№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Георг Гайм

Ёнатан (Jonathan)

Апавяданне

Пераклад з нямецкай Васіль Сёмуха


Няшчасны Малыш Ёнатан ужо трэці дзень ляжаў хворы ў жахлівай адзіноце ў сваёй палаце. Ужо трэці дзень, а гадзіны цяклі ўсё памалей і памалей. Заплюшчыўшы вочы, ён чуў, як яны скупа сачыліся ўніз па сценах, нібы вечны капеж нудных кропляў у цёмным склепе.

Як што абедзве яго нагі былі ў шчыльных шынах, дык ён ледзьве мог паварушыцца, а калі боль у скалечаных каленях павольна поўз угору, пры ім не было нікога і нічога, за каго і за што ён мог бы патрымацца. Ні рукі. Ні суцяшэння, ні ласкавага слова. Калі ён званіў сястры, тая ўваходзіла, бурчала, занудліва, раздражнёна. Выслухаўшы яго скаргі на боль, яна не зважала на такія пустыя зажывошчы. Ну, бо такі ж не можа яна, казала, штогадзіны па тысячы разоў бегаць да яго, і зачыняла за сабою дзверы.

І ён зноў быў адзін, зноў пакінуты, зноў сам-насам са сваімі пакутамі, згублены, забыты самотнік, над якім з усіх бакоў, знізу, згары, са сцен боль шчаперыў свае доўгія белыя, дрыготлівыя пальцы.

Ва ўбогі пакой праз пустыя вокны запаўзала шарань ранняга восеньскага вечара, рабілася ўсё цямней і цямней. Пакінуты Ёнатан ляжаў у вялікіх белых падушках, ён больш не варушыўся. І яго ложак, здавалася, разам з ім сплываў па пякельным патоку, вечная халадната якога, зноў жа здавалася, несканчона ўбіралася ў вечную ж стыласць адлюдненай пустэльні.

Адчыніліся дзверы. З суседняга пакоя ўвайшла сястра з лямпай. Пакуль дзверы яшчэ дазвалялі, ён паспеў зірнуць у суседні пакой. Сёння да полудня ён пуставаў. Там стаяў ложак, таксама жалезны і магутны, як і ягоны, яшчэ незаняты, шырока раскінуты, як пашча, якая, здавалася, была гатовая прыняць новага хворага. А тут убачыў, што ложак больш не быў пусты. Ён разгледзеў у цені вялікай падушкі бледную галаву. Бадай, гэта была дзяўчына, наколькі ён мог пазнаць у цьмянасьці матавай лямпы. Хворая, як і ён, таварышка па няшчасці, сяброўка, нехта, за каго ён ужо мог трымацца, нехта, як і ён, выкінуты з саду жыцця. Ці адкажа яна яму, на што яна там церпіць?

Яна таксама згледзела яго, ён гэта ўбачыў. І позіркі хворых сустрэліся ў дзвярах, – кароткае, беглае прывітанне, кароткі знак падзякі. І, як ціхае крыло маленькай птушкі, так задрыжала ў гэтыя імгненні ягонае сэрца ў новай, поўнай тайнасці надзеі.

Раптам на калідоры тры разы моцна зазванілі, з кароткімі інтэрваламі, рэзка, нібы загадна. Сястра выбегла на званок і зачыніла за сабою дзверы ў суседні пакой.

Гэта быў знак, што недзе тут крылася небяспека, можа нават, што нехта быў пры смерці. Гэты знак Ёнатан ужо добра засвоіў, і ён задрыжаў ад подумкі, што нехта ў гэтай гаротнай глухой атмасферы мог зрабіць свой апошні ўздых. Ах, чаму тут паміраюць, тут, дзе ля кожнага ложка можна было шчырым вокам убачыць смерць, тут, дзе чалавека выдавалі смерці, як жэтон з нумарам, тут, дзе нават кожная думка была ёю, смерцю, інфіцыравана, тут, дзе не заставалася ніякіх ілюзій, дзе ўсё было гола, адкрыта, холадна і вусцішна. Магчыма, асуджанаму на смерць тут лепш, бо ягоная мука трывала толькі адзін дзень, калі ўжо чалавеку маскіравалі яго смерць; але тут людзі з дня іх паступлення ў гэты пакой перадаваліся пад апеку адзіноты, цемры, жахлівай жалобы восеньскіх вечароў, зімы, смерці, вечнага пекла.

