№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мікола Хвылявы

Я (Рамантыка) (Я (Романтика))

Апавяданне

Пераклад з украінскай Уладзь Лянкевіч


“Яблыні ў квецені”

З далёкага туману, з ціхіх азёраў загорнае камуны шапоча шапаценне: гэта ідзе Марыя. Я выходжу на небсяжныя палі, праходжу перавалы і там, дзе рдзеюць курганы, пахіляюся на самотную пустынную скалу. Я гляджу ў далячынь. – Тады думка за думкаю, як амазонкі, джыгітуюць вакол мяне. Тады ўсё знікае... Таемныя вершнікі лятуць, рытмічна гойдаючыся, да адгор'я, і згасае дзень; бяжыць у магілах дарога, а за ёю маўклівы стэп... Я падымаю вейкі і ўспамінаю... сапраўды, мая маці – уцялеснены правобраз той надзвычайнай Марыі, што стаіць на межах невядомых вякоў. Мая маці – наіўнасць, ціхая журбота і дабрыня бязмежная. (Гэта я добра памятаю!) І мой немагчымы боль, і мая нязносная пакута цепляцца ў лампадзе фанатызму перад гэтым дзівосным сумным вобразам.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Маці кажа, што я (ейны мяцежны сын) зусім замучыў сябе... Тады я бяру ейную мілую галаву з налётам серабрыстае сівізны і ціха кладу на свае грудзі... За акном ішлі росныя ранкі і падалі перламутры. Праходзілі невыносныя дні. Удалечыні з цёмнага лесу цягнуліся падарожнікі і каля сіняе крыніцы, дзе разляцеліся дарогі, дзе разбойны крыж , спыняліся. Гэта – маладое загор'е.

– Але мінаюць ночы, шапацяць вечары каля таполяў, таполі адыходзяць у шасэйную няведамасць, а за імі – леты, гады і маё шалёнае юнацтва. Тады дні перад навальніцаю. Там, за адгор'ем шызага боку (я сам не даганяю, колькі не круціў), бліскаюць маланкі і накіпаюць, і пеняцца горы. Цяжкі задушлівы гром ніяк не прарвецца з Індыі, з усходу. І томіцца прырода ў пераднавальніччы. А тым часам, за хмарным накіпам чуваць і іншы гул – глухая кананада. Насоўваюцца дзве навальніцы.

– Трывога! – Маці кажа, што палівала сягоння мяту, мята
памірае ў скрусе. Маці кажа: “Збіраецца на навальніцу!
І я бачу: у ейных вачах стаяць дзве крышталёвыя роскі.

І

Атака за атакаю. Шалёна напіраюць варожыя палкі. Тады нашая кавалерыя з флангу, і ідуць флангі інсургентаў у контратаку, а навальніца расце, і мае думкі – нясцерпна нацягнуты дрот.

Дзень і ноч я прападаю ў ”чэка”.

Памяшканне нашае – фантастычны палац: гэта будынак расстралянага шляхціча. Вычварныя парцьеры, старасвецкія ўзоры, партрэты княскага роду. Усё гэта глядзіць на мяне з усіх канцоў майго выпадковага кабінету.

Дзесьці апарат вайсковага тэлефону цягне сваю сумную трывожную мелодыю, што нагадвае далёкі вакзальны ражок.

На шыкоўнай канапе сядзіць, падклаўшы пад сябе ногі, узброены татарын і манатонна напявае: “ала-ла-ла”.

Я гляджу на партрэты: князь хмурыць бровы, княгіня – напышлівая пагарда, княжычы – у мроку стогадовых дубоў.

І ў гэтай надзвычайнай суворасці я адчуваю ўвесь старажытны свет, усю бяссільную грандыёзнасць і красу трэцяе маладосці мінулых шляхецкіх гадоў.

Гэта выразны перламутр на банкеце дзікай галоднай краіны.

І я, зусім чужы чалавек, бандыт – па адной тэрміналогіі, інсургент – па другой, я проста і ясна гляджу на гэтыя партрэты, і ў маёй душы няма і не будзе гневу. І гэта зразумела:

– я – чэкіст, але і чалавек.

Цёмнай ноччу, калі за акном праходзяць гарадскія вечары (сядзіба ўзляцела на гару і царуе над горадам), калі сінія дымкі ўздымаюцца па-над цагельняю і абываталі, як мышы, – за падваротню, у канарэечны замак, цёмнай ноччу ў маім кабінеце збіраюцца мае таварышы. Гэта новы сінедрыён, гэта чорны трыбунал камуны.

Тады з кожнага закутка глядзіць сапраўдная і насамрэч жахлівая смерць. Абываталь:

– Тут паседжанне садызму!

Я:

... (маўчу).

На гарадской вежы за перавалам трывожна звініць медзь. Гэта б'е гадзіннік. З цёмнага стэпу далятае глухая кананада.

Мае таварышы сядзяць за шырокім сталом, што з чорнага дрэва. Цішыня. Толькі далёкі вакзальны ражок тэлефоннага апарата зноў цягне сваю маркотную, трывожную мелодыю. Зрэдку за акном праходзяць інсургенты.

