыць, народжаны мною йшчэ перад жанімствам...

Хлестакоў. Так?

Добчынскі. Ці бо, яно гэтак толькі кажацца, а ён народжаны мною чыста як-бы і ў жанімстве, і ўсё гэта, як належыцца, я завяршыў пасьля законнымі-ж вязямі сужэнства-ж. Дык я, маеце ласку бачыць, хочу, каб ён цяпер ужо быў зусім, гэта знацца, законным маім сынам і зваўся-б гэтак, як я, Добчынскі.

Хлестакоў. Добра, хай завецца, гэта можна.

Добчынскі. Я-б не турбаваў саміх, ды шкада з-боку здольнасьцяў. Дык жа хлапчына такі... вялікія надзеі падае: напамяць вершы розныя раскажа і, калі дзе падхопіць ножык, зараз зробіць маленькую каламажачку так па-мастацку, чыста штукар. Вось і Пётра Іванавіч ведаюць.

Бобчынскі. Але-ж, вялікія здольнасьці мае!

Хлестакоў. Добра, добра! Я пра гэта пастараюся, я буду гаварыць... я спадзяюся... усё гэта будзе зроблена, але, але... (Да Бобчынскага). Ці ня маеце й самі чаго сказаць мне?

Бобчынскі. Як-жа, маю вельмі ніжэйшую просьбу.

Хлестакоў. А што, аб чым?

Бобчынскі. Я прашу саміх шчыра-шчыра, як паедзеце ў Пецярбург, скажэце ўсім тамака вяльможам розным, сэнатарам і адміралам, што вось, ваша яснасьць, ці дастойнасьць, жывець у такім а такім горадзе Пётра Іванавіч Бобчынскі. Гэтак і скажэце: жывець Пётра Іванавіч Бобчынскі.

Хлестакоў. Вельмі добра.

Бобчынскі. Ды калі гэта й цару імпэратару давядзецца, дык скажэце й цару, што вось, пыні, ваша імпэратарская вялікасьць, у такім а такім горадзе жывець Пётра Іванавіч Бобчынскі.

Хлестакоў. Вельмі добра.

Добчынскі. Прабачце, што гэтак абцяжылі саміх сваім быцьцём.

Бобчынскі. Прабачце, што гэтак абцяжылі саміх сваім быцьцём.

Хлестакоў. Дарма, дарма! Мне вельмі прыемна! (Выпраўляе іх).

 

Зьява VIII

Хлестакоўадзін.

 

Тутака шмат чыноўнікаў. Мне здаецца, аднак-жа, што мяне маюць за дзяржаўнага чалавека. Пэўна, я ўчора ім падпусьціў пылу. Гэнкае дураньнё! Напішу-ткі я пра ўсё ў Пецярбург да Трапічкіна: ён папісваець артыкульчыкі — хай-жа ён іх паабстрыквае добранька. Гэй, Восіп! падай мне паперы й чэрні!

 

Восіп вызірнуў зь дзьвярэй, праказаўшы: “Зараз”.

 

А ўжо Трапічкіну, чыста, калі гэта трапіць на зубок, — сьцеражыся: бацькі роднага не пашкадуе дзеля слоўца, і капейчыну таксама любіць. Зрэшты, чыноўнікі гэтыя добрыя людцы; гэта зь іхнага боку слаўная рыса, што яны напазычалі мне. Перагледжу знарок, колькі ў мяне грошай. Гэта ад судзьдзі трыста, гэта ад паштмайстра трыста, шэсьцьсот, семсот, восемсот... якая зацухмоленая паперынка! Восемсот, дзевяцьсот... Ого! За тысячу перакінулася... А ну-ж, цяперака, капітане, падкруціся ты мне адно цяперака, палядзімо, хто каго.

 

Зьява IX

Хлестакоў і Восіп, із чэрняю й папераю.

 

Хлестакоў. Ну што, бачыш, дурніла, як мяне частуюць і прыймаюць? (Пачынае пісаць).

Восіп. Але-ж, дзякуй Богу! Толькі ведаеце што, Іване Аляксандравічу?

Хлестакоў. А што?

Восіп. Выяжджайце адсюля! Дальбог, пара ўжо!

Хлестакоў(піша). Во дурніна! Чаму?

Восіп. Ды так. Бог і зь імі з усімі! Пагулялі тутака два дзянёчкі, — ну, і досыць. Што зь імі доўга зьвязвацца! Плюньце на іх! Няўрокам кажучы, які-небудзь іншы наедзе! А коні тутака слаўныя — гэтак-бы закацілі.

Хлестакоў(піша). Не, мне йшчэ хочацца пажыць гэтта. Няхай заўтра.

Восіп. Ды што заўтра! Дальбог, паедзьма, Іване Аляксандравічу! Яно хоць і вялікі тутака гонар самім, ды ўсё-ж, ведаеце, лепш выехаць баржджэй. Гэта-ж саміх, праўдачка, за кагосьці іншага маюць, і, татуля будуць гневацца, што гэтак забавіліся. Гэтак-бы, праўда-ж, закацілі слаўна! а коняй-бы важнецкіх тутака далі.

Хлестакоў(піша). Ну, добра. Аднясі адно наўперад гэты ліст, бадай, разам і падарожную вазьмі. Ды затое глядзі, каб коні добрыя былі. Хурманом скажы, што я буду даваць па рублі ў зубы, каб так, як фэльд’егеры, кацілі! і песьні-б пяялі! (Піша далей). Уяўляю, Трапічкін памрэ зусім...

Восіп. Я, спадару, выпраўлю яго з чалавекам тутэйшым, а сам лепш буду пакавацца, каб ня сыйшоў час надарэмна.

Хлестакоў. Добра, прынясі адно сьвечку.

Восіп(выходзіць і гаворыць за сцэнай). Гэй, слухай, браце! Занясеш ліста на пошту, і скажы паштмайстру, каб ён прыняў бяз грошай, ды скажы, каб зараз прыгналі да пана самалепшую тройку кур’ерскую, а прагону, скажы, пан ня плаціць: прагон, бач, скажы, дзяржаўны. Ды каб усё спрытней, а не дык, бач, пан злуе. Чакай, яшчэ ліст не гатовы.

Хлестакоў(піша далей). Цікава ведаць, дзе ён цяпер жыве, пры Паштамцкай ці пры Гарохавай. Ён-жа таксама любіць часта перабірацца з кватэры й не даплачваць. Напішу наўдачу на Паштамцкую. (Складае й надпісвае).

 

Восіп прыносіць сьвечку. Хлестакоў пячатае. Тымчасам чуваць голас Дзяржыморды: “Куды прэшся, барада? Кажуць табе, нікога не загадана пушчаць”.

 

Хлестакоў(дае Восіпу ліст). Маеш, занясі.

Галасы купцоў. Дапусьцеце, бацюхна, ня можаце не дапусьціць: мы ў справе прыйшоўшы.

Голас Дзяждыморды: Пайшоў, пайшоў! Ня прыймае, сьпіць.

 

Гармідар павялічваецца.

 

Хлестакоў. Што там гэткае, Восіп? Палядзі, што за гармідар.

Восіп(пазіраючы ў вакно). Купцы нейкія хочуць увайсьці, ды ня пушчае квартальны. Махаюць паперамі, пэўна, саміх хочуць бачыць.

Хлестакоў(падыходзячы да вакна). А што вы, даражэнькія?

Галасы купцоў. Ды твае ласкі ўпадаем! Загадайце, спадарочку, просьбу прыняць.

Хлестакоў. Упусьцеце іх, упусьцеце! Хай ідуць[15].

 

Восіп выходзіць.

 

Хлестакоў(прыймае з вакна просьбы, разгортаець адну зь іх і чытае:) “Яго высокачэснаму сьветласьці спадару фінансаваму ад купца Абдуліна...” Ліха ведае, што: і чыну такога няма!

 

Зьява X

Хлестакоў і купцы, з корабам віна й цукровымі галовамі.

 

Хлестакоў. А што вы, даражэнькія?

Купцы. Чалом б’ем вашай ласцы.

Хлестакоў. А чаго-ж вы хочаце?

Купцы. Не загубі, спадарочку! Крыўдаванства церпім зусім задарма.

Хлестакоў. Ад каго?

Адзін із купцоў. Ды ўсё ад гараднічага тутэйшага. Гэткага гараднічага ніколі йшчэ, спадарочку, ня было. Такія крыўды ўчыняе, што апісаць нельга. Папасам чыста замучыў, хоць у пятлю чалавек лезь. Не з абыходкаў абыходзіцца. Хопіць за бараду, кажа: “Ах ты, татарын!” Дальбог! Калі-б, гэта знацца, чым-небудзь не ўшанавалі яго, ато мы ўжо парадак заўсёды спраўляем: што належыцца на сукні дружэбніцы ягонай і дачцы — мы супраць гэнага не стаімо. Не, бач ты, яму ўсяго замала — дальбожачка! Прыйдзе ў краму, і што ні пападзя, усё бярэць: сукна згледзіць трубку, кажа: “Гэ, міленькі, гэта добрае сукенца: занясі-ткі яго да мяне”. Ну й нясеш чалавек, а ў трубцы-ж будзе бяз мала аршынаў пяцьдзесят.

