№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мэры Шэлі

Франкенштэйн, альбо Сучасны Праметэй (Frankenstein; or, The Modern Prometheus)

Раман

Пераклад з ангельскай Марына Дзергачова

Прапануем вашай увазе невялікі ўрывак з раману. Спадзяемся, рана ці позна ўвесь твор можна будзе прачытаць у надрукаваным выглядзе.

Раздзел 23

А восьмай мы былі на беразе; крыху паблукалі, радуючыся святлу, якое ўжо згасала, а потым вярнуліся ў гатэль, любуючыся хараством вод, лясоў і гор, прыхаваных у змроку, – іх чорныя абрысы яшчэ былі бачныя.

Паўднёвы вецер заціх, і адразу нечувана моцна задзьмуў заходні. Поўня паднялася высока ў небе, дасягнуўшы зеніту, і пачала спускацца; аблокі ляцелі паўз яе хутчэй, чым зграі драпежных птушак, ад чаго святло яе было цьмяным. Воды возера адлюстроўвалі трывожнае неба, у якім няспынна ўздымаліся хвалі, і самі рабіліся ад таго трывожнымі. Раптам пачалася залева.

Увесь дзень я быў спакойны – але калі ноч пачала хаваць абрысы прадметаў, тысяча страхаў апанавала мяне. Я неспакойна азіраўся, сціскаючы ў правай руцэ схаваны на грудзях пісталет. Кожны гук палохаў мяне, але я вырашыў дорага прадаць сваё жыццё, не ўнікаць сустрэчы і біцца са сваім ворагам да таго часу, пакуль адзін з нас не знішчыць іншага.

Элізабэт у трывожным маўчанні назірала за мною, баючыся перапыніць мае думкі. Але нешта ў маіх вачах напоўніла страхам і яе. Дрыготкім голасам яна спытала:

– Што хвалюе цябе, любы Віктар? Чаго ты баішся?

– О, не хвалюйся, супакойся, каханне маё, – адказаў я. – Ноч міне – і ўсё будзе добра... але гэтая ноч страшная, о, якая страшная...

У такім хваляванні мінула гадзіна, і тут я раптам падумаў, чым будзе для мае жонкі двубой, які, як я чакаў, мусіў вось-вось адбыцца, і ўмоліў яе пакінуць мяне, вырашыўшы прыйсці да яе толькі тады, калі дазнаюся, дзе мой вораг.

Яна сышла, а я яшчэ некалькі разоў прайшоў па доме, правяраючы ўсе закуткі, дзе мог бы схавацца монстр. Але нідзе не было ні следу яго. Я пачаў ужо думаць, што нейкі шчаслівы выпадак перашкодзіў яму ажыццявіць свае пагрозы, калі пачуў крык, поўны неўтаймоўнага жаху. Ён гучаў з пакоя Элізабэт.

Пачуўшы яго, я зразумеў усё. Рукі мае апусціліся, а ўсё цела здранцвела, і я адчуваў, як кроў б’ецца ў маіх венах. Але гэтае здранцвенне доўжылася ўсяго адзін момант; крык прагучаў ізноў, і я кінуўся ў пакой.

Божа літасцівы! Чаму я не памёр тады?.. Чаму я тут і мушу расказваць пра забойства найчысцейшае ў свеце істоты, пра смерць найлепшых маіх надзеяў?.. Яна была там, на ложку, нерухомая, нежывая. Галава яе звісала ўніз, твар, бледны і скажоны, быў напалову прыхаваны валасамі. І цяпер, куды б ні глядзеў, паўсюль бачу я толькі бяскроўныя рукі і бяссільнае цела, кінутае забойцам на шлюбны ложак. Як я мог бачыць гэта і не памерці? Ах! Жыццё ўпартае і чапляецца за тых, хто ненавідзіць яго наймацней. Толькі на момант вытрымка пакінула мяне, і я непрытомны ўпаў на падлогу.