І яны мусілі спакойна ляжаць тут у сваіх ложках, яны мусілі аддавацца цялеснаму болю, тут іх жывасілам свежавалі, ах. І, каб пасароміць іхнія пакуты, каб пасмяяцца з іх, каб бяссіласць іх увесь час была перад вачыма хворых, на біле кожнага ложка ў нагах на фоне пацямнелага неба на вялікім белым крыжы вісеў Хрыстос у сваю смяротную хвіліну. Нябога Бог Хрыстос, які толькі болесна пацепваў плячыма, калі габрэі прасілі явіць ім цуд; “Калі ты Хрыстос, дык сыдзі сам з крыжа.” І з яго паміраючых вачэй, якія ўжо бачылі безліч хворых на ложках смерці, з яго скажоных болем вуснаў, якія ўжо ўдыхнулі пах безлічы жудасных язваў, з гэтага бедалагі на крыжы зыходзіла жахавітая бяссіласць, якая азмрочвала тут душы хворых і душыла ўсё, што яшчэ не было пазначана пячаткай смерці і роспачы.

Раптам дзверы ў суседні пакой ціха адчыніліся. Мабыць, яны не былі зачынены шчыльна.

І Ёнатан зноў убачыў бледны твар сваёй новай суседкі, пра які амаль быў забыў у роздуме пра смерць.

Дзверы засталіся адчыненыя. Нават і хворая паглядзела на яго, нават у цьмянасці ён адчуў гэта. І за тую беглую хвіліну яны цераз парог моўчкі павіталіся, яны праверылі адно адное, яны адно адное пазналі, і яны звязаліся, як двое пацярпелых у караблекрушэнні, апынуўшыся побач у бяскрайнім акіяне.

– Папалудні я чула, Вы доўга стагналі, Вам вельмі балела? Чаму Вы тут? – пачуў ён яе ціхі голас, які ад яе хваробы здаўся яму пяшчотным і мяккім.

– Вельмі, страшна балела, – сказаў Ёнатан.

– А што ж у Вас? Чаму Вас паклалі сюды? – спыталася яна зноў.

І ён дрыготкім ад болю голасам расказаў ёй сваю гісторыю.

Пяць гадоў таму назад ён, машыніст, выправіўся з Гамбурга ў плаванне ва Усходнюю Азію. Ён матаўся па акіянах Усходу, увесь час унізе, у кацельні, у пякельнай гарачы тропікаў. Ён хадзіў на каралавыя выспы ў паўднёвых морах, больш за два гады плаваў на караблі кантрабандыстаў у Кантон, які шмугляваў опіюмам, схаваным у мяшках з кукурузай. На гэтым караблі ён зрабіў сабе неблагія грошы. І захацелася яму дамоў, але яго абакралі. І ён, голы і босы, асеўся ў Шанхаі. З дапамогай консула ўладзіўся на адно судна, якое з фрахтам рысу мелася адплыць у Гамбург. Судна агінала Афрыку, каб ашчадзіць на коштах праз Суэцкі канал.

У Манровіі, Ліберыя, у гэтай страшэнна ліхаманачнай Ліберыі, яны тры дні загружаліся вугалем. Аполудні трэцяга дня ён у задушлівым памяшканні ўнізе зваліўся з ног. Ачуўся ўжо ў шпіталі ў Манровіі сярод сотні брудных неграў. Там ён чатыры тыдні пракачаўся з гарачкай у ліхаманцы, больш мёртвы, чым жывы. Ах, чаго ён там толькі не ператрываў у жахлівай ліпеньскай гарачыні, якая высмальвала жылы хворых, дзе гарачка агнём біла ў мазгі, як жалезны молат.
Але нягледзячы на бруд, смурод ад неграў, сквар, нягледзячы на гарачку, там было куды лепш, чым тут. Бо там яны ніколі не былі адны, там яны заўсёды мелі хоць якую падтрымку.

