№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ханс Хайнц Эверс

Павучыха (Die Spinne)

Апавяданне

Пераклад з нямецкай Альгерд Бахарэвіч

And a will therein lieth, which dieth
not. Who knoweth the mysteries of a
will with its vigour?

Glanville [1]

Студэнт-медык Рышар Бракемон вырашыў пераехаць у пакой нумар сем маленькага гатэля “Стывенс” на вуліцы Альфрэда Стывенса акурат пасля таго, як у гэтым памяшканні за апошнія тыдні павесіліся на аконным пераплёце адзін за адным трое мужчын.

Першы быў швейцарац-каміваяжор. Ягоны труп знайшлі толькі ў суботу; лекар вызначыў, што смерць надышла ў пятніцу паміж пяццю і шасцю вечару. Труп вісеў на круку, які быў моцна ўбіты ў пераплёт акна і служыў вешалкай для адзення. Акно было зачыненае, нябожчык скарыстаў у якасці пятлі шнур для гардынаў. Паколькі акно было вельмі нізкае, нябожчык амаль стаяў на каленях; такім чынам, самазабойцу патрабавалася вялікая сіла волі для выканання свайго намеру. Потым высветлілася, што ён меў жонку й чацвярых дзяцей, быў добра забяспечаны, займаў неблагое становішча ў грамадстве, вылучаўся яснасцю розуму і лагодным характарам. Ніякае цыдулкі, якая тлумачыла б прычыны самазабойства, не знайшлі, гэтаксама як і тэстаменту; ніводзін яго знаёмы ніколі не чуў ад яго выказванняў на гэты конт.

Другі выпадак не нашмат адрозніваўся ад першага. Праз два дні ў пакоі нумар сем пасяліўся артыст Карл Краўзэ, ас-раварыст, які меў ангажэмент недалёка адсюль у цырку Мэдрэно. Калі ён у наступную пятніцу не з’явіўся на цыркавы паказ, дырэктар адправіў у гатэль пасыльнага – дзверы пакоя не былі замкнёныя, пасыльны зайшоў і пабачыў артыста, які павесіўся пры такіх жа акалічнасцях, на аконным пераплёце. Гэтае самагубства здавалася не менш загадкавым; дваццаціпяцігадовы раварыст быў папулярнай асобаю, атрымліваў высокія ганарары, і жыццё прыносіла яму асалоду. Тут таксама не знайшлі ніякага пісьмовага паслання, не прыгадалі ніякіх двухсэнсоўных выказванняў. Адзіным блізкім чалавекам артыста была ягоная маці, якой ён кожны першы дзень месяца нязменна дасылаў трыста марак.

Для спадарыні Дзюбанэ, гаспадыні гэтага таннага маленькага гатэля, чыя кліентура амаль цалкам складалася з удзельнікаў маленькіх вар’етэ на Манмартры, другі смяротны выпадак у тым самым пакоі меў вельмі непрыемныя наступствы. Некаторыя яе госці адразу з’ехалі, іншыя заўсёднікі больш не паказваліся. Яна звярнулася да свайго сябра, камісара паліцыі чацвертай акругі, і той абяцаў зрабіць усё, на што здольны. Камісар не толькі ўзяўся з асаблівым імпэтам за высвятленне прычынаў самазабойства абодвух гасцей, але і даў у распараджэнне гаспадыні гатэля свайго супрацоўніка, які пасяліўся ў таямнічым пакоі.

Гэта быў паліцэйскі Шарль-Мары Шам’е, які сам папрасіў аб такім даручэнні. Стары марскі пехацінец з адзінаццацю гадамі службы за плячыма, ён столькі начэй правёў адзін на пасту ў Танкіне і Анаме, столькі няпрошаных гасьцей, жаўтаскурых рачных піратаў, якія нячутна краліся да яго, ён сустрэў трапным стрэлам са сваёй вінтоўкі, што, здавалася, больш прыдатнай асобы для сустрэчы з прывідамі на вуліцы Альфрэда Стывенса цяжка было адшукаць. Ён засяліўся ўжо ў нядзелю ўвечары і лёг спаць задаволены, ад душы пачаставаўшыся перад тым стравамі і напоямі спадарыні Дзюбанэ.

