Гасцёўня Мэйсанаў была дужа дзіўная. У адным куце яна была вельмі шыкоўна абстаўленая. Шырокія канапы, нізкія элегантныя крэслы, вытанчаныя статуэткі і дарагія парцьеры на дэкаратыўных металічных карнізах былі прыдатнай аблямоўкай для каханай жанчыны – гаспадыні гэтага дома. Мэйсан, малады, але заможны дзялок, не шкадаваў ні сілаў, ні грошай для любога жадання і капрызу сваёй прыўкраснай жонкі. І гэта было натуральна, бо яна шмат ад чаго адмовілася дзеля яго. Самая вядомая танцорка ў Францыі, гераіня дзесятку бурных раманаў, яна зраклася бляску і ўцехаў, каб раздзяліць лёс маладога амерыканца, чый аскетычны стыль жыцця так не супадаў з ейным. Усім сваім багаццем ён намагаўся кампенсаваць усе яе страты. Відаць, можна было падумаць, што з ягонага боку было б больш тактоўна не выстаўляць напаказ сваё багацце, а тым больш не афішаваць яго ў друку, але калі не зважаць на некаторыя асаблівыя рысы яго характару, ён паводзіў сябе, як муж, які ні на хвілю не пераставаў быць каханкам. Нават прысутнасць гледачоў не стала б перашкодай публічнаму выяўленню ягонай усёпаглынальнай жарсці.
Але пакой сапраўды быў дзіўны. Спачатку ён здаваўся звычайным, і толькі пры далейшым аглядзе можна было заўважыць яго злавеснасць. Там было ціха – вельмі ціха. Нават крокаў не было чуваць на гэтых дарагіх дыванах і цяжкіх кілімах. Змаганне, нават падзенне цела, было б зусім не чутно. А яшчэ пакой быў надзіва бясколерны, святло заўжды было прыглушанае. І не ўвесь ён быў абстаўлены з аднолькавым густам. Можна было падумаць, што малады банкір не лічачы выдаткаў марнаваў свае тысячы на гэты будуар, гэтую прыгожую скарбонку для яго бясцэннай каштоўнасці, і раптоўна спыніўся праз пагрозу банкруцтва. Пакой быў шыкоўны з таго боку, які выходзіў на вуліцу. Але ў дальнім куце ён быў пусты, амаль спартанскі, і адлюстроўваў густ хутчэй найвялікшага аскета, чым распешчанай жанчыны. Магчыма, таму яна прыходзіла сюды толькі на некалькі гадзін – часам на дзве, часам на чатыры, – але пакуль яна была тут, яна жыла поўным жыццём, і ў гэтым вусцішным пакоі Люсіль Мэйсан была зусім іншай і нават больш небяспечнай жанчынай, чым дзе-небудзь яшчэ.
Небяспечнай – менавіта так. Хто б засумняваўся ў гэтым, убачыўшы яе зграбную фігуру, калі гэтая жанчына ляжала на канапе на вялізнай мядзведжай шкуры. Яна абапіралася на правы локаць, рука падтрымлівала яе вытанчанае, але выразна акрэсленае падбароддзе, а вочы – вялікія і меланхалічныя, чароўныя, але няўмольныя – пільна ўзіраліся перад сабой з неадрыўнай увагай, у якой хавалася нешта жудаснае. Гэта быў павабны твар, мілы дзіцячы тварык, і ўсё ж Прырода пазначыла яго нейкай дзіўнай прысутнасцю д’ябла, што хаваўся ўнутры. Можна было заўважыць, што сабакі лякаюцца яе, а дзеці з плачам кідаюцца на ўцёкі ад яе пяшчоты. Ёсць інстынкты глыбейшыя за цвярозы розум.
У гэты дзень яна была чымсьці усхваляваная. У яе руцэ быў ліст, які яна чытала і перачытвала, злёгку зморшчыўшы броўкі і змрочна падцяўшы пекныя вусны. Раптам яна здрыганулася, і цень страху змякчыў кашэчую небяспеку, якою дыхала яе аблічча. Яна паднялася, абапершыся на руку і неадступна гледзячы на дзверы. Яна ўважліва прыслухалася – прыслухалася да чагосьці, што наводзіла на яе жах. Праз імгненне ўсмешка палёгкі зайграла на яе жывым твары. Затым з жахам у вачах яна запхнула ліст у ліф сукенкі. Яна ледзьве паспела зрабіць гэта, як адчыніліся дзверы і ў пакой жвава ўвайшоў малады чалавек. Гэта быў Арчы Мэйсан, яе муж – мужчына, дзеля якога яна ахвяравала сваёй еўрапейскай славай, мужчына, які цяпер быў перашкодай для яе новай захапляльнай прыгоды.
