№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Жэрар дэ Нэрваль

Зялёная пачвара (Le monstre vert)

Пераклад з французскай Кацярына Маціеўская


І

Д'яблаў замак


Я раскажу вам пра аднаго з самых даўніх насельнікаў Парыжа. Калісьці ён зваўся чорт Нарагах. Адсюль пайшоў выраз “ідзіце да чорта Нарагаха”.


Іншымі словамі: “А ідзіце вы... на Елісейскія палі”.


А пасыльныя пра месца вельмі і вельмі далёкае звычайна казалі: “Ды там жа чорт Нарагах жыве”, — і гэта значыла, што за тое, каб яны туды па вашым даручэнні пайшлі, трэба заплаціць дадаткова. Але ёсць яшчэ вельмі грубы й непрыстойны выраз, зрэшты, як і многія іншыя, ужываныя парыжскай чэрню.


Карацей, чорт Нарагах жыве ў Парыжы, і пасяліўся ён тут даўным-даўно, калі верыць гісторыкам. Саваль, Феліб’ян, Сэнт-Фуа і Дзюлор падрабязна расказвалі пра ягоныя выбрыкі.


Мяркуючы па ўсім, ён кватараваў спачатку ў замку Вавэр, які месціўся тамсама, дзе цяпер цудоўная танцавальная зала “Шартрэз” — каля Люксембургскага саду, насупраць Абсерваторыі, на вуліцы д’Анфэр.


У замка гэтага была кепская слава. Калісьці ён быў часткова разбураны, а тое, што засталося, выкарыстоўвалі як службовую прыбудову для картэзіянскага манастыра, у якой у 1414 годзе памёр Хуан дэ Луна, пляменнік антыпапы Бенедыкта ХІІІ. Хуана дэ Луна падазравалі ў сувязі з нейкім чортам, магчыма, з духам старажытнага замка Вавэр, бо, як вядома, у кожным феадальным замку вёўся свой дух.


Гісторыкі не пакінулі нам ніякіх дакладных звестак пра гэты цікавы перыяд.


Зноў пра гэтага чорта загаварылі за часамі Людовіка ХІІІ.


Кожнага вечару з дома, гаспадары якога адсутнічалі ўжо шмат гадоў і які пабудавалі на руінах старога манастыра, чуўся жахлівы шум.


Суседзі вельмі палохаліся.


Урэшце яны паведамілі пра ўсё начальніку паліцыі, і ён адправіў туды некалькі салдатаў.


Як жа тыя здзівіліся, пачуўшы адтуль бразгатанне шкла і выбухі рогату!


Спачатку яны падумалі, што гэта нейкія фальшываманетчыкі зладзілі там гулянку, і, прыкінуўшы іх колькасць па сіле грукату, паслалі па дапамогу.


Але калі дапамога прыбыла, стала зразумела, што яе недастаткова: ніводзін сяржант не згаджаўся весці людзей у гэты прытон, дзе баляваў, здавалася, цэлы легіён.


Урэшце, бліжэй да раніцы, прыбыў атрад паліцэйскіх, колькасць якіх палічылі дастатковаю. Яны ўварваліся ў дом. І нічога там не знайшлі.


Тым часам сонца разагнала начную цемру.


Цэлы дзень доўжыліся пошукі, а потым хтосьці выказаў здагадку, што шум ішоў з катакомбаў, размешчаных, як было вядома, акурат пад гэтым кварталам.


Было вырашана туды пайсці, але пакуль паліцэйскія аддавалі загады, зноў прыйшоў вечар, і шум падняўся яшчэ гучнейшы, чым да гэтага.


Цяпер ужо ніхто не наважваўся спусціцца, бо стала відавочна, што ў склепе не было нічога, апроч бутэлек, і што ўвесь гэты вэрхал усчаў сам д’ябал.


І таму паліцэйскія абмежаваліся тым, што пасталі на падыходах да вуліцы і папрасілі святароў памаліцца.


Святары прачыталі мноства малітваў, потым прынеслі нават святую ваду, якою апырскалі склеп з дапамогаю клісцірных трубак.


А шум усё не змаўкаў.


ІІ

Сяржант


Цэлы тыдзень натоўп парыжанаў запаўняў ваколіцы прадмесця, дрыжучы ад страху і выпытваючы апошнія навіны.


