Прысвечана
Стэфану Шуману
Навуковая п'еса з “песенькамі” ў трох дзеях
Дзейныя асобы:
Саятан Тэмпэ – шавец-майстар, з рэдкай “казлінай” бародкай і вусамі. Бландын, з сівізной. Апрануты ў звычайную шавецкую вопратку з фартухам. Каля 60 гадоў.
Чаляднікі: І (Юзік) і ІІ (Ендрык). Дужа прыгожыя, маладыя, зухаватыя хлопцы-шаўцы. Апранутыя ў звычайную шавецкую вопратку з фартухамі. Каля 20 гадоў.
Княгіня Ірына Усеваладаўна Вычварэнска-Падбярэзска – вельмі прыгожая шатэнка, надзвычай мілая і прывабная. Гадоў 27–28.
Пракурор Роберт Скорбут – шырокі твар, зроблены нібыта з чырвонага сальцісону, інкруставаны блакітнымі, як гузікі ў майтках, вачыма. Сківіцы шырокія – здаецца, згрызлі б у парашок кавалак граніту. У касцюме і кацялку. Кій з залатой булдавешкай (tres demode[1]). Белы гальштук завязаны вузлом, у ім агромністая перліна.
Лёкай княгіні Фярдусенька – трохі падобны да манекена. Апрануты ў чырвоны касцюм з залатой аблямоўкай. Чырвоная кароценькая палярынка. На галаве трохвуголка.
Гіпер-Пралетар – апрануты ў кашулю і кепку. Паголены, шырокія сківіцы. У руках агромністы медны тэрмас.
Два чыноўнікі – таварыш Абрамоўскі і таварыш Х. Добра апранутыя, у цывільным, вялікага розуму і ўвогуле найвышэйшага гатунку. Х паголены, Абрамоўскі – з барадой і вусамі.
Юзаф Тэмпэ – сын Саятана, гадоў 20.
Сяляне – стары мужык, малады і дзеўка. У кракаўскіх строях.
Вартаўніца – маладая прыгожая дзяўчына. Хвартушок надзеты наверх на мундзір.
Бабка [2] – з “Вяселля” Выспяньскага.
Вартаўнік – звычайны хлопец у зялёным мундзіры.
Першая дзея
Сцэна ўяўляе сабой шавецкую майстэрню (магчыма, досыць фантастычна абсталяваную) на невялікай прасторы ў выглядзе паўшар'я. Злева – трохкутнік заслоны вішнёвага колеру. Пасярэдзіне – трохкутнік шэрай сцяны з круглым акенцам. Справа – пень высахлага пакручастага дрэва, паміж ім і сцяной – трохкутнік неба. Далей, справа, далёкі краявід з мястэчкамі на раўніне. Майстэрня размешчаная па-над глыбокім долам і, здаецца, нібы на высокіх гарах. Саятан пасярэдзіне, двое чаляднікаў – па баках, І злева, ІІ справа, працуюць пры варштаце. Здалёк далятае гук аўтамабіляў ці халера ведае чаго, зрэшты, і рыкі фабрычных сірэнаў.
САЯТАН (куючы малатком нейкія боты): Досыць языком мянціць. Давай-давай! Куй падэшвы! Куй падэшвы! Круці скуру, ламай пальцы! Ай, да д'ябла – досыць языком мянціць! Княжацкія боцікі! Толькі я, адвечны туляга, таму і туляга, што заўсёды прыкуты да месца. Давай! Куй падэшвы для гэтых падлаў! Досыць языком мянціць – досыць!
І ЧАЛЯДНІК (перапыняе яго): Ці наважыліся б вы забіць яе?
(ІІ Чаляднік перастае каваць падэшвы і пільна прыслухоўваецца).
САЯТАН: Раней – так, цяпер – не! Давай! (махае малатком).
ІІ ЧАЛЯДНІК: Не кажыце так часта “давай!”, мяне гэта раздражняе.
САЯТАН: Мяне яшчэ больш раздражняе, што я раблю для іх боты. Я, што мог бы быць прэзідэнтам, каралём натоўпу – хоць хвілю, хоць адно імгненне. Ліхтары, гірлянды і – словы, словы, словы над ліхтарамі чалавечых галоваў, а я, убогі, брудны вашывец з сонцам у грудзях, якое блішчыць, як залаты шчыт Геліядора, як сто Альдэбаранаў і Вегаў, – я не ўмею гаварыць. Давай! (махае малатком).
І ЧАЛЯДНІК: Чаму не ўмееце?
САЯТАН: Не далі. Давай! Збаяліся.
ІІ ЧАЛЯДНІК: Яшчэ раз скажаце “давай” – будзеце тут працаваць без мяне. Вы не ўяўляеце, як мяне гэта раздражняе. І дарэчы: хто такі Геліядор?
САЯТАН: Нейкі выдуманы персанаж – а, можа, гэта я сам прыдумаў – карацей, я ўжо нічога не ведаю. І гэтак бясконца. Адна хвіліна... Я ўжо не веру ні ў якую рэвалюцыю. Само слова – агіднае, як прусак або пацук ці вош. Бо ўсё ідзе супраць нас. Мы – гной, як калісьці гэтыя каралі ці інтэлігенцыя для татэмнага клану – гной!
