№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргій Жадан

Порна (Порно)

Апавяданне

Пераклад з украінскай


– І што ты ўвесь час гаворыш пра парнаграфію?

– Ну люблю я парнаграфію.

– Як можна любіць парнаграфію?

– Любіць можна ўсё. Ты, напрыклад, любіш Элвіса. Гэта таксама парнаграфія.

– Элвіс не парнаграфія.

– Парнаграфія-парнаграфія. Элвіс, Джордж дабл ю Буш, Мікі Маўс – усё гэта парнаграфія.

– Мікі Маўс?

– Так. Мікі Маўс. Галімая парнаграфія.

– Не, толькі не Мікі Маўс. Джордж дабл ю Буш – так, я згодная, але не Мікі Маўс.

– Не спрачайся.

– А ты што – глядзіш гэтыя фільмы?

– Якія фільмы?

– Ну, парнаграфічныя.

– Ты пра што?

– Ну, сапраўдная парнаграфія, фільмы – разумееш?

– А-а. Не, не гляджу. Дзе мне іх глядзець? Няма ў мяне тэлевізара. У мяне быў выбар – набыць або тэлевізар, або зімовае паліто.

– І што?

– Нічога. Я падумаў: нашто мне тэлевізар?

– Ну, мабыць, правільна.

– І я так думаю.

– А паліто?

– Паліто? Ну, я зноў жа такі падумаў: нашто мне паліто?

– Сапраўды – нашто табе паліто ўлетку?

– Вось бачыш.

– Значыць, фільмаў ты не глядзіш?

– Не гляджу.

– Дзіўна... Ну, мне на пасадку. Напішаш пасля як-небудзь пра сваю любоў да парнаграфіі.

– Абавязкова. Шчасліва даляцець.

– Набудзь сабе тэлевізар.

– Добра. У іншым жыцці...

...Калі мне было гадоў адзінаццаць-дванаццаць, я меў за прыяцеля Боба, свайго аднакласніка. Ён быў з кепскай сям’і, яго тата сядзеў дзесьці на Поўначы, а мама працавала ў прыстанцыйным буфеце, не ведаю ўжо, што ў гэтым кепскага. Боб быў на ўсю галаву адбіты чувак, нават у тыя сацыяльна стабільныя часы яго хацелі выгнаць са школы, але куды ты яго выганіш, калі навокал савецкая ўлада. У такім узросце заўсёды падабаецца розная туфта, гармоны граюць, высыпаюць прышчы, хочацца паставіць цэлы свет ракам, наогул жа, пачыналіся добрыя гады, канец дабраславёных васьмідзесятых, час, запоўнены сонцам, травою і кааперацыйным рухам, татальны адцяг, мы нібы трапілі на вялікі з’езд марадзёраў, якія, назаўсёды пакідаючы акупаваную намі краіну, у нашым выпадку – Вялікую Савецкую Імперыю, жадалі прыхапіць як мага больш на памяць пра нябожчыцу: нейкія невялічкія сувеніры, фота і падсвечнікі, што стаялі на каміне ў вітальні, штосьці з шафаў з адзеннем, нейкі непатрэб, зусім нязначныя і нікому ўжо не патрэбныя рэчы – посуд, упрыгожанні, золата, дыяменты, каляровыя металы, вугаль, нафту, зямельныя рэсурсы; радасныя ўсмешлівыя абліччы маіх сучаснікаў (у часы майго дзяцінства яны былі акурат такімі – радаснымі і ўсмешлівымі); нават спекулянты, звязаныя скотчам і аблітыя бензінам, згаралі ў сваіх кааператыўных будках з усмешкамі і пачуццём бязмернага няспыннага палёту скрозь усе аранжавыя нябёсы, што разгарнуліся над нашаю бацькаўшчынаю.

Мы з Бобам навучаліся ў адным класе, але да нейкага часу не кантактавалі, я больш цягаўся за старэйшымі сябрамі, сапраўднымі прыдуркамі. Яны дзесьці даставалі пірацкія копіі нямецкіх порнафільмаў і прасілі мяне як выдатніка іх перакладаць, бо яны там не ўсё разумелі, прыдуркі, адным словам. Касеты былі паршывыя, перапісаныя ў чацверты-пяты раз, відэамагнітафон быў таксама паршывы, савецкі, старэйшыя сябры давяралі майму веданню нямецкай, даволі беспадстаўна, трэба сказаць, але я стараўся, сябры ўсё ж такі. Перакладаў я анлайн, ясная рэч; што праўда, там і перакладаць асабліва не было чаго, тэкставы корпус у асноўным складалі лаканічныя рубленыя фразы кшталту: «Як ты хочаш, каб я гэта зрабіў?» Я ўсё ўскладняў, перакладаючы: «Ён пытае яе, як яна хоча, каб ён гэта з ёю зрабіў», сябры з разуменнем ківалі галовамі, маўляў, нармалёва, малы, нармалёва, так і мае быць. Не дзіўна, што з таго часу нямецкая мова асацыюецца ў мяне з аральным сэксам. Найбольшаю ўзнагародаю за перакладніцкую працу была, вядома, сама магчымасць пабачыць сапраўднае жорсткае нямецкае порна, гэта тады, калі ўсе твае аднагодкі пра сэкс ведалі хіба што з показак, а прэзерватыву не бачылі нават у рэкламе, бо тады і рэкламы такой не было.