Маіх таварышоў лёгка пазнаць:

доктар Тагабат,

Андруша,

трэці – дэгенерат (верны вартавы на каравуле).

Чорны трыбунал у поўным складзе.

Я:

Увага! На парадку дня справа крамніка ікс!

Са старасвецкіх пакояў выходзяць лёкаі і гэтаксама, як перад князямі, схіляюцца, выразна глядзяць на новы сінедрыён і стаўляюць на стол гарбату. Потым нячутна знікаюць па аксаміце дываноў у лабірынтах высокіх пакояў.

Кандэлябр на дзве свечкі цьмяна гарыць. Святлу не пад сілу дастаць нават чвэрці кабінету. У вышыні ледзь хістаецца жырандоля. У горадзе – цемра. І тут – цемра: электрычная станцыя ўзарваная. Доктар Тагабат разваліўся на шырокай канапе падалей ад кандэлябра, і я бачу толькі белую лысіну і надта высокі лоб. За ім яшчэ далей у цемру – верны вартавы з дэгенератыўнай будоваю чэрапа. Мне відаць толькі ягоныя трохі сумныя вочы, але я ведаю:

– у дэгенерата – нізенькі лоб, чорная капа раскудлачаных валасоў і пляскаты нос. Мне ён заўжды нагадвае катаржніка, і я думаю, што ён не раз мусіў фігураваць у раздзеле крымінальнай хронікі.

Андруша сядзіць праваруч мяне з разгубленым тварам і зрэдку трывожна пазірае на доктара. Я ведаю, у чым справа.

Андрушу, майго беднага Андрушу, прызначыў гэты нязносны рэўком сюды, у “чэка”, супраць ягонай кволай волі. І Андруша, гэты невясёлы камунар, калі трэба энэргічна распісацца пад цёмнай пастановаю –

– “расстраляць”,

       заўсёды мнецца, заўсёды распісваецца так:

       не імя і прозвішча на суворым жыццёвым дакуменце ставіць, а зусім

       незразумелы, зусім хімерны, як хетыйскі іерогліф, хвосцік.

Я:

Справа ўся. Доктар Тагабат, як вы мяркуеце?

Доктар (дынамічна):

– Расстраляць!

Андруша крыху спалохана пазірае на Тагабата і мнецца. Нарэшце, дрыжучы, няўпэўненым голасам, кажа:

– Я з вамі, доктар, не згодны.

– Вы са мною не згодны? – і грукат хрыплага рогату пакаціўся ў цёмныя княскія пакоі.

Я гэтага рогату чакаў. Так заўсёды было. Але і на гэты раз здрыгваюся, і мне здаецца, што я іду ў халодную багну. Жвавасць маёй думкі дасягае кульмінацыі.

І ў той жа момант знянацку перада мной ўсплывае вобраз маёй маці...

– ... “Расстраляць”???

І маці ціха, журботна глядзіць на мяне.

...Зноў на далёкай гарадской вежы за перавалам звініць медзь: Гэта б'е гадзіннік. Паўночная цемрадзь. Да шляхецкага дому ледзь далятае глухая кананада. Перадаюць у тэлефон: нашы пайшлі ў контратаку. За парцьерай у шкляных дзвярах стаіць зарыва: гэта за далёкімі пагоркамі гараць вёскі, гараць стэпы, і выюць на пажар сабакі па закутках гарадскіх падваротняў. У горадзе цішыня і маўклівы перазвон сэрцаў.

...Доктар Тагабат націснуў кнопку.

Тады лёкай прыносіць на падносе старыя віны. Потым лёкай ідзе, і растаюць ягоныя крокі, аддаляюцца па леапардавых футрах.

Я гляджу на кандэлябр, але мой погляд мімаволі падкрадаецца туды, дзе сядзяць доктар Тагабат і вартавы. У іхных руках бутэлькі з віном, і яны яго п'юць прагавіта, драпежна.

Я думаю: “так трэба”.

Але Андруша нервова пераходзіць з месца на месца і ўсё парываецца нешта сказаць. Я ведаю, што ён думае: ён хоча сказаць, што так несправядліва, што так камунары не робяць, што гэта – вакханалія і г.д. і да т.п.

Ах, які ён дзіўны, гэты камунар Андруша!

Але калі доктар Тагабат кінуў на аксамітны дыван пустую бутэльку і выразна напісаў сваё прозвішча пад пастановаю –

– “расстраляць”, –

мяне раптоўна ўзяла роспач. Гэты доктар з шырокім ілбом і белаю лысінай, з халодным розумам і з каменем замест сэрца, – гэта ж ён і мой безвыходны гаспадар, мой звярыны інстынкт. І я, глаўкаверх чорнага трыбуналу камуны, – нікчэмнік у ягоных руках, які аддаўся на волю драпежнай стыхіі.

“Але які выхад?”

– Які выхад?? – і я не бачыў выйсця.

Тады праносіцца перада мною цёмная гісторыя цывілізацыі, і цягнуцца народы, і вякі, і сам час...

– Але я не бачыў выйсця!

Насамрэч доктар Тагабат меў рацыю.