Амерыканцу было каля трыццаці гадоў, ён быў чыста паголены, атлетычнага целаскладу, апрануты ў выдатна пашыты вузкі касцюм, што падкрэсліваў яго зграбную паставу. Ён стаяў ля дзвярэй, склаўшы рукі і ўважліва ўглядаючыся ў сваю жонку, і калі б не жывыя вочы, яго прыгожы загарэлы твар хутчэй нагадваў бы маску. Яна ўсё яшчэ абапіралася на локаць, але цяпер яе вочы былі прыкаваныя да яго. Было нешта акрутнае ў гэтай маўклівай змене. Кожны дапытваў іншага, і кожны меркаваў, што адказ на яго пытанне быў пагібельны. Ён нібыта запытваў: “Што ты зрабіла?” Яна, у сваю чаргу, здавалася, казала: “Што ты ведаеш?” Урэшце ён увайшоў, сеў на мядзведжую шкуру каля яе, дакрануўся пальцамі да яе далікатнага вушка і павярнуў да сябе яе твар.
– Люсіль, – сказаў ён, – ты хочаш мяне атруціць?
Яна адхіснулася ад яго з жахам у вачах, спрабуючы запярэчыць. Яна была занадта ўсхваляваная, каб гаварыць, яна ўзмахвала рукамі, і вусны яе ўздрыгвалі ад здзіўлення і злосці. Яна паспрабавала ўстаць, але ён моцна схапіў яе за запясце. Ён паўтарыў пытанне, але гэтым разам ён уклаў у яго жудасны сэнс.
– Люсіль, чаму ты хочаш мяне атруціць?
– Ты звар’яцеў, Арчы! Звар’яцеў! – задыхалася яна.
Ад ягонага адказу кроў застыла ў яе жылах. З бледнымі, напаўраскрытымі вуснамі і белымі шчокамі, яна толькі і магла ўглядацца ў яго ў бездапаможнай цішыні, пакуль ён даставаў з кішэні маленькую бутэлечку і падносіў да яе твару.
– Гэта з тваёй скарбонкі! – ускрыкнуў ён.
Двойчы яна спрабавала загаварыць, але нічога не выходзіла. Урэшце павольна, адно за адным, з яе скрыўленых вуснаў з’яўляліся словы:
– Прынамсі я ніколі гэтага не выкарыстоўвала.
Ён зноў апусціў руку ў кішэню і дастаў з яе аркуш паперы, разгарнуўшы перад ёй.
– Гэта пасведчанне ад доктара Энгуса. Ён пацвярджае, што тут змяшчаецца дванаццаць гранаў сурмы. Таксама ў мяне ёсць доказы ад дзю Валя, аптэкара, які прадаў гэта.
На яе твар было страшна зірнуць. Ёй не было чаго сказаць. Яна толькі і магла ляжаць, безнадзейна ўтаропіўшы позірк у адну кропку, нібы драпежны звер, які трапіў у смяротную пастку.
– Ну? – спытаў ён.
Не было іншага адказу, апроч адчайнага і ўмольнага руху.
– Чаму? – спытаў ён. – Я хачу ведаць, чаму.
Гаворачы гэта, ён угледзеў край ліста, які вызіраў з яе дэкальтэ. Ён умомант схапіў яго. З крыкам роспачы яна намагалася вярнуць ліст, але мужчына ўтрымліваў яе адной рукой, пакуль ягоныя вочы бегалі па радках.
– Кэмпбэл! – задыхаўся ён. – Гэта быў Кэмпбэл!
Яна зноў пасмялела. Ужо не было чаго адмаўляць. Яе твар стаў каменным і непахісным. Вочы калолі, нібы кінжал.
– Так, – сказала яна, – гэта быў Кэмпбэл.
– Божа мой! Чаму менавіта ён?!
Ён устаў і пачаў хадзіць па пакоі ўзад і ўперад. Кэмпбэл, самы высакародны з людзей, мужчына, чыё жыццё было прыкладам самаахвярнасці, смеласці і іншых вартасцяў абранцаў лёсу. Але і ён таксама зрабіўся ахвярай гэтай сірэны, якая зацягнула яго так нізка, што ён здрадзіў яму – калі не дзеяннямі, то ў намерах, – чалавек, чыю руку ён па-сяброўску паціскаў пры сустрэчах. Гэта было неверагодна – аднак ён чытаў гэты ўмольны ліст закаханага чалавека да ягонай жонкі збегчы з ім і падзяліць лёс чалавека з пустымі кішэнямі. Кожнае слова гэтага ліста паказвала, што Кэмпбэл прынамсі не думаў пра смерць Мэйсана, якая знішчыла б усе перашкоды. Гэтае д’ябальскае рашэнне было спараджэннем падступнага і злога розуму і ўзнікла ў сценах гэтага цудоўнага жытла.
