№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мікалай Гумілёў

Балады Роберта Саўці (Баллады Роберта Саути)

Пераклад з рускай Ганна Янкута


Гэтая прадмова была напісаная Мікалаем Гумілёвым да першага асобнага выдання баладаў Роберта Саўці ў Расіі, якое выйшла ў 1922 годзе ў выдавецтве “Сусветная літаратура”.


Адзін гісторык ангельскае літаратуры кранальна сказаў пра Саўці: “Не было ніводнага паэта, які пісаў бы так добра і так шмат і якога ў той жа час так не ведала б публіка”. Гэта слушна ў дачыненні да Захаду. У нас жа, дзякуючы перакладам Жукоўскага і Пушкіна, імя Саўці значна больш вядомае, чым у яго на радзіме.

Роберт Саўці нарадзіўся ў 1774 г. у Брысталі ў сям’і небагатага гандляра мануфактурай.

Выхаваннем сваім ён абавязаны цётцы з боку маці, міс Тайлер, у доме якой ён прыахвоціўся да чытання і пазнаёміўся з мастацтвам дзякуючы частым сустрэчам з мясцовымі акторамі. Яго выключылі з сярэдняе школы за рэзкі артыкул пра сістэму выхавання, змешчаную ў часопісе, што выдаваўся вучнямі. Пасля ён правёў два гады ў Оксфардскім універсітэце, аднак мала адтуль вынес, займаючыся галоўным чынам грэбляй і плаваннем. У гэты ж перыяд свайго жыцця ён пазнаёміўся і пасябраваў з паэтам Колрыджам [1], які быў старэйшы за яго на два гады. Абодва юнакі, цікавячыся Французскай Рэвалюцыяй, наважыліся заснаваць у Амерыцы сацыялістычную рэспубліку, дзе першае месца было б адведзенае паэтам, аднак недахоп сродкаў перашкодзіў ім узяцца за выкананне свае задумы. Тады ж Саўці напісаў сваю рэвалюцыйную паэму “Ўот Тайлер” [2], што з’явілася ў друку толькі шмат гадоў пазней. Пад уплывам дзейнасці Напалеона, якога Саўці лічыў ворагам свабоды, ён пачаў цаніць ангельскія парадкі і хутка стаў заўзятым прыхільнікам царквы і дзяржавы, што выклікала рэзкую варожасць да яго з боку Байрана.

У Англіі ёсць старадаўні звычай выбіраць сярод паэтаў паэта-лаўрэата (вянчанага лаўрамі). У 1813 г. такім паэтам быў выбраны, як таго дамагаўся Вальтэр Скот, Саўці. З тае пары ён жыў, заглыблены ў свае кнігі і рукапісы, і памёр у 1843 г., пакінуўшы пасля сябе 109 тамоў сваіх сачыненняў і адну з найвялікшых прыватных бібліятэк Англіі.

Саўці называюць самым тыповым прадстаўніком “Азёрнае Школы” [3], як Колрыджа – самым яркім і Ўордсварта – самым глыбокім. З шэрагу лозунгаў, кінутых гэтай школай, Саўці больш за ўсё звярнуў увагу на праўду гістарычную і бытавую. Выключна адукаваны, ён ахвотна абіраў тэмамі сваіх паэмаў і вершаў аддаленыя эпохі і чужыя яму краіны, прычым імкнуўся перадаваць характэрныя для іх пачуцці, думкі і ўсе дробязі побыту, сам прымаючы пункт погляду сваіх герояў. Дзеля гэтага ён карыстаўся ўсім багаццем народнае паэзіі і першы ўвёў у літаратуру яе мудрую прастату, разнастайнасць памераў і магутны паэтычны прыём паўтораў. Аднак менавіта гэта і сталася прычынай яго непрызнання – бо дзевятнаццатае стагоддзе цікавілася перадусім асобай паэта і не здолела пабачыць за пышнасцю вобразаў іх творцу. Для нас вершы Саўці – гэта цэлы свет творчае фантазіі, свет прадчуванняў, страхаў, загадак, пра якія лірычны паэт гаворыць з трывогай і ў якіх эпічны паэт знаходзіць своеасаблівую логіку, якая толькі ў асобных месцах судакранаецца з нашай. Ніякіх маральных ісцін, хіба што апроч самых наіўных, узятых як матэрыял, немагчыма вывесці з гэтае творчасці, аднак яно бясконца ўзбагачае свет нашых адчуванняў і, пераўтвараючы такім чынам нашую душу, выконвае прызначэнне сапраўднае паэзіі.

Гісторыя літаратуры ведае два тыпы баладаў – французскі і германскі. Французская балада – гэта лірычны верш з пэўным чаргаваннем рыфмаў, якія шматкроць паўтараюцца. Балада германская – невялікая эпічная паэма, напісаная ў крыху прыўзнятым і ў той самы час наіўным тоне, з сюжэтам, пазычаным з гісторыі, хаця апошняе не абавязкова. Балады Саўці належаць менавіта да гэтага тыпу.


Заўвагі аўтара:


1. Глядзі выпуск №19 “Сусветнай літаратуры”: Колрыдж “Паэма пра старога марахода”.

2. Ўот Тайлер – кіраўнік рэвалюцыйнага руху ў Англіі ў канцы чатырнаццатага стагоддзя, які быў кавалём.

3. Пра Азёрную Школу гл. выпуск №19 “Сусветнай літаратуры”.


Пераклад з рускай – Ганна Янкута © 2009

Чытайце таксама

Роберт Саўці

Роберт Саўці

Ангельскі паэт-рамантык, перакладчык, гісторык, прадстаўнік “азёрнае школы” (разам з Колрыджам і Ўордсвартам), паэт-лаўрэат з 1813 па 1843 гады (званне прыдворнага паэта давалася да канца жыцця; паэт-лаўрэат мусіў пісаць вершы з нагоды розных падзей у жыц

Анастасія Афанасьева

Анастасія Афанасьева

Украінская рускамоўная паэтка. Таксама перакладае з украінскай

Генрых фон Кляйст

Генрых фон Кляйст

Нямецкі драматург, паэт і празаік

Кнут Гамсун

Кнут Гамсун

Нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

449