№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дэвід Герберт Лоўрэнс

Сонца (Sun)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева

 

І

 

“Вязіце яе бліжэй да сонца!” – сказалі дактары.

Сама яна да сонца паставілася даволі скептычна, але ўсё роўна пагадзілася разам з дзіцем, нянькай і сваёй маці паехаць на мора.

Карабель адплываў апоўначы. Тыя дзве гадзіны, пакуль укладвалі спаць дзіця і пасажыры падымаліся на борт, муж правёў з ёю. Ноч выдалася вельмі цёмнай, і Гудзон калыхаў цяжкую чэрань, скрозь усыпаную дробнымі кроплямі святла. Яна абаперлася на парэнчы і, гледзячы ў ваду, падумала: вось яно, мора, сягае так глыбока і памятае так шмат, што проста ўявіць немагчыма. У гэты момант яно падалося ёй падобным да вялізнай спрадвечнай змяі першароднага хаосу.

– Ну што ад гэтых расстанняў за карысць, – казаў муж, павярнуўшыся ў яе бок. – Не люблю я іх.

Яго голас гучаў насцярожана і занепакоена, нібыта ён спрабаваў ухапіцца за апошнюю саламінку надзеі.

– Я таксама, – адказала яна абыякава.

Яна памятала, як карцела ім збегчы адно ад аднаго, і яму, і ёй. Расстанне крыху разварушыла яе пачуцці, аднак і жалезным вастрыём мацней упілося ў сэрца.

І вось яны разам глядзелі на свайго спячага сына, і вочы бацькі былі мокрымі ад слёз. Але галоўным былі зусім не слёзы, а той жорсткі ўнутраны механізм звычкі, звычкі пражываць год за годам, пражываць жыццё, глыбока схваны ўнутры поршань.

І рухі поршняў у іх жыцці былі абсалютна адчужанымі. Яны не супадалі, нібы два механізмы, што, рухаючыся, перашкаджаюць адзін аднаму.

– На бераг! Усе на бераг!

– Морыс, табе час ісці!

А сама сабе яна думала: “Яму – на бераг! Мне – у мора!”

У паўночным змроку пірсу ён памахаў хустачкай, і карабель паплыў. Яна адна сярод натоўпу. Зусім адна! C’est ça!

Паромы, нібы вялізныя талеркі, напоўненыя яркімі шэрагамі агнёў, усё яшчэ соўгаліся па Гудзоне. Чорнае вусце наперадзе мусіла быць горадам Лакавона.

У яркім святле карабель аддаляўся разам з адлівам, Гудзон жа падаваўся бязмежным. Але нарэшце яны павярнулі, парк Бэтэры сустрэў іх бедным суквеццем ліхтароў. Статуя Свабоды гнеўна ўскінула свой факел. Тут пачыналася мора.

І хаця Атлантычны акіян шэрай лавай высцілаў наўколле, яна нарэшце трапіла да сонца. У яе нават быў дом на беразе самага сіняга мора з вялікім садам, ці вінаграднікам, у ім раслі адно вінаград ды алівы, што пакручастымі сходамі спускаліся да роўнядзі берагу. У садзе ставала таемных мясцінаў з густымі зарасцямі лімону ў далёкіх цяснінах і схаваных чысцюткіх сажалак, а ў маленькіх пячорах білі крыніцы, з якіх пілі ваду Сікулы яшчэ да прыходу грэкаў, і шэры казёл ля старажытнай усыпальніцы бляяў у пустой нішы. Тут стаяў пах мімозаў, а там, уверсе, узвышаліся заснежаныя вулканы.

Сузіраючы ўсё гэта, яна крыху супакойвалася. Але ж тыя рэчы былі ўсяго толькі звонку. Насамрэч яны яе не краналі. Яна заставалася такой жа: з усёй сваёй злосцю і страхамі, схаванымі ўнутры, з няздольнасцю адчуць хоць што-небудзь па-сапраўднаму. Дзіця раздражняла яе і парушала спакой яе душы. Яна адчувала сябе жудасна адказнай за яго: нібыта ад яе залежаў кожны яго ўдых і выдых. Гэтыя пачуцці балюча білі па ёй, па дзіцяці і па кожнаму, хто меў хоць нейкае дачыненне да іх сям’і.

– Джулія, доктар жа загадаў табе загараць без адзення. Чаму б табе не паспрабаваць? – запыталася маці.

– Калі я буду да гэтага гатовая, то абавязкова так і зраблю. Ці вы забіць мяне хочаце? – накінулася на яе Джулія.

– Забіць?! Ды што ты! Я ж толькі дабра табе жадаю.

– А я богам прашу, хопіць мне жадаць дабра.

Яе маці, абураная і пакрыўджаная, сышла. Мора збялела, а потым, падавалася, наагул стала нябачным. Пайшоў моцны дождж, і стала халодна ў доме, збудаваным для Сонца.

Новая раніца, і зноў Сонца, голае і памаладзелае, заіскрылася над ускрайкам мора. Вокны дому выходзілі на паўднёвы захад. Джулія ляжала ў ложку і назірала за яго ўзыходам. Падавалася, яна ніколі раней не заўважала, як узыходзіць Сонца. Ніколі не бачыла, як над лініяй гарызонту, над морам горда выпростваецца голае Сонца, страсаючы ноч са свайго цела.

Так у ёй нарадзілася таемнае жаданне голаю прыйсці да Сонца. Яна выпеставала яго ў сабе як вялікую таямніцу. Яна хацела сысціся з Сонцам.

Толькі трэба далей ад дому, падалей ад людзей. А ў мясцінах, дзе кожнае аліўкавае дрэўца мае вочы, а кожны схон відаць здалёк, гэта было зусім не проста.

І ўсё ж месца сабе яна знайшла. Гэта была абрывістая строма, дзе сустракаліся мора і сонца і раслі вялізныя кактусы з пляскатымі лістамі, што называліся “калючыя грушы”. Наводдаль ад шэра-блакітнага ўзгорку кактусаў узвышаўся кіпарыс з бледным тоўстым камлём і гнуткай вершалінай, што гайдалася ў сініх нябёсах. Гледзячы ў мора, ён стаяў нібы абаронца, ці свечка, што цемраю свайго магутнага полымя супрацьстаяла дзённаму святлу, цёмным, змрочным языком ліжучы блакіт нябёсаў.

Джулія ўладкавалася пад кіпарысамі і скінула адзенне. Крывыя кактусы абступілі яе жудасным, але ад гэтага не менш чароўным лесам. Яна села і адкрыла Сонцу свае грудзі, уздыхнуўшы, бо нават цяпер яна адчувала моцны боль ад жорсткай неабходнасці сябе аддаваць: але і радавалася: яе каханак прынамсі не быў чалавекам.

А Сонца прахаджвалася па небе, пасылаючы на зямлю свае прамяні. Яе грудзі, якія, падавалася, ніколі не саспеюць, былі чуйнымі да цёплага дыхання мора, а вось Сонца яе яшчэ абмінала. Плады, што вянуць, а не спеюць, – вось яе грудзі.

Але ў хуткім часе яна адчула Сонца ўнутры іх, цяплейшае, чым бывае каханне, цяплейшае, чым малако ці рукі дзіцяці. Нарэшце яе грудзі сталі сакавітымі белымі вінаградзінамі ў промнях гарачага сонца.

Яна цалкам раздзелася і голаю легла на сонцы. А лежачы, глянула скрозь пальцы ў самае сэрца Сонца, яго трапяткое блакітнае кола, што бліскучымі промнямі струменілася па краях. Вось яно, пульсуе чароўным блакітам, жывое, струменіць белае святло, вось яно, Сонца! Яно акінула яе сінім агнём свайго пагляду, загарнула яе грудзі і твар, яе горла, стомлены жывот, яе калені, яе сцёгны, яе ступні.

