№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Руноскэ Акутагава

Капы (河童)

Аповесць

Пераклад з японскай Уладзімір Шатон


Прадмова

Гэтую гісторыю апавядае кожнаму пацыент адной псіхіятрычнай бальніцы, які значыцца там пад нумарам дваццаць трэцім. Чалавеку, бадай што, за трыццаць, a выгляд у яго даволі маладжавы. На працягу цэлай паловы жыцця яму давялося зазнаць... але пакінем тое. Вось ён расказвае сваю гісторыю дырэктару бальніцы доктару S і мне. Моцна абхапіўшы калені, расказчык пазірае час ад часу ў закратаванае вакно, за якім відаць адно-адзінюткае дрэва: мажны дуб, што ўжо скінуў засохлае лісце і працягнуў аголенае сучча небу, завешанаму снегавымі хмарамі. Пацыент, між іншым, не застаецца ў пастаяннай безварушнасці. Так, вымаўляючы словы "я вельмі здзівіўся", ён рэзка адкідвае назад галаву.

Я думаю, што запісаў ягоны расказ даволі падрабязна. Калі ж хто-небудзь палічыць мае нататкі недастатковымі, то няхай адшукае псіхіятрычную бальніцу доктара S, якая знаходзіцца ў мястэчку N паблізуТокіо. He па гадах малады пацыент нумар дваццаць тры схіліць галаву, пакажа на цвёрдае крэсла і спакойным тонам пачне, у каторы ўжо раз, апавядаць сваю гісторыю. Нарэшце ён закончыць расказ, a потым, – я добра помню яго твар у той момант, – імгненна ўсхопіцца на ногі, замахае кулакамі і закрычыць:

– Прэч адсюль, нягоднік! Паганая, зласлівая, бессаромная, самадавольная, жорсткая, вераломная жывёліна. Прэч з маіх вачэй, мярзотнік!

 

1

 

Здарылася гэта летам, гады тры таму назад. Адразу з курортнай гасцініцы, што размясцілася каля гарачых крыніц Камікоці, я накіраваўся да падножжа гары Хотака з намерам падняцца на яе вяршыню. Як і ў іншых турыстаў, за плячыма ў мяне быў рукзак. Добра вядома, што ўзысці на гару можна толькі адным шляхам, а іменна: ідучы берагам уверх, насуперак плыні ракі Адзусы. Паколькі на вяршыню Хотака і, канешне, Ярыгатака мне даводзілася падымацца раней, то я адразу, без правадніка, скіраваў проста ў даліну Адзусы. Даліна, куды я спусціўся, была засмужана ранішнім туманам. Нідзе не відаць было і знаку на тое, што імгла хутка рассеецца. Наадварот, каламуць гусцела шчэ больш. Прайшоўшы так з паўгадзіны, я стаў падумваць аб тым, ці не вярнуцца мне лепей назад, у Камікоці. Але, каб вярнуцца ў Камікоці, я мусіў бы ўсё роўна чакаць, пакуль не рассеецца туман. А ён з кожнай мінутай гусцеў і гусцеў. "Ат, палезу наверх", – сказаў я сабе і пачаў прабірацца скрозь зараслі нізкарослага бамбука, стараючыся не вельмі аддаляцца ад рачной даліны.

Перад маімі вачыма па-ранейшаму вісеў густы туман, у якім час ад часу паўставалі то мажны камель бука, то сінявата-зялёнае вецце піхты, то каровы альбо коні, што пасвіліся паблізу. Усе яны тут жа прападалі ў сутонлівай каламуці. Неўзабаве я адчуў стому ў нагах, захацелася есці. Акрамя таго, мой альпійскі гарнітур і ваўняная коўдра набрынялі смужнай вільгаццю і значна пацяжэлі. Нарэшце я здаўся і рашыў спусціцца ў даліну ракі, ідучы на пошум вады, якая набягала на скалы.

Каля самага берага я сеў на камень і прыняўся гатаваць ежу. Адкрыў бляшанку вяндліны, назбіраў шыгалля і расклаў цяпельца. Пакуль усё тое рабілася, прайшло мінут дзесяць. За гэты час неадчэпны паганы туман пачаў рассейвацца. Жуючы хлеб, я мелькам глянуў на гадзіннік. Ого, ужо дваццаць мінут а другой гадзіне. Але яшчэ болей ашаломіла мяне пачварная мардасіна, якая адлюстроўвалася на круглым шкельцы гадзінніка. Працяты страхам, я азірнуўся і... першы раз у сваім жыцці ўбачыўсапраўднага капу. Капа стаяў за маёй спіной і быў якраз такі, як на малюнках. Адной рукой ён абхапіў бярэзіну, а другую прыставіў далонню да вачэй і з цікавасцю паглядваў на мяне.

