Творы польскага пісьменніка Паўла Гюле выходзілі ў перакладзе на беларускую мову асобным выданнем: Павел Гюле. Мэрсэдэс-Бэнц: Раман, апавяданні / Пераклад з польскай М. Шоды. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2007. Тут мы прапануем вашай увазе новы пераклад.
За некалькі хвілін да вакзалу цягнік сцішыў хаду. Вагон загайдала, колы грукаталі на раз’ездах і стрэлках. Выпадковая спадарожніца, якая села за некалькі станцыяў да таго і адразу заснула ў зручным фатэлі насупраць яго, цяпер расплюшчыла вочы.
– Гэта ўжо Цюрых? – спытала яна па-італьянску.
Ён гэтую мову ледзь ведаў, але пытанне было такім відавочным, што ён адказаў:
– Si madame, Zurich naturlich ich glaube.[1]
Яна ўсміхнулася такой мяшанцы, дастала з торбачкі люстэрка, памаду і падправіла форму вуснаў. Крадком прыглядаючыся да яе, ён заўважыў, што адна з прыцягальных рысаў яе прыгажосці – эфект простага касметычнага намагання, а не прыроднага. Рэч была ў вуснах, а дакладней – у ніжняй губе. Насамрэч яна не была большай за верхнюю. Але адпаведна накладзеная памада надавала ёй пэўную дэманстратыўнасць; гэта было як шчырае запрашэнне да пацалунку і адначасова пагарда да таго, хто на гэты пацалунак адважыцца.
Ён адвярнуўся да акна. Але цягнік якраз заехаў у тунэль віядука, і ён убачыў яе асветлены лямпачкай твар. Спецыфічны абрыс вуснаў рабіў яе падобнай да мадонны Басіні. Але ў жанчыны, намаляванай у Рыме чатырыста гадоў таму ў вобразе Марыі, не было на вуснах памады. Што з гэтага параўнання вынікала? Нічога. Цягнік тармазіў, павольна ўязджаючы паміж перонаў.
– Можа, вы ведаце, як даехаць да гатэлю “Гатард”? – гэтым разам яна запыталася па-ангельску.
– Гэта блізка. Нават не варта браць таксоўку. Адзін прыпынак тралейбусам. Пешкі сем мінут. Гатэль “Сэнт-Гатард” на Бангофштрасэ, 87 бачны здалёк.
– А вы ведаеце горад, – сцвярджальна сказала яна.
– У пэўнай ступені, – адказаў ён ужо на пероне, падаючы ёй багаж з вагоннай прыступкі.
Яна кіўнула і вельмі хутка рушыла ўперад. Скрыўленае колца яе валізкі папісквала на кожным абароце. Толькі калі жанчына знікла ў натоўпе падарожных, ён падышоў да раскладу на пероне. Ён рабіў так кожны раз, калі высаджваўся на вакзале ў чужым горадзе, нават калі ўжо меў зваротны білет. Пасля глядзеў расклад яшчэ раз, ужо ў будынку вакзала. Гэтаксама ён зрабіў і цяпер, а пасля павольна, не спяшаючыся, накіраваўся ў білетныя касы, дзе, трохі задраўшы галаву, стаў перад галоўным інфармацыйным табло. Усё было правільна: у яго было тры магчымасці для вяртання, вядома, калі не лічыць камбінаваных пераездаў, на якія не варта звяртаць увагі.
Калі б ён належаў да людзей, якія робяць з падарожжа вечную прыладу для выраблення словаў і бессэнсоўнай балбатні, ён адразу б занатаваў, што Цюрых павітаў яго пахам гарачага шакаладу і пераспелых мандарынак. Шакалад ён выпіў стоячы каля аднаго з буфетаў яшчэ ў вакзальнай залі. А моцна падгнілая садавіна высыпалася з драўлянай скрынкі, якую перастаўляў турак, замыкаючы свой шапік. Ён ненаўмысна зачапіў адну мандарынку – і гэта было вельмі непрыемнае пачуццё: замест таго, каб спружыніста, як тэнісны мячык, выскачыць з-пад бота, плод літаральна разлезся пад падэшвай, што суправаджалася балоцістым хлюпам. Няспешна крочачы па Вакзальнай вуліцы, якая ў тым месцы ішла трохі пад гару, ён не мог пазбавіцца ўражання, што гэты гаркава-салодкі пах вандруе разам з ім уздоўж крамных вітрынаў, банкаў і дамоў. Не прайшло і дзесяці хвілінаў, як ён паставіў сваю невялічкую валізку каля стойкі на рэцэпцыі гатэлю “Сэнт-Гатард” і мужчына з сумным тварам, падаючы яму рэгістрацыйную картку, спытаў:
– Мэта прыезду?