Яна ляжала з заплюшчанымі вачыма, і праз скуру павекаў прабівалася ружовае полымя. Ужо зашмат. Яна павярнулася і прыкрыла вочы лістамі. А потым зноў легла на сонца, нібы даўгі зялёны гарбуз, што некалі саспее да залатога.

Яна адчувала, як Сонца пранікае нават у косці, не, пранізвае яе глыбей, прасочваецца ў яе думкі і пачуцці. Змрочная нацягнутасць яе пачуццяў пачала слабець, а халодныя цёмныя згусткі думак рассмоктвацца. Яна сама пачала сагравацца. Паварочваючыся, падстаўляла плечы, сцёгны, ягадзіцы, нават пяткі Сонцу, і яны распускаліся ў промнях свяціла. Яна ляжала напаўагаломшаная цудам, што адбываўся з ёю. Яе стомленае, халоднае сэрца таяла, а таючы, выпаралася. І толькі яе ўлонне заставалася скутым і непадатлівым, вечна непадатлівым. Не паддаеццца яно нават Сонцу.

Калі яна апранулася, то зноў прылегла і яшчэ раз акінула позіркам кіпарыс, чыя вершаліна гнуткім валаконцамі хілілася пад павевамі ветру то ў адзін, то ў другі бок. Але цяпер яна адчувала, як велічнае Сонца, вандруе ў паднябессі.

Моцна ўражаная, яна вярнулася дахаты, аслепленая і збянтэжаная сонцам. Але слепата нібы ўзбагаціла яе, а для яе цёмнай, цёплай і важкай падсвядомасці сталася нечым накшталт скарбу.

“Матуля! Мамачка!” – закрычала дзіця і падбегла да яе, у яго голасе чулася асаблівая, амаль птушыная прага, заўсёдная прага яе. Яна здзівілася, бо раптам адчула, што яе растопленае сэрца не адгукнулася на яго крыкі трывожнай пакутніцкай любоўю. Яна ўзяла дзіця на рукі, але сама сабе падумала: “Які ж ён рыхлы! На сонцы б ён хутка вырас”. – І зноў адчула ўпартую непадатлівасць свайго ўлоння, непадатлівага яму і ўсяму наўкола.

Ёй не падабалася, як яго маленькія ручкі ўчапіліся ў яе, асабліва ў шыю. Яна адвярнулася. Ёй не хацелася дотыкаў. І таму яна асцярожна апусціла дзіця долу.

“Бяжы!” – сказала яна яму. – “Бяжы да сонца!”

І тут жа яна зняла з яго адзенне і пасадзіла голага на цёплай тэрасе.

“Гуляй на сонцы!”

Ён быў напужаны і ўжо насупіўся, каб заплакаць. Але яна з гарачай ленасцю ў целе і поўнай абыякавасцю ў сэрцы падкаціла да яго апельсін па чырвоным кафелі, і мяккім, яшчэ няроўным поступам хлопчык рушыў за ім. Потым ён тут жа ўхапіў апельсін, але адразу выпусціў, бо той дзіўным чынам саслізнуў па яго голым целе. І ён незадаволена азірнуўся на яе і наморшчыў твар, каб заплакаць, напужаны сваёй галізной.

– Прынясі мне апельсін, – папрасіла яна, збянтэжаная сваёй абыякавасцю да трывогаў сына. – Прынясі матулі апельсін.

– Ён не вырасце такім, як яго бацька, – паабяцала яна сабе, – нібы чарвяк, які ніколі ў жыцці не бачыў сонца.

 

ІІ

 

Раней яна вельмі шмат думала пра дзіця, адчуваючы мулкую ношу абавязку, нібыта нарадзіўшы, яна была адказная за кожнае імгненне яго жыцця. Нават просты насмарк быў для яе прыкрасцю і болем азываўся ўнутры, так і падбіваючы папракнуць саму сябе: “Глядзі, што ты нарабіла!”

Але ўсё змянілася. Яна больш не перажывала так моцна праз хлопчыка, напружанне трывогі і абавязку спала. І ад гэтага ён стаў хутчэй падрастаць.

Яна думала пра веліч Сонца і яго пранікненне ў яе. Цяперашняе яе жыццё стала суцэльным таемным рытуалам. Яна прачыналася яшчэ да світання і ляжала, назіраючы, як шэрань за вокнамі рабілася бледна-залатою, каб толькі пераканацца, што марскі гарызонт не зацягнула аблокамі. І найвялікшай радасцю ёй было глядзець, як ён падымаўся ўсё вышэй, распалены і аголены, ды кідаў блакітна-белыя агні ў пяшчоту нябёсаў.

Часам жа ён прыходзіў злёгку румяны, нібы сарамлівы волат. Ці, гнеўны, у барве, павольна прасоўваўся па небе. А бывала, ёй не выпадала яго бачыць зусім, толькі нізка на даляглядзе аблокі кідалі жоўтыя і чырвоныя промні, калі ён рухаўся за сценамі гарызонту.

Ёй шчасціла. Міналі тыдні, і хоць часам аблокі зацягвалі неба на досвітку і апоўдні было пахмурна, без Сонца не праходзіла ні дня, і ў большасці сваёй дні, хоць стаяла зіма, дарылі наўколле прамяністым святлом. Потым з’явіліся танюткія дзікія крокусы, ліловыя і паласатыя, дзікія нарцысы выглянулі зімовымі зорачкамі.

Штодня яна хадзіла да кіпарыса, што высіўся над кактусамі на ўзгорку з жаўтаватымі схонамі ля самага падножжа. Цяпер яна стала больш кемлівай і спрытнай і насіла адно шэры халат ды сандалі. Каб потым адразу ў зацішным, схаваным ад чужых вачэй кутку, лёгка агаліцца для Сонца. І ў любы момант гэтаксама спрытна накінуць халат, зрабіўшыся зноў шэрай і незаўважнай.

Штодня зраніцы, бліжэй да поўдня, яна ляжала пад магутным срэбнарукім кіпарысам, пакуль вясёлае Сонца гуляла сабе па небе. Цяпер яна ўжо зведала Сонца ў кожным куточку свайго цела. Яе сэрца, сцятае трывогай, яе неспакойнае, напружанае сэрца раптам знікла, нібы кветка, што ападае на сонцы і пакідае па сабе выспяваць маленькі плод. І яе тугое ўлонне, дагэтуль скутае, пачало паволі раскрывацца, марудна, ледзь-ледзь, нібы бутон лотасу пад тоўшчаю вады ад чароўнага дотыку Сонца. Нібы бутон лотасу з-пад вады, яно паступова ўздымалася да Сонца, каб нарэшце раскрыцца яму, аднаму толькі Сонцу.

Яна зведала Сонца ў кожным куточку свайго цела, бледна-блакітнае, плаўкае, з белымі языкамі полымя па краях. І хоць свяціла яно на ўвесь свет, калі яна ляжала голая перад ім, яно засяроджвалася толькі на ёй. Вось аддзін з цудаў Сонца: яно магло дарыць святло мільёнам людзей і ўсё роўна быць яркім, бліскучым, непаўторным, Сонцам, для якога найважнейшай была менавіта яна.

Спасцігнуўшы Сонца і адчуўшы, як яно паступова ўваходзіць у яе і спазнае яе ў касмічна-цялесным сэнсе гэтага слова, яна адначасова пачала адчуваць пэўную адасобленасць ад іншых людзей і пагардлівую талерантнасць да іх. Яны былі такімі не-натуральнымі, такімі бяс-сонечнымі. Яны так нагадвалі магільных чарвякоў.

