№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мікола Хвылявы

Кот у ботах (Кіт у чоботях)

Апавяданне

Пераклад з украінскай Уладзь Лянкевіч


І

Вось жа, пра глухое слова: Агаф'я – глуха, мы яе не Агаф'я, а таварыш Жучок. Гэта так, а тое – глуха.

А вось гафтаваць – гэта яскрава, бо гафтаваць: вышываць золатам альбо срэбрам.

...Бо ж бывае гафтаваны заход, бывае ўзыход, гэта калі ўздымаецца або кладзецца зарыва.

Гафтаваны – духмянае слова, як бывае ралля ў верасні або травы на сенакосах – травы, калі ідзе водар асакі на поплаве.

Агаф'я – гэта глуха. Мы яе: таварыш Жучок.

І пасуе.

... Вось яна:

Гэта тып: “кот у ботах”? Ведаеце малюнкі з дзяцінства: “кот у ботах”? Ён вельмі камічны. Але ён цёплы і блізкі, як матчына рука з сіняй жылкай, як празрысты вечар у чырвонцах восені.

“Кот у ботах” – гэта таварыш Жучок. Вось.

А цяпер я пытаю:

– Адкуль яны выйшлі – таварышы Жучкі? Колькі іх выйшла? Га?

А прайшлі яны ад краю да краю нашу духмяную чырвонцавую рэвалюцыю. Прайшлі таварышы Жучкі, “кот у ботах”.

...Ах, я ведаю: гэта Кастрычніцкая таямніца. Адкуль яны выйшлі – гэта Кастрычніцкая таямніца.

...Сягоння ў стэпах конніцы не чуваць, не бачу і “ката ў ботах”. Адкуль прыйшоў, туды і знік.

...Зніклі, разышліся па шляхах, па кварталах, па глухіх дарогах рэспублікі.

“Кот у ботах” – гэта муляры рэвалюцыі.

І сягоння, калі галубінае неба, калі вецер ціхенька казыча маю скронь, у маёй душы васільковы сум.

?

Так! Я хачу праспяваць стэпавую пустазельную песню гэтым шэранькім мулярам. Я вельмі хачу, але –

– Я не магу: трэба, каб была песня песняў, трэба, каб быў –

– Гімн.

Таму і васільковы сум: хіба я ствару гімн “кату ў ботах”, каб панесці гэты гімн у глухія нетры рэспублікі?

Хіба я ствару гімн?

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Вось ейнае адзенне:

– Блуза, спаднічка (зімою стары шынель), капялюшык, боты. Блуза, колер “хакі”, без гузікаў, колер “хакі” – гэта ж зялёны, а ўся рэвалюцыя стукае, звініць, арэ, утрамбоўвае па ярах, па пустазеллях, каля шахты – дзе колер “хакі”.

Уся рэвалюцыя без гузікаў, каб было прасторна, каб можна было выпрастацца, дыхнуць вольна на ўсе лёгкія, на ўсе стэпы, на ўсе сялібы...

– На ўвесь свет!

Спаднічка таксама “хакі”, а калі і не так, то ўсё адно так, бо колер пустазелля даўно адбіўся на ёй. Так, і спаднічка таксама “хакі”. Яна трошкі падзёртая спераду, трошкі адзаду, трошкі па баках.

Але сподняй сарочкі не бачна, бо рэвалюцыя ведае толькі адну гармонію фарбаў: чырвонцавы з колерам “хакі”, таму і сарочка была зялёная – цені пустазелля ўпалі на сарочку.

Вось.

– Капялюшык... а на ім пяціканцовая зорка. Гэтага досыць? А то яшчэ: пад капялюшыкам паголеная галава – не для моды, а для паходу, для прастору.

І нарэшце –

– боты.

Ну, тут ясна:

зірні на малюнак, той, што з дзяцінства.

Досыць?

А цяпер пра ейны выгляд, а потым –

– пра яе...

...Выгляд.