...Андруша спехам рабіў свой хвосцік пад пастановаю, а дэгенерат, смакуючы, углядаўся ў літары.

Я падумаў: “калі доктар – злы геній, мая злая воля, тады дэгенерат – гэта кат з гільятыны”.

Але я падумаў:

– Ах, якая бязглуздзіца! Хіба ён кат? Гэта ж яму, гэтаму вартавому чорнага трыбуналу камуны, у моманты вялікага напружання я складаў гімны.

І тады адыходзіла, аддалялася ад мяне мая маці – правобраз загорнае Марыі, і замірала, у цемры чакаючы.

...Свечкі раставалі.

Суворыя постаці князя і княгіні знікалі ў сінім тумане цыгарэтнага дыму.

...На расстрэл асуджана

                                        – шэсць!

Досыць! На гэтую ноч досыць!

Татарын ізноў цягне сваё азіяцкае: “ала-ла-ла”. Я гляджу на парцьеру, на зарыва ў шкляных дзвярах. – Андруша ўжо знік. Тагабат і вартавы п'юць старыя віны. Я перакідаю праз плячо маўзэр і выходжу з княскага дому. Я іду па пустынных маўклівых вуліцах гораду ў аблозе.

Горад мёртвы. Абываталі ведаюць, што нас праз тры-чатыры дні не будзе, што дарэмныя нашыя контратакі: хутка зарыпяць нашыя тачанкі ў далёкі паўночны край. Горад затаіўся. Цемрадзь.

Цёмным кашлатым сілуэтам стаіць на ўсходзе княская сядзіба, цяпер – чорны трыбунал камуны.

Я паварочваюся і гляджу туды, і тады знячэўку ўспамінаю, што шэсць на маім сумленні.

...Шэсць на маім сумленні?

Не, гэта няпраўда. Шэсць соцень,

шэсць тысяч, шэсць мільёнаў –

цемра на маім сумленні!!!

– Цемра?

І я сціскаю галаву.

...Але зноў перада мною праносіцца цёмная гісторыя цывілізацыі, цягнуцца народы, і вякі, і сам час...

Тады я, знямоглы, пахіляюся на плот, станаўлюся на калені і палка бласлаўляю той момант, калі я сустрэўся з доктарам Тагабатам і вартавым з дэгенератыўнай будоваю чэрапа. Потым паварочваюся і малітоўна гляджу на ўсходні кашлаты сілуэт.

...Я губляюся ў завулках. І нарэшце выходжу да адзінокага дамка, дзе жыве мая маці. У двары пахне мятаю. За хлявом шугаюць бліскавіцы і чуваць грукат задушанага грому.

Цемра!

Я іду ў пакой, здымаю маўзэр і запальваю свечку.

...– Ты спіш?

Але маці не спала.

Яна падыходзіць да мяне, бярэ мой стомлены твар у свае сухія старэчыя далоні і схіляе сваю галаву на мае грудзі. Яна зноў кажа, што я, ейны мяцежны сын, зусім замучыў сябе.

І я адчуваю на сваіх руках яе крышталёвыя роскі.

Я:

Ах, як я стаміўся, мама!

Яна падводзіць мяне да свечкі і глядзіць на мой змораны твар. Потым становіцца каля цьмянае лампады і журботна глядзіць на абраз Марыі. – Я ведаю: мая маці і заўтра пойдзе ў манастыр: ёй нясцерпныя нашыя трывогі і хіжа навокал.

Але тут жа, дайшоўшы да ложку, здрыгануўся:

– Хіжа навокал? Хіба маці смее думаць так? Так думаюць толькі версальцы!

І тады, збянтэжаны, запэўніваю сябе, што гэта няпраўда, што ніякай маці няма перада мною, што гэта не больш чым фантом.

– Фантом? – ізноў здрыгануўся я.

Не, якраз гэта – няпраўда! Тут, у ціхім пакоі, мая маці не фантом, а частка майго ўласнага злачыннага “я”, якому я даю волю. Тут, у глухім закутку, на ўскраіне гораду, я хаваю ад гільятыны адзін канец сваёй душы.

І тады ў жывёльным экстазе я заплюшчваю вочы і, як самец напрадвесні, захлынаюся і шапчу.

– Каму патрэбна ведаць дэталі маіх перажыванняў? Я сапраўдны камунар. Хто наважыцца сказаць мне іначай? Няўжо я не маю права адпачыць адну хвіліну?

Цьмяна гарыць лампада перад абразом Марыі. Перад лампадаю, як драўляная скульптура, стаіць мая журботная маці. Але я ўжо нічога не думаю. Маю галаву гладзіць ціхі блакітны сон.

ІІ

...Нашы назад: з пазіцыі на пазіцыю; на фронце – паніка, у тыле –паніка. Мой батальён напагатове. Праз два дні я і сам кінуся ў гарматны гул. Мой батальён як на падбор: гэта юныя фанатыкі камуны.

Але цяпер я не менш патрэбны тут. Я ведаю, што такое тыл, калі вораг пад сценамі гораду. Гэтыя мутныя чуткі шырацца з кожным днём і, як змеі, распаўзліся па вуліцах. Гэтыя чуткі ўжо муцяць гарнізонныя роты.