Ён не ведаў, што адказаць. Урэшце буркнуў:
– Турызм, – і дадаў, не хаваючы раздражнення, – турызм і бізнэс, але хіба я павінен гэта пісаць?
– Ды не, – рэгістратар забраў картку і падаў яму ключ з нумарам 305, – нам проста рэкамендавана задаваць гэтае пытанне. Самі разумееце, – ён канфідэнцыйна ўсміхнуўся, – бяспека.
Далейшая размова была бессэнсоўнаю. Але калі ён ужо сеў на ложку ў сваім пакоі і, сцягнуўшы бот, ачышчаў падэшву ад рэштак мандарынавай калатушы намочанай хустачкай, ён раптам адчуў сапраўднае раздражненне. Які тэрарыст раскажа парцье пра мэту свайго прыезду? А калі так – чым было гэтае пытанне? Тэстам? Перасцярогай? Прывітаннем па-швейцарску?
Уключаны тэлевізар не прынёс спадзяванага расслаблення. Ён пераключаў каналы, на нейкі момант затрымаўшыся толькі на CNN. Разрываныя на шматкі целы шыіцкіх пілігрымаў нагадвалі пра вайну, якая доўжылася недзе ў краіне пяскоў. Ён не мог згадаць імя аслепленага караля, закаванага ў кайданы, якога білі палкамі на пустыннай дарозе. У любым разе гэты вобраз, які ён памятаў яшчэ з заняткаў па рэлігіі, менавіта цяпер і адлюстраваўся ў тэлевізійным сюжэце. Калі ён выстукваў на кнопках мабільніка лаканічнае паведамленне – “даехаў, усё ў парадку” – перад камерай рэпарцёра перасоўваўся шэраг ваеннапалонных з павязкамі на вачах. Але не гэта прыцягнула ягоную ўвагу. Вось жа, з суседняга нумару да яго данёсся высокі жаночы голас. Пасля распявання гамаў прыгожае, нязвыкла гучнае дзявочае сапрана заспявала. Гэта быў “Магніфікат”.
Ён заўважыў, што ў шафе, у якой ён развесіў выцягнутыя з валізкі кашулі, замест тыльнай сценкі – дзверы ў суседні пакой. Яны былі напэўна замкнутыя, але факт, што ён жыў у палове падзеленых апартаментаў – калі браць пад увагу не надта герметычную гукаізаляцыю, – быў чымсьці накшталт непрыемнага сюрпрызу. Быццам бы ён купіў білет першага класу на цягнік, усе вагоны якога – толькі другога. Але гэта не мела значэння што да музыкі: яе чыстая прыгажосць прымушала захапляцца ёю нават такім дзіўным чынам – засунуўшы тулава ў шафу і прыціснуўшы вуха да патрэсканай дошкі. Калі “Магніфікат” адгучаў, ён ужо хацеў змяніць нязручную позу, але ў суседнім пакоі пачаліся інтрыгоўныя змены. Спявачка пачала вывяргаць з сябе цэлыя фантаны гнеўных выразаў. Хутчэй за ўсё гэта было практыкаванне, рэпетыцыя, бо ні на адзін праклён ці выкрык не прагучала адказу. Потым фантаны лаянкі раптоўна скончыліся і істэрычнымі каскадамі выбухнуў смех, які скончыўся выкрыкваннем нейкага імя. Луі? Лучыяна? Дакладна ён не пачуў. І не згадаў такога лібрэта ні ў адной з чутых даўным-даўно операў.