3 перапуду я на нейкі момант знямеў, Капа, мусіць, таксама быў ашаломлены, бо так і не адвёў сваёй рукі ад вачэй. Я ўскочыў і рынуўся туды, дзе стаяў назіральнік. Той пабег. Ды не, можа толькі памкнуўся бегчы. Ён неяк крутнуўся на месцы і кудысьці вокамгненна знік. Аслупянелы, я абвёў позіркам зараснік бамбука. Уцякач затаіўся прама перада мною, на адлегласці двух-трох метраў. Ён павярнуў галаву і пазіраў якраз у мой бок. I ў гэтым не было нічога дзіўнага. Але сапраўднай нечаканасцю для мяне аказаўся колер ягонай скуры. Калі ён зорыў са скалы, то выглядаў зусім шэрым. Зараз жа яго цела набыло зялёны колер. "Ах ты, паганец!" – закрычаў я і кінуўся да капчака. Мо з паўгадзіны я лавіў бегляка, прадзіраючыся скрозь бамбукавы зараснік і стрымгалоў пераскокваючы цераз каменне.

Па сваёй прыткасці капа не саступае малпе. Некалькі разоў ён знікаў і вынікаў ізноў. Я ганяўся за ім, быццам апантаны. Ногі мае слізгалі, і я часта падаў. Капа дабег да вялізнага разгалістага конскага каштана. I тут зусім нечакана дарогу яму перагарадзіў бык, што пасвіўся побач. Гэта быў здаравенны бык з нахабнымі рагамі і налітымі крывёю вачыма. Заўважыўшы рагача, капа неяк дзіўна заенчыў і нырнуў амаль што кулём у зараснік высокага бамбука. А я... а я кінуўся следам, бо лічыў, што цяпер яму не ўцячы ад мяне. Але на шляху зеўрала, мабыць, яма, якую мае вочы не заўважылі. Ледзь толькі я дакрануўся пальцам да слізкай спіны капчака, як адразу ж паляцеў, куляючыся, у морак прадоння. Да нас, людзей, у крайнія моманты жыцця прыходзяць самыя недарэчныя думкі. Так і я ў гэтае імгненне прыгадаў чамусьці, што паблізу гарачых крыніц Камікоці ёсць капчакоўскі мост, вядомы пад назвай Капабасі. Далей... не памятаю, што было далей. Перад маімі вачыма бліснула маланка, і я тут жа страціў прытомнасць.

 

2

 

Калі апрытомнеў, то адчуў, што ляжу на спіне. Наўкола вялікай гурмою стаялі капы. Ля мяне ўкленчыў таўстадзюбы капчак у пенснэ і, прыставіўшы да маіх грудзей стэтаскоп, нешта слухаў. Як толькі ён заўважыў, што я расплюшчыў вочы, то жэстам загадаў мне ляжаць спакойна. Затым, павярнуўшыся да якогась капчака, сказаў: "Quax, quax". Адразу ж з'явіліся аднекуль яшчэ двое капчакоў з насілкамі. Мяне паклалі на гэтае ложа, і ў суправаджэнні вялікага натоўпу мы ціхім ходам рушылі па вуліцы, якая мала чым адрознівалася ад Гінзы. Паабапал яе ў засені букаў віднеліся рады тэнтаў над вітрынамі розных магазінаў, а па самой дарозе, што праставала між дрэў, імчаліся аўтамабілі.

Але хутка мяне на тых жа насілках раптам завярнулі ў вузенькую цесную вулачку і неўзабаве прынеслі ў нейкую будыніну. Як я потым даведаўся, гаспадаром гэтай будыніны быў доктар Чак – якраз той самы таўстадзюб у пенснэ. Мяне паклалі на маленькі чысценькі ложак, а затым Чак даў мне выпіць якогась празрыстага зелля. Я ляжаў пластом пасля лекавання Чака. Дый ці здолеў бы я на нешта большае, калі моцныя болі ў суставах не давалі мне нават паварушыцца.