                    Мне паведамляюць:

                    – Ідуць глухія нараканні.

                    – Можа выбухнуць бунт.

Так! Так! Я ведаю: можа выбухнуць бунт, і мае верныя агенты шныпараць па завулках, і ўжо няма куды ўмяшчаць гэты вінаваты і амаль невінаваты абыватальскі хлуд.

...А кананада ўсё бліжэй і бліжэй. Часцейшыя ганцы з фронту. Хмарамі збіраецца пыл і стаіць над горадам, пакрываючы каламутнае вогненае сонца. Зрэдку шугаюць маланкі. Цягнуцца абозы, крычаць трывожна паравікі, праносяцца кавалерысты.

Толькі каля чорнага трыбуналу камуны стаіць прыгнятальная маўклівасць.

Так:

будуць сотні расстрэлаў, і я ў канец збіваюся з ног!

Так:

ужо чуюць версальцы, як у гулкай і мёртвай цішы княскага маёнтку над горадам бліскаюць выразныя і кароткія стрэлы; версальцы ведаюць:

– Штаб Духоніна!

...А ранкі красуюць перламутрам, і падаюць ранішнія зоркі ў туман далёкага бору.

...А глухая кананада расце.

Расце пераднавальнічча: хутка будзе навальніца.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

...Я ўваходжу ў княскую сядзібу.

Доктар Тагабат і вартавы п'юць віно. Андруша пануры сядзіць у кутку. Потым Андруша падыходзіць да мяне і наіўна-сумна кажа:

– Слухай, дружа! Адпусці мяне!

Я:

Куды?

Андруша:

– На фронт. Я больш не магу тут.

Ага! Ён больш не можа! І ўва мне раптам успыхнула злосць. Нарэшце прарвалася. Я доўга стрымліваў сябе. – Ён хоча на фронт? Ён хоча падалей ад гэтае чорнае бруднае справы? Ён хоча выцерці рукі і быць бязвінным, як голуб? Ён мне аддае “сваё права” купацца ў лужынах крыві?

Тады я крычу:

– Вы забываецеся! Чуеце?.. Калі вы яшчэ раз скажаце пра гэта, я вас зараз жа расстраляю.

Доктар Тагабат дынамічна:

– Так яго! так яго! – і пакаціўся рогат па пустэльных лабірынтах княскіх пакояў. – Так яго! так яго!

Андруша зніякавеў, збялеў і выйшаў з кабінету.

Доктар сказаў:

– Кропка! Я адпачну! Працуй яшчэ ты!

Я:

Чыя чарга?

– Справа № 282.

Я:

Вядзіце.

Вартавы моўчкі, нібы аўтамат, выйшаў з пакою.

(Так, гэта быў незаменны вартавы: не толькі Андруша – і мы грашылі: я і доктар. Мы часта ўхіляліся даглядаць расстрэл. Але ён, гэты дэгенерат, заўжды быў салдатам рэвалюцыі, і толькі тады йшоў з поля, калі раставалі дымкі і закопвалі расстраляных).

...Парцьера расхінулася, і ў мой кабінет увайшло двое: жанчына ў жалобе і мужчына ў пенснэ. Яны былі канчаткова напалоханыя абстаноўкаю: арыстакратычная раскоша, княскія партрэты і гармідар – пустыя пляшкі, рэвальверы і сіні цыгарэтны дым.

Я:

Ваша фамілія?

Зэт!

– Ваша фамілія?

– Ігрэк!

Мужчына сабраў тонкія губы і ўпаў у беспардонна-плаксівы тон: ён прасіў літасці. Жанчына выцірала хусткай вочы.

Я:

Дзе вас забралі?

– Там і там!

– За што вас забралі?

– За тое й тое!

Ага, у вас быў сход! Якія могуць быць сходы ў такі трывожны час уначы на прыватнай кватэры?

Ага, вы тэасофы! Шукаеце праўды!.. Новай? Так! Так!.. Хто ж гэта?.. Хрыстос?.. Не?.. Іншы збаўца свету?.. Так! Вас не задавальняе ні Канфуцый, ні Лао-цзы, ні Буда, ні Магамет, ні сам чорт!.. Ага, разумею: трэба запоўніць пустое месца...

Я:

Дык па-вашаму, значыцца, наспеў час прыходу Месіі?

Мужчына і жанчына:

– Так!

Я:

Вы мяркуеце, што гэты псіхалагічны крызіс заўважаецца і ў Еўропе, і ў Азіі, і ва ўсіх частках свету?

Мужчына і жанчына:

– Так!

Я:

Дык якой жа вы халеры, трасца вашай матары, не зробіце гэтага Месію з “чэка”?

Жанчына заплакала. Мужчына яшчэ больш збялеў. Суворыя партрэты князя і княгіні пахмура пазіралі са сценаў. Даносілася кананада і трывожныя гудкі з вакзалу. Варожы панцырнік насядае на нашыя станцыі – перадаюць у тэлефон. З гораду далятае галас: грукацелі па брукаванцы тачанкі.

...Мужчына ўпаў на калені і прасіў літасці. Я з сілаю штурхануў яго нагою – і ён раскінуўся дагары жыватом.