Хлестакоў. Няўжо? Ах, які-ж зь яго зладзюга!

Купцы. Дальбог! Гэткага ніхто ня ўпамятае гараднічага. Так усё й прыхоўваеш чалавек у краме, як яго загледзіш. Ці бо, ня тое ўжо кажучы, каб якое далікацтва, усялякую дрэнь бярэць: сьлівы гэткія, што год па сем ужо ляжаць у бочцы, што ў мяне сядзелец ня будзець есьці, а ён цэлую жменю туды запусьціць. Мяніны ягоныя бываюць на Антона, і ўжо, здэцца, усенькага нанясеш чалавек, ні ў чым ня мае патрэбы; не, яму йшчэ падавай; кажа, і на Анупрэя ягоныя мяніны. Што рабіць? і на Анупрэя нясем.

Хлестакоў. Ды гэта проста разбойнік?

Купцы. Дальбожачкі! А паспрабуй пярэчыць, навядзець да цябе ў хату цэльны полк на папас. А калі што, загадае замкнуць дзьверы. “Я цябе ня буду, — кажа, — паддаваць цялеснаму пакараньню, ці катам катаваць — гэта, — кажа, — забаронена законам, а вось ты ў мяне, даражэнькі, папаясі селядца!”

Хлестакоў. Ах, які рыштанюга! Ды за гэта прост у Сібір.

Купцы. Ды ўжо куды ласка твая ні запраторыць яго, усё будзе добра, адно-б, гэта знацца, ад нас як далей. Не пагрэбуй, бацька наш, хлебам і соляй: кланяемся табе цукярочкам і карабцом віна.

Хлестакоў. Не, вы гэтага ня думайце: я не бяру зусім ніякіх хабараў. Вось калі-б вы, прыкладам, запрапанавалі мне пазычыць рублёў трыста — ну, тады зусім што іншае: я магу ўзяць.

Купцы. Будзь ласкаў, бацька наш! (Выймаюць грошы). Ды што трыста! Ужо лепш пяцьсот вазьмі, памажы толькі.

Хлестакоў. Калі ласка: пазычаць — я ні слова, я вазьму.

Купцы(падносяць на срэбным падносе грошы). Ужо, калі ласка, і падносік разам вазьмеце.

Хлестакоў. Ну, і падносік можна.

Купцы(кланяючыся). Дык ужо вазьмеце за адным разам і цукярочку.

Хлестакоў. О, не, я хабараў аніякіх...

Восіп. Ваша высокачэсьць! Чаму самі не берацё? Вазьмеце! на дарозе ўсё прыдасца! Давай сюды галовы й кошык! падавай усё! усё пойдзе ў спор! Што гэна? Вяровачка? Давай і вяровачку — і вяровачка ў дарозе здасца! брычка абломіцца ці што йшчэ — падвязаць можна.

Купцы. Дык ужо зрабеце гэткую ласку, ваша яснасьць! Калі ўжо самі, знацца, не паможаце ў нашай просьбе, дык ужо й ня ведаем, як і будзем: прост хоць у зашмаргу лезь.

Хлестакоў. Конча, конча! Я пастараюся.

 

Купцы выходзяць; чуваць голас жанчыны: “Не, ты ня важся ня дапусьціць мяне! На цябе нажалюся яму самому. Ты ня пхайся гэтак дужа!”

 

Хлестакоў. Хто тамака? (Падыходзіць да вакна). А што ты, матухна?

Галасы дзьвюх жанок. Ласкі твае, бацюхна, прашу! Загадай, спадарыку, выслухаць.

Хлестакоў(праз вакно). Прапусьціць яе.

 

Зьява XI

Хлестакоў, сьлесарыха й унтэр-афіцэрыха.

 

Сьлесарыха. (кланяючыся ў ногі). Ласкі прашу!

Унтэр-афіцэрыха. Ласкі прашу...

Хлестакоў. Ды што вы за жанкі?

Унтэр-афіцэрыха. Унтэр-афіцэрская жонка Іванова.

Сьлесарыха. Сьлесарыха, тутэйшая мяшчанка, Хаўроньня Пётрава Пашлёпкіна, бацюхна мой.

Хлестакоў. Чакай, гавары перш адна, чаго табе трэба?

Сьлесарыха. Ласкі прашу, на гараднічага чалом б’ю! Нашлі на яго, Божа, усялякае зло, каб ні дзеткам ягоным, ні яму, зладзюгу, ні дзядзьком, ні цёткам ягоным ні ў чым аніякага прыбытку ня было!

Хлестакоў. А што?

Сьлесарыха. Дык-жа вось мужыку майму загадаў загаліць лоб у маскалі, і радоўка-ж на нас не прыпадала, зладзюга гэткі! ды й з закону нельга — ён жанаты.

Хлестакоў. Як-жа ён мог гэта зрабіць?!

Сьлесарыха. Зрабіў, зладзюга, зрабіў — пабі яго, Божа, і на тым, і на гэтым сьвеце! каб яму, калі й цётка ёсьць, дык і цётцы усялякае паскудзтва, і бацька калі жыве ў яго, дык каб і ён, гіцаль, спруцянеў ці падавіўся навекі, рыштанюга гэткі! Трэ было ўзяць краўцова сына, ён-жа й п’янчужка быў, ды бацькі багаты падарунак далі, дык ён і прысукаў да сына купчыхі Панцялейвае, а Панцялейва таксама падаслала жонцы палатна тры трубкі, дык ён да мяне. “Навошта, — кажа, — табе мужык — ён ужо табе не надаецца”. Дык-жа я гэта ведаю — надаецца ці не надаецца: гэта мая рэч, зладзюга гэткі. “Ён, — кажа, — злодзей, хоць ён цяперачы і ня ўкраў, ды ўсёдна, — кажа, — ён украдзе, яго й бяз гэтага налета возьмуць у некруты”. Дык-жа мне якаво бяз мужыка, рыштанюга гэткі! Я слабы чалавек, падлюга ты гэнкі! Каб усёй радні тваёй не давялося сьвету Божага аглядаць, а калі ёсьцека цешча, дык каб і цешчы...

Хлестакоў. Добра, добра! Ну, а ты? (Выпраўляе старую).

Сьлесарыха(выходзячы). Не забудзься, бацюхна мой! будзь ласкавы!

Унтэр-афіцэрыха. На гараднічага, бацюхна, прыйшла...

Хлестакоў. Ну ды што, чаго? Кажы ў кароткіх словах.

Унтэр-афіцэрыха. Адлупіў, бацюхна!

Хлестакоў. Як?

Унтэр-афіцэрыха. З памылкі, бацюхна мой. Дык-жа бабы нашыя шчапіліся на рынку, а паліцыя не дасьпела, дый хапанулі мяне, ды гэтак адляпартавалі: два дні сесьці не магла.

Хлестакоў. Дык што-ж цяперака рабіць?

Унтэр-афіцэрыха. Дык-жа рабіць, пэўна, няма чаго. А за памылку за гэтую загадай яму заплаціць штрах. Мне ад свайго шчасьця нямаш чаго адракацца, а грошы мне цяперачка вельмі здаліся-б.

Хлестакоў. Добра, добра! ідзеце, ідзеце, я загадаю.

 

Праз вокны высоўваюцца рукі з просьбамі.

 

Хлестакоў. Ды хто там яшчэ? (Падыходзіць да вакна). Ня хочу, ня хочу! Ня трэба, ня трэба! (Адыходзячы). Абрыдалі, ліха матары! Ня пушчай, Восіп!

Восіп(крычыць праз вакно). Пайшліце, пайшліце, ня час, заўтра прыходзьце!

 

Дзьверы адчыняюцца, і выстаўляецца нейкая постаць у фрызавым шынялі зь няголенай барадою, разьдзьмутаю губою й перавязанаю шчакою; за ёй у пэрспэктыве паказваецца колькі іншых.

 

Восіп. Пайшоў, пайшоў! Чаго прэшся! (Упіраецца першаму рукамі ў чэрава й выпіраецца разам зь ім у сходню, захлыснуўшы за сабой дзьверы).

 

Зьява XII

Хлестакоў і Мар'я Антонаўна.

 

Мар’я Антонаўна. Ах!

Хлестакоў. Чаго самі гэтак спалохаліся, спадарыня?

Мар’я Антонаўна. Не, я не спалохалася.

Хлестакоў(рысуецца). Дайце рады, сударыня, мне вельмі прыемна, што самі мяне ўзялі за такога чалавека, які... А ці адважуся спытацца ў саміх: куды самі наважылі былі йсьці?

Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, я нікуды ня йшла.

Хлестакоў. Чаму-ж, прыкладам, самі нікуды ня йшлі?

Мар’я Антонаўна. Я думала, ці ня тут мамуленька...

