№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

Гарбата (Tea)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Яніна Прыстаўка


Джэймс Кашэт-Прынклі быў маладым чалавекам, заўсёды цвёрда перакананым, што аднойчы ён абавязкова ажэніцца; дажыўшы, аднак, да трыццаці чатырох гадоў, ён не зрабіў анічога, каб гэтае перакананне пацвердзіць. Ён любаваўся і захапляўся многімі жанчынамі, аднак ніводную не разглядаў у якасці магчымай жонкі. Так некаторыя захапляюцца Альпамі без жадання скарыць якую-небудзь вяршыню. Яго безыніцыятыўнасць у гэтым пытанні выклікала пэўную нецярплівасць з боку сентыментальна настроенай жаночай часткі ягонай сям’і: яго маці, сёстры, цётухна, а таксама дзве ці тры жанчыны, якія былі яго задушэўнымі сябрамі, успрымалі павольны рух да шлюбу з няўхвальнасцю, далёкай ад таго, каб называцца памяркоўнай.

За самым цнатлівым фліртам яны сачылі з напружаным імпэтам, быццам зграя невыгуляных тэр’ераў, што назіраюць за кожным рухам чалавека, які, магчыма, павядзе іх гуляць.

Ніводзін смяротны з лагодным сэрцам не можа вытрываць благання некалькіх параў сабачых вачэй, якія моляць аб прагулцы. Джэймс Кашэт-Прынклі не быў настолькі ўпартым ці абыякавым да ўплыву сваіх хатніх, каб не звяртаць увагі на відавочнае жаданне яго сям’і, каб ён нарэшце паддаўся чарам якой-небудзь прыемнай дзяўчыны, што дасягнула шлюбнага ўзросту. Калі яго дзядзечка Жуль адышоў у іншы свет і пакінуў яму невялікую спадчыну, самым правільным было пачаць пошукі той, з кім гэтую спадчыну падзяліць. Пошукі вяліся больш дзякуючы прапановам і важкасці грамадскай думкі, а не ініцыятыве з яго боку. Актыўная большасць яго сваячак, а таксама вышэйзгаданыя жанчыны-сяброўкі выбралі яму ў нявесты Джоан Сэбастэйбл, палічыўшы, што яна найбольш адпавядала яму па статусе. Такім чынам, Джэймс паступова прызвычаіўся да думкі, што яны з Джоан разам пройдуць праз традыцыйныя этапы віншаванняў, атрымання падарункаў, нарвежскія або міжземнаморскія гатэлі і нарэшце будуць жыць адным домам. Аднак было неабходна спытаць меркавання лэдзі на гэты конт. Нягледзячы на тое, што сям’я ўжо асцярожна і па-майстэрску скіравала іх флірт у патрэбны бок, сама прапанова ўсё яшчэ заставалася справай індывідуальнай.

Кашэт-Прынклі ішоў праз парк да дома Сэбастэйблаў у тым настроі, які можна назваць умерана прыўзнятым. Чым бліжэй было да вырашэння справы, тым лепш ён пачуваўся, бо хацеў усё ўлагодзіць ды выкінуць з галавы ў той жа вечар. Прапанова шлюбу, хай сабе і такой прыемнай дзяўчыне, як Джоан, была справай даволі нуднай, аднак без гэтай папярэдняй працэдуры немагчымы мядовы месяц на Менорцы і радасці сямейнага жыцця. Яму было цікава, што ж такое гэтая Менорка. У яго ўяўленні востраў увесь час знаходзіўся ў жалобным стане, і па ім бегалі туды-сюды чорныя альбо белыя меноркскія куры. Магчыма, усё будзе не так, калі ён усё пабачыць сам. Людзі, якія былі ў Расіі, казалі яму, што ніякіх рускіх байцовых пеўняў яны там у вочы не бачылі, таму магчыма, што і меноркскіх кураў ён на востраве не заўважыць.

