№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

Чортаў тузін (The Baker's Dozen)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Яніна Прыстаўка


Асобы:


Маёр Рычард Дамбартан

Місіс Кэрві

Місіс Пэйлі-Пэйджэт


Месца дзеяння: Палуба парахода, што трымае курс на ўсход. Маёр Дамбартан сядзіць у шэзлонгу, каля яго яшчэ два, на найбліжэйшым надпіс: “Місіс Кэрві”.


(Місіс Кэрві расслаблена сядзіць у сваім шэзлонгу, маёр прыкідваецца, што не заўважае яе).


Маёр (раптам паварочваючыся): Эмілі! Столькі гадоў мінула! Гэта лёс!

Эмілі: Лёс? Лухта! Гэта ўсё я. Вы, мужчыны, заўсёды такія фаталісты. Я адклала свой ад’езд на цэлых тры тыдні, каб плысці на тым жа судне, што і ты. Я дала хабар сцюарду, каб ён паставіў нашыя шэзлонгі поруч у зацішным кутку. І я прыклала ўсе намаганні, каб выглядаць асабліва прывабна сёння раніцай, а ты кажаш, лёс. Я выглядаю надзвычай прыцягальна, праўда?

Маёр: Як ніколі раней! Час толькі надаў дасканаласці тваёй прыгажосці.

Эмілі: Я ведала, што ты скажаш менавіта гэтыя словы. Мова кахання страшэнна абмежаваная, праўда? І ўсё ж такі найбольшая асалода – быць закаханым. Ты ж кахаеш мяне, праўда?

Маёр: Мілая Эмілі, я пачаў выказваць сваю прыхільнасць яшчэ да таго, як ты села сюды. Я таксама дамовіўся са сцюардам, каб ён паставіў нашыя шэзлонгі побач у адасобленым кутку. “Будзе зроблена, сэр”, – адказаў ён. Гэта было акурат пасля сняданку.

Эмілі: Як гэта па-мужчынску – спачатку паснедаць. Я занялася шэзлонгамі, як толькі выйшла са сваёй каюты.

Маёр: Ты несправядівая да мяне. Я толькі за сняданкам заўважыў тваю блаславёную прысутнасць на параходзе. І адчайна фліртаваў з адной дзяўчынай, каб ты раўнавала. Яна, пэўна, падрабязна апісвае мяне цяпер у лісце да сваёй сяброўкі.

Эмілі: Не варта было старацца прымусіць мяне раўнаваць, Дзікі. Ты зрабіў гэта, ажаніўшыся з іншай жанчынай шмат гадоў таму.

Маёр: А ты з’ехала і выйшла замуж за іншага мужчыну, да таго ж, удаўца.

Эмілі: Здаецца мне, няма нічога асабліва дрэннага ў тым, каб выйсці за ўдаўца. Я б яшчэ раз так зрабіла, калі б сустрэла вартага.

Маёр: Пачакай, Эмілі, няветліва так спяшацца. Ты заўсёды апярэджваеш мяне. Гэта мая справа – рабіць прапанову, а табе трэба толькі адказаць “так”.

Эмілі: Што ж, я ўжо амаль адказала, таму будзем лічыць гэтую справу вырашанай.

Маёр: О, тады...


(Яны глядзяць адно на аднаго і раптам даволі жарсна абдымаюцца).


Маёр: За мінулае мы квітыя. (Раптам падскоквае) О... я зусім забыўся...

Эмілі: Забыўся пра што?

Маёр: Дзеці. Мне варта было табе сказаць. Ты нічога не маеш супраць дзяцей?

Эмілі: Калі іх няшмат. Колькі ў цябе?

Маёр (хуценька падлічыўшы): Пяць.

Эмілі: Пяць?!

Маёр (усхвалявана): Зашмат?

Эмілі: Бадай што так. Горш за тое, у мяне таксама некалькі.

Маёр: Шмат?

Эмілі: Восем.

Маёр: Восем за шэсць гадоў! О, Эмілі!

Эмілі: З іх толькі чацвёра мае. Астатнія – ад першай жонкі майго мужа. А цалкам усё ж такі восем.

Маёр: Восем і пяць – гэта трынаццаць. Нельга пачынаць сумеснае жыццё з трынаццацю дзецьмі, гэта нядобры знак. (Узрушана ходзіць туды-сюды) Павінна быць нейкае выйсце. Каб толькі паменшыць іх колькасць да дванаццаці. Трынаццаць – страшэнна нешчаслівая лічба.