Хлестакоў. Не, мне хацелася-б ведаць, чаму самі нікуды ня йшлі?

Мар’я Антонаўна. Я самім перашкодзіла. Самі займаліся важнымі справамі.

Хлестакоў(рысуецца). А ў саміх вочы лепшыя, чымся важныя справы... Самі аніяк ня можаце мне перашкодзіць, аніякім парадкам ня можаце: наадварот таго, самі можаце прынесьці прыемнасьць.

Мар’я Антонаўна. Самі гаворыце па-сталічнаму.

Хлестакоў. Для такое прыгожай асобы, як самі! Ці адважуся быць такім шчасьлівым, каб запрапанаваць самім крэсла? Але не, самім належыць ня крэсла, а трон.

Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, я ня ведаю... мне так трэ было йсьці. (Села).

Хлестакоў. Які ў саміх прыгожанькі шалік.

Мар’я Антонаўна. Самі насьмешнікі, абы толькі пасьмяяцца каля правінцыяльных.

Хлестакоў. Як-бы я жадаў, спадарыня, быць саміх шалікам, каб аблягаць саміх лілёвую шыйку.

Мар’я Антонаўна. Я зусім не разумею, правошта самі кажаце; нейкі шалік... Сяньня якое дзіўное надвор’е.

Хлестакоў. А ў саміх губкі, спадарыня, лепшыя за ўсялякае надвор'е.

Мар’я Антонаўна. Самі ўсё гэнкае кажаце... Я-б у саміх папрасіла, каб самі мне напісалі лепш на ўспамін які вершык у альбом. Самі, пэўна, шмат іх ведаеце.

Хлестакоў. Для саміх, спадарыня, усё, што хочаце. Патрабуйце, які самім верш?

Мар’я Антонаўна. Які-небудзь, гэнкі — харошы, новы.

Хлестакоў. Ды што верш! Я багата іх ведаю.

Мар’я Антонаўна. Ну, скажэце-ж, які-ж самі мне напішаце?

Хлестакоў. Ды навошта-ж казаць! Я й бяз гэтага іх ведаю.

Мар’я Антонаўна. Я вельмі люблю вершы.

Хлестакоў. Ды ў мяне шмат іх усякіх. Ну, бадай, я самім хоць гэта. “О ты, што ў горы надарэмна клянеш на Бога, чалавек”... ну й іншае... цяперака не магу прыпамятаць, зрэшты, гэта ўсё дарма. Я самім лепш, заміж гэтага, прадстаўлю маё каханьне, якое ад саміх позірку... (Прысоўваючы крэсла).

Мар’я Антонаўна. Каханьне? Я не разумею каханьня... Я ніколі й ня ведала, што за каханьне... (Адсоўвае крэсла).

Хлестакоў[16].Чаго ж самі адсоўваеце крэсла? Нам лепш будзе сядзець блізка адно да аднаго.

Мар’я Антонаўна(адсоўваючыся). Навошта-ж блізка? усёдна й далёка.

Хлестакоў(прысоўваючыся). Чаму-ж далёка? усёдна й блізка.

Мар’я Антонаўна(адсоўваецца). Ды навошта-ж гэта?

Хлестакоў(прысоўваючыся). Ды гэта-ж самім здаецца толькі, што блізка, а самі ўявеце сабе, што далёка. Які-б я быў шчасьлівы, спадарыня, каб мог прытуліць саміх у свае абдымкі.

Мар’я Антонаўна(глядзіць у вакно). Што гэта, так як быццам-бы паляцела? Сарока ці іншая якая птушка?

Хлестакоў(цалуець яе ў плячо й глядзіць у вакно). Гэта сарока.

Мар’я Антонаўна(устае ў вабурэньні). Не, гэта ўжо занадта... Нахабства такое!..

Хлестакоў(утрымваючы яе). Даруйце, спадарыня: я гэта зрабіў ад каханьня, чыста ад каханьня.

Мар’я Антонаўна. Самі ўважаеце мяне за гэткую правінцыялку... (Намагаецца йсьці).

Хлестакоў(усё ўтрымваючы яе). Ад каханьня, праўда-ж, ад каханьня. Я так толькі, пажартаваў, Мар’я Антонаўна, ня злуйце! Я гатовы на каленах прасіць у саміх дараваньня. (Падае на калены). Даруйце-ж, даруйце! Самі бачыце, я на каленах.

 

Зьява XIII

Тыя самыя й Ганна Андрэеўна.

 

Ганна Андрэеўна(пабачыўшы Хлестакова на каленах). Ах, які пасаж!

Хлестакоў(устаючы). Ах, ліхенька!

Ганна Андрэеўна(дачцы). Гэта што значыць, спадарыня, гэта што за абыходкі такія?

Мар’я Антонаўна. Я, мамуленька...

Ганна Андрэеўна. Пайшла прэч адсюль! чуеш, прэчкі, прэч! і ня важся паказвацца на вочы.

 

Мар’я Антонаўна выходзіць у сьлёзах.

 

Ганна Андрэеўна. Прабачце, я, прызнаюся, прыведзеная ў такое зьдзіўленьне...

Хлестакоў(набок). А яна таксама апэтытная, вельмі нішто сабе. (Кідаецца на калены). Спадарыня, самі бачыце, я чэзну ад каханьня.

Ганна Андрэеўна. Як, самі на каленах? Ах, устаньце, устаньце! Тутака падлога зусім ня чыстая.

Хлестакоў. Не, на каленах, найначай на каленах, я хачу ведаць, што такое мне суджана, жыцьцё ці сьмерць.

Ганна Андрэеўна. Ды дазвольце, я йшчэ не разумею зусім значаньня словаў. Калі ня мыляюся, самі робіце дэклярацыю што да мае дачкі.

Хлестакоў. Не, я закахаўшыся ў саміх. Жыцьцё маё на валасінцы. Калі самі не ўкарануеце сталае каханьне маё, дык я ня годны земнага быту. З полымем у грудзёх прашу рукі саміх.

Ганна Андрэеўна. Але дазвольце зазначыць; я ў некаторым родзе... я ў замужы!

Хлестакоў. Гэта дарма! Для каханьня няма розьніцы; і Карамзін сказаў: “Законы засуджаюць”. Мы пададзёмся пад засень струмянёў... Рукі саміх, рукі прашу.

 

ЗЬЯВА XIV

 

Тыя самыя й Мар’я Антонаўна, раптам убягае.

 

Мар’я Антонаўна. Мамуленька, татуля сказалі, каб самі... (Пабачыўшы Хлестакова на каленах, скрыквае). Ах, які пасаж!

Ганна Андрэеўна. Ну, што ты? да чаго? навошта? Што за пуставейства такое! Раптам убегла, як кошка ўчадзеўшы. Ну, што ты знайшла такога дзіву годнага? Ну, што табе ўзманулася? Праўда-ж, як дзіцянё якое трохгоднае. Не падобна, не падобна, ані не падобна, каб ёй было васямнаццаць год. Я ня ведаю, калі ты будзеш разважнейшая, будзеш захоўвацца, як прыстойна добра ўзгадаванай дзеўчыне; калі ты будзеш ведаць, што такое добрыя правілы й саліднасьць у вабыходках!

Мар’я Антонаўна. Я, праўда-ж, мамулечка, ня ведала...

Ганна Андрэеўна. У цябе вечна нейкі падвей гуляе ў галаве; ты бярэш прыклад із дачок Ляпкіна-Цяпкіна. Што табе глядзець на іх! Ня трэба табе глядзець на іх. Табе ёсьць прыклады іншыя — перад табою маці твая. Вось якія прыклады ты павінна пераймаць.

Хлестакоў(хапае за руку дачку). Ганна Андрэеўна, не спраціўцеся нашай шчаснасьці, багаславіце сталае каханьне!

Ганна Андрэеўна(ізь зьдзіўленьнем). Дык самі ў ёй?

Хлестакоў. Пастанаўляйце — жыцьцё ці сьмерць?

Ганна Андрэеўна. Ну вось бачыш, дурніла, ну вось бачыш: дзеля цябе, гэткае дрэні, госьць меў ласку стаяць на каленах; а ты раптам убегла, як вар’ятка. Ну вось, праўда-ж, варта, каб я знарок адмовіла: ты нягодная гэткага шчасьця.

Мар’я Антонаўна. Ня буду, мамуленька, праўда-ж, наўперад ня буду.

 

Зьява XV

Тыя самыя й гараднічы, хапаючыся.

 

Гараднічы. Ня буду, ваша дастойнасьць! не загубеце! не загубеце.

Хлестакоў. Што із самімі?

Гараднічы. Там купцы жаліліся вашай дастойнасьці. Гонарам прысягаюся, і на палавіцу няма таго, што яны кажуць. Яны самыя ашукваюць і абмерваюць народ. Унтэр-афіцэрыха наманілі самім, быццам-бы я яе адлупцаваў; яна хлусіць, дальбог, хлусіць. Яна сама сябе адлупцавала.

Хлестакоў. А праваліся скрозьдоньня унтэр-афіцэрыха — мне не да яе!