Ачуняўшы, я ўбачыў вакол сябе людзей з гатэлю; на іх тварах быў дзікі жах, але пачуцці іншых падаваліся мне толькі слабым ценем маіх. Я кінуўся ад іх у пакой, дзе ляжала цела маёй Элізабэт, маёй каханай, маёй жонкі, нядаўна яшчэ такой жывой, такой любай, такой чароўнай. Поза, у якой я знайшоў яе, была змененая; цяпер яна ляжала выпрастаная, галава схілілася да пляча, а твар і шыю хавала насоўка – можна было падумаць, што яна спіць. Я кінуўся да яе і палка абняў, але холад ейнага цела нагадаў мне, што я трымаю ўжо не Элізабэт, якую кахаў і шанаваў. На яе шыі былі бачныя сляды пальцаў пачвары, і дыханне больш не кранала любых вуснаў.

Стоячы над ёй у бязмерным адчаі, я выпадкова ўзняў вочы. Вокны раней былі зацемненыя, але цяпер – о жах! – я ўбачыў бледную жоўтую поўню. Аканіцы былі расчыненыя, і з неапісальнай вусцішшу я ўбачыў у акне брыдкую, ненавісную постаць. На твары монстра была ўхмылка, ён пагардліва паказваў сваім пачварным пальцам на цела маёй жонкі. Я кінуўся да акна, выхапіў пісталет і стрэліў. Але ён унік, падскочыў і з хуткасцю маланкі кінуўся ў возера.

На гук стрэлу ў пакой збегся натоўп. Я паказаў туды, дзе знік забойца, і мы кінуліся за ім на лодках. Мы кідалі сеткі, але марна. Праз колькі гадзін няспынных пошукаў мы вярнуліся, страціўшы надзею. Большасць ужо лічыла, што пачвара існавала толькі ў маім уяўленні. Яны працягвалі шукаць на беразе, падзяліўшыся на часткі і разышоўшыся па лясох і вінаградніках.

Я хацеў пайсці з імі і недалёка адышоў ад дому; але галава мая кружылася, ногі не слухаліся мяне, бы п’янага, я быў спустошаны, смуга закрыла мне вочы і скура гарэла ад невыноснага жару. Мяне аднеслі назад і паклалі на ложак, а я ледзь разумеў, што адбываецца. Мой позірк блукаў па пакоі, нібы шукаючы штось згубленае.

Праз некаторы час я падняўся і, нібы падпарадкоўваючыся нейкаму інстынкту, пайшоў у пакой, дзе ляжала цела маёй каханай. Там плакалі жанчыны, і я далучыў да гэтых слёз свае, поўныя смутку. Увесь гэты час у маёй галаве не было ніякіх пэўных думак, яны пераскоквалі з аднаго прадмета на іншы, цьмяна адлюстроўваючы мае няшчасці і іх прычыну. Я заблукаў у смузе жаху. Смерць Ўільяма, Жустына на эшафоце, забойства Клерваля і ўрэшце маёй жонкі... Невядома, ці ўратуюцца яшчэ жывыя мае сябры ад ліхой пачвары; магчыма, у гэты самы момант монстр душыць майго бацьку, а Эрнэст ляжыць мёртвы ля ягоных ног. Гэтая думка агаломшыла мяне – і заклікала да дзеяння. Я ўскочыў на ногі і вырашыў не марудзячы імчаць у Жэневу.

Коней я не знайшоў, трэба было вяртацца возерам; але вецер быў неспрыяльны, да таго ж ішоў моцны дождж. Аднак ранак толькі пачынаўся, і да ночы я спадзяваўся дабрацца. Я наняў весляроў і дапамагаў ім сам, бо фізічнае напружанне заўжды давала мне палёгку ў душэўных пакутах. Але глыбіня перанесенага мной няшчасця зрабіла мяне няздольным да якіх-колечы высілкаў. Я адкінуў вясло і, абхапіўшы галаву рукамі, аддаўся змрочным трывожным думкам. Узняўшы вочы, я мог убачыць прыгажосць, знаёмую мне ў шчаслівейшыя часы, – я любаваўся ёй учора разам з той, якая цяпер была толькі ценем, толькі ўспамінам. З маіх вачэй ліліся слёзы. Дождж крыху сцішыўся, і я ўбачыў, як у вадзе гуляюць рыбы, – гэтак жа, як колькі гадзін таму, калі на іх глядзела Элізабэт. Што можа быць больш балючым за раптоўную моцную змену? Свяціла сонца ці набягалі хмары – нішто не вярнула б мяне ва ўчора. Пачвара скрала ў мяне ўсе надзеі на шчасце; не было нікога няшчаснейшага за мяне, ні з кім не здаралася горшага.

