№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргій Жадан

Дынама-Харкаў (Динамо-Харків)

Апавяданне

Пераклад з украінскай Марыя Мартысевіч


Ранняя мудрасць – нібы ранняя цяжарнасць: лёгка даецца, лёгка забываецца. Пры канцы дзевяностых у Харкаве жылі дзве сястры. Здымалі пакой у азербайджанца, якога звалі Гена. Усе думалі, што яны жывуць утраіх, але гэта было не так, паколькі Гена быў гомасэксуалістам, што сярод азербайджанцаў сустракаецца скрайне рэдка па прычыне складанай гісторыі і рэлігійнай асаблівасці рэгіёну. Сёстраў ён называў Зіта і Гіта. Адрозніваў ён іх па валасах: у Зіты яны былі даўгія, у Гіты – кароткія. І вось каханак Гены, трэнер дынамаўскага басейну, прабіў сёстрам абанемент, адзін на дваіх. І яны пачалі хадзіць у басейн па чарзе. Як і варта было чакаць, старэйшая сястра такі паспела ў трэнера-гея закахацца. Але і Гіта таксама паспела. І выйшаў у іх такі сабе любоўны чатырохкутнік. Ці варта казаць, што стасункі развіваліся слаба. Тады сёстры параіліся і вырашылі – няхай пераможа мацнейшая. І пачалі па чарзе прыцягваць да сябе ўвагу трэнера. Але фішка была ў тым, што старэйшая з сёстраў плаваць не ўмела, а малодшая плавала добра і ахвотна гэтым карысталася. Трэнер жа стаяў, абапершыся на фанерныя шчыты з рэкламай алімпійскага камітэту і летуценна сузіраў дзіцячыя галоўкі ў гумавых шапачках. Старэйшая сястра доўга не магла зразумець, чаму ён не звяртае на яе належнай увагі. Спачатку яна абражалася, пасля дэманстратыўна яго ігнаравала, потым адчайна спрабавала забыць і ўсё гэта – трымаючыся за буйкі. І тут да яе дайшло, што насамрэч трэнер яе проста не бачыць, бо, у адрозненне ад сваёй сястры, яна трымаецца так блізка да краю, што яе проста не бачна. І тады яна адважылася на адчайны крок, як сапраўдная закаханая. Адпусціла тросы і канаты і адштурхнулася нагамі ад кахлевай сценкі. Ну, і адразу ж пайшла на дно. Трэнер гэта заўважыў, але ўратаваць не паспеў па той простай прычыне, што, калі яна плавала, ён, як запісана было ў пратаколе, «парушаў тэхніку бяспекі і статут алімпійскага камітэту», іншымі словамі – драчыў. І кінуцца вось так проста ў хлараваную ваду не наважыўся. Хавалі Зіту ўсім спартовым таварыствам. А трэнера звольнілі. Да таго ж, у яго пачаліся праблемы ў асабістым жыцці – як наступства псіхалагічнага стрэсу. Ён пайшоў да псіхіятра. Расказаў яму ўсё – і пра басейн, і пра парушэнне тэхнікі бяспекі.