Гараднічы. Не давайце веры, не давайце веры! Гэта такія хлусы... Ім вось гэткае дзіця ня дасьць веры. Яны ўжо й па цэлым горадзе знаныя за хлусоў. А што да зладзюжніцтва, адважуся далажыць: гэта такія зладзюгі, якіх сьвет не спараджаў.

Ганна Андрэеўна. А ці ведаеш ты, якім гонарам абдорвае нас Іван Аляксандравіч? Ён просіць рукі нашае дачкі.

Гараднічы. Куды! куды! з глузду зьехала, матухна! Майце ласку ня гневацца, ваша дастойнасьць, яна крыху з прыдуркам, гэткасамая была й маці ейная.

Хлестакоў. Але, я запраўды прашу рукі. Я закахаўшыся.

Гараднічы. Не магу даць веры, ваша дастойнасьць.

Ганна Андрэеўна. Ды калі кажуць табе?

Хлестакоў. Я ня жартам самім кажу... Я магу ад каханьня дацца з розуму

Гараднічы. Ня важуся даць веры, ня годны такога гонару.

Хлестакоў. Але, калі самі ня згодзіцеся аддаць рукі Мар’і Антонаўны, дык я, ліха ведае, што гатовы!

Гараднічы. Не магу даць веры: маеце ласку жартаваць, ваша дастойнасьць.

Ганна Андрэеўна. Ах, які боўдзіла запраўды! Ну калі табе тлумачаць.

Гараднічы. Не магу даць веры.

Хлестакоў. Аддайце, аддайце! Я адчайны чалавек, я пушчуся на ўсё: калі застрэлюся, саміх пад суд аддадуць.

Гараднічы. Ах, Божа мой! Я, дальбожачкі, не вінаваты, ні душою, ні целам. Майце ласку ня гневацца! Майце ласку рабіць так, як васкай ласцы ласка! У мяне, праўда-ж, у галаве цяперака... я й сам ня ведаю, што робіцца. Такі дурніла цяпер зрабіўся, якім яшчэ аніколі ня бываў.

Ганна Андрэеўна. Ну, багаслаўляй!

 

Хлестакоў падыходзіць з Мар'яй Антонаўнай.

 

Гараднічы. Хай багаславіць вас Бог, а я не вінаваты.

 

Хлестакоў цалуецца з Мар’яй Антонаўнай. Гараднічы глядзіць на іх.

 

Гараднічы.Што за ліха! Запраўды! (Працірае вочы). Але, але, цалуюцца! праўда цалуюцца! Як быццам-бы праўда нарачоны! Эхэ! Якое шчасьце наперла! Вось табе маеш![17]

 

Зьява XVI

 

Тыя самыя й Восіп.

 

Восіп. Коні гатовыя.

Хлестакоў. А, добра... я зараз.

Гараднічы. Маеце ласку ехаць?

Хлестакоў. Але, еду.

Гараднічы. А калі-ж, гэта значыцца... Самі мелі ласку напомніцца што да, здаецца, што да вясельля?

Хлестакоў. А гэта ў мяне раптам, я еду толькі на адзін дзень да дзядзькі — багаты стары; а заўтра-ж і назад.

Гараднічы. Ня важымся ніяк запыньваць, у надзеі шчасьлівага звароту.

Хлестакоў. Як-жаж, як-жаж, я раптам. Бывайце, каханьне маё... не, прост не магу выказаць. Бывайце, сэрцайка! (Цалуець ёй у руку).

Гараднічы. Ды ці ня трэба на дарогу чаго? самі мелі ласку, здаецца, патрабаваць грошай?

Хлестакоў. О, не, навошта гэта? (Крыху падумаўшы). А зрэшты, бадай што.

Гараднічы. Колькі саміх ласка?

Хлестакоў. Ды вось тады самі далі дваста, ці бо ня дваста а чатырыста, — я ня хочу скарыстаць із саміх памылкі, — дык, бадай што, і цяперака гэтулькі сама, каб ужо рыхтык было восемсот.

Гараднічы. Зараз! (Выймае з папяроўніка). Яшчэ, як знарок, саманавюсенькімі паперкамі.

Хлестакоў. А, але! (Бярэ й разглядае асыгнацыі). Гэта добра! Гэта-ж, кажуць, новае шчасьце, калі новенькімі паперкамі?

Гараднічы. Чыста так!

Хлестакоў. Бывайце, Антоне Антонавічу! Вельмі абавязаны за саміх гасьціннасьць; мне нідзе ня было гэткага добрага прыняцьця. Бывайце, Ганна Андрэеўна. Бывайце, маё сэрцайка, Мар’я Антонаўна!

 

Выходзяць[18].

 

За сцэнай.

 

Голас Хлестакова. Бывайце, анёл душы мае, Мар’я Антонаўна.

Голас гараднічага. Як-жа гэта самі? Проста гэтак на перакладной і едзеце?

Голас Хлестакова. Але, я звык ужо гэтак. У мяне галава баліць ад рэсораў.

Голас хурмана. Тпр...

Голас гараднічага. Дык, прынамся, чым-небудзь заслаць, хоць бы дыванікам. Ці не загадаеце, я скажу падаць дыванік.

Голас Хлестакова. Не, навошта? гэта пустое; а, зрэшты, бадай што, хай даюць дыванік.

Голас гараднічага. Гэй, Аўдоцьця! бягай у камору, дастань дыван самалепшы, што па блакітным дне, пэрсыдзкі, хутчэй!

Голас хурмана. Тпр...

Голас гараднічага. Дык калі-ж загадаеце чакаць на саміх?

Голас Хлестакова. Заўтра ці пасьлязаўтра.

Голас Восіпа. А, гэта дыван? давай яго сюды, кладзі во гэтак! цяперака давай з гэтага боку сена.

Голас хурмана. Тпр...

Голас Восіпа. Вунь з гэнага боку! сюды! яшчэ! добра! Слаўна будзе! (Б’е рукой па дыване). Цяпер сядайце, ваша чэсьць.

Голас Хлестакова.Бывайце, Антоне Антонавічу!

Голас гараднічага. Бывайце, ваша дастойнасьць!

Жаноцкія галасы. Бывайце, Іване Аляксандравічу!

Голас Хлестакова. Бывайце, матуленька!

Голас хурмана. Гэй, вы, залётныя!

 

Званочак зьвініць. Заслона апушчаецца.

 

Дзея пятая

 

Той самы пакой.

 

Зьява І

Гараднічы, Ганна Андрэеўна й Мар’я Антонаўна.

 

Гараднічы. Што, Ганна Андрэеўна? га? ці думала ты што-небудзь аб гэтым? Гэнкі багаты прыз, паганства! Ну, прызнайся шчыра: табе і ўва сьне ня сьнілася — проста зь якое-небудзь гараднічыхі й раптам, цьфу ты, паганства, зь якім д’яблам спараднілася.

Ганна Андрэеўна. Ані не; я даўно гэта ведала. Гэта табе дзівоты, бо ты просты чалавек, ніколі ня бачыў прыстойных людзей.

Гараднічы. Я сам, матухна, прыстойны чалавек. Аднак-жа, праўда, як падумаеш, Ганна Андрэеўна, якія мы з табою цяперака птушкі зрабіліся! га, Ганна Андрэеўна! Высокага лёту, ліха матары! Чакай-жа, цяпер-жа я задам перцу ўсім гэтым ахвотнікам падаваць просьбы й даносы! Гэй, хто там?

 

Уваходзіць квартальны.

 

А гэта ты, Іван Карпавіч! А закліч сюды, браце, купцоў. Вось-жа я іх, рыштанюжынаў! Дык жаліцца на мяне! Бач ты, пракляты юдзейскі народ, чакайце-ж, галубочкі! Перш я вас карміў да вусоў усяго, а цяперака накармлю да барады. Запішы ўсіх, хто толечкі хадзіў біць чалом на мяне і вось гэтых болей за ўсё пісакаў, пісакаў, што закручвалі ім просьбы. Ды абвесьць усім, каб ведалі, што вось, пыні, які гонар Бог паслаў гараднічаму, што выдае дачку сваю — ня тое, каб за якога простага чалавека, а за такога, што й на сьвеце йшчэ не было, што можа ўсё зрабіць, усё, усё, усё! Усім абвесьць, каб усе ведалі! Крычы на ўвесь народ, лупі ў званы, ліха матары! ужо як сьвята, дык сьвята!

 

Квартальны выходзіць.

 

Дык вось як, Ганна Андрэеўна, га? Як-жа мы цяперака, дзе будзем жыць? Тутака ці ў Піцеры?

Ганна Андрэеўна. Натуральна, у Пецярбурзе. Як можна тут заставацца?

Гараднічы. Ну, у Піцеры дык у Піцеры, а яно нішто-б і тутака. Што, гэта-ж, я думаю, ужо гарадніцтва тады да ліха, га, Ганна Андрэеўна?

Ганна Андрэеўна. Натуральна, што за гарадніцтва!

