У 19... годзе ў атрадзе скаўтаў пры вядомым каледжы былі два хлопчыкі, якіх звалі Артур Ўілкакс і Стэнлі Джадкінс адпаведна. Яны былі аднагодкамі, жылі ў адным корпусе, уваходзілі ў адну дружыну і, вядома ж, у адзін патруль. Мала таго, вонкава яны былі настолькі падобныя, што ва ўсіх настаўнікаў, што мелі з імі справу, узнікалі нагоды для неспакою, хваляванняў і нават раздражнення. Але наколькі ж адрознівалася іх унутрычалавечая, дакладней, унутрыхлапечая сутнасць!
Гэта Артуру Ўілкаксу дэкан сказаў, з прыязнай усмешкай узводзячы вочы ўгару, калі хлопчык увайшоў у ягоны кабінет:
— Ўілкакс, далібог, калі Вы застанецеся ў нас яшчэ трохі, увесь заахвочвальны фонд будзе вычарпаны! Вось вам — “Жыццё і творчасць біскупа Кена” ў шыкоўным пераплёце. Прыміце ад нас гэтую кнігу разам са шчырымі віншаваннямі Вам і Вашым цудоўным бацькам.
І каго як не Ўілкакса пабачыў рэктар, праходзячы неяк праз спартовую пляцоўку. Спыніўшыся на хвіліну, ён заўважыў прарэктару:
— У гэтага хлопца надзвычайна развіты лоб.
— Сапраўды, — адказаў прарэктар. — Гэта адзнака або геніяльнасці, або вадзянкі мозгу.
Як скаўт Ўілкакс атрымаў усе значкі і лычкі, якія толькі мог атрымаць. Значак юнага кухара, значак юнага выратавальніка, значак юнага мапамалявальніка, значак “за-збіранне-газетных-шматкоў”, значак “за-нягруканне-дзвярыма-на-выхадзе-з-аўдыторыі” і многія іншыя. Пра значак юнага выратавальніка я, дарэчы, апавяду адмыслова, калі мы пяройдзем да асобы Стэнлі Джадкінса.
Вас наўрад ці здзівіць, калі я скажу, што містэр Хоўп Джонс дадаў да ўсіх сваіх песняў страфу ў славу Артура Ўілкакса, ці што сам намеснік дэкана заліўся слязмі, калі ўручаў хлопцу пакладзены ў гожую вінна-чырвоную скрыначку медаль за добрыя паводзіны, адзінагалосна прысуджаны яму ўсім трэцім класам... Я сказаў “усім”? Гэта няпраўда. Знайшоўся адзін іншадумец — Джадкінс-малодшы, які, маўляў, меў важкія падставы не пагаджацца. Здаецца, той Джадкінс жыў у адным пакоі з Джадкінсам-старэйшым. Артур жа Ўілкакс прыкладна ў гэты час зусім натуральным чынам стаў першым і пакуль адзіным капітанам вучняў адразу і каледжа, і універсітэцкага гарадка. Нядзіўна і тое, што перанапружанне на абедзвюх пасадах у спалучэнні са звычайнымі школьнымі абавязкамі апынулася празмерным. Вэрдыкт сямейнага доктара не падлягаў перагляду: паўгоду поўнага спакою і потым — кругасветнае падарожжа.
Было б вельмі прыемна прасачыць крок за крокам ягоны галавакружны шлях да тых вяршыняў, якія ён цяпер і займае, але пакуль што пра Артура Ўілкакса хопіць. Час падціскае, і мы мусім звярнуцца да зусім іншай матэрыі: да жыццяпісу Стэнлі Джадкінса, Джадкінса-старэйшага.
Стэнлі Джадкінс, як і Артур Ўілкакс, прыцягваў да сябе ўвагу начальства, але, так бы мовіць, адваротным чынам. Гэта пра яго намеснік дэкана сказаў без ценю прыязнай усмешкі:
— Далібог, Джадкінс, Вам застаецца прыкласці яшчэ зусім няшмат намаганняў, і вы будзеце мець усе падставы шкадаваць, што наогул паступілі ў гэтую ўстанову. Таму, малады чалавек, вось Вам так і растак, і радуйцеся, што не атрымалі яшчэ гэтак і разгэтак!