– І ў гарачцы негры спявалі свае песні, і ў гарачцы скакалі яны па сваіх ложках. А калі каторы паміраў, ён яшчэ раз напаследак падскокваў угору, нібыта кратэр ягонай трасцы яшчэ раз шпурляў яго ў неба, перш чым паглынаў на векі вечныя.

Бачыце, вось ляжу я тут у карантыне, бо дактары думаюць, што ў агульнай палаце я мог бы заразіць іншых сваёй малярыяй, еўрапейскае панства такое далікатнае, асцярожлівае: не, каб прыйсці ды падзівіцца, як мала тут сабе за клопат маюць даглядаць хворых. Але ж пры гэтым яны больш здаровыя, бо іх не замыкаюць, як злачынцаў, у гідасную адзіноту.

Мае ногі хутчэй бы паправіліся, калі б я ўвесь час не быў адзін. Бо тое быць аднаму – куды горш за смерць. Мінулага разу я прачнуўся ў тры ночы. І вось тут ляжаў як сабака, на гэтым самым месцы, ляжаў і ўвесь час узіраўся ў цемру, проста перад сабою.

– А што там у Вас з Вашымі нагамі, дазвольце папытацца? – пачуў ён яе голас. – Расказвайце далей.

І ён паслухаўся.

Ага, выздаравеўшы, ён з адным французкім доктарам, якому закарцела займець нейкую там архідэю, што, казалі, расла на верхнім Нігеры, выправіўся ў ліберыйскія джунглі. Два месяцы яны блукалі па тым дзікім лесе, па рэках, якія кішэлі алігатарамі, па бясконцых балотах, дзе вечарамі іх заядалі маскіты, і было іх такія хмары, што адной рукой з аднаго хапу можна было раздушыць сотні.

Апісанне тых вялікіх дрыгвяных багнішчаў, якія вечарамі паглыналіся дрымучымі лясамі, вечны шум шатаў у непралазных лясах, экзатычныя назвіскі чужых народаў, авеяных таямнічымі далечамі, загадка і прыгоды забытых пушчаў, усе гэтыя дзіўныя карціны напаўнялі сэрца слухачкі захапленнем і авявалі чужароднай атмасферай хворага машыніста на ложку халоднай гамбургскай бальніцы.

Ён памаўчаў, і яна папрасіла расказваць далей.

І ён расказаў канец сваёй прыгоды, якая кідала яго то туды, то цяпер вось ужо сюды, упобліз да яе, і цяпер гэта ў дадатак да пурытанскага ўбоства дзвюх бальнічных палатаў адчыняла хвораму шырокае неба кахання, напаўняла яго сэрца няпэўнай мілатою.

Пад Лагосам яны зноў выдзерліся-такі з гушчэчы джунгляў. Ён мог бы ўжо прымервацца да дому, і ўсё ішло добра аж да Куксгафена. А там якраз, калі ён ужо ступіў на жалезны трап спусціцца ў кацельню, судна раптоўна моцна захліснула шквалам. Ён страціў раўнавагу і зваліўся з трапа ў машынны адсек. І стрыжнем поршня яму перабіла абедзве нагі.

– Жахліва, бесчалавечна, – сказала ягоная слухачка, злёгку падвёўшыся ў падушках. Цяпер ён мог бачыць яе выразна. Лямпа асвятляла яе профіль. У даволі яркім святле профіль здаваўся як бы выпаленым з цемнаты, як твар з іконы святога ў цёмнай кірсе.

– Калі я змагу ўстаць, я прыйду Вас адведаць. Калі ласка, Вы дазволіце мне Вас часам наведваць?

– Заходзьце, заходзьце, – сказаў ён. – Вы першая, хто сказаў мне тут добрае слова. Ведаеце, калі Вы зойдзеце да мяне, гэта дапаможа мне больш за ўсіх дактароў. Але ж ці скора Вы зможаце ўставаць, з чым Вы тут?