Штораніцы і штовечар Шам’е наведваў паліцэйскую канцылярыю, каб зрабіць кароткую справаздачу. У першыя дні даклады абмяжоўваліся паведамленнямі пра тое, што ён не заўважыў нічога незвычайнага. А ў сераду ўвечары ён сказаў, што, здаецца, напаў на след. Калі ж ад яго запатрабавалі расказаць падрабязней, ён папрасіў дазволу пакуль што маўчаць пра сваю знаходку; ён не ведаў яшчэ, ці сапраўды тое, што ён адкрыў, мае нейкую сувязь са смерцю абодвух жыльцоў. Ён баяўся абняславіцца і потым быць паднятым на смех. У чацвер ягоны выгляд быў не такі ўпэўнены, затое больш сур’ёзны; але ён зноў нічога не сказаў. У пятніцу раніцай ён быў досыць узбуджаны; ён адзначыў, напалову жартам, што гэтае акно ў пакоі нумар сем мае дзіўнае прыцягненне. Аднак ён заставаўся пры меркаванні, што, магчыма, гэта ўсё ж не звязана з самагубствамі і што яго высмеюць, калі ён скажа больш. Увечары таго дня ён не прыйшоў у пастарунак: яго знайшлі павешаным на аконным пераплёце.

І тут таксама абставіны былі да дробязяў падобныя да іншых двух выпадкаў: ногі боўталіся ля самай падлогі, пятлёй служыў шнур гардынаў. Акно было зачыненае, дзверы не замкнёныя; смерць надышла каля шостай гадзіны. Рот нябожчыка быў шырока раскрыты, язык вываліўся вонкі.

Гэтая трэцяя смерць у пакоі нумар сем прывяла да таго, што ў той самы дзень усе госці гатэля “Стывенс” з’ехалі адтуль, за выключэннем нямецкага прафесара з шаснаццатага нумара, які скарыстаўся нагодай, каб на траціну скараціць плату за пражыванне. Для спадарыні Дзюбанэ было невялікім суцяшэннем, што на наступны дзень Мары Гардэн, знакамітая спявачка аперэты, вытаргавала ў яе шнур ад гардынаў за дзвесце франкаў. Па-першае, таму што такія рэчы прыносяць удачу, а па-другое, таму што гэта трапіць ў газеты.

Калі б такая гісторыя адбылася ўлетку, у ліпені ці ў жніўні, спадарыня Дзюбанэ магла б атрымаць за свой шнур утрая болей; бульварныя лісткі тыдні запар запаўнялі свае старонкі апісаннем падобных здарэнняў. Але ў сярэдзіне самай неспакойнай пары году (выбары, хваляванні на Балканах, банкаўскі абвал у Нью-Ёрку, візіт ангельскай каралеўскай сям’і) ніхто і праўда не ведаў, дзе знайсці вольнае месца на газетных старонках. Таму гісторыю на вуліцы Альфрэда Стывенса абмяркоўвалі значна менш, чым яна таго заслугоўвала, і прэсавыя паведамленні, сухія і кароткія, у большасці сваёй проста паўтаралі паліцэйскія справаздачы і амаль не ўтрымлівалі ў сабе перабольшанняў.

Студэнту-медыку Рышару Бракемону гэтая гісторыя была вядомая толькі па газетных паведамленнях. Аднаго маленькага факту ён, аднак, не ведаў; факт здаваўся такім неістотным, што ні камісар, ні сведкі не згадвалі яго ў размовах з журналістамі. Толькі пазней, пасля прыгодаў студэнта, пра гэтую акалічнасць нарэшце ўспомнілі. Калі труп сяржанта Шарля-Мары Шам’е здымалі з крука, з роту нябожчыка вылез вялікі чорны павук. Слуга скінуў яго пошчыкам пальца, крыкнуўшы пры гэтым: “Фу, чорт, зноў гэтая гадзіна!” У ходзе далейшага расследавання – на гэты раз ужо справы Бракемона – слуга сказаў, што калі здымалі з крука каміваяжора-швейцарца, ён бачыў, як па плячы самагубцы паўзе такі ж павук. Але на той момант Бракемон нічога гэтага не ведаў.

Ён пасяліўся ў пакоі праз два тыдні пасля апошняга самазабойства, у нядзелю. Усё, што яму давялося там перажыць, ён рупліва запісваў у дзённік.

