№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Говард Філіпс Лаўкрафт

Кліч Ктулху (The Call of Cthulhu)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Павел Донаў


(Знойдзена сярод папераў нябожчыка Фрэнсіса Ўэйлэнда Тэрстана з Бостану)


Можна ўявіць сабе, што частка нагэтулькі вялікіх сілаў ці істот дажыла... дажыла на нашага часу з тых далёкіх часоў, калі... свядомасць існавала, бадай, у такіх формах і вобразах, якія даўно ўжо адступілі перад поступам чалавецтва... у формах, мімалётныя згадкі пра якія захаваліся толькі ў вершах і легендах, і называюцца яны ў іх багамі, пачварамі ды міфічнымі стварэннямі ўсіх родаў і відаў...”

Алджэрнан Блэквуд

I. Жах у гліне

Найлепшы ў свеце ўзор міласэрнасці, як мне здаецца, – гэта няздольнасць чалавечага розуму суаднесці ўсё, што яму вядома. Мы жывем на ціхім востраве невуцтва пасярод бязмежнага чорнага акіяну ведаў, і нам лёсам не наканавана далёка ад яго адплываць. Навукі, кожная з якіх працуе ва ўласным напрамку, прынеслі пакуль няшмат шкоды. Але калі мы аднойчы супаставім гэтыя разрозненыя веды, то перад намі адкрыюцца такія жахлівыя карціны рэальнасці і нашага страшнага ў ёй месца, што нам застанецца або звар’яцець, або збегчы ад святла ў спакой і бяспеку новага Сярэднявечча.

Пра тое, наколькі жахліва доўгі той касмічны цыкл, у якім наш свет і ўсё чалавецтва – толькі кароткі эпізод, гадалі тэасофы. Словамі, ад якіх кроў застыла б у жылах, каб іх не прыхавалі асцярожным аптымізмам, яны намякалі нам на тых дзівосных старажытных істот, што дажылі да нашага часу. Ды толькі не яны дазволілі мне кінуць адзін мімалётны позірк на тыя табуяваныя эпохі, якія цяпер гнятуць мяне, калі я пра іх думаю, і даводзяць да вар’яцтва, з’яўляючыся ў снах. Кінуць позірк на гэтыя і іншыя пробліскі страшнай праўды мне ўдалося, калі я выпадкова суаднёс некалькі паасобных фактаў – у дадзеным выпадку старую газетную зацемку і нататкі памерлага прафесара. Гэтага, я спадзяюся, не паўторыць больш ніхто. І калі толькі мне ўдасца выжыць, то ніводзін чалавек ніколі не даведаецца ад мяне пра гэтую страшную сувязь. Прафесар, я думаю, таксама збіраўся захоўваць таямніцу пра ўсё, што ведаў, і знішчыў бы свае нататкі, каб толькі раптоўная смерць не забрала яго.

Усё пачалося ўзімку 1926–1927 гг., калі памёр мой стрыечны дзед Джордж Гэмел Энджэл, ганаровы прафесар, даследчык семіцкіх моваў Браўнскага універсітэта, што ў Провідэнсе, штат Род-Айлэнд. Прафесар Энджэл быў буйным аўтарытэтам у вобласці старажытных надпісаў і да яго нярэдка звярталіся кіраўнікі вядомых музеяў. Таму яго смерць ва ўзросце дзевяноста двух гадоў не засталася незаўважанай. Інтарэс да гэтага здарэння падагравалі, сярод іншага, яго таямнічыя акалічнасці. Прафесар упаў, калі вяртаўся з ньюпарцкага карабля. Як сцвярджаюць сведкі, яго збіў з ног нейкі чарнамазы матрос, што выйшаў з аднаго з тых падазроных цёмных двароў на стромкім схіле, праз які ідзе кароткі шлях ад узбярэжжа да дома нябожчыка на Ўільямс-стрыт. Ніякіх прыкметных траўмаў дактары не знайшлі. А пасля разгубленага абмеркавання прыйшлі да высновы, што смерць выклікала нейкае незразумелае парушэнне працы сэрца ў выніку хуткага пад’ёму на такую высокую гару ў яго немаладым узросце. На той час я не меў падставаў пярэчыць заключэнню, але апошнім часам пачынаю ў ім сумнявацца – і нават больш за тое.