Яна расказала, што ёй зрабілі аперацыю на сляпой кішцы, і што трэба паляжаць тут яшчэ чатырнаццаць дзён.

– У такім разе мы, бадай, зможам гутарыць часцей, – сказаў няшчасны Ёнатан. – Давайце будзем часцей гутарыць.

– О, вядома. Я скажу доктару, я папрашу сястру, каб зранку яны крыху даўжэй не зачынялі дзверы.

Ён слухаў яе, ён амаль не верыў гэтаму. І пакой раптам як бы зноў апусцеў ад страхаў.

– Дзякую Вам, – і, можа, з хвіліну абое ляжалі моўчкі. Ягоныя вочы вышуквалі яе з падушак і, знайшоўшы, трымаліся за яе твар. У моўчу гэтых кароткіх хвілін заглыбілася ягонае каханне, яно пераможна рвалася з ягонай крыві, яно пачало спавіваць ягоныя думкі ў шчаслівыя летуценні, яно паказвала яму шырокія лугі ў яго залатым лесе, яно паказвала яму летні дзень, доўгі-доўгі летні дзень, шчасны полудзень, калі яны абое рука ў руцэ ішлі па густым жыце, якое авявала іх любоўныя словы сваім ціхім шапаценнем.

Адчыніліся дзверы, увайшлі два ўрачы і дзве сястры.

– Тут гаварылі, – сказаў адзін урач. – Гэтак не гадзіцца, гэтак у нас не прынята. Вы павінны трымацца заведзенага парадку. Вы павінны захоўваць цішыню, разумееце? І вы, сёстры, каб больш не пакідалі адчыненыя дзверы! У хворых павінна быць цішыня. І ён падышоў да дзвярэй між пакоямі і зачыніў іх.

Потым агледзеў Ёнатанавы ногі, зрабіў новую перавязку і сказаў:

– Праз тры месяцы Вы, магчыма, ужо будзеце мне бегаць, калі наогул усё пойдзе добра. Але гэта пад пытаннем. Вы тым часам павінны прывыкаць да думкі, што застанецеся калекам. Я тут пакіну пры Вас сястру, яна прыгледзіць за Вамі.

Ён зноў накрыў хворага, сказаў яму дабранач і знік разам з эскортам.

Ёнатан ляжаў у сваіх падушках, як бы яму нехта адным рыўком вырваў з грудзей сэрца. Дзверы зачынены. Ён больш не гаварыцьме з ёю, ён больш не зможа пабачыцца з ёю. Гэта былі толькі некалькі хвілін, якія больш ніколі не вернуцца. Яна выйдзе з бальніцы раней. Праз два тыдні ён будзе ляжаць у суседстве з некімсь іншым, нейкім, можа, гандляром селядцамі альбо са старой бабуляй. Яна, можа, і захацела б як-небудзь вярнуцца, але ж яе не прапусцяць. Ды і што ёй тут трэба каля яго, няшчаснага калекі, бязногага чалавека. Доктар жа сам сказаў, што ён застанецца калекам. І ён зноў запаў у роспач. Ён ляжаў ціха.

Зноў нахапіўся боль. Хворы сціснуў зубы, каб не закрычаць. І слёзы наплылі на вочы, самыя сабою, як агонь.

Сутарга патрэсла яго, яму зрабілася знобка. Рукі пахаладзелі. Ён адчуў, як вярнулася гарачка. Ён хацеў паклікаць дзяўчыну па імені. І спахапіўся – імя ён не ведаў. Гэтае раптоўнае ўсведамленне саштурхнула яго яшчэ глыбей у ягоную пророву. Не ведаць нават імя. Ужо нават хацеў быў сказаць “мілая паненка” альбо што-небудзь такое падобнае, і ўжо быў намерыўся, але, зірнуўшы на жоўты твар сваёй прыглядчыцы, якая ад бясконцых начных чуванняў пастарэла, зрабілася тупой і агіднай, – перадумаў.