Удзень разы два ці тры Чак прыходзіў мяне лячыць. Акрамя таго, праз кожныя тры дні наведваўся рыбалоў Баг – той самы капа, якому я ўпершыню падвярнуўся на вочы. Пра нас, людзей, капы ведаюць значна больш, чымся мы ведаем пра іх. Мабыць, з прычыны таго, што капчакі трапляюць да людзей даволі рэдка, тады як людзі апынаюцца ў капчакоўскіх цянётах вельмі часта. Мо слова "цянёты" не зусім падыходзіць тут, але ж і задоўга да мяне людзі неаднойчы траплялі ў краіну капчакоў. I многія заставаліся тут жыць. Чаму? Ды таму, што мы не капы, а людзі, і нам, як людзям, даецца ў іхнім грамадстве прывілея мець прахарчунак і не працаваць. Баг расказваў мне, што неяк да іх зусім выпадкова трапіў малады яшчэ дарожны рабочы. Ён ажаніўся з капчакіняй. Гэтая капчакіня была першай красуняй у тым краі і вельмі лоўка настаўляла свайму чалавеку рогі.

Неяк праз тыдзень на аснове тутэй-шых законаў было вырашана, каб я, цяпер ужо "насельнік пад асобай апекай", жыў у суседстве з Чакам. Мой дамок, хай сабе і невялічкі, меў густоўную абставу. Дарэчы, няма асаблівай розніцы паміж іхняй цывілізацыяй і нашай, у прыватнасці, японскай. У куце гасцёўні, вокны якой глядзелі на вуліцу, стаяла піяніна, а ў рамцы на сцяне вісела гравюра. Адна толькі розніца, што і гэтая вось хатка, і гэтыя во сталы ды крэслы, таксама як і ўсё іншае, стасоўвалася з ростам капчакоў. Здавалася, нібыта мяне пасялілі ў дзіцячы пакойчык.

Звычайна пад вечар сюды, у мой дамок, прыходзілі Чак і Баг, і я паступова вывучыў капскую мову. Але наведваліся не толькі доктар і рыбалоў. Кожны тутэйшы праяўляў да мяне вялікую цікаўнасць як да грамадзяніна пад асобай апекай. Сярод наведвальнікаў быў і дырэктар шкляных вырабаў Гейл, якому па ягонай жа просьбе Чак штодзённа вымяраў крывяны ціск. Аднак у першыя два тыдні самым блізкім для мяне аказаўся рыбалоў Баг.

Неяк цёплым пагодным вечарам Баг ізноў з'явіўся ў маім пакойчыку. Мы ўладкаваліся за сталом адзін супроць другога і вялі бяседу. Раптам Баг замоўк, вылупіў і без таго лупатыя вочы і, як бы нешта надумаўшы, пільна паглядзеў на мяне. Я, канешне, здзівіўся і запытаў: "Quax, Bag, quo quel, quan?", што ў перакладзе на японскую мову азначае: Гэй, Баг, што здарылася?" Заместа адказу Баг падняўся, высунуў язык і пачаў скакаць, быццам жаба, робячы выгляд, што хоча на мяне кінуцца. Мне стала не па сабе, і я ціхенька ўстаў з крэсла, каб рыўком выскачыць за дзверы. Ды ў гэты момант у дзвярах паказалася знаёмае аблічча, і на маё шчасце ўвайшоў доктар Чак. "Э, Баг, што ты вытвараеш тут?" – запытаў доктар і, паправіўшы пенснэ, сярдзіта паглядзеў на рыбака. Баг збянтэжыўся, а затым, уздымаючы рукі да галавы, стаў прасіць прабачэння: "Вельмі прашу вас, прабачце! Але ж надта цікава назіраць пудкасць гэтага вяльможнага пана. I я, паддаўшыся такой цікавасці, трохі пажартаваў. Шаноўны пане, – звярнуўся ён да мяне, – вы таксама даруйце".

 

3

 