Нават не ведаю, ад чаго вас лячыць, – прызнаўся доктар. Там, у псіхіятра, трэнер пазнаёміўся з дзіўным пацыентам – мастаком-афармляльнікам, які быў сталым кліентам і якога псіхіятр старанна пазбягаў. Мастак расказаў яму сваю гісторыю. Пару месяцаў таму ён пазнаёміўся з жанчынай. Было ёй гадоў трыццаць, выглядала яна эфектна, хоць паводзілася стрымана. Выявілася, што працуе яна ў пратэстанцкай школе, мэнэджэрам па сувязях з грамадскасцю. Мастак адразу з падкаціўся да яе і прапанаваў сустрэцца, ціснучы на ўсялякія хрысціянскія пачуцці, у прыватнасці, на пачуццё ўсёдаравання. Мэнэджэрка яго адшыла. Мастак падумаў, што такую жанчыну трэба здзівіць эфектным учынкам. Пайшоў дадому і паспрабаваў атруціцца газам. Суседзі выклікалі аварыйную службу і памылкова – пажарных. Пажарныя залілі два паверхі вадой і з пачуццём усёдаравання паехалі па дамах. Прыйшлі прадстаўнікі жэку і пачалі патрабаваць, каб мастак аплаціў рамонт. Хтосьці параіў яму звярнуцца да псіхіятра і выбіць з яго даведку, якая б пацвердзіла, што ён труціў народ газам у стане псіхічнага афекту і без злога намеру. Цяпер доктар хаваўся ад яго, і ў прыймовым пакоі збіраліся даўгія чэргі. Зрэшты, мастак зноў пайшоў да мэнэджэркі, вырашыўшы націснуць на пачуццё сацыяльнай справядлівасці. Пратэстанты прынялі яго як блуднага сына і замовілі яму вялікае пано ў спартовай залі сваёй школы. Мастак замову ахвотна прыняў і з ходу паспрабаваў падкаціцца да мэнэджэркі па сувязях з грамадскасцю, падпільнаваўшы яе ў працоўным кабінеце і заваліўшы проста на прынятыя факсы. Мэнэджэрка яго раз’юшана выштурхала і параіла заняцца грамадска карыснай працай дзеля Госпада нашага. Больш за тое, зняважаны мастак пачаў заўважаць, што яго каханая мае дзіўныя стасункі з айцом-дырэктарам, старым добрым пастарам, якому было ўжо гадоў семдзесят і якога ў царкву прывозілі на інвалідным вазку. Тады мастак вырашыў націснуць на маральна-валявыя якасці і зноў заваліўся ў кабінет мэнэджэркі. Тая расплакалася, сказала, што гэта трагедыя ўсяго яе жыцця, што яна сама ўсведамляе ўсю двухсэнсоўнасць свайго становішча і пачуваецца, нібы Марыя Магдалена – ні больш, ні менш, і што гарэць ёй, у выніку, у геене вогненай, але яна кахае старога і просіць пакінуць яе ў спакоі. Мастак паспрабаваў зноў яе заваліць, але яна заехала яму каленам у жывот, і ён быў вымушаны вярнуцца да выканання непасрэдных абавязкаў. Такую жанчыну трэба здзіўляць парадаксальнасцю мыслення, падумаў ён. І ўзяўся за працу. Згодна з агульнай ідэяй, на пано мастак мусіў выявіць алегарычныя фігуры, якія з Божай дапамогай меліся прапагандаваць здаровы лад жыцця – без сэксу і наркотыкаў. Але пасля сваркі ў кабінеце мэнэджэркі мастак вырашыў ціснуць на пачуццё раскаяння, таму ён выявіў сярод трэнажэраў стылізаваную пад працы старых італьянцаў сцэну ўкрыжавання. Ісус на пано быў падобны да гімнаста, Марыя з вучнямі нагадвалі сябраў журы, якія стаялі збоку і падлічвалі атрыманыя спартоўцам балы. У кутку, самотны і ўсімі забыты, у чымсьці накшталт інваліднага крэсла, сядзеў Юда, падобны да састарэлага гімнаста, які свайго часу перабраў з транкамі і не прайшоў допінг-кантроль. Неба над Галгофай было падсвечанае жоўта-зялёна-чырвонымі растафарыянскімі водбліскамі, што паводле задумы мастака мусіла сімвалізаваць трыадзінасць Божага пачатку. Мэнэджэрка, пабачыўшы працу, вырашыла судзіцца і выклікала адваката. А айцец-дырэктар памёр за пару дзён ад прастуды, так і не пабачыўшы новага пано. Хавалі яго ўсёй школай. На хаўтурах мастак напіўся і палемізаваў са святымі айцамі пра святую тройцу. Адвакат – жанчынка гадоў сарака, з канкрэтнымі поглядамі на жыццё і крывымі пазногцямі, прыйшла ў спортзалю і доўга разглядала пано. Сказала, што ёй падабаецца дамінаванне зялёнага.