Русявая? Чарнявая?

Ясна – Жучок.

Зрэшты, гэта не важна...

...Вочы... ах, гэтыя вочы... Я зусім не раман пішу, а толькі маленькую песню.

Але трэба і пра вочы.

Вочы –

– таксама жучок.

Яшчэ глядзіце на ейныя вочы: калі на бузіну ўпадзе жнівеньскі промень – гэта тож ейныя вочы.

А вось нос (для паненак скандал!)... нос – галоўка ад цвічка: кірпаценькі (“Кірпа!” – казалі і так, за вочы толькі).

Ну, яшчэ рост.

Ясна: “кот у ботах”.

Зрэшты, я зусім не хачу ідэалізаваць таварыша Жучка, я хачу напісаць праўду пра яе – урывак праўды, бо ўся праўда

– гэта цэлая рэвалюцыя.

Цяпер мой чытач чакае ад мяне, мабыць, цікавай завязкі, цікавай развязкі, а ад “ката ў ботах” – агульнапрызнаных подзвігаў, прыгожых рухаў –

– яшчэ шмат чаго.

Гэта дарэмна.

Мы з таварышам Жучком не мяшчане, прыгожых рухаў у нас не будзе:

у таварыша Жучка не будзе.

Па гэта звяртайцеся да гітарных герояў гітарных паэмаў.

Таварыш Жучок – гэта толькі “кот у ботах” са жвавымі рухамі, з бузіновым поглядам, яна ходзіць па пустазеллі рэвалюцыі і, як муляр, цягне сонечную вагу, каб высушыць балота...

А якое – вы самі ведаеце.

І толькі.

А завязкі – развязкі так ад мяне і не дачакаецеся.

Бо завязка – Кастрычнік, а развязка – сонечны век, і да яго ідзем.

Развязка ў гітарных паэтаў... Вось: “Яны пацалаваліся, канец”, або “О мая Дульсінея! Усаджу сабе гэты кінжал... Памірае...”

Мы з таварышам Жучком гэтага не ведаем. Праўда, подзвігі ёсць, але яны не нашыя...

– А чые?

– Вы падумайце!

Дык вось. Гэта не раман – гэта толькі маленькая песня, і я хутка яе закончу.

ІІ

У гэтым раздзеле я апавядаю пра невялікі подзвіг...

– А чый? Вы падумайце!..

... Зіма, кудаса, завіруха, яшчэ завіруха...

Цягнік, чыгунка, і рэйкі, рэйкі ў стэп.

На Кубань! На Кубань! На Кубань! Доўга паравоз вазёкаецца ў дэпо: і тут – у дэпо, і там – у дэпо...

І ціха ў маўчанні стаяць снежныя станцыі: можа, зноў мы будзем бегаць сюды разгубленыя з запаленымі вачыма, а за станцыйнымі будынкамі завыюць ваўкі на журботны халодны семафор.

Але сягоння мы едзем на Кубань, бо верым у свае запаленыя вочы.

– Таварыш Жучок!

Так, і таварыш Жучок!

...А чаму яна ў гэтым палку, вы, канечне ж, не ведаеце і ніколі не дазнаецеся, бо і я не знаю, а брахаць не хачу: гэта ўрывак праўды, а ўся праўда – гэта цэлая рэвалюцыя.

...На кожнай станцыі толькі і чутно:

– Казакі! Казакі!

Паўсюль казакі, паўсюль бандыты.

Цягнецца цягнік, як ляныя валы ў полі, як ляныя валы з поля.

Стэп. Раптам:

– Стоп!

– Што такое?

– Няма паліва.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Таварышы! Усерасійская качагарня ў небяспецы!

                    Гэх, яблачка, куда коцішся,

                    Пападзёш да Краснова – не вароцішся.

І раптам:

                    Ой на горі та женці жнуть.

– ...Эй, вы, хахлы! Чаго завылі? Досі паніхідзіць – і так сумна.