Урэшце адзін сяржант жандармерыі, смялейшы за астатніх, вырашыў спусціцца ў гэты гнюсны склеп, выгаварыўшы сабе пенсію, якую, калі ён не вернецца, мусіла атрымаць швачка на імя Марго.


Гэта быў чалавек смелы і не тое каб надта даверлівы, проста вельмі закаханы. Ён жыць не мог без гэтае швачкі, якая любіла пафарсіць, да таго ж была вельмі беражлівай, можна нават сказаць, скупою. Яна ніколі не выйшла б замуж за простага сяржанта з пустымі кішэнямі.


А вось калі ён атрымае пенсію, яна на яго па-іншаму паглядзіць.


Асмялеўшы ад такіх думак, ён усклікнуў, што не верыць ні ў Бога ні ў чорта і шуму гэтаму ўжо як-небудзь дасць рады.


— А ў што ж ты верыш? — запытаў адзін з яго таварышоў.


— Я веру, — быў адказ, — у начальніка паліцыі і парыжскага прэво!


Каротка і пераканаўча.


Трымаючы шаблю ў зубах і па пісталеце ў кожнай руцэ, ён асцярожна пачаў спускацца па лесвіцы.


І як толькі ён ступіў на падлогу склепа, перад вачыма яго паўстала неверагодная карціна.


Усе бутэлькі танчылі шалёную сарабанду, выкручваючы самыя вытанчаныя фігуры. Бутэлькі з зялёнымі коркамі танчылі за кавалераў, а з чырвонымі — за дамаў.


Там быў нават аркестр, што размясціўся на паліцах.


Пустыя бутэлькі выконвалі партыю духавых, пабітыя — медных талерак і трохкутнікаў, а трэснутыя выдавалі гукі, чымсьці падобныя да скрыпічных.


Сяржант, які перад спускам перакуліў для смеласці колькі кілішкаў, не ўбачыўшы нічога, апроч бутэлек, цалкам супакоіўся і пайшоў танчыць разам з імі.


А потым, зусім асмялеўшы ад гэтага вясёлага й дзівоснага відовішча, ён падхапіў адну чароўную бутэльку за доўгае рыльца, напоўненую, як яму падалося, віном бардо, і з чырвоным коркам і з найвялікшаю пяшчотай прыціснуў яе да грудзей.


Тут з усіх бакоў выбухнуў вар’яцкі рогат. Ад нечаканасці сяржант выпусціў бутэльку з рук, і яна разбілася на тысячы дробных аскепкаў.


Танец спыніўся. З усіх куткоў склепа пачуліся крыкі жаху, і сяржант адчуў, што валасы варушацца ў яго на галаве: пралітае віно, здавалася, робіцца лужынай крыві.


Каля ягоных ног раптам з’явілася распасцертае цела аголенай жанчыны, чые доўгія светлыя валасы, раскідаўшыся па падлозе, патаналі ў крыві.


Сяржант не спалохаўся б, з’явіся перад ім нават сам д’ябал, але гэтае відовішча напоўніла яго жахам. Падумаўшы, аднак, што справаздачу пра тое, што здарылася, яму даваць усё ж давядзецца, ён схапіў бутэльку з зялёным коркам, якая нібыта з яго выскалялася, і крыкнуў:


— Затое гэтая дастанецца мне!


Аглушальны рогат прагучаў у адказ.


А ён тым часам кінуўся па лесвіцы наверх і, паказваючы бутэльку таварышам, усклікнуў:


— Вось ён, ваш дамавы! А вы ўсе — бабы, — ён ужыў мацнейшы выраз, — калі баіцеся туды спускацца.


Ён сказаў гэта так здзекліва, што паліцэйскія гурмою кінуліся ў склеп, дзе знайшлі толькі разбітую бутэльку з-пад бардо. А астатнія спакойна стаялі на месцах.


Скрушна паўздыхаўшы пра яе лёс, кожны, цяпер ужо зусім асмялеўшы, схапіў сабе па бутэльцы, і ўсе паспяшаліся наверх.


І ім дазволілі іх выпіць.


А сяржант сказаў:


— Сваю я захаваю да вяселля.