Жанчына прыклала жалобу да скроні і ў роспачы абаперлася на стол.

Жанчына сказала глуха і мёртва:

– Слухайце, я маці трох дзяцей!..

Я:

– Расстраляць!

Умомант падскочыў вартавы, і праз паўхвіліны ў кабінеце нікога не было.

Тады я падышоў да стала, наліў з графіна віна і залпам выпіў. Потым паклаў на халодны лоб руку і сказаў:

– Далей!

Увайшоў дэгенерат. Ён раіць мне ўсё адкласці і разгледзець пазачарговую справу:

– Толькі што прывялі з гораду новую групу версальцаў, здаецца, усе манашкі, яны на рынку вялі адкрытую агітацыю проці камуны.

Я ўваходзіў у ролю. Імгла стаяла перад вачыма, і я быў у тым стане, які можна кваліфікаваць як надзвычайны экстаз.

Я мяркую, што ў такім стане фанатыкі ішлі на святую вайну.

Я падышоў да акна і сказаў:

– Вядзіце!

...У  кабінет  уваліўся  цэлы  натоўп  манашак. Я гэтага не бачыў, але я
гэта адчуваў. Я глядзеў на горад. Вечарэла – Я доўга не паварочваўся,
я смакаваў: усіх іх праз  дзве гадзіны  не будзе! – Вечарэла. – І зноўку
пераднавальнічныя маланкі рэзалі краявід. На даляглядзе за цагельняю
віліся  дымкі.  Версальцы  насядалі  люта  і  зацята – гэта перадаюць у
тэлефон.  На  пустынных  шляхах  зрэдку вырастаюць  абозы  і  спешна
адступаюць на поўнач.  У стэпе стаяць, як далёкія волаты, кавалерый-
скія каравульныя атрады.                                                                

                     Трывога.

                     У горадзе крамкі забіты. Горад мёртвы і ідзе ў дзікую сярэднявечную далячынь. На небе вырастаюць зоры і ліюць на зямлю зялёнае балотнае святло. Потым гаснуць, знікаюць.

Але мне трэба спяшацца! За маёй спінай група манашак! Ну так, мне трэба спяшацца: у склепе бітма набіта. Я рашуча паварочваюся і хачу сказаць безвыходнае:

– Рас-стра-ляць!

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

але я паварочваюся і бачу – проста перада мной стаіць мая маці, мая журботная маці з вачыма Марыі.

Я ў трывозе шарахнуўся ўбок: што гэта – галюцынацыя? Я ў трывозе шарахнуўся ў бок і ўскрыкнуў:

– Ты?

І чую з натоўпу жанчына сумна:

– Сыне! мой мяцежны сыне!

Я адчуваю, што вось-вось упаду. Мне блага, я схапіўся рукою за фатэль і нахіліўся.

Але ў той жа момант рогат грукатам пакаціўся, бухнуўся аб столь і знік. Гэта доктар Тагабат:

– “Мама”?! Ах ты, чортава кукла! Сісі захацеў? “Мама”?!! Я імгненна апрытомнеў і схапіўся рукою за маўзэр.

– Чорт! – і кінуўся на доктара.

Але той халодна паглядзеў на мяне і сказаў:

– Ну, ну, цішэй, здраднік камуны! Здолей расправіцца і з “мамаю” (ён падкрэсліў “з мамаю”), як умеў распраўляцца з іншымі.

І моўчкі адышоў.

...Я аслупянеў. Бледны, амаль мёртвы, стаяў перад маўклівым натоўпам манашак з разгубленымі вачыма, як зацкаваны воўк (я бачыў гэта ў агромністым люстры, што вісела насупраць).

Так! – схапілі нарэшце і другі канец маёй душы! Ужо не пайду я на скрай гораду злачынна хаваць сябе. І цяпер я маю адно толькі права:

– нікому, ніколі і нічога не казаць пра тое, як расшчапілася маё ўласнае “я”.

І я галавы не страціў.

Думкі рэзалі мае глузды. Што я мушу рабіць? Няўжо я, салдат рэвалюцыі, схіблю ў гэты адказны момант? Няўжо я пакіну варту і ганебна здраджу камуне?

...Я сціснуў сківіцы, пахмура паглядзеў на маці і сказаў рэзка:

– Усіх у склеп. Я зараз буду тут.

Але не паспеў я гэтага вымавіць, як ізноў кабінет задрыжэў ад рогату.

Тады я павярнуўся да доктара і кінуў выразна:

– Доктар Тагабат! Вы, відаць, забыліся, з кім маеце справу? Ці не хочаце і вы ў штаб Духоніна... з гэтай свалатой! – я махнуў рукою ў бок, дзе стаяла мая маці, і моўчкі выйшаў з кабінету.

