№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Рэймон Радыге

Пеліканы (Les Pélican)

Пераклад з французскай Вераніка Мазуркевіч


АСОБЫ:

 

Мсье Пелікан

Мадам Пелікан

Ансэльм, сын мсье Пелікана

Гартэнзія, сястра Ансэльма

Мадэмуазэль Шарман, гувернантка

Мсье Пастэль, настаўнік плавання

Мсье Шантэклер, настаўнік фатаграфіі

Парфэ, камердынер

 

Дзеянне адбываецца ў Парыжы ў наш час, у кватэры мсье Пелікана.

ДЗЕЯ І

Більярдная. У цэнтры пакоя – більярдны стол. У глыбіні з правага боку – дошка. Злева падвешаная канатная лесвіца.

СЦЭНА 1

Мадэмуазэль Шарман, Парфэ

На памосце ляжыць мадэмуазэль Шарман, якая здаецца непрытомнай. Яна трымае ў руках нумар “Ля ві парызьен”. Побач з ёй гамак. Парфэ, трымаючы ў руках мяцёлку з вялікіх пер’яў, нахіляецца і прыкладае вуха да грудзей мадэмуазэль Шарман.

ПАРФЭ:

Ну які ж я няўважлівы! Не здагадаўся, што гэтае павуцінне – гамак. (Маўчанне). Ці ж я вінаваты, што ў мяне зрок дрэнны? А майго заробку за месяц не хапае, каб набыць акуляры. Да таго ж, мадам строга забараніла гэтай няшчаснай настаўніцы залазіць у гамак. Мадэмуазэль не паслухалася. І дзеля чаго? Употай пачытаць “Ля ві парызьен” замест таго каб вучыць маленькіх Пеліканаў? Дарма б я наракаў. Калі б мадэмуазэль Шарман слухалася і калі б я лепей сачыў за гаспадаркай ды за ўсімі дрэннымі служкамі, не было б гэтай маленькай непрыемнасці. (Званок). Мяне кліча мадам!!!

Парфэ падымае мадэмуазэль Шарман, садзіць яе ў крэсла, залазіць па канатнай лесвіцы, здымае і скручвае гамак. Здаецца, што мадэмуазэль Шарман чытае “Ля ві парызьен”. Парфэ выходзіць.

СЦЭНА 2

Мадэмуазэль Шарман, мсье Пелікан

МСЬЕ ПЕЛІКАН:

(з часопісам у руках). О! О! Мадэмуазэль Шарман, вы любіце чытаць. Я вам якраз прынёс яшчэ адзін ілюстраваны часопіс.

(Маўчанне).

Вы злуяцеся, дарагая?

(Маўчанне. Звяртаецца сам да сябе).

Што ж я такое мог зрабіць, што ёй не спадабалася? (Выходзіць).

СЦЭНА 3

Мадэмуазэль Шарман, Парфэ

ПАРФЭ:

(Апрануты да выхаду, трымае валізку. Азіраецца наўкол). Ніхто не прыходзіў... Ніхто не раскрые мой сакрэт... сумны сакрэт, бо з гэтага моманту я лічу яе мёртвай. (Паўза). Мяне пасадзяць, але гэта не дапаможа... наадварот.

(Ён скіроўваецца да дошкі, бярэ кавалак крэйды і піша. Павольна чытае напісанае).

Мадэмуазэль Шарман і я... мы шалёна кахаем адно аднога... я забіраю яе з сабою... праз тыдзень мы пабярэмся шлюбам... (Званок).

(Парфэ падпісваецца ўнізе дошкі, пасля кладзе гувернантку ў валізку).

Надышоў час, калі мадам бярэ урокі плавання. Нядобра будзе, калі нас тут знянацку заспеюць з мадэмуазэль Шарман. У дарогу, на радзіму! (Выходзіць пасвістваючы, з валізкай у руках).

ГОЛАС ЗА КУЛІСАМІ:

Парфэ...Парфэ... Я пятнаццаць хвілін ужо званю!

СЦЭНА 4

Мсье Пелікан

МСЬЕ ПЕЛІКАН:

Адкажыце, зрабіце ласку! Куды знікла мая незадаволеная прыгажуня?..

(Ён падыходзіць да дошкі, здымае яе, набліжаецца да самай рампы і чытае).

О, няшчасная! Разумею цяпер, чаму яна не адказвала.

(Сядае на адно з крэслаў і абхоплівае галаву рукамі, пасля, змірыўшыся).

Гэта маё апошняе каханне.

СЦЭНА 5

Мсье Пелікан, мадам Пелікан, мсье Пастэль

Уваходзіць настаўнік плавання мсье Пастэль. Ён ідзе на карачках. Мадам Пелікан у яго на спіне ў купальніку.

МАДАМ ПЕЛІКАН:

О неба! Мой муж!

(Яна саскоквае на падлогу. Мсье Пастэль выпроствацца. Мадам звяртаецца да мужа адначасова лагодна і агрэсіўна).

Вырашыў нарэшце дапамагчы мне вучыцца плаваць?

МСЬЕ ПАСТЭЛЬ:

Добры дзень, мсье Пелікан.

(Падае мсье Пелікану руку. Той яе паціскае).

МСЬЕ ПЕЛІКАН:

Да пабачэння, мсье Пастэль.

(Мсье Пастэль спалохана адскоквае).

МАДАМ ПЕЛІКАН:

(Да мужа). Ну ты і дзівак, мой мілы. Не забывайся, на двары кастрычнік. Ты ж хацеў, каб я выйграла спаборніцтвы на Каляды, і не можаш прыдумаць нічога лепшага, як перашкаджаць мне займацца.

МСЬЕ ПЕЛІКАН:

(Настойліва). Я ж сказаў: “Да пабачэння, мсье Пастэль”.

МАДАМ ПЕЛІКАН:

(Ціха да мсье Пастэля). Мне страшна, дарагі. У мяне кепскія прадчуванні. Без сумневаў, гэты бядак зразумеў, што мы каханкі.

Мсье Пастэль сыходзіць.

© Андрэй Стэфановіч, пераклад верша, 2009


Твор цалкам можна спампаваць тут:

Пераклад з французскай – Вераніка Мазуркевіч © 2009

Чытайце таксама

Андрэй Адамовіч

Андрэй Адамовіч

Беларускі паэт, аўтар зборніка "Дзень паэзіі смерці дзень". Перакладае з украінскай

Генрых фон Кляйст

Генрых фон Кляйст

Нямецкі драматург, паэт і празаік

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

907