Зіма ў той год выдалася халодная. Усе сціскаліся і курчыліся ад холаду — акрамя тых, на кім была вопратка з футра.
У суддзі Рыкарда было вялікае футра. Калі разважыць, такога футра вымагала яго пасада: ён быў генеральным дырэктарам навастворанай кампаніі. А вось у яго старога сябра, доктара Хэнка, наадварот, футра не было, ды затое была прыгажуня-жонка і трое дзяцей. Доктар Хэнк быў худы і бледны. Хтосьці пасля жаніцьбы тлусцее, хтосьці худнее — доктар Хэнк схуднеў, і была Куцця.
— Кепскі гэты год у мяне, — сказаў сам сабе доктар Хэнк недзе а трэцяй гадзіне дня, калі ўжо сутонела. Ён ішоў да свайго старога сябра Ёна Рыкарда пазычыць грошай. — Вельмі кепскі год. Здароўя мала — калі не сказаць ніякага. У адрозненне ад маіх пацыентаў… Амаль усе акрыялі, і я да іх рэдка зазіраю. А сам, напэўна, хутка памру. І мая жонка так думае — па ёй гэта бачна. Што ж, калі таму быць, то лепш, каб гэта здарылася да канца студзеня, калі трэба будзе плаціць гэтую клятую страхоўку.
Дайшоўшы ў сваіх развагах да гэтага месца, ён апынуўся на рагу вуліц Рэгерынгсгатан і Хамнгатан, і калі хацеў перайсці апошнюю, каб рушыць далей па Рэгерынгсгатан, паслізнуўся на раз’езджаным снезе і ўпаў перад санямі, што несліся проста на яго. Фурман вылаяўся, і кабыла інстынктыўна вывернула ўбок, але доктара ўсё ж ударыла ў плячо полазам, ды яшчэ паліто зачапілася ці то за шруб, ці то за цвік, ці то яшчэ за нешта такое і прадралася.
Вакол сабраўся народ. Паліцэйскі дапамог доктару падняцца на ногі, маладая дзяўчына счысціла з яго снег, пажылая жанчына пажэстыкулявала над яго старым паліто, нібы паказваючы, што, каб магла, дык зашыла б яго на месцы, прынц з каралеўскага дома, які выпадкова праходзіў міма, падняў шапку доктара з зямлі і насунуў яму на галаву, так што ўсё зноў было ў парадку — акрамя паліто.
— Цьху ты, Густаў, ну ў цябе і выгляд! — сказаў суддзя Рыкард, калі Хэнк увайшоў да яго ў кантору.
— Мяне падбілі, — патлумачыў Хэнк.
— Ты як заўсёды, — дабрадушна засмяяўся Рыкард. — Але дадому табе нельга так ісці. Можаш пакуль узяць маё футра, а я адпраўлю пасыльнага, каб прынёс мне з дому паліто.
— Дзякуй, — сказаў доктар Хэнк.
І, пазычыўшы патрэбную сотню кронаў, дадаў:
— Ну, чакаю цябе да нас на вячэру.
Рыкард быў нежанаты і калядныя вечары звычайна праводзіў у Хэнкаў.
Дадому Хэнк ішоў у такім добрым настроі, якога не меў ужо даўно.
— Гэта ўсё футра, — сказаў ён сам сабе. — А я ж мог бы ўжо даўно дадумацца набыць сабе футра ў крэдыт. Гэта дадало б мне ўпэўненасці і павагі ў вачах людзей. Доктару ў футры немагчыма плаціць такія ж нізкія ганарары, як доктару ў звычайным паліто з працёртымі швамі. Шкада, што я пра гэта не падумаў раней. Цяпер ужо запозна.
Ён прайшоў крыху Каралеўскім садам. Ужо сцямнела, і зноў пайшоў снег. Ніхто з сустрэчных знаёмых не пазнаваў яго.
