№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вацлаў Граб’е

Блюз для блазнаватай дзяўчыны

Вершы

Пераклад з чэшскай Сяргей Сматрычэнка

Пралог

(Prolog)

Спадарове
вечна грэблівыя ды скептычныя
што смуткам сваім круціце хвост
а жыццё ўжо вывучылі назубок
як вершы сваіх мажорных сяброў
папярэджваю вас
          гэта не тост
за ваша здароўе нардычнае
Сутэнёры паэзіі
Метафараў дэгустатары
Тое што я сервірую
зусім не для вас
Яно для сапраўдных людзей якіх я пазнаў
           і толькі для іх я цяпер тут
                  блазную
Гэты верш для Пятра
           рабочага
                  які рыдлёўкай мяне навучыў
                          варочаць
і дзяліцца хлебам ды цыгарэтамі
Ён для дзеда
                  сацдэма
што нават у смерці не быў богабойны
У памяць пра цётку маю
якая сем год чакала
                  нядрэмна
калі вернецца муж з бязлітаснай бойні
Для ўкраінца каторы абвесціў што досыць
                             ужо было войнаў
Для адной блазнаватай дзяўчыны дзеля якой я навучыўся
                                     йграць джаз
туляцца начамі быць кплівым і мройным
Для бетоншчыка Альбертына          Як сёння бачу яго анфас
ён кажа: “З дзеўкай, калі не кахаеш, ніколі не спі”
Для Маэстра з “Рыбарны” каторы спазнаў Парыж
Жазэфіну Бэйкер
і адчайна галодныя дні
Для Майлза Дэвіса за той вечар калі я пачуў трубу і здранцвеў
пры першым гуку
Для кіяскёра які мне ў спякоце поўдня працягнуў ліманад: “На, глыні!”
і не шкадаваў карапузам ірысак
Для той кабеты дзяцінства якой прайшло ў Равенсбруку
для яе заўчасных маршчын
Для знаёмца майго мастака і музаў яго фігурыстак
у чорным флёры
Для тых рабочых што брукавалі завулак насупраць дому
найпрыгажэйшай з жанчын
І для сляпога са стосам газет “Вячэрняя Прага” каля “Светазора”
Для смяшлівых дзяўчат якія ў вінарні чарльстон танцавалі штовечар
Для бязрукага Карла гішпанскай вайны героя
Для Паркера ды Мадыльяні – абодва памерлі недзе ў галечы
Для камрада Фідэля каторы сказаў: “Дэмакратыя значыць
                                   раздаць народу зброю”
Для чырвонаармейца забітага ў нас 10 мая
                                   тысяча дзевяцьсот сорак пятага года
і для дзяўчыны з русай касой якая ў сэрцы маім засела
рубцом
незагойным
Для ўсіх тых, што нясуць на сваіх руках
гэты цудоўны шалёны
і непаўторны
свет
і сунуць яго наперад насуперак папаў праклёнам
і слінам зласліўцаў
насуперак усім кумаўскім дэмакратыям
паморкам
і войнам

Восень

(Podzim)

Сухотнае сонца
Палеткі з капустай
Нізка над полем навіслі хмары
як шэрыя змятыя хусты
Гуллівыя птахі
камедыянты
вось-вось пакінуць абжытыя дахі

На ўскраіне лесу залізвае раны
спацелы цкаваны кастрычнік
у лугах набрынялых
ён восенню ўкрыжаваны

Асіна скідае
дрыготкі вянец
Задрайвайце люкі!
Лету канец

Варыяцыя на рэнесансную тэму

(Variace na renesancni tema)

Каханне – быццам вечарніца
што асвятляе неба покуць
Замкніце дзверы у святліцы
Згасіце свечы і газніцы
і загартуйце свае целы
вы
чые сэрцы скамянелі

Каханне – быццам карабель
што страціў капітана
Цяпер бы не заплыць на мель
сярод бязмежжа акіяна

Каханне – боль ад абуджэння
і трапяткія рукі зор
якія ў дзень твайго вяселля
глядзяць маркотна з-па-над гор

Каханне – быццам вечарніца
што асвятляе неба покуць
Жыццё згарыць бы кнот ў газніцы
а мёртвыя кахаць не могуць

Сонныя пяшчоты

(Ospalé něžnosti)

Неоны
звоняць вячэрню
а ў тваіх вачох палымнеюць
кветкі ды зоры
яны падаюць на зямлю
у пакоры
на бераг возера дзе расце кмен і лубін
дзе дрывасекі скончыўшы працу п’юць
самагонку з рабін