...Я за сабою нічога не пачуў.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

...Ад    сядзібы    я   пайшоў,    нібы   п’яны,    у   нікуды   па   змроку
пераднавальнічнага душнага вечара.  Кананада мацнела. Зноў шугалі
дымкі над далёкай цагельняй. За курганом грукацелі панцырнікі: гэта
ішоў  між  імі  рашучы  двубой.  Варожыя   палкі   люта   насядалі  на
інсургентаў. Пахла расстрэламі.                                                    

Я   ішоў  у  нікуды.   Паўз   мяне   праходзілі   абозы,  праляталі
кавалерысты, грукацелі па брукаванцы тачанкі.  Горад стаяў у пыле,
і вечар  не разрадзіў набою пераднавальнічча.                                

Я ішоў у нікуды. Без думкі, з тупою пустатой, з цяжкім цяжарам
на сваіх згорбленых плячах.                                                          

Я ішоў у нікуды.                                                                   

ІІІ

...Так, гэта былі нязносныя хвіліны. Гэта была мука. – Але я ўжо ведаў, як я зраблю.

Я ведаў і тады, калі пакінуў сядзібу. Іначай я б не выйшаў так хутка з кабінету.

           ...Ну так, я мушу быць паслядоўным!

           ...І цэлую ноч я разбіраў справы.

           Тады на працягу некалькіх цёмных гадзін перыядычна бліскалі кароткія і выразныя стрэлы:

– я, глаўкаверх чорнага трыбуналу камуны, выканаў свае абавязкі перад рэвалюцыяй.

...І хіба гэта мая віна, што вобраз маёй маці не пакідаў мяне ў гэтую ноч ні на хвіліну?

Хіба гэта мая віна?

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

...У абед прыйшоў Андруша і кінуў панура:

– Слухай! Дазволь яе адпусціць!

Я:

Каго?

– Тваю маці!

Я:

аўчу).

Потым адчуваю, што мне да болю хочацца смяяцца. Я не вытрымліваю і рагачу на ўсе пакоі.

Андруша сувора пазірае на мяне.

Яго зусім не пазнаць.

– Слухай. Навошта гэтая меладрама?

Мой наіўны Андруша хацеў быць на гэты раз праніклівым. Але ён памыліўся.

Я (груба):

– Ідзі прэч!

Андруша і на гэты раз збялеў.

Эх, гэты наіўны камунар зусім нічога не разумее. Ён нават не ведае, навошта гэтая бязглуздая звярыная жорсткасць. Ён нічога не бачыць за маім халодным драўляным тварам.

Я:

Звані ў тэлефон! Дазнайся, дзе вораг!

Андруша:

– Слухай!

Я:

Звані ў тэлефон! Дазнайся, дзе вораг!

У гэты момант над сядзібаю пранёсся снарад і недалёка разарваўся. Зазвінелі шыбы, і рэха пайшло па гулкіх пустых княскіх пакоях.

У трубку перадаюць: версальцы насядаюць, ужо блізка: за тры вярсты. Казацкія раз’езды паказаліся каля станцыі: інсургенты адступаюць. – Крычыць далёкі вакзальны ражок.

...Андруша выскачыў. За ім я.

...Курылася далячынь. Зноў шугалі дымкі на гарызонце. Над горадам хмараю стаяў пыл. Сонца-медзь, і неба не відно. Толькі мутны пыл высока імчаў над далёкім небасхілам. Уздымаліся з дарогі фантастычныя віхуры, беглі ў вышыню, разразалі прасторы, пераляталі сялібы і зноў імчалі і мчалі. Стаяла, бы зачараванае, пераднавальнічча.

...А тут бахалі гарматы. Ляцелі кавалерысты. Адыходзілі на поўнач тачанкі, абозы.

...Я забыў пра ўсё. Я нічога не чуў і – сам не памятаю, як трапіў у склеп.

Са звонам разрвалася каля мяне шрапнэль, і на двары стала пуста. Я падышоў да дзвярэй і толькі хацеў зірнуць у невялічкае аконца, дзе сядзела мая маці, як нехта ўзяў мяне за руку. Я павярнуўся –

– дэгенерат.

– Вось дык варта! Усе паўцякалі!.. хі... хі...

Я:

Вы?

Ён:

– Я? О, я! – і пагрукаў пальцам па дзвярах.

Так, гэта быў верны пёс рэвалюцыі. Ён будзе на варце і не пад такім агнём! Памятаю, я падумаў тады:

– “гэта вартаўнік маёй душы”, – і бяздумна пабрыў на гарадскія пусткі.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

...А пад вечар паўднёвая частка ўскраіны была захоплена. Мусілі ісці на поўнач, пакінуць горад. Але інсургентам далі загад затрымацца да ночы, і яны стойка паміралі на валах, на подступах, на раздарожжах і ў маўклівых закутках падваротняў.

           ...Але што я?

...Ішла спешная эвакуацыя, ішла выразная перастрэлка,

і я канчаткова збіўся з ног!                                                  

Палілі дакументы. Адпраўлялі партыі закладнікаў. Бралі рэшту кантрыбуцый...

          ...Я канчаткова збіўся з ног!

                                                  ...Але раптам усплываў твар маёй маці, і я зноў чуў журботны і неадступны голас.

Я адкідаў валасы і павялічанымі вачыма глядзеў на гарадскую вежу. І зноў бралася на вечар, і зноў на поўдні гарэлі сялібы.