І вось дзесьці ў той час мы сышліся з Бобам: мы абодва займаліся фатаграфаваннем, у кожнага дома была цэлая гара рознай смярдзючай хіміі, розныя там праяўляльнікі, замацавальнікі, усялякія шкельцы і абцужкі. Па-сапраўднаму карыстацца гэтым мы не ўмелі – ні ён, ні я – але і яму, і мне гэта падабалася. Не ведаю, штосьці ў гэтым было, гэта вам не сраныя кодакі, не танны аднаразовы замяняльнік, бо калі ты дзяўбешся колькі гадзінаў у едкіх сплавах і сумесях, калі проста пад тваімі пальцамі праступаюць твары сяброў і прыяцеляў, ты і сам пачынаеш разумець, што жыццё – яно крыху складанейшае за кітайскую лёгкую прамысловасць, і што ўсе гэтыя штатаўскія наёбкі кшталту бройлернага тыпу белазубых сэрфінгістаў або дзеўбанутых скаўтаў, якія так і не даведаюцца, што такое камсамол і карыес, – увесь гэты рэкламны бескантроль проста адпачывае поруч з п’янкім узбуджальным пахам старой савецкай фотапаперы. Што там казаць: у нас было цудоўнае дзяцінства і няхілая краіна, ужо што-што, а гэта не заменіш нічым; і вось аднаго разу, курачы ў школьным сарціры, мы разгаварыліся з Бобам на прадмет розных там слоічкаў і шкляначак, і ён, баязліва азіраючыся, паведаміў, што можна дастаць прыкольныя стужкі з гатовымі ўжо негатывамі і самім іх штампаваць. А што за негатывы, пытаюся я, жанчыны, гаворыць ён, голыя жанчыны, ух ты, кажу я, а дзе ты іх возьмеш? Ёсць у мяне, кажа Боб, сябра Фокс, ён кінамеханік, у яго, кажа, шмат такіх стужак, хіба ён нам дасць, сумняюся я, так – не, кажа Боб, а за літр – дасць.

Жыццё такім чынам і здзяйсняецца, калі ты, вядома, сам гэтага хочаш, – усяго за некалькі гадоў перад тым, яшчэ зусім дзецьмі, мы выбягалі на летнія трасы і галасавалі запыленым грузавікам, якія цэлае лета ганялі навакольнымі сельгаспалеткамі, увесь час штосьці перавозячы з месца на месца. Юныя загарэлыя шабашнікі – куміры нашага дзяцінства, якія спакушалі ў кабінах старшакласніцаў і прадавачак марозіва, а вечарамі ганялі ў футбол і злівалі на аўтобусных прыпынках бензін за вадзяру і тытунь, – зранку яны былі яшчэ ў нармалёвым стане, таму калі-нікалі падбіралі нас, дзяцей вялікай краіны і гераічнага народа, і дазвалялі праехаць з імі колькі рэйсаў, мы сядзелі ў гарачых грувасткіх кабінах, стаіўшы дыханне, каб, крый божа, не замінаць гэтым пілотам збіраць народны ўраджай і не вылецець каля найбліжэйшай піўной будкі. Калі яны выскоквалі з кабінаў, каб адзначыць у канторы чарговы рэйс, мы апускалі зялёныя шчыткі ад сонца, густа заклееныя з сярэдзіны чорна-белым хард-порна: вось ён – момант ісціны. Ці трэба казаць, што ўсе мы марылі зрабіцца шабашнікамі, мець такія самыя магутныя баліды, заклейваць іх парнаграфіяй, трахаць прадавачак марозіва, а галоўнае – гуляць так, як яны, у футбол.

Ну, і цяпер нам выпадае нагода ўжо самім наштампаваць колькі трэба гэтага дабра, і мы нагодай карыстаемся, купляем з рук літр вадзяры – там, дзе мы нарадзіліся і выраслі, гэта не было праблемаю – перадаем нашаму кінамеханіку, ён гэты літр пачынае піць яшчэ пры нас, доўга разводзіцца пра бабаў наогул і пра голых у прыватнасці, распытвае штосьці пра школу, даўн нейкі, нарэшце дае нам тое, што мы прасілі і валіць на вечаровы сеанс, а мы ўжо праз некалькі гадзінаў робімся шчаслівымі ўладальнікамі вільготнай растрэсенай калоды мутных і бруднаватых (у сэнсе якасці выяваў) адбіткаў, якія за колькі дзён паспяхова прадаем аднакласнікам за сімвалічныя, але жывыя грошы. Пазней мы яшчэ не раз дадрукоўвалі са сваіх стужак, потым усе нашыя знаёмыя гэтыя карткі займелі, прадаваць іх яшчэ камусьці было стрэмна, мы яшчэ нейкі час іх раздорвалі, а пасля пачаліся летнія вакацыі.

Нам выпала сталець у вірлівы і непаўторны час, я заўжды ўзгадваю тыя гады з любоўю і пяшчотай – на нашыя стрыжаныя галовы і худыя целы ў цёмнай школьнай уніформе проста сыпаліся з нябёсаў адкрыцці і прынады, я ўсё гэта добра памятаю: ранні петынг, слабараспушчаны спірт, крадзены дубас, навостраныя адкруткі, зарыганыя падручнікі – мы клёва ўваходзілі ў жыццё, іншая рэч, на якую хуйню гэта ўсё пасля перавялося. За ўсё трэба плаціць, вось мы, пэўна, і плацім цяпер за тую шалёную эпоху занудным бескаляровым ступарам нашага чмошнага бясчасся. Няпраўда, што часы не мяняюцца, яшчэ як мяняюцца, мы ў свае чатырнаццаць-пятнаццаць бачылі анёлаў на вяршынях варашылаваградскіх тэрыконаў, калі вярталіся з выязных матчаў нашай улюбёнай каманды ў родны горад, мы адчувалі, як цвёрда халадзеюць дыяменты пад смочкамі трыццацігадовых жанчын, якія па п’яні дазвалялі да сябе дакранацца, хаця зазвычай нічым добрым гэта і не заканчвалася, ну, акрамя, вядома, ананізму, мы днямі былі на нагах, пераходзілі ад інтэрнату да інтэрнату, ад падвалу да падвалу, ад прыпынку да прыпынку, мы ўдыхалі цёплы пыл на прыдарожнай зеляніне і гаркаваты пах цукровай ваты на аўтастанцыі. Я згодны за гэта плаціць, хаця і не маю чым.