Як спадчыннік і павернік свайго стрыечнага дзеда (ён памёр бяздзетным удаўцом) я мусіў уважліва і грунтоўна перагледзець яго паперы. Дзеля гэтага я перавёз усе яго тэчкі і скрыні на сваю кватэру ў Бостане. Многія матэрыялы, якія я разабраў, пазней апублікуе Амерыканскае археалагічнае таварыства, але была там і яшчэ адна, абсалютна незразумелая, скрыня, якую я вырашыў нікому не паказваць. Яна была замкнёная, і я ніяк не мог знайсці ключа, пакуль не здагадаўся праверыць звязку, якую прафесар насіў у кішэні. На ёй патрэбныя ключы я знайшоў, але тады паўстала, здаецца, яшчэ большая і складанейшая праблема. Бо якіх сэнс маглі мець дзіўны гліняны барэльеф і разрозненыя нататкі, абрыўкі і выразкі, якія я там знайшоў? Няўжо мой дзед у канцы жыцця пачаў верыць у розную містычную лухту? Я пастанавіў знайсці таго дзівакаватага скульптара, які, як мне здалося, нёс адказнасць за парушэнне душэўнага спакою старога.

Барэльеф меў форму грубага прастакутніка пяць на шэсць цаляў, менш за цалю таўшчынёй, і быў несумненна сучаснага паходжання. Знакі на ім, аднак, стваралі атмасферу, далёкую ад сучаснасці. Бо колькі б дзівацтваў ні мелі футурызм і кубізм, нячаста яны перадаюць той магічны парадак, які хаваецца ў дагістарычных надпісах. А стыль большасці рысункаў менавіта такім і быў, хоць я, нягледзячы на добрае знаёмства з дзедавай бібліятэкай і яго калекцыямі, і не здолеў распазнаць гэтага канкрэтнага віду ці хаця б успомніць штосьці, хоць аддалена звязанае з імі.

Над гэтымі несумненнымі іерогліфамі знаходзілася яшчэ адна выява – відавочна карцінка, хоць невыразнае выкананне і не дазваляла ясна зразумець яе прыроду. Здавалася, гэта была пачвара або нейкі знак, што яе сімвалізаваў, прычым такі, які магла нарадзіць толькі хворая фантазія. Калі я скажу, што ў маім да пэўнай меры экстравагантным уяўленні адначасова ўзніклі вобразы васьмінога, дракона і нейкага карыкатурнага чалавека, то не здраджу гэтым яе духу. Мясістая галава з шчупальцамі ўзвышалася над вычварным, пакрытым лускою целам з неразвітымі крылцамі. Такім быў галоўны сілуэт на карцінцы, ад таго яшчэ жахлівейшай. За фігурай няпэўна адгадвалася нейкая цыклапічная архітэктура.

Тэкст, які суправаджаў гэтую дзіўную рэч, у адрозненне ад стосу газетных выразак, быў рукапісны. У ім пазнаваўся старэчы почырк прафесара Энджэла, і стыль яго быў далёкі ад літаратурнага. Галоўная частка мела загаловак “КУЛЬТ КТУЛХУ” – ён быў старанна выведзены друкаванымі літарамі, каб пазбегнуць памылак, чытаючы такое нечуванае слова. Рукапіс быў падзелены на дзве часткі, першая з іх мела загаловак “1925 – Сон і аналіз сну Г. Э. Ўілкакса (Томас-ст., 7, Провідэнс, Род-Айлэнд)”, а другая – “Аповед інспектара Джона Р. Леграса (Бінвіл-ст., 121, Н. Арлеан, Луізіяна) на з’ездзе ААТ 1908 г. – Заўвагі, аповед праф. Ўэба”. На старонках другога рукапісу былі сціслыя нататкі, у некаторых апісанні дзіўных сноў розных людзей, у іншых – вытрымкі з кніг і часопісаў па тэасофіі (у прыватнасці, з “Атлантыды” і “Страчанай Лемурыі” Ў. Скота-Эліята), у рэшце – каментарыі, прысвечаныя доўгатрывалым таемным супольнасцям і сакрэтным культам. Сярод спасылак былі такія міфалагічныя і антрапалагічныя крыніцы, як “Залатая галіна” Фрэйзера і “Вядзьмарскі культ у Заходняй Еўропе” міс Мюрэй. Выразкі спасылаліся галоўным чынам на незвычайныя выпадкі шаленства і выбухі калектыўнага вар’яцтва або маній увесну 1925 г.