Дзённік Рышара Бракемона, студэнта-медыка

Панядзелак, 28 лютага

Я засяліўся ўчора ўвечары. Я распакаваў два свае кошыкі, расклаў рэчы, пасля лёг спаць. Я цудоўна выспаўся; якраз прабіла дзевяць гадзін, калі мяне пабудзіў грукат у дзверы. Гэта была гаспадыня, якая сама прынесла мне сняданак, яна вельмі клапоціцца пра мяне: я атрымаў яйкі, шынку і цудоўную каву. Умыўся, адзеўся, потым паназіраў, як слуга прыбірае ў пакоі. Пры гэтым я курыў сваю люльку.

Ну, такім чынам, я тут. Я дакладна ведаю, што справа небяспечная, але я ведаю таксама, што калі ўдасца, я яе разблытаю. Калісьці Парыж быў варты толькі імшы – але сёння так танна не перамагаюць і я магу паставіць на карту сваё жыццё. Гэта добрая магчымасць – што ж, я яе скарыстаю.

Зрэшты, астатнія былі гатовыя выдумаць і не такое. Не менш за дваццаць сем чалавек, звяртаючыся хто ў паліцыю, хто да гаспадыні, спрабавалі атрымаць гэты пакой; сярод іх тры дамы. Супернікаў было дастаткова; відаць, усе яны небаракі кшталту мяне.

Але месца ў гатэлі атрымаў я. Чаму? Ах, я, верагодна, адзіны, хто мог пачаставаць мудрую паліцыю разумнымі думкамі. Цудоўнымі думкамі! Натуральна, я блефаваў.

Гэтыя нататкі прызначаныя і для паліцыі. І мне прыносіць задавальненне з самага пачатку расказаць спадарству, як прыгожа я іх падмануў. Калі камісар разважлівы чалавек, ён скажа: “Хм, якраз таму я і вырашыў, што Бракемон нам падыходзіць!” Зрэшты, мне абсалютна ўсё адно, што ён скажа пазней: цяпер я сяджу тут. І мне здаецца добрай прыкметай, што я пачаў сваю дзейнасць з таго, што так файна падмануў спадароў паліцэйскіх.

Спачатку я пабываў у спадарыні Дзюбанэ, якая адправіла мяне ў паліцэйскую канцылярыю. На працягу цэлага тыдня я кожны дзень цёгаўся туды, мая прапанова была “ўзятая пад увагу”, і гэта значыла, што я мусіў прыходзіць у паліцыю зноў і зноў. Большасць маіх супернікаў даўно адступілі перад цяжкасцямі, знайшлі сабе лепшы занятак, чым гадзінамі сядзець у задушлівым каравульным памяшканні; камісара ўжо моцна злавала мая ўпартасць. Нарэшце ён наўпрост сказаў мне, што мае штодзённыя візіты сюды не маюць сэнсу. Ён удзячны мне, як і іншым, за жаданне дапамагчы, але выкарыстоўваць “дылетантаў” ён не можа. І калі ў мяне няма распрацаванага плану...

Тут я сказаў яму, што маю такі план. Насамрэч нічога ў мяне, вядома ж, не было. Але я сказаў, што пра свой план, добры, але небяспечны, які дапаможа знайсці ключ да разгадкі хутчэй за любыя паліцэйскія захады, я апавяду яму толькі тады, калі ён дасць мне слова гонару, што асабіста падтрымае маю ідэю. Ён падзякаваў, ён лічыў, што ў яго няма часу на нешта падобнае. Але я бачыў, што я перамог, калі ён спытаў мяне, ці не магу я прынамсі намякнуць яму, у чым сутнасць маёй задумы.

І я зрабіў гэта. Я нагаварыў яму поўнай лухты, пра якую яшчэ секунду таму сам не меў ніякага ўяўлення; я не ведаў, адкуль у мяне ўзяліся такія дзіўныя думкі. Я сказаў яму, што сярод усіх гадзінаў тыдня ёсць адна, якая мае таямнічы ўплыў на чалавека. Гэта гадзіна, у якую Хрыстос знік са сваёй магілы: шостая гадзіна вечару апошняга дня яўрэйскага тыдня. І калі камісар памятае, менавіта ў гэтую гадзіну, у пятніцу паміж пяццю і шасцю, і адбыліся ўсе тры самазабойствы. Большага я не магу яму цяпер сказаць, але хай ён лепш пачытае прароцтвы святога Яна.

