№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Аксана Драгаманава

Чырвоныя ружы (Червоні троянди)

Апавяданне

Пераклад з украінскай Уладзь Лянкевіч


Мы сустрэліся на палубе вялікага парахода, які рухаўся сярод пустэльні акіяну, як плавучы горад.

У першую хвіліну я не пазнаў яе і спыніўся, прыглядаючыся толькі таму, што маю ўвагу прыцягнула мігценне старога золата, якое, хаваючыся за далягляд, запаліла ў ейных кудзерах сонца.

Гэтае ззянне ў валасах і ўся ейная постаць у бледна-зялёным убранні так гожа адбівалася на шэра-блакітным фоне мора, што я глядзеў на яе са значна большай цікаўнасцю, чым гэта дазволена такому паважнаму і стрыманаму чалавеку, як я...

Раптам ейны твар засвяціўся ўсмешкай і яна ўскрыкнула, працягваючы рукі.

– Спадар Дэметрый?!

– Гэта вы, спадарыня Іда? Як прыемна! – адказаў я, пазнаючы з сапраўдным задавальненнем Іду Рафалі, оперную спявачку, якую я сустракаў у розных тэатрах Еўропы, дзе працаваў мастаком-дэкаратарам.

– Куды вы едзеце?

– У Буэнас-Айрэс. Буду спяваць у Калоні. А вы?

– Таксама ў Буэнас-Айрэс. Толькі затрымаюся на пару тыдняў у Бразіліі.

Далей пайшлі іншыя пытанні, іншыя адказы, нязначныя, павярхоўныя, але іх хапіла, каб скасаваць гады, якія аддалялі нас ад апошняй сустрэчы. Праз некаторы час нам здавалася, што мы толькі ўчора бачыліся і абмяркоўвалі нейкую дэталь дэкарацыі ў Венскім тэатры, дзе разам працавалі.

Мы размаўлялі, аж пакуль гонг не паклікаў нас у страўню. Тады разышліся ненадоўга, бо дамовіліся вячэраць разам.

Я прыйшоў першы і чакаў Іду з нецярплівасцю, якая азначала, што я адчуваў да яе штосьці большае, чым звычайная сімпатыя.

Яна прыйшла ў чорнай, з глыбокім выразам сукенцы, і лёгкі грым на ейным твары паказваў, што яна паклапацілася аб тым, каб яе пекната выявілася як найлепш.

– Як я рада, – весела казала яна, сядаючы за стол, але раптам замоўкла і твар ейны пазмрачнеў.

Бровы ссунуліся, погляд утаропіўся ў адну кропку на стале, нібыта яна заўважыла нешта жахлівае. Я паглядзеў у тым напрамку, але не пабачыў нічога незвычайнага. Толькі букет чырвоных ружаў ажыўляў банальную сервіроўку стала.

– Адкуль гэтыя кветкі? Навошта яны тут? – нервова спытала яна метрдатэля, што паднёс нам карту напояў.

– Гэта тыя самыя, што вы далі пакаёўцы, каб выкінуць, – адказаў ён. – Мне было шкада гэтых цудоўных кветак, яны так хораша аздабляюць стол.

– Не, не, не! – горача выгукнула Іда. – Прыбярыце прэч! Кіньце іх за борт у мора! І каб нікому больш не прыйшло да галавы яшчэ некуды іх прыладзіць, я зараз разбяруся з імі сама.

Яна схапіла кветкі, паабрывала пялёсткі, паламала сцябліны з такой лютасцю, нібыта знішчала нешта жывое і варожае.

– Цяпер забярыце іх, – сказала з жорсткай усмешкай, – гэта ўжо не кветкі, а смецце.

Метрдатэль моўчкі знёс знявечаны букет. Я таксама нічога не спытаў, і яна мне нічога не патлумачыла.

Паволі яна супакоілася, і толькі раптоўная зморшчына на ейным ілбе час ад часу гаварыла, што нешта яшчэ трывожыць ейную душу.

Пазней, уначы, калі, абапіраючыся на балюстраду, мы глядзелі на месяц, які таямніча свяціў праз смугу, Іда сказала мне:

– Мушу вам расказаць. Магчыма, вы будзеце смяяцца. Гэта так дзіўна, так дзіўна... Вось паслухайце.