...Стэп. Кудаса. Завіруха, яшчэ завіруха.

– ...Ефто пятой вагон – антірнаціональной. І скажу я тобе, братця, про народы. Латыш – ефто тіш, смірной народ, мудрай; оврей – тож нічяво. Ходя – катаяць аль тутарін – суварай і вернай народ. А вот ефтот хахол – паняхіда: как завоя пра паля аль пра девчыну – тякай!

...Стэп. Кудаса. І рэйкі – рэйкі.

– Казакі!

– Казакі!

– Дзе? Што? Як?

– Хто паніку робіць? Сволачы!

Выскокваюць сотні “наганаў”, “браўнінгаў”, “вінтовак”.

Нехта глядзіць з тугою, нехта рыхтуе набоі, нехта сеў на тандэр і паляцеў: паравоз адчапіўся і ляціць па паліва.

Таварыш Жучок, вам не боязна? Казакі!

Усміхаецца: у іхнай вёсцы былі казакі. Го, яна добра ведае, што гэта – казакі. І чамусьці засмуцілася, задумалася.

...Доўга белыя шырокія палі. Доўга паравоз не прыходзіць. Нарэшце прыходзіць. Тады зноў адыходзіць у дзікі і нямы стэп.

...Ад станцыі да станцыі, ад халоднай ночы да халоднай ночы.

Паліва няма. Калі ноч, тады трашчаць станцыйныя платы, і трашчаць і глядзяць тужліва абадраныя вагоны:

...“Цягнік генерала (імярэк)”.

...Ад дзікай станцыі да халоднай ночы, ад дзікай ночы да халоднай станцыі.

...Таварыш Жучок дастала паліва. А дастае так:

– Цётачка, дайце во гэтае паленца.

– Што?

– Дайце во гэтае паленца.

– Бяры.

Узяла.

– А можа, шчэ дасце?

Паглядзіць “цётачка”:

...Жучок: “кот у ботах”.

Яшчэ дае.

...Таварыш Жучок заліваецца:

– Ха! Ха! Абдурыла цётачку!

А яна зусім не абдурыла, яна проста – жучок!

Ах, гэтыя жучкі ў ботах, яны зусім не даюць мне спакою! Калі я буду вядомым пісьменнікам, тады я напішу вялікую драматычную паэму: “Кот у ботах”.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

...Трашчыць чыгунная печка – паліва. За вагонам ляціць, вее дзікая завіруха.

Едзем на Кубань.

– ...Во як... не так. (Гэта таварыш Жучок).

Во як... не так...

Каля печкі адзінка вагону – можа, я, можа, хто іншы, можа, усе мы.

Яна вучыць, як залапіць прапалены шынель.

Але яна кажа:

– Няма чаго дурня валяць. Думаеш, як прыедзеш дадому, то я з табою буду і тады цацкацца? Дулю! Як бы не так!... На, шый!

Яна нам абед варыць, яна нашая кухарка – і толькі. Яна беспартыйная, але ўжо мае ў торбачцы тоўсценькую кніжку “Что такое коммунизм” (без аўтара)... Издание N-го боевого участка рабоче-крестьянской Красной Армии.

...Часам мы ёй кажам:

– Слухай, таварыш Жучок! Ці не можна з табою падурэць?

Тады мы чуем:

– Дулю!

Мы рагочам, бо ведаем, што не ўсім “дулю!” – у нас ёсць малады “паранёк” – так завецца, так завем: “паранёк”. Ён таксама кірпаценькі, і мы ўжо бачылі, як ён абдымаў яе, і яна маўчала.

...Ну, гэта іхная справа.

...Але яна нас вельмі здзіўляла, яна часам ужывала такія словы, рабіла такія прамовы, што мы толькі раты разяўлялі.

Безумоўна, калі мы думалі толькі пра ворага, яна яшчэ пра нешта думала.

– Ці не скончыла ты, выпадкам, гімназію? – смяяўся хтосьці.