Нават у сялянах, загарэлых да чарнаты, што на сваіх аслах падымаліся па скалістай старой сцежцы, сонца было недастаткова. Унутры ў іх засеў мяккі белы камяк страху, нібы смоўж у ракавіне, стаілася ў ім душа чалавка, скутая страхам перад асляпляльным ззяннем жыцця. Ён не наважваўся пабачыць Сонца, увесь час напужаны. Усе мужчыны былі такімі.

Навошта аддавацца ім!

Абыякавая да людзей, да мужчын, цяпер яна не баялася, што яе заўважаць. Яна сказала Марыніне, якая хадзіла для яе ў вясковую краму, што гэта доктар прапісаў ёй сонечныя ванны. І дастаткова.

Марыніне было каля шасцідзесяці ці крыху больш. Высокая, худая, прамая, яна мела курчавыя цёмныя з сівізной валасы і цёмна-шэрыя вочы, поўныя тысячагадовай мудрасці, а часам смяялася амаль здзекліва, што толькі падкрэслівала яе багаты досвед. Трагічнасць – ад недахопу досведу.

– Мабыць, прыўкрасна хадзіць пад сонцам, – з агеньчыкам дасціпнага смеху ўваччу сказала Марыніна, пільна глянуўшы на жанчыну. Светлыя валасы Джульеты воблакамі ўзбітых кудзераў аблямоўвалі скроні. Марыніна паходзіла з Вялікай Грэцыі і мела глыбокую памяць. Яна зноў паглядзела на Джульету.

– Але калі жанчына прыгожая, яна ж можа паказаць сябе сонцу? Праўда? – дадала яна, дзіўнавата бязгучна засмяяўшыся, як жанчына мінулых часоў.

– Хто ж ведае, ці прыгожая я! – адказала Джулія.

Але прыгожая яна ці не, у промнях Сонца яна адчувала сябе жаданай. Што ёсць адным і тым жа.

Калі ад паўдзённага сонца яна цішком прабіралася па каменні паўз ускраек стромаў, уніз да глыбокай цясніны, дзе ў прахалодзе заўсёднага ценю спелі лімоны, і ў цішы скідвала халат, каб хуценька абмыцца ў чыстай глыбокай затоцы, то заўважала, што ў зялёным паўзмроку лімоннай лістоты ўсё яе цела было ружовым, ружовым і пакрывалася золатам. Яна рабілася нібы іншым чалавекам. Яна і была іншым чалавекам.

Яна памятала, як казалі грэкі, што целу, абдзеленаму сонцам, не стае ні здароўя, ні даверу.

І яна ўцірала крыху аліўкавага масла ў скуру і гуляла ў цёмным царстве лімонаў, утрымліваючы лімонавую кветку пупком і смеючыся сама сабе. Але, верагодна, нехта з сялянаў мог яе пабачыць. Калі б такое надарылася, яна б больш напужала яго, чым ён яе. Яна ведала пра белы камяк страху ў апранутых целах мужчынаў.

Яна адчувала яго нават у сваім маленькім сыне. Якім ён быў недаверлівым, калі яна смяялася з яго, а Сонца свяціла ёй у твар! Яна дамагалася, каб ён аголены гуляў на сонцы штодня. І цяпер яго маленькае цела таксама паружавела, яго светлыя валасы падняліся над ілбом, яго шчокі зачырванелі гранатамі, і скура адлівала мяккім золатам сонца. Ён быў прыгожы і здаровы, і служкі, з прыязнасці да яго залатой скуры, чырвоных шчочак і блакітных вачэй, называлі яго анёлкам з нябёсаў.

Але ён не меў даверу да сваёй маці: яна смяялася з яго. І яна бачыла ў яго вялікіх блакітных, крыху панурых вачах згустак страху, падазронасці, які, як ёй падавалася, цяпер быў у вачах усіх мужчын. Яна называла яго страхам Сонца. І яе ўлонне было закрытае для ўсіх мужчынаў, што баяліся Сонца.

– Ён баіццца Сонца, – казала яна сабе, гледзячы ў вочы дзіцяці.

І калі яна назірала яго тупанне, хістанне, кулянне на сонцы, чула, як ён прамаўляе гукі, так падобныя да птушыных, яна заўважала, наколькі хлопчык напружваецца і хаваецца ад сонца ўсярэдзіну сябе, а яго рухі робяцца нязграбнымі і грубаватымі. Яго дух быў падобны да смаўжа ў ракавіне, у халоднай, сырой расшчэпіне сябе. Гэта наводзіла яе на думкі пра яго бацьку. І ёй так хацелася дапамагчы яму прарвацца, выбрацца адтуль, зрабіцца праявай нейкай безразважлівасці, вітаннем сонца.

Яна цвёрда вырашыла ўзяць яго з сабой да кіпарысавага дрэва сярод кактусаў. Але ёй давядзецца за ім прыглядваць, наўкола ж шыпы. Але, натуральна, там ён выберацца са сваёй ракавінкі, што так глыбока засела ў ім. І гэтая напружанасць цывілізаванага чалавека знікне з яго ілба.

Яна пасцяліла яму дыванок і села. Потым скінула халат і легла сама, назіраючы, як коршак лунае высока ў небе і як схіляе вершаліну кіпарыс.

Хлопчык гуляўся з каменьчыкамі на дыванку. Калі ён узняўся і некуды патупаў, яна таксама паднялася. Ён павярнуўся і паглядзеў на яе. І ў яго блакітных вачах яна заўважыла дзёрзкі і цёплы пагляд амаль сапраўднага мужчыны. І ён быў прывабны: бялявы, з пунсовымі шчочкамі і залацістай скурай. Ён больш не быў белы. Яго скура зрабілася цёмна-залацістаю.

– Любы, асцярожна – шыпы, – папярэдзіла яна.

– Шы-пы, – паўтарыў хлопчык сваім птушыным галаском, усё яшчэ задумліва пазіраючы на яе праз плячо, бы маленькі купідон са старой карціны застыў у ваганнях.

– Кепскія калючыя шыпы.

– Ючыя шыпы.

У сваіх сандаліках, гайдаючыся, ён хадзіў па каменні, рвучы сухую мяту. Яна, хуткая, як змяя, падхапіла яго, калі ён не ледзь не ўпаў на калючкі. Яна нават сама здзівілася. “Я ж напраўду як дзікая котка!” – казала яна сабе.

Штодня, калі свяціла Сонца, яна прыводзіла яго да кіпарысавага дрэва.

– Давай жа, – звала яна. – Пойдзем да кіпарыса!

Калі ж дзень быў пахмурны і з гор дзьмула халодная трамантана, яны не маглі нікуды пайсці, і хлопчык паўтараў бесперастанку: “Кіпарыс! Кіпарыс!”

Яму не хапала яго гэтаксама, як і ёй.

Гэта былі не проста сонечныя ванны, а штосьці нашмат большае. Унутры яе нешта расслаблялася, раскрывалася, і яна аддавалася на волю сусвету. Нейкая таемная сіла, схаваная ў ёй глыбей, чым вядомыя ёй свядомасць і воля, злучыла яе з Сонцам, і прамянямі сваімі свяціла запаўняла яе, агортвала ўлонне. А сама яна, яе свядомасць, рабілася другаснай, нейкай другараднай істотай, амаль простым сузіральнікам. Сапраўдная ж Джульета жыла ў цьмянай плыні Сонца, што навадняла глыбіні яе цела, нібы рака, знітаваная з цёмнага прамення, што вакол салодкага і закрытага бутону яе ўлоння рысавала на вадзе чорныя і ліловыя колы.