Там, у спортзалі, яе знайшоў адзін з вучняў школы – Стасік, які выпас яе яшчэ на могілках, а цяпер усё спрабаваў да яе падкаціцца і пра нешта распытаць. Гэта быў ціхі, дзіўны вучань – баскетбаліст і летуценнік, худы, з нервовым бляскам у вачах і гарачым жарам у сэрцы. Адным словам – тыповы баскетбаліст. Высачыўшы жанчыну, ён нарэшце адважыўся і непрыкметна зайшоў у залю, прымкнуўшы за сабой дзверы. Жанчына адразу заўважыла яго, але зрабіла выгляд, што ўсё ў парадку. І далей разглядала пано. Ён падышоў і, скрайне нервуючыся, прыціснуўся да яе, а потым пачаў асцярожна і няўмела сцягваць з яе вопратку. Спачатку сцягнуў скураную марынарку, потым блузку, потым так доўга разбіраўся з бюстгальтарам, што яна ўся завялася. Ну што ж ты, думала, што за срань Гасподня, але ўрэшце яму гэта ўдалося, бюстгальтар паляцеў на паркет, і толькі тут яна павярнулася і кінулася на яго, як ільвіца. Але кідацца ўжо не было на што – Стасік сваю порцыю радасці паспеў атрымаць, і цяпер адно ніякавата разводзіў рукамі. І нагамі. Са школы яны пайшлі разам. Жанчына-адвакат прасіла на людзях называць яе цёця Насця, прымушала рабіць розныя жахлівыя рэчы і даручала яму разрульваць справы са сваімі дылерамі. За некалькі дзён Стасік ведаў ужо ўсіх дахадзягаў гораду, якія пастаўлялі цёці Насці наркотыкі рознай ступені цяжкасці. Стасік лёгка разумеўся з імі, заставаўся на некалькі дзён як застава, пакуль цёця Насця не знаходзіла бабкі, прыходзіла па яго, чапляла яму на шыю аброжак і вяла да сябе ў кватэру займацца жахлівымі рэчамі. У сябе дома Стасік сказаў усім, што ў яго пачаліся семінары, і ён з аднакласнікамі займаецца хіміяй. Па-свойму гэта было праўдай. Часам іх ахоплівала дзіўная жарсць і трывога. Аднойчы цёця Насця прыклацнула яго кайданкамі да батарэі, і яны ўсю ноч цалаваліся, а калі зранку ёй стала кепска ад выпітага шампанскага і яна пабегла ў прыбіральню бляваць, ключ ад кайданкоў упаў у ваду і знік у вірлівых хвалях. Цёця Насця перавяла подых і вярнулася назад, цалавацца. Яна карміла яго, прыкутага да батарэі, сухой кітайскай лапшой і падавала пустыя пляшкі з-пад шампанскага, каб ён мог адліць. На трэці дзень лапша скончылася, і яны выклікалі слесара. Пасля гэтага цёця Насця паехала ў камандзіроўку, а Стасіка пасля ўрокаў залавілі крэдыторы і забралі ў яго мабільнік, ключы ад кватэры адвакатшы ды кішаньковыя грошы, якія цёця Насця пакінула яму на школьныя сняданкі. Стасік пайшоў прасіць парады ў мамы.