А мне так хочацца спаць
Спаць
у цені тваіх валасоў
Спаць і не пераймацца
нічым
а пачуўшы з усіх галасоў
наймілейшы прачынацца
як закаханы прынц
з казкі дзе сон доўжыцца сотні гадоў
і зноў засынаць
з пасмай тваіх валасоў на ілбе
і крыху раўнаваць
да сонца
якое можа проста так
крэсліць
няўцямныя знакі
на тваім целе

Я прыгадаў твае рукі

(Vzpomněl jsem si na tvé ruce)

Калі мы ішлі праз даліну
дзе бела квітнелі чарэшні а вада ў рацэ
была ледзяной і пакрыквала
на ваякаў (бо так заведзена)
дзе пыл узнімаўся да вачэй ды белых галін
і вільгатнеў на вуснах
я прыгадаў твае рукі

Калі мы ўчора на ўскрайку лесу
скінулі заплечнікі і пачалі наракаць
на вайну і голад
у цёплым сінім паветры таго дня на пачатку вясны
я прыгадаў згаладаласць вялікіх каханняў
Потым была ноч
на небе плакалі
ракеты
з каметамі
зелена і чырвона
а мы беглі падалі і ўставалі
увесь час толькі наперад
праз той карнавальны лес
і раптам мне закарцела застацца ляжаць так навечна
і не дыхаць
не ўдыхаць
анічога
апроч мокрага паху сёлетняй травы кветак і жукоў
народжаных учора пад вечар
усіх тых простых і дзівосных рэчаў
якія пра цябе гэтак нагадваюць
Потым я зноў падняўся

Кароткі верш пра Прагу

(Krátká báseň o Praze)

Праз вогненны абруч сонца скачуць дрэсіраваныя сабакі
маіх думак
На Карлавым мосце нудзяцца барочныя легіянеры
і вада пад дамбай
спацелая з пенай у роце сцякае прэч
і вяртаецца
зноў
як зялёныя каласы калі дзьме вецер
Вада вяртаецца
вяртаецца горыч кахання кінутага ў свет як бумеранг

Але мой сон з сённяшняй ночы больш да мяне не вернецца
і я ўжо ніколі не пачую як граюць “Інтэрнацыянал”
на пахаванні паэта які
у кожным радку транспанаваў яго
у нязвыклыя танальнасці

Будуць паўтарацца
лета і зіма
крык галубоў
і смутак каханкаў
як рэха як званы з Рыма вернуцца і нашыя жыцці

Той мой сон болей не вернецца
“Інтэрнацыянал” над магілай паэта
А вернецца
жыццё вада пад дамбай

Раманс

(Romance)

Зялёнае ад млявых ліхтароў
начное пабляклае неба
хістаецца бы п’яны казаннік
А зоркі
нават на такой адлегласці пахнуць
агурковым расолам

Прыгажун белы месяц
сунуў у рот два пальцы
Такі фарсун І блюе!
Усмешкі парады як жыць вычахлае
піва
маркота спірт і сажа на вейках

Як скончыць дацягну яго да ложка
Ён жа цэлыя ночы не спіць

А потым прыйдзе
залаты цвік маёй праграмы
Вось
жанглюю бутэлькамі
У кожнай з іх трохі вады пяску і злепленага пер’я
а ў адной яшчэ чырвовая дама
напалову размоклая

Трэба рабіць гэта хутка
каб хоць трохі было падобна
да феерверку
да галавакружэння ад любошчаў
да белай усмешкі клоўнаў
далікатных піруэтаў бакланаў і дзікіх гусей
блішчастага і хісткага кола
жыцця
Гэта трэба рабіць так хутка
каб немагчыма было зымітаваць
Каб прыстойны паголены спадар з першага шэрагу не мог устаць
па-бацькоўску паляпаць мяне па плячы
і сказаць: “Хлопча вашая безразважнасць даравальная
але мы ведаем што гэта ўсяго толькі ўпартая праца
                              увішных рук
Дык нашто тады гэтыя ілюзіі нашто ілюзіі хлопча?”
Гэта трэба рабіць так хутка каб ніхто не пазнаў
як у мяне дрыжаць рукі
і з асцярожнасцю настолькі вялікай
наколькі вялікі мой страх
што гэтыя ў прынцыпе звычайныя бутэлькі
якія ляцяць у паветры прагнучы зымітаваць
каханне феерверк людзей і птушак
маглі б разбіцца
Проста так
З віны дрыготкіх рук
і зямной гравітацыі

Заканчваю без апладысментаў
Зранку вы ўбачыце
як я кармлю сваімі байкамі чаек па-над вадой
і плюю ў неба робячы аблачынкі
бо ў боскага месяца
пахмелле
і неабходна каб нехта гэта зрабіў
перш чым людзі паедуць на працу