І каго як не Джадкінса мусіў заўважыць рэктар, праходзячы неяк праз спартовую пляцоўку. Ён з адметнай сілай атрымаў крыкетным мячом па костачцы, пасля чаго пачуў: “Добра падкінулі!”.
— Я думаю, — сказаў рэктар, спыніўшыся на момант, каб пацерці костачку, — што лепей бы гэты малады чалавек сам збегаў па свой мячык.
— Сапраўды, — адказаў прарэктар. — І няхай толькі трапіцца мне пад руку — ён у мяне яшчэ не так пабегае.
Як скаўт Стэнлі Джадкінс не атрымаў аніводнага значка, калі не лічыць тых, якія ён адабраў у чальцоў іншых патрулёў. Падчас спаборніцтва кухараў яго злавілі якраз калі ён падкладаў супернікам петарды ў палявую галандскую печку. Падчас спаборніцтва краўцоў ён патрапіў сшыць двух хлопчыкаў так моцна, што іхная спроба ўстаць скончылася катастрофай. У спаборніцтве за чысціню ён быў дыскваліфікаваны, бо ў летні семестр, які выдаўся вельмі гарачым, трымаў, нягледзячы на ўсе ўгаворы, пальцы ў чарніліцы: быццам бы дзеля прахалоды. На адзін падняты ім шматок паперы прыходзілася як найменш шэсць кінутых бананавых скурак або апельсінавых корак. Бабулькі пры ягоным набліжэнні слёзна і марна благалі не пераносіць іх вёдры праз дарогу: яны добра ведалі, чым гэта скончыцца. Але найбольш нараканняў і далёкасяжных наступстваў выклікалі паводзіны Стэнлі Джадкінса падчас спаборніцтва выратавальнікаў. Як вы ведаеце, на такіх спаборніцтвах малодшага хлопчыка адпаведных памераў у поўнай вопратцы, са звязанымі рукамі і нагамі кідалі ў ваду ў найглыбейшым месцы Шызай Затокі, і скаўты па чарзе на хуткасць выцягвалі яго з вады. Кожны раз, калі Стэнлі Джадкінс удзельнічаў у такіх спаборніцтвах, у самы адказны момант з ім здараўся жахлівы прыпадак сутаргаў, ад якога ён пачынаў качацца па зямлі з нястрымнымі крыкамі. Гэта, натуральна, адцягвала ўсеагульную ўвагу ад хлопчыка ў вадзе, і калі б не Артур Ўілкакс, спіс ахвяраў быў бы доўгі. Урэшце намеснік дэкана палічыў неабходным заняць жорсткую пазіцыю і сказаў, што больш гэтыя спаборніцтвы праводзіць нельга. Дарэмна містэр Бізлі Робінсан даводзіў яму, што толькі ў чатырох з пяці спаборніцтваў для малодшых хлопчыкаў усё сапраўды скончылася кепска. Намеснік дэкана сказаў, што ён менш за ўсё хацеў бы замінаць працы са скаўтамі, але што тры з гэтых хлопчыкаў былі яго найлепшымі харыстамі і што ягоныя з доктарам Леем турботы ад стратаў пераважаюць карысць ад спаборніцтваў. Да таго ж, перапіска з бацькамі тых хлопчыкаў зрабілася непрыемнай і нават цяжкай: іх не задаволілі стандартныя справаздачы, якія ён падасылаў. Некаторыя нават асабіста наведалі Ітан і змарнавалі шмат ягонага каштоўнага часу на скаргі. Таму спаборніцтва выратавальнікаў мусіла сысці ў невараць.
Як бачым, прысутнасць Стэнлі Джадкінса не рабіла гонару скаўтам, і ўжо колькі разоў яму збіраліся сказаць, што ягоныя паслугі больш не патрэбныя. Гэтую ідэю асабліва абараняў містэр Лэмберт, але з часам перамагло памяркоўнейшае крыло, і хлопцу вырашылі даць апошні шанец.