Яна камічна пляскала рукамі:

– Гімназію? Гімназія для паноў. А для нас – дулю!

Тады адзін нязграбны хахол аўтарытэтна заявіў:

– Гэта паходны Ленін...

– Ды рукі парэпаныя.

...А за акном была туга, і звісала туга з дроту, што ішоў, адыходзіў за слупамі немаведама куды.

...Завея, маразы, станцыі з замеценымі званамі, зрэдку туга на дрот, а заўжды:

– Гэх! Рэвалюцыя – дык рэвалюцыя!

А потым зноў халодныя вагоны, доўгія цягнікі, цягнік, як валы, і раптам:

– Стоп!

– Што такое?

– Няма паліва.

Паравоз адчапляюць, паравоз ляціць ў цёмную дзікую кудасу, у дзікі нямы стэп.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Толькі забыў яшчэ сказаць:

Часцяком, калі цягнік спыняўся на станцыі “на неапрэдзялённае ўрэмя”, таварыш Жучок, справіўшыся каля паходнае кухні, выходзіла з вагону невядома куды, і доўга яе не было. А адтуль яна прыходзіла заўжды журботная.

Чаго журботная?

Гэта будзе бачна далей.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Плакаць! Плакаць! Плакаць!

Гу-у! Гу-у!

Бах! Бах!

Плакаць! Плакаць! Плакаць!

Усход. Захад. Поўнач. Поўдзень

Расія. Украіна. Сібір. Польшча.

Туркестан. Грузія. Беларусь.

Азербайджан. Крым. Хіва. Бухара.

Плакаць! Плакаць! Плакаць!

Немцы, палякі, петлюраўцы – яшчэ, яшчэ, яшчэ...

Калчак. Юдэніч. Дзянікін – яшчэ, яшчэ, яшчэ...

Плакаць! Плакаць! Плакаць!

Месяц, два, тры, шэсць, дваццаць... яшчэ, яшчэ, яшчэ...

Гу-у! Гу-у!

Бах! Бах!

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Імчаліся месяцы...

Мінула... я не ведаю, колькі мінула: можа, гэта было ўчора, можа, заўчора, а можа, прамінула дзвесце гадоў?

Калі гэта было?... А можа, гэта васільковы сон?

– Не ведаю!

І вось – лета, стэпавае лета. Гэта стэпы каля Дняпра – недалёка Дняпро.

...Цяпер ночы ў летніх стэпах.

Гэта так дзівосна, так каламутна!

Ведаеце? Сядзіш у стэпе і думаеш пра кавыль. Гэта так дзівосна: думаць пра кавыль, калі ён таемна шапоча, калі шапаценне зайчыкам: скок! скок!

Гэта так дзівосна!

Ах, які мяне жаль бярэ, што мае папярэднікі намалявалі ўжо стэп уначы. А то б я яго так намаляваў – дальбог!

...Я прыехаў.

На трэці дзень атрымліваю цыдулку:

“Таварышч, вы, кажэцца, прыехалі ешчо ў пятніцу. Прэдлагаю нямедленна зарэгістрыравацца ў ячэйке”.

Кажу:

– Сакратар, мабыць, шэльма, са старых партыйцаў.

Таварыш усміхнуўся:

– Цябе дзівіць запіска? “Это чепуха”. Вось ты яшчэ дыскусію паспытаеш. У пячонках у мяне сядзіць гэтая дыскусія.

Я зацікавіўся.

– Што за дыскусія?

– Пачакай, сам дазнаешся.

І не сказаў.

...Я пайшоў.

– Дзе пакой кам'ячэйкі?

– Вунь!

Уваходжу.

Гляджу – нешта знаёмае. Думаю, прыгадваю і раптам успомніў: ды гэта ж “кот у ботах”.

Вось дык штука!

– Вы сакратар кам'ячэйкі?

– Я...

– Вас, здэцца, таварыш Жучок?

– Так.