Неўладкаваныя гены Боба перамагалі ў ім; ён быў маім найлепшым сябрам, дэманстратыўна клаў на школу і заўсёды знаходзіў нейкае гаўно, у якое адразу ж і ўлазіў. Спачатку ён абакраў шапік з канцтаварамі, яго хутка вылічылі і штрафанулі маму-буфетніцу, Боба гэта не спыніла, і праз нейкі час ён падбіў мяне залезці ў дзіцячую бібліятэку. Было лета, бібліятэка пахла фарбаю і мастыкаю, якою была нацертая падлога, мы прыйшлі пад вечар, выбілі шкло і пралезлі ў чытальную залю. Чытаць Боб не любіў, таму хутка страціў цікавасць да задумы, знайшоў на падваконні радыёпрымач і забраў яго з сабою, я забраў сабе кніжку Купера, і мы пайшлі дадому. У прынцыпе, усе ведалі, што гэта зрабілі менавіта мы, таму што Боб на наступны дзень сплавіў прымач на базары якімсьці алкашам, а Купера ў нашым горадзе чытаў толькі я...

Аднаго разу, ужо пазней, перад самым выпускам, мы нават кралі слупы электраперадач, важкія, драўляныя і прасмоленыя, Боб знайшоў замоўцаў, двух хачыкаў, якія будавалі сабе штосьці на ўскрайку і патрабавалі добрай драўніны; на іншым ускрайку мы адшукалі старую напаўзруйнаваную птушкаферму, ужо адключаную ад электрасеткі і непрыдатную для народнай гаспадаркі, скрозь было панаўтыкана слупоў з абарванымі дратамі, мы дамовіліся, зноў-такі, за вадзяру, з салдатамі мясцовай вайсковай часткі, тыя прыгналі цягач, Боб узяў у хроснага бензапілу, і мы паехалі. Ідэя была няўдалая ад пачатку, але адмаўляцца ад яе мы не жадалі, тым болей, яны вадзяру ўжо выпілі і проста так, не адпрацаваўшы, ехаць дадому адмаўляліся; вось жа, Боб прывязаў да сябе бензапілу, мы яго падсадзілі, ён узлез на бетонную падпору слупа і завёў машыну. Падпілаваны слуп паляцеў долу разам з Бобам, следам ляцела бензапіла, жахліва завываючы і скрыгочучы ў паветры смертаноснымі зубцамі, няйначай радасны і цалкам кампанейскі птэрадактыль, што прыляцеў быў на птушкаферму зжэрці чаго-небудзь смачненькага, але так нічога і не знайшоў, акрамя некалькіх задрочаных пяхотнікаў. Боб не паленаваўся і палез на другі слуп, заваліў і яго, але пасля праца спынілася, пяхотнікі страмаліся і хацелі назад у казармы, Боб таксама завагаўся – шалёная машына ледзь не разрэзала яго надвое, – і мы пацягнулі слупы да хачыкаў. Хачыкі былі п’яныя, але слова джыгітаў трымалі і паабяцалі заплаціць наступным ранкам.

Наступным ранкам, перарыўшы папялішча, міліцыя знайшла іх абгарэлыя целы. Фальшывае цыганскае золата на іх пальцах і сківіцах запеклася і пацямнела. Мы спазніліся роўна на паўдня. Яны, відаць, таксама...

Я не люблю ўзгадваць той апошні год нашых з ім кантактаў. Надта шмат было кампрамісаў, ябаны соцыюм ужо хаваўся дзесьці поруч, ён стаіўся і чакаў толькі часу, калі будзе мець на нас усе правы. Мы мусілі скончыць школу і мірыліся з усім гаўном, якім нас завальвалі, тады гэта здавалася нерэальным, цяпер згадваю, і мне ад гэтага таксама нядобра, хаця гаворка нібыта пра ўсяго толькі ваенкамат ці пашпартны стол, я думаю, тыя некалькі месяцаў і падарвалі Боба, выбілі яму з чарапушкі апошнія фіксатары, і спыніць яго ўжо было немагчыма, нават з дапамогаю ўсіх рэпрэсіўных дзяржаўных органаў разам узятых. Што тут скажаш – жыццё канчаткова размандзячыла нашыя вясёлыя піянерскія атрады, і тым, хто выжыў, застаецца хіба што жахацца і захапляцца, сузіраючы шалёныя і крывавыя ўзоры ў небе, а пятай ранку, проста над нашымі галовамі.

Вясною 91-га, калі сезон яшчэ набіраў абароты, клуб нашага гораду выйшаў у паўфінал Кубку Рэспублікі. Сказаць, што гэта было неспадзяванкаю, – не сказаць нічога. У Кубку, пачынаючы ўжо ад адной восьмай, гулялі прафесіяналы, і тое, што нашыя раз’ябаі дайшлі аж так далёка, стала сюрпрызам найперш для іх саміх. Спачатку, у адной шаснаццатай, каманда, якая мелася з намі гуляць, на матч не прыехала, і ім залічылі тэхнічную паразу. У адной восьмай нам выпалі палтаўцы, гэта ўжо была сапраўдная каманда, яны гулялі ў другой лізе, мелі свой аўтобус, на якім і прыехалі, каб накідаць нашым за кошт класа. Нашыя ж выйшлі на поле, нібы ў апошні бой, і нечакана перамаглі. Паглядзець той матч прыйшло паўгорада, і гэта было яшчэ тое відовішча, суддзя дадаў дзесяць лішніх хвілінаў, прафесіяналы ўжо некалькі разоў кідаліся, каб набіць яму пысу, але кожны раз нашыя босы са спорткамітэту іх расцягвалі, нарэшце дзесьці на сто другой хвіліне нашыя запхнулі такі пераможны мяч, 4:3 на нашую карысць, і горад пасля гэтага піў колькі дзён запар. Не ведаю, мабыць, трэба сказаць, што мы былі заўзятарамі, але ніякімі заўзятарамі мы не былі, проста цягаліся за камандаю па ўсім рэгіёне, ездзілі за імі на выезд, напіваліся ў электрычках, заванітоўвалі тамбуры, біліся на вакзалах з мясцовымі, часта нават не трапляючы на саму гульню, якая для нас у такім выпадку была проста лішняю, – нашто табе нейкая гульня, калі ты п’яны, але непераможны, сядзі сабе, утыкай. У нас была файная вялікая хеўра, агулам чалавек пяцьдзесят, старэйшым было гадоў па васемнаццаць, і яны ў гэтым жыцці не перажылі хіба што ядзерных бамбардаванняў. Пасля Палтавы мы выйшлі на не менш сур’ёзную каманду з-пад Кіева, гульня была запланаваная на іх полі, і нашыя босы, каб не парыць мазгоў ні сабе, ні камандзе, проста купілі гэты матч – падключылі мясцовы машынарамонтны завод, які быў афіцыйным уласнікам каманды, тыя перакінулі нашым супернікам нейкі спісаны камбайн ці штосьці такое, і супернікі здаліся. Вось так проста – у іх цяпер быў камбайн, ужо не ведаю, што яны з ім рабілі, газон на стадыёне касілі, ці што, а ў нас не было нічога, акрамя пыхі і злога жадання яшчэ каму-небудзь надзерці азадак. Мы з Бобам хадзілі на ўсе матчы, старэйшыя вымагалі ад нас хаця б нейкай дысцыпліны, але дысцыпліны напраўду ніякай не было, проста пакуль нашыя выйгравалі, усё гэта кожнага разу ператваралася ў вялікае зборышча нейкіх неўраважаных суб’ектаў, якія намагаліся любой цаной набухацца да фінальнага свістку і – па магчымасьці – памахацца з кім-небудзь за гонар мясцовага спорттаварыства і савецкага спорту наогул. Футбол усё ж такі, азарт, самі разумееце.