Мне было шаснаццаць гадоў, калі я першы раз атрымала чырвоныя ружы. Я не думала тады пра тэатр. Я спакойна жыла з бацькамі ў ваколіцы Неапаля. Каля нас жыў адзін хлопец, Арнольд. Я ведала яго з маленства, але аднойчы мы зразумелі, што дзіцячая прыязнасць ператварылася ў каханне. Яшчэ не было гаворкі пра шлюб, ані згадкі пра будучыню, але нашыя сэрцы пры сустрэчы біліся хутчэй, а пры расстанні мы абменьваліся нясмелымі пацалункамі.

Аднае раніцы я знайшла на парозе свайго дому букет чырвоных ружаў.

Я падняла яго з радасцю, мяркуючы, што яны ад Арнольда. З асалодай занурылася тварам ў духмяную халаднечу кветак і раптам ускрыкнула. Шып, востры, як нож, укалоў маю шчаку, і кропля крыві запляміла хустачку, калі я прыклала яе да пашкоджанага месца.

Арнольд адразу прыкмеціў ранку, калі мы з ім спаткаліся апоўдні.

– Што з табой здарылася, любая? – пяшчотна спытаў ён.

– Ды нічога, мяне драпнулі ружы. Якія яны прыгожыя! Як я табе ўдзячная за такі цудоўны падарунак!

Арнольд дзівіўся.

– Пра якія кветкі ты гаворыш?

– Яны не ад цябе? Адкуль жа яны? Хто іх мог прынесці?

Мы спадзяваліся, што гэта памылка ці жарт. Але наступным ранкам я зноў знайшла ля дзвярэй букет чырвоных ружаў. І так штодзень. Мы мучыліся пытаннямі, хто іх прыносіў, і не маглі разгадаць. Дарэмна я прачыналася на досвітку, кветкі заўжды з'яўляліся раней.

Нарэшце Арнольд вырашыў падпільнаваць таямнічага пасланца. Ён прастаяў без сну цэлую ноч каля майго дому і нікога не пабачыў. Раніцою я не знайшла кветак, не было іх і потым, але Арнольд захварэў. Відаць, ён прастудзіўся той ноччу. Праз два тыдні ён памёр.

Іда змоўкла на некалькі хвілін пад уплывам сумных успамінаў, а тады працягвала:

– Мая туга была бязмежнай. Я прысягнула, што не выйду замуж. Каб забыцца, я пачала навучацца музыцы і спевам. Пачалася мая тэатральная кар'ера. З часам я штораз радзей узгадвала трагічныя ружы.

Вы ведалі тэнара Рыці? Вялікі артыст, цудоўны спявак і вельмі прыгожы мужчына. Ён быў ідалам усіх жанчын... і маім таксама.

Ён пакахаў мяне. Так ён мне сказаў аднойчы ўвечары за кулісамі, калі я чакала свайго выступу. Я была вельмі шчаслівая. Спявала гэтым вечарам, як ніколі. Мела вялікі поспех. Мая ўбіральня была поўная кветак і між іх я знайшла букет чырвоных ружаў. Пры ім не было ніякай паштоўкі.

Я не надала гэтаму вялікага значэння, але калі і назаўтра, і наступнымі днямі таямнічы пасланец дасылаў мне чырвоныя ружы, я пачала непакоіцца. Найпільнейшыя вышукі не праяснілі паходжання кветак.

У мяне знік настрой, я была прыгнечаная, нервовая. Праз нейкую лухту мы пасварыліся з Рыці. Сезон акурат заканчваўся, я пагадзілася на першую прапанову і паехала спяваць ў Італію. Так абарваўся мой раман, вельмі нядоўгі, як бачна.

Пазней, у розных краінах, я атрымлівала часам чырвоныя ружы. Дзіўна, яны заўсёды з'яўляліся, калі ў маім сэрцы нараджалася новае пачуццё. Але сярод людзей, што мне сустракаліся, ніхто не прывабліваў мяне моцна. Ужо даўна я не бачыла гэтых кветак. Калі я зайшла на параход, мне прынеслі ружы, якія вы бачылі. Я не хацела іх чапаць, наказала выкінуць, але яны вярнуліся, нібы хацелі мяне папярэдзіць.

Яна змоўкла, і я пачаў цалаваць ейную далікатную руку.

Я не спужаўся, наадварот. Калі і зрабіў на мяне ўражанне ейны аповед, то толькі таму, што ён паказваў мне, якое значэнне яна надавала нечаканай сустрэчы.

Я супакойваў яе, знаходзіў натуральныя вытлумачэнні.