Эмілі: А можна пазбавіцца ад аднаго ці двух? Можа, якой-небудзь французскай сям’і хочацца больш дзетак? Пра гэта часта пішуць у “Фігаро”.

Маёр: Мне здаецца, ім патрэбныя французскія дзеці. Мае нават не размаўляюць па-французску.

Эмілі: Заўсёды магчымы варыянт, што адзін з іх можа апынуцца сапсаваным і з дрэнным характарам, у такім выпадку ад яго можна адмовіцца. Я чула, што так робяць.

Маёр: О Божа, спачатку ж трэба даць ім адукацыю. Хлопчык не можа сапсавацца, пакуль не пойдзе ў добрую школу.

Эмілі: Чаму ён не можа сапсавацца сам па сабе? Многія хлопчыкі хуліганістыя.

Маёр: Толькі калі яны ўспадкавалі гэта ад бацькоў. Ты ж не хочаш сказаць, што я разбэшчаны, праўда?

Эмілі: Ты, мабыць, ведаеш, што часам гэта перадаецца праз пакаленне. У тваёй сям’і было штосьці такое?

Маёр: Была адна цётухна, пра якую ніколі не казалі.

Эмілі: Вось бачыш!

Маёр: Але на гэта не варта вельмі спадзявацца. У віктарыянскую эпоху маўчалі пра тыя рэчы, да якіх мы сёння даволі цярпліва ставімся. Б’юся аб заклад, гэтая цётухна ўсяго толькі выйшла за унітарыя або падчас палявання скакала на кані, седзячы па-мужчынску, ці нешта накшталт гэтага. У любым выпадку, нельга чакаць, што хто-небудзь з дзяцей будзе падобны да сумнеўна разбэшчанай стрыечнай бабулі. Трэба прыдумаць нешта яшчэ.

Эмілі: Хіба ж людзі ніколі не ўсынаўляюць дзяцей з іншых сем’яў?

Маёр: Я чуў, што так робяць пары, у якіх няма сваіх дзяцей.

Эмілі: Тсс! Нехта ідзе. Хто гэта?

Маёр: Місіс Пэйлі-Пэйджэт.

Эмілі: Яна нам і патрэбная!

Маёр: Што? Для ўсынаўлення? А ў яе няма сваіх дзяцей?

Эмілі: Адно няшчаснае немаўля.

Маёр: Давай з ёй пра гэта пагаворым. (Уваходзіць місіс Пэйлі-Пэйджэт). Добрае раніцы, місіс Пэйлі-Пэйджэт. Якраз за сняданнем я спытаў сябе, дзе мы сустракаліся апошні раз.

Місіс П.-П.: Здаецца, у “Крытэрыёне” (апускаецца ў вольны шэзлонг).

Маёр: Дакладна, у “Крытэрыёне”.

Місіс П.-П.: Я была на абедзе ў лорда і лэдзі Слагфард. Прыемныя людзі, але такія сквапныя. Пасля абеду яны павялі нас на веладром, там нейкая танцорка выступала пад “песню без адзення” Мендэльсона [1]. Нас было зашмат у маленькай ложы пад самай столлю, і вы можаце сабе ўявіць, як там было горача. Нібы ў турэцкай лазні. І, зразумела, нічога не было відаць.

Маёр: Тады гэта не падобна да турэцкай лазні.

Місіс П.-П.: Маёр!

Эмілі: Мы якраз гутарылі пра вас, калі вы прыйшлі.

Місіс П.-П.: Праўда? Спадзяюся, нічога дрэннага вы не казалі.

Эмілі: Не, дарагая, не казалі! Раніца на караблі – не час для плётак. Мы вас шкадавалі .

Місіс П.-П.: Шкадавалі? Чаму?

Маёр: Вашая бяздзетная сям’я і ўсё такое. Вы разумееце, пра што я. Дзіцячыя ножкі ў доме не тупаюць .

Місіс П.-П.: Маёр! Як вы можаце? Мне здавалася, вы ведаеце, што ў мяне ёсць дачка. І яна тупае, як усе дзеткі.

Маёр: Тупат толькі адной пары дзіцячых ножак.