Абяцаную пенсію яму не даць не маглі, ён ажаніўся са сваёй швачкаю і...


І яны нарадзілі шмат дзяцей, думаеце вы?


Ну яшчэ б. Толькі аднаго.


ІІІ

Што было потым


У дзень вяселля, якое зладзілі ў Рапэ, сяржант паставіў знакамітую бутэльку з зялёным коркам паміж сабой і нявестай, сочачы, каб ніхто, апроч іх, з яе не піў.


Віно было чырвонае, нібы кроў, бутэлька — зялёная, што агурок.


Праз дзевяць месяцаў швачка нарадзіла маленькую пачвару, зусім-зусім зялёную, толькі з чырвонымі рагамі на галаве.


А вы хадзіце, дзяўчаты, хадзіце танчыць у залу “Шартрэз”... што на месцы замка Вавэр!


Тым часам дзіця расло, і з ім расла калі не яго рахманасць, дык, прынамсі, вага. Бацькоў непакоілі дзве рэчы — яго зялёны колер і хваставы адростак, які спачатку здаваўся толькі падаўжэннем хвастца, але з цягам часу ператварыўся ў самы сапраўдны хвост.


Яны звярнуліся да вучоных дактароў, але тыя сцвярджалі, што хірургічна выдаліць хвост без небяспекі для дзіцяці немагчыма. Яны дадалі таксама, што выпадак даволі рэдкі, але згадкі пра такое можна знайсці ў Герадота і Плінія Малодшага. Тэорыі Фур’е ў той час не было яшчэ і ў зародку.


Што да афарбоўкі, то яе прыпісвалі лішку жоўці ў арганізме. Яны спрабавалі мноства сродкаў, і часам, пасля доўгага мыцця і шматлікіх націранняў, атрымлівалася давесці колер скуры да бутэлькава-зялёнага, вадзяніста-зялёнага, а то і да жаўтаватага. Бывала, скура рабілася амаль белай, але ўвечары вяртала першапачатковае адценне.


Сяржант і швачка былі ў роспачы ад непрыемнасцяў, якія прыносіла ім маленькая пачвара. А пачвара рабілася ўсё больш упартай, хітрай і злоснай.


Нягоды, якія ім даводзілася цярпець, прывялі іх на заганны шлях, звычайны для людзей іх саслоўя. Яны пачалі прыкладацца да бутэлькі.


Пры гэтым сяржант больш не жадаў піць ніякага віна, апроч як з бутэлек з чырвоным коркам, а яго жонка — з зялёным.


І кожны раз, калі сяржант напіваўся да непрытомнасці, ён бачыў у сне акрываўленую жанчыну, з’яўленне якой так спалохала яго тады ў склепе, калі ён разбіў бутэльку.


І жанчына гэтая казала яму: “Навошта ты сціскаў мяне ў абдымках, а потым забіў?.. Я ж так кахала цябе”.


І кожны раз, калі жонка сяржанта зашмат піла з зялёнай бутэлькі, яна бачыла ў сне найагіднейшага вялізнага чорта, які казаў ёй: “Чаму ты дзівішся? Ты ж піла з гэтай бутэлькі... Гэта ж я — бацька твайго дзіцяці!”


О неразгаданая таямніца!


Дажыўшы да трынаццаці гадоў, дзіця знікла.


Няўцешныя бацькі працягвалі піць, але жудасныя відзежы, якія так трывожылі іх сон, больш не з’яўляліся.


IV

Мараль


Так сяржант быў пакараны за блюзнерства, а швачка — за карыслівасць.


V

Што сталася з зялёнай пачварай


Пра гэта ніхто ніколі не даведаўся.


Пераклад з французскай – Кацярына Маціеўская © 2009

Чытайце таксама

Ульф Старк

Ульф Старк

Шведскі пісьменнік і сцэнарыст

Алег Шынкарэнка

Алег Шынкарэнка

Нарадзіўся ў Запарожжы

Шолам-Алейхем

Шолам-Алейхем

Габрэйскі пісьменнік, драматург і асветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш

Гейр Гуліксэн

Гейр Гуліксэн

Нарвежскі паэт, раманіст, эсэіст, драматург, дзіцячы пісьменнік, выдавец.

1154