№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Тадэвуш Бароўскі

Вячэра (Kolacja)

Пераклад з польскай Уладзь Лянкевіч


Мы ўсе цярпліва чакалі, пакуль цалкам сцямнее. Сонца зайшло ўжо глыбока за пагоркі, на свежаўзараныя схілы і даліны, пакрытыя месцамі брудным снегам, клаліся ўсё гусцейшыя цені ў малочным вечаровым тумане, але на абвіслым, набраклым дажджавымі хмарамі жываце неба яшчэ блукалі дзе-нідзе ружовыя палосы заходу. Насычаны пахам размоклай, скіслай глебы, парывісты і цёмны вецер гнаў перад сабой ускудлачаныя аблокі і, як ледзяное вастрыё, пранікаў ажно ў самае нутро; адзінокі кавалак толю, надарваны моцным парывам, аднастайна клякатаў на даху. З лугоў веяла свежым, але пранізлівым холадам, у далечыні грукаталі па рэйках колы вагонаў і стагналі паравозы. Надыходзілі вільготныя прыцемкі, голад даймаў усё больш і больш, рух на шашы паціху заміраў. Усё радзей вецер прыносіў адтуль абрыўкі размоваў, пакрыкванні возчыкаў, адрывісты грукат калёсаў, запрэжаных каровамі, што ляніва шэрхалі капытамі па сцежцы ў шлаку. Аддаляўся стукат драўляных чаравікаў па асфальце і сціхаў гартанны смех вясковых дзяўчат, якія весела цягнуліся ў мястэчка на суботнія танцы.

Нарэшце змрок згусціўся як мае быць і пачаў кропаць рэдкі дождж. Фіялетавыя лямпы, што гайдаліся на высокіх слупах, кідалі цьмянае святло на чорнае зблытанае голле прыдарожных дрэваў, на маленькія зіхоткія дахі вартавых будак, на апусцелую дарогу, бліскучую, як мокры рэмень; салдаты прамаршыравалі пад іх зіхаценнем, зніклі ў цемры, усё бліжэй і бліжэй было чуваць хруст жвіру пад нагамі.

Тады шафёр каменданта пусціў на праход паміж баракамі прыплюснуты, заслонены дымаадводным каўпаком струмень пражэктара, і блокавыя [1] вывелі з умывальні дваццаць рускіх, апранутых у паласатае, з рукамі, звязанымі за спінай калючым дротам, і правялі іх па вале; іх паставілі на камень лагернай вуліцы бокам да натоўпу, які з непакрытымі галовамі стаяў нерухома ўжо шмат гадзін, маўкліва трываючы голад. Аблітыя вострым бляскам целы расейцаў зліліся як бы ў адзін кавалак мяса, накрыты цікам і пакрыты ценем; кожная складка, выпукласць і зморшчына іхняй адзежы; патрэсканыя падэшвы зношанага абутку; сцясаныя набойкі; засохлыя камячкі гліны па краях штаноў; тоўстыя швы ў шагавым зрэзе; белыя ніткі ў сініх палосках ціку, звіслыя шматкі седлішчаў, напружаныя рукі са збялелымі пальцамі, скурчанымі ад болю, з кроплямі застыглай крыві ў сушчэпах; напятыя сухажыллі на згінах, дзе скура пасінела ад уціснутага ў яе заржавелага дроту; голыя локці, ненатуральна сцягнутыя адзін да аднаго другім дротам, вытыркаліся ў цемры выразна, нібы замёрзлыя; спіны і галовы рускіх расплываліся ў змроку, толькі каркі, крыху бялейшыя, бо паголеныя, святлелі з-за каўняроў куртак. Выцягнутыя цені гэтых людзей ляжалі на дарозе, на калючым дроце, што пабліскваў кропелькамі расы і губляўся на схіле пагорка, парослага рэдкім, засохлым, сухім, шапаткім чаротам.

Камендант, сіваваты загарэлы афіцэр, які спецыяльна на гэты вечар прыехаў з горада ў лагер, стомленым, але энэргічным крокам прайшоў праз туманнае святло, і, спыніўшыся збоку, сказаў, што абодва шэрагі рускіх знаходзяцца на належнай адлегласці адзін ад аднаго. Цяпер справа пайшла хутка, аднак не так хутка, як бы таго хацела скалелае цела і галодны страўнік, які семнаццаць гадзін чакае паўлітры напэўна яшчэ цеплаватай поліўкі, што стаіць у катлах у бараку. – Не думайце, што гэта проста так! – крыкнуў маладзенькі стараста лагеру [2], які высунуўся з-за каменданта. Адна рука яго была закладзеная за штрыфель чорнай начальніцкай курткі, пашытай роўна па фігуры, у другой ён трымаў бізун, якім рытмічна сцёбаў па халявах ботаў.