Місіс П.-П.: Ну натуральна, маё дзіця не сараканожка. А калі мець на ўвазе, што мы вымушаныя пераязджаць з адной жахлівай станцыі ў гэтых джунглях на другую, дзе няма аніводнага прыстойнага дома, то ў мяне хутчэй ёсць бяздомнае дзіця, чым бяздзетны дом. Аднак дзякуй за спачуванне. Мабыць, яго выклікалі найлепшыя пабуджэнні. Як і ўсялякае нахабства.

Эмілі: Мілая місіс Пэйлі-Пэйджэт, нам проста шкада вашую маленькую дачку, бо калі яна падрасце, у яе, вы ж разумееце, не будзе маленькіх сястрычак і брацікаў, каб гуляць з імі.

Місіс П.-П.: Місіс Кэрві, гэтая гутарка ўражвае мяне нетактоўнасцю, і гэта яшчэ мягка сказана. Я замужам два с паловай гады, і натуральна, што мая сям’я яшчэ невялікая.

Маёр: Ці мае сэнс увогуле называць адно немаўля жаночага полу сям’ёй? Сям’я – гэта пэўная колькасць.

Місіс П.-П.: Вы нешта дзіўнае кажаце, маёр. Так, цяпер у мяне ёсць адно, як вы выразіліся, немаўля жаночага полу...

Маёр: І яно не стане хлопчыкам, калі вы гэта хацелі сказаць. Паверце нам, мы маем нашмат больш досведу ў гэтых дзіцячых справах. Калі ўжо нарадзілася дзяўчынка, то дзяўчынкай яна і застанецца. Прырода часам памыляецца, аднак яна прытрымліваецца сваіх памылак.

Місіс П.-П. (падымаючыся): Маёр Дамбартан, гэты параход аж да нязручнасці малы, але я перакананая, мы зможам знайсці розныя памяшканні, каб пазбягаць прысутнасці адно аднаго. Тое ж датычыць і нас з вамі, місіс Кэрві (выходзіць).

Маёр: Якая бессардэчная маці! (апускаецца ў шэзлонг).

Эмілі: Я б і не даверыла дзіця чалавеку з такім характарам. О, Дзікі, навошта табе было заводзіць такую вялікую сям’ю? Ты ж заўсёды казаў, што хочаш, каб я была маці тваіх дзяцей.

Маёр: Я не збіраўся чакаць, пакуль ты заснуеш і выхаваеш іншыя дынастыі. Табе не хапала сваіх дзяцей? Навошта было збіраць чужых, як серыі паштовых марак? Як табе прыйшло ў галаву выйсці за чалавека з чатырма дзецьмі?

Эмілі: Хм, і пасля гэтага ты прапануеш мне ажаніцца з чалавекам, у якога іх пяць?

Маёр: Пяць?! (падскочыўшы) Я сказаў “пяць”?

Эмілі: Ты дакладна сказаў пяць.

Маёр: Эмілі, я ж іх неправільна падлічыў! Слухай уважліва, лічы са мной. Рычард – у мой гонар, зразумела.

Эмілі: Раз.

Маёр: Альберт-Віктар – ён нарадзіўся ў год Каранацыі.

Эмілі: Два.

Маёр: Мод. Яе назвалі ў гонар...

Эмілі: Няважна, у чый гонар яе назвалі. Тры!

Маёр: І Джэралд.

Эмілі: Чатыры!

Маёр: Усё!

Эмілі: Ты ўпэўнены?

Маёр: Клянуся, гэта ўсё. Я, напэўна, палічыў Альберта-Віктара за дваіх.

Эмілі: Рычард!

Маёр: Эмілі!


(Абдымаюцца)


Канец




[1] Якаб Людвіг Фелікс Мендэльсон Бартольдзі (1809–1847) – нямецкі кампазітар і дырыжор, аўтар 48 фартэпіянных п’есаў пад агульнай назвай “Песні без словаў”.


Пераклад з ангельскай – Яніна Прыстаўка © 2010

Чытайце таксама

Крысціян Маргенштэрн

Крысціян Маргенштэрн

Нямецкі паэт, празаік і перакладчык, класік нямецкай літаратуры

Ісроэл-Ешуэ Зінгер

Ісроэл-Ешуэ Зінгер

Пісьменнік, старэйшы брат нобелеўскага лаўрэата Ісака Башэвіса-Зінгера.

Іосіф Бродскі

Іосіф Бродскі

Расійскі і амерыканскі паэт, эсэіст, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры

Ален Гінзберг

Ален Гінзберг

Культавы амерыканскі паэт, адзін з лідараў біт-пакалення, аўтар паэмы "Сковыт"

457