Першая палова галоўнага рукапісу апавядала незвычайную гісторыю. Падобна да таго, што 1 сакавіка 1925 г. да прафесара Энджэла звярнуўся худы чарнявы малады чалавек з незвычайным гліняным барэльефам, на той час свежым і вельмі сырым. Выгляд хлапец меў вельмі неўратычны ды ўзрушаны. На яго візітоўцы было імя – Генры Энтані Ўілкакс, і мой дзед пазнаў у ім малодшага сына адной добрай сям’і, з якой ён быў крыху знаёмы. Апошнім часам той вывучаў скульптуру ў Род-айлэндскай мастацкай школе і жыў адзін у Флёр-дэ-Лі-Білдынг па суседстве. Ўілкакс быў таленавітым юнаком, вядомым не толькі сваімі здольнасцямі, але і эксцэнтрычнасцю, і з дзяцінства прыцягваў да сябе ўвагу тым, што любіў пераказваць незвычайныя гісторыі і дзіўныя сны. Ён называў сябе “псіхічна гіперчуллівым”, але сталыя насельнікі гэтага старога гандлёвага гораду звычайна казалі прасцей – “дзівак”. Ён і раней асабліва не кантактаваў з да сябе падобнымі, а з цягам часу зусім выпаў з поля зроку грамады, і ведалі яго толькі нешматлікія заезджыя эстэты. Нават Мастацкі клуб Провідэнса ў празе захаваць свой кансерватызм палічыў яго абсалютна безнадзейным.

Рукапіс прафесара паведамляе, што, прыйшоўшы, скульптар раптам папрасіў у гаспадара дому археалагічнай кансультацыі, каб распазнаць іерогліфы на барэльефе. Выказваўся ён цьмяна і высакамоўна, – гэта выглядала на позу і выклікала непрыязнасць. Дзед адрэагаваў рэзка, бо дошчачка была відавочна новай і магла мець сувязь з чым заўгодна, толькі не з археалогіяй. Пярэчанні маладога Ўілкакса ўразілі дзеда настолькі, што ён памяняў сваё рашэнне і нават даслоўна занатаваў тую фразу, бо яна была неверагодна паэтычнай, як, мусіць, і ўсё, што казаў хлопец. Мне і цяпер здаецца, што гэтая рэпліка вельмі добра яго характарызуе. Ён сказаў: “Яна сапраўды новая, бо я зрабіў яе мінулае начы, у той час, калі бачыў у снах дзівосныя гарады. А сны – яны старэйшыя за задумлівы Тыр, за мройнага Сфінкса і за аперазаны садамі Вавілон”.

Менавіта тады ён пачаў свой доўгі аповед, які нечакана абудзіў памяць майго дзеда і выклікаў яго гарачы інтарэс. У папярэдні вечар здарыўся невялікі землятрус. Ён аказаўся наймацнейшым з усіх, што былі ў Новай Англіі за колькі апошніх гадоў, і моцна ўзрушыў Ўілкакса. Праваліўшыся ў небывалы сон, ён убачыў цыклапічныя гарады з гіганцкіх блокаў і небасяжных глыбаў, спрэс пакрытыя кроплямі зялёнай ціны, злавесныя ў сваёй затоенай вусцішы. Сцены і калоны пакрывалі іерогліфы, а аднекуль унізе даносіўся голас. Нават не голас напраўду, а хаатычныя імпульсы, якія толькі фантазія магла атаясаміць з гукамі, але ён паспрабаваў перадаць іх амаль нечытальнай мешанінай літар: “Ктулху фхтагн”.

Гэтая мешаніна гукаў аказалася ключом да ўспамінаў, якія ўсхвалявалі і ўстрывожылі прафесара Энджэла. Ён стаў з навуковай дэталёвасцю распытваць скульптара і па-вар’яцку заўзята даследаваць барэльеф. А Ўілксакс апавёў, як моцна здзівіўся, калі прачнуўся змерзлы і адзеты толькі ў піжаму і ўбачыў, што зрабіў яго ў сне. Пасля ўжо ён сказаў, што дзед усё наракаў на свае гады за маруднасць, з якой яму ўдалося распазнаць іерогліфы і выяву. Многія дзедавы пытанні госцю здаваліся недарэчнымі, асабліва спробы выявіць у яго сувязь з рознымі дзіўнымі культамі або сектамі. Ўілкакс не мог зразумець, чаму той абяцае захаваць таямніцу ўзамен на далучэнне да якой-небудзь акультнай або паганскай суполкі. Калі прафесар Энджэл упэўніўся, што скульптар сапраўды нічога не ведае ні пра якія культы ці таемныя вучэнні, ён засыпаў госця просьбамі і надалей расказваць яму свае сны. І гэта пачало рэгулярна прыносіць вынікі, бо пасля першага сумоўя рукапіс паведамляе пра штодзённыя званкі маладога чалавека. Ён расказваў жудасныя ўрыўкі з сваіх начных мрояў, у якіх яму заўсёды бачыўся нейкі цыклапічны пейзаж у цёмным і вільготным каменні, а слыхам, або толькі розумам, ён успрымаў з-пад зямлі голас, манатонны крык, які набягаў няяснымі хвалямі пачуццяў, што складаліся ў неапісальную бяссэнсіцу. Найчасцей паўтараліся дзве паслядоўнасці, якія можна перадаць літарамі як “Ктулху” і “Р’льех”.