...Чорны трыбунал камуны збіраецца ўцякаць. Грузяць падводы, цягнуцца абозы, спяшаюць натоўпы на поўнач. Толькі наш адзінокі панцырнік замірае ў глыбіні бору і затрымлівае з правага флангу варожыя палкі.

                                 ...Андруша некуды знік. Доктар Тагабат спакойна сядзіць на канапе і п'е віно. Ён моўчкі назірае за маімі загадамі і зрэдчас іранічна паглядае на партрэт князя. Але гэты погляд я адчуваю якраз на сабе, і ён мяне нярвуе і непакоіць.

...Сонца зайшло. Канае вечар. Надыходзіць ноч. Па валах ідуць перабежнікі, і аднастайна адбівае кулямёт. Пустынныя княскія пакоі замерлі ў чаканні.

                  Я гляджу на доктара і не выношу гэтага погляду ў старажытны партрэт.

                           Я рэзка кажу:

– Доктар Тагабат! праз гадзіну я павінен ліквідаваць апошнюю партыю асуджаных. Я павінен прыняць атрад.

                           Тады ён іранічна і абыякава:

                           – Ну, і што? Добра!

Я хвалююся, але доктар зласліва глядзіць на мяне і ўсміхаецца. – О, ён, бясспрэчна, разумее, у чым рэч! Гэта ж у гэтай партыі асуджаных мая маці.

Я:

Калі ласка, пакіньце пакой!

Доктар:

– Ну, і што? Добра!

Тады я не вытрымліваю і шалею.

– Доктар Тагабат! Апошні раз папярэджваю: не жартуйце са мной!

                  Але голас мой зрываецца, і ў мяне булькоча ў горле. Я парываюся схапіць маўзэр і тут жа прыкончыць доктара, але раптам адчуваю сябе нікчэмным, вартым жалю і разумею што мяне пакідаюць рэшткі волі. Я сядаю на канапу і жаласліва, як пабіты бяссільны сабака, гляджу на Тагабата.

                                    ...Але ідуць хвіліны. Трэба выпраўляцца.

Я зноў бяру сябе ў рукі і ў апошні раз гляджу на напышлівы партрэт княгіні.

                                    Цемра.

                               ... – Канвой!

                               Вартавы зайшоў і даклаў:

– Партыю вывелі. Расстрэл прызначаны за горадам: пачатак бору.

...З-за далёкага адгор'я вынырваў месяц. Потым плыў па ціхіх блакітных ручаях, раскідваючы лімонныя пырскі. Апоўначы працяў зеніт і спыніўся над прорваю.

                  ...У горадзе была энэргічная перастрэлка.

                                    ...Мы ішлі па паўночнай дарозе.

Я ніколі не забуду гэтай маўклівай працэсіі – цёмнага натоўпу на расстрэл.

Адзаду рыпелі тачанкі.

Авангардам – канвойныя камунары, далей – натоўп манашак, у авангардзе – я, яшчэ канвойныя камунары і доктар Тагабат.

                  ...Але мы напалі на сапраўдных версальцаў: за ўсю дарогу ніводная манашка не прамовіла аніводнага слова. Гэта былі шчырыя фанатычкі.

Я ішоў па дарозе, як тады – у нікуды, а збоку ад мяне брылі ахоўнікі маёй душы: доктар і дэгенерат. Я глядзеў у натоўп, але я там нічога не бачыў.

                  Затое я адчуваў:

                                                – там ішла мая маці

                  з пахіленаю галавой. Я адчуваў: пахне мятаю.

                  Я гладзіў ейную мілую галаву з налётам серабрыстае сівізны.

Але раптам перада мной вырастала загораная далячынь. Тады мне зноў да болю хацелася ўкленчыць і малітоўна глядзець на кашлаты сілуэт чорнага трыбуналу камуны.

...Я сціснуў галаву і пайшоў па мёртвай дарозе, а адзаду мяне рыпелі тачанкі.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Я раптам адкінуўся: што гэта? галюцынацыя? Няўжо гэта голас маёй маці?

І зноў я адчуваю сябе нікчэмным чалавекам і адчуваю: дзесьці пад сэрцам цісне. І не рыдаць, а плакаць драбненькімі слязамі хацелася мне – так, як у дзяцінстве, на цёплых грудзях.

І бліснула:

                  – няўжо я вяду яе на расстрэл?

Што гэта: рэчаіснасць ці галюцынацыя?

Але гэта была рэчаіснасць: сапраўдная жыццёвая рэчаіснасць – дзікая і жорсткая, як зграя галодных ваўкоў. Гэта была рэчаіснасць безвыходная, немінучая, як сама смерць.

...Але можа, гэта памылка?

Можа, трэба іначай зрабіць?

– Ах, гэта ж боязь, маладушнасць. Ёсць жа пэўнае жыццёвае правіла: еrrаrе humanum est. Чаго ж табе? Памыляйся! і памыляйся менавіта так, а не так!.. І якія могуць быць памылкі?

Сапраўды: гэта была рэчаіснасць, як зграя галодных ваўкоў. Але гэта была і адзіная дарога да загорных азёраў невядомай цудоўнай камуны.