І вось у паўфінале мы выходзім на Данбас, на адзін з іх клубаў, які б’ецца за выхад у першую лігу, і гуляць зноў выпадае на іх полі. Нашы старэйшыя збіраюць нараду і вырашаюць ехаць следам за камандаю, электрычкаю гэта нейкія дзве-тры гадзіны, пастаяць за землякоў і ўваліць шахцёрскім недатумкам, каб тыя не выпендрываліся. Гульня мела адбыцца ў нядзелю, і ў суботу мы дамаўляемся не піць, не паліць, запасціся боепрыпасамі і тытунём і першым рэйсам вырушыць. Ва ўсіх крыху прысвіснуты, узбуджаны стан, ну, кажуць нашыя старэйшыя, мы ім, блядзь, пакажам, пакажам-пакажам, падвываем мы, блядзь; тое, што трэба ехаць на варожую тэрыторыю, дзе нашых традыцыйна білі, нас чамусьці не палохае – мы ў паўфінале, і ўся рэшта па хую, увалім гарнякам, уставім ім па самыя гланды, пераважнай большасці з нас па чатырнаццаць-шаснаццаць гадоў, і суседні Данбас у нашых набітых пілавіннем і адрэналінам галовах асацыюецца хіба што з аднайменнымі лядоўнямі, так што ўсё нармуль – заўтра мы паедзем хрэн ведае куды і ўсім там наваляем; дапушчэнне, што наваляюць нам, у нас проста не ўзнікае як недарэчнае.

Яшчэ амаль апоўначы, дзесьці а чацвертай-пятай, я заходжу па Боба. Ён хутка апранаецца, кідае ў кішэню стары бацькоўскі кастэт, рабочая дынастыя, бляха-муха, але тут выходзіць яго мама-буфетніца і ладзіць скандал. Куды гэта ты сабраўся, крычыць, пайшла на фіг, адказвае Боб, у мяне справы, якія яшчэ справы, дапытваецца мама, у яе сонны, вельмі прыгожы твар і белыя валасы, то бок не сівыя, ясная рэч, а нейкія светла-жоўтыя, аж прасвечваюцца, яна выбегла ў адным халаце, пад якім усё бачна, у мяне адразу ж устаў, ну, думаю, мама ў Боба, што ж ён з такою мамаю такі ебануты расце, мама тым часам далей крычыць на Боба, маўляў, нікуды ты не пойдзеш, досыць, што твой дзеўбануты бацька сядзіць, ты таксама, мабыць, хочаш сесці, пайшла ты, без злосці агрызаецца Боб, я табе пайду, я табе зараз так пайду, загараецца мама, шворка на яе халаце ўрэшце развязалася, захініся, крычыць ёй Боб, што ты выйшла голая, ты, неданосак, не вытрымлівае мама, малы яшчэ вучыць мяне, не стаіць яшчэ, і тут Боб не вытрымлівае і завальвае ёй проста з правай, мама пералятае праз фатэль і падае на падлогу, я паспяваю яшчэ заўважыць яе даўгія ногі з некалькімі сінякамі на сцёгнах, на ёй былі нейкія чорныя майткі, яна пачынае плакаць, Багдане, гаворыць, не хадзі, застанься тут, пайшла нахуй, павучальна гаворыць Боб і выходзіць у ранішні пад’езд.

На вакзале нашыя старэйшыя дастаюць колькі дзесяцілітровых каністраў з півам, даліваюць у кожную па пляшцы гарэлкі, узбоўтваюць перад ужываннем, і мы выпраўляемся па Кубак Рэспублікі. Праз гадзіну піва заканчваецца. Боб сядзіць перада мною, у руках у яго слоік з рэшткамі алкаголю, ён адпівае і пачынае ванітаваць проста нам пад ногі, усе рагочуць, Боб адванітоўваецца і таксама пачынае рагатаць, пасля зноў пачынае піць і зноў не ўтрымлівае яго ў сабе і пачынае ванітаваць па новай, мы ўжо пад’язджаем, настрой ва ўсіх баявы, і самае меншае, чаго нам хочацца, – гэта футбол; мы выходзім на брудны і непрыветны вакзал стотысячнага шахцёрскага гарадку і ідзем купляць піва. Ты як, пытаю я Боба, нармальна, гаворыць той, сёння наш дзень; вядома, адказваю я, вядома.