– Пэўна, Арнольд сам прыносіў вам кветкі. Вы прыгадваеце, што падчас ягонае хваробы іх не было? Што да пазнейшых выпадкаў, то няма чаго здзіўляцца, калі нехта невядомы дасылаў кветкі таленавітай і чароўнай артыстцы. А тое, што ён рабіў гэта ананімна, то ён можа мець свае матывы... Ружы на параходзе? Няхай будуць яны блаславёныя! Яны з'яўляюцца, калі вашае сэрца адкрываецца для кахання, кажаце вы? Тады я іх вітаю, як сяброў, як веснікаў шчасця.

Якое цудоўнае падарожжа ў нас было! Акіян быў спакойны, як лясное возера. Неба – бяскрайняе, блакітнае, не нахмурылася ні разу. Так і нашая прыязнасць з Ідай. З кожным днём мы адчувалі сябе бліжэйшымі, з кожным днём кахалі адно аднаго больш. Калі параход прыплыў у Рыа, дзе я мусіў сыходзіць, такі сум агарнуў нас, што мы вырашылі: гэта будзе апошняе расстанне!

Мы пастанавілі ажаніцца, як толькі я прыеду з Буэнас-Айрэса.

Кожны дзень я атрымліваў ліст ад Іды. Яна расказвала пра свае ўражанні ад тэатру, апісвала прыгожую сталіцу Аргентыны, але больш за ўсё пісала пра свае пачуцці да мяне. Лісты нарачоных! Яны дзіўныя і смешныя для чужых, але колькі шчасця даюць яны тым, каму адрасаваныя.

Толькі ў апошнім лісце я адчуў трывогу.

“Любы, – пісала Іда, – я не хацела цябе хваляваць, аднак ўсё ж лепш, каб ты ведаў. Ужо не раз я атрымліваю чырвоныя ружы. Яны крывавыя... страшныя! Прыязджай, прыязджай як найхутчэй, супакой мяне, засцеражы! Я баюся за нашае каханне”.

Я сучасны чалавек. І на хвіліну не ўдзяляў сур'ёзнай увагі фатальным кветкам. Але дазнаўшыся, што Іда сумная і збянтэжаная, я скараціў сваё прыбыванне ў Бразіліі, купіў квіток на найхутчэйшы параход і паслаў радыёграму Ідзе, просячы адказаць. Але чамусьці яго не атрымаў.

У Буэнас-Айрэсе я проста з порту паехаў ў гатэль, дзе жыла Іда.

– Іда Рафалі тут не жыве, – сказаў службовец пераглядаючы спіс пастаяльцаў.

– Куды ж яна выехала? – запытаў я, уражаны.

Службовец зазірнуў у кніжку.

– Новы ейны адрас не запісаны.

– Гэтага не можа быць! – выгукнуў я.

Службовец уважліва паглядзеў на мяне.

– Пачакайце хвілінку, спадар. Я тут новы. Пайду спытаю загадчыка, можа, ён нешта ведае.

Загадчык прыйшоў сам.

– Сваяк панны Рафалі?

– Так, так, – адказаў я таропка, прадчуваючы нешта страшнае.

– Вельмі мне цяжка паведамляць вам, спадару (загадчык змошчыўся ў знак спачування). Вельмі цяжка... Іда Рафалі памерла пяць дзён таму, і яе пахавалі на могілках Чакарыта.

Уражаны, прыгнечаны адчаем, ішоў я сярод новых магіл вялікага цвінтару, шукаючы шэраг і нумар, які мне сказалі ў канцылярыі. І раптам я пабачыў нешта, пасля чаго ўжо не вагаўся. Хуткімі крокамі праставаў я да свежанасыпанага пагорачку. Амаль не было патрэбы чытаць на часовым крыжы знаёмае, роднае імя.

Букет, не, цэлы сноп чырвоных ружаў, ззяючы агнём і крывёй, накрываў магілу Іды.

Ружы былі свежыя, грозныя пераможныя. Яны захапілі, схавалі яе назаўжды, навек.


Пераклад з украінскай – Уладзь Лянкевіч © 2009

Чытайце таксама

Ян Лехань

Ян Лехань

Ппольскі паэт, літаратурны і тэатральны крытык

Юрый Вінічук

Юрый Вінічук

Украінскі пісьменнік, журналіст, містыфікатар, укладальнік анталогіі гатычнай літаратуры

Аляксандр Чак

Аляксандр Чак

Аляксандр Чак (сапраўднае імя – Аляксандр Чадарайніс) – латышскі паэт і празаік, якога лічаць пачынальнікам урбаністычнай паэзіі ў Латвіі

Хорас Ўолпал

Хорас Ўолпал

1259