...І тады я гарэў у агні фанатызму і выразна выбіваў крокі па паўночнай дарозе.

                                               ...Маўклівая працэсія падыходзіла да бору. Я не памятаю, як расстаўлялі манашак, я памятаю:

да мяне падышоў доктар і паклаў мне руку на плячо:

– Вашая маці там! Рабіце што хочаце!

                                    Я паглядзеў:

                                                           – з натоўпу вылучылася постаць і ціха, самотна пайшла на ўзлесак.

...Месяц стаяў у зеніце і вісеў над прорваю. Далей адыходзіла ў зялёна-лімонную няведамасць мёртвая дарога. Праваруч маячыў каравульны атрад майго батальёну. І ў гэты момант над горадам узняўся густы агонь – перастрэлка зноў біла трывогу. Гэта адыходзілі інсургенты, – гэта прыкмеціў вораг. – Збоку разарваўся снарад.

...Я дастаў з кабуры маўзэр і хутка пайшоў да самотнай постаці. І тады ж, памятаю, бліснулі кароткія агні: так сканчалі з манашкамі

І тады ж, памятаю –

з бору ўдарыў у трывогу наш панцырнік. – Загудзеў лес.

Кінуўся агонь – раз,

                      два –

                      і яшчэ – удар! удар!

...Напіраюць варожыя палкі. Трэба спяшацца. Ах, трэба спяшацца!

Але я іду і іду, а адзінокая постаць маёй маці ўсё там жа. Яна стаіць, падняўшы рукі, і журботна глядзіць на мяне. Я спяшаю на гэты зачараваны нясцерпны ўзлесак, а адзінокая постаць усё там жа, усё там жа.

Навокал – пуста. Толькі месяц ліе зялёнае святло з пранізанага зеніту. Я трымаю ў руцэ маўзэр, але мая рука слабее, і я вось-вось заплачу дробненькімі слязамі, як у дзяцінстве на цёплых грудзях. Я парываюся крыкнуць:

– Маці! Кажу табе: ідзі да мяне! Я павінен забіць цябе.

І рэжа мае глузды невясёлы голас. Я зноў чую, як маці гаворыць, што я (ейны мяцежны сын) зусім замучыў сябе.

...Што гэта? няўжо зноў галюцынацыя?

Я адкідаю галаву.

Так, гэта была галюцынацыя: я даўно ўжо стаяў на пустым узлеску насупраць сваёй маці і глядзеў на яе.

                                  Яна маўчала.

                                            ...Панцырнік зароў у бары.

Уздымаліся агні. Ішла навальніца. Вораг пайшоў у атаку. Інсургенты адыходзяць.

...Тады я ў непрытомнасці, ахоплены пажарам нейкай невыноснай радасці, закінуў руку за шыю сваёй маці і прыціснуў галаву да сваіх грудзей. Потым паднёс маўзэр і націснуў спуск у скронь.

Як зрэзаны колас, пахілілася яна на мяне.

Я паклаў яе на зямлю і дзіка азірнуўся – Навокал было пуста. Толькі збоку цямнелі цёплыя трупы манашак. – Недалёка грукацелі гарматы.

                                             ...Я засунуў руку ў кішэню і тут жа ўзгадаў, што ў княскіх пакоях я штосьці забыў.

            “Вось дурань!” – падумаў я.

            ...Потым азірнуўся:

            – Дзе ж людзі?

Ну так, мне трэба спяшацца ў свой батальён! – І я кінуўся на дарогу.

Але не зрабіў я і трох крокаў, як мяне нешта спыніла.

Я здрыгануўся і пабег да матчынага трупа.

Я ўкленчыў перад ім і пільна ўглядаўся ў твар. Але ён быў мёртвы. Па шчацэ, памятаю, цекла цёмным струменем кроў.

Тады я падняў гэтую безвыходную галаву і прагна ўпіўся вуснамі ў белы лоб. – Цемра.

                                    І раптам чую:

                                                      – Ну, камунар, падымайся!

Пара ў батальён!

                                    Я зірнуў і пабачыў:

                                                – перада мною зноў стаяў дэгенерат.

Ага, я зараз. Я зараз. Так, мне даўно пара! – Тады я паправіў рэмень свайго маўзэра і зноў кінуўся ў дарогу.

...У стэпе, як далёкія волаты, стаялі конныя інсургенты. Я бег туды, сціснуўшы галаву

...Ішла навальніца. Дзесьці прабіваліся досвітныя плямы. Ціха паміраў месяц у пранізаным зеніце. З захаду насоўваліся хмары. Ішла выразная, шчыльная перастрэлка.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Я спыніўся сярод мёртвага стэпу.

                                    – там, у далёкай невядомасці, нязнана гарэлі ціхія азёры загорнай камуны.

Пераклад з украінскай – Уладзь Лянкевіч © 2009

Чытайце таксама

Франк Варжак

Франк Варжак

Французскі пісьменнік.

Ўолт Ўітмэн

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст.

Марыя Канапніцкая

Марыя Канапніцкая

Польская паэтка, празаік, літаратурны крытык, публіцыст і перакладчыца

Таццяна Нядбай

Таццяна Нядбай

1406