Гараднічы. Гэта-ж, яно, як ты думаеш, Ганна Андрэеўна, цяперака можна вялікі чын сьцебануць, бо ён за панібрата з усімі міністрамі і ў палацы езьдзіць; дык таму можа такое ўчынаваньне зрабіць, што з часам і ў гэнэралы ўвапхнешся. Як ты думаеш, Ганна Андрэеўна: можна ўвапхнуцца ў гэнэралы?

Ганна Андрэеўна. Чаму не! пэўна-ж можна.

Гараднічы. А, ліха матары, слаўна быць за гэнэрала! Кавалераю павесяць табе праз плячо. А якую кавалераю лепш, Ганна Андрэеўна, чырвоную ці блакітную?

Ганна Андрэеўна. Ужо ведама, што блакітную лепш.

Гараднічы. Гэ? бач, чаго захацела! Нішто й чырвоную. Гэта-ж чаму хочацца быць за гэнэрала? таму што здарыцца, паедзеш куды — фельд’егеры й ад’ютанты паскачуць усюды наперад — коняй! і там на станцыях нікому не дадуць, усё чакае: усе гэтыя тытулярныя, капітаны, гараднічыя, а ты сабе й вухам не вядзеш! Абед дзе-небудзь у губарнатара, а там — стой, гараднічы! Хэ, хэ, хэ! (Заліваецца й паміраець ад сьмеху). Вось што, паганства, прынадна!

Ганна Андрэеўна. Табе ўсё гэткае мужыцкае падабаецца. Ты мусіш памятаць, што жыцьцё трэ будзе зусім перайначыць, што твае знаёмыя будуць ня тое, што які судзьдзя-сабакар, зь якім ты езьдзіш ганяць зайцоў, або Земляніка; наадварот, знаёмыя табе будуць із саматонкім абыходжаньнем: графы і ўсе сьвецкія... Толькі я, праўда-ж, баюся за цябе: ты часам вымавіш такое слоўца, якога ў добрым таварысьцьве ніколі не пачуеш.

Гараднічы. Што-ж, дык-жа, слова ня шкодзіць!

Ганна Андрэеўна. Ды добра, калі ты быў за гараднічага; а там-жа жыцьцё зусім інакшае.

Гараднічы. Але! Тамака, кажуць, ёсьць дзьве рыбінкі: рапейка і ўклейка, такія, што толькі сьлінка пацячэць, як пачнеш есьці.

Ганна Андрэеўна. Яму-б усё толькі рыбкі. Я няйначай хачу, каб наш дом быў першы ў сталіцы й каб у мяне ў пакоі такое было амбрэ, каб нельга было ўвайсьці й каб толькі гэтак заплюшчыць вочы. (Заплюшчвае вочы й нюхае). Ах, якое хараство!

 

Зьява ІІ

Тыя самыя й купцы.

 

Гараднічы. Га! Здаровы, саколікі!

Купцы(кланяючыся). Здароўя зычым, бацюхна!

Гараднічы. Што, галубочкі, як маецеся? Як тавар ідзе ваш? Што, самаварнікі, аршыньнікі, жаліцца? Арцыгіцлі, протагадзіны, абакулы морскія[19], жаліцца? Што, багата выскуралі? “Восьдзе, — думаюць, — гэтак у турму яго й запратораць!” А ці ведаеце вы, сем чартоў і адна ведзьма вам у зубы, што...

Ганна Андрэеўна. Ах, Божа мой! Якія ты, Антоська, словы вымаўляеш!

Гараднічы(зь незадаволеньнем). Га, не да словаў цяперака! Ці ведаеце вы, што той самы чыноўнік, якому вы жаліліся, цяперака жэніцца з маёй дачкою? Што? га? што цяперака вы скажаце? Цяпер я вас!.. ашукваеце народ! Зробіш кантракт ізь дзяржаваю, на сто тысячаў нагрэеш яе, пастачыўшы гнілога сукна, ды пасьля ахвяруеш дваццаць аршынаў, дый давай яшчэ табе нагароду за гэта! Ды каб ведалі, дык бы табе... І пуза пхае наперад: ён — купец, яго ня руш; “мы, — кажа, — і дваранам не паддадзёмся”. Ды дваранін... ах ты, лычак! дваранін вучыцца навукаў: яго хоць і лупцуюць у школе, ды за справу, каб ён знаў карысьці. А ты што? пачынаеш ад махеркаў, цябе гаспадар б’е за тое, што ня ўмееш ашукваць. Яшчэ хлапчуком, “Войча наш” ня ведаеш, а ўжо абмерваеш; а як разапрэ табе чэрава ды напхаеш сабе кішаню, дык і заважніўся! Цьфу ты, якая небач! із таго, што ты шаснаццаць самавараў выдуньдзіш на дзень, дык із таго і важнішся! Ды я плюваць на тваю голаў і на тваю важніцу!

Купцы(кланяючыся). Вінаватыя, Антоне Антонавічу!

Гараднічы. Жаліцца! А хто табе дапамог змахляваць, калі ты будаваў мост і напісаў дрэва на дваццаць тысячаў, а тымчасам яго й на сто рублёў ня было? Я дапамог, казловая барада! Ты забыўся на гэна? Я, паказаўшы гэта на цябе, мог бы цябе таксама спраторыць у Сібір. Што скажаш, га?

Адзін із купцоў. Богу вінаватыя, Антоне Антонавічу, нячысьцік аблытаў! І заракомся наўперад жаліцца. Ужо які хоч задавол — ня гнеўся толькі!

Гараднічы. Ня гнеўся! Вось ты цяпер качаешся ля ног маіх. А чаму? — а таму, што маё ўзяло; а было-б хоць крышку на тваім баку, дык ты-б мяне, рыштанюга, утаптаў-бы ў самое балота, яшчэ-б і бервяном наверх наваліў-бы.

Купцы(кланяюцца да ног). Не загубі, Антоне Антонавічу!

Гараднічы. “Не загубі, — цяперака: — не загубі!” А раней што? Я-б вас... (Махнуўшы рукою). Ну, бы Бог даруе! годзе! Я не злапомны; адно цяперака глядзі, вайстры вуха! Я выдаю дачку не за якога простага двараніна; каб віншаваньне было... разумееш? ня тое, каб адбаярыцца якім балычком ці галавою цукру... Ну, пайшоў з Богам!

 

Купцы выходзяць.

 

Зьява ІІІ

Тыя самыя, Амос Хведаравіч, Арцём Піліпавіч, пасьляРастакоўскі.

 

Амос Хведаравіч(яшчэ ў дзьверах). Ці даць веры чуткам, Антоне Антонавічу? да саміх прываліла нязвычайнае шчасьце?

Арцём Піліпавіч. Маю гонар віншаваць ізь нязвычайным шчасьцем! Я сардэчна ўсьцешыўся, як пачуў. (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Мар’і Антонаўны). Мар’я Антонаўна!

Растакоўскі(уваходзіць). Антона Антонавіча віншую, хай прадоўжыць Бог жыцьцё саміх і новае пары і дасьць самім нашчадзі безьліч, унучанятаў і праўнучанятаў! Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Мар’я Антонаўна! (Падыходзіць да ручкі Мар’і Антонаўны).

 

Зьява IV

Тыя самыя, Каробкін із жонкаю й Люлюкоў.

 

Каробкін. Маю гонар віншаваць Антона Антонавіча! Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Мар’я Антонаўна! (Падыходзіць да ейнае ручкі).

Каробкінаважонка. Сардэчна віншую саміх, Ганна Андрэеўна, з новым шчасьцем.

Люлюкоў. Маю гонар віншаваць, Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі й пасьля, адвярнуўшыся да гледачоў, пляскаець языком з удалецкім выглядам). Мар’я Антонаўна! Маю гонар віншаваць... (Падыходзіць да ейнае ручкі й абарочваецца да гледачоў з тым самым удалецтвам).

 

Зьява V

Мноства гасьцей у сурдутах і фраках падыходзяць спачатку да ручкі Ганны Андрэеўны, кажучы: “Ганна Андрэеўна!”, пасьля да Мар’і Антонаўны, кажучы: “Мар’я Антонаўна!”

 

Бобчынскі й Добчынскіпраціскваюцца.

 

Бобчынскі. Маю гонар віншаваць!

Добчынскі. Антоне Антонавічу! маю гонар віншаваць!

Бобчынскі. Із шчасьлівай падзеяю!

Добчынскі. Ганна Андрэеўна!

Бобчынскі. Ганна Андрэеўна!

 

Абодва падыходзіць адначасова й стыкаюцца ілбамі.

 

Добчынскі. Мар’я Антонаўна! (Падыходзіць да ручкі). Маю гонар віншаваць. Самі будзеце ў вялікім-вялікім шчасьці ў залатой сукні хадзіць і далікатныя розныя стравы смакаваць, вельмі пацешна будзеце бавіць час.