Ён быў не адзін. Пра гэта ён зусім забыўся. Яму падсадзілі вартаўніцу, гэтую сатану, а не медыцынскую сястру, гэтага старога пажухлага д’ябла, ад якога ён залежаў, які мог яму загадваць. І ён заняпаў духам.

Цяпер яго ўжо ніхто не збавіць, цяпер ужо яго ніхто не ўратуе. А тут яшчэ Хрыстос, гэты няшчасны слабасілак, вісеў і ўсё яшчэ пасмейваўся. Здавалася, ён недастаткова перацерпеў, здавалася, ён толькі радаваўся сваім пакутам, і гэтая божая ўсмешка здалася Ёнатану дзіўнай, зласлівай, як бы адкупной асалодай. Ён заплюшчыў вочы, ён быў пераможаны.

Гарачка з ўсёй сілы налегла на яго. У гэтым запачаткаваным параксізме яшчэ раз усплыў, як вячэрняя зорка на пустым небе, вобраз яго незнаёмай суседкі, белы, далёкі, як твар нябожчыцы.

Пад апоўнач заснуў. Спаў пакутліва, страшна, як калі хвароба і роспач паралізуюць чалавека, калі арсенал пытак мукамі спустошаны.

Ён паспаў заледзьве гадзіны дзве. А як прачнуўся, боль у сцёгнах усхапіўся з такой сілай, што ён мала не знепрытомнеў. З усёй сваёй сілы ён учапіўся ў жалезны ложак. Яму здавалася, што ногі яму вырываюць распаленымі абцугамі, і ён зайшоўся ў страшэнным працяглым крыку, і гэта быў адзін з тых крыкаў, якія так часта начамі раптоўна раздзіраюць цішыню больніцаў, вырываюць з ложкаў заснулых хворых і жудасцю сціскаюць сэрца.

Ён прыўзняўся ў ложку. Абаперся на рукі. Зацяў дыханне ад болю, ён усмоктваў у сябе гэты боль. А тады, а тады на поўнае горла душавымотлівае – уууу, ааааа.

Па доме як бы прабегла сама смерць. Вось яна ўжо ўгары на даху, а пад яе велізарнымі касцістымі, пазурастымі ступакамі сядзелі ў сваіх ложках, у сваіх вялікіх і ў малых палатах, паўсюль сядзелі хворыя ў белых кашулях, у цьмяным святле, як здані, і жудасць, як вялікі белы птах, лунала над лесвіцамі і палатамі. Усюды пранікаў жахлівы Ёнатанаў крык, усюды будзіў ён з бяссілага сну хворых, і ўсюды прачыналася страшэннае рэха ў хворых на рак, якія ледзь толькі былі заснулі і ў якіх цяпер зноў пачынаў расплывацца па кішках белы гной, у іх, ужо выклятых, у каго жыўцом выгнівалі косці, павольна, адна за адной, у тых, у каго ў галаве разбухала страшная саркома, якая выгрызала, выпівала зсярэдзіны насы, верхнія сківіцы, вочы, утварала на іх белых тварах вялізныя смярдзючыя яміны, варонкі, поўныя жоўтай гнілізны.

У вусцішных танальнасцях разлягалася выццё ўгору, уніз, як бы ведзенае і кіраванае нябачным дырыжорам. Часам наставала кароткая паўза, невялічкая майстэрская паўза, спрытна ўведзеная і ўладжаная, пасля якое раптам у цёмным закутку зноў пачыналася, спакваля наліваючыся, разбухаючы і зноў ва ўсіх сваіх найвышэйшых тонах ператвараючыся ў душанадрыўнае, доўгае і тонкае ііііііі, якое плыло над гэтым шабасам смерці, як у месе голас святара над спевам храмавага хору.

Усе ўрачы былі на нагах, усе бегалі туды-сюды паміж ложкамі, на якіх чырвоныя апухлыя галовы хворых качаліся, як вялізныя буракі на восеньскім палетку. Усе медсёстры, як служкі-міністранты на дзіўным набажэнстве, мітусіліся ў белых фартухах па палатах з павялічанымі дозамі морфію, дозамі опіюму.