Мары пра Міжземнамор’е былі перапыненыя гукам гадзінніка, які адбіў палову гадзіны. Чатыры трыццаць. На ягоным твары з’явіўся незадаволены выраз. Ён дабярэцца да асабняка Сэбастэйблаў якраз да пасляабедзеннай гарбаты. Джоан будзе сядзець за нізенькім столікам, застаўленым срэбнымі імбрычкамі, збаночкамі для вяршкоў і вытанчанымі парцалянавымі кубачкамі. Яе голас будзе прыемна звінець, калі яна будзе задаваць мілыя кароткія пытанні наконт таго, ці дастаткова моцная гарбата, ці патрэбныя і ў якой колькасці цукар, малако, вяршкі і да таго падобнае. “Адну лыжку? Я нешта забыла. Вам з малаком, так? Можа, яшчэ гарачай вады, калі гарбата вельмі моцная?”

Кашэт-Прынклі чытаў пра гэта ў мностве раманаў, а сотні гісторый з жыцця падказвалі яму, што так яно і адбываецца насамрэч. Тысячы жанчын у гэты ўрачысты вечаровы час гаспадарылі за сталамі, застаўленымі вытанчанай парцалянай і срэбрам, і іх галасы прыемна звінелі тысячай караценькіх клапатлівых пытанняў.

Кашэт-Прынклі ненавідзеў працэдуру вечаровай гарбаты. Згодна з ягонай жыццёвай філасофіяй, жанчына мусіла ляжаць на канапе альбо сафе і размаўляць з непараўнальна чароўнымі ноткамі ў голасе, а ў вачах яе павінная свяціцца якая-небудзь невымоўная думка, альбо яна можа проста моўчкі сабе ляжаць, як рэч, на якую прыемна глянуць; а маленькі нубійскі паж павінен заносіць у пакой з-за шаўковай фіранкі паднос з кубачкамі і ласункамі – усё, безумоўна, у маўчанні і без доўгіх размоваў пра вяршкі, цукар і гарачую ваду. Калі мужчына трапіў у палон ножак гаспадыні, як можа ён уцямна разважаць пра слабую гарбату? Кашэт-Прынклі ніколі не дзяліўся гэтымі думкамі з маці. Яна за ўсё жыццё звыкла прыемна гаманіць падчас вячэрняй гарбаты, гаспадарачы над вытанчаным парцалянавым і срэбным посудам, а калі б ён завёў з ёй гаворку пра канапы і нубійскіх пажоў, яна б параіла яму ўзяць тыдзень адпачынку і паехаць на мора. І цяпер, ідучы па заблытаных вулках, якія кругавым шляхам вялі да патрэбных яму шыкоўных асабнякоў Мэйфера, ён з жахам уявіў сябе за столікам насупраць Джоан Сэбастэйбл. Добра, што было кароткатэрміновае выратаванне: на адным з паверхаў вузенькага маленькага дома з больш шумнага боку Эскімалт-стрыт жыла Рода Элам, якая даводзілася яму нейкай далёкай сваячкай і якая зарабляла на жыццё, шыючы дарагія капялюшыкі. Капялюшыкі сапраўды выглядалі так, нібы іх прывезлі з Парыжу; на жаль, чэкі ніколі не выглядалі так, нібы іх адсылаюць у Парыж. Тым не менш, Рода лічыла жыццё даволі цікавым і весела бавіла час, нягледзячы на абмежаваныя сродкі. Кашэт-Прынклі вырашыў падняцца на яе паверх і адкласці прыкладна на паўгадзіны непрыемную справу, якая яго чакала: зацягнуўшы сваё наведванне, ён мог схітрыцца дабрацца да асабняка Сэбастэйблаў ужо пасля таго, як будуць прыбраныя апошнія сляды вытанчанай парцаляны.

Рода запрасіла яго ў пакой, які сумяшчаў функцыі майстэрні, гасцёўні і кухні, аднак быў вельмі чыстым і ўтульным.

– У мяне сёння нешта накшталт пікніку, – заявіла яна. – У слоіку каля твайго локця – ікра. Бяры вунь той хлеб з маслам, пакуль я адрэжу яшчэ крыху. Выбірай кубак, імбрычак за табой. А зараз расказвай мне ўсё-ўсё-ўсё!