Нарэшце, калі ўсё заціхла, ён вылез з шафы. Ці то нязручная поза з галавой, ніжэйшай за тулава, ці хутчэй душная сумесь (якая складалася з водару дэзінфекцыйнага сродку супраць клапоў, а таксама кіслых пахаў, пакінутых тут саколкамі, шкарпэткамі, камбінацыямі, панчохамі, кашулямі і пантофлямі сотняў папярэднікаў) – але гэтага было дастаткова, каб у яго здарылася лёгкае галавакружэнне і ён запрагнуў глытку свежага паветра.
Не прайшло і пяці хвілінаў, як ён выйшаў на невялікую плошчу перад гатэлем. Без роздумаў ён рушыў па маршруце, па якім некалькі гадоў вандраваў у сваіх марах і – ужо трошкі рэальней – над мапай гораду. Спачатку ён прайшоў паўз касцёл святога Пятра і ўніз да ракі па вузкай Шульсгасэ. Ён добра памятаў, што ў яе канцы трэба не пераблытаць вуліцу Цынэн са Штрахэнгасэ, бо калі б ён пайшоў па той, апошняй, то замест юрыдычнай канторы трапіў бы на Вайнплац, адкуль кожны дзень адыходзілі прагулачныя караблі. Такім чынам ён правільна выбраў Цынэн і праз хвіліну на рагу вуліцы Вюрэ, якраз над ракой Лімат, убачыў будынак, сціплая шыльда на якім інфармавала, што менавіта тут, у доме нумар трыццаць тры, размяшчаецца юрыдычная кантора фірмы “Себасцьян і Франсуа Расэ”. Хвіліну ён стаяў на тратуары і, узняўшы галаву, глядзеў на шэраг вокнаў другога паверху, за якімі ўжо заўтра ягонае жыццё мусіла зайграць новымі фарбамі. Шыбы былі цёмныя і маўклівыя. Толькі святло з другога берагу Лімату адбівалася ў іх, як у вялікіх таямнічых люстрах.
Вярнуўся ён трошкі іншай дарогай і толькі тут заўважыў, што непадалёк ад яго гатэлю ёсць двухпавярховы гандлёвы дом. У гэтым не было б нічога незвычайнага, калі б не напісаная вельмі спецыфічным, быццам бы з позніх саракавых, шрыфтам назва: “Франц Карл Вэбэр”. Ён павольна падышоў да асветленых вітрынаў. Гледзячы на скрынкі кампутарных гульняў, складзеныя ў вялікую піраміду, з якой глядзелі на яго вочы сотняў Бэтмэнаў і падобных персанажаў, ён адчуў нейкае дзіўнае ўзрушэнне. “Франц Карл Вэбэр” – гэтыя тры словы, некалькі разоў прамоўленыя ў думках, як мантра, раскрылі перад ім нябачную брамку часу.
У пакоі бацькоў на ялінцы палалі свечкі. Яны з братам стаялі на ўваходзе, не ведаючы, ці могуць ужо ўвайсці, але ўсё было гатовае, і яны былі пакліканыя за стол – бацька, бабуля Марыя, яны ўдвох і маці. Ужо падчас чытання ўрыўку з Евангелля і дзялення аплаткай – як кожны вечар перад Божым Нараджэннем – яны паглядалі на запакаваныя падарункі. Гэтым разам іх было нечакана шмат і нечакана вялікіх памераў. Яны з братам перакідваліся красамоўнымі поглядамі па-над шматлікімі святочнымі стравамі.
Пасля асцярожна, каб нічога не пашкодзіць, пад пільным вокам бацькі яны раскладалі мудрагелістую сістэму чыгуначных рэек: доўгія простыя, паўкруглыя, стрэлкі, семафоры, горныя тунэлі, будынкі станцый і віядукі. Калі нарэшце ўключылі трансфарматар, таварны цягнік з паравозам рушыў на першай хуткасці, і адначасова ў другі бок з гэтай самай станцыі пачаў рухацца міжнародны экспрэс з шыльдачкай “Жэнева – Астэндэ”, іх захапленню не было межаў.