Камісар зрабіў такі твар, нібыта ён нешта ў гэтым разумее, падзякаваў і запрасіў увечары прыйсці зноў. Я прыйшоў у ягоную канцылярыю ў прызначаны час; перад ім на стале я пабачыў Новы Запавет. Час да майго прыходу я патраціў на тыя ж штудыі, што і ён; я пакорпаўся ў прароцтвах і ні слова ў іх не зразумеў. Можа быць, камісар быў больш кемлівы за мяне, ва ўсялякім выпадку ён сказаў мне вельмі прыязна, што нягледзячы на мае вельмі цьмяныя намёкі, ён мяркуе, што разумее плынь маіх думак. І што ён гатовы прыняць маю прапанову і ўсяляк мне судзейнічаць.

Я мушу прызнаць, што ён насамрэч мне вельмі дапамог. Ён дамовіўся з гаспадыняй, што я падчас свайго знаходжання ў гатэлі буду ўсё мець бясплатна. Ён даў мне выдатны рэвальвер і паліцэйскі свісток; ягоныя супрацоўнікі атрымалі загад як мага часцей праходзіць па маленькай вуліцы Альфрэда Стывенса і па першым жа сігнале падняцца да мяне. І, нарэшце, ён правёў у мой пакой тэлефон, дзякуючы чаму я меў пастаянную сувязь з паліцэйскай канцылярыяй. Хаця яна і знаходзілася ў чатырох хвілінах ходу адсюль, я мог у любы час як найхутчэй атрымаць дапамогу. Пры ўсім гэтым я зусім не здагадваўся, адкуль мне магла б пагражаць небяспека.


Аўторак, 1 сакавіка

Нічога не здарылася, ні ўчора, ні сёння. Спадарыня Дзюбанэ прынесла з іншага пакоя новы шнур для гардынаў – яе гатэль жа амаль пусты. Яна карыстаецца кожнай нагодай, каб зайсці да мяне; кожны раз яна нешта прыносіць. Я ўгаварыў яе яшчэ раз апавесці мне ва ўсіх падрабязнасцях пра здарэнні, але не даведаўся нічога новага. Адносна прычын самагубстваў у яе былі свае асабістыя тлумачэнні. Што тычыцца артыста, то, на яе думку, размова ішла пра няшчаснае каханне; калі ён жыў у яе апошнія гады, да яго часта прыходзіла маладая дама, якая потым ужо не паказвалася. Праўда, што да швейцарца, то яна не ведала, што тут сказаць, – але ж немагчыма ведаць усё. А сяржант, відавочна, здзейсніў самагубства проста каб яе пазлаваць.

Я мушу сказаць, што гэтыя тлумачэнні спадарыні Дзюбанэ даволі ўбогія. Але я дазволіў ёй трохі пабалбатаць; усё ж яна хоць на нейкі час разагнала мой смутак.


Чацвер, 3 сакавіка

Усё яшчэ нічога не адбылося. Камісар тэлефануе пару разоў на дзень, я кажу яму, што справы ў мяне ідуць выдатна; відавочна, што гэта яго не радуе. Я ўзяў сюды свае кнігі па медыцыне і працую; такім чынам мой добраахвотны арышт у любым выпадку мае сэнс.


Пятніца, 4 сакавіка, 2 гадзіны дня

Я цудоўна паабедаў; гаспадыня прынесла мне яшчэ і паўбутэлькі шампанскага; гэта быў сапраўдны абед шыбеніка. Яна разглядала мяне, як ужо на тры чвэрці мёртвага. Як толькі я скончыў абедаць, адразу ж стала са слязьмі ў вачох прасіць, каб я пайшоў разам з ёй; яна баялася, што я павешуся, “каб яе пазлаваць”.

Увайшоўшы да сябе, я агледзеў шнур. І вось на гэтым я мушу зараз павесіцца? Хм, нешта ў мяне мала ахвоты. Да таго ж шнур шурпаты і нягнуткі, ён вельмі кепска зацягваецца ў пятлю, трэба мець сапраўды шмат волі, каб скарыстацца прыкладам тых, хто жыў тут да мяне. Цяпер я сяджу за маім сталом, злева тэлефон, справа рэвальвер. Страху няма, але ёсць цікаўнасць.


