Заснаванне і маніфест футурызму
Мы з сябрамі чуйнавалі ўсю ноч пад арабскімі лампадамі з латуннымі выразанымі купаламі, якія блішчэлі гэтаксама, як нашыя душы, бо ўсё наўкола выпраменьвала запаветнае святло электрычнага сэрца. Мы няспынна затоптвалі нашую прыроджаную ляноту ў багатыя ўсходнія дываны, дыскутуючы ледзь не па-за межамі логікі і запаўняючы аркуш за аркушам сваімі трызненнямі.
Нашыя грудзі напаўняў невымерны гонар, нібы стаім зусім адны, як мужныя маякі, як пільная начная варта, супраць войска варожых зорак, што сачылі за намі са сваіх нябесных лагераў. Адны, разам з матросамі-качагарамі, што хвалююцца ў карабельных трумах перад пякельнымі печамі, адны, разам з чорнымі прывідамі, што б'юцца ў раскаленым нутры паравозаў, выпушчаных на шалёныя рэйкі, адны, разам з п'яніцамі, што кружаць пад гарадскімі сценамі, робячы часам няўпэўненыя ўзмахі крыламі.
Мы раптам схамянуліся ад шумнага тупату магутнага двухпавярховага трамвая, што прамчаў міма, свецячыся каляровымі агнямі, як вёскі падчас святаў, якія потым бурная разлітая По ў адзін міг павыкарчоўвае і пацягне аж да самага мора вірамі патопу.
Пазней цішыня стала зусім глухой. Мы сядзелі і слухалі стомленыя енкі малітваў старога каналу і скрып костак палацаў, што паміралі пад цяжарам сваіх вільготных зялёных бародаў, пакуль урэшце пад нашымі вокнамі зарычалі галодныя аўтамабілі.
– Хадзем! Хадзем, сябры! – кажу ім. – Пабеглі! Нарэшце міфалогія і містычныя ідэалы пераможаныя! Мы вось-вось дапаможам нарадзіцца Цэнтаўру і хутка ўбачым першых Анёлаў!.. Трэба будзе паднаціснуць на дзверы жыцця і праверыць, ці вытрымаюць завесы і замкі!.. Пабеглі! Вось і нашая першая зараніца! Няма нічога, што можна было б параўнаць з чырвоным мячом сонца, які заблішчэў пасярод нашай векавой цемры.
Мы наблізіліся да трох фыркаючых металічных звяроў, каб пяшчотна палашчыць іх гарачыя грудзі. Я выцягнуўся ў сваёй машыне, як той нябожчык у труне, але адразу ж уваскрос, калі мой жывот апынуўся пад лязом гільятыны майго руля.
Лютая мятла шаленства сарвала нам галовы і змяла нас на вуліцы, абрывістыя і глыбокія, як рэчышчы горных патокаў. То там, то сям нейкая хворая лямпа за шыбай вучыла нас ставіць у нішто фальшывыя матэматычныя здольнасці нашых смяротных вачэй.
Я крычаў: “Нюх! Так! Гэтым звярам дастаткова аднаго толькі нюху!”
І мы, як маладыя львы, гналіся за Смерцю. Яна бегла ад нас, калматая, чорная, пакрытая бляклымі крыжыкамі, насустрач шырокаму ружоваму небу, жывому і трапяткому.
І не было ў нас ані прыўкраснай Каханай, якая б узвысіла да нябёсаў сваю ідэальную велічную постаць, ані жорсткай Каралевы, якой мы б маглі ахвяраваць нашыя целы, скручаныя на падабенства візантыйскіх пярсцёнкаў. Не існавала нічога, дзеля чаго б хацелася памерці. Можа, толькі дзеля жадання вызваліцца ўрэшце ад нашай празмернай смеласці.