– Гэтыя людзі – яны злачынцы. Я не павінен вам расказваць, што да чаго. Камуністы, ясна? Гер камендант мне загадаў перакласці, што яны будуць узорна пакараныя, як кажа гер камендант... Ну, хлопцы, я вам раю, глядзіце, ясна?

Los, los, мы спяшаемся, – напаўголасу сказаў камендант афіцэру ў расшпіленым плашчы і абаперся сцягном на крыло маленькай “шкоды”, ляніва сцягваючы з рукі пальчатку.

– Гэта не доўга, – адказаў паручнік у расшпіленым плашчы. Ён грэбліва махнуў рукой і ўсміхнуўся куточкам вуснаў.

Ja, а ўвесь лагер будзе зноў пазбаўлены абеду, – крыкнуў маладзенькі стараста. – Блокавыя аднясуць поліўку на кухню і калі хоць літру не будзе хапаць, я вам не хаплю, ясна, хлопцы?

Па натоўпе прайшоў глыбокі ўздых. Павольна, павольна заднія шэрагі пачалі падсоўвацца наперад, на дарозе зрабілася цесна, і прыемнае цяпло разлілося ад спінаў, сагрэтых сагнанымі ў кучу, гатовымі рушыць людзьмі.

Камендант кіўнуў галавой і з-за ягонай машынкі гужком выйшлі эсэсаўцы з вінтоўкамі наперавес, яны ўмела сталі за рускімі, кожны за сваім. Па іх і не скажаш, што яны вярнуліся адначасова з намі, яны паспелі пад'есці і апрануцца ў святочныя, толькі-толькі адпрасаваныя мундзіры і нават зрабіць сабе манікюр; яны сціскалі пальцамі прыклады, і кроў ружовіла роўненька пастрыжаныя пазногці; відавочна ездзілі ў мястэчка павесяліцца з дзяўчатамі. Яны з хрустам узвялі куркі, узялі зброю на плячо і прыставілі рулі да паголеных каркаў расейцаў:

Achtung, bereit, Feuer! – сказаў камендант не павышаючы голасу, бразнулі вінтоўкі, салдаты адскочылі на крок назад, каб іх не запырскалі раструшчаныя галовы. Расейцы захісталіся на нагах і, як цяжкія мяхі, чмякнуліся на камяні, абляпляючы іх крывёй і кавалкамі размажджэраных мазгоў. Закінуўшы вінтоўкі за спіну, салдаты хутка пайшлі ў вартоўню, трупы часова адцягнулі пад дрот, камендант у суправаджэнні світы сеў у “шкоду”, якая, пыхкаючы клубамі дыму, задам пад'ехала да брамы.

Сіваваты загарэлы камендант паспеў спакойна з'ехаць, маўклівы натоўп, які напіраў усё настойлівей на дарогу, выбухнуў змрочным шумам, рынуўся лавінай да акрываўленых камянёў, пракаціўся па іх з крыкам і гнаны палкамі блокавых і штубовых [3], скліканых з усяго лагеру, прыгнуўшыся, рассыпаўся па бараках. Я стаяў крыху збоку ад месца экзекуцыі і не мог туды прадрацца, але калі на заўтра нас ізноў выгналі на работы, габрэй-“мусульманін” [4] з Эстоніі, які разам са мной насіў трубы, цэлы дзень заўзята мяне пераконваў, нібыта чалавечыя мазгі сапраўды былі такія далікатныя, што іх можна было есці непрыгатаванымі, зусім сырымі.



Каментар

[1] Блокавы – стараста барака.
[2] Стараста лагеру (Lagerältester) прызначаўся з вязняў, ім мог быць толькі немец (часцей крымінальны злачынец).
[3] Штубовы – вязень, які прыбіраў памяшканне або прыслужваў старастам і іншым “промінентам” (прывілеяваным вязням, пераважна крымінальным).
[4] “Мусульманамі” ў канцлагерах называлі непрывілеяваных, шараговых вязняў.

Пераклад з польскай – Уладзь Лянкевіч © 2013

Чытайце таксама

Гюнхільд Эехаўг

Гюнхільд Эехаўг

Нарвежская пісьменніца, паэтка і выкладчыца.

Гілберт Кіт Чэстэртан

Гілберт Кіт Чэстэртан

Ангельскі празаік, паэт і эсэіст

Лінда Клакен

Лінда Клакен

Нарвежская пісьменніца і журналістка.

Оскар Мілаш

Оскар Мілаш

Французскі паэт і літоўскі дыпламат, дзядзька Чэслава Мілаша

1081