– Ну, дык мы з вамі знаёмыя. Памятаеце?..

Яна звычайна ўсё памятае, але спачатку зарэгістравала мой партбілет, а потым ужо гаварыла.

...Ясна: мінула столькі часу. Таварыш Жучок дачытала – прачытала “Что такое коммунизм” (без аўтара)... Издание N-го боевого участка рабоче-крестьянской Красной Армии. І толькі.

А другое так проста: ходзіць “кот у ботах” па пустазеллях рэвалюцыі і, можа, і сам не ведае, што ён сакратар кам’ячэйкі, а потым дазнаецца і піша:

“Прэдлагаю нямедленна зарэгістрыравацца...”

Адным словам, я, мабыць, і не здзівіўся, тым больш што прайшло так многа часу, а “кот у ботах” і тады ўжо быў –

– “паходны Ленін...”

І, трэба шчыра сказаць, другое выданне Леніна – “Паходны Ленін” – таксама часам было суворае і жахлівае.

Вось малюнак:

Я правініўся.

Таварыш Жучок вочы драконам:

– Таварыш! І вам не сорамна?

– Дазвольце... я ж... дальбог... я ж...

Таварыш Жучок вочы драконам:

– Ваш партбілет!.. Давайце!

Аддаю.

Піша:

“Таварышч такі-та ў таком-та месяцэ прапусціў столька-та сабраній. Палучыл выгавар от секрэтара ком'ячэйкі с прэдупрэждзеніем вынесці яго недзісцыплініраванасць на абсуждзеніе обшественнага мненія парціі пасрэдствам парційнага суда на прэдмет перавода ў кандзідаты ілі аканчацельнага ісключэння із нашых комунісцічэскіх радоў. Подпісь”.

Кропка.

          Каротка.

                    Ясна.

І трошкі таго... нясмела.

...Звычайна, як і тады (тады – у дзікім стэпе), на ёй колер “хакі”, бо рэвалюцыя ведае адну гармонію фарбаў: чырвонцавы з колерам “хакі”. Як і тады: вялізныя боты не па назе. Як і тады.

– Дулю!

Як і тады, бузіновы погляд, бузіновы смех і носік – галоўка ад цвічка: кірпаценькі.

...Як і тады, былі ночы, але ўжо не халодныя, а цёплыя, мройныя – летнія стэпавыя ночы.

Толькі цяпер трывожылі нас не казакі, а бандыты-лесавікі трывожылі наш тыл. А з поўдня насядаў раз'юшаны, паранены (дабівалі) мядзведзь з белага кубла вялікай Расійскай імперыі.

А вось дыскусія (у пячонках сядзіць!)

Ёсць хадзячая фраза: Трэба быць начаку і не забывацца на чаку.

Перафразавалі.

– Дыскусія – гэта быць начаку, каб не трапіць у сакратарскую чаку.

Таварыш Жучок кажа:

– Сягоння вечар дыскусіі!

Мы:

– Во-ох! У пячонках яна сядзіць! (Гэта звычайна не ўголас).

– Таварыш! Дайце мне на хвіліну “Азбуку камунізму”.

– Ат, не перашкаджайце, таварыш. Вось я і забыўся: як ета? Цьху, чорт. Значыць, капіталізм імеет тры прызнака: наёмны труд... наёмны труд... наёмны труд...

Хтосьці падказвае:

– Манапалізацыя срэдств праізводства. І...

– Ды йдзіце вы к чорту, сам цудоўна ведаю.

...А вось на другім краі:

– Камедзія! Как ўсе завалнаваліся. Таварышч Ларыкаў, неўжэлі вы не валнуецесь? Не веру. Не паверу, каб вы ўсё зналі.

Гэта да аднаго з тых, што ўсё ведаюць:

– Ну вот, еслі вы ўсё знаеце, скажыце: кагда Цьер разбіў вялікую французскую камуну – ў 71 ілі ў 48 гаду? А? Вот скажыце.