Такім чынам, мы назіраем яго ў пачатку вялікіх вакацыяў 19... года ў скаўтскім лагеры ў маляўнічых мясцінах В. ці Э., што ў графстве Д. ці Й.
Быў чароўны ранак, і Стэнлі Джадкінс з двума сваімі сябрамі — у яго яшчэ засталіся сябры — грэўся на сонейку на вяршыні ўзгорка. Стэнлі ляжаў на жываце, падпіраючы рукамі падбароддзе, і ўзіраўся ў прастору.
— Цікава, што там? — сказаў ён.
— Дзе? — спытаў сябар.
— Вунь, нейкая купка дрэваў унізе пасярод поля.
— А хто яго разбярэ...
— Вы гэта пра што? — спытаў другі.
— Не ведаю, мне яно падабаецца, — сказаў Стэнлі. — Што гэта за месца? Няўжо ў вас няма мапы? Скаўты называныя.
— Ды вось табе мапа, — адказаў Ўілфрэд Віскрык, у якога заўсёды ўсё было, — тут пазначанае гэтае месца. Але яно абведзена чырвоным колам. Туды хадзіць нельга.
— Каго цікавяць твае чырвоныя колы? — сказаў Стэнлі. — Ёсць на гэтай тупой мапе яго назва?
— Спытай лепей таго дзядзька, калі так хочаш ведаць.
“Тым дзядзьком” быў стары пастух, які падышоў і спыніўся каля хлопцаў.
— Добры дзень, джэнтльмэны, — сказаў ён. — Праўда, цудоўнае надвор’е?
— Дзякуй, надвор’е напраўду цудоўнае, — адказаў Алджэрнан дэ Манмарансі з прыроджанай ветлівасцю. — А ці не зробіце Вы ласку сказаць, як завецца тая купка дрэваў? І што там у сярэдзіне?
— Падкажу, а як жа, — прамовіў пастух. — Гэта яна самая — Студня Стогнаў. Але вам там няма чаго рабіць.
— Дык там у сярэдзіне студня? — запытаў Алджэрнан. — І хто ёю карыстаецца?
Пастух засмяяўся.
— Барані Божа ёю карыстацца, — сказаў ён. — У гэтых месцах ні чалавек, ні авечка і не падыйдзе да Студні Стогнаў. Колькі я тут жыву, не бачыў тых, хто сам бы туды пайшоў.
— Ну, тады сёння пабачыш, — сказаў Стэнлі Джадкінс, — бо я зараз пайду да яе і набяру вады на гарбату.
— Напрамілы Бог, малады чалавек, не кажыце так! — напалохаўся пастух. — Хіба вам настаўнікі вашыя не забаранялі туды падыходзіць? Бо яны ж мусілі гэта сказаць!
— Казалі, казалі, — пацвердзіў Ўілфрэд Віскрык.
— Заторкніся, чурбан! — сказаў Стэнлі Джадкінс. — Што з таго, што казалі? Там што, вада дрэнная? Згатуем, вып’ем і не патруцімся.
— Не ведаю, як там з вадою, — адказаў пастух. — Ведаю адно, што мой стары сабака нізавошта не пойдзе праз тое поле, а я тым больш не пайду і хто заўгодна яшчэ, калі ў яго хоць паўглуздзіны ў галаве ёсць.
— Ну і дурні, — сказаў Стэнлі Джадкінс (выказаўшыся грубей і няправільней). І дадаў: — Хіба там з кімсьці штосьці здарылася?
— Здарылася, — сур’ёзна сказаў стары. — З трыма жанчынамі і мужчынам. Паслухайце сюды. Я гэтыя месцы ведаю, а вы не. І яшчэ слухайце: ужо гадоў дзесяць на гэтае поле ні авечка не заходзіла, ані каліўка тут ніхто не пасадзіў — аж глеба добрая! Ды нават адсюль відаць, што там цяпер за месца: цёрн і ваўчкі і смецце ўсялякае! Паглядзіце вось у сваё шкло, малады чалавек, — сказаў ён Ўілфрэду Віскрыку. — Самі пабачыце.
— Сапраўды, — сказаў Ўілфрэд. — Але там бачныя і сцяжынкі. Значыць, нехта туды ўсё ж ходзіць.