І ўсюды суцяшэнні, супакаенні, усыпленні, паўсюль ін’екцыі какаіну і морфію дзеля суняцця паўсталага хаосу, усюды рассейвалі марныя страхі, на ўсіх ложках выдавалі супакойвальныя дыягназы і прагнозы. Палаты асвятлялі, і на святле, болесці, здавалася, пачыналі адступаць, гаснуць. Енкі і лямант паступова аціхалі, пераходзілі ў ціхія стогны, і мяцеж болю заканчваўся слязьмі, сном і тупым астываннем.

Ёнатан запаў у тупое, глухое атлуменне. Боль адбушаваў і нарэшце задыхнуўся ў апатыі.

Але пасля таго, як боль пакінуў яго, ногі пачалі распухаць, як два вялікія трупы пад сонцам. За нейкія паўгадзіны калені зрабіліся з дзіцячыя галовы, ногі пачарнелі і як усё роўна скамянелі.

Калі на ранішнім абыходзе дзяжурны доктар зайшоў да яго і падняў коўдру, ён убачыў пад перавязкай магутныя пухліны. Ён сказаў разбінтаваць хворага, толькі зірнуў на апухлыя абмерлыя ногі, тройчы пазваніў, і праз некалькі хвілін да ложка падкацілі аперацыйнае крэсла. Двое санітараў паклалі хворага на гэтую спаруду, вывезлі, і палата паўгадзіны заставалася пустою.

Пасля аперацыйнае крэсла падвезлі зноў. На ім ляжаў небарака Ёнатан, бледны, з круглымі вачыма, але ўжо напалавіну меншы, укарочаны. Дзе раней былі ногі, цяпер быў акрываўлены сувой з белых палатнін, з якіх праступала ягонае цела, як тулава экзатычнага боства з расцвілай кветкі. Санітары пераклалі яго на ложак і пакінулі аднаго.
Нейкі час Ёнатан быў зусім адзін, і выпадку было заўгодна зрабіць так, што ў гэтыя кароткія хвіліны ён яшчэ раз пабачыўся са сваёй знаёмай з суседняй палаты.

Дзверы зноў адчыніліся, ён зноў убачыў белы твар. Але ён здаўся Ёнатану чужым, ён ледзь здолеў, успомніўшы, пазнаць яго. Як даўно гэта было, калі ён гутарыў з ёю.

Яна спыталася, як яму.

Ён нічога не адказаў, ён не чуў, але толькі сутаргава паспрабаваў нацягнуць коўдру як мага больш на забінтаваныя абрубкі ног. Яна не павінна бачыць, што ніжэй каленяў у яго была пустата, што ўжо ўсё кончана. Ён саромеўся. Сорам быў адзіным пачуццём, якое яшчэ засталося.

Юная дзяўчына яшчэ раз загаварыла да яго. І зноў не атрымаўшы адказу, адвярнулася.

Увайшла сястра-сядзелка, бязгучна прычыніла дзверы, села з ручным вязаннем на ягоны ложак. І Ёнатана, аглушанага паўторным павевам наркозу, апляла неспакойная паўдрымота.

Яму раптам падалося, быццам шпалеры ў палаце ў некаторых месцах варушацца. Яны як бы злёгку ўздрыгвалі і надзімаліся, быццам за імі нехта стаяў і прыціскаўся да іх, каб разадраць. І вось вам на! – яны раптам разадраліся ўнізе, на падлозе. Быццам куча пацукоў, з-пад іх вывернулася цэлае полчышча маленькіх, драбнюткіх чалавечкаў, якія запоўнілі ўсю палату. Ёнатан толькі дзіву даўся, як магло столькі карлікаў схавацца за шпалерамі. Ён пачаў наракаць на бальнічны беспарадак. Хацеў нават паскардзіцца сваёй вартаўніцы, але калі ўжо быў намерыўся паклікаць яе да свайго ложка, убачыў, што яе няма. І шпалеры раптам усе зніклі, ужо нават і сцен больш не было.