– А вы таварышч Малодачкаў, не хітрыце, не выпытывайце, скажыце проста, што вы знаеце. І тагда я вам скажу.

Малодчыкаў чырванее, і я чырванею, і многія з нас чырванеюць, бо большасць з нас – гэта тыя, што нічога не ведаюць, але гэтага ні ў якім разе не скажуць.

– Гэта ж лухта – гэтыя дыскусіі, нібыта мы школьнікі.

– І праўда. На халеры гэта? Гэта ж буржуазная метода асветы. Не хапае яшчэ экзамену з інспектарам.

Яшчэ чуваць:

– Ды наканец дайце мне на мінуту “Азбуку камунізму”.

– Цьху, чорт, зноўку забыўся. Капіталізм імее тры прызнака: манапалізацыя праізводства... манапалізацыя праізводства...

– Вось бачыце, усё адно не знаеце.

– Ах, астаўце мяне, таварышч...

Нарэшце вечар.

Так: за акном, як і ў іншых маіх апавяданнях (не ўсіх), – громы гармат, а недзе ў травах, а потым на дарозе – кавалерыя. Наша? Кажуць, не наша. А чыя? Не ведаю. Можа, варожая кавалерыя, можа, рэйд.

І хтосьці ціхенька за травамі – “можа, заўтра тут, дзе мы сядзім, будуць паперкі, ашмёткі і пах пустаты, пах пабегу, пах крыві”.

Але гэта забываецца.

...Дакладчык скончыў.

Таварыш Жучок:

– Ну, таварыш Бойка, усё-ткі я нічога не зразумела. Да чаго тут дыялектыка, калі сказана гістарычны матэрыялізм? Вы як думаеце?

– Дазвольце, таварыш старшыня, я, собсцвенна, слова не прасіў.

Мы гаварылі, мы блыталіся (нам часам было нават млосна).

А ўсё гэта называлася дыскусія.

Таварыш Жучок казала:

– Дулю! Не так. Ану вы, таварыш Малодчыкаў?

Яна рашуча ўваходзіла ў ролю педагога.

А мы шалелі, бо ў нас было самалюбства. Мы абураліся на нашую былую кухарку, на сённяшняга сакратара кам'ячэйкі – на “ката ў ботах”.

...Потым яна бегала, мітусілася, збірала жанчын, наладжвала жаночыя сходы, дзе гаварылі: пра спарон, пра каханне, пра права кухаркі (Ленін сказаў).

Крычалі:

– Далоў сям'ю!

– Няхай жыве халастая жанчына!

А для плоднай жанчыны казалі:

– Няхай будзе інтэрнат, няхай будуць супольныя пральні і г.д., ды інш.

– ...Таварыш Жучок, можна двох любіць?

– Гэта залежыць ад таго, як вы ведаеце гістарычны матэрыялізм. Я яго кепска ведаю, а таму і “ўстрымліваюся”.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Во як –

– шмат напісаў бы яшчэ пра таварыша Жучка, і гэты занятак вельмі цікавы. Ды, бачыце, цяпер палова на пятую, і мне трэба ўжо спяшацца на партсход, бо там –

– таварыш Жучок № 2, а гэта значыць... ды калі вы партыйны, то вы самі ведаеце, што гэта значыць.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Яна напісала так:

“Таварыш Мікола (гэта мне, Мікола Хвылявы). Вы, здаецца, паслязаўтра будзеце ўжо ў Тарашчанскім палку, а я зараз буду ў рэзервавай конніцы: там штосьці махноўшчына, трэба паагітаваць. Можа, ніколі не пабачымся, дык я вас хачу папрасіць: не злуйцеся на мяне за дыскусію. Я ведаю, у вас – самалюбства, але ў нас – цемната. А паколькі дыктатура наша... Карацей, вы мяне разумееце: нам трэба за год-два-тры вырасці не на вяршок, а на ўвесь сажань. З камуністычным прыветам. Жучок”.