Мама яго, старая акторка лялькавага тэатра, выслухала ўсё спакойна і цярпліва. Стасік быў познім дзіцёнкам, хоць і не скажаш, што надта любімым. Ах, як гэта цудоўна, – сказала мама-акторка, хутаючыся ў стракаты кітайскі халат, – вось ты, Стасічак, і стаў мужчынам. Нам, – сказала мама, – даўно час пра гэта пагаварыць. Вось возьмем, напрыклад, мяне, – пачала яна здалёк. – Сам тэатр для мяне – гэта больш за жыццё, гэта мая жарсць. Ты ж ведаеш, я занятая адразу ў пяці спектаклях, прычым у абодвух складах. А гэта ўсё нервы, нервы! Мама Стасіка грала пераважна пазітыўных герояў – хамячкоў, зайчыкаў, і выдру-пярэваратня. І вось ты ведаеш, сказала яна, у мяне з’явіўся дзіўны прыхільнік. Ён, Стасічак, піша мне лісты. Але нейкія такія дзіўныя, вось, паглядзі. І яна паказала Стасіку пачак лістоў. Выявілася, што старой ужо некалькі месяцаў пісаў нейкі маньяк. Лісты былі блытаныя і даўгія, невядомы то называў выканаўцу ролі выдры-пярэваратня «сваёй Марлен», то пагражаў адрэзаць ёй галаву, то ўстаўляў разгорнутыя агляды на спектаклі лялькавага тэатра, то дасылаў адксераныя выцінкі з падручніка анатоміі, на якім былі выяўленыя ўнутраныя органы чалавека. Вось тут, скардзілася мама, Стасічак, вось тутака, ніяк не магу зразумець, куды ён мяне хоча? Ах, Стасічка, – працягвала яна летуценна, – я баюся, што аднойчы, калі вып’ю снатворнае, ён са мною такое зробіць... Мама, – сказаў на гэта Стасік, – гэта ўсё вельмі сур’ёзна. Ты не спрабавала яго вылічыць? Ну як жа ты яго вылічыш, – занервавала мама, да нас на кожны спектакль прыходзяць сотні гледачоў. Наступным вечарам яны пайшлі ў тэатр разам. Мама зачынілася ў грымёрцы, а Стасік знайшоў месца ў заднім шэрагу і пачаў разглядаць публіку. Нарэшце спектакль пачаўся. Напаўцёмная заля была поўная дзецьмі малодшага школьнага веку. На дзіцячым фоне крыху нязграбна выглядаў саракагадовы мужык – з пузам, шчэццю і наколкамі на пальцах. І праўда, – падумаў Стасік, – як ты яго тут вылічыш. Пасля спектаклю выявілася, што ў прымы, проста з грымёркі, пакралі ўстаўную сківіцу. Мама месца сабе не знаходзіла і бяззуба шамкала ротам. Праз пару дзён невядомы сківіцу вярнуў, праўда, без двух зубоў. У суправаджальным лісце ён працягваў называць старую «сваёй Марлен», пісаў пра дзіўную форму яе іклаў, потым збіваўся на агляд апошняга спектаклю, пісаў пра мастацка-стылістычныя асаблівасці вобразу выдры-пярэваратня, а пад канец запрашаў акторку на спатканне. Пісаў, што будзе чакаць яе ў суботу каля помніка Горкаму. Стасік параіў маме не хадзіць. Мама, якая цяпер не вымаўляла шыпячых, са Стасікам пагадзілася.

Ён прыйшоў на дзве гадзіны раней. Моцна нерваваўся. Хадзіў вакол помніка, час ад часу адыходзячыся ўбок. Прайшло паўгадзіны. Потым яшчэ паў. Потым яшчэ. Зразумела было, што яна не прыйдзе. Мужык купіў пламбір і пайшоў у парк. Марозіва таяла і сцякала па пальцах. Ён злізваў яго, праводзячы языком па наколках – усіх гэтых котках, сэрцах, прабітых стрэламі, і сонцы, якое танула ў хвалях Балтыкі. Доўга блукаў па дарожках. Потым пайшоў назад – на святло. Выйшаў да будкі ціру. Пачуліся нейкія крыкі. А ў будцы адбывалася такое.

