№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Гіём Апалінэр

Прадмова да п’есы "Грудзі Тырэсія" (Les Mamelles de Tirésias. Préface)

Пераклад з французскай Кацярына Маціеўская

Не просячы спагады, я ўсё ж мушу заўважыць, што гэта юнацкі твор, бо за выняткам пралогу і апошняе сцэны другога акту, якія былі напісаныя ў 1916 годзе, ён быў скончаны ў 1903-м, то бок за чатырнаццаць гадоў да пастаноўкі.

Я назваў гэты твор драмай (што азначае дзеянне), каб адмежаваць яго ад усіх гэтых камедыяў нораваў, драматычных камедыяў, лёгкіх камедыяў, якія больш за паўстагоддзя займалі сцэну (многія з іх выдатныя, але другога шэрагу) і якія называлі папросту п’есамі.

Каб ахарактарызаваць маю драму, я вырашыў выкарыстаць неалагізм, які мне даруюць, бо са мной гэта рэдка здараецца, і вынайшаў прыметнік “сюррэалістычны”, які зусім не значыць “сімвалічны”, як мяркуе мсье Віктор Баш [1] у сваім артыкуле пра тэатр, а даволі дакладна акрэслівае мастацкі напрамак, які хаця і не навейшы за ўсё астатняе пад сонцам, але тым не менш ніколі не выражаў якога-кольвек крэда, не сцвярджаў пэўных літаратурных і мастацкіх перакананняў.

Вульгарны ідэалізм драматургаў — спадкаемцаў Віктора Гюго шукаў праўдападобнасці ў мясцовым каларыце ўмоўнасцяў, што пасаваў натуралізму ў “жыццёвых” характарах камедыяў нораваў, вытокі якіх знаходзяць задоўга да Скрыба [2] ў слязлівай камедыі Нівэля дэ ля Шасэ [3].

І я падумаў, што каб ажыццявіць калі не абнаўленне тэатру, то хаця б адзінкавую спробу, трэба вярнуцца ўласна да прыроды, але не капіяваць яе на манер фатаграфіяў. Калі чалавек захацеў зымітаваць хаду, ён вынайшаў кола, ніяк да нагі не падобнае. Так ён, сам таго не ведаючы, стварыў сюррэалізм.

Зрэшты, я не магу вызначыць, сур’ёзная гэта драма ці не. Яе мэта — быццам бы зацікавіць і забавіць, гэта мэта любога тэатральнага твору. Таксама яна мае мэтаю падкрэсліць надзённае пытанне для тых, хто разумее мову, на якой яна напісаная, — пытанне прыросту насельніцтва.

Паводле гэтага сюжэту, які раней ніколі не распрацоўваўся, я мог бы напісаць п’есу ў саркастычна-меладраматычным стылі, які ўвялі ў моду аўтары “праблемных” твораў. Але я аддаў перавагу стылю менш змрочнаму, бо тэатр не мусіць даводзіць да адчаю каго б там ні было.

Я таксама мог бы напісаць драму ідэяў, дагадзіўшы густу сучаснай публікі, якой падабаецца думаць, што яна думае.

Я абраў іншае і цалкам аддаўся волі гэтае фантазіі, якая ёсць маім шляхам пераймання прыроды, фантазіі, у якой у залежнасці ад эпохі пераважалі меланхолія, насмешка ці экзальтацыя, але якая заўсёды, наколькі я магу меркаваць, вызначалася здаровым сэнсам; у ім часам аказваецца дастаткова навізны, каб ашаламіць і абурыць, але той, хто надзелены шчырасцю, яго ўбачыць.

Як на мяне, гісторыя гэтая настолькі кранальная, што яе можна залічыць да драмы ў тым ліку і за высокі трагізм, хаця калі французы зноў возьмуцца нараджаць дзяцей, твор мой з таго часу трэба будзе называць фарсам. Як патрыёту мне нішто не прынясе большай радасці. Будзьце ўпэўненыя: справядліва заслужаная слава аўтара фарсу пра мэтра П’ера Патлена (шкада, імя яго невядомае) начамі не дае мне спаць.

Казалі, што я выкарыстоўваю эстрадныя прыёмы, але я сапраўды не бачу, дзе. Аднак гэты папрок мяне не хвалюе, бо папулярнае мастацтва — выдатны падмурак, і я лічу за гонар нешта ў яго пазычыць, калі ўсе сцэны мае п’есы натуральным чынам ідуць адна за адной паводле мною прыдуманай фабулы, і дзе цэнтральная тэма — чалавек, што нараджае дзяцей, тэма, новая для тэатра і літаратуры ў цэлым, але, тым не менш, яна не можа ўражваць болей, чым неверагодныя сачыненні тых раманістаў, чыя слава грунтуецца на так званых цудах навукі.