Ці трэба казаць, што гульню мы правалілі. Ужо да перапынку шахцёры накідалі нам шэсць сухіх, а пасля перапынку давесілі яшчэ два. 8:0! Наш правы хаў, нашая зорка, агульны ўлюбёнец, двойчы біў адзінаццаціметровы – і двойчы шахцёрскі кіпер лёгка, нібы здзекуючыся, мяч адбіваў. Мы былі ў адчаі. Палова нашых перапіла і ледзь трымалася на нагах, мясцовыя лягавыя глядзелі на нас, не хаваючы агіды, і не маглі дачакацца фінальнага свістку, каб выкінуць нас адсюль нафіг. Мы не надта супраціўляліся. Увесь наш баявы дух выветрыўся дзесьці пасля трэцяй банкі ў нашую браму. Мянтура вывела нас за браму стадыёну і правяла яшчэ некалькі кварталаў у кірунку чыгуначнага вакзалу. Усё, гавораць яны, вакзал там, электрычка будзе праз сорак хвілінаў, валіце адсюль, каб мы вас тут больш не бачылі, малалеткі чортавы, добра, мы нават не адказваем нічога тым підарам. Усё нармальна, мы сёння ўшчэнт аблажаліся, трэба валіць з гэнага дзёўбанага Данбасу, пакуль усё ціха і спакойна; мы выходзім на прывакзальную плошчу і бачым, што там, проста на сходах вакзалу, стаіць цэлая брыгада мясцовых, чалавек сто, добрая шахцёрская брыгада, трошкі збоку грэецца колькі чачэнскіх жыгулёў, чачэны сядзяць на капотах і вычышчаюць фінкамі бруд з-пад пазногцяў, за нашымі спінамі мянтоўскі ўаз на развітанне весела клаксоніць, дасціпныя чувакі ў шэрых педэрастычных формах сваю справу зрабілі, мясцовых папярэдзілі, прыйдуць цяпер праз колькі гадзінаў збіраць трафеі, мы стаім і не можам нічога зрабіць – мясцовыя перакрылі нам выхад на платформу і цяпер чакаюць, што ж мы будзем рабіць; ну што, уёбкі, крычыць хтосьці з іх, давайце падыходзьце, нашыя галоўныя перашэптваюцца і даюць каманду адступаць, мы паварочваемся і натоўпам рухаемся назад у горад, мясцовыя, мабыць, гэтага не чакалі, таму нейкі час стаяць, вырашаючы, што ім рабіць, нам хапае гэтага часу, каб адысці на пару сотняў крокаў, мы намагаемся не бегчы, пацаны ж мы ці хто, але тыя, што ідуць у хвасце калоны, увесь час спрабуюць вырвацца наперад, і тут вечаровыя прыцемкі разразае пераможны роў шахцёраў, і салодкае паветра вясновага Данбасу скаланаецца ад рэзкага грукату сотняў цяжкіх шахцёрскіх абцасаў – мясцовыя кідаюцца за намі. Тут пачынаецца найцікавейшае – паўсотні п’яных адмарозкаў бяжыць вулкамі соннага мястэчка, намагаючыся ўнікнуць смерці ад рук сотні такіх самых адмарозкаў, мясцовыя даганяюць нас па адным, і тым, каго яны такі дагналі, зусім не пазайздросціш, добра, што хаця б чачэны засталіся на вакзале. Я бег і думаў: ёб тваю маць, 8:0!

У нас з Бобам амаль атрымалася ўцячы. Мы выскачылі на нейкую бакавую вулку, уздоўж нейкіх сховішчаў, далей пачыналіся прыстанцыйныя будынкі, рэйкі, даўгія ланцугі парожніх таварнякоў, словам, мы амаль праскочылі, і тут нам напярэймы кінулася трое шахцёраў. Боб дастаў свой прыдуркаваты кастэт, але адзін з шахцёраў хутка засадзіў яму штыкетам па руцэ, Боб завыў і паспрабаваў штыкет перахапіць, але іншы шахцёр дастаў выкідуху і сунуў яе Бобу проста ў жывот. Боб паьпеў заехаць шахцёру нагою, але хутка пахіснуўся і пачаў падаць, я падхапіў яго, і мы пабеглі на чыгуначны насып. Шахцёры чамусьці спыніліся, я нават не ведаю, чаму, можа, ім проста западло было нас даганяць, можа, яны таксама стаміліся бегаць па шпалах, але за намі яны не пагналіся. Менавіта гэта нас і ўратавала. Боб павіс на маім плячы, трымаючыся рукою за жывот. Паміж пальцаў у яго сцякала кроў. Можна было вяртацца дадому.

А палове пятай ранку, пад цёплым травеньскім небам, дзесьці на маршруце Данецк–Масква мы з Бобам павольна рухаемся па чыгунцы, каб не збіцца з дарогі і дацягнуцца-такі да найбліжэйшай станцыі, дзе можна будзе сесці на якую-небудзь электрычку. Спяшацца нам няма куды, уласна, справаў дома ў нас няма, калі не ўлічваць, што ў Боба ў жываце дзірка і ён ужо другую гадзіну ціха, але бесперапынна завывае. Я пачынаю завываць за ім, але няма рады, трэба ісці на станцыю, там можа быць лякарня, а да таго ж, навокал нас цягнуцца сопкі, купы іржавага жалеза, час ад часу мы скатваемся насыпам долу, прапускаючы бясконцыя цыстэрны з нафтаю і таварнякі з чорным пахучым вуголлем. Рана ў Боба, відавочна, неглыбокая, іначай ён так доўга не пратрымаўся б, але ён паспеў страціць шмат крыві, яна сцякала між пальцаў, залівала яго старыя зацяганыя джынсы, я ўжо таксама быў увесь у крыві, хацелася спаць і жэрці, а станцыі ўсё не было і не было, толькі кіламетровыя таварнякі, бясконцыя эшалоны з вуголлем і нафтаю, нібы за нашымі спінамі хтосьці збіраў дэкарацыі і перавозіў іх кудысьці на поўнач, пакідаючы ў цёплых травеньскіх прыцемках металёвыя канструкцыі, голы каркас, данбаскую пустэчу.