Яна заўжды была сама сабе гаспадыняй, заўжды ведала, што яна робіць, і строга трымалася сваіх асабістых інтарэсаў. Цяпер жа яна адчувала ў сабе зусім іншую сілу, большую, чым яна сама, сілу цьмяную і дзікую, – гэта прырода прачыналася ў ёй. Цяпер рысы яе асобы размыліся пад чарамі сілы, мацнейшай за яе.

 

ІІІ

 

Канец лютага выдаўся надзвычай спякотным. Міндальная квецень ападала ружовым снегам, і лёгкі ветрык разносіў яе па наваколлі. Распусціліся ядвабныя кветкі ліловага кураслепу, пагойдваліся на высокіх ножках асфадэлі, і мора сінела валошкавым полем.

Джульету больш нічога не цікавіла. Цяпер амаль цэлы дзень яны з дзіцем бавілі голымі на сонцы, і гэта было ўсё, чаго яна жадала. Часам яна спускалася да мора купацца і часта блукала там у цясніне, асветленай сонцам, незаўважная. Бывала, яна бачыла здалёк селяніна з аслом, і ён яе бачыў. Але так проста і спакойна ішла яна з дзіцем, ды і слава пра гаючую сілу сонца як для душы, так і для цела ўжо дайшла да людзей, таму ніхто не здзіўляўся.

Іх скуру цяпер пакрываў роўны залаціста-ружовы загар. “Я зусім іншая”, – казала яна сабе, гледзячы на свае залацістыя грудзі і сцёгны.

Хлопчык таксама стаў іншым, у ім пасялілася нейкая незвычайна спакойная, насычаная сонцам засяроджанасць. Цяпер ён маўкліва гуляў сам з сабою, і ёй амаль не трэба было сачыць за ім. Падавалася, ён і сам ужо не заўважаў, калі заставаўся адзін.

Ветру не было, і мора іскрылася ультрамарынам. Яна села пад вялізнай узнятай да неба срэбнай далоні кіпарыса і крыху задрамала, але яе набрынялыя жыццём грудзі нечага чакалі. Яна адчувала ўнутры нейкае ажыўленне, што павінна было абудзіць у ёй да жыцця новае “я”. Але заўважаць яго яна ўсё ж не хацела. Гэтае абужэнне азначала б новае знаёмства, а гэтага ёй зусім не хацелася. Яна дастаткова добра зведала ўсёпаглынальную халодную сутнасць цывілізацыі, якую нясуць з сабой такія кантакты, і як цяжка іх унікнуць.

Дзіця адбегла на некалькі ярдаў па камяністай сцежцы да раскідзістага кактуса. Яна бачыла яго, сапраўднае дзіця вятроў, з цёмна-залацістай скурай, выгаралымі на сонцы белымі валасамі, румянымі шчокамі, ён збіраў плямістыя кветкі і радкамі раскладваў іх. Цяпер ён добра трымаўся на нагах і быў зграбны і хуткі, захоплены сваёй гульнёй, нібы малады звярок.

Раптам яна пачула яго крык:

– Матуля, глядзі! Глядзі!.. – Тон яго птушынага галасочку прымусіў яе рэзка кінуцца наперад.

Сэрца яе замерла. Ён глядзеў на яе праз голае плячо і паказваў сваёй маленькай голай ручкай на змяю, што ўзнялася прыкладна ў ярдзе ад яго; з яе адкрытага роту тырчэў мяккі, раздвоены, падобны да чорнага ценю язык. Змяя шыпела.

– Мама, глядзі!

– Бачу, любы. Гэта змяя, – вымавіў павольны нізкі голас. Хлопчык паглядзеў на яе, у яго блакітных вачах чыталася няпэўнасць: баяцца яму ці не. Спакой Сонца ў ёй пераканаў яго.

– Змяя! – закрычаў ён.

– Так, любы. Не чапай яе, яна можа ўкусіць!

Змяя апусцілася на зямлю і папаўзла прэч ад месца, дзе, прыгрэўшыся, спала, яна паступова расслабляла сваё даўгое залаціста-карычневае цела і, павольна выгінаючыся, кіравалася да скалаў. Хлопчык павярнуўся і маўкліва глядзеў на яе. Потым прамовіў:

– Змяя пайшла.

– Так. Няхай ідзе! Яна любіць быць адна.

Ён ўсё яшчэ назіраў за павольнымі і асцярожнымі рухамі, пакуль істота не знікла абыякава з поля зроку.

– Змяя пайшла дахаты, – сказаў ён.

– Так, пайшла дахаты. Хадзі на хвілінку да мамы.

Ён падышоў і сваім маленькім аголеным гладкім целам усеўся на яе голыя калені, а яна пагладзіла яго белыя выгаралыя валасы. Яна не сказала ні слова, адчуваючы, што ўсё ўжо мінула. Незвычайная бестурботная сіла сонца напаўняла яе, а ўсяму наваколлю надавала пэўнай прывабнасці, змяя ж, як і яна з дзіцем, была яго часткай.

Аднойчы ў зарасніку аліваў яна бачыла, як па сухой каменнай сцяне спакойна паўзла чорная змяя.

– Марыніна, – пачала яна, – я бачыла чорную змяю. Яны небяспечныя?

– Не, чорныя змеі – зусім не. А вось жоўтыя – так. Калі ўкусіць жоўтая змяя, памрэш. Але я іх баюся, баюся нават чорных, як убачу.

Джулія працягвала хадзіць да кіпарыса з дзіцем. Але заўжды асцярожна аглядалася перад тым, як сесці, і ўважліва вывучала ўсе месцы, куды магло пайсці дзіця. А потым зноў клалася і паварочвалася да Сонца, а яе загарэлыя, падобныя да грушаў грудзі ўздымаліся ўгару. Яна зусім не думала пра будучыню. Па-за межамі саду яна адмаўлялася думаць наагул і зусім не магла пісаць лісты. Яна загадвала іх пісаць няньцы. А сама ляжала на Сонцы, але не дужа доўга, бо яно рабілася занадта моцным і палкім. І, незалежна ад яе волі, бутон, глыбока сцяты ў самым цэнтры яе маркоты, пачаў расці, расці, выпростваць сваё скурчанае сцябло, каб раскрыць цемнаватыя пялёсткі і заіскрыцца чароўнаю ружай. Яе ўлонне збіралася заіскрыцца ў ружовым экстазе, нібы кветка лотасу.

 

IV

 

Вясна пераходзіла ў лета, і Сонца імкнула на поўдзень, а яго промні набіраліся яшчэ большай моцай. У гадзіны спёкі яна ляжала ў цені дрэваў ці блукала ў прахалодзе лімонавага саду. Ці часам гуляла па маленькіх цяністых цяснінах на шляху дахаты. Дзіця моўчкі тупала каля яе, нібы маленькі звярок, захоплены жыццём навокал.

Аднойчы апоўдні, павольна ідучы аголенай кустоўем цёмнай цясніны дахаты, за паваротам скалы яна нечакана сустрэла селяніна з іншага маёнтку. Нахіліўшыся, ён перавязваў бярэмя сухога галля, асёл стаяў тут жа. Да яе ён стаяў задам у летніх палатняных портках. Цішыня і даверлівасць панавалі ў тую хвіліну ў цёмнай цясніне малога яру. Раптам яе апанавала слабасць, яна была не ў стане нават варухнуцца. Мужчына падняў бярэмя галля з зямлі і павярнуўся да асла. Ён прыўзняўся і застыў, заўважыўшы яе, нібы дзіўную відзежу. А потым яго вочы сустрэліся з ейнымі, і яна адчула, як сіняе полымя працяла ўсё яе цела да самага ўлоння, што пачало само раскрывацца ў салодкім экстазе. Яны ўсё глядзелі адно аднаму ў вочы, і полымя хлынула між імі, нібы тое сіняе полымя, што струменіла з самага сэрца Сонца. І яна ўбачыла, як устае чэлес у яго портках, і зразумела, што ён пацягнецца да яе.