6 гадзін вечару

Нічога не адбылося, пра што можна было б напісаць – на жаль! “Гадзіна самагубцаў” прыйшла і сышла, яна была такая ж, як і астатнія. Праўда, я не магу аспрэчыць таго, што часам адчуваў неадольнае жаданне падысці да акна – о так, але ж з іншых прычын. Камісар тэлефанаваў паміж пяццю і шасцю самае меншае дзесяць разоў, ён быў такі ж нецярплівы, як я сам. Але спадарыня Дзюбанэ задаволеная: пражыць у сёмым нумары тыдзень – і не павесіцца! Неверагодна!


Панядзелак, 7 сакавіка

Што ж, я перакананы, што нічога не даведаюся; відаць, самагубствы маіх папярэднікаў так і застануцца дзіўным супадзеннем. Я папрасіў камісара распарадзіцца яшчэ раз грунтоўна расследаваць усе тры выпадкі, я перакананы: прычыны самагубстваў будуць высветленыя. Што тычыцца мяне, то я пастараюся застацца тут як найдаўжэй. Парыжу мне, праўда, не заваяваць, але лепш я пажыву тут і буду, прынамсі, нармальна харчавацца. Да таго ж я старанна працую, я заўважаю, што справы з навучаннем ідуць усё лепш. І нарэшце, я займеў яшчэ адну прычыну, якая мяне тут трымае.


Серада, 9 сакавіка

Такім чынам, я зрабіў крок наперад. Кларымонда... [2]

Ах, я ж яшчэ нічога не апавядаў пра Кларымонду. Яна – мая трэцяя прычына, каб заставацца тут, і яна – гэта тое, што прымушае мяне а кожнай “гадзіне самагубцаў” падыходзіць да акна – але, натуральна, не для таго каб павесіцца. Кларымонда – чаму я яе так называю? Не маю ўяўлення, як яе завуць, але мне чамусьці здаецца, што я мушу называць яе Кларымондай. І я гатовы ісці ў заклад, што яе насамрэч будуць так зваць, калі я раптам даведаюся ейнае імя.

Я заўважыў Кларымонду ў першыя ж дні. Яна жыве на іншым баку гэтай вельмі вузкай вуліцы і яе акно якраз насупраць майго. Там яна і сядзіць за фіранкамі. Зрэшты, я павінен адзначыць, што яна пачала назіраць за мной раней, чым я за ёй, гэта бясспрэчна. Тут няма ніякага цуду, уся ж вуліца ведае, навошта я тут жыву, пра гэта паклапацілася спадарыня Дзюбанэ.

Я ні ў якім разе не належу да тых людзей, якія здольныя адразу ж у кагосьці закахацца, і рэдка маю справу з жанчынамі. Той, хто прыехаў з Вэрдэна ў Парыж, каб вывучаць медыцыну, і ў каго пры гэтым грошай хапае толькі каб раз на тры дні добра паесці, знойдзе сабе клопат і без кахання. Я не маю досведу ў мілосных справах, і таму, магчыма, пачаў стасункі досыць па-дурному. Але, так ці інакш, я задаволены тым, як усё выглядае на гэты момант.

Спачатку ў мяне і думак не было пачаць фліртаваць з маёй суседкай насупраць. Я толькі падумаў, што я тут для таго, каб назіраць, і інакш чым з добрымі намерамі я не стаў бы нічога даследаваць – дык чаму б мне не паназіраць за акном процілеглага дома. Цэлы дзень не прасядзіш за кнігамі. Я прыйшоў да высновы, што, відавочна, Кларымонда жыве на цэлым паверсе адна. У яе тры акна, але яна сядзіць толькі ля таго, якое акурат насупраць майго; яна сядзіць і прадзе на маленькай старамоднай прасніцы. Я ўжо калісьці бачыў такую ў маёй бабулі, але яна ніколі ёй не карысталася, прасніца дасталася ёй у спадчыну ад нейкай працёткі: я наогул не ведаў, што на такіх яшчэ і сёння нехта працуе. Зрэшты, прасніца Кларымонды – зусім маленькая, прыгожая рэч, белая і, здаецца, нібыта са слановай косткі; у яе павінныя атрымлівацца неверагодна тонкія ніткі.