— Сцяжынкі! — сказаў пастух. — Так і ёсць! Чатыры сцяжынкі, ад трох жанчын і мужчыны.
— Ды што ўрэшце за тры жанчыны і мужчына? — спытаў Стэнлі, павярнуўшыся і ўпершыню паглядзеўшы на пастуха (ён увесь час размаўляў, седзячы да яго спінай: ён быў вельмі няветлівы хлопчык).
— Што? Ды ўсё тое ж: тры жанчыны і мужчына.
— А хто яны? — спытаў Алджэрнан. — І чаму яны там ходзяць?
— Ну, мо вам тут хто і скажа, кім яны былі, — адказаў пастух, — але гэта яшчэ да мяне здарылася. І чаму яны тут усё ходзяць — не чалавечага розуму справа. Але я чуў, што яны ўсе былі людзі нядобрыя.
— Божухна, ну й дзівосы! — прашапталі Алджэрнан і Ўілфрэд. Але Стэнлі скрывіў пагардліва-злосную міну.
— Вы што, верыце ў гэтыя мерцвячыныя казкі? Лухта! Трэба быць скончанымі дурнямі, каб у гэта верыць. Цікава, ці бачыў іх хто-кольвек наогул?
— Я іх бачыў, малады чалавек! — сказаў пастух. — Бачыў зблізку, вось на гэтай горцы. І мой стары сабака іх бачыў — ён бы сам вам сказаў, калі б размаўляў. Недзе бліжэй да вечару, каля чацвертай, вось у такі дзень, як сёння. Яны выйшлі з кустоў, усе да аднаго, і спыніліся, а потым павольна-павольна пасунуліся па сцяжынках да дрэваў, да свае студні.
— А якія яны? Скажыце, калі ласка! — нецярпліва загулі Алджэрнан і Ўілфрэд.
— Рыззё ды косткі, маладыя людзі, — адказаў пастух. — Ва ўсіх чатырох: павіслыя рызманы і белыя косткі. Яны, здаецца, імі нават пагруквалі ідучы. Яны йшлі вельмі павольна і глядзелі ўправа — улева, управа — улева.
— А якія ў іх твары? Вы бачылі?
— Гэта ўжо цяжка назваць тварамі, — сказаў пастух. — Але зубы ў іх, здаецца, ёсць.
— Божа! — выгукнуў Ўілфрэд. — А далей што? Ля дрэваў?
— Не ведаю, сэр, — адказаў пастух. — Я не мог там застацца. Трэ было шукаць майго старога сабаку, бо ён жа знік! Раней ён ніколі мяне не кідаў, а тут раптам збег. Я нарэшце яго знайшоў, дык ён спачатку нават не пазнаў мяне і хацеў учапіцца мне ў горла. Я з ім давай гаманіць, гаманіць, і ён патроху ўзгадаў мой голас. Падпоўз да мяне далібог як шчанё вінаватае. Крый мяне Божа яшчэ калі-небудзь пабачыць такое зверства з сабакам.
Пёс, які цяпер выглядаў надзвычай кампанейскім, падышоў, паглядзеў на свайго гаспадара і выявіў поўную згоду з ягонымі словамі. Хлопчыкі колькі хвілін абдумвалі пачутае, пасля чаго Ўілфрэд спытаў:
— А адкуль такая назва — Студня Стогнаў?
— Прыйшлі б вы сюды вечарам узімку — больш бы не пыталіся, — загадкава адказаў пастух.
— Ну, што да мяне, то нешта ты, дзед, заліваеш, — сказаў Стэнлі Джадкінс. — Я туды пры першай жа нагодзе пайду. Няхай мяне разарве, калі не!
— Значыць, не хочаце мяне паслухацца? — сказаў пастух. — І вашых камандзіраў — а яны ж вас папярэджвалі! Ну, давайце, малады чалавек, як не хочаце па-добраму. Якой трасцы мне вам хлусіць? Проста шкада смаркача, які сам не ведае, куды яго ліха гоніць.