Мэйсан быў рэдкі чалавек – філосаф, мысляр, прыязны і спагадлівы да іншых. На імгненне ён занурыўся ў гаркоту. За гэтую кароткую хвілю ён гатовы быў знішчыць і сваю жонку, і Кэмпбэла і сам пайсці на смерць са спакойнай душой чалавека, які выканаў свой сціплы абавязак. Але пакуль ён хадзіў туды-сюды па пакоі, у ім перамаглі больш міласэрныя думкі. Як ён мог абвінавачваць Кэмпбэла? Ён ведаў пра надзвычайную прывабнасць гэтай жанчыны. І гэта была не проста фізічная прыгажосць. У яе была унікальная здольнасць паказаць мужчыну, што ён цікавіць яе, яна магла пранікнуць у яго свядомасць, прабрацца ў самыя патаемныя закуткі яго душы і зрабіць выгляд, што скіроўвае яго на дасягненне мэты і нават на дабрачыннасць. Акурат у гэтым праяўлялася бязлітаснае падступства расстаўленай ёй сеткі. Ён памятаў, як было з ім. Яна была вольная – ці гэта ён так думаў? – і ён змог ажаніцца з ёй. Але калі ўявіць, што яна была не адна? Што яна была замужам. Што яна гэтаксама завалодала б ягонай душой. Ці змог бы ён стрымацца? Ці змог бы ён адступіцца ад сваіх няспраўджаных жаданняў? Ён ужо быў гатовы прыняць гэта з усёй мужнасцю чалавека Новай Англіі, на якую толькі быў здатны. Дык чаму ён павінен быў злавацца на свайго няшчаснага сябра, які апынуўся ў гэтым становішчы? Падумаўшы пра Кэмпбэла, ён адчуў шкадаванне і спагаду да яго.
А яна? Вось яна ляжыць на канапе, бедны, слабы матылёк, яе мары развеяліся, яе інтрыга выплыла на паверхню, яе будучыня цёмная і няпэўная. Нават у дачыненні да яе, атручальніцы, ягонае сэрца змякчылася. Ён крыху ведаў пра яе мінулае. Ведаў, што яна з нараджэння была распешчаным дзіцем, наравістым, свавольным, змятала ўсё на сваім шляху – розумам, прыгажосцю, шармам. Яна ніколі не сустракала перашкодаў. І цяпер, калі нешта паўстала на яе шляху, яна ўтрапёна і раз’юшана пачала знішчаць гэта. Але калі яна надумала знішчыць яго, ці не было гэта знакам таго, што ён не быў дасканалым, быў не тым чалавекам, які мог прынесці ёй душэўны спакой і сардэчнае задавальненне? Ён быў занадта суворы і стрыманы для гэтай жыццярадаснай і летуценнай натуры. Ён быў чалавекам з Поўначы, яна – з Поўдня, і жыццё звяло іх разам дзякуючы закону супрацьлегласцяў, але гэтага было мала для трывалага саюзу. Ён мусіў быў убачыць гэта – і зразумець. І адказнасць за гэта ляжала на ім з яго выдатным розумам. Яго сэрца змякчылася, нібыта яна была маленькім, бездапаможным дзіцем, якое сустрэлася з ліхам. Нейкі час у цішыні ён хадзіў па пакоі, яго вусны былі сцятыя, а рукі сціскаліся так, што на далонях заставаліся сляды ад пазногцяў. Але раптам ён прысеў ля яе і ўзяў яе халодную бязвольную руку ў сваю. Адзіная думка білася ў яго галаве: “Гэта высакароднасць ці слабасць?” Гэтае пытанне гучала ў ягоных вушах, ён уяўляў яго перад вачыма, ён амаль зрокава бачыў яго матэрыялізаваны вобраз – у літарах, якія мог прачытаць увесь свет.
Гэта была цяжкая барацьба, але ён урэшце перамог.
– Мілая, ты павінная выбраць аднаго з нас, – сказаў ён. – Калі ты сапраўды ўпэўненая – разумееш, упэўненая, – што будзеш шчаслівая замужам за Кэмпбэлам, я не буду вам перашкаджаць.
– Развод?! – захлынулася яна паветрам.