23 сакавіка, гаварылася далей у рукапісе, Ўілкакс не даў пра сябе знаць. На кватэры паведамілі, што яго адолела незразумелая ліхаманка, і бацькі забралі яго да сябе на Ўотэрмэн-стрыт. Уначы ён крыкам абудзіў некалькі іншых мастакоў у доме, і з той пары непрытомнасць чаргавалася ў яго з трызненнем. Мой дзед зараз жа патэлефанаваў яго бацькам і далей уважліва сачыў за ходам хваробы, раз-пораз тэлефануючы ў офіс доктара Тоўбі на Тэер-стрыт, які назіраў за хлопцам. У ліхаманкавым розуме Ўілкакса ўзнікалі дзіўныя вобразы. Доктар уздрыгваў штораз, калі той пачынаў казаць пра іх. Яны не толькі паўтаралі ўсё, што ён сніў раней, але часта былі пра штось гіганцкае, што ўздымалася “на мілі ўгору”, хадзіла, бязладна блукаючы наўкола.

Ён ні разу не апісаў гэты аб’ект цалкам, але (што пацвердзіў і доктар Тоўбі) асобныя ліхаманкавыя словы пераканалі прафесара, што гэта мусіла быць тая самая безыменная пачвара, якую ён намагаўся перадаць скульптурай, што зрабіў у сне. Ён заўсёды ўзгадваў гэты вобраз перад тым, як упасці ў летаргію, дадаў доктар. Тэмпература яго, на дзіва, была не такая і высокая. Агульны ж стан, наадварот, быў такі, што хутчэй наводзіў на думку пра сапраўдную ліхаманку, а не пра псіхічны разлад.

2 красавіка каля 3 гадзін папоўдні ўсе прыкметы немачы Ўілкакса раптам зніклі. Ён узняўся ў пасцелі, здзіўлены тым, што знаходзіцца дома, і нічога не памятаючы пра тое, што адбывалася ў сне ці рэальнасці пасля ночы 22 сакавіка. Лекар палічыў яго стан добрым, і праз тры дні ён вярнуўся на сваю кватэру, але ўжо нічым не мог дапамагчы прафесару Энджэлу. Разам з папраўкай бясследна знік і дзіўны сон, і мой дзед перастаў весці запісы яго мрояў пасля тыдня марных і недарэчных аповедаў пра самыя банальныя відзежы.

На гэтым першая частка рукапісу сканчалася, але прагледзеўшы некаторыя асобныя нататкі, я атрымаў шмат матэрыялу для роздуму – фактычна столькі, што мой далейшы недавер да мастака можна патлумачыць хіба што глыбока ўкарэненым скептыцызмам, на якім грунтавалася тады мая жыццёвая філасофія. Гэтыя нататкі апісвалі сны розных людзей на працягу таго ж перыяду, калі Ўілкакс быў пад уздзеяннем свайго дзіўнага наслання. Падобна, што мой дзед хутка разгарнуў надзіва шырокую інфармацыйную сетку сярод амаль усіх знаёмых, якіх мог распытаць без дадатковых цырымоній, просячы штоночы рабіць справаздачы пра сны, а таксама паведамляць даты любых вартых увагі відзежаў за апошні час. Рэагавалі на яго просьбу, здаецца, па-рознаму, але ён, прынамсі, здолеў сабраць больш адказаў, чым гэта ўдалося б любому іншаму без дапамогі сакратара. Арыгінальнае ліставанне не захавалася, але запісы ўтрымліваюць грунтоўны і вельмі сур’ёзны аналіз. Сярэдняе звяно грамадства і бізнэсу – традыцыйная “соль зямлі” Новай Англіі – не дало амаль няікіх вынікаў, хоць паасобныя выпадкі трывожных, але невыразных начных уражанняў сям-там трапляюцца, заўсёды паміж 23 сакавіка і 2 красавіка – перыяд трызненняў маладога Ўілкакса. Навукоўцы траплялі пад уплыў крыху больш, хаця апісаныя чатыры выпадкі няпэўных і мімалётных відзежаў з незвычайнымі краявідамі, а адзін раз узгадваецца страх перад нечым анамальным.