Ён ляжаў у шырокай, велізарнай зале, сцены якое, здавалася, усё далей і далей адступаліся ад яго, пакуль не зніклі за свінцовым гарызонтам. І гэтая пачварна пустая прастора была цалкам запоўненая маленькімі карлікамі, вузкаплечымі, з вялікімі блакітнымі галовамі, як цэлае мора велізарных валошак на гнуткіх сцябельцах. І хоць многія з іх стаялі зусім блізка да яго, Ёнатан не мог пазнаць іх у твар. Калі ён хацеў прыгледзецца бліжэй, іх рысы расплываліся ў суцэльныя блакітныя плямы, якія скакалі перад вачыма. Яму вельмі хацелася ведаць, колькі ім гадоў, але ён не мог як след расчуць свайго голасу. І тут яму раптам падумалася: ты ж глухі, ты больш не можаш нічога чуць.

Перад яго вачыма карлікі пачалі павольна пакручвацца, яны ў такт падымалі і апускалі рукі, і спакваля ўся іх маса прыйшла ў рух. Справа налева, справа налева, забрунжала ў чэрапе. А масы ўсё хутчэй і хутчэй круціліся вакол яго. Яму здавалася, быццам ён сядзіць на вялізным сталёвым дыску, які з пераменнай хуткасцю, але ўсё шпарчэй і шаляней пачынаў раскручваца вакол яго. Закружылася галава, ён хацеў утрымацца, але нічога яму не дапамагала, яго раскручвала і ссоўвала прэч з дыска. Званітавала.

І раптам у адзін міг усё аціхла, усё апусцела, усё запрапалася. Ён ляжаў адзін, голы ў шырокім полі на нечым кшталту насілак-мараў.

Было вельмі холадна, пачало штарміць, неба завалакло чорнай хмарай, падобнай да велізарнага карабля з чорнымі надзьмутымі ветразямі.

Унізе, на краі неба, стаяў нейкі чалавек, захутаны ў шэрыя пялёны, і, хоць стаяў ён вельмі далёка, Ёнатан ведаў, хто ён такі. Ён быў полы, яго вочы залягалі вельмі глыбока. А можа, у яго і зусім не было вачэй?

З другога боку неба ён убачыў жанчыну, альбо, можа, гэта была дзяўчына. Яна здалася яму знаёмай, раз ужо ён яе недзе бачыў, але тое было даўным-даўно. Раптам абедзве фігуры пачалі яму падаваць знакі, яны патрасалі сваімі доўгімі рукавамі, але ён не ведаў, каторае яму мусова трэба слухацца. Калі дзяўчына ўбачыла, што ён не можа рашыцца сысці са сваіх насілак, яна павярнулася і пайшла прэч. І ён толькі ўжо бачыў, як яна доўга адыходзіла на фоне паласатага неба.

Нарэшце далёка-далёка, зусім у самай далечы, яна яшчэ раз спынілася. Яшчэ раз абярнулася. Яшчэ раз кіўнула яму. Але ён не мог устаць, ён гэта ведаў, бо той ззаду, з жудаснай галавой мерцвяка, не дазваляў гэтага. І дзяўчына знікла ў апусцелым небе. А мужчына ззаду падклікаў яго ўсё настойлівей, пагражаў сваім касцістым кулаком. І Ёнатан споўз з насілак і павалокся па палях, па пустэльнях за прымарай, якая ляцела паперадзе яго ўсё далей і далей праз цемру, праз жудаснае цемрыва.

Пераклад з нямецкай – Васіль Сёмуха © 2010

Чытайце таксама

Багуслаў Радзівіл

Багуслаў Радзівіл

Арыстакрат, адзін з самых багатых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, вядомы грамадска-палітычны дзеяч

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Мэцью Грэгары Льюіс

Мэцью Грэгары Льюіс

Ангельскі раманіст і драматург, стаў знакамітым дзякуючы раману “Манах”, напісанаму ў 19 гадоў

Аўром Рэйзен

Аўром Рэйзен

Габрэйскі навэліст, паэт і журналіст.

932