Мадэлі фірмы “Мерклін” былі выкананыя ідэальна. Буфер, лесвічку, рэсоры, кола альбо рэфлектар можна было вывучаць пад лупай як дасканалы ўзор сапраўдных чыгуначных дэталяў. Асаблівае захапленне выклікаў у яго сярэдні – спальны – вагон экспрэсу. Праз адно незакрытае фіранкамі акенца можна было ўбачыць раскладзены ложак, начнік на століку, а таксама спадара і спадарыню, якія пілі гарбату. Апранутыя ва ўзорчатыя шлафрокі, яны выразна належалі да іншага, лепшага свету.
Абодва цягнікі паскараліся і запавольваліся адным рухам трансфарматарнага рычажка. На крутых паваротах трэба было прыцішаць іх хаду прынамсі да другой хуткасці, іначай цягнікі сыходзілі з рэек.
– Да Парыжу яшчэ сем колаў, – казала бабуля Марыя.
Ёй верылі. Перад вайной, да таго як краіну адрэзалі ад Еўропы жалезнай заслонай, яна шмат падарожнічала.
– Ну а да гэтага Астэндэ? – адначасова запыталіся яны з братам.
– Два разы па столькі, толькі не выязджайце на поўнай хуткасці на пляж!
Нахіліўшыся над вагончыкамі, у адпаведныя моманты пераводзячы стрэлкі, спыняючы на семафоры то адзін, то другі цягнік, яны ледзьве звярталі ўвагу на размовы дарослых.
– Можа, цяпер ужо будуць выпускаць за мяжу, – сказала бабуля Марыя.
– Трохмесяцовы стаж вясны не робіць. Я, канечне, задаволены, – адказаў бацька, – хіба яшчэ пару гадоў таму я мог марыць пра нешта падобнае? Вусатая пачвара замкнула нас у клетцы.
– І ўвесь свет на гэта пагадзіўся, – дадала маці, – не забывай.
– Гэта было дзіўна, – бацька праігнараваў яе заўвагу, – калі я ішоў па Бангофштрасэ ў Цюрыху, акрамя тралейбусаў я бачыў толькі шыльды банкаў. А ў Зульцэра, дзе я працаваў, у ядальні працаўнікі елі той самы абед, што і дырэкцыя. Уявіце сабе такое ў нас! Дырэктар верфі побач са зваршчыкам? Unmöglich! [2]
– Там möglich, тут unmöglich – адказала бабуля Марыя.
Вусатая пачвара асацыявалася ў іх з панам Антоніем Зялёнкам, вартаўніком у доме. Ён пах махоркай, алкаголем, потам. Заўсёды абзываў іх інтэлігенцікамі. І асабліва ненавідзеў бацьку, якога ніколі не вітаў.
– Вас толькі ў лагер, – выкрыкваў ён часам, пагражаючы кулаком у бок іхнага акна, – на Салаўкі! На знішчэнне!
Таму яны вартаўніка Зялёнку запіхнулі ў вагон – халодны – і павезлі ў Сібір. Дваццаць чатыры кругі.
– Можа, яшчэ далей? – спытаў брат.
– Ну што ты, – адказаў ён, – мы ж павінныя вярнуцца.
Бацька паказаў ім, як разбіраць рэйкі, каб не пашкодзіць стыкаў. Вагоны трэба было ўкладваць бокам у спецыяльных паглыбленнях скрыні.
– Асцярожней з усім гэтым, – сказаў ён, – іншым разам такой аказіі можа не здарыцца.
Гледзячы на вітрыну цяпер, праз амаль сорак гадоў, ён згадаў менавіта гэтую фразу. Яна была прарочаю: бацька ніколі больш не атрымаў пашпарту і ніколі больш не прывозіў з далёкага падарожжа такой цудоўнай цацкі: швейцарская электрычная чыгунка была на галаву вышэйшая за гэдээраўскія мадэлі фірмы “Піка”, савецкі цягнік юнага інжынера, чэшскую чыгунку маленькага доктара альбо польскія клееныя мадэлі самалётаў.