Яна сядзіць увесь дзень ля акна за фіранкамі і нястомна прадзе, і толькі калі цямнее, спыняе сваю працу. Вядома ж, у гэтыя туманныя дні на вузкай вуліцы цямнее вельмі рана, а пятай гадзіне ўжо надыходзяць прыцемкі. Святла ў яе пакоі я ніколі не бачыў.

Як яна выглядае, я дакладна не ведаю. Яе валасы чорныя, завіваюцца ў хвалістыя пасмы, сама яна бледная. Нос тонкі і маленькі, рухавыя ноздры. Вусны таксама бледныя, і мне здаецца, яе маленькія зубы вострыя, як у драпежнага звераняці. Пад вейкамі глыбокія цені, але калі яна іх падымае, яе вялікія цёмныя вочы ззяюць. Але ж гэта ўсё я больш адчуваю, чым ведаю напэўна. Цяжка нешта даведацца пра яе выгляд, яна ж заўжды хаваецца за фіранкамі.

І яшчэ: яна носіць чорную закрытую сукенку з вялікімі фіялетавымі крапінкамі. А на руках яе заўсёды доўгія чорныя пальчаткі, відаць, каб не папсаваць рукі, калі яна працуе. Гэта выглядае дзіўна, калі яе тонкія чорныя пальцы хутка, на выгляд бязладна, бяруць ніткі і цягнуць – сапраўды, не раўнуючы лапкі нейкае інсекты.

Нашыя з ёй стасункі? Ну, яны дастаткова павярхоўныя, хаця мне здаецца, мы ўсё ж бліжэй адно да аднога, чым можна было б падумаць. Так павялося, што яна ўглядаецца ў маё акно – а я ў яе. Яна назірае за мной – а я за ёй. І я, мусіць, ёй падабаюся, бо аднойчы, калі я на яе глядзеў, яна мне ўсміхнулася, я, вядома, зрабіў тое самае ў адказ. Так было некалькі дзён, мы ўсміхаліся адно адному ўсё часцей. Затым я пачаў ледзьве не штогадзіны ківаць ёй; не ведаю, што з гэтага выйдзе.

Нарэшце я гэтага дасягнуў, сёння па абедзе. Зноў павітаўся з Кларымондай. І, хоць і ў поўнай цішыні, але я бачыў, як яна кіўнула ў адказ.


Чацвер, 10 сакавіка

Учора я доўга сядзеў над кнігамі. Я не магу сказаць, што я шмат вывучыў: я будаваў паветраныя замкі і марыў пра Кларымонду. Спаў я неспакойна, да позняй раніцы.

Калі я падышоў да акна, Кларымонда ўжо сядзела на сваім месцы. Я павітаўся з ёй, і яна зноўку кіўнула. Яна ўсміхнулася і доўга глядзела на мяне.

Я хацеў працаваць, але не знаходзіў спакою. Сеў на крэсла і неадрыўна глядзеў на яе. Тут я пабачыў, што яна таксама паклала рукі на калені. Я пацягнуў шнур белых гардынаў і амаль у тое самае імгненне ўбачыў, што яна зрабіла тое самае. Мы пасміхнуліся і глядзелі адно на аднаго.

Я думаю, мы сядзелі так гадзіну.

Потым яна зноў пачала прасці.


Субота, 12 сакавіка

Гэтыя дні мінаюць так. Я ем і п’ю, я саджуся за працоўны стол. Потым я раскурваю сваю люльку і схіляюся над кнігай. Аднак я не магу прачытаць ні слова. Я намагаюся працаваць, але наперад ведаю, што гэта бессэнсоўна. Потым я падыходжу да акна. Я вітаюся, Кларымонда адказвае. Мы ўсміхаемся і неадрыўна глядзім адно на аднога, гадзінамі.

Учора а шостай гадзіне вечару мне было вельмі неспакойна. Прыцемкі надышлі вельмі рана, і я адчуў нейкі няпэўны страх. Я сядзеў за пісьмовым сталом і чакаў. Я адчуваў амаль неадольнае прыцягненне акна – мяне цягнула да яго не таму, што хацелася павесіцца, вядома ж, але каб пабачыць Кларымонду. Я ўскочыў і стаў за гардынамі. Ніколі, здаецца, я не бачыў яе так ясна, нягледзячы на тое, што знадворку стала зусім цёмна. Яна прала, але яе вочы глядзелі ў мой бок. Дзіўна, але я адчуваў сябе выдатна і пры гэтым быў у дзіўным непакоі.