Бобчынскі(перапыняючы). Мар’я Антонаўна, маю гонар віншаваць. Дай Божа самім усялякага багацьця, чырванцоў і сыночка-ж гэнкага малесенькага, гэначкага-ж (паказвае рукою), каб можна было-б на далоньку пасадзіць, але-ж! усё будзе хлапчына кугакаць: ку-га! ку-га! ку-га!

 

Зьява VI

Яшчэ колькі гасьцей падыходзяць да ручак, і Лукаш Лукашовіч із жонкаю.

 

Лукаш Лукашовіч. Маю гонар...

Жонка Лукаша Лукашовіча(забягае наперад). Віншую саміх, Ганна Андрэеўна!

 

Цалуюцца.

 

А я дык, праўда-ж, — усьцешылася! Кажуць мне: “Ганна Андрэеўна выдае дачку”. — “Ах, Божа мой!” — думаю сабе, і гэтак усьцешылася, што кажу мужу: “Слухай адно, Лукашэнчыку: вось якое шчасьце Ганьне Андрэеўне!” — “Ну, — думаю сабе, — дзякуй Богу!” — і кажу яму: “Я ў такім захапленьні, што гару зь нецярплівосьці асьветчыць асабіста Ганьне Андрэеўне”... “Ах, Божа мой!” — думаю сабе: — Ганна Андрэеўна якурат чакала на добрую партыю для свае дачкі, а вось цяпер такі лёс: якурат гэтак зрабілася, як яна хацела”, — і гэтак, праўда-ж, усьцешылася, што не магла гаварыць. Плачу, плачу, вось прост ад плачу заходжуся! Ужо Лукаш Лукашовіч кажа: “Чаго ты, Настуленька, заходзішся?” — Лукашэнчыку, — кажу, — я й сама ня ведаю, сьлёзы гэтак вось ракой і ліюцца.

Гараднічы. Шчыра прашу сядаць, спадары. Гэй, Міхалка, прынясі сюды як болей крэслаў[20].

 

Зьява VII

Тыя самыя, прыстаў і квартальныя.

 

Прыстаў. Маю гонар віншаваць саміх, ваша высокачэсьць, і пажадаць дабрабытнасьці на многалецьце!

Гараднічы. Дзякуй, дзякуй! Прашу сядаць, спадары!

 

Госьці ўсядаюцца.

 

Амос Хведаравіч. Ды скажэце, на ласку, Антоне Антонавічу, якім парадкам усё гэта пачалося, паступовы ход усяе справы.

Гараднічы. Ход справы надзвычайны: меў ласку сваеасабова зрабіць асьветчаньне.

Ганна Андрэеўна. Вельмі пачціва і саматонкім парадкам. Усё надзвычай добра казаў: “Я, Ганна Андрэеўна, з аднае толькі пашаны да саміх годнасьцяў”. І так дасканалы, узгадаваны чалавек, самадабрароднейшых правілаў! “Мне, ці дасьцё веры, Ганна Андрэеўна, мне жыцьцё — капейка; я толькі таму, што шаную саміх рэдкія якасьці”.

Мар’я Антонаўна. Ах, мамуленька! Гэта-ж ён мне казаў.

Ганна Андрэеўна. Пакінь, ты анічога ня ведаеш і не ў сваё не мяшайся! “Я, Ганна Андрэеўна, дзівуюся”. У такіх лёсткіх рассыпаўся словах... і калі я хацела сказаць: “Мы ніяк ня важыліся спадзявацца на гэткі гонар”, ён раптам шаснуў на калены й гэткім самадабрароднейшым парадкам: “Ганна Андрэеўна! Не зрабеце няшчасьнейшым! згадзецеся адказваць маім пачуцьцям, а не — дык я сьмерцяй скончу жыцьцё сваё”.

Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, мамуленька, ён пра мяне гэта казаў.

Ганна Андрэеўна. Але, пэўна-ж... і пра цябе было, я нічога гэтага не адкідаю.

Гараднічы.І гэтак нат напалохаў: кажа, што застрэліцца. “Застрэлюся, застрэлюся!” — кажа.

Шмат хто з гасьцей. Скажэце, на ласку!

Амос Хведаравіч. Гэнкая штука!

Лукаш Лукашовіч. Вось запраўды доля ўжо гэтак вяла.

Арцём Піліпавіч. Ня доля, бацюхна, доля — індычка: заслугі прывялі да таго. (Набок). Гэткай сьвіньні прэцца заўсёды ў зяпу шчасьце!

Амос Хведаравіч. Я, бадай, Антоне Антонавічу, прадам самім таго шчанючка, што таргавалі.

Гараднічы. Не, мне цяперака не да шчанюкоў!

Амос Хведаравіч. Ну, ня хочаце, на іншым сабаку сыйдземся.

Каробкінава жонка. Ах, як, Ганна Андрэеўна, я радая саміх шчасьцю! Самі ня можаце сабе ўявіць.

Каробкін. Дзе-ж цяпер, дазвольце даведацца, знаходзіцца вяльможны госьць? Я чуў, што ён паехаўшы па штосьці.

Гараднічы. Але-ж, ён падаўся на адзін дзень, у вельмі важнай справе.

Ганна Андрэеўна. Да свайго дзядзькі, каб узпрасіць багаславенства.

Гараднічы. Узпрасіць багаславенства, але заўтра-ж... (Чхае).

 

Паздароўі зьліваюцца ў вадзін гул.

 

Вельмі дзякую! але заўтра-ж і назад... (Чхае).

 

Паздароўны гул; больш за іншых чуваць галасы:

 

Прыстава. Здароўя зычым, ваша высокачэсьць!

Бобчынскага. Сто год і куль чырванцоў!

Добчынскага. Дай, Божа, на сорак саракоў!

Арцёма Піліпавіча. Каб ты спрах!

Каробкінавай жонкі. На цябе ліха!

Гараднічы. Шчыра дзякую! І вам таго самага жадаю.

Ганна Андрэеўна. Мы цяперака ў Пецярбургу манімся жыць. А тутака, прызнаюся, такое паветра... селавое ўжо занадта!.. прызнаюся, вялікая прыкрасьць... Вось і муж мой... ён там атрымае гэнэральскі чын.

Гараднічы. Але, прызнаюся, спадары, я, ліхенька, вельмі хачу быць гэнэралам.

Лукаш Лукашовіч. І дай Божа мець!

Растакоўскі. Ад чалавека немагчыма, а ад Бога ўсё магчыма.

Амос Хведаравіч. Вялікаму караблю — вялікае плаваньне.

Арцём Піліпавіч. Як заслужыцца, так і учціцца.

Амос Хведаравіч(набок). Во выкіне штуку, калі запраўды зробіцца гэнэралам! Во ўжо каму пасуе гэнэральства, як карове сядло! Не, да гэтага йшчэ далёкая песьня. Тутака й мудрэй за цябе ёсьць, а дасюль яшчэ не гэнэралы.

Арцём Піліпавіч(набок). Гэнак, ліха матары, ужо і ў гэнэралы прэцца. Чаго добрага, можа й будзе гэнэралам. То-ж у яго важнасьці, на яго-б ліхенька, ня купіць! (Зварачаючыся да яго). Тады, Антоне Антонавічу, і на нас не забудзьцеся.

Амос Хведаравіч. І калі што здарыцца, прыкладам, якая патрэба ў справах, не пакіньце апекаю!

Каробкін. Налета павязу сынка ў сталіцу на карысьць дзяржавы, дык, зрабеце ласку, прыўдзяліце яму свае пратэкцыі, месца бацькава заступеце сірацінку.

Гараднічы. Я гатовы, із свайго боку, гатовы старацца.

Ганна Андрэеўна. Ты, Антоська, заўсёды гатовы дакляраваць. Па-першае, табе ня будзе часу думаць пра гэта. І як можна, і зь якое рацыі сябе абцяжваць гэткімі дакляраваньнямі?

Гараднічы. Чаму-ж, сэрца маё? часам можна!

Ганна Андрэеўна. Можна, пэўна-ж, ды ня кожнай-жа драбязой апекавацца.

Каробкінава жонка. Самі чулі, як яна трактуе нас?

Госьця. Але-ж, яна гэткая заўсёды была; я яе ведаю: пасадзі як за стол, яна й з нагамі сваймі...

 

Зьява VIII

Тыя самыя й паштмайстар, хапаючыся, з расьпячатаным лістом у руцэ.

 

Паштмайстар. Дзіўная рэч, спадары! Чыноўнік, якога мы ўзялі за рэвізора, быў ніякі не рэвізор.

Усе. Як не рэвізор?

Паштмайстар. Зусім не рэвізор — я даведаўся пра гэта зь ліста.

Гараднічы. Што, што самі кажаце, зь якога ліста?

Паштмайстар. Ды з собскага ягонага ліста. Прыносяць да мяне на пошту ліст. Зірнуў на адрыс — бачу: “на Паштамцкую вуліцу”. Я гэтак і ўвамлеў. “Ну, — думаю сабе, — пэўна, знайшоў непарадкі ў паштовай галіне й паведамляе начальства”. Узяў дый расьпячатваў.

Гараднічы. Як-жа гэта самі?