– Мама, мужчына! Мамачка! – хлопчык паклаў руку на яе голы клуб. – Мамачка, мужчына!

Яна пачула ноткі страху ў яго голасе і павярнулася.

– Усё добра, мілы! – супакоіла яна яго і, узяўшы за руку, павяла назад за скалу, а селянін глядзеў, як падымаліся і ападалі, аддаляючыся, яе голыя ягадзіцы.

Яна апранулася і, узяўшы хлопчыка на рукі, пачала, хістаючыся, падымацца па казлінай сцяжыне між густога кустоўя ў жоўтай квецені, вышэй да святла, да алівавых дрэваў ля падножжа іх дому. Там яна села і пачала збірацца з думкамі.

Мора было сіняе, ярка-сіняе, спакойнае і мяккае, а яе ўлонне раскрылася ўнутры так шырока, нібы кветка лотасу ці кветка кактусу ў прамяністым жаданні. Яна адчувала яго і ні пра што іншае не магла думаць. Колкая злосць вярэдзіла ёй грудзі, злосць на дзіця, вострае расчараванне.

Візуальна яна ведала таго селяніна: яму каля трыццаці, моцны і шырокі ў плячах. Яна шмат разоў назірала за ім з тэрасы: як ідзе ён з аслом, як падразае лісце аліваў, як працуе на самоце, заўжды адзінокі волат, з шырокім загарэлым тварам і някідкім пачуццём асабістай годнасці. Яна раз ці два гаварыла з ім і лавіла позірк яго вялізных блакітных вачэй, цёмных і паўднёва-гарачых. Яна ведала яго злёгку грубую рухавасць. Але яна ніколі пра яго не думала. Акрамя таго, што заўважыла яго ахайнасць і дагледжанасць, а потым аднойчы пабачыла яго жонку, калі тая прынесла мужу абед, і яны разам сядзелі ў цені ражковага дрэва па абодва бакі разасланага белага абруса. І тады Джульета заўважыла, што яго жонка была старэйшая за яго, смуглявая, ганарлівая і панурая жанчына. А пасля падышла маладая жанчына з дзіцем, і мужчына кружыўся з ім у танцы, такі нястрымны і малады. Але гэта было не яго дзіця: дзяцей ён не меў. Менавіта тады, падчас вясёлага танцу, у якім ён нібы выпускаў на волю сваю прыгнечаную жарсць, Джульета заўважыла яго. Але нават у той момант яна не думала пра яго. Пра яго адкрыты загарэлы твар, шырокія грудзі і даволі кароткія ногі. Селянін – ужо ж занадта грубы звер для яе.

Але цяпер яе захапіў дзіўны выклік яго вачэй, сініх і ўладных, нібы сіняе сэрца Сонца. І яна бачыла, з якой сілай уздымаўся фалас пад яго тонкімі порткамі: насустрач ёй. І са сваім загарэлым тварам і шырокімі плячыма ён быў для яе нібы Сонца, Сонца ў самым сваім зеніце.

Яна адчувала яго вялізную сілу, і нікуды не змагла б ад яго сысці.

Яна ўсё працягвала сядзець пад дрэвам. А потым пачула, як няня звініць ля дома ў званочак і кліча іх дахаты. Хлопчык гукнуў у адказ. Трэба было ўставаць і вяртацца дахаты.

Недзе апоўдні яна ўладкавалася на тэрасе, з якой адкрываліся краявіды зарослых алівамі схонаў, што спускаліся да мора. Мужчына прыходзіў і сыходзіў, прыходзіў і сыходзіў з маленькай хаціны на сваім надзеле ля самага ўскрайку зарасніку кактусаў. І ён ізноў глянуў на яе дом, на яе постаць на тэрасе. І яе ўлонне было адкрыта яму.

І ўсё ж не было ў яе адвагі, каб сысці да яго. Яе нібы паралізавала. Яна піла гарбату і нерухома сядзела на тэрасе. А мужчына прыходзіў і сыходзіў, кідаў на яе позіркі адзін за адным. Потым забілі званы ў касцёле капуцынаў ля местачковых варотаў, і апусцілася цемра. А яна ўсё сядзела. І нарэшце ў промнях месяцовага святла заўважыла, як ён нагружае асла і сумна вядзе яго па сцяжыне да дарогі. Яна чула, як адбіваліся яго крокі па камяністай дарозе за домам. Ён пайшоў – пайшоў дахаты ў вёску, спаць, спаць са сваёй жонкай, якая абавязкова запытаецца, чаму ён так прыпазніўся. Маркотны, ён сышоў.

А Джулія ўсё сядзела да позняй ночы, гледзячы на яркі месяц, што ўзышоў над морам. Сонца раскрыла яе ўлонне, і цяпер яна стала нявольніцай кветкі лотасу, што распусцілася ўнутры, і цяпер ужо ёй не ставала сілаў, каб зрабіць хоць колькі крокаў па краі цясніны.

Але нарэшце сон змарыў яе, і нараніцу Джульета пачувалася ўжо лепш. Падавалася, кветка лотасу ў ёй зноў закрылася, стала толькі бутонам. Яна ж так гэтага жадала! Толькі схаваны пад вадой бутон і Сонца! Яна больш ніколі не стане думаць пра таго мужчыну.

Яна купалася ў адной з буйных затокаў ля падножжа лімонавых зарасцяў, як мага далей ад той, другой, дзікай і халоднай цясніны. На ўзвышку пад лімонавымі дрэвамі дзіця блукала сярод жоўтых кветак кісліцы, што так добра расце ў цяньку, збірала апалыя лімоны, і светлыя пляміны святла, што прабівалася праз лістоту, пакрывалі яго маленькае загарэлае цела. Яна сядзела ў промнях сонца на стромкім беразе цясніны, зноўку вольная – яе кветка схавалася цёмным бутонам, ні для каго не дасяжная.

Раптам недзе высока, на самым ускрайку лагчыны, сілуэтам насупраць бледна-блакітнага неба ўзнікла постаць Марыніны з чорнай павязкай на галаве. Яна ціха паклікала:

– Сіньёра! Сіньёра Джульета!

Джульета азірнулася і паднялася. Марыніна на хвіліну змоўкла, бачачы, як падымаецца аголеная жанчына з воблакам выпаленых сонцам валасоў. Потым старая жвава спусцілася па асветленай сонцам сцяжыне на стромкім схіле.

Яна стаяла, такая прамая, усяго за некалькі крокаў ад расквечанай Сонцам жанчыны і пранізліва пазірала на яе.

– Але ж якая вы прыгожая! – халодна, амаль цынічна прамовіла яна. – Ваш муж прыехаў.

– Які муж? – ускрыкнула Джульета.

Старая жанчына хітра засмяялася, у яе голасе пачуўся кпін жанчыны мінулых часоў.

– А ў вас хіба няма? Мужа? – насмешліва запыталася яна.

– Як? Дзе? Ён жа ў Амерыцы, – адказала Джульета.

Старая глянула праз плячо і зноў бязгучна засмяялася.

– І зусім не ў Амерыцы. Ён ішоў следам за мною. Мабыць, дарогу згубіў.

І яна закінула галаву ў кплівым бязгучным жаночым смеху.