Уласнік будкі – стары добры тырчок, якога ўсе лічылі пазітыўным таварышам, запрасіў у госці свайго даўняга вайсковага сябра, які, у адрозненне ад уласніка будкі, пра пазітыў асабліва не клапаціўся, праз што меў у сябе на працы, у брыгадзе праваднікоў фірмовага маскоўскага цягніка, рэпутацыю бабніка і мудазвона. І вось даўнія сябры сабраліся, дунулі і пачалі згадваць залатыя дзянькі вайсковай службы. Згадалі старшыну-сучару, сто дзён да загаду, нарады па кухні, іншыя гераічныя эпізоды прахаджэння службы ў будбаце пад Жмерынкай. Вырашылі яшчэ дунуць і пастраляць. І вось калі яны ўжо стаялі і спрабавалі разгледзець у сінім гашышным дыме ўсіх гэтых металічных аленяў ды белых мядзведзяў, у цір увайшоў бізнэсоўца з «крутых», непрыкметнага выгляду, з п’янай цёлкай цераз плячо. Кінуў цёлку на крэслы, абвёў цяжкім поглядам памяшканне ціру і спыніўся на пазітыўным тарчку. Тарчок напружыўся. Яго сябру таксама варта было б у гэты момант напружыцца, але ён ужо ўбачыў фарбаваную цёлку, якая валялася на крэслах, і ў ім прачнуліся інстынкты. І ён пацікавіўся, ці яго, «крутога», вучыў хто-небудзь, як належыць абыходзіцца з дамамі (дама ў гэты момант перавярнулася на бок і звалілася з крэслаў на падлогу), і што калі трэба, то ён, стары дэсантнік, гатовы даць урокі выхавання і начысціць ябальнік каму трэба. «Круты» завёўся. І дэсантнік-будбатавец таксама завёўся. І толькі фарбаваная дама ляжала на падлозе, і недапалкі блыталіся ў яе фарбаваных кудзерах, як зоркі ў траве. Але перш чым мужчыны сышліся ў двубоі і пачалі біць адзін аднаму фізіяноміі, гаспадар будкі паспрабаваў іх развесці. Ён сказаў так: сапраўдны дэсантнік ніколі не будзе біцца ў памяшканні, якое з’яўляецца камунальнай уласнасцю. Ты ж сапраўдны дэсантнік? – спытаўся ён у аднапалчаніна. Сапраўдны, – адказаў той не вагаючыся. – І я, я таксама сапраўдны, – раптам сказаў «круты». А за Надзьку, – дадаў ён, – я вам галовы паадкручваю. Вырашылі яны ісці ў парк. З сабой ўзялі дзве ваздушкі. «Круты» закінуў на плячо фарбаваную Надзьку, і надапалкі з яе кудзераў пасыпаліся ў пясок, нібы хрушчы. За будкай яны знайшлі мужыка з марозівам і папрасілі быць сведкам. Знайшлі паляну. Давайце так, – крыкнуў уласнік зброі, – разыходзьцеся на дзесяць крокаў і страляйце. Бізнэсовец адышоў, скінуў з пляча баявую сяброўку і прытуліў яе да хвоі. Узяўся за ваздушку і рашучым рухам разламаў яе, каб набіць. Ваздушка трэснула напалам, нібы чарацінка. «Круты» разгублена паглядзеў на суперніка. Ну што ж, сказаў дэсантнік, цяпер мая чарга, я-та ўжо за гонар дамы пастаю. Ускінуў ружжо і бабахнуў. Куля трапіла ў прытуленую да хвоі цёлку і выбіла ёй зуб. Цёлка завалілася ў пясок. Усе падбеглі да яе. «Круты» трэс і прыпадаў да яе грудзей. Потым разрыдаўся. Толькі не памірай, – крычаў ён, – Надзюха, толькі жыві. А за мной не стане! Разарваў на сабе кашулю і пачаў бінтаваць рану. Перамотаная галава Надзюхі была падобная да капусты. А «круты» разышоўся і пагражаў выклікаць міліцыю, калі сябры-тырчкі не паставяць яго сяброўцы якую-небудзь фіксу, гаварыў, што не для таго ён любіць яе і плаціць ёй, між іншага, вялікія грошы, каб розныя ўябланы выбівалі ёй ваздушкай пярэднія зубы. Што ж рабіць, – запанікавалі сябры, – што ж рабіць? Можа, дабіць яе? – пачалі яны ціха раіцца між сабою. Але тут слова ўзяў мужык з марозівам. Пачакайце, – сказаў ён, – у мяне брат стаматолаг. Я яму нядаўна сківіцу прыносіў, дык ён яе так заштопаў, як новая стала. Усе адразу ўхапіліся за гэтага брата-стаматолага, закінулі на плечы параненую Надзюху і паляцелі на выхад з парку, мінуючы задуменную постаць пісьменніка Горкага.