Апроч таго ў маёй п’есе няма ніводнага сімвала, яна крыштальна празрыстая, але вы вольныя бачыць тут якія заўгодна сімвалы і адшукваць тысячы сэнсаў, як у прароцтвах сівілы.

Мсье Віктор Баш, які не зразумеў ці не захацеў разумець, што вялося пра прырост насельніцтва, настойвае на тым, што п’еса мая — сімвалічная; што ж, ягоная справа. Але ён дадае: “Найпершае патрабаванне да сімвалічнай драмы палягае ў тым, што ўзаемасувязь сімвалу, які заўсёды ёсць знакам, і азначáнага, належыць адразу ж раскрыць”. Не заўсёды, аднак. Існуюць вартыя ўвагі творы, дзе сістэма сімвалаў не без падставаў паддаецца шматлікім вытлумачэнням, якія часам супярэчаць адно аднаму.

Я напісаў сваю сюррэалістычную драму перадусім для французаў, як Арыстафан складаў свае камедыі для афінян. Я папярэдзіў іх, што нізкая нараджальнасць ёсць усім вядомай сур’ёзнай небяспекай для нацыі, якая хоча квітнець і магутнець, і падказаў, што трэба зрабіць для яе вырашэння.

Мсье Дэфу — пісьменнік дасціпны, які мне тым не менш падаўся адсталым мальтузіянцам [4], — правёў недарэчную паралель паміж каўчукам, з якога зробленыя шары з мячамі, ужытыя ў пастаноўцы як імітацыя грудзей (мабыць, у гэтым мсье Баш бачыць сімвал), з пэўнымі прадметамі, якімі раяць карыстацца прыхільнікі неамальтузіянства. Шчыра кажучы, прадметы гэтыя ўвогуле не маюць дачынення да нашага пытання, бо няма краіны, дзе б іх выкарыстоўвалі менш, чым у Францыі, тады як у Берліне, да прыкладу, не пройдзе і дня, каб яны ў дастатковай колькасці не пападалі вам на галаву падчас вулічнага шпацыру, бо немцы, пладавіты народ, увялі іх у шырокі ўжытак.

 

Іншыя з’явы, якія, разам з пазбаўленнем ад цяжарнасці гігіенічнымі сродкамі, ёсць прычынамі скарачэння насельніцтва (алкагалізм, да прыкладу), можна назіраць у любым іншым месцы і ў суадносінах нашмат горшых, чым у Францыі.

У сваёй новай кнізе, прысвечанай алкаголю, мсье Іў Гюё, дарэчы, зазначыў, што калі паводле статыстыкі французы ва ўжыванні алкаголю займаюць першае месца ў свеце, то італьянцы, нацыя заведама стрыманая ў піцці, — другое! Гэта дазваляе вызначыцца з тым, колькі веры даваць статыстыцы: яна маніць, і вар’ят той, хто ёй паверыць. Зрэшты, ці ж не цікава, што акурат жыхары правінцыяў, якія ў Францыі нараджаюць больш за ўсё дзяцей, паводле статыстыкі займаюць першае месца па ўжыванні алкаголю!

Памылка тым больш сур’ёзная, заганнасць тым больш глыбокая, што ісціна — вось яна: у Францыі больш не нараджаюць дзяцей, таму што больш не аддаюцца каханню. Вось і ўсё.

Але хопіць пра гэта разводзіць. Патрэбная нейкая кніга, якая цалкам зменіць норавы, трэба, каб дзяржава пачала дзейнічаць па-іншаму, спрыяць шлюбу, заахвочваць перадусім плённае каханне, і тады іншыя важныя праблемы, такія як дзіцячая праца, лёгка развяжуцца, на карысць краіне і да яе гонару.

Але вернемся да драматычнага мастацтва; у пралогу мае п’есы вы знойдзеце ўсе найважнейшыя рысы драматургіі, якую я прапаную. Дадам, што, на маю думку, гэта твор сучасны, просты, са жвавым рытмам, які будзе паскарацца або запавольвацца, калі захочацца ўразіць гледача. Сюжэт дастаткова агульны, бо драматычны твор, у якім сюжэт — гэта падмурак, уплывае на розумы і норавы праз пачуццё абавязку або гонару.