Усе горныя шляхі зараслі высокай травой, кветкамі і непітэлай і больш нагадвалі птушыныя сцежкі на спрадвечна дзікіх землях. Такое дзіўнае запусценне некалі слаўнай сваёй класічнай веліччу мясцовасці, што з даўніх часоў спазнала рукі чалавека.

У роздуме Джульета глянула на сіцылійку.

– О, выдатна, – нарэшце прамовіла яна. – Вядзі яго сюды.

І слабы агеньчык зайграў у ёй. Так раскрывалася кветка. Ён прынамсі мужчына.

– Прывесці яго сюды? Зараз жа? – смеючыся, запыталася Марыніна і сваімі здзеклівымі, з шэрай смугою вачыма паглядзела проста ў вочы Джульеты. А потым паціснула плячыма і сказала:

– Добра! Як скажаце! Але ж і неспадзяванка гэта будзе для яго! – І яна адкрыла рот, бязгучна рагочучы, і паказала на хлопчыка, што збіраў і прыціскаў лімоны да малых грудзей.

– Якое прыгожае дзіцятка! Анёл нябесны! Бедалагу ён пацешыць! Дык весці яго сюды?

– Вядзі, – адказала Джульета.

Жанчына вярнулася назад па сцежцы і знайшла заблукалага ў вінаградных лозах Морыса, у фетравым капелюшы і цёмна-шэрым гарадскім касцюме. Ён вельмі жаласна і недарэчна глядзеўся тут, у асляпляльных промнях Сонца, сярод велічнага свету старой Грэцыі – нібы цёмная пляма атраманту на бляклай, залітай святлом паверхні.

– Хадземце! – паклікала яго Марыніна. – Яна там.

І яна павяла яго пакручастай дарогай, шырокімі крокамі расчышчаючы сабе дарогу сярод траваў. Раптам на ўскрайку схіла яна спынілася. Верхаліны лімонавых дрэваў цямнелі далёка ўнізе.

– Ідзіце вось той дарогай, – паказала яна яму напрамак. Кінуўшы на яе хуткі позірк, ён падзякаваў.

Яму было каля сарака, гладка паголены шэры твар, вельмі спакойны і вельмі сціплы. Свае справы ён вёў асцярожна, без асаблівых гучных поспехаў, але даволі эфектыўна. І не меў ні да каго даверу. Старая з Вялікай Грэцыі, пабачыўшы яго ўпершыню, сказала сама сабе: ён харошы, але не мужчына, бедалага.

– Сіньёра вунь там, унізе! – паказала Марыніна, нібы адна з багіняў-паркаў.

І зноўку ён ёй падзякаваў, нават не міргнуўшы. І асцярожна стаў на сцяжыну. Марыніна ўзняла падбароддзе, злосна пасміхаючыся. А потым пакрочыла дахаты.

Морыс увесь час глядзеў пад ногі, прабіраючыся праз зарасці міжземнаморскіх траваў, а таму сваю жонку заўважыў толькі тады, калі абыходзіў невялікі схіл ужо зусім непадалёк ад яе. Яна стаяла голая, выпрастаўшыся каля выступу скалы, і іскрылася сонцам і цяплом. Яе грудзі, падавалася, узняліся ў чаканні, у прадчуванні, а лёгкія сцёгны адлівалі бронзай. Унутры яе ўлонне раскрылася напоўніцу насустрач ліловым промням святла, нібы велічная кветка лотасу. Бездапаможна трапятала яе цела: ішоў мужчына. Калі ён асцярожна наблізіўся да яе, атрамант на прамакатцы, яна хутка і ўсхвалявана глянула на яго.

Бедны Морыс, вагаючыся, адвёў ад яе пагляд і адвярнуўся.

– Прывітанне, Джулі! – нервова кашлянуўшы, прамовіў ён. – Цудоўна! Проста цудоўна!

Ён наблізіўся, не паварочваючы да яе твару, крадком кідаючы позіркі на яе, што стаяла агорнутая асаблівым атласным ззяннем Сонца на загарэлай скуры. Яе аголенасць падавалася яму ўжо не такой і жахлівай. Залатая ружа Сонца была ёй адзеннем.

– Прывітанне, Морыс! – прамовіла яна, падаючыся назад, і халодны цень упаў на раскрытую кветку ўлоння. – Я не чакала, што ты прыедзеш так рана.

– Ды не... Не! Мне проста пашчасціла заўчасна збегчы.

І ён зноўку знянацку кашлянуў. Наўмысна прыехаўшы раней, ён стаў для яе неспадзяванкай. Яны стаялі на адлегласці ў некалькі ярдаў адзін ад аднаго і маўчалі. Перад ім была ўжо іншая Джулі, з залацістай скурай і абласканымі ветрам сцёганамі, а зусім не тая слабая і знерваваная жыхарка Нью-Ёрку.

– Ну дык... – сказаў ён. – Гэта ўсё цудоўна! Проста цудоўна! І ты цудоўна выглядаеш! А дзе наш хлопчык?

Ён адчуваў, як у глыбіні яго падымаецца жаданне цела агорнутай сонцам плоці жанчыны: жанчыны з плоці. Гэтае жаданне было новым у яго жыцці, і ад гэтага рабілася балюча. Яму захацелася адцягнуць увагу ад сваіх адчуванняў.

– Вунь ён, – паказала яна на тое месца, дзе ў цені голы свавольнік збіраў да кучы апалыя лімоны.

З вуснаў бацькі зляцеў дзіўны кароткі смяшок, амаль іржанне.

– І праўда! Вось жа ён. Вось ён, наш маленькі мужчына! Выдатна!

Яго палахлівую прыгнечаную душу скаланала ўсхваляванасць, ён чапляўся за саламінку сваёй вышэйшай свядомасці.

– Прывітанне, Джоні! – закрычаў ён, і голас яго прагучаў неяк вельмі квола. – Прывітанне, Джоні!

Хлопчык падняў на яго вочы – лімоны пасыпаліся з яго таўсценькіх ручак, – але нічога не адказаў.

– Думаю, нам варта падысці да яго, – сказала Джулія, павярнуўшыся і пашыбаваўшы ўніз па сцежцы. Супраць яе волі халодны цень зыходзіў з кветкі ўлоння, і зноў кожны пялёстак затрапятаў жаданнем. Яе муж рушыў за ёю, гледзячы на лёгкія ружовыя сцёгны, што падымаліся і ападалі, калі яна, ідучы, злёгку пакачвала сваім гнуткім станам. Ён быў уражаны і поўны захаплення, але ў той жа час моцна разгублены. Ён прызвычаіўся да яе як да асобы. Але цяпер перад ім была не асоба, а лёгкае, напоенае сонцам цела, бяздушнае і спакушальнае, нібы німфа з пругкімі клубамі. Што яму рабіць з самім сабой? Ён быў вельмі недарэчны тут, у сваім цёмна-шэрым гарнітуры, светла-шэрым капелюшы, з шэрым манаскім тварам сціплага бізнэсоўца і шэрым меркантыльным светапоглядам. Яго сцёгны і ногі праціналі дзіўныя прыступы ўзбуджэння. Ён быў напужаны і адчуваў, што ў стане выгукнуць пераможны кліч і кінуцца да жанчыны з залацістай плоццю.

– Ён добра выглядае. Праўда? – запыталася Джулія, калі яны ішлі праз глыбокае мора жоўтай квецені кісліцы пад лімоннымі дрэвамі.

– О так! Цудоўна! Цудоўна! Прывітанне, Джоні! Пазнаеш тату? Пазнаеш татачку, Джоні?

Ён сеў на карачкі, зусім забыўшыся на “стрэлкі” на штанах, і выцягнуў рукі.

– Лімоны! – па-птушынаму прашчабятаў хлопчык. – Два лімоны!