Мы несліся, душачы ля парогаў камяніц сабак-вартаўнікоў, якія скручваліся пад нашымі гарачымі шынамі, як каўнеры пад прасам. Прыручаная ўжо Смерць абганяла мяне на кожным рогу, каб грацыёзна падаць мне сваю лапу, а калі-нікалі са скрыгатам сківіц рассцілалася на зямлі і з кожнай калюжыны пасылала мне аксамітна- ласкавы позірк.
– Праб'ем агідную шкарлупіну разважлівасці! Кінемся, як прыпраўленыя пыхай плады ў агромністую скрыўленую пашчу ветру!.. Станем ежай Невядомаму, не праз адчай, а каб запоўніць глыбокія студні Абсурду!
Толькі я выказаў гэтыя словы і рэзка павярнуў руль (я гэта зрабіў гэтак жа па-дурному, як сабакі ганяюцца за сваім хвастом) – і калі ласка – выскокваюць раптам на мяне два веласіпедысты! Едуць па сваім правым боку, як дзве маралі, адначасова пераканаўчыя і супярэчлівыя. Іх дурная дылема не згаджалася са мной на маёй жа тэрыторыі!.. Ну і нудоціна! Хрась! Я рэзка затармазіў і з агідай перакуліўся ў канаву коламі ў неба...
О, матчына канава! Поўная смярдзючай вады, што цячэ з завода! Ой, прагна набраўся я тваёй жывільнай жыжы! Аж узгадаў чорную цыцку маёй карміцелькі-суданкі... Выпаўзшы запэцканай смярдзючай анучай з-пад перакуленай машыны, я адчуў, як соладка пераварочваецца маё сэрца ад накаленай сталі радасці!
Натоўп рыбакоў з вудамі і ўсялякіх хворых на падагру натуралістаў ужо шумеў наўкола дзіва-здарэння. Клапатліва і паслядоўна гэтыя людзі выцягвалі маю машыну з дапамогай высокіх металічных жэрдак і вялізных сетак. Мая занядужалая акула вынырвала з канавы, скідаючы, як луску, цяжкі кузаў здаровага сэнсу і мяккую абшыўку выгоды.
Я ўжо думаў, што мая акулка памерла, але аднаго майго пяшчотнага дотыку хапіла, каб яе душа вярнулася ў цела. І вось, калі ласка! Яна зноў на плаву, на сваіх дужых плаўніках!
І ўрэшце! Павыцершы свае брудныя твары ад завадскіх адкідаў, мешаніны з металаў, выпарэнняў і сажы нябеснай, мы адважна (дарма што кантужаныя і перавязаныя) выказалі нашую добрую волю ўсім жывым людзям на Зямлі:
Маніфест футурызму:
1. Мы хочам пяяць любоў да небяспекі! Энэргія і смеласць няхай увойдуць у звычку.
2. Адвага, дзёрзкаць і бунт будуць сутнасцю нашай паэзіі.
3. Да сённяшняга дня літаратура ўслаўляла нерухомасць думкі, экстаз і сон. Мы хочам уславіць агрэсіўны рух, ліхаманкавае бяссонне, імклівую хаду, cальта мартале, аплявухі і кулакі.
4. Мы цвердзім, што прыўкраснасць свету ўзбагацілася новай прыгажосцю – прыгажосцю хуткасці. Гоначны аўтамабіль з капотам, аздобленым тоўстымі трубамі-змеямі з выбуховым подыхам... грымучы аўтамабіль, які носіцца, як пад абстрэлам карцеччу, прыгажэйшы за Ніку Самафракійскую.
5. Мы хочам спяваць гімны чалавеку, які трымае руль. Яго ідэальная вось праходзіць праз усю Зямлю, якая таксама бяжыць па акружнасці сваёй арбіты.
6. Няхай паэт растраціць сябе, з жарам, з раскошай і шчодрасцю, каб зліцца з шалёным экстазам першабытных стыхіяў.
7. Няма большае прыгажосці, чым прыгажосць барацьбы. Калі ў творы няма агрэсіўнага героя, твор не можа быць шэдэўрам. Паэзія мусіць стварацца як гвалтоўная атака супраць невядомых сіл і змушаць іх скарыцца чалавеку.