Перш чым працягваць апавяданне, я павінен даць некаторыя звесткі пра капчакоў. Капа – гэта жывая істота. I хаця яго рэальнае існаванне ўсё яшчэ падвяргаецца сумненню, асабіста ў мяне, жыўшага сярод капчакоў, не можа быць і кроплі такога недаверу. На пытанне, як выглядае капа, адзначу, што галава яго пакрыта кароткімі валасамі, а рукі і ногі аздоблены плавальнымі перапонкамі. Увогуле, ён мала чым адрозніваецца ад жывёліны, апісанне якой даецца на старонках "Даследавання аб вадзяным тыгры" або іншых падобных трактатаў. Росту капа невялікага, недзе каля метра. Важыць, паводле разлікаў доктара Чака, дваццаць-трыццаць фунтаў. Зрэдку сустракаюцца індывіды, вага якіх дасягае пяцідзесяці фунтаў. Макаўка галавы мае паглыбленне, якое нагадвае форму авальнага сподачка. 3 узростам авал гэты цвярдзее. Так, сподачак на галаве пастарэлага Бага і сподачак на галаве маладога Чака на вобмацак розніліся. Але самым адметным, бадай, з'яўляецца колер скуры капчакоў. Гэтыя стварэнні пастаяннага, як у людзей, колеру скуры не маюць. Яны мяняюць яго ўзалежнасці ад фарбаў наваколля. У траве капы зялёныя, а сярод скал – папялістыя. Акрамя капчакоў, такой уласцівасцю, як вядома, валодаюць хамелеоны. Мажліва, ёсць пэўная структурная блізкасць паміж скураным пакровам капчака і скураным пакровам хамелеона. Калі я зрабіў для сябе гэтае адкрыццё, тоадразу прыгадаў, што паводле народных паданняў капы нашых заходніх правінцый – зялёнага колеру, a капы паўночна-ўсходніх правінцый – чырвоныя. Успомніў яшчэ, што як раз тады, калі я гнаўся за Багам, той нечакана рабіўся нябачным і кудысьці знікаў. У капчакоў нарастае, мабыць, ладны слой падскурнага тлушчу. Таму яны не знаюць аніякай апраткі, хаця тэмпературы ў іхняй падзямельнай краіне даволі нізкія (нешта каля пяцідзесяці градусаў па Фарэнгейце). Гэтыя істоты могуць насіць пры сабе акуляры, партсігар, партманет. Для такіх рэчаў яны, бы кенгуру, маюць на жываце сумку. Так што адносна кішэняў ніякіх праблем. Капы не закрываюць сябе ніжэй паясніцы. Апошняе было для мяне зусім нязвыклым, і аднойчы я запытаў Бага, чаму ў іх трывае гэтакі звычай. Адкінуўшыся назад, Баг доўга рагатаў, a потым прамовіў: "А мне смешна якраз, што вы гэта самае хаваеце".

 

4

 

Паступова я авалодаў гутарковаю мовай капчакоў і такім чынам добра пазнаёміўся з іхнімі звычаямі ды норавамі. I тут надта здзівіла мяне адна асаблівасць. Менавіта рэчы, смешныя для нас, людзей, капы ўспрымаюць як нешта сур'ёзнае і, наадварот, усё, што ў чалавечым грамадстве лічыцца сур'ёзным, капчакам здаецца вельмі смешным. Так, словы "справядлівасць", "гуманнасць" мы лучым з нейкім сур'ёзным значэннем, а капы, учуўшы гэтыя словы, пачынаюць рагатаць, трымаючыся за жываты. Карацей кажучы, разуменне гумару капамі істотна адрозніваецца ад разумення гумару людзьмі. Аднойчы я расказаў доктару Чаку пра абмежаванне дзетараджэння. Разявіўшы рот, Чак рагатаў настолькі моцна, што ў яго звалілася пенснэ. Я, канешне, раззлаваўся і рэзкім тонам запытаў, з чаго ён смяецца. Па тым часе я не разумеў яшчэ дасканала мову капчакоў і ў падрабязнасцях, магчыма, памыляюся. Аднак памятаю, што па сутнасці адказ Чака быўтакім: "Ці ж не смешна думаць толькі пра выгоды бацькоў? Гэта не што іншае, як чэрствы эгаізм".

Але затое на чалавечы пагляд няма нічога больш смешнага, чым роды ў капчакінь. Праз нейкі час пасля размовы з доктарам я наведаўся ў хацінку Бага, жонка якога павінна была раджаць. Іхнія роды ўвогуле такія ж, як і нашыя. Парадзісе дапамагаюць урач і акушэрка. Але на пачатку родаў бацька прыстаўляе свой рот да похвы радзіліцы і, быццам па тэлефоне, гучна пытаецца ў навароднага: "Ці хочаш ты паявіцца на свет? Падумай добра, а затым адкажы!" Застаючыся на ўколенцах, Баг некалькі разоў паўтарыўгэтыя словы, пасля чаго прапаласкаў рот дэзінфіцыруючым зеллем, што стаяла на стале. I тут дзіцёнак, бадай, крыху збянтэжаны, прамовіў з матчынага лона ціхім галаском: "Я не хачу нараджацца. Па-першае, таму што ўнаследую бацькаву заганную спадчыну, прынамсі яго псіхічную хваробу. Акрамя таго, я лічу, што жыццё капчакоў пагоршылася".