– Два лімоны! – паўтарыў бацька. – Шмат лімонаў!

Малы падышоў і ўклаў у бацькавыя рукі па лімоне. А потым адышоў і паглядзеў на іх.

– Два лімоны! – зноў паўтарыў бацька. – Хадзі сюды! Хадзі павітайся з татам!

– Тата паедзе назад?

– Назад? Ну... мабыць, толькі не сёння.

І ён абняў сына.

– Скідай паліто! Тата! Скідай! – закрычаў хлопчык, весела саслізгваючы па тканіне.

– Добра, сынок. Скідаю.

Ён зняў паліто і асцярожна паклаў яго побач, потым агледзеў стрэлкі на штанах, падцягнуў іх ды ўзяў дзіця на рукі. Ад дотыку цёплага голага цельца хлопчыка ён адчуў слабасць. Голая жанчына глянула на ружовага карапуза на руках мужчыны ў сарочцы. Хлопчык скінуў з бацькавай галавы капялюш, і Джулія глянула на гладка прычасаную (хоць бы адзін валасок выбіўся!) чорную з сівізной шавялюру мужа. У іх жа і кроплі сонца няма! Халодны цень зноў накрыў кветку яе ўлоння. Яна доўга не казала ні слова, пакуль бацька размаўляў з узрадаваным яго прыездам сынам.

– Што ты збіраешся з усім гэтым рабіць, Морыс? – раптам прамовіла яна. Ён паспешліва скасавурыўся, пачуўшы яе рэзкі амерыканскі голас. Ён зусім забыўся на яе.

– Хм... З чым, Джулі?

– З усім! З усім гэтым. Я не магу вярнуцца ў наш дом на 47-й вуліцы.

– Ну... не, канечне, не, – завагаўся ён. – Прынамсі, не зараз жа.

– Ніколі! – рэзка прамовіла яна, і ўсталявалася цішыня.

– Ну... я не ведаю...

– Ты лічыш, што зможаш тут застацца? – рэзка запыталася яна.

– Так, я магу застацца на месяц. Думаю, на месяц у мяне атрымаецца, – няўпэўнена адказаў ён, рызыкнуўшы баязліва, крадком глянуць на яе, і зноў адвярнуў твар.

Яна акінула мужа грэблівым паглядам, яе высокія грудзі ўскалыхнуліся ад цяжкага ўздыху, нібыта яна хацела стрэсці з сябе халодны цень бяссонечнасці.

– Я не магу вярнуцца, – павольна прамовіла яна. Я не магу з’ехаць, пакуль так сонечна. Калі ты не можаш быць тут...

Не скончыўшы фразы, яна змоўкла. Але рэзкі голас амерыканкі, асобы, у ёй сціх, і ён пачуў голас жанчыны плоцкай, выпеставанай Сонцам. Ён усё глядзеў і глядзеў на яе, і з кожным імгненнем расло яго жаданне, а страх ападаў.

– Ды не! – нарэшце прамовіў ён. – Табе ўсё гэта толькі на карысць. Ты выглядаеш цудоўна. Думаю, табе не трэба вяртацца.

І на ласкавыя гукі яго голасу мімаволі адгукнулася кветка яе ўлоння, пачала раскрывацца, распускаць свае кволыя пялёсткі.

Ён успамінаў, якой бачыў яе ў іх нью-ёркскай кватэры – бледнай, маўклівай, заўжды такой уладнай. У стасунках між людзьмі ён быў пужлівым і нясмелым, а яе халоднасць і маўклівасць пасля нараджэння дзіцяці моцна палохалі яго. Ён проста зразумеў: яна не можа па-іншаму. З жанчынамі заўжды так. Іх пачуцці часта мяняюцца да горшага і паўстаюць супраць іх саміх, і гэтая разбуральнасць проста жахлівая. Жахліва жыць побач з жанчынай, чые ўласныя пачуцці паварочваюцца супраць яе самой. Ён адчуваў сябе прыгнечаным цяжарам яе адчужанасці. Яна ж і сябе моцна мучыла, і дзіця. Ён згодны на што заўгодна, толькі б не тое пекла. Але, дзякуй богу, відаць, тую грозную, падобную да прывіда ці здані, жанчыну ўжо выцесніла з яе Сонца.

– Ну а ты? – запыталася яна.

– Я? О, я магу дарабіць свае справы і прыехаць сюды надоўга. Так надоўга, як ты таго захочаш. Заставайся тут колькі заўгодна. – На працяглы час ён утаропіўся ў зямлю. Ён так баяўся зноў абудзіць у ёй той дух пагрозлівай і помслівай жанчыны, а таму дужа спадзяваўся, што яна застанецца менавіта такою, якой ён бачыць яе цяпер: нібы голая саспелая клубніца, такая падобная да ягады жанчына. Ён падняў на яе свае сарамлівыя, поўныя мальбы вочы.

– Нават назаўсёды?

– Ну... калі ты гэтага хочаш. Назаўсёды – гэта ж надоўга. Канечнай даты пакуль ніхто не прызначаў.

– І я магу рабіць што заўгодна? – яна з выклікам глядзела яму проста ў вочы. І ён быў бяссільны перад яе квітнеючай, загартаванай ветрам аголенасці, ён баяўся толькі аднаго – што ў ёй прачнецца тая, іншая – амерыканка-асоба, злосная і помслівая.

– Ну, так, я лічу, можаш. Адно не чыні смутку ні сабе, ні дзіцяці.

І зноў ён кінуў на яе цяжкі і сарамяжлівы пагляд. Думаючы пра дзіця, ён меў на ўвазе і сябе.

– Не буду, – каротка адказала яна.

– Ну канечне, не будзеш! Я веру ў цябе.

Яны замоўклі. Вясковыя званы паспешліва адбівалі поўдзень. Час абедаць.

Яна накінула сваё шэрае крэпавае кімано і завязала шырокі зялёны пас на таліі. Потым праз галаву нацягнула хлопчыку маленькую блакітную сарочку, і яны рушылі дахаты.

За сталом яна назірала за мужам, за яго шэрым гарадскім тварам, яго педантычнымі манерамі і скрайняй умеранасцю ў ежы і напоях. Часам ён паглядаў на яе цішком з-пад чорных вейкаў. У яго былі пужлівыя шэра-залатыя вочы істоты, якую ў маладым узросце злавілі і гадавалі ў чужой халоднай няволі, там, дзе не было месца светлым спадзевам. Адзінае, што было ў ім прывабнага, – гэта чорныя бровы і вейкі. Яна не прымала яго. Яна не разумела яго. Настолькі асвечаная Сонцам, яна не магла бачыць яго. Сонца ў ім амаль не было, а значыць, яго быццам і не існавала.

Каву ім падавалі на гаўбцы, пад ружовымі суквеццямі бугенвіліі. Далёка ўнізе, ля іншага маёнтку, у цені ражковага дрэва ля высокага зялёнага жыта сядзелі селянін з жонкай і праз пасцелены на зямлі белы абрус глядзелі адно на аднаго. На абрусе яшчэ ляжала вялізная луста хлеба, але яны ўжо скончылі абедаць і папівалі са шклянак цёмнае віно. Пры з’яўленні амерыканца селянін пачаў паглядаць на тэрасу. Джулія ж пасадзіла мужа спінай, а сеўшы сама, таксама глянула на селяніна. Яна адвяла пагляд толькі калі заўважыла, што яго смуглявая жонка таксама глядзіць на яе.