Ідучы праз плошчу да гатэля, ён згадаў яшчэ адно: акрамя чыгункі бацька ўручыў ім тады вельмі тоўстую кніжачку ў мягкай чорнай лакіраванай вокладцы. Фарматам яна нагадвала школьны сшытак. Гэта быў каталог гандлёвага дому “Франц Карл Вэбэр”, адзінага ў свеце, які гандляваў выключна цацкамі. У асеннія альбо зімовыя вечары, калі праз эканомію альбо супрацьпаветраныя вучэнні ва ўсім горадзе вымыкалася святло, яны сядалі з братам ля кухоннага стала над агаркам свечкі і павольна, прысліньваючы пальцы, перагортвалі тоненькія старонкі.
Яны не сумняваліся, што гэтая кніжка змяшчае спіс усіх цацак свету. Іх чорна-белыя фотаздымкі разам з кароткімі апісаннямі запаўнялі трыста шэсцьдзесят чатыры старонкі. З вялікім адабрэннем яны разглядалі спачатку пад’ёмныя краны, экскаватары, грузавікі і бульдозеры, а пасля пераходзілі да цікавейшага – легкавых аўто. Тут асаблівыя эмоцыі выклікаў “опель-капітан”, а абсалютнае захапленне – спартовы “паршэ”. Але галоўнай, і відавочна найважнейшай часткай як Кнігі, так і гэтых экстатычных даследаванняў і багомлення пры свечцы быў свет чыгункі. Паравозы, электравозы, цеплавозы, дзесяткі варыянтаў і відаў пасажырскіх вагонаў, спецыяльныя горныя саставы, разнастайныя канфігурацыі таварнякоў – запаўнялі іх уяўленне грукатам колаў, агнямі семафораў і свістам паравозаў. Увесь свет вакзалаў, раз’ездаў, стрэлак, тунэляў і віядукаў ахутвала імгла таямніцы. Яны не ўсведамлялі тады, што гэта сум па далёкім падарожжы, якое можа перамяніць іх жыццё. Схіленыя над рассылачным каталогам гандлёвага дому “Франц Карл Вэбэр”, яны адчувалі, што калісьці выправяцца проста ў шырокі свет, а тое, што яны робяць цяпер, схіліўшыся ў дрыготкім полымі свечкі над друкаванымі старонкамі, – гэта толькі падрыхтоўка.
Калі ён вярнуўся ў гатэль, каля рэцэпцыі яго павіталі двое мужчын, падобныя, як блізняты, якія прадставіліся як Гугін & Мунін: першы Пётр, другі Павал – як паведамілі яны яму ўжо ў бары, дзе яны прыселі ўтрох.
Ён не здолеў схаваць здзіўлення, калі Гугін паклаў на столік фотаздымак, зроблены некалькі гадзінаў таму на чыгуначным вакзале, а Мунін сцвердзіў упэўненым голасам:
– Мы ведаем, што вы не былі знаёмыя раней, але яна магла што-небудзь расказаць.
– Яна не сказала нічога вартага ўвагі, – буркнуў ён неахвотна, паглядаючы на фотаздымак, на якім падаваў прыўкраснай спадарожніцы яе валізку, – а, зрэшты, у чым справа? Мяне ў чымсьці абвінавачваюць?
– Можа быць, праз пэўны час, – жорстка сказаў Мунін.
Ён не паспеў нават зрэагаваць на такое нечуванае нахабства, бо Гугін прашаптаў амаль умільна: – Калі мы просім вас пра далікатнае супрацоўніцтва, то толькі таму, – ён пастукаў пальцам па фотаздымку, – што гэта перадусім небяспечная тэрарыстка. – Гугін прыязна пасміхнуўся, але Мунін адразу зашыпеў: – Тут не да жартачкаў, кожная дробязь можа быць важнаю. Яна размаўляла з кім-небудзь па мабільніку? Высылала смскі?
Ён паглядзеў на Муніна, а потым на Гугіна са шчырым недаверам:
– Калі гэтая жанчына насамрэч тэрарыстка, няма такой смскі альбо размовы, якой бы вы не ведалі. Чаго вы мяне пытаеце?