Пачуўшы такі адказ, Баг разгублена пачухаў галаву. Аднак акушэрка, што стаяла побач, імгненна засунула ў лона парадзіхі тоўстую шкляную трубку і ўпрыснула нейкую вадкасць. Самка, адчуўшы, мабыць, палёгку, працяжна ўздыхнула. Яе жывот, нібыта паветраны шар, з якога выпусцілі вадарод, адразу ж апаў. Здольнае даваць такі адказ, нованароджанае дзіцянё капчакоў умее, вядома, і бегаць, і балабоніць. Чак расказваў мне, што адно капчанё ўсяго дваццаці шасці дзён ад роду чытала нават лекцыі аб існаванні бога. Праўда, яно, пражыўшы два месяцы, неўзабаве памёрла.

Калі ўжо гаворка зайшла аб родах, то раскажу яшчэ пра вялізны плакат, які ўбачыў зусім выпадкова на рагу вуліцы на трэці дзень майго знаходжання ў гэтым краі. На ніжняй палавіне плаката былі намаляваны дванаццаць ці мо трынаццаць капчакоў. Адныя з іх дзьмулі ў трубы, а другія трымалі шаблі. Уверсе доўжыліся радкі спіралепадобных знакаў, што нагадвалі спружынку гадзінніка. Гэта былі знакі пісьма капчакоў. He выключана, што ў перадачы ўсіх тонкасцяў значэння тых сімвалаў я мог дзе-нідзе і памыліцца. Але ж разам са мной прагульваўся студэнт Paп. Ён і прачытаў мне ўголас надпіс на плакаце, а я старанна занатаваў Рапавы словы. У перакладзе сэнс тых спіралек быў такі:

 

Здаровыя капчакі і капчакіні!

Далучайцеся да суполкі дужай радзіны!

Каб знішчыць паганае семя, жаніцеся

з кволымі жанчынамі

і выходзьце замуж за хірлявых мужчын!

 

Я, вядома, сказаў тады Рапу, што здзейсніць падобнае немагчыма. У адказ не толькі Paп, але і ўсе капы, стаяўшыя каля плаката, гучна зарагаталі. "Немагчыма? Ды вы, як вынікае з вашых расказаў, робіце тое самае. Чаму, скажыце, у вас шляхетнага роду сын заляцаецца да служанкі, a дачка са знакамітай сям'і фліртуе з шафёрам? Ці ж гэта не інстынктыўнае імкненне пазбавіцца паганай спадчыны? Дарэчы, вы нядаўна самі апавядалі пра сваіх храбрых воінаў. Доблесныя атрады забіваюць адзін аднаго з-за нейкай там чыгункі. Калі параўноўваць, то нашыя воі больш высакародныя, чым вашыя".

Paп гаварыў на поўным сур'ёзе, а складкі яго тоўсценькага жывоціка пакалыхваліся, мабыць, ад смеху. А мне тады было не да жартаў. Да таго ж я спрабаваў злавіць капчанё, якое, скарыстаўшы маю няўважнасць, выцягнула ў мяне самапіску. Ды не так лёгка ўлавіць свавольніка з яго слізготнаю скурай. Гэтае стварэнне імгненна вылузнулася з маіх рук і кінулася бегчы з усіх ног. Худое, нібы камарынае, цельца бегляка праставала так нізка над зямлёй, што здавалася, яшчэ момант – і ён спатыкнецца носам.

 

5

 

Капчак Paп стараўся для мяне анічуць не менш, чым Баг. Акурат ён пазнаёміў мяне з Токам – капаўскім паэтам, які насіў такія ж доўгія валасы, што і нашыя вершапісцы. Каб забавіцьчас, я заходзіў калі-нікалі да гэтага барда. Ток сядзеў, звычайна, у сваім невялікім пакойчыку з усялякай высакагорнай расліннасцю, пісаў вершы, курыў і, па маіх меркаваннях, пачуваў сябе анігадкі. Тут жа ў куточку мясцілася яго самка. Яна нешта вязала ці займалася іншай жаночаю справай. (Ток быў прыхільнікам свабоднага кахання і не меў жонкі.) Гаспадар, заўважыўшы мяне, усміхаўся і мовіў: "А-а, добра, што завітаў сюды. Праходзь, калі ласка. Вунь крэсла. Сядай". (Зрэшты, капаўская ўсмешка не такая ўжо вабная. Прынамсі мне ад гэтай усмешкі было спачатку не па сабе.)