 

V

 

Мужчына быў безнадзейна ў яе закаханы. Яна заўважыла, як неадрыўна сачыў за ёй яго шырокі, крыху прыплюснуты чырвоны твар, аж пакуль яго жонка не абярнулася, пасля ён падняў сваю шклянку і нагбом выпіў. А жонка яшчэ доўга ўглядалася ў сілуэты на балконе. Яна была зграбная, даволі панурая і, натуральна, старэйшая за яго. Паміж імі палягала розніца, якая звычайна сустракаецца між жанчынай гадоў сарака, што прызвычаілася камандаваць і распараджацца, і яе ў большай ступені безадмоўным трыццаціпяцігадовым мужам. Падавалася, яны папросту належалі да розных пакаленняў. “Ён майго веку, – думала пра сябе Джульета, – а ёй столькі, як Морысу”. Джульеце не было яшчэ і трыццаці.

Селянін у сваіх белых палатняных портках, бледна-ружовай сарочцы і старым саламяным капелюшы прыцягваў яе сваёй чысцінёй і здароўем. Ён быў паўнаваты і шырокі ў касцях, але яго цела было проста перапоўнена жыццём, нібыта ён зараз жа мог пачаць рухацца, працаваць ці гуляць, як калі яна бачыла яго з дзіцем. Ён належаў да тых італьянскіх сялянаў, што толькі радыя ахвяраваць сабой і горача гэтага жадаюць, – ахвяраваць сваім моцным целам і крывёю, што адчайна б’ецца ў жылах. Але ж пры гэтым ён усяго толькі селянін і таму будзе чакаць, калі жанчына першая зробіць крок наперад. Ён падоўгу будзе побач, апантаны працяглымі прыступамі жадання і пасіўнага чакання, спадзеючыся, вельмі спадзеючыся, што жанчына сама прыйдзе да яго. Але ён ніколі яе не апярэдзіць, ніколі. Першы крок яна павінная зрабіць сама. А ён толькі будзе трымацца зусім непадалёк, зусім блізка.

Адчуваючы на сабе яе пагляд, ён скінуў свой стары саламяны брыль, пад якім паказалася круглая цёмная кароткастрыжаная галава. Ён пацягнуўся вялікай загарэлай рукой да лусты хлеба, адламаў кавалак і пачаў жаваць. Ён ведаў, што яна глядзіць на яго. І яна мела над ім абсалютную ўладу, над гэтым гарачым, знямелым зверам з магутнымі рэкамі кіпучай крыві, што імчалі па яго моцных венах! Ён палаў безліччу сваіх сонцаў і быў бяздумны, бы месяц. І, сарамяжлівы сваёй дзікай, панурай сарамлівасцю, ён будзе чакаць яе, ахоплены жарсцю, але ніколі, ніколі не зробіць і кроку ёй насустрач.

Каханне з ім будзе падобнае да іншага кшталту сонечных ваннаў: важкіх, буйных, потных, а потым усё забудзецца. Яго больш не будзе. Гэта будзе падобна да акунання ў ванну, поўную цёплага магутнага жыцця, – а потым расстанне і забыццё. І пазней зноў жыццядайныя воды, нібы Сонцы.

Але ж хіба гэта не цудоўна?! Яна так стамілася ад прыватных кантактаў і неабходнасці размаўляць з мужчынам пасля. Ад гэтай жа напоўненай здароўем істоты можна проста задаволена сысці пасля. Седзячы там, яна адчувала, як струменіць жыццё ад яго да яе і ад яе да яго. Па яго рухах Джулія здагадвалася: яе ён адчувае нават лепш, чым яна яго. Цела кожнага з іх амаль гарэла ясным болем разумення гэтага, і яны абодва сядзелі, бы ашаломленыя, пад пільным наглядам сужэнцаў, іх уладальнікаў.

І Джулія думала пра сябе: “Чаму я не магу пайсці да яго?! Чаму не магу зачаць ад яго? Гэта будзе падобна да зачацця дзіцяці ад несвядомага сонца і несвядомай зямлі, дзіцяці, бы сакавітага плоду вясны”. І кветка яе ўлоння раскрылася. Яе не цікавілі сантыменты ці правы. Абсалютна неабачліва яна хацела толькі расы мужчыны. Але сэрца яе агортваў страх. Не, яна не наважыцца! Не наважыцца! Калі б толькі мужчына што-небудзь прыдумаў! Але ж не. Ён будзе адно вагацца і чакаць, нерашучы ў бязмежным сваім жаданні, чакаць, пакуль яна пяройдзе цясніну. А яна не наважыцца, не наважыцца. І ён усяго толькі будзе паблізу.

– Ты не баішся, што цябе пабачаць падчас сонечных ваннаў? – запытаў яе муж, парочваючыся і кідаючы погляд на сялянаў. Пахмурная жонка па той бок цясніны таксама павярнулася і глянула на вілу. Гэта было падобна да супрацьстаяння.

– О не! Ніхто і не пабачыць! А ты таксама не хочаш? Не хочаш пазагараць? – запыталася ў яго Джульета.

– Ну... чаму ж? Думаю, варта паспрабаваць, пакуль я тут.

Агонь бліснуў у яго вачах, адвага смельчака, гатовага пакаштаваць гэты новы плод, гэтую жанчыну з ружовымі, налітымі сонцам грудзямі, якія шчыльна абцягваў халат. І яна ўяўляла яго бледнае, хваравітае, маленькае цела гараджаніна, што крочыць у промнях Сонца, поўнае адчайнай упэўненасці ў сваіх сужэнскіх правах. Яна замерла ў экстазе. Чужародны, як з голкі зняты моднік, прыстойны грамадзянін, апынецца злачынцам у раскрытых вачах сонца. Як жа прыкра будзе яму распрануцца!

І кветка яе ўлоння завяла, агаломшаная. Яна ведала, што прыме яго. Яна ведала, што менавіта для яго, выкшталцонага гарадскога модніка, яе ўлонне раскрывалася прамяністым лотасам, барвовай кветкай цэрэўсу, цёмнай ля самай сарцавіны. Яна ведала, што не пойдзе да селяніна. Яна не была настолькі смелай, не была настолькі вольнай. І ведала: селянін ніколі не наблізіцца да яе, у ім хавалася цярплівая падатлівасць зямлі, ён будзе чакаць, чакаць, паказваючыся ёй то там, то тут, знаходзячыся ў полі яе зроку з настырнай жывёльнай пажадай.

Яна бачыла, як кроў прыліла да загарэлага твару селяніна, адчувала, як раптам сіняе полымя яго гарачых вачэй агарнула яе цела і як уздымаўся яго магутны чэлес, паўставаў да яе. І ўсё ж яна ніколі не пойдзе да яго – не наважыцца, не насмеліцца. Так шмат перашкодаў! І хілае бляклае цела яе мужа, пазначанае пячаткай гораду, будзе валодаць ёю, і яго маленькі ўтрапёны пеніс спародзіць у ёй яшчэ адно дзіця. І яна не можа супраціўляцца гэтаму. Яна прыкутая да вялізнага кола абставінаў, і ў свеце няма Пэрсэя, каб разарваць тыя путы.

 

 

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2009

Чытайце таксама

Дан Андэрсан

Дан Андэрсан

Шведскамоўны паэт і празаік, некаторыя свае вершы сам паклаў на музыку

Эльфрыдэ Елінэк

Эльфрыдэ Елінэк

Аўстрыйская пісьменніца, паэтка, эсэістка, драматург, літаратурны крытык. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2004).

Сяргей Пясэцкі

Сяргей Пясэцкі

Польскамоўны пісьменнік, публіцыст, афіцэр выведкі

Габрыэле Д'Анунцыё

Габрыэле Д'Анунцыё

Пералічэнне фактаў з біяграфіі не зможа даць нават аддаленага ўяўлення пра гэту неардынарную асобу

1253