У залежнасці ад абставінаў трагічнае будзе пераважаць над камічным і наадварот. Але сумняюся, што цяпер хтосьці сцерпіць без раздражнення драматычны твор, у якім гэтыя элементы не будуць супрацьпастаўленыя, бо ў цяперашнім чалавецтве і творах маладога пакалення столькі сілы, што адразу падаецца, нібыта найвялікшае няшчасце мае права на існаванне, і на яго можна глядзець не толькі праз прызму паблажлівай іроніі, якая выклікае смех, але і з сапраўдным аптымізмам, які хутка суцяшае і нараджае надзею.

Апроч таго тэатр — гэта больш не перайманне жыцця, гэтак жа як кола — не нага. З гэтага вынікае, што будзе цалкам законна прышчапіць тэатру новыя, адмысловыя эстэтычныя прынцыпы, якія падкрэсляць тэатральнасць персанажаў і дададуць бляску абстаноўцы, у той жа час не пазбаўляючы пафасу альбо камічнасці сітуацыі, якія мусяць быць самадастатковымі, не патрабуючы дапамогі звонку.

Пры канцы дазвольце зазначыць, што, адзяляючы ўласны кірунак ад нямоглых спробаў сучаснай літаратуры, я ніякім чынам не прэтэндую на стварэнне школы, але перадусім пратэстую супраць “рэалістычнага” тэатру, які пануе ў сучасным тэатральным мастацтве. Такая “фатаграфічная” манера, несумненна, лепш пасуе кінематографу і, я ўпэўнены, найбольш супярэчыць менавіта драматычнаму мастацтву.

Скажу яшчэ, што, на маю думку, адзіны верш, які пасуе тэатру, — гэта верш гнуткі, які ў аснове сваёй мае рытм, сюжэт і сілу і адпавядае ўсім патрэбам тэатру. Драматург не павінен пагарджаць музыкай рыфмы, а рыфма мусіць быць не неабходнасцю, ад якое і аўтар і чытач хутка стамляюцца, а тым, што дадае прыгажосці пафаснаму альбо камічнаму, хору, пэўным рэплікам альбо фіналу маналогу і служыць вартаму завяршэнню дзеі.

І ці ж не бясконцыя магчымасці такога мастацтва? Яно дае свабоду ўяўленню драматурга, які, адкідаючы ўсе відавочна неабходныя лініі альбо ўзнаўляючы закінутую традыцыю, не лічыць патрэбным адмовіцца ад наследавання вялікім папярэднікам. Ён выказвае ім пашану, якой заслугоўваюць тыя, хто ўзнёс чалавецтва па-над пустой бачнасцю, якой яно, пакінутае само сабе, вымушанае будзе здаволіцца, калі страціць геніяў, што ўзносяць вышэй і вызначаюць шлях. Але тыя, што адкрываюць вачам новыя светы, рассоўваюць гарызонты і няспынна пашыраюць межы чалавечага бачання, пакідаюць радасць і пашану іншым, няспынна ідучы да ўсё больш дзівосных адкрыццяў.

1917

[1] Віктор Баш (1863—1944) — філосаф, найбольш вядомы працамі ў галіне эстэтыкі і паліталогіі.

[2] Агюстэн Эжэн Скрыб (1791—1861) — французскі драматург і лібрэтыст, аўтар больш чым 150 п’есаў. Найбольшым поспехам карысталіся яго камедыі і вадэвілі.

[3] П’ер Клод Нівэль дэ ля Шасэ (1692—1754) — французскі драматург і паэт. Першая яго п’еса ў жанры “слязлівай камедыі” (comédie larmoyante) пад назвай “Меланіда” (Mélanide) была пастаўленая 12 траўня 1741 году.

[4] Мальтузіянец — тут: той, хто выступае супраць дэмаграфічнага росту.

© Кацярына Маціеўская, пераклад

Пераклад з французскай – Кацярына Маціеўская © 2013

Чытайце таксама

Артур Сайманз

Артур Сайманз

Ангельскі паэт-сімваліст, выдавец, драматург, эсэіст, перакладчык і літаратурны крытык.

Марыя Канапніцкая

Марыя Канапніцкая

Польская паэтка, празаік, літаратурны крытык, публіцыст і перакладчыца

Эрнэст Брыль

Эрнэст Брыль

Польскі паэт, празаік, драматург, перакладчык, журналіст

Ўістан Х’ю Одэн

Ўістан Х’ю Одэн

Англа-амерыканскі паэт і эсэіст. Лічыцца найвялікшым паэтам ХХ стагоддзя.

894