№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Леапольда Лугонэс

Нябожчык (El Hombre Muerto)

Апавяданне

Пераклад з гішпанскай Макс Шчур


У вёсачцы, дзе мы спынілі нашыя фурманкі пасля таго, як цягам доўгага часу вымяралі вакольную безлюдзь, жыў незвычайны вар’ят, які верыў у тое, што ён мёртвы.

Ён пасяліўся тут некалькі месяцаў таму, затойваючы, адкуль ён з’явіўся, і з роспачнай настойлівасцю прасіў кожнага лічыць яго нябожчыкам.

Лішне казаць, што ніхто не мог задаволіць ягонай просьбы; і хаця бальшыня, бачачы ягоны адчай, прыкідвалася, што верыць яму, гэта толькі неймаверна пагаршала ягоныя пакуты.

Як толькі мы прыбылі, ён тут жа падышоў да нас і з маркотнай безнадзейнасцю, якая насамрэч выклікала шкадаванне, пачаў умольна прасіць нас паверыць у немагчымае. Так ён рабіў шторазу, калі нейкія вандроўнікі гады ў рады завітвалі ў гэтае богам забытае месца.

Гэта быў нечувана худы чалавек, з жаўтаватай барадой, апрануты ў рыззё, вар’ят як вар’ят; але мой спадарожнік-землямер выявіў зацікаўленасць да нязвыклага і не ўпусціў нагоды распытаць гэтага дзівака. Аднак той амаль адразу ўцяміў, якія ў майго прыяцеля намеры, і без прэамбулаў пачаў выкладаць сутнасць справы, што паводле ўсіх уяваў ніяк не стасавалася з ягоным выглядам.

– Я зусім не вар’ят, – сказаў ён надзвычай спакойна, але ягоны тон не здолеў схаваць ад нас ягонага балючага адчаю. – Я не вар’ят, я – нябожчык, вось ужо трыццаць гадоў. Так ёсць. Скажаце – чаму я памёр?

Мой спадарожнік незаўважна мне падміргнуў. Шматабяцальны пачатак.

– Я нарадзіўся там і там, маё імя такі й такі, сям’я мая там і там...

(Я замоўчваю гэтыя звесткі, каб не нашкодзіць тым з ягоных сваякоў, хто яшчэ жыве).

– Я часта страчваў прытомнасць, і гэтая млосць так нагадвала смерць, што, хаця й палохала спачатку сямейнікаў, урэшце прывяла іх да высновы, што гэтыя прыступы для мяне не смяротныя. Некалькі вучоных дактароў пацвердзіла гэта сваім аўтарытэтам. Палічылі, што ў мяне салітэр.

Тым не менш, аднойчы я гэтак самлеў і больш ужо не апрытомнеў. Тут і пачынаецца гісторыя маіх пакутаў, майго шаленства...

Усеагульная паняверка што да маёй смерці не дае мне памерці канчаткова. З гледзішча прыроды я даўно мёртвы. Але каб гэта сталася праўдай з чалавечага гледзішча, патрэбна, каб хоць нехта пагадзіўся мяне такім прызнаць. Хаця б адзін.

Я апрытомнеў пасля смерці толькі целам, таму што яно было да гэтага звыклае, але мяне самога як мыслячай істоты, мяне як такога з таго часу не існуе. Няма такой чалавечай мовы, якая здольная была б апісаць, якое гэта катаванне. Прага нябыту – гэта штосьці жахлівае.

Ён казаў усё гэта па-простаму, са шчырасцю, якая палохала.

– Прага нябыту! І найгоршае – што я не магу спаць. Трыццаць гадоў без сну! Трыццаць гадоў сам-насам з вакольным светам і ўласным неіснаваннем!

У вёсцы ўсе гэтыя аповеды ўжо ведалі на памяць. Ягоныя несупынныя спробы пераканаць мясцовых жыхароў у тым, што ён памёр, даўно ім надакучылі. У вар’ята была звычка спаць паміж чатырох свечак. Ён доўгія гадзіны праводзіў у полі, лежачы нішчачкам з прысыпаным зямлёю тварам.

Усе гэтыя паведамленні надзвычай нас зацікавілі, але калі мы ўжо збіраліся ўнесці ў нашыя назіранні нейкую методу, настала неспадзяваная развязка.

Двое парабкаў, якіх мы мусілі дачакацца ў гэтым паселішчы, з’явіліся ўвечары трэцяга дня разам з некалькімі адсталымі муламі.

Мы не чулі, як яны прыехалі, таму што спалі, але раптам нас пабудзілі іхныя крыкі.

Вось што адбылося.

Вар’ят спаў у тым жа доме, у якім начавалі мы, на кухні; ці прынамсі рабіў выгляд, што спіць, паставіўшы вакол свае чатыры свечкі, – гэта была адзіная міласціна, якую ён пагадзіўся ад нас прыняць.

Парабкі спыніліся на парозе, зляканыя гэтым відовішчам, за якія два метры ад вар’ята. Ягонае цела да самых грудзей было прыкрытае капай, з-пад якой тырчалі ягоныя ногі.

– Нябожчык! – прамармыталі парабкі амаль адначасова. Яны паверылі ў відавочнае.

Ім пачулася штосьці накшталт кволага выдыху, нібыта здзьмуўся вінны мех. Капа сплюшчылася, быццам пад ёю нічога не было, тым часам як відочныя часткі цела вар’ята – галава і ногі – імгненна ператварыліся ў шкілет.

Выкрык парабкаў змусіў нас двума скачкамі апынуцца побач з саламянай посцілкай.

Мы рэзка сарвалі капу ў прадчуванні смяротнага жаху.

Пад ёю, спаміж лахманоў, без найменшых слядоў вільгаці альбо драбочку плоці, ляжалі нечувана старыя косці, на якіх засталося крыху высахлай скуры.


Пераклад з гішпанскай – Макс Шчур © 2009

Чытайце таксама

Паўліна Скурко

Паўліна Скурко

Гісторык

Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч

Беларускі пісьменнік, перакладчык з нямецкай, двойчы лаўрэат 2 ступені прэміі Гедройца

Войцех Кучак

Войцех Кучак

Польскі празаік, паэт, сцэнарыст, кінакрытык, спелеолаг

Адольф Мешэндзёрфер

Адольф Мешэндзёрфер

Трансільванска-саксонскі пісьменнік і буйны прадстаўнік нямецкамоўнай румынскай літаратуры

290