Урэшце Боб паваліўся і ўжо не хацеў нікуды ісці, або не мог, я таксама не мог цягнуць яго далей, у тумане мы не бачылі нават сопак, наогул нічога – суцэльны туман, спераду і ззаду, так што ніхто і не ўбачыць, нават калі пажадае, як мы тут валяемся, – у прыдарожным гаўне, на рудым друзе, пад абыякавымі свяціламі, двое фанатаў, якія паперліся заваёўваць Кубак Рэспублікі, замест чаго адгрэблі па поўнай праграме і цяпер ужо не разлічваюць на падтрымку ні з боку святых, ні нават з боку федэрацыі футболу.

Яна адну за адною паліць цыгаркі з таго часу, як нас выгналі з калідора, сказалі, ідзіце, не хвалюйцеся, нічога страшнага няма, усё будзе добра, так што не хвалюйцеся; мы выйшлі на сходы, яна сядзіць насупраць мяне і бесперапынна курыць, размаўляць са мною яна не хоча, пацірае сваю прыпухлую скулу, Боб ёй такі добра прыклаў, сама вінаватая, мне ніякавата, усё ж такі я адчуваю сябе вінаватым, нібы я яму дзірку ў жываце зрабіў, хаця яна нічога і не гаворыць, але я адчуваю сябе вельмі хранова, піць я таксама чамусьці не магу, вось і сядзім паўгадзіны і маўчым. Я наогул маўчу ад ранку, уласна, і паразмаўляць няма з кім, Боб адключыўся яшчэ на станцыі, дзяжурныя сяржанты выклікалі хуткую, і пакуль тая ехала, надавалі мне па нырках, вымагаючы, каб я ўсё апавёў, я нічога не хаваў, што тут хаваць, мяне і біць не трэба было – і так усё выклаў; лекары перабінтавалі Боба, пагрузілі нас у хуткую і павезлі дадому. Цяпер вось нас выгналі з лякарні, я намагаюся штосьці ёй сказаць, але яна не слухае, плача і дабівае свае цыгаркі, размазваючы па твары туш і памаду, а я сяджу як прыдурак і не магу нічога зрабіць, хаця мне Боба таксама шкада, сябар усё ж такі, я яго наогул добрых дзесяць кіламэтраў цягнуў, хаця каго гэта цяпер цікавіць, усюды гаўно, гаўно і нічога больш, гаўно.

– Не плачце, – кажу я ёй, – усё будзе добра.

– Ты нічога не разумееш, – яна, здаецца, так і сказала: «ты нічога не разумееш», ці штосьці такое. – Я ж яму казала.

– Усё будзе добра, – я сяджу і ўціраю ёй нейкую туфту, зарадзіў сваё «ўсё будзе добра, усё будзе добра», прыдурак, яна на мяне так і глядзіць – як на прыдурка, што сядзіць сабе й разглядае яе разбітую скулу, яе размазаную туш, яе светлыя раскудлачаныя валасы.

– Пакіньце крыху, – нарэшце кажу я, і яна апошні раз зацягваецца і перадае мне сваю цыгарку, я таксама цягну, адчуваю смак яе памады і ледзь не канчаю. Што ты пасля школы збіраешся рабіць, пытаецца яна, не ведаю, кажу, пайду куды-небудзь у інстытут, а-а, добра, зразумела, кажа яна, ты ідзі, а я яшчэ пасяджу, дачакаюся лекара, я ўстаю і з недапалкам у руках іду сабе, і раптам разумею, як мяне накрывае, – і ад таго, што ноч не спаў, і ад таго, што па нырках атрымаў, і ад таго, што жэрці хочацца, і ад таго, што яна і далей сядзіць там, на сходах, сядзіць і не ведае, што рабіць, а я нават не магу з ёй застацца, стаю пасярод вуліцы і ўсё адчуваю смак яе дыхання, смак яе любові, смак яе нікатыну.

Праз два тыдні я здаў экзамены, атрымаў свой атэстат і зваліў з гораду.

Пасля гэтага мінае колькі гадоў, я паспяваю ўсё забыць, паспяхова пераймаюся нейкімі іншымі рэчамі, вядома, я дома з таго часу не быў і рабіць мне там не было чаго. Але раптам я атрымліваю ліст ад аднаго са старых прыяцеляў, які дзесьці знайшоў-такі мой адрас і напісаў колькі аркушаў неразборлівым почыркам пра ўсе навіны і агульных знаёмых. Я яшчэ заўважыў, што ліст гэты чымсьці нагадвае надпіс на нейкай брацкай магіле; вось жа, выявілася, што жывых, ці, прынамсі, здаровых засталося не так ужо і шмат. Зрэшты, падумаў я, нічога дзіўнага, жыццё – штука жорсткая, шкада, вядома, што так усё атрымалася, але што ўжо зробіш, у гэтым супрацьстаянні нам ад пачатку нічога не свяціла, вось і выходзіць, што ты, які ў выніку ўсіх вулічных баёў за месца пад сонцам выйшаў усяго толькі з паранояй ці адбітаю пячонкай, маеш яшчэ і падзякаваць лёсу за прыхільнасць і адкрытае спрыянне. Ужо пры канцы мяне раптам перамкнула: знаёмы пісаў, што, як гэта ні дзіўна, але наш стары знаёмы Боб, мой найлепшы сябар Боб, таксама выжыў, хаця і мае ўжо колькі гадоў сур’ёзныя праблемы з галавою, злавіў сваю белую гарачку і цяпер лекуецца ў папулярнай у нашых мясцінах міжраённай псіхіятрычнай лякарні, колькі гадзін язды ад нашага гораду, і што яго ўжо ніхто і не наведвае, нават мама, якая і збухалася сабе, і з галавою сябруе не больш за сына. Наступным ранкам я паехаў на вакзал.