Брат-стаматолаг упусціў іх у кватэру, правёў на кухню і ўважліва выслухаў. Потым зрабіў Надзюсе ўкол і прыклаў на месца выбітага зуба ватку. Без праблемаў, – сказаў, – устаўлю ўсё што хочаце. Толькі зуб нясіце. Дык дзе ж мы яго возьмем? – занервавалі сябры-тырчкі. Выбіце ў каго-небудзь, – параіў стаматолаг. Тырчкі асцярожна паглядзелі на «крутога», які зіхцеў у электрычным асвятленні сваімі залатымі каронкамі. У мяне нельга, – запратэставаў той, – у мяне карыес, баюся, і Надзюсе перадасца. Брат, сказаў мужык з марозівам, – ты ж ведаеш каналы. Прабі. Гэта харошыя людзі. Добра, – сказаў стаматолаг, – купіце золата, аднясіце Івану Іванавічу – ён усё зробіць. Золата лепей купіць у азербайджанцаў. – Дык дзе мы цяпер азербайджанцаў знойдзем? – абразіліся сябры і зноў непрыязна паглядзелі ў рот «крутому». Брат, – зноў папрасіў мужык, – прабі. Стаматолаг, лаючыся, дастаў мабілку і пачаў прабіваць азербайджанцаў. Урэшце патэлефанаваў колішняму аднакурсніку, які працаваў псіхіятрам. Паслухай, сказаў, у вас там публіка інтэлігентная, псіхі розныя, дапамажы знайсці якога-небудзь азербайджанца. Сябар падумаў і даў ім нумар знаёмага мастака, які другі месяц запар сімуляваў нервовы разлад. Патэлефанавалі мастаку. Мастак падумаў і праз пару хвілінаў скінуў смскай тэлефон знаёмага трэнера, які мог дапамагчы. Патэлефанавалі трэнеру. Трэнер сказаў, што ў яго дэпрэсія, што ён ні з кім не хоча размаўляць, але выслухаўшы аповед «крутога» пра Надзюху і трагічнае каханне, расхваляваўся і надыктаваў нумар свайго былога прыяцеля, старога знаёмага, якога звалі Гена і які быў азербайджанцам. Сябры падзякавалі, патэлефанавалі Гену і спыталіся, ці можа ён прадаць ім золата. Гена здзівіўся, але сказаў, што можа, хоць і няшмат. Забіліся сустрэцца на трамвайным прыпынку каля яго дома. Тырчкі падзякавалі стаматолагу, узялі ў яго на ўсялякі выпадак нумар Івана Іванавіча і абяцалі заўтра зайсці. На прыпынак Гена прыйшоў з каротка пастрыжанай дзяўчынай. Ну, сказаў, золатам я ўвогуле не гандлюю, але магу прадаць вам лыжку. І выцягнуў з кішэні лыжачку да гарбаты. Сябры патаўкліся-патаўкліся і вырашылі купляць. А купіўшы, пачалі вызвоньваць загадкавага Івана Іванавіча.

Слухаўку ўзяла нейкая дзяўчына і сказала, што Івана Іванавіча няма, што яго забрала міліцыя, і калі ён будзе – не ведае ніхто. І тут сябры-тырчкі разгубіліся. А сталася вось што. Іван Іванавіч – ювелір і кантрабандыст, усё сваё свядомае жыццё пражыў на вуліцы Маякоўскага, у двары малочнай крамы, там дзе быў разліў. І ўсё сваё свядомае жыццё пакутаваў ад таго, што мужыкі з разліву ўвесь час хадзілі пад яго вокны адліць. Ён пагражаў ім, спускаў на іх сабаку, ліў ваду. Літаральна напярэдадні ён не вытрымаў і пабіў двух афіцэраў-пажарных. Афіцэры выклікалі міліцыю. Міліцыя прыехала і, не разабраўшыся, што да чаго, забрала ўсіх, у тым ліку Івана Іванавіча. Зацягнула іх у Кіеўскі РАУС і замкнула на ноч. Афіцэры выглядалі кантрасна, нібы душ, – адзін быў таўстазады, другі – шчуплы, але п’яныя былі абодва. Іх і хацелі адпусціць, але яны не маглі ісці, таму дзяжурныя пакінулі іх да раніцы. Іван Іванавіч быў спрабаваў з пажарнымі сварыцца, але тыя не рэагавалі, таму стары кантрабандыст супакоіўся і падсеў да мяне. А потым расказаў мне сваю гісторыю. Жыў ён на вуліцы Маякоўскага з унучкай Машай у адным пакоі. Спалі яны ў адным ложку, бо месца для другога ў пакоі не было. Ставіўся ён да ўнучкі далікатна, але сваёй прысутнасцю ў ложку, безумоўна, прыгнячаў яе сэксуальнае развіццё. Ён і сам гэта прызнаваў. Што між імі было, я да канца не зразумеў, але з мужчынамі Маша не сустракалася і расла хоць і добра развітай фізічна, але замкнёнай дзяўчынкай. А было ёй ужо дзевятнаццаць. У яе былі даўгія валасы і пяшчотная скура. А на лытцы была зробленая татуіроўка ў выглядзе мятліка. Улетку, калі яна загарала, расказваў Іван Іванавіч, мятлік цямнеў і амаль знікаў. А зімой, калі скура была бледнай і ўражлівай, лініі малюнка праступалі воста і рэзка, нібы атрамант на ксеракснай паперы. І вось Іван Іванавіч моцна ўсім гэтым заганяўся і не ведаў, што рабіць, бо ўнучку любіў і хацеў забяспечыць ёй паўнавартасную шчаслівую будучыню. Але тут па мяне прыйшоў дзяжурны. Зрэшты, я і не здзівіўся. Узялі мяне ва ўласным пад’ездзе падчас аблавы, якую праводзілі ў межах месячніка барацьбы з алкагалізмам і наркаманіяй. Я ратаваў ім план. Пратрымаўшы мяне пару гадзінаў, дзяжурныя вырашылі, што танней будзе мяне адпусціць. Ужо калі я выходзіў, Іван Іванавіч працягваў крычаць. Глаўнае, паэт, – крычаў ён мне, – пішы пра жэншчын. Уся наша жызнь – жэншчыны. Ды замоўкні ты, – перабіў яго шчуплы афіцэр. Пайшоў на хуй, – адказаў яму Іван Іванавіч, – толькі пра жэншчын! – павярнуўся ён зноў да мяне, – запомні, паэт! І сказаўшы гэта, улёгся на плячо шчуплага – дасыпаць.