Ток цікава расказваў пра мастацтва капчакоў, пра іхні лад жыцця. На думку паэта, няма, бадай, нічога больш недарэчнага, чымся быт звычайнага капы. Бацькі і дзеці, мужы і жонкі, браты і сёстры жывуць толькі дзеля таго, каб чыніць узаемнае зло. Асабліва абсурднай з'яўляецца сістэма сямейных адносін. Неяк падчас нашай размовы Ток паглядзеў у вакно, грэбліва сплюнуўі паказаў на вуліцу: "Глянь, якое вар'яц-тва!" За вокнамі на вуліцы млявай, зморанай хадою крочыў даволі малады яшчэ капа. На ягонай шыі віселі сямёра ці васьмёра самак і самцоў, сярод іх і старыя: напэўна, бацькі. Аднак я быў у захапленні ад гэтага самаахвярнага ўчынку і сказаў, што малады капа варты пахвалы.

"Гэ! – усклікнуў Ток, – дык ты сапраўды маеш усе якасці, каб стаць ісцівым грамадзянінам гэтай краіны... Дарэчы, ты сацыяліст?" Я, вядома, адказаў "qua", што на мове капчакоў азначае "канешне".

"Значыцца, ты без аглядкі ахвяраваў бы геніем дзеля сотні няздараў?"

"А ты сам да якой партыі належыш? Нехта даводзіў мне, што ты манархіст".

На гэтае пытанне Ток урачыста заявіў:

"Я – звышчалавек" (у літаральным перакладзе: "Звышкапа").

Арыгінальныя думкі выказваў Ток і наконт мастацтва. Паводле ягоных перакананняў, мастацтва незалежнае. Мастацтва існуе дзеля мастацтва, і мастак павінен быць звышчалавекам, які стаіць вышэй за дабро і зло. Гэтага пункту гледжання прытрымліваўся не адзін Ток. Падобныя погляды падзяляла большасць яго паэтычных сяброў.

Сяды-тады я заходзіў разам з Токам у Клуб звышчалавекаў. Там збіраліся паэты, празаікі, драматургі, крытыкі, кудзейнікі, музыканты, скульптары ды іншыя аматары мастацтваў. Усе яны былі звышчалавекі.

Сядзелі супермэны ў салоне, залітым святлом электрычных лямпаў, і вялі жвавыя, вясёлыя размовы. Час ад часу яны фанабэрліва паказвалі свае звышчалавечыя здольнасці. Так, адзін архітэктар, злавіўшы маладога капу, які бегаў сярод вялізных гаршкоў з высокім чортавым папаратнікам, заўзята распуснічаў з ім. Нейкая пісьменніца ўзлезла на стол і паспрачалася, што вып'е шэсцьдзесят пляшак абсэнту. Але на шасцідзесятай пляшцы яна звалілася пад стол і тут жа зайшлася.

Аднойчы я і паэт Ток, узяўшыся подручкі, вярталіся з Клуба звышчалавекаў дадому. Быў прыгожы месячны вечар. Але Тока апанавала якаясь незвычайная паныласць, і ён маўчаў. Мы праходзілі міма ярка асветленага ваконца аднаго дамка. За вакном самец і самка, пэўна сужанцы, а таксама трое капчанят сядзелі вакол стала і вячэралі. Ток уздыхнуў і раптам сказаў мне: "Ведаеш, я за любоў звышчалавечую. А вось калі бачу такую сямейную ідылію, то адчуваю зайздрасць".

"А ці не здаецца табе, што, разважаючы такім чынам, ты сам жа супярэчыш сабе?"

Ток, скрыжаваўшы рукі, нерухома стаяў пад святлом месяца і глядзеў на мірную вячэру пяцярых капчакоў. Затым ён прамовіў: "Што ні кажы, а тая вунь яешня для здароўя намнога карысней, чым любое каханне".

 

Упершыню пераклад быў надрукаваны ў часопісе “Крыніца” – 1997 – №6 (32).


 
Пераклад з японскай – Уладзімір Шатон © 2013

Чытайце таксама

Душан Тарагел

Душан Тарагел

Славацкі празаік, публіцыст і сцэнарыст

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Павал Орсаг Гвездаслаў

Павал Орсаг Гвездаслаў

Славацкі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік славацкай літаратуры

Цыпрыян Каміль Норвід

Цыпрыян Каміль Норвід

Польскі паэт, драматург, празаік, жывапісец, эсэіст, скульптар і філосаф.

1946