Але навошта расказваць пра дробязі, якія адбыліся пасля ўсёпаглынальнага няшчасця? Мой аповед і так поўніцца жахамі. Я расказаў досыць страшнага, і працягваючы, магу вам надакучыць. Адзін за адным памерлі ўсе, хто быў мне блізкі, і я застаўся адзін. Я спустошаны і магу толькі сцісла скончыць сваю гісторыю.

Я прыехаў у Жэневу. Бацька і Эрнэст яшчэ былі жывыя, але першага мае весткі падкасілі. Як цяпер я бачу яго – добрага, высакароднага старога! Ягоныя вочы блукалі ў пустэчы, бо страцілі сваю красу, сваю Элізабэт, што была для яго большым, чым дачка, якую ён любіў любоўю чалавека, што на схіле гадоў мае мала прыхільнасцяў і тым больш шчыра аддае сябе тым, што засталіся ў яго. Пракляцце, пракляцце монстру, які абрынуў няшчасце на ягоную сівую галаву і вырак яго на тужлівае, нікчэмнае дажыванне сваіх дзён. Ён не перанёс удараў, здаўся і, няздольны падняцца з ложка, праз колькі дзён памёр у мяне на руках.

Што было са мной? Не ведаю; я не заўважаў нічога навокал і нічога не адчуваў, апрача цяжару цемры і ланцугоў. Часам, праўда, я сніў, нібы блукаю па квяцістых лугох і прыемных долах з сябрамі юнацтва, але прачынаўся ў нейкай вязніцы. Прыходзіла журба, але паступова я ўсвядоміў свае няшчасці, і тады мяне вызвалілі. Як высветлілася, мяне палічылі вар’ятам, і, як я зразумеў, шмат месяцаў я пражыў у адзіночнай палаце.

Воля, аднак, была для мяне бескарысным падарункам – бо, калі ўва мне абудзіўся розум, я абудзіўся для помсты. Калі мяне пачалі апаноўваць успаміны пра няшчасці, я пачаў думаць пра тое, што стала прычынаю іх, – пра створанага мной монстра, выпушчанага на волю на згубу мне. Калі я думаў пра яго, то вар’яцеў ад нянавісці; я палка маліўся, каб мне была падараваная магчымасць адпомсціць праклятай пачвары.

Мая нянавісць нядоўга вылівалася ў пустыя жаданні; я пачаў думаць, як лепей іх ажыццявіць. З гэтай мэтай недзе праз месяц пасля вызвалення я пайшоў да гарадскога суддзі па крымінальных справах і сказаў, што хачу абвінаваціць сапраўднага забойцу сваёй сям’і і патрабую ад суду скарыстаць усю ўладу, якую ён мае, каб яго затрымаць.

Суддзя выслухаў мяне прыязна і з увагаю.

– Будзьце пэўны, пане, – сказаў ён, – я не пашкадую намаганняў, каб знайсці злачынцу.

– Дзякую вам, – адказаў я. – Тады прашу вас выслухаць мае паказанні. Насамрэч гэта дзіўная гісторыя, і я баюся, вы не дасце мне веры. Але ў праўдзе ёсць нешта такое, што змушае ў яе паверыць, нягледзячы на ўсю неверагоднасць. Гісторыя можа падацца выдумкай, але ў мяне няма прычынаў хлусіць.

Я сказаў гэта з пачуццём, але спакойна; у сваім сэрцы я асудзіў забойцу на смерць, і гэта супакоіла мяне і на момант вярнула да жыцця. Я выклаў сваю гісторыю каротка, але рашуча і ясна, з дакладнымі датамі, без скаргаў і праклёнаў.