— Вось як! Кажаш, мяне ліха гоніць, — сказаў Стэнлі. — А можа, ты сам, дзядзечка, гоніш, бо ў цябе ў тых кустах, відаць, цэлая вінакурня! Лух-та гэ-та ўсё! Хадзем адсюль, хлопцы.
І яны пайшлі. Алджэрнан і Ўілфрэд сказалі пастуху “да пабачэння” і “дзякуй”, а Стэнлі нічога не сказаў. Пастух паціснуў плячыма і застаўся на месцы, засмучана гледзячы ім услед.
Па дарозе хлопчыкі горача спрачаліся наконт усяго пачутага і спрабавалі як найясней патлумачыць Стэнлі, якім кавалкам дурня ён будзе, калі пойдзе да Студні Стогнаў.
Увечары, паміж іншым, містэр Бізлі Робінсан спытаў, ці ва ўсіх на мапах ёсць пазнака — чырвонае кола. “Асцярожна, — папярэдзіў ён. — Не заходзьце туды”.
Некалькі галасоў — у тым ліку незадаволенага Стэнлі Джадкінса — запыталі:
— А чаму?
— Таму што нельга, — адказаў містэр Бізлі Робінсан. — І калі вам гэтага мала, то я тут ні пры чым.
Ён павярнуўся да містэра Лэмберта, трохі з ім пашаптаўся і затым дадаў:
— Апошні раз паўтараю для самых кемных: мяне папрасілі папярэдзіць усіх скаўтаў, каб трымаліся далей ад гэтага поля. Мы павінныя быць удзячнымі мясцовым жыхарам ужо за тое, што яны наогул дазволілі нам тут спыніцца, і хаця б элементарная ветлівасць вымагае, каб вы паслухаліся.
Усе сказалі: “Так, сэр!” І толькі Стэнлі Джадкінс, як чулі, прашаптаў: “Вымагае, каб вы папухлі!”
На зыходзе наступнага дня адбылася наступная размова:
— Ўілкакс, ці ўсе з вашага намёта на месцы?
— Не, сэр, Джадкінса няма.
— Гэта не хлопчык, а проста нейкі ўцялеснены д’ябал! Як Вы думаеце, дзе ён можа быць?
— Нават не ўяўляю.
— Можа, хто-небудзь яшчэ ведае?
— Сэр, не выключана, што ён пайшоў да Студні Стогнаў.
— Хто гэта сказаў? Віскрык? Што за Студня Стогнаў?
— Сэр, гэта на суседнім полі... так, сэр, купка дрэваў пасярод поля.
— У сэнсе — месца, абведзенае чырвоным? Бог ты мой! А чаму Вы думаеце, што ён там?
— Ну, ён вельмі цікавіўся ўчора гэтым месцам, мы гутарылі з пастухом, той шмат чаго расказаў і раіў не хадзіць туды. Але Джадкінс не паверыў і сказаў, што пойдзе.
— От аслюк! — сказаў містэр Хоўп Джонс. — Ён што-небудзь узяў з сабой?
— Я думаю, ён узяў вяроўку і конаўку. Мы казалі яму, што ён будзе дурнем, калі пойдзе.
— Малы мярзотнік! На халеру яму там конаўка і вяроўка? Добра, пойдзем, вось вы ўтрох, трэба за ім пасачыць. Ну чаму людзі не могуць выконваць элементарных загадаў? Што сказаў вам той чалавек? Не спыняйцеся, адкажаце па дарозе.
І яны пайшлі: Алджэрнан і Ўілфрэд — хутка расказваючы, а яшчэ двое — слухаючы ўсё больш заклапочана. Нарэшце яны ўзняліся на ўзгорак, адкуль было бачнае поле, пра якое ўчора казаў пастух. Усё было як на далоні: студня сярод купы сухой травы і скарлючаных сукаватых піхтаў і чатыры сцежкі, што віліся паміж калючак і грубай расліннасці.
Быў цудоўны дзень: паветра трымцела ад гарачыні. Мора нагадвала металёвы ток. Ані подыху ветрыку. Дабраўшыся да вяршыні, усе адчулі сябе жудасна стомленымі і адразу кінуліся на цёплую траву.