Але яна сёння не паехала, і мы яшчэ пабачымся.

Пабачыліся вось дзе.

Уявіце – пустая школа, палітаддзел. Па кутках на сталах спяць. Гэта муляры рэвалюцыі. Частка з іх паедзе ў палкі, палітаддзелы дывізій, частка яшчэ будзе тут, а потым таксама паедзе ў палкі, у палітааддзелы дывізій.

Гэта прыходская школа рэвалюцыі.

...Было зорна, а потым зрабілася цёмна – прайшлі хмары.

...Пабегла імжа.

Імжыла, імжыла, і чамусьці было сумна тады. Хацеў хутчэй заснуць.

Але ў кутку часта шморгалі носам і не давалі спаць.

– Таварыш, не замінайце спаць!

...Маўчанне.

Імжа ціха, аднастайна біла ў акно. Хацелася, каб не было імжы і не тарахцелі падводы: нагадвалі цяжкую дарогу на Маскву – ісці на Маскву, на поўнач ад варожых рэйдаў.

– Таварыш, не замінайце спаць.

Маўчанне.

...Вы, мабыць, ужо ведаеце, што гэта таварыш Жучок шморгала.

Яна падышла да мяне.

– Хадземце!

Я здзіўлена паглядзеў на яе.

...Выйшлі на ганак.

Была адна шэрая дарога ў начны стэп, і была імжа.

– Вы плакалі?

– Так!..

І засмяялася:

– Мне трошкі сорамна... ведаеце... бывае.

І расказала.

Тады я дазнаўся, што таварыш Жучок, хоць і жучок і “кот у ботах”, але і ёй бывае сумна, а бывае не бывае:

– Дулю!

Тады мне кірпаценькі носік расказаў, што ёй не 19, як мы думалі, а цэлых 25 гадоў, што ў яе ўжо быў байструк і гэтага маленькага байструка –

– павесіў на ліхтары казак.

Гэта было на Далёкім Усходзе, але гэта й цяпер цяжка.

Гэта было на Далёкім Усходзе, калі яна пайшла па дарозе за атрадам. А тое была казачая помста.

...Я успомніў снежны стэп.

...Ішла імжа.

...Была адна шэрая дарога і цёмныя абрысы будынкаў.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Ды зрэшты, гэта не дзіва, што дзіця на ліхтары павесілі: было яшчэ і не такое.

Я не збіраюся ў вас выклікаць слёзы.

А вось маленькі подзвіг – гэта без сумневу.

А чый? –

– Вы падумайце.

...Таварыш Жучок № 2,

                         № 3,

                         № 4,

і не ведаю, яшчэ колькі ёсць.

Таварыш Жучок № 1 няма.

Знік “кот у ботах” у глухіх нетрах рэспублікі.

Знік таварыш Жучок.

...Ходзіць “кот у ботах” па пустазеллі рэвалюцыі, носіць сонечную вагу, каб высушыць балота, а якое – вы ведаеце.

Так:

– поп ахрысціў Агаф'я (глухое слова, а вось гафтаваць – вышываць золатам або срэбрам – гэта яскрава).

Мы назвалі –

     – таварыш Жучок.

А гісторыя назаве –

     – “кот у ботах”.

Кот у ботах – тып. Кропка. Каротка. Ясна.

Усё.

Пераклад з украінскай – Уладзь Лянкевіч © 2009

Чытайце таксама

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

Рэй Бэроа

Рэй Бэроа

Дамінікана-амерыканскі паэт і крытык, лаўрэат прэміі Парыжскай акадэміі мастацтваў і навук

Ёзэф Чапэк

Ёзэф Чапэк

Чэшскі мастак, графік, фатограф, кніжны ілюстратар, эсэіст, брат Карэла Чапэка

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Аўтар адной кнігі — хто гэта? Былі выпадкі, калі пісьменнік напісаў адзін твор і замаўчаў

1181