8. Мы стаім на апошняй мяжы вякоў!.. Чаму мы павінны азірацца назад, калі хочам праламіць патаемныя дзверы Немагчымага? Час і Прастора ўчора памерлі. Мы ўжо жывем ў абсалюце, бо мы стварылі вечную ўсюдыісную хуткасць.
9. Мы хочам славіць вайну як адзіную гігіену свету, мілітарызм, патрыятызм, дэструкцыйныя жэсты вызваліцеляў, высокія ідэі, за якія паміраюць, і пагарду да жанчыны.
10. Мы хочам разбурыць музеі, бібліятэкі, акадэміі ўсіх гатункаў і змагацца супраць маралізму, фемінізму, супраць кожнай апартунісцкай і ўтылітарысцкай баязлівасці.
11. Мы будзем апяваць вялікія натоўпы, узбуджаныя працай, забавай ці бунтам; мы будзем апяваць шматколерныя і шматгучныя прылівы рэвалюцый у сучасных сталіцах; мы будзем апяваць вібруючы жар арсеналаў і верфяў, асветленых жорсткім святлом электрычных месяцаў; ненажэрныя вакзалы, што праглынаюць змеяў-курцоў; фабрыкі, падвешаныя да аблокаў завітымі ніткамі сваіх дымоў; масты, падобныя да гіганцкіх гімнастаў, што пералезлі праз рэкі і што мігцяць на сонцы, нібы бліскучыя лёзы нажоў; бунтоўныя параходы, што высочваюць гарызонт, шыракагрудыя паравозы, што цокаюць па рэльсах, як магутныя сталёвыя коні, зацугляныя трубамі, і лунаючы палёт аэраплана, вінт якога віецца на ветры, як сцяг, і б'е ў ладкі, як задаволены натоўп.
***
І гэта з Італіі мы кідаем у свет маніфест разбуральнага і палымнеючага гвалту. Такім чынам, мы засноўваем сёння Футурызм. Гэтым мы хочам вызваліць нашую краіну ад смярдзючай гангрэны прафесараў, археолагаў, цыцэронаў і антыквараў.
Задоўга Італія была кірмашом трухі. Мы хочам вызваліць яе ад безлічы музеяў, якія пакрываюць яе, як безліч цвінтароў.
Музеі – могілкі! Гэта тое ж, што змрочная мешаніна многіх незнаёмых нікому целаў. Музеі – гэта публічныя крыпты, дзе ты вечна спачываеш з тымі, каго ненавідзіш альбо не ведаеш! Музеі – гэта абсурдныя бойні мастакоў і скульптараў. Яны наносяць адно адному лютыя смертаносныя ўдары колерамі і лініямі, ходзячы ўздоўж сценаў, якія ёсць іхнай мэтай.
Прыйсці сюды раз на год, як да магілы нябожчыка, – вось усё, што мы можам дазволіць. Мы нават дапускаем раз на год ускладанне кветак ля ног Джаконды. Але скруху, крохкую смеласць і хваравіты неспакой у штодзённых паломніцтвах сюды – гэтага мы прыняць не можам. Навошта атручваць сябе? Каму трэба ва ўсім гэтым гніць?
І што яшчэ можна ўбачыць у старой карціне, акрамя нуднага крыўляння мастака, які намагаўся зламаць неадольны бар'ер, які перашкаджае цалкам выразіць свае мроі?.. Захапляцца даўняй карцінай – гэта тое самае, што змясціць нашую чуйнасць у пахавальную урну – замест таго каб скіроўваць яе вонкі, агрэсіўна ствараць і дзейнічаць.
Дык ці хочаце вы траціць найлепшыя сілы на гэтае вечнае непатрэбнае сузіранне мінулага, што смяротна стамляе, прыніжае і душыць?