Зазваніў тэлефон. Я быў у шаленстве праз гэтага дурня-камісара, які сваімі ідыёцкімі пытаннямі вырваў мяне з маіх летуценняў.

Сёння раніцай ён наведаў мяне разам са спадарыняй Дзюбанэ. Яна цалкам задаволеная мной і тым, што я ўжо два тыдні ў сёмым нумары, а ўсё яшчэ жывы. Камісар, аднак, хацеў бы яшчэ і нейкіх следчых поспехаў. Я таямніча намякнуў, што напаў на след вельмі незвычайнай справы; гэты асёл ва ўсё паверыў. Што б ні адбылося, я магу застацца тут яшчэ на тыдзень – і гэта маё адзінае жаданне. Не праз кухню спадарыні Дзюбанэ і яе вінных запасаў – госпадзе, як хутка робішся да гэтага абыякавым, калі заўжды сыты! – але толькі дзеля яе акна, якое яна ненавідзіць, якога баіцца і якое я так люблю, гэтае акно, дзякуючы якому я магу бачыць Кларымонду.

Калі я ўключыў лямпу, то больш не пабачыў сваёй каханай. Я праглядзеў усе вочы, каб даведацца, ці выходзіць яна з дому, але ніколі не бачыў, каб яна зрабіла хаця б крок на вуліцу. У мяне вялікае зручнае крэсла і абажур вакол лямпы, святло якой ахінае мяне цеплынёй. Камісар прынес мне вялікі пакет тытуню, я ніколі не курыў такога добрага – і нягледзячы на гэта я не магу працаваць. Я чытаю дзве, тры старонкі і калі сканчаю, то ведаю, што не зразумеў ні слова. Толькі вочы чапляюцца за літары, аднак мозг не ўспрымае сэнс. Дзіўна! Як быццам на ім шыльда: “Уваход забаронены”. Як быццам усе думкі тут забароненыя, апрача адной: пра Кларымонду.

Нарэшце я адсоўваю кнігі, адкідваюся на крэсле і мару.


Нядзеля, 13 сакавіка

Сёння раніцай я бачыў маленькі спектакль. Я прайшоўся па калідоры туды-сюды, пакуль слуга прыбіраў у маім пакоі. Перад акном у двор вісела павуцінне, на якім сядзела тоўстая павучыха з крыжом на спіне. Спадарыня Дзюбанэ не дазваляе яе знішчыць: павукі прыносяць удачу, а ў яе якраз няшчасце ў доме. Тут я пабачыў, як другі, значна меншы павук, самец, асцярожна караскаецца па сетцы. Ён асцярожна прабраўся па хісткіх нітках да сярэдзіны павуціння, але як толькі самка здрыганулася, ён адразу адхіснуўся. Дабраўшыся да іншага канца павуціння, ён зноў паспрабаваў наблізіцца. Урэшце падалося, што самка гатовая прыняць заляцанні, яна заставалася спакойнай. Самец лез, спачатку паволі, а потым усё хутчэй па нітках павуціння, так, што яно дрыжэла; тым часам павучыха не варушылася. Тады ён палез да яе, але з бясконцай асцярожнасцю. Самка сустрэла яго спакойна, удаючы, што ёй падабаюцца ягоныя пяшчотныя абдымкі; прыкладна хвіліну яны нерухома віселі ў цэнтры вялікай сеткі.

Потым я пабачыў, як самец паволі адрываецца ад самкі, адна нага праз другую, выглядала на тое, што ён хоча спакойна вярнуцца назад і пакінуць сваю партнёрку адну ў любоўных летуценнях. Раптам ён увесь падаўся наперад і пабег што было моцы далоў з сеткі. Але ў той самы момант самка ажыла і імкліва кінулася ў пагоню. Слабы самец сарваўся з сеткі, ягоная каханка зрабіла тое самае. Абое ўпалі на падваконне, з усіх сваіх сілаў самец спрабаваў уцячы. Занадта позна – партнёрка ўжо схапіла яго і павалакла назад у сетку, у самую сярэдзіну. І на тым самым месцы, якое зусім нядаўна служыла ложкам для двух апантаных юрлівасцю істотаў, паўстала зусім новая карціна. Марна самец адбіваўся ўсімі сваімі слабымі лапкамі, намагаючыся вызваліцца з дзікіх абдымкаў: каханка не адпускала яго. У лічаныя хвіліны яна аблытала яго павуціннем так, што ён не мог паварушыцца. Потым яна запусціла вострае жвала ў ягонае цела і стала на ўсю моц высмоктваць маладую кроў свайго каханка. Я яшчэ пабачыў, як яна адарвала ад сеткі яго нікчэмныя непазнавальныя рэшткі – лапкі, скуру, валаскі – і пагардліва выкінула з сеткі.