Я моцна нерваваўся і не мог даць сябе рады, думаў, вось зараз прыеду, пабачу Боба – і што я яму скажу? прывітанне, Боб, як маешся, добра выглядаеш, ці што-небудзь такое, што наогул кажуць чувакам з белай гарачкай? можа, ён поўны тормаз і нават не пазнае мяне, што тады рабіць, таксама пытацца ў яго, як ён маецца? запара, як маешся, Боб, вынесці з-пад цябе пасудзіну? што яму прынесці? апельсінаў? Нахуя яму апельсіны, калі ў яго белая гарачка? можа, ён наогул у койку сцыцца, мамы не пазнае, а я яму апельсінаў прынясу, маразм. Нарэшце вырашаю нічога з сабою не браць. Ужо на пад’ездзе я думаю, што вось цікава, як сябе адчуваюць жыхары гэтага пяцідзесяцітысячнага гарадку, які калі чым і слаўны, дык гэта сваёю псіхлякарняю, вось калі ты, скажам, нарадзіўся ў гэтым горадзе і вырас у ім, і нават збіраешся пражыць тут усё жыццё, а ўсе навокал разумеюць, што гэта менавіта той горад, у якім знаходзіцца тая самая лякарня, як ты мусіш сябе паводзіць? напрыклад, ці можна быць патрыётам такога гораду? запрашаць да сябе ў госці? казаць там абавязкова, абавязкова прыязджайце! у нас такая прырода! ябаць якая ў нас прырода! дзе ў нас? у дыспансэры ці дзе? хутчэй наадварот – яны ўсе ненавідзяць свой горад, а ў выпадковых кампаніях на чужой тэрыторыі намагаюцца языка не распускаць і лішняга не казаць, бо казаць нешта ў іх становішчы – гэта тое самае, што казаць «да наступнай сустрэчы» на хаўтурах.

Лякарня цёплая і прагрэтая сонцам, на падворку шмат кветак, у засені сядзяць сястрычкі ў белых халатах, да Боба мяне, вядома, не пусцілі, замест таго загаддзялення, дзе ён ляжаў, захацеў са мною паразмаўляць. Яму гадоў сорак, выглядае пахмельным і стомленым, але трымаецца ўпэўнена, падобна, гэта з ім не ўпершыню (я пра пахмелле), да мяне ён паставіўся з сімпатыяй, псіхолаг хрэнаў, намагаецца гаварыць спакойна і ўраўнаважана, наколькі яму гэта ўдаецца.

– Вы, – кажа, – апошнім разам даўно бачыліся?

– Гадоў пяць таму, – адказваю.

– Вы яго таварыш?

– Так, мы аднакласнікі.

– А чаму вы раптам вырашылі яго адведаць?

– Я не ведаў раней, што ён тут. Вось нядаўна атрымаў ліст.

– Ведаеце, вам лепей з ім не сустракацца.

– Гэта яшчэ чаму?

– Так будзе лепш для яго.

– Вы ведаеце, – кажу я, – я сюды паўдня дабіраўся. Я зранку нічога не жэр, мяне, дарэчы, сушыць не менш за вас, давайце вы мне яго пакажаце, мы з ім трошкі паразмаўляем, і нават калі ён сцыцца ў ложак і не пазнае мяне, вы мне яго проста пакажаце, і я сабе паеду, не буду вам тут замінаць.

– Ведаеце, юнача, а вы, я бачу, разумны і прыстойны малады чалавек... Уся праблема ў тым, што ён вас пазнае.

– Цудоўна, – кажу я, – а ў чым, вы гаворыце, праблема?

– Праблема ў тым, юнача, – загаддзялення нервова храбусціць пальцамі, – што ваш аднакласнік Харчанка Багдан Віктаравіч, 1974 года нараджэння, мае сур’ёзныя псіхічныя адхіленні, і сустрэча з вамі – я ў гэтым упэўнены – непажаданая ні для яго, ні – галоўнае – для вас.

– Ну, са мною ладна, я сам разбяруся, а што з ім?

– З ім усё вельмі дрэнна.

– Гэта ад вадзяры?

– Прабачце?

– Я кажу – гэта ад алкагалізму?

– Не, алкагалізм – гэта якраз наступства.

– Наступства чаго?

– Скажыце, – лекар вытрымлівае паўзу, – вы яго добра ведалі?

– Я яго калісьці выратаваў ад смерці, калі можна так сказаць. У 11 класе.

– І вы ведалі яго сям’ю?

– Я ведаў яго маму.

– А вы ведалі, што між імі былі палавыя зносіны?

– Не ведаў. Чакайце – між кім былі зносіны?

– Між вашым сябрам, якога вы, як вы кажаце, уратавалі ад смерці, і яго мамаю.

– Што вы хочаце сказаць?

– Я хачу сказаць, што ваш сябра даўгі час рэгулярна займаўся сэксам са сваёй мамай. У прыватнасці, у перыяд, калі вы, калі вам верыць, уратавалі яго ад смерці.

– Уратаваў-уратаваў.

– Магчыма, дарма.

– Пачакайце, а вы адкуль ведаеце?

– Я яго лекар, між намі няма таямніцаў. Ужо няма.

– Ёбнуцца можна.

– Можна. Вось гэта самае з ім і адбылося.

– І што цяпер?

– Нічога. Ён ужо другі год тут.

– А яна?

– Хто?

– Мама.

– Не ведаю. Яна яго больш не жадае бачыць. Магчыма, ад гэтага ён, як вы кажаце, і ёбнуўся.

– Пачакайце, вы хочаце сказаць, што ў той час, калі мы з ім сябравалі, ён спаў са сваёй мамай?

– Менавіта гэта я вам і хацеў сказаць.

– Са сваёй ўласнаю мамай?

– Ну, іншай у яго, відавочна, не было.

– Увесь гэты час ён з ёй спаў?!!

– Таму вам, – занерваваўся загаддзялення, – лепш з ім не бачыцца. Разумееце, для яго вы чалавек з таго жыцця, з таго свету, чалавек ад яе, адным словам.

– Так-так, я разумею. Скажыце – чым я магу яму дапамагчы?

– Дапамагчы? – лекар зацікаўлена паглядзеў на мяне. – Маліцеся за яго.

– Я не ўмею, – кажу. – Лепш я куплю яму апельсінаў.