— Яго яшчэ не бачна, — сказаў містэр Хоўп Джонс, — давайце трохі прыпынімся. Вы задыхаліся, а я й пагатоў. Глядзіце, — сказаў ён праз момант, — здаецца, кусты хітнуліся.
— Так, — сказаў Ўілкакс. — І я бачыў. Глядзі... Не, гэта не ён. Але вунь нехта, вунь, чыясь галава!
— Здаецца, так, але я не ўпэўнены.
Хвіля цішыні. Праз момант:
— Не, гэта дакладна ён, — сказаў Ўілкакс. — Лезе праз агароджу з таго боку. не бачыце? З чымсьці бліскучым. Відаць, тая самая конаўка.
— Так, вунь ён прастуе да дрэваў, — сказаў Ўілфрэд.
У гэты момант Алджэрнан, які ўзіраўся ва ўсе вочы, закрычаў:
— Аяй! Што гэта там на сцежцы? Вунь яно! Яно — жанчына! Не! Толькі не гэта!
Ён пакаціўся па траве, хапаючыся за яе рукамі і зарываючыся ў яе галавой.
— Перастаньце! — загадаў містэр Хоўп Джонс, але марна. — Слухайце. Я пайду ўніз. Вы, Ўілфрэд, застанецеся тут і дагледзіце сябра. А вы, Ўілкакс, бяжыце як найхутчэй у летнік па дапамогу.
Двое пабеглі. Ўілфрэд застаўся з Алджэрнанам, супакойваючы яго, хаця сам быў не нашмат спакайнейшы. Час ад часу ён пазіраў уніз на поле. Ён бачыў, як містэр Хоўп Джонс хутка ішоў па сцежцы. Але потым, наўздзіў, спыніўся, паглядзеў угару і вакол сябе і хутка павярнуў назад. Чаму? Ўілфрэд зірнуў на поле і пабачыў там жахлівую постаць — нешта ў чорных рызманах, праз якія праглядалі белыя плямы: галава, насаджаная на доўгую тонкую шыю, была напаўсхаваная пад чымсьці кшталту пакамечанага счарнелага дамскага капялюшыка. Стварэнне памахала кашчавымі рукамі ў бок выратавальніка, быццам адгароджваючыся ад яго, і паветра паміж дзвюма постацямі затрымцела і заіскрылася. Такога Ўілфрэд яшчэ ніколі не бачыў. У яго ў галаве нешта загайдалася й затуманілася. Страшна падумаць, што было б, калі б ён быў яшчэ бліжэй! Ён перавёў позірк і пабачыў Стэнлі Джадкінса, які бадзёра, як добры скаўт, набліжаўся да дрэваў, ступаючы асцярожна, каб не трэснула галінка і каб не ўблытацца ў ажыннік. Ён не бачыў нічога падазронага, але асцерагаўся пасткі і таму намагаўся йсці бязгучна. Ўілфрэд бачыў усё гэта і нават больш. З раптоўным заміраннем сэрца ён заўважыў кагосьці стоенага сярод дрэваў і яшчэ кагосьці — трэцюю з таямнічых чорных постацяў, якая марудна падбіралася па сцяжынцы з іншага боку поля, пазіраючы ўправа — улева, управа — улева, як і апісваў пастух. Горш за тое, ён пабачыў і чацвертага, гэтым разам несумнеўна мужчыну, які ўзняўся з кустоў за спінай Стэнлі, усяго за некалькі ярдаў, і, крывячыся ад болю, выпаўз на дарожку. Няшчасная ахвяра была ў пастцы.
Ўілфрэд ледзь розумам не крануўся. Ён падскочыў да Алджэрнана і пачаў яго трэсці.
— Уставай, — сказаў ён. — І крычы. Крычы ва ўсё горла. Эх, яшчэ б свісток!
Алджэрнан сабраўся з духам:
— А вось і свісток. Мусіць, Ўілкакс згубіў.