– Яна тэрарыстка ў пэўным, спецыфічным сэнсе гэтага слова, – сказаў Мунін.
– Вельмі спецыфічным, – дадаў Гугін.
– Яна магла прызнацца ў чым-небудзь, – працягнуў Мунін, – што на вашую думку не мае ніякага значэння, але мы ведаем яе даўно і нам добра вядома, што ў размове з незнаёмцам яна часам расказвае што-небудзь пра свае планы.
– Несвядома, – умяшаўся Гугін.
– Менавіта, – пацвердзіў Мунін, – напрыклад, што заўтра ў яе будзе выступ. Нічога такога не казала?
– Не. Спытала толькі, як даехаць да гатэлю. Вы можаце мне растлумчыць, што адбываецца?
– Не цяпер, – сказаў выразна расчараваны Мунін, – у любым выпадку, мы просім вас аб канфідэнцыйнасці. Па зразумелых прычынах.
– Калі яна падыдзе да вас, скажам, на калідоры, альбо падчас сняданку ў рэстаране, – Мунін працягнуў яму візітку, на якой быў толькі нумар тэлефону, – калі яна што-небудзь скажа, пазваніце, калі ласка?
– Але вы не з паліцыі, – сказаў ён упэўненым голасам, – ці не так? Дзіўная гісторыя. Можа, я акурат павінен пазваніць у паліцыю? Я тут іншаземец і прыехаў па справах. Я не жадаю сабе праблемаў.
Сказаўшы так, ён падняўся з-за стала і пайшоў да ліфту не аглядаючыся. Ідучы па калідоры чацвертага паверху ў свой пакой, ён убачыў незнаёмку. Тая ішла насустрач, апранутая ў блакітны плашч і прыгожы старасвецкі капялюшык.
– Прашу прабачэння, – сказаў ён амаль шэптам, – калі ласка, будзьце ўважлівыя. Унізе мяне затрымалі двое тыпаў. Напэўна, дэтэктывы. Яны распытвалі мяне. На вакзале, калі я падаваў вам чамадан, яны нас сфатаграфавалі.
– Праўда? – яна не выглядала здзіўленай. – І што вы ім сказалі?
– Нічога. Каб яны адчапіліся. Я ж увогуле вас не ведаю.
– Дзякую, – сказала яна. – Гэта вельмі міла з вашага боку. Калі ласка, не бярыце да галавы. Яны, напэўна, сказалі, што я тэрарыстка.
– Так. Адкуль вы...
– Я іх ведаю. Іх наняў Луіджы. Цікава, як яны прадставілся?
– Гугін і Мунін. Пётр і Павал, а, можа, наадварот.
Яна засмяялася. Ужо накіроўваючыся да ліфту, яна махнула рукой і голасна дадала:
– Можаце спаць спакойна. Я не падкладаю бомбаў!
Адхінуўшы парцьеру, ён убачыў праз акно, як незнаёмка сядала ў таксоўку каля гатэлю. Праз хвіліну ў наступную таксоўку ўвапхнуліся спадары Гугін і Мунін. А ён толькі цяпер заўважыў, што з акна бачная неонавая шыльда гандлёвага дому “Франц Карл Вэбэр”. І вырашыў, што ранкам, калі будзе вяртацца з канторы Расэ, зойдзе туды і паглядіць мадэлі цягнікоў. Нічога не купіць – ягонаму сыну ўжо за дваццаць, – але абавязкова папросіць каталог.
– Было б незвычайна, – падумаў ён, – знайсці на адным з прылаўкаў такі самы экспрэс, як той, які яны з братам столькі раз вялі з Жэневы ў Астэндэ, хаця гэта было маларэальна: з тых даўніх часоў усё радыкальна змянілася, гэтаксама як выгляд пасажырскіх і спальных вагонаў.
[1] Так, мадам, мяркую, што Цюрых (іт.+фр.+ням.)
[2] Немагчыма! (ням.)
Цалкам твор можна спампаваць па гэтай спасылцы.
© Paweł Huelle, 2009