Вось такое каханне ў гэтых тварынаў – ну, мне застаецца радавацца, што я не малады павук.


Панядзелак, 14 сакавіка

Я больш ужо нават не зазіраю ў свае кнігі. Баўлю дні выключна ля акна. Я застаюся сядзець нават калі цёмна. Яе больш няма, але я заплюшчваю вочы і ўсё ж бачу яе.

Хм, гэты дзённік становіцца зусім іншы, чым я яго сабе ўяўляў. Ён апавядае пра спадарыню Дзюбанэ і пра камісара, пра павукоў і пра Кларымонду. Але ні слова пра адкрыццё, якое я хацеў зрабіць. Дый ці мая гэта віна?


Аўторак, 15 сакавіка

Мы прыдумалі незвычайную гульню, я і Кларымонда; мы гуляем у нашую гульню ўвесь дзень. Я вітаюся з ёй, і адразу ж яна вітае мяне ў адказ. Потым я грукаю рукой па аконнай шыбе, і як толькі яна гэта бачыць, то таксама пачынае грукаць. Я махаю ёй рукой, і яна махае мне ў адказ; я варушу вуснамі, нібыта нешта кажу, і яна робіць гэтаксама. Потым я прыгладжваю валасы – і вось і яе рука ўжо на ілбе. Проста нейкая дзіцячая гульня, і мы смяемся з гэтага. Уласна, яна не смяецца, гэта проста ўсмешка, спакойная, адданая – смяяцца з самога сябе.

Зрэшты, усё гэта не такое ўжо глупства, як можа падацца. Гэта не проста перайманне, я мяркую, тады нам абаім хутка надакучыла б займацца такой лухтою; гэта сапраўдная тэлепатыя, якая мусіць адыгрываць сваю ролю. Бо Кларымонда ўжо праз секунду да дробязяў паўтарае мае рухі, хоць у яе няма часу як след іх запомніць; часам мне здаецца, што ўсё адбываецца адначасова. Хуткасць, з якой яна запамінае паслядоўнасць маіх рухаў, прымушае мяне рабіць усё новыя і новыя, усё больш непераймальныя, і гэта фантастычна, як яна імгненна робіць тое ж самае. Я шпарка раблю шмат розных рухаў адзін за адным; потым я раблю тыя самыя яшчэ і яшчэ. Урэшце я раблю ў чацверты раз той жа шэраг рухаў, але мяняю іх паслядоўнасць, ці раблю адзін рух па-іншаму, ці адмаўляюся ад нейкага з іх. Як дзеці, якія гуляюць ва “ўсе птушкі лётаюць”. Гэта наздвычай дзіўна, што Кларымонда не робіць ніводнага няправільнага руху, хаця я змяняю іх так хутка, што ў яе зусім няма часу на іх асэнсаванне.

Так я баўлю свой сённяшні дзень. Але ў мяне ні на секунду не ўзнікае адчування, што я марную час; наадварот, усё выглядае так, нібыта я яшчэ ніколі не займаўся справай, важнейшай за гэтую.


Спампаваць тэкст цалкам можна па спасылках ніжэй.

Пераклад з нямецкай – Альгерд Бахарэвіч © 2009

Чытайце таксама

Шарлота Пэркінс Гілман

Шарлота Пэркінс Гілман

Амерыканская пісьменніца, эканаміст, выкладчык і ранні тэарэтык фемінісцкага руху

Гілберт Кіт Чэстэртан

Гілберт Кіт Чэстэртан

Ангельскі празаік, паэт і эсэіст

Аўдун Мортэнсэн

Аўдун Мортэнсэн

Нарвежскі пісьменнік і мастак.

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

959