Наступным ранкам яго выпусцілі, разам з афіцэрамі. А праз пару тыдняў Маша сустрэла сябра дзяцінства, Арнольда, які вярнуўся з Нямеччыны, куды некалькі гадоў таму выехаў у габрэйскую эміграцыю. Маша доўга яго разглядала. Арнольд насіў дрэды і прадаваў музыку. Што я ведаю пра габрэяў? – падумала Маша. Яна ведала, што габрэяў пераследавалі ў сярэднявеччы, а ў савецкім кінематографе яны гралі іншаземцаў, бо так ці іначай сапраўды былі іншаземцамі. Яшчэ праз пару тыдняў яны ажаніліся. Жыў Арнольд на паверх вышэй, і цяпер уночы, калі яны кахаліся, а потым Маша ўставала і бегла на кухню папіць вады, Іван Іванавіч чуў, як яе пяткі стукаюць па драўлянай падлозе. Неўзабаве ў іх нарадзілася дачка. У іх была дзіўная, вясёлая сям’я. Яны часта сварыліся, потым кахаліся, разам гулялі з дачкой, разам слухалі бі-боп і іншыя запісы, якія Арнольд прыносіў дадому, спалі ўтраіх у адным ложку, яна насіла яго вопратку, ён рамантаваў яе абутак, яны тыднямі прападалі, потым вярталіся, і памяшканне зноў напаўнялася іх смехам і стогнамі. Большасць людзей, – сказаў ёй аднойчы Арнольд, – самотныя і безабаронныя. Яны хапаюцца адно за аднаго, трымаюцца, прывязваюцца адно да аднаго, замінаюць адно аднаму жыць. І ўсё таму, што самі разумеюць выпадковасць і ўмоўнасць сваіх стасункаў. Большасць людзей і жывуць разам выпадкова, яны ад пачатку пераконваюць сябе, што мусяць быць разам, а потым доўга-доўга пакутуюць. І ніякі досвед тут не дапаможа. Досвед не дае табе нічога, ён, хутчэй, чагосьці цябе пазбаўляе, скажам, ілюзіяў. Людзі шмат гавораць пра свае пачуцці, аднак у большасці выпадкаў нават не ведаюць, якога колеру вочы ў таго, з кім яны спяць. Праз год яны ў чарговы раз пасварыліся і разышліся. Але хутка памірыліся і працягваюць жыць разам, таму што кахаюць адно аднаго, а ўсё астатняе, па вялікім рахунку, мала каго хвалюе.


© Сергій Жадан, 2009.

Пераклад з украінскай – Марыя Мартысевіч © 2009

Чытайце таксама

Ян Лехань

Ян Лехань

Ппольскі паэт, літаратурны і тэатральны крытык

Юрый Вінічук

Юрый Вінічук

Украінскі пісьменнік, журналіст, містыфікатар, укладальнік анталогіі гатычнай літаратуры

Аляксандр Чак

Аляксандр Чак

Аляксандр Чак (сапраўднае імя – Аляксандр Чадарайніс) – латышскі паэт і празаік, якога лічаць пачынальнікам урбаністычнай паэзіі ў Латвіі

Хорас Ўолпал

Хорас Ўолпал

1189