Суддзя спачатку, здаецца, не даваў мне веры, але паступова пачаў уважліва і зацікаўлена слухаць. Часам я бачыў, як ён дрыжыць ад жаху, а часам на ягоным твары адлюстроўвалася моцнае здзіўленне, змяшанае з сумневам. Урэшце я сказаў:

– Гэтую істоту я абвінавачваю і прашу выкарыстаць усю вашую ўладу, каб злавіць яе і пакараць. Гэта ваш абавязак як суддзі, і я веру і спадзяюся, што і вашыя чалавечыя пачуцці заклікаюць вас да таго ж.

Пасля гэтых словаў выраз твару майго суразмоўцы змяніўся. Ён слухаў мяне, напалову верачы, як слухаюць казкі пра духаў і звышнатуральныя з’явы; але цяпер прыйшоў час гаварыць ад імя афіцыйнай асобы, і гэтая палова веры знікла. Ён, аднак, адказаў мякка:

– Я ахвотна дапамог бы вам, але гэтая істота, як падаецца, мне непадуладная. Як злавіць жывёлу, якая перасякае ледзяное мора і жыве ў пячорах і берлагох, куды не наважыцца завітаць чалавек? Акрамя таго, мінула некалькі месяцаў, і ніхто не ведае, куды ён скіраваўся і дзе можа быць цяпер.

– Я не сумняюся, што ён недалёка ад мяне, а калі ён ратуецца ў Альпах, можна пачаць на яго паляванне, як на дзіка, і знішчыць, як драпежніка. Але я разумею вашыя думкі; вы не верыце мне і не збіраецеся лавіць і караць майго ворага, – у вачах маіх бліснула раз’юшанасць.

Суддзя збянтэжыўся.

– Вы памыляецеся, – сказаў ён. – Я зраблю ўсё магчымае, і калі ў маіх сілах будзе злавіць монстра, будзьце пэўны, ён панясе пакаранне, адпаведнае сваім злачынствам. Але мяркуючы па вашым апісанні ягоных магчымасцяў, думаю, гэта будзе немагчыма ажыццявіць; то бок, нягледзячы на ўсе нашыя высілкі, баюся, вас чакае расчараванне.

– Вы памыляецеся, – сказаў я, – але няма сэнсу вас пераконваць. Мая помста – нішто для вас. Можа, гэта і заганна, але цяпер гэта галоўная, адзіная жарсць мае душы. Нельга апісаць нянавісць, якую адчуваю я пры думцы, што створаны мной забойца яшчэ існуе. Вы адмаўляеце мне ў справядлівым патрабаванні, і мне засталося толькі адно: прысвяціць сябе, сваё жыццё ці смерць, таму, каб яго знішчыць.

Я дрыжаў ад хвалявання, кажучы гэта; у маіх паводзінах было нешта ад вар’ята і ад пакутніка старажытных часоў – тая ганарлівая суворасць, якую ім прыпісваюць. Але жэнеўскі суддзя думаў зусім не пра адданасць і гераізм, і гэтая ўзрушанасць была для яго прыкметай вар’яцтва. Ён паспрабаваў супакоіць мяне, як нянька – дзіця, і паставіўся да маіх словаў як да наступстваў трызнення.

– О людзі, – усклікнуў я, – якія ж дурныя вы, калі ганарыцеся сваёй мудрасцю! Досыць! Вы самі не ведаеце, што кажаце.

Я выбег з ягонага дому злосны і раздражнёны, і скіраваўся да сябе, каб падумаць пра іншыя спосабы дзейнічаць.

 

Пераклад з ангельскай – Марына Дзергачова © 2009

Чытайце таксама

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Канстанцінас Кавафіс

Канстанцінас Кавафіс

Не прызнаны пры жыцці паэт, які пісаў на новагрэцкай мове

Іда Ліндэ

Іда Ліндэ

Шведская пісьменніца і перакладчыца.

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Многімі лічыцца першым афрыканскім паэтам-мадэрністам

1237