Я сяджу на аўтобусным прыпынку, на самым выездзе з гэтага мястэчка ідыётаў, сонечнага запаведніку даўнаў і прыдуркаў, ужо трэцюю гадзіну траса пустая, святыя пакінулі гэты сонечны пяцідзесяцітысячны горад, выбраліся адсюль разам са сваімі манаткамі, пакінулі тут колькі сотняў псіхічна хворых суграмадзянаў, якія вырошчваюць цыбулю, дзікі часнок і памаранчы, абуджаюцца ранкамі ў памаранчавых гаях і спяваюць хорам асану нейкаму міласціваму херувіму, хвораму на галаву святому, пад чыім пільным патранажам адбываецца іх шматгадовая пілігрымка з аднаго боку пустаты на іншы; я дапіваю сваю пляшку, плачу і ўжо нават не чакаю аўтобуса, я адсюль наўрад ці змагу кудысьці выехаць, гэта канцавая, сонныя псіхічна хворыя дзеці ў белых піжамах прыходзяць сюды шторанку, доўга разглядаюць нябёсы над прадмесцямі, і іх дыханне пахне салодкімі апельсінамі.

Я сядзеў і думаў пра ўсіх сваіх знаёмых, пра ўсіх сваіх сяброў, пра тых, хто памёр і пра тых, хто здолеў выжыць, пра юных і рана пастарэлых, скалечаных, звар’яцелых, згубленых у гэтым жыцці дзяцей вялікай краіны, якія аднаго разу адважыліся заявіць пра сябе свету, не пабаяліся супрацьстаяць яму, хаця ён іх так ламаў і абломваў, пра ўсіх, каму здрадзілі, і пра ўсіх, каго не перамаглі, я падумаў пра Бобаву маму, узгадаў яе валасы, яе бялізну і яе слёзы, потым узгадаў Боба і адчуў, як я яго разумею, асабліва цяпер.

...Цяпер, калі ты вярнулася дадому і мы ўсе цябе ўзгадваем, калі-некалі гаворым пра цябе, пытаемся адно ў аднаго, ці няма ад цябе якіх-небудзь навінаў і чаму ты нам – сваім сябрам – так рэдка пішаш, я таксама час ад часу мушу засяроджвацца на нейкіх словах, сказах, думаць, што менавіта ты хацела прачытаць у маіх лістах, пра што табе напісаць, і разумею, што пісаць не хачу, нават пра надвор’е, пра яго асабліва.

У сваім жыцці я бачыў не так ужо і шмат, а з таго, што бачыў, я амаль нічога не зразумеў, магчыма, гэта зменіцца, хаця я і сумняюся, проста, разумееш, існуюць нейкія рэчы, якія я наўрад ці ўжо зразумею, таму што мне іх, мабыць, і не трэба разумець, надта ўжо яны дурманлівыя. Нам пераважна даводзіцца кантактаваць з рознымі шызанутымі жыхарамі нашай дзіўнай планеты, усялякімі хімернымі вырадкамі, і трэба сказаць, што мне з імі цікава, спадзяюся, ім са мною таксама. У гэтым жыцці зашмат няшчасцяў, думаю, ты і сама гэта разумееш, можна колькі заўгодна разводзіць пра ўратаванне і справядлівасць, але той, хто ўсё прыдумаў менавіта такім, безумоўна, памыляўся, я ў гэтым перакананы, я яго, вядома, не абвінавачваю, але старому, напэўна, варта было б нейкія рэчы перагледзець. Я нават не ведаю, з чаго яму варта пачаць, зрэшты, гэта не мая справа, я нават і сказаць яму гэтага, мабыць, не змагу, калі такая магчымасць некалі выпадзе, што таксама сумнеўна. Так ці інакш, мы з табою нарадзіліся менавіта ў гэты час і, магчыма, адзінае, што ад нас патрабуецца, – гэта трымацца за яго, за гэты чортаў час, не адпускаць яго, не здраджваць яму, што б там ні было; для гэтага, відавочна, нам з табою і было дадзенае нашае салодкае дзяцінства, нашыя фантастычныя сны і відзежы, якія разрывалі нам галовы і расціскалі сэрцы, нібы вялікія зялёныя яблыкі; цяпер мы проста мусім трымацца за тыя гады, за гады, у якія нам выпала пакутаваць і перамагаць, і нават калі яно таго не вартае (а яно таго не вартае), мы з табою мусім сядзець да канца сеансу, дачакацца яго завяршэння, бадай, для таго, каб пры канцы тытраў, пасля ўсіх прозвішчаў і падзякаў, пасля ўсёй гасподняй хуямоціны, пасля году выпуску і даты рэлізу, прачытаць-такі, што падчас здымак гэтага блакбастэру ніводная жывая душа не пацярпела.

Мне наогул не падабаюцца многія рэчы; я зусім не такі ўжо патрабавальны ці пераборлівы, наадварот, я добра прыстасоўваюся да шматлікіх не надта прыемных абставінаў, але гаворка тут ідзе ў прынцыпе не пра мяне, а пра тое, што ўвесь час даводзіцца перасякацца з такой колькасцю істотаў, што проста не можаш не хвалявацца за іх, не пераймацца імі. Магчыма, таму такія важныя для мяне ў гэтым жыцці (хаця гэта так пантова гучыць) абліччы маіх сяброў, маіх даўніх знаёмых, абліччы, якія я бачыў столькі гадоў запар і якія пры жаданні магу лёгка ўзгадаць, – спакойныя, радасныя і ўсмешлівыя. Як гэта звычайна і бывае ў нябожчыкаў.


© Сергій Жадан, 2009.


Пераклад з украінскай – © 2009

Чытайце таксама

Стывен Крэйн

Стывен Крэйн

Амерыканскі празаік, паэт і журналіст, наватар

Марцін Святліцкі

Марцін Святліцкі

Польскі паэт, празаік, журналіст, вакаліст гурта Świetliki

Данііл Хармс

Данііл Хармс

Рускі сатырычны паэт і празаік

Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч

Беларускі пісьменнік, перакладчык з нямецкай, двойчы лаўрэат 2 ступені прэміі Гедройца

1306