Паштмайстар. Сам ня ведаю, ненатуральная сіла пхнула. Заклікаў быў ужо кур’ера, каб выправіць яго із штафэтай, — але цікаўнасьць гэткая апанавала, якое йшчэ ніколі не пачуваў. Не магу, не магу, чую, што не магу! цягне, так вось і цягне! У вадным вуху так вось і чую: “Гэй, не расьпячатвай, загінеш, як курыца!”, а ў другім як чарцюк які шапоча: “Расьпячатвай, расьпячатвай, расьпячатвай!” І як прыдушыў ляк — па жылах агонь, а расьпячатваў — мароз, дальбог, мароз. І рукі калоцяцца, і ўсё закаламуцілася.

Гараднічы. Ды як-жа самі адважыліся расьпячатваць ліст такое ўпаўнаважанай асобы?

Паштмайстар. То-ж бо й штука, што ён не ўпаўнаважаны й не асоба!

Гараднічы. А што-ж ён, самі думаеце, такое?

Паштмайстар. Ні сёе, ні тое; ліха ведае, што такое!

Гараднічы(запальчыва). Як ні сёе, ні тое? Як самі важыцеся назваць яго ні тым, ні сім, ды йшчэ й ліха ведае чым? Я саміх пад арышт...

Паштмайстар. Хто? самі?

Гараднічы. Але, я!

Паштмайстар. Закароткія рукі!

Гараднічы. А ці ведаеце, што ён жэніцца з маёй дачкою, што я сам буду вяльможа, што я ў самы Сібір[21].

Паштмайстар. Эх, Антоне Антонавічу, што Сібір, — задалёка Сібір! Вось лепш я вам прачытаю. Спадары! Дазвольце прачытаць ліст!

Усе. Чытайце, чытайце.

Паштмайстар(чытае). Сьпяшаюся паведаміць табе, душа Трапічкін, якія са мной дзівосы. На дарозе абчысьціў мяне дазваньня пяхотны капітан, так што гаспадар заезду хацеў ужо быў пасадзіць у турму; як раптам, з мае пецярбурскае фізіяноміі ды з касьцюму, цэлы горад узяў мяне за гэнэрал-губэрнатара. І я цяперака жыву ў гараднічага, жуірую, уганяюся на прамілы Бог за ягонай жонкай і дачкой; ня важуся толькі, ад каторае пачаць — думаю, перш ад матулі, бо, здаецца, гатовая зараз да ўсіх паслугаў. Памятаеш, як мы з табою гаравалі, абедалі на шармака й як аднойчы кандытар быў згробшы мяне за каршэнь, з прычыны зьедзеных піражкоў на конта прыбыткаў ангельскага караля? Цяперака зусім іншы зварот. Усе мне пазычаюць, колькі хаця. Арыгіналы страшэнныя, ад сьмеху ты памёр-бы! Ты, я ведаю, пішаш артыкулікі: зьмясьці іх у сваю літаратуру. Па-першае — гараднічы: дурны, як лысая кабыла...

Гараднічы. Ня можа быць! Там няма гэтага!

Паштмайстар(паказвае ліст). Чытайце самі.

Гараднічы(чытае). “Як лысая кабыла...” Ня можа быць, гэта самі напісалі!

Паштмайстар. Як-жаж бы я напісаў?

Арцём Піліпавіч. Чытайце!

Лукаш Лукашовіч. Чытайце!

Паштмайстар(чытаючы далей). “Гараднічы — дурны, як лысая кабыла”.

Гараднічы. О, ліха матары! трэба йшчэ паўтараць! як быццам яно тамака й бяз гэтага не напісана.

Паштмайстар(чытаючы далей). Хм... хм... хм... “лысая кабыла. Паштмайстар таксама добры чалавек...” (Пакідаючы чытаць). Ну, тутака ён і пра мяне таксама нягожа выказаўся.

Гараднічы. Не, чытайце!

Паштмайстар. Ды навошта-ж?

Гараднічы. Не, ліха матары, калі ўжо чытаць, дык чытаць! Чытайце ўсё!

Арцём Піліпавіч. Дазвольце, я прачытаю. (Ускладае акуляры й чытае). “Паштмайстар — рыхтык дэпартамэнцкі стораж Міхееў, мабыць, таксама, падлюка, жлукціць горкую”.

Паштмайстар(да гледачоў). Ну, падшыванец, якому задаць лупцоўку; больш нічога!

Арцём Піліпавіч(чытаючы далей). “Наглядачы над богугоднай устано... ва... ва...” (Заікаецца).

Каробкін. А што-ж самі спыніліся?

Арцём Піліпавіч. Ды нявыразнае пяро... Зрэшты, відаць, што гад.

Каробкін. Дайце мне! вось у мяне, я думаю, лепшыя вочы. (Бярэ ліст).

Арцём Піліпавіч(не дае ліста). Не, гэтую мясьцінку можна прапусьціць, а там далей рашчытваецца.

Каробкін. Ды дазвольце, ужо-ткі, я ведаю.

Арцём Піліпавіч. Прачытаць я й сам прачытаю, — далей, праўда-ж, усё рашчытваецца.

Паштмайстар. Не, усё чытайце. То-ж раней усё чытана.

Усе. Аддайце, Арцёме Піліпавічу, аддайце ліст! (Каробкіну). Чытайце!

Арцём Піліпавіч. Зараз. (Аддае ліст). Вось, дазвольце... (Закрывае пальцам). Вось адгэтуль чытайце.

 

Усе падступаюць да яго.

 

Паштмайстар. Чытайце, чытайце! дурніна, усё чытайце!

Каробкін(чытаючы). “Наглядачы над богугоднай установай Земляніка — чыстая сьвіньня ў ярмолцы”.

Арцём Піліпавіч(да гледачоў). І ня трапна! сьвіньня ў ярмолцы! дзе ж сьвіньня бывае ў ярмолцы?

Каробкін(чытаючы). “Інспэктар школаў прасьмердзеў навылёт цыбуляю”.

Лукаш Лукашовіч(да гледачоў). Дальбог, і ў губу ніколі цыбулі ня браў!

Амос Хведаравіч. Дзякуй Богу, хоць, прынамся, пра мяне няма!

Каробкін(чытае). “Судзьдзя...”

Амос Хведаравіч. Вось табе маеш! (Уголас). Спадары, я думаю, што ліст задаўгі. Дый ліха зь ім, дрэнь гэткую чытаць!

Лукаш Лукашовіч. Не!

Паштмайстар. Не, чытайце!

Арцём Піліпавіч. Не, ужо-ткі чытайце!

Каробкін(чытае далей). “Судзьдзя Ляпкін-Цяпкін у найвышэйшай ступені мовэтон...” (Спыняецца). Мабыць, францускае слова.

Амос Хведаравіч. А ліха яго ведае, што яно значыць! Яшчэ добра, калі толькі мутасьвет, а можа й таго йшчэ горш.

Каробкін(чытаючы далей). “А зрэшты, народ гасьцінны й дабрадушны. Бывай, душа Трапічкін. Я сам, із твайго прыкладу, хачу ўзяцца за літаратуру. Нуда, браце, гэтак жыць, хочаш чалавек, нарэшце, спажывы для душы. Бачу, праўда, трэба за што высокае ўзяцца. Пішы да мяне ў Саратаўскую губэрню, а адтуль у сяло Падкацілаўку. (Пераварочвае ліст і чытаець адрыс). Яго чэсьці, вяльможнаму спадару Івану Васілевічу Трапічкіну, у Санкт-Пецярбурзе, на Паштамцкую вуліцу, у доме пад нумерам дзевяцьдзесят сёмым, закруціўшы на панадворак, на трэйцім паверсе, направа”.

Адна з дамаў. Які рэпрыманд нечаканы!

Гараднічы. Во калі зарэзаў дык зарэзаў! забіты, забіты, зусім забіты! Нічога ня бачу: бачу нейкія сьвіныя лычы, заміж твараў, а больш нічога... Вярнуць, вярнуць яго! (Махае рукою).

Паштмайстар. Куды вярнуць! Я, быццам знарок, загадаў даглядачаму даць самалепшую тройку; чорт умудрыў даць і наперад наказ.

Каробкінава жонка. Вось ужо праўда, вось ужо бяспрыкладная канфузія!

Амос Хведаравіч. Аднак-жа, на яго ліха, спадары! ён у мяне пазычыў трыста рублёў.

Арцём Піліпавіч. У мяне таксама трыста рублёў.

Паштмайстар(уздыхае). Авохці! і ў мяне трыста рублёў.

Бобчынскі. У нас ізь Пётрам Іванавічам шэсьдзесят ізь пятачкай, на асыгнацыі, але-ж.

Амос Хведаравіч(у нездаўменьні расстаўляе рукі). Як-жаж гэта, спадары? Як гэта запраўды мы так далі пудлу?