Кажу вам: штодзённае наведванне музеяў, бібліятэк і акадэміяў (цвінтароў марных намаганняў, кальварыяў укрыжаваных мараў, спісаў здушаных памкненняў!..) – гэта для мастакоў такая ж шкода, як залішняя бацькоўская апека для адурэлых ад таленту і амбіцыяў маладзёнаў. Для смяротна хворых, калекаў ці вязняў светлае мінулае, можа, і ёсць бальзамам на іхныя раны, бо для іх будучыня – на замках і засовах... Але мы больш не хочам ведаць гэтага мінулага! Мы, маладыя, дужыя і жывыя – футурысты!
Вунь яны ідуць, радасныя падпальшчыкі з пальцамі-запалкамі! Нарэшце! Давайце, падпаліце паліцы бібліятэк! Павярніце воды рэк і каналаў і заліце музеі! О, якая радасць бачыць, як плыве па гэтых водах бляклае і падранае руно, калісь слаўнае сваёй даўніною! Зацісніце ў кулаках малаткі, сякеры і койлы і зруйнуйце, зруйнуйце бязлітасна слаўныя гарады!
* * *
Найстарэйшым з нас па трыццаць гадоў: засталося ўсяго дзесяць гадоў, каб давесці справу да канца. Калі нам будзе па сорак, маладзейшыя і спрытнейшыя за нас выкінуць і нас у сметніцу, як больш не патрэбныя рукапісы. Мы прагнем гэтага!
Нашыя наступнікі пойдуць супраць нас. Прыйдуць здалёк, з усіх краёў, танчачы пад узнёслы рытм сваіх першых песняў, цягнучы сутаргава прагныя да здабычы рукі і сквапна вынюхваючы ля дзвярэй акадэмій нашыя падгнілыя мазгі, ужо паабяцаныя катакомбам бібліятэк.
Але нас там не будзе... Урэшце яны знойдуць нас адной зімовай ноччу, недзе на вёсцы, пад якім-небудзь сумным навесам, па якім будзе барабаніць манатонны дождж. Убачаць нас на кукішках ля сваіх дрыготкіх аэрапланаў, а мы будзем грэць рукі над мізэрным агеньчыкам, у якім будуць дагараць нашыя сённяшнія кнігі, успыхваючы і ўзлятаючы іскрамі нашых вобразаў.
Загамоняць наўкола нас, душачыся ад трывогі і крыўды, раз'юшаныя нашым гонарам і нястомнай смеласцю, кінуцца на нас, каб забіць, кіраваныя нянавісцю, тым больш неўтаймоўнай, чым больш сэрцы іхныя будзе п’яніць любоў і захапленне намі.
Моцная і здаровая Несправядлівасць успыхне, як першы прамень сонца, у іхных вачах. Бо мастацтва – гэта не што іншае як гвалт, жорсткасць і несправядлівасць.
Найстарэйшым з нас па трыццаць гадоў, але мы ўжо растрацілі нашыя скарбы, незлічоныя скарбы сілы, кахання, адвагі, хітрасці і грубага жадання. Мы нецярпліва марнавалі іх у шаленстве, на ўсю моц, не падлічваючы, не вагаючыся, не адпачываючы ні хвіліны... Паглядзіце на нас! Мы яшчэ не стаміліся! Нашыя сэрцы не чуюць аніякай стомы, бо жывяцца агнём, нянавісцю і хуткасцю! Гэта вас дзівіць? Але ж вы нават не памятаеце, калі вы жылі! Стоячы на вяршыні свету, мы яшчэ раз кідаем выклік зоркам!
Маеце нешта супраць?.. Досыць! Досыць! Вядома... Мы ўсё зразумелі!.. Наш светлы і ілжывы розум кажа нам, што мы – вынік і працяг нашых продкаў. Магчыма!.. А нават калі й так!.. Што з таго? І слухаць не хочам!.. Сцеражыцеся паўтарыць нам гэтыя гнюсныя словы!
Уздыміце галовы!..
Стоячы на вяршыні свету, мы яшчэ раз кідаем выклік зоркам!
Le Figaro, Парыж, 20 лютага 1909