Больш пра ежу яна не сказала ні слоўка, аднак размаўляла з жывасцю, чым прымусіла і свайго суразмоўніка ажывіцца. Адначасова яна спрытна нарэзала яшчэ хлеба, намазала яго маслам і прынесла чырвонага перцу і нарэзанага лімону, на адсутнасць якіх паскардзіліся б у такой сітуацыі іншыя жанчыны. Кашэт-Прынклі ацаніў выдатную гарбату, якая атрымалася без той безлічы пытанняў, на якую яму прыйшлося б адказваць, нібы міністру сельскай гаспадаркі ў выпадку эпідэміі чумы буйной рагатай жывёлы.

– А зараз адказвай, што цябе да мяне прывяло, – раптам сказала Рода. –Гэта не марная цікаўнасць з майго боку, але працоўная. Спадзяюся, табе патрэбны капялюшык. Я чула, што нядаўна ты атрымаў спадчыну, і гэта навяло мяне на думку, што з твайго боку было б прыгожа і галантна адзначыць гэтую падзею вельмі дарагімі капялюшыкамі для ўсіх тваіх сясцёр. Магчыма, яны нічога не сказалі на гэты конт, аднак мне падаецца, што такая ж ідэя прыйшла і ім у галаву. Зразумела, мы цяпер не на іпадроме, а я спяшаюся, аднак у нашай справе мы ўжо звыкліся з такімі тэмпамі. Нашае жыццё – шэраг гонак, як жыццё дзіцяткі Майсея.

– Я прыйшоў не па капялюшыкі, – сказаў яе госць. – Насамрэч мне здаецца, я прыйшоў проста так. Я праходзіў міма і вырашыў зайсці пабачыць цябе. Аднак падчас размовы з табой мне ў галаву прыйшла адна ідэя. Калі ты на хвіліну забудзеш пра іпадром і паслухаеш мяне, я табе ўсё раскажу.

Прыкладна праз 40 хвілінаў Джэймс Кашэт-Прынклі вярнуўся дадому з важнай навіной.

– Я збіраюся ажаніцца, – заявіў ён.

Пасыпаліся захопленыя выгукі віншаванняў і апладысменты.

– Мы ведалі! Мы адчувалі! Мы прадказвалі гэта колькі тыдняў таму!

– Упэўнены, што не, – сказаў Кашэт-Прынклі. – Калі б хто-небудзь сказаў мне сёння за ланчам, што я зраблю прапанову Родзе Элам, а яна яе прыме, я б доўга смяяўся.

Рамантычная нечаканасць падзеі нейкім чынам аблегчыла бязлітаснае грэбаванне з боку Джэймса асцярожнымі захадамі і адмысловай дыпламатыяй жаночай часткі сям’і. Складана было адным махам пераключыць іх энтузіязм з Джоан Сэбастэйбл на Роду Элам, аднак справа датычыла ўсё ж жонкі Джэймса, і ягоны погляд мусіў быць улічаны.

Верасеньскім вечарам таго ж году, пасля мядовага месяца на Менорцы, Кашэт-Прынклі зайшоў у гасцёўню свайго новага дома на вуліцы Грэнчэстэр. Рода сядзела за нізенькім столікам, гаспадарачы над сервізам з вытанчанай парцаляны і бліскучага срэбра. Яе голас прыемна звінеў, калі яна падавала яму кубак, пытаючыся:

– Табе слабейшую? Падліць яшчэ гарачай вады? Не?


Пераклад з ангельскай – Яніна Прыстаўка © 2010

Чытайце таксама

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

Павал Орсаг Гвездаслаў

Павал Орсаг Гвездаслаў

Славацкі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік славацкай літаратуры

Кларк Эштан Сміт

Кларк Эштан Сміт

Амерыканскі паэт і празаік, мастак, скульптар. Пісаў апавяданні ў жанры фантастыкі, фэнтэзі і жахаў.

Ян Мілчак

Ян Мілчак

Славацкі аўтар апавяданняў, радыё і тэатральных п'ес, а таксама казак

884