І адзін засвісцеў, а другі закрычаў. Гук хутка разнёсся ў нерухомым паветры. Стэнлі пачуў. Ён спыніўся, абярнуўся, і тады прагучаў сапраўдны крык — куды больш жахлівы і пранізлівы, чым маглі ўзняць хлопчыкі на пагорку. Але запозна. Сагнуты касцятруп ззаду Стэнлі выцягнуўся і схапіў яго за пояс. Жахліўка, якая дагэтуль гайдала рукамі, зноў затрэсла імі, але цяпер пераможна. Істота, што хавалася за дрэвамі, прынюхалася і таксама выцягнула рукі, каб схапіць нешта перад сабою; апошняя, найдалейшая, прыспешыла хаду і радасна захітала галавой. Імгненне вусцішнай цішыні хлопчыкі, ледзьве дыхаючы, назіралі за жудаснай барацьбой паміж мужчынам і ягонай ахвярай. Стэнлі адбіваўся конаўкай — адзінай зброяй, якую меў. Са зламанага чорнага капелюша на галаве стварэння зляцеў верх, агаліўшы белы чэрап з плямамі — відаць, рэшткамі валасоў. Але ў гэты час адна з жанчын наблізілася да абодвух і нацягнула вяроўку, якая абкруцілася вакол шыі Стэнлі. Праз хвіліну ўсё было скончана: жахлівы енк перапыніўся, і ўсе трое зніклі ў купцы дрэваў.
На імгненне падалося, што дапамога яшчэ падаспее. Містэр Хоўп Джонс, які дагэтуль шпарка сыходзіў, раптам спыніўся і павярнуўся, працер вочы і пабег да поля. Акрамя таго, хлопчыкі пабачылі не толькі дапаможны атрад з летніка на суседнім узгорку, але і пастуха, які ўзбягаў на схіл гэтага. Яны клікалі, крычалі, нават прабеглі колькі ярдаў насустрач яму і назад. Ён прыспешыў крок.
Хлопчыкі яшчэ раз паглядзелі на поле. Там не было нічога. Ці, можа, нешта яшчэ хавалася ў дрэвах? Чаму вакол зарасніку быў нейкі туман? Містэр Хоўп Джонс пералез праз агароджу і стаў прадзірацца скрозь кусты.
Пастух спыніўся, цяжка дыхаючы. Хлопчыкі падбеглі да яго, учапіліся за рукі.
— Яны схапілі яго! Там! У дрэвах! — толькі і паўтаралі яны зноў і зноў.
— Як жа гэта? Няўжо ён пайшоў туды? Пасля ўсяго, што я ўчора расказаў? Ах нябога! Ах нябога!
Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але пачуліся іншыя галасы. Прыйшлі ратавальнікі з летніка. Перакінуўшыся некалькімі словамі, яны пабеглі ўніз, але ўжо на ўскрайку поля сустрэлі містэра Хоўпа Джонса. Ён нёс на плячах труп Стэнлі Джадкінса, зняты з дрэва (на якім хлопец вісеў і гайдаўся ўправа — улева, управа — улева). У целе небаракі не засталося ані кроплі крыві.
Наступнага дня містэр Хоўп Джонс скіраваўся да поля з сякерай і з цвёрдым намерам высечы ўсе дрэвы і спаліць усю траву. Ён вярнуўся са страшнай ранай на назе і са зламаным дзяржальнам. Ніводнай іскры агню ён не здабыў, дый дрэвам ані чхнулася.
Затое я чуў, што насельніцтва поля вакол Студні Стогнаў паболела: цяпер яно складаецца з трох жанчын, мужчыны і хлопчыка.
Алджэрнан дэ Манмарансі і Ўілфрэд Віскрык перажылі страшэннае ўзрушэнне. Абодва адразу ж з’ехалі з летніка. Дый на тых, хто застаўся, гэтыя падзеі, бясспрэчна, нагналі маркоты. Хутчэй за ўсіх акрыяў Джадкінс-малодшы.
Вось такім, шаноўнае спадарства, было жыццё Стэнлі Джадкінса і пачатак жыцця Артура Ўілкакса. Гэтую гісторыю, спадзяюся, вам яшчэ ніхто не расказваў. Калі ў яе ёсць мараль, то яна відавочная. А калі няма, то я тут ні пры чым.