Яго рука адкрыла бутэлечку з атрутай. “Можаш называць гэта так,” – сказаў ён.
Новае дзіўнае святло бліснула ў яе вачах, калі яна зірнула на яго. Перад ёй быў зусім незнаёмы чалавек. Нячулы, практычны амерыканец знік. Здавалася, вакол яго мігцеў арэол героя, святога, чалавека, які змог падняцца да нябесных вышыняў бескарыслівай дабрадзейнасці. Яе рукі абвілі ягоную руку, што трымала пагібельную пляшачку.
– Арчы, – плакала яна, – ты можаш дараваць мне нават такое?!
– Урэшце, ты ўсяго толькі капрызнае дзіцятка! – усміхнуўся ён.
Яна хацела абняць яго, але ў дзверы пагрукалі, і ўвайшла пакаёўка – у той дзіўнай бязгучнай манеры, у якой усё рухалася ў гэтым вусцішным пакоі. На падносе ляжала картка. Яна зірнула туды.
– Капітан Кэмпбэл! Я не хачу яго бачыць.
Мэйсан ускочыў.
– Наадварот, мы яго вельмі чакаем. Зараз жа запрасіце яго сюды.
Праз некалькі хвілін у пакой увайшоў высокі загарэлы малады салдат. Усмешка ззяла ва ўсіх яго прыгожых рысах, але калі за ім зачыніліся дзверы і на твары Мэйсанаў вярнуўся іх звычайны выраз, ён нерашуча спыніўся, пазіраючы то на аднаго, то на другога.
– Што здарылася? – спытаў ён.
Мэйсан устаў насустрач і паклаў руку яму на плячо.
– Я не хаваю крыўды, – сказаў ён.
– Крыўды?
– Так, я ўсё ведаю. Але я сам, магчыма, зрабіў бы тое самае на тваім месцы.
Кэмпбэл адхіснуўся і запытальна зірнуў на жанчыну. Яна кіўнула і паціснула сваімі гожымі плячыма. Мэйсан усміхаўся.
– Не думай, што гэта пастка, каб выбіць прызнанне. У нас была шчырая гутарка з гэтай нагоды. Джэк, ты заўжды быў сумленным чалавекам. Вось бутэлечка. Не думай пра тое, адкуль яна ўзялася. Калі адзін з нас вып’е з яе, гэта выправіць сітуацыю, – ён гаварыў жорстка, амаль раз’юшана. – Люсіль, хто гэта будзе?
Нейкая дзіўная сіла дзейнічала ў гэтым вусцішным пакоі. Тут быў яшчэ трэці мужчына, хоць ніхто з гэтых траіх, што стаялі тут на пераломе сваёй жыццёвай драмы, не зважаў на яго. Як доўга ён тут быў і колькі ўсяго ён чуў – гэтага ніхто не мог сказаць. Ён змяюкай скурчыўся ў дальнім куце каля сцяны, ледзьве рухаючыся, моўчкі нервова патузваючы правай рукой, сціснутай у кулак. Ён быў схаваны ад поглядаў квадратнай скрыняй са спрытна накінутым на яе кавалкам матэрыі. Ён засяроджана і пільна сачыў за кожнай новай рэплікай у гэтай драме. І раптам прыйшоў час для яго ўмяшання. Але тыя трое мала думалі пра гэта. Уцягнутыя ў гульню сваіх эмоцый, яны забыліся на сілу, мацнейшую за іх, – сілу, гатовую ў любы момант выйсці на сцэну.
– Ну што, гуляем, Джэк? – спытаў Мэйсан.
Вайсковец кіўнуў.
– Не трэба, Богам прашу, не трэба! – плакала жанчына.
Мэйсан адкаркаваў бутэлечку і, павярнуўшыся да стала, дастаў калоду карт. Карты і бутэлечка стаялі побач.
– Мы не можам ускласці на яе ўсю адказнасць, – сказаў ён. – Давай, Джэк, ты ж найлепшы з нас.
Салдат падышоў да стала. Дакрануўся да пагібельных карт. Жанчына, абапіраючыся на руку, павярнула галаву і ўтаропілася ў яго зачараванымі вачыма.
Тады і толькі тады грымнуў гром.
Незнаёмец устаў – бледны, як смерць.
І тут усе трое заўважылі яго прысутнасць. Яны павярнуліся да яго з пытаннем у вачах. Ён халодна і сумна зірнуў на іх, нібыта гаспадар становішча.
– Ну як? – спыталі яны.
– Кашмар! – адказаў ён. – Кашмар! Заўтра давядзецца пераздымаць усю сцэну.