Патрэбныя адказы прыходзілі ад мастакоў і паэтаў, і я не сумняюся, што іх бы ахапіла паніка, каб толькі яны маглі супаставіць свае нататкі. Паколькі ў маім распараджэнні не было саміх лістоў, я падазраваў, што аўтар нататак задаваў навадныя пытанні або рэдагаваў карэспандэнцыю ў пошуках пацверджанняў таго, што спадзяваўся знайсці. Вось чаму я па-ранейшаму думаў, што Ўілкакс, ведаючы аднекуль пра даўнія дадзеныя, якімі быў апантаны мой дзед, падманваў старога навукоўца. Адказы, што прыходзілі ад багемы, складаліся ў трывожную карціну. З 28 лютага па 2 красавіка вялікая частка гэтых людзей сніла вельмі дзіўныя рэчы, і інтэнсіўнасць сноў была невымерна мацнейшай у перыяд трызненняў скульптара. Больш за чвэрць ад усіх, хто нешта паведаміў, расказвалі пра сцэны і напаўгукі, якія нічым не адрозніваліся ад апісаных Ўілкаксам. Некаторыя ж сведчылі пра востры страх перад гіганцкай безыменнай зданню, што бачылася ім да самага канца. У запісах акцэнтуецца ўвага на адным вельмі сумным выпадку з шырока вядомым архітэктарам, які захапляўся тэасофіяй і акультызмам. У той дзень, калі з маладым Ўілкаксам здарыўся прыпадак, ён увайшоў у стан моцнага шалу і памёр пасля некалькіх месяцаў несупынных крыкаў з просьбамі дапамагчы яму ўратавацца ад нейкай істоты, што вырвалася з пекла. Калі б мой дзед выкарыстоўваў у нататках імёны людзей, а не проста нумары, мне варта было б усё спраўдзіць і асабіста ва ўсім разабрацца. Але ў той сітуацыі мне ўдалося праверыць толькі некалькі выпадкаў. Усе яны, аднак, у поўнай меры пацвердзілі занатаванае. Мне часта было цікава, ці ўсе рэспандэнты прафесара былі гэтак жа збянтэжаныя, як тыя людзі. Як добра, што ім ніхто нічога не патлумачыць.

Выразкі з прэсы, як я ўжо казаў, датычылі выпадкаў панікі, маніі і эксцэнтрычнях паводзінаў у розных людзей цягам дадзенага перыяду. Прафесар Энджэл мусіў наняць бюро для збору выразак, бо колькасць урыўкаў аказалася надзвычайнай, а крыніцы былі раскіданыя па ўсім свеце. Сярод іх было начное самагубства ў Лондане, калі нейкі самотнік з жахлівым крыкам выскачыў у сне праз акно. Тут жа быў вялікі ліст рэдактару паўднёваамерыканскай газеты пра нейкага фанатыка, які прадказваў жахлівую будучыню на аснове сваіх відзежаў. Паведамленне з Каліфорніі апісвае паселішча тэасофаў, якія апраналіся ва ўсё белае і чакалі нейкага “слаўнага здзяйснення”, якое ўсё ніяк не прыходзіла. А весткі з Індыі асцярожна інфармавалі пра сур’ёзныя мясцовыя хваляванні, якія цягнуліся да 22-23 сакавіка.

Захад Ірландыі таксама поўніцца дзікімі пагалоскамі і легендамі, а эксцэнтрычны мастак Ардуа-Бано выстаўляе блюзнерскі “Мройны краявід” у парыжскім вясновым салоне 1926 году. Хваляванняў жа ў лякарнях для псіхічна хворых запісана столькі, што толькі цуд мог перашкодзіць медыкам правесці паралелі і зрабіць ашаламляльныя высновы. Проста фантастычная купа выразак – адна да адной. Сёння мне цяжка нават уявіць сабе той непрабівальны рацыяналізм, праз які я адмовіўся браць іх да ўвагі. Але тады я быў перакананы, што малады Ўілкакс загадзя ведаў пра даўнейшыя падзеі, апісаныя прафесарам.



Цалкам спампаваць пераклад можна па спасылках ніжэй.

Пераклад з ангельскай – Павел Донаў © 2009

Чытайце таксама

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

Чарлз Букоўскі

Чарлз Букоўскі

Амерыканскі паэт і празаік, прадстаўнік "бруднага рэалізму"

Саламея Пільштынова

Саламея Пільштынова

Аўтарка дзённіка-кнігі “Авантуры майго жыцця”

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

2367