Гараднічы(б'е сябе па плячы)[22]. Як я — не, як я, стары дурніла? Зьдзяцінеў, дурны маркач! Трыццаць год жыву на службе; ніводзін купец, ні падрадчык ня мог ашукаць; круцялёў над круцялямі абдурваў, пройдаў і чмутоў такіх, што цэлы сьвет гатовы абкрасьці, падчапляў на вуду; трох губарнатараў абшыў!.. што губарнатараў! (махнуўшы рукою) няма чаго й казаць пра губарнатараў...

Ганна Андрэеўна. Але гэта ня можа быць, Антоська: ён заручыўся з Марыськаю...

Гараднічы(із злосьцяй). Заручыўся! дуля з макам — во табе заручыўся! Лезе мне ў вочы із заручынамі! (Разьюшана). Вось глядзеце, глядзеце, увесь сьвет, усё хрысьціянства, усе глядзеце, як абдурылі гараднічага! Дурня яму, дурня, старому падлюгу! (Грозіць самому сабе кулаком). Эх ты, таўстаносы! Смаркача, анучыну ўзяў за важнага чалавека. Вунь ён цяперака па ўсёй дарозе заліваецца званочкамі! Разьнясе па цэлым сьвеце гісторыю! мала таго, што пойдзеш чалавек у пасьмеішча, — знойдзецца скрыпапёр, паперапсуй, у камэдыю цябе ўштыліць. Вось дзе крыўда! чыну, годнасьці не пашкадуе, і будуць усе выскаляцца і пляскаць у далоні! Чаго сьмеяцёся! Зь сябе сьмеяцёся!.. Эх, вы! (Тупаець ад злосьці нагамі аб падлогу). Я-б усіх гэтых паперапсуяў! Цух, скрыпапёры, лібэралы праклятыя! У вузёл-бы вас усіх завязаў, на муку-б стоўк вас усіх, ды чорту ў подшыўку! у шапку туды яму! (Тыцкае кулаком і б’е высьпятка ў падлогу. Пасьля некаторае маўчанкі). Дасюль не магу ахамянуцца. Во, праўда дзе, калі Бог хоча пакараць, дык адбярэ перш розум. Ну, што было ў гэтым пуставею падобнага да рэвізора? Анічога ня было! Вось, прост, ні на паўкіпця ня было падобнага — і раптам усе: рэвізор! рэвізор! Ну, хто першы выпусьціў, што ён рэвізор? Адказвайце!

Арцём Піліпавіч(расставіўшы рукі). Ужо як гэта здарылася, хоць забі, не магу вытлумачыць. Быццам туман якісь ашаламаніў, нячысьцік аблытаў.

Амос Хведаравіч. Ды хто выпусьціў, — вунь хто выпусьціў: гэтыя малойчыкі! (Паказвае на Добчынскага й Бобчынскага).

Бобчынскі. Дальбожачкі, ня я! і ня думаў...

Добчынскі. Я нічагуткі, ані нічагуткі...

Арцём Піліпавіч. Пэўна-ж, вы!

Лукаш Лукашовіч. Ведама. Прыбеглі, як шалёныя, з заезду: “Прыехаў, прыехаў і грошай ня плаціць...” Знайшлі важную птушку!

Гараднічы. Натуральна, вы! плеткары гарадзкія, хлусы праклятыя!

Арцём Піліпавіч.Каб вас ліха ўзяло із вашым рэвізорам і расказамі.

Гараднічы.Толькі нікаеце па горадзе ды бянтэжыце ўсіх, ляшчоткі праклятыя, плёткі сееце, сарокі кароткахвостыя!

Амос Хведаравіч. Пэцкалі праклятыя!

Лукаш Лукашовіч. Каптуры![23]

Арцём Піліпавіч. Смаршкі кароткапузыя!

 

Усе абступаюць іх.

 

Бобчынскі. Дальбог, гэта ня я, гэта Пётра Іванавіч.

Добчынскі. Гэ, не, Пётра Іванавічу, самі-ж першыя гэтага...

Бобчынскі. А вось-жа й не, першыя былі самі.

 

 

Зьява апошняя

Тыя самыя й жандар.

 

Жандар. Прыбылы на йменны загад зь Пецярбургу чыноўнік патрабуе вас зараз-жа да сябе. Ён спыніўся ў гасьціньніцы.

 

Праказаныя словы ўражаюць, як пяруном, усіх. Гук зьдзіўленьня аднадушна зьлятае з дамскіх вуснаў; уся група, раптам зьмяніўшы палажэньне, застаецца ў вакамяненьні.

 

Немая сцэна

 

Гараднічы пасярэдзіне ў выглядзе слупа з растапыранымі рукамі й закінутаю назад галавою. З правага боку ягоная жонка й дачка, памкнуўшыся да яго рухам усяго цела; за імі паштмайстар, абярнуўшыся ў пытальнік, завернуты да глядачоў; за ім Лукаш Лукашовіч, зьбянтэжаны саманявінным парадкам; за ім, ля самага ўскрайку сцэны, тры дамы, госьці, прыхінуўшыся адна да аднае з сама сатырычным выразам твараў, што датычыць проста да сямейкі гараднічага. Зь левага боку ад гараднічага: Земляніка, нахінуўшы галаву крыху набок, як быццам да чаго прыслухоўваючыся; за ім судзьдзя з растапыранымі рукамі, прысеўшы мала не да зямлі, зрабіўшы рух губамі, як-бы хацеў прасьвістаць ці праказаць: “Вось табе, бабуля, і Дзяды!” За ім Каробкін, завярнуўшыся да глядачоў з прыплюшчаным вокам і едкім напамінкам на гараднічага; за ім, ля самага ўскрайку сцэны, Добчынскі й Бобчынскі, памкнуўшыся адзін да аднаго рухам рук, разьзяўленымі ратамі й вырачанымі адзін на аднаго вачыма. Рэшта гасьцей застаюцца проста слупамі. Блізу паўтары часіны закамянелая група захоўвае такое палажэньне. Заслона апушчаецца.

 

Канец.

 

Падрыхтоўка да друку і каментары Віялеты Кавалёвай

 

Упершыню надрукавана ў: Запісы БІНіМ.№35. Нью-Ёрк — Мінск, 2012. С. 266—340. “ПрайдзіСвет” шчыра дзякуе рэдактарцы нумару Наталлі Гардзіенка за ласкавы дазвол на друк п’есы.

 



     [1] У Гогаля — “Февронья Петровна Пошлепкина”. У дзеі чацвертай, з'яве 11 яе прозвішча названае ў перакладзе як “Пашлёпкіна” [Тут і далей заўвагі публікатара].

[2] Далей у Гогаля рэпліка: “Служка. Пожалуй, я скажу”. У Адамовіча не перакладзеная.

[3] Далей у рукапісе адно слова неразборліва.

[4] Перад гэтым “В Саратовскую губернию!” — прапушчаная ў перакладзе фраза.

[5] Пасля гэтага “(Вслух)” — прапушчаная ў перакладзе рэмарка.

[6] Перад гэтым сказам “Я не люблю церемонии” — не перакладзеная фраза.

[7] Далей “всех изумил”— гэтая частка фразы не перакладзеная.

[8] У арыгінале — “я им всем поправляю статьи”.

[9] “(Добчинскому)” — рэмарка прапушчаная ў перакладзе.

[10] “что нужно для барина”— гэтая частка фразы не перакладзеная.

[11] У арыгінале гэтага слова няма.

[12] У арыгінале: “Вы, Пётр Иванович, забегите с этой стороны, а вы, Пётр Иванович, станьте вот тут”.

[13] У арыгінале тут і паўсюль далей да канца гэтай з’явы замест “Судья” — “Аммос Фёдорович”.

[14] Гэтай апошняй фразы ў арыгінале няма.

[15] Далей у арыгінале “Осип, скажи им: пусть идут” — гэтая фраза ў перакладзе прапушчаная.

[16] Далей у арыгінале “(придвигая стул)” —рэмарка не перакладзеная.

[17] У арыгінале гэты абзац гучыць так: “Что за черт! в самом деле! (Протирает глаза). Целуются! Ах, батюшки, целуются! Точный жених! (Вскрикивает, падпрыгивает от радости). Ай, Антон! Ай, Антон! Ай, городничий! Вона, как дело-то пошло!”

[18] Гэтая рэмарка прапушчаная ў перакладзе.

[19] У Гогаля — “мирские”, а не “морские”.

[20] Далей у Гогаля рэмарка “Гости садятся”. У перакладзе прапушчаная.

[21] Далей адно слова неразборліва.

[22] У Гогаля — “бьёт себя по лбу”.

[23] Гэтай рэплікі ў Гогаля няма.

Пераклад з рускай – Антон Адамовіч © 1943

Чытайце таксама

Павел Шыдэл

Павел Шыдэл

Польскі паэт, празаік, рэдактар.

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

Оскар Ўайлд

Оскар Ўайлд

Оскар Фінгал О’Флаэрці Ўілс Ўайлд — брытанска-ірландскі паэт, празаік, драматург, эсэіст, адзін з самых вядомых пісьменнікаў позневіктарыянскага перыяду, яркая знакамітасць свайго часу

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

3528