— Хаця хто яго ведае, можа і не запозна? — працягваў Хэнк свае развагі. — Я яшчэ не стары, а наконт свайго здароўя я ж магу і памыляцца. Я бедны як царкоўная мыш, але Ён Рыкард яшчэ не так даўно быў такі ж. Жонка мая са мной апошнім часам халодная і непрыязная. Яна, безумоўна, зноў пачала б мяне любіць, калі б я мог зарабляць больш і хадзіў у футры. Мне здаецца, калі Ён набыў сабе футра, ён пачаў падабацца ёй больш, чым да таго. Канечне, яна ім крыху захаплялася і раней, калі была яшчэ маладзенькай, але ён так і не зрабіў ёй прапановы — наадварот, заявіў і ёй, і ўсім, што не гатовы пабрацца шлюбам, маючы гадавы даход, меншы за дзесяць тысячаў. Затое я быў на гэта гатовы, Элен жа нічога за душой не мела і марыла выйсці замуж. Не думаю, што яна была ў мяне аж так закаханая, каб я мог яе спакусіць, калі б захацеў. Але я й не хацеў, бо як я мог нават марыць пра такое каханне? Такія мары я пакінуў яшчэ ў шаснаццаць гадоў, калі ўпершыню ўбачыў у оперы Фауста — з Арнальдсанам[1]. Але ўсё ж я ўпэўнены, што першы час пасля нашай жаніцьбы я падабаўся ёй — у такім памыліцца немагчыма. Дык чаму я не магу зноў спадабацца ёй? Першы час пасля нашага шлюбу яна заўсёды грубіла Ёну, калі яны сустракаліся. Але потым ён стварыў кампанію і пачаў запрашаць нас час ад часу ў тэатр, а яшчэ набыў сабе футра. Так што, натуральна, маёй жонцы ўрэшце надакучыла яму грубіць.
***
У Хэнка заставалася яшчэ некалькі справаў, якія трэба было зрабіць да вячэры. Была ўжо палова шостай, калі ён прыйшоў дадому, увесь нагружаны пакункамі. Левае плячо ў яго вельмі ныла, але ў астатнім нічога не нагадвала яму пра няшчасны выпадак, што здарыўся з ім удзень, — нічога, апрача футра.
— Цікава будзе паглядзець, які твар будзе ў жонкі, калі яна ўбачыць мяне ў футры! — сказаў сам сабе доктар Хэнк.
У пярэднім пакоі было зусім цёмна: лямпу запальвалі тут толькі ў час прыёмаў.
“Яна ў зале, я яе чую, — падумаў доктар Хэнк. — Ідзе так лёгка, быццам якая птушачка. Як дзіўна: мне дагэтуль робіцца цёпла на сэрцы, варта пачуць яе крокі ў суседнім пакоі”.
Доктар Хэнк не памыліўся ў сваёй здагадцы, што жонка прыме яго, апранутага ў футра, з большай пяшчотаю, чым звычайна. Ён стаяў у самым цёмным куце пакоя, і яна падышла да яго блізка-блізка, абвіла яго шыю рукамі і пачала абсыпаць яго цёплымі і пяшчотнымі пацалункамі. Потым схіліла голаў на футравы каўнер і прашаптала:
— Густаў яшчэ не прыйшоў.
— Што ты, — крыху няўпэўненым голасам сказаў доктар Хэнк, гладзячы яе абедзвюма рукамі па валасах, — што ты, ён дома.
***
У кабінеце доктара Хэнка гарэў камін. На стале стаяла віскі і вада. Суддзя Рыкард выцягнуўся ў скураным фатэлі і курыў цыгару. Доктар Хэнк сядзеў, забіўшыся ў кут канапы. Дзверы ў залу былі адчыненыя, фру Хэнк з дзецьмі запальвала там калядную ялінку.
Вячэра прайшла вельмі ціха. Толькі дзеці былі вясёлыя і шчабяталі наперабой.
— Ты зусім нешта прыціх, дружа, — сказаў Рыкард. — Што, задумаўся пра сваё падранае паліто?
— Не, — сказаў Хэнк. — Хутчэй пра футра.
Колькі хвілінаў яны маўчалі, а потым Хэнк працягнуў:
— Ёсць яшчэ нешта, пра што я думаю. Я думаю пра тое, што гэта апошнія Каляды, якія мы святкуем разам. Я лекар і ведаю, што мне ўжо адведзена мала дзён. Цяпер я ведаю гэта з усёй пэўнасцю. І таму я хачу падзякаваць табе за ўсю дабрыню, якую ты апошнім часам выказваў да мяне і маёй жонкі.
— О, ты памыляешся, — прамармытаў Рыкард і адвёў позірк.
— Не, — адказаў Хэнк, — не памыляюся. І яшчэ я хачу падзякаваць табе за тое, што пазычыў мне футра. Яно падарыла мне апошнія секунды шчасця ў маім жыцці.
[1] Слынны шведскі тэнар Оскар Арнальдсан (1830—1881). Спяваў партыю Фаўста ў аднайменнай оперы.