ІІ ЧАЛЯДНІК: Добра, што вы не сказалі “давай” – а то я б вас забіў. Гной гноем, але ж яны добра жылі. Іхныя дзеўкі не смярдзелі так, як нашыя, сучкі маляваныя, халера іх дзяры. О Госпадзе!
САЯТАН: Мне ўжо ўсё так абрыдла на гэтым свеце, што і казаць пра гэта не варта. Чалавецтва памірае пад цяжарам тушы гніючай, злаякаснай пухліны капіталу, на якім, нібы гнілыя, путрыфакцыйныя[3] пухіры, напухаюць і лопаюцца фашыстоўскія ўрады, вылучаючы смуродныя газы загнілага ў сабе, ва ўласным соку, безасабовага чалавечага натоўпу. Нічога ўжо не трэба казаць. Пра ўсё ўжо сказана дарэшты. Трэба чакаць, пакуль усё зробіцца, і рабіць самім – хто колькі можа. Няўжо мы не людзі? Можа, людзі – гэта толькі яны, а мы – толькі гаўно быдляцкае, з такімі, знаеце, эпіфеноменамі , прыдаткамі, каб яшчэ больш мучыцца і скавытаць, калі іх адрэжуць. Давай! Давай! (Б'е молатам абы-куды). А яны дакладна так думаюць, гэтыя пузатыя, якія пахнуць цыгарэтамі і абцякаюць такім слізкім кактэйлем з іхнай асалоды і нашай галечы – смуроднай, безнадзейнай у сваёй пакуце. Давай! Давай!
ІІ ЧАЛЯДНІК: Вы так разумна гэта сказалі, што нават гэтае агіднае “давай” мяне не скаланула. Я вам прабачыў. Але больш не рабіце гэтага – барані вас Божа.
САЯТАН (не звяртаючы на гэта ўвагі): А горш за ўсё тое, што гэтая праца ніколі не скончыцца, бо не павернецца назад гэты, трасца яго бяры, грамадскі механізм. Адзіная будзе радасць, што ўсе як адзін будуць карпець да непрытомнасці, да забыцця, так, што не застанецца нават такіх лайдакоў...
І ЧАЛЯДНІК (здагадліва): Тых, што на галоўных кіраўнічых пасадах?
САЯТАН: Дык і ты пра гэта думаў, братка? Давай! Але як параўнаць двое чалавечых глуздоў? Не параўнаць – хоць і гэта складана, – а зраўняць. Яны ж і працаваць будуць аднолькава – вось што крыўдна. Цяпер у гэтых мярзотнікаў яшчэ дужа шмат усялякіх радасцяў, бо ёсць творчасць – давай! Але ж я таксама магу новы фасон прыдумаць, хаця, відаць, ужо не магу. Не магу! Не магу! (Заліваецца слязьмі).
І ЧАЛЯДНІК: Бедны майстар! Ён хоча, каб праца была адначасова механічнай і адухоўленай, як тыя даўнія музыкі і мастакі адухаўлялі свае спаражненні, каб яны ператварыліся ў нешта унікальнае. Можа, я вярзу лухту?
ІІ ЧАЛЯДНІК: Не, не лухту, але неяк гэта гучыць па-чужому. Я магу сказаць даступней. А, можа, не варта? (Паўза; ніхто яго не заахвочвае; аднак ён кажа). Непрыемная паўза. Ніхто мяне не заахвочвае. Але я скажу, бо мне так хочацца, бо я проста не вытрымаю. Відаць, сёння сюды прыйдзе княгіня са сваім пракурорскім сабакам і будзе тут трындзець і свярліць нам дзіркі ў метафізічных пупках, ці як там гэныя паны называюць тыя цукеркі, што былі і застануцца ў нас свярбячымі язвамі. Гэта выражаецца ў супярэчнасцях, якія ніяк не магчыма замірыць, – гэта тыя рэчы, тыя, драць іх за нагу, высакародныя адкіды, якія яны называюць метафізічнымі перажываннямі. Яны ласкочуць імі свае адкормленыя пузы, а кожны такі лоскат наетай скаціны – гэта боль у нашых кішках. Бачыце: я хацеў сказаць і скажу – жыць і памерці, сціснуцца ў булавачную галоўку і распасцерціся на цэлы свет; паважнічаць і ператварыцца ў пыл... (Раптоўная пустата ў галаве не дазваляе яму гаварыць далей). Больш я нічога не скажу, бо ў мяне раптам у галаве зрабілася пуста, як у стадоле ці гумне.
[1]tres demode (фр.) – “які даўно выйшаў з моды”.
[2] Бабка – распасцёрты сноп у выглядзе саламянага “каўпака” для закрыцця раслінаў, дрэваў, збожжа або вулляў на зіму.
[3] Путрыфакцыйны – ад фр. putrefaction – “гнілы”.
Эпіфеномен – ад гр. epiphenomenon – пабочная з’ява; ускладненне (ад хваробы); у філасофіі: свядомасць, якая разглядаецца як з’ява, што спадарожнічае некаторым фізіялагічным працэсам.
Працяг п'есы ў хуткім часе на нашым сайце.