Блюз пра доўгія сходы

(Blues o dlouhých schodech)

Між небам і зямлёй
на сходах
з аварыйным асвятленнем
дзе вам самоты не знайсці
у храматызме гамаў
у хоры скарыстаных нот
у межах ад парэнчаў да сцяны
у строгасці масніц
без кроплі пачуцця
Упоены жыццём
нагамі ў лёгкім рытме
у рытме блюз
пра сходы
доўгія
ўзнімаюся да хмараў
без мудрых словаў
грубых фраз
без элегантных рухаў балерыны
без мілых цацак
Я спяваю блюз
пра пліты надмагільныя
пра сходы
доўгія
праклятыя
усімі грузчыкамі свету
калі яны саплі
пручы фартэпіяна
на ...наццаты паверх
і матам абкладалі іх
напрыклад ...
ці ...
бо тыя людзі без кроплі пачуцця

Інфекцыя

(Infekce)

Я зляцеў са скалы што парасла чамярыцай
і цяпер ляжу
разадраная скура поўная пяску сухога лісця
і цябе

Найгоршы выпадак слупняку ў гісторыі медыцыны
Дактары сабралі кансіліюм пахіталі галовамі і пайшлі
Маўляў надзеі амаль няма
Старэйшая медсястра прынесла
апельсіны цыгарэты і трынаццаць рэпрадукцыяў Батычэлі
Падмацуйцеся ўвечары вас будуць апераваць
З вас дастануць сэрца У вас занадта вялікае сэрца
на тое каб вы маглі з ім жыць

Чышчу апельсін і ўспамінаю
Прагу Хлюпкі снег Чайкі На 7 лістапада
была святочная ілюмінацыя памятаеш?
Мой белы шпітальны ложак калыхаецца як трамвай
на які абапёрся вецер

Гэта сумна а можа і смешна
але ў іх пад нажом я мабыць памру
бо толькі
твая кроў
такой самай групы як у мяне

Я павінен сказаць дзе ім цябе знайсці
Не пужайся Калі па цябе прыедуць
я буду ляжаць сярод бліскучых прапaраных інструментаў
і не буду ведаць
што ты прыйшла

Я ведаю
што ты мяне не кахаеш
але я
распусціў цябе ў сваёй крыві
з бацыламі слупняку з пахам дыму і чамярыцы і шлягерамі
такімі старымі
што іх ужо аніхто й не згадае

Блюз памяці Уладзіміра Маякоўскага

(Blues na památku Vladimíra Majakovského)

Вечар Дзесь пада мной
зіхацела Прага
Мне было вусцішна
ад столькіх агнёў
З пагорку
Я назіраў за небам
мо праляціць
                падобна галубцы
хоць адна зорка
віхлястая голая дрогкая

І ў той міг я пачуў як у змроку
загучаў блюз
памяці вялікага самагубцы

Спачатку раяль
глыбокім басам
трызніў хвалямі бурнага мора
потым труба
не схацеўшы пакінуць раяль сам-насам
захрыпела вязка і хвора

Дзівосная музыка
зусім неразумная й нерэнтабельная
Музыка без надзеі
на ганарар
Чуеце Музыка
Як цёплы вецер
над целам салдата каторы загінуў
у непатрэбнай вайне
Як раса што на ўскрайку ночы
на ім асядае
тымчасам
                як у яго вечным сне
мігцяць партоў
кітовыя вочы

Чуеце Потныя пальцы
спяваюць оду
пракураным залам
белым пыльным дарогам
гадам гераіну й тугі
гадам голаду роспачы п’янак надзей
дзецям Тэхаса дзяўчыне з Аёвы
Труба грае У ейных высокіх усхліпах
зіхцяць сумёты падзей
малыя паразы й вялікія заваёвы

Цяпер паўза пакуль не ўступіў кантрабас
Кароткае ймгненне якраз
на адзін цюльпан
што да мяне нахіліўся
Чуваць
удых трубача і свінгавы рытм
рухавай зямлі

Гэта ўсё інструмент
кроў
і пот
Залатыя трубы ў небе над Ерыхонам
Гэта блюз

П’еро
прыхінуўся да пылу дарогі прастрэленым жыватом
Хто ведае які ішоў год

Гэта блюз
Можа быць для адказу прыйдзе яшчэ чарод

Некалькі Муз
на Стралецкай выспе
свае таленты нішчаць у самым зародку
Грузінскі каньяк
Хінін і жлобскае кодла
Супраць жыцця
                няма больш агіднага сродку

Дзяўчаты мае даражэнькія!
напамаджаныя русявыя      з вачыма карымі

Вось так схопіць за горла
сцісне
рване голаў назад...

Чым я вас магу папракаць?
Я ж нячаста прашу вашых парад

І вы б мяне ўсё адно не пачулі
бо пакуль танцоры ў загуле
падміргваюць мне і клічуць: “Хадзі сюды хлопча”
з магнітафона ліецца
“Цалуй... Darling     Сённяшняй ноччу”
ў дванаццаці тактах
рок-н-ролу

Гэта ўсё не жыццё І гэта
не джаз
Жыццё гэта машына што ў ранішняй мгле
                                                                вязе ў краму хлеб
і рукі стамлёныя ды ў мазалях
без лішніх прэтэнзій на славу й напышлівых словаў
А джаз
гэта доктар што лечыць
страх і тугу і іншыя рэзаныя
                                           раны
гарачым жалезам соллю і спіртам
Гэта труба
якая ў цемры рвана
                                спявае:
Гэта было ў той дзень калі ў Арлі сена звозілі ў сцірты
Вінцэнт ван Гог парэзаны сонцам
выбег з кавярні
крывёю сцякае
спыніўся на ймгненне
Падлічваў
колькі ў яго засталося сяброў колькі гадоў
Шматзначныя ўсмешкі “Бачыце? Ён вар’ят Мазгоў зацямненне”
Таго мігу хапіла
І свет пахіснуўся ізноў

Заўсёды толькі кароткае ймгненне
Якраз
на адзін цюльпан
Сола ў задрыпаным бары пад ранне
Сола жыцця
Парывісты хуліган
Сола
на апошні грош
Толькі кароткае ймгненне – на адзін цюльпан

Сумны асілак ішоў па Неўскім і словы абразы былі
                                                                                як нож
Ва ўсіх сяброў свае справы
Стаяў красавік Бяздушны вецер ладзіў чарговае шоў
Брук са шчырасцю нечалавечай заікліва спачуваў
ад слёз мокры і коўзкі
У той дзень апошні раз па бульвары ішоў
Уладзімір Маякоўскі

Ты

(Ty)

Гэта не квецень каштанаў у парку
гэта не купа анёлаў з міртай
гэта ноч
Сіне-белая
На Влтаве змерзлыя караблі і букеты

Вочы ў цябе як тытунь
А дрэвы на могілках у Падоллі
як срэбныя шчупакі й кіпарысы
Ты неяк сказала
“Я знайду цябе”
Стаіць ноч
Сіне-белая
Дым пад столлю трымціць як твае рукі
Паверхам вышэй нехта слухае Гендэля
чуеш
“Музыка на вадзе”
напудрылі ружы
ў такі мароз
хтосьці дадумаўся праўда?
Вочы ў цябе як тытунь
Баюся ўсё сапсаваць
нейкім прыгожым жэстам

Заўтра ты пойдзеш дамоў
спаткаеш гаспадыню кватэры
што будзе вяртацца з мясам
на нядзельны абед
яна падзівіцца
такая маладая а ўжо туляешся па начах
Потым скажа што ў гэтым
вінаватыя камуністы
“Падолле вам не Манмартр” кіне з дакорам
спадар з другога паверху

Дама ў трамваі ўхмыльнецца
бо ты будзеш моцна
пахнуць дымам

Будзе цвярозая
раніца
мудрая і сівая як валасы майго бацькі
Амаль ніхто не заўважыць
што вочы ў цябе
як тытунь

Калыханка

(Ukolébavka)

Вясна Над горадам чорнае неба
з водарам злівы
Яшчэ раз усё падлічу
Падрахую рупліва

Працэнты стратаў працэнты смутку
працэнты смеху

што ўзяў
што ў дарунак прыняў
што прапіў
што згубіў у спеху
што здабыў сумленна або на халяву
паўналецце й нядобрую славу
капейчыну ў задняй кішэні
па дзядзьку сабе на ўцеху
Дзядзька служыў ў легіёне змагаўся ля П’явы
і ніколі не прагнуў халявы
ды па вяртанні не меў чым заняцца
а меў на руках наколкі жонку ў радасць
любіў пасмяяцца
Разжыўся пад старасць
ракаваю пухлінай
Усё жыццё ненавідзеў вайну з ейнаю тхлінай

Ён быў з тых хто ляцець у сусвет заслужыў
А я
пляменнік-няўдала
вайною народжаны ў міры нажыў
пад вачыма кругі як жалобныя стужкі
спаць не магу
у чорнай прамоклай ночы
Лічу на пальцах
шнары кахання штодзённасці стружкі

А ты спіш
і сніш штось страшэнна прыгожае
што мне не прысніцца ніколі

Дабранач
Ты красуня й тады калі спіш
Дабранач

Чуваць як прыходзіць дзень
Нібы пасля п’янкі спускаецца з хмараў
Блукае
па вуліцах храмаў і бараў
Вось ён пазяхае
спыніўшыся на рагу

Спі

Я не магу

Заплюшчы вочы

(Zavři oči)

Заплюшчы вочы
Палівальная машына ўнізе на вуліцы імітуе дождж
Авечкі спускаюцца з горных схілаў і засынаюць
у тваім цені тымчасам як стрэлкі гадзіннікаў запыняюцца
бо гэтай хвілі больш не суджана паўтарыцца

Вячэрняя ціша
правакуе
лебедзяў
паспрабаваць яшчэ раз перад смерцю
штось заспяваць пра тваю прыгажосць

Заплюшчы вочы
У берлінскім шынку блюзнерыць аднаногі
Хрыстос

і ягоная кроў сцякае
на валасы фарысеяў
Сланы Ганібала ляжаць на берагах Конга з перарэзанымі
                                                                        венамі
а ўкормленыя паэты прадбачаць канец
чалавечай
                камедыі

Заплюшчы вочы!     Заплюшчы вочы...
Вось-вось ужо змоўкнуць
звон трамбон і трамваі
і я
буду слухаць як з неба рэхам вяртаюцца
удары сэрца твайго
у рытме птушыных крылаў
у рытме калыхання зямлі ў сусвеце
у рытме які ніколі нікому не ўдасца
спаліць або ўкрыжаваць
Заплюшчы вочы
і ўсё будзе так быццам месяц сядае ў прысадах мастоў

Заплюшчы вочы
і ўсё будзе як на пачатку свету

Вайсковы шпіталь

(Vojenská nemocnice)

Поўдзень
У белай цішыні
брынькае бахаўскі клавесін
на дыбе транзістара
Вы дарэмна чакаеце
Тут не паміраюць
з пампезным трагізмам гіганцкіх экранаў
Не
Ніякіх прастрэленых лёгкіх ніякіх эфектаў
з каханнем
з атрутай
ніякіх пахаў смерці сырой і таемнай
Толькі ліпы пад вокнамі
і ёд на сцяне

Верш амаль на развітанне

(Báseň skoro na rozloučenou)

Сонца
цудоўны манекен
кланяецца здзервянела
на захад
Кветкі і крамы
сканчаюць працоўны дзень
Прага
стомленая
ад пахвалы паэтаў ды
сваёй красы
шарэе
змрокам

Гэта так дзіўна
Столькі ўсяго нагадвае пра цябе
Гэта так дзіўна
Тая думка што я магу цябе страціць
Бо ўсё на свеце мяняецца безупынку

Я магу цябе страціць
і зноў будуць раніцы
поўныя цыгарэт
якія будуць спакушаць
да прыгожага і пампезнага суму
Я магу цябе страціць
і зноў будуць ночы
зыбкі месяц на небе будзе падобны да ценю
тваіх распушчаных валасоў
я не змагу спаць і буду ненавідзець класікаў

Я магу цябе страціць
і ў гэтым мабыць можна будзе абвінаваціць
дыялектыку
Так
гэта ўсё можа здарыцца
Але я ўжо ніколі не страчу
легкадумны нявыхаваны і праўдзівы
плён нашага кахання
усё тое што нельга вытаргаваць
у спекулянтаў
вызубрыць за ноч
дастаць з дапамогай блату
усмешкі
прагу й адвагу
наважанасць не чакаць
покуль жыццё пратупае міма
маршам беззямельных сялян

не спакусíцца
шчасцем
якое будзе табе якраз
і да твару
не быць тут намарна
не есці тут хлеб задарма

Убачыць зранку ля Влтавы дзікіх
коней
Пералічыць свае каханні
і калі будзе трэба
даць забіць сябе
дзеля іх

 

пераклад з чэшскай –Сяргей Сматрычэнка


© Jan Miškovský & LABYRINT, 2010

Пераклад з чэшскай – Сяргей Сматрычэнка © 2010

Чытайце таксама

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Канстанцінас Кавафіс

Канстанцінас Кавафіс

Не прызнаны пры жыцці паэт, які пісаў на новагрэцкай мове

Іда Ліндэ

Іда Ліндэ

Шведская пісьменніца і перакладчыца.

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Многімі лічыцца